— Ат, кіраўніцтва заўсёды знойдзе. А адпачыць тут будзе можна… Ах, які ж тут спакой!

Яно і сапраўды — цішыня была незвычайная, і ўсе міжволі прыглушалі свае галасы.

— Ну, што ж, поспехаў вам! — Мікалай Рыгоравіч паціснуў рукі дзеду, потым Жэньцы — ім абаім ды яшчэ і Нэле не дазволілі нічога пераносіць. — Жэнька, тэлефануй! А ты, Нэла, размаўляць вучыся!

— Доба! — выстраліла літаральна Нэла.

— Значыць, добра!

На ўчастку берага пакрысе вырастала горка будматэрыялаў, асобна складваліся неабходныя ў паходзе рэчы.

Частка 24

Здавалася, блізка, побач востраў і людзей многа, а перанасілі ўсё толькі за гадзіну. Не надта разгонішся па такой сцяжынцы, калі ці не па калена нага лезе ў чорную гразь.

Старшакласнікі яшчэ дзве невялікія вольхі ссеклі, на якія дзед паказаў. Дрэвы падцягнулі да берага, знялі кару, роўна абсеклі сучча, паклалі на беразе паралельна адно аднаму так, каб большая частка кожнага была на беразе, а канец спускаўся да гладзі тоні. Гэта будуць сходні, на іх будзе збірацца плыт, каб можна было яго потым ссунуць ў ваду, бо не такі лёгкі ён будзе, каб можна было панесці!

Пасля шумнага мнагалюднага рання цяпер усе адчулі сябе трохі адзінока: на востраве засталіся дзед Васіль, Жэнька, Віцька, Віталь, Сяргей з Нэлай ды яшчэ вясковыя Андрэй і Толік — яны ўпрасілі, каб ім дазволілі збіраць плыт.

— Ды не перажывайце, мы ж сказалі, што дадзім плыт паплаваць па тоні, — адмаўляўся ад дапамогі Віцька, але тут дзед Васіль заступіўся за хлопцаў:

— Няхай сабе дапамагаюць. Нам не перашкода, а хлопцам усё адно рабіць няма чаго.

— А потым і на плыт папросяцца… — прабурчаў Віцька. ціха, сабе пад нос.

Ён і сапраўды думаў аб тым, што ў апошні момант у іх кампанію яшчэ хто-небудзь дабавіцца. А гэтага не хацелася… Бо Сяргей, Віталь, Нэла і Жэнька — гэта ж ужо свае. А там, на востраве, ім не толькі шукаць трэба, ім яшчэ і думаць, і вырашаць…

Аднак дапамога Андрэя і Толіка была куды як дарэчы: збіраць плыт, хай сабе і па падпісаных яшчэ ў вёсцы частках, набіваць яго адсекі пад лік бутэлькамі, надзімаць дзве камеры, ставіць парэнчы, мацаваць уключыны… Уга, як многа аказалася работы, ды яшчэ дробнай, але неабходнай…

Ледзь управіліся да абеду. Добра, што дзед Васіль камандаваў: ніхто нікому не перашкаджаў, за адну справу ўсе разам не хапаліся.

Ён нарэшце быў гатовы — іх плыт. Нечакана вялікі, ён выглядаў самавіта і надзейна. Так і хацелася ўзысці на роўна ўсланую дошкамі яго паверхню, узяцца за вялікае вясло, апусціць яго ў ваду…

— Ну, з Богам, хлопцы! — скамандаваў дзед Васіль.

Пяць дручкоў падсунулі пад край плыта.

— Раз! Яшчэ раз! Яшчэ — раз!

З кожнай камандай дзеда ўзнімаліся дручкі, і плыт лёгка слізгаў па гладкім альховым бярвенні, бліжэй, бліжэй да вады.

— Яшчэ раз!

Нос плыта ўрэзаўся ў ваду, па роўнай паверхні тоні пакацілася, пабегла далёка-далёка хваля. Кінулі дручкі — так лёгка ідзе плыт, хлопцы ўперліся рукамі — і плыт, цяпер узняўшы яшчэ большую хвалю, увесь апынуўся на чыстай вадзе, памкнуўся наперад, як вырваная на волю жывая істота, ды папярэдне завязаная вяроўчына яго прытрымала.

— Ура! — выгукнула Жэнька, пашкуматала Нэлу. — Крычы ўра!

— Ула! — выгукнула Нэла, трошкі памарудзіўшы і засаромелася, мабыць, свайго голасу — схавала твар у каленях Жэнькі.

Плыт пагойдваўся на вадзе.

— Глядзі, не асеў ніколькі, — з гонарам сказаў Віталь. — Во грузапад’ёмнасць будзе.

— Праверым зараз, — адказаў Сяргей. — Кладзем сходні. Я на плыт.

Сяргей пайшоў да вады, не распранаючыся. Каля краю плыта яму было амаль па пояс.

— Я больш як па калена ў твані стаю, — крыкнуў ён. — І топка вельмі, ногі далей лезуць.

Ён ускараскаўся на плыт. З берага за вяроўчыну плыт падцягнулі ўшчыльную да берага, кінулі сходні. Сяргей прыняў іх, замацаваў на плыце.

— Ну, давайце, правяраем!

Пазаскоквалі адзін за адным пяцёра хлопцаў.

— Га, стаіць як укопаны, — гайсаў ад краю да краю плыта Віталь. — Вось што значыць разлік. Га, Сяргей, як ты добра лічыць умееш!

— Ды ідзі ты! — адмахнуўся Сяргей.

Плыт на самай справе трымаў добра — усе зайшлі на адзін бок, а плыт нахіліўся зусім мала. Бегалі па плыце, падскоквалі, збіраліся разам ля розных бакоў — адным словам, правяралі: ці не хіліцца ў які бок, ці не адышло дзе мацаванне. Усё было добра.

— Есці, — закамандавала з берага Жэнька.

Яна паспела прыгатаваць з таго, што далі ім Ганна Дзмітрыеўна і Пятро Міклуш, вялікі стол на разасланай на траве кляёнцы.

Елі ўзбуджаныя, вясёлыя і — не зводзілі вачэй з плыта, які быццам уліп у чорную ваду, стаяў нерухома, не калыхнецца.

Аказваецца, прагаладаліся добра. Вось што значыць выбраць камандзірам дзяўчыну: не паклікала б — і да вечара не еўшы хадзілі б. А так — вунь колькі было ўсяго: і піражкі, і каўбаса, і бутэрброды, быццам на роту салдат, а дваццаць хвілін не прайшло — і няма нічога.

Сталі заносіць на плыт рэчы. Аж страшнавата стала: гэтулькі ўсяго! Дзве сякеры, тры рыдлёўкі, піла двухручная, малаткі, цвікі — толькі інструменты. А яшчэ вуды, прадукты, посуд, адзенне, палатка… Апошнімі дзед Васіль з Жэнькай і Нэлай зайшлі. Цалкам загружаны плыт адчувальна асеў у ваду, але стаяў цяпер толькі яшчэ больш устойліва.

Апошняя справа на гэтым востраве: Віталь узяў адзін з ім нарыхтаваных калкоў — вешку. Гэта быў калок два метры з нечым вышынёй. Ніжняя частка была пафарбавана адрэзкамі у дваццаць сантыметраў у чырвоную фарбу, верхняя — у такія ж адрэзкі чорнай фарбай. Калок Віталь загнаў у самы край берага на патрэбную яму глыбіню, праверыў, ці роўна ён стаіць.

Андрэй з Толікам са шкадаваннем сходзілі на бераг.

Яны падалі сходні, адвязалі ад вольхі і кінулі на плыт вяроўчыну.

— Шчасліва вам! Вяртайцеся хутчэй!

На вёслы сталі Віцька і Сяргей, рулявым быў Віталь. Адзін узмах вёсел, другі і трэці — і плыт паволі, а потым хутчэй, хутчэй стаў адыходзіць ад берага.

Раптам стала ўсім крышку вусцішна — усё цвёрдае пад нагамі ўмясцілася на вось гэтым плыце. Вакол — справа, злева, спераду і ззаду была чорная вада, пад якой, здавалася, не было дна, а толькі бясконцая халодная глыбіня. А цвёрдая зямля, моц якой пад нагамі і не прыкмячаеш ніколі, стала няўмольна аддаляцца.

Дзед Васіль адчуў гэты настрой:

— Што, крышку не па сабе? Ну, а як жа вы хацелі… Гэта першы раз. Усё новае крыху трывожыць. Нічога, у нас усё надзейна. Не спяшайцеся, хлопцы, грэбці, стоміцеся. І так не адпачылі, лічы. Не так далёка нам плыць…

— Мы з Васілём Яўменавічам трохі змянілі нашы планы, — загаварыла Жэнька самым сапраўдным камандзірскім тонам. — Мы раней меркавалі, што зборку і спуск на ваду плыта закончым недзе да пяці гадзін вечара. А цяпер толькі тры гадзіны. Акрамя таго, у нас ёсць палатка, нам не трэба будзе траціць шмат часу на будан, мы ўжо перакусілі — да вячэры ўсе патрываюць. Таму без заходу на Заечы востраў курс трымаць на Савіны!

— Даеш Савіны востраў! — Віталь вялікім вяслом, якое мацавалася наперадзе плыта і служыла рулём, падвярнуў плыт так, каб нос яго стаў глядзець у бок Савінага вострава. — Гэта ж ён, Васіль Яўменавіч?

— Так, браце, Савіны адсюль самы дальні…

Дзед Васіль ціха сядзеў ля складзеных рэчаў на зробленай скрыні для прадуктаў і курыў адну за другой свае самакруткі. Яго было не пазнаць — ён выглядаў разгубленым, відавочна нерваваўся. Сцішылася, прыціснулася да Жэнькі Нэла, з цікавасцю і асцярогай гледзячы на ваду навокал.

Напачатку адбывалася нешта неверагоднае — і бераг Заікінага вострава стаў імкліва аддаляцца, а Савіны ніколькі не прыбліжаўся, быццам з кожным узмахам вёслаў плыт аддаляўся ад берага, а Савіны востраў — ад плыта. Усё адно як возера рабілася большым, расцягвалася. Нарэшце ледзь прыкметна Савіны стаў набліжацца: быццам сталі падрастаць дрэвы на яго беразе.

Жэнька зірнула на гадзіннік.

— Гэй, на вёслах, 15 хвілін працуеце. Яшчэ столькі ж трэба. Не патаміліся?

— Дойдзем!

— Ну, глядзіце…

Нарэшце забялелі паасобку ствалы бяроз.

Плыт ледзь рухаўся — усе ўглядваліся ў незнаёмае. Дзіўнае гэта было пачуццё, даўно забытае ў дзяцінстве — адкрываць для сябе нябачаныя раней землі.

— Уяўляеце, як першаадкрывальнікам страшна было? — казаў Віталь, углядваючыся ў бераг ужо блізкага вострава. — Мы то ведаем, што тут ні дзікуноў, ні звяроў страшных няма. А яны не ведалі…

— А мы таксама нічога не ведаем. От зараз прытопае на беражок нас сустрэць дыназаўр! — запярэчыў Віцька.

— Сам ты дыназаўр, — шыкнула Жэнька. — Давайце цішэй…

Іх галасы сярод гэтай цішыні гучалі па-чужому і непатрэбна.

— Прайдзіце ўдоўж, — сказаў дзед Васіль нечакана асіплым голасам. — Пашукайце месца з цвёрдым берагам.

Пакуль бераг вострава быў такім жа, як і на Заікіным — топкім, балоцістым.

Але вось тоня нечакана нібыта забегла ўнутр вострава — утварылася невялікая гавань, і бераг тут быў пясчаным, чыстым. А вышэй — кустоўе шчыльнай сцяной, потым — лес.

— Тут і прычальваем!

Прамяралі дно. Яно ў гэтай «бухце» было цвёрдым, два, а бліжэй — паўтара метра глыбінёй. І каля самага берага каля паўметра — крута пачыналася глыбіня. Затое вельмі зручна атрымалася плыт паставіць — развярнулі яго задам і паволі, паволі — да самага берага дайшлі. Сяргей скокнуў на востраў, за дрэўца завязаў вяроўчыну.

— Прычалілі! Сходзім.

Кінулі сходні. І прыпыніліся, азірнуліся на дзеда Васіля.

Той нібыта застыў, углядваючыся ў глыбіню вострава. Раптам усім адначасова стала зразумела, што першым на востраў павінен сходзіць дзед.

Ён паволі падняўся, ні слова не кажучы, пайшоў па сходнях. Стаў на цвёрдую зямлю, акуратна зняў з галавы сваю кепку:

— Ну, вось я і тут, сябры мае. Дзень добры вам! Выбачайце, што толькі праз шэсць дзесяткаў гадоў завітаў да вас. Выбачайце, што збіраемся мы і спакой ваш парушыць. Ды што вам сярод балота ляжаць? Няхай на вашу магілу, як на магілы іншых, кветкі пакладуць… Вось так мы падумалі…

Сталі кругом дзеда ўсе астатнія. Перад імі быў востраў: невядома які па велічыні кавалак сухой і цвёрдай зямлі, парослай лесам, сярод балота. Шэсцьдзесят гадоў тут не ступала нага чалавека. Недзе тут, у гушчыні лесу, ёсць магіла. Недзе тут ёсць зямлянка, у якой шэсцьдзесят год таму хаваліся ад маразоў і карнікаў партызаны…

Было не проста ціха — было бязгучна. Толькі сціхлі іх крокі, услед за якімі недзе ў глыбіні вострава коратка закрычала сойка, і зноў усё замерла, як замірае вада пасля кінутага ў яе каменьчыка.

– І птушак не чуваць, — павяла плячыма Жэнька. Яна адчула сябе тут чужой, а востраў здаўся ёй на імгненне жывым і варожым.

— Бо лета, птушкі ж вясной спяваюць. А цяпер толькі раніцай, спякота ж. Ды песні спяваць і некалі — птушаняты растуць, іх карміць трэба… — супакоіў дзед Васіль.

Знайшлі больш-менш добры праход праз кустоўе, расчысцілі яго больш, падняліся вышэй. Тут было светла: нягуста раслі бярозы, тоўстыя, крываватыя, асіны, парослыя імхом, рэдка сустракаліся высачэзныя яліны.

Выбралі месца пад лагер.

— Ну, давайце абжывацца, — загадала Жэнька на правах камандзіра. — Праверце двойчы, прывяжыце яшчэ адной вяроўкай плыт, пераносім сюды рэчы. Палатку ставім тут, тут — месца для кастра.

— А я сабе вось тут буданчык пастаўлю, — паказаў на месца воддаль дзед Васіль. — Я храплю надта, як сплю, ды і смаліць люблю. Баюся, доўга сёння не засну і вам не дам…

— То зараз мы разам, — памкнуўся быў Сяргей, але дзед яго прыпыніў:

— Нічога, вы сваё рабіце паціху, мне тут няцяжка…

Управіліся з усім за дзве гадзіны: і палатка стаяла, і будан сабе дзед паставіў (які там будан — шалашык маленечкі), і на распаленым кастры ўжо закіпала вада, а Віцька з Віталем чысцілі бульбу. Сяргей захапіў з сабой мяшэчак звараных учора вечарам круп і пайшоў падкарміць рыбу: збіраліся на золку парыбачыць.

Жэнька дастала рацыю, тая адгукнулася адразу ж, быццам Зарэмба толькі і чакаў.

— Дакладваю, Мікалай Рыгоравіч, — пачала весела рапартаваць Жэнька. — Мы на Савіным востраве, дабраліся без прыгод, плыт паказаў сябе супер-надзейна. Разбілі лагер, рыхтуем гарачы абед. Сёння ніякіх пошукаў не прадпрымалі, разведку вострава пачнём заўтра. Здароўе і самаадчуванне ва ўсіх цудоўнае. Ой, Мікалай Рыгоравіч, а як цудоўна на гэтым востраве! — не ўтрымалася Жэнька на афіцыяльным тоне. — Ён чысты, светлы, тут такая цішыня. А дно возера каля вострава пясчанае, заўтра мы купацца будзем!.. Усё, прывітанне нашым перадавайце, няхай не хвалююцца, у нас усё ў поўным парадку!

Пасля абеду стомленыя ляжалі каля палаткі. Столькі ўражанняў на сёння, ды і фізічна папрацавалі. Востраў як быццам прыняў іх за сваіх: цішыня, якая здавалася змоўніцкай, варожай, пакрысе разбілася на мноства ўжо ўлоўных гукаў: вось птушка пераляцела з дрэва на дрэва, крыльцы трапечуць, чмель гудзе ў сінім званочку, конік у траве стракоча, ветрык заблытаўся ў густой кроне бярозы, зашапацеў лісцем, нябачная птушачка ціўкнула, ёй другая адказала…

Было хораша ляжаць вось так, дагары, выцягнуўшы вольна рукі і ногі на густой, ніколі нікім не кошанай траве, глядзець на высачэзныя адсюль, знізу, ствалы дрэў, над вяршынямі якіх, ледзь не чапляючыся, плывуць белыя аблокі… А гэта вось не белае, а шэрае, занадта ж нават шэрае і вялікае…

— Дождж!

Паўскоквалі, а першыя рэдкія, важкія кроплі дажджу запляскалі па лістоце, па траве, па голых спінах. Ускочылі ў палатку, а дождж лінуў спора, быццам з разгону несліся ўніз кроплі. А шумна як стала ў лесе!

Пяць хвілін — і ўсё сціхла. Сонца, якое ўжо адчувальна хілілася да захаду, выглянула з-за хмары, і вакол засвяціліся тысячы іскрынак — ззялі кроплі дажджу на лістоце, на траве. І раптам ажыў лес рознагалоссем: зацвыркала, затрэнькала, зашчабятала, зачырыкала, заціўкала, здавалася, кожнае дрэва ў лесе.

— Во, ажылі ўсе, — зазначыў Віталь. — А не відаць ні адну спявачку!

— Мы прайшлі амавенне, і востраў прыняў нас, — нават урачыста сказала Жэнька на поўным сур’ёзе, — Цяпер мы тут свае, і лес нам нічога дрэннага не зробіць.

Жэньцы ніхто не запярэчыў. Хто яго ведае…

Калі трава прасохла, пайшлі збіраць сушняк для кастра.

Сцямнела хутка — зусім не так, як цямнее ў вёсцы. Шчыра кажучы, было трохі вусцішна, ціснуліся бліжэй да кастра. Вохкнула нешта далёка ў глыбіні вострава, а потым пачуўся шум крылаў.

— Гэта сава на паляванне паляцела, — стаў тлумачыць дзед Васіль. — Заўтра мы пабачым дрэвы з іх дупламі.

— А…Агні, казалі, на востраве, бываюць, — нясмела нагадаў Віталь, баючыся, што з яго пачнуць кпіць. — Блукаюць па зямлі. Ідзеш да іх — яны ад цябе. І ў тоню скачуць…

Але ніхто смяяцца з яго не стаў: на такім востраве ноччу што хочаш можа быць. Ды і расказвалі ж многа пра гэта ў вёсцы.

— Ёсць і агні. Чаму ж ім не быць, — спакойна адказаў дзед Васіль. — От ты зараз устань, адыдзі ад кастра, адвярніся ад яго, пачакай, пакуль вочы да цемры прывыкнуць, і паглядзі… Толькі агні не бегаюць і не скачуць.

— Праўда? — разявіў рот Віталь. — Пайшлі, — ён штурхнуў у бок Сяргея. — Пайшлі ўдвух.

— Пайшлі ўсе! — падхапіўся і Віцька.

Усе разам падняліся, і Нэла з Жэнькай, і сам дзед Васіль устаў. Адышліся ад кастра ў той бок, у які дзед паказаў.

— Пачакайце крыху, а потым глядзіце прама перад сабой… Яны белавата-зялёныя…

Напружана ўглядваліся… Нічога.

І раптам Жэнька ўскрыкнула:

— Бачу!

За ёй і астатнія пабачылі — плямамі, там, там, там — у цэлую няроўную лінію выстраіліся недзе наперадзе бледныя блакітна-зялёныя агні. Не, не скакалі яны, свяцілі халодным страшным святлом, святлом не гэтага свету.

— Што гэта, Васіль Яўменавіч? — спытала шэптам Жэнька. Ёй сапраўды стала страшна.

— А ты не бойся. Падыдзі бліжэй і паглядзі, — падахвоціў дзед. — Няма там нічога страшнага.

— Не-е, — адступілася Жэнька.

Наперад пайшоў Сяргей. Можна было разгледзець яго постаць сярод дрэў. Вось ён бліжэй, бліжэй да агнёў… І Віцька сарваўся з месца, подбегам заспяшаўся да Сяргея.

Аказалася, што агні — зусім недалёка. Было бачна, як Сяргей і Віцька разам нахіліся… Павярнуліся — і два агні ужо свяціліся на ўзроўні іх грудзей! А адзін і ўвогуле ўзляцеў над іх галовамі і завагаўся сюды-туды…

Хлопцы вярталіся — і неслі гэты нежывы агонь.

— Вось, — падышлі яны да астатніх, і Віцька працягнуў… кавалак гнілога дрэва.

— Ух ты! — выгукнуў Віталь. — Як я не даўмеў! Флюарэсцэнцыя! Дожджык якраз пайшоў… Ух ты, абавязкова з сабой вазьму.

— Гнілая асіна? — спытала недаверліва Жэнька, прымаючы з рук брата гнілушку.

— Ага! Некаторыя мікробы свецяцца. Асабліва вось як цяпер — пасля дажджу. Там жа асіна трухлявая ляжыць, так?

— Ляжыць там асіна, — усміхнуўся ў цемнаце дзед. — Я яе яшчэ ў дождж прыкмеціў. Так і думаў, што засвеціцца.

— А здорава як свеціць! — захапляўся Віталь, падносячы гнілушку бліжэй-далей да далоні. — Во, як далонь асвятляе…

Сапраўды, калі гнілушку набліжалі да самай далоні, скура асвятлялася мярцвяна-бледным святлом.

— Ну вось, адна загадка Ведзьмінай тоні мае вельмі простую адгадку, — падсумаваў Віцька. — Заўтра нам трэба разгадаць яшчэ адну.

— Цяжкавата будзе, — астудзіў яго пыл дзед Васіль. — Нічога, хлопцы, я тут не пазнаю. Прайшоўся вось — і не магу сказаць нават, у якім месцы была зямлянка. Ды і зіма тады была, — са скрухай закончыў стары.

— А якія дрэвы там раслі? — спытаў Віталь.

— За столькі гадоў твае дрэвы зусім другімі сталі, — махнуў рукой Віцька. — Трэба абыходзіць увесь востраў і шукаць…

— Што шукаць? — загарэўся Віталь. — Васіль Яўменавіч, дык якія дрэвы каля зямлянкі вашай раслі?

— Некалькі ялінак было… Але ж іх тут многа дзе.

— Ну, вялікіх ялін тут мала…

— За столькі гадоў… магла вырасці яліна, а магла малой засохнуць. І вырасці магла, а потым упасці і згніць, — гнуў сваё Віцька.

— Так, усё магло быць, — нявесела зазначыў дзед Васіль. — Але паспрабуем заўтра пашукаць найперш вялікія яліны. Пад нагамі паглядзім — мо дзе ляжыць тоўстая гнілая… Зямлянка наша даўно абвалілася… Ну, нейкая яміна павінна быць…

— Карацей, нечага цяпер спрачацца, — спыніў хлопцаў Сяргей. — Будзе ранак — будзе бачна. Кладземся спаць, а то рыбалку праспім.

— Не праспіце, я вас пабуджу, — паабяцаў дзед Васіль. — Кладзіцеся, адпачывайце. Натаміліся за дзень.

Сам ён яшчэ доўга сядзеў ля кастра, паліў і паліў свае самакруткі, толькі сіні дымок віўся над яго галавой…

Частка 25

Ранак выдаўся ціхім, нечакана цёплым, хоць і вада была блізка. Лес не звінеў мноствам галасоў, як тады пасля кароткага дажджу, не, у лесе даўно пачаўся новы дзень, і галасы ў ім былі падобныя на гукі ў ранішняй вёсцы: усе выкліканыя турботай, клопатам, пачаткам новага дня.

Жэнька расплюшчыла вочы — у палатцы было ўжо светла. І азірацца не трэба было — па дыханні зразумела, што ўсе яшчэ спяць.

Жэнька асцярожна зняла з сябе ручку Нэлы, прыкрыла акуратней малую, устала. Адкрыў у другім канцы палаткі вочы Сяргей, умомант сеў, глянуў на Жэньку, на сонечныя плямы на брызенце палаткі:

— Чорт, рыбалку праспалі! — адчайна прашаптаў ён і тут жа выскачыў вонкі.

За ім выйшла і Жэнька. Зірнула на гадзіннік — сем гадзін раніцы.

Дзед Васіль сядзеў ля распаленага кастра. Відаць было, што ён толькі што падвесіў над ім чайнік — яшчэ не высахлі кроплі вады на баках. Полымя невялікага кастра лізала чорныя бакі чайніка, шыпела.

— Добрай раніцы! — прывітаўся дзед з Жэнькай і Сяргеем. — Будзіце, мабыць, астатніх, хутка і чай будзе. З траў, пахучы, лячэбны…

— А чаму вы нас не разбудзілі, як абяцалі? — гэта ўжо галава Віталя выглянула з палаткі, а потым і сам ён пад штуршком Віцькі выкаціўся вонкі. — Рыбачыць збіраліся… — бурчэў Віталь.

— Як вам спалася, лепей скажыце? — прыжмурыўся дзед Васіль.

— Ой, я нібыта правалілася, — пацягнулася Жэнька. — Думала, будзе пад галавой цвёрда, нязручна, а ледзь галава лягла — сплю. А прачнулася — нібыта сто гадзін праспала.

— А мяне як выключылі, — расказваў Віцька. — Думаю, зараз прадумаю план пошукаў, каб было што сказаць сёння, а тут — пстрык і сплю.

— Ну, вось… — дзед усміхнуўся. — Так вы тут салодка спалі, пахропвалі, што шкада мне стала вас будзіць. Нічога, Сяргей, — дзед павярнуўся да хлопца, — наша рыба будзе нашай. У Бога дзён многа.

— Ат, я не перажываю, — усміхнуўся і Сяргей. — Мне таксама спаць хацелася. Даўно так спакойна не было…

— Ну, бяжыце, умывайцеся, будзем снедаць…

Іх плыт стаяў на месцы, здавалася — нечым пакрыўджаны, мо таму, што такі кароткі быў яго першы паход, і зноў вось прывязалі… Тоня ляжала пад коўдрай тумана. Ён ужо быў рэдкаваты, недзе на праплешыны ўжо чыстай вады падалі яркія промні сонца. Туман узнімаўся пакрысе ўверх.

Вада ад берага была цёплай.

А далей у іх бухце віравала жыццё. То тут, то там раздаваліся кароткія ўсплёскі, паверхня вады раптам прарэзвалася імклівым нябачным плаўніком…

— Гуляе наша рыба, — у захапленні загаварыў Віцька. — От, глядзі, глядзі!

Велікаваты карась проста выскачыў з вады ажно, плёхнуўся назад, толькі кругі пайшлі па вадзе.

— Ой, як скача! — выгукнула Жэнька.

— Гэта ўжо не гуляе, — пракаменціраваў Віталь. — Гэта ўжо ён жыццё сваё ратаваў. За ім палявалі…

— Ну, зробім справу — сяду на дзень са спінінгам! — паабяцаў сам сабе Сяргей. — Ніколі яшчэ шчупака не лавіў.

– І я не лавіў, — прызнаўся Віталь. — Дзядзька спінінг падарыў, а мне з ім і хадзіць не было куды.

— Я спрабаваў, нічога няма складанага. Галоўнае — акуратна і не спяшацца, — супакоіў усіх Віцька. — Адзін спінінг на траіх — паспрабуем усе.

Узбуджаныя, вярнуліся да кастра. Там ужо і Нэла падстаўляла складзеныя далонькі — дзед паліваў, яна ўмывалася. Чайнік на кастры закіпаў.

Хутка сталі гатаваць сняданне.

Чай, бутэрброды — есці пакуль не хацелася. Узбуджаныя будучымі пошукамі, снедалі хутка.

Жэнька звязалася па радыётэлефоне з дыспетчарскай. На гэты раз Зарэмбы не было — сказалі, што ён паехаў у раён. Жэнька перадала, што ў іх усё добра, каб не хваляваліся. Пачынаюць пошукі.

…Ішлі, як і дамовіліся — на дзесяць крокаў адзін ад аднаго, строга па прамой. Так вырашылі ля кастра. Прачэсвалі літаральна ўвесь лес, шукалі зямлянку.

Проста сказаць было — ісці ланцугом. Тут паспрабуй прайдзі, калі лес рос гэтулькі гадоў сам па сабе. Таму і ішлі паволі. Калі хто прыпыняўся, яго чакалі, нехта знаходзіў нейкае паглыбленне — падыходзілі, спрабавалі раскапаць трохі, дакладна вызначыць: яма гэта ад вываратня якога засталася ці гэта зямлянка…

Востраў аказаўся не такі і маленькі. Ад іх плыта трэба было прайсці добрых пяцьсот метраў праз лес. І то лес не заканчваўся, не абрываўся, а паступова ўсё больш вольхаў траплялася на шляху, з’яўляліся вялікія нізкія ўчасткі з вадой. Далей — болей, радзеў і святлеў лес, адначасова нібы спускаючыся ў балота. Нарэшце дрэвы знікалі, кусты вербалозу стагамі ўзнімаліся на цяпер ужо роўнай, парослай дзе асакой, дзе разнатраўем паверхні. А пад нагамі знікала цвёрдая зямля. Хлюпала, засмоктвала імкліва…

Круглым востраў не быў, і як Віталю не карцела хутчэй скласці яго дакладную карту, гэту справу адклалі на потым.

Праз тры гадзіны пошукаў зямлянку знайшлі.

Ніякіх сумненняў не было, што гэта — зямлянка. Адразу за вываратнем быў добра бачны паўабвалены ўваход, з невялікага ўзгорка тырчалі спарахнелыя камлі нятоўстага бярвення — адразу можна было сказаць, што гэта — насыпаны дах падземнага жытла.

І дзед Васіль адразу прысеў на выварацень, стаў нервова даставаць сваю бляшанку з тытунём.

— А ад нашай палаткі зусім недалёка, — азірнуўся назад Віталь. — Ну, што, давайце па інструменты збегаем…

Прынеслі рыдлёўкі, трыножнік тэадаліта, сам тэадаліт. Яшчэ — тры вешкі з Віталевага набору.

Віцька з Сяргеем узяліся за рыдлёўкі. Віталь настроіў тэадаліт, заглядваў у акуляр — вышукваў адсюль вешку на беразе тоні, ля плыта. Яе не было відаць за кустоўем. Жэнька пабегла — перанесла вешку і паставіла перад кустамі. Віталь хутка накідваў прыблізны план вострава, дакладна адзначыў толькі адно месца: становішча зямлянкі адносна стаянкі іх плыта і лагера.

Сяргей і Віцька тым часам раскапалі ўваход у зямлянку, адкінулі спарахнелыя рэшткі бярвення.

— Там, у куце справа, павінны быць зямлёй прысыпаны нямецкі карабін. Ён без патронаў у нас застаўся, — сказаў дзед Васіль, у чарговы раз круцячы самакрутку. — Як наша гэта зямлянка і калі пасля нас хлопцы не краналі нічога…

— А вы сумняваецеся? — спытала Жэнька.

— Цяжка сёння паверыць, што гэта ўсё было, — ціха адказаў дзед.

Нырнуў у зямлянку Сяргей.

— О, тут столь вось-вось абваліцца… Трэба зверху скідаць усё, — зазначыў ён. — А то прыцісне…

— Скідайце, — дазволіў дзед Васіль.

Пачалі скідаць асцярожна зверху зямлю з рэшткамі бярвенняў. Пакрысе стала вымалёўвацца зямлянка — сцены і падлога. Самая звычайная яма, прамавугольная, два на тры метры. У цэнтры — вуголле ад кастра, некалькі камянёў. Адрэзкам тоўстага дроту, востра заточанага з аднаго канца — шчупам — Віцька абмацаў указаны дзедам кут. Стальны дрот мякка ўваходзіў у зямлю, нарэшце непрыемна скрыгатнула жалеза аб жалеза.

— Ёсць нешта!

Хутка раскапалі. Так і ёсць — карабін з іржавай руляй, а прыклад ніколькі не спарахнеў.

Асцярожна паклалі зброю на выварацень. Жэнька шчоўкала і шчоўкала фотаапаратам, не шкадуючы плёнкі.

Дзед Васіль узяў у рукі карабін, агледзеў уважліва прыклад.

— Гэта мой… Першага свайго і адзінага фашыста я з яго застрэліў.

— Адзінага?

— З гэтага карабіна — адзінага. Потым у мяне аўтамат быў, ППШ. Цяжкі быў вельмі для мяне, плячо балела яго насіць. Але надта ж сек добра…

Карабін адчысцілі збольшага ад зямлі, разглядвалі кожны па чарзе доўга, прымерваючы да сваіх плечукоў сапраўдную зброю.

— Ну, вось, знайшлі… — Віталь прысеў перад зброяй, асцярожна ўзяў у рукі карабін. — А той …партызан пісаў, што ён таксама зброю хаваў… А ў якім прыблізна баку магіла?

— От сяджу і думаю, — адказаў дзед Васіль. — Той хворы партызан не мог далёка адцягнуць трупы. І не думаю, што цягнуў у бок ад увахода. Так што будзем шукаць у гэтым накірунку, — павеў дзед рукой.

— То шукаем?

— Не, робім перапынак, — распарадзілася Жэнька. — Вяртаемся ў лагер, інструменты кідаем тут. Перакусім чаго, а то адзін чай з бутэрбродамі пілі, а ўжо хутка поўдзень. Хто ведае, колькі мы часу магілу шукаць будзем, — патлумачыла яна напрыканцы.

– І так правільна, — падтрымаў яе дзед Васіль. — Не будзем спяшацца.

Відавочна было, што стары надта ўсхваляваны. Гэта зразумелі ўсе, і ніхто не стаў пярэчыць Жэньцы.

Інструменты пакінулі, а карабін — сваю першую знаходку — ўзялі з сабой. І тэадаліт, вядома, Віталь зняў з трыножніка.

На абед патрацілі больш за гадзіну. Крыху адпачылі, ніхто не рваўся ісці — без слоў разумелі, што каманду на гэта павінен даць толькі дзед Васіль.

І сам дзед зразумеў чаканне астатніх. Скурыўшы чарговую сваю смярдзючую цыгарку, падняўся, агледзеў хлопцаў:

— Ну, што, давайце пойдзем шукаць… Цяжкавата будзе: узгорак над магілай даўно асеў, хутчэй невялікая яміна будзе… І камяні тыя ў траве ды пад ігліцай схаваны могуць быць…

У апошніх словах дзеда хутка пераканаліся — лес паўсюдна здаваўся аднолькава роўным. Нідзе не было відаць ні ўзгоркаў, ні аднаго вялікага каменя.

Праз паўгадзіны безвыніковых пошукаў Віталь прапанаваў:

— Слухайце, так шукаць — нічога мы не знойдзем. Застаецца адно: дакладна праходзіць кожны метр.

— Гэта як?

— Проста. Зараз ад зямлянкі возьмем накірунак. Але не па прамой, а вуглом — чым далей ад зямлянкі, тым больш у шырыню. Вызначым дакладна — паставім вешкі..

— Усё ты з гэтымі вешкамі, — незадаволена прабурчаў Віцька. — Так запомнім.

— Не запомнім, — падтрымаў Віталя Сяргей. — Правільна, паставіць вешкі, разбіць гэты вугал на часткі і кожную частку рукамі абмацаць…

— Ого! А часу колькі на гэта пойдзе?

— Колькі не пойдзе, а інакш не атрымаецца. А час у нас не куплены. Будзем шукаць. Затое будзем ведаць, што там, дзе прайшлі, ужо дакладна няма магілы.

Зноў сабраліся ля зямлянкі.

— Ну, даю вугал у дваццаць градусаў, — круціў калёсікамі прыбора Віталь. — Бяжы, Сяргей, вунь да той бярозы крывой… Ты, Віцька, вунь туды, там куст чарнее, а далей я крыкну…

Паставілі па адной вешцы, потым падышлі бліжэй да зямлянкі — самая мінімальная адлегласць, на якой магла быць магіла, паставілі зноў вешкі… Потым па яшчэ адной — між імі і яшчэ па дзве — між гэтымі.

— Ну вось, пайшлі прачэсваць сектары…

У Віцькі быў яго шчуп, у астатніх — ёмкія пруткі. Варушылі траву, узнімалі падазрона прыўзнятыя мох і лісце.

— Камяні ніколі ў зямлю не хаваюцца, — казаў дзед Васіль, разам з усімі «прачэсваючы» першы іх сектар. — Камяні зямля выпіхвае на паверхню. Значыць, нашы не павінны схавацца, павінны ляжаць недзе…

Першы вялікі камень знайшоў Віцька. Тут жа рыдлёўкай пракапалі вакол каменя неглыбокую траншэю кругам.

— Калі тут нехта капаў яму, то зямля на тым участку будзе адрознівацца ад любога іншага месца, — тлумачыў Віталь. — Не, тут няма нічога, бачыце — усюды роўна…

— На ўсякі выпадак потым пройдзем шчупам яшчэ, — прапанаваў Віцька.

— Абавязкова, — махнуў галавой Віталь. — Ды, спадзяюся, не спатрэбіцца…

Усе сектары яны прайшлі, лічы, як тыя грыбнікі, варушачы кожную самую невялікую горку з лісця. І нічога. Вярнуліся да адзінага знойдзенага каменя, шырэй раскапалі траншэю — нічога не паказвала на тое, што раней тут нешта капалі. Віцька шчупам прамацаў зямлю, кожны кавалачак вакол каменя — нічога…

Стомленыя няўдачай, прыселі на выварацень каля зямлянкі.

Маўчалі. Раптам падалося, што іх спадзяванне адшукаць магілу на гэтым востраве — марнае. Што нічога не атрымаецца з іх плана. І што ўвогуле няма ніякай магілы тут, і не было таго дакументу ў Інтэрнэце. І што будзе ім сорамна вяртацца ў вёску. А потым — гэта ж абавязкова! — прыедзе той атрад «Пошук». У іх, няйначай, і металашукальнік ёсць…

— Чорт, нам бы металашукальнік, — са шкадаваннем працягнуў Віталь. — У пяць хвілін бы ўсё знайшлі.

— Знойдзем і так, — накінулася раптам на Віталя Жэнька. — Бач, падавай яму ўсё, каб не выходзячы з палаткі ўсё адшукаць. Мы і сотую частку яшчэ не агледзелі, а ўжо плакаць.

— А я што? Я нічога… — стаў апраўдвацца Віталь.

У гэты момант Нэла саскочыла з каленяў Жэнькі, падышла да Віталя і, гледзячы прама ў яго твар, нечакана строга загадала:

— Не пач!

— Правільна, Нэла! Малайчына!

Сяргей схапіў Нэлу на рукі, высока падкінуў, прыціснуў да сябе:

— Не плач, Віталь, адшукаем! Праўда ж, Нэла?

— Паўда!

Усе зразумелі, што адбылося — Нэла не проста паўтарыла словы ці гук — яна сказала тое, што сама збіралася сказаць. І гэта раптоўна зменшыла іх агульную няўдачу. І на самай справе — чаго плакаць?

— Разбівай наступны сектар! — усхапіўся Віцька. — Сяргей, ставім вешкі! Бягом!

Ці не подбегам сталі разбіваць наступны ўчастак іх пошукаў.

…Грудку камянёў пабачылі, лічы, ўсе разам — у неглыбокай яміне.

І — застылі перад імі моўчкі, без слоў зразумеўшы, што гэтая яміна — некалішні ўзгорак.

А літаральна ў трох кроках ад гэтых камянёў ляжалі рэшткі адзення, бялелі раскіданыя косткі.

Маўчанне парушыў дзед Васіль.

— Ну, вось і сябры мае… Вось і наш чацвёрты… — паказаў дзед на бялеючыя косткі.

— Гэта… Што гэта? — шэптам спытала Жэнька.

Дзед азірнуўся ў пошуках нечага, пабачыў недалёка паваленую ветрам асіну.

— Хадзем, сядзем. Пакурым, памазгуем…

Маўчалі, пакуль дзед круціў сваю самакрутку, распальваў.

— Не зразумелі, што за косці побач?

— Гэта той Пітэр!? — выгукнуў Віцька.

Ніхто не здзівіўся яго словам — здавалася, што Віцька толькі агучыў іх агульную думку, якая без слоў перадалася ад аднаго да другога.

— Дык гэта тое якраз, аб чым вы нам недагаворвалі? — спытаў Віталь. — Там, калі ў садку казалі.

— Так, тое… — пачаў дзед. — Памятаеце, пра рыбака я расказваў, які моўчкі, ні з кім не загаворваючы, сноўдаўся па Ведзьмінай тоні, а потым толькі лодку я пустую знайшоў? Па часе гэта якраз супадае з тым дакументам, што ты, Віцька, адшукаў. Дзевяць гадоў… Я так і падумаў, што вернецца ён сюды, да сваіх сяброў. Ён і вярнуўся. Адшукаў магілу і… памёр тут. Вось і ўсё, і нічога нам ні выдумляць, ні апраўдваць не трэба — усё чацвёра нашых вяскоўцаў ляжаць тут, на Савіным востраве…

— Мабыць, трэба нам яшчэ нешта зрабіць… А можа, і не тая гэта магіла? — задумаўся Віцька. — Трэба ўсё праверыць… Каб дакладна.

– І косці тыя… Прыбраць іх трэба, — падумала ўголас Жэнька і тут жа дадала: — Але я баюся іх кранацца…

— Усё правільна, — падтрымаў дзяцей дзед. — Зараз мы праверым магілу, збяром тыя косці… Ты сабе Жэнька ідзі з Нэлай у лагер…

— Не, мы побач пабудзем. І мне здымаць трэба.

— Ну, добра… Пайшлі, хлопцы.

Падышлі да мяркуемай магілы, пракапалі неглыбокую траншэю паўкругам.

— Так і ёсць, бачыце, як добра відаць, — паказаў Віталь на траншэю. — Вось тут зямлю не чапалі, а тут бачна, што капалі, перамешаны пясок і чарназём…

Гэта ўсім было зразумела.

— Ну, дайце мне рыдлёўку, — працягнуў руку за інструментам дзед Васіль. — Вы пасядзіце. Мне старому, такі грэх прабачыць Бог. Я сам…тут не павінна быць глыбока…

Ён акуратна расчысціў верхні пласт зямлі. Цяпер магіла была бачна добра.

Дзед асцярожна стаў капаць у верхняй частцы магілы.

Рэжучы гук прымусіў усіх здрыгануцца — рыдлёўка зачапіла за жалеза. Дзед рукамі стаў разграбаць пясок, адкідваць яго далей. Паказалася іржавая ваенная каска. А ў касцы — забялеў чэрап.

Войкнула, адвярнулася Жэнька.

Дзед прытрымаў чэрап на месцы, выцягнуў з пяску каску, падаў Сяргею, які стаяў бліжэй за ўсіх да магілы.

— Глядзі, ззаду павінна быць дзірка невялікая ад кулі. Каску мы яшчэ хлапчукамі на полі бою падабралі, калі нашы адступалі. Каска была толькі ў Андрэя.

Была дзірка ў касцы…

Дзед вылез з ямы.

— Ну, хлопцы, цяпер давайце збіраць тыя косці. Пакладзём іх сюды, да астатніх, закапаем акуратна, добрую магілу зробім…

— Навошта? — здзівіліся ўсе. — Дык а перазахаванне?

— Будзем сённяшнім днём жыць, — спакойна патлумачыў ён.

Дзіўна, але калі знойдзеная зямлянка не на жарт ўсхвалявала старога, то раскапаная магіла, а галоўнае — выцягнутая з магілы каска канчаткова супакоілі яго. Да дзеда вярнуліся ўпэўненасць, размеранасць і нетаропкасць. Ён зноў быццам у садзе сваім вязаў кошыкі — стаў казаць і рабіць усё без спеху, грунтоўна.

— Што будзе заўтра — ніхто не ведае. Можа, я памру, можа, начальства наша перадумае, — казаў дзед і круціў цыгарку, і рукі цяпер яго нічуць не дрыжалі, як некалі. — А мы павінны з вамі зрабіць тое, што павінны: насыпаць добрую магілу, паставіць добры крыж…

— А і праўда, — згадзіўся нечакана Віцька. — Я толькі гэтым летам столькі загадваў — мала што спраўдзілася. Хто яго ведае, што там заўтра будзе…

— Вось, а нам трэба тут усё зрабіць, — працягваў дзед Васіль. — Каб хто з жадаючых з нашай дапамогай мог сюды прыйсці і на чалавечую магілку патрапіць, а не ў яму ўпасці… Давайце, хлопцы …

Белыя косці былі расцягнуты трохі звярамі (сюды і ваўкі маглі забрысці). Іх збіралі ў рэшткі курткі, у якую быў некалі апрануты мужчына. Куртка згубіла і колер, і форму, але тканіна была сінтэтычная, то яшчэ не спрахла. Зносілі косці да ямы, дзед акуратна ўкладваў, прысыпаў пяском. Доўга шукалі чэрап. Нарэшце знайшлі ў высокай траве — праз пустыя вачніцы яго, што глядзелі ў высокае неба, прарасла трава…

Адчуванне таго, што яны робяць не тое, што планавалі, пакрысе прайшло і ў Жэнькі, хоць усё супраціўлялася ў ёй. Яна напачатку хацела сказаць, каб увогуле не закапвалі і разрытае — вось сказалі б там, у райцэнтры, што тут косці на паверхні ляжаць — не кінулі б справу, прыехалі б… Але за гэтыя дні яна цалкам стала давяраць дзеду. Ён жа разумны стары. Ён не хлусіць…

Сабралі ўсе косці, старанна праверылі ўсё вакол таго месца, дзе ляжаў касцяк — каб нічога не пакінуць. Асобна сабралі рэшткі адзення.

Невялікі ўзгорак насыпалі, падраўнялі з усіх бакоў — і трошкі аж не па сабе стала — раптоўна сярод лесу з’явілася ўжо сапраўдная магіла. Дзед ручкай рыдлёўкі паціскаў на пяску зверху — намаляваўся крыж.

— Ну, вось… Цяпер давайце падумаем, што з рэшткамі адзення рабіць.

— Спалім ды і ўсё, — прапанаваў Сяргей. — Каб ніхто ніякіх пытанняў нам не задаваў.

— Правільна, — падтрымаў Віцька. — Мы знайшлі толькі косці…у самой зямлянцы. І нічога больш.

— Ну, давайце так і зробім, — згадзіўся дзед.

Спалілі рэшткі адзення. Смярдзючы дым вецер адносіў убок.

— Якія ў вас цяпер планы? — спытаў дзед.

— Ды… Трэба дакладна месца на карту нанесці, карту вострава скласці. Трэба і тую зброю адшукаць, — стаў пералічваць Віталь.

— Ды пачакае твая карта, — перабіў яго Віцька. — Рыбу вось пойдзем лавіць. Якраз вячэрні клёў. А зброю не знойдзем без металашукальніка.

— Добрая справа — рыбу палавіць, — кіўнуў дзед. — Але яшчэ ранавата. А ты, Жэнька, як мяркуеш?

— Не ведаю… неяк мы ўсё планавалі да моманту знаходкі. Трэба вяртацца, мабыць…

— Як вяртацца? Ты што?

Хлопцы аж падскочылі з месца. Дзед супакоіў усіх.

— Ну, ты, Жэнька, па тэлефоне Рыгоравічу даложыш, як вернецца… А вось кажы толькі яму самому, больш нікому… Вось так пакуль зробім: мне, хто дужэйшы — мо ты, Сяргей, дапаможа дубок зваліць (я тут прыкмеціў) і сюды прыцягнуць, парэзаць. А вы сабе востраў мерайце. Думаю, дакладная карта патрэбна будзе… А потым я тут крыж майстраваць буду — а вы сабе ідзіце, рыбачце. Дамовіліся?

З дзедам пагадзіліся.

Частка 26

Дарэмна Віцька бурчэў — складанне карты вострава захапіла яго. Ён па камандзе Віталя ішоў краем вострава, ля пачатку балота, і сам уяўляў, як малюецца лінія берага на карце. Кропку за кропкай памячаў Віталь, Віцька пераходзіў далей і далей, нарэшце — круг замкнуўся.

Востраў на карце выглядаў зусім не круглым — паўкруг. Ды яшчэ няроўны. Нічога не казала аб тым, што ён тут некім насыпаны… І Заікін быў у напрамку Савінага вострава без намёку на нейкі таямнічы азімут.

— Нічога, мы яшчэ астатнія праверым, — не здаваўся Віталь. — І раскопкі трэба правесці на месцы зямлянкі — што там за бярвенні, пра якія дзед расказваў…

Сяргей падышоў да палаткі — дзеду ён больш не трэба быў: той сам майстраваў невялікі крыж.

Жэнька ўжо двойчы тэлефанавала — Зарэмба усё яшчэ не вярнуўся ў вёску. Нэла, стомленая доўгім блуканнем па лесе, цяпер моцна спала ў палатцы.

Жэнька адмовілася ісці з хлопцамі на рыбу — у апошні момант, гледзячы на салодка спячую малую, яна зразумела, што сама неверагодна стамілася. І прылегла побач з ёй.

…Не, такога клёву яны даўно не бачылі. І сам Віталь, які не вельмі захапляўся той рыбалкай, разгарачыўся так, што ў першыя дзесяць хвілін аж прытанцоўваў на месцы.

Ах, якія ж чапляліся карасі! Адзін у адзін, жоўта-залатыя, вялікія! І не гулялася рыба з нажыўкай: толькі ледзь варухнецца паплавок — і адразу ішоў адным штуршком у глыбіню. Эй, давай, цягні!

Вядзерца запоўнілася за пятнаццаць хвілін — а рыба брала і брала. Віталь за вялікім вядром збегаў, а Сяргей у гэты час краснапёрку выцягнуў: такая прыгожая.

Недзе хвілін сорак працягваўся такі клёў — не паспявалі закідваць.

А потым нібыта раз — і нехта прагнаў адсюль усю рыбу.

Паплаўкі нерухома стаялі ў цёмнай вадзе, быццам прымерзлі. Ветрыка не было, а тут падзьмуў, невялікія хвалі запляскалі аб плыт, з якога рыбачылі хлопцы…

— Так, цяпер на спінінг паспрабуем, га? — прапанаваў Віцька. — Відаць, шчупак тут гуляе, вось і перастала рыба браць.

— Давай, — без асаблівага энтузіязму адказаў Віталь. Яму ўмомант стала тут нецікава. Але вырашыў застацца, паглядзець. Сам на спінінг ён лавіць не збіраўся.

— Плыт трэба далей адвесці, — прапанаваў Сяргей. — Тут размахнуцца няма дзе.

Адвязалі плыт, усцягнулі сходні, адплылі далей ад берага.

Адзін закід, другі, трэці… Толькі на пяты блясна паляцела досыць добра — далёка і туды, куды Віцька цэліў. Нічога…

Ён абыякава ўжо (мо дзесяты раз упустую!) круціў катушку, як раптам лёска напялася. І — не пакруціць.

— Зачапіў, — плюнуў ад прыкрасці Віцька.

Пакруціў яшчэ — лёска з цяжкасцю, але намотвалася на катушку.

— Давай, падплывём, — падказаў Сяргей. — Віталь, бярыся за вясло.

Пачалі грэбці ў тым напрамку, дзе пад вадой хавалася лёска. Віцька пакручваў катушку, але лёскі намотвалася толькі на столькі, на колькі набліжаўся плыт.

— Нешта цягне, — раптам са страхам прашаптаў Віцька. — Нешта цягне!

— Не кідай! — закрычаў Сяргей, бачачы, як задрыжалі ў Віцькі рукі.

Было нястрымна бязлюдна тут — сярод чорнай вады, на паверхні якой беглі аднолькава роўныя частыя хвалькі. Вецер стаў нечакана халодным. А з аднаго і другога боку на сонца насоўваліся дзве сіне-фіялетавыя хмары. І нешта нябачнае ў глыбіні роўна, з неймавернай сілай цягнула лёску, а за ёй вуду і самога Віцьку ў халодную глыбіню…

Сяргей перахапіў спінінг — цяпер яны трымалі яго разам і разам адчулі, як нешта там, у глыбіні, роўна і неўтаймавана цягне, цягне і цягне.

— Адпусці, няхай размотвае… адпусці тормаз, — шэптам загадаў Сяргей.

Лёска пачала размотвацца — роўна, быццам пад вадой была такая ж катушка і там нехта намотваў лёску — не спяшаючыся, пакрысе.

— Прытарможвай, прытарможвай…

Але прытарможваць было дарэмна. Калі лёска разматалася ўся, хлопцы адчулі, што іх цягнуць разам з плытам.

— Віталь, грабі!

Віталь сутаргава гроб адным вяслом, але плыт разварочвала, і ён плыў.

— Трымай! Упрыся ў парэнчы спінінгам і трымай толькі! — Сяргей дапамог Віцьку паставіць спінінг так, каб невядомая сіла прыходзілася не на рукі хлопцаў, а больш на парэнчы, сам схапіў другое вясло.

Яны граблі хвілін колькі — плыт як быццам спыніўся. Лёска аслабла — і Віцька не разгубіўся, імкліва наматаў слабіну на катушку.

Потым іх зноў пацягнула — на гэты раз крута ў другі бок. І зноў спыніліся, зноў крыху аслабла лёска. Хлопцы супакоіліся, прайшла разгубленасць перад невядомым, пачыналася нешта падобнае на нечаканае спаборніцтва. Віцька зноў падматаў лёску. Зноў іх плыт панесла — ужо ў другі бок. І зноў энергічна граблі…

Па метры, па два падмотваў Віцька лёску. Плыт ужо амаль не кранаўся з месца, толькі млява паварочваўся туды-сюды. Віцька намотваў лёску, хлопцы ціха падграбалі.

— Божачкі! — выгукнуў спуджана Віцька.

Сяргей і Віталь кінулі вёслы, падскочылі да Віцькі.

І пабачылі тое, што так напужала іх сябра — да плыта ў верхнім слоі вады набліжалася чорнае, жывое бервяно. Яно ледзь рухалася, але ў ім адчувалася столькі сілы, што здавалася: захоча — праб’е наскрозь іх плыт.

— Што гэта?

— Чорт ведае. Шчупак, відаць…

— Такі здаровы? Ён жа Нэлу праглыне…

— Не праглыне… Не падмотвай больш. Трымай толькі. Як моцна пацягне — адпусці крыху… Віталь, давай на вёслы. Будзем грэбці да берага. Толькі не надта спяшайся…

Яны грэблі хвілін дзесяць — за гэты час Віцька крыху адпусціў лёскі. Яшчэ колькі ўзмахаў вёслаў — плыт падышоў да берага.

Там Жэнька з неразуменнем глядзела на заклапочаных хлопцаў. Яна і Нэла зайшлі ў ваду, чакалі плыт.

— Выходзьце з вады, — засіпеў, а не закрычаў Віцька. — Клічце дзеда!

Дзед Васіль ужо сам падыходзіў да берага. Ён зразумеў усё адразу, як толькі пабачыў, з якім напружаннем Віцька трымае спінінг.

Ён дапамог Жэньцы і Нэле вылезці на стромкі бераг.

— Не хвалюйцеся, не хвалюйцеся, усё вы правільна зрабілі, — стаў казаць да хлопцаў на плыце. — Так, памучылі рыбку, няхай яшчэ моцы пагубляе… Падцягвай, падцягвай пакрысе… Сяргей, скачы долу, бяжы да палаткі і нясі сякеру, — гледзячы пільна на ваду загадаў дзед. — Віцька, як моцна пацягне — адпускай памалу, не трымай, а то парве лёску. А потым падцягвай…

Сяргей скокнуў з плыта на бераг, ірвануўся ў бок іх палаткі, вярнуўся назад з сякерай. Дзед Васіль перахапіў яе з рук хлопца, спакойна пайшоў у ваду ў напрамку напятай лёскі.

— Ну, паспрабуйце падцягваць… Цягні не катушкай, а рукамі, а потым падмотвай.

Сяргей перахапіў спінінг з рук Віцькі — у таго пабялелі ўжо пальцы. Віталь трымаў спінінг таксама, Сяргей прыўздымаў яго, апускаў — і ў гэты момант падкручваў лёску.

— Ну, бервяно цягнецца…

Дзед Васіль крок за крокам ішоў насустрач гэтаму бервяну. Ён быў ужо ў вадзе па пояс. Узняў над галавой сякеру абухом наперад, чакаў. І ўрэшце рэзка апусціў.

Раздаўся глухі ўдар, а потым звонкі ўсплёск, цэлы фантан пырскаў паляцеў. Сяргей зрэагаваў — адпусціў крыху катушку. Дзед ударыў яшчэ раз.

— Цягніце, хлопцы. Сыходзьце з плыта, на бераг цягніце…

Падцягвалі на бераг — і страшней стала ўдвая, калі пабачылі велічыню рыбы.

Шчупак быў куды больш за метр у даўжыню, неверагодна тоўсты. Амаль трэць цела — вялізная галава. А пашча — праз усю галаву. Ён быў аглушаны ўдарамі сякеры, пашча раскрылася — страшэнная, уся ў крывых вострых зубах.

Сяргей міжволі ўздрыгнуў, глянуўшы на Нэлу і ўспомніўшы словы Віцькі: «Ён жа Нэлу праглыне». Безумоўна, у разяўленай пашчы шчупака лёгка б умясцілася галоўка Нэлы.

Дзед Васіль ударыў абухом па галаве шчупака яшчэ раз — і той ў апошні раз устрапянуўся. Падхапіўшы рыбіну пад жабры, Віцька з Сяргеем выцягнулі яе на бераг.

— Божачкі… — выдыхнула Жэнька і ўспомніла нарэшце, што трымае ў руках фотаапарат. — А Нэле можна падысці?

— Можна, — усміхнуўся дзед. — Бач, які трапіўся. Мо адзін такі на ўсю тоню…Ай, малайцы, такога звера выцягнулі!

Побач з Нэлай шчупак выглядаў яшчэ страшней — сапраўдная пачвара са сну. Утрох хлопцы ледзь паднялі яго на рукі — а Жэнька пстрыкала фотаапаратам. Напружанне прайшло, і ўжо Віталь смешна пераказваў і паказваў Жэньцы, як напалохаўся Віцька:

— Уяўляеш, вада чорная, на небе хмары, ветрык узняўся — а Віцьку за той канец спінінга схапіла ведзьма і цягне ў сваю тоню. Ды яшчэ прыгаворвае, прышэптвае: «Ідзі да мяне, парушальнік майго спакою»!

— Ага, а сам смелы, — агрызаўся без злосці Віцька. — Схапіў вясло і плёскае, плёскае па вадзе, а плыт толькі круціцца. І вочы па яблыку, крычыць: «Кідай, ратавацца будзем».

— Ага, мані, нічога я не крычаў!

— Крычаў, гэта ў цябе вушы ад страху залажыла, свайго голасу не чуў. Бывае такое… — падкалупнуў і Сяргей.

Смяяліся, глядзелі і не маглі наглядзецца на такога шчупака — ніяк не верылася, што гэта іх здабыча. Ды яшчэ столькі карасёў!

— Так, і што ж мы з гэтым зверам рабіць будзем? У нас і посуду такога няма, каб цалкам засаліць. А на кавалкі секчы…

— Павязём дадому, — сказала Жэнька на поўным сур’ёзе.

— Ты што, якое дадому? Вечар хутка…

— Ну, да вечара яшчэ далёка, — загаварыў дзед. — А сплаваць на Заікін востраў трэба. Кажы, Жэнька…

— Так, мне патэлефанаваў Мікалай Рыгоравіч. Мы яму сказалі, што знайшлі і зямлянку, і вінтоўку, і магілу, і нават праверылі, што магіла сапраўды тая, якую шукалі. Ён сказаў, каб каля 18 гадзін падагналі плыт да Заікінага вострава. Хоча сам пабачыць. То будзе вяртацца назад, няхай возьме шчупака, завязе да нас дахаты, бо сапсуецца тут… О, уяўляю, якія ў маці вочы будуць… Віцька, у нас маразільнік якраз пусты — будзе яму месца!

— Ага, а заўтра сюды ў ночвах паплывуць, — сказаў Віталь. — У нас жа толькі пакажы месца…

— А што, шкада?

— Чэсна — то не рыбы шкада. А вось востраў гэты такі дзікі… А тут кампаніі цэлыя гуляць пачнуць…

— Ну, гэта мы пабачым, — умяшаўся дзед. — Сяргей і Віктар, грабіце да Заікінага. У вас часу не так і многа. А мы пакуль шчупаку бруха пачысцім, з рыбай астатняй разбяромся…

Даплылі да Заікінага вострава хутка. На беразе іх чакалі мужчыны. Аднаго пазналі здалёк: Мікалай Рыгоравіч. А другі быў невядомы. У адмысловым касцюме, пры гальштуку, белая кашуля і… Сяргей не ўтрымаўся, прыснуў:

— Глядзі, гэты мужык, не здымаючы туфляў, па нашай дарозе ішоў…

Што праўда, то праўда — да калена ногі мужчыны былі ў чорнай гразі. Але ён не звяртаў на гэта ніякай увагі. Сам Зарэмба быў у ботах.

І нечакана для хлопцаў з ценю вольхаў паказаліся ўжо знаёмыя ім постаці ў спартыўных касцюмах. Атрад «Пошук»!

Хлопцы ў разгубленасці саскочылі на бераг, захапіўшы вяроўчыну.

Зарэмба павітаўся з імі за рукі, павярнуўся да таго, у гальштуку:

— Ну, вось які да вас госць: старшыня райвыканкама, Аляксандр Мікалаевіч Баркоў. А гэта — Сяргей, гэта — Віцька.

— Вітаю вас, хлопцы, — незнаёмец моцна паціснуў рукі Сяргею і Віцьку, пільна глянуўшы кожнаму ў вочы. І адчулася, што гэты Баркоў добра ведае ўжо ўсё пра хлопцаў — мабыць, Зарэмба яму расказаў.

— А я вось з сабой вам на дапамогу яшчэ цэлы атрад прывёз, — Баркоў азірнуўся назад, паклікаў: — Ну, падыходзьце, знаёмцеся.

— А мы знаёмыя, — адказаў Сяргей, цвыркнуў слінай. — Толькі нешта я той гаманлівай не бачу. Як жа мы тут без такога камандзіра? І хто нам характарыстыкі пісаць будзе?

Баркоў уважліва паглядзеў на Сяргея, потым на Віцьку.

— Ну, давайце дамовімся, што памылкі ва ўсіх бываюць, праўда? Вось, мы сваю выправілі — у атрадзе зараз сабраліся сапраўды тыя хлопцы і дзяўчаты, якіх хвалюе родны край і яго гісторыя. На востраве ж спраў яшчэ многа, правільна нам ваш камандзір па рацыі далажыў?

— Ну, магілу мы адшукалі, — загаварыў Віцька. — Зброю… трэба пашукаць.

— Вось, а хлопцы з сабой металашукальнік вязуць.

— Праўда?

— Праўда, вось, — сказаў падышоўшы бліжэй хлопец гадоў дваццаці двух і паказаў нешта складзенае і загорнутае ў брызентавы чахол. — У ваенных пазычылі. Я камандзір атрада, завуць мяне Андрэем. Працую ў ваенкамаце. А сам родам з вёскі.

— А яшчэ, думаем, — прадоўжыў Баркоў, — што трэба да ладу прывесці і саму зямлянку. Гэта ж памяць, праўда? Ну, як вам наша прапанова ў дапамозе?

— Згодны!

— Выдатна!

— Ну дык што, падвезяце нас на востраў? — паўжартам спытаў Зарэмба, скокнуў на плыт. — Бач, як трымае добра. Добрая канструкцыя. Слана вытрымае, мабыць.

— Ну, дазвольце і мне, — Баркоў не стаў скакаць — ён крочыў у ваду. Усё адно ж па калена ў гразі.

— Чакайце, мы сходні скінем, — заспяшаўся Віцька.

— Ат, не трэба, — мужчына ўжо каленам стаў на плыт. Зарэмба падаў яму руку.

– І чаравікаў вам не шкада, — не ўтрымаўся Сяргей, калі і яны з Віцькам былі на плыце.

— А я старыя спецыяльна абуў, — патлумачыў Баркоў. — А штаны памыюцца, — усміхнуўся ён. — Так, значыць, плывем на востраў, атрад застаецца пакуль тут. Назад мы вяртаемся самі, а атрад пераправіцца на востраў. Гэй, на беразе, глядзіце ўважліва, да якога вострава плыць! Зарэмба, станавіся са мной на вёслы, памахаем крышку. А вы, хлопцы, кіруйце, — загадаў ён.

— Ды мы самі, — засаромеўся Віцька, не выпускаючы вясла. — Тут дваццаць хвілін.

— Ну, што, ты не дасі мне дзяцінства ўспомніць? Я ж на рэчцы вырас, далёка адсюль. На лодках плаваў, так што і тут змагу, — засмяяўся Баркоў.

Плыт пад шырокімі ўзмахамі двух мужчын павольна набраў хуткасць.

— Ну, як вам там, не сумна на востраве? — пытаўся Зарэмба. — Спаць не холадна было?

— Ды не, не холадна. А сумаваць часу не было.

— А рыба ёсць? Правяралі?

— Ёсць, — пераглянуліся між сабой хлопцы. — Шчупака злавілі.

— Вялікага?

— Так, добрага. Не паднялі ўдвух, — знарок абыякава адказаў Віцька.

— Ты што? Праўда?

— Пабачыце…

— Вось так, Аляксандр Мікалаевіч, — загаварыў Зарэмба. — А вы кажаце тут дарогу да вострава будаваць. Ды на наступныя выхадныя ад лодак цесна будзе. Лесу на астравах не застанецца, папаляць у кастрах. Жадаючых адпачыць — вунь колькі.

— Ну, на тое служба аховы прыроды ёсць, — адказаў Баркоў, але не было ў яго словах упэўненасці. — Але рацыя ў тваіх словах ёсць. Я бачу — плыт гэты ў хлопцаў куды больш надзейны, чым я думаў. Так што пяцёра дарослых чалавек ён вытрымае. Дасі каманду, няхай яшчэ па пары камер з трактароў пачэпяць па баках … Значыць, група па перазахаванні спакойна і на гэтым плыце паплыве. А вось дарогу… Так, дарогу рабіць не будзем. А то на аўтамабілях праз твае палі пачнуць на гэтыя астравы ездзіць. А вось кладкі зрабіць трэба. У складзе камісіі па перазахаванні будзе жанчына, не станем жа мы яе прымушаць па гразі хадзіць. Матэрыялы знойдзеш?

— Знойдзем, — адказаў Зарэмба. — Дзве хаты без гаспадароў стаяць, разбяром, будуць і дошкі, і слупы. На першы час хопіць.

— Добра, — згадзіўся Баркоў, апусціў вясло ў ваду, агледзеўся вакол. — Гэта ж трэба: такая прыгажосць вакол нас, а не кожны дзень і звернеш на яе ўвагу…

Вакол сапраўды было велічна. Плыт быў недзе на сярэдзіне тоні. Ветру не было, вада была спакойная, і мо ўпершыню хлопцы ўбачылі, як на паверхні тоні адбіліся аблокі… Плыт быццам стаяў пасярод другога неба: крыху цямнейшага за сапраўднае, затое больш густога і насычанага…

Гасцей сустрэў дзед Васіль. Павіталіся, пайшлі да лагера.

Вохкалі госці, зусім па-дзіцячы гарэлі іх вочы, калі пабачылі яны шчупака — ужо з распоратым і вычышчаным брухам.

— Усё, я на гэтыя выхадныя буду на тоні! — загарэўся Зарэмба.

— Я табе дам тоню, травы някошаныя стаяць, за шчупакамі сабраўся, — прыгасіў яго пыл Баркоў, і не зразумець адразу было: жартуе ён ці сур’ёзна кажа. — Адно пушчу, калі мяне з сабой возьмеш, — і засмяяўся.

Потым усе пайшлі да магілы. На ёй стаяў шэравата-жоўты дубовы просты крыж. Моўчкі пастаялі хвіліну.

— Ну, давайце разам прысядзем, — сказаў дзед Васіль, калі вярнуліся да палаткі. — Ды крыху пагутарым. Людзі вы адказныя, мы вам даверым сваю тайну. Але каб з гэтага вострава яна далей не пайшла.

Двое мужчына пераглянуліся між сабой, Зарэмба ў адказ на запытальны позірк старшыні райвыканкама паціснуў плячыма.

Жэнька прыгатавала чай на ўсіх, прыселі на траву ля кастра.

— Вы на нас не крыўдуйце, што ваш пошукавы атрад падманулі, — пачаў дзед Васіль, звяртаючыся да Баркова. — Тое, што чацвёра нашых з балота не выйшлі ў час блакады, усе ведалі. Ды лічылі, што яны ў багне прапалі. А тут во Віцька знайшоў камп’ютэрам адзін дакумент… Раскажы, Віцька.

— То не дакумент, ну, гэта артыкул у адной газеце… — хвалюючыся, пачаў Віцька, потым сабраўся, хваляванне прайшло. Ён амаль слова ў слова пераказаў тое, што некалі перапісаў.

Было бачна, якое вялікае ўзрушэнне выклікаў расказ Віцькі. Твары двух дарослых мужчын былі засяроджанымі.

— Значыць, тут не чацвёра, а толькі трое? А каго няма? — ціха спытаўся Зарэмба. — Як жа нам быць?

— Не хвалюйцеся, тут усе, усе чацвёра, — супакоіў дзед.

— Як гэта?

— Той Пітэр не некуды знік — ён сюды прыехаў… Як толькі Віцька нам пра дату напісання сказаў, я адразу і падумаў… У той час якраз з’явіўся быў у нашых краях дзіўны рыбак. Мужчына пажылы, на маленькай гумавай лодачцы. Капюшонам галаву і твар хаваў, нічога не пытаўся, ні з кім не загаворваў. Тут з тыдзень яго бачылі — пераплываў з вострава на востраў. А потым лодачку яго да берага прыбіла. А самога не бачыў ужо ніхто. І толькі мы сёння пабачылі… Яго косткі. Рэшткі адзення. Дакументаў не было аніякіх, мабыць, ён усё спаліў. Але і так усё зразумела. Мы знайшлі яго побач з магілай…

— Та-ак, — задумліва працягнуў Баркоў. — Вось як лёс чалавека скласціся можа. І не прыдумаеш такога… А чаму вы нас, Васіль Яўменавіч, у сваю тайну рашылі пасвяціць? Знайшлі ды і знайшлі…

— Косці розныя, — адказаў за дзеда Сяргей. — Свежыя.

— Правільна, — згадзіўся з ім дзед Васіль. — Калі б косці ляжалі на паверхні зямлі, то за шэсцьдзесят год мы б нічога не знайшлі. Што звяры расцягнулі б, што ў траву ўрасло б, пад лістотай схавалася. А так… мы тут дамовіліся, што быццам у зямлянцы яго знайшлі. Бо сам сябе не мог жа ён пахаваць. Ды справа ў тым, што косці розныя — гэтыя белыя ад дажджоў і сонца, а тыя ў зямлі шэсцьдзесят гадоў праляжалі. Вось і могуць пры перазахаванні ўзнікнуць пытанні. Вось таму вам ўсё і кажам. Можа, і не трэба перазахаванне рабіць? Каб не было пытанняў недарэчных…

— Усё зразумела, — спакойна, але цвёрда загаварыў Баркоў. — Не хвалюйцеся наконт пытанняў, іх не будзе. Той партызан сказаў праўду: ён памер тут у 43-м годзе. Проста… косці яго тут апынуліся значна пазней. Так ці не? — звярнуўся ён да хлопцаў.

— А мы адразу сказалі, што так, — за ўсіх адказаў Віцька. — То вам, дарослым, тлумачыць доўга…

Баркоў, а следам і Зарэмба коратка засмяяліся.

— Чуў, Зарэмба, што пра нас моладзь думае? Правільна, малайцы. І правільна зрабілі вы ўсё: і што маўчалі наконт таго дакумента, і што на востраў нікога не пусцілі наперад сябе, і што нам усё цяпер расказалі.Усе чацвёра тут — нашы людзі, сапраўдныя змагары. Ніхто з іх — не здраднік. Гэта дакладна. А лёс чалавечы, паўтаруся, непрадказальны. І будзе чыстым наша сумленне, калі ўсе чатыры прозвішчы будуць на помніку. Так і павінна быць… А расказаць аб гэтым… Чаму б і не? Але потым, крышачку пазней. Вось напішыце аб тым, як вялі пошукі. Калі ўсе будуць у адной сапраўднай магіле. Разумееце… Дарослыя — такія людзі… мякка кажучы, малапрадказальныя. Калі б сёння ваша гісторыя была вядома ўсім, я б не даў гарантыю, што не знайшоўся ніхто, хто б не стаў даказваць, што месца чацвёртаму партызану — не ў нашай зямлі, а ў Нямеччыне… А потым яшчэ б высвятляць сталі і спрачацца: як яго імя, ці верыць яго словам ці не… Мы верым — і гэта галоўнае… Вы, дзякуючы сваёй непасрэднасці, адчулі ўсю вастрыню гэтага пытання. І дзякуючы той жа непасрэднасці знайшлі выйсце. Я не загадваю вам маўчаць надалей. Толькі прашу крышку пачакаць… — Баркоў замаўчаў на хвіліну. — І такую малую з сабой узялі? — ён паказаў на Нэлу, нібы ставячы кропку ў размове аб пахаваных. — Камары ж з’ядуць!

— Не-а! — задзірыста адказала Нэла і схавалася тут жа за Жэньку.

— Гэта сястра Сяргея, — патлумачыў Зарэмба.

— Я зразумеў… Ну, а што ж вы з такім шчупаком рабіць будзеце?

— Мы яго прададзім!

— Ого! Такую рыбіну? Хоць бы мне галаву аддалі, а? Ці прадалі…

— Мы вырашылі, што ўсю рыбу, якую тут зловім, якую не з’ядзім, прадаваць. У нас дамоўленасць ёсць з адным чалавекам, — расказваў Віцька. — А выручаныя грошы — Сяргею і Нэле. У іх тэлевізара няма ў хаце, ну і на астатняе…

— Так, зразумела… — Баркоў адставіў кубак убок: — Ах, як я даўно такога смачнага чаю не піў! Дзякуй, гаспадынька! А шчупака… не, не прадавайце. Уяўляеце, колькі радасці вашым маці будзе з яго катлеты гатаваць? А галава якая! Яе ж засушыць можна ды ў музей школьны — каб ніхто не казаў потым, што не было такой рыбы. А тэлевізар… Будзе ў Нэлы тэлевізар, гэта я абяцаю. Ды і ўсе вы добрую прэмію заслужылі… Гэта мы потым абгаворым. Вы і ўявіць сабе пакуль не можаце, якую важную для ўсіх справу пачалі, і як яе ўжо, лічы, зрабілі. Нам, дарослым, добры ўрок далі. Дзякуй вам усім вялікі ад імя улады, ад мяне асабіста, — Баркоў моцна паціснуў усім рукі. — Ну, нам пара ў зваротны шлях, а то вечар ужо, небяспечна ноччу плаваць. Вы атрад прыміце, калі ласка, як сваіх — яны добрыя рабяты. Вам жа і зброю знайсці трэба, і зямлянку паправіць, і праход расчысціць. Думаем, што ў любым выпадку на востраве будзе пастаўлены памятны знак…

— Прымем, не хвалюйцеся, — паабяцаў дзед Васіль. — Востраў вялікі, што нам яго дзяліць. Усе мы сваёй зямлі людзі…

Шчупака Зарэмба паабяцаў завезці да Віцькі і Жэнькі дадому — няхай маці там з ім разбіраецца.

Атрад «Пошук» сустрэлі на беразе. Проста, як сваім даўнім знаёмым і добрым сябрам, дапамаглі зняць з плыта і перанесці да лагера рэчы. Потым ставілі дзве палаткі: адну вялікую, ваенную і адну маленькую — для двух дзяўчат.

— Нармальныя хлопцы, праўда? — спытаўся Віцька Сяргея, чакаючы дадатнага адказу, калі яны цягнулі да кастра чарговыя ношкі сухога сучча.

— Ну, як «ператрэслі» там добра… — Сяргей на хвілінку задумаўся. — Я такое добра ведаю. Не люблю, калі не па праўдзе некуды выбіраюць, назначаюць. Так і тут: як пачулі пра значную справу, то сабралі, мабыць, выдатнікаў ды тых, хто на сходах выступае. А ім наша тоня, востраў гэты — толькі камары ды балота. А гэтыя вось цяпер — адразу відаць. Дзве палаткі паставілі, а дрэўца аднаго не ссеклі…

— А ты бачыш, як яны галовы вернуць у бок, дзе, ім сказалі, зямлянка і магіла? — прадоўжыў Віцька. — Глядзі, хочацца, а слухаюцца камандзіра…

— Трэба завесці… Што яны, да рання чакаць будуць? Няхай пабачаць цяпер. Палаткі паставілі, вогнішча ёсць, дроў на ноч хопіць, — разважаў Сяргей..

— Папытаем дзеда?

— Ага.

Дзед Васіль стаяў ля свайго будана разам з камандзірам атрада. Яны аб нечым размаўлялі. Віталь убаку з важным відам паказваў свой тэадаліт хлопцам з атраду.

— Ну, што, хлопцы, — звярнуўся дзед да падышоўшых Сяргея і Віцькі. — Мабыць, завядзіце атрад да зямлянкі, пакажыце магілу. Просіць камандзір цяпер паглядзець…

— А мы якраз гаварылі пра гэта, — радасна адказаў Віцька. — Што чакаць да рання, а яшчэ не сцямнела…

— То і добра…

Андрэй паклікаў сваіх байцоў гучнай камандай:

— Усе да мяне! Ідзем да магілы…

Пайшлі. Наперадзе — Сяргей і Віцька (Віталь, Жэнька і Нэла засталіся з дзедам Васілём у лагеры).

Пастаялі ля зямлянкі, нічога не кранаючы. Потым моўчкі некалькі хвілін стаялі перад магілай са свежым крыжам, які свяціўся ва ужо надыходзячых прыцемках.

— Ну, заўтра раніцай будзем на месцы складаць план дзеянняў, — ціха падвёў рысу Андрэй.

Ніхто не адказаў, і толькі адна дзяўчына з атраду прамовіла яшчэ цішэй:

— Кнігі чытаеш, слухаеш, кіно глядзіш… А вось ступіш на тую зямлю, дзе людзі па праўдзе гінулі… Аж не па сабе…

Вярнуліся ў лагер, дзе якраз Зарэмба званіў па радыётэлефоне прама з дому, даў трубку Алене Адамаўне.

— Вам там усяго хапае? Не холадна спаць? Мазь ад камароў дапамагае? Спаць не мулка? А шчупак, шчупак які! Тут уся вёска збеглася да нас, яшчэ і цяпер ляжыць, бы на выставе. Што мне з ім рабіць? — закідала маці пытаннямі Жэньку.

— У нас усё добра! Заўтра пасля абеду будзем на Заікіным востраве, дзеда Васіля высадзім. А самі паплывём на Заечы востраў — нам карту Ведзьмінай тоні складаць трэба. Атрад будзе займацца пошукамі зброі і рамонтам зямлянкі, потым разам будзем расчышчаць праход, — адказвала Жэнька. — Не хвалюйцеся. Шчупака ў маразільнік засуньце — не ешце без нас!..

Весела патрэскваў у цемры касцёр. Ужо вялікае кола акружала яго — і стала яшчэ весялей. Адзін хлопец з атраду захапіў з сабой гітару — хвайна іграе!

Сяргей слухаў музыку, яго сэрца перапаўнялася незвычайнымі для яго пачуццямі. Было спакойна і упэўнена на душы. Вось дзед Васіль дыміць сваёй самакруткай, вунь Віталь мацае, ніяк супакоіцца не можа, металашукальнік, вось Віцька побач так пільна сочыць за рукамі гітарыста, а вочы яго гараць — ясна, захацелася і яму навучыцца так перабіраць струны. Вось Нэла побач — хітруня: і ля Сяргея сядзіць, а галоўку да Жэнькі даверліва схіліла. Жэнька пагладжвае Нэлу па валасах, глядзіць на полымя кастра. Добра глядзець на яго, калі сядзіш сярод сяброў…

Сяргей працягнуў руку да Нэлы, а крануўся рукі Жэнькі. Жэнька запытальна глянула на яго.

— Жэнь, ты мне дапаможаш?.. З вучобай. Фізіку ды матэматыку мне хлопцы патлумачаць, а вось з мовамі ў мяне зусім дрэнна… Я ў інтэрнат не паеду ўжо…

Сказаў, як выдыхнуў апошняе паветра з грудзей — і ўздыхнуць немагчыма было, не пачуўшы адказу. Бо за столькі многа часу Сяргей першы раз прасіў. Не прапаноўваў памяняцца ці зрабіць нешта за нешта — ён прасіў і разумеў, што ніяк не можа дадаць да сваёй просьбы звычайнага для сябе ў такіх выпадках: «А я табе за гэта…»

Жэнька быццам здагадалася аб пачуццях Сяргея. І адказала ж адразу, коратка, каб нічога больш тлумачыць не трэба было:

— Дапамагу. Вернемся з вострава — адразу і пачнём.

Сяргей удзячна кіўнуў, нахіліўся да Нэлы:

— Праб’емся, Нэла, праўда? Здужаем?

Малая моўчкі абхапіла яго за шыю, прыціснулася.

Цёмны лес зрэдку ажываў крыкамі соў. Дзіна, але начныя гукі ніколькі не палохалі вандроўнікаў.

Ведзьміна тоня перастала быць страшнай і невядомай — яна стала яшчэ адным родным кавалкам іх вялікай зямлі.

Загрузка...