Нарэшце наступіў час дзеяння. Партызаны, як і было дамоўлена, трыма групамі рушылі да чыгункі. Толькі-толькі замігцеў світанак, як усе занялі свае месцы. Першай павінна была прыступіць да справы група Крайнюка. Антон падвёў дзясятак сваіх байцоў амаль ушчыльную да салдат, якія заселі ў засадзе. Праз кусты ён бачыў, што не спаў толькі адзін кулямёт­чык і адзін з аўтаматчыкаў, астатнія, накрыўшыся плашч-палаткамі, спалі цеснай групай.

Крайнюк распарадзіўся:

— Чацвёра павінны бясшумна зняць кулямётчыка і аўтаматчыка, астатнія ліквідуюць спячых гітлераўцаў. Але пакуль трэба пачакаць, калі пройдзе бронецягнік.

«А што, калі бронецягнік сёння не пойдзе ці, прынамсі, затрымаецца? Значыць, прачнуцца астатнія фрыцы. Паспрабуй тады абысціся без шуму!» Ён вырашыў пачакаць яшчэ паўгадзіны, паколькі час трываў.

Пачаўся пакутлівы адлік хвілін. Кулямётчык павярнуўся на бок, дастаў з кішэні папяросу, накрыўся плашч-палаткай, запаліў. А світанак браў сваё. Але вось удалечыні пачуўся знаёмы шум, ён паступова нарастаў, і сумнення не было — ідзе цягнік. Толькі які? «А раптам немцы пусцілі вайсковы эшалон, і мы праваронім яго? — з трывогай падумаў Крайнюк. — Трэба было Славіна папярэдзіць, каб падрываў».

У гэты момант немец-аўтаматчык штосьці сказаў свайму таварышу і пайшоў да чыгуначнага палатна. З-за павароту не спяшаючыся выпаўз бронецягнік. Аўтаматчык памахаў рукой немцу, які высунуўся з акенца браняванага паравоза. Той таксама адказаў яму ўзмахам рукі, і аўтаматчык пакрочыў на ранейшае сваё месца. Бронецягнік перасек мост і, ледзь павялічыўшы хуткасць, схаваўся.

Крайнюк уявіў, як гэта махіна цяпер спыніцца на запасным пуці, прапусціць цягнік, які ідзе следам, а затым кранецца назад, пагражаючы ляску сваімі гарматамі і кулямётамі. Калі аўтаматчык вярнуўся на месца і, расцягнуўшыся на зямлі, пачаў глядзець у бок дарогі, Антон падаў умоўны сігнал. Байцы кінуліся наперад. Усё было скончана імгненна, толькі кулямётчык паспеў ускрыкнуць.

Антон скаціўся з пагорка, кінуўся да моста. Тут жа падбеглі астатнія байцы з яго групы.

Замініравалі ў двух месцах мост і чакалі падыходу тых, хто збіраў трафеі і дакументы знішчаных гітлераўцаў. Вось і яны. Хутка працягнулі провад да хмызняка, заляглі. Толькі паспеў камандзір размеркаваць паміж партызанамі груз, а яго аказалася нямала, як з таго боку, адкуль прайшоў бронецягнік, паказаўся цяжкі састаў. Ён імчаўся на вялікай хуткасці. «Ну, Валодзя, не падвядзі!» — у думках усклікнуў Крайнюк.

А Славін у гэты момант ляжаў побач з партызанам, які павінен быў крутануць ручку магнета, напружана прыслухоўваўся да шуму надыходзячага цягніка. Састаў цягнулі два паравозы.

«Напэўна тэхніку вязуць», — падумаў Славін. І сапраўды, на платформах стаялі танкі, накрытыя брызентам. Акрамя таго, да саставу было прычэплена каля дзясятка цыстэрнаў з гаручым.

Уладзімір добра ведаў, што магнета трымае ў руках дасведчаны падрыўнік. Тым не менш, на нейкае імгненне яму здалося, што паравозы паспелі праскочыць фатальную кропку і ніякага выбуху не адбудзецца. І раптам пад пярэднімі коламі галаўнога лакаматыва ўскінулася полымя, неверагоднай сілы грукат аглушыў мясцовасць. Паравозы, а за імі платформы разам з грузам на велізарнай хуткасці, пераварочваючыся, панесліся пад адхон. Далей Славін не глядзеў. Ён ускочыў на ногі, махнуў байцам рукой, і ўсе рынуліся ў глыб лесу. Ззаду чуліся аглушальныя выбухі, языкі полымя прагна пажыралі каштоўны груз, які так і не патрапіў на фронт. Славін нават не чуў, як злева, дзе знаходзіўся Антон са сваёй групай, і справа, у размяшчэнні першай групы, грукаталі новыя выбухі. Уладзімір, спачатку паглыбіўшыся ў лес, прыняў крыху лявей, каб хутчэй сустрэцца з астатнімі падрыўнікамі. І гэта было яго памылкай, бо да падарванага моста падышоў бронецягнік і адразу ж адкрыў шалёны агонь па лесе. На партызан абрынуўся шквал артылерыйскага і кулямётнага агню, але самую вялікую непрыемнасць прычыніў шасціствольны мінамёт. З ім Славін пазнаёміўся ўпершыню. Міны рэдка дасягалі зямлі. Яны, удараючыся аб верхавіны дрэў і буйныя галіны, выбухалі ўгары. Гэта быў першы выпадак, калі фашысты ўжылі ў такіх умовах шасціствольны мінамёт. Вакол ірваліся міны і снарады, віскаталі буйнакаліберныя кулі — было сапраўднае пекла, у якім вельмі цяжка захоўваць стрыманасць і вытрымку. Уладзімір нырнуў у першую ж варонку, што трапілася яму, і ўсім целам прыціснуўся да зямлі, яшчэ дымнай ад выбуху.

Так, у гэты момант Славін упершыню спазнаў, што такое страх. Колькі высілкаў каштавала, каб утрымацца ў варонцы і перачакаць, пакуль супакоіцца агністы шквал!

А немцы, відавочна, вырашылі, што ў гэтым квадраце нікога жывога не засталося, і перакінулі агонь у глыб лесу. Партызаны, аглухлыя і прысыпаныя зямлёй, пачалі выпаўзаць са сваіх хованак і, сяк-так атросшыся, пабеглі далей. Славін страціў лік часу. Ён ужо не мог арыентавацца і проста імкнуўся не адставаць ад вопытных таварышаў.

Нарэшце ім удалося сысці з зоны агню, і яны змаглі трохі перавесці дух. Група Славіна не далічылася чатырох байцоў, траіх не стала і ў групе Крайнюка. Пасля кароткай нарады вырашылі як мага хутчэй ісці да вызначанага месца сустрэчы ўсёй групы.

Ішлі па лесе доўга і толькі да вечара злучыліся са сваімі.

Крайнюк быў рады, убачыўшы цэлага і не параненага Славіна. Як пусцілі цягнік пад адхон, яму ўжо расказалі, і ён паціснуў Валодзю руку.

— Ну што, падрыўнік? Віншую з першым эшалонам! Як перанёс «канцэрт», які арганізаваў бронецягнік?

— Слухаў, скамянеўшы. Не мог заду ад варонкі адарваць, — сумленна прызнаўся Уладзімір і спытаў: — А як ты?

— У мяне жывот быў намазаны смалой. Прыліп да зямлі пад тоўстай хвояй, ледзь падняўся, — адказаў пад рогат таварышаў Крайнюк.

Наступіў момант, калі байцы нарэшце зразумелі, што ўсё ўжо ззаду, знікла вялікая нервовая напруга. Адышлі, пацяплелі душы. Усе цешыліся, што зноў блакітнее неба, ззяе сонейка, а вакол — цішыня. Жыццё працягвалася! Але гэты настрой змяніўся сумам і гаркатой страт.

Партызаны пайшлі шукаць сваіх таварышаў. Неўзабаве знайшлі траіх. Яны былі паранены, прычым адзін ад кантузіі аглух. Аказалі ім дапамогу і працягвалі пошук. Лазілі па пуцях доўга.

Нарэшце адшукалі астатніх чацвярых. Усе яны былі мёртвымі.

Параіўшыся, вырашылі забітых не хаваць, а несці ў атрад.

Толькі ўвечары, калі ўжо сцямнела, Крайнюк вырашыў зрабіць прывал, а ранкам рушыць на злучэнне з атрадам.

Прывал у летні час — не праблема: пара яловых галінак, зверху плашчпалатка ці пінжак. Крайнюк і Славін уладкаваліся побач. Уладзімір адкрыта расказаў сябру пра хваляванні, якія ён перажыў, пра страх, які ахапіў яго падчас артылерыйскага абстрэлу. Крайнюк слухаў, успамінаючы свае першыя крокі ў партызанскім атрадзе. Ён ямчэй уладкаваўся на галінах, даверліва заўважыў:

— Ведаеш, Валодзя, мне таксама гэта знаёма. Па-мойму, кожны чалавек павінен прайсці праз такое выпрабаванне. Зараз ты разумееш, што такое страх. Калі ён не спыніць, як зноў пойдзеш у бой, значыць можаш лічыць сябе байцом. — І раптам спытаў:

— Што чуваць пра бацькоў?

Славін, трохі памаўчаўшы, хмурна адказаў:

— Нічога. Камандзір атрада спрабаваў высветліць — безвынікова.

Яны змоўклі. Валодзя ў думках быў у акупіраваным Мінску: «Што там? Дзе бацька і маці? Ці жывыя? Ці давядзецца калі-небудзь сустрэцца? Эх, калі б тата і мама былі цяпер тут, у атрадзе!»

Неўзаметку для сябе Уладзімір заснуў, а калі прачнуўся, ужо світала.

Крайнюк пачаў будзіць людзей, і неўзабаве іх група, несучы забітых і параненых, рушыла да месца стаянкі атрада.

Сустрэча была цяжкай. Хавалі загінулых у гэты ж дзень.

Крайнюк падрабязна далажыў камандзіру аб праведзенай аперацыі. Выслухаўшы яго, Глазкоў моўчкі прайшоўся па зямлянцы і, спыніўшыся насупраць Антона, сказаў:

— Дзейнічалі вы правільна і граматна. Шкада вельмі загінулых таварышаў. Але што паробіш, Антон, страты непазбежныя. Дзякуй за службу, ідзі адпачывай. Наперадзе яшчэ шмат у нас з табой спраў.

Крайнюк выйшаў з зямлянкі і адразу ж убачыў Славіна. Ён сядзеў на зваленым дрэве і разглядаў трафейны аўтамат.

— Валодзя, ты чаму не спіш?

— Я цябе чакаў, — адказаў Славін і, падняўшыся са свайго месца, ускінуў аўтамат за плячо, — пайшлі...

Прайшло два дні. Сябры сядзелі на невялікай палянцы, акружанай хмызняком. Славін прасачыў вачамі за палётам птушкі, якая пырхнула з дрэва, што стаяла недалёка, і павярнуўся да Крайнюка:

— Ты ведаеш, мне здаецца, што з пачатку вайны прайшло не два гады, а прынамсі дзясятак.

Ззаду пачуўся шоргат. Антон і Уладзімір азірнуліся і ўбачылі Панчанкава Сяргея. Той напрамую праз маліннік прабіраўся да іх:

— Вось вы дзе схаваліся. А я вас паўгадзіны ўжо шукаю. Антон, бяжы да камандзіра, ён цябе чакае.

Крайнюк устаў і накіраваўся праз гэты ж маліннік, дзе толькі што прабіраўся Сяргей, да камандзірскай зямлянкі.

Глазкоў быў адзін. Ён адразу ж перайшоў да справы:

— Антон, возьмеш Славіна ці Панчанкава і пойдзеш на сустрэчу з Мачалавай. Яна павінна перадаць ад нашых медыкаменты і данясенне. Паспрабуй пераканаць яе, каб сыходзіла ў атрад. Пагавары з ёй сур’ёзна. Скажы, што атрад хутка пойдзе ў іншае месца і сувязь з ёй на некаторы час будзе перапынена.

— Ёсць, — дакладна, па-вайсковаму адказаў Крайнюк і спытаў: — Калі адпраўляцца на сустрэчу з настаўніцай?

Глазкоў ледзь прыкметна ўсміхнуўся: ох ужо гэтыя вясковыя звычкі. Даўно павялося ў вёсцы настаўнікаў, старшыню калгаса ды і брыгадзіраў не па імені зваць, а па пасадзе.

— Пойдзеце ўначы. Сустрэча прызначана на тры гадзіны, як звычайна, ля закінутай вузкакалейкі. Дарогу ты ведаеш добра, не заблудзішся, — і нечакана спытаў: — Па маці не занудзіўся?

— Занудзіўся, — прастадушна адказаў хлопец. Яму падумалася, што цяпер камандзір скажа: «Наведай яе», але камандзір мякка прагаварыў:

— Вядома, занудзіўся, але хадзіць туды не трэба. Нельга дапусціць, каб паліцаі пранюхалі, што ты бываеш у маці. Сам ведаеш — не мінуць тады бяды.

Выйшаўшы з зямлянкі, Крайнюк знайшоў Славіна і прапанаваў пайсці з ім.

Яны вырашылі крыху раней легчы спаць, а апоўначы пайсці на сустрэчу з сувязной...


Таццяна Андрэеўна


Мачалава вярталася пасля сустрэчы з партызанскімі пасланцамі Антонам Крайнюком і яго сябрам Валодзем са змешаным пачуццём выкананага задання і трывогі.

Хлопцы перадалі Таццяне Андрэеўне прапанову Глазкова ісці да партызан, тым больш што атрад збіраўся перабазіравацца ў іншае месца. Але Мачалава ніяк не магла рашыцца на гэта. І ў яе былі на гэта свае прычыны. Яна была рада, што нарэшце і для яе знайшлася справа, і, выконваючы абавязкі сувязной, адчувала сябе патрэбнай людзям.

Таццяна чула пра зверствы фашыстаў, але ў душы цяплілася надзея, што бяда міне яе сям’ю. Пасля таго як партызаны судзілі і пакаралі смерцю паліцая Грышку Мірэвіча, да яе больш ніхто не прыставаў і не пагражаў.

Чым далей адыходзіла яна ад месца сустрэчы, тым спакайней станавілася на душы. Набліжаўся світанак, і калі яна выйшла з лесу, на ўсходзе запунсавела палоска святла.

Мачалава спынілася пасярод шырокага поля. Спявалі птушкі, было цёпла. Глыбока ўдыхаючы настаялае на траве і кветках паветра, яна глядзела наперад на невялікую вёсачку, якая раскінулася перад ёй. Калі абысці вялікі калгасны хлеў, дзе раней, да вайны, захоўвалася сена, адразу будзе бачна хата Крайнюкоў. Астатнія хаты стаяць далей, уздоўж нешырокай вуліцы. Зрэдку цішыню парушала пеўневае «кукарэку». Таццяна пазнала крык пеўня Марфы Сцяпанаўны і ўсміхнулася, успомніўшы, як яна хавала яго ад немцаў, калі тыя стаялі ў вёсцы. «Трэба ісці, — падумала Мачалава, — пакуль людзі спяць». І яна, прымінаючы высокую росную траву, пайшла да вёскі. Праходзячы міма велізарнага хлява, паглядзела на дзверы і ўбачыла вялікі іржавы замак. «Цікава, ці захаваўся ад яго ключ?»

Падышла да сваёй хаты, азірнулася і хутка праслізнула ў веснічкі. Не падыходзячы да дзвярэй, паціху пастукала ў акенца. У ім адразу ж з’явіўся твар Марфы Сцяпанаўны. «Не спіць, перажывае», — падумала Таццяна, накіроўваючыся да дзвярэй. Так павялося ўжо ў іх: калі Мачалава ішла да партызан, Марфа Сцяпанаўна начавала ў яе хаце.

Ціха бразнула клямка, і дзверы адчыніліся. Марфа Сцяпанаўна спытала:

— Антона бачыла?

— Бачыла, бачыла. Жывы, здаровы, кланяцца загадаў.

Яны ўвайшлі ў хату, Таццяна сцісла расказала пра сустрэчу і адразу ж легла спаць. Яна не чула, як прачнуліся дзеці. Марфа Сцяпанаўна пакарміла і выправадзіла іх у двор.

А Таццяне прысніўся муж. Ён стаяў недалёка ад калгаснага хлява, міма якога яна нядаўна праходзіла, і ўсміхаўся. Яна захацела падбегчы да яго, але Пётр раптам нейкім зусім незнаёмым голасам гучна спытаў:

— Хто ёсць дома?

«Няўжо ён мяне не пазнае?» — здзівілася Таня і вырашыла паклікаць мужа, але тут прачнулася ад моцнага штуршка ў плячо. Хтосьці груба сказаў:

— Ну чаго разляглася? На дварэ ўжо дзень даўно, а яна ў ложку валяецца! Падымайся!

Мачалава здрыганулася і адкрыла вочы. Над ёй стаяў паліцай Юшэвіч. Ён быў сябрам Мірэвіча, але пасля знікнення Грышкі крыху прыцішэў і паводзіў сябе больш асцярожна. Таня села і адразу ж убачыла, што, акрамя паліцая, у хаце знаходзяцца двое немцаў з аўтаматамі. У куце, прыціснуўшыся да Марфы Сцяпанаўны, — Юля і Ваня. Яны моўчкі сачылі спалоханымі вачамі за тым, што адбываецца ў хаце.

Адзін немец рэзка сказаў: «Шнель, шнель!» Паліцай зноў груба штурхнуў Таню ў плячо:

— Ну, чаго чакаеш? Хочаш, каб я цябе за кудлы выцягнуў? Апранайся і выходзь са сваёй кодлай на вуліцу. Немцы з вамі гаварыць хочуць.

Таццяна дрыготкімі рукамі пацягнулася да спінкі ложка, узяла сукенку і, нацягваючы яе на сябе, падумала:

«Што здарылася? Няўжо высачылі мяне? Госпадзі, калі гэта так, то тады канец! Як жа дзяцей выратаваць?» На ўсякі выпадак спытала ў паліцая:

— Скажы хоць, што здарылася?

