На другі дзень збіралі каменьчыкі. За вёскай будавалі дарогу, жвіру навезлі. У тым жвіры і корпаліся паўдня, пакуль не набілі кішэні «кулямі» — велічынёй з буйны арэх на ляшчыне каменьчыкамі.
К вечару назбіралі бутэлек, аднеслі ў кар’ер і там стралялі па іх. Але надта цікава не было — то ж не паляванне.
У лес збіраліся пайсці гадзін у 9 раніцы, на ўвесь дзень. Хлеба і агуркоў з соллю павінен быў набраць Віцька. Эдзік будзе несці ваду.
У лес увайшлі, калі сонца пачало ўжо адчувальна прыпарваць.
— Слухай, птушак процьма звініць, а ні адной, халера, няма! — пакруціў галавой па баках Віцька.
— Ат, нам драбяза не трэба, — упэўнена адмахнуўся Эдзік. — Сойку вышуквай, дзятла…
Але ні сойкі, ні дзятлы на вочы не трапляліся. Блукалі на лесе, пастрэльваючы зрэдку з рагатак на галасы нябачных птушачак. Калі з гушчару лістоты пасля стрэлу спуджана вылятаў трапяткі камячок і знікаў у кроне суседняга дрэва, Эдзік, цвыркнуўшы слінай, канстатаваў:
— Паміраць паляцела.
Хадзілі ўжо з гадзіну. Урэшце прыселі на выварацень, Віцька дастаў лусту хлеба, разламаў, тое ж зрабіў з агурком.
— Пакуль тая смажаніна, з голаду адурэем…
Хрумсталі гурком, калі недзе далёка ўбаку пачуўся рэзкі сарочы трэск.
— Во! Слухай! — Эдзік аж падскочыў, павярнуўся на гук. — Сарокі!
— Ну, сарокі, — паціснуў плячыма Віцька. — А сарок ядуць?
— А яны што, не з мяса? — агрызнуўся Эдзік. — А чучала сарокі не менш прыгожае… Слухай, калі яны так стракочуць, значыць — там гняздо! А ў гняздзе — птушаняты. Ужо вялікія будуць, лета сярэдзіна. Пайшлі!
Віцька, на хаду глытаючы ваду з бутэлькі, паспяшаўся за Эдзікам у гушчар. Гняздо сарок знайшлі, калі ўжо здранцвелі шыі ад напружання і неабходнасці трымаць галаву задзёртай к небу, каб аглядаць верхавіны дрэў. Яно, гняздо, было на невысокай хвоі, і, здавалася знізу, далезці да яго — нічога цяжкага.
У гэтай сухой кучы галінак, пераплеценых між сабой, сапраўды нешта было, бо дзве дарослыя сарокі, калі хлопцы спыніліся пад хвояй, распачалі адчайны лямант.
— Так, ану, беглым па гэтых гадах — агонь! — закамандаваў Эдзік і пачаў хутка, каменьчык за каменьчыкам, закладваць у рагатку.
Віцька паспяшаўся зрабіць тое ж.
Сапраўдны залп атрымаўся! Адзін каменьчык трапіў у цела высока ляцеўшай птушкі, яна спуджана крыкнула, рэзка змяніла накірунак палёту, знікла ўбаку.
— Ага! Бачыў, як я пацэліў! — Эдзік зноў нацягваў гуму рагаткі. — Страляй па гэтай! — і каменьчык паляцеў у бок другой птушкі, што стракатала, седзячы каля гнязда.
— То я пацэліў! — запярэчыў нясмела Віцька, але спыніўся — якая розніца, цяпер не час высвятляць.
— Так, гэтую мо не прагоніш, а трапіць знізу немагчыма, хаваецца за сукамі, — спыніўся Эдзік. — Давай, лезь на хвою.
Віцька хутка пачаў узнімацца па суках, якія раслі прама ад ствала, бы спецыяльна, каб па іх лазілі.
Сарока рэзка сакатала недзе над галавой Віцькі. Перад самым яго тварам быў вялізны камяк скручаных, зблытаных неймаверна галінак. У глыбіні іх было бачна нешта стракатае.
— Птушаняты ёсць! — гукнуў Віцька.
— Выдатна! Кідай хутчэй! — закамандаваў знізу Эдзік.
— Ага! Ты паспрабуй залезь! — агрызнуўся Віцька, раздзіраючы голле гнязда.
Здаецца, накіданы былі галінкі абы-як, а ні адной не выцягнуць! Ды яшчэ і не ломяцца. А тут сарока над самай галавой стракоча, здаецца, вось-вось у твар кінецца.
Сяк-так расхістаў гняздо, разварушыў голле, трымаючыся адной рукой за ствол сасны. Ірваў, выдзіраў другой сухія галінкі, залазячы ўсё глыбей і глыбей да таго, што нерухома замерла ў глыбіні ў прадчуванні смерці.
Нарэшце рука дацягнулася, пальцы намацалі цёплае, жывое.
— Ого! А яны ўжо вялікія! — выгукнуў Віцька, выцягнуўшы адно сарачанё з гнязда. — Хутка б паляцелі.
— Кідай долу адно! Пабачым! — заёрзаў пад дрэвам ад нецярпення Эдзік.
Віцька паслухаўся.
Сарачанё, няўмела, бязладна ўзмахваючы крыламі, стукаючыся аб сучча хвоі, стракатым камяком упала на зямлю. Падхапілася, пабегла, трапечучы крыламі, падскокваючы.
— Куды! Куды, гадзіна!? — са злым азартам крычаў Эдзік, закладваючы каменьчык у рагатку. — На!
Каменьчык зашыўся ў ігліцу. Эдзік бег за сарачанём, страляў яшчэ, яшчэ, пакуль каменьчык не трапіў у спіну птушаняці, прыбіў яго да зямлі.
— Гітлер капут! — радасна закрычаў Эдзік. — І зблізку, паднёсшы рагатку да самага ўздрыгваючага бела-чорнага цельца, расцягнуў з усяе моцы гуму і стрэліў.
— Во даў! Віцька! Я яму мазгі выбіў, а камень у чэрапе засеў! — зарагатаў у захапленні Эдзік. — Кідай яшчэ адно!
— Дудкі! — гукнуў Віцька. — Я буду кідаць, а ты — страляць? Я таксама пастраляць хачу.
— Ну, добра, я не буду больш страляць. Кідай!
— Не, я з сабой вазьму. Тут усяго трое засталося, — адказаў Віцька, выцягваючы чарговае птушаня, якое раптам усчало рэзкі, непрыемны крык. Сарока зверху застракатала, бы загаласіла, нябачная, пагрозліва блізкая.
Трэцяе птушаня, якое Віцька клаў за пазуху, балюча клюнула яго ў палец, пабліскваючы чорным, бліскучым вочкам.
— Ну, ты, халера, за гэта адкажаш, — прыгразіў Віцька, моцна сціснуўшы птушаня. Так моцна, што адчуў, як пад пальцамі рукі затрымцела хуткімі-хуткімі ўдарамі сэрца птушкі.
— Слухай, а сэрца б’ецца, бы маторчык працуе, — Віцька злез з хвоі, прытрымліваючы рукой птушанят за пазухай. — Жывот падрапалі. Так, першы пайшоў, ты мяне клюнуў! — Віцька выцягнуў птушаня, кінуў на зямлю.
Птушка нечакана падскокнула, адчайна забіла крыламі, і яны ўзнялі яе цела на метр, вышэй, вышэй. Сарачанё паляцела, ці то з перапуду, ці то ад радасці, голасна закрычаўшы.
У наступнае імгненне яно стукнулася прама ў ствол дрэва, аглушанае, упала на ігліцу.
— Агонь! — залемантаваў Эдзік.
Стралялі здалёк, потым зблізку, а сарачанё бегала, падскокваючы, сярод тоўстых камлёў, спатыкалася, кулялася цераз галаву і крычала, крычала, крычала…
Ад трапнага пападання каменьчыкам у галаву яно крыкнула коратка і хрыпла, застыла і павольна выцягнулася, раскінуўшы шырока крыльцы, стала нечым падобнае на чорна-белы крыж на рудой ігліцы. Страпянулася яшчэ раз і заціхла.
— Другі гатоў! — адрапартаваў некаму Эдзік. — Пускай трэцяе!
— Не, не хачу, — заўпарціўся Віцька, не зводзячы позірку з распластанага на зямлі мёртвага птушаняці. — Я аднаго з сабой вазьму, будзе ў мяне жыць. Я чытаў, што сарокі добра прыручаюцца. А з другога ж ты збіраўся чучала рабіць, яго ж неяк па-другому забіваць трэба…
— Ну добра, — з неахвотай згадзіўся Эдзік. — Давай таго, што на чучала.
Ён узяў працягнутае птушаня, распрастаў яму крыльцы і, крутнуўшы, перакінуў, быццам нейкую анучу, сарачанё дагары. Яно ўцягвала галаву ў плечы, але хутка цяжкая дзюба пацягнула галаву ўніз, шыйка выцягнулася. Сарачанё вісела, бы нежывое, на расцягнутых крыльцах, толькі кропелькі вачэй блішчалі, але і на іх напаўзала брудна-белая плеўка.
— Нічога не будзе! — голасам знаўцы заявіў Эдзік, аглядаючы птушку. — Бачыш, пад крыламі пер’я няма, скура ў пухірах. Маладая яшчэ. Ну і халера яго бяры, тое чучала. Спірту ўсё роўна няма, а гарэлкай добра не прадэзінфіцыруеш. Адно памучышся са скуркай. Давай на сук во пасадзім яго і з дваццаці крокаў — хто першы пападзе, га?
Віцька паціснуў плячыма. За пазухай у яго казытліва паварушылася птушаня.
— Мо адпусціць?
— Каго? Сароку? Такога драпежніка? Ды мы, ведаеш, колькі гнёздаў карысных птушачак выратуем, калі гэту шэльму расстраляем?
— Ну, давай… — згадзіўся Віцька.
Эдзік зноў крутнуў сарачанё ў сваіх руках.
— Той вунь сук добры. А ў мяне нітка ёсць, прывяжам за нагу, каб не ўцякло. Цір будзе!
— Казаў, чучала рабіць будзем, смажаніна будзе… — разнюніўся нечага Віцька.
— Ну, сароку есці я не буду. То ж не сойка, тая птушка чыстая, арэхі есць, а гэтая і падлу цягае. Цьфу! — грэбліва пакрывіўся Эдзік. — У цябе дома кураняты ёсць, а сарока за год 25 куранят крадзе. Во!
— Дзе яна іх крадзе?
— Па вёсках. За сто кіламетраў лятае.
— Хлусіш, — не паверыў Віцька, а Эдзік тым часам ужо вязаў да лапкі птушкі тоўстую нітку.
Праз хвіліну сарачанё сядзела на суку, не варушылася, бы чучала.
Эдзік адлічыў дваццаць крокаў ад сука ў бок Віцькі.
— Во, лінія агню тут, — ён наском кеда разварушыў ігліцу, адкрыўшы чорную тлустую зямлю. — Страляй першы!
Віцька не спяшаўся. Доўга прыцэльваўся, нарэшце стрэліў. Каменьчык праляцеў побач з сарачанём, якое сцялося ўсё, нават доўгую дзюбу схавала недзе на грудзях, прыпала да сука, быццам хацела зрасціся з дрэвам.
Другі, трэці, чацвёрты стрэл — усё міма. Сарачанё бы нехта загаварыў, каменьчыкі цокалі ў сук, праляталі так блізка, што прыўздымалі пер’е птушаняці, а тое сядзела нерухома, бы нічога не адбывалася.
Нарэшце Віцька патрапіў — проста ў галаву. Нават гук быў такі незвычайны, што адразу здагадаешся — пацэліў каменьчык у жывое: «плясь». Ад гэтага гуку ў самога Віцькі нешта пляснула ўсярэдзіне. Ён амаль фізічна адчуў, што птушаня стала раптоўна мёртвым, што знікла невядома дзе жыццё. Не моцны гук, маленькі каменьчык, а вынік — аглушальны, беззваротны…
Птушаня кульнулася ўніз, бы нырнула, павісла на нітцы. На момант раскінуліся сутаргава крылы, распушыўся маладым пер’ем хвост. А потым усё апала, сарачанё ператварылася ў шматок нерухомага пер’я.
— У, гадзіна, здохла хутка, — вылаяўся-пашкадаваў Эдзік і выпусціў яшчэ каменьчык з рагаткі ў бок птушаняці.
Трапіў, мёртвая птушка завагалася на нітцы.
— От, трэба было адразу яго падвесіць! — ляпнуў сябе па ілбе Эдзік. — Яно б трапяталася, вагалася, цікавей было б біць па такой мішэні.
– І так добра, — кісла махнуў рукой Віцька. — Пайшлі ўжо дахаты.
— Чаго ты зазбіраўся? Давай яшчэ паблукаем, мо на сойку патрапім. Ведаеш, якое ў яе пер’е прыгожае? Такое чучала будзе!
— Ты ж казаў, што спірту няма, не атрымаецца. Пайшлі, мне трэба свайму сарачаняці клетку зрабіць да вечара, — стаяў на сваім Віцька.
— Свайму, свайму! Чаго ты яго прысвоіў? Я сарок пачуў!
— А я за імі лазіў! І ты свайго, першага, застрэліў. Гэта мой! — рашуча стаяў на сваім Віцька, і Эдзік уступіў:
— Ну, добра, пайшлі, дай толькі хлеба з агурком, апетыт пасля палявання разгуляўся…
Калі выйшлі з лесу і зарослая амаль палоска дарогі пабегла напрасткі праз луг да сінеючай далёка адсюль вёскі, Эдзік пачаў разважліва:
— Калі па-сапраўднаму, па справядлівасці, па-сяброўску, то ты мне павінен гэтае сарачанё аддаць. Так, я сваё застрэліў, потым мы яшчэ па аднаму. Гэта тваё, што нясеш. А вось рагатка з чые гумы зроблена? Ведаеш, колькі я грошай за гэты бінт аддаў? Ого! А табе не пашкадаваў, рэзаў ты, колькі хацеў. І яшчэ адрэзаць дам, мне не шкада. А ты вось жмінда…
— Чаму гэта я жмінда?
— Бо нічога мне за гуму не даў. Я то не пытаў, думаў, ты сам здагадаешся. Паложана ў паляўнічых на першым паляванні аддзякаваць таму, хто нешта паляўнічаму даў. Ну, мо ён порах пазычаў ці стрэльбу… То павінен нешта прынесці… А потым, слухай, Віцька, сарачанё ў цябе вырасце, яно ж ва ўсёй вёсцы куранят падушыць і да цябе прынясе. Уяўляеш, што будзе! А я б у горад яго завёз, там курэй няма. А на канікулах бы прывозіў… Аддасі сарачанё? Ну, сябар ты мне ці не?
— На! — Віцька прыпыніўся, дастаў з-за пазухі птушаня. — Мне не шкада, толькі не забівай. Хай гэтае жыве.
— Хай жыве! — Эдзік схапіў сарачанё, яно устрапянулася і ушчыкнула чорнай дзюбкай скуру рукі. — Кусаешся? Я назаву цябе «Кусака», будзеш у мяне на ланцугу сядзець… А сарок можна гаварыць навучыць, ведаеш, Віцька?
— Брэшаш, — абыякава адказаў Віцька. — Многа ты гаворыш.
— Сам брэшаш! — пакрыўдзіўся Эдзік. — Я навучу…
Птушаня Эдзік нёс у руках, ён ішоў крыху ззаду Віцькі. Сарачанё раптам голасна закрычала. Віцька азірнуўся, птушаня адчайна білася ў руках яго сябра.
— Чаго яно?
— Чорт яго ведае! Ціха ты! — Эдзік моцна пстрыкнуў па галаве птушаняці, тое смешна закруціла галавой, але сціхла. — Гэта яно адчула, што ў лес не вернецца, развітваецца з гняздом. «Кусака», у горадзе жыць будзеш, там цікавей.
— А чым ты яго карміць будзеш?
— Яны ўсёядныя, што ні дай, праглынуць. Чаго яно трапечацца, бы здурэла? — Эдзік перавярнуў сарачаня на спіну і прысвіснуў: — У яго лапа зламана! Здохне.
— Як зламана? Цэлыя былі лапкі… — Віцька пакратаў на самай справе пераламаную проста папалам тоненькую чорную лапку. — Ты зламаў? — спытаў са скрухай у Эдзіка.
— Дурань, навошта мне ламаць? Гэта во як затрапяталася, то паламала…само…
Нейкі час ішлі моўчкі.
— Здохне сарачанё! — як бы з жалем загаварыў Эдзік. — Абавязкова здохне. Гангрэна пойдзе, будзе зажыва гнісці. Мучыцца будзе птушка.
Віцька маўчаў.
— Трэба зжаліцца над жывым, — прадоўжыў Эдзік. — Лепш адразу памерці, чым мучыцца. Ты як лічыш?
— Забівай, я ж табе яго аддаў, — панура адмахнуўся Віцька.
— Ну, калі ты вырашыў забіваць, то я прывяду прысуд у выкананне!
Эдзік апусціў сарачанё на дарогу.
Яно павалілася напачатку набок, але потым устала, на адну здаровую лапку і на кароткі тоненькі стрыжанёк другой. Да гэтага стрыжанька неяк збоку нязграбна чаплялася зламаная другая лапка. Сарачанё задрала галаву, высока ўзнялося, напружынілася, абаперлася на хвост і голасна закрычала.
— О, з жыццём развітваецца. Ну, агонь! — Эдзік прысеў, прыцэліўся і пусціў каменьчык з рагаткі.
Папаў у грудку птушаняці. Тое кульнулася цераз галаву, але з незразумелай упартасцю зноў стала ў тую ж позу — задраўшы галаву, шырока разявіўшы дзюбу. І зноў закрычала — скрыпучым, непрыемным голасам.
Эдзік зноў трапіў у грудку. Зноў сарачанё ўстала, яшчэ шырэй, здаецца, разявіла дзюбу і крычала яшчэ гучней.
— Чаго ты здзекуешся? — павярнуўся да сябра Віцька. — Стрэліў бы раз, а то крычыць птушка…
— Заткнуць глотку! — сам сабе скамандаваў Эдзік, падышоў блізка, нахіліўся і стрэліў.
— О, гадаўка, каменьчык праглынула! Я ж прама ў горла трапіў.
Гэта было праўда, бо сарачанё, крычаўшае амаль безупынна, на момант нібыта папярхнулася, а цяпер толькі ўскрыквала кароткім, асіплым нейкім, прыдушаным крыкам.
— А гэты праглынеш? — Эдзік уклаў у рагатку адзін з вялікіх каменьчыкаў, якія насіў у другой кішэні.
Ён паднёс рагатку амаль да самай разяўленай дзюбы, стрэліў.
Каменьчык прыбіў галаву птушкі да зямлі. Сарачанё забілася, а потым зноў, у які ўжо раз стала на свае знявечаныя лапы, абаперлася на хвост, закінула галаву і разявіла акрываўленую дзюбу.
Цяпер крыку не было чуваць, нешта толькі сіпела ў шырокім птушыным горле.
Віцька глядзеў, як бегаў над сарачанём Эдзік, і жаль да птушкі нараджаў злосць на сябра. Ён адчуваў, што тое, што робіцца цяпер на палявой дарозе, — ужо не паляванне, не нейкі спартыўны азарт, а нешта бесчалавечнае, агіднае і злое. Яго цягнула падысці, падбегчы да Эдзіка, але што рабіць далей — Віцька не ведаў. Сарачанё ўжо немагчыма ўратаваць, яно вось-вось здохне, але і дабіць нейкім адным імгненным, не балючым ударам знявечаную птушку Віцька ужо не змог бы.
— Ах, ты, сволач, паміраць не хочаш! — Эдзік ужо раззлаваўся, зноў заклаў вялікі каменьчык і зноў стрэліў зблізку, ледзь не кранаючыся рагаткай раскрытай чорнай дзюбы.
Нешта хлюпнула ўсярэдзіне птушкі, але яна засталася стаяць.
Ружовая пена запоўніла раскрытую дзюбу, сарачанё вагалася, бы маятнік, з боку на бок, але стаяла, пабліскваючы маленькімі чорнымі вочкамі.
У птушцы адчайна білася жыццё.
Столькі непакорнасці, столькі волі і прагі да жыцця было ў постаці птушаняці, што Віцька як прырос да аднаго месца. У гэты момант ён гатоў быў паклясціся, што сарачанё ўсё-ўсё разумела, што яно было не проста нечым жывым, а разумным жывым і што ў маленькіх чорных вочках гарыць пракляцце ім — забойцам. А яшчэ ў гэтых чорных іскрынках Віцька пабачыў дакор і свой сорам: яны, такія вялікія, дужыя, узброеныя, забівалі ў сотню разоў меншае і слабейшае за іх, зусім яшчэ дзіця, у якога з усяе зброі — толькі дзюба…
— Ну, я табе мазгі зараз выб’ю! Каменныя ў цябе будуць мазгі! — Эдзік высыпаў з кішэні на дарогу каменьчыкі, знайшоў самы вялікі. Уклаў яго ў рагатку.
Камень, пушчаны з усяе сілы расцягнутай гумай, пранізаў рот птушкі і выляцеў з галавы.
Сарачанё ўпала.
— Глядзі, Віцька, без мазгоў, а дрыгае! — Эдзік закладваў яшчэ адзін каменьчык. — Дабіць! Атрымлівай! На! — і чарговы каменьчык упіўся ў невялікае цельца птушкі, выдзіраючы чорна-белыя пярынкі.
Каля яго ног трапяталася, ніяк не хацела паміраць знявечаная, з прастрэленай галавой птушка. Незразумелы інстынкт кіраваў мышцамі крылаў і ног, і цельца трапяталася на пыльнай дарозе, пакідаючы на траве кропелькі чорнай крыві.
Віцька не мог адвесці вачэй убок, хоць яму было ўжо жудасна глядзець на гэтае забойства, і агіда ад мярзоты таго, што адбылося, падступіла камяком да горла — так, што ні крыкнуць, ні ўздыхнуць.
А Эдзік, раззлаваны адчайнай, неверагоднай жывучасцю птушкі, страляў, страляў і страляў:
— На!
— На!
— На!
Ён не бачыў нічога вакол, акрамя гэтага стракатага, здаецца, сто разоў мёртвага цельца.
Віцька глядзеў на сябра, потым дастаў з кішэні каменьчык, заклаў у сваю рагатку. Напружанымі да здранцвення рукамі расцягнуў гуму моцна, так, што далей цягнуць не было куды, прыцэліўся ў стрыжаную патыліцу Эдзіка і стрэліў. Каменьчык, коратка прасвістаўшы ў паветры, пляснуў у галаву сябра. Той, дзіка завыўшы ад болю, упаў ледзь не тварам на забітае ім сарачанё і пакаціўся, падвываючы, па зямлі. І тады Віцька крыкнуў, на ўвесь свет крыкнуў:
— На і табе!
Частка 11
Розныя планы, карты, схемы Віталь маляваў з такой асалодай, як сапраўдны мастак сваё любімае палатно. Як толькі добра пазнаёміўся з компасам, зразумеў, што такое азімут, маштаб, умоўныя знакі, яго ахапіла нейкая гарачка складаць планы ўсяго, што ён бачыў вакол. За два гады ён намаляваў такі план вёскі, што яго план вывесілі ў кабінеце геаграфіі. Віталь ганарыўся не тым, што план намаляваны прыгожа, а тым, што ў гэтым плане было ўсё максімальна па праўдзе: і азімуты вытрыманы, і адлегласці, і кожная дарожка і сцяжынка. А колькі ён з «казой» пахадзіў па вуліцах пад незласлівыя, ды ўсё ж дастаткова крыўдныя насмешкі!
Картаскладаннем Віталь захварэў. Душа яго прагнула працы, і мінулым летам ён вырашыў скласці план калгаса. Бо той, які бачыў у калгаснай канторы, быў няправільны — ужо прафесійнаму воку Віталя не трэба было і лінейку да той схемы прыкладваць.
Але ж «казой» калгас не абмераеш. Выручыў бацькаў мапед — там жа быў спідометр. Цэлы месяц днямі Віталь ездзіў па ўсіх дарогах, потым да позняй ночы чарціў, разлічваў. У розных кутках калгасных палёў з’явіліся яго меткі — паўтарамятровыя жэрдкі, па якіх ён вымяраў дакладную адлегласць па прамой.
У адзін дзень ён так быў захапіўся працай, што аж падскочыў над сваім самаробным планшэтам, калі побач завішчалі па-свінячы тармазы «Уазіка». То быў сам старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч. Ён быў яшчэ зусім малады мужчына, толькі два гады кіраваў калгасам. Дзівіліся з яго вяскоўцы: і таму, што малады, але — разумны, і таму, што ніколі не крычыць і тым больш не мацюкаецца. Але толькі збоку здавалася, што ён мяккі: калі што сказаў — так і будзе. Трох трактарыстаў за п’янку звольніў, як ні прасіліся. Дысцыпліна ў яго — на першым месцы. І яшчэ дзівіліся вяскоўцы: па палях, па фермах гойсае, а заўсёды пры гальштуку, у чыстым, і туфлі блішчаць, быццам бруд да іх не прыстае. Праз тры месяцы ён усіх калгаснікаў па імёнах ведаў, да старэйшых за яго звяртаўся па бацьку. Адчувалася яго павага да людзей і ў словах, і ў справах: як ні цяжка пакуль, а зарплату ў час плаціць…
— Што гэта ты тут робіш? — строга запытаў старшыня, заглядваючы ў планшэт Віталя. — Ты адкуль?
— Ды… свой я, — напалохаўся крыху Віталь. — Вось, з вёскі, Аўдзееў Віталій.
— Антона Аўдзеева, трактарыста, сын? — працягваў распытваць старшыня, усё гледзячы ў паперу, на якую Віталь толькі што праставіў лічбы замераў. — І што робіш? Гэта ты на ўсіх палях жэрдкі наставіў?
— Я план складаю…
— Які план? Захопніцкі? — старшыня ўзняў вочы ўжо на Віталя, і той супакоіўся. У вачах Мікалая Рыгоравіча была ўсмешка.
— Не-е… — Віталь сабраўся, прадоўжыў: — У вас у канторы план няправільны, адлегласці на вока памаляваны… А я дакладны складаю.
— Бачу ўжо, — працягнуў старшыня, зноў схіліўся над планшэтам. — Гэта ў цябе дарога да ўрочышча Жмерань, гэта масток, канава… Як сфатаграфаваў. А што за лічбы?
— Працягласць дарогі, а гэта — працягласць канавы.
— Ого! — па-сапраўднаму здзівіўся старшыня. — А чым мераў?
— Дарога — па спідометры, адлегласць па прамой — вось, вешкамі.
— Ну-ну. І многа ты паездзіў?
— Гэта ўжо апошні квадрат.
— Які квадрат?
— Я калгас на квадраты разбіў. Астатнія часткі ў чарнавым варыянце ўжо гатовыя.
— З усімі дарогамі, канавамі і кіламетражом? — бровы Мікалая Рыгоравіча папаўзлі ўверх, ён недаверліва глянуў на хлопца.
— Ага. Я месяц праездзіў. Вось тут закончу — і буду чыставую маляваць.
— Ну, хлопча, — старшыня перагартаў некалькі лістоў у планшэце. — Што ж ты да мяне адразу не прыйшоў?
— А навошта?
— Дзівак… Ты карту сваю куды потым дзенеш?
— Не ведаю. Я яе ад цікавасці раблю.
— Ясна. Так, працуй. Зробіш — мне пакажаш. Дамовіліся?
— Добра, — зніякавеў ад такой увагі Віталь. — А вам навошта?
— А які ж камандзір без карты? Як мне спадабаецца — куплю. Згода? Тады вось яшчэ: скажаш бацьку, каб заўтра да мяне падышоў, — загадаў ужо ўладна Мікалай Рыгоравіч, садзячыся ў свой «Уазік». — Дамовіліся?
Віталь кіўнуў.
Назаўтра вечарам бацька прывёз каністру бензіну.
— На, — ён паставіў каністру перад разгубленым Віталем. — Рыгоравіч табе прывітанне перадаваў. Казаў, надта чакае тваёй карты.
У Віталя нечакана запалалі вушы. Што праўда, то праўда, бензіну ён выездзіў за месяц не адзін літр…
Чыставую карту ён маляваў не на паперы, а на адваротным белым баку звычайнай кляёнкі, што на стол сцелюць. Выпрасіў у маці грошы, купіў патрэбны кавалак. Лежачы цэлымі днямі на жываце на падлозе, спачатку алоўкам, а потым фламастэрамі чарціў, пісаў, падмалёўваў. Карта ўвачавідкі ажывала, напаўнялася дарогамі, канавамі, дамамі, палямі, ляскамі…
Бацька быў зазірнуў і аж прысеў ля карты.
— Вось дык маеш! Сур’ёзная якая рэч выходзіць!
Карта і на самай справе атрымалася сур’ёзная, вытрыманая па ўсіх законах картаграфіі.
І калі яна была гатова цалкам, калі зверху вялікімі літарамі Віталь падпісаў «Калгас імя…», сам доўга не мог адарваць позірк ад карты: ён не проста любаваўся ёй, яна заварожвала. Не верылася, што гэта ён, Віталь, адзін зрабіў такую рэч!
Мікалай Рыгоравіч па карту прыехаў сам — бацька перадаў, што сын закончыў працу.
Разглядваў ён яе хвілін дзесяць, водзячы пальцамі, ціхенька мармычучы нешта.
— Я толькі вышыні не праставіў… — нясмела сказаў Віталь.
— А? Што? — адарваў позірк ад карты старшыня.
— Ну, трэба яшчэ паказаць узроўні ўзгоркаў, нізін. Але тут працы многа вельмі, тэадаліт трэба.
— Ну, я ўсе горкі-ўзгоркі і сам ведаю, тут гэта не надта трэба… Ай, малайчына, вось гэта работа! Алена Пятроўна! — крыкнуў ён да маці, якая якраз вярнулася з фермы, з ранішняй дойкі. Пра цікавасць старшыні да карты яна ведала — муж расказаў.
— Што вы тут, Рыгоравіч, разам з маім сынам маляваннем рашылі заняцца? — пасмейвалася маці, заходзячы ў пакой, але ў голасе яе былі чутны задаволенасць і гонар за сына.
— Не, я вось хачу купіць у вашага сына яго карту. А паколькі яму няма яшчэ шаснаццаці, то павінен у бацькоў дазвол спытаць.
— Як хоча прадаваць, то няхай прадае! — маці ласкава глянула на Віталя. — Прасі даражэй, сын!
Віталь разгубіўся — жартуе старшыня ці не?
— Э, хлопча, — паківаў пальцам Мікалай Рыгоравіч. — Скончыліся часы, калі «за так» было. Запомні: толькі тады будзе ва ўсім парадак, калі будзе аплачвацца ўсякая праца! От, тады і толькі тады… — Ён задумаўся на хвіліну, нават лоб рукой пацёр.
— Ну, зробім так, калі ты супраць не будзеш: падыдзеш заўтра разам з бацькам да мяне адразу пасля нараду. Мы заключым дагавор на выкананне работ — тады ты нам карту, мы табе грошы. Лады?
— Лады, — адказаў Віталь, а сэрца забухала так моцна, што, здаецца, і іншым чуваць яго было. З ім, які толькі сем класаў скончыў, сам старшыня заключае дагавор…
Мікалай Рыгоравіч яшчэ нахіліўся над картай, памацаў.
— Бач, на кляёнцы намаляваў. Добра, не парвецца…
— То забірайце цяпер, — Віталь прысеў, стаў скручваць карту. — Вы ж…
— Не, не абману, — заўсміхаўся старшыня.
Было бачна, што яму вельмі хацелася ўзяць карту менавіта цяпер, трымаць яе ў руках…
Ды то было год таму. І справа была, і грошы, дарэчы, не малыя атрымаў Віталь — на джынсы і красоўкі хапіла.
Сверб картаскладання грыз яго ўвесь год. І неяк на вечар у школе, прыўрочаны да Дня абаронцаў Айчыны, запрасілі школьнікі Кароту Васіля Яўменавіча, прасцей кажучы, дзеда Васіля. У гады вайны быў дзед Васіль сувязным, а пазней і партызанам. І вось расказваў ён, што адной зімой невялікі атрад партызан уратаваўся ў час блакады на Савіным востраве Ведзьмінай тоні.
Пра Ведзьміну тоню Віталь чуў раней: пяць невялікіх, аднолькавых астравоў вакол чорнага возера. І тады як стрэліла: там ёсць нейкая загадка! Вось скласці дакладны план Ведзьмінай тоні, каб глянуць на яе нібыта зверху — і ўсё адразу стане ясна.
Вырашыў, што абавязкова трэба будзе вымяраць і вышыні астравоў — а што, калі яны сапраўды штучныя? Гэта лёгка будзе праверыць.
Вясну ён правёў у пошуках — яму трэба была самая падрабязная карта вобласці. Адшукаў: Ведзьміна тоня была пазначана там невялікім кружком — два кіламетры ў дыяметры, а вакол — балота. Зразумела ж, ніякіх астравоў там не было.
Потым Віталь сам майстраваў секстант — прыбор для вызначэння геаграфічнай вышыні і шырыні месца. А што — брацца сур’ёзна за справу, то трэба на месцы вызначаць дакладную кропку.
З адным толькі ніяк не атрымлівалася. Рэльеф мясцовасці вызначаць — два чалавекі трэба. Ды і аднаму ў такую экспедыцыю — за пяць кіламетраў ад вёскі страшнавата ісці. І бацькі не пусцяць… Віцька быў напачатку згаджаўся, хоць і мала яго гэта цікавіць. Вось Эдзік прыехаў — то добра. Не атрымлівалася ў іх сяброўства раней. Эдзік толькі з Віцькам вадзіўся, але ж цяпер Эдзік на соў папаляваць хоча. То на табе соў, а ты мне дапаможаш…
Віцька быў дома — ляжаў на надворку ў гамаку, які сам зрабіў са старога саматканага, але яшчэ моцнага пакрывала, і чытаў.
— Здароў, — павітаўся Віталь.
— Здароў, — абыякава адказаў Віцька і не адклаў кніжку ўбок, застаўся ляжаць.
Віталь трохі разгубіўся — ён адчуў сябе лішнім, быццам у нечым вінаватым перад сябрам.
— Ну, што мы наконт Ведзьмінай тоні рабіць будзем? Лета кароткае, — нясмела пачаў Віталь.
— Што хочаш, тое рабі, — так жа абыякава, як і павітаўся, адказаў Віцька.
— Дык жа… разам збіраліся. І Эдзіка б узялі…
— Вось яго і бяры.
— Дамаўляліся ж: разам.
— А я перадумаў.
— Ну, што ў цябе за настрой? — Віталь загаварыў горача: — Мне бацька абяцаў камеру з «кіраўца», з яе лодку б зрабілі — паплавалі б, рыбы вунь колькі налавілі б.
— Не хачу я рыбу лавіць! — закрычаў раптам Віцька, сеў у сваім гамаку, кінуў побач кнігу. — Бяры Эдзіка і ідзіце хоць рыбу лавіць, хоць птушак біць!
— Чаго ты крычыш? — з веранды выйшла сястра Жэнька. — Да цябе чалавек прыйшоў, а ты вызверыўся, як сабака на палку. — Яна павярнулася да Віталя. — Віталік, вазьмі мяне з сабой! — і вочы яе гарэзліва бліснулі.
Віталь пачырванеў — ён заўсёды чырванеў, калі з ім загаварвала Жэнька, бо Жэнька што ні скажа, то ўсё з нейкім падтэкстам. Кпіла яна, гэта было ясна. Ну, баязлівы трохі Віталь перад дзяўчатамі, ну, не ўмее ён з імі размаўляць, ды, зрэшты, — аб чым размаўляць? Тое, што цікавае для Віталя, нецікавае для дзяўчат…
На гэты раз на Жэнькіну шпільку Віталь змог адказаць, як ён сам падумаў, з годнасцю:
— Не вазьму. У балоце дзяўчатам рабіць няма чаго.
— А вы чаго ў балота палезеце? — па-сапраўднаму здзівілася Жэнька. — Па ягады рана яшчэ…
— Па чорта лысага! — буркнуў Віцька, павярнуўся да Віталя. — Нічога я не хачу!
Віталь адчуў сябе прыніжаным, быццам ён прыйшоў нешта прасіць, толькі яму патрэбнае, і над ім пасмяяліся і паказалі на дзверы. І цяпер ён не ведаў, як яму быць, што сказаць. Ну, хіба ж яны не дамаўляліся вясной на ўроках аб гэтым паходзе? Хіба не ўсё было дамоўлена? Яго закранутая годнасць мо і патрабавала сказаць на развітанне нешта рэзкае, але Віталь адчуваў, што сённяшні Віцькаў настрой — з-за нейкай другой невядомай прычыны і злуе Віцька не на Віталя. Але ж і крыўда душыла, бо калі нешта не так было ў Віцькі, то чаго на ім, Віталі, ён зрывае сваю злосць? Прывык, што Віталь ніколі не пярэчыць, прывык камандаваць…
Віталь моўчкі, панура апусціўшы галаву, пайшоў з надворка. Так нічога і не сказаў. Што тут было казаць, калі такая справа — астравы Ведзьмінай тоні — для яго сябра, з якім восем год прасядзеў разам за адной партай — чорт лысы? Няхай мінулым летам Віцька быў у доме адпачынку, потым — у бабулі недзе на Украіне, а Віталь адзін складаў тую карту. Дык хіба не Віцька выгаворваў яму потым: мог бы, маўляў, і пачакаць, разам бы ездзілі, вымяралі… І на гэта лета такія планы яны будавалі, так абмяркоўвалі…
І што рабіць? Не хацелася ісці да Эдзіка. І гэты не захоча. Ды і не сябры яны, і, адчуваецца, наўрад ці атрымаецца сяброўства. Ісці аднаму? У лодцы плаваць па Ведзьмінай тоні аднаму бацька не дазволіць. І ці дазволіць яшчэ ісці ў тое балота. Ат, што тут плакаць раней часу. Напачатку трэба распытаць каго аб астравах, аб сцяжынках на балоце. Вось спытаць асабліва няма ў каго — толькі ў дзеда Васіля.
Віталь, які ўжо быў намерыўся ісці да сваёй хаты, крута развярнуўся і пайшоў у другі канец вёскі.
У гэты час дзеда Васіля можна было застаць за адной справай: ён плёў кошыкі. Сядзеў у цяньку пад кустом бэзу на нізкім зэдліку і працаваў. З боку паглядзець, дык адразу здавалася, што марудна працуе дзед Васіль. Але вось ідзе хвіліна за хвілінай, а рукі дзеда Васіля не спыняюцца, не запавольваюцца. Такое адчуванне, што дзед Васіль гэта адно, а рукі яго — асобна, нешта другое. Не рукі, а маніпулятары: ніводнага лішняга руху. Лазіну ўзяла адна рука, другая ўжо трымае нож, рукі сустракаюцца — галіна ўжо абрэзана, нож кладзецца, канец галіны ўстаўляецца, праз рэбры кошыка перабіраецца, зноў нож мільгае і новая галіна ў руцэ…
— Дзень добры, дзед Васіль.
Стары, не прыпыняючы работу, глянуў на Віталя, уклаў акуратна лазіну ў рэбры, не спяшаючыся, як і працаваў, адставіў асцярожна напалову гатовы кошык убок.
— Здароў, малец. Што хацеў?
Віталь падышоў бліжэй, прысеў перад дзедам Васілём.
— Да вас я — сын Антона Аўдзеева, Віталь. Параіцца хачу. Справа ў мяне такая…
— Ведаю я цябе, Віталь, хоць ты і па ранеты мае не лазіў. Раз справа — бяры ля сянец зэдлік, нясі сюды, пагутарым, — сур’ёзна адказаў стары, а сам дастаў з кішэні сваю пацёртую бляшанку з тытунём.
Віталь прынёс зэдлік, сеў, чакаў, пакуль дзед згорне цыгарку.
— Ну, кажы сваю справу, — пыхнуў убок воблачкам дыму стары.
— Памятаеце, дзед Васіль, вы былі ў нас у школе і расказвалі аб вайне. Вы тады Ведзьміну тоню ўспаміналі. А я… некалі мы з бацькам там рыбачылі, такія два карасі злавілі — ледзь выцягнулі. Там гэтыя астравы… Ну, глядзіш, як быццам іх нехта спецыяльна насыпаў. А ў нас жа кажуць, што некалі быў яшчэ востраў, пасярод самага возера, ды на дно апусціўся… Ну, я хачу праверыць…
— Што, на дне востраў шукаць? — прыжмурыўся дзед Васіль.
— Ды не… Я хачу дакладна вымераць адлегласць паміж астравамі, як яны вакол возера ляжаць, ну і іншае…
— А навошта? — дзед шчыра здзівіўся.
— Ды… калі астравы дакладна размешчаны неяк сістэмна, значыць — яны штучныя, ну людзі іх самі насыпалі.
— Можа, і самі… Некалі даўно там людзі жылі…
— Жылі? — аж падскочыў Віталь. — Даўно?
— Відаць, даўно, — дзед затушыў недакурак. — Мы, калі зямлянку зімой у сорак трэцім дзяўблі, нешта знайшлі такое — ці то зруб стары, ці яшчэ што. Не да таго было, каб разглядаць… Паўсюдна людзі раней жылі, дзе было бяспечна. Астравы ў балоце, а па балоце хадзіць, не ведаючы сцежак, — сабе на згубу. Самі астравы сухія, вялікія. Мо якое паселішча і было. Ці канакрады сабе лежбішча былі зрабілі, ці разбойнікі…
— Дык да вострава таго, дзе вы хаваліся, цяпер не дайсці.
— Цяпер — не. Сцяжынку я ўжо забыў, ды і тыя вольхі, што мы ўсцілалі ў багну, даўно пагнілі… Зімой толькі, і то з асцярогай.
— Зіма далёка… А калі на лодцы? — апошняя надзея прагучала ў словах Віталя.
— Няма, хлопча, ні ў каго чоўна. На копанцы хіба на ім плаваць? Сам я даўно не рыбачу. Цяжка хадзіць мне па балоце.
— А я лодку з камеры зраблю, — чапляўся, як за саломінку, Віталь.
— На гумавай лодцы там лепш не плаваць, — паківаў галавой дзед Васіль. — Возера ж на самай справе — гэта і не возера, а кавалак балаціны. У іншых месцах можна на корч які напароцца…
— Плыткае возера? А той востраў, які праваліўся? — разгубіўся Віталь.
— Ды гэта казкі, — адмахнуўся дзед. — Плыткае то плыткае, а дно ж балоцістае. Не зразумець, дзе тое дно пачынаецца. Шост лезе і лезе ў ваду на ўсе чатыры метры, бы ў кісель які.
— А пра рыбака яшчэ расказваюць, — перацепнуў плячыма Віталь. — Быццам і дагэтуль ён па возеры плавае.
— Ніхто там не плавае ўжо. Год дзесяць таму, тое праўда, нехта невядомы, мо з гарадскіх, некалькі дзён кружыў па тоні на маленькай лодачцы. І тое праўда, што згінуў. Лодку я пасля знайшоў… А яго не бачылі. Дзіўны чалавек быў. Быццам хаваўся ад людзей… Вось, такія справы. Балота — жартаў не любіць.
— Дык што рабіць? — з адчаем ужо запытаў Віталь — прападала яго мара.
— Ну, прыдумаць можна што-небудзь заўсёды, — загаварыў, супакойваючы стары. — Адно скажу: не аднаго гэта справа, аднаму — не справіцца.
— З чым не справіцца? — загарэўся Віталь, адчуўшы ў словах дзеда Васіля нейкую прыхаваную надзею. — Човен рабіць?
— Ну, човен зрабіць — майстэрства трэба ды і матэрыялы асаблівыя, а вось плыт — іншая справа.
— Плыт? — Віцька аж падскочыў.
Ну вядома ж, плыт! Яму не страшны карчы, ён не перакуліцца, як лодка!
— Плыт, плыт… — дзед Васіль узняўся, дапытліва глянуў на Віталя. — А ты што ж да мяне без сяброў прыйшоў? Аднаму на такую справу ісці не варта.
— Ды… Я яго ўгавару, — заспакоіў больш сам сябе Віталь, маючы на ўвазе Віцьку. Ну, на самай справе, пройдзе ў яго хандра, хіба ж адмовіцца ён ад такога: плыт зрабіць і на ўсіх астравах пабываць, рыбу на зорцы палавіць, юшку на кастры зварыць, у будане паначаваць? Эх, што тут казаць!
— Ну, вось што, — загаварыў дзед Васіль. — Ты ідзі ў сад, там баба яблыкі збірае. А цераз агарод сходзіш да будана, што ў садку Зойкі-п’яніцы стаіць. Клікнеш адтуль хлопца да мяне. Я ў садку буду.
Віталь трохі здзівіўся, але пытаць нічога не стаў.
Ля будана ў вішняку ён пабачыў Нэлу, якая гулялася ў пяску з цацкамі. Сам Сяргей раскладваў агонь. Побач стаяла закопчаная каструля, з чыстай вадой. Сяргей азірнуўся на крокі, стаў так, каб падыходзячы Віталь не бачыў, што там, у каструлі. А ў ёй былі дзве выпатрашаныя і памытыя тушкі галубоў — сённяшняя ранішняя здабыча Сяргея. Злавіў галубоў ён звычайнымі начоўкамі: перакуліў, прыўзняў адзін край, падпёр палкай, да якой прывязаў тонкую вяроўчыну. Пасыпаў хлебных крошак. І ўся хітрасць.
Цяпер Сяргей збіраўся варыць суп. І з’яўленне Віталя яго ніколькі не абрадавала.
— Што трэба? — спытаў Сяргей з папярэджаннем у голасе, дзе яскрава чулася: «Лепш не падыходзіць бліжэй».
Ён пазнаў Віталя — гэта той, які тады на возеры ўзняў рукі ўгару, не палез у бойку, але ў копанцы пабываў.
— Цябе дзед Васіль заве, — адказаў Віталь, таксама пазнаўшы Сяргея. У думках ён адзначыў сам сабе, што добра зрабіў, калі там, на копанцы, не палез у бойку…
Павярнуўся і пайшоў, не тлумачачы нічога. Ды і што ён мог сам патлумачыць?
Дзед у садку, седзячы на прынесеным сюды зэдліку, ужо нарэзваў у вялікую каструлю яблыкі.
— Бач, насыпала колькі, — звярнуўся ён да Віталя. — Што казе парэжу, што баба пасушыць. Ты выбірай сабе, еш.
Віталь выбраў яблык, абцёр, і ў гэты час падышоў Сяргей.
— Клікалі, дзед Васіль?
— Клікаў, клікаў, — дзед не адкладваў нож убок. — Ты на Ведзьмінай тоні збіраешся рыбачыць, так?
— Ну-у, — пацвердзіў Сяргей.
— То я табе во напарніка знайшоў, — кіўнуў дзед Васіль на Віталя. — І яму гэта тоня трэба, то ўдвух вам лацвей будзе, ды і я чым дапамагу.
— Што дапаможаце? — здзівіўся Сяргей, а Віталь перастаў жаваць.
— Плыт дапамагу вам зрабіць. І сам паплыву з вамі.
— З намі? — не ўтрымаўся ад здзіўлення цяпер ужо Віталь.
— З вамі, як усё атрымаецца.
Стары паклаў на кошык з яблыкамі нож, абцёр рукі, загаварыў, гледзячы міма хлопцаў, некуды ў далячынь.
— Там чацвёра нашых вяскоўцаў прапала. Не выйшлі з багны. Атрад наш на групы разбіўся, вось адна група і не выйшла, знікла ў балоце. А адзін з той групы — сябра мой Андрэй Кульжа. Нам тады як вам было, мо на год больш. Хаты нашы побач стаялі, то мы з дзяцінства, як браты раслі, аднагодкі. Я жыву, а Андрэй прапаў з зімы 43-га… Ну, а цяпер во, калі паможаце, то хачу я там пабыць… Хоць не ўмею, ды неяк памалюся… Каб можна было мне і паміраць спакойна. Ну, як, Сяргей, Віталь, дапаможаце мне апошні свой доўг на гэтай зямлі выканаць?
Сяргей разгубіўся толькі на імгненне — ён зразумеў адразу ж усю сур’ёзнасць слоў дзеда Васіля, усю важнасць для старога яго задумы, і адказаў, не марудзячы:
— Дапамагу.
– І я дапамагу! — выгукнуў Віталь.
— От і добра. Сядайце, — кіўнуў дзед Васіль хлопцам і прадоўжыў: — Цяпер будзем аб справе казаць. Нас, значыцца, трое, а работы зрабіць трэба многа… На Заечым востраве лесу нямнога, а Заікін — адны вольхі. Дрэва цяжкае. Значыць, матэрыялы трэба з сабой браць. Я з бацькам тваім пагавару, — кіўнуў дзед на Віталя. — Ён на трактары падвязе, колькі можна. А там несці з паўкіламетра трэба. Вясна сухая была, і цяпер дажджы яшчэ не ішлі добрыя, то гразі многа не будзе. У мяне жэрдзе сухое ёсць, шалёўкі трохі. А вам, значыць, задача такая: гэтых во бутэлек пластыкавых, у якіх ваду фарбаваную прадаюць, трэба назбіраць. Валяюцца яны паўсюль, ля магазіна, на сметніку поўна. Гэта будзе нам замест гумавых колаў. І дрэва многа не трэба, і плот устойлівы будзе, траіх вытрымае, і не страшна на які корч напароцца…
— Чацвярых, — запярэчыў Сяргей.
— Ну, у тваёй Нэле дзесяць кілаграмаў вагі, — усміхнуўся дзед, зразумеўшы, што Сяргей кажа пра сястру. — Ну, як вам мой план?
— Здорава! — пляснуў сябе па калене Віталь. — Цяпер з вамі мяне без пытанняў начаваць на астравах пусцяць.
— Пусцяць, я сам перагавару… — стары хвіліну памаўчаў, павярнуўся да Сяргея:
— Ад Савінага вострава дно возера пясчанае, цвёрдае і паверхня вады чыстая. У тую зіму мы лункі ў лёдзе рабілі — рыба дыхаць узнімалася. Мы яе чэрпалі, як юшку лыжкай з каструлі, варылі, елі. Гэтым і выжылі. І шчупакоў колькі выцягнулі.
— У мяне спінінга няма на шчупака, — з жалем адказаў Сяргей.
— У мяне ёсць, я табе дам, — заспяшаўся невядома чаму Віталь, быццам Сяргей мог з-за адсутнасці спінінга адмовіцца ад стаўшай ужо такой рэальнай справы.
– І гэта добра, — замест Сяргея адказаў дзед Васіль. — Пайшлі, я вам дам колькі мяхоў, у іх будзеце гэтыя бутэлькі збіраць. Колькі збіраць, самі палічыце, вы хлопцы разумныя. А потым усё разам павязём…
Мяхі ад дзеда Васіля неслі разам. Каля будана Віталь нясмела прапанаваў:
— Давай палічым, колькі нам бутэлек трэба.
Сяргей адвёў позірк убок.
— Лічы сам.
— А ты?
— Лічы сам! — нечакана для Віталя крыкнуў Сяргей са злосцю. — Я — дэбіл. Чаго я, па-твойму, у інтэрнаце? — ён зірнуў на Віталя, а той раптам заўсміхаўся.
— Дэбіл — гэта калі сліна з рота цячэ і вочы пустыя. Не ведаеш, так і скажы, ды і ўсё.
— Не ведаю.
— Ну, давай я патлумачу, — не адставаў Віталь.
— Пайшоў ты… Мне суп варыць трэба. Нэлу карміць…
— А пайшлі да мяне паабедаем?
— Не, — рэзка адказаў Сяргей. — Я сам.
— Ну, добра, ты агонь раскладвай, а я буду лічыць. Паперы ў цябе няма?
— Ёсць… — вырвалася ў Сяргея, потым ён заматаў галавой: — Няма. Я Нэле вёз, у яе дзень нараджэння будзе, альбом, фламастэры.
— Ну, добра, няцяжка і на зямлі палічыць трэскай. Але не, — перадумаў Віталь. — Ты вары есці, я пайду дамоў, разлічу ўсё, бо трэба і схему плыта намаляваць, і прыйду гадзіны праз дзве. Табе нічога не прынесці? Ну, з ежы што-небудзь… — дадаў ён асцярожна.
— У нас усё ёсць! — рэзка адмовіў Сяргей.
— А я Нэле пернікаў прынясу! Прынесці, Нэла? — павярнуўся Віталь да дзяўчынкі, якая ўвесь час размовы назірала за хлопцамі. Нэла ўсміхнулася і кіўнула.
Праз дзве гадзіны з паловай Віталь ішоў подбегам у бок Сяргеевай хаты са скручаным вялікім аркушам паперы. І нават нешта напяваў ад радасці.
— Глядзі! — закрычаў, яшчэ толькі зайшоўшы ў садок. — Вось наш плыт.
Але перад тым, як разгарнуць аркуш, паспешна палез у кішэнь.
— Нэла, трымай! Смачныя!
Сяргей ужо паспеў зварыць суп. Галубінае мяса было цвёрдае, відаць, варыць трэба было больш. Але з’елі ўсё. І смачна было…
Сяргей сядзеў каля будана, Віталь прысеў побач.
— Вось! — разгарнуў нарэшце Віталь аркуш.
— Ух ты! — вырвалася захапленне ў Сяргея. — Такі вялікі?
Віталь разгубіўся.
— А… Чаму вялікі?
— Што я, не бачу? Чатыры на тры метры!
— Ты добра ў чарцяжах разбіраешся… — глядзеў ва ўсе вочы на Сяргея Віталь. — У нашым класе для паловы вучняў тое, што я намаляваў, — піраміды егіпецкія.
— А што тут разбірацца? — шчыра паціснуў плячыма Сяргей. — Усё ж намалявана… Тут матэрыялаў столькі трэба…
— А я паглядзеў, у нас дома таксама дошкі ёсць. Тут дошкі знізу, бутэлькі, дошкі зверху, каркас атрымліваецца, — стаў тлумачыць Віталь.
— Ды не тлумач, я ўсё бачу, — перапыніў Сяргей. — Бутэлек колькі?
— А казаў — дэбіл, — усміхнуўся Віталь. — Бутэлек… Ты закон Архімеда ведаеш?
— Не.
— Зусім?
— Зусім. Я не памятаю нічога.
— Ат, тлумачу. Камень у вадзе заўсёды лягчэйшы, чым на беразе. Чаму? Таму, што вада выпіхвае ўсё, што ў яе трапіць. І выпіхвае ўсё з аднолькавай сілай. Чаму роўна гэта сіла? Яна роўна вазе вады, якая б умясцілася ў такім аб’ёме, як наш апушчаны ў ваду камень. Зразумела?
— Ну, пакуль зразумела.
— О, цяпер бяром цагліну: сапраўдную і такую ж цагліну — з пенапласту. Цагліна важыць пяць кілаграмаў, пенапласт — сто грамаў. Яны займаюць па аб’ёме, ну скажам, адзін літр. Значыць, калі ў такі аб’ём наліць ваду, яна будзе важыць адзін кілаграм. Вось і атрымаецца, што гэтыя цагліны вада будзе выштурхоўваць з сілай у адзін кілаграм. Тады сапраўдная цагліна ў вадзе будзе важыць… колькі?
— Чатыры кілаграмы, — упэўнена адказаў Сяргей.
— Точна. А пенапласт?
Сяргей задумаўся.
— Ага! — Віталь засмяяўся, але не зласліва, больш падбадзёрваючы. — Ад 100 грамаў не адняць пяць кілаграмаў! Тады адымаем ад пяці сто, але будзем ставіць знак мінус — значыць пенапласт важыць мінус чатыры дзевяцьсот. І тады мінус у любым выпадку будзе азначаць, што наша цагліна будзе плаваць на паверхні. І будзе ўтрымліваць на сабе груз у чатыры кілаграмы дзевяцьсот грамаў і не тануць. Зразумеў?
— Ага, — Сяргей кіўнуў. — Цікава.
— Во, і я кажу — цікава. Цяпер лічым: ты — 50, я — 50, дзеду даём — 70, Нэле — 30 — атрымаем 200 кг. Значыць, нам трэба столькі бутэлек, каб у іх умясцілася больш за 200 кг вады.
— А сам плыт з дошак? Ён жа таксама не тоне.
— Ну, плыт мы лічыць не будзем. Чым больш, тым лепей — устойлівасці больш. Так, у нас яшчэ будзе які груз, ежа і гэтак далей. Карацей, 200 кг, а ў бутэльцы 1,5 літра. Дзелім — атрымліваем?..
— Не ўмею, — адвёў Сяргей вочы ўбок.
— Так, трэба з табой пазаймацца, — заявіў безапеляцыйна Віталь. — 10 бутэлек — 15 літраў, 100–150, яшчэ 10 і 10, і 10 — 195 усяго. Ну?
— Не хапае пяць.
— Во, хоць складаць умееш.
— А ты не падкалупвай, а то… — гатовы быў пакрыўдзіцца Сяргей.
— Не псіхуй, — прымірэнча сказаў Віталь. — Я не каб пакрыўдзіць, а трэба ведаць… Навучыцца не цяжка.
— Мне — цяжка.
— Ат, гэта ты больш сам сабе ў галаву ўбіў, што не можаш… Але: з такой колькасцю бутэлек мы тануць не будзем, але ўстойлівасці таксама не будзе. Таму бяром усё ўдвая. Значыць, чатырыста. Дарэчы, адкуль ты так добра ў чарцяжах разбіраешся?
— А мы там зямлянкі ў лесе рабілі… Спачатку намалюем… Я любіў спачатку намаляваць, а потым — зрабіць. Так цікавей.
— Ага, так цікавей. Ты мне дапаможаш на астравах?
— А што?
— Я хачу карту астравоў скласці. Вось дзед Васіль казаў, што там некалі людзі жылі — можа, гэтыя астравы не самі па сабе, а іх людзі насыпалі, можа, яны гэтым самым нешта сказаць хацелі, — паступова разгараўся Віталь. — Уяўляеш, раптам там — тайна…
Сяргей хмыкнуў, але сказаў дабрадушна:
— Табе тайна… А нам рыба трэба. Многа рыбы.
— Саліць ты яе будзеш?
– І саліць. Я з вадзіцелем дамовіўся — ён купляць будзе.
— А на што ты грошы збіраеш?
— Я не збіраю. Я на іх хлеб купляю…
Сяргей замаўчаў, стаў уважліва зноў разглядаць чарцёж. Віталь, адчуваючы сябе чамусьці ніякавата, вырашыў перавесці размову на другую тэму:
— Ну… трэба, відаць, сёння і пачынаць… Столькі бутэлек сабраць — не жарт.
— Збяром, — махнуў рукой Сяргей. — Ты ідзі ў магазін, мы з Нэлай па сметніках паходзім.
— Да цябе зносім?
— Ага, тут і да дзеда блізка. Вунь за буданом і будзем складваць. Ты схадзі да дзеда, яму чарцёж пакажы, мо што паправіць.
— Добра.
К вечару за буданом ляжала першая паўсотня бутэлек. Многа было без коркаў. У гэтых, распаліўшы агонь, заплаўлялі рыльцы, у начоўках з налітай вадой правяралі надзейнасць кожнай бутэлькі.
Сяргей аднекваўся напачатку, але Віталь запрашаў настойліва і ўрэшце Сяргей згадзіўся ісці разам з Нэлай вячэраць да Віталя.
Частка 12
Жэнька была ў роспачы: не было аб чым пісаць! Гэтай вясной пасля таго, як прачытала ў раённай газеце аб адкрыцці школы маладога журналіста, яна ездзіла ў рэдакцыю. Як яе там усё ўразіла! Яна ўпершыню ўбачыла, як робіцца газета, упершыню пабачыла рэдактара газеты, сапраўдных журналістаў, а потым перад сабраўшыміся юнакамі і дзяўчатамі, выступаў так добра вядомы ў раёне паэт, чые вершы некалі саму Жэньку літаральна прымусілі пісаць на роднай беларускай мове. Бо яна адчула, якой чысцінёй і асалодай вее ад кожнага радочка, як звычайныя, вясковыя словы, расстаўленыя ўмелай рукой паэта, набываюць мілагучнасць і важкасць, паэтычнасць, глыбінны сэнс.
Было, яна і сама пісала вершы. Адзін нават былі надрукавалі ў «Раніцы». Божа, як чакала гэтай публікацыі Жэнька! Маці не паверыла адразу, што гэта яе Жэнька напісала, перапытвала. Потым, як «Раніца» прыходзіць, маці сама гартала газету, шукала імя дачкі. Хоць Жэнька ёй і сказала, каб не шукала, нічога яна больш у «Раніцу» не пасылала. Але аб тым, што паслала сваю невялікую заметку аб школе ў раённую газету, прамаўчала. А заметку надрукавалі. Праўда, вельмі ж пакрэслілі, пераставілі словы і сказы. Жэнька чытала свае і не свае радкі, параўноўвала з тым, як напісана было ёй напачатку, і ёй стала сорамна: ну, хіба яна сама, калі б пасядзела, як след, не змагла вось так напісаць — проста, ясна і складна?
Але было і прыемна. І хоць маці цяпер нешта асабліва не радавалася гэтай заметцы, як тым вершам, ды Жэнька вырашыла: будзе пісаць у газету заметкі. І стане журналістам.
А цяпер вось адчайна шукала тэмы ледзь не пад нагамі, глядзела на ўсе вочы на вуліцу, калі ішла па хлеб у магазін: а раптам нешта цікавае? Рэдактар жа казаў, што самае галоўнае — заўсёды перад вачыма. Трэба яго толькі ўбачыць. Купіла хлеб, хацела ўжо выходзіць, як пабачыла Віталіка — той выходзіў з падсобнага памяшкання магазіна з запоўненым нечым лёгкім мехам на плячы.
— Дзякуй Вам! — шчыра сказаў ён прадаўшчыцы.
Тут яго спыніла Жэнька.
— Ты што гэта набраў?
— Ха, тайна! — Віталь смешна вылупіў вочы. — Пусці, дай хоць выйсці, а то стаю тут з мехам.
На ганку Віталь паставіў мех, павярнуўся да Жэнькі.
— Глядзі, — ён паказаў ёй, што ў мяху — пустыя пластыкавыя бутэлькі.
— Навошта яны табе? — здзівілася Жэнька. — Ды яшчэ так многа…
. —О! Нам трэба пяцьсот штук.
Віталь быў узбуджаны — гэта Жэнька бачыла, і яна здагадалася, што хлопец заняты нейкай надзвычай важнай справай, цікавай.
— Што, на бутэльках на астравы паплывеш? — спыталася яна з’едліва, хоць адчувала, што бутэлькі нечым звязаны з планамі Віталя наконт Ведзьмінай тоні.
— Паплывём! — упэўнена адказаў Віталь, закінуў на плячо мех.
Яны пайшлі ў адзін бок — да дома Жэнькі.
— А куды ты іх нясеш? Да нас хіба?
— Не-а, — пакруціў галавой Віталь. — Да Зойчынага Сяргея. Ведаеш? Ён у інтэрнаце ўвесь год, мінулым летам тут краў, дзе што бачыў. У садку там яго будан…
— Бачыла.
— Ну, во. Там наш штаб! — важна адзначыў Віталь.
— Стоп, — Жэнька спынілася на самай справе. — Ты што, пасябраваў з гэтым Сяргеем?
— А што? — паціснуў Віталь плячыма. — Хлопец як хлопец, не задавака і не выстаўляецца. Псіхованы трохі хіба. Усё ўмее сам робіць… Гэта нас дзед Васіль звёў…
— А дзед Васіль пры чым?
Яны зноў нетаропка ішлі доўгай вуліцай, Віталь расказваў з задавальненнем, у словах яго адчувалася ўзрушаная радасць ад таго, што ўсё так добра склалася.
— Я прыйшоў да дзеда Васіля, каб расказаў, ці можна з вострава на востраў пераходзіць. Дзед кажа: не, але выхад ёсць. Сказаў мне паклікаць Сяргея. Той збіраўся адзін на Ведзьміну тоню ісці рыбу лавіць, бо на нашай копанцы яму твой Віцька з гарадскім Эдзікам набілі морду і сказалі, каб больш туды не соваўся. Вось… А дзед Васіль нам кажа: зробім плыт і паплывём утраіх!
— Дзед паплыве? Не смяшы! — не паверыла Жэнька.
— Я не смяшу. Памятаеш, на сустрэчы ў школе Васіль Яўменавіч казаў, што там, на астравах Ведзьмінай тоні, партызанскі атрад ратаваўся ў блакаду? Вось, дык ён хоча туды трапіць і… Ну, чацвёра партызан не выйшлі тады з балота, дзед кажа, што згінулі, багна ж кругом. Дарэчы, там усе з нашай вёскі… Вось ён хоча там пабыць. Ну, не ведаю, мо ўспомніць усіх… А бутэлькі гэтыя — каб плыт быў хоць і меншым, ды трымаў многа. Вось так! — ён глянуў на Жэньку з пераможным выглядам.
Жэнька закусіла вусны. Вось як усё перавярнулася!
— А… як жа тваё даследаванне астравоў? — спытала Жэнька.
— Адно другому не замінае, — махнуў рукой Віталь. — Мы адразу тры задачы рашым: дзеда на астравы звозім — раз; астравы аблазім — два; рыбы наловім, насушым, насолім і прададзім — тры!
– І… Нэлу з сабой браць будзеце?
— А Сяргей яе не кіне. І яна за Сяргеем як хвосцік — ні на крок не адыходзіць. Возьмем.
Падышлі ўжо да дома Жэнькі, і яна адважылася, запытала гулліва:
— Віталік, а мяне возьмеце?
Віталь лыпнуў разгублена вачыма, перакінуў мех на другое плячо:
— Ды ідзі ты… — адказаў ён, пакрыўджаны. — Я табе сур’ёзна аб усім кажу, а вы…
Ён пайшоў, а Жэнька зразумела, што «вы» — гэта яна і яе брат. І што пакрыўдзіўся Віталь не дарэмна — нельга было ёй аб такім сур’ёзным пытацца смехам.
На абед прыехаў бацька: загарэлы, рукі чорныя, ну хіба настаўнік? Трактарыст звычайны. Жэнька ліла яму на рукі і пыталася, як бы аб нечым другарадным.
— Тата, ты б пусціў сваю дачку на балота?
— А што рабіць маёй дачцэ на балоце?
— Рыбу лавіць.
— Не-а.
— А калі б у дачкі былі два надзейныя ахоўнікі?
— Яе ўзросту? Не.
— А з імі — дарослы і паважаны чалавек…
— Ну-у. Няхай тады сходзіць, камароў пакорміць…
— А з начоўкай?
Бацька выцерся ручніком, які ляжаў на плячы ў Жэнькі, няўцямна глянуў:
— Што гэта за такія задумы? Здаецца, у школе ніякіх паходаў на наша балота не планавалі…. Пайшлі есці, раскажаш.
Маці за сталом напачатку коратка расказвала аб сваіх праблемах: гэта звыкла, у школе праблемаў заўсёды хапае. Бацька слухаў, еў, ківаў галавой. Жэнька пакуль цярпліва чакала. Яна ведала — бацька яе падтрымае. А маці? О, маці будзе супраць, дакладна супраць. Добра б было, каб Віцька быў з хлопцамі. Але ж як склалася: з Віталем пасварыўся, з Сяргеем пабіўся і з гэтым гарадскім Эдзікам нешта не сустракаецца. Таксама кошка чорная паміж імі прабегла, ці што? Віцька сядзеў за сталом хмуры — як і два апошнія дні. Маці была пыталася ў яго, што здарылася, але больш за тое, што Віцька расказаў аб сутычцы на возеры, ён не расказваў.
— А ў мяне вось якая навіна, — бесклапотна пачала Жэнька, калі ўсе свае праблемы маці выказала. — Віталік Аўдзееў увесь год марыў адшукаць тайну астравоў Ведзьмінай тоні — думае, што астравы штучныя і хаваюць нейкую тайну. І хоча пабываць на ўсіх астравах.
— Там жа балота! — усклікнула маці. — Як ён пройдзе?
— Потым, слухайце далей, — працягвала Жэнька. — Той самы Зойчын Сяргей, які лавіў рыбу, каб карміць сваю сястрычку, таксама зазбіраўся на Ведзьміну тоню лавіць там. І збіраўся разам са сваёй сястрычкай. Васіль Карота на гэтых астравах у час вайны са сваімі сябрамі-партызанамі ратаваўся ад блакады. І там, недзе ў балоце, загінула тады чацвёра партызан. І дзед захацеў на сконе жыцця наведаць гэтыя мясціны…
— Чакай, чакай, — раптоўна пасур’ёзнеў бацька. — Алена, — звярнуўся ён да маці, — ты ж яшчэ застала той час, калі дырэктарам у школе была Ганна Дзмітрыеўна?
— Рагоза? — удакладніла-перапытала маці.
— Вось, сярод тых чацвярых вяскоўцаў — яе бацька!
— Ты што?
— Праўда.
— Дык што далей, Жэня?
— А далей, як вы здагадаліся, тры розныя жаданні аб’ядналі трох розных людзей — і задача не стала такой складанай. Яны збіраюцца зрабіць плыт і па возеры наведаць усе астравы. І я з імі хачу, мам, — закончыла яна з плаксівай просьбай, з надрывам нават, так шчыра і нечакана, што маці адхіснулася.
— Куды ты хочаш? — перапытала яна, быццам не зразумела, якое жаданне выказала дачка.
— Я хачу плыць на плыце па Ведзьміной тоні, начаваць каля кастра і… напісаць аб гэтым! І сфатаграфаваць. Гэта будзе сапраўдны матэрыял! Ну, мам? — зноў у канцы заплаксівела Жэнька.
— Што — «мам»? А бацьку пытаць не трэба? — схітрыла маці.
— Напачатку ты!
— Чакай, дачка, — падаў голас бацька. — Тут справа сур’ёзная. Гэта не на копанку схадзіць. І не толькі таму, што небяспекі на балоце і на вадзе хапае, — цвёрда сказаў бацька і нечакана спытаў: — А ты, сын?
Віцька, які за сталом не сказаў ні слова, здрыгануўся, але нічога не адказаў.
— Андрэй, — папярэдзіла маці бацьку, — не загарайся, як хлапчук. Што табе да дзіцячых гульняў?
— Гульняў? — ціха, з напружаннем перапытаў бацька. — Жаданне старога партызана — гульня? Лавіць рыбу, каб купіць сабе і сястры хлеб — гульня? Гульня — гэта… — ён прыпыніўся.
Віцька сцяўся ў чаканні слоў: «гэта — расстрэльваць з рагатак сарачанят», хоць бацька не мог ведаць аб іх «паляванні». Ды бацька толькі махнуў рукой, нічога не сказаўшы.
Абед закончыўся ў маўчанні. Жэнька не стала больш дапытвацца — разумела, што сёння не той настрой у бацькоў.
Частка 13
Ну чаму, чаму ўсё ў гэта лета складваецца не так і не ў той бок?
Віцька перачытваў «Таямнічы востраў», але прачытанае не лезла ў галаву. Ён адгортваў старонку, спрабаваў засяродзіцца на прыгодах каланістаў, а бачыў копанку, скручанага ад болю Сяргея, чуў роспачны крык малой Нэлы. «Як яна яго любіць!» А потым узнімалася на знявечаных лапках сарачанё, шырока разяўляла сваю дзюбу ў адчайным крыку да прагі жыцця, а маленькія вочкі птушкі свідравалі свядомасць.
