І цяпер, лежачы на ложку, успамінаючы гэтую размову, Аляксею здалося, што ён зноў чуе яе голас. Не, Купрэйчык не недачуў, яго сапраўды хтосьці клікаў. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў медсястру, якая злосна сказала:
— Ты што, Купрэйчык, не чуеш, на перавязку!
Старшы лейтэнант падняўся і марудліва пайшоў да перавязачнай, а калі выйшаў адтуль, твар яго ззяў. Доктар сказаў, што дзён праз дзесяць яго выпішуць. «Значыць, ёсць шанец, — думаў Купрэйчык, — што я і да Берліна дайсці змагу». І ён, насвістваючы, накіраваўся ў палату.
Уладзімір Славін
Настасся Георгіеўна ўзяла Уладзіміра за руку, павяла кудысьці. Побач ішла сястра. Уладзімір здагадаўся, што мама хоча паказаць, дзе цяпер жывуць яна і Жэня. Вось толькі гаворыць мама занадта пявуча, быццам не сваім голасам. І ў гэты момант Славін прачнуўся. Яго за плячо катурхаў Антошын:
— Колькі можна спаць! Прачніся!
Уладзімір працёр вочы. Убачыўшы сябра, сеў, звесіўшы ногі з канапы.
— Што здарылася?
— Што здарылася, што здарылася? — перадражніў Антошын, — Прывык на вышках суткамі дрыхнуць. Думаеш, і тут маліна будзе? Збірайся! Па цябе прыслалі.
Уладзімір пачаў апранацца. Зірнуў на гадзінік: палова на чацвёртую.
— Трэба ж! Самы салодкі сон парушыў. Дык ты скажаш, што здарылася?
— Начальнік загадаў на дзяжурнай машыне па цябе прыскокнуць, а што такое — сам толкам не ведаю.
Выйшлі на вуліцу, а вакол белым-бела.
— Глянь-ка, — здзівіўся Уладзімір, — колькі снегу наваліла!
— Зіма амаль заўсёды так вясну сустракае. Садзіся ў кабіну, а то спрасонку прадуе. Я ў кузаве пакалачуся, тут недалёка.
Славін улез у кабіну, прывітаўся з вадзіцелем. Той праз задняе шкло ўбачыў, што Антошын ужо ў кузаве, крануў з месца старую, паўразбітую паўтаратонку. Матор гулка залапатаў, машына ледзь прабівалася праз глыбокі снег. Кабіну прадувала наскрозь. Неўзабаве машына заехала ў двор невялікага дома, дзе размяшчаўся аддзел.
Мачалаў быў у сваім кабінеце, там жа сабралася чацвёра іншых супрацоўнікаў, сярод якіх Крайнюк і Бартошык. Славін падсеў да Бартошыка, шэптам спытаў:
— Што такое?
— Не ведаю. Зараз растлумачаць. Цябе што — з пасцелі паднялі?
— А цябе, напэўна, з пліты, — пажартаваў Уладзімір. — Таксама, нябось, дрыхнуў без задніх ног.
— Лап, — прагаварыў Бартошык.
— Што лап? — не зразумеў Славін.
— Трэба казаць лап, таму што задніх ног не бывае.
— Ведаеш ты шмат! — адмахнуўся Уладзімір. — А ў каня, каровы? Не, браток, скончыцца вайна, паступай у другі клас. Там якраз вучаць дзяцей лапы ад ног адрозніваць.
Начальнік аддзела зірнуў на гадзіннік:
— Я сабраў вас у сувязі з тым, што ў горадзе з’явілася небяспечная група злачынцаў, колькасць яе — сем-восем чалавек. Двое ўзброены аўтаматамі, астатнія — пісталетамі. Справа ўскладняецца яшчэ і тым, што ўсе яны апрануты ў форму камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі. Вы самі ведаеце, колькі вайсковых падраздзяленняў знаходзіцца ў горадзе і вакол яго, так што згубіцца ім сярод вайскоўцаў нескладана.
Цяпер пра дзеянні злачынцаў. Учора ўвечары, у васямнаццаць гадзін сорак хвілін, чацвёра з іх — адзін у форме маёра, другі — старшыны, астатнія ў адзежы радавых, уварваліся ў кватэру адказнага работніка, звязалі старэнькую маці, забралі ўсе каштоўнасці, рэчы, харчовыя карткі, а таксама дакументы і ўцяклі.
У два трыццаць група з шасці чалавек, дзе былі тыя ж маёр і старшына, здзейсніла разбойны напад на хату святара. Паранілі аднаго чалавека з прыслугі, другога зачынілі ў склепе, а самога святара зацягнулі ў далёкі пакой, пад катаваннямі прымусілі прызнацца, дзе схаваны каштоўнасці, рэквізавалі іх, затым учынілі сапраўдны пагром, забралі ўсе лепшыя рэчы, перанеслі ў грузавік, марка якога нам невядомая. У абодвух выпадках злачынцы назывался супрацоўнікамі НКУС. Група, як бачыце, вельмі дзёрзкая і небяспечная. Паранены, дарэчы, знаходзіцца ў крытычным стане. Такім чынам, мяркую, сітуацыя ясная. Усе вы прызначаецеся ў аператыўную групу, якую ўзначалю я. Якія будуць пытанні?
— Нашы ёсць на месцы здарэння?
— Так. Жонка святара, якую яны зачынілі ў пакоі, чула каманду аднаго з налётчыкаў: той камусьці са сваіх падручных загадаў адкрыць задні борт. Гэта, відавочна, для таго, каб пагрузіць швейную машыну. Пападдзя ўлавіла шум матора. Яна ўпэўнена, што бандыты прыязджалі на грузавіку. Пра гэта, між іншым, кажуць і самі факты. Снег да таго часу, пакуль не прыбылі нашы супрацоўнікі, яшчэ не паспеў засыпаць сляды колаў, дый шасцёра чалавек з вялікай колькасцю нарабаванага дабра наўрад ці могуць улезці нават у самы вялікі легкавы аўтамабіль.
— Адкуль вядома, што і ў першым, і ў другім выпадках маёр і старшына — адны і тыя?
— У маёра добра відаць шнар на твары, а ў старшыны забінтавана шыя.
— Пасты вакол горада папярэджаны?
— Так, адразу ж, як толькі паступілі звесткі пра здарэнне.
Пытанняў больш не было, і Мачалаў пачаў размяркоўваць заданні паміж супрацоўнікамі.
Славіна ён пакінуў апошнім, сеў побач:
— Перад табой, Уладзімір Міхайлавіч, стаіць асобая задача. Я гутарыў з пацярпелымі. Людзі яны пажылыя, з вялікім жыццёвым вопытам. І святар, і яго жонка заўважылі, што маёр часта ўжывае словы, уласцівыя злодзеям і бандытам тых часоў, калі тут існаваў рэжым белапалякаў. І я прыйшоў да высновы, што табе трэба папрацаваць у старым паліцэйскім архіве. Пацікаўся людзьмі, якія «ставілі» кватэры, параўнай прыкметы, — Пётр Пятровіч працягнуў Славіну лісток паперы: — Тут апісанне прыкмет бандытаў. Вазьмі на заметку і тых, хто ўтрымліваў прытоны. Словам, прыкінь, дзе і ў каго маглі спыніцца злачынцы.
Світанак заспеў Славіна ў архіве. З вялікай цяжкасцю адшукаў ён паліцэйскія дакументы, паглыбіўся ў іх чытанне. Як правіла, гэта былі дасье вельмі грунтоўныя, на рознага роду ашуканцаў, прастытутак, злодзеяў, рабаўнікоў, забойцаў.
Уладзімір не заўважыў, як і дзень скончыўся. Маўклівы і пануры, прыйшоў ён у сціплы пакойчык, які часова зняў у старых мужа і жонкі. Запаліў недагарак стэарынавай свечкі, заслаў пасцель, думаў адразу ж легчы спаць. Але, пасядзеўшы ў цішыні некалькі хвілін, не вытрымаў, апрануўся і накіраваўся ў аддзел. Прагледзеў у дзяжурнага журнал рэгістрацыі здарэнняў — нічога істотнага не адбылося. Пайшоў у свой кабінет. Уключыў святло, сеў за стол, і ў гэты момант з’явіўся дзяжурны. Хрыплым голасам сказаў:
— Выбач, Славін. Я тут закруціўся і ледзь не забыўся. Табе ліст.
Ён працягнуў папяровы трохкутнік. Уладзімір зірнуў на почырк, адразу ж пазнаў руку маці.
Дзяжурны выйшаў, а Уладзімір разгарнуў ліст і, перш чым пачаць чытаць, усміхнуўся, успомніўшы сон: «Трэба ж такое! Бачыў маму ў сне — і на табе — ліст. Чакай: Жэня ж таксама прыснілася. Можа, і яна дахаты вярнулася?»
Уладзімір прагледзеў ліст — так і ёсць! Сястра дома!
Ён усеўся ямчэй, пачаў чытаць уважліва, не прапускаючы ніводнага слова: «Дабрыдзень, сынок! Сёння вялікая радасць. Зусім нечакана з’явілася Жэня. Праўда, параненая ў руку. Таму ліст пішу я, а яна сядзіць побач і камандуе. Напэўна, прывыкла загады аддаваць. Раненне ў яе лёгкае, так што хутка ўсё пройдзе. Самае галоўнае, што Жэня вярнулася зусім. Цяпер удзвюх весялей цябе чакаць. Усялілі нас у старую кватэру. Рамонт пакуль рабіць не будзем, увесну зоймемся. Учора прыходзіў да мяне і суседзяў чалавек з НКУС. Цікавіўся Латанінай Святланай. Памятаеш, што насупраць нас жыла? Калі ты не забыўся, Латаніну мы з табой неяк бачылі на кірмашы падчас аблавы. Яна тады з афіцэрамі стаяла, а мы вырваліся з ачаплення. Аказваецца, гэта гадзюка многіх савецкіх людзей гестапаўцам выдала. Вось яе цяпер і шукаюць.
Справы ў горадзе папраўляюцца. Народу дадалося, адкрыліся крамы. Па нядзельных днях выходзім на ўборку горада. Усе працуюць ад душы. Ужо працуюць некаторыя заводы. Учора спрабавалі цукеркі з нашай фабрыкі «Камунарка» — смачныя, жах! Далі нам воз дроў, так што ў холадзе сядзець не будзем. Атрымала харчовыя карткі, і Жэні таксама. Увогуле, сынок, пра нас не турбуйся і прадуктаў больш не пасылай. Імкніся сам сілкавацца лепей. У цябе арганізм малады, ды яшчэ перанёс цяжкае раненне.
Што ў цябе новага? Дзе і ў каго жывеш? Ці ёсць зімовая адзежа, абутак? Напішы нам. І, калі ласка, мы цябе вельмі просім, будзь асцярожны. У нашай сям’і з мужчын ты адзін застаўся. Я амаль кожны дзень цікаўлюся пра бацьку. Але пакуль так нічога і не даведалася. Хоць бы яго магілку адшукаць!
Чакаем цябе, не дачакаемся! Прыязджай хутчэй, сынок! Ужо так цябе ўбачыць хочацца! Цалуем і абдымаем. Пішы. Твае мама і сястра».
Славін адкінуўся на спінку рыпучага крэсла і, заплюшчыўшы вочы, уявіў сабе твар маці. сястры. Нясцерпна захацелася да іх — хоць на дзянёк, хоць на гадзіну, на хвіліну. Уладзімір ведаў: калі падысці цяпер да начальніка і папрасіць яго — той адпусціць. Але ж становішча ў горадзе, у вобласці якое! Не, нельга. «Вось зловім гэту банду, тады і папрашуся на пару дзянькоў», — вырашыў ён і, выняўшы са стала аркуш паперы, прыняўся за адказ. Але скончыць яго не паспеў. У кабінет увайшоў дзяжурны:
— Ты яшчэ тут? Разумееш, прыйшла жанчына. Маёр, хірургам у шпіталі працуе. Расказвае, што раніцай, калі яна ішла на дзяжурства, бачыла, як на адной вуліцы спыніўся аўтамабіль ЗІС. З кабіны выйшлі маёр і старшына. Яны нават дзверы кабіны не зачынілі і пабеглі ў зваротны бок. Тады яна асаблівай увагі гэтаму выпадку не надала, але ўвечары, калі вярталася са шпіталя, то зноў убачыла гэту ж машыну з занесенай снегам кабінай. Дайшла да сваёй хаты і. павярнула да нас.
— Дзе яна?
— У дзяжурцы. Пагутарыш?
— Вядома.
— Добра. Я зараз яе прывяду.
Праз некалькі хвілін у кабінет увайшла жанчына ў цёплым паліто з футравым каўняром, на нагах — валёнкі. Выглядала яна ледзь старэйшай за трыццаць. Славін запрасіў яе прысесці, а сам падумаў: «Нават не скажаш, што яна маёр. Звычайная цывільная жанчына, і ўсё тут». Падсунуў да сябе невялікі лісток паперы і спытаў:
— Ваша прозвішча, імя, імя па бацьку?
— Васілеўкая Вольга Ільінічна.
— Вы працуеце урачом у шпіталі?
— Так, я ўжо казала вашаму дзяжурнаму. Я — маёр медыцынскай службы, хірург.
Затым Славін уважліва выслухаў яе і задумаўся: «Жанчына, адчуваецца, чалавек назіральны. У марках машын разбіраецца добра, а чым чорт ні жартуе, раптам на гэтай машыне рабавалі злачынцы?» Ён зірнуў на Васілеўскую:
— Вольга Ільінічна, а што, калі мы з вамі паглядзім гэту машыну, не пярэчыце?