— Убачыш, шкура чырвоная! Выходзь, а то прыкладам дапамагу!

Дзеці падскочылі да Таццяны Андрэеўны.

— Мама, мамачка, мне страшна, ён заб’е нас! — са страхам сказала Юля і прыціснулася да матчынай рукі.

Мачалава абняла дзяцей і стала супакойваць іх:

— Ну што вы, дзеткі, не хвалюйцеся, усё будзе добра.

Яны пайшлі да дзвярэй, а паліцай пхнуў у бок Марфу Сцяпанаўну:

— А ты, старэбіна, чаго сядзіш? Марш з хаты!

Яны выйшлі ў двор, немцы падштурхоўвалі іх прыкладамі — на вуліцу.

Таня, убачыўшы, што па вуліцы міма яе хаты гоняць і іншых жыхароў вёскі, трохі супакоілася: «Значыць, не высачылі мяне. Усіх гоняць у поле».

Яна адшукала вачамі суседку і паклікала яе:

— Цётка Марфа, ідзіце да нас, — і, пачакаўшы, калі яна падыдзе, дадала: — Будзем разам трымацца. Не разумею толькі, адкуль немцы ўзяліся?

— На машынах прыехалі, вунь іх колькі, паглядзі.

Таццяна азірнулася і на другім канцы вёскі ўбачыла пяць ці шэсць грузавікоў.

Немцы строілі людзей у калону і гналі пасярэдзіне вуліцы, а самі з аўтаматамі напагатоў ішлі па баках уздоўж платоў. Мачалавых і Крайнюк заштурхалі ў калону. Людзі неспакойна перагаворваліся, круцілі галовамі, імкнуліся, выцягнуўшы шыі, паглядзець наперад, дзе на чале калоны ішлі з немцамі чацвёра паліцаяў.

Непадалёк ад Мачалавых да суседскага чатырнаццацігадовага хлопца Толі Лазебнага падбег дварняк, у яго на шыі боўтаўся абрывак вяроўкі. Відавочна, ён сарваўся з прывязі і, адшукаўшы ў натоўпе гаспадара, радасна павіскваючы, заскакаў каля яго. Але тут у натоўп уварваўся здаравенны з закасанымі рукавамі немец. Ён штосьці люта пракрычаў і моцна стукнуў падкаваным ботам сабаку. Той з віскам адляцеў да плота і зваліўся на спіну. Немец, не даючы яму падняцца, ускінуў аўтамат, і ў нечаканай цішыні злавесна грукнуў стрэл. Сабачка, падскокнуўшы на лапы, тут жа зваліўся на зямлю. З яго галавы на пыльную дарогу пацякла кроў, якая здавалася чорнай.

Людзі застылі ад гэтай вар’яцкай жорсткасці, а Толя рвануўся да немца:

— За што ты яе, фашыст пракляты!

Добра, што побач апынуўся дзед Пятрусь. Ён схапіў хлопца за рукі:

— Толечка, цішэй, супакойся, а то ён і цябе! Бачыш, ён ужо ў цябе цаляе. Для яго ж што сабака, што чалавек — адно і тое ж. Што возьмеш з гада?

Пачуліся крыкі. Гэта немцы падганялі людзей, патрабуючы, каб яны ішлі наперад. Неўзабаве калона была ў полі, і Таня ўбачыла, што іх вядуць да хлява, міма якога яна праходзіла перад світанкам. Тых, хто прыпыняўся ля шырока расчыненых дзвярэй, немцы бесцырымонна падштурхоўвалі прыкладамі.

Яны апынуліся ў вялікім хляве, які хутка запаўнялі людзьмі. Неўзабаве ўсе жыхары вёскі знаходзіліся ў ім. Са скрыпам зачыніліся дзверы. Тыя, хто знаходзіўся бліжэй да выхаду, праз невялікія шчыліны ўбачылі, што немцы павесілі на дзверы замок і сталі падпіраць іх тоўстымі доўгімі каламі.

Людзі яшчэ больш занепакоіліся, выказваючы розныя здагадкі:

— Навошта яны нас сюды сагналі?

— Можа, дабро наша хочуць забраць, дык і так ужо ўсё адабралі?..

— Напэўна, дапытваць будуць... А вось паліцэйскія сем’і не кранулі.

— А можа, спаліць нас жыўцом хочуць.

Хлапчук гадоў сямі разам са сваімі такімі ж светлавалосымі аднагодкамі прабраўся да дзвярэй і зазірнуў у шчыліну. Адзін з немцаў заўважыў яго блакітнае вока, якое з цікаўнасцю выглядае са шчыліны, і з усёй сілы стукнуў прыкладам па дошках:

— Цурук!

Хлапчук у спалоху адскочыў, тут жа пачуўся трывожны голас маці:

— Андрэйка, Андрэйка, адыдзі ад дзвярэй. Немцы злыя, не бачыш? Стрэльне які.

А ў куце старэйшыя хлопцы дапамагалі таварышу падняцца па бярвеністай сцяне вышэй, туды, дзе пад самым саламяным дахам віднелася невялікая шчыліна.

І вось ён ужо застыў поруч яе. З хвіліну глядзеў моўчкі ў бок вёскі, а затым голасам, які змяніўся, нібы ў горле штосьці затрымалася, сказаў:

— Яны хаты нашы паляць.

Загудзела і рынулася людская маса да дзвярэй, і ў першых шэрагах Андрэйка і іншыя дзеці. Зарыпалі дзверы, запішчалі дзеткі, прыціснутыя да дошак. І раптам знадворку, прама праз дошкі, прабіваючы роўным радком дзіркі, стукнуў аўтамат. Людзі ўраз адрынулі, а на падлозе засталіся ляжаць дзеці, затуляючы русыя галоўкі далонямі, як быццам маленькія худзенькія ручкі маглі закрыць іх ад смерці. Да іх з крыкамі кінуліся маці, адрывалі іх бледныя твары ад земляной падлогі, абмацвалі.

Усе дзеці аказаліся жывыя, а вось ледзь далей ад іх, ззаду на падлозе засталіся ляжаць чатыры жанчыны і дзед Пятрусь. Аўтаматная чарга прашыла іх. Не паспелі людзі агледзець забітых, як ва ўсіх чатырох вуглах успыхнуў саламяны дах.

— Людзі-і добрыя! — гучна закрычала пажылая жанчына. — Што ж гэта робіцца, яны ж нас жывымі спаліць хочуць!

Хлеў пачаў хутка запаўняцца дымам. Закрычалі дарослыя, заплакалі дзеці, усе разумелі — гэта канец!

Таццяна Андрэеўна стаяла ля процілеглай сцяны і шырока раскрытымі вачамі глядзела, як языкі полымя ўсё шырэй ахоплівалі сухі саламяны дах. Яна не бачыла, што знадворку хлеў, абліты бензінам, гарэў увесь, і немцы, якія акружылі яго, адышлі крыху далей, бо жар станавіўся невыносным. Таццяна зразумела, што вось і скончылася яе жыццё, жыццё яе дзяцей. Яна павярнула плачучых ад страху дзяцей тварыкамі да сябе і шчыльна прыціснула іх носікамі: «Бывай, Пеця каханы, не зберагла я табе дзяцей! Прабач! І адпомсці!»

А вакол дзеялася невытлумачальнае. Хтосьці са старых маліўся, хтосьці, прыціскаючы дзяцей, стараўся закрыць іх сабой ад агню. І раптам усіх перакрычаў малады і звонкі голас Толі Лазебнага. Голас быў хлапечы, але гучаў пераканана і патрабавальна, як загад:

— Людзі, мы ж цяпер згарым. Давайце кінемся на дзверы, а раптам камунебудзь пашанцуе і ён уцячэ!

Усё разумелі, што гэта рабіць бескарысна, але ўсё ж — гэта шанец, хай маленькая, але нейкая надзея. А старыя і дзеці старэйшыя ўжо прабіваліся да дзвярэй. Кожны думаў: калі не атрымаецца ўцячы, то лепш загінуць вось так.

Разгайдаўшыся, натоўп стукнуў у дзверы. Яны не вытрымалі такога націску і разляцеліся на кавалкі.

Для немцаў гэта было нечаканым. Яны спахапіліся, калі першыя дзясяткі людзей у падпаленай адзежы кінуліся ў розныя бакі. І толькі тады насустрач пырснулі смяротным агнём аўтаматы. Таня, моцна трымаючы за рукі дзяцей, бегла ў сярэдзіне натоўпу, які хутка радзеў. На імгненне яна разам з дзецьмі апынулася паміж дзвюма групамі немцаў, і тыя на нейкі момант, баючыся пацэліць адзін у аднаго, спынілі агонь. Людзі кінуліся па высокай траве да лесу, што віднеўся недалёка. А ззаду з новай сілай загрымелі стрэлы. Таня паставіла дзяцей наперадзе сябе:

— Бяжыце да лесу, не аглядайцеся і не спыняйцеся! — А сама падумала: «Можа, я іх ад куль сваім целам закрыю».

Таня ні на секунду не сумнявалася, што яна загіне. Але перад ёй, нібы тоненькая палоска святла, з’явілася надзея выратаваць дзяцей.

Божа, калі б гэта здарылася! Яна гатовая была сама памерці, абы яны выратаваліся! Толькі б яны жылі!

Мачалава, не азіраючыся і не гледзячы па баках, бегла за дзецьмі, якія, амаль цалкам хаваючыся ў высокай траве, несліся з усіх сіл да лесу.

І вось яны ў лесе. Яна бегла за дзецьмі, якія былі так напалоханы, што ніяк не маглі спыніцца. Ужо даўно не былі чутны стрэлы і перасталі віскатаць вакол кулі, а яны ўсё беглі. І раптам Таня зразумела: яны выратаваліся! Яны жывыя!

Яна спынілася, паклікала дзяцей, яны таксама сталі і павярнулі да яе вымазаныя сажай твары. Дзеці глядзелі на яе і шырока адкрытымі ратамі прагна лавілі паветра. Таццяна звалілася на траву і гучна заплакала. Цяжка нават сказаць, якія гэта былі слёзы: радасці ці гаркаты. Перад вачамі стаяла страшная карціна: «Усіх жыхароў вёскі! За што?» Яна ляжала, уткнуўшыся тварам у вільготную пахкую траву, і ніяк не магла прымусіць сябе паверыць, што яе дзеці і яна сама засталіся жывыя.

Не ведала ў гэты момант Таццяна Андрэеўна, што, акрамя яе сям’і і адна­го пятнаццацігадовага хлопца, не выратаваўся больш ніхто. У той час, як яна, знясіленая і прыдушаная горам, якое зваліліся на вёску, рыдала, немцы адшуквалі ў густой траве, мёртвых і параненых, цягнулі да хлява, што яшчэ працягваў гарэць і кідалі ў агонь.

І толькі пазней, калі пройдзе нямала часу, успамінаючы гэты жудасны малюнак, Таццяна Андрэеўна будзе заўсёды памятаць чатырнаццацігадовага хлопца Толю Лазебнага, які нават у безнадзейнай сітуацыі знайшоў у сабе незвычайныя сілы, каб заклікаць людзей да супраціўлення. Гэта яму заўсёды будзе ўдзячная сям’я Мачалавых і іх аднавясковец Міша Лукашэвіч за выратаванне, за тое, што яны працягвалі жыць на ласкавай, асветленай сонцам зямлі.


Капітан Мачалаў


Капітан Мачалаў напружана аглядаў праз бінокль мясцовасць перад пазіцыямі яго роты. Поле было роўнае, і, вядома, да сустрэчы з танкамі трэба быць гатовымі.

Ззаду роты, на невялікім узвышшы, у рэдкім хмызняку размясцілася процітанкавая батарэя, а крыху лявей, таксама за пазіцыямі роты, у невялікай лагчыне, ля раўчука, пад маскіровачнымі сеткамі, схаваліся ў засадзе пяць «Т-34». Мачалаў ужо каторы раз прыкідваў, ці правільна ён размясціў свае сілы.

Упершыню за доўгія месяцы вайны ён меў амаль цалкам укамплектаваную роту.

Салдаты былі нядрэнна ўзброены, у многіх замест вінтовак — аўтаматы. Некалькі дзён назад на полі сапёры ставілі процітанкавыя і проціпяхотныя міны. Гэта ўсё ўлічваў камандзір роты.

У цэнтры, на невялікім аддаленні адзін ад аднаго, былі ўстаноўлены «максімы» — гэта для таго, каб сустрэць пяхоту ворага шчыльным агнём. Не забыў ён і флангі, разумеючы, што флангавым агнём лепш за ўсё адсякаць пяхоту ад танкаў. Бранябойшчыкам ставіў задачу сам. Мачалаў быў упэўнены, што калі першыя танкі немцаў напоруцца на міны, то наступныя за імі, напэўна, паспрабуюць прайсці ў іншым месцы, а гэта значыць, павернуцца бартамі да нашых пазіцый. Вось тады бранябойшчыкі не павінны драмаць.

Мачалаў адарваўся ад бінокля і зірнуў па баках. Байцы працягвалі трывожна глядзець наперад, і ўжо не ўпершыню Пётр падумаў пра навабранцаў: «Толькі б не завагаліся, не спалохаліся!» Колькі часу ў яго самога і камандзіраў узводаў пайшло на навучанне і гутаркі з тымі, хто быў упершыню на перадавой.

Жахлівая машына вайны перамолвала велізарныя сілы. Колькі людзей ужо страціў за час баёў ён, камандзір роты! А колькі батальён, полк, дывізія, уся армія!

Праўда, яму самому пакуль шанцавала. Пасля вяртання са шпіталя, ужо больш як паўгода, — ні драпіны. Паспеў атрымаць ордэн Чырвонай Зоркі, а два дні назад прыйшоў загад аб прысваенні яму звання капітана.

Мачалаў задумаўся і не адразу заўважыў, што злева і справа ад пазіцый іх батальёна пачаўся бой. Толькі тут пакуль было ціха. Лёгкі ветрык прыносіў з палёў пах кветак, сена і яшчэ начную прыемную свежасць.

Раптам ён пачуў, як мацюкнуўся Кісліцкі. Пасля свайго любімага выразу ён тут жа звярнуўся да камандзіра роты:

— Таварыш капітан, зірніце, ідуць, сволачы!

Удалечыні ў шахматным парадку рухаліся квадратныя каробкі танкаў. За імі, нібы зялёныя «аловачкі» — пяхота. Танкаў было шмат, і чым бліжэй яны падыходзілі, тым станавіліся ўсё большага памеру. Мачалаў паднёс да вачэй бінокль. Ён упершыню бачыў гэтыя машыны. Яны былі велізарныя, вуглаватыя і нязграбныя. Калі танкі наблізіліся, Мачалаў зразумеў, што такімі іх робіць трывалая і тоўстая бранявая абарона.

«Вось яны якія — «тыгры»!» — падумаў Мачалаў, спрабуючы вызначыць, колькі машын прыйдзецца на яго роту.

За «тыграмі» рухаліся аўтаматчыкі. Ішлі ўпэўнена, падкасаўшы рукавы, — якраз як у сорак першым.

Мачалаў перадаў па ланцугу, каб без каманды не стралялі.

А немцы ўсё бліжэй і бліжэй. І тут ззаду грукнуў залп. Гэта процітанкавая батарэя адкрыла агонь. Нібы чорныя грыбы, выраслі выбухі. Але ніводзін танк не быў пашкоджаны. Стукнуў другі залп — і зноў ніякіх вынікаў.

— Гэй, мазілы, акуляры надзеньце! — закрычаў Кісліцкі, звяртаючыся да танкістаў.

А тыя, напэўна, «акуляры надзелі», таму што пасля трэцяга залпу адзін танк раптам аказаўся без вежы, а ў другога была перабіта гусеніца. Ён тут жа павярнуўся бокам і адразу ж атрымаў у яго снарад, задыміўся.

«А што, Зісы «тыграў» б’юць цудоўна!» — захоплена падумаў Мачалаў пра новыя гарматы, якія нядаўна пачалі паступаць на фронт. Танкі таксама адкрылі агонь. Зараз ужо капітан мог сапраўды вызначыць — на яго роту насоўваецца дзевяць танкаў. Дзевяць браніраваных крэпасцей на гусенічным хаду, ведучы агонь з гармат і кулямётаў, ішлі на пазіцыі роты. Мачалаў даў каманду: «Агонь!» Доўга і злосна страчылі кулямёты, у іх грукаце танулі кароткія чэргі аўтаматаў і стрэлы вінтовак, чуліся звонкія і выразныя стрэлы процітанкавых ружжаў.

Танкі ўвайшлі ў міннае поле, і амаль адразу ж два з іх закруціліся на месцы. Астатнія на імгненне прыпыніліся, а затым пачалі распаўзацца ў абодва бакі.

«У абыход міннага поля хочуць пайсці», — здагадаўся Мачалаў і крыкнуў па ланцугу:

— Бранябойшчыкі, вядзіце агонь па бартах танкаў!

А тыя і самі разумелі, што для іх наступіў самы спрыяльны момант, і адра­зу ж вызначыўся Кісліцкі. Ён першым жа стрэлам падпаліў найблізкі да яго танк і тут жа жорстка вылаяўся ў яго адрас. Мачалаў не вытрымаў і засмяяўся. Грубае, але ўжо вельмі ж дакладнае вызначэнне знайшоў для танкістаў падбітай машыны сяржант.

Пяхота, паліваючы нашы акопы агнём з аўтаматаў, працягвала рухацца наперад. Ужо нават няўзброеным вокам былі добра бачны іх перакошаныя ад крыку твару. З’явіліся і першыя страты ў роце. Прамым пападаннем снарада забіла двух аўтаматчыкаў. Замоўк адзін з «максімаў», яго пашкодзіла асколкам снарада. Мачалаў бачыў, як да першага ўзвода, прыгінаючыся, беглі санітары. «І там ёсць страты», — падумаў ён і зноў прыпаў да аўтамата. Старанна прыцэльваючыся, ён біў кароткімі чэргамі па цэлях, што насоўваліся. Немцы, якія аказаліся без падтрымкі танкаў, залеглі, але злева і справа ад лініі абароны роты яны працягвалі атакаваць. Мачалаў тут жа перадаў каманду флангавым кулямётам перанесці агонь і ўдарыць па надыходзячых. Неўзабаве і на іншых участках абароны нашы войскі прымусілі немцаў залегчы, а затым і адступіць.

Першая атака ворага батальёнам была адбіта. Немцы страцілі пяць танкаў і каля сотні салдат. Падбітыя танкі працягвалі гарэць, па полі слаўся чорны задушлівы дым, як акінуць вокам валяліся трупы знішчаных фашыстаў.

Усе разумелі, што першая атака — выпрабавальны крок. Немцы прамацалі нашу абарону, разабраліся з яе сістэмай агню, і цяпер трэба было чакаць яшчэ мацнейшы націск.

Толькі Мачалаў вярнуўся да свайго акопа, як да яго падбег капітан-артылерыст. Гэта быў камандзір процітанкавай батарэі. Мачалаў пачаў дзякаваць за ўмелую падтрымку, але той яго перабіў:

— Выбач, браток, пакідаю цябе. Нямецкія танкі дзесьці справа прарваліся, і мне загадана адысці назад і заняць новыя пазіцыі, каб не дапусціць удару па вас з тылу. Так што трымайся!

І ён, лёгка выскачыўшы з акопа, пабег да сваёй батарэі, якая хутка згортвалася, рыхтуючыся да пераходу. «Хоць бы танкі не прашмыгнулі», — з трывогай падумаў Пётр пра пяцёрку «Т-34», якія схаваліся ў невялікім яры ў засадзе. Яны пакуль удзел у баі не прымалі і чакалі свайго часу.

Раптам пачуліся крыкі:

— Паветра! Паветра!

Капітан убачыў, як з боку лесу, куды адышлі немцы, насоўваюцца самалёты. Іх было больш як дзясятак. Самалёты, зрабіўшы паўкруг, паляцелі ўздоўж траншэй, кідаючы бомбы і страляючы з гармат і кулямётаў.

Але тут жа побач з імі з’явіліся нашы знішчальнікі. Кісліцкі, убачыўшы іх, радасна закрычаў:

— Усё, браткі, вяселля больш не будзе, жаніху цяпер пад хвост перцу падсыплюць!

І сапраўды, у небе завязаўся бой. Нямецкія бамбардзіроўшчыкі пачалі скідаць бомбы і адыходзіць на захад. Адразу ж задыміліся два варожыя сама­лёты, адзін з іх падарваўся і, развальваючыся на часткі, каменем пайшоў да зямлі, другі паляцеў у бок нямецкіх пазіцый.

Праз гадзіну немцы зноў падняліся ў атаку, але зноў былі адкінуты назад. Так працягвалася да самага вечара. Артылерыйскія і авіяцыйныя налёты чаргаваліся з атакамі пяхоты. Але сістэма абароны была добра прадумана і загадзя падрыхтавана. І вораг не прайшоў. Мачалаў быў задаволены: маладыя байцы раўняліся на бывалых і не завагаліся.

Пётр Пятровіч у перапынку паміж атакамі, калі даведаўся, што танкі «Т-34» сышлі з лагчыны, загадаў замініраваць поле на левым флангу. І цяпер можна было не баяцца танкаў у гэтым месцы.

Дзень ужо хіліўся да вечара, калі чарговы раз немцы пабеглі назад, і наступіла цішыня. Па ўсім было відаць, што новай атакі сёння не будзе. У акопах пачуўся смех. Даставілі запознены абед, і брудныя, з пакрытымі сажай тварамі, салдаты прагна пачалі есці, не забываючы пры гэтым перакінуцца вясёлым слоўцам.

Мачалаў чакаў, калі камандзіры ўзводаў даложаць яму пра страты. Ён слухаў, як непадалёку хтосьці даймаў Кісліцкага, каб той расказаў што-небудзь вясёлае. Кісліцкі адзываўся жартамі. Усё той жа голас сказаў:

— Ну выдатна ты, Эдуард, пекануў таго «тыгра»! Трэба ж кропля ў кроп­лю ў матор патрапіць!

— Умець трэба, — важна адказаў Кісліцкі і раптам спытаў: — А ці ведаеш ты, што такое «кропля ў кроплю»?

— Не, не ведаю.

— Гэта штосьці з інтымнага жыцця ліліпутаў, — растлумачыў пад смех таварышаў Кісліцкі і дадаў: — Ды табе не ліліпут, а навальніца фашысцкіх танкаў. Запомні!

— Таварыш капітан, — пачуў Мачалаў голас тэлефаніста, — вас камандзір палка выклікае.

Пакуль Мачалаў ішоў да паўразбуранага бліндажа, паспеў падумаць пра тэлефаніста. «Замучыўся ён сёння, небарака, бадай раз дзесяць, не менш, давялося сувязь аднаўляць».

Узяў трубку і тут жа пачуў голас камандзіра палка. Грыдзін сказаў: «Мачалаў, пакінь за сябе Севярынава і прыходзь да мяне!»

Да штаба палка ісці было недалёка, і Мачалаў не спяшаючыся ішоў па вузенькай сцяжынцы. Пасля гарачага напружанага дня добра дыхалася свежым астываючым паветрам, прыемна было слухаць цішыню, якую, праўда, парушала далёкая артылерыйская кананада. Дзесьці там, за гарызонтам, ішоў бой. Мачалаў не ведаў, што немцам у многіх месцах удалося ўклініцца, а дзе-нідзе і прарваць нашу абарону. Капітан падняўся на невысокі пагорак і, зірнуўшы ў бок невялікай вёсачкі, дзе размяшчаўся штаб палка, здзіўлена прысвіснуў. Амаль уся вёска была знішчана.

«Як жа штаб палка ацалеў?» — падумаў ён, спускаючыся з пагорка.

На ўскраіне вёскі насустрач Мачалаву ішлі дзве жанчыны. Пётр, не зважаючы, хацеў прайсці міма, але тут адна з іх спынілася і ціха спытала:

— Мачалаў? Пётр Пятровіч?

Капітан здзіўлена зірнуў на жанчыну. Перад ім стаяла Васілеўская. Схуднелая, са стомленымі і сумнымі вачамі, яна глядзела на яго, нібы баючыся, што памылілася.

— Вольга Ільінічна, — узрадаваўся Мачалаў, — адкуль вы? Як тут апынуліся?

Яна працягнула яму руку:

— Дабрыдзень, Пётр Пятровіч! Як я рада, што сустрэла вас!

Апошняя фраза вылецела ў яе нечакана. Вольга Ільінічна, збянтэжыўшыся, пачырванела, але тут жа растлумачыла:

— Наш шпіталь за вёскай у лесе размясціўся.

Разгаварыліся. Васілеўская расказала і пра сваё новае гора: амаль тры месяцы назад пад Ленінградам загінуў муж. Імкнучыся схаваць у вачах страш­ны боль, які душыў яе, яна паспешна спытала:

— Ну, што ў вас чуваць? Пра сям’ю нічога не даведаліся?

— Не, пакуль нічога. Камандзір палка напісаў у штаб партызанскага руху, папрасіў высветліць праз партызанскія атрады, але пакуль адказу няма.

Пётр спахапіўся, успомніў пра выклік да камандзіра палка. Яны абмяняліся нумарамі палявой пошты і дамовіліся, што будуць пісаць адно аднаму. Развітваючыся, Вольга Ільінічна сказала:

— Вы мне абавязкова напішыце, калі даведаецеся пра сям’ю, абавязкова! — і, зрабіўшы невялікую паўзу, дадала: — Мне так хочацца, каб у вас усё было добра.

Мачалаў ішоў па пыльнай вуліцы вёскі, амаль цалкам знішчанай варожай авіяцыяй. Радасць сустрэчы з Васілеўскай змяшалася з панурымі, трывожнымі думкамі пра дзяцей і жонку.

А на зямлю апускалася ноч. Мачалаў увайшоў у цудам ацалелую хату, дзе знаходзіўся штаб палка.

Грыдзін буркліва заўважыў:

— На валах ты, Мачалаў, дабіраўся сюды?

Капітан моўчкі зірнуў на падпалкоўніка і адвёў вочы. Яму не хацелася тлумачыць прычыну затрымкі. Дый Грыдзін не стаў чакаць тлумачэнняў. Ён запрасіў яго прысаджвацца і адразу ж перайшоў да справы:

— Прымай, Пётр Пятровіч, батальён.

— Як гэта прымаць? — не зразумеў Мачалаў.

— А вось так, — Грыдзін на імгненне горка ўсміхнуўся: — На вайне так і прымаюць. Загінуў камандзір, малодшы прымае камандаванне.

— Хто загінуў?

Мачалаву было страшна назваць прозвішча Тарасава.

— Так, Іван Іванавіч загінуў, — ціха растлумачыў Грыдзін і, адчуўшы, што боль па загінулым таварышы ўзмацняецца, грубавата сказаў: — Ты прызначаны камандзірам батальёна замест яго. Камандаванне прымай неадкладна. Раніцай бой.


Уладзімір Славін


Атрад атрымаў новае заданне. Уначы трэба было ўварвацца ў невялікае мястэчка, размешчанае ў сарака кіламетрах ад Мінска, знішчыць нямецкі гарнізон, захапіць здраднікаў Радзімы. Гэта былі паліцаі і старасты, якія беглі з вызваленых партызанамі вёсак і схаваліся пад крыло сваіх гаспадароў. Стала вядома, што нямецкае камандаванне мае намер блакіраваць мясцовыя лясы і знішчыць партызан. Вось тут і адводзілася галоўная роля здраднікам Радзімы як праваднікам. Яны добра ведалі навакольную мясцовасць.

Камандзір атрада даручыў Валенту і Славіну пад выглядам сялян паехаць у мястэчка і выведаць, як размясціліся карнікі.

Разведчыкам далі падводу, запрэжаную заезджанай кабылай. Яны паклалі ў воз саломы, сена, паставілі пару збаноў малака, кошык яек і крануліся ў дарогу.

Дзед Міхась кіраваў канём, а Славін, уладкаваўшыся за яго спінай, уважліва глядзеў па баках.

Гітлераўцы абнеслі ўсё мястэчка калючым дротам, дзе-нідзе замініравалі падыходы. Немцаў тут было нямала, выставілі пікеты. І хоць вакол быў лес, яны адчувалі сябе даволі ўпэўнена.

Валента і Славін заязджалі ў мястэчка з боку Валожына.

Нямецкія вартавыя перад шлагбаўмам агледзелі воз, жэстам дазволілі праезд.

Уладзімір заўважыў недалёка ад шлагбаўма кулямёт, далей на вуліцы стаяў бронетранспарцёр. Калі воз, падскокваючы на камянях маставой, заехаў у цэнтр мястэчка, разведчыкі ўбачылі казарму. У ёй, відавочна, знаходзіліся асноўныя сілы немцаў. Казарма таксама была абнесена калючым дротам, уздоўж агароджы хадзілі два аўтаматчыкі. Пад’язджаючы да плошчы, дзе звычайна збіраўся кірмаш, партызаны заўважылі ствалы дзвюх зенітак, якія тырчаць з-пад даху. Іх, па ўсёй верагоднасці, прывезлі сюды нядаўна, таму што артылерысты размясціліся ў армейскіх палатках.

Прабылі ў мястэчку дзед Валента і Славін гадзіны дзве. Выязджалі праз прапускны пункт па дарозе ў бок Мінска. Кіламетры тры яны ехалі па шашы. А потым, выкарыстаўшы момант, калі шаша апусцела, звярнулі на ледзь прыкметную лясную дарожку. Дзед Валента добра ведаў мясцовыя лясы, спрытна кіраваў канём і нейкім цудам умудрыўся выехаць прама да часовай стаянкі атрада.

Глазкоў адразу ж запрасіў разведчыкаў да сябе ў шалаш. Тут жа быў начальнік штаба. Ён разгарнуў карту і схему мястэчка. Валента і Славін, дапаўняючы адзін аднаго, падрабязна расказалі аб усім, што ім удалося выведаць.

Начальнік штаба старанна наносіў на схему, дзе знаходзяцца кулямёты, гарматы, казарма, пасты праціўніка.

Уначы атрад накіраваўся да мястэчка. Ішлі асцярожна. К тром гадзінам выбраліся на шашу, што была ў кіламетры ад гарнізона. Тут пакінулі заслон з адзінай у атрадзе гарматай, якую разгарнулі ў бок Мінска, каб затрымаць варожае падмацаванне, калі з’явіцца адтуль. Асноўныя сілы атрада рушылі да мястэчка. Але не ведалі партызаны, што праз тры гадзіны пасля таго, як з мястэчка выехалі дзед Валента і Славін, туды прыбылі дзве аўтамашыны з гітлераўцамі. Яны размясціліся ў хатах. Фашысты рыхтаваліся ранкам пачаць карную аперацыю ў бліжэйшых вёсках.

Партызанскі атрад, разбіты на некалькі груп, павінен быў пракрасціся ў мястэчка з розных кірункаў. Адным групам даручалася блакіраваць казарму ворага, другім — знішчыць яго тэхніку, трэцім — захапіць здраднікаў і нямецкіх афіцэраў.

Відавочна, даволі працяглы спакой, у якім знаходзіліся акупанты, падтупіў іх пільнасць, і партызанам удалося зняць пасты і ўвайсці ў мястэчка непрыкметна.

Вось і казарма. Зняць вартавых бясшумна не атрымалася. Адзін з іх паспеў стрэліць ва ўпор у партызана, які падбег да яго. Глазкоў чаргой скасіў вартавога, і партызаны кінуліся да казармы. У вокны паляцелі гранаты. Усё адбылося так хутка, што фашысты, якія спалі, не паспелі выскачыць з памяшкання.

Справіліся партызаны з гітлераўцамі і там, дзе стаялі нямецкія зенітныя гарматы. Але тут здарылася неспадзяванае. Стральба спудзіла немцаў, якія прыехалі ў мястэчка напярэдадні, і яны адкрылі па партызанах моцны агонь з вокнаў і гарышчаў хат.

Група, у якой быў і Славін, прарвалася да цэнтральнай плошчы, дзе знаходзілася некалькі грузавікоў. Паўдзясятка гранат, кінутых у іх, і некалькі кароткіх аўтаматных чэрг па бензабаках зрабілі сваю справу: машыны загарэліся. Аднак партызаны, апынуўшыся на адкрытым месцы, трапілі пад моцны агонь гітлераўцаў, што заселі ў хатах. З’явіліся забітыя. Трэба было ў што б там ні стала выбіць фрыцаў з крайняй хаты.

Немцы, якія знаходзіліся ў ёй, трымалі пад прыцэльным агнём усю невялікую плошчу. Камандзір групы Панчанкаў падпоўз да Славіна і Крайнюка, якія ляжалі недалёка адзін ад аднаго:

— Хлопцы, паспрабуйце дабрацца да хаты з боку агарода!

Славін кінуўся да плота і адным махам пераскочыў яго. Затым агародамі дабраўся да хлява, які стаіць недалёка ад хаты і ў ім фашысты занялі кругавую абарону. У акне, што выходзіла ў двор, можна было заўважыць чалавечыя постаці. Адзін гітлеравец выбіў з рамы шкло і прасунуў вонкі ствол вінтоўкі.

Разважаючы, як хутчэй выбіць ворага з хаты, Уладзімір вызірнуў з-за хлява, і тут жа ў тоўстае бервяно ўпілася куля. «Дакладна б’е, чорт!» — падумаў ён і кінуўся ў другі вугал, каб паспрабаваць з таго боку наблізіцца да хаты. У гэты момант прыбег Крайнюк.

— Чаго ты тут затрымаўся?! — злосна крыкнуў ён. — Не бачыш, як нашых паліваюць! А ты скачаш каля сценкі!

— Якія скокі? — пакрыўдзіўся Славін. — Яны кругавую занялі. Падыходы з гэтага боку таксама пад прыцэлам трымаюць.

— З чаго смаляць? — трохі астыўшы, спытаў Крайнюк.

— З вінтоўкі, праз акно. Высунуў я было галаву, дык ледзь без яе не застаўся.

Антон прылёг на зямлю, асцярожна вызірнуў з-за вугла. Яго не заўважылі. Аднак было зразумела, што бегчы ад хлява да хаты — значыць патрапіць пад кулю. Крайнюк павярнуўся да Славіна:

— Надзень на аўтамат пілотку. Падражні. А я паспрабую дастаць яго з гарышча, толькі дапамажы мне.

Славін упёрся рукамі ў бярвеністую сцяну, ледзь прысеў, падставіў Антону спіну. Той спрытна дабраўся да невялікага акенца, ледзь праціснуўся праз яго і схаваўся на гарышчы. Славін надзеў на ствол аўтамата пілотку і вярнуўся да вугла, з-за якога выглядаў. Ён трохі вычакаў, пакуль Крайнюк паспее прайсці да процілеглага канца хлява, і хацеў высунуць пілотку, але раптам хутчэй адчуў, чым пачуў, ззаду нейкі рух і рэзка абярнуўся. Да яго спяшалася старая.

— Сынок! Асцярожна! Там немцы.

— Гэта я паспеў ужо заўважыць, — усміхнуўся Славін. — Вы лепш скажыце, хто тут гаспадар хаты.

— Я — гаспадыня, галубок. Толькі сцеражыся — застрэляць.

— Акрамя немцаў, яшчэ хто-небудзь ёсць там?

— Адны яны там, адны. Ды паліцаі яшчэ. Мяне і дачку выгналі ўчора. У хлеў перабраліся.

— Гэта, вядома, дрэнна, што выгналі. А, з іншага боку, можа, і добра, — сказаў Уладзімір. — Вы, бабуля, хуценька бяжыце адгэтуль у агарод. Толькі старайцеся, каб хлеў затуляў вас, а то шалёная куля незнарок закране.

Толькі паспеў Уладзімір высунуць з-за хованкі пілотку, як куля прабіла яе наскрозь. У тое ж імгненне зверху дробна ўдарыў аўтамат. Славін выскачыў з-за хлява і накіраваўся да хаты. Ён разумеў, што Крайнюк прыкрые яго агнём.

Праз некалькі імгненняў Уладзімір апынуўся каля хаты, аббег яе, аўтамат павесіў на шыю, у рукі ўзяў па гранаце і вызірнуў з-за вугла: з вокнаў, якія выходзяць на вуліцу, фашысты бесперапынку стралялі па плошчы. Уладзімір злаўчыўся і кінуў лімонку ў тое акно, адкуль сыпаліся кулямётныя чэргі. Ён зрабіў яшчэ некалькі скачкоў, запусціў гранату ў іншае акно, дзе засела некалькі аўтаматчыкаў, а затым аббег хату і падскочыў да сенцаў. Прама на яго вылецеў мужчына. На ім была толькі даматканая ніжняя кашуля. Уладзімір ускінуў аўтамат:

— Рукі ўгару!

— Не страляйце! Я — свой.

— Марш да хлява! — загадаў Славін.

Яны падышлі да вугла хлява. Уладзімір гучна паклікаў гаспадыню:

— Бабуля, гэты чый будзе?

Бабулька зірнула на палоннага:

— Цьфу ты, бессаромнік! Хоць бы порткі надзеў! Паліцай ён. Старшы паліцай. Учора, нягоднік, суседскага хлапца лупцаваў пад п’яную руку. Прычапіўся, што той яму боты не захацеў чысціць.

— Ясна, бабуля, — Уладзімір паварушыў аўтаматам, — а ну, рукі трымай вышэй!

Падбег Крайнюк. Ён акінуў грэблівым поглядам палоннага:

— Гані яго да нашых. Там разбяромся.

Славін пхнуў аўтаматам паліцая:

— А ну, давай! Руш наперад, зануда галазадая!

Яны абмінулі хату і праз веснічкі выбраліся на вуліцу. Перастрэлка перанеслася ў глыб мястэчка. На плошчы ўсё яшчэ гарэлі нямецкія машыны. Злева, метрах у сямідзесяці пяці, Уладзімір убачыў чатырох партызан, якія спешна грузілі на калёсы трафейную зброю. Толькі загадаў ён здрадніку бегчы да гэтай групы, як той, войкнуўшы, паваліўся на зямлю. Ці то партызанская, ці то фашысцкая куля прабіла лоб паліцая. Так і застаўся ён ляжаць паўапрануты. «Сабаку — сабачая смерць!» Славін сплюнуў і кінуўся да сваіх байцоў, якія пачалі адводзіць у хованку загружаную фурманку.

А ў мястэчку працягваўся ўпарты бой. Нягледзячы на тое, што фашыстаў аказалася значна больш, чым меркавалася, партызаны вымусілі іх адступіць. Адстрэльваючыся, яны адыходзілі да ўскраіны мястэчка. Партызанам удалося захапіць сямёра здраднікаў. Праследаваць немцаў не мела ніякага сэнсу. Восьвось гітлераўцы маглі атрымаць падмацаванне.

Партызаны загрузілі некалькі фурманак, захопленых у ворага, зброяй і боепрыпасамі, паклалі на павозкі параненых, забралі загінулых таварышаў і рушылі ў лес. Заданне, хоць і з вялікімі стратамі, было выканана. Зараз трэба было хутчэй сыходзіць ад пагоні, якую, напэўна, раніцай арганізуюць немцы. Камандзір загадаў падрыўнікам замініраваць у некалькіх месцах мінскую шашу, а таксама закласці пару фугасаў на прасёлкавай дарозе, па якой пайшоў у лес атрад. Да ўзыходу сонца ён быў ужо далёка.

І вось ужо трое сутак атрад ішоў не спыняючыся, імкнучыся вырвацца з блакады. Немцы, сцягнуўшы ў гэты раён велізарныя сілы, акружылі ўсе бліжэйшыя лясы. Людзі стаміліся, коні знясілелі, і камандзір вырашыў зрабіць прывал на адной з запасных баз. Тут было некалькі зямлянак, патаемная студ­ня, выкапаная яшчэ ў першае лета вайны. Вакол гэтай базы ляжала балота, і партызаны разлічвалі, што гэта спыніць карнікаў. Камандзір выставіў засло­ны, і атрад размясціўся на адпачынак.

Прайшлі яшчэ суткі, і над базай нечакана закружыў нямецкі самалёт. Усе замерлі, але самалёт не адлятаў, а ўсё кружыў, потым скінуў лістоўкі: гітлераўцы заклікалі партызан кідаць зброю, выходзіць з лесу.

— Пранюхалі, сцервы! — заклапочана прагаварыў Глазкоў і тут жа загадаў выслаць разведку.

Да вечара яго горшыя здагадкі пацвердзіліся. Разведка далажыла: вакол лесу — немцы, шмат аўтамашын, ёсць танкі і бронетранспарцёры. Адчувалася, што фашысты старанна рыхтаваліся да аперацыі.

Камандаванне партызанскага атрада сабралася на нараду. Весці працяглы бой партызаны не маглі. У іх было мала боепрыпасаў і харчу.

Карнікі, узброеныя артылерыяй і авіяцыяй, хутка маглі захапіць невялікі востраў, на якім размясціўся атрад. Ісці на прарыў было б вар’яцтвам. Камандзір вырашыў бой з сіламі праціўніка, якія мелі вялікую перавагу, не прымаць, а ўначы выходзіць з акружэння невялікімі групамі.

Неўзабаве лагер апусцеў. У ім засталося ўсяго толькі трынаццаць чалавек, сярод іх Славін і дванаццацігадовая Надзя Панчанкава. Гэта група павінна была дачакацца двух партызан, якія знаходзіліся ў сакрэце на далёкіх подсту­пах да базы, а затым прабрацца праз фашысцкія кардоны.

Старшы групы Тамкоў накіраваў Славіна прыспешыць таварышаў.

Валодзя імчаўся па лесе. Вось і месца, дзе павінен знаходзіцца сакрэт. Але што такое? Вакол цішыня. Байцоў няма. Валяюцца стрэляныя гільзы. На пяньку ляжыць скрываўлены падсумак, а побач — мноства слядоў ад нямецкіх чаравікаў. Уладзімір адразу зразумеў, што адбылося тут напярэдадні. Тым не менш, у яго душы яшчэ цяплілася слабая надзея, што, можа быць, параненыя партызаны знаходзяцца дзесьці паблізу. Ён уважліва агледзеў усю мясцовасць вакол, абышоў кожны куст, але нікога не знайшоў.

Славін вярнуўся да сваіх і расказаў пра ўбачанае старшаму групы. Тамкоў вырашыў неадкладна сыходзіць, асцярожна прабірацца да першай базы атра­да. У бой вырашылі ўступаць толькі ў самым крайнім выпадку. «Бо на нашай апецы знаходзіцца дзіця», — заўважыў Тамкоў. Бацька Надзі і тры іншыя пар­тызаны напярэдадні не вярнуліся з разведкі. Усе турбаваліся за іх лёс. Славін імкнуўся ўвесь час быць побач з дзяўчынкай.

Ішлі асцярожна, прытрымваючыся густых хмызнякоў, уважліва прыглядаючыся да навакольнай мясцовасці. Кіламетры праз тры, партызан, які ішоў наперадзе, сказаў, што бачыць групу людзей, чалавек дзесяць, якая, відавочна, адпачывае на беразе невялікага раўчука. Тамкоў вырашыў абысці іх, але потым падумаў: «А раптам свае?» Узяўшы з сабой пяцярых байцоў, сярод якіх быў і Славін, ён пайшоў у разведку. Падпаўзлі да групы, ахапілі яе кальцом. І тут убачылі некалькі знаёмых твараў. Гэта была група з суседняга атрада.

Высветлілася, што, вяртаючыся з задання, партызаны разышліся са сваім атрадам, які змушаны быў зняцца і сысці з базы, каб не апынуцца ў акружэнні. Байцы ўжо трэці дзень блукалі па лесе, выбіліся з сіл, галадалі. Зараз яны вельмі ўзрадаваліся, убачыўшы сяброў па зброі. Вырашылі аб’яднацца і выходзіць з акружэння разам. К вечару наблізіліся да шашы. Выслалі разведчыкаў. Але нічога суцяшальнага не даведаліся. Немцы выставілі моцныя заслоны, і прадрацца скрозь іх было немагчыма.

Старшыя груп вырашылі ісці лесам уздоўж аўтамагістралі і шукаць пралом у ачапленні фашыстаў. Праз кожны кіламетр разведчыкі асцярожна набліжаліся да шашы, прыглядаліся, дзе можна перайсці яе.

Да вечара яны выйшлі да скрыжавання з Валмянскай дарогай. Тут пар­тызаны змаглі па адным перабегчы шашу і працягвалі ісці ў бок былой базы. Туды і павінны былі памкнуцца ўсе групы атрада. Паглыбіліся на кіламетры два ў лес і спыніліся на начлег.

Досвіткам партызаны сабраліся ў дарогу. Нечакана з боку аўтамагістралі, якую яны ўчора перасякалі, пачуліся аўтаматныя чэргі, брэх сабак. Тамкоў паклікаў да сябе Славіна:

— Вазьмі яшчэ аднаго чалавека, разбярыцеся, што такое, і даганяйце нас. Мы пойдзем прама, так што арыентуйцеся па сонцы.

Славін і яшчэ адзін баец, узброены вінтоўкай, рушылі на шум. Праз нейкія паўгадзіны над імі, зразаючы галінкі, засвісталі кулі. Разведчыкі, нізка прыгінаючыся да зямлі, перабягаючы ад дрэва да дрэва, узялі крыху лявей і працягвалі ісці. Неўзабаве яны ўбачылі немцаў. Выцягнуўшыся ў доўгі ланцуг, яны наўздагад стралялі з аўтаматаў і рухаліся ў тым кірунку, у які адыходзіла група партызан. Немцы ішлі павольна, ведучы на ланцужках сабак, часта спыняліся і аглядалі хмызнякі.

Было ясна, што гітлераўцы чарговы раз прачэсваюць лес. Валодзя рукой падаў сігнал напарніку адыходзіць. Яны адпаўзлі ў гушчар, ускочылі на ногі і кінуліся даганяць сваіх. Група ішла хутка, і нагнаць яе разведчыкам удалося дзесьці апоўдні. Выслухаўшы разведчыкаў, Тамкоў нядбайна махнуў рукой:

— Ну, гэтыя нам не страшныя. Калі бесперапынку «паляць у малако», значыць далёка не пойдуць. Патронаў не хопіць.

І сапраўды, хутка стала ціха. Абвясцілі прывал, а двух партызан накіравалі наперад, разведаць абстаноўку каля вёскі, дзе жылі сувязныя атрада дзед Пятрусь, Мачалава і маці Крайнюка.

Было горача, хацелася піць. Уладзімір аблізваў сухія вусны. Ён адшукаў партызана, якому перад адыходам у разведку перадаў рэчмяшок, але ў пакінутай там пляшцы вады не было. Побач, пад кустом, на разасланы пінжак прысела Надзя. Валодзя спытаў:

— Піць хочаш?

Дзяўчынка мімаволі аблізала вусны:

— Дык вады ж няма.

— Нічога, — усміхнуўся Славін. — Цяпер паспрабуем адшукаць.

Уладзімір сабраў у рэчмяшок з дзясятак пляшак і накіраваўся на пошукі.

Ён стараўся выйсці на нізкае месца, натрапіць на раўчук ці хоць бы

лясное балотца. Хадзіў Славін доўга, пакуль не знайшоў на шляху даволі глыбокі ярок. Спусціўшыся ўніз па стромкім абрыве, ён спачатку расчараваўся — суха. Але, кінуўшы погляд направа, заўважыў кроках у дваццаці ад сябе жоўты пясок. З-пад яго прабівалася вада. Валодзя падышоў бліжэй. Так, гэта была крыніца. З якім задавальненнем хлопец спаталяў смагу! Ад холаду дранцвелі зубы, зводзіла сківіцы, але ён піў, затым напоўніў усе пляшкі, паскладаў у рэчмяшок і, ускінуўшы яго на спіну, заспяшаўся да сваіх таварышаў.

Першую пляшку Славін працягнуў дзяўчынцы. Тая прагна прыпала вуснамі да рыльца. Потым раздаў астатнія пляшкі. Усе падбадзёрыліся, павесялелі. Пасля гэтага Славін прылёг у цені пад кустом і адразу ж задрамаў. Але спаць не давялося. Вярнуліся разведчыкі. Яны былі чымсьці ўсхваляваны, штосьці ціха паведамлялі старшым абедзвюх груп. Тыя, перамовіўшыся паміж сабой, падалі каманду адпраўляцца ў шлях. Тамкоў голасам, які змяніўся, глуха прагаварыў:

— Таварышы! Мы накіроўваемся да вёскі. І вы ўбачыце сваімі вачамі, на што здольныя фашысцкія каты.

Да самай вёскі партызаны ішлі моўчкі. Тое, што яны неўзабаве ўбачылі, сапраўды ледзяніла душу. На месцы вёскі чарнелі папялішчы, сіратліва стаялі абгарэлыя печы. Ацалела толькі некалькі хат, але людзей у іх не было. Не ведалі партызаны, што гэта хаты паліцаяў, гаспадары якіх перабраліся ў райцэнтр. Жудасна скуголілі сабакі. Партызаны моўчкі хадзілі па спаленай вёсцы, і кожнага мучыла адна і тая ж думка: «Дзе людзі? Што з імі?» І вось перад імі адкрылася карціна больш страшная за папярэднюю. Партызаны спыніліся ля спаленага хлява. На папялішчы ляжалі дзясяткі спаленых і паўспаленых чалавечых трупаў. Доўга стаялі партызаны ля гэтага месца. Поўнымі слёз вачамі глядзеў Славін на рэшткі загінулых людзей. «Няўжо і мама Антона, і настаўніца загінулі? Як пра гэта паведаміць Антону?» З яго грудзей вось-вось гатовы быў вырвацца крык: «За што? Якім зверам трэба быць, каб пайсці на такое!» Рукі юнака міжвольна сціскалі аўтамат: «Адпомсціць! Адпомсціць за смерць гэтых людзей!» Уладзімір глуха сказаў:

— Колькі жыць буду — столькі буду помсціць!

— Пойдзем, Надзечка. Пайшлі, Валодзя, — паклікаў Тамкоў, хочучы хутчэй адвесці іх ад гэтага страшнага месца.

Моўчкі ішлі партызаны, ціха плакала дзяўчынка...


Старшы лейтэнант Купрэйчык


Савецкія войскі пасля перамогі пад Курскам разгарнулі наступленне на шырокім фронце.

Старшы лейтэнант Купрэйчык радаваўся разам з усімі вялікай перамозе. Была ў яго і яшчэ адна вялікая радасць. У пачатку верасня паштальён прынёс яму пісьмо. Аляксей, які зрэдку атрымліваў лісты толькі ад Мачалава, зірнуў на зваротны адрас і павольна апусціўся на вільготную пасля роснай ночы траву. Гэта было пісьмо ад Надзі.

Дрыготкімі рукамі разгарнуў ліст і скрозь слёзы пачаў чытаць: «Мілы, каханы, дарагі мой Лёша, дабрыдзень! Нарэшце гадзіну назад я атрымала адказ на свае лісты. Мне паведамілі нумар тваёй палявой пошты. Пішу табе, а сама не веру, што ліст дойдзе да цябе, што ты сапраўды дакранешся да гэтых лісткоў, будзеш трымаць іх у руках!

Лёшачка, каханы, калі б ты ведаў, як пакутліва я перажываю нашу сустрэчу на тым паўстанку, калі цябе параненага павёз цягнік. Я зразумела, што гэта быў ты, толькі пасля таго, як ты з’ехаў. Вось і цяпер, успомніўшы пра гэта, плачу, як дурніца! Як жа я цябе тады не пазнала? Думала, што паранены жэстамі патрабуе хутчэй пагрузіць яго ў вагон.

Пасля гэтага да маіх пакутлівых чаканняў дадаўся пякучы боль за цябе. Куды я толькі не пісала! І вось, сёння, я ведаю твой адрас. Я нічога ў жыцці не хачу, акрамя аднаго — каб гэты ліст дайшоў да цябе.»

Далей Надзя апісвала, дзе яна, чым займаецца, прасіла падрабязней напісаць пра сябе.

Купрэйчык, скончыўшы чытаць, паднёс пісьмо да твару. Яму здавалася, што ён адчуваў пах яе рук. «Родная, ты аказалася шчаслівейшая за мяне! Колькі я пісаў з просьбай паведаміць мне твой адрас, а адказалі табе! Якое шчасце, што ты жывая і кахаеш мяне!»

Да яго падышоў, ледзь накульгваючы, Чыжык. Яшчэ адчувалася раненне ў нагу, але разведчык не змог вылежаць да канца і раней часу выпісаўся са шпіталя. Ён трывожна спытаў:

— Камандзір, што здарылася?

Купрэйчык, нібы ачнуўшыся, устаў з зямлі:

— Нічога, Ваня, усё ў парадку. Жонка знайшлася. Вось ліст атрымаў.

— Ну і як, жывая, здаровая?

— Так. Увесь гэты час шукала мяне і вось, бачыш, знайшла.

— Ну і дзякуй богу. Цябе камандзір палка выклікае.

Купрэйчык схаваў ліст у кішэню і праз хмызняк, напрасткі, пайшоў да штаба палка. Ён быў упэўнены, што атрымае новае заданне, але Васільеў, убачыўшы яго, сказаў:

— Паехалі, камдзіў збірае камандзіраў палкоў і начальнікаў разведак.

Яны селі ў патрапаны «віліс» і неўзабаве былі ў вёсцы, дзе размяшчаўся

штаб дывізіі. Аказалася, што напярэдадні за лініяй абароны немцаў нечакана сутыкнуліся дзве групы разведчыкаў, якія былі пераапрануты ў нямецкую форму і належалі розным палкам. Завязалася перастрэлка. Двое былі забіты і трое паранены. Гэта было ЧП. Начальнік разведкі дывізіі быў пакараны, і цяпер кожны полк атрымаў указанне накіроўваць сваю разведку толькі ў пала­су сваіх дзеянняў.

Пасля нарады Васільеў і Купрэйчык вярталіся ў полк тым жа шляхам. Па прыбыцці на месца Васільеў не адпусціў Купрэйчыка, і неўзабаве яны апынуліся ў прасторным, моцна складзеным бліндажы.

Ардынарац, маленькі вёрткі чырвонаармеец, разумеў Васільева з аднаго кіўка. Праз некалькі мінут на стале былі нарэзаная вялікімі кавалкамі каўбаса, адкрытыя нажом слоікі з кансервамі, хлеб.

Васільеў наліў у гранёныя шклянкі гарэлку:

— Ну, давай, Аляксей, за нашу перамогу!

Яны выпілі і пачалі закусваць. Раптам Купрэйчык успомніў пра ліст: «Трэба ж хутчэй даць адказ. Надзя, напэўна, гадзіны лічыць, калі яго атрымае, а я засеў, як у рэстаране». Апетыт адразу ж знік, і Купрэйчык пачаў шукаць падставу, як яму сысці. Праўда, і ў Васільева былі справы. Яны выпілі яшчэ па сто грамаў, і той, папярэдзіўшы Купрэйчыка, каб ён быў гатовы да вечара наступнага дня ісці на заданне, адпусціў яго.

Купрэйчык ледзь не подбегам накіраваўся да сябе, дзе адразу ж узяўся за ліст. Пісаў доўга, але калі скончыў, то зразумеў, што не напісаў нават паловы таго, што хацеў. Пастаяў у роздуме і вырашыў, што ўвечар напіша другі ліст. Склаў ліст у трыкутнік, працягнуў старшыне і загадаў неадкладна адправіць.

Усе разведчыкі ва ўзводзе ведалі, што ў камандзіра знайшлася жонка. Байцы радаваліся за Аляксея, асабліва «старыя», якім былі вядомыя яго перажыванні і нечаканыя сустрэчы з жонкай.

Ганчар адказаў «ёсць!», але перш чым сысці, сказаў:

— Камандзір, вас капітан Мухін пытаў. У полк прыбыло папаўненне, ён хоча з вамі і нам людзей падабраць.

Аляксей, паправіўшы на рэмені кабуру з трафейным «вальтарам», накіраваўся да Мухіна.

Такая паспешнасць была выклікана тым, што падчас апошніх баёў узвод страціў амаль палову людзей, і Купрэйчык ужо даўно патрабаваў папаўнення. І вось яно прыбыло, цяпер трэба спяшацца, каб першаму адабраць больш вопытных салдат.

Неўзабаве Купрэйчык і Мухін былі ў некалькіх кроках ад байцоў, якія стаялі на паляне ў дзве шарэнгі. Ішоў невялікі дождж. Было волка і прахалодна. Байцы, якія нядаўна здзейснілі па раскіслай дарозе шматкіламетровы марш, былі брудныя і панура маўчалі.

Купрэйчык моўчкі разглядаў іх. Г алоўным чынам маладыя, нядаўна прызваныя, у неразношаных чаравіках і новенькім абмундзіраванні.

Але былі тут і франтавікі, якія прыбылі са шпіталяў. Іх адразу вылучала паношаная, выгаралая на сонцы, але добра падагнаная форма.

Непадалёк стаяла група афіцэраў. Гэта былі прадстаўнікі батальёнаў і службаў палка. Але ўжо так заведзена: першай адбірае сабе папаўненне раз­ведка, а ўсе іншыя — пасля.

Купрэйчык не спяшаючыся прайшоў уздоўж строя, павярнуўся і вярнуўся на сярэдзіну:

— Хто раней служыў у разведцы, тры крокі наперад!

З другой шарэнгі выйшаў гадоў дваццаці пяці баец.

Ён выразна і гучна далажыў:

— Сяржант Ражноў, прыбыў пасля ранення са шпіталя.

Сярэдняга росту, дужа збіты, з прамым адважным поглядам чорных вачэй. Шмат разоў мытая і цыраваная гімнасцёрка сядзела добра, на нагах немаведама як здабытыя ялавыя боты. На грудзях — медаль «За адвагу».

«Адчуваецца свой браток», — падумаў ухвальна Купрэйчык і звярнуўся да строя:

— Хто яшчэ служыў у разведцы?

Людзі маўчалі. Тады старшы лейтэнант задаў новае пытанне:

— Хто хоча служыць у разведцы — тры крокі наперад!

Шэрагі не зварухнуліся.

— Што, няма ахвотнікаў? Страшна? — усміхнуўся Купрэйчык.

— А што нас там чакае? — спытаў хтосьці з байцоў.

— На вайне ўсіх нас чакае адно і тое ж — бой, — адказаў старшы лейтэ­нант і, разумеючы, што людзей трэба чымсьці завабіць, дадаў: — Але ў раз­ведцы служба асаблівая, таму і ўмовы асаблівыя: харчы лепшыя, паёк — асаблівы, у любое надвор’е, нават у такі дождж, — сто грамаў.

— А як наконт біяграфіі? — спытаў усё той жа голас.

Аляксей нарэшце ўбачыў таго, хто задаваў пытанні. Гэта быў баец у пацёртым абмундзіраванні. «Ага, значыць, франтавік». Старшы лейтэнант падышоў бліжэй і толькі пасля гэтага адказаў:

— Біяграфію мы сабе пішам тут, на фронце. І хто яе як напіша, так усё жыццё і чытаць будуць.

— Але я ў тым сэнсе... — збянтэжыўся баец, — пасля штрафной роты бераце людзей да сябе?

— Вы што, прама са штрафной роты сюды прыбылі?

— Так. дакладней, са штрафной у шпіталь прыбыў, а адтуль — сюды.

— Паранены былі?

— Так, у правае плячо.

— За што ў штрафную роту патрапілі?

Баец збянтэжыўся і ледзь выразна, панізіўшы голас, прамармытаў:

— На грамадзянцы пашухарыў крыху, па маладосці выкраў сёе-тое.

— Ну і што ж ты выкраў? — спытаў Купрэйчык, а сам падумаў: «Вазьмі такога, а ён да немцаў уцячэ».

— Мяшок аўса. ну і каня ў прыдачу.

У страі грукнуў рогат.

І Купрэчык нечакана для сябе рашыўся. Ён, усміхаючыся, сказаў:

— Добра, бяру ў разведку. Але, на ўсякі выпадак, папярэджваю, да вайны я быў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку.

І зноў грукнуў рогат. Смяяліся і тыя, хто стаяў у страі, і афіцэры, якія чакалі сваёй чаргі, і Мухін. З другой шарэнгі выйшаў малады, гадоў дваццаці двух, баец і сказаў, што ён былы работнік міліцыі і хоча пайсці ў разведку.

Пасля гэтага справа пайшла весялей, многія былі згодны пайсці служыць у разведку. Купрэйчык і Мухін адабралі дзесяць чалавек і адразу ж павялі іх у размяшчэнне ўзвода.

Не губляючы час, Купрэйчык пачаў бліжэй знаёміцца з папаўненнем. Першым да сябе ў бліндаж запрасіў «штрафніка».

Хударлявы, вышэй сярэдняга росту, з запалымі шчокамі, ён выглядаў кволым і слабым.

Купрэйчык зазірнуў у дакументы і ўслых прачытаў:

— «Сёмін Рыгор Іванавіч. Тысяча дзевяцьсот сямнаццатага года нараджэння». У штрафной роце спагнанні меў?

— Не! Ды вы не хвалюйцеся, таварыш старшы лейтэнант, я не падвяду. Сваю віну я крывёй змыў. Не хачу больш ганьбіць сваіх бацькоў. Ваяваць буду як след.

— Правільна думаеш, Рыгор Іванавіч. Дзе бацькі жывуць?

— Пад Масквой, у вёсцы. Там цяпер маці і дзве сястрычкі малодшыя засталіся, бацька — ваюе.

— Ведаеш яго адрас?

— А як жа! — усміхнуўся Сёмін. — Два дні назад ліст атрымаў, але адкажу сёння, паведамлю свой.

Купрэйчыку падабалася, што Сёмін адкрыты. Адчувалася, што франтавое жыццё многае змяніла ў яго свядомасці.

Аляксей спытаў у Сёміна:

— У разведцы ні разу не быў?

— Не, але ў тыле ў немцаў давялося тыдзень пабываць, калі наш батальён апынуўся ў акружэнні і нам трэба было выходзіць з яго невялікімі групамі.

Купрэйчыку ўсё больш падабаўся баец. Ён падумаў: «Так, на вайне як нідзе хутка пазнаюцца людзі. Здаецца, гэты цяпер ведае, што такое ў жыцці добра і што такое дрэнна».

А на наступную раніцу пачаў з новымі байцамі трэніроўкі. Аляксей разумеў, што чым больш ён надасць увагі навучанню навабранцаў, тым хутчэй яны стануць разведчыкамі і, самае галоўнае, тым больш у іх будзе шанцаў застацца ў жывых.

Пасля заняткаў ён стаміўся, але застаўся задаволены тым, што навічкі, усе як адзін, аказаліся кемлівымі і стараннымі.

Купрэйчык рыхтаваўся да начнога паходу. Каторы раз праверыў зброю. І раптам у галаву прыйшла думка: «А ці не напісаць яшчэ ліст Надзюшы? — Ён уявіў, як яна будзе рада, што ён адразу адказаў ёй некалькімі лістамі. — А потым Пятру напішу, — вырашыў ён, — узрадую, што Надзя знайшлася».

Аляксей лавіў сябе на думцы, што ўпершыню перад заданнем думаў толькі пра жонку. Гэтыя думкі былі мацнейшыя за трывогу хуткай небяспекі. Праўда, зараз, калі ён даведаўся, што Надзя жывая і здаровая, дзесьці ў глыбіні душы зноў заварушылася рэўнасць: «Вакол яе шмат мужчын, некаторыя напэўна паглядаюць на яе і спрабуюць пазнаёміцца». Ад гэтай думкі Аляксею стала нядобра, і клаліся на паперу не тыя словы, якія ён толькі што хацеў напісаць. Але калі ён пачаў расказваць, як ваюе, то захапіўся, пісаў доўга і скончыў толькі тады, калі з’явіўся Мухін. Капітан, верны сваёй звычцы дапамагаць сябру рыхтавацца да паходу, і гэтым разам прыйшоў да Купрэйчыка. Аляксей не вытрымаў і пахваліўся:

— Учора ліст ад Надзі атрымаў. Жывая-здаровая, сама мяне адшукала.

— Што ты кажаш! Ну, віншую, дружа, віншую! Дык гэта ты ёй адпісваеш?

— Ага, — і Купрэйчык тут жа спытаў: — Ды што нам загадана?

— Учора ўначы немцы «абнюхвалі» міннае поле, што ўздоўж вышыні знаходзіцца, гэта якраз насупраць стыку другога і трэцяга батальёнаў. Камандзір палка турбуецца, што гітлераўцы пусцяць танкі, і яны там змогуць прайсці. А ў нас сіл пакуль замала. Папаўненне маленькімі партыямі прыбывае.

— Ясна, — перабіў сябра Купрэйчык, — значыць, у тыл трэба ісці.

— Здагадлівы, — усміхнуўся Мухін. — Трэба паглядзець, што там у іх у блізкім тыле за перадавой маецца, а заадно мы табе сапёраў дамо, хай правераць, ці не знялі немцы міны.

— Ды што, праз міннае поле ісці?

— Не ўпершыню ж, Аляксей, — Мухін усміхнуўся і дадаў: — Больш бяспечнага праходу і не знайсці.

Неўзабаве яны апынуліся ў акопах пярэдняй лініі. Наперадзе была ней­тральная паласа. Усё тут было знаёма Купрэйчыку да купіны і ямкі. Але кожны раз, калі ён збіраўся ў разведку, як бы зноў знаёміўся з мясцовасцю, прадумваючы кожны крок, кожны рух. Нездарма ж кажуць, што разведчыку, як і сапёру, права на памылку не дадзена, проста не будзе каму яе выпраўляць.

Да вечара знаходзіліся Купрэйчык і Мухін у акопах і калі ўжо вярталіся да сябе, то план паходу быў гатовы.

Доўга ішлі моўчкі. Кожны думаў пра сваё. Аляксей, супакоіўшыся за жонку, працягваў з вялікай трывогай думаць пра бацькоў. Яны знаходзіліся цяпер у глыбокім варожым тыле. «Ці жывыя? Калі жывыя, то няцяжка здагадацца, як яны чакаюць часу вызвалення!»

Купрэйчык задумаўся, не заўважыў, што закрочыў хутчэй.

Мухін спытаў:

— Чаго гэты ты раптам заспяшаўся? Думаеш, Надзя другі ліст даслала?

— Ды не, — збянтэжыўся Аляксей, — проста хачу людзей падрыхтаваць да паходу.

Пазней, успамінаючы Кузьму Андрэевіча Мухіна, Купрэйчык будзе часта дакараць сябе за тое, што не спыніў яго, не затрымаў хоць бы на хвіліну.

Мухін таксама не ведаў, што на пустынным восеньскім полі, праз якое яму трэба ісці з бліндажа, яго чакае смерць...


Баец партызанскага атрада Уладзімір Славін


Восень 1943 года падыходзіла да канца. Нягледзячы на працяглую блакаду, цяжкія знясільваючыя баі партызаны дзейнічалі актыўна, увесь час нарошчваючы сілу ўдараў па акупантах.

Атрад, у якім знаходзіўся Славін, папаўняўся за кошт жыхароў бліжэйшых вёсак і зноў ператварыўся ў грозную сілу. Зараз у атрадзе ўжо з’явіліся роты, якімі камандавалі афіцэры Чырвонай Арміі і вопытныя байцы, што прайшлі суровую школу партызанскай вайны.

Неўзабаве атрад атрымаў загад перадыслакавацца ў новы раён. Партызаны павінны былі праводзіць дыверсіі на аўтамагістралі, якая мае вялікае стратэгічнае значэнне, практычна не даваць ворагу карыстацца шашэйнымі дарогамі.

Камандзір атрада Глазкоў турбаваўся за лёс байцоў некалькіх груп, якія пасля выйсця з варожага кальца пакуль не вярнуліся ў атрад і напэўна ваююць самастойна. «Калі атрад сыдзе з гэтага раёна, — думаў Глазкоў, — то яны наўрад ці змогуць нас адшукаць». І тады ён вырашыў пакінуць на ранейшым месцы некалькіх чалавек, каб яны дачакаліся прыходу сваіх, а затым рушылі на злучэнне з галоўнымі сіламі атрада. Выбар выпаў на чацвярых — Тамкова, Славіна, Рогава і Крайнюка.

Старшым быў прызначаны камандзір роты Андрэй Лявонцьевіч Тамкоў.

Уладзімір у душы цешыўся, што патрапіў у гэту групу. Хлопец лічыў, што чым бліжэй будзе знаходзіцца да Мінска, тым больш шанцаў атрымаць хоць бы якую-небудзь вестачку пра бацькоў.

Пасля таго як Славін убачыў паўабгарэлыя трупы людзей, спаленыя хаты вёскі, жудасны малюнак так і стаяў перад вачамі. Лёс бацькоў стаў трывожыць яго мацней. А зараз яшчэ ён даведаўся страшную навіну пра тое, што настаўніца, якая жыла ў вёсцы побач з маці Крайнюка, аказалася яго сваячкай. Пра гэта стала вядома некалькі дзён назад. Справа была так: Валодзя і Антон вярнуліся з задання і зайшлі да Глазкова. У гэты момант у зямлянку ўвайшоў радыст і моўчкі працягнуў камандзіру радыдёграму.

Глазкоў прабег яе вачамі, а затым прыгнечана сказаў:

— Просяць высветліць пра лёс сям’і нашага ўчастковага Мачалава. Рука не ўздымаецца пісаць, што Таццяна Андрэеўна і дзеці загінулі.

— Як Мачалава? — бляднеючы, прагаварыў Славін.? — Яна... што... Мачалава?

— Так, а ты не ведаў? — Глазкоў, зірнуўшы ў твар хлопца, устрывожыўся: — Што з табой?

— Пеця Мачалаў — мой стрыечны брат.

— Але ты ж ніколі пра гэта не казаў! — здзівіўся Крайнюк.

— Я ж не ведаў, што яна яго жонка, — прыгнечана адказаў Уладзімір і растлумачыў: — З ёй да вайны я бачыўся толькі два-тры разы, і то апошні раз у трыццаць пятым ці трыццаць шостым. Пётр, бываючы ў Мінску, заўсёды заходзіў да нас, а яна ў горад рэдка прыязджала.

— Дык ты яе проста не пазнаў, калі тут мы з ёй сустракаліся?

— Мне ўвесь час здавалася, што я яе дзесьці бачыў. Нават хацеў спытаць, але не адважыўся.

— Так, хлопча, не шанцуе табе, — сумна прагаварыў Глазкоў. Цяжка апусціўся на табурэтку, якая стаяла ля стала, і накідаў тэкст зваротнай радыёграмы, дзе паведаміў пра гібель жонкі і дваіх дзяцей Мачалава.

Славін у душы вінаваціў сябе, што своечасова не даведаўся прозвішча настаўніцы і не ўгаварыў яе сысці ў атрад.

