— Ну, ты, Яўменавіч, не заводзься, — пачаў апраўдвацца расчырванелы Іван Кузьміч. — Я, разумееш, так, к слову, а ты крыўдаваць…

— Ты мяне не супакойвай, — павысіў голас дзед Васіль. — Слухай ты і ты, Рыгоравіч, слухай, цябе таксама тычыцца. Вось з Зойкай, маці Нэленай, жыве тая рудая свалата. Колькі ўжо жыве — нідзе не працуе. А п’е штодзень. За што п’е, за што есць? Зразумела ж, крадзе. Вы вочы заплюшчылі — не чапаем, няхай, маўляў, пакуль не папаўся. А не пападзецца, то няхай крадзе? Зойка, можа, піць бы кінула. А яна, між іншым, унучка партызана, франтавіка. Во сын у яе які вырас, дапамог бы на ногі стаць. Дык жа гэты зэк у хаце гаспадарыць… А вам і справы няма!

— Праўду кажаце, Яўменавіч, — пакусваючы травінку, загаварыў Мікалай Рыгоравіч. — На ўсе сто маеце рацыю. Выправім свае памылкі, абяцаю. Асабіста абяцаю. Усё, што ў маіх сілах, зраблю.

— Ну, то ж… — дзед Васіль супакоіўся, закурыў згорнутую раней цыгарку. — А з чым да нас такой кампаніяй? — ён абвёў гасцей вачыма.

— Дык і па гэтай справе таксама, — Іван Кузьміч кіўнуў на Нэлу. — Вось і Алена Адамаўна як дэпутат. Значыць, умовы жыцця праверым, каб усё дакладна ведаць. Ну, і па магіле… Я сёння ў раёне быў. Ускрываць магілу, значыць, трэба па закону, там ужо ваенкамат будзе займацца. Перазахаванне партызан — справа, разумееш, адказная, каб абы якія косці не пакласці пад помнік…

— Карацей, Васіль Яўменавіч, — перабіў «Бабра» старшыня калгаса. — У адзіночку вам і не справіцца, і закон патрабуе пэўных абставінаў. Давайце мы зробім так: ваш атрад знаходзіць магілу, бо, як я разумею, не так лёгка яе і знайсці будзе. Месяц у вас і ў нас на ўсе справы. Я ўчора пад’язджаў, наколькі можна, да першага вострава… Думаю, трэба будзе рабіць масток метраў на трыста, дзе падсыпаць… Далей будзем рабіць вялікі плыт…

— А ў нас жа ўсё гатова, — і крыўда, і разгубленасць прагучалі ў словах Віталя.

— Не, хлопцы — ваш плыт — для вас. А вось калі трэба будзе магілу раскопваць — трэба некалькі дарослых чалавек на востраў везці.

— Рыгоравіч, Рыгоравіч, — амаль застагнаў Іван Кузьміч. — Ні капейкі грошай, ні цвіка ў мяне, ні дошкі…

— Ведаю. Але ведаю і тое, што 15 дамоў у вёсцы пустуе, у старой лазні дзеці ў хованкі гуляюць, а там дах вось-вось абрушыцца. Да бяды крок… Разбяром лазню — будзе нам і на масток, і на плыт. Не хопіць — яшчэ якую халупу прыбяром. Ну, як вам такі план?

— Добра, няхай так і будзе. За месяц, вядома, усё мы знойдзем, — згадзіўся дзед Васіль. — Паспеем, хлопцы?

— Паспеем, — адказаў за ўсіх Віталь. — Нам бы толькі на востраў хутчэй…

— Хоць заўтра трактар бярыце, — заўсміхаўся Мікалай Рыгоравіч. — Дарэчы, я табе там тэадаліт прывёз, зручней будзе, разумею. Карыстацца ім, думаю, можаш.

— Тэадаліт? — не паверыў Віталь і аж падскочыў ад хвалявання. — Магу!

— Тэадаліт, — пацвердзіў старшыня. — Але, ведаеш, я яго ў будаўнікоў пазычыў на месяц. Паспееш?

— З такім прыборам мы — за два дні!

— Хуткі ты! Пойдзем, дам табе прыбор.

Яны вярнуліся праз хвіліну: старшыня нёс складзены трыножнік, а Віталь, як каштоўную вазу з асабліва тонкага шкла — звычайную прамавугольную металічную скрыначку з ручкай у скрыначцы.

Ён асцярожна паставіў скрыначку на зямлю — убаку ад усіх, перахапіў у старшыні трыножнік, тут жа расклаў яго, з веданнем справы увагнаў ногі трыножкі ў зямлю, з сілай націснуўшы голай пяткай на спецыяльныя выступы. Акуратна раскрыў скрыню, дастаў прыбор, нечым падобны на звычайную падзорную трубу, толькі кароткую і умацаваную ў паралелепіпед з ручкамі, незразумелымі вінцікамі.

Тэадалітам Віталь і на самай справе карыстацца ўмеў. Яшчэ два гады таму меліяратары асушалі адну балаціну. Такі прыбор у іх быў. І Віталь не ўпусціў ні аднаго зручнага моманту, каб зазірнуць у акуляр. А за тузін-другі яблык яму і ўвогуле паказалі прызначэнне кожнага вінціка.

— Ну, зараз паглядзім! — Віталь азартна падміргнуў сябрам, быццам збіраўся паказаць усім самае цікавае кіно на свеце.

І Жэнька з Віцькам, і Сяргей з Нэлай з цікавасцю і захапленнем назіралі за Віталем: так упэўнена ён рыхтаваў прыбор, важна і шматзначна пазіраў у ваконцы, ціснуў на тую ці іншую нагу трыножніка…

— Ну, ты, Віталь, пакуль паказвай апарат, а мы, Сяргей, пойдзем. Калі ты не супраць, правядзі нас да сябе, — сказала нечакана Алена Адамаўна, павярнулася да дзеда Васіля: — Васіль Яўменавіч, хадземце і вы з намі, калі ласка, будзеце за сведку: нам трэба сапраўдны акт аб сапраўдным становішчы жыцця Сяргея і Нэлы скласці.

— Трэба дык трэба, — узняўся дзед.

— Я не пайду! — набычыўся Сяргей. — Правярайце ўсё самі. Там замкоў няма…

Алена Адамаўна разгубілася: яна не чакала такога катэгарычнага адказу: не магла зразумець не проста нежаданне хлопца ісці з імі, а яго відавочнага жадання не быць разам з імі — з камісіяй, якая хоча змяніць да лепшага іх з Нэлай жыццё.

Мы ж памагчы табе хочам…

Нам лепш не стане, калі вы ў будан заглянеце, так што лезьце без мяне.

— Дык не толькі ў будан… — занервавалася Алена Адамаўна. — Мы ўсё абавязаны праверыць. І дом.

— У доме я не гаспадар, — адрэзаў Сяргей. — Там камандуе зэк.

Павісла маўчанне. Віталь прыпыніў настройку тэадаліта. Нешта ўсім стала няёмка.

— Табе ж дабра хочуць, — пачаў быў з сіпатым упікам Іван Кузьміч, усё роўна як тлумачыў дзіцяці аб карысці хлеба. — А ты бы дзіця неразумнае…

— Стойце, стойце… — узняў рукі ўверх Мікалай Рыгоравіч. — Сяргей і Нэла ўсё роўна непаўналетнія, ніякіх подпісаў ім ставіць не трэба… Ты нам, Сяргей, дазваляеш агледзець сваё жытло ў садзе, — спытаў ён зусім сур’ёзна.

— Дазваляю, — адказаў Сяргей так жа сур’ёзна.

— Добра. А ісці з намі ты не хочаш… Дома маці? — ці то пытаўся, ці то сцвярджаў старшыня.

— Дома, — Сяргей адвёў вочы ўбок. — Хеўра там цэлая…

— Так, зразумела…

Мікалай Рыгоравіч палез у нагрудную кішэню, дастаў невялікую рацыю, націснуў кнопку.

— Дыспетчар? Зарэмба. Знайдзіце ўчастковага, тэрмінова. Тэрмінова, кажу! Няхай імчыць, на чым знойдзе, да хаты Васіля Яўменавіча Кароты. Усё…

Ён схаваў рацыю, абвёў позіркам дарослых.

— Ну, пайшлі, пачакаем участковага ля хаты. У дзяцей свае справы, у нас — свае…

Віталь круціў акулярам тэадаліта ва ўсе бакі, нарэшце прыцэліўся ў далёкі адсюль зараснік.

— Так, хто што бачыць вунь на той бярозцы, якая вышэй за ўсіх? — ужо з пераможным выглядам спытаў ён.

— Нічога не відаць, бярозка.

— Так, Нэла, ідзі-ка глянь! — Віталь падхапіў дзяўчынку пад пахі, прыўзняў, даў зазірнуць у акуляр, паставіў на зямлю. — Ну, дакладвай!

Нэла зрабіла напуджаны тварык, раскінула рукі, бы крыльцы.

— Ка-ар!

— Малайчына! — выгукнуў Віталь і, запоўнены шчымлівай, невядомай для сябе раней радасцю, падхапіў зноў Нэлу на рукі. — Правільна! Там варона. Кар-р! Кар-р!

Тэадаліт абступілі, усім хацелася зазірнуць.

— Ой, дык тут жа ўсё уверх нагамі, — расчаравалася Жэнька.

— Так трэба! — аўтарытэтна заявіў Віталь. — Затое адсюль варону зусім не відно, а праз тэадаліт дзюбу разгледзіш. І магу дакладна сказаць, колькі да вароны метраў…

— Ну?.. — недаверліва сказаў Віцька. — Маніш?

— Чаго тут маніць? Прынцып падабенства трохвугольнікаў памятаеш?

— Пры чым тут гэта?

— Ну, для прастаты возьмем прамавугольныя. Калі трохвугольнікі падобныя, то катэт аднаго адносіцца да катэта другога… — прыпыніўся Віталь, глянуўшы на Сяргея, — той з паказной нецікавасцю адвярнуўся ад хлопцаў.

— Ат, давай намалюю!

Віталь хутка нагой працёр месца, дзе сядзеў дзед Васіль — тут трава была вытаптана да роўнай утрамбаванай чарнавата-шэрай зямлі.

— Сяргей, хадзі сюды! — гукнуў Віталь. — Хадзі, я проста патлумачу, бо вам самім калі трэба будзе мяне падмяніць, тут нічога складанага.

Сяргей падышоў, і Віталь стаў тлумачыць:

— Так правядзем прамую — то будзе паверхня зямлі. Тут стаім мы, во кропка — наша вока. Тут — слуп тэлеграфны. Вышыня слупа шэсць метраў, правядзем прамую з канца слупа ў наша вока. Атрымаем трохвугольнік. Цяпер на адлегласць метра ад вока ставім лінейку і глядзім, у колькі сантыметраў умясціўся наш слуп. Скажам, у два.

— А-а, усё зразумела, — заспяшаўся Віцька. — Адносіны катэтаў…

— Чакай, — прыпыніў яго Віталь. — Бачыш, Сяргей, два трохвугольнікі: па дзве іх стараны ляжаць на адной прамой, а трэція — паралельныя. Па правілах такія трохвугольнікі называюцца падобнымі. І ў колькі разоў розняцца вось гэтыя стораны, у столькі ж — усе астатнія.

— Зразумела, — працягнуў Сяргей, уважліва гледзячы на лініі па зямлі. Значыць, калі стоўб шэсць метраў, а па лінейцы два сантыметры… — ён замаўчаў.

— Працягвай, — падбадзёрыў ужо Віцька. — Шэсць метраў — гэта шэсцьсот сантыметраў. Дзелім на нашых два сантыметры.

— Трыста…

— Ну! Трыста. Гэта называецца каэфіцыентам адносінаў. Тады во гэта адлегласць?

— У трыста разоў большая, чым гэта? Так? — асцярожна спытаў Сяргей.

— Вядома!

— Трыста метраў да слупа…

– І плюс метр ад вока да лінейкі. Трыста адзін! — усклікнуў радасна Віталь. — Вось і ўвесь прынцып. На шкале тэадаліта — рыскі. Калі мы паставім вешку ў метр вышынёй на нейкую адлегласць, то глянуў, колькі рысак яна закрывае ў шкельцы, памножыў на каэфіцыент, а ён там запісаны — і адлегласць элементарна вызначана. А ведаеш адлегласць — вызначыш вышыню любога дрэва, вышкі, слупа…

Узрушаныя, яны ўсе вярнуліся да тэадаліта: правяраць усё на практыцы. Захапіліся, не заўважылі, як зайшоў у сад дзед Васіль.

— Ну, што там, Васіль Яўменавіч? — запытала Жэнька.

Астатнія прыціхлі.

— Усё будзе добра, — супакоіў усіх дзед Васіль, больш звяртаючыся да Сяргея. — Таго рудога трохі прыпужнулі, кампанію разагналі. Рыгоравіч не адступіцца, раз узяўся, веру я яму. Так што, Сяргей, ёсць у цябе і ў Нэлы абарона.

На нейкі час у садку павісла непрыемнае маўчанне. Нарэшце бадзёра выгукнуў Віцька:

— Так, мы тут забыліся, а заўтра хлеб прывозяць у магазін. Што таму вадзіцелю панясем? Казкі?

Сяргей хацеў быў сказаць, што той вадзіцель і ён — не хлопцаў справа, але зразумеў, што Віцька не адступіцца. І было прыемна… Але сказаў, каб сказаць:

— Я на золку заўтра пайду…

— Ха, ён пойдзе… разам пойдзем, — сказаў Віцька як аб даўно дамоўленым, павярнуўся да Віталя: — Табе бліжэй: бяжы па крупы, Сяргей зварыць кашы, пойдзем падкормім надвячоркам. А я пайду чарвякоў накапаю.

– Іх і тут хапае, — уставіў Сяргей. — Ля хлява некалі гной ляжаў, яны там тлустыя, чырвоныя…

Праз паўгадзіны на «пячурцы» варылася каша, чарвякоў накапалі і цяпер сядзелі на траве вакол невялікага вогнішча, чакалі.

А потым усе разам падаліся на копанку. Пакуль дайшлі, каша астыла, смела кідалі ў ваду звараныя крупы ў тыя месцы, дзе заўтра збіраліся лавіць. На рыбалку дамовіліся ісці а палове шостай. Жэньку ісці адгаварылі — у яе дома спраў хапае, яна прыйдзе пазней. Разам з Нэлай…

Частка 18

Скуру на галаве каменьчык рассек не моцна, крыві многа не было, ранка ўжо зацягнулася, але гузак быў вялікі, і балела ў гэтым месцы нясцерпна. Здавалася — усё жыццё балець будзе.

Ужо другі дзень Эдзік жыў помстай. Ніводнай думкі больш не ўзнікала ў галаве — толькі аб тым, як ён адпомсціць. Колькі самых розных варыянтаў ён перабраў! Праўда, большасць з іх была фантастыкай. Так, салодкая мара. А вось рэальная намалявалася і ўсё ярчэй выяўлялася ў думках адна: атруціць копанку. Грошы ў яго з сабой былі невялікія — маці дала на жуйкі і чыпсы. Ды і пазычыць можна было б. А атруты не праблема набыць у райцэнтры. Копанка невялікая, калі ўзяць штук 50 ампул ад каларадскага жука, то хопіць, каб надоўга сапсаваць гэтым вяскоўцам рыбалку.

Бабуля прынесла вестку: стары дзед Васіль разам з хлопцамі збіраецца рыбачыць на Ведзьмінай тоні. І плыт ужо збіраюцца пабудаваць.

— То ідзі і ты туды, унучак, — прапанавала баба Наста.

— Камароў карміць? — спытаў з’едліва Эдзік, і баба падціснула вусны.

Яна не ведала, як дагадзіць і чым накарміць унука: усё ходзіць пануры, есць слаба. Ужо і ежу яму «гарадскую» купляе: сасіскі, каўбасу вэнджаную. Ёй было трохі крыўдна, што ўнук цэлымі днямі валяецца на посцілцы ў садку пад яблыняй, заткнуўшы вушы навушнікамі, і дрыгае ў такт барадой, але яна маўчала, ні аб чым Эдзіка не прасіла. Бо Тоня, дачка, строга-настрога наказала, каб не ператамляла яе сына — ён слабы зусім і хваравіты. На думку старой жанчыны, Эдзік быў зусім не слабы, а толькі гультай. Але ж то быў адзіны ўнук.

Навіна аб тым, што на плыце гэтая кампанія паплыве на Ведзьміну тоню, казытала непрыемна. Не, не таму, што яго не бяруць і не атрымаецца папаляваць на соў. Ад свайго праекту нарабіць чучал ды прадаць Эдзік адмовіўся — не так проста з рагаткі падстрэліць птушку. А бацька пашкадаваў тады грошай на пнеўматычнае ружжо…

Але паступова разам з казытаннем на душу лягло і прыемнае прадчуванне таго, што Эдзік можа куды больш шырока разгарнуць сваю помсту. Ён праз агароды паўдня цікаваў за буданом Сяргея, бачыў, як там мылі і сушылі бутэлькі…

У кладоўцы старой запаслівай бабы Насты ён знайшоў крыху паржавелую каністру — такой і не бачыў. Пах ад вадкасці ўнутры быў незнаёмы, але відавочна было, што вадкасць — гаручая. Эдзік гэта хутка праверыў. Відаць, гэта была газа, якую на ўсякі выпадак хавала Настуся (і лямпа ў яе незвычайная вісела ля печы — то для яе і была газа). Знаходка ўзрадавала Эдзіка — не трэба будзе ў магазіне купляць які растваральнік, каб лішні раз не пападаць пад падазрэнне.

Ён адліў сабе з каністры бутэльку — гэтага хопіць, каб абліць тыя мяхі з бутэлькамі і дошкі, якія ўжо насцягвалі хлопцы да будана Сяргея. Усё было гатова, адно дачакацца ночы.

Але тут з вечара задажджыла. Дождж быў зусім не летні, дробны і халодны. Хмары густа павіслі над самай зямлёй, сівыя, маркотныя. Зрабілася ўвогуле няўтульна і холадна ў хаце.