— Не, вядома. Я ж разумею.
— Ну, тады цудоўна. Едзем адразу ж!
Славін дастаў з шафкі ліхтарык, сунуў яго ў кішэнь паўкажушка, звыклым рухам локця дакрануўся да пісталета, які вісеў пад пінжаком, — на месцы, слізгануў поглядам па стале, ці ўсё схавана, і зірнуў на жанчыну. Яна адразу ж яго зразумела і ўстала:
— Пойдзем да машыны?
— Так-так, калі ласка.
Шафёр ужо быў на месцы.
— Залазьце ў кабіну ўдваіх, а то ў кузаве доўга не вытрываеш, — прапанаваў ён.
Ехаць давялося ў другі канец горада па вузкіх цёмных вуліцах і завулках. У кабіне было холадна і няўтульна.
Калі б Славін ведаў, з кім сутыкнуў яго лёс, то ён, перш чым ехаць да выяўленага грузавіка, завярнуў бы, вядома, да дома, дзе жыў Мачалаў. Але пра Васілеўскую Пётр Пятровіч ніколі не расказваў брату, таму Славін і не здагадваўся, што побач у кабіне старога грузавіка сядзіць не проста важная сведка, але і чалавек, які для яго брата вельмі дарагі. Ён нахіліўся да Васілеўскай і, імкнучыся перакрычаць шум матора, спытаў: — Далёка яшчэ?
— Не, тут налева, і мы прыехалі, — адказала Васілеўская.
За паваротам у святле фар з’явіўся грузавік. Спыніліся. Уладзімір абышоў машыну. Абедзве дзверцы былі расчынены насцеж. У сярэдзіне кабіны — снег. Ён спытаў у жанчыны:
— Скажыце, можа, машына сапсавана, і яе пакінулі, каб пазней узяць на буксір?
— Не ведаю. Але я бачыла — ехала нармальна. Калі б сапсавалася, то шафёр, мабыць, паспрабаваў бы адрамантаваць, ды і не кінулі б яны машыну так проста.
— Вы маеце рацыю, — пагадзіўся Славін і паклікаў шафёра: — Іван! Вазьмі ліхтарык. Правер, ці ёсць вада ў радыятары?
Шафёр падняў капот і, падсвечваючы сабе ліхтарыкам, пачаў аглядаць рухавік.
— Вада — дык ёсць, а вось радыятар. накрыўся. Замарозілі, сволачы! У многіх месцах прарвала.
Славін усё больш схіляўся да думкі, што на гэтай машыне сапраўды былі бандыты. Падзякаваўшы Вользе Ільінічне, ён загадаў шафёру адвезці яе ў шпіталь, а затым ехаць у аддзел, перадаць дзяжурнаму, каб той тэрмінова далажыў пра ўсё Мачалаву.
— А я буду тут чакаць.
Машына паехала. Уладзімір зачыніў капот, дзверцы кабіны, вырашыў пакуль абысці бліжэйшыя дамы, пагутарыць з жыхарамі. Ён прыкінуў час, праз які прыбудуць супрацоўнікі. Атрымалася, што гадзіны праз дзве.
Славін апытаў больш як дзясятак грамадзян, якія заўважалі кінутую на вуліцы машыну, але людзей, якія пакінулі яе, ніхто не бачыў. Паступова ён адыходзіў усё далей у тым кірунку, куды, паводле слоў Васілеўскай, накіраваліся маёр і старшына. За паўтары гадзіны ён дабраўся да апошняга кутняга дома. «Зайду яшчэ сюды і буду вяртацца», — падумаў ён, уваходзячы ў двор. Падняўся на высокі ганак, пастукаў у дзверы. Пачакаў, зноў пастукаў. Нарэшце ў калідоры пачуліся крокі, і дзверы прыадчыніліся. З запаленай лямпай у руцэ на яго моўчкі глядзеў стары.
— Дабрыдзень, я супрацоўнік НКУС. Дазвольце ўвайсці.
— Добры вечар, паночку, праходзьце, калі ласка! — пачціва запрасіў гаспадар і пайшоў наперадзе госця, падсвечваючы яму лямпай.
Яны ўвайшлі ва ўтульны, добра напалены пакой. Гаспадар прапанаваў Славіну прысесці, але той адмовіўся, палічыўшы, што тут, як і ў большасці дамоў, якія ён наведаў, затрымаецца нядоўга.
— Скажыце, калі ласка, вы выпадкова не бачылі, хто прыгнаў сёння раніцай грузавік і кінуў яго на вашай вуліцы?
— Грузавік? Які грузавік?
— Ён стаіць у тым канцы вуліцы, — паказаў рукой Уладзімір.
— Не, пане, не бачыў.
— Ну, што ж, я так і меркаваў, — і Славін павярнуўся да дзвярэй.
— Пан! — нясмела паклікаў гаспадар. Уладзімір спыніўся. — Пан кагосьці шукае?
— Вядома, шукаю, дзядуля.
— Каго хоча знайсці пан?
— Бандытаў.
— Тады, можа, вас зацікавіць тое, што я хачу расказаць?
— Слухаю вас.
— Сёння раніцай я бачыў аднаго чалавека. Думаю, будзеце мець да яго цікавасць.
— Як яго прозвішча?
— Не ведаю. Але хай пан трохі патрывае і выслухае мяне. Дык вось, іду, значыць, да студні. Гэта якраз у тым баку, куды вы паказвалі, праз два дамы ад майго. Толькі набраў поўныя вёдры вады, як бачу — поруч мяне хуценька прайшлі двое вайскоўцаў. Аднаго з іх, апранутага ў форму афіцэра Чырвонай Арміі, пазнаў адразу ж.
Ад нечаканасці Уладзімір аслупянеў. Ён нават шапку сцягнуў з галавы, каб лепш чуць і не прапусціць ніводнага слова. А гаспадар працягваў:
— Да вайны ім часта паліцыя цікавілася. А наведваў ён утульную хатку пані Шыкульскай. Я добра ведаю, што ён не можа быць чырвоным афіцэрам.
— З кім вы яго бачылі?
— Побач з ім ішоў, відаць, фельдфебель з аўтаматам. У яго шыя перавязана бінтам. Гэта добра памятаю.
— Ну, а той, ваш знаёмы, у якім званні?
— Бачыў, што афіцэр, а ў якім званні — не разгледзеў. Я ішоў за ім следам да свайго дома. Яны павярнулі направа, і я іх больш не бачыў.
Славін гатовы быў расцалаваць старога.
— Дзядуля, вы можаце паказаць, дзе пражывае гэта пані Шыкульская?
— Паночку, я ўсё магу зрабіць, але прашу вас, — ён паказаў рукой на дзверы, якія вялі ў суседні пакой, — у тым пакоі ляжыць мая хворая жонка. Мы засталіся адны. Наш адзіны сын быў у Чырвонай Арміі. Месяц таму загінуў. Нас няма каму абараніць, і я аб адным вас прашу, малю — нікому ні слова.
— Дамовіліся. Значыць, зробім так: я цяпер вярнуся да машыны, сустрэнуся са сваімі людзьмі і прыйду да вас з начальнікам. Толькі ён будзе ведаць пра гэта.
Гаспадар не пярэчыў. Уладзімір выскачыў на вуліцу і тут жа ўбачыў святло фар. Значыць, пакуль ён гутарыў са старым, паспелі прыехаць аператыўныя работнікі. Славін пабег да машыны. Калі да яе заставалася з дзясятак метраў, пачуўся гарэзны голас Бартошыка:
— Паглядзіце, як прэ! Быццам голы ў лазню спяшаецца.
— Дзе ты знікаеш? — злосна спытаў Мачалаў. — Мы тут ужо думалі, ці не здарылася што-небудзь з табой?
— Справай займаўся, Пётр Пятровіч.
Славін сцісла далажыў пра сустрэчы ў прыватных дамах, пра гутарку, якая толькі што адбылася са старым.
— Малайчына! — пахваліў Мачалаў. — А я якраз хацеў людзей накіраваць па дамах. Вядзі да старога, — і, павярнуўшыся да супрацоўнікаў, загадаў: — А вы, таварышы, старанна агледзьце машыну. Тут побач вайсковая часць. Папрасіце цягач або «студэбекер». Трэба адбуксіраваць гэту карэту. А потым чакайце нас тут.
Стары чакаў іх. Ён ужо надзеў самаробны сялянскі паўкажушак, насунуў на галаву патрапаную салдацкую шапку-вушанку. Мачалаў спытаў:
— Ці далёка жыве Шыкульская?
— Не, паночку. Праз дзве вуліцы. Туды лепш пешшу. Менш шуму будзе.
— Што ж, пайшлі!
Яны пакінулі дом і, павярнуўшы за рог, рушылі па пустой цёмнай вуліцы.
Асабняк Шыкульскай знаходзіўся сапраўды недалёка. Стары паказаў на дыхтоўны будынак, абнесены высокім глухім плотам, ціха растлумачыў:
— Вось тут і жыве пані Шыкульская.
Пётр Пятровіч пацікавіўся:
— Чым яна займалася да вайны?
— О-о! Для таго часу, панове, у яе быў занятак вельмі далікатны: трымала дом спатканняў.
Славін усміхнуўся:
— А вы, дзядуля, чаго туды хадзілі?
— Печы тапіў. Пані Шыкульская, трэба аддаць ёй належнае, нядрэнна плаціла.
— Чым цяпер займаецца?
— Не ведаю. Усю вайну пра яе нічога не чуў.
Пётр Пятровіч ціха сказаў Славіну:
— Праводзь старога дахаты і кліч нашых. Пакінь ля «ЗіСа» дваіх, хай даводзяць справу з ім да канца, а астатніх дастаў сюды. Машыну пастаўце за вуглом.
Славін і стары пайшлі, а капітан прайшоў уздоўж плота, спыніўся ля варот. Аднак праз невялікую шчыліну цяжка было штосьці ўбачыць. Пётр Пятровіч крануў брамку — замкнёна. Яго цяпер турбавала пытанне: ці трэба правяраць дом? «Калі там сапраўды сабралася ўся банда, — разважаў ён, — то практычна перавагі ў сілах на нашым баку няма. Ды і як яны ўзброены — невядома. Але тое, што ў іх ёсць аўтаматы, — гэта факт. Ці маю я права рызыкаваць людзьмі, ставіць іх пад удар?»
Калі Славін вярнуўся назад, аперацыя пачалася. Людзі былі расстаўлены так, што вокны і дзверы асабняка ім былі добра бачныя. Неўзабаве ў бліжэйшым завулку з двух грузавікоў высадзіўся ўзвод салдат. Яны хутка пералезлі праз плот, акружылі будынак. Мачалаў і шэсць аператыўнікаў, каб пазбегнуць лішняга шуму, пракраліся ў двор тым жа шляхам.
Першым на ганак падняўся начальнік аддзела, за ім — Славін, Бартошык, Крайнюк і яшчэ трое супрацоўнікаў. Дзверы, вядома, аказаліся замкнёнымі. Пётр Пятровіч агледзеў іх — ці нельга самім адкрыць. Нічога падобнага: дзверы вельмі шчыльна прылягалі да каробкі. Такім чынам, думай не думай, а ўвайсці ў дом без груку немагчыма. Начальнік жэстам загадаў усім стаць паабапал дзвярэй на той выпадак, калі раптам з калідора прама праз дзверы будзе адкрыта стральба, і гучна пастукаў кулаком. Пачакаў трохі і дзяржальняй пісталета пастукаў ізноў. Рыпнулі дзверы, пачуўся сонны жаночы голас:
— Хто там?
— Свой, свой! Адчыняй хутчэй, паўгадзіны ўжо стукаю!
Жанчына пачала важдацца з заваламі, прыгаворваючы:
— «Свой, свой». Калі свой, то і імя сваё трэба называць. А то адкрыю і не ведаю каму.
— Кінь трапацца! Капайся хутчэй!
Дзверы трохі прыадчыніліся, і Пётр Пятровіч моцна рвануў іх на сябе:
— Спакойна, міліцыя!
Жанчына паспрабавала штосьці сказаць, але Славін імгненна закрыў ёй рот далонню:
— Ну што, не зразумела? Сказана — спакойна, значыць — маўчы!
Жанчына, твар якой у цемры нельга было разгледзець, адвяла далонь, пакорліва прагаварыла:
— Маўчу, панове, маўчу. Прашу, праходзьце!
Аператыўнікі не чакалі яе запрашэння. Яны ўварваліся ў памяшканне і, падсвечваючы кішэннымі ліхтарыкамі, хутка агледзелі пакоі. У доме апынулася іх сем: у трох спалі людзі. Аператыўнікі дзейнічалі напорыста і бясшумна. З двара ўвайшлі яшчэ чатыры супрацоўнікі, пачалі будзіць спячых. Мачалаў, Славін і Бартошык таксама заняліся праверкай, зазірнулі ў адзін з пакояў. На масіўным драўляным ложку, пакрытым пышнай пярынай, спалі мужчына і жанчына. На крэсле ляжала іх адзежа. Бартошык падняў гімнасцёрку, што валялася на падлозе, усе ўбачылі пагоны старшага лейтэнанта.
— Правер, можа, дакументы ёсць у кішэнях? — загадаў начальнік.
— Дакументаў няма.
— Будзі, — кіўнуў Славіну Пётр Пятровіч.
— Зараз, толькі пад падушкай памацаю.