Лютасць і злосць перапоўнілі душу маладога партызана. Ён прасіўся на любое заданне. Таму Глазкоў, адыходзячы з атрадам, папярэдзіў Тамкова: «Ты, Андрэй Лявонцьевіч, глядзі за Славіным, як бы ён з гарачкі дурасці не напароў».

Уладзімір не заўважыў, калі да яго падышоў Тамкоў і крануў за плячо:

— Што, хлопец, прызадумаўся?

Славін падняўся на ногі, збянтэжана адказаў:

— Пра бацькоў думаю. Дый сястру даўно не бачыў.

— Ну, з сястрой, дапусцім, усё ў парадку. А бацькі... Тут ужо нічым не дапаможаш. Застаецца адно: чакаць. Чакаць і спадзявацца. Вось што я хачу сказаць: мы застаёмся на базе. Трэба як след назапасіцца боепрыпасамі, узрыўчаткай. Таму знайдзі Рогава і Крайнюка, атрымаеце ўсё гэта і схавайце ў надзейным месцы, дзе-небудзь тут, бліжэй.

— А можа, у адну з зямлянак складзём? Усё адно пустуюць.

— Нельга. У нас зараз аховы не будзе, і калі наляцяць немцы, то можаш не сумнявацца, усё перавернуць.

— Зразумеў. Іду, — і Славін, закінуўшы аўтамат за спіну, пайшоў выконваць загад.

Пасля абеду атрад зняўся з базы, а чацвёра байцоў засталося на месцы.

Дзіўным чалавекам быў гэты Тамкоў. Ён ні на хвіліну не мог заставацца без работы, заўсёды чымсьці быў заклапочаны, увесь час мітусіўся. Ужо да вечара, паклікаўшы Славіна, Крайнюка і Рогава, прапанаваў:

— Браткі, справа ёсць! Давайце зробім так, каб немцы не адчулі, што атрад сышоў адгэтуль. Будзем паціху ім шкоду чыніць. Узрыўчатка ў нас ёсць, зброя нядрэнная. Сёння нас чацвёра, а праз некалькі дзён будзе больш.

Тым часам з’явілася дзяўчына. Першым яе заўважыў Тамкоў. Ён усміхнуўся:

— Славін, да цябе госця.

Уладзімір азірнуўся і ўбачыў сястру. Партызан, якія сядзелі ў хмызняку, яна не заўважыла і здзіўлена разглядала апусцелую базу. Брат падняўся і, хаваючыся за кустамі, абышоў паляну, паціху падкраўся да госці і, прыставіўшы да яе спіны ўказальны палец, скамандаваў:

— Хенде хох!

Жэня, здрыгануўшыся, рэзка абярнулася:

— Цьфу ты, чорт! Напалохаў! Я і сапраўды падумала, што немец падкраўся. Гляджу — на базе нікога. Падазрона стала.

Яны адышлі на край паляны, прыселі на зваленае дрэва. Жэня чымсьці была ўсхвалявана і, ледзь стрымліваючы сябе, распытала брата, як ён жыве, потым сказала:

— Валодзя! Мяне ў спецгрупу перавялі. Зараз часта буду сыходзіць далё­ка. Ты ўжо сачы за сабой.

— У якую групу? Куды будзеш сыходзіць?

— Разумееш, гэта тайна. Табе скажу толькі адно: мая справа — разведка нямецкіх тылоў. — І перавяла гаворку: — Можа, трэба што-небудзь памыць?

— Не, Жэня, не трэба.

— Ведаеш, Валодзя, мой новы начальнік надоечы гутарыў з тваім камандзірам. Размаўлялі пра тату і маму. Абяцалі высветліць, што з імі.

— Што ён зможа зрабіць? — з горыччу прагаварыў Уладзімір. — У гестапаўскія падвалы не пракрадзешся.

— Не ведаю што. Але абяцаў, што пра іх лёс даведаецца.

— Калі ты сыходзіш? — спытаў Уладзімір.

— Заўтра.

— Надоўга?

— Дзён на дзесяць.

— А калі мне спатрэбіцца адшукаць цябе?

— Шукай праз майго былога камандзіра, — Жэня паднялася. — Ну, мне пара.

Уладзімір, крыху правёўшы сястру, вярнуўся ў лагер. У душы з’явілася трывога. Раней Жэня знаходзілася на тылавой базе. А зараз яна будзе амаль штодня адчуваць небяспеку, увесь час рызыкаваць жыццём...

Наступіў снежань. Усе чакалі марозу, снегападаў, а зямля набракала ад бесперапынных дажджоў. Па такой дарозе ісці было цяжка. Той шлях, які пар­тызаны ў летні час праходзілі за нейкую пару гадзін, цяпер не маглі адужаць і за чвэрць, а то і за палову сутак, затое бездараж, цёмныя ночы дазвалялі ім непрыкметна набліжацца да аб’ектаў, якія ахоўвалі немцы, і наносіць нечаканыя ўдары.

Група Тамкова за паўтара-два месяцы ператварылася ў невялікі атрад. Калі яна злучылася з асноўнымі сіламі, Славіна прызначылі начальнікам разведвальна-дыверсійнай камсамольска-маладзёжнай групы. Хлопцы з задавальненнем ішлі на любое заданне. Часцей за ўсё іх накіроўвалі на шашэйныя дарогі, дзе, устанавіўшы міну, можна было не чакаць падыходу аўтамашыны, а вяртацца на базу ці прыступаць да выканання наступнага задання. Але Уладзіміра цягнула да чыгункі, і ён увесь час прасіў Тамкова, які так і застаўся яго непасрэдным начальнікам, паслаць на «жалезку». Нарэшце такі выпадак надарыўся. Славін узначаліў дыверсійную групу, якой даручалася пусціць пад адхон эшалон.

Як толькі сцямнела, адправіліся ў шлях. Разам з Уладзімірам на заданне ішлі Мікалай Церахаў, Яўген Антошын, Аляксей Бартошык і Сяргей Панчанкаў — брат Надзі.

Апоўначы група дабралася да невялікай вёсачкі. Тут жыў стары, партызанскі сувязны, які быў лесніком. Накарміўшы партызан, ён параіў:

— Мне здаецца, што вам трэба падыходзіць да дарогі не лесам, а полем. Адразу за вёскай пачынаецца невялікая лагчына. Па ёй вы зможаце наблізіцца да самай дарогі. Дый патрулі ў тым месцы ходзяць радзей.

— Не засеклі, праз які інтэрвал яны рухаюцца? — спытаў Славін.

Стары ўсміхнуўся:

— Гадзінніка, сынок, у мяне няма. Ходзікі былі, дык стараста, каб яго разарвала, забраў. Але думаю, мінут праз дзесяць з’яўляюцца.

— Ну, гэтага нам дастаткова, — махнуў рукой Панчанкаў.

Уладзімір усміхнуўся, успомніўшы, як той падчас трэніровак на базе паспеў паставіць «міну» за дзве-тры хвіліны. Аднак гэтым разам трэба было выкарыстоўваць не міну, а шаснаццацікілаграмовы зарад толу.

Падрыўнікі асцярожна прабраліся да дарогі па той самай лагчыне, пра якую казаў стары-сувязны. Яны чулі, як адзін за адным прамчаліся тры цягнікі ў бок Мінска.

Мінёры залеглі і сталі чакаць. З-за павароту вырваўся цяжкі састаў. На вялікай хуткасці ён набліжаўся да месца, дзе чакала яго «неспадзеўка». Славін разлічыў дакладна. Калі ён тузануў за канец шнура, начную цішыню ўскалыхнуў аглушальны выбух. На імгненне стала светла быццам днём, партызаны ўбачылі, як паравоз устаў на дыбы, і адразу ж наступіла цемра, толькі чуліся выбухі, лязгат металу, трэск.

У атрадзе камандзір павіншаваў усіх удзельнікаў аперацыі з поспехам, паклікаў Славіна:

— Уладзімір, цябе ў штабной зямлянцы сястра чакае. Хоча радасную вестку паведаміць.

— Якую?

— Пакуль сакрэт, — усміхнуўся камандзір, злёгку падпіхнуў хлопца ў спіну. — Ну, ідзі!

Уладзімір хуткім крокам накіраваўся да штабной зямлянкі. «Напэўна цяпер будзе выхваляцца, што фрыцам моцна нашкодзіла», — меркаваў ён.

Жэня сядзела на тоўстым цурбане і падкідала ў «буржуйку» дровы. Убачыўшы брата, ускочыла:

— Нарэшце! Я ўжо думала, што так і не дачакаюся цябе, — яна абняла і пацалавала Уладзіміра.

— Што за радасную вестку хочаш паведаміць?

Жэні хацелася трохі памучыць брата, але не вытрымала:

— Мама прыехала.

Уладзімір павольна апусціўся на лаву, збітую з жэрдак.

— Як прыехала? Дзе яна?

— У вёсцы. Гэта недалёка адсюль, кіламетраў трыццаць—сорак.

— Адкуль ты ведаеш? — недаверліва спытаў Уладзімір.

— Наш камандзір сказаў. Ох і малайчына ён! Памятаеш, я казала, што абяцаў дапамагчы нам.

— Вядома, памятаю.

— Дык вось, ён даведаўся, дзе немцы трымаюць маму, і з дапамогай падпольшчыкаў арганізавалі ўцёкі.

— А з татам што?

— Пакуль нічога не вядома. Мама таксама нічога не ведае, — сумна адказала Жэня і, заўважыўшы, што ў Валодзі дзе-нідзе парваўся пінжак, прапанавала: — Давай зашыю.

Гледзячы, як Жэня спрытна валодае іголкай, спытаў:

— Ты бачыла маму?

— Бачыла. Усяго адзін раз. Да цябе прыбегла, каб дамовіцца, калі да яе пойдзем.

— Як калі? Пайду цяпер да камандзіра і адпрашуся дні на тры. Вось і пойдзем.

Ён надзеў зацыраваны пінжак, папрасіў сястру трохі пачакаць, пабег да зямлянкі камандзіра. Той, выслухаўшы, паклаў руку на плячо хлопца:

— Ведаю, хлопча, што занудзіўся па маці. Але адпусціць не магу. Бачыш, зіма пачынаецца. Трэба сыходзіць далей у лясы. А то тут, як толькі выпадзе снег, немцы адразу выявяць нашы сляды і, як кацянят, пераб’юць. Сыходзім заўтра. Так што адкладзі спатканне на пазнейшы тэрмін. Калі ўладкуемся на новым месцы, адпушчу дзён на дзесяць. Толькі патрывай...


Капітан Пётр Мачалаў


Ноч. Мароз. Сцюдзёны вецер паступова заносіў снегам акопы. Два ўжо немаладыя салдаты з трывогай пазіралі ў бок капітана, які стаяў непадалёку. У раскрытым шынялі, без галаўнога ўбору, ён моўчкі глядзеў туды, дзе знаходзіўся праціўнік.

Байцам было холадна, самы час згарнуць самакрутку і, хаваючы яе ў рука­ве, зацягнуцца моцным тытунём. Але нельга, побач камбат. Яшчэ, чаго добрага, прабярэ за курэнне на пасту. А назіральнікам знаходзіцца на марозе яшчэ не менш як гадзіну. Адзін з іх ледзь чутна прабурчаў:

— І чаго ён тырчыць тут? Ішоў бы да сябе ў зямлянку. Там, нябось, ад спякоты хоць да сподняга распранайся.

— Не кажы, курыць так хочацца, аж у роце казыча.

— Што праўда, то праўда. Калі ў мяне ў руцэ цыгарка дыміцца, то мне здаецца, што яна нават душу адагравае.

— А яно так і ёсць. Дым жа цёплы, удыхнеш — і ўнутры цяплей становіцца.

— А камбат вось без шапкі, так і прастыць можна. Бач, як нямецкую пазіцыю вывучае, пэўна, заўтра ў атаку загад паступіць.

— Наўрад. Вось атрымаем папаўненне, тады фрыцаў далей папром.

Чырвонаармейцы, вядома, не маглі бачыць твар Мачалава, яго адсутны погляд. У правай руцэ ён сціскаў лісток паперы. Г адзіну назад да яго ў бліндаж увайшоў Грыдзін. Яго стомлены худы твар здаваўся чорным. Ён моўчкі зірнуў на ардынарца. Той накінуў на плечы шынель, нацягнуў на галаву шапку і, узяўшы для чагосьці сякеру, што ляжала на бярэмі дроў ля распаленай печы, выйшаў.

Мачалаў, нібы прадчуваючы бяду, моўчкі глядзеў на камандзіра палка. Той нейкім чужым, надтрэснутым голасам сказаў:

— Пеця, трымайся, браток, бяду прынёс табе!

Ён працягнуў Мачалаву лісток паперы і, нібы апраўдваючыся, растлумачыў:

— Толькі што з дывізіі даставілі.

Мачалаў разгарнуў лісток і напаўголасу пачаў чытаць:

«Як паведамляе штаб партызанскага руху жонка і двое дзяцей Мачалава разам з іншымі жыхарамі вёскі спалены. Гэтыя дадзеныя атрыманы ад парты­занскага атрада, які дыслакуецца ў названым раёне».

Вочы Пятра завалакло смугой. Мозг не хацеў успрымаць сэнс прачытанага. Мачалаў яшчэ і яшчэ раз учытваўся ў напісанае, удумваўся ў яго сэнс. А сэрца паўтарала: «Не, не, гэта не пра іх! Гэта нейкая памылка! Урэшце, ці мала Мачалавых у арміі?» Але паступова да Пятра пачало даходзіць, што гаворка ідзе пра яго Таню і дзяцей. Ён успомніў, як яшчэ Тарасаў казаў яму, што высвятляюць лёс яго сям’і. Ох як не хацелася Пятру верыць у тое, што здарылася!

Ён як у трызненні накінуў на сябе шынель і, хістаючыся, пайшоў да пярэдняй лініі акопаў. Апынуўшыся ў размяшчэнні сваёй былой роты, Пётр спыніўся ў траншэі, дзе не было людзей, і падставіў твар марознаму ветру. Думкі былі бязладнымі і панурымі. Пётр разумеў, што ўжо больш ніколі не ўбачыць Таню, не пагладзіць пышныя валасы Юлі, не абніме далікатнае цельца сына, не прыцісне іх да сваіх грудзей. Ад усведамлення гэтага станавілася жудасна, хацелася кудысьці бегчы, крычаць. Мачалаў не бачыў ні салдат, што знаходзіліся ў дазоры, ні камандзіра палка Грыдзіна, які следам за ім прыйшоў у гэту траншэю і, сціскаючы ў руцэ шапку Мачалава, не адважваўся падысці да яго.

Пётр знаходзіўся ў нейкім страшным забыцці. Думкі змяшаліся, і ў памяці ўсплывалі то твары жонкі і дзяцей, то суровая рэчаіснасць нагадвала пра сябе асвятляльнымі ракетамі, кулямётнымі чэргамі трасіруючых куль.

Нарэшце Грыдзін вырашыўся падысці да яго. Ён моўчкі надзеў на галаву Мачалава шапку і толькі пасля гэтага ціха сказаў:

— Пойдзем, Пеця, — і пацягнуў яго за рукаў, — пойдзем.

Мачалаў, нібы ў сне, паплёўся за падпалкоўнікам.

Яны моўчкі ішлі па траншэі, пакуль не набрылі на кулямётнае гняздо. Кулямётчыкі, пазнаўшы камандзіраў, выцягнуліся па стойцы «смірна». Грыдзін скамандаваў «вольна» і, упёршыся нагамі ў процілеглую сценку акопа, вылез наверх. Працягнуў руку Мачалаву:

— Давай сюды. Тут па прамой бліжэй усяго да твайго бліндажа.

Патанаючы па калені ў снезе, яны накіраваліся да бліндажа капітана.

Грыдзін, падаўлены горам Мачалава, якога шчыра любіў і шанаваў, з тры-

вогай думаў, як дапамагчы яму, як вярнуць яго да жыцця.

Яны ўвайшлі ў горача напалены бліндаж. Адшукаўшы вачамі пляшку, падпалкоўнік, не здымаючы паўкажушка, плюхнуў з яе ў алюмініевыя кружкі спірту:

— Давай, браток, па звычаі ўспомнім іх. Трымайся і памятай: не ў адна­го цябе гора. Многія страцілі сваіх родных, вакол зямля гарыць — вайна, брат. Мы з табой салдаты, і наш абавязак — помсціць ворагу і гнаць яго з нашай зямлі. Зразумей, цяпер не ў слёзах наша суцяшэнне, а ў смерці ворагаў нашых.

Мачалаў узяў кружку, на яго вачах блішчалі слёзы. Ён ціха, звяртаючыся да жонкі і дзяцей, сказаў:

— Прабачыце мяне, родныя! Не змог я прыйсці вам на дапамогу, але помсціць буду за вашу згубу да апошняга дыхання! — і ён залпам выпіў. Затым нягнуткімі пальцамі чамусьці зашпіліў усе гузікі на шынялі і цяжка апусціўся на самаробную табурэтку, што стаяла ля стала.

— Ты б зняў шынель, Пётр, — прапанаваў Грыдзін. Адчувалася, што падпалкоўнік разгублены і падаўлены. Ён не ведаў, што трэба рабіць, што казаць. Ён спрабаваў дапамагчы Мачалаву распрануцца, але той адвёў яго руку, зняў шынель і павесіў яе на цвік каля ўвахода, пачапіў шапку і вярнуўся да стала. Грыдзін наліў зноў. Па старадаўнім звычаі выпілі тройчы...

А раніцай пачаўся бой.

Мачалаў звязаўся з камандзірам першай роты і загадаў яму флангавым агнём з кулямётаў падтрымаць другую роту, дапамагчы ёй адсекчы варожую пяхоту ад танкаў. Зрабіць гэта было цяжка. Прайшлі тыя часы, калі немцы хадзілі ў атаку на поўны рост, расцягнуўшыся ў ланцугі па ўсім фронце. Цяпер яны трымаліся групамі бліжэй да танкаў, хаваючыся за іх браню.