Дзве ночы запар Віцьку сніцца сарачанё. То вось такое, у перадсмяротнай агоніі, а то жывое, хітраватае, ускоквае на яго тумбачку ля ложка, зварочвае галаву набок і цікуе адным вокам: спіць Віцька ці не спіць… Не, Віцька не стаў бы трымаць дома птушку, ён бы занёс сарачанё да Нэлы — яна б вельмі радавалася такому падарунку. Тым больш, ні сарока не ўмее гаварыць, ні Нэла… То вучыліся б разам….
Нічога не атрымліваецца, як магло б атрымацца. Ну чаму? Што не так робіць Віцька? Чаму ён, разумнейшы за Віталя (Віталь дыктант без Віцькі не напіша, факт), аказаўся ў цені свайго сябра ў пачатку года? Гэта ж аб Віталі гаварыла ўся школа, калі старшыня калгаса Зарэмба на першай лінейцы дзякаваў многім хлопцам і дзяўчатам за дапамогу, а Віталя — асабіста за зробленую карту. А маглі б разам зрабіць… Вось і цяпер маглі б разам паплысці па Ведзьмінай тоні — а пасварыўся з Віталем і да таго Сяргея і не падыдзеш… А яны во паплывуць, знойдуць нешта — і будзе аб іх гаварыць вёска і школа… Хацелася зрабіць такую добрую справу — чучала хоць якой птушкі прынесці ў кабінет біялогіі, а ўрэшце так агідна ўсё выйшла…
Што ён не так робіць?..
Віцька зірнуў на гадзіннік — пара ісці ў школу. Сёння ў кабінеце маці трэба пераставіць мэблю, каб потым фарбаваць падлогу. Той мэблі небагата, адно што камп’ютэр трэба адключыць і зноў падключыць.
Маці не хоча, каб дома быў камп’ютэр. Кажа, гэта рэч толькі зацягвае ў багну, імя якой — віртуальны свет. А Віцьку хочацца… Гэтулькі ўсяго на камп’ютэры зрабіць можна цікавага…
Маці дала Віцьку ключы ад кабінета і сама заспяшалася ў сельскі Савет — нейкая там тэрміновая справа. Віцька не спяшаючыся раз’яднаў блокі кампю’тэра, перасунуў сталы, нетаропка ўсё злучыў. Вымыў падлогу, потым уключыў камп’ютэр — маці дазваляе гэта рабіць, і нават у Інтэрнэт Віцька ўжо навучыўся выходзіць…
Мабыць, нашы жаданні іншы раз так глыбока хаваюцца ў свядомасці, што мы робім і толькі потым асэнсоўваем, што менавіта гэта хацелі зрабіць. Так і Віцька — выйшаў у Інтэрнэт, зайшоў на пошукавую сістэму Яндэкс, і рукі хутка набралі ў пошукавым полі: «Ведзьміна тоня».
«Па Вашаму запыту нічога не знойдзена».
Віцька і не спадзяваўся, што нешта адшукаецца, але была нейкая надзея — а раптам? Раптам нехта раней нешта напісаў пра гэта месца — будзе тады ісці з чым да Віталя…
Віцька вырашыў напісаць словы лацінскімі літарамі. Напісаў «Vedzmina tonay». Пуск…
«Па Вашаму запыту нічога не знойдзена».
Чакай… А калі пашукаць у іншых пошукавых сістэмах? Ну, самы шырокавядомы, лічы, міжнародны — Гугль.
Але і гэты пошукавік ў сусветнай павуціне нічога не знайшоў ні ў кірылічным напісанні, ні ў лацініцы.
Віцька яшчэ спрабаваў мяняць напісанне слова лацінскімі літарамі, мяняў адну-дзве літары, але дарэмна. Ужо хацеў выключыць, як раптам успомніў, што яму расказвалі старэйшыя пра пошукавыя сістэмы — у кожнай краіне ёсць яшчэ свая такая сістэма. А рэсурсы Інтэрнэта, каб яны былі вядомы пошукавікам, трэба яшчэ рэгістраваць у іх каталогах… Значыць, трэба спачатку выйсці на пошукавыя сістэмы розных краін — там хутчэй знайсці нешта малазначнае для ўсяго сусвету. Калі яно ёсць, вядома.
«Пошукавыя сістэмы розных краін» — набраў у запыце Віцька.
Яндэкс адказаў некалькімі старонкамі з дакументамі, дзе сустракаюцца такія словы. Ёсць патрэбны — англійскі.
Праверым … няма нічога.
Польскі пошукавік… нічога не знаходзіць. Нямецкі… І гэта нешта кажа сваім языком, але цалкам зразумела, што няма такіх спалучэнняў, няма радкоў са спасылкамі…
Віцька задумаўся, потым вырашыў хутка ўстанавіць у камп’ютэр яшчэ і нямецкую мову — бо без нямецкай мовы мо і няправільна будзе напісаць «Ведзьміна тоня», каб нямецкі пошукавік на нечым спыніўся. Ды і як яно будзе выглядаць, гэта напісанне? А як тут напісаць, калі ніколькі гэтай мовы не ведаеш?
Пашукаў у даведніку маці дамашні тэлефон Таццяны Пятроўны — настаўніцы замежнай мовы. Патэлефанаваў — і ўдача, яна была дома.
«WEDZMINA…». Нечакана для самога сябе Віцька захваляваўся. Мо прадчуванне якое было ці тое, што так доўга давялося шукаць правільнае напісанне?
І ўздрыгнуў, калі праз хвіліну на экране засвяціўся радок са спасылкай на нейкі невядомы рэсурс. І там, трохі ніжэй, былі два радкі нямецкага тэксту з выдзеленымі знаёмымі словамі…
Яшчэ не верачы, што нешта знайшлося, не ведаючы, што канкрэтна знайшлося, Віцька ліхаманкава, быццам усё магло прапасці раптоўна, націснуў на спасылку. Толькі б адкрылася старонка…
Адкрыўся сайт. Нямецкая мова. Як можна было здагадацца, то было кшталту нейкай электроннай версіі газеты. Тэксту было многа. Гэта, можна было здагадацца, было інтэрв’ю. І ў гэтым інтэрв’ю у адным месцы выразна выдзяляліся словы «WEDZMINA …».
Пальцы дрыжалі. Віцька нават не стаў капіраваць тэкст, а націснуў на цалкам захаванне старонкі, потым яшчэ скапіраваў тэкст асобна… Каб ён ніяк не згубіўся.
Ужо спакойней апрацаваў тэкст у тэкставым рэдактары, надрукаваў на прынтыры. Атрымалася дзве старонкі.
І толькі цяпер, трымаючы ў руках і тэкст, і надрукаваную цалкам старонку невядомага сайта, Віцька ў думках крыкнуў сам сабе: «Гэй!»
І пашкадаваў, што вучыць англійскую мову, а не нямецкую. Як перакласці? Ісці да Таццяны Пятроўны? Не хацелася. Не хацелася ўвогуле паказваць каму-небудзь гэты тэкст, самому не прачытаўшы яго. А раптам там нешта такое, што… зробіць яго, Віцьку, сапраўдным героем?
Шукаць слоўнік і перакладаць па адным слове? Ну, гэта работа на тыдзень, ды яшчэ не так проста перакласці — у любой мове не заўсёды атрымаецца, бо сэнс слоў можа мяняцца…
Віцька глянуў на экран камп’ютэра і радасна ўсміхнуўся. Вось жа дурань! Ёсць жа электронны перакладчык — спецыяльная праграма. Праўда, настаўніца англійскай мовы, маладая яшчэ зусім, толькі пасля універсітэта, строга-настрога наказала не карыстацца гэтай праграмай. «Ведаць вы так нічога не будзеце. А я ў любым выпадку даведаюся, як вы перакладалі».
Але цяпер не ўрок, а якраз той выпадак, калі электронны перакладчык — менавіта тое, што трэба.
Віцька загрузіў праграму, увёў тэкст. Маленькі пясочны гадзіннік на экране кульнуўся раз-другі, і збоку высвеціўся пераклад. Як Віцька і чакаў (бо раней жа карыстаўся), пераклад быў зроблены слова ў слова.
Нічога, ён разбярэцца… Але мо з гадзіну мучыўся Віцька, пакуль тэкст прыняў асэнсаваны выгляд.
Віцька перачытваў яго зноў і зноў, кожны раз адчуваючы ўсё ўзрастаючую адказнасць за тое, што ён цяпер трымаў у руках.
Гэта паперка на самай справе можа зрабіць яго героем.
А можа і дапамагчы быць разам з Віталем, тым Сяргеем, дзедам Васілём, маленькай Нэлай, сястрой Жэнькай…
Ён можа праславіцца — і аб ім будзе гудзець школа (ды хіба толькі школа?).
А можна гэту славу падзяліць паміж усімі. Мо і не атрымаецца славы ўвогуле, але можа атрымацца цікавая справа для ўсіх…
Віцька механічна набраў у пошукавым акенцы Яндэкса «слава».
«Знойдзена 245 869 дакументаў на 87493 сайтах».
І мноства старонак са спасылкамі…
Вунь колькі «славы» ў Інтэрнэце…
Віцька выключыў камп’ютэр. Зачыніў кабінет і пакрочыў дадому. Паперы шапацелі ў кішэні кашулі.
Хваляванне прайшло. Цяпер павінна была прыйсці радасць, а яна не прыходзіла. Нечага не хапала. Вось цяпер, у гэту мінуту. Віцька зразумеў — чаго. Віталя не хапала. Каб расказаць яму аб знаходцы. Дзеда Васіля не хапала — як важна яму будзе ведаць аб гэтай паперцы. І не некалі потым ведаць, а вось цяпер, калі яны збіраюцца туды — на Ведзьміну тоню.
Віцька не прымаў нейкага рашэння — усё стала і так відавочна: вядома ж, ён прыйдзе да іх. Бо гэта для іх вельмі важна. І для яго важна, што гэта ён адшукаў.
І стала нечакана лёгка на душы, нібыта крылы выраслі. Бегчы хацелася па вясковай вуліцы, як некалі басанож бегалі яны з Віталем і Жэнькай па цёплых лужынах пасля летніх ліўняў. І гэты ўспамін яшчэ больш замацаваў упэўненасць Віцькі ў тым, што яго знаходка — знаходка для ўсіх, для яго сяброў.
Бо разам так добра было бегчы басанож, аж пырскі ляцелі да самога сонца, па тых лужынах, калі толькі заціхалі апошнія ўдары грому…
Жэньку Віцька пабачыў у палісадніку — яна корпалася каля сваіх ружаў.
— Ты дзе так доўга? — спыталася яна.
— Так, засядзеўся… у Інтэрнэце, — пачаў быў Віцька і раптам зразумеў, што тое, што ён ведае, трэба найперш расказаць дзеду. Не, нават не аднаму дзеду — усім: і Віталю, і Сяргею, і Жэньцы. Бо гэта важна.
— Віцька, слухай… — працягнула просячы Жэнька. — Пайшлі да… дзеда Васіля з хлопцамі. Мяне адну яны прагоняць, слухаць не захочуць. Пайшлі, а? Ты ж таксама хочаш на плыце паплаваць, па астравах тых пахадзіць. Лета пройдзе, не ўспомніш нічога…
Віцька сеў на лаўку. Жэнька выйшла з палісадніка, апусцілася побач.
— Мяне таксама прагоняць… — ціха сказаў Віцька.
— А ты… папрасі прабачэння ў Сяргея, — нясмела прапанавала Жэнька. — Ты ж усё-такі вінаваты…
— Я ведаю, — рэзка адказаў Віцька, замаўчаў.
— А чаго ты з Эдзікам пасварыўся? — перавяла размову на іншае Жэнька. — Ён адзін, бачыла, у садзе загарае, музыку слухае…
— Не лезь, — цыкнуў Віцька, але тут жа сказаў глуха: — У лесе сарачанят расстрэльвалі… Адно жывое неслі, ён… яму лапу зламаў, спецыяльна, каб таксама забіць. І расстраляў з рагаткі. З трох крокаў… А я яму… З рагаткі ў галаву стрэліў. Скуру рассек, кроў пайшла. То гэта маці, відаць, і выклікалі ў сельсавет. Наплакаўся, мабыць…
— Эх, ты… — з жалем сказала Жэнька. — І вялікі, а такі дурны, людзей бачыць не ўмееш. Віталіка пакрыўдзіў. Адзін застаўся.
— З Віталем я паміруся… — упэўнена адказаў Віцька, скочыў з лаўкі, загаварыў узрушана: — Слухай, а калі мне, ну, падарыць ці аддаць Сяргею сваю вуду, а?
— Новую?
— Ага! У яго ж вуды простыя, арэхавыя вудзільны. Возьме?
— Не ведаю… — паціснула плячыма Жэнька. — Можа і не ўзяць, ён горды.
Віцька пабег да хлеўчыка, у якім, акрамя бацькавага інструмента і розных неабходных рэчаў для гаспадаркі (плужок, рыдлёўкі і падобнае), ляжалі яго вуды. Ён вынес з хлеўчыка новую, два тыдні назад купленую ў райцэнтры складную вуду: лёгкая, сямікаленная, на пяць метраў даўжыні, з катушкай.
— Ты на яе год грошы збіраў, — напомніла Жэнька. — Не шкада?
— Не-а, — адказаў Віцька з ноткамі радасці, быццам адшукаў жаданае выйсце. — У яго такой вуды зроду не было! Уяўляеш?
— Уяўляю. Я пайду з табой! — цвёрда заявіла Жэнька.
А Віцька адчуў сябе так, нібыта, доўга блукаючы ў пошуках, ён выйшаў на цвёрдую, роўную дарогу, якая выведзе яго на месца. Ад таго першага жадання, калі ў яго руках аказаўся той тэкст з нямецкага сайта, не засталося і следу. Так, напачатку свярбела не проста ўсіх здзівіць — прымусіць усіх слухаць яго. О, яшчэ б прасілі, каб быў з імі. Але вось — толькі так трэба: ён найперш паспрабуе прымірыцца з Сяргеем. Ён (і Жэнька, вядома) папросіць Віталя, дзеда Васіля і Сяргея, каб узялі яго і сястру ў сваю каманду. А потым ужо раскажа пра той тэкст. І нават калі адмовяць — ён усё роўна раскажа! Бо гэта так важна…
— Пайшлі! — выгукнуў рашуча Віцька. — За пытанне не б’юць.
У садку іх першай пабачыла Нэла
— Га! — выгукнула нечакана яна.
Сяргей, які з Віталем разбіраў бутэлькі, са здзіўленнем і захапленнем адначасова паглядзеў на яе, хацеў сказаць нешта радаснае, бадзёрае, але пабачыў, што Нэла пальчыкам паказвае ў бок надворка. Зірнуў. І пайшоў насустрач, рашуча, сціснуўшы кулакі.
Жэнька ішла крыху ззаду Віцькі, але як толькі ўбачыла напоўнены злой рашучасцю твар падыходзячага Сяргея, яна прайшла наперад, прыкрыўшы плячом брата. Яны спыніліся.
Спыніўся і Сяргей. Ён паглядзеў з-пад ілба на Віцьку і працадзіў скрозь зубы:
– Ідзі адсюль!
Столькі нянавісці і злосці было ўкладзена ўсяго ў два гэтыя словы, што Віцька адхіснуўся назад, забыўшыся, што трымае ў руках новую вуду.
– Ідзі адсюль! — паўтарыў Сяргей з той пагрозай, што стала зразумела: трэцяга папярэджання не будзе.
— Сяргей, паслухай… — Жэнька адчайна шукала словы, каб не даць успыхнуць бойцы, каб толькі Сяргей не ўзмахнуў сціснутымі ў кулакі, напружанымі рукамі, каб памякчэў яго закамянелы ад нянавісці твар.
А Сяргея на самай справе душыла нянавісць. І крыўда. Дурань, чаму ён дазволіў тады гэтай дзяўчыне падарыць цацкі Нэле! Вось прыперлася! І гэты… Якое ён мае права прыходзіць у яго сад пасля таго, што адбылося на копанцы? Ён, сыты гад, не ведае, якім можа быць смачны хлеб, калі два дні запар душыцца адной варанай бульбай. Ён не ведае, што значыць прачынацца на золку ад дрыжыкаў у будане. Ён не ведае, што значыць стаяць з віламі супраць дарослага мужчыны, былога зэка. Ён нічога не ведае, ён вырашыў, што толькі адзін мае права лавіць рыбу на копанцы, і ён не прыйшоў тады адзін на адзін, каб разабрацца чэсна, ён і цяпер гэту дзяўчыну дзеля абароны прывёў…
Віцька стаяў напружаны не менш за Сяргея. Умомант узмакрэлі рукі, вуда ледзь не выслізнула з мокрай далоні. «Вуда», — ён успомніў, што трымае ў руцэ. Віцька варухнуў плечуком, адсоўваючы ўбок сястру, і сказаў сіплым голасам.
— Ты можаш ударыць мяне. Я…
Ён не паспеў дагаварыць. Ні Жэнька, ні Віталь, які падыходзіў да іх, ні сам Віцька не паспелі ўбачыць імгненны рух рукі Сяргея — кулак трапіў у сківіцу. Галава хлопца матнулася, бы нежывая, але ён устаяў на нагах.
Ніхто яшчэ не крануўся з месца — і тут закрычала Нэла. Яна падбегла з крыкам да Сяргея, абхапіла спераду за ногі і, задраўшы кверху галаву, крычала і… піхала яго назад.
— Усё, супакойся Нэла, — сказаў, крыху расслабіўшыся, Сяргей, але рукі яго заставаліся сціснутымі ў кулакі.
Віцька сплюнуў на зямлю — кроў, крануў анямелую шчаку.
— Ну, што ж, будзем лічыць, што мы ў поўным разліку, — сказаў ён на дзіва спакойна і працягнуў вуду: — Гэта як прабачэнне за тое… Ну за ранне на копанцы. Я б хацеў сябраваць…
Сяргей разгублена глядзеў на новенькую бліскучую чорную вуду. Яна крыху ўздрыгвала ў працягнутых да яго руках, але і невыказна радавала адмысловасцю і прадуманасцю кожнай сваёй дэталі: ёмкага дзяржання, зручнай катушкі, надзейна замацаваных кольцаў.
— Сяргей, бяры, бо Віцька жмінда, ён гэту вуду сніў, перадумае — не адбярэш, — нечакана весела сказаў за спіной Віталь.
Сяргей вагаўся. Уся яго нянавісць да Віцькі была выплюхнута адным ударам, мала таго, ён чакаў, рыхтаваўся да таго, што Віцька кінецца ў бойку ці хоць пачне абараняцца. А тут раптам такія простыя і спакойныя словы: «Мы ў разліку». Здаецца, і на самай справе ў разліку… І вуда. Якая вуда! Сяргей міжволі асцярожна ўзяўся за цёплы пластык круглага дзяржання.
— Тады мір? — гэта ўжо Жэнька вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. — Біцца не будзеце? — павярнулася да Віцькі. — Зубы цэлыя?
— Цэлыя, — усміхнуўся праз боль Віцька.
— Астатняе зажыве, — ўсміхнулася крыху напружана і Жэнька і без пераходу дадала: — Віталік, Сяргей, вазьміце з нас сабой на Ведзьміну тоню.
Віталь зірнуў на Сяргея — той задумліва круціў у руках вуду, не ўзнімаючы вачэй, нарэшце ціха прамовіў:
— Я тут не галоўны… І бутэлькі мы разлічвалі на траіх…
— Ну, у нас толькі пяць радоў запоўнена, — ажывіўся Віталь. — Яшчэ чатыры ў запас… Але бутэлькі будзеце на сябе збіраць. І нам яшчэ дапамагаць трэба…
— Не праблема, — асцярожна загаварыў Віцька. — У нас дома іх штук з дваццаць. І ў школу можна падысці — буфет жа працаваў…
— Добра, пайшлі працаваць. — Сяргей вызваліўся ад Нэліных рук. — Пайшлі, Нэла, бутэлькі мыць.
— Во, зусім забылася, — войкнула Жэнька, прысела, стала корпацца ў сваім вялікім пакеце, які несла з сабой. — Трымай, Нэла, — яна працягнула дзяўчынцы некалькі цукерак на далоні.
Нэла хуценька падышла, узяла цукеркі і толькі тады азірнулася на Сяргея з хітравата-вінаватым выглядам.
Падбегла і працягнула Сяргею адну цукерку.
— Еш сама, Нэла, — Сяргей лёгка крануў сястру за плечы. — Табе трэба салодкае.
— Э, я ўсім прынесла, — гукнула Жэнька. — Куды пакласці?
— Пайшлі да будана, там наш штаб, — паклікаў за сабой Віталь.
— Чакайце, — прыпыніў усіх Віцька. — Нам трэба ўсім разам пайсці да дзеда Васіля. У мяне… Я ў Інтэрнэце адшукаў… дакумент адзін. Там ёсць пра Ведзьміну тоню…
— Ты што? — крутнуўся Віталь.
— Ты ж нічога не казаў, — здзівілася Жэнька і ўжо сабралася пакрыўдзіцца на брата — не мог падзяліцца навіной, ідучы сюды!
— Нельга мне нічога нікому расказваць, пакуль дзед не пачуе, — упарта сказаў Віцька. — Самі зразумееце.
— А што там такое? — Віталя аж распірала ад нецярпення. — То пайшлі хутчэй!
Частка 14
Віталь як усё адно даклад рабіў:
— Васіль Яўменавіч, вось Віцька з Жэнькай папрасіліся да нас. Тут у нас… было некаторае рознагалоссе, але мы ўсё прывялі ў норму. Слова за вамі.
Дзед усміхнуўся, уважліва паглядзеў на ўсіх, спыніў позірк на Жэньцы:
— У мае гады дзяўчаты іншымі гульнямі займаліся.
— Ат, Васіль Яўменавіч, — Жэнька пачырванела, не магла знайсці слоў, каб нешта сказаць.
За яе адказаў Віцька:
— Яна з намі яшчэ ў мінулым годзе ў футбол гуляла, Васіль Яўменавіч. І сукенку ніколі не носіць. Ёй трэба было хлопцам нарадзіцца…
— Кім нарадзілася, тым вырасцеш, — падміргнуў быццам дзед Жэньцы. — Ну, больш людзей — будзе весялей.
— Так, адно, будзем лічыць, вырашылі, — працягваў свой даклад Віталь. — Мы сабраліся і вас ад працы адарвалі па той яшчэ прычыне, што Віцька ў Інтэрнэце знайшоў нейкі дакумент, дзе пішацца пра Ведзьміну тоню, і хоча яго агучыць абавязкова вам…
Дзед Васіль насцярожыўся, уважліва глянуў на Віцьку.
— Дзе знайшоў? Што там пра тоню?
– Інтэрнэт… — пачаў Віцька, не ведаючы, як можна патлумачыць старому чалавеку, што такое Інтэрнэт. — Ну, ёсць камп’ютэр. Гэта як тэлевізар амаль. Толькі па тэлевізары перадае адна станцыя, а ўсе глядзяць. А я магу нешта надрукаваць, фотаздымак паставіць у камп’ютэр, і гэта можа прачытаць і пабачыць любы чалавек у любой кропцы зямлі. Вось такая сістэма, каб можна было абмяняцца інфармацыяй з любым і кожным і завецца Інтэрнэтам. Сёння ў свеце шмат якія газеты перадаюцца праз Інтэрнэт. Не трэба купляць — уключыў і праглядвай. Ну, яшчэ ёсць пошук. Розных дакументаў так многа, што цяжка знайсці патрэбны. А пошук для таго… Напрыклад, нам трэба адшукаць усе дакументы, дзе сустракаецца слова «тоня». Пішам яе, ціснем — і усе дакументы з гэтым словам нам паказваюцца…
— Бач, да чаго людзі дадумаліся, — пакруціў галавой стары. — То хутка мне газет не будзе на самакруткі…
Засмяяліся, а Віталь упэўнена сказаў:
— Што вы, паперу нішто ніколі не заменіць! Камп’ютэр — раз і зламаўся! І ўсё, што там было, — прапала. Ну, праўда…
— Не перабівай! — спыніў яго Сяргей. — Хай Віцька гаворыць.
— Ага, кажы!
— Дык вось, — працягваў Віцька. — Я адшукаў у Інтэрнэце нейкую нямецкую газету. Пераклад няўдалы, думаю, што гэта газета невялікага горада. Зрэшты, гэта не мае значэння, што за газета, і што за горад. Там быў надрукаваны вось такі артыкул дзевяць гадоў таму. Гэта інтэрв’ю…
Віцька, відавочна хвалюючыся, палез у нагрудную кішэню, выцягнуў складзеныя ўчацвёра лісты белай паперы.
Раптам наступіла цішыня — было чуваць, як распрамляюцца лісты ў Віцькіных руках. Яго хваляванне перадалося іншым — усе зразумелі, што Віцька адшукаў нешта сур’ёзнае. Такое сур’ёзнае, што не мог сказаць нікому з іх аднаму. А толькі ўсім разам…
– «Двойчы памерлы», — пачаў чытаць Віцька.
«Літаральна за тыдзень да свайго знікнення пан Пітэр Даўчэль раскрыў страшную тайну свайго жыцця.
Наш карэспандэнт не выпадкова звярнуў увагу на гэтага старога: усё жыццё ён пражыў адзін сярод нас, быў маўклівым і не таварыскім. Але і ўпікнуць яго ў нечым было нельга. Мажліва, гэты чалавек, не этнічны немец, а выхадзец з усходу, славянін, так і не змог зжыцца з намі. Ён не жаніўся, у яго не знайшлося родных. Ён быў добрым рабочым на фабрыцы. І калі звярнуўся ў мэрыю са сваёй просьбай, тут было чаму здзівіцца. Пан Пітэр Даўчэль прасіў, каб мэрыя набыла яго дом пасля смерці, усю яго нерухомасць. А грошы пакласці на рахунак, які ён таксама завяшчаў мэрыі з той умовай, што 10 % сумы застаецца ў мэрыі, а астатняе мэрыя павінна перавесці ў Беларусь на рахунак любога дзіцячага дома!
Пан Пітэр Даўчэль згадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта з адной умовай: пры яго жыцці нічога не павінна быць надрукавана.
На мінулым тыдні мы змаглі палічыць яго мёртвым — аб гэтай загадцы ў канцы. Калі ў мэрыі паглядзелі на рахунак… Не маем права раскрываць фінансавую тайну, але, як аказалася, пан Пітэр Даўчэль збіраў сродкі усё сваё жыццё! Можаце ўявіць…
Прапануем увазе спадарства частку адзінага і апошняга інтэрв’ю з гэтым чалавекам.
…— Вы добры гаспадар, законапаслухмяны, фізічна здаровы, у сэнсе — нармальны чалавек, без заганаў… Чаму вы не жаніліся? Я ведаю, вы — славянін. Вам не падабаюцца немкі?
— Вы кажаце глупства. Мне падабаюцца нямецкія жанчыны. Але мёртвы не можа жаніцца.
— Э-е… выбачайце, не зразумеў. Вы — мёртвы?
— Так, я памёр у 1943 годзе. Я замерз у балоце.
— Чакайце, чакайце, я зараз з глузду з’еду. Як гэта — вы замерзлі, калі вы перада мной! У якім такім балоце!
— У балоце Ведзьмінай тоні.
— О, пан Даўчэль, ну патлумачце хутчэй, а то мне ужо страшна…
— Няма мяне чаго баяцца… У 1943 годзе я быў маладым партызанам, які з трыма сваімі таварышамі ратаваўся ад карнікаў сярод балота.
— О, мой Бог! Вы былі партызанам?
— Так, быў…
— Але як атрымалася, што вы — тут… І — нежывы, як вы кажаце…
— Нашай групе не пашанцавала — нас накрыла мінамётным агнём. Аднаго раніла. Потым заблукалі. Доўга былі без вады і ежы. Абмарозілі рукі і ногі… Неяк выйшлі на востраў — цвёрдае месца сярод балота. Там знайшлі зямлянку — нашы таварышы былі тут і пайшлі за два-тры дні да нас. Зямлянка была вялікая, мы вырашылі адпачыць крыху і выбірацца. Двое маіх сяброў пайшлі на бераг вострава — мы бачылі, што там да нас рабілі лункі, лавілі рыбу. Мы хацелі есці. Яны налавілі рыбы, але перад берагам лёд трэснуў, і абое праваліліся ў багну. У самы вялікі мароз нельга верыць балоту… Яны прыйшлі ў зямлянку, пакрытыя лёдам. Я распаліў агонь, хоць стаяў сонечны дзень і гэтага нельга было рабіць.
К вечару сябры ўсё адно ляжалі з тэмпературай. Нашаму раненаму стала таксама вельмі дрэнна. Раніцай ён не прачнуўся. Я пахаваў яго недалёка ад зямлянкі. Там была нейкая яміна, выварацень. Прама ў яме распаліў касцёр, каб растала зямля. Я зусім забыўся на тое, што вакол балота — карнікі. Мне здавалася, што раз нашы пайшлі адсюль, значыць, блакада знята.
…Вечарам задыхнуўся ў кашлі яшчэ адзін мой сябар. Назаўтра я раскапаў магілу, зацягнуў у яе яшчэ адзін труп. Я не памятаю, еў я што ці не. Я памятаю адно, што цягаў трупы да той ямы, паліў побач касцёр, каб набраць зямлі, закопваў. Я пахаваў усіх траіх. Нацягаў камянёў, якія былі побач з зямлянкай — іх адкідвалі, калі капалі зямлю. Асобна схаваў зброю.
Потым на востраў абрушыўся шквальны мінамётны агонь. Секлі кулямёты — навылет. Здаецца, я страціў быў прытомнасць ад аднаго ўзрыву. Бо ачнуўся ад удару ў бок — карнікі выцягнулі мяне з зямлянкі. Яны прыйшлі сюды, бачачы не адзін раз дым ад маіх кастроў. Яны не застрэлілі мяне на месцы па адной прычыне — дарога, па якой яны прыйшлі на гэты востраў, была разбурана ўзрывамі іх жа мінамётаў.
Я мала што ўсведамляў ад голаду і холаду. Здаецца, мне сказалі выходзіць з вострава, і я пайшоў. Як я знаходзіў праходы сярод акон, трапляючы на кладкі — не ведаю. Не памятаю, як выйшлі. Памятаю, што ачнуўся ў шпіталі — пахла лекамі. Потым да мяне прыйшоў у цывільным адзін чалавек. Казаў па-руску. Казаў, што я здраднік. Што я дапамог доблесным войскам Германіі адшукаць у балоце бандытаў. Што быў правадніком карнага атрада. І паказаў мне здымак. Там сапраўды быў я. Я ішоў праз балота наперадзе, за мной — ланцуг карнікаў. Ён спытаў мяне, як маё імя. Я адказаў, што я Андрэй, бо так звалі майго сябра, які памёр апошнім. Гэты ў цывільным сказаў мне, каб я хутчэй папраўляўся — мяне адправяць да партызан. У мяне няма выйсця: альбо я буду супрацоўнічаць з карнікамі, альбо мяне расстраляюць свае як здрадніка.
Я не хацеў выздараўліваць. Бог мне дапамог — у мяне пачалася гангрэна. Пальцы на нагах адрэзалі. Потым мяне пераправілі ў нейкі лагер, але не палонных. Тут былі… свае для фашыстаў. Там мяне падлячылі. Але пасля нейкіх агледзінаў мяне накіравалі ў самы звычайны канцлагер. Нас вызвалілі амерыканцы. Я не ведаю, якім чынам у іх апынулася тая самая картка. Мне настойліва параілі не вяртацца на радзіму. І я не вярнуўся. Хай лепей я для маіх родных буду назаўсёды там — у тым балоце. Партызанам. Такім чынам я аднойчы мёртвы. Я памёр са сваім імем, цяпер я паміраю Пітэрам Даўчалем — такое я абраў сабе імя ў канцлагеры… Усё, што я магу зрабіць цяпер для маёй радзімы, я аддаю ёй…
— Пан Даўчэль, Вы склалі дзіўнае завяшчанне. Там гаворыцца аб тым, што калі аб Вас не будзе звестак 10 дзён, то мы можам лічыць Вас мёртвым. Выбачайце, людзі часцей пішуць пра тое, дзе іх пахаваць…
— Не трэба клапаціцца пра маё пахаванне.
— Вы збіраецеся некуды знікнуць?
— Выбачайце, я стаміўся.
Пан Даўчэль не стаў больш размаўляць з намі. А праз тры дні яго не знайшлі дома! Ні жывога, ні мёртвага! Праўда, зніклі і яго дакументы. Узбуджаць справу ніхто не будзе — проста няма каму заявіць у паліцыю аб яго знікненні. У нас свабодная краіна, кожны мае права ехаць, куды пажадае. Разам з тым, у мэрыі выканалі ў дакладнасці просьбу пана — праз дзесяць дзён пасля яго знікнення ўсе яго законныя пажаданні былі выкананы. Мэрыя збіраецца прадаць дом на таргах.»
Віцька замоўк.
Цішыня стаяла ў садку некалькі хвілін, адно чутно было, як патрэсквае ў самакрутцы дзедаў самасад.
Усе глядзелі на дзеда Васіля.
— Значыць, там яны, на Савіным востраве, — прагаварыў нарэшце хрыпла нібыта сам сабе дзед, адкашляўся, кінуў недакурак у траву, прытаптаў абцасам і стаў круціць новую самакрутку. — Гэта я таму так кажу, што толькі на адным востраве капалі зямлянку. І каб мы яшчэ дзень ці два там прабылі… Што скажаце на гэта ўсё? — нечакана спытаў ён.
Ніхто нічога не казаў.
— Ну, што рабіць далей будзем? — дапытваўся дзед Васіль.
— Паплывём на востраў, — нясмела прапанаваў Віталь.
– І будзем шукаць магілу, — дадаў Сяргей. — Там… ну, крыж, мабыць, паставіць трэба…
— То помнік трэба, — сказаў Віцька. — Ваенным жа помнікі ставяць.
— А на помніку зрабіць надпіс, — прадоўжыла Жэнька, якая пачала разумець увесь прыхаваны сэнс пытання дзеда Васіля. — Васіль Яўменавіч, што ж мы… там напішам?
І гэта зразумелі ўсе — што напісаць на помніку? Хто застаўся ляжаць там, у балоце, на Савіным востраве, а хто памёр нядаўна недзе ў Германіі?
Вось аб чым пытаўся дзед Васіль.
— Ну, вось вы і зразумелі… — дзед уважліва агледзеў усіх, кожнаму зазірнуў у вочы. — Незвычайную ты паперыну знайшоў, Віцька. Дзякуй табе за яе. Цяпер…цяпер я ведаю, дзе шукаць свайго сябра.
— Ну, вось, мы дакладна ведаем, што гэты Пітэр не, э-э, Андрэй Кульжа… — стаў разважаць Віталь. — Цяпер трэба…
— Нічога ў цябе не атрымаецца на гэты раз, — спыніў яго Сяргей. — Справа не ў тым, каго пісаць на помніку, а ў тым, каго не пісаць… Так, дзед Васіль?
— Так, сябры мае, так…
– І што ж атрымаецца? Там — нашы вяскоўцы, там — бацька нашага былога дырэктара школы Ганны Дзмітрыеўны… І значыць, некага з траіх нам трэба лічыць… здраднікам? — вымавіла апошнія словы са страхам Жэнька, умольна паглядзела на дзеда Васіля.
Дзед глядзеў ёй у вочы і сумна ківаў галавой.
— Так, унучка. Хоць які і ў чым ён здраднік…
— Але ўсё адно невядома, хто там не пахаваны, — уздыхнуў Віталь.
Дзед Васіль перавёў позірк на Віцьку, спытаў:
— Ты ішоў сюды, вырашыўшы зачытаць нам гэтае пісьмо перад усімі, так? Чаму?
— Я… я не мог адзін рашыць…
— Што рашыць?
Усе глядзелі на Віцьку, чакалі яго адказу, быццам толькі ён адзін ведаў, бо нешта ўтаіў ад іншых.
— Я… — Віцька запнуўся, потым прадоўжыў: — Не разумеў я, напачатку, але, здавалася, тут нешта страшнае было. І я не мог сам рашыць — паказваць гэта страшнае ўсім ці не. Цяпер я разумею — што канкрэтна з’яўляецца страшным. Вось…
Зноў наступіла цішыня.
— А нічога ты не знаходзіў у сваім Інтэрнэце! — раптам проста сказаў Віталь.
— Як гэта?
— А так, — падхапіўся з зямлі Віталь. — Мы не ведаем пра існаванне нейкай невядомай старонкі ў Інтэрнэце, нейкага горада і нейкага Пітэра.
— А што мы ведаем тады?
— Мы ведаем, што там пахаваны партызаны. І мы адшукаем магілу.
— Але прапала чацвёра, а знойдзем — тры!
— Чакайце, — прыпыніў усіх Сяргей. — Тры мы знойдзем, бо іх пахаваў чацверты. А сам чацверты не мог сябе пахаваць. Яго косці расцягнулі за столькі гадоў птушкі і звяры. І нічога дзіўнага.
– І на помніку трэба будзе пісаць усе чатыры прозвішчы! — заключыла Жэнька.
— То будзе падман… — паціснуў плячыма Віцька. — Дзед Васіль, чаго вы маўчыце? Мы ж зусім заблыталіся!
Дзед адказаў не адразу.
— А вы малайцы. А падман… Каго мы абманваем? Гэта Пітэр сам аб сабе сказаў, што ён аднойчы памёр на Савіным востраве партызанам. А потым… давайце пачакаем. Вось даплывём туды, там, можа, што і большае зразумеем.
— А пакуль — маўчым, — ці то спытаў, ці то прапанаваў Віцька.
— Вядома, маўчым! — загарэўся Віталь. — уяўляеце, што будзе, калі мы вернемся з тоні і раскажам, што адшукалі магілу партызан!
І раптам сам засаромеўся свайго прадчування славы. Зніякавела дадаў:
— Ну, мы ж не таму, каб праславіцца, туды плывём… Так атрымалася…
Дзед кашлянуў, усе запытліва ўтаропіліся на яго.
— Вось што, мальцы… Паслухайце мяне, старога. Няхай Віцька адшукаў там дакумент у сваім камп’ютэры. Адно мы можам сказаць: у тым дакуменце кажацца аб тым, што на Савіным востраве пахаваны партызаны. А колькі пахавана — гэта іншая справа. Што за дакумент? Ну, успаміны некага. Дарэчы, атрад наш збіраўся пасля блакады тыдні два. А нехта і ў іншым атрадзе аказаўся. І той, хто не з намі быў, мог нешта пра пахаванне ведаць. А лёс людскі — заблытаны… Так што… не будзем хлусіць і ад людзей такую навіну цалкам хаваць. Але і разносіць яе па вёсцы няма сэнсу. Не ўсякаму, хто пытае, адказваць трэба. А адказваючы, пра тое кажы, пра што пытаюць. А пра што не пытаюць — пра тое і прамаўчы. Тады не трэба будзе нікога падманваць. Ну, як, прымаеце такі план?
— Гэта тое, што і трэба!
— Правільна, Васіль Яўменавіч.
— Вось і добра…
— Значыць, ведаем мы сёння, што на Савіным востраве ёсць магіла партызан. І больш нічога, — і нечакана спытаў: — Віцька, колькі год таму было гэта напісана?
— Напісана, што матэрыял надрукаваўся дзевяць год таму.
— Дзевяць, значыць… — стары задумліва паўтарыў: — Дзевяць год…
Віцька з Жэнькай зазбіраліся дадому — трэба было яшчэ шмат спраў зрабіць па гаспадарцы.
А Віталь пабег дахаты па другой прычыне — маляваць схему Ведзьмінай тоні і складаць план дзеянняў.
К вечару ён прыйшоў да Сяргея ўжо з аркушам паперы ў руках.
Частка 15
— Пастаяннае месца стаянкі мы зробім на Заечым востраве, — Віталь расклаў на зямлі прыблізны накід плана Ведзьмінай тоні.
Ён гаварыў аб іх будучым паходзе на Ведзьміну тоню сапраўды як ваенны камандзір аб плане стратэгічнай аперацыі: кожнае слова, адчувалася, было прадумана і пралічана.
— У першы дзень на Заікіным ставім вешку — гэта слупок такі, два метры вышынёй, з рыскамі-адзнакамі. Потым — на Заечы. Там разбіваем лагер, начуем. Назаўтра плывём на Савіны востраў — там робім вешку і займаемся пошукамі магілы. Там і начуем. Пасля здымаем рэльеф Савінага вострава. Потым адвозім Васіля Яўменавіча дахаты. Зноў начуем на Заечым востраве. Пасля наведваем усе астатнія астравы, бяром азімуты, вымяраем адлегласці. За тры дні ўправімся. Ну, а рыбачым зранку і вечарам, там, дзе лепш кляваць будзе. Солі я прынёс, посуд для рыбы гатовы, астатняе збіраем…
Дзед Васіль усміхнуўся сам сабе, пыхкаючы раз-пораз смуродным дымам. Сядзелі пад яблыняй у садзе дзеда, елі яблыкі.
— Ну, не будзем далёка загадваць, — прытрымаў дзед Васіль планы Віталя. — Раптам дождж, тое ды сёе… Ты бацьку казаў, каб пад’ехаў?
— Ага, я яму патлумачыў, што трэба. Ён абяцаў сёння ў старшыні папытаць і вечарам пад’едзе да нас, каб дамовіцца, — дакладваў Віталь. — А добра, што вы з намі! — не змог хаваць радасці ён. — Мяне ні за што б не адпусцілі аднаго ці нават з кім, калі б без дарослых.
— Ну, добра, — яшчэ нешта хацеў сказаць дзед, але тут з боку вуліцы пачуўся характэрны піск тармазоў.
— Старшыня прыехаў… — зазначыў са спалохам Віталь, быццам прыезд старшыні мог нейкім чынам паўплываць на іх планы.
І як адчуваў!
На самай справе праз хвіліну ў садок зайшоў старшыня калгаса Мікалай Рыгоравіч. Насустрач яму падняўся дзед, і хлопцы паўскоквалі.
— Ды сядзіце, Васіль Яўменавіч, — старшыня хутка падышоў, моцна паціснуў руку дзеда Васіля. — Здаровы былі, хлопцы, — ён працягнуў руку Віталю: — Вітаю, юны географ! А з табой давай знаёміцца: Мікалай Рыгоравіч Зарэмба, старшыня калгаса, — ён працягнуў руку Сяргею.
Сяргей таропка церануў далонь аб штаны:
— Сяргей. Корзун… — і нехаця дадаў: — Зойчын, калі па-простаму…
— Зоі Корзун? — Мікалай Рыгоравіч кіўнуў у бок хаты Сяргея.
— Так.
На нейкае імгненне вочы старшыні сталі сур’ёзна задуменнымі.
— Ну, добра, рэшым і там… — Мікалай Рыгоравіч азірнуўся вакол: — Прысесці дазволіце, Яўменавіч? І яблык з’есці, паверце, у гэтым годзе не еў…
— Ды сядайце сабе, — дзед Васіль сеў сам, кіўнуў старшыні на другі зэдлік. — Падай, Сяргей, кошык Рыгоравічу…
— Такая справа, — пачаў старшыня, адкусваючы яблык. — Няма мётлаў у мяне, Яўменавіч. А на ферме без мятлы… Зарасцем смеццем. Вось і прыйшоў да вас: у вас, бачу памочнікі ёсць, то звязалі б мне, ну, штук з дваццаць пакуль. А ўсяго недзе паўсотні трэба, няхай будуць на запас… Работу, зразумела, аплачу.
— Ну, мятла — справа няхітрая. За сёння-заўтра, я думаю, з дапамогай хлопцаў зробім два дзесяткі.
— От і добра. Я скажу загадчыку фермы, каб заўтра к вечару да вас заехаў, так?
— Няхай заязджае, — кіўнуў дзед Васіль і паглядзеў на Віталя з Сяргеем: — Што, хлопцы, дапаможам? Не перажывайце, наша справа не ўцячэ, паспеем.
— Тады — да пабачэння, — лёгка ўзняўся з зэдліка старшыня, паглядзеў на яблыкі і не ўтрымаўся: — Вазьму з сабой пару, надта смачныя! — і засмяяўся.
У гэты час у садок зайшлі баба Адарка з Нэлай.
— Дзень добры! — павітаўся Мікалай Рыгоравіч. — Унучка?
Ён прысеў перад Нэлай, хітравата прыжмурыўся:
— Ну, як завуць такую прыгажуньку?
— Добрага здароўечка, — павіталася баба Адарка. — Не ўнучка, гэта сястрычка вось Сяргея. Не размаўляе яна, Рыгоравіч… Як злякалася з маленства, цяпер маўчыць.
— А дзе напужалася?
— А сярод п’яніц і даросламу чалавеку страшна, — махнула ў адчаі рукой баба Адарка. — А дзіця напужаць — ці многа трэба.
— Так, — зноў спахмурнеў старшыня. — Ты цяпер сястру глядзіш? — павярнуўся ён да Сяргея.
Той моўчкі кіўнуў, а Нэла падбегла да Сяргея, абхапіла за нагу і выглядвала з-за хлопца, з цікавасцю сочачы за старшынёй.
— Так, — яшчэ раз паўтарыў Мікалай Рыгоравіч. — Разбярэмся.
Ён ужо зрабіў крок, каб ісці, ды павярнуўся да дзеда Васіля.
— Яўменавіч, я Антону Аўдзееву дазволіў пасля работы. Вам там нешта завезці некуды трэба?
— Ды з хлопцамі вось задумалі… Дзякуй, Рыгоравіч.
– І што задумалі, калі не сакрэт? — спытаў старшыня хутчэй з ветлівасці, чым цікавячыся.
— Плыт мы рашылі пабудаваць. І на Ведзьмінай тоні паплаваць.
— Плыт? На Ведзьмінай тоні? Гэта… Гэта ў балоце? — здзіўленне і недавер гучалі ў словах Мікалая Рыгоравіча. — Вы сур’ёзна?
— А што ж, сур’ёзна, — крэкнуў дзед Васіль, дастаў сваю бляшанку з тытунём, але адклаў яе ў бок. — Сяргей вось рыбы налавіць хоча, Віталік — астравы на карту накласці, а я — сяброў сваіх наведаць.
— Якіх сяброў?
— Ды было ў вайну: у час блакады невялікі наш атрад ад немцаў адарваўся, два месяцы ў балоце на востраве прасядзелі. Галадалі, толькі рыбай харчаваліся… Чацвёра там засталіся, і аднагодак мой… Вось… Паплывём, магілу, можа, адшукаем… Шэсцьдзесят год прайшло… Крыж паставім, ці помнік — ваенным жа помнікі ставіць трэба… Ссячом адзін дубок. Пакуль вось рукі сякеру трымаюць ды памочнікі вось адшукаліся…
— Ну, справы… Шэсцьдзесят год на магіле ніхто не быў?
— А як тут пабудзеш? — развёў рукі дзед Васіль. — То во нядаўна асушылі, дык да першага вострава дайсці можна стала. А раней — багна усюды… Ды толькі цяпер во даведаліся хлопцы, што ёсць пахаваныя на адным востраве. Раней думалі — у багне прапалі…
— Справа… — працягнуў задумліва старшыня. — Азадачыць вас ехаў, а вы мне толькі задач наставілі…
— Ды што вам клапаціцца, Рыгоравіч? Вось бацька Віталі нам сёе-тое падкіне, наколькі можна да вострава, там перанясём, ды ўсе справы…
— Не, Яўменавіч, не ўсе гэта справы, — адмоўна і цвёрда пакруціў галавой старшыня. — Гэта ўвогуле не справа, калі магілу партызан раз у 60 год наведваюць, калі яны ў балоце пахаваны… Вы не думалі, каб перазахаваць? — нечакана спытаў ён.
— Перазахаваць?.. — задумаўся на хвіліну дзед Васіль і ўзяўся ўсё ж круціць сабе цыгарку. — Яно б было правільней, — загаварыў ён, набіваючы тытунь у паперу. — Усе ж нашы землякі, вяскоўцы…
— Ну, тады два дні вы пачакаеце, мётлаў мне навяжаце, а за гэты час мы абмазгуем справу больш сур’ёзна. Да пабачэння, бывайце, хлопцы.
Загуў матор, у садзе зноў стала ціха. Дзед Васіль аб нечым думаў, зацягваючыся тытунём. Нарэшце ён дакурыў, глянуў на прыціхлых Сяргея і Віталя.
— Што, мальцы, здаецца, пачалі мы з нічога, а справа аказалася вунь якой… Ну, будзем жыць — пабачым. А цяпер давайце пакуль мётламі зоймемся. Значыць, за вёскай, там дзе сметнік, маладыя бярозкі параслі… то дам я вам два вялікія нажы. Насечаце мне голля. Я пакуль ручкі для мётлаў пашукаю. Акуратна голле сячыце, бярозак не глуміце, ніжняе толькі… З ранку заўтра прыходзьце…
— От, стары, няма табе спакою, — з лёгкім асуджэннем прагаварыла баба Адарка. — Сядзеў бы ды яблыкі рэзаў…
— Парэжам і яблыкі, — адмахнуўся дзед Васіль. — Зробім усё, абы было здароўе…
Назаўтра раніцай Сяргей з Віталем ішлі вуліцай па бярозавае голле нейкі час моўчкі.
— Слухай, на самай справе, так усё павярнулася! — у захапленні сказаў Віталь.
— Што, ты ўжо аб тайне астравоў не думаеш? — усміхнуўся Сяргей. — Гарачы ты надта.
— Ды нічога я не гарачы. Астравы нікуды ад нас не дзенуцца… Уяўляеш, калі на самай справе трэба будзе перазахоўваць партызан…
— Не ўяўляю, я такога ніколі не бачыў.
– І я не бачыў… Магілу раскопваць будуць…
— Хто будзе? — прыпыніўся раптам Сяргей.
Віталь паціснуў плячыма.
— Не ведаю… Нам жа не дадуць…
— Чаму не дадуць?
— Не ведаю… Я па тэлевізары неяк бачыў, то там дарослыя былі, нейкі спецыяльны атрад…
Рэзалі вецце з бярозак, здаецца — на дваццаць мётлаў хапіла б, ледзь прынеслі. А дзед Васіль глянуў — сказаў, на пяць штук. Тады Віталь узяў свой мапед. Пакуль Сяргей наразаў вецце, ён адвозіў вязанкі на надворак дзеда Васіля. Наскладвалі добрую гару.
Нэла прабыла з бабай цэлы дзень: ірвалі казе пустазелле, збіралі яблыкі, кармілі куранят. Вячэраць усіх запрасіла баба Адарка: гарачыя бліны з яешняй.
Сяргей клаўся спаць у сваім будане, адчуваючы, што яго жыццё напаўняецца нечым важным, змястоўным. Увесь заўтрашні дзень быў распісаны: што рабіць і калі. Хвіліны вольнай не заставалася.
А з хаты зноў даносіліся абрыўкі п’янай лаянкі. Маці ён не бачыў ужо тры дні. Яна не падыходзіла да будана…
Частка 16
.
Маці прыбегла запыханая, узрушаная, калі ўжо ўсе сядзелі за сталом і даядалі боршч.
— Божа, ну няма ім больш клопату, — незадаволена бурчэла маці, мыючы рукі. — Тут і так з гэтым 60-годдзем спраў столькі, што не прадыхнуць. Не, давай выдумляць, праславіцца яны хочуць…
— Ты пра што, мам? — спытала Жэнька, калі маці села за стол.
— Уяўляеш, — маці павярнулася да бацькі, быццам не пачула Жэньку: — У сельсавеце літаральна кожны дзень распісаны: што рабіць, куды ісці. Абход ветэранаў рабі, помнікі і магілы прыбяры, пафарбуй, паднаві, агароджы папраў… А ні грошай, ні людзей! На вучнях-старшакласніках выязджаем. І вось сёння нас збіраюць і перад намі выступае Зарэмба, старшыня калгаса. Я вам, кажа, усё даваў, што ні прасілі: фарбу, цэмент. А вы мяне чаго, кажа, абманваеце? У нас ва ўсіх вочы круглымі сталі. Хто яго абманвае? Мы што, свае дамы фарбуем? А ён раптам пытае: хто з нашых землякоў пахаваны ў балоце, на астравах Ведзьмінай тоні? А ў нас няма такіх даных. І тут Зарэмба пачынае нас сароміць. Маўляў, стары дзед ды малыя збіраюцца наведаць тыя астравы, паставіць там помнік, а мы, дэпутаты Савета, не ведаем нават, хто там пахаваны. Уяўляеш?
— А адкуль старшыня ведае аб планах дзеда і хлопцаў? — ніколькі не ўзрушана спытаў бацька.
— Не ведаю, адкуль! — нервова адказала маці. — Бачу, цябе гэта не кранае. Дык дадам: у Зарэмбы з’явілася ідэя перазахавання тых партызан! І зрабіць гэта менавіта ў дзень 60-годдзя вызвалення Беларусі.
— Праўда? — захваляваўся цяпер бацька. — Вось малайчына!
— Малайчына!? Ты разумееш, што ўся наша падрыхтоўка ляціць к чорту? Сцэнарый, распрацаваны і ўзгоднены ў райвыканкаме, — к чорту! Колькі нерваў і часу на гэта пайшло — к чорту!
Маці ўжо крычала.
— Ты еш, — сказаў спакойна бацька. — Нічога страшнага няма. Іншае пытанне: як рэальна зрабіць перазахаванне…
— Зарэмба сказаў, каб старшыня сельвыканкама ехаў у раён — у пракуратуру, у райвыканкам, у ваенкамат, але каб к вечару быў адказ на пытанне: як рэальна зрабіць перазахаванне, каб гэта было цалкам у рамках закона, — крыху спакайней закончыла маці.
— Ну, вось, Мікалай Рыгоравіч, як бачыш — чалавек разумны: ніякай самадзейнасці, усё грунтоўна, усё па закону. Ён і гаспадарыць так: без крыку, але настойліва і прынцыпова…
— Хвалі, хвалі… — маці пачала была сёрбаць боршч, зноў адклала лыжку. — Самі будзеце тут упраўляцца. На мне і школа, і дэпутацтва, яшчэ і балота гэтае…
Жэнька, якая з заміраннем сэрца слухала гэты дыялог маці з бацькам, не вытрымала. Пачала гаварыць спакойна, але міжволі ў яе словах прарываўся выклік:
— Мам, а мне здаецца, што Мікалай Рыгоравіч мае рацыю…
— А ты ўжо што разумееш? — бразнула лыжкай маці. — За кветкамі сваімі глядзі.
Жэнька, не звярнуўшы ўвагу на крыўдныя словы маці, працягвала:
— Сорамна вам там, у сельсавеце, стала, што чужынец прыехаў у вёску і паказаў вам пальцам: вунь дзеці збіраюцца на магілу партызан, а вы займаецеся афарбоўкай помніка ля клуба, які нікому не пастаўлены, пад якім ніхто не ляжыць!
— Хто табе сказаў!?
— Тата казаў. І ты казала, што ўсе вяскоўцы пахаваны на могілках, што ля клуба не помнік, а проста памятны знак. А вы нас прымушалі туды кветкі класці і ў пачэсным каравуле стаяць… Ля пустога месца!
— Чакай, чакай, дачушка, — загаварыў бацька. — Ты надта ўсё заблытала… Разумееш, ёсць розніца між захаваннем і месцам для таго, каб аддаць павагу ўсім загінуўшым. Ну, зразумей…
— Нічога яна разумець не хоча! Яна ў нас разумная і дарослая! — выгукнула маці.
Жэнька выскачыла з-за стала, стала прама, рашучая, аж кулачкі сціснула:
— Я буду разам з дзедам Васілём і хлопцамі! З Віцькам пойдзем!
— Мы пойдзем, — узняўся з-за стала і Віцька.
Маці павольна паклала лыжку, паправіла рукой пасмачку валасоў на скроні і стала завучам Аленай Адамаўнай.
— Ну-ну… Яны пойдуць. Вам напляваць на маці, на бацьку, вы ж выраслі, вы дарослыя… Гэта мне адной трэба агарод, гаспадарка, дом, абеды… Гэта не вас я раджала, не за вамі мыла, не вас грудзьмі карміла. І што ночы не спала — сёння нішто, бо вы ж выраслі. І аб маці можна выціраць ногі…
— Алена, Алена, — загаварыў з дакорам бацька. — Ну, навошта ты так? Што яны, на месяц ці хоць на тыдзень? Няхай ідуць на добрую справу. І ў Жэнькі цудоўны матэрыял для артыкула можа атрымацца, а Віцька няхай развеецца, тры дні бы сонная муха ходзіць.
— Ты мяне не суцяшай! — сарвалася зноў на крык маці.
— Не крычы, — паморшчыўся бацька. — І давай глядзець на рэчы больш рэальна: перазахаванне ў дзень свята — гэта падзея не вясковага маштабу. Гэта — раённая падзея. Калі на самай справе будзе так, як задумаў Рыгоравіч, то чакай у дзень свята сюды высокіх гасцей з райцэнтра. Гэта добрая, скажу больш — высакародная справа — знайсці і прывесці ў парадак магілу партызан. Дык чаму гэта будуць рабіць іншыя, а не твае дзеці?
Бацька замаўчаў, маўчала і маці. Потым правяла стомлена далонню па валасах:
— Прабач, дачушка… Мне і праўда сорамна было. І прыкра…
– Ідзіце, дзеці, — махнуў рукой бацька.
Жэнька ціха падышла да маці, нахілілася і пацалавала яе ў шчаку.
– І ты мне даруй…
Віцька з Жэнькай выйшлі на надворак.
Праз акно даносіліся прыглушаныя галасы: нервовы, узбуджаны маці і спакойны, разважлівы бацькаў.
— Ну, як яны знойдуць тую магілу, калі 60 год прайшло. Там нага чалавека не ступала, дзед хлапчуком быў, не атрымаецца як нічога, а шум уздымем… — гарачылася маці.
Бацька нешта адказваў.
— Пайшлі адсюль, а то як падслухоўваем, — пацягнула Жэнька Віцьку на вуліцу. — Пасядзім на лавачцы. Бацька выйдзе, усё раскажа…
Бацька выйшаў хвілін праз дзесяць. І не адзін — з маці.
— Ну, што насы павесілі? — падмаргнуў ён бадзёра. — Усё добра. Мы дазваляем. З дзедам Васілём я сам перагавару. Ідзіце, дамаўляйцеся.
— Ура! — ціха выгукнула Жэнька. — Яшчэ, — яны павярнуліся да маці: — Мам, там у нас недзе павінны ляжаць мае былыя адзёжкі. Я памятаю, ты казала, што шкада выкідваць, а куды ты іх схавала? Разумееш, — заспяшалася яна, бачачы здзіўленне маці, — у гэтай Нэлы, бачыла я яе, нават трусікаў няма. А так бы я аддала, у нас жа многа ўсяго павінна заставацца…
— Бяры, — усміхнулася праз сілу маці. — У кладоўцы стаіць стары бабулін куфэрак — там усё дзіцячае. Вось і добра, што не выкінула, — дадала яна больш сама сабе. — З гэтым дзіцём і маці яго мы будзем разбірацца…
…А бутэлек не хапала. Паўтары сотні назбіралі, хоць па хатах цяпер ідзі.
– І пойдзем па хатах! — рашыў Віталь. — Што тут такога? Не міласціну ж просім. Вось к вечару ўсе з работы вернуцца, мы мяхі за плечы — і гайда!
На тым і рашылі.
Распалілі невялікі касцёр у Сяргеевай «пячурцы», прынеслі ночвы з вадой. Мылі бутэлькі, прасушвалі, вешаючы на галінкі вішань, акуратна сплаўлялі рыльцы тых бутэлек, для якіх не знайшлі коркаў, пакавалі акуратна бутэлькі ў мяхі. Карацей, не надта цікавая была пакуль справа.
— Нам дазволілі! Мы — з вамі! — радасна пракрычала Жэнька, як толькі з Віцькам зайшлі ў садок. — І мы з гасцінцамі!
На «стол» — старыя дзверы, пастаўленыя на слупкі з цаглін і засланыя кляёнкай, якую з дому прынёс Віталь, Жэнька высыпала цукеркі, паставіла бутэльку з ліманадам. Потым падазвала Нэлу і стала выцягваць з пакета адзенне: сукенкі, бялізну, кофтачкі.
— О, мы зараз жа пераапранемся ў чыстае! — Жэнька павяла Нэлу ў будан. — Ты будзеш такой прыгожай!
Пакуль Жэнька пераапранала Нэлу, Віталь раскрыў на стале, ссунуўшы ўбок цукеркі, чарцёж плыта.
— Сядайце, — і першы апусціўся на зямлю. — Так, мы меркавалі запоўніць пяць адсекаў, чатырыста бутэлек. Вас двое, значыць, будзем цяпер улічваць і плыт, трэба яшчэ… — ён хутка алоўкам збоку ад чарцяжа стаў пісаць лічбы — больш для Сяргея, чым для сябе. — Яшчэ сто кілаграмаў грузу, сто літраў вады. 30 бутэлек — 45 літраў, 60 бутэлек — 90 літраў і яшчэ 6 бутэлек — 9 літраў. Множым на два… Значыць, вам трэба 130 бутэлек сабраць для сябе толькі. І не хапае яшчэ ў нас 100 бутэлек. Не так проста будзе сабраць… І… мабыць, трэба будзе плыт большым рабіць. Устойлівейшы будзе.
— Мы ж рашылі — па хатах, — напомніў Сяргей.
— Помню… Так і будзем рабіць. За два дні кроў з носа трэба разабрацца з бутэлькамі. Потым — рыхтуем усё неабходнае.
— Трэба спіс скласці, — уставіў Віцька. — А то што-небудзь забудзем.
— Добра. Значыць, ты з Жэнькай і складзеш спіс. І пачынайце збіраць. А цяпер можна і паесці. — Віталь згарнуў план, пацягнуўся за цукеркамі.
— А вось і мы!
Урачысты голас Жэнькі прымусіў усіх павярнуцца.
Нэла была апранута ў блакітную майку, на якой быў намаляваны зайчык з ярка-чырвонай моркаўкай, і лёгкія штонікі, зялёныя, трошкі лінялыя ад частага мыцця. На галаве — невялікая ружовая з кветкамі панама.
Нэла ўсміхалася, гледзячы на хлопцаў, аглядала сябе, кранала рукамі сваё новае адзенне. Нечакана падбегла да Сяргея і ўпала на яго ногі, схавала твар на грудзях.
— Ну, што ты, дзівачка, — Сяргей узняў Нэлу, зазірнуў ёй у твар, ціхенька паціснуў ёй нос сваім пальцам. — Я табе казаў, што ўсё будзе добра? Казаў?
— Ыгы! — вырвалася радасна з горла дзяўчынкі.
— Вось табе і «ыгы»…
Нэла першы раз адказала не ківаннем галавы, а гукам, ды і не гукам — словам.
— Не «ыгы», а «ага». Паўтары, — сур’ёзна, каб схаваць сваё хваляванне, запатрабаваў Сяргей.
Нэла хітра заўсміхалася і закруціла галавой так смешна, што ўсе засмяяліся.
Бутэлькі па хатах пайшлі збіраць усе разам: узялі ў дзеда Васіля гаспадарчую двухколавую каляску і шумнай талакой — ад хаты да хаты. Ля будана вырасла цэлая пластыкавая гара. Самім не верылася, што столькі сабралі. Перамылі, прасушылі, напакавалі мяхі — адна справа была зроблена. Потым вырашылі зрабіць яшчэ адзін будан — каб складаць усё неабходнае, што ім спатрэбіцца на балоце. Бо толькі адна Жэнька гэтулькі ўсяго наказала: і вёдры, і каструлі, і каністры з вадой чыстай, і хлеб, і крупы…
Частка 17
Ужо звечарэла, калі сабраліся ў садзе дзеда Васіля. Той якраз закончыў вязаць апошнюю мятлу. Іх ужо каля двух дзесяткаў было складзена на двары. Дзед агледзеў хлопцаў, з усмешкай глянуў на Жэньку:
— Чуў я, як ты камандавала..
— Ат, імі не пакамандуй, то яны з кавалкам хлеба на астравы пабягуць.
— Малайчына, правільна думаеш… Ну, частуйцеся яблыкамі.
Елі яблыкі.
— Васіль Яўменавіч, а старшыня калгаса на самым поўным сур’ёзе збіраецца рабіць перазахаванне тых загінуўшых партызан, — казала Жэнька. — Маці расказвала, што ў раён паедзе старшыня сельсавета, каб… ну, нейкі там дазвол атрымаць…
— Сур’ёзны чалавек, сур’ёзна і за справу ўзяўся, — адказаў дзед Васіль. — Нам цяпер галоўнае — магілу знайсці, каб не падвесці чалавека. А найперш зямлянку. Як там, Віцька, напісана было?
Віцька крыху ўзняў галаву, прыкрыў вочы і стаў казаць, быццам чытаў з ліста:
– «…К вечару сябры ўсё адно ляжалі з тэмпературай. Нашаму раненаму стала таксама вельмі дрэнна. Раніцай ён не прачнуўся. Я пахаваў яго недалёка ад зямлянкі. Там была нейкая яміна, выварацень. Прама ў яме распаліў касцёр, каб растала зямля..»
— Недалёка, значыць… А што там яшчэ пра магілу?
— Ён наклаў зверху камянеў, якія вы выкопвалі, калі рабілі зямлянку.
— Так… Ты запомніў так добра, — паглядзеў з павагай дзед на Віцьку.
— А гэтыя лісты ў мяне перад вачыма ўжо каторы дзень, — ціха адказаў Віцька. — Я ніяк не адыду. Як падумаю пра ўсё, што мы ведаем…
— Ну, ты пакуль не думай, — супакоіў дзед Васіль Віцьку. — Я ж казаў — трапім на востраў, будзем бачыць, што казаць, аб чым маўчаць.
Віталь задуменна паглядзеў на старога:
— Васіль Яўменавіч, а мне здаецца, што вы нешта ведаеце.
— Не, хлопча, я не ведаю нічога больш за вас. Я … думаю крыху. Ды потым разам падумаем. Пакуль думаць аб іншым трэба. Нешта я сумнявацца пачаў. Тады ж хлапчуком быў, зіма, ды яшчэ шэсцьдзесят гадоў прайшло. Які там цяпер той востраў…
— А прыкмета была якая? — пацікавіўся Віталь.
— Ды хто тады аб прыкметах думаў…
— Ну, няхай бы пад якім дубам вялікім пахавалі, дубы ж па 500 гадоў растуць…
— Э-э, хлопча, там зямлю дзяўблі, чым маглі, а ты хацеў, каб пад дубам… Чым было карэнні перабіць? Сякеры ж не было…
— А чым жа вы яму выкапалі?
— Было дзве рыдлёўкі малыя. Раскладвалі касцёр, чакалі тумана ранішняга, палілі… Падтавала зямля — выкідвалі.
— Ну, па камянях магілу знойдзем! — запэўніў усіх Віталь.
— Знойдзем… — ціха адказаў дзед Васіль.
З вуліцы пачуўся шум аўтамабіля. Ды і не аднаго. Завішчалі знаёмыя тармазы.
— Ну, во, Рыгоравіч сам па мётлы прыехаў, — устаў дзед Васіль і глядзеў на заходзячых у сад, якіх вяла баба Адарка. Паўскоквалі з травы і астатнія.
— Бач, якая шышка стаў, людзі да яго, як да прэзідэнта, ездзяць, — выгаворвала незласліва баба.
Да дзеда Васіля падышоў старшыня калгаса. З ім — старшыня сельсавета Іван Кузьміч Баброў, па-вясковаму — Бабёр, мужчына мажны, лысаваты, з вялікім жыватом і заўсёды чырвоным тварам. Дыхаў ён цяжка, з прысвістам.
А следам за імі ішла Алена Адамаўна — маці Жэнькі і Віцькі.
Брат з сястрой пераглянуліся. Жэнька паціснула плячыма.
Павіталіся: Іван Кузьміч адразу з усімі, руку працягнуў толькі дзеду Васілю. Мікалай Рыгоравіч абышоў усіх і, калі першай руку працягнуў Жэньцы і лёгка паціснуў яе далонь, тая пачырванела ад такой увагі.
— Ну, калі такія прыгожыя дзяўчаты ў справе — поспех забяспечаны, — падміргнуў ён Жэньцы. — Так?
— То мая дачка, Мікалай Рыгоравіч, — сказала Алена Адамаўна. — І сын вось побач з ёй, — у голасе выразна гучала мацярынская гордасць.
— Ну, — абярнуўся да маці старшыня, — якія малайцы! Прысесці дазволіце, гаспадары?
— Дык чакайце, чакайце, лаву прынясем, — заспяшалася баба Адарка.
— Не трэба тае лавы, на траве пасядзім, да зямлі бліжэй. — І Мікалай Рыгоравіч апусціўся на кукішкі.
— Прынясі, Сяргей, два табурэты, — папрасіў дзед Васіль. — У сенцах вазьмі.
Сяргей прынёс. Алена Адамаўна і Іван Кузьміч селі на табурэты, дзед Васіль сеў на свой зэдлік. Астатнія апусціліся ўслед за старшынёй на траву.
— Ну, мы да вас ужо вось такой дэлегацыяй, — павёў рукой Мікалай Рыгоравіч. — Давай, Іван Кузьміч, табе слова як нашай уладзе.
«Бабёр» паправіў кашулю, кашлянуў.
— Ну, што ж, такая, значыць, справа. Заварыў ты, Яўменавіч, з дзецьмі, разумееш, кашу, будзем усе расхлёбваць…
— Ты, Кузьміч, не тое кажаш, — холадна перапыніў яго дзед Васіль. — Мы нічога тут не заварвалі. У мяне свая справа, і па дапамогу не да цябе звярнуўся, а вось да іх, — дзед кіўнуў на хлопцаў. — Чакай, — спыніў ён «Бабра», бачачы яго жаданне нешта сказаць. — Паспееш сваё выгаварыць… Дык вось у Сяргея таксама свая справа: яму трэба сястрычку ад алкаголікаў ратаваць, абуць яе, апрануць і хлеба даць. Бачыць наша ўлада, дзе гэтыя дзеці спяць? Бачыла ўлада, што дзяўчына ела, пакуль Сяргей не прыехаў? Дык калі хлопец на Ведзьміну тоню сабраўся, каб рыбу лавіць, прадаваць і хлеб дзіцяці купляць — гэта называецца ў цябе «кашу заварыць?» Віталь вось увогуле нікога не чакаў. Цікавіцца хлопец сваёй зямлёй, хоча ён тыя астравы сваімі нагамі абхадзіць, карту іх скласці — то што тут такога з тваёй «кашай» звязана? Бач, давялося вам паварушыцца, нязручнасці з’явіліся. Цяжка табе — ідзі вось да мяне ў садок, будзем мётлы вязаць ды кошыкі плесці. Цябе людзі выбіралі, каб ты аб людзях думаў, а не аб сваім спакоі. А Сяргей — чалавек. І Нэла — чалавек. І маці іх, хай п’яніца, ды чалавек. А вы чамусьці гэтых чалавекаў бачыць не хочаце. Вока яны вам колюць, нязручныя, справаздачнасць вашу псуюць… — дзед Васіль горка ўсміхнуўся. — Халодная ў нас улада стала, як тая вада ў Ведзьмінай тоні. І спакойная такая ж. І не зразумець, дзе ў яе дно…