Уладзімір паціху запусціў руку пад падушку спячага мужчыны. Пальцы адразу ж намацалі зброю. То быў «вальтар». Уладзімір крануў спячага за плячо:
— Старшы лейтэнант, а старшы лейтэнант, прачніся!
Той штосьці прамыкаў невыразнае, павярнуўся на другі бок. Коўдра спаўзла. У «старшага лейтэнанта» з нахабнай шчырасцю агалілася частка цела ніжэй паясніцы. Бартошык засмяяўся, укалоў сябра:
— Глядзі, Валодзя! Ён табе адным месцам падміргвае.
Славін мацней тыцнуў дзяржальняй «вальтара» ў спіну спячага мужчыны:
— Ну, ты! Уставай, не арганізоўвай прадстаўленняў!
Невядомы нарэшце прачнуўся, сеў і, жмурачыся ад святла ліхтарыкаў, абурыўся:
— Якая падла спаць не дае?
— Спакойна, грамадзянін харошы. Мы — супрацоўнікі НКУС! Прад’явіце дакументы!
У гэты момант у суседнім пакоі раздаўся стрэл. Аказваецца, там не здагадаліся перш, чым разбудзіць спячага, праверыць, ці ёсць у яго зброя, і ледзь не паплаціліся за гэта. Толькі дзякуючы імгненнай рэакцыі Крайнюка, які перахапіў руку са зброяй, куля прашыла столь. А то аператыўнікі маглі не далічыцца каго-небудзь у сваіх шэрагах.
У трэцім пакоі, на матрацах, пакладзеных прама на падлозе, спалі трое, апранутыя ў цывільную адзежу. Усе былі ўзброены абрэзамі. Супрацоўнікі сабралі затрыманых у адзін пакой, затым вывелі з дома, парассаджвалі па машынах і павезлі. У адзін з аўтамабіляў пагрузілі знойдзеныя пры ператрусе зброю, боепрыпасы, розныя каштоўнасці.
Начальнік аддзела і Славін хацелі пагаварыць з гаспадыняй. Адчувалася, што яна ведае многае, але казаць праўду не хоча. Вырашылі даставіць яе ў аддзел і там працягнуць гаворку.
У доме засталася невялікая група аператыўнікаў на выпадак, калі з’явяцца іншыя злачынцы.
Наступіла раніца, але ніхто не думаў пра адпачынак. У аддзел прывезлі пацярпелых. Яны адразу ж сярод затрыманых апазналі тых, хто ўдзельнічаў у нападах. Зніклі толькі галоўныя бандыты — у форме маёра і старшыны.
Славін у душы быў рады, што дзякуючы яму так хутка ўдалося ўчапіцца за бандыцкую шайку. Ён і Мачалаў сядзелі ў кабінеце, калі туды ўвайшоў ззяючы Бартошык.
— Парадак! Поп апазнаў свае рэчы. Цяпер ім няма куды дзявацца, думаю, пачнуць расказваць.
— А я вось не думаю! — запярэчыў Славін. — Тут у іх колькі хочаш хадоў. Будуць валіць на «маёра» і «старшыну», і нічога пакуль не зробіш. — Уладзімір зірнуў на Мачалава. — Пётр Пятровіч, трэба па-сапраўднаму ўзяць у абарот гаспадыню. Яе даваенны лад жыцця гаворыць пра многае. Напэўна, яна добра ведае сваю кліентуру, тым больш стары прама сказаў, што «маёра» да вайны сустракаў у салоне пані Шыкульскай. Прапаную адпусціць яе і ўзяць пад назіранне.
Начальнік усміхнуўся:
— Памятаю, раней было распаўсюджана такое правіла: перш чым унесці прапанову, падумай, хто яе будзе выконваць. Дык вось — Шыкульскую даручаю табе.
Бартошык гарэзліва ўсміхнуўся, непрыкметна пхнуў сябра ў бок локцем:
— Ідзі, хлопец, выконвай.
Мачалаў не чуў гэтай рэплікі, аднак, калі заўважыў на твары Славіна ўсмешку, загадаў:
— А ты, Бартошык. акажаш яму дапамогу.
Начальнік сышоў. Аператыўнікі зірнулі адзін на аднаго і разрагаталіся, але ў дзвярах зноў з’явіўся Мачалаў:
— Жанчыну, якая пра кінуты «ЗіС» паведаміла, хто-небудзь дапытаў?
— Не, яшчэ не паспелі. Я з ёй толькі пагутарыў.
— Дай мне яе дадзеныя, я даручу дапытаць.
Славін пацягнуўся да лістка паперы з адрасам Васілеўскай, што ляжаў на стале і аддаў яго начальніку.
Мачалаў слізгануў поглядам па напісаным і хацеў штосьці сказаць, але раптам запнуўся: ён хутка разгарнуў ужо складзены ўдвая лісток, прабег яго вачыма, і твар яго стаў бледным, рукі задрыжалі. Прыдушаным голасам спытаў у Славіна:
— Валодзя, як яна выглядае?
Славін адказаў. Мачалаў, нічога не кажучы, павярнуўся і выскачыў з кабінета. Бартошык і Славін пачулі, як ён пабег па калідоры, і здзіўлена пераглянуліся.
А Мачалаў убег да сябе ў кабінет, схапіў паўкажушак, шапку і кінуўся да дзяжурнага:
— Машыну, хутка!
— Ля пад’езда «опель» стаіць, таварыш капітан, шафёр за рулём.
Пётр Пятровіч выскачыў з памяшкання, сеў побач з вадзіцелем і загадаў:
— Давай у шпіталь! Цісні на ўсе педалі!
Машына, набіраючы хуткасць, панеслася па заснежаных вуліцах. Шафёр быў рады, што з ім паехаў начальнік, і тут жа пачаў скардзіцца:
— Таварыш капітан, як жа так атрымліваецца, што ў нас гэту машыну забіраюць? Мы ж, лічыце, самі яе аднавілі, а цяпер начальства руку на яе накладвае. Вы б пагаварылі з начальнікам упраўлення, хай бы не рабавалі нас, для мяне яна — як родная, усё сваімі рукамі перабраў, адрамантаваў. А зараз аддай.
Але Пётр Пятровіч не чуў шафёра. У яго галаве неспакойным роем праносіліся думкі пра Васілеўскую.
«Няўжо гэта сапраўды яна? Не, не можа быць. Прынамсі, мне яшчэ так ні разу ў жыцці не шанцавала. Але прозвішча, імя, імя па бацьку? Усё супадае, і нават тое, што хірург, маёр, не, усё ж гэтым разам мне, напэўна, усміхнулася шчасце!»
— Ну што ты так цягнешся? Можаш хутчэй? — нецярпліва кінуў ён шафёру.
— Магу, таварыш капітан, але занесці можа, — збянтэжыўся шафёр і мацней націснуў на акселератар. Машына павялічыла хуткасць.
У шпіталі Мачалаў пабег да прыёмнага аддзялення, але адразу ж за дзвярамі на яго шляху ўстаў дзяжурны з тых, хто выздараўлівае:
— Сюды, таварыш, нельга, тут параненых прымаюць.
— Мне трэба, — спыніўся Мачалаў. — Скажыце, а вы выпадкова хірурга Васілеўскую не ведаеце?
— Вольгу Ільінічну? Вядома, ведаю. Яна толькі што ў двор выйшла. Пайшла, напэўна, у іншы будынак. Як выйдзеце адгэтуль — налева.
Мачалаў, не слухаючы далей дзяжурнага, кінуўся да выхаду. Павярнуў налева, зрабіў некалькі крокаў і ўбачыў яе. Вольга Ільінічна, гледзячы сабе пад ногі і думаючы пра штосьці сваё, ішла насустрач. У Пятра перахапіла дыханне, у горле затрымаліся словы. Ён рвануў гузікі на паўкажушку і ціха паклікаў:
— Оля!
Яна падняла на яго вочы, і яны застылі ў радасным здзіўленні.
— Вы? — яна працягнула да яго рукі і здушаным голасам ускрыкнула: — Пеця!
Мачалаў кінуўся да яе, і яны, не бачачы нікога вакол, моўчкі абняліся.
Паліто, якое было накінута на плечы Васілеўскай, звалілася на снег. Параненыя, медсёстры і санітаркі, праходзячы міма, асцярожна абыходзілі іх і ціха перагаворваліся: «Пашанцавала Вользе Ільінічне, муж знайшоўся!»
Уладзімір Міхайлавіч Славін
Шыкульская паводзіла сябе нахабна. Калі Славін загаварыў, яна груба перапыніла яго, са злосцю сказала:
— Можа, пан скажа, колькі будуць трымаць мяне пад арыштам?
— А вы не прымушайце нас звяртацца да такой меры, як арышт. У адваротным выпадку вас давядзецца трымаць тут сапраўды доўга. — Славін спакойна сеў насупраць затрыманай, працягваў: — Грамадзянка Шыкульская, скажыце, калі і дзе, пры якіх акалічнасцях вы пазнаёміліся з затрыманымі ў вашым доме людзьмі?
— Адкуль я ведаю? Прыйшлі ўвечары. Сказалі, што едуць з фронту. Папрасіліся пераначаваць. Вось я і дазволіла.
— Значыць, толькі на адну ноч?
— Так.
— Няпраўда! Яны правялі ў вас не адну ноч, і вы ведаеце іх даўно.
— Хто вам сказаў? Упершыню іх бачу.
— Паслухайце, грамадзянка Шыкульская, раю вам не злоўжываць нашым цярпеннем. Мы ведаем значна больш, чым вы мяркуеце. Раю па-добраму, кіньце лухту малоць. У архіве падняты дакументы, якія падрабязна сведчаць пра тое, што дзеялася ў вашым доме яшчэ да вайны. Ды гэта ж быў самы сапраўдны прытон, рассаднік распусты! У вас знаходзілі прытулак шулеры, злодзеі, прастытуткі. Мы бачым, што і цяпер вы не спыняеце займацца гэтай справай. Таму не трэба напускаць туман. У вашым доме затрымана ўзброеная банда. І гэтым сказана ўсё. Дарэчы, як сцвярджаюць некаторыя з арыштаваных, вы атрымлівалі ў выглядзе ўзнагароды значныя каштоўнасці. Усе яны, зразумела, будуць рэквізаваны. Няўжо вы не разумееце, што далей паводзіць сябе так зусім бессэнсоўна? Цяпер я пытаю: будзеце казаць праўду ці ж працягваць гуляць у хованкі?
Шыкульская доўга маўчала. Славін адчуваў, што яна ліхаманкава шукае выйсце з сітуацыі, што ўзнікла, і вырашыў дапамагчы ёй:
— Сёння раніцай да вас прыходзілі двое: адзін у форме старшыны, другі — маёра. Скажыце, хто яны?
— Старшына? Маёр? — збянтэжана перапытала Шыкульская. — Ах, гэта тыя!
— Так-так, тыя самыя. Даўно знаёмыя з вамі?
Славін задаў гэта пытанне зусім абыякавым тонам. Усё яго аблічча ў гэты момант сведчыла, што яго, па сутнасці, не цікавіць адказ Шыкульскай, што ён сам усё добра ведае і пытае проста так, каб падтрымаць гаворку. У сапраўднасці ўнутры ў яго ўсё сціснулася, напружылася. Дзіва што! Вось-вось гэта жанчына можа назваць імёны небяспечных бандытаў.
Шыкульская разгублена глядзела на Уладзіміра, не ведаючы, казаць ці не казаць праўду. А ён усё тым жа як быццам абыякавым голасам спытаў:
— Што ж вы маўчыце? Ці мне нагадаць, што вы добра яго ведаеце?
— Не, не! — перабіла яна. — Я сама скажу! Больш не магу так. Лепш усё папраўдзе, але і вы пашкадуйце мяне! Зразумейце, як цяжка жыць самотнай безабароннай жанчыне. Абяцаеце, што пашкадуеце мяне? Абяцаеце?
— Абяцаю, але толькі ў тым выпадку, калі вы не будзеце хаваць праўды.
— Так-так, вядома. Буду казаць толькі праўду. Клянуся, як перад Богам, толькі праўду!
Шыкульская памаўчала трохі, сабралася з думкамі, пачала расказваць:
— Я тут яшчэ пры паляках жыла, трымала. як вам сказаць. Ну, разумееце, дом таемных спатканняў. Жыць жа неяк трэба было. Былі кліенты. Адны — выпадковыя, другія — пастаянныя. Утрымлівала, вядома, дзяўчынак. Дык вось, да мяне часта завітваў адзін пан. Прадставіўся камерсантам. Толькі многія мае кліенты намякалі, што гэткі ж камерсант, як я жонка Чэрчыля.
— Як яго прозвішча?
— Не ведаю. Усе клікалі Марэкам.
— І далей?
— Падабалася яму адна мая дзяўчына — Рэгіна Птушак, якая перад самай вайной нечакана выйшла замуж і пераехала жыць на хутар, але куды — не ведаю. Дык вось у Марэка і Рэгіны былі нейкія свае незразумелыя для мяне сувязі. Я асабіста шмат разоў сустракала іх у самых розных месцах у горадзе. Часта да яе прыходзілі незнаёмыя людзі, штосьці прыносілі ці, наадварот, штосьці выносілі. Карацей кажучы, я здагадвалася, што пан Марэк праз Рэгіну падтрымлівае сувязь са сваімі сябрамі. Але неўзабаве ён знік. І вось тыдні два таму да мяне нечакана прыходзяць Рэгіна і пан Марэк у форме маёра Чырвонай Арміі. З ім быў старшы лейтэнант. Іванам назваўся. Гэта той, якога вы затрымалі ў такім непрыстойным выглядзе.
Пан Марэк сказаў, што служыць у войску, што выпадкова сустрэўся з Рэгінай і яны вырашылі наведаць мяне. Прынеслі шмат чаго смачнага, каньяк, гарэлку. Павячэралі разам, а потым пан Марэк папрасіў, каб я дазволіла яго падначаленым трохі пажыць у мяне. Паабяцаў добра заплаціць, дапамагчы прадуктамі. Я і згадзілася.
— Дзе гэты пан Марэк цяпер?
— Не ведаю. Але мне здаецца, што ён павінен быць у Рэгіны.
— Чаму вы так думаеце?
— Учора раніцай пан Марэк прыйшоў да мяне з нейкім старшыной. У таго быў аўтамат. Яны пасядзелі з гадзінку, пагаварылі са сваімі людзьмі і сышлі. Я выпраўляла іх разам з Іванам. У двары пачула, як пан Марэк ціха сказаў Івану, што калі ён спатрэбіцца, то яго можна знайсці на хутары ў Рэгіны.
— Вы добра гэта чулі?
— Вядома. Я ж не глухая.
— Значыць, Іван павінен ведаць, дзе жыве гэты маёр?
— Я таксама так думаю.
Славін паклікаў Бартошыка, даручыў яму запісаць сведчанні Шыкульскай. Той запрасіў Шыкульскую ісці за ім, і Славін задумаўся: «Цяпер слова за «старшым лейтэнантам». Але той нават прозвішча сваё не назваў. Значыць, спадзяецца выйсці з вады сухім. Чакаць ад яго праўдзівых сведчанняў — справа безнадзейная. Што ж прыдумаць?» І Славін вырашыў: пакуль ідзе допыт Шыкульской, пагаварыць са «старшым лейтэнантам». Ён падняў трубку тэлефона, патэлефанаваў дзяжурнаму.
Канваір прывёў «старшага лейтэнанта». Без рамяня, у расшпіленым кіцелі, з-пад якога выглядала зусім не армейскага ўзору брудная сподняя кашуля, ён паўстаў чалавекам, які зусім выпадкова нацягнуў на сябе афіцэрскае абмундзіраванне. Сярэдняга росту, хударлявы, са змардаваным тварам, «старшы лейтэнант» спыніўся перад сталом. Маленькія калючыя вочкі яго слізганулі па постаці Славіна. Злачынец відавочна настройваўся паводзіць сябе з выклікам.
Уладзімір запрасіў яго сесці, узяў ручку, падсунуў да сябе ліст паперы:
— Ваша прозвішча?
«Старшы лейтэнант» злосна ўхмыльнуўся:
— Пішы якое хочаш.
— Чаму я павінен пісаць якое хачу? Вы што — не чалавек?
— Гэта чаму ж? — паціснуў ён плячамі.
— А таму, што вы чалавек, а чалавеку належыць мець імя, прозвішча. Таму я і хацеў бы з вамі пазнаёміцца.
Твар затрыманага сказіла сутаргавая грымаса.
— Сысунок! Каго на мушку бярэш? Ведаеш, колькі я такіх бачыў?
У душы Славіна ўсё закіпела. Ён ледзь прымусіў сябе стрымацца, спакойна заўважыў:
— Паслухай, Іван! Калі ты будзеш сябе так паводзіць, не выключана, што я буду апошнім, з кім ты маеш магчымасць пагутарыць. Вось чаму раю не строіць дурня. Дарэчы, для інфармацыі: такіх, як ты, я ўжо сустракаў, і нямала!
Тое, што маладзейшы па ўзросце Славін перайшоў на «ты», не стушаваўся перад затрыманым, падзейнічала. Іван суцішыў свой запал і пасля нядоўгага пярэчання стомлена прагаварыў:
— Я ж выдатна ведаю, што мяне чакае. Што б я ні казаў, выратавання ўсё адно не будзе.
— Час, вядома, ваенны. З такімі, як ты, доўга цырымоніцца ніхто не стане. Тым не менш, суд пры вынясенні прысуду ўлічвае ўсе акалічнасці. Дык чаму табе не скарыстацца любым, хай нават маленькім шанцам?
— Табе колькі гадоў? — нечакана спытаў затрыманы.
Славін крыху збянтэжыўся, пераадолеўшы няёмкасць, адказаў:
— Гэта няважна. Тут мы вядзём гутарку не пра ўзрост.
— Бачу, што табе будзе гадоў дваццаць, не больш, а мне — трыццаць чатыры. Дык вось, за чатырнаццаць гадоў, якія табе яшчэ трэба пражыць, я сёе-тое пабачыў, як той казаў, пажыў у поўнае задавальненне.
— Гэта таксама да справы не адносіцца. Марэка даўно сустракаў?
Славін зразумеў, што гутарку з гэтым чалавекам трэба весці ў яго манеры, і працягваў трымацца з ім на «ты».
— Якога Марэка? Не ведаю ніякіх Марэкаў.
— Нагадаю. Той, які ходзіць у форме маёра. Зрэшты, справа твая — можаш адказваць, можаш не адказваць. На ўсякі выпадак заўважу: мы і самі многае ведаем. Я маю на ўвазе таго Марэка, які прывёў вас да Шыкульскай. Учора са сваім сябруком ён зноў прыходзіў да яе. Сябрук, між іншым, пад старшыну працуе, аўтамат мае. Хопіць нагадваць ці дадаць, што гэта ўсё той жа Марэк, з якім вы рабаваннем займаецеся?
— Не ведаю ніякага Марэка, — зацята адказваў «старшы лейтэнант».
— Ведаеш! Гэтак жа, як ведаеш і Рэгіну, у якой ён жыве. Не разумею толькі, чаму ты ўпіраешся?
— Не ведаю вашага Марэка, і ўсё тут.
— Не, не ўсё. — Славін патэлефанаваў у кабінет Бартошыка і спытаў: — Скончыў допыт? — Пачуўшы сцвярджальны адказ, паклаў трубку: — А вось Шыкульская кажа зусім іншае. Цяпер скончу з табой гутарку, а затым, калі будзеш упірацца, вочную стаўку зробім.
Допыт шмат часу не заняў. Іван адмаўляў усё. Каб запісаць яго бедныя сведчанні, спатрэбілася не больш за пятнаццаць хвілін. Славін працягнуў пратакол арыштаванаму і прапанаваў:
— Прачытай і, калі ўсё правільна, — падпішы.
Уладзімір бачыў, з якой увагай чытаў «старшы лейтэнант» свае сведчанні, і падумаў: «А раптам атрымаецца гэтага гнюса разварушыць, даведацца штонебудзь пра верхавода банды?» Злачынец прачытаў пратакол, але падпісаць яго адмовіўся.
— Прозвішча ж на ім усё адно няма, — ухмыльнуўся ён.
Славін ізноў патэлефанаваў Бартошыку, папрасіў прывесці Шыкульскую.
Жанчына пры выглядзе свайго пастаяльца пабляднела. Славін узяў прынесены Бартошыком пратакол допыту яе, хуценька прагледзеў напісаныя дробным почыркам лісткі, зачытаў тое месца, дзе гаворка ішла пра Марэка і старшыну, і спытаў у Шыкульскай:
— Гэта вашы сведчанні?
— Так, мае, — ледзь чутна адказала яна.
— Вы іх пацвярджаеце?
— Пацвярджаю.
— Добра! — Уладзімір звярнуўся да «старшага лейтэнанта»: — Што цяпер скажаш, Іван?
Той знішчальным поглядам працяў Шыкульскую, скрозь зубы прашыпеў:
— Сцерва! Аказваеца, ты не толькі на перадок слабая!
Пасля гэтых слоў Шыкульскую нібы падмянілі. Яна ўскочыла з крэсла, гучна закрычала:
— Ах ты неданосак смярдзючы! Гэты ты так са мной размаўляеш? Я, ці што, у твой дом на начлег прасілася? Я цябе ашуквала і казала, што на фронт іду? Уцягнуў мяне ў гэту гісторыю і яшчэ абражаеш? Г аніш прыстойную жанчыну, якая сумленна свой хлеб зарабляе?
— Не блытай, — з’едліва сказаў Іван, — пра якую прыстойнасць ты можаш казаць? Свой хлеб ты зарабляеш не гонарам, а. увогуле, заткніся!
Шыкульская нечакана сарвалася са свайго месца, падскочыла да Івана, адвесіла яму такую аплявуху, што той не ўтрымаўся на крэсле, даўся галавой аб сцяну. Спатрэбілася некалькі хвілін, каб ён ачуўся. Бартошык схапіў пані Шыкульскую за рукі. А яна ўвесь час ірвалася да крыўдзіцеля.
У такіх умовах працягваць допыт не мела сэнсу, і Бартошык адвёў Івана. Славін пасадзіў Шыкульскую на крэсла, наліў вады:
— Выпіце, калі ласка, супакойцеся.
— Не, вы толькі падумайце: які нахабнік! Які нахабнік! Выходзіць, не ён злодзей, а я. Прашу прабачэння, са мной гэты нумар не пройдзе! Шкада, што не дазволілі вы пагаварыць з ім да канца. Ён бы шаўковым стаў.
— Скажыце, хто яшчэ ведае Марэка?
Шыкульская на хвіліну задумалася, потым адказала:
— Ён часта сустракаўся з маімі дзяўчаткамі, але яны ўсе раз’ехаліся хто куды. Хоць чакайце-чакайце. Тут дзесьці павінна жыць Галіна Дакальская. Яна ведала Марэка дый Рэгіну таксама.
— Раскажыце пра яе.
— Чым яна пры немцах займалася — не ведаю. Але чула, што выйшла замуж за паліцая, які сышоў з акупантамі.
«Напэўна, ёсць сэнс пагаварыць з Дакальскай», — падумаў Уладзімір і папрасіў Шыкульскую пачакаць у калідоры, а сам пайшоў да начальніка аддзела. Сцісла далажыў пра ўсё, што ўдалося высветліць.
Пётр Пятровіч распарадзіўся Шыкульскую адпусціць, а ў яе кватэры працягваць трымаць засаду. Уладзіміру ён загадаў адпачываць, а на наступны дзень з раніцы прыступіць да пошуку Дакальскай.
Уладзімір Славін
Прайшоў тыдзень. Усе гэтыя дні Уладзімір шукаў Галіну Дакальскую. Дадзеных пра яе не было нават у старых паліцэйскіх архівах. Аператыўніку давялося папрацаваць, апытаць дзясяткі людзей, каб атрымаць звесткі пра гэту жанчыну. Высветлілася, што цяпер яна Кладнова Г аліна Сцяпанаўна, пражывае ў невялікай хатцы на ўскраіне горада.
Апоўдні Славін, Крайнюк і Мамонаў, апрануты ў форму малодшага лейтэнанта НКУС, пастукалі ў дашчаныя дзверы хаты Кладновай. Адкрыла маладая жанчына ў накінутым на плечы футры. Яна адказала на прывітанне і, даведаўшыся, што перад ёй супрацоўнікі НКУС, разгубілася. Славін першым увайшоў у кватэру і. спыніўся, здзіўлены бляскам люстэркаў і бронзы. На падлозе — дарагія варсістыя дываны. У другім пакоі за сталом сядзелі сяржант і маёр з зоркай Героя Савецкага Саюза на грудзях. На стале некалькі бутэлек гарэлкі, закуска.
— Дабрыдзень, таварышы. Мы супрацоўнікі НКУС, — прадставіўся Мамонаў. — Прашу прад’явіць дакументы.
Малодшы лейтэнант падышоў бліжэй да стала, стаў каля сяржанта, Славін заняў месца побач з маёрам, які ўстаў і расшпіліў кіцель, дастаючы дакументы. Сяржант раптам ускочыў з крэсла:
— Каго вы, пацукі тылавыя, правяраеце? Нас, франтавікоў? Ды я цяпер!.. — і ён тэатральным жэстам пляснуў па сваёй кішэні. Ззаду пстрыкнуў затвор пісталета. Гэта Крайнюк падрыхтаваў зброю да стральбы.
Славін наблізіўся да сяржанта:
— Спакойна, таварыш сяржант! Не крычыце. Мы знаходзімся пры выкананні службовых абавязкаў. Гэта можа скончыцца для вас дрэнна. Прычым раней, чым вы думаеце.
Спакойны, упэўнены тон Уладзіміра асадзіў сяржанта.
— Вы ўсё адно не маеце права правяраць нашы дакументы. Давайце сюды камендатуру.
Маёр перабіў:
— Канчай істэрыку, сяржант! Прад’яві дакументы і не дуры! — і ён працягнуў Славіну пасведчанне і іншыя паперы.
— Вось мае дакументы.
Славін спытаў:
— Сяржант з вамі?
— Не. Еду, як вы бачыце, у адпачынак. Тут перасадка. Трэба чакаць свайго цягніка амаль шэсць гадзін. А тут ён падвярнуўся, кажа: «Пойдзем, маёр, пасядзім у знаёмых». Ну, я і пагадзіўся. Не ведаў, што ён такі нервовы, — і зноў звярнуўся да сяржанта: — Чаго ўпіраешся? Прад’яві дакументы!
— Не буду, і ты мне, маёр, не ўказ. Хай вядуць да каменданта, а з гэтымі размаўляць няма чаго!
— Дурань! — не хаваючы раздражнення, заўважыў маёр і сеў на сваё месца, наліў у шклянку гарэлкі, выпіў, хруснуў салёным агурком.
А сяржант нечакана рэзка адпіхнуў ад сябе Мамонава, затым Славіна, кінуўся да акна. Аднак Крайнюк быў напагатове. Кароткім моцным ударам ён збіў сяржанта з ног, завярнуў яму рукі, спрытна выцягнуў з кішэні галіфэ «вальтар».
Славін узяў пісталет у рукі і, разглядаючы яго, прагаварыў:
— Не думаю, што гэта ваша табельная зброя, — і кіўнуў Мамонаву: — Абшукай!
У кішэні шыняля былі выяўлены дзве гранаты-«лімонкі», фінскі нож. Дакументаў ніякіх не аказалася. Славін спытаў:
— Дык дзе ж вашы дакументы?
Сяржант унурыўся галавой, асуджана прагаварыў:
— Узялі, сексоты! На мякіне правялі!
Славін папрасіў Мамонава і Крайнюка даставіць затрыманага ў аддзел, а сам застаўся ў кватэры. Пасля кароткай гутаркі ён зразумеў, што маёр нічога карыснага паведаміць не можа, і адпусціў яго.
Уладзімір звярнуўся да Дакальскай:
— Даўно ведаеце сяржанта?
— Пераначаваў дзве ночы, і толькі.
— Дзе пазнаёміліся?
— На вакзале. Я працую там касірам. Пасля работы выйшла на прывакзальную плошчу, ён і прычапіўся да мяне. Сказаў, што франтавік, папрасіўся на начлег. Пашкадавала яго, пагадзілася. Я ж не ведала, што ён не той, за каго сябе выдае.
— Адкуль вы ведаеце, што ён «не той»?
— Яшчэ ўчора, калі ён ап’янеў і заснуў, вырашыла паглядзець дакументы. Ні ў кішэнях шыняля, ні ў кіцелі, ні ў штанах нічога не знайшла.
— Чаму ў міліцыю ці камендатуру не заявілі?
— Хацела паведаміць — не паспела.
— Зброю бачылі?
— Толькі нож. Пісталет, мабыць, пад падушкай хаваў.
— Часта такія суб’екты ваш дом наведваюць?
— Не, што вы! Першы раз.
— Рэгіна Птушак не заходзіла?
— Не, не заходзіла. Даўно ўжо не бачыла яе.
— Як даўно?
Кладнова на хвіліну задумалася:
— Год, а можа, паўтара.
— А вы самі даўно ў яе былі? — гэта пытанне Славін задаў, не разлічваючы на станоўчы адказ. Але жанчына нечакана сказала:
— О, ужо гады два як не была.
Славін ледзь стрымаў хваляванне:
— Дзе яна жыве?
— На хутары. Ад горада кіламетраў дваццаць будзе.
— Дарогу добра ведаеце?
— Так, памятаю.
— Вы кажаце праўду, што даўно яе не бачылі?
— Далібог! Хлусіць няма чаго.
— А Птушак пацвердзіць вашы словы?
— Вядома. Можаце самі яе спытаць.
— Што ж, з’ездзім з вамі да яе, праверым.
— Калі ласка, з задавальненнем.
Адчыніліся дзверы, у пакой увайшлі Мамонаў і Крайнюк.
Славін прапанаваў гаспадыні:
— Збірайцеся, пачакаем вас у двары.
Аператыўнікі выйшлі. Мамонаў сказаў:
— Затрыманы дэзерцірам аказаўся. Ужо тры месяцы як у вышуку знаходзіцца.
Славін сцісла расказаў сябрам пра гутарку з Кладновай. Тыя адразу павесялелі. Мамонаў прапанаваў:
— Выдатна! Адразу ж паедзем на хутар!
— Адразу нельга, — запярэчыў Славін. — Павязём у аддзел. Там і вырашым, што рабіць далей.
З ганка спусцілася Кладнова. Мамонаў выйшаў на праезжую частку вуліцы, спыніў «віліс». Ён прад’явіў вадзіцелю пасведчанне, папрасіў падвезці іх да месца службы.
Прайшло некалькі хвілін, і яны ўвайшлі ў будынак, дзе размяшчаўся аддзел. Славін тут жа накіраваўся да Мачалава, далажыў пра вынікі наведвання кватэры Кладновай. Той выслухаў яго і сказаў:
— А зараз запрашай усю аператыўную групу. Трэба дзейнічаць, не губляючы ні хвіліны.
— Пётр Пятровіч! Пакуль будуць збірацца людзі, дазволь яшчэ раз пагаварыць з Іванам. Тым больш што на наш запыт толькі-толькі прыйшоў адказ, і мы ўжо ведаем, хто ён такі. Думаю, ёсць сэнс паспрабаваць развязаць яму язык. Трэба неяк атрымаць звесткі пра тых, хто разам з «маёрам» знаходзіцца на сялібе, даведацца іх прозвішчы, якую зброю маюць.
Мачалаў не пярэчыў, і Славін, перадаўшы дзяжурнаму па аддзеле ўказанне пра збор аператыўнай групы, накіраваўся ў камеру.
Іван сядзеў на насціле з груба пазбіваных дошак, здавалася, зусім не звярнуў увагі на рыпенне абітых бляхай дзвярэй і Славіна.
Уладзімір моўчкі сеў на прыбіты да падлогі табурэт, нягучна спытаў:
— Як справы, Іван?
Той паціснуў плячамі, без ахвоты адказаў:
— Справы — у вас. У мяне — гультайства.
— Я і прыйшоў, каб пазбавіць вас ад гультайства, — Славін наўмысна перайшоў на «вы», як бы падкрэсліваючы, што наступіў новы этап у іх адносінах. — Думаю, што час пагаварыць ужо сур’ёзна, Іван Сяргеевіч.
Арыштаваны здрыгануўся:
— Што? Імя па бацьку даведаліся?
— Не толькі імя па бацьку, але і прозвішча. Цяпер нам вядома, што вы — Масленікаў, што раней тройчы асуджаны, што амаль год назад здзейснілі ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі. Адно толькі незразумела: чаму вы сюды прыбылі? Вырашылі да немцаў падацца?
— На які хрэн мне гэтыя немцы? Я ж не сляпы. Бачу, што капут ім, — ён памаўчаў, затым працягваў: — Думаў, у гэтай адзежы лягчэй будзе зацерціся сярод тысяч вайскоўцаў.
— Дзеці ёсць?
Масленікаў не чакаў такога пытання, збянтэжана прамармытаў:
— Быў адзін. цяпер дзесьці гадоў трынаццаць-чатырнаццаць будзе яму. А чаму вы пра гэта пытаеце?
Масленікаў неўпрыкмет для сябе пачаў звяртацца да Славіна таксама на «вы». Уладзімір не прамінуў гэту акалічнасць, падумаў сам сабе: «Бач ты! Запаважаў. Трэба паспрабаваць выклікаць на адкрытую размову».
— Ды проста падумаў: няўжо чалавек можа так па-дурному на зямлі пражыць і нават пасля сябе нічога не пакінуць?..
— Гэта вы правільна заўважылі — «пражыць». Маё жыццё ўжо ззаду, наперадзе — «вышка».
— Вядома, за ўсё, што вы нарабілі, да таго ж у ваенны час, вам цалкам могуць прысудзіць вышэйшую меру пакарання. Але яшчэ падчас нашай першай сустрэчы я казаў, што не трэба губляць шанцаў застацца ў жывых. Цяпер вам прапануецца такі шанец.
— Што я павінен рабіць?
— Казаць праўду.
Масленікаў задумаўся. Ён упёрся локцем у калені, абхапіў рукамі галаву. Славін спакойным тонам працягваў пераконваць:
— Не хачу хаваць ад вас: сваімі праўдзівымі сведчаннямі вы скароціце нам час, неабходны для расследавання гэтай справы, і, самае галоўнае, напэўна прадухіліце непатрэбныя ахвяры. Дарэчы, Галіну Дакальскую, цяпер Кладнову, ведаеце?
— Не, упершыню чую.
— Справа ў тым, што гэта былая сяброўка Рэгіны Птушак. Кладнова сёння пакажа хутар, дзе жыве Рэгіна.
— Навошта ж вам мае сведчанні? — ледзь усміхнуўшыся, спытаў арыштаваны.
— Нас цікавіць колькасць людзей на хутары, іх узбраенне. Самі разумееце, наколькі гэта важна.
— Двое іх, — неахвотна працадзіў Масленікаў і дадаў: — Марэк і Віктар.
— Прозвішчы іх ведаеце?
— Не, не ведаю. Ды і на які ляд яны патрэбныя!
— Дзе вы з імі пазнаёміліся?
— Тут, у горадзе.
— Даўно?
— Каля месяца.
— Дзе вайсковае абмундзіраванне ўзялі?
— Без мяне даставалі.
— Як яны гэта вам растлумачылі?
— Сказалі, што ў лесе на машыну напалі, а ў ёй абмундзіраванне было.
Славін успомніў, як некалькі месяцаў назад сапраўды быў здзейсне-
ны напад на машыну, якая дастаўляла абмундзіраванне ў адну з вайсковых часцей. Загінулі шафёр і суправаджаючыя машыну старшына і салдат. Тады вырашылі, што гэта справа рук немцаў, якія адсталі ад фронту, тым больш што гільзы, выяўленыя на месцы здарэння, былі ад нямецкай стралковай зброі. Славін спытаў:
— Дзе схавана астатняе абмундзіраванне?
— Там жа, у Рэгіны ў хляве, у сене.
— Праўду кажаце?
— Навошта хлусіць? Можа, сапраўды залічыце і дасце яшчэ трохі пажыць на белым свеце.
— Добра. Тады запішу вашы сведчанні.
Масленікаў моўчкі кіўнуў галавой. Славін выйшаў з камеры, накіраваўся ў следчы кабінет. Перад тым як працягнуць допыт, Уладзімір патэлефанаваў начальніку. Той выслухаў яго, загадаў:
— Давай зробім так: ты садзіся і запісвай сведчанні. Важна не ўпусціць момант. Тым часам нашы з’ездзяць з Дакальскай у раён хутара, выставяць назіральнікаў і вернуцца ў горад. Табе падашлём машыну і ахову, возьмеш з сабой Масленікава. Паглядзім, на які хутар ён прывязе. Потым супаставім іх сведчанні і будзем прымаць рашэнне.
— Зразумеў. Якую машыну дашлеце?
— Дам табе свайго «казла».
— Вось дзякуй! Хоць перажываць не буду — як бы Масленікаў не збег.
Славін паклаў трубку, пачаў рыхтавацца да допыту.
Канваір увёў Масленікава. Арыштаваны станавіўся ўсё больш адкрытым. Ён падрабязна расказаў пра ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі, як абрабаваў некалькі кватэр, якім чынам прабраўся сюды, у горад, дзе разлічваў здабыць сапраўдныя дакументы, па іх патрапіць у дзеючую армію. Бо адчуваў, што вайна набліжаецца да канца. А гэта значыць, што пасля перамогі можна будзе з’ехаць куды-небудзь у глыб краіны і жыць па чужых дакументах. Хто будзе правяраць былога франтавіка?
Адкрытым быў Масленікаў і тады, калі Славін пацікавіўся яго «сябрамі». Расказаў усё, што ведаў. Аказалася, што двое з гэтых «сяброў» — былыя паліцаі, астатнія — крымінальнікі, якіх выпусцілі з турмы немцы.
Масленікаў амаль нічога не ведаў пра Марэка і «старшыну».
— Разумееце, — казаў ён, — спрабаваў я некалькі разоў высветліць, хто яны, але выгіналіся, як вужы, ухіляліся ад адказу.
— Чым яны ўзброены?
Масленікаў нявесела ўсміхнуўся:
— Танкаў і самалётаў няма, астатняе — маецца! — ён памаўчаў трохі і дадаў: — Аўтаматы, пісталеты, гранаты ў хаце захоўваюць. У хляве — два кулямёты, процітанкавае ружжо сенам прыкрыты. Злева, у куце, процітанкавыя міны ляжаць.
— Якую мэту яны ставяць перад сабой?
— Сабраць пабольш людзей і пагуляць, пакуль не спыняць. Марэк аднойчы п’яны ляпнуў, што хоча золата назапасіць, у Бразілію махнуць.
Нарэшце Славін скончыў пісаць. Даў арыштаванаму падпісаць пратакол допыту. Затым яны пайшлі да машыны. Славін сеў побач з вадзіцелем, Масленікаў — на заднім сядзенні паміж двума аўтаматчыкамі. Ехалі доўга. Масленікаў зрэдку падказваў вадзіцелю, дзе паварочваць. Дарога была моцна заснежана, і машына прасоўвалася наперад на невялікай хуткасці.
Неўзабаве заехалі ў лес. Паабапал у белых строях сцяной стаялі высокія елкі. Пасля дваццаціхвіліннай язды па лесе Масленікаў папрасіў спыніць машыну. Уважліва гледзячы наперад праз ветравое шкло, ён няўпэўнена прагаварыў:
— Здаецца, тут. Дазвольце выйсці з машыны?
— Давайце выйдзем, — пагадзіўся Славін і адкрыў дзверцы.
Іван зрабіў некалькі крокаў па хадзе машыны, спыніўся, аглядаючыся па баках. Аўтаматчыкі насцярожана сачылі за кожным рухам. Але Масленікаў разумеў, што бегчы бессэнсоўна, уважліва ўзіраўся ў мясцовасць. Нарэшце паказаў рукой на вузкую прасеку:
— Вось тут была сцяжынка, снегам занесла. Па ёй можна прама да хутара прайсці.
— Далёка ісці?
— Не больш за кіламетр.
Славін занепакоіўся: «Нашы ж з Кладновой паехалі, а слядоў — ніякіх. Няўжо іншы хутар паказала?» Падышоў да прасекі. Вецер занёс снегам сцяжынку, і цяпер ледзь-ледзь праглядаліся нечыя сляды. Цяпер ужо было цяжка вызначыць, калі яны пакінуты. Ва Уладзіміра мільганула думка: «А што, калі пешшу прайсці да хутара? Паглядзець, пакуль яшчэ светла, дзе ён размешчаны? А, хай будзе, што будзе!» Ён вярнуўся да машыны, загадаў канваірам пасадзіць арыштаванага ў машыну, а сам, правальваючыся па калена ў снезе, накіраваўся ўздоўж прасекі.
Ісці было цяжка. Нарэшце наперадзе, на шырокай паляне, ён убачыў вялікую хату, два хлявы, гумно — акружаныя паўколам невысокім рэдкім дашчаным плотам. Далей, уздоўж агароду, цягнулася загарадзь з доўгіх жэрдак. Ля аднаго хлява фыркаў конь, недалёка ад яго скакаў вялікі кудлаты сабака. Людзей не было відаць. Але дым, які валіў з трубы, сведчыў, што хутар не пустуе. Славін схаваўся за ствалом елкі, уважліва назіраў за хатай і хлявамі, стараючыся запомніць, як яны размешчаны, вызначаў падыходы да іх.
Нарэшце Уладзімір накіраваўся назад. Калі прыйшоў да стаянкі, было ўжо цёмна.
Машына крута развярнулася і паехала да горада. Масленікаў спытаў:
— Ну як? Знайшлі?
— Знайшоў. Хата, два хлявы, гумно. Правільна?
— Так.
Славін, жадаючы праверыць, наколькі Масленікаў праўдзівы, спытаў:
— Не ведаеце, сабака ў іх ёсць?
— Быў, — адказаў Масленікаў і тут жа ўдакладніў: — Велізарны, кудлаты.
— Колькі ў іх коней?
— Тры.
— Даводзілася чуць, дзе цяпер муж Рэгіны?
— Пра гэта гаворкі не было. Ведаю толькі, што Марэк спаў з ёй.
— Дарэчы, вам не даводзілася бачыць яго дакументы?
— Не паказваў, хоць ставіўся да мяне з павагай. Аднойчы ў горадзе мы ўтрох ішлі па вуліцы. Раптам насустрач — каменданцкі патруль. Спыніў нас. Марэк дастаў нейкія дакументы, прад’явіў, і нас адпусцілі. Што за дакументы, на чыё прозвішча — не ведаю.
— Прозвішча старшыны таксама не ведаеце?
— Не, не ведаю. Але ён казаў, што пасля нападу на машыну забраў дакументы забітых — вадзіцеля і тых двух чалавек, якія суправаджалі.
Машына нарэшце заехала ў горад. Прайшло яшчэ некалькі хвілін, і Славін ужо ўваходзіў у кабінет начальніка. Той, убачыўшы Уладзіміра, нецярпліва спытаў:
— Ну што? Паказаў?
— Так, сапраўды! Паказаў. А Кладнова паказала?
— Не. Не змагла знайсці ў лесе паварот, які вядзе да хутара. Асабіста яна была ў Птушак, здаецца, толькі два разы. Цяпер усё занесла снегам, і Кладнова, як ні старалася адшукаць дарогу да хутара, так і не змагла.
— Па якой дарозе ехалі?
— Дарогу яна памятае. Вось паглядзі, — Пётр Пятровіч падышоў да стала і разгарнуў карту, — бачыш? Ехалі па гэтай дарозе.
— Правільна! — узрадаваўся Славін. — Масленікаў таксама па гэтай дарозе вёў. Паварот прыблізна ў гэтым месцы. Масленікаў нядаўна там быў і то ледзь пазнаў. А вось тут — сядзіба Рэгіны Птушак.
І Славін падрабязна расказаў, як ён аглядаў хутар.
— Уначы зможаш знайсці дарогу да яго? — спытаў начальнік аддзела.
— Вядома.
— Тады ідзі адпачывай. Гадзіны ў тры падымем цябе, адвязём групу назіральнікаў, расставім у лесе вакол хутара. Калі пераканаемся, што бандыты там, пачнём аперацыю.
Оперупаўнаважаны аддзела барацьбы з бандытызмам Уладзімір Славін
Ноч была на рэдкасць лютай. У кузаў крытага грузавіка селі сямёра супрацоўнікаў. Брызент хаваў пасажыраў ад ветру, але моцны мароз залазіў у валёнкі, пад паўкажушкі, неміласэрна хапаў за нос і шчокі. Ехалі моўчкі. Славін сядзеў у кабіне, але пачуваўся ніякавата. Начальнік аддзела вылучыў яму гэтае месца, каб паказваў дарогу, а сам разам з астатнімі аператыўнікамі забраўся ў кузаў.
Уладзімір пільна ўзіраўся ў дарогу, у лес, што прабягаў паўз яе. Ён вельмі баяўся падвесці таварышаў і прагледзець паварот на хутар. Адно — днём, зусім інакш — уначы. Паспрабуй пазнай тую прасеку, якая вядзе да хутара. Спідометр у грузавіку не працаваў, і вызначыць, колькі кіламетраў засталося ззаду, было немагчыма. Уладзімір узрадаваўся, калі машыну моцна страсянула: яна заехала на драўляны масток, перакінуты праз невялікі раўчук. Парэнчаў у мастка не было. Пакрыты снегам, ён амаль не выдзяляўся. Але Уладзімір памятаў, як учора днём іх «казла» гэтак жа моцна падкінула, як цяпер і грузавік. Ён падумаў: «Хвілін дзесяць засталося. Грузавік едзе, мабыць, з такой жа хуткасцю». Вадзіцель, пажылы старшына, флегматычна спытаў:
— Што? Хутка пад’едзем?
— Не хвалюйся, Ваня. Хутка спынімся. Трэба зарыентавацца, — і Уладзімір паглядзеў наперад. Не, не памыліўся.
Роўна праз дзесяць хвілін ён сказаў вадзіцелю спыніцца. Выйшаў з кабіны, агледзеўся і пайшоў да задняга борта.
— Прыехалі, можна выходзіць.
Калі ўся аператыўная група падышла да прасекі, Мачалаў пакінуў з вадзіцелем толькі аднаго аўтаматчыка. Астатнім супрацоўнікам прапанаваў ісці за ім. Праўда, цяпер прабірацца праз густы лес у цемры, па пояс у снезе, было значна складаней. Толькі к сямі гадзінам супрацоўнікі падышлі да паляны. Далей рухацца было рызыкоўна.
Пётр Пятровіч адвёў групу метраў на пяцьдзясят у глыб лесу, яшчэ раз праінструктаваў кожнага супрацоўніка.
— Калі яны на хутары, — растлумачыў начальнік напрыканцы, — то абавязкова будуць выходзіць у двор. Ваша задача — палічыць, колькі іх тут сабралася. Калі будзе ўсё ясна, адзін з вас павінен дабрацца да дарогі, павярнуць у бок горада. Прайшоўшы з паўкіламетра, ён заўважыць наш грузавік, а крыху ўбаку, ля вогнішча, — нашых людзей. Тыя будуць прыкідвацца, быццам машына сапсавалася і стала на рамонт. Калі да абеду пасланец не з’явіцца, вас падменяць іншыя супрацоўнікі, а вы адправіцеся да машыны.
— А калі бандыты пойдуць у лес, наткнуцца на нас ці выявяць нашы сляды? — пачулася пытанне.
— Ваша задача — назіраць. Але калі раптам здарыцца і такое, дзейнічайце па становішчы. Нездарма ж у вас аўтаматы. Ёсць яшчэ пытанні?
Супрацоўнікі маўчалі.
— Калі пытанняў няма, значыць, заданне зразумела. Займайце кожны сваё месца.
Славін меркаваў, што яму таксама давядзецца назіраць за хутарам, але начальнік вырашыў інакш. Як толькі аператыўнікі размясціліся на сваіх пазіцыях, ён падышоў да дарогі і загадаў Уладзіміру ісці за ім.
— Пётр Пятровіч, можа, я застануся з хлопцамі?
— Не. Прыедзеш сюды з групай захопу.
Далей яны ішлі моўчкі. Машына ўжо развярнулася, стаяла недалёка ад павароту. Уладзімір і аўтаматчык, які застаўся з шафёрам, забраліся ў кузаў, і грузавік паехаў, але праз хвіліну-другую спыніўся. Мачалаў выйшаў з кабіны і, пыхкаючы папяросай, падышоў да задняга борта:
— Пачакаем, цяпер нашы пад’едуць.
І сапраўды, неўзабаве з’явіўся «казёл». У ім прыехала яшчэ пяцёра супрацоўнікаў, у тым ліку Мамонаў, Бартошык і Крайнюк. Начальнік аддзела, звяртаючыся да Славіна, падкрэслена гучна, каб чулі ўсе, сказаў:
— Ну што, Уладзімір Міхайлавіч? Я так думаю: раз ты ўчапіўся за гэту групу, то табе і канчаць з ёй. Прымай камандаванне, а я паехаў у аддзел. Маса тэрміновых спраў, і ўсе чакаюць свайго рашэння.
Ён сеў у легкавую машыну.
Бартошык, куражачыся, спытаў:
— Што, таварыш начальнік? Пачнём камандаваць?
— А як жа, таварыш Бартошык! — хаваючы ўсмешку, адказаў Славін і знарок загадным тонам дадаў: — А ну, марш распальваць вогнішча!
Усе пайшлі ў лес, і адтуль пачуўся трэск сухога галля. Вадзіцель залез у кузаў, скінуў на дарогу запасное кола, затым падкаціў яго да пярэдняга. Побач на кавалку брызенту расклаў прылады, на капот паставіў паяльную лямпу, а ў матор уставіў завадную ручку. Назіраючы за яго дзеяннямі, Славін ухвальна падумаў: «Вось гэта старшына! Ведае сваю справу!»
Тым часам недалёка ад абочыны весела ўспыхнула вогнішча. У групе аператыўнікаў сабраліся людзі бывалыя: хто прайшоў загартоўку ў дзеючай арміі, хто — у партызанах. Напоўніць кацялок снегам, падвесіць яго над агнём — вучыць нікога не патрабавалася. Антошын прынёс да вогнішча некалькі металічных кубкаў, рэчмяшок, адтуль дастаў цукар, кавалак сала, хлеб. Хітра зірнуўшы на Славіна, падміргнуў супрацоўнікам:
— Вось калі б начальнік здагадаўся прыхапіць што-небудзь больш істотнае, тады б я пагадзіўся працаваць пад яго камандай хоць усё жыццё.
— Бач чаго захацеў! — усміхнуўся Славін. — А кукіш з макам не хочаш?
— Фі, як груба! Не да твару кіраўніку. Хто ж так з падначаленымі размаўляе? — удавана пакрыўдзіўся Антошын. — Вы, таварыш начальнік, як бачу, харчышак з сабой ніякіх не прыхапілі. Хоць за грубасць вас можна пакараць: пакінуць галодным.
Але Славін не здаваўся:
— Яшчэ адно слова, і я накірую вас на пост замяніць каго з нашых людзей. А туды, як вядома, харчышкі, якія вы ў сваім рэчмяшку цягаеце, браць нельга. Так што вы таксама многім рызыкуеце. Прычым не толькі застацца галодным, але і назаўжды пазбавіцца такога смачнага сала.
Усе засмяяліся, а Антошын пхнуў сябра ў плячо:
— Добра! Падзелімся, Бог з табой.
Аператыўнікі размясціліся вакол вогнішча, пачалі есці. Аднак з-за павароту хутка з’явіўся чалавек.
— Дык гэта ж наш! — пазнаў свайго супрацоўніка Антошын.
І сапраўды, падышоў Брытвін, памочнік оперупаўнаважанага. Ён увесь пакрыўся шэранню і, пераводзячы частае дыханне, паведаміў:
— Уладзімір Міхайлавіч, яны там!
— Дакладна пераканаліся?
— Вядома. У «старшыны» добра бачна павязка на шыі, і «маёра» запрыкмецілі. Абодва некалькі разоў выходзілі ў двор. То дровы насілі ў хату, то ў прыбіральню па чарзе бегалі, то ў хлеў чагосьці два разы лазілі.
— Ясна, — працягнуў Славін, зірнуўшы на аператыўнікаў. — Збірайцеся, таварышы. Не забудзься, сябар Антошын, сальца і іншыя смачныя рэчы разам з мяшэчкам у машыне пакінуць.
Антошын, не адказваючы, шпурнуў рэчмяшок у кузаў. Славін загадаў старшыне-вадзіцелю праз паўгадзіны падагнаць машыну на ранейшае месца. Група рушыла ў дарогу.
Гэтым разам яны ішлі напрасткі, па прасецы. Такім чынам удалося скараціць час на дарогу. Неўзабаве ўсе сабраліся разам. Яшчэ раз уважліва вывучыўшы становішча, Славін пакінуў двух супрацоўнікаў на ўзлеску: калі злачынцы паспрабуюць прабрацца ў гэты кут, яны абавязкова патрапяць у пастку. Астатнія ўдзельнікі аператыўнай групы, зрабіўшы вялікі круг, пачалі набліжацца да хутара. З гэтага боку вокны хаты прыкрываў хлеў. Гэтым і вырашыў скарыстацца Славін, каб неўпрыкмет падысці да будынкаў.
Вось і хата. Аператыўнікі на нейкі момант стаіліся за глухой сцяной, намерваючыся больш дакладна ўзгадніць свае далейшыя дзеянні. І тут усе збянтэжыліся: з-за вугла высунулася кудлатая сабачая пыса. Сабака падаўся яшчэ трохі наперад, у нерашучасці спыніўся, гледзячы на чужых людзей. Ён выскаліў вялікія белыя іклы, глуха загыркаў, як здалося супрацоўнікам, не вельмі зласліва. Славін, не разважаючы, выняў з кішэні частку свайго сухога пайка — кавалак каўбасы, — асцярожна шпурнуў сабаку. Той схапіў пачастунак і гультаявата адышоў да сваёй будкі. Уладзімір з палёгкай уздыхнуў, жэстам загадаў траім супрацоўнікам абысці хату справа. Астатніх людзей павёў налева. Хлопцы дзейнічалі энергічна, зладжана. Ля кожнага акна непрыкметна спынілася па адным аўтаматчыку.
Славін і іншыя аператыўнікі, сагнуўшыся, пракраліся пад двума вокнамі, паціху адчынілі дзверы, увайшлі ў сенцы. Трохі пастаялі, каб вочы прывыклі да прыцемку. Наперадзе былі дзверы ў жылое памяшканне. Але што за імі? Ніхто не ведаў размяшчэння пакояў. Таму супрацоўнікі яшчэ ў лесе дамовіліся, што кожны будзе ўрывацца ў бліжэйшы да яго пакой. Славін асцярожна прыадчыніў дзверы, убачыў вялікую сялянскую печ, стол. За ім сядзелі двое мужчын і жанчына. Уладзімір рэзка расчыніў дзверы, прама з парога загадаў:
— Ні з месца! Рукі ўгару!
У гэты момант супрацоўнікі пракраліся ў два іншыя пакоі.
Яшчэ ні пра што не пытаючы, Уладзімір зразумеў, што тыпы, якія сядзяць з паднятымі рукамі за сталом, былі менавіта тымі, каго шукала аператыўная група. На шыі крайняга — зашмальцаваны бінт. У таго, што быў побач з ім, — вялікі шнар на твары. Не даючы бандытам апамятацца, супрацоўнікі вывелі іх з-за стала, звязалі рукі. Жанчыну вывелі ў суседні пакой, каб яна не перагаворвалася з бандытамі.
Усё было зроблена настолькі хутка, што ніхто са злачынцаў нават не паспеў ачомацца.
Агледзелі хату, хлявы. Там аказаліся не толькі выкрадзеныя рэчы, дакументы, каштоўнасці, але і шмат зброі. У гаспадарцы Птушак знайшлося двое вялікіх саняў, якія супрацоўнікі даверху завалілі боепрыпасамі, запрэглі коней.
Славін разглядаў зорку Героя, знятую з кіцеля ўяўнага маёра:
— Як ты мог сваімі бруднымі рукамі чапаць яе?
— Падумаеш! — нахабна ўхмыльнуўся бандыт. — А можа, я пакрасавацца хацеў?
— Нядоўга ж ты красаваўся!
— Што нас чакае? — нясмела, лісліва спытаў «старшына».
— Адплата, — цвёрда адказаў Славін і загадаў збірацца ў шлях.
Старшы лейтэнант Аляксей Купрэйчык
Дзень Перамогі Купрэйчык сустракаў у Берліне. Праўда, не ў цэнтры, а на яго ўскраіне, бо, патрапіўшы пасля шпіталя ў дывізіённую разведку, ён пасля ранення яшчэ так і не прыйшоў у форму. Начальнік разведкі дывізіі падпалкоўнік Арбатаў не дазваляў пакуль Аляксею хадзіць на заданні, і ён займаўся тым, што ў развалінах выяўляў і арыштоўваў нямецкіх салдат і афіцэраў. Цяпер недахопу ў палонных не было. Варта было спусціцца ў любы ацалелы склеп, там абавязкова хаваліся гітлераўскія афіцэры ці салдаты, іх, як правіла, без допыту збіралі ў агульныя групы і накіроўвалі на зборны пункт. Але Купрэйчык увесь час нудзіўся па сваім узводзе і надакучаў Арбатаву просьбамі. Падпалкоўнік быў чалавекам строгім і сухім. Пры кожнай просьбе Купрэйчыка ён моршчыўся і адмахваўся:
— Ну чаго ты прычапіўся да мяне. Паглядзі на сябе: адна скура ды яшчэ костак крыху ў дадатак, ледзь на нагах трымаешся. Вось акрэпнеш як трэба, тады і пашлём ва ўзвод, а пакуль займайся тым, што табе даручылі.
Ад такіх гутарак у Купрэйчыка на душы было моташна. Ён, баявы афіцэр, які прайшоў амаль усю вайну ад Масквы да самага Берліна, павінен адседжвацца ўдалечыні ад перадавой. Яго настрой нават не стаў лепшым пасля таго, як узнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі за той апошні бой, калі ён быў паранены. Аляксея цягнула на перадавую.
Але вось вайна скончылася. Для разведчыкаў наступіла пара бяздзейнасці, і Купрэйчык намерваўся адшукаць свой былы ўзвод, павіншаваць хлопцаў з перамогай, успомніць тых, хто не дайшоў да Берліна і склаў свае галовы дзеля гэтай перамогі, але яго нечакана выклікалі ў штаб дывізіі. Там уручылі прадпісанне, дзе было сказана, што старшы лейтэнант Купрэйчык Аляксей Васільевіч адкамандзіроўваецца ў распараджэнне Наркамата ўнутраных спраў і павінен з’явіцца праз тыдзень у горад Мінск.
Падпалкоўнік Арбатаў упершыню па-сяброўску ўсміхнуўся Купрэйчыку:
— Ну вось, бачыш, як я правільна рабіў, што збярог цябе. Цяпер ты патрэбен краіне для іншых спраў. Ну, дай я цябе абдыму на развітанне.
Праз трое сутак Купрэйчык прыбыў у Брэст і адразу ж накіраваўся ў шпіталь да Надзі. Усё здарылася так хутка, што ён ёй нават не паспеў напісаць пра новае прызначэнне.
Ехаць было недалёка, і неўзабаве ён, сышоўшы са спадарожнага грузавіка, апынуўся сярод мора зеляніны, кветак, сонца. Удыхаючы поўнымі грудзьмі чыстае п’янкое паветра, ён лёгкім крокам ішоў па сцяжынцы, якую толькі што паказаў яму сустрэчны пажылы старшына.
«Прыгажосць-та якая, вось і наступіла сапраўднае мірнае жыццё!» Ад гэтай думкі Аляксею захацелася спяваць, гучна крычаць, смяяцца. Дзіва што, ён прайшоў усю вайну, дзясяткі разоў глядзеў смерці ў вочы — і застаўся жывы! Наперадзе мір, жонка, жыццё! Яго цешыла ўсё: і птушкі, і сонца, і зеляніна роднай зямлі! Як яму хацелася цяпер легчы на гэту вабную родную зямлю, дакрануцца шчакой да мяккай сакавітай травы! Але наперадзе, дзесьці там, за кустамі, што віднеліся непадалёку, ужо праглядаліся хаты, а там — шпіталь, а ў ім Надзя, яго жонка!
— Наперад, дзядзька! — гучна скамандаваў сам сабе Аляксей. — Хутчэй — і ты будзеш узнагароджаны!
Так, яму сёння адназначна шанцавала. Толькі ўвайшоў праз расчыненыя насцеж велізарныя драўляныя вароты, якія вялі на тэрыторыю шпіталя, як сустрэў Надзю. Яна ішла з нейкай дзяўчынай і пра штосьці весела гаварыла. Абедзве былі апрануты ў белыя халаты, але Аляксей адразу ж пазнаў яе. Ён дагнаў іх, плячом злёгку адсунуў дзяўчыну ад Надзі і пайшоў побач з ёй. Дзяўчына хацела абурыцца, але, убачыўшы ўмольны погляд сімпатычнага старшага лейтэнанта, маўчала, чакаючы, што ж будзе далей. А Надзя весела і бестурботна ішла крыху наперадзе, працягвала свой расповед пра ўчарашняе выступленне на сходзе нейкай Краўцовай. Але вось яна замоўкла і павярнула галаву направа, а там замест сяброўкі — Аляксей. Надзя спачатку вырашыла, што ёй здалося. Спынілася, моўчкі і здзіўлена паглядзела на яго вялікімі вачыма. Нарэшце яна зразумела, што гэта не прывід і што перад ёй сапраўды жывы і здаровы Аляксей. Яна дакранулася да яго твару рукой, а затым яе рукі імгненна абвіліся вакол яго шыі.
Пасля першых хвалюючых хвілін яны накіраваліся прама да начальніка шпіталя.
Высокі, мажны, гадоў шасцідзесяці палкоўнік, даведаўшыся, з кім да яго прыйшла Кір’янава, сустрэў Аляксея ветліва. Нават дзеля такога выпадку загадаў прынесці па сто грам спірту.
— Мы прыйшлі да вас параіцца, — перайшоў да галоўнага Аляксей, — як нам зараз з жонкай быць. Я атрымаў прызначэнне ў Мінск, а вось Надзя — тут.
Палкоўнік усміхнуўся:
— Ну, брат, гэтую справу можна выправіць. — Зірнуў на Надзю і сказаў: — Давайце, мілыя вы мае, зробім так: вам, Кір’янава, у першую чаргу я даю трохдзённы адпачынак. Пасля гэтага, — ён паглядзеў на Аляксея, — вы едзеце ў Мінск, уладкоўваецеся, ну і чакаеце яе. А мы за гэты час зробім адпаведныя запыты, каб перавесці вашу жонку ў Мінск. Так што парадак.
Наступіў вечар. Надзя і Аляксей прагульваліся па лясной сцяжынцы. Цёплы ветрык далікатна перабіраў яе валасы. Яны выйшлі на паляну, перайшлі яе і апынуліся ў густых зарасніках гнуткіх бяроз і тонкіх елак. Аляксей зняў кіцель і разаслаў яго пад кустом. Надзя села на кіцель, а Аляксей апусціўся побач. Зямля была цёплай і сухой. Яна паглядзела ўгару і раптам засмяялася ціхім шчаслівым смехам:
— Лёшачка, а паказаць, дзе ты?
— Як гэта, дзе я? — не зразумеў Аляксей.
Надзя паклала галаву яму на плячо і паказала рукой угару на абсыпанае зоркамі неба:
— Глядзі. Я не ведаю, як называецца зорка — гэта тая, якая побач вунь з той, яркай, крыху лявей, бачыш?
На небе зорак было шмат, і Аляксей чыстасардэчна прызнаўся:
— Не, Надзейка, не бачу, там гэтулькі зорак.
— А я бачу, і заўсёды, калі мне станавілася сумна ці было цяжка, я чакала вечара, адшуквала сярод зорак цябе, і мне адразу ж станавілася лягчэй, часам мне нават здавалася, што і ты ў гэта імгненне глядзіш на гэту ж зорку. Я нават размаўляла з табой.
— Родная, слаўная мая.
Аляксей абняў яе і зазірнуў ёй у вочы.
Надзя абхапіла яго шыю аберуч, прытулілася гарачымі вуснамі да яго твару і ледзь чутна сказала:
— Я знайшла цябе, мая зорка.
Уладзімір Міхайлавіч Славін
Славіна выклікаў да сябе начальнік. Уладзімір пастукаў, увайшоў у кабінет. Мачалаў сядзеў за сваім сталом. На старэнькай пашарпанай канапе прыстроіўся сакратар райкама камсамола. Поруч стала — Караткоў. Славін са слоў дзяжурнага ведаў, што прыехаў Сяргей Міронавіч, але яшчэ не бачыў яго. Залацістыя новенькія пагоны падпалкоўніка вельмі пасавалі яму і нават маладзілі. Усе трое прывіталіся са Славіным за руку, і Караткоў, загадкава ўсміхнуўшыся, спытаў:
— Ну, таварышы, хто аб’явіць?
— Давай ужо ты. Ты яму накшталт хроснага, — адказаў Мачалаў.
Караткоў падышоў да Славіна.
— Працаваў ты, Уладзімір Міхайлавіч, добра. Мужна і ўмела змагаўся з бандытамі. Пройдзе трохі часу і з гэтым злом будзе скончана. Аднак спатрэбіцца яшчэ шмат гадоў, перш чым атрымаецца выкараніць злачыннасць. А гэта значыць, Уладзімір, краіне яшчэ спатрэбяцца людзі, здатныя прафесійна, граматна абясшкоджваць тых, хто захоча падняць руку на народнае дабро, на гонар, на Савецкую ўладу. Мы параіліся і вырашылі рэкамендаваць цябе на вучобу ў школу міліцыі. Як ты на гэта паглядзіш?
— Я? Не думаў пра гэта, але. калі трэба — пайду!
— Вось і выдатна! Рыхтуйся, запасайся літаратурай. З’ездзіш да маці. Ведаю, як знудзіўся па ёй. Ну, а потым і за вучобу.
Славін, збянтэжана і радасна ўсміхаючыся, выйшаў з кабінета. Караткоў павярнуўся да Мачалава:
— Ну, а Крайнюку ты сам паведаміш. Ён калі выпісваецца?
— Паслязаўтра..
Твар Мачалава пахмурнеў. Месяц назад Крайнюк і Бартошык удзельнічалі ў аперацыі па абясшкоджванні групы бандытаў. Участак лесу, дзе павінна была знаходзіцца банда, акружылі і пачалі прачэсваць тэрыторыі. Неўзабаве большасць злачынцаў былі затрыманы, а хто аказваў супраціўленне — знішчаны. У густым хмызняку заўважылі невялікую хату. У яе ўвайшлі Бартошык і Славін. У хаце было цёмна, і Бартошык пасвяціў запалкай. Тым часам з кустоў, убачыўшы ў акне святло, стрэліў адзін з бандытаў. Бартошык быў забіты. Крайнюк кінуўся да кустоў, а другі бандыт стрэліў у яго. Антон, перш чым страціць прытомнасць, паспеў чаргой з аўтамата стрэліць па кустах. Адзін з бандытаў быў забіты, а другі, паранены, працягваў адстрэльвацца. Звар’яцелы ад гора, Славін выскачыў з хаты. Бандыт пабег. Пры любых іншых умовах Славін дагнаў бы яго і абяззброіў, але тады, прыпаўшы на калена, ён доўгай чаргой забіў бандыта.
Мачалаў нават не звярнуў увагі, што патухла папяроса. Караткоў чыркнуў запалкай:
— Ну, а сам калі здасі справы?
— Заўтра прыязджае новы начальнік, адразу ж пачну здаваць. Мала я тут папрацаваў.
— Нічога, дарагі. Вайна скончылася, людзей у нас будзе больш, справяцца тут і без цябе, тым больш, цябе чакае не меней цяжкая праца ў Мінску. Дарэчы, як ты вырашыў з Вольгай Ільінічнай?
— А што тут вырашаць. Засталіся мы з ёй бабылямі. Страта родных стала нашым агульным горам. Гэта гора і аб’ядноўвае нас. Вырашылі мы так: як толькі я здам новаму начальніку справы, яна возьме адпачынак. З’ездзім у мае краі. Паглядзім, што можна зрабіць там. Магчыма, помнік Тані і дзецям паставіць можна. Ну, а затым я застануся ўладкоўвацца, а яна вернецца сюды і будзе афармляць перавод у адзін са шпіталяў, размешчаных у Мінску.
— Правільна вы вырашылі. Вы абое шмат гора перажылі і павінны зараз адзін аднаго трымацца і падтрымліваць.
Таццяна Андрэеўна Мачалава
У вёску з фронту пачалі вяртацца першыя салдаты. Дзе-нідзе ўжо быў чутны віск пілаў і стук сякер. Людзі паступова пачыналі новае жыццё.
Таццяна Андрэеўна і яе дзеці жылі ў невялікай зямлянцы на краю вёскі. Калі прыйшло вызваленне, Таццяна адразу ж напісала ў Маскву. Прасіла паведаміць ёй, ці жывы муж, даць яго адрас. Са слоў былога камандзіра партызанскай брыгады, а цяпер сакратара райкама партыі Глазкова, яна ўжо ведала пра запыт, які паступіў аднойчы ў партызанскі атрад на яе, і пра той адказ, які далі партызаны, лічачы, што Таццяна Андрэеўна і яе дзеці загінулі. Таму і спяшалася адшукаць мужа, узрадаваць яго.
Уся сям’я жыла пакутлівым чаканнем і надзеяй. І вось праз месяц у іх зямлянку прыйшла страшная бяда. Яны атрымалі пахавальную. У гэты момант Таццяна Андрэеўна вырашыла, што скончыліся яе сілы. Страціўшы мужа, яна страціла веру ў жыццё. У яе апусціліся рукі. Дзеці ні на хвіліну не пакідалі маці адну, гатавалі есці, займаліся ўборкай, глядзелі за ёй, як за дзіцём.
Таццяна Андрэеўна добра запомніла той жнівеньскі дзень, калі да яе ў зямлянку завіталі шасцёра вясковых баб. Ва ўсіх было сваё гора: у траіх загінулі мужыкі, а ў іншых — сыны. У той дзень Таццяна яшчэ раз пераканалася ў шчодрасці і шчырасці чалавечай душы, у жаданні дапамагчы адзін аднаму. Гэтыя жанчыны насілі ў сэрцах уласнае гора, а прыйшлі да яе, каб хоць неяк супакоіць. Яны не вохкалі і не ўздыхалі, а проста па-чалавечы, па-жаночаму адкрыта, душэўна пагаварылі з ёй. І Таццяна Андрэеўна зноў адчула жаданне жыць, гадаваць дзяцей. Увечары, калі засталася адна, паклялася, што выгадуе і выхавае дзяцей, каб яны былі годнымі бацькі.
Незадоўга да Дня Перамогі Мачалаву зноў адшукаў Глазкоў. Дамовіліся, што ў чэрвені яна вернецца ў сваю спаленую вёску. «Мы табе дапаможам хату пабудаваць, — казаў ён, — увосень пачнеш вучыць дзяцей калгаснікаў».
Ад думкі, што яна патрэбна людзям, Таццяна паверыла яшчэ больш у сябе, зразумела канчаткова, што за жыццё трэба змагацца.
Мачалава вырашыла з’ездзіць у Мінск, пахадайнічаць пра пенсію на дзяцей, а затым перабрацца ў сваю вёску. Чуллівыя жанчыны сабралі, колькі маглі, грошай на білеты, адварылі бульбы «ў мундзіры», далі — хто кавалачак сала, хто — масла.
Калі выйшла з зямлянкі, зірнула на дзяцей Таццяна Андрэеўна і заплакала. Худыя, знясіленыя, Юля і Ваня былі апрануты ў такія лахманы, што цяжка было зразумець, што за рэчы на кожным з іх. Да чыгуначнай станцыі было каля сарака кіламетраў. Іх пагадзіўся падвезці адзінокі стары Міхей. Узімку сорак трэцяга года ў яго памерла жонка, а ў канцы сорак чацвёртага і пачатку сорак пятага атрымаў паведамленні пра гібель абодвух сваіх дзяцей.
Дзед Міхей запрог у старую падводу каня, і яны паехалі. Стары разлічваў за дзень давезці Таццяну Андрэеўну і дзяцей да чыгункі, пераначаваць дзенебудзь, балазе што на двары стаяла цеплыня, і на наступны дзень вярнуцца дахаты. Ён быў гаманкім чалавекам, а паколькі ехаць давялося цэлы дзень, ды яшчэ з прыпынкамі, то ён паспеў многае расказаць за дарогу.
Таццяна Андрэеўна заўважыла, што дзед Міхей гаворыць не перастаючы, але ён ні разу не згадаў сваіх загінулых дзяцей. «Можа, гэтымі гутаркамі ён жадае сцішыць свой боль, сысці ад трывожных дум?» І, зразумеўшы гэта, яна імкнулася, як магла, падтрымліваць размову.
Калі дзень пачаў ужо хіліцца да вечара, яны пад’ехалі да чыгункі. Дзед Міхей паказаў на стог сена, які стаяў недалёка ад дарогі, і, усміхнуўшыся, сказаў:
— Ну, вось і мая «гасцініца». Адвязу вас да станцыі, вярнуся сюды і пераначую, а заўтра — дахаты.
Ля паўразбуранага будынка станцыі Таццяна Андрэеўна падзякавала добраму старому і ўвайшла туды. Усярэдзіне невялікі вакзальчык аказаўся сяктак адрамантаваным. Народу ў ім было шмат, асабліва вайскоўцаў, Таццяну балюча кальнула ў сэрца думка: «Вось і мой Пеця мог бы аднойчы прыехаць з фронту на гэты вакзал. — Але сама сабе запярэчыла: — Чаму на гэты? Ён жа і не ведае, дзе мы жывём. Хоць калі б ён сапраўды ехаў, то прыехаў бы сюды. Адгэтуль да вёскі, дзе мы з ім жылі, бліжэй, чым да той, дзе цяпер наша зямлянка».
Яна падышла да дзядка-чыгуначніка з павязкай дзяжурнага на рукаве і спытала, ці хутка будзе цягнік на Мінск. Той хмурна растлумачыў, што не раней дваццаці дзвюх гадзін.
«Ну што ж, — вырашыла яна, — трэба купіць білеты». І накіравалася ў процілеглы кут вакзала, дзе ля маленькага вакенца касы тоўпіліся людзі. І раптам нібы электрычны ток ударыў яе. Таццяне здалося, што яна бачыць Пятра: падцягнуты капітан з ордэнамі і медалямі на грудзі пра штосьці размаўляў з жанчынай. Таццяна прымусіла сябе адвярнуцца: «Ну вось, зараз ён мне не толькі сніцца будзе, але і здавацца ў кожным афіцэры». Павярнулася да дзяцей і сказала:
— Станьце ў куток, каб вас не заштурхалі, і пачакайце мяне, я вазьму білеты.
Але Юля пацягнула яе за рукаў і, зачаравана гледзячы міма яе, перарывістым голасам ціха сказала:
— Мама, паглядзі, гэта не наш тата?
Таццяна Андрэеўна зірнула на дачку і жахнулася: твар у Юлі быў белым, вочы шырока расплюшчанымі, спалоханымі. Гэта і прымусіла маці азірнуцца. Набліжаючыся да іх, у бок выхаду ішоў той жа капітан. Таццяна Андрэеўна схапілася за сэрца і ціха, прыглушаным голасам сказала:
— Госпадзі, дык гэта ж Пётр!
Яна хацела паклікаць яго, але ў роце перасохла.
— Тата! — у адзін голас паклікалі Юля і Ваня.
Капітан спыніўся і паглядзеў на іх.
— Ён! — выдыхнула Таня і, ні то запытальна, ні то сцвярджальна, прамовіла: — Пеця?!
Капітан, нібы ад моцнага ўдару, пахіснуўся. Адкрыў рот, але сказаць нічога не мог. Ён развёў рукі і павольна пайшоў да іх. Нарэшце ён змог прашаптаць:
— Таня, дзеці мае! — і, зрабіўшы яшчэ некалькі крокаў, падхапіў рукамі дзяцей і жонку, якія кінуліся да яго.
У зале наступіла цішыня. Усе моўчкі глядзелі на іх. Да маёра, які сядзеў на лаве, падышла жанчына і кранула яго за плячо:
— Таварыш маёр, я вас вельмі прашу, перадайце, калі ласка, капітану, які сустрэў сваіх дзяцей і жонку, яго чамаданы, а я вельмі спяшаюся.
Яна паставіла побач два чамаданы і хутка выйшла на вуліцу. Недалёка стаяў крыты ваенны грузавік. Вольга Ільінічна падышла да лейтэнанта, які сядзеў на падножцы. Яны пра штосьці перамовіліся, і праз паўхвіліны яна ўжо была ў кузаве. Седзячы на цвёрдай лаве, уся ў слязах, яна ціха сказала:
— Родны, як я радая, што хоць ты з нас дваіх вярнуў сваё шчасце. Я напішу табе пазней, растлумачу.
Славін
Цёплы, сонечны дзень. Славін, у светлай кашулі, трымаючы перакінуты праз левую руку пінжак, а ў правай — чамадан, які шмат што пабачыў, уваходзіў у сваю кватэру. Білася сэрца ў грудзях.
Хацелася кінуцца да маці. Але ж ужо не маленькі, павінен валодаць сабой. Адчыніў дзверы, прайшоў доўгі напаўцёмны калідор, пацягнуў на сябе наступныя дзверы. У невялікім пакоі бокам да дзвярэй стаяла маці і не бачыла яго. Пастарэлая, з багатай сівізной, яна моўчкі стаяла каля старога абшарпанага стала, на якім шумеў прымус, і думала пра штосьці. Уладзімір нейкі час глядзеў на яе, потым ціха паклікаў:
— Мама!
Настасся Георгіеўна павярнула галаву, выпусціла лыжку.
— Вова! Валодзечка! — Яна абяссілена павісла ў яго на шыі.
З пакоя выскачыла Жэня.
— Валодзя!
І абедзве — маці і сястра — заплакалі.
А потым сядзелі за сталом, пілі слабенькі ліпавы чай і гаварылі, гаварылі. Настасся Георгіеўна цяпер ужо спакойна спытала:
— Сынок, што ты думаеш далей рабіць? Куды пойдзеш працаваць?
Уладзімір падняўся, абышоў вакол стала, спыніўся за спінай маці, моўчкі
абняў яе і толькі тады адказаў:
— У міліцыю, мама.
— У міліцыю? Дык там жа могуць. забіць?
Ён прыціснуўся шчакой да яе галавы, усміхнуўся:
— Не заб’юць.
Пераканаць маці было не так проста. Уладзіміру ў той дзень каштавала нямала намаганняў атрымаць матчына блаславенне. У самы апошні момант Настасся Георгіеўна спахапілася:
— Чакай, чакай, сынок! Сёння ж пятніца. Ідзі ты ў гэту міліцыю заўтра.
Уладзімір засмяяўся, супакоіў яе:
— Добра, мама! Пайду заўтра.
І сапраўды, так ужо атрымалася, што пятніца для сям’і Славіных была нейкім фатальным днём. У пятніцу памёр дзед. У гэткі ж дзень сканала бабуля. У пятніцу фашысты арыштавалі Міхаіла Іванавіча. У той момант яны не маглі ведаць, што праз дзесяць гадоў, у пятніцу, памрэ Настасся Георгіеўна.
Уладзімір падышоў да расчыненага акна, убачыў пяшчотна-зялёнае лісце і падумаў: «Такім чынам, пачынаецца новае жыццё. Як яно складзецца?»
Так, для Славіна, як і для ўсіх нашых людзей, скончылася Вялікая Айчынная вайна. Аднак пра спакой ён пакуль не мог нават і думаць. Наперадзе яго чакалі іншыя трывогі, іншыя хваляванні. Барацьба працягвалася.
Пераклад з рускай Язэпа РУНЕВІЧА.