«Эх, жмінды, на ружжо грошай шкада, камп’ютэр купіць — праз год…» — успамінаў Эдзік бацькоў. Вось каб зараз камп’ютэр сюды — і дзень як сонца! Уга, яшчэ б гэтыя вясковыя прыдуркі ў яго на парозе поўзалі…

Настрою не было ніяк, хоць ты ваўком завый у гэтай хаце. Тэлевізар абрыд, каб кабельнае тут было, а то — два каналы добра ідуць, і ўсё… А можа, у горад вярнуцца? Але ж маці ў санаторыі, бацька па зменах працуе — суткі дома няма, адразу сказаў, што есці гатаваць не будзе… Ды і сяброў няма, усе раз’ехаліся.

Ат, ёсць у яго чым заняцца. Нікуды бацька не дзенецца, будзе есці гатаваць. А камп’ютэрны клуб ад Эдзікавага дома зусім недалёка. Праўда, грошай толькі на дзень. А бацька не дасць: сказаў, калі хочаш свой камп’ютэр — не прагульвай грошы ў клубе…

«Чорт, пайду да дзядзькі!» — аж падскочыў Эдзік ад думкі. Ну вядома ж, дзядзька Эдзіка — рэдактар газеты, якую сам і заснаваў. У рэдакцыі камп’ютэраў — ажно пяць. І адзін амаль заўсёды свабодны. Ды яшчэ лета цяпер, у водпускі пайшлі. Дзядзька яму колькі разоў казаў — прыходзь, як надакучыць у кватэры, гуляй.

Праўда, дзядзька не такі і просты, як здаецца. Эдзік аднаго разу быў паўдня пагуляў, то назаўтра дзядзька папрасіў нейкі скрутак аднесці ажно ў другі канец горада, ды яшчэ пешкі, ды яшчэ ноччу, лічы! І яшчэ вочы пры гэтым страшныя рабіў: глядзі, каб ніхто цябе не бачыў. І страшна было, але ж не адмовіш, як ужо нагуляўся — бо ў другі раз не пусціць.

Дзядзьку Юрыю (Юрыю Барысавічу, калі правільна казаць) і іншае што па драбязе рабіў Эдзік: то куды патэлефанаваць і, змяніўшы голас, сказаць тое, што было напісана на паперцы, якую яму давалі ў рукі, то за кім пасачыць паўдня: куды хадзіў, з кім сустракаўся…

Эдзік вырашыў ехаць. Паскідаў ў пакет дыскі з запісамі, тое-сёе з драбязы сабраў. Бо як надвор’е стане, ён вернецца, ага, з плытом разабрацца ж трэба! Далёка не паплывяце!

— Баба! Я дадому паеду на тыдзень!

Баба Наста ўздрыгнула — яна стаяла спінай да Эдзіка і рэзала шчаўе. Цэлая гара зялёнага лісця ляжала на стале, пабліскваючы кропелькамі вады.

— А што, унучак, хіба чым не дагадзіла? — спужалася старая.

— Ат, сумна, дождж ідзе. Прыеду, як цёпла будзе. Я на тыдзень. А то ні ў лес, ні на рыбу… — адмахнуўся Эдзік. — Аўтобус праз гадзіну будзе?

— Дык чакай, чакай, я ж не пакарміла цябе, — замітусілася старая. — Во яешню свежую з каўбасой засмажу…

— Ну, давай сваю яешню, — Эдзік кінуў свой пакет на канапу, плюхнуўся сам. — Яешня і яешня, нічога больш не прыдумаеш, — прабурчаў ён ціха, так, што занятая ля газавай пліты баба Наста яго не пачула.

«Трэба будзе грошай у бабы спытаць. Скажу, не хапае. Хай дае, куды яна пенсію дзявае? Колькі дасць. А лішні рубель замінаць не будзе».

Але спытаць пра грошы Эдзік не паспеў — бабуля сама, як толькі паставіла на стол гарачую патэльню з яешняй і каўбасой, заспяшалася ў сваю бакоўку і вярнулася адтуль з ружовай паперкай.

— На, унучак, на дарогу ды купіш сабе што смачнае, я ж старая, не ведаю, што табе купляць… Вось не дагадзіла, паедзеш, худы зусім, сумны…

Эдзік узяў грошы — ажно дзесяць тысяч! І трохі ніякавата яму стала, што старая так перажывае.

— Ды ўсё добра, усё смачна, проста мне сумна крыху, не прывык я яшчэ…. Вось пабуду тыдзень дома, прыеду на ўсё лета, — казаў Эдзік, перажоўваючы хлеб, а сам думаў аб тым, як проста вырашылася пытанне з грашыма для атруты: тут хопіць, каб два разы ўсю копанку заліць!

Праз паўгадзіны ён падаўся на прыпынак аўтобуса. Ён быў адзін, хто чакаў аўтобус ля старога разлапістага каштана ў такое надвор’е: дождж не ішоў, але ў паветры літаральна віселі драбнюсенькія кроплі вады. Было зусім па-восеньску холадна і цёмна ад нізкіх хмар. Эдзік перасмыкнуў плячыма, уцягнуў галаву ў плечы, хаваючы карак ва ўзняты каўнер курткі. Паправіў кепку, незнарок крануў гузак на галаве, і той адазваўся забытым ужо болем.

Злосць зноў успыхнула ў сярэдзіне грудзей: «Ну, чакайце майго прыезду!»

З-за павароту паказаўся блішчасты ад вады аўтобус. Ад прадчування цёплага і сухога салону стала лягчэй і ўтульней на душы. Ды яшчэ думка аб вяртанні сюды сапраўдным мсціўцам супала са з’яўленнем аўтобуса. «Добры знак», — падумаў Эдзік.

Паўтары гадзіны да райцэнтра ён спаў — змарыла ад пагойдвання і роўнага вуркатання рухавіка. Ды яшчэ цёпла і зацішна…

Бацькі дома не было. І што маці дома не было, заўважыць можна было адразу: пыл паўсюдна, нямытыя талеркі ў ракавіне і — вось чаго ніколі не пабачыш, як маці дома — попельніца на падаконніку на кухні, а ў ёй — гара недакуркаў.

Затое ў халадзільніку — аж пяць пачак пельменяў. Гы, бацька толькі імі і харчуецца. Эдзіку таксама пельменяў захацелася — ажно слінкі пацяклі.

Разумны бацька, што такую ежу любіць: гатаваць проста. Нават Эдзіку не праблема.

Адварыў сабе, колькі схацеў, густа зверху паліў смятанай (таксама ў халадзільніку тры пакеты), наеўся.

Уключыў тэлевізар, заваліўся на канапу, пстрыкаў пультам. 18 каналаў — нешта заўсёды выбераш. Так і заснуў на канапе, не распранаючыся. Яму снілася копанка: вада ў ёй стала сіняя, а рыба выпаўзала на бераг — зялёная і чорная. Страшная. А Эдзіку было не страшна — ён смяяўся ў сне і, мабыць, ад гэтага і прачнуўся.

Было ранне. На кухні шумела вада з крана. Эдзік падхапіўся, думаў, што гэта ён забыў закруціць. Але то быў бацька.

— Што ты прыехаў? Засумаваў? Ці з бабай пасварыўся? — бадзёра спытаў бацька, мыючы ў ракавіне марожаную рыбу — хацеў, відавочна, хутчэй пачысціць і насмажыць.

Нешта было ў яго голасе штучнае — мо гэтая бадзёрасць, але Эдзік не надта надаў гэтаму ўвагу.

— Ды не, там дождж, цэлы тыдзень абяцалі. А мне баба… грошы дала, думаю, пагуляю тут у клубе, потым зноў паеду..

— Ну, глядзі мне… — незразумела чаму прыгразіў бацька і нечакана амаль па-змоўніцку хутка спытаў: — Ці мо гэта маці табе наказала, каб ты неспадзеўкі сюды наязджаў?

Эдзік уздрыгнуў. Ён памарудзіў з адказам, стараючыся разабрацца ў апошніх бацькавых словах, знайсці там нешта тое, што было галоўным. Не, не выпадкова бацька так спытаў, значыць, ёсць (ці было!) у хаце нешта, аб чым маці ведаць не павінна. Ну, курыць бацька на кухні і ў пакоі (попел ад цыгарэт Эдзік на падлозе пабачыў), але ж не будзе так бацька з-за цыгарэт хвалявацца. А ён нервуецца, вунь як рыбу шкуматае. Попельніца была поўная… Стоп! У попельніцы быў адзін недакурак…

Эдзік зірнуў на акно — і бацька павёў позіркам услед.

Попельніца была чыста вымытая.

А ўчора… Там быў адзін недакурак, які не мог застацца пасля бацькі. Доўгі тонкі белы фільтр напалову спаленай цыгарэты. А на белым фільтры — нешта ружовае. Можа, і памада для вуснаў…

Эдзік успомніў гэта яскрава. І — усміхнуўся

— Маці мне многа чаго казала, — ён пераможна глянуў на бацьку.

Бацька адвёў вочы ўбок.

— Ну, мыйся, я снеданне згатую…

Снедалі моўчкі. Бацька хутка пераапрануўся, хоць, як раней, то павінен быў бы легчы спачываць: суткі ж працаваў.

— Пельмені там у халадзільніку, рыбы я насмажыў, як захочаш чым паласавацца, то вось, — бацька паклаў на стол дзве буйныя купюры. — А мне на базу трэба, там…сход сёння.

І выйшаў з кватэры.

Столькі грошай Эдзіку не давалі дома ніколі. Ажно дваццаць тысяч! Сорак гадзін у клубе на кампьютэры гуляць можна!

Грошы былі ў кішэні, і разам з імі прыйшла думка: а яго, Эдзіка, купілі. Бацька купіў. Каб не надта ўспамінаў, што ён у попельніцы бачыў. Ну і няхай. Падманваць ён нікога не збіраецца: ні маці, ні бацьку. А маўчанне — не абман. Ды і можа яму там здалося…

Праз гадзіну пайшоў у кампўютэрны клуб. Гуляў мо гадзіны тры, аж рукі забалелі. Але шкада было адразу столькі грошай траціць ды яшчэ і атруты не купіў. Пахадзіў па міні-рынку. Атрута была розная, але не такая і дзяшовая, як Эдзік думаў. Калі браць столькі, колькі, як ён палічыў, трэба, то не будзе за што і гадзіну яшчэ пагуляцца за камп’ютэрам. Неяк усё разладжвалася. І тут, у горадзе, пасля смачнага снедання, адчування грошай у кішэні, камп’ютэрнага клуба не такім ужо галоўным стала здавацца яго помста. Хай сядзяць тыя дурні ў сваім балоце…

Ногі самі яго прынеслі да будынка, у якім размяшчалася рэдакцыя Юрыя Барысавіча. «Зайду, павітаюся. А раптам у яго справа якая будзе… Мо і так дасць за камп’ютэрам пасядзець…»

Дзядзька Эдзікаў — стрыечны брат маці — сядзеў у сваім кабінеце. Невысокага росту, хударлявы, падцягнуты, з невялікай лысінай ён выглянуў з-за шкельцаў акуляраў, узняўся з-за стала насустрач:

— Вітаю, вітаю…Што прывяло цябе ў рэдакцыю? Што, сумна? — ён паціснуў Эдзіку руку, паказаў на крэсла побач са сталом. — Сядай…

Прыемны чалавек, што казаць.

— Сумна. І грошай каб зарабіць…

— А на што табе грошы?

— А шмат на што. На камп’ютэр, на жуйкі, дыск новы хачу купіць..

— Зразумела… Маладое пакаленне выбірае волю. Добра, добра… А што табе той клуб — прыходзь, гуляй. Палова рэдакцыі ў водпусках, сядай за любы камп’ютэр, які вольны, — шырока павёў рукамі Юрый Барысавіч. — А з грашыма складаней. Грошы зарабляюцца. У наш час грошы можна зарабляць тысячамі спосабаў. У наш час іх можна зарабляць так, як раней ніколі не зараблялі.

— Гэта чаму?

— Раней інфармацыя не каштавала так дорага. А цяпер каштуе. Вось, напрыклад, як толькі ў прыёмны пакой бальніцы прывязуць каго з раненнем ці з дарожнага здарэння — мне адразу ж тэлефануюць. Думаеш, чаму? А таму, што інфармацыя каштуе грошай! Хто ёй валодае, той можа яе прадаць!

– І вы … плаціце за тое, што вам патэлефануюць? Але навошта?

— Каб усё ведаць, даражэнькі. Будзеш ведаць — будзеш друкаваць. Будуць чытаць. А будуць чытаць — будуць купляць. І мне гэтыя грошы вернуцца ўтрая. Вядома, я плачу работніцам прыёмнага пакоя, ёсць у мяне яшчэ надзейныя людзі ў такіх месцах, адкуль мне інфармацыю трэба атрымліваць адразу, без затрымкі. Вядома, плачу я неафіцыйна. Але гэта не галоўнае. У цябе ёсць мне што прадаць?

— Што прадаць?

— Дзівак-чалавек. Я купляю толькі адно: інфармацыю. У цябе ёсць інфармацыя, каб мне яе прадаць?

— Ды не… Я не ведаю, што вам трэба… Ну, што цікава, што не. Каб вы сказалі, я б збіраў… — разгубіўся Эдзік.

Эдуард Барысавіч засмяяўся — шчыра, радасна.

— Эх, хлопец, хіба ж я ведаю, што цікавага ты ведаеш? Ты ж не ў міліцыі працуеш, каб я табе дакладна сказаў, пра што мне расказваць… Добра, давай вось так: ты, наколькі я помню, у вёску збіраўся. Вось ты там быў?

— Быў, — паціснуў Эдзік плячыма. — Але што там цікавага?

— Гэта мы зараз і паглядзім… ну, давай, расказвай аб усім.

— Як — аб усім?

— А вось давай аб усім — з пачатку і да канца. Як прыехаў, як паехаў. Давай, давай, не саромейся, — падбадзёрыў Юрый Барысавіч.

— Ну, прыехаў, пайшлі на копанку…

— Мы — гэта хто?

— Ну, я, Віцька там ёсць, аднагодкі мы, і Віталік, чыкануты трохі, карты складае… Яны збіраюцца плыт пабудаваць…

— Ну, далей… пайшлі вы на копанку…

— А там сустрэлі нямко. Гэта дзяўчынка пяці гадоў, размаўляць яна не ўмее, з ёй там быў інтэрнацкі, брат яе, прыехаў. Маці іх п’яніца …

Эдзік пачаў расказваць, вядома ж, прапускаючы цэлыя эпізоды са свайго тыдня ў вёсцы, дзе і мяняючы што, і сам не заўважыў, як захапіўся.

— А плыт яны вырашылі пабудаваць з бутэлек!

— З бутэлек, кажаш… цікава… — першы раз перабіў яго Юрый Барысавіч. — Цікава…

— Што, інфармацыя? — зацікаўлена спытаў Эдзік

— Ну, вядома, плыт на балоце, магіла, пошукі… Інфармацыя, але трошкі не такая, якая трэба для мяне. Для другой газеты — інфармацыя.

— А калі прадаць?

Юрый Барысавіч засмяяўся:

— Газеты, якім такая інфармацыя трэба, яе ў цябе купляць не будуць. Там зусім іншыя…м-м-м… крытэрыі ацэнкі. І гэта ўсё?

— Ага, — закончыў сумна Эдзік, прадчуваючы, што у яго расказе нічога каштоўнага для дзядзькі не знайшлося. — Бутэлькі яны зносяць да будана, у якім нямко з інтэрнацкім жывуць. Там іх штаб.

— Што? — раптам ажывіўся дзядзька. — Хто дзе жыве?

— Нямко і яе брат, Сяргей… будан у садзе стаіць, там яны і спяць, нават, я бачыў, печку сабе зрабілі, есці варыць. Бо ў хаце там п’яніцы збіраюцца, — Эдзік паціснуў плячыма, гледзячы ў вочы за акулярамі, якія нечакана сталі літаральна пабліскваць.

— Ты хочаш сказаць, што гэтыя дзеці жывуць у садзе, у будане, у той час, як у хаце п’яніцы ладзяць балі? — выгаварыў Юрый Барысавіч кожнае слова паасобку, цвёрда. — Так?

— Так, я ж сам бачыў. Падглядваў…

— Вось!

Дзядзька пляснуў далонню па стале, адкрыў шафу, дастаў бутэльку з мінеральнай вадой.

— Ты зразумеў? Зразумеў, дзе пачынаецца інфармацыя?

— Не-а, — разгублена, але і радасна паківаў адмоўна галавой Эдзік.

– Інфармацыя пачынаецца там, дзе пачынаецца гаворка аб тым, што не так, не тое, не туды, не цяпер! Усё ў цябе звычайна, усё заканамерна. А вось што дзеці пры жывых бацьках у наш час, праз шэсцьдзесят год пасля вызвалення спяць на двары — вось не тое і не так. Уцяміў?

— Ага! — падскочыў радасна Эдзік. — Так проста…

— Не ўсё так проста, — пасур’ёзнеў дзядзька. — Атрымаць інфармацыю — адно. Галоўнае — як яе падаць… Але то ўжо справа не твая… так, выбачай, але ў нас так: разлічуся я з табой, як усё праверым. Так, дзе там твая вёска, дзе там твой дом? Хаця, чакай: а калі я цябе ў камандзіроўку туды пашлю, га?

— Паеду! — адказаў з запалам Эдзік.

Эдуард Барысавіч выйшаў з кабінета, махнуўшы рукой, каб Эдзік яго чакаў, хутка вярнуўся, але ўжо не адзін. З ім быў хлопец гадоў 18-ці, цыбаты, бялявы.

— Так, гэта Эдзік, — пачаў Юрый Барысавіч. — А гэта — мой карэспандэнт Валодзя Гілюк. Пазнаёміцеся пазней. Значыць, вам паўгадзіны, каб дамовіцца. Хочаце — сёння вечарам, хочаце — заўтра раніцай, але каб заўтра да абеду ў мяне былі здымкі гэтага будана ў садку. Валодзя: зразумела, што на здымку павінны быць брат і сястра, і павінна быць бачна, што яны тут жывуць. Э-е-е, здаецца, не тыя там людзі, каб табе пазіраваць, таму сам можаш там зусім не паказвацца. Толькі не трэба мне шчаслівай усмешкі сытага дзіцяці, — голас Юрыя Барысавіча стаў рэзкім, сказы кароткімі, як загады. — Трэба сляза няшчаснага дзіцяці. Тэксту — 20 радкоў. У сельсавеце не паказвацца. Імя і прозвішча маці — у вяскоўцаў. Імёны дзяцей — у вяскоўцаў. І каб блізка не ведалі, адкуль ты. Карацей, у мяне павінны быць здымкі і ўсё неабходнае для падтэкстоўкі, але ты там не быў, цябе ніхто не бачыў. А то заўтра ж прыбяруць будан… Эдзік, ты там — праваднік. Ганарар плачу трайны, як усё пацвердзіцца і будзе добры здымак.

— Калі ехаць, Юрый Барысавіч? — спытаў карэспандэнт, падкрэсліваючы пры гэтым, што ехаць ён гатовы хоць вось зараз.

— Падумаем… Аўтобус вечарам ідзе ў колькі? — спытаў дзядзька Эдзіка.

— У 17.40. Там ён 20 хвілін пасля 19-ці.

— Так… Значыць, едзеце сёння, начуеце…

— У маёй бабулі! — падказаў Эдзік

— Згода, так і робіце. А ранкам робіце здымкі. Ёсць там дзе схавацца?

— Ёсць. Там слівы густа растуць, можна залезці і пасядзець.

— А вылезці незаўважна?

— Можна, я ж сядзеў…

Юрый Барысавіч нечаму ўсміхнуўся, павярнуўся да карэспандэнта:

— Глядзі там, Валодзя. Бярэш новы лічбавы фотаапарат. Каб усё было чыкі-чыкі. Падыдзі да бухгалтара, скажы, што я загадаў выдаць табе камандзіровачных паўсотні. Ідзіце…

Эдзік быў узрушаны — вось гэта будзе справа! Праўда, яго энтузіязм крыху патух, калі ён пабачыў абыякавы твар Валодзі. Той неяк умомант скіс, як толькі выйшлі з кабінета рэдактара.

— Сабачая работа, — толькі і прамовіў ён ціха сам сабе два словы, пакуль ішлі да аўтавакзала.

Эдзік прамаўчаў, здзіўлена глянуўшы на Валодзю: такая работа цікавая, плацяць грошы, чаго ён незадаволены? Яму б такую работу: пстрыкнуў фотаапаратам, напісаў тры радкі — і атрымлівай грошы…

Валодзя, як толькі аўтобус крануўся, прыткнуў галаву да акна аўтобуса і закрыў вочы. Усім сваім выглядам ён паказваў, што не збіраецца размаўляць.

Эдзік пакрыўдзіўся: гэта ж дзякуючы яму, Эдзіку, гэты Валодзя можа зрабіць здымкі, якія спадабаюцца рэдактару, можа атрымаць грошы —«трайны ганарар», а вось глядзі ты, ні кроплі ўвагі.

Аб такіх адносінах Валодзі трэба абавязкова расказаць Юрыю Барысавічу…

Эдзік спадзяваўся, што будзе куды як цікава. Але атрымалася не вельмі і прыемна. Сказаў бабе Настусі, што ў Валодзі — тэрміновае заданне. А якое — сакрэт. Ну, Юрый Барысавіч жа папярэджваў. А гэты Валодзя як сеў за стол з яечняй — усё расказаў. І што з газеты, і што здымкі рабіць трэба. Добра, што хоць не сказаў, каго здымаць будзе.

Эдзік прапаноўваў пайсці і схавацца на ноч,

— Я не такі дурны, — адрэзаў Валодзя і заваліўся спаць, хоць было каля дзесяці гадзін вечара, яшчэ відно зусім.

У палове шостай іх пабудзіла баба Настуся, як яе папярэдзілі. Напрамкі праз агароды Валодзя ўслед за Эдзікам зайшоў ў сад дзеда Васіля, з яго — у той кут сада Сяргея, дзе раслі слівы. Чакаць давялося не так і многа. Сяргей прачынаўся рана, ды і Нэла хутка выглянула з будана.

— Эх, самому б паспаць у такім будане, — прыгаворваў з зайздрасцю Валодзя, шчоўкаючы апаратам. — У кватэры такая духата, ноччу спаць нельга. Ну, хопіць, вядзі назад, Сусанін, на аўтобус яшчэ паспеем…

Непрыкметна яны вылезлі з кута адразу на вуліцу — тут не было агароджы.

…Праз дзве гадзіны ў рэдакцыі на камп’ютэры яны разам: Эдзік, Валодзя і Юрый Барысавіч разглядалі здымкі.

— Цудоўна, проста цудоўна… — паціраў ад задавальнення рукі дзядзька. — Ставім у нумар. Эдзік, вось ты нам прынёс інфармацыю дык інфармацыю! Валодзя, давай мне даныя на дзяцей, сам падрыхтуй наступнае: колькасць дзяцей у дзіцячых школах-інтэрнатах у раёне, колькасць поўных сірот, яшчэ — колькасць пазбаўленых бацькоўскіх правоў за мінулы год і гэты… Працуем! — Юрый Барысавіч пляснуў у ладкі, павярнуўся да Эдзіка: — Сёння гэты камп’ютэр у тваім поўным распараджэнні, можаш сваю гульню сюды паставіць. А ганарар асобна атрымай…

Незаўважна для Эдзіка ў руцэ дзядзькі з’явіліся грошы. Эдзік нерашуча пацягнуўся за грашыма — яму ўсё яшчэ не верылася, што гэта на самым поўным сур’ёзе казалася і рабілася. І толькі адчуўшы сваімі пальцамі паверхню новенькіх купюр, якую ні з чым не зблытаеш, ён паверыў: такая вялікая сума — рэальнасць у яго руках. Яны пахлі — сваім самым арыгінальным пахам у свеце. Ні з чым не зблытаеш пах новенькіх, хрумсткіх грашовых купюр!

Грошы не проста адчуваліся ў кішэні — яны былі быццам жывыя!

Эдзік ішоў па тратуары, і яму здавалася, што яго грошы ўсе бачаць, усе ведаюць аб іх. І віной таму — яны самі, гэтыя хрумсткія паперкі, новенькія, бо яны амаль што свецяцца праз тканіну.

Два дні таму Эдзік гадаў, што рабіць з тымі грашыма, якія ў яго з’явіліся: купіць атруту, каб падушыць рыбу ў копанцы, ці прагуляць іх у камп’ютэрным клубе. Сёння ў яго грошай у пяць разоў болей! І Эдзік імгненна зразумеў, што трэба цяпер рабіць.

Трэба збіраць грошы.

Ён у адзін момант, зусім не стаміўшыся, стаў валодаць вялікай сумай. І хоць была спакуса вось зараз жа пайсці і набраць сабе новенькіх дыскаў, зайсці ў кафетэрый і выбраць самае смачнае марожанае — Эдзік на гэта не пойдзе. Не, траціць столькі грошай — гэта дурасць. Хай там тысяча-дзве — зразумела. Але не сто!

Эдзік спяшаўся ў пустую кватэру — каб палічыць свае грошы. І дакараў сябе за тое, што ў той ранак не ўтрымаўся і столькі патраціў…

…Выцягнуў акуратна грошы з кішэні. Яны заварожвалі той уладнай сілай, якая за імі адчувалася. Бач, быццам паперкі, а ў што толькі яны могуць ператварыцца!

Выцягнуў з кішэняў тое, што заставалася ў яго ад бабулі і бацькі. Побач з новенькімі купюрамі Юрыя Барысавіча гэтыя паперкі здаваліся шматкамі былой велічы. Эдзік старанна разгладзіў кожную змятую купюру, адабраў большай вартасці ў адзін стосік — гэтыя ён зараз пойдзе і памяняе ў магазіне на буйную купюру. Дробязь… Ну, гэтыя можна і патраціць.

У магазіне ён лісліва заглянуў у вочы жанчыне, працягнуў свае пакамечаныя паперкі:

— Калі ласка, дайце адной купюрай… Ведаеце, гэта мне на дзень нараджэнне трэба ісці, дамовіліся сабраць сябру, каб купіў сабе жаданы падарунак. То дайце, калі ласка, купюру новую…

Прадаўшчыца ўсміхнулася, выцягнула з касы вялікі стос купюр, раскінула веерам, выбрала і на самай справе самую акуратную.

А ў Эдзіка нешта ёкнула ўнутры — ён мо першы раз за ўсе разы вось так убачыў грошы: такую вялікую суму (там жа такія буйныя купюры!) у адной руцэ, якая трымала іх так, як трымаюць простыя паперкі. І ніколькі не хвалюецца жанчына.

Купюру з магазіна Эдзік намачыў трохі вадой, а потым прагладзіў гарачым прасам. Цяпер яна была амаль што аднолькавая з тымі, новенькімі.

Эдзік доўга глядзеў на свае грошы, акуратна раскладзеныя на канапе. І вырашыў, што ўсе купюры трэба абмяняць на больш буйныя. Тады не будзе спакусы узяць якую ды патраціць на пустое.

А грошы ён будзе так і збіраць: як набярэцца сума — так і абмяняе на адну купюру буйную. Назбіраў дзесяць тысячарублёвак — абмяняў на адну дзесяцітысячную…

Вось толькі пытанне — як іх збіраць… Гэта ж не грыбы ў лесе.

Трэба пайсці прагуляцца, патраціць тую драбязу — якраз на марожанае і думаць, думаць, думаць…

Частка 19

У будане стала сыра і няўтульна, пахла цвіллю. Спаць было холадна. Добра, што дождж прайшоў невялікі, а каб мацнейшы — і палілося б на Сяргея і Нэлу зверху, бо што тое сена — хіба ўратуе ад моцнага дажджу… Сяргей накрыў Нэлу, чым можна было, сам дрыжаў ад холаду. Чакаў хлопцаў — спаць не мог.

На рыбалку ўсё адно пайшлі — хоць магло і не быць добрага клёву. І толькі Віцька быў узбуджаны:

— Ха, ведаеце вы карасёў. Яны якраз пасля такой спёкі толькі ажывіліся, цяпер адно палююць. Пабачыце…

І меў рацыю!

І на нудны дожджык забыліся, на макрэчу пад нагамі і холад — клявала і брала — толькі паспявай закідваць. За тры гадзіны ажно сямілітровае пластыкавае вядро запоўнілі!

— А вы казалі, вы казалі… — у захапленні прыгаворваў Віцька, несучы гэта вядро ў вёску, хоць ніхто асабліва і не казаў супраць яго прагнозаў, адно Віталь раней пабурчаў трохі, што няўтульна на копанцы. — А карасі, карасі якія! Гэ, у вадзіцеля грошай не хопіць…

Настрой ва ўсіх быў прыўзняты — рыбалка ўдалася, ды яшчэ і дождж перастаў, хмары вышэй падняліся, распагоджвацца пачало.

Дамовіліся, што большую частку рыбы Сяргей панясе да магазіна. А Віцька і Віталь прыйдуць ужо да будана Сяргея, як дадому зазірнуць. Маці хвалююцца, гэта адно, а другое — трэба нешта сур’ёзнае рабіць з буданом.

Нэла спала, закутаная ва ўсё, што было ў будане. Ужо і пацяплела добра, і Сяргей спакойна пайшоў да магазіна. Аўтамабіль з хлебам ён прачакаў не так і доўга — мо з гадзіну. Вадзіцель яшчэ толькі пад’язджаў да магазіна, то ў прывітанні ўзняў руку, пасля, калі выскачыў з кабіны, крыкнуў да Сяргея:

— А я то думаю: будзе рыба ці не? Бачу, многа! Ну, чакай, разгружуся…

Грошай Сяргей атрымаў многа і адважыўся: купіў каўбасы акрамя хлеба і цукру. Смачна будзе засмажыць. А ў бабы Адаркі купіць яек дзесятак. Яна то і так дасць, але дзякуй, што малако за «дзякуй» дае. Яшчэ і яйкі прасіць…

Ля будана былі ўжо ўсе: Віцька, Віталь, Жэнька. Нэла сядзела, хуталася ў куртку ля ног Жэнькі. Будана, зрэшты, ўжо не было: толькі адзін каркас застаўся. Сена ляжала на траве, усе транты Сяргеевы — воддаль.

Віцька заўважыў спахмурнелы твар Сяргея і заспяшаўся:

— Ты не псіхуй, мы тут плёнку цэлафанавую прынеслі. Вось, трэба будан яшчэ большы зрабіць, накрыем плёнкай, каб дождж не прабіў, зверху сенам. Яшчэ навес адзін зробім, а то во дошкі нашы намоклі… — ён паказаў на тыя дошкі, што ўжо нацягалі ад дзеда Васіля. Іх трэба было парэзаць па чарцяжу, каб там, на месцы, не надта мучыцца.

— Я не псіхую, — адказаў Сяргей спакойна. — Давайце, дапамагайце, пакуль дажджу няма. Толькі Нэлу пакарміць трэба…

Калі ж шчыра, то ён не ведаў, як сябе паводзіць. З аднаго боку, было добра, што яму збіраюцца шчыра дапамагчы, а з другога — ён ужо адвык ад таго, што нехта чужы будзе бескарысліва табе дапамагаць, проста так, без нейкага разліку. Казытала непрыемна і тое, што хлопцы ні словам на рыбалцы не абмовіліся пра будан. Ну, мо яны згаварыліся, каб які сюрпрыз атрымаўся… Перасіліла першае: што ні кажы, а яму было прыемна адчуваць падтрымку. І рыбы вось налавілі колькі, толькі крыху ўзялі смажыць (а есці ж разам будуць усе), а так загадалі Сяргею аднесці і прадаць вадзіцелю…

— Паснедалі мы з Нэлай ужо, — адказала Сяргею Жэнька.

— Я ёй каўбасы купіў… Насмажыць вось, на агні…

— Ха, каўбасу мы самі з’ядзім! Вось як зробім шыкоўны будан, каб усім можна было ад дажджу схавацца! Гэх, шашлык з каўбасы будзе! — загарэўся Віцька.

А Віталь тым часам нагой разгладзіў вытаптаны участак зямлі, трэскай чарціў:

— Каб нас чацвёра дарослых і Нэла селі адразу, то трэба…

— Ну, ты тут малюй, а мы пойдзем высякаць дручкі, — Віцька ўжо трымаў сякеру ў руках.

— Чакайце, вы дома жываты набілі, а Сяргей галодны, — прыкрыкнула Жэнька, прысела, выцягнула з-пад плёнкі на зямлі пакет, пачала даставаць з яго розныя скруткі. — Сяргей, бяры паеш…

— Ёсць у нас што есці, — разгубіўся Сяргей, гледзячы на прынесенае Жэнькай снеданне.

— Тое потым разам з’ядзім, — рагатнуў Віцька і па-змоўніцку дадаў: — Еш, гэта Жэнька спецыяльна для цябе аладкі смажыла, ад самай раніцы старалася…

У наступны момант ён ужо бег у бок густых сліваў, бо твар Жэнькі нічога добрага яму не абяцаў. Сяргей усміхнуўся, гледзячы на раззлаваную Жэньку:

— Ну, я паспытаюю, як ты ўмееш смачна гатаваць…

А сонца спачатку нясмела, а потым часцей, часцей прабівалася скрозь аблокі, якія парадзелі, пабраліся дзіркамі. Стала цёпла, пара густа падымалася ад роснай травы.

Кіпела работа: новы каркас вялікага будана, на два «пакоі» па праекту Віталя ўжо стаяў, абцягнуты папярэчынамі. Грунтоўнае збудаванне атрымлівалася. Віцька ад дзеда Васіля прынёс касу: тут жа, у садку, касілі траву і пустазелле. Каркас абцягвалі кавалкамі старой плёнкі, мацавалі, потым спецыяльнае рыштаванне рабілі, каб травой абкласці і тая не спаўзала.

Старое сена прасушваць расклалі, Жэнька на «печцы» пачала смажыць рыбу.

У гэты час да будана падышла маці Сяргея.

Усе спыніліся. Маці была цвярозая, з тварам, бы ў пабітай сабакі. Чырвоныя вочы хваравіта блішчалі, яна церла адну далонь аб другую. Было бачна, што адчувае яна сябе вельмі дрэнна. Усім стала вельмі няўтульна.

— Сяргей, сыночак, ты… гэта, ішлі б вы ў хату спаць. А то людзі смяюцца з мяне… І во крычаць на мяне, кажуць, правоў пазбавяць. А каму я трэба буду… — яна сутаргава ўсхліпнула.

— Пакуль у хаце будзе той зэк, я туды не пайду, — спакойна, але цвёрда адказаў Сяргей. — І Нэлу не пушчу. Выганяй тую сволач.

— Дык як жа яго выганю? Ды і навошта? Ён жа добры, гэта як вып’е, то трохі крычыць… — стала апраўдвацца маці.

— А ён бывае цвярозым? Усё, не прасі нічога. Мы нічога не просім. У нас во і есці што ёсць, і спаць ёсць дзе.

— Дык а як холадна стане? Куды ж пойдзеце?

— Пакуль стане, я нешта прыдумаю…Нешта прыдумаем, — дадаў Сяргей. — Ты адно… не пі болей. І тады ўсё будзе добра.

— Ды я… — маці ўсхліпнула нечакана. — Цяжка мне, ой, як цяжка… Загоніш ты мяне ў труну…

І яна пайшла, ступаючы так, быццам зямля пад яе нагамі пагойдвалася.

Нейкі час у садку стаяла цішыня. Непрыемная, нацягнутая. Так усё добра ішло…

— Усё будзе добра, — раптам голасна, упэўнена сказаў Віталь.

Ён падхапіў на рукі Нэлу, крутануўся з ёй:

— А ну, Нэла, скажы: будзе.

Дзяўчынка згодна заківала галавой.

— Не, ты не ківай, а кажы: будзе добра! Будзе добра!

Нэла, гэта было бачна па яе тварыку, сілілася і на самой справе нешта сказаць. Яна сутаргава крывіла роцік, каўтала, а потым вырвалася з яе грудзей кароткае, гучнае:

— Доба!

Віталь прыціснуў моцна дзяўчынку да грудзей, потым асцярожна апусціў на зямлю.

— От жа, казаў сваім: ну чаму вы мне сястрычку не нарадзілі…

Уздыхнуў, абвёў усіх сур’ёзным позіркам.

— Калі Нэла сказала, што будзе добра — значыць, так і будзе. Не будзем спяшацца і рабіць пяць спраў за раз. Вось зробім адну — падумаем над другой. Будзе ў нас час падумаць, як гэтага зэка з Сяргеевай хаты вытурыць.

— А цяпер давайце абедаць, работнікі, — запрасіла Жэнька. — У мяне гатова рыба…

Елі рыбу, потым на прутках смажылі на агні кастра каўбасу.

Будан закончылі к абеду. Ён атрымаўся, як і планавалі, вялікі, утульны, на два «пакоі»: пярэдняя і месца для сну. І светлы: Віталь прадугледзеў нават два акенцы — іх зрабілі з плёнкі.

Пасля абеду вырашылі сабрацца ў садзе дзеда Васіля: амаль усё, як ім здавалася, было гатова.

…Голас у тэлефоннай трубцы Жэнька не пазнала, хоць ён здаваўся ёй знаёмым.

— Так, я Яўгенія Лошчык. А хто мяне пытае?

— Гэта карэспандэнт раённай газеты Мікульчык, — адазваліся ў трубцы, і, не даючы Жэньцы апомніцца, голас працягваў: — Ну, давай раскажы, чаму не пішаш, што там у вас робіцца?

— Дык няма аб чым пакуль пісаць…

— Як няма? А хто збіраецца адшукаць у балоце магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне? Вы? Ну, а маўчыш… Так, ты ў школе ў Саюзе моладзі?

— Так, у БРСМ…. — разгубілася Жэнька: адкуль у рэдакцыі ведаюць пра іх планы? — Дык мы нічога яшчэ не знайшлі…

— Гэта ўжо справа іншая. Знойдуць і без вас, калі ўзяліся. Ваш старшыня сельвыканкама быў у раёне, тут усё ведаюць, гэта справа надзвычай сур’ёзная. Раскажы, хто там збіраецца ў пошукі. Вам гэты самы партызан, як яго, Карота, так? Калі расказваў?

— У школе… Ну, гэта яшчэ раней было…

— Так… У школе была сустрэча… І пасля той сустрэчы школьная арганізацыя БРСМ вырашыла адшукаць магілу партызан, каб зрабіць перазахаванне. Хто ўдзельнічае?

— Ды не так было…

— Ну, няхай крыху не так, гэта дробязі. Хто там з вамі?

— Ну-у, — разгубілася Жэнька канчаткова ад гэтага націску карэспандэнта. — Сяргей, ён з нашай вёскі, жыве ў інтэрнаце, захацеў парыбачыць на Ведзьмінай тоні. І яшчэ Віталь, вучань нашага класа, Віцька, мой брат…

— Віталь член БРСМ? — зноў перабіў карэспандэнт Жэньку. — Хто з настаўнікаў будзе з вамі? Дарэчы, ты якую пасаду займаеш?

— Дзе займаю?

— Ты хто ў пярвічнай арганізацыі? Хто ў вас сакратар?

— Я — член камітэта…

— Так, добра. Я прыеду на гэтым тыдні, ты раскажаш усё больш падрабязна. Пакуль хопіць. А надалей я цябе прашу аб такіх навінах абавязкова паведамляць нам, — закончыў карэспандэнт ушчуваннем, і ў трубцы раздаліся кароткія гудкі.

Жэнька стаяла чырвоная. Не ведала, аб чым і думаць. Ну, пісаць яшчэ не было аб чым — яны ж нічога яшчэ не адшукалі, плыт яшчэ не гатовы… Вядома, яна планавала напісаць цэлы рэпартаж. Са здымкамі…

Успомніла аб здымках, падумала, што зараз вось закончыць усе клопаты па хаце і пойдзе з фотаапаратам у сад да хлопцаў і дзеда Васіля…

Частка 20

Бацька Віталя падагнаў трактар блізка да хаты, заглушыў.

— Гэй, разгружай! — гукнуў ён.

Хлопцы пазаскоквалі на прычэп. Тут было дзесяткі тры тонкіх дошак, доўгія рэйкі.

— Ух ты, матэрыял сапраўдны!

— Ось плыт будзе!

Разгрузілі хутка, пацягалі на надворак да дзеда. Тут ужо пад прыглядам дзеда Васіля пачалі разбіраць дошкі.

Размяралі, абразалі, складвалі каркас прама на зямлі, нажыўляючы між сабой дошкі і рэйкі. Плыт вырашылі зрабіць яшчэ большы — цэлых пяць метраў даўжыні. А вакол бартоў — парэнчы, каб незнарок не ўпасці ў ваду. Яшчэ падумалі, што трэба два вялікія вяслы — хто ведае, якая там глыбіня на тоні, ці атрымаецца толькі шастамі адпіхвацца.

Вёслы рабіў дзед Васіль. Няспешна, сякерай, а сякера ў яго — што тое лязо. Хлопцы кавалкамі шкла зачышчалі ручкі вёслаў — каб былі гладкія, не набівалі мазалі. Потым дзед камандаваў, паказваў і падказваў, а хлопцы майстравалі ўключыны — спецыяльныя штукі на вёслах, каб можна было грэбці імі і вёслы не выпадалі.

Па ходзе справы і праект плыта мяняўся. Яшчэ два дадатковыя адсекі зрабілі — каб упіхнуць туды дзве вялікія камеры з аўтамабільных колаў. Гэта старшыня прывёз, Мікалай Рыгоравіч. Праўда, папрасіў, каб потым вярнулі.

Жэнька спіс усяго патрэбнага склала. Калі пачалі зносіць усё да будана Сяргея, Віталь хапіўся за галаву:

— Ты што, ніякі плыт не вытрымае! Мы ж не на Паўночны полюс!

— Маўчы! Ты свае справы ладзь, а ў мае не лезь. Я нічога лішняга не бяру. Што, у далонях суп варыць будзеш?

— Які суп? Мы набяром…

– «Ролтана» і будзеце грызці сухім. Ведаю я вас. Усякай атрутай набіваеце свае жываты… Ты мне месца на плыце зрабі, каб вада ніяк не даставала, а то…

— Зраблю, зраблю, — прабурчаў Віталь, хоць ніколькі клопаты Жэнькі не псавалі настрою — ух, якая грунтоўная экспедыцыя атрымліваецца! Нават аптэчка ў іх ёсць.

Два дні прайшлі ў прыемных справах. Практычна ўсё было гатова. І неяк не адважваліся завесці з дзедам Васілём гаворку аб галоўным: аб тым дні, калі яны збяруцца на Ведзьміну тоню. Страшнавата было. Быццам усё перад гэтым здавалася простай гульнёй, а цяпер пачыналася сама справа — адказная і сур’ёзная…

— Я нешта дык і не ўяўляю, як мы разам з дзедам Васілём паплывём па тоні, — прызнаўся Віцька.

Сядзелі на беразе копанкі, закінуўшы вуды. Клёву не было, але не гаравалі з такой нагоды, бо прыйшлі больш адпачыць. Рукі ад работы балелі адчувальна.

— А я як пагляджу, колькі нам перанесці трэба ўсяго на Заікін востраў па балоцістай сцежцы, аж млосна робіцца, — адказаў на гэта Віталь.

— Нічога, вочы баяцца, а рукі робяць, — спакойна сказаў Сяргей. — Вы паглядзіце, колькі ўсяго зрабілі… Садок наш не пазнаць: і будан які стаіць, і навес ёсць, і каркас плыта гатовы, і бутэлек гара… Перанясём. Галоўнае ў такой справе — вызначыць для сябе, што робіцца такое не за гадзіну, не за дзве. Робіш і робіш… Яно само заканчваецца. Пакрысе…

– І то праўда, — больш бадзёра адазваўся Віцька. — Гэтулькі ўжо зрабілі…За дзень, зранку пачаўшы, перацягаем да вечара.

— Перацягаем, куды мы дзенемся, — згадзіўся і Віталь. — Вось так і збываюцца мары — паступова, крок за крокам ідзеш і ідзеш…

— Паплавок!

— Цягні!

Віталь тузануў вудачку, невялікі серабрысты карась забіўся на лёсцы. Асцярожна вызваліўшы адзіную за гэты час злоўленую рыбіну, Віталь узважыў яе на далоні.

— Ат, ты ж таксама, карась, марыў з’есці таго чарвяка, а цябе я, такі нехарошы, падмануў. Выбачай і ідзі сабе плавай у нашай копанцы. Шукай яшчэ чарвяка. Няхай збываюцца мары! — Віталь лёгка кінуў карася ў ваду. Той плёснуўся і знік у глыбіні.

…Маці прынесла і паклала на стол дзве газеты — раённую і яшчэ адну, якая выходзіла ў раёне — недзяржаўную.

— Божухна, гэта ж трэба так нам праславіцца… — сказала яна з сумам, нават адчай прагучаў у яе голасе.

У Жэнькі затрымцела сэрца. Яна адчула, што ў раённай газеце нешта напісана пра іх. Не думала, што будуць нешта пісаць, але тое, якім тонам сказала маці, пры гэтым адвярнуўшы позірк ад дачкі, падказвала Жэньцы: у газеце нешта надрукавана…

«Школьная арганізацыя БРСМ ідзе на пошукі магілы партызан. На адной з сустрэч з ветэранамі ў нашай школе, якія праводзяцца рэгулярна, мы даведаліся ад партызана Вялікай Айчыннай вайны В.Я. Кароты аб тым, што на адным з астравоў у балоце за нашай вёскай ёсць магіла, у якой пахаваны некалькі партызан, гераічна загінуўшых у баях з ворагам. Камітэт школьнай арганізацыі БРСМ вырашыў правесці пошук магілы. Калі гэта ўдасца (у чым мы не сумняваемся), то па ўзгадненню з адпаведнымі органамі пройдзе афіцыйнае перазахаванне народных герояў. А пакуль мы рыхтуемся да паходу. Чакайце нашых рэпартажаў! Яўгенія Лошчык, член камітэта пярвічнай арганізацыіі БРСМ школы».

Радкі паплылі перад вачыма — то слёзы паліліся з вачэй. Ад крыўды, ад асэнсавання немагчымасці нешта паправіць Жэнька закрычала адчайна:

— Я гэтага не пісала! Я карэспандэнту не так аб усім казала! Ён казаў, што не будзе друкаваць, пакуль сюды не прыедзе сам!

Жэнька ўпала на канапу тварам на падушку.

Маці паверыла — яна не магла не паверыць, бачачы рэакцыю дачкі. Падышла, села побач, паклала руку на плячо Жэнькі.

— Я яму патэлефаную… Ды чорт яго бяры, няхай і так напісана. Гэта не страшна. Галоўнае цяпер — адшукаць магілу. Як знойдзеце — то і гэта драбяза забудзецца.

— Гэта не драбяза! — падскочыла Жэнька. — Як на мяне хлопцы паглядзяць? Што дзед Васіль скажа? А ў школе? Калі гэта драбяза, то што не драбяза?

— Супакойся. Вось што не драбяза. Вось што страшна… — і маці пацягнула са стала недзяржаўную газету.

Цяпер Жэньку быццам кіпенем абдало. Яна пазнала, яна не магла не пазнаць гэты знаёмы будан, «стол» на цаглінах, пячурку… І Нэла — глядзіць некуды ўбок, яшчэ золкае ранне, яна скурчылася ля ўваходу… Сяргей спінай да аб’ектыву, распальвае агонь… Вялікі здымак на першай старонцы. І вялікія літары надпісу над здымкам: «Быццам і не было вызвалення…» Знізу пад здымкам трохі меншы радок: «Брат і сястра пры жывых бацьках і пры цяперашняй уладзе вымушаны жыць у шалашы…»

— А ў Сяргея і Нэлы няма бацькі… — ціха прагаварыла Жэнька, апустошаная гэтай страшнай і праўдай, і няпраўдай адначасова.

— Цяпер гэта не мае значэння, — адказала таксама ціха маці. — Гэта ж подласць… Лета, цёпла, чаму дзецям не спаць у будане… Божа, як так можна… Тым больш, мы ж бачым гэтых дзяцей і будзем рашаць…

Жэнька пакрысе пачынала разумець, што значыць для маці такі здымак і такі загаловак… Яна настаўніца, дэпутат сельскага савета…

Праз паўгадзіны прыйшлі Віцька і Віталь.

Жэнька выйшла ім насустрач.

— Я не вінавата, — ціха пачала яна. — Я не пісала нічога. Карэспандэнт па тэлефоне спытаў, ці я член БРСМ і ці расказваў дзед Васіль у школе аб партызанах… Я не казала яму нічога з таго, што ён напісаў…

— Чорт з ім, лухту гэту перажывём, — Віцька плюнуў убок. — Там Сяргей… падумаў, што гэта ты фотакартку паслала ў тую газету. Ты ж здымала. Ну і сказаў, каб мы блізка да яго не падыходзілі. Раззлаваўся вельмі.

— А адкуль ён ведае… пра здымак?

— Сарока па вёсцы палётала, — патлумачыў Віталь, маючы на ўвазе паштальёнку, якую за ахвоту да плётак і празвалі сарокай. — Пойдзем, хоць пакажам, што подпіс пад здымкам другі.

Дарогай Віцька разважаў услых:

— Эдзік! Гэтага фашыста ўжо тры дні няма — паехаў у раён. Гэта ён пра Сяргея і Нэлу сказаў, ён жа мне расказваў, што рэдактар вось гэтай газеты — яго знаёмы. Адпомсціў…

— Я ж казала табе: Эдзік — брыдота, — ціха сказала Жэнька.

Зайшлі да дзеда Васіля.

Той выслухаў іх усхваляваны расказ моўчкі. Доўга глядзеў старонкі недзяржаўнай газеты, быццам шукаючы там яшчэ нешта, што б падказала аб самым галоўным.

— Ведаю я рэдактара. І бацьку яго. Працавалі разам на лесанарыхтоўках. Працавіты быў мужчына. А вось маці была… То сын у маці пайшоў. Новая парода вырасла.

— Якая парода?

– Ідзі пакліч Сяргея з Нэлай, — замест адказу зірнуў дзед на Віталя. — Скажы: я клічу.

Пакуль чакалі, дзед згарнуў цыгарку са свайго тытуню, курыў у задуменні.

Падышлі Віталь, Сяргей з Нэлай.

— Клікалі, дзед Васіль? — спытаў Сяргей, прыпыняючыся воддаль ад сяброў.

— Сядайце бліжэй, — прапанаваў дзед, быццам не чуючы пытання. — Не ўмею я голасна размаўляць. А пачуць вам трэба.

Расселіся. Сяргей усё роўна сеў крыху ўбаку ад астатніх, але Нэла настойліва вызвалілася з яго рук, пайшла і прыціснулася да Жэнькі, ціхенька, быццам суцяшаючы, пагладзіла тую па шчацэ.

— Парода новая людзей вырасла. Страшная парода, — ціха стаў казаць дзед Васіль. — Раней нам проста жылося: во сябар, во вораг. Першага беражы, другога цурайся, трэба — бараніся. А цяпер… бач, як складна тут напісана: быццам і не было той Перамогі. Скажаш — няпраўда? Дык праўда: вунь будан, во дзеці. Вунь маці-п’яніца. А дзень таму я тое ж казаў нашай мясцовай уладзе ў вочы… Глядзіш: добры гэты дзядзька Юрый Сачыгін, рэдактар. Бач, вышуквае такіх бедных, клапоціцца… А на самай справе — усё роўна яму, што будзе заўтра, што будуць есці і дзе спаць усе астатнія дзеці. Яму гора людское — знаходка. Бяда людская — радасць, бо ёсць яму аб чым напісаць. Гэта вось Зарэмба да цябе прыходзіў, жыццём тваім цікавіўся, думаў, каб нешта змяніць, а гэты не цікавіцца, а цікуе. Сустракаўся я з Юрыем раней, калі яшчэ той толькі пачынаў. Гладка слаў, ды не з таго боку падушку клаў: ты яму скажы, чым цябе сёння, партызана былога, крыўдзяць. А чым мяне крыўдзяць? Вось хай лепш скажа, чым я больш за Адарку сваю ўвагі заслужыў… Я ад немцаў у балота схаваўся ды там перачакаў. А яна з хворай маці ды дзвюмя меншымі сёстрамі пад немцамі жыла. І хлеб мне пякла. Мяне забіць у баі маглі, а яе — у любы час… Я вось жывы — дык мне і медалі юбілейныя, і падарункі, і ўлада, што ні папрасі, бяжыць выконваць… А сябра мой Андрэй там, у балоце. І маці яго медалёў не атрымлівала, без падарункаў жыла… Вось што я вам скажу: гэта вам першы ўрок дарослы. Памятайце, што чым больш сталее чалавек, тым больш подласці ён можа нарабіць. І яшчэ памятайце: як бы вы ні жылі, а асобна жыць не атрымаецца. Бачыш, Сяргей, ты вось хацеў ад усіх адгарадзіцца, зарабляць сабе працай ды жыць з сястрычкай, нікога не чапаючы. Не атрымаецца. Бо жыццё складанае, а яшчэ больш подлае.

— Не запужвай дзяцей надта, — баба Адарка нячутна падышла да іх, колькі часу слухала. — Вы дзеду асабліва не верце. Харошых людзей усё адно больш. Дзеці вы ёсць і будзьце дзецьмі…

— Як гэта, — спытала Жэнька асцярожна, баючыся пакрыўдзіць старую, бо здавалася — яна сказала глупства. — Не зможам мы дзецьмі доўга заставацца. Ды і цяпер ужо не дзеці…

— Хрыстос некалі сказаў — будзьце як дзеці, — стала тлумачыць баба Адарка. — От Нэла, глядзіце: абы к каму не падыдзе. Яна сэрцайкам сваім адчувае дабрыню, сэрцайка ёй падказвае, ад каго злое чакаць. А чаму вы ўжо не так адчуваеце? Нэлу не падманеш словам, а вас ужо падманеш… Бо Нэла — дзіця шчырае, душа ў яе чыстая, злосці на ім няма. А злосць на сэрцы сляпым яго робіць… Жывіце сваім чалавечым векам…

— Як гэта — чалавечым? А… вы хіба іншым векам жывяце? — не пераставала здзіўляцца Жэнька.

— Ат, унучка, наш век ужо кацячы.

— Ой, гэта як? Раскажыце! — заінтрыгаваная, стала прасіць Жэнька.

— Ну, слухай сабе, — лагодна ўсміхнулася бабка Адарка. — Даўно тое было. Стварыў Бог усё жывое на зямлі, паклікаў да сябе, стаў гады жыцця раздаваць. Першы чалавек прыйшоў. Табе, кажа Бог чалавеку, дваццаць гадоў жыць. Пакрыўдзіўся чалавек, але змаўчаў. Прыйшоў да бога конь. Бог каню кажа — табе сорак гадоў. Злітуйся, божа, стаў прасіцца конь. Сорак гадоў мне плуг цягаць, бізун цярпець, хамут насіць? Скінь палову! Тут чалавек да Бога: аддай мне, Божа, дваццаць конскіх гадоў, як адмаўляецца. Добра, кажа Бог, бяры. Карова тут да Бога прыйшла. І ёй Бог сорак гадоў дае. Не хачу, кажа карова, сорак год цярпець, як мяне за цыцкі шморгаць будуць. Хопіць з мяне і дваццаці. А чалавек зноў да Бога: аддай і гэтыя дваццаць мне. Згадзіўся Бог. Сабака прыбег — яму Бог дваццаць год адмераў. Завыў сабака: дваццаць год на ланцугу? Ды за што ж ты мяне на такія здзекі, Божачка? Скінь палову. А чалавек тут як тут: дай мне, Божа, дзесяць сабачых. Бог і тут не адмовіў. Потым кошка завітала. І яна ад дваццаці адмераных ёй Богам гадоў адмовілася: хопіць на мой век дзесяць, кажа кошка. І яшчэ чалавеку дзесяць год дабавілася… Вось з тае пары так і жыве чалавек: першых дваццаць год — свой век, чалавечы. І валасок з яго галавы дарэмна не ўпадзе, толькі для сябе і жыве. А потым век конскі наступае: сям’я ды дзеці — цягні воз, такі лёс. Зарабляй, дзяцей падымай, дом будуй. Выраслі дзеці, тут бы і спачыць, для сябе пажыць, ды век кароўскі пачынаецца: дояць дзеці: таму на кватэру дай, таму вяселле гатуй, тут мэблю купляй, там машыну… Выраслі дзеці — пайшлі ўнукі: вось і век сабачы. Пільнуй адно ўнукаў, сядзі ля іх, бы прывязаны, будзь за маці і за татку, і за няньку і за вартаўніка. А ўжо і сам ледзь ногі цягнеш. Забярэ да сябе каторы з дзяцей — вось і пачаўся век кацячы. Карысці з цябе ў доме аніякай, хаваешся больш, адно каб пад ногі не трапіцца іншы раз. Што дадуць, тое з’ясі, дзе пакладуць, там і паспіш…

— Ой, як цікава, — ў захапленні прамовіла Жэнька. — Абавязкова запішу!

— Запішы сабе, — ўсміхнулася баба Адарка.

Тым часам дзед Васіль усё паглядваў на газетны здымак.

— Ты мне калі пра сляды казала? — спытаў ён жонку, потым павярнуўся да дзяцей: — Баба раніцай два сляды на роснай траве на нашым лужку бачыла. У бок Настусінага двара. Ад твайго саду, Сяргей…

— Ды пазаўчора ранкам і бачыла… Думала, злодзеі якія…

— А дайце мне, — працягнуў руку за газетай Віталь, паглядзеў на здымак, азірнуўся ў бок будана. — А здымак як быццам ад таго зарасніку зроблены…

— Пайшлі, — падхапіўся Віцька. — Паглядзім…

Падхапіліся і Віталь з Сяргеем, подбегам заспяшаліся ў гушчар сліваў, быццам гэта магло нешта цяпер змяніць.

Месца, дзе невядомы фатограф сядзеў у засадзе, яны знайшлі без цяжкасцей. Па слядах пабачылі — былі двое. А па характэрнаму следу ад красовак Віцька безапеляцыйна заявіў, што тут быў і Эдзік Настусін.

— Ён хваліўся сваімі красоўкамі, казаў — за 100 долараў. І плакаўся, што на падэшве аднаго малюнак сапсаваў аб нейкую жалезіну. Вось тут лінія пярэрваная, — Віцька паказаў на след, які на мяккай зямлі адбіўся, бы на пластыліне. — Ну, прыедзе яшчэ, — пагрозай закончыў ён.

— Прыедзе, сустрэнемся, — сказаў з нечаканай злосцю ў голасе і Віталь.

Дзіўна, ён жа ніколі не лічыў бойку правільным шляхам у любой справе.

Вярнуліся ў сад дзеда Васіля.

Той чакаў хлопцаў, бо загаварыў адразу:

— Ну, хай нам хоць солі цяпер, хто жадае, на хвост насыпле. Мы будзем сваю справу рабіць. Месяц, баба кажа, на надвор’е стаў, дажджу не чакаецца, ночы цёплыя. То нечага і нам чакаць. Я заўтра да старшыні сцягаюся, папрашу, каб трактар даў… Будзем ведаць канкрэтны дзень.

— Ура! — радасна закрычала Жэнька, забыўшыся на нядаўнюю прыкрасць. Толькі цяпер яна адчула, што знікла з душы незразумелая, недарэчная проста думка аб тым, што пасля ўсяго напісанага ў дзвюх газетах дзед Васіль наогул адмовіцца ад планаў. І цяпер было лёгка, і заметка ў раёнцы здалася драбязой.

Разышліся — ужо звечарэла.

…Назаўтра бліжэй да абеду патэлефанавала маці:

— Дзе там Віцька? Няхай прыйдзе ў школу, знойдзе фізрука, ён павінен прыйсці. Там у яго з былых часоў засталася палатка вялікая, на шэсць чалавек. Яна, праўда, з дзіркамі, але ж нешта прыдумаем…

— Ого! — не хавала захаплення Жэнька — аб палатцы яны колькі разоў казалі як аб недасяжнай мары.

— Гэта не «ого», а будзем лічыць за ўклад школьнай арганізацыі БРСМ у справу ўвекавечання памяці герояў той вайны. Няхай падварушацца. Перадай Віцьку, каб сказаў фізруку дакладна дзень, у які будзеце выязджаць — той арганізуе колькі хлопцаў, каб дапамаглі…

Жэнька задаволена паклала трубку. Ну вось, нейкі ж толк атрымаўся з той заметкі. А што: сказалі пра школу, то нечага фізруку, маладому настаўніку міма сябе прапускаць такую справу, калі ён сакратар камітэта…

Маці, як прыйшла на абед, расказала куды больш:

— Увогуле, гаворка зайшла аб тым, каб у вашу каманду ўключыць двух дарослых мужчын-настаўнікаў, некалькі выпускнікоў-хлопцаў… Ну, так атрымлівалася, што вам на плыце месца не заставалася…

— Так мы і аддалі ім плыт! — хмыкнуў Віцька. — Няхай свой будуюць!

— Так мы і рашылі. Я пераканала, — прадоўжыла маці, — што адшукаць магілу на невялікім востраве калі і можна, то толькі з самім дзедам. Як ужо ў вас не атрымаецца, тады будзе арганізаваны большы атрад. Ці будзе пастаўлены на востраве на ўмоўным месцы помнік… Карацей, вам пачынаць.

— Мама, — прыжмурылася Жэнька, — а калі б ты не была дэпутатам сельскага савета, не была завучам… То нас бы прагналі проста, так?

— Ну, не выдумляй! — зазлавала нечакана маці. — Адно трэба ведаць, што многія рэчы ў нашым жыцці маюць некалькі значэнняў. Будзем жыць тым, што ёсць, — узяла яна сябе ў рукі, дагаварыла спакойна.

Віцька з Сяргеем збегалі па палатку. Віталь прыйшоў з ужо вялікім скруткам шпагату.

— Расцяжкі парабіць трэба, калкоў з тоўстага дроту нарабіць, — патлумачыў ён.

Палатка мела дзіркі ў падлозе ў некалькіх месцах, хапала невялікіх дзірак на баках. Прыдумалі: стары брызентавы дажджавік бацькі распаролі, наклалі латак. Вядома, вялікі дождж палатка не вытрымае, але дажджу можа і не быць! Затое будан не трэба будзе майстраваць, лес глуміць, час траціць…

Двор стаў падобны на кузню — на калуне зубілам адсякалі ад доўгага арматурнага прутка кавалкі (сам пруток знайшлі на звалцы). Кавалкі загіналі з аднаго боку, вастрылі з другога.

Жэнька схадзіла да дзеда Васіля, вярнулася з Нэлай, якая ўвесь дзень прабыла з бабай Адаркай.

— Дзед сказаў, што старшыня дае нам трактар на паслязаўтра. А яшчэ… — Жэнька загадкава абвяла хлопцаў хітраватым позіркам: — На мяне ў вёсцы глядзелі, як на гераіню кіно!

— А то ж… напісала… — падкалупнуў сястру Віцька, а Віталь сказаў другое:

— Да мяне Толік з Андрэем з дзевятага класа прыходзілі. Прасіліся, каб узялі іх з сабой.

— О, цяпер многа знойдзецца жадаючых! А як бутэлькі па сметніках шукаць — то нам. Нечага! — заявіў Віцька. — Скажы, Сяргей? — звярнуўся ён за падтрымкай.

— Я то не супраць кампаніі, — адазваўся Сяргей. — Але ж плыт мы на сябе толькі разлічвалі. Збіралі ўсяго на сябе. Ну, знойдзем вось магілу партызан, выканаем Віталеў план — паставім плыт на якар на Заечым востраве: плавай, хто пажадае. Я так думаю.

— Правільна думаеш, — пагадзілася і Жэнька. — У такую экспедыцыю за дзень не збіраюцца…

К вечару яны скруцілі падлатаную палатку ў мех, у асобны мяшэчак паклалі зробленыя расцяжкі.

Цяжка было паверыць, што ў іх заставаўся ўсяго адзін дзень — а потым пачнецца справа…

Частка 21

Сапраўдная бяда прыходзіць не тое што нечакана — яна прыходзіць такой, што адразу і зразумець не зможаш, што гэта — бяда. І аблічча яе — не заўсёды чорнае і страшнае, злое ды трывожнае. Можа і такім быць: чыстым, акуратным, гаваркім, вясёлым. Проста сяброўскім.

Не вялікая бяда, калі насуперак табе робяць.

Вялікая бяда, калі робяць насуперак, лічачы, што робяць для цябе…

Ранак пачаўся добра.

Яшчэ на «пячурцы» не закіпеў чорны ад копаці чайнік, як да дома падляцеў, завішчаў тармазамі і стаў міліцэйскі УАЗік. Што гэта міліцэйскі — Сяргею казаць не трэба было. Выйшлі двое, потым і трэці — вясковы ўчастковы. І ўсе, не марудзячы, падаліся проста ў хату. Хутка адтуль выйшлі, але — вось нечаканасць! — вялі за сабой і «прымака». Той не супраціўляўся, ішоў нетаропка, абыякавы, здавалася, да таго, што ішоў у суправаджэнні міліцыянераў.

Завуркатаў рухавік, аўтамабіль крутануўся і знік.

І амаль адразу ж у садок прыйшла маці — разгубленая, напужаная, вартая жалю…

— Федзьку забралі… І за што, не сказалі… Што ж гэта робіцца?

Толькі цяпер Сяргей успомніў, што «прымака» завуць Фёдар. Ён павярнуўся да маці, спытаў сур’ёзна:

— Ты чаго шкадуеш?

Маці не чакала такога пытання, маўчала, потым з апраўданнем стала казаць:

— Дык жа, сыночак, я б прапала без яго… мужчына ж усё-такі ў хаце трэба… Прывыкла я.

— Прывыкла гарэлку піць — вось да чаго прывыкла. І не без яго прапала б, а з ім, як далей застанешся — прападзеш. Глядзі: калі ён за лета не выбярэцца адсюль, мы хоць у садку не застанёмся, але і ў хату я не пайду. Я ў інтэрнат больш не паеду, бо вы Нэлу калекай зробіце на ўсё жыццё, яе вам я не пакіну. Яна са мной жыць будзе, — закончыў Сяргей цвёрда.

— Сынок, сынок, што ты такое кажаш… Ой, хоць бы ты мяне пашкадаваў…

— А ты мяне шкадавала? — голас Сяргея перайшоў на крык, крыўда, нарэшце, вырвалася вонкі: — Я, колькі сябе памятаў, есці хацеў. Нэла з-за вас размаўляць перастала, вы яе, як звярка якога, на вяроўчыну прывязваеце, здзекуецеся… Ва ўсіх хаты як хаты, а ў нас — прытон. Смурод, не зайсці. Бруд, бялізна пагніла, у агародзе пустазелле расце толькі, а ты просіш, каб я цябе пашкадаваў?

Маці моўчкі плакала. Не, не моўчкі — мёртва плакала, твар яе скамянеў, толькі з вачэй ліліся і ліліся слёзы. Сяргей разумеў, што словы яго — вельмі балючыя словы, але не мог спыніцца, не мог не даказаць таго, што год за годам збіралася на душы, акрэслівалася спачатку ў злосць на ўсіх, а потым — у жаль да сябе, і нарэшце — у нянавісць да гарэлкі і п’янства.

— Не буду я цябе такую шкадаваць! Кідай піць, едзь, закадзіруйся. Столькі людзей піць кідае, едзь і ты! Няма грошай — я пайду да людзей, пазычу, адраблю, мне дадуць! Але не пі больш! Тады ў хаце і на двары ўсё рабіць буду, тады шкадаваць буду. Няўжо нам як людзям жыць нельга, няўжо праклятыя мы з Нэлай, каб кожны дзень думаць, што на вечар паесці і дзе заўтра на хлеб зарабіць? Я па-чалавечы жыць хачу! У сваёй хаце, якую для мяне бацька будаваў. Чаго ўсякая навалач у ёй гаспадарыць? Я заб’ю яго, калі сам не выбярэцца!

Сяргей выкрыкваў гэтыя горкія словы і адчуваў, што сам вось-вось расплачацца. І адначасова з гэтым ён раптам зразумеў, што цяпер вось, нечакана для самога сябе, ён акрэсліў выразна сваё заўтрашняе жыццё: выцягнуць маці з п’янай багны, выгнаць з хаты праклятага прымака. Прыбраць там усё, вычысціць, зарабіць грошы на тэлевізар, каб зімовымі вечарамі ім можна было разам з Нэлай, седзячы на канапе ля цёплай грубкі, глядзець добры фільм… Усе гэтыя жаданні жылі ў ім кожнае паасобку, а цяпер вось сабраліся разам у выразны план дзеяння.

Зноў завішчалі тармазы УАЗіка ля варот. Знаёмыя міліцыянеры выйшлі з аўтамабіля, накіраваліся да маці і Сяргея.

— Дзень добры! — павіталіся, участковы са скрухай паглядзеў на Сяргея і за яго спіну — на будан. Там ля ўваходу стаяла напалоханая крыкамі Нэла.

— Ну што, Васільеўна, давай расказвай, — дастаў планшэтку участковы. — Толькі папярэджваю: не хітрыць.

— Што расказваць? — перапалохалася маці. — Я нічога не рабіла, то вы прыехалі, забралі Федзьку…

— Федзька твой затрыманы ў сувязі з крадзяжом цяля з фермы… Так, расказвай: дзе твой Федзька начаваў?

— Дома начаваў…— хутка адказала маці. — Дома… выпілі крышку і спалі. Ага, спалі, во пакуль не прыехалі за ім…

— Васільеўна, я цябе афіцыйна папярэджваю… — строга загаварыў участковы.

— Гавары як ёсць, мама! — умяшаўся Сяргей. — Не было яго вечарам, і не пілі гарэлку, бо ціха было да паўночы ў хаце.

Маці ўздрыгнула, азірнулася на Сяргея здзіўлена. Невядома, ад чаго яна здзівілася больш: ад таго, што Сяргей мог ведаць нешта пра прымака, ці ад таго, што за гэтулькі часу ў першы раз пачула, што яе назвалі «мама».

— Ён мяне заб’е, — плаксіва выгаварыла яна і амаль загаласіла: — А што ж мне рабіць, божачкі…

— Супакойся і адказвай на пытанні, — спакойна працягваў пераконваць участковы. — У колькі гадзін пайшоў са двара Фёдар?

— Дык… З абеду я яго не бачыла…

— Калі прыйшоў?

— Ы-ы-х, — выдыхнула маці, сказала ледзь чутна: — Пад ранне…

— Што казаў?

— Каб маўчала…

— Так, — участковы азірнуўся на двух другіх міліцыянераў, зноў павярнуўся да маці. — Пайшлі, Зоя Васільеўна, да машыны, сядзем і запішам усё як мае быць і падпішам.

— Не буду, нічога падпісваць не буду, — стала адступацца назад маці, і Сяргей не вытрымаў, закрычаў адчайна:

— Будзеш падпісваць! Будзеш!

Ён стаў насупраць маці, амаль што роўны з ёй ростам.

– Ідзі і кажы праўду, і падпісвай, што скажаш! А не хочаш — то ідзі разам з ім у турму! Я тады не буду спадзявацца на цябе. Буду ведаць, што мы з Нэлай — сіраты поўныя. Няхай пазбаўляюць цябе бацькоўскіх правоў!

Маці заплакала — цяпер уголас, закрыўшы твар рукамі, плечы яе сутаргава калаціліся, але яна пайшла да аўтамабіля.

За ёй падаліся два міліцыянеры, участковы затрымаўся каля Сяргея, у якога вочы былі поўныя слёз.

— Неяк мы і не пазнаёміліся, — працягнуў руку участковы. — Старшы лейтэнант Сяргей Гаўрылюк. Цёзкі мы з табой. Як табе тут, цяжкавата?

Шчырая спагада гучала ў яго словах — Сяргей гэта адчуваў.

— Не цяжка. Дзед Васіль дапамагае, Віцька з Віталікам…

— Ну і добра. Ты галоўнае… Ты ідзі сабе тым шляхам, якім пачаў. І ўсё добра будзе.

— Якім шляхам? — не зразумеў Сяргей.

— Чалавечым, — усміхнуўся ўчастковы. — Ты як толькі прыехаў, мне на цябе наказалі. Я за табой колькі часу прыглядваў: малайчына, правільна жывеш, чэсна. І ты спіш спакойна, і я за цябе хвалююся.

— Няма чаго за нас хвалявацца, — буркнуў Сяргей. Яму было непрыемна чуць, што аб ім нешта дрэннае казалі ўчастковаму.

— Ну, я хвалююся па другой прычыне. Сам ведаеш… Давай, рабіце сваю справу, а зробіце — пазычыце плыт на дзень-другі? Надта ж хочацца на шчупакоў ля Савінага вострава папаляваць, — весела падміргнуў Сяргею участковы.

— Пазычым… А з маці…нічога не будзе?

Участковы зразумеў, што меў на ўвазе Сяргей, пасур’ёзнеў, адмоўна пакруціў галавой.

— Яна ў крадзяжы не замешана і наўрад ці што ведала. Гэты Федзька — птушка бітая, ён заўсёды толькі адзін на свае справы ходзіць. Таму і злавіць яго цяжка. Ды цяпер не выкруціцца: і сляды засталіся, і скуру забітага цяляці знайшлі, і пакупніка мяса адшукалі. Так што сядзець гэтаму Федзьку ў трэці раз. Ну, а ў цябе і маці шанцы ёсць… — закончыў участковы аптымістычна, працягнуў руку Сяргею. — Ты ўгаворвай яе, і мы націснем крыху: няхай едзе ды лечыцца. З гэтай заразай аднаму не справіцца. А цяпер кадзіруюць добра, у мяне на пяць алкаголікаў на ўчастку за год паменела. Не пазнаць людзей… Ну, трымайся. Глядзі за маці.

Участковы пайшоў да аўтамабіля, дзе на капоце адзін з міліцыянераў нешта пісаў. Побач стаяла маці.

Нешта кранулася нагі — то Нэла нячутна падышла і прыціснулася.

Сяргей паклаў сваю далонь на яе валасы, лёгка ўзлахмаціў іх:

— Усё будзе добра. Праўда, Нэла, усё будзе добра…

На душы нечакана стала лёгка — у гэта ранне не толькі з’явілася надзея на добрыя перамены, але і самі перамены пачалі адбывацца.

Чайнік даўно закіпеў, Сяргей заварыў сабе чай — Нэла пабегла да бабы Адаркі па казінае малако, за сваёй ранішняй порцыяй. Дастаў палову батона, цукар, сыр, расклаў усё на «стале». І пабачыў, што ў садок да будана ідуць Віцька з Жэнькай і Віталь.

І ў той жа момант Сяргей адчуў, што чакаў іх: не проста каб пабачыць, а каб падзяліцца такой прыемнай навіной: прымак затрыманы і хутчэй за ўсё будзе асуджаны, ёсць рашэнне, што можна зрабіць з маці, у яго з’явіўся яшчэ адзін добры знаёмы — участковы міліцыянер…

Яно і праўда: колькі разоў радасцю не падзелішся, а яе не меншае, а ў столькі разоў большае.

Пілі чай з пячэннем, якое напякла сама Жэнька. Настрой быў прыўзняты, гадалі, колькі часу зойме ў іх перацягнуць усё неабходнае на Заікін востраў і сабраць плыт, колькі часу патрацяць на зборку плыта…

Пабачылі, што ў свой сад выйшаў дзед Васіль. Усе разам пайшлі да яго.

Толькі паспелі павітацца, як пачулі: да хаты дзеда Васіля прыехаў аўтамабіль. Ляпнулі дзверцы, рыпнулі веснічкі, і звонкі жаночы голас крыкліва запытаў:

— Гэй, ёсць хто дома? Васіль Яўменавіч Карота тут жыве?

Каб жа ведалі, чым можа закончыцца для іх гэты візіт жанчыны, мабыць, усе разам выскачылі б на надворак і закрычалі, што дзеда Васіля тут няма, ён тут увогуле не жыў, і вёска гэта не тая, і ўвогуле жанчына заблукала. Але ж так добра пачалося ранне! Калі візіт міліцыі прынёс гэтулькі настрою, няўжо інтэлігентнага выгляду жанчына ў спартыўных штанах і кароткай майцы, маладжавая, рухавая, магла прынесці ім непрыемнасці?

То і некалькі галасоў на запытальны вокліч са двара адказалі:

— Мы тут усе! У садзе Васіль Яўменавіч!

Жанчына зайшла — не, уварвалася ў сад, бо разам з яе з’яўленнем быццам сам час некуды заспяшаўся — такая яна была хуткая, імпульсіўная, энергічная.

— Дзень добры, дзень добры, — зашчабятала яна, паціснула руку дзеду Васілю і ўжо стаяла каля Жэнькі. — Так, а ты Яўгенія Лошчык, добра, будзеш маёй правай рукой, — ледзь паспела дагаварыць, а ўжо ціснула руку Віцьку, потым ля Віталя прытрымалася, паспела перад Нэлай прысесці і паспрабавала пагладзіць малую па галаве, але Нэла ўмомант нырнула за Сяргея.

Нічога яшчэ нікому не тлумачачы, не пытаючыся, яна павярнулася ў бок двара, закрычала:

— Дзе вы там? Паснулі? Усе сюды! Выгружайце!

У імгненне яна стала распараджацца ў садзе, і гэта — вось дзіўна — не было падобным на нахабства. Яна, здавалася, была гаспадыняй тут, быццам вось пабыла колькі часу недзе ды вярнулася.

У садок заходзілі рослыя хлопцы і дзяўчаты — відаць, дзесяцікласнікі. Адзін, два, тры… — сем чалавек. У кожнага — вялікі новенькі рукзак, усе апрануты ў аднолькавыя спартыўныя касцюмы, а на грудзях нашытая невялікая эмблема: кружок з вяззю літар, якія і не прачытаеш адразу.

— Так, рукзакі складвайце вось туды, пад той яблыняй, каб было бліжэй да лужка, там мы разаб’ём лагер, — камандавала жанчына. — Нам жа можна там пакласці свае рэчы? — мімаходзь спытала дзеда Васіля, і адказу не чакала, зноў крутнулася да свайго атрада. — Таня! Антон! Пакідалі рэчы, з дыктафонам і фотаапаратам сюды. Астатнія ставяць палаткі! — Зноў яна павярнулася да дзеда Васіля. — Ну проста выдатнае месца тут у вас, у садку, каб палаткі ставіць… Вы ж дазваляеце? Ой, здаецца, што яшчэ трэба для лепшага жыцця: вось такі сад, свежае паветра, прачнуцца на досвітку, дыхаць на ўсе грудзі… Э, Васіль Яўменавіч, зараз мы будзем вас фатаграфаваць… Так, не трэба пакуль пераапранацца, з узнагародамі мы потым вас сфатаграфуем… Возьмем інтэрв’ю, цяпер невялікае… Антон, дзе ты там з фотаапаратам? Давай хутчэй… Спачатку зрабі здымак ад двара — каб быў відаць садок і нашае месца лагера… рабяты, пачынайце ставіць палатку… Ой, дзеці, вы б адышліся куды, у кадр трапіце, а такі ракурс добры, — апошнія яе словы былі сказаны да вясковых.

Яе націск быў неверагодны — міжволі ўзнікала жаданне падпарадкавацца ёй, быць кіруемым. Віцька, Віталь і Жэнька ўмомант адышліся далей, да дзеда Васіля. А сам дзед Васіль з цікавасцю сачыў за жанчынай і яе групай, усміхаўся…

— Хлопчык, хлопчык, — жанчына з незадавальненнем на твары стала паказваць на Сяргея, робячы выразны жэст рукой: «уставай і ідзі адсюль», — Ты нам перашкаджаеш!

Яна сказала гэта такім тонам, быццам Сяргей нечым страшэнна пакрыўдзіў жанчыну.

А ён не крануўся з месца. Толькі ўсміхнуўся, а потым твар яго зноў стаў сур’ёзным і нават злым. Але нічога жанчыне ён адказваць не стаў, павярнуўся да групы, дзе ўжо сталі распакоўваць рукзакі, і закрычаў:

— Гэй, гэта ваш лужок? Вы там траву сеялі, каб яе таптаць? Гэта трава, якую на сена касіць будзем, а не выган! А табе, белабрысы, дазвалялі яблыкі браць? Ці гэта твае? А ты з фотаапаратам, азірайся, калі задам адходзіш — там града з дзедавым тытунём, а не асфальтавая дарожка…

Усе спыніліся. Быццам нехта раз — і выключыў рух.

Жанчына проста аслупянела.

— Ты … ты хто такі?

Але праз імгненне яна зноў ажыла:

— Ну нам жа Васіль Яўменавіч дазволіў! Ты што да нас так варожа? Нам сябраваць трэба, мы ўсе разам будзем рабіць адну вялікую справу!.. Таня! Ага, ты тут з дыктафонам, пайшлі… Уключыла? Так, запісвай… Васіль Яўменавіч, сёння да вас завітаў рэгіянальны атрад «Пошук» пры раённым камітэце саюза моладзі. Наша з вамі агульная задача — не даць знікнуць у небыцці ні аднаму факту гераічнага мінулага нашага народа. Скажыце, як вы адносіцеся да рашэння аб перазахаванні астанкаў вашых былых сяброў-партызан?

Хударлявая, невысокая дзяўчына (Таня, як называла яе жанчына) падсунула пад самы твар дзеда мікрафон.

Дзед Васіль ледзь-ледзь усміхнуўся ў свае вусы:

— Правільна рашылі…

— Раскажыце нам, калі ласка, аб сваім гераічным мінулым…. Стоп, Таня, выключы… Антон, здымкі! Зайдзі з таго боку, каб хаты не было відаць, бо яна старая… Таня, уключай… Васіль Яўменавіч, раскажыце, калі ласка…

І асеклася, пабачыўшы, як дзед Васіль рукой прыкрыў мікрафон, пакруціў у скрусе галавой.

— Ты пачакай, дачушка… Мы тут людзі вясковыя, нетаропкія, прывыклі не спяшаючыся ўсё рабіць… Вось пакуру, а вы нам раскажыце аб усім. Ды і назавіцеся, а то не ведаю, як звяртацца да вас…

— Ой, а я і не назвалася, — штучна рагатнула жанчына. — Лідзія Камуліна, камандзір вышуковага атрада.

— Вышуковага, значыць… Добра. І многа вы чаго ўжо знайшлі?

— Ну, вы ўлічыце той момант, што наш атрад — малады, ён толькі сфарміраваўся. І магіла вашых былых сяброў-партызан, якую мы думаем адшукаць, будзе нашым першым важкім укладам у справу увекавечання…

— Чакай, Лідзія Камуліна, — прыпыніў дзед жанчыну. — Як гэта вы думаеце шукаць?

Жанчына на імгненне разгубілася, з дакорам азірнулася да Жэньку:

— Яўгенія, табе хіба не тэлефанавалі з камітэта?

— Не, — паціснула плячыма Жэнька. — Можа, і тэлефанавалі, але я тут была.

— А, ну тады ўсё зразумела… — жанчына зноў стала упэўненай і энергічнай. — Значыць, райкам вырашыў, што арганізацыя пошукаў будзе праходзіць наступным чынам: атрад пярвічнай школьнай арганізацыі уліваецца ў наш атрад…

— Плыт усіх не возьме… — разгублена падаў голас Віталь.

— Мы гэта прадумалі, нічога страшнага, шлях не вялікі, на патрэбнае месца пераправімся за два разы… Такім чынам, вы, — жанчына хутка акінула вокам Віцьку, Віталю і Жэньку, — становіцеся членамі нашага атрада «Пошук». Праўда, у нас няма для вас касцюмаў, але мы захапілі нашыўкі-эмблемы, так што вам трэба будзе дома знайсці нешта падобнае на нашы касцюмы, каб на фотаздымках усе былі з эмблемамі.

— А ў нас ваш камітэт пытаў? А калі хто не член саюза моладзі? — з падтэкстам спытаў Віцька.

— Ну, ён можа нам дапамагаць сабраць плыт, паднесці рэчы, мы можам назваць яго ў сваёй справаздачы…

— Але на плыт вы яго не возьмеце? — дапытваўся ўжо з’едліва Віцька.

— Ну, зразумела, што не, — пераканана адказала жанчына. — Ты зразумей, гэта справа — не простая, гэта палітычная…

Віцька быццам не чуў жанчыну, павярнуўся да Сяргея:

— Вось так, Сяргей: ты гэта прыдумаў, ты бутэлькі збіраў, рыхтаваў, пілаваў, а цябе і на плыт не возьмуць…

— А што так перажываць? Галоўнае — малады чалавек прыняў актыўны ўдзел у нашай справе… Мы, вядома ж, выкажам яму падзяку, можам напісаць рэкамендацыйны ліст, каб яго прынялі ў пярвічнай арганізацыі ў саюз моладзі… От, Яўгенія, трэба табе пагаварыць з сакратаром камітэта: вельмі добра можа атрымацца — мы прымем хлопца ў члены БРСМ прама там, на тым месцы, дзе знойдзем магілу. Гэта будзе выдатна!

Ад усяго пачутага ўсе — Жэнька, Віталь, Віцька, Сяргей — быццам аслупянелі. Тое, што здавалася іх асабістай марай, іх блакітнай птушкай, якую яны трымалі ў руках, раптам ператварылася ў нежывое чучала, у нешта, што перастала быць іх асабістым. Яны разумелі, што нейкая доля ісціны хаваецца ў словах гэтай Лідзіі Камулінай, што ёсць і нейкая правільнасць у яе дзеяннях. Але як жа так магло атрымацца, што гэта правільнасць і гэта ісціна скіраваліся на тое, каб пазбавіць іх асабістага плыта, іх плана, іх мары, нарэшце? Яны ж марылі плыць самі! Самі шукаць магілу, лавіць рыбу на досвітках, весці картаграфічную разведку астравоў і возера…

— Так, усё, я думаю, стала зразумела, пытанняў да мяне больш няма, а ў нас затое яшчэ многа пытанняў да Васіля Яўменавіча… Таня! Антон, зайдзі, я табе казала, з другога боку… Дзеці, дзеці, адыдзіце далей крошкі, яшчэ, яшчэ..

Адышлі. Жэнька з маленнем у вачах паглядзела на Віцьку:

— Як жа гэта? Як жа так?

— Яны стануць галоўнымі, а мы — нібы з боку, так? — бяссільна загаварыў Віталь. — А як жа мая… наша карта астравоў… Сяргей, чакай! — спыніў ён Сяргея, які, узяўшы Нэлу за руку, накіраваўся ў свой агарод, да будана.

Сяргей прыпыніўся.

— Не буду я ваяваць… Гэта не з «прымаком». Тут вілы не дапамогуць…

— Зараз возьмем бутэлькі і ў вогнішча пакідаем! — адчаю ў словах Віталя было больш, чым злосці.

— Не трэба ў вогнішча. Гэта ж наша мара. Ну, закончыцца ўсё, то паплаваем па ўсіх астравах… А ведаеце, у мяне ўжо ўчастковы прасіў, каб далі потым плыт на дзень-другі: хоча на шчупакоў схадзіць, — Сяргей усміхнуўся, неяк весялей ад гэтых слоў стала і астатнім.

— Дзед Васіль нас кліча, — Жэнька была азірнулася і пабачыла жэст старога. — Пайшлі…

— Дзед не ўсіх, ён толькі цябе кліча, — паправіў сястру Віцька. — Ідзі.

Жэнька пайшла.

Частка 22

Сядзелі на траве каля будана, паглядваючы ў бок сада дзеда Васіля.

— Пайду, скажу бацьку, каб ніякага трактара заўтра не даваў, — ледзь не плакаў ад крыўды Віталь.

— Чаго ты так перажываеш? — памяркоўна супакойваў яго Віцька: — Урэшце, і ты, і Сяргей збіраліся ж напачатку зусім другой справай заняцца, а не пошукамі магілы. Ну, завязём мы іх на той востраў, а самі спакойна будзем сваю справу рабіць…

— Ага! Ты чуў: яна там камандавала, што і Сяргея ўжо не возьмуць, а пра Нэлу і гутарку весці не будуць…

— Чакайце… А я не аддам ім плыт, — спакойна і ўпэўнена сказаў нечакана Сяргей. — Ніхто не мае права браць чужое. Увогуле, мы можам далей дзейнічаць так, як быццам іх і няма. І ўсё…

На хвіліну павісла маўчанне, відавочна, сябры думалі над словамі Сяргея. Нарэшце цішыню парушыў Віцька:

— Усё крыху складаней. Ведаеш, ты прабач, але вось такое тваё становішча дае табе больш свабоды, чым маем мы. У нас з Жэнькай маці — настаўніца. Дэпутат сельскага савета. Дарослыя заўсёды вырашаюць нешта за нас і вырашаюць не ў нашу карысць, калі нашы справы робяцца больш значнымі…

— Вось і я пра тое, — усё з тым жа адчаем загаварыў Віталь. — Яны скажуць дзеду Васілю — і той пойдзе на балота тады, калі гэты атрад пойдзе. А без дзеда мяне бацькі не пусцяць.

— А я не аддам плыт, — упэўнена і спакойна паўтарыў Сяргей.

— Ды не гарачыся ты. Мы можам таксама ўмову паставіць: каго мы з сабой браць будзем… А палаткі якія ў іх новенькія… І рукзакі, і форма… — з ціхай зайздрасцю глядзеў Віцька на тое, як у садзе дзеда Васіля хутка ставіліся дзве яркія блакітна-чырвоныя палаткі.

— О, Жэнька з дзедам у хату пайшлі… Мабыць, дзед будзе апранаць свой святочны касцюм з медалямі. І яшчэ яму галіцца трэба — сам казаў… Бач, за яблыкамі ўсе кінуліся, як гаспадар у хату пайшоў, — каменціраваў убачанае Віцька. І раптам проста пляснуў сябе па ілбе. — Дурні мы! Мы не маем права згаджацца!

— Ты што?

— Там жа трое партызан пахавана, забыліся?

— Чорт…

— Гэты атрад не павінен быць на востраве раней за нас! — заключыў Віцька.

— Тым больш, плыт мы ім не аддадзім, — заключыў Сяргей. — Паставім умову: раз плыт у нас, то дыктаваць мы будзем.

— Правільна, — падтрымаў Віталь. — Умова будзе такой: мы першыя на востраў, яны — потым. А плыт мы ім перагонім, як ужо справу зробім…

Тут хлопцы пабачылі, як Жэнька нечакана выбегла з хаты і пабегла вуліцай у другі канец вёскі.

— Здарылася што?

— Што? Ну, Жэньцы ж таксама не вельмі прыемна, што гэтыя коршакі наляцелі…

Яшчэ хвілін праз дзесяць з сянец выйшла баба Адарка і пакрочыла ў сад да атрада і яго камандзіршы. Старая спынілася перад жанчынай, нешта стала ёй казаць. Нават адсюль было бачна, як рэзка змяніўся твар жанчыны — знік урачыста-пераможны выгляд, рот скрывіўся ў разгубленай усмешцы.

— Не, нешта там не тое, — занепакоена сказаў Сяргей. — У бабы Адаркі твар надта сумны. І дзед не выходзіць…

— Пайшлі, — гукнуў за сабой Віцька.

Ужо былі ў дзедавым садзе, як пачулі строкат матацыкла. А потым з вуліцы на надворак хутка прайшла добра знаёмая хлопцам фельчарка іх вясковага медпункта: паўнацелая, мажная жанчына з суровым тварам. У белым халаце сваім, з патрапаным ужо ад часу чамаданчыкам. Следам за фельчаркай на двор зайшла Жэнька, запыханая, расчырванелая.

— Васілю Яўменавічу дрэнна стала!

Усе памкнуліся ў хату ўслед за фельчаркай. Заспяшалася з саду баба Адарка, а за ёй разгублена — і камандзір пошукавага атрада Лідзія Камуліна.

Дзед Васіль ляжаў на канапе і, здавалася, не дыхаў зусім. Фельчарка прысела побач, узяла яго руку ў сваю, знайшла пульс.

— Што, Яўменавіч, думаў хлапчуком па балоце пабегаць? — стала выгаворваць яна. — Не атрымаецца… Гады не тыя. Так, ціск памераем… — хутка дастала апарат, змерыла ціск, сумна паківала галавой. — Ну, я так і ведала. У вас усіх хваробы аднолькавыя. Так, зараз капельніцу пастаўлю, а заўтра ў бальніцу ў раён. Дзён на дзесяць. Трэба сэрца падмацаваць…

Яна азірнулася на прыціхлых ля дзвярэй падлеткаў і строга сказала:

— Усім з хаты і з двара! Чалавеку трэба поўны спакой. Растрывожылі…

— Але мы тут па заданні… — стала разгублена апраўдвацца Лідзія Камуліна.

— Не ведаю я пра вашы заданні, — катэгарычна перабіла яе фельчарка. — Я ведаю пра здароўе сваіх ветэранаў. І ведаю, што такія сустрэчы трэба б было ўзгадняць з намі. Наляцелі з пытаннямі, быццам з неба зваліліся — вось і разышлося сэрца не на жарт. Усё, выходзьце. Жэнька, дапамажы мне капельніцу дзе замацаваць, у амбулаторыю дзеда цяпер не павязём.

— Гм-м, — ужо смялей нагадала аб сабе Лідзія Камуліна: — Вы хочаце сказаць, што заўтрашняе мерапрыемства адкладваецца?

Фельчарка глянула на яе, як на іншапланецянку.

— Я нічога не абавязана і не збіраюся ведаць аб вашых заўтрашніх мерапрыемствах. У мяне свае мерапрыемствы. І адно з іх — завезці ў бальніцу Яўменавіча.

– І на колькі часу? — ужо патрабавальна запытала Лідзія Камуліна.

Фельчарка нечакана паморшчылася, як ад кіслага.

— Нешта вы недачулі… Я вам сказала: чалавек павінен легчы ў бальніцу. І гэта ўсё. Жэнька, у мяне там ліпкая лента, вось гэту бутэльку абматай так, каб можна было вось за гэты цвічок замацаваць…

Фельчарка стала даставаць з сумкі інструменты, не звяртаючы больш увагі на жанчыну ля дзвярэй.

Тая выйшла.

Праз хвіліну яе атрад з сумным выглядам стаў згортваць дзве пастаўленыя палаткі. Хлопцы назіралі за гэтымі зборамі моўчкі. Было адначасова і радасна, і прыкра: гэтыя паедуць, але і іх паход зрываецца. Ды яшчэ невядома, на колькі…

— Бачыш ты, якія ж гэтыя дарослыя непрадказальныя, — загаварыў Віцька. — Быццам усё было гатова…

— Дзед — стары чалавек. А калі б яму на востраве дрэнна стала? — запярэчыў Віталь. — Яму ж не 16 гадоў. Вайну перажыў, блакаду…

Тым часам атрад сабраўся і праз надворак маўкліва выйшаў да свайго аўтамабіля. Яшчэ колькі хвілін — машына загула і знікла.

– І не развіталіся, — заўважыў Віталь.

— А хто мы для іх? — горка заўважыў Сяргей. — Яны прыязджалі па славу…

— Чаму ты так гаворыш?

— А таму… Бач, як толькі стала вядома аб нашым паходзе, то і атрад арганізаваўся. І форму яны знайшлі, і рукзакі, і палаткі новенькія. Гэта не наша, латаная… І камандаваць тут пачалі. Вунь як лужок стапталі… Ім не мы трэба былі, а наш плыт…

— Ну і застаўся ў нас плыт, што далей? — з выклікам спытаў Віталь.

— Ды супакойся ты… Не ведаю, — міралюбіва адказаў Сяргей. — Лета вялікае, дзед паправіцца. Ну, а мы з Нэлай заўтра на тоню пойдзем. Будан там зробім, будзем лавіць рыбу…

— Добра табе, — са шкадаваннем зазначыў Віцька. — Нас без дарослых на астравы не пусцяць з начоўкай. То мы табе дапаможам заўтра будан паставіць, парыбачым — мо і днём клёў добры будзе. Пойдзем, Віталь? Два астравы мы абследуем пакрысе. Усё справа з месца зрушыцца.

— Ага, пойдзем! Можа, і ўгаворым сваіх — мы ж не плаваць па тоні будзем, а толькі ноч адну заначуем…

Выйшла з хаты Жэнька.

— Што, няма ўжо «Пошуку»?

Хлопцы насцярожыліся — твар у Жэнькі быў ні капелькі не сумны. Хітраваты і вясёлы.

— Няма… А як там дзед? — асцярожна спытаў Віцька.

— Добра дзед. Зараз пад капельніцай паляжыць і ўсе справы, — бестурботна адказала Жэнька.

— Як — усе справы? Ты тлумач!

Жэнька прыжмурылася і нечакана задзірыста паказала хлопцам язык.

— Эх вы! Даследчыкі-разведчыкі! Вы дзеда дрэнна ведаеце! Але ціха! — па-змоўніцку паднесла яна палец да рота і прадоўжыла: — Мы з дзедам у хату зайшлі, быццам пераапрануцца, тут мне дзед і кажа: бяжы да фельчаркі і скажы, каб ішла неадкладна да мяне. Быццам мне стала дрэнна…

— А навошта? — залыпалі вачыма хлопцы.

— Дзівакі! Няўжо вы думаеце, што дзед дазволіць, каб нас ад нашай справы ўбок адцерлі? Гэта ж нашы землякі, і ідэя наша, і мы плыт збіралі… Таму дзед і прыкінуўся, што захварэў, каб гэты дэсант са двара выправадзіць. Не гнаць жа іх — яны ж ні ў чым не вінаватыя… Так што заўтра — у дарогу.

— Ура! — закрычалі ўголас Віцька і Віталь, не стрымаўся і Сяргей: радасна ўскінуў адну руку ўгору, голасна закрычаў: —Э-гей!

Нэла пляскала ў свае худзенькія далонькі, смяялася залівіста.

Быццам на гэты шум выйшла з хаты і фельчарка.

— Чаго крычыце? Ану, кыш у сад. Няхай адпачне ад вэрхалу стары чалавек. У яго сапраўды ціск узняўся… З вамі і не памрэш спакойна, — усміхнулася яна.

У садзе хутка назбіралі яблыкаў-паданак, памылі, і хоць баба Адарка пярэчыла, але сталі іх рэзаць — усё дзеду Васілю з бабай будзе лягчэй.

Праз хвілін сорак выйшаў з хаты і сам дзед Васіль з фельчаркай. Тая ў адной руцэ трымала свой чамаданчык, а ў другой — новенькі лазовы кошык.

— От, Яўменавіч, не варта мне так дзякаваць, то ж работа мая.

— Я табе не за работу дзякую, — адказаў дзед Васіль. — А за чалавечнасць. За гэта ніколі дзякаваць не многа.

Фельчарка пайшла на вуліцу, дзед — у сад.

Яго чакалі з радаснымі тварамі.

— Што, напужаліся крыху? — падбадзёрыў стары. — Не перажывайце, бывае ў жыцці і страшней. Вось калі ты зробіш, а другі цалкам тваё сабе забярэ — гэта балюча. Разумею, крыўдна і так… Не, то наша справа, нашай вёскі. Што тут чужым рабіць? Правільна я разумею?

— Правільна! Але мы тут аб другім падумалі… — пацішыў голас Віцька. — Аб тым дакуменце…

— Малайцы. І я аб гэтым падумаў адразу… Ну, вось і добра… А то я рашыў, што вам захацелася такія нашыўкі на рукавах панасіць, — падміргнуў дзед.

Засмяяліся шчасліва.

Усё ў іх атрымлівалася.

Але калі зноў нечакана завішчалі тармазы на вуліцы, уздрыгнулі ўсе. Толькі Сяргей спакойна зазначыў:

— Гэта старшыня прыехаў. Толькі ў яго УАЗіка так тармазы вішчаць.

І праўда, у сад зайшоў старшыня.

Павітаўся, прысеў на прапанаваны зэдлік.

— Ну, як настрой? Баявы? Добра, бачу, што баявы… Мне тут сказалі, што фельчарку выклікалі…

— Ты даруй, мне, Рыгоравіч, — загаварыў дзед Васіль. — Пасля мы табе многае патлумачым, ты хоць і чужы, ды наш чалавек. Цяпер адно скажу: ёсць у нас абставіны, пра якія вось толькі мы ведаем. І так складваецца, што ніхто чужы не павінен быць там, на востраве, пакуль не будзе знойдзена магіла. Толькі мы. Павер, надта сур’ёзна гэта. Дзеці вось зразумелі…

— Ну, значыць так трэба, — ніколькі не пакрыўдзіўся старшыня, што яму не хочуць даверыць нейкую таямніцу. — Вы больш ведаеце — вам і прымаць рашэнні. Я вам таксама веру… Так, калі ў вас усё гатова, у нас таксама ўсё гатова. Заўтра будзе трактар, Антон Аўдзееў пад’едзе. Будуць старшакласнікі са школы, яшчэ я тры чалавекі сваіх выдзеліў — дапамогуць вам перанесці ўсё на востраў. Аркадзь Калюжы будзе — на выпадак, калі забуксуем дзе. Хто ў вас старшы?

Пераглянуліся між сабой — неяк і не назначалі яны нікога старшым. І так разумелі — камандаваць, калі трэба, будзе дзед Васіль.

— Васіль Яўменавіч у нас старшы, — так і выказаўся Віцька.

— Так, зразумела, — усміхнуўся старшыня. — З трох такіх хлопцаў лепшага і не выбераш…Тады я назначаю старшай у групе Яўгенію! Хто супраць?

— Ага, пабудзеш з ёй супраць, — прабурчаў Віцька, але заўсміхаўся — яму было прыемна, што яго сястра — будзе галоўнай.

Старшыня абвёў позіркам хлопцаў, сустрэў толькі усмешкі згоды.

— Няхай камандуе! Але абед усё роўна гатаваць будзе…

— Ну, старшы, сябры мае, — гэта не камандаванне. Гэта адказнасць. Не толькі за свой абед, а і за справы ўсіх. І за жыцці ўсіх, за бяспеку. Думаеце, лёгка мне старшым тут быць? — пасур’ёзнеў Мікалай Рыгоравіч. — Вось… Ну, а Жэнька ў нас дзяўчына разумная, і слухаць вы яе будзеце. А намеснікам будзе ў яе Васіль Яўменавіч.

Не ўтрымаліся, зарагаталі, курыў сваю самакрутку і ўсміхаўся ў вусы дзед.

— Трымай, камандзір, — працягнуў старшыня Жэньцы радыётэлефон. — Мабільная сувязь да нашай вёскі не дайшла, ну а нам вось яшчэ ў мінулым годзе ўдалося атрымаць на жніво пяць такіх. Дыспетчарская цябе будзе чуць і днём і ноччу. Быць самім заўсёды на сувязі. Вось яшчэ зараднае і акумулятар запасны. Віцька хай зарадзіць абодва, хопіць на двое сутак, калі не размаўляць гадзінамі. Ну, што яшчэ ад мяне трэба?

— Ды, здаецца, усё наш камандзір палічыла і ўлічыла, — адказаў за ўсіх дзед Васіль. — Нам бы толькі трактар раней…

— У восем гадзін будзе трактар і рабочыя. Са школай я сам дамоўлюся.

— Тады ўсё ў парадку.

Старшыня павярнуўся, каб ісці, але ў апошнюю хвіліну затрымаўся. Нейкі час ён вагаўся — казаць пры ўсіх ці адазваць Сяргея ўбок, каб пабыць адзін на адзін, але вырашыў усё ж, што ў хлопца не павінна быць тайн ад сяброў адносна яго маці.

— Сяргей… Сужыцеля тваёй маці сёння арыштавалі, ён ужо дае паказанні. Прызнаўся. Маці твая адна ў хаце застаецца. Ну, зусім адну мы яе тут не пакінем… У гэтым годзе мы дваіх мужчын адправілі на кадзіроўку ад гарэлкі за кошт калгаса. Бо не было ў людзей за што. Пакрысе яны адрабілі, цяпер — людзі як людзі, дзякуй кажуць. Мы і маці тваёй прапануем. Адно хацеў цябе папрасіць: вернецца яна — ідзі з сястрой жыць у хату. Падтрымай маці. Вельмі цяжка жыццё адразу перайначыць. Трэба, каб пратрымалася маці месяц. Глядзець за ёй, не раўнуючы што за Нэлай. Далей будзе лягчэй… Як, падтрымаеш?

— Я ўсё зраблю, — ціха адказаў Сяргей. — Адно каб не піла…Як паедзе, я хату перавярну, не пазнае…

— Ну, тады добра. Галіна Калюжа маці ўгаворыць, яны сяброўкамі былі. Займайцеся тут, а мне бегчы. Чакайце заўтра!

Завыў рухавік, заціх удалечыні вуліцы.

На нейкі час у садзе стала ціха, было чуваць, як пастрэльвае тытунь у дзедавай самакрутцы.

— Ну, хлопцы, узяўся за гуж — не кажы, што не дуж, — падбадзёрыў дзед прыціхлых сяброў. — Усё ў нас атрымаецца. Галоўнае — ісці да канца…

Частка 23

Ранак быў празрыста-блакітным: ад высокага чыстага неба, ад бліскучай роснай травы, ад яшчэ не асляпляльнага сонечнага святла.

Забразгацела вядро аб студню. Сяргей выглянуў — маці набірала ваду. А з коміна хаты ішоў густы белы дым. І… пахла скваркамі. І блінамі.

Было яшчэ каля шасці гадзін. З коміна хаты дзеда Васіля таксама ішоў лёгкі дымок — і баба Адарка нешта гатавала.

Сяргей памыўся, стаў раскладваць агонь — няблага і кавы папіць — учора Жэнька крадком пакінула на стале невялікую бляшанку. Смачная кава, добра яе папіць вось такой раніцай: калі ціха-ціха зусім, яшчэ ніколькі не горача, дыхаецца на поўныя грудзі, і неба светлае, і дым з коміна пахне смачна… Дзякуй Жэньцы, хоць неяк і няёмка…

Сяргей піў каву без нічога — проста піў маленькімі глыткамі цёмны гарачы напой, гледзячы ў нікуды і адразу на ўсё. Вось у такія моманты прыходзіць перакананне, што ты ідзеш правільна, што ўсё ўрэшце будзе добра…

Нэла высунулася з будана, разлахмачаная, салодка пазяхнула, перацепнула плячыма.

— Выспалася?

Нэла кіўнула і падышла да Сяргея, прыціснулася.

— Бач, яны ўжо не спяць, а я будзіць іх іду!

Сяргей не чакаў пачуць голас, таму лёгка ўздрыгнуў.

У сад зайшла маці.

— Ну, і добра, што прачнуліся. Я вам снеданне згатавала.

Маці запнулася, нешта прыкідваючы, потым сказала:

— То я вам сюды прынясу, у хаце не прыбрала яшчэ…

Хутка яна вярнулася, несучы ў руках дзве глыбокія алюмініевыя міскі. У адной былі печаныя аладкі з белай мукі, у другой — яешня і скваркі.

— От, відэльцы не ўзяла, — павярнулася яна зноў да надворка.

— Не трэба, у нас ёсць, — спыніў яе Сяргей. — Сядай вось. Нэла, бяжы па сваё малако, вунь баба ў садзе цябе чакае.

Нэла пабегла ў сад дзеда Васіля, скачучы высока цераз траву, збіваючы ранішнюю расу і пакідаючы цёмна-зялёныя сляды на бліскучым лузе. Там яе сапраўды чакала баба Адарка са слоікам.

Снедалі моўчкі.

Не ведаў Сяргей, што казаць, калі сядзіць сям’я за адным сталом. Не сядзеў ён так вельмі даўно.

— Дык на колькі ж вы дзён у балота? — спытала маці.

— На тыдзень, як усё добра будзе. Рыбы хачу многа налавіць. Купіць з адзення трэба што, адны штаны засталіся.

— Ага, трэба табе і штаны, — згадзілася маці. — Нэлу з сабой забярэш?

— Забяру. Няхай са мной будзе.

— Нэла, а можа са мной застанешся? Камары ў балоце пакусаюць, авадні джаляць… — стала казаць маці да дачкі.

Нэла адставіла ўбок кубак з недапітым малаком, пакруціла галавой і, сутаргава крывячы роцік, выціснула:

— Не-е-э-э!

Маці змянілася тварам. Сяргей паглядзеў на яе і сказаў:

— Мы пакрысе размаўляць Нэлу вучым. Баба Адарка казала, што ўсё ад перапуду, будзе Нэла ў спакоі, ніхто пужаць яе не будзе — навучыцца зноў гаварыць.

— Дык а на балоце ж напужаць што можа, — разгублена запярэчыла маці.

— Вы п’яныя для яе самы вялікі страх, — вырвалася ў Сяргея, але маці не пакрыўдзілася, наадварот, быццам чакала нечага падобнага, каб загаварыць на гэту тэму:

— Дык… учора старшыня да мяне падыходзіў. Казаў, што калгас грошай дасць, а я каб на кадзіроўку ехала. Ехаць, а? Грошы вялікія, іх вяртаць трэба. Можа, я так не буду піць і ўсё?

— Едзь, — упэўнена адказаў Сяргей. — Грошай у нас яшчэ мільёны незаробленых. Колькі заробім — ад нас залежыць. Раней піць кінеш — раней і заробім.

— Дык тыдзень не піць трэба да гэтага…

— Вось і не пі. Пакуль з балота не вернемся — не пі.

— Ага, я не буду, — не тое што абяцала маці, яна больш угаворвала сама сябе, пераконвала, што справіцца, вытрымае…

А палове восьмай усе сабраліся ля хаты дзеда Васіля. І сам ён — чыста паголены, падстрыжаны — гэта ўчора быў у вясковага цырульніка, потым у лазні. Усе рэчы сабраныя былі ў адной кучы — цэлая гара назбіралася. Ты глядзі, як многа трэба чалавеку, каб усяго адзін нейкі тыдзень пабыць без сваёй хаты.

Сядзелі на лавачцы, чакалі.

Падышла пажылая жанчына, прыпынілася. Яе пазналі — былы дырэктар школы, Ганна Дзмітрыеўна.

— Дзень добры вам!

— Добры дзень!

– І табе, Дзмітрыеўна, добры! — паказаў рукой на месца побач з сабой дзед Васіль. — Сядай, адпачні, калі ісці далёка.

— Ды я ўжо прыйшла. Вось вам на дарогу напякла піражкоў, — жанчына стала даставаць са свайго пакета скруткі. — Гэта з яблыкамі, гэта з курацінай, бач, прапякліся добра… Ешце на здароўе…

Жанчына раптам усхліпнула, з вачэй сарваліся слёзы, яна хутка выцерла іх ражком хусткі.

— Вы ж там, дзетачкі, пастарайцеся, адшукайце магілу. Не змагу я спакойна далей жыць, калі на магіле бацькі не пабуду. Хоць бы калі на Вялікдзень яечка яму чырвонае пакласці… Як там будзе — не ведаю, мо перазахаваюць, мо не. То як адшукаеце, вы мне скажыце. Я вас папрашу, каб мяне потым на плыце на той востраў завезлі. Хоць надта я баюся, ды здужаю…

— Ну, Дзмітрыеўна, не хвалюйся, — супакоіў яе дзед Васіль. — Павінны мы знайсці…

А да дома дзеда сталі падыходзіць вяскоўцы — больш пажылыя жанкі, дзеці, падлеткі. Многія віталіся, станавіліся побач. Прыйшлі пяцёра дзесяцікласнікаў разам з настаўнікам фізкультуры.

— Ну, дзе ваша дабро? Гэта ўсяго? Дапаможам…

Жэнька крыху разгубілася — ну хіба ж яна чакала, што гэтулькіх людзей зацікавіць іх ад’езд? І неяк няёмка цяпер рабіць здымкі пагрузкі… А так хацелася — каб кожны іх крок сфатаграфаваць.

Адзін за другім пад’ехалі два аўтамабілі — старшыня Мікалай Рыгоравіч і Іван Кузьміч — «Бабер». А з «Бабром» — маці Жэнькі і Віцькі.

Без колькі хвілін восем цэлы натоўп сабраўся ля хаты. Хлопцы адчувалі сябе вельмі няўтульна — ніяк не чакалі, што такія «праводзіны» ім вяскоўцы арганізуюць. Паглядвалі ў бок вуліцы, адкуль павінен быў пад’ехаць трактар бацькі Віталя. Але замест трактара на вуліцы паказалася вялікая серабрыстая машына. Амаль бясшумна яна пад’ехала да групы ля хаты, спынілася.

У аўтамабілі сядзелі чацвёра: малады чалавек за рулём, пажылы мужчына інтэлігентнага выгляду, хударлявы, з сівой невялікай барадой, на заднім сядзенні — жанчына прыблізна яго ж гадоў і дзяўчына гадоў васемнаццаці.

Мужчына павольна вылез з аўтамабіля, малады чалавек таксама. Пакуль маладзейшы адчыняў заднія дзверы, каб выйшлі жанчыны, мужчына падышоў да людзей і нечакана схіліў галаву ў паклоне.

— Дзень добры вам, землякі дарагія! Выбачайце свайго сына, што за гэтулькі гадоў наведваю вас. Не пазналі, Васіль Яўменавіч?

Дзед Васіль узняўся насустрач мужчыне, прыгледзеўся.

— Пятро? Пятро Міклуш? — усхвалявана перапытаў дзед.

— Я, Васіль… — усхліпнуў нечакана мужчына.

Яны паціснулі адзін другому рукі, потым моцна абняліся.

Сярод натоўпу загучалі прыглушаныя галасы:

— Гэта ж Міклушаў самы меншы… Бачыш, яго аплаквалі, а адзін ён і выжыў…

— Каторага ў Нямеччыну вывезлі?

— Ага, ён гэта. Дваццаць год таму прыязджаў, помнік на магіле сваім паставіў. А больш і не было…

— Дык жа ў Англіі жыве…

Дзед падвёў мужчыну да лаўкі, насустрач падняліся Зарэмба, Баброў і маці Жэнькі.

— Вось, сябар майго дзяцінства, Пятро Міклуш. На два гады за мяне маладзейшы. Хаты нашы амаль побач стаялі. Яго бацька і мая маці — стрыечныя былі… Я ад той аблавы схаваўся, праз тыдзень у атрадзе быў, а Пятро вось не змог схавацца — яго тады разам з іншымі падлеткамі загналі ў кузавы аўтамабіляў і павезлі… У Германію. 24 чалавекі тады вывезлі. 16 вярнулася.

— Нашых чацвярых з вёскі вызвалялі амерыканцы. А на заводзе тым многа рускіх працавала. Доўга ўгаворвалі не вяртацца. А потым прыйшоў адзін рускі афіцэр (ці то правакацыя была?) і сказаў, што ўсё роўна чакае нас яшчэ па 10 год лагераў — як здраднікаў, што на ворага працавалі, калі вернемся… І згадзілася многа не вяртацца, — успамінаў Пятро Міклуш.

— Ну, па 10 год ніхто не сядзеў, а па год-тры — такое было, — ціха ўставіў Іван Кузьміч. — То праўда…

— Вось мы чацвёра — я, Ігнат Антоненкаў, Сашка Чарняўскі і Вольга Корзун — і вырашылі трымацца разам, падаліся ў Англію, — працягваў Пятро Міклуш. — Думалі, перачакаем крыху, пакуль усё наладзіцца ды вернемся… Ігнат захварэў і памёр праз год, а потым Вольга сустрэлася з афіцэрам англійскім, пасябравалі яны. У таго афіцэра знаёмыя ў пасольстве недзе працавалі… так ліст на радзіму мы і перадалі. І нам праз тры месяцы адказ прыйшоў… І мне прысуд… — ён не ўтрымаўся, пацягнуўся ў кішэню за насоўкай, выцер вочы.

— Бацька Пятра, Сямён Міклуш, у партызанах быў. З намі, на тым балоце… Там і застаўся, на Савіным востраве, — стаў тлумачыць далей дзед Васіль. — А брат Пятра Іван — наш сувязны. Яго схапілі… Катавалі, потым расстралялі. І сям’ю расстралялі: маці і двух сясцёр Пятра. У адной магіле ўсе і пахаваны на могілках. Хату спалілі…

— Я і застаўся там… — стаў казаць далей Пятро Міклуш з вінаватасцю ў голасе. — Куды мне было вяртацца? І Вольга засталася. Яна, дарэчы, ужо памерла… Казала дзецям, што хоча памерці на радзіме, але не паспела прыехаць… Я вось адзін раз змог — 18 гадоў таму. І цяпер во супала так: ва ўнука — гэта дачкі сын — водпуск невялікі. А ў вас тут — вось такія справы…

— Якія справы? — здзівіўся старшыня Мікалай Рыгоравіч. — Адкуль у Англіі пра нашы вясковыя справы ведаюць?

— О, наш час — гэта не тыя страшныя гады, калі па паўгода ішло пісьмо… Мая дачка прыязджала са мной тады, яна выкладае ў школе. І да сэрца прыпалі ёй гэтыя мясціны. Вось нядаўна адшукала ў гэтым Інтэрнэце сайт пра ваш раён. Там у апошніх навінах і прачытала пра вашы планы — што збіраецеся вы знайсці магілу на тым балоце і зрабіць перазахаванне. Я не змог не прыехаць, каб пакланіцца бацькавай магіле. Я так спадзяюся, што мая надзея спраўдзіцца… Вы адшукайце, Васіль… — пранікнёна папрасіў Пятро Міклуш.

— Ну, гэта больш да нашага камандзіра звяртайся, — усміхнуўся дзед Васіль. — Як, Яўгенія, знойдзем?

Жэнька пачырванела густа-густа, да самай шыі. Яна разгубілася так, што не змагла знайсці і аднаго слова. За яе адказала маці:

— Знойдуць дзеці. Абавязкова знойдуць.

— Добра. Вось… чакайце… — павярнуўся Міклуш да маладога чалавека, нешта хутка стаў казаць на англійскай мове. Той згодна заківаў, пайшоў да машыны, вярнуўся з невялікім, але досыць умяшчальным рукзаком, запоўненым нечым. Рукзак узяў у свае рукі Пятро Міклуш, працягнуў Жэньцы. — Бярыце, калі ласка! Тут нашы гасцінцы вам: кава, вяндліна, пячэнне, кансервы… вам усё спатрэбіцца… Бярыце, бярыце, не саромейцеся, мы ж ад чыстага сэрца…

Калі Жэнька ўзяла рукзак, Пятро Міклуш крануў за руку Зарэмбу:

— Выбачайце, вы тут, здаецца, усё ведаеце. Мне б знайсці мясцовую ўладу..

— А што яе шукаць, яна тут уся, — засмяяўся Мікалай Рыгоравіч. — Вось Іван Кузьміч, старшыня сельвыканкама, вось вам дэпутат сельскага савета Алена Адамаўна Лошчык, вось і я сам — старшыня мясцовага калгаса Мікалай Рыгоравіч Зарэмба. Дарэчы, дык гэта вы мне тэлефанавалі і пыталіся, калі нашы вандроўнікі адправяцца ў паход?

— Ой, як цудоўна! Так, гэта мы ў Мінску спыніліся ў гасцініцы… О, які цудоўны, які чысты і ўтульны Мінск! Але, мы адтуль і тэлефанавалі…У мяне столькі просьбаў… Першая — мне б знайсці месца на нейкі час, каб пажыць. Я веру, што адшукаецца магіла бацькі… Вы ж перазахаванне плануеце на 3 ліпеня?

— Ну, як усё добра складзецца, — зазначыў Іван Кузьміч.

— Складзецца, у вас усё добра складваецца, калі вы робіце на карысць іншых… Я б хацеў перадаць яшчэ пэўную суму на помнік, вы ж будзеце яго рабіць? Гэта — ад маёй сям’і. Дзеці паедуць дадому, у нас кароткія водпускі, а мы з жонкай — гэта мая Марыя — хацелі б пажыць тут месяц. Ёй таксама спадабалася тады…

— Ну, хто да нас са шчырай душой, да таго і мы з адкрытым сэрцам, — развёў рукі ў бакі Іван Кузьміч. — Усё можна зрабіць, а пакуль трэба вось атрад наш адправіць. Вунь і Антон…

Сапраўды, пад’ехаў трактар. Перад ім расступіліся, каб стаў як мага бліжэй да разабранага і складзенага ля хаты плыта. У прычэпе было двое мужчын.

— Жэня! — паклікала маці. — Не лезь, там і без цябе пакуль управяцца. Ты кім жадаеш стаць? Вось, рабі здымкі! Дарэчы, вось каб ты сустрэчу Пятра Міклуша з Васілём Яўменавічам сфатаграфавала!

— А я сфатаграфавала! — весела адазвалася Жэнька. — І на дыктафон твой запісала!

Маці ўсміхнулася. Дыктафон, яны вырашылі, патрэбен будзе. І можна не запісваць на паперу падзеі дня, а дыктаваць на касету. Ну, і на ўсякі выпадак. Вось такі, напрыклад.

З пагрузкай справіліся хутка. У прычэп, акрамя мужчын, саміх хлопцаў, дзесяцікласнікаў, яшчэ заскочыла некалькі хлопцаў-вяскоўцаў, сярод іх і аднакласнікі Віцькі і Віталя. Дамовіліся: яны дапамагаюць пераносіць часткі плыта на першы востраў, а за гэта потым ім дадуць паплаваць на плыце па Ведзьмінай тоні.

Крануліся. Сяргей з Нэлай сядзелі побач з Жэнькай. Яны, у адрозненне ад астатніх, глядзелі назад, а не ўперад. Жэнька фатаграфавала: ім махалі на развітанне. І асобна стаяла маці. Яна ганарылася імі — Жэнькай і Віцькам, сама Жэнька гэта асабліва востра адчула сёння.

І яшчэ адну асобную постаць выглядзела Жэнька. Яна таўханула ў бок Сяргея:

— Глядзі! Твая маці…

Сяргей убачыў маці — яна стаяла на сваім надворку, ля студні, закрываючы вочы ад сонца сваёй далонню і гледзячы на іх — на Сяргея і Нэлу. Сяргей нейкі момант вагаўся — памахаць маці, як гэта зрабіла Жэнька сваёй, ці не, потым абхапіў рукамі Нэлу:

— Глядзі, на нас маці глядзіць! Памахай ёй рукой!

Нэла стала махаць. Маці адтуль, ад дома, заўважыла сваіх дачку і сына на трактары, павольна рука яе ўзнялася, і яна стала лёгка памахваць ёй…

Наперадзе ішоў УАЗік Зарэмбы. Дзед Васіль сядзеў на сядзенні разам са старшынёй — паказваў дарогу. За імі павольна рухаўся трактар з прычэпам. За вёскай да іх далучыўся яшчэ адзін трактар — Аркадзь Калюжны.

Да першага вострава — Заікіна — трактары асцярожна падышлі досыць блізка. Калі ўзнікла рэальная пагроза «пасадзіць на вось» трактар, Антон Аўдзееў спыніўся.

— Ху-цць-енька! Разгружаем! Але асцярожна, нічога не паламаць. Складваем, насіць потым будзеце, а то ўлезу ў балота, верталётам не выцягнем…

Разгрузіліся за хвіліны. Дарэчы прыйшоўся і другі трактар — колы гэтага паспела ўсмактаць балота, аднаму — не вылезці. А так усё абышлося.

Пачалася самая цяжкая і нудная частка іх работы: больш за пяцьсот метраў трэба было несці рэчы, зноў вяртацца, зноў несці: па чорнай гразі, па гнілых кладках. Хто разуўся — насіў босы, старэйшыя былі ў гумавых ботах.

Сам Мікалай Рыгоравіч, пакінуўшы УАЗік на бяспечным месцы, разуўся і пайшоў услед за дзедам Васілём. Дзед у высокіх сваіх цяжкіх ботах добра запыхаўся, пакуль узышоў на сухі бераг.

Тоня раскінулася перад імі чорным кругам без адной хвалі. Пад яркім сонцам вада яе здавалася незвычайна халоднай. Урэшце, і Мікалай Рыгоравіч у гэтым упэўніўся, апаласнуўшы ногі з берагу.

— Халодная якая… Якая ж веліч тут, Васіль Яўменавіч… Эх, сюды б на тыдзень які, каб хоць колькі адпачыць…

— А і прыязджай… От плыт будзе, на які востраў заплывеш — ні адно раённае кіраўніцтва не знойдзе. А вада халодная, бо крыніц многа…

Загрузка...