Чырвонаармейцам не ўдавалася прымусіць ворага залегчы. Танкі ўзмацнілі агонь і, зменшыўшы хуткасць, асцярожна, нібы прынюхваючыся, працягвалі паўзці наперад. Нечакана ў нізкі, глухі гуд танкавых матораў, рэзкіх кулямётных стрэлаў і дроб стрэльбава-кулямётнага агню ўмяшаўся іншы гук. Мачалаў мімаволі ўвагнуў галаву ў плечы — інстынкт самазахавання апярэдзіў свядомасць. Гэта гулі самалёты. Толькі чые яны?

Пётр падняў галаву і з палёгкай уздыхнуў: «Свае!»

Звяно «ілаў» адразу ж узялося за работу. Танкі пачалі кідацца ў розныя бакі. Гэтым скарысталіся артылерысты: адзін за адным успыхнулі тры танкі, і немцы пачалі адыходзіць, пяхота, якая апынулася на адкрытым полі без танкавага прыкрыцця, панесла значныя страты. На белым полі ў шматлікіх месцах чарнелі трупы.

Самалёты, адбамбіўшыся, з ровам разгарнуліся над полем і паляцелі.

Мачалаў адарваў бінокль ад вачэй і выдыхнуў: «Ну, першую атаку адбілі, трэба чакаць другую».

Ён звязаўся з Грыдзіным і далажыў абстаноўку. Той папярэдзіў:

— На іншых участках палка нам з цяжкасцю ўдалося адбіць атаку, так што сіл у фрыцаў дастаткова. Я думаю, што трэба чакаць новую хвалю.

— Я таксама так падумаў, дазвольце рыхтавацца?

І Мачалаў накіраваўся да першай лініі абароны. Толькі ён наблізіўся да траншэі, як па ёй з канца ў канец трывожна пранёсся сігнал: «Паветра!»

Усё бліжэй і бліжэй наплываў цяжкі, густы гул матораў.

— Таварыш капітан, скачыце сюды! — паклікаў Мачалава Чубарук. Яго твар быў у сажы. Старшы лейтэнант вычакаў, пакуль камбат апынецца побач, і растлумачыў:

— Снарад побач разарваўся, вочы засыпала, ледзь працёр.

Мачалаў зірнуў угару і ўбачыў, як да лініі акопаў на развароце падыходзіць шасцёрка «юнкерсаў». Прайшло імгненне, і самалёты з нарастаючым выццём, што рвала душу, пачалі крута пікіраваць на акопы.

Зямля цяжка здрыганулася, і жахлівай сілы выбух разануў слых. Праз секунду ўсё паўтарылася зноў, і неўзабаве выбухі бомбаў зліліся ў цяжкі, аглушальны грукат, які паралізоўваў свядомасць, прымушаючы кудысьці бегчы.

Мачалаў ужо шмат разоў трапляў у такую сітуацыю, і заўсёды дзесьці ў свядомасці ўзнікаў вось такі панічны страх. Праўда, ён навучыўся намаганнямі волі душыць яго, але цалкам пазбавіцца так і не змог. На галаву, за каўнер, паляцелі дробныя камячкі зямлі і снег, па разгарачаным целе пацяклі халодныя струменьчыкі адталай вады. А вакол па-ранейшаму ўсё грукатала, зямля ходырам хадзіла. Здавалася, што гэтаму пеклу не будзе канца. Але вось бамбёжка скончылася, і Мачалаў выбраўся з паўразбуранай нары.

Чуліся крыкі параненых. Побач Мачалаў убачыў байца. Ён стаяў без шапкі, прыпёршыся спінай да цудам захаванай сценкі акопа. У яго з носа і вушэй цякла кроў.

Нечакана Пётр адчуў, што хтосьці цягне яго за рукаў. Азірнуўся — Чуба­рук, а побач з ім... Вольга Ільінічна Васілеўская. Яна пазнала Мачалава і, хутка набліжаючыся, трывожна аглядала яго:

— Вы паранены, Пётр Пятровіч?

— Не, быццам бы цэлы. — І, павярнуўшыся да Чубарука, загадаў: — Арганізуйце дапамогу параненым. Многіх магло засыпаць, а затым трэба як мага хутчэй аднавіць траншэю, немцы могуць у любы момант зноў у атаку пайсці

Чубарук пайшоў, і яны засталіся адны. Вольга Ільінічна дастала з сумкі марлевую сурвэтку і голасам, які не церпіць пярэчанняў, сказала:

— Давайце я вам вытру твар.

— Дзякуй, — збянтэжана прагаварыў Мачалаў.

— Калі ласка, — усміхнулася Васілеўская і спытала: — Пра сям’ю нічога не даведаліся?

Яна ўбачыла, як стомлены, бледны твар Мачалава адразу ж стаў зямлісташэрым, і трывожна спытала:

— Здарылася штосьці?

— Так, яны загінулі.

Нібы расплаўлены свінец паліў у грудзі. Мачалаў адвярнуўся ад Васілеўскай і глуха выціснуў з сябе:

— Спалілі іх немцы, жыўцом спалілі.

Слёзы засцілі яму вочы. Пальцы ўпіліся ў рыхлы пасля бамбёжкі край акопа.

Вольга Ільінічна ледзь стрымлівала слёзы. Чужая бяда ўскалыхнула яе боль, і яна, як ніхто іншы, разумела стан Мачалава.


Уладзімір Славін


Запасная база партызан была далёка ад усіх дарог, глыбока ў лесе. Як толькі атрад прыбыў сюды, адразу ж пачалі рыхтавацца да зімы. Партызаны рамантавалі зямлянкі, нарыхтоўвалі дровы, прыводзілі ў парадак студню. Спраў было шмат.

Славін патрапіў у адну зямлянку з камандзірам роты Тамковым, а таксама Сяргеем Панчанкавым, Антошыным, Рогавым, Бартошыкам і Антонам Крайнюком.

Прайшло чатыры дні, і ў іх лясным жытле ў жалезнай печцы ўжо весела патрэсквалі дровы. Вечарэла. Скуголіў моцны парывісты вецер. Славін зручна ўладкаваўся на нарах, збітых з тонкіх жэрдак і пакрытых яловымі лапкамі, падрыхтаваўся слухаць Тамкова. Расказваў той весела і займальна.

Нечакана расчыніліся дзверы, зазірнуў пасыльны:

— Тамкоў, Крайнюк, Славін! Да камандзіра.

Усе хутка апрануліся, выйшлі з зямлянкі. Марозны вецер залазіў пад адзежу, абпальваючы твар.

— Хутка снег ляжа, — заўважыў Тамкоў. — Трэба белыя маскіровачныя халаты даставаць.

— У немцаў пазычым.

У камандзірскай зямлянцы было цёпла, гула чыгунная печ. Пад столлю на дроце вісела газавая лямпа. Поруч стала стаялі камандзір атрада і начальнік штаба брыгады. Глазкоў запрасіў Тамкова з хлопцамі да стала:

— Вам заданне. Вось гэту дарогу бачыце? — ён паказаў на карце звілістую лінію. — Яна вядзе прама ў цэнтр партызанскай зоны. У апошнія дні нашы разведчыкі засеклі на ёй інтэнсіўны рух немцаў. Мабыць, рыхтуюцца новыя карныя паходы. Самі разумееце, што жыхарам, асабліва жанчынам і дзецям, узімку схавацца няма дзе. У лес не сыдзеш. Гэту ж дарогу можна выкарыстоўваць і для скрытай перадыслакацыі войск. Нашы суседзі, дый партызаны з нашага атрада, шмат разоў ставілі на ёй міны, але немцы нейкім чынам выяўлялі іх і здымалі. Камандзір брыгады загадвае нашаму атраду правесці некалькі дыверсій. Хачу даручыць гэта вашай роце. Так што рыхтуйцеся.

— Таварыш камандзір! — узмаліўся Славін. — Дазволіце нам узяць процітанкавыя міны. Самі ведаеце, дарога няблізкая, выбухаў давядзецца рабіць шмат, а з мінамі марокі менш.

У атрадзе мін было мала. Тыдзень назад групе партызан удалося на дарозе перахапіць нямецкі грузавік. У перастрэлцы вадзіцель і трое салдат, якія знаходзіліся ў машыне, былі забіты. У кузаве партызаны знайшлі тры дзясяткі процітанкавых мін. Прынеслі ў атрад і расходавалі іх вельмі ашчадна, толькі па загадзе камандзіра.

Але Глазкоў разумеў, што значыць дзясяткі кіламетраў несці па бездаражы цяжкія мяшкі з узрыўчаткай. Да таго ж групе трэба было паклапаціцца і пра цёплую адзежу, бо начаваць давядзецца на холадзе ў лесе.

— Добра, скажыце начальніку гаспадаркі. Хай выдасць дзясятак мін.

Партызаны тут жа адправіліся адшукваць начальніка. Аднак не паспелі

яны адысці і пяцідзесяці метраў, як іх дагнаў баец з камандзірскай аховы і перадаў, што Тамкову загадана вярнуцца ў зямлянку. Андрэй Лявонцьевіч паціснуў плячамі, павярнуў назад. Хвілін праз дзесяць ён дагнаў іх і, весяла ўсміхаючыся, сказаў:

— Парадак, хлопцы! Камандзір загадаў ехаць на конях.

— Вось гэта правільна! Ногі цалейшыя будуць, — узрадаваўся Крайнюк.

Пасада начальніка гаспадаркі перайшла да дзеда Валенты. Яго ўжо не пасылалі на заданні, але са сваёй аднастволкай ён так і не расставаўся.

Тамкоў, Крайнюк і Славін знайшлі яго ў гаспадарчай зямлянцы. Дзед адрозніваўся скупасцю. Асабліва калі справа тычылася мін. Выдаваў іх звычайна па адной, як бы ад сэрца адрываў. Партызаны, ведаючы гэта, пачалі здалёку. Уладзімір прысеў каля старога:

— Вось бы мне такія рукі. Глядзі, як зямлянку адштукаваў! Палац!

— Не, хлопец! Мала табе будзе такіх рук, — прабурчаў Валента. — Да іх яшчэ і галава патрэбна. Кажыце, што трэба?

Дзявацца не было куды, і Тамкоў сказаў дзеду, што яны ідуць на заданне. На здзіўленне партызан, той не стаў упірацца і даў міны, ды і коней выдзеліў нядрэнных. Праўда, Славіну замест сядла дастаўся кавалак старой ватовай коўдры.

Ранкам група з дзевяці чалавек адправілася ў шлях. Славін сядзеў на стройным жарабцы па мянушцы «Хлопчык», з цікавасцю слухаў расказ Грыбава. Гэты чалавек да вайны працаваў у калгасе трактарыстам. Калі пачалася вайна, яму споўнілася дваццаць пяць гадоў. Першыя цяжкія дні ён перажыў дома, лежачы ў пасцелі пасля аперацыі. Таму ў армію яго не ўзялі. Але як толькі ўстаў на ногі — адразу ў лес, адшукаў партызан, стаў ваяваць.

І вось ужо каторы раз Грыбоў не без задавальнення расказваў, як ён разам з групай таварышаў падпаліў гранатай нямецкі склад з гаручым і падчас пажару ў мітусні падабраўся да хаты, дзе кватараваў нейкі фашысцкі чын.

— Выбягаю я з-за кута, — жэстыкулюючы, гаварыў Грыбаў, — гляджу: паставыя — два фрыцы. Шаснуў з аўтамата — палажыў абодвух. Уявіце сабе, нават і не пікнулі. Тут сам «гаспадар» у афіцэрскай форме з’явіўся. Тоўсты, як парсюк, у акулярах, парабелум на ўзводзе трымае. Аднак я апярэдзіў яго. Ударыў кароткай чаргой прама па акулярах. Толькі аскепкі пырснулі! Хуценька забраў яго дакументы, вось гэту штучку, — Грыбоў паказаў на пісталет, які тырчыць за рамянём пад ватоўкай. — Дай, думаю, зазірну яшчэ ў хату. Заскочыў. Гляджу — на стале карта, партфель скураны. Сабраў усё гэта і — дай Бог ногі — агародамі, агародамі ды да лесу.

Апавядальнік вытрымаў паўзу, дастаў капшук з тытунём, згарнуў цыгарку. Усе з нецярпеннем чакалі працягу.

— А далей што? — не вытрымаў Славін.

— Што было далей, пытаеш? — Грыбоў салодка ўцягнуў у сябе дымок, уважліва паглядзеў на Уладзіміра. — Дык вось што было, дружа. Прыйшлі мы ў атрад, як і трэба, далажылі камандзіру. А ў яго зямлянцы — начальнік контрразведкі з брыгады. Нямецкую, відаць, добра ведае. Бярэ ён запісную кніжку фрыца, якая аказалася сярод іншых дакументаў, пачынае чытаць. І раптам як засмяецца! Проста пацеха. Аказваеца, натыкнуўся на даваенныя запісы немца, дзе той распісваў кожны свой дзень, літаральна па хвілінах. Там ёсць і такі запіс:

«Пад’ём — шэсць гадзін пяцьдзясят пяць мінут. Марта — сем гадзін нуль нуль мінут — сем гадзін пятнаццаць мінут».

— Бач ты! — усміхнуўся Тамкоў, які ехаў прабач. — Для жоначкі ні хвіліны менш, ні хвіліны больш.

Славін не зразумеў:

— А што ён рабіў увесь гэты час і чаму пра нейкую Марту піша?

Усе дружна засмяяліся. Рогат стаяў на ўвесь лес. Збянтэжаны Уладзімір здзіўлена глядзеў на сваіх таварышаў.

Тамкоў пачакаў, пакуль супакояцца, і, імкнучыся быць сур’ёзным, патлумачыў:

— Разумееш, Валодзя, калі ты станеш дарослым і жэнішся, у цябе таксама з’явіцца адзін абавязак: будзеш будзіць жонку, каб яна, скажам, на працу не спазнілася.

— Сняданак табе прыгатавала, — падтрымаў Грыбаў. Уладзімір, адчуваючы падвох у словах мужчын, прабурчаў:

— Не разумею, чаму абавязкова муж павінен будзіць жонку. Мая мама, напрыклад, сама бацьку будзіла.

Яму не далі гаварыць, і зноў на ўвесь лес раздаўся рогат. Грыбаў прыпаў да грывы каня і, імкнучыся не выпасці з сядла, рагатаў да слёз.

Тамкоў раней бываў у гэтых месцах і памятаў, што тут дзесьці ёсць закінутая старожка, а поруч яе, і гэта самае галоўнае, стаіць невялікі хлеў, дзе можна схаваць коней.

Пакінуўшы групу ў лесе, ён накіраваўся да дарогі, каб лепш зарыентавацца і адшукаць старожку. Вярнуўся прыкладна праз паўгадзіны, і маленькі атрад рушыў далей. Тамкоў спяшаўся. Да наступлення цемры неабходна было прыбыць на месца. Ён увесь час прыспешваў:

— Хутчэй, браткі! Калі сцямнее — не знайсці нам той старожкі і начаваць давядзецца ў лесе.

Аднак ім пашанцавала. Тамкоў сапраўды добра запомніў дарогу. Яшчэ не паспеў апусціцца змрок, а група пад’ехала ўжо да маленькай старожкі. За ёй віднеўся невялікі хлеў з дзвярыма, якія боўталіся на адной завесе, і дзіравым саламяным дахам. Тамкоў зазірнуў унутр і ўключыў кішэнны ліхтарык. Было пуста.

— Ну што, хлопцы? Ноч насоўваецца. Будзем прыстасоўвацца. Спачатку трэба заткнуць шчыліны, хоць бы самыя вялікія. А заўтра падумаем, што рабіць з гэтай развалюхай.

Не ў лепшым стане была і старожка. Земляная захламленая падлога, перавернутая ўгару ножкамі масіўная лава, павуцінне ды прэлае лісце па кутах — вось, мабыць, і ўсё, што тут убачылі партызаны. У хатцы калісьці было два невялікія акенцы. Зараз замест іх у сцяне зеўралі толькі пустыя праёмы. Дзвярэй таксама не аказалася. А на дварэ ўжо было цёмна. Усе настолькі змарыліся, што сіл хапіла толькі на тое, каб паставіць коней у хлеў, наламаць яловых галінак ды завесіць вокны і ўваход у старожку. Спаць улегліся на падлозе.

Ноч прайшла спакойна, а раніцай Тамкоў падзяліў свой нешматлікі атрад на групы. Адна з іх павінна была заняцца рамонтам, другая — шукаць корм для коней. Сам жа Тамкоў разам са Славіным адправіўся на рэкагнасцыроўку, хацеў удакладніць, дзе размяшчаюцца нямецкія гарнізоны.

Яны ішлі крыху больш як гадзіну і апынуліся ля дарогі. Па ёй сапраўды часта праносіліся калоны нямецкіх машын і адзінкавыя аўтамабілі. Адчувалася, што фашысты тут нічога не асцерагаліся. Тамкоў выцягнуў з-за пазухі карту, разгарнуў яе, уважліва паглядзеў і сказаў:

— Кіламетрах у трох адгэтуль ёсць невялікая вёсачка. Давай махнём туды, з людзьмі пагаворым.

Улучыўшы момант, калі на дарозе нікога не было, яны перабеглі на процілеглы бок. Паглыбіўшыся метраў на трыста ў лес, пайшлі паралельна шашы. Прыкладна праз кіламетр наткнуліся на прасёлкавую дарогу. Тамкоў зноў дастаў карту і, зазірнуўшы ў яе, упэўнена заўважыў:

— Гэта дарога вядзе да вёскі.

Праз паўгадзіны яны выбраліся з лесу. Наперадзе ляжала поле, за ім — вёсачка хат на дваццаць—дваццаць пяць. Схаваўшыся ў кустах, партызаны сталі назіраць.

Прайшло каля гадзіны. Нічога падазронага разведчыкі ў вёсцы не заўважылі. Уладзімір прапанаваў:

— Андрэй Лявонцьевіч, давайце я аўтамат пакіну тут, а сам туды махну, разбяруся, што да чаго.

— Не спяшайся. Пойдзеш — а там засада ці на паліцая напорашся. Бачыш, як вёска размешчана? Вакол поле. Усё як на далоні відаць. Немцы любяць у такіх месцах спыняцца. Подступы добра праглядаюцца і прастрэльваюцца.

Славін, не адказваючы, глядзеў у бок вёскі. Ён заўважыў каля крайняй хаты нейкі рух. Убачыў гэта і Тамкоў. З двара выйшаў конь, запрэжаны ў падводу. Фурманка павольна пакаціла да лесу. Неўзабаве яна праехала міма партызан. Тамкову і Славіну давялося пасунуцца крыху направа і, маскіруючыся ў хмызняку, ісці следам за ёй. Яны паспелі ўжо разглядзець, што на возе сядзяць два чалавекі: стары, які кіраваў старой кабылай, і жанчына, захутаная ў цёплую хустку. Яны зрэдку абменьваліся паміж сабой кароткімі фразамі, а конь павольна цягнуў воз. Тамкоў хацеў падысці да фурманкі, але стары тым часам тузануў за лейцы і павярнуў каня направа, на ледзь прыкметную лясную дарожку. Партызаны прыселі за кустом, каб не патрапіць на вочы. Фурманка праехала міма. Захоўваючы неабходную дыстанцыю, партызаны паціху пайшлі за ёй.

Мінут праз дзесяць—пятнаццаць пачулася: «Тпру!» Фурманка спынілася на невялікай паляне каля кучы колатых дроў. Спачатку злез з воза стары, потым саскочыла жанчына. Яна развязала хустку, і партызаны са здзіўленнем убачылі, што гэта яшчэ зусім юная дзяўчына.

Стары і дзяўчына пачалі накладваць на воз паленні.

— Ну што? Дапаможам? — шэптам спытаў Тамкоў і ступіў да паляны.

Услед за ім пайшоў і Славін.

— Памагай божа! — весела сказаў Андрэй Лявонцьевіч. Стары і дзяўчына здрыгануліся, моўчкі глядзелі на падыходзячых людзей.

— Што маўчыце? Спалохаліся, напэўна?

— Ды не так, каб вельмі, — адказаў стары і абапёрся на перадок воза, дзе, па ўсёй верагоднасці, ляжала сякера. — Проста — людзі незнаёмыя.

— Мы ідзём сваёй дарогай. Раптам чуем — шум нейкі, зазірнулі сюды. Бачым, людзі працуюць, вось і падышлі.

Тамкоў, каб не палохаць старога і дзяўчыну, не стаў да іх падыходзіць блізка, а прысеў на зваленую бярозку. Славін спыніўся за яго спінай.

— А вы хто будзеце? — пацікавіўся стары, якога трохі супакоілі паводзіны незнаёмцаў.

— Партызаны, — адказаў Тамкоў і, заўважыўшы, што стары паглядзеў недаверліва, спытаў: — Напэўна, не даводзілася бачыць нашага брата зблізку?

— Даўно штосьці не чулі пра вас, — збянтэжыўся стары. Тамкоў, як бы мімаходзь, пацікавіўся, з якой яны вёскі. Стары сказаў праўду. Тады Андрэй Лявонцьевіч пачаў распытваць, што чуваць у вёсцы і ў раёне.

— У нас немцаў няма, але прыязджаюць часта.

— Дзе спыняюцца?

— У хатах, — усміхнуўся стары. — Якія хаты лепшыя, у тых і спыняюцца.

— А калі некалькі чалавек зазірне, — дадала дзяўчына, — то ў хаце старасты ўладкоўваюцца.

— Кажаце, стараста ў вас ёсць? — зірнуў на старога Тамкоў. — Можа, конь і падвода знойдуцца ў яго?

— Вядома. Трох коней у стайні трымае.

— Што ён за чалавек?

— Стараста! — недвухсэнсоўна заўважыў дзед, даючы зразумець, што гэтым сказаў усё.

— Дзе жыве?

— Калі з гэтага краю заязджаць, то па правым баку шостая хата.

— А вы дзе жывяце? — Тамкоў яшчэ раз вырашыў пераканацца ў тым, што гэтыя людзі кажуць праўду.

— У першай хаце з гэтага краю, — адказаў стары і нечакана пацяплелым голасам дадаў: — Ды вы, сынкі, у нас не сумнявайцеся. У мяне два хлопца ў Чырвонай Арміі, у яе — бацька. Так што мы людзі свае.

Стары і дзяўчына расказалі, што недалёка ад суседняй вёскі знаходзіцца невялікі нямецкі склад з фуражом. Там жа захоўваецца збожжа, яшчэ не вывезенае ў Германію. Дзед дадаў, што перад фашыстамі стараста асабліва не выслужваецца, затое з сялян імкнецца сарваць усё, што толькі можна.

— Ён ведае, што яе бацька ў Чырвонай Арміі, — кіўнуў стары на дзяўчыну. — Абяцаў не казаць пра гэта немцам, але запатрабаваў каня. Давялося аддаць.

— А што вашы дзеці ў Чырвонай Арміі — ведае?

— Спрабаваў, ліха яго маці, і да мяне падкаціцца, ды дулю пад нюхаўку атрымаў. — Дзед усміхнуўся: — Я склаў байку, што сыны мае перад самай вайной зніклі.

— І паверыў?

— А то як жа. Паверыў.

Партызаны дапамаглі скласці ў падводу дровы, праводзілі старога і дзяўчыну ў зваротную дарогу. Тамкоў яшчэ раз удакладніў, дзе знаходзіцца нямецкі склад.

— Куды цяпер? — спытаў Славін.

— Давай склад паглядзім. Гэта недалёка, кіламетры два.

Прытрымліваючыся ўзлеску, яны неўзабаве выйшлі да шашы, на якой іх

група павінна была «навесці парадак». Тут павярнулі налева. Кіламетры праз два лес скончыўся. Тамкоў дастаў бінокль, пачаў уважліва разглядаць вёску. Нарэшце ён убачыў тое, што шукаў.

— Вось ён, склад! Плот драўляны — гэта добра, — казаў Андрэй Лявонцьевіч. — Аховы не бачу. хоць, пастой, вунь салдат вылез, з вінтоўкай — факт, вартавы.

Неўзабаве Тамкоў заўважыў яшчэ аднаго фашыста:

— Атрымліваецца — склад ахоўваюць двое.

— Уначы можа быць і больш, — услых падумаў Славін.

— Магчыма і так. Што ж, давядзецца групай навальвацца.

— Антон Лявонцьевіч, але ж нам трэба не толькі склад знішчыць. Добра б перад гэтым назапасіцца фуражом.

— А хто кажа, што не?

— А як жа мы авёс павязём? На гарбу шмат не панясеш.

— Таксама правільна, — Тамкоў хітра ўсміхнуўся. — А ты не падумаў, чаму я наконт старасты пацікавіўся? Мы проста забяром падводу і на ёй прывязём корм. А калі снег ляжа, то і сена навозім.

Яны схаваліся ў хмызняку і хутка пайшлі да старожкі...

А на часовай стаянцы кіпела праца. Вокны ў хатцы партызаны заклалі дошкамі, якія знайшлі тут жа, на гарышчы, усе шчыліны запаклявалі мохам, знайшліся кімсьці раней сарваная з завес дзверы. Дзіркі ў даху былі старанна залатаны.

Грыбаў, які хадзіў з Рогавым адшукваць сена, дакладваў:

— Андрэй Лявонцьевіч! Поўны парадак. Знайшлі цэлы стог. Шкада толькі, што перавезці няма на чым.

— Добра, што знайшлі, — усміхнуўся Тамкоў. — За транспартам справа не стане. Так што можаш не хвалявацца.

Неўзабаве ўся група, усеўшыся ў кружок, пачала абедаць. Потым трэба было накарміць коней, і толькі пасля гэтага Тамкоў сказаў пра галоўнае.

— Сёння ўначы, — гаварыў ён, — трэба наведаць старасту, узяць у яго падводу і каня, адразу ж здзейсніць налёт на склад з фуражом і зернем, а да раніцы быць на месцы.

— Андрэй Лявонцьевіч! А можа, заадно і на дарозе папрацаваць трэба? — прапанаваў Крайнюк.

Тамкоў на секунду задумаўся:

— А што? Гэта, мабыць, ідэя. Ты і Грыбаў вазьміце па міне. Паспрабуем адзначыць наша з’яўленне ў гэтых краях.

Яшчэ не сцямнела, а партызаны на конях адправіліся на заданне. Пад’язджаючы да вёскі, Тамкоў паклікаў Славіна, ціха загадаў:

— Валодзя, пакінь каня і прабярыся да хаты, дзе жывуць нашы знаёмыя. Высветлі абстаноўку.

Славін полем падышоў да плота і, перамахнуўшы праз яго, заскочыў у сад. Пракраўся да хаты, намацаў дзверы, пастукаў. Пачакаў трохі і зноў пастукаў. Нарэшце за дзвярамі пачуліся крокі і голас старога:

— Хто там?

— Дзядуля, адкрыйце. Сёння мы ў лесе сустракаліся.

Рыпнула клямка, дзверы адкрыліся. На парозе ў адной ніжняй бялізне стаяў стары.

— Дзядуля, як у вёсцы? Ціха? Немцаў няма?

— Няма, сынок, няма. Ды што ты стаіш? Праходзь.

— Дзякуй. Мне некалі. Чакаюць. Да спаткання! — і ён знік у ночы.

Уладзімір хутка падбег да Тамкова і, перавёўшы дыханне, далажыў:

— Асцерагацца няма чаго. Можна ехаць далей.

Неўзабаве партызаны спешыліся ля хаты старасты. Сяргей Панчанкаў застаўся з коньмі. Рогаў заняў пазіцыю ля веснічак. Антошын падышоў да вокнаў з боку агароду. Астатнія стаялі ля ганка.

Тамкоў рэзка пастукаў у дзверы. Праз хвіліну пачулася, як рыпнулі дзве­ры. Хтосьці выйшаў у сенцы і там сцішыўся. Тамкоў яшчэ раз моцна стукнуў кулаком.

— Хто стукае?

— Пан стараста! Адкрыйце. Гэта я — старшы паліцэйскі Тамкоў.

— Які яшчэ Тамкоў? — незадаволена прабурчаў стараста і пачаў адсоўваць завалу. Як толькі дзверы прыадчыніліся, партызаны кінуліся ў сенцы. Грыбаў схапіў старасту за каўнер.

Стараста анямеў ад страху. Ён не сумняваўся, што да яго ўварваліся паліцаі:

— Што вы, хлопцы! Я ж свой. Я і ёсць стараста. Хадзем у хату — дакумент пакажу.

Увайшлі ў хату. Іх сустрэла спехам апранутая перапуджаная жанчына. На печы ляжалі двое дзяцей. Яны таксама не спалі і, атуліўшыся даматканай коўдрай, з трывогай глядзелі на тое, што адбывалася.

Стараста пакорпаўся ў драўлянай скрыні, працягнуў нейкую паперу:

— Вось, глядзіце! Тут і па-нямецку, і па-руску напісана.

Тамкоў хацеў парваць даведку, але перадумаў, склаў яе ў чатыры столкі і сунуў у кішэнь:

— Гэты дакумент мы зберажом для гісторыі, а дакладней, для суда, калі цябе, гада печанага, як здрадніка Радзімы караць будуць па ўсёй строгасці нашых законаў.

Гаспадар яшчэ больш разгубіўся. Нарэшце ён зразумеў, што ў хату прыйшлі партызаны. Жонка заплакала. Тамкоў сеў на крэсла, спакойна працягваў:

— Цябе, як апошняга нягодніка, трэба расстраляць. Скажу па праўдзе, калі ішлі сюды, так і думалі зрабіць. Ды вось дзетак шкада. Таму на першы раз папярэджваем: калі хоць адзін чалавек у вёсцы будзе пакараны за тое, што хто-небудзь з яго сваякоў у Чырвонай Арміі, — гаворка будзе кароткай. Зразумеў?

Стараста згодліва кіўнуў галавой:

— Так-так, зразумеў. Нікога не крану. Клянуся!

— Ты, прыхвасцень фашысцкі, не толькі нікога не кранеш з савецкіх людзей, — умяшаўся Грыбаў, — але нават і не пікнеш, што мы тут былі. Інакш з-пад зямлі дастанем.

Перапуджаны стараста кляўся, што будзе сябе весці лаяльна.

Славіну ўспомнілася нядаўняя гутарка ў лесе са старым і дзяўчынай.

— І не забудзься каня вярнуць людзям, якога як выкуп забраў, — папярэдзіў Уладзімір, падышоўшы ўшчыльную да старасты.

— Добра, добра. Сам адвяду.

— Апранайся, пойдзем у двор! — загадаў Тамкоў.

Жонка старасты павалілася на калені:

— Мілыя, родненькія! Не забівайце яго!..

— Устаньце! Ніхто яго забіваць не будзе. Але вы самі чулі: калі яшчэ асмеліцца шкодзіць людзям, то як шалёнага сабаку прыстрэлім.

Яны выйшлі ў двор, прымусілі старасту запрэгчы ў падводу каня і неўзабаве з’ехалі.

Калі да склада заставалася прайсці зусім трохі, Тамкоў даў каманду спешыцца. Ахоўваць воз і коней было даручана Рогаву і Бартошыку. Усе астатнія байцы асцярожна рушылі далей. Вось паказаліся ўжо абрысы склада. Тамкоў падняў руку. Група спынілася. Камандзір падрабязна, ва ўсіх дэталях растлумачыў, што павінен рабіць кожны ў момант налёту на аб’ект. Царыку і Панчанкаву, Антошыну і Грыбаву трэба было бясшумна прыбраць вартавых. Сам Тамкоў, Крайнюк і Славін, у выпадку неабходнасці, павінны былі прыкрыць сваіх таварышаў агнём з аўтаматаў.

Пасля гэтага байцы пайшлі наперад, непрыкметна для варожых вартавых занялі зыходныя пазіцыі.

Разбіўшыся парамі, чацвёра партызан папаўзлі да вартавых. Відавочна, немцы былі ўпэўнены, што ім нішто не пагражае, па іх звестках, партызанскіх атрадаў у акрузе не было. Адзін з іх, нібы жадаючы дапамагчы Царыку і Панчанкаву, падышоў да партызан амаль ушчыльную і павярнуўся спінай. Момант сапраўды быў удалым, другі немец тым часам знаходзіўся на іншым боку склада.

Панчанкаў першым кінуўся на гітлераўца. Закрыўшы яму анучай рот, ён нанёс дакладны ўдар кінжалам.

Падбегшы, Царык падхапіў вартавога і паклаў яго на зямлю. Складаней давялося Антошыну і Грыбаву. Яны пахваляваліся, перш чым удалося падабрацца да другога вартавога. Але і ў іх усё абышлося добра.

Цяпер патрабавалася як мага хутчэй завяршыць аперацыю. Тамкоў загадаў Славіну бегчы па коней і падводу.

Уладзімір кінуўся да месца, дзе стаіліся Рогаў і Бартошык. Тыя толькі чакалі сігналу. Рогаў ірвануўся на падводзе да склада. Славін і Бартошык ускочылі на сваіх коней і панесліся за ім. Верхавых коней іншых партызан пагналі побач з сабой.

Перад расчыненымі насцеж дзвярамі склада ўжо стаяла некалькі мяшкоў з аўсом. Імгненна пад’ехала падвода. Партызаны ўскінулі на яе трафейны фураж, а заадно паклалі зброю вартавых.

Пакінуўшы пры сабе Славіна і Панчанкава, Тамкоў закамандаваў астатнім байцам неадкладна сыходзіць у лес.

— Майце на ўвазе, — папярэдзіў ён, — роўна праз гадзіну мы падпальваем склад. Калі ж вартавая змена з’явіцца раней, значыць, і пеўня пусцім таксама раней. Таму паспрабуйце ад’ехаць далей.

Рогаў крануў за лейцы. Гружаная падвода хутка пакаціла да расчыненых варот. За ёй паскакалі вершнікі.

Славін і Панчанкаў насілі з двара сена, раскладвалі яго ўздоўж сцен скла­да, бярэмямі раскідвалі па-над складзенымі мяшкамі.

Тамкоў пазіраў на гадзіннік. Як павольна рухалася мінутная стрэлка! З унутранай кішэні ватоўкі ён дастаў два карабкі запалак, адзін падаў Славіну, друі — Панчанкаву:

— Падпальваць толькі па маёй камандзе. Калі немцы падыдуць раней, то я адкрыю агонь. Гэта таксама будзе сігнал.

Славін і Панчанкаў увайшлі ў склад, вобмацкам прабраліся ў самы канец праходу, да задняй сцяны, і заселі поруч яе ў процілеглых вуглах. Яны вырашылі, што адгэтуль пачнуць падпальваць сена, прасоўваючыся да выйсця.

Тамкоў штохвілінна паглядаў на гадзіннік. Яму здавалася, што спыніўся час, жыццё вакол замерла. «Як там хлопцы? Ці далёка адышлі яны ад вёскі?» — турбаваўся ён, напружана ўзіраючыся ў цемру. Але змена вартавых усё яшчэ не прыходзіла. Ён хацеў ужо ісці ў склад, каб праверыць, ці ўсё гато­ва ў Славіна і Панчанкава, як раптам пачуў рэзкія галасы. Ішлі немцы. Яны набліжаліся да варот, пра штосьці гучна спрачаліся.

Андрэй Лявонцьевіч слізгануў за тоўсты слуп, паціху адцягнуў затвор аўтамата на ўзвод. «Трэба падпусціць бліжэй, — падумаў ён, — і шаснуць дакладна». Трое фашыстаў з’явіліся перад ім быццам прывіды. Не даходзячы да варот метраў дзесяць—пятнаццаць, яны раптам спыніліся, мабыць, адчулі, што нешта не так.

Загрузка...