СВАБОДЫ I ДРУЖБЫ НАРОДАЎ ПЯСНЯР

У сузор’і неўміручых імёнаў найвыдатных дзеячаў сусветнай культуры ярка ззяе імя вялікага сына Украіны Тараса Рыгоравіча Шаўчэнкі. Прадстаўнік свайго прыгнечанага, але няскоранага народа, ён узняўся да такіх агульначалавечых вышынь духоўнасці, з якіх праз цемрадзь прыгонніцтва ўбачыў шлях у светлае будучае для працоўных усяго свету. Творчасць геніяльнага Кабзара, паэта-рэвалюцыянера, нястомнага змагара за свабоду і шчасце абяздоленага люду, вось ужо на працягу паўтара стагоддзя служыць высокім ідэалам дабра, чалавечнасці і сацыяльнай справядлівасці.

Шырока вядомы сёння ўсяму культурнаму чалавецтву, Т. Шаўчэнка асабліва блізкі і дарагі славянскім народам, бо іх лёс, складаныя ўзаемаадносіны ў мінулым глыбока хвалявалі паэта, былі яго душэўным болем, а пошукі шляхоў да дружбы і яднання гэтых народаў у барацьбе за сацыяльную і нацыянальную свабоду сталі мэтай жыцця і творчасці вялікага ўкраінскага песняра.

Яго роўная самаму высокаму подзвігу барацьба за вызваленне і шчасце чалавека, рашучы пратэст супраць прыгонніцтва самадзяржаўнай Расіі служылі натхняючым прыкладам і для стваральнікаў новай беларускай літаратуры, сталі сімвалам мужнасці і самаахвярнасці для пісьменнікаў наступных пакаленняў. Надзвычай багатая зместам, глыбока народная, высокамастацкая творчасць славутага Кабзара і па нашым часе з’яўляецца для беларускіх літаратараў узорам, вяршыняй ідэйна-эстэтычнай думкі ў галіне прыгожага пісьменства.

Узыход зоркі Шаўчэнкі на пахмурным небе спакутаванай і знявечанай Украіны — з’ява далёка невыпадковая. У яго асобе, па словах вядомага ўкраінскага паэта і фалькларыста Івана Манжуры, «усё абяздоленае маларасійскае сялянства нібыта зліло ўсе лепшыя свае духоўныя сілы і выбрала яго песняром свайго спрадвечнага гора».

У сваёй аўтабіяграфіі Т. Шаўчэнка сказаў пра сябе: «Гісторыя майго жыцця складае частку гісторыі маёй радзімы». Сапраўды, пражытыя паэтам 47 гадоў увабралі ў сябе амаль паўвекавую шматпакутную гісторыю Украіны часоў мікалаеўскага рэжыму, калі прыдушаныя лютым прыгонніцтвам сялянскія масы цярпелі нечуваны прыгнёт з боку самых розных крыўдзіцеляў, калі «скрозь па слаўнай Украіне ярмо надзелі ўсім працоўным людзям», калі гэты сярмяжны люд нарэшце ўсвядоміў сябе народам і пачаў вызваляцца ад дзікага рабства.

Ад парога забытай богам, пахілай сялянскай хаты, дзе спрадвеку месцілася адно толькі «люте зло», брала свой пачатак яго жыццёвая дарога, каб потым стаць цярністымі «шляхамі Тараса», пазначанымі незлічонымі пакутамі, суровымі выпрабаваннямі і здзіўляючай высакароднасцю духу.

На шляхах лёсу давялося яму зведаць і змрочнае прыгоннае маленства з раннім сіроцтвам, і ганебнае «казачкоўства» ў пана-самадура, прыніжэнне, здзекі, з якімі цяжка стасавалася хлапечая непатольная прага да ведаў, да самавыяўлення. Не прынесла жаданай радасці і атрыманая ў 24 гады свабода, яна мала чым адрознівалася ад узаконенай няволі: праніклівы позірк юнака-паэта паўсюдна натыкаўся на няпраўду і глумленне над чалавечай годнасцю. I тады ён паўстаў супраць той самадзяржаўна-прыгонніцкай сістэмы, пры якой, паводле Івана Франко, «царская воля і грубая сіла былі ўсім, а чалавечае пачуццё і справядлівасць прызнаваліся за нішто».

Такога нечуванага «злачынства» не маглі дараваць Т. Шаўчэнку абаронцы гэтай чалавеканенавісніцкай сістэмы. «Каранаваны кат» Мікалай I загадаў надзець на плечы непакорнага паэта цяжэйшы ад кайданаў салдацкі шынель, строга забараніўшы яму пісаць і маляваць.

Звыш дзесяці доўгіх гадоў, адарваны ад радзімы, на далёкай чужыне, мучыўся, але не каяўся паэт-рэвалюцыянер. Нязломны характар змагара, прыродная вынослівасць, жыццёвая загартоўка ды яшчэ магутная сіла чалавечай дружбы дапамаглі яму адолець жорсткія ўдары лёсу, канчаткова пераканалі, што з ворагам не можа быць ніякіх кампрамісаў, што ненавіснае ярмо самаўладства можна скінуць толькі агульнымі намаганнямі прыгнечаных народаў.

На гэта і накіроўвае сваё палымянае слова паэт: гнеўна бічуе цара, самадзяржаўе, рэлігію, кідае рашучы выклік самому богу, імем якога заўсёды прыкрываліся самыя жудасныя злачынствы на зямлі.

А ты, ўсёбачлівае вока!

Ці ты ўглядалася звысоку,

Як сотнямі ў кайданах гналі

Ў Сібір нявольнікаў святых,

Як мардавалі, распіналі

І вешалі?! А ты не знала?

А ты глядзела ўсё на іх

I не аслепла?! Вока, вока!

Не дужа бачыш ты глыбока!

Спіш у кіёце... А цары...

Хай мор на іх, цароў паганых!

(«Юрадзівы».

Пераклад Р. Барадуліна)

Усвядомленая Шаўчэнкам яшчэ ў сярэдзіне 40-х гадоў ідэя народнай рэвалюцыі, якую ён выкладае ў сваім «Запавеце», у перыяд уздыму антыпрыгонніцкага сялянскага руху знайшла сваё канкрэтнае ўвасабленне ў адкрытых закліках да ўзброенай барацьбы. Спазнаўшы на ўласным лёсе і асабістым вопыце, што такое царская міласць, паэт не верыў, што працоўны народ атрымае свабоду з рук Аляксандра II, таму павучаў:

Не чакай, глядзі,

Дабра і спадзяванай волі —

Яна заснула: цар Мікола

Яе прыспаў. А каб збудзіць

Слабую волю, трэба вера,

Каб грамадой абух сталіць,

Ды добра навастрыць сякеру —

Дый распачаць яе будзіць.

А то праспіць сябе, нябога,

Да божага суда страшнога!

(«Не занядужаў я няўрокам».

Пераклад Р. Барадуліна)

Як паэт сапраўды народны, Шаўчэнка добра разумеў ролю паэзіі. Сваё ўласнае прызначэнне ён бачыў у тым, каб паэтычным словам змагацца за інтарэсы прыгнечанага працоўнага люду, адчуваў за сабой ганаровае права гаварыць ад імя народа:

Узвялічу

Малых вось тых рабоў нямых!

І я на варце каля іх

Пастаўлю слова.

(«Наследаванне II псалму».

Пераклад П. Броўкі)

Творчасць Т. Р. Шаўчэнкі надзвычай багатая і разнастайная. Яна ўбірае ў сябе агромністы свет тэм, матываў, вобразаў, узятых з глыбінь народнага жыцця, гісторыі, фальклору, біблейскай і антычнай міфалогіі. Разам з тым яго паэзія надзіва цэласная, мэтанакіраваная і паслядоўная ў сцвярджэнні сваёй асноўнай ідэі — ідэі вызвалення «нявольнікаў» усяго свету, калі, нарэшце,

I спачнуць у нявольнікаў

Стомленыя рукі,

I калені адпачнуць,

Што ў кайданы ўкуты!

(«Ісаія. Глава 35».

Пераклад Р. Барадуліна)

Дбаючы пра ўвесь свет, Кабзар мілаваў у сэрцы найперш сваю Украіну, клапаціўся пра яе будучыню. Адной з найглыбейшых у сусветнай лірыцы выяў любові паэта да роднага краю можа служыць яго верш «А мне ўсё роўна, а ці буду...» з трагічна-ашаламляльнай канцоўкай:

Ды не ўсё роўна для мяне,

Як Украіну злыя людзі

Прыспяць, зладзеі, і яе

Ў агні, абкрадзеную, збудзяць...

Ох, не ўсё роўна для мяне.

(Пераклад З. Бядулі)

Спачуванне абяздоленаму, прыгнечанаму сялянству ў Шаўчэнкі, па словах А. В. Луначарскага, «злілося з любоўю да роднага краю, роднай мовы». Разам з тым гэта быў патрыятызм новага тыпу, «наскрозь прасякнуты дэмакратызмам і рэвалюцыйным пачуццём». Любоў да Украіны гучыць у шчырых аўтарскіх прызнаннях:

Я так яе, я так люблю

Маю Ўкраіну лёсу злога,

Што пракляну святога бога,

Я за яе душу згублю!

(«Сон. Горы мае высокія!..»

Пераклад Р. Барадуліна)

Яна выразна выяўляецца ў хвалюючых замалёўках роднай зямлі («Садок вішнёвы каля хаты»), а таксама ў гнеўным асуджэнні тых дамарошчаных ілжэпатрыётаў, «слаўных прадзедаў вялікіх праўнукаў паганых», якія любяць «шкуру, а не душу» ў свайго «меншага брата» селяніна.

Як гаварылася раней, смеласцю, дакладнасцю ацэнкі гістарычных падзей вызначаюцца творы Т. Шаўчэнкі, у якіх узнімаюцца далёка не простыя праблемы тагачасных і мінулых суадносін украінскага, рускага і польскага народаў. Раз’яднаць гэтыя народы, пасеяць варожасць паміж імі намагаліся цары, магнаты і духавенства, простыя ж людзі заўсёды імкнуліся жыць у дружбе і згодзе. На баку апошніх быў паэт, ён верыў у абноўленую зямлю, у прыход новых часоў, калі «святая праўда» на зямлі жывой вадою напоіць мёртвую пустыню, і тады

Нямых пакіне немата,

Прарвецца слова, як вада,

Пустэльня з доляю калючай,

Вадою ўмыўшыся гаючай,

Прачнецца ўся; і пацякуць

Вясёла рэкі, а азёры

Наўкол гаямі прарастуць,

Вясёлым птаствам ажывуць.

(«Ісаія. Глава 35».

Пераклад Р. Барадуліна)

Асуджаючы ўсялякі нацыянальны прыгнёт, рашуча выкрываючы захопніцкую палітыку рускага царызму, Шаўчэнка ратуе за свабоду і роўнасць усіх народаў свету, марыць пра тыя часы, калі на абноўленай зямлі «врага не буде, супостата, а буде син, і буде мати, і будуть люди на землі». Прарочае слова Кабзара ўсяляла веру ў яго сучаснікаў, яно будзіла і працягвае будзіць сумленне нашчадкаў. Ці не пра гэта з удзячнасцю гаварыў наш бязмежна ўлюбёны ў шаўчэнкаўскую паэзію Уладзімір Караткевіч: «Людзі будуць, урэшце, на ўсёй зямлі. I ў немінучым чаканні гэтага мы павінны вечна дзякаваць светачам, і сярод іх Кабзару, за тое, што ён вучыць таму, што не падмане і не састарэе: любові да чалавека, вучыць адзіна вартаму ў свеце — мужнасці».

Т. Шаўчэнка — паэт глыбока сацыяльны, бязлітасны змагар супраць грамадскага зла, выкрывальнік «людзей ненасытных» і разам з тым — лірык. Ды яшчэ які! Нават у сваіх эпічных творах ён увесь час кіпіць, абураецца, праклінае, плача, перабівае сам сябе, а ў рэшце рэшт выяўляе нам самога сябе, свае адносіны да герояў. Аўтар гнеўных, поўных знішчальнага сарказму твораў («Сон», «Каўказ», «I мёртвым, і жывым...», «Осія. Глава XIV», «Неафіты» і інш.), ён быў і стваральнікам ласкава-пяшчотных вершаў пра каханне, пра хараство навакольнага свету, умеў, як гаварыў М. Багдановіч, «падысці да жыцця ўкраінскай вёскі як проста да чалавечага жыцця, умеў знайсці там і прыгажосць і любоў, умеў даць месца і радасці, смутку, і жалю, і спачуванню». Найчасцей звяртаўся паэт да вобразаў дзяцей, сірот, матуль, людзей абяздоленых, пакутнікаў, далучаючы да іх звычайна эпітэт «святы».

Люты гнеў і лагодная пяшчота, уласцівыя ўжо самым раннім творам Шаўчэнкі, паступова перарасталі ў складанае дыялектычнае адзінства, што стала пасля характэрнай рысай яго творчасці, абумоўленай самабытнасцю натуры самога паэта, адметнасцю яго таленту, а таксама ўмовамі, у якіх ён знаходзіўся. На гэта ў свой час звярнуў увагу I. Франко. Ён пісаў: «Доля здзекавалася з яго ў жыцці колькі хацела, але яна не змагла ператварыць золата яго душы ў іржу, яго любоў да людзей у нянавісць і пагарду, а веру ў бога ў зняверу і песімізм. Доля не паскупілася яму на пакуты, але і не пашкадавала ўцех, якія білі з здаровых крыніц жыцця».

Т. Р. Шаўчэнка прыйшоў ва ўкраінскую літаратуру ў самы яе ранак. Менавіта яму суджана было стаць заснавальнікам новай літаратуры, вывесці яе на такія рубяжы і вышыні, калі яе права на існаванне не залежала ўжо ад чыёй бы то ні было волі ці паблажлівасці. Святло рэвалюцыйна-вызваленчых ідэй вялікага Кабзара азарыла ўвесь далейшы шлях украінскай літаратуры, якая і па сённяшні дзень прадаўжае і плённа развівае яго традыцыі.

Промні гэтага святла даходзяць да літаратур іншых народаў, абуджаючы іх уласныя жыватворныя сілы, пранікаюць у самыя аддаленыя куткі нашай планеты. Яго паэзія стала набыткам не толькі ўкраінскага народа, але і іншых народаў нашай Радзімы, атрымала прызнанне ва многіх краінах свету.

Дык у чым жа сакрэт такой выключнай жыццядзейнасці творчасці Т. Шаўчэнкі? Што ўзняло ўкраінскага Кабзара на ўзровень сусветна вядомых паэтаў? Каб адказаць на гэта, неабходна перш за ўсё дакладна акрэсліць месца, якое заняў Шаўчэнка ў сваёй украінскай літаратуры, затым вызначыць ролю, якую адыграла яго творчасць у развіцці культур іншых народаў.

Несумненнай заслугай Шаўчэнкі з’яўляецца тое, што ён, абапіраючыся на дасягненні сваіх папярэднікаў і сучаснікаў, трывала ўсталяваў ва ўкраінскай літаратуры метад крытычнага рэалізму, скіраваў развіццё Гэтай літаратуры на рэвалюцыйна-дэмакратычны шлях і тым самым паставіў яе ўпоравень з найбольш развітымі літаратурамі свету. I яшчэ ці не самае галоўнае. У гісторыі сусветнай літаратуры першай палавіны XIX ст. гэта быў, бадай, адзіны паэт, які цалкам засяродзіўся на ідэі вызвалення працоўных і выказаў гэтую ідэю сілай свайго паэтычнага слова, не ведаючы ніякіх хістанняў, ніякіх кампрамісаў. У нямногіх яго сучаснікаў была такая цвёрдая вера, што «будзе праўда на зямлі», што яна павінна быць, таму што іначай стане сонца і спаліць апаганеную зямлю.

З’яўляючыся паэтам украінскім, глыбока нацыянальным, Т. Шаўчэнка быў паэтам у вышэйшай ступені інтэрнацыянальным, які «ў формах строга нацыянальных выявіў агульначалавечы змест» (М. Багдановіч). Неад’емны ад свайго роднага краю, ён, па прызнанню А. В. Луначарскага, «раскінуў магутныя, поўныя кветкавага водару галіны свайго генія далёка за межы Украіны». Яго творчасць сваім дэмакратызмам і рэвалюцыйнай скіраванасцю аказала ўздзеянне на многія літаратуры, у тым ліку і на беларускую.

Т. Шаўчэнку багата што радніла з Беларуссю. Яму давялося неаднаразова бываць на нашай зямлі, спазнаць жыццё яе народа, прыгнечанага, як і ўкраінскі, царызмам, самадзяржаўна-прыгонніцкім ладам. Менавіта адсюль, з гэтай першай, падкрэслім, краіны на шляхах сваіх будучых вандровак, вынес паэт жывыя ўражанні, назіранні, якія знайшлі затым такое дакладнае і яскравае адлюстраванне ў яго творах («Кацярына», «Капітанша», «Музыкант» і інш.).

Першы раз Шаўчэнка апынуўся на беларускай зямлі ў 1829 годзе, калі ў складзе чэлядзі П. В. Энгельгарта ехаў у Вільню, дзе яго гаспадар служыў ад’ютантам у віленскага вайсковага губернатара. Праязджаючы праз беларускія гарады Лоеў, Гомель, Жлобін, Бабруйск, Мінск, Маладзечна, Ашмяны, праз шматлікія вёскі, панскі казачок Тарас на працягу амаль двух тыдняў у час прыпынкаў, начлегаў на пастаялых дварах меў магчымасць знаёміцца з жыццём беларускага народа, чуць яго мову, слухаць песні. Усё гэта глыбока западала ў душу юнака, абуджаючы ў ёй спачуванне абяздоленым і нянавісць да іх крыўдзіцеляў.

Сустрэчы і рознага роду сувязі дапытлівага хлопца-ўкраінца з беларусамі былі магчымы і ў час яго двухгадовага пражывання ў Вільні, населенай тады, як вядома, людзьмі самых розных нацыянальнасцей. Не выключаюцца, у прыватнасці, яго кантакты з беларусамі-студэнтамі Віленскага універсітэта, грамадскі радыкалізм якіх мог сказацца на фарміраванні ідэйнага светапогляду будучага паэта.

Праз многія вёскі паўночнай Віцебшчыны давялося прайсці Тарасу і ў 1831 годзе, калі ён разам з іншымі дваровымі на працягу чатырох месяцаў пехатой, этапным шляхам дабіраўся з Вільні ў Пецярбург. Яшчэ раз непасрэдна сутыкнуўся ён з жыццём народа гэтай «заўсёды галоднай» краіны, краіны «нараканняў і плачу». Юнак, як піша Колас у артыкуле «Шаўчэнка і беларуская паэзія», услухоўваецца ў гутарку, у расказы, у песні і думы народа, у якіх так моцна гучыць адвечнае гора і нянавісць да паноў і чыноўнікаў. Яго маладое чулае сэрца, у якім злучыліся мільёны сэрцаў вялікага працоўнага народа, прагна ўбірае ў сябе гэта гора і нянавісць, гэтыя мары і надзеі народа, як убірае высушаная сухавеем зямля жыватворчую вільгаць навальнічных дажджоў».

Слушнай з’яўляецца выказаная Коласам думка пра ўплыў «беларускіх» уражанняў на фарміраванне светапогляду Шаўчэнкі, яго эстэтычных ідэалаў. «Так накопліваецца яго жыццёвы вопыт, так ствараецца крыніца яго чаруючай, своеасаблівай паэзіі, неадлучна злітай з паэзіяй народа. Гэтым назіраннем народнага гора, гнёту і бяспраўя, пратэсту і нянавісці да прыгнятальнікаў азначаецца асноўны тон і характар яго паэзіі».

Мае пад сабой падставу і меркаванне, што ў час знаходжання ў Беларусі Шаўчэнка шмат чаго даведаўся пра падзеі Айчыннай вайны 1812 года, памяць пра якую была яшчэ свежай на беларускай зямлі. Адсюль, відаць, бярэ вытокі яго захапленне героямі гэтай вайны — М. Кутузавым, генералам Я. Кульнёвым, атаманам М. Платавым, партрэты якіх ён капіраваў з бытуючых сярод народа лубачных карцін.

З фальклорам і пісьмовай літаратурай беларусаў Т. Шаўчэнка пазнаёміўся бліжэй у канцы 30-х гадоў. Па сведчанні Р. Зямкевіча, які ў сваю чаргу спасылаецца на неадшуканы дагэтуль ліст В. Рэута да мінскага паэта і бібліёграфа I. Легатовіча, украінскі паэт у 1839 г. зблізіўся з пецярбургскім гуртком літаратараў, які ўзначальваў беларускі паэт Ян Баршчэўскі. Ад іх, у прыватнасці ад Рамуальда Падбярэскага, пачуў Шаўчэнка беларускія народныя песні, якія яму вельмі спадабаліся, як і «Энеіда навыварат», даведаўся пра мастацкія творы беларускіх аўтараў, якія крыху крытыкаваў, «кажучы, што ў іх мала чыста народнага элементу». Тым не менш, паводле Р. Зямкевіча, украінскі паэт «заахвочваў беларусаў, каб не пакідалі сваёй працы для народа, бо гэта іх павіннасць, а праца іх, нягледзячы на цяжкія варункі, не прападзе дарэмна і сляды гэтай працы застануцца».

У 1843 годзе Шаўчэнку давялося яшчэ раз наведаць Беларусь. Атрымаўшы дазвол на паездку на радзіму, ён, ужо вольны чалавек, вядомы паэт, аўтар «Кабзара», разам з сваім сябрам украінскім літаратарам Яўгенам Грабёнкам у другой палавіне мая Беларускім трактам праз Віцебск, Оршу, Магілёў, Чачэрск, Гомель прыехаў на Украіну, дзе знаходзіўся да лютага 1844 г. У астатні раз Шаўчэнка бачыў Беларусь праз акно жандарскай карэты, якая тым жа Беларускім трактам у красавіку 1847 г. спешна пад узмоцненым канвоем везла арыштаванага паэта з Кіева ў Пецярбург. Якія ўражанні вынес ён ад гэтых, такіх не падобных адна на адну, паездак, якія малюнкі выносіла наверх яго памяць у гады ссылкі, калі ствараліся многія аўтабіяграфічныя вершы, рускія аповесці, пісаліся лісты да сяброў? Дакладна ўстанавіць гэта, відаць, ужо немагчыма. Бясспрэчна адно: знаёмства з Беларуссю і яе народам пакінула глыбокі след у свядомасці ўкраінскага Кабзара, садзейнічала фарміраванню яго як рэвалюцыйнага дэмакрата, абаронцы інтарэсаў прыгнечанага працоўнага люду.

Сувязі Т. Шаўчэнкі з Беларуссю, безумоўна, не вычэрпваюцца яго наведваннем гэтай зямлі. На нялёгкіх жыццёвых пуцявінах паэту траплялася нямала беларусаў або выхадцаў з Беларусі, сустрэчы з якімі значна пашыралі яго ўяўленні пра наш край і народ. Многія з гэтых яго сяброў або знаёмых былі так ці інакш звязаны з беларускай культурай, літаратурай, мастацтвам. Гэта — паэт Эдвард Жалігоўскі, мастакі Браніслаў Залескі і Міхаіл Башылаў, скульптар і ілюстратар кніг Міхаіл Мікешын, юрыст Уладзімір Спасовіч, удзельнікі польскага і беларускага вызваленчага руху Зыгмунт Серакоўскі, Сільвестр Кількевіч, Ян Станевіч і многія іншыя, хто ў большай або меншай ступені далучалі вялікага сына Украіны да беларускіх спраў, чым садзейнічалі ўмацаванню дружбы двух нашых народаў, узаемадзеянню іх культур і літаратур.

Натхнёнае слова Кабзара не толькі даходзіла да «шчырага сэрца» ўкраінца, яно пранікала і на Беларусь. Цёмныя, непісьменныя сяляне, па сведчанні Я. Купалы, спявалі песні Тараса Шаўчэнкі, не ведаючы, хто іх складаў. «Песня Шаўчэнкі безыменнай жыла ў беларускім народзе многія дзесяткі год». Прычыны такой вялікай папулярнасці шаўчэнкаўскай паэзіі ў Беларусі Я. Колас справядліва бачыць у агульнасці гістарычнага лёсу, падабенстве ўмоў жыцця беларусаў і ўкраінцаў. Таму «паэзія Шаўчэнкі, якая выцякала непасрэдна з жывых крыніц фальклору і асабістага назірання жыцця, глыбока рэвалюцыйная па сваёй сутнасці, шчырая і простая па форме, так горача ўспрымалася працоўнымі масамі беларускага народа і знаходзіла жывы водгук у яго сэрцы».

Велізарны ўплыў Т. Р. Шаўчэнкі на развіццё беларускай пісьмовай літаратуры. Зарадзіўшыся параўнаўча позна, новая беларуская літаратура вымушана была развівацца паскоранымі тэмпамі. Шырока абапіраючыся на фальклор, уласна нацыянальныя традыцыі, яна багата і рупліва засвойвала мастацкія набыткі іншых літаратур, сярод якіх украінская займала адно з першых месц. Асабліва творчасць Шаўчэнкі, якая найбольш адпавядала вырашэнню задач, што паўставалі тады перад маладой беларускай літаратурай, шмат чым садзейнічала станаўленню ў беларускай літаратуры крытычнага рэалізму, узмацненню яе сацыяльнай накіраванасці. Гэта яскрава выявілася ў творчасці Ф. Багушэвіча, паэта, які ўжо даволі трывала засвойваў творчы вопыт свайго ўкраінскага папярэдніка.

Больш спрыяльныя ўмовы для ўспрыняцця беларускай літаратурай шаўчэнкаўскіх традыцый склаліся на пачатку

XX ст. Абуджаная рэвалюцыяй 1905 года, наша літаратура выходзіла тады на шырокі шлях творчага развіцця, і ідэі сацыяльнага і нацыянальнага разняволення працоўных, якія займалі цэнтральнае месца і ў паэзіі ўкраінскага песняра, жывілі рэвалюцыйны дэмакратызм, грамадзянскасць, патрыятычны пафас творчасці беларускіх пісьменнікаў, У творах якіх «адчуваецца гнеўны голас Тараса Шаўчэнкі, калі яны выступаюць супраць царскага прыгнечання, супраць багачоў, якія нажываюцца і будуюць свой дабрабыт на непасільнай працы і ўбостве працоўнага народа» (Я. Колас).

Уздзеянне Т. Шаўчэнкі на развіццё беларускай культуры пачатку XX ст. захоплівае многія сферы духоўнага жыцця народа і выяўляецца ў самых розных формах: ад тыпалагічных аналогій, роднасці тэм, матываў да звычайнай запазычанасці паэтычных вобразаў, сюжэтных дэталей, асобных тропаў і іншых сродкаў. Многае тут было абумоўлена падабенствам грамадска-гістарычных працэсаў на Украіне і ў Беларусі, агульнасцю задач рэвалюцыйна-вызваленчага руху абодвух народаў, для якіх, па вызкачэнні У. I. Леніна, «абарона бацькаўшчыны» была яшчэ адначасова і «абаронай дэмакратыі, роднай мовы, палітычнай свабоды супраць прыгнятаючых нацый, супраць сярэдневякоўя».

У вырашэнні гэтых задач і аб’ядноўвалі тады свае намаганні беларуская і ўкраінская літаратуры ў асобе іх буйнейшых прадстаўнікоў — I. Франко, М. Кацюбінскага, Л. Украінкі, В. Стэфаніка, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, Ц. Гартнага і інш. Братняе яднанне беларусаў і ўкраінцаў станавілася патрэбай дня. «У цесным братанні, у супольнасці ідэй свабоды і поступу,— заклікаў у 1909 годзе М. Грушэўскі,— няхай узрастае сіла гэтых народаў. Няхай адродзіцца пасля розных ліхалеццяў і ўтрат іхняя даўняя арліная маладосць і скрыдламі сваімі пакрые свой панявераны, злыднямі прыбіты народ».

Творчасць Т. Шаўчэнкі набывала ў тых умовах асаблівае значэнне, само імя паэта станавілася своеасаблівым сімвалам пратэсту і барацьбы супраць царскага самаўладства, а яго рэвалюцыйная паэзія — узорам мастацтва дзейснага, грамадска-актыўнага. «Наша ніва» (яна ўвогуле шмат увагі аддавала ўкраінскай літаратуры) вельмі часта звярталася да Т. Шаўчэнкі, змяшчала на сваіх старонках самыя розныя матэрыялы пра ўкраінскага паэта. Так, цэлы шэраг публікацый пра Шаўчэнку з’явіўся ў сакавіку 1909 года да 48-й гадавіны з дня смерці Кабзара, затым у лютым 1911 года да 50-годдзя з дня яго смерці: артыкулы А. Бульбы «Памяці Тараса Шаўчэнкі», Р. Зямкевіча «Тарас Шаўчэнка і беларусы» і інш.

Шырока адзначалася беларусамі 100-годдзе з дня нараджэння вялікага сына Украіны, нягледзячы на забарону святкавання юбілею рускім царызмам. «Наша ніва» надрукавала тады артыкул Л. Гмырака «Тарас Шаўчэнка».

Беларускаму крытыку найбольш імпанавалі патрыятычныя заклікі Шаўчэнкі не цурацца роднай мовы, змагацца за яе, глыбей пазнаваць гісторыю свайго народа, не забываць, хто мы такія, «чые сыны, якіх бацькоў». Сваім землякам, якія жывуць у варунках, «дужа падобных да ўкраінскіх», аўтар раіць жыва цікавіцца ўкраінствам, шырэй знаёміцца з украінскім пісьменствам, якое прызнае за «найболей дэмакратычнае ў свеце». «Шаўчэнкавага «Кабзара», кнігу, даўно ўжо стаўшую каранам украінства, кожны свядомы беларус павінен прачытаць; трэба, каб вялікі ўкраінскі паэт папраўдзе стаў і нам бацькам мілым,— як гэтага жадае ў сваім вершы Янук Купала».

Аж два артыкулы прысвяціў украінскаму Кабзару ў яго стогадовы юбілей Максім Багдановіч. Гэта — «Памяти Т. Г. Шевченко (1814 — 25 февраля 1914)», змешчаны ў яраслаўскай газеце «Голос», і «Краса и сила. Опыт исследования стиха Т. Г. Шевченко», апублікаваны ў часопісе «Украінская жизнь» № 2. У першым беларускі паэт выразна акрэсліў месца і значэнне Шаўчэнкі для Украіны, для ўсяго культурнага славянства, падкрэсліў агульначалавечую сутнасць яго паэзіі, у якой пад своеасаблівай чаканкай украінскіх нацыянальных форм крыецца сапраўдны «паўнацэнны метал духоўнай культуры, агульнай для ўсіх цывілізаваных людзей».

Другі артыкул М. Багдановіча быў, па яго прызнанні, спробай падысці да творчасці ўкраінскага Кабзара з пункту гледжання метаду, які дагэтуль «заўсёды знаходзіўся ў цені»,— метаду эстэтычнага. «Краса и сила» — фактычна першае грунтоўнае і надзвычай дасканалае даследаванне творчасці Т. Шаўчэнкі з боку яе формы, паэтычнага майстэрства. Прааналізаваўшы рытміку, метрычную структуру, асаблівасці рыфмоўкі шаўчэнкаўскай паэзіі, паказаўшы надзвычайную разнастайнасць і рухомасць паэтычных прыёмаў і сродкаў, арганічнае спалучэнне ў ёй класічна літаратурных і песенна-народных форм, Багдановіч робіць абагульняючую выснову, што ў асобе Шаўчэнкі «сусветная літаратура мае паэта з вершам меладычным і вытанчаным, паэта, які хараства сваіх твораў дасягаў не знешне відавочнымі сродкамі паэтычнага ўздзеяння, а, наадварот, сродкамі найбольш тонкімі — асанансамі, алітэрацыямі, унутранымі рыфмамі; паэта, які да гэтага хараства ўказаных элементаў верша далучаў яшчэ незвычайную сілу сваіх рытмаў, а таксама арыгінальнасць, жывасць і грацыёзнасць разнастайных метраў» і такім чынам стварыў асобны паэтычны свет, своеасаблівы мастацкі стыль нацыянальна-ўкраінскі, які сведчыў аб арганічным зліцці яго паэзіі з украінскай народнай паэзіяй.

Творчасць выдатнага ўкраінскага паэта судакраналася з тагачаснай беларускай рэчаіснасцю самымі рознымі сваімі гранямі.

У Шаўчэнкі вучыліся беларускія пісьменнікі бязмежнай любові да свайго беднага краю і зняволенага народа, вучыліся служыць ідэалам дабра і справядлівасці, ненавідзець грамадскае зло, спапяляць яго гнеўным паэтычным словам. I навуку гэтую спасцігнуў у той або іншай меры амаль кожны з беларускіх літаратараў.

Янку Купалу, напрыклад, творчасць Шаўчэнкі была настолькі роднаснай, што ён не палічыў патрэбным у адказе Л. Клейнбарту ў 1929 г. растлумачваць, у чым канкрэтна сказаўся ўплыў на яго ўкраінскага паэта. Не асобныя ідэі, тэмы, матывы, а ўся творчасць Кабзара разам з паэзіяй Пушкіна, Някрасава, Міцкевіча ўздейнічала на беларускага песняра, стварала тое сілавое поле, у якім паспяхова развіваўся яго яркі і самабытны талент.

На больш канкрэтнай аснове можна гаварыць пра шаўчэнкаўскія традыцыі ў творчасці Я. Коласа, Цёткі, П. Труса. Алеся Гаруна, у прыватнасці, прыцягваў Т. Шаўчэнка як паэт-выгнаннік, які «за тысячу вёрст ад радзімага краю» сумуе «па маці-Украіне цуднай». Думкі Кабзара, народжаныя «ласкай і каханнем», вобразы-ўспаміны пра родную старонку, гісторыю свайго народа былі сугучны настрою аўтара, палітычнага ссыльнага, які таксама пакутаваў за свой край і народ у далёкай Сібіры, жывучы надзеяй на лепшае будучае.

Імя ўкраінскага Кабзара шырока выкарыстоўвалася прыхільнікамі беларускага нацыянальнага руху ў барацьбе супраць шматлікіх «ворагаў беларушчыны», якім не па душы было друкаванае беларускае слова, стварэнне мастацкай літаратуры на сваёй роднай мове, з’яўленне «беларускіх Шаўчэнкаў», як называлі яны маладых беларускіх пісьменнікаў.

Крылаты выраз Т. Шаўчэнкі «I чужому научайтесь, й свого не цурайтесь» выкарыстаў у якасці назвы свайго артыкула Л. Гмырак, выступаючы ў ім як за сваю родную мову, так і за шчырую павагу да мовы і культуры іншых народаў. «Бацькам украінскай свабоды», які «роднага слова ў сябе не глушыў», назваў Шаўчэнку Я. Купала, аддаючы яму вялікую пашану найперш за тое, што ён

Дух збудзіў свайму народу

Сваім гучным словам,

Навучыў любіць свабоду,

Родны край і мову.

(«Памяці Шаўчэнкі»)

Вялікадзяржаўныя шавіністы і мясцовыя русіфікатары, не спыняючыся перад любымі фальсіфікацыямі, паклёпнічалі на ўкраінскага паэта, вінавацілі яго ў нібыта варожым стаўленні да рускага народа. Маладая ж беларуская літаратура бачыла ў Шаўчэнку свайго аднадумца, ідэйнага правадыра, яго магутнае слова натхняла беларускіх пісьменнікаў на высакародную справу барацьбы за праўду і свабоду для ўсіх прыгнечаных людзей.

Маюцца ўсе падставы гаварыць не толькі пра ўплывы, уздзеянне Т. Шаўчэнкі на творчасць асобных беларускіх пісьменнікаў, але і разглядаць гэтую праблему больш шырока, весці размову пра жыватворныя шаўчэнкаўскія традыцыі ў беларускай літаратуры пачатку XX ст., пра паглыбленне і развіццё іх у новых гістарычных абставінах, пра тыя магутныя сустрэчныя патокі, што вырываліся з нетраў нацыянальнага жыцця, з глыбінь сваёй уласна беларускай культуры.

Песня славутага Кабзара, па словах Купалы, на «кобзах людскіх душ» разносілася па свеце «на поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца», «вольна-расхадзіста» плыла яна «ад краю да краю», не ведаючы перашкод, і «чэсць» гэтай песні аддавалі ўсе, «хто праўды не здрадзіў жывой». Тарасова «слоўца» «не раз далятала» і да братоў-суседзяў, знаходзячы «водгалас пачэсне ў сэрцы беларускім». Яно даходзіла да нас у арыгінале («мы слухалі ўцешна, што бае сусед»), яго імкнуліся данесці да свайго народа сродкамі роднай мовы беларускія паэты.

Першыя пераклады твораў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову былі зроблены Янкам Купалам, і датуюцца яны 1905— 1907 гг. Гэта — змешчаныя ў зборніку «Жалейка» вершы «Думка» («Нашто чорныя мне бровы»), «За думаю дума роем вылятае...» (у арыгінале «Гоголю»), а таксама «Пажоўкнуў ліст... Прыгаслі вочы» (у арыгінале «Минають дні, минають ночі»), апублікаваны пазней, у 1930 г. Пераклады Купалы былі паспяховай спробай перадачы сродкамі беларускай мовы твораў украінскага паэта, яны, як зазначыў С. Александровіч, «паклалі пачатак больш глыбокаму знаёмству беларускага чытача з паэзіяй вялікага Кабзара».

Услед за Купалам да творчасці Т. Шаўчэнкі звярнуліся і іншыя беларускія паэты. У 1910 г. «Наша ніва» друкавала ўрывак з Шаўчэнкавага паслання «I мёртвым, і жывым...» у перакладзе А. Гурло і верш «Думка (Цячэ вада ў сіне мора)» у перакладзе Хв. Чарнышэвіча. У 1911 годзе ў віленскім выдавецтве «Палачанін» выйшла паэма Т. Шаўчэнкі «Кацярына». Гэты пераклад Хв. Чарнышэвіча, адрэдагаваны Я. Купалам, быў першым асобным выданнем твораў Т. Шаўчэнкі на беларускай мове. У 1914 г. да 100-годдзя ўкраінскага паэта часопіс «Лучынка» змясціў верш «Мінаюць дні, мінаюць ночы» ў перакладзе А. Паўловіча.

Наступныя пераклады твораў Шаўчэнкі паявіліся ў 1918 годзе. Газета «Вольная Беларусь» у трэцім нумары апублікавала ўрывак з паэмы «Каўказ» у перакладзе А. Г. і ў нумары дваццатым — дваццаць першым вершы «Запаведзь», «Разрытая магіла» і «Мне адналькова ўсё...». Варта адзначыць, што падбор твораў з пункту гледжання іх праблематыкі, сацыяльнай завостранасці робіць гонар газеце. У цяжкі час, калі большая частка Беларусі была акупіравана немцамі, калі разгаралася барацьба за панаванне над Беларуссю розных палітычных сіл, асаблівае гучанне набывалі і гнеўны антыкаланіяльны пафас Шаўчэнкавага «Каўказу», і адкрыта рэвалюцыйная скіраванасць «Запаведзі», і шчырая заклапочанасць аўтара лёсам роднай Украіны ў «Разрытай магіле» і «казематаўскім» вершы «Мне адналькова ўсё...».

У 20-я гады перакладаў Т. Шаўчэнкі на беларускую мову не было, хаця творчасць украінскага паэта па-ранейшаму прыцягвала ўвагу нашых літаратараў. Беларускія пісьменнікі жыва цікавіліся ёю ў час сваіх паездак у братнюю рэспубліку, пра ўплыў шаўчэнкаўскіх традыцый на беларускую літаратуру, у тым ліку і савецкую, нямала пісалася тады ў беларускім і ўкраінскім перыядычным друку.

Ускладненне грамадска-палітычных абставін у краіне к канцу 20-х гадоў адмоўна адбілася і на беларуска-ўкраінскіх літаратурных узаемаадносінах. Групаўшчына ў крытыцы, тэндэнцыйнае вышукванне ў пісьменнікаў ідэйных памылак, нацыяналістычных ухілаў, а затым і выкрыццё «ворагаў народа» ў пісьменніцкім асяроддзі прыводзіла да таго, што пра беларускую і ўкраінскую дакастрычніцкую літаратуры, нават нацыянальную класіку, гаварылася больш у негатыўным плане, нібыта пра з’явы зусім чужога нам мінулага.

Светлае імя Тараса Шаўчэнкі, якога здаўна «бацькам» ахрысціла памятна Украйна» (Я. Купала), настойліва выцяснялася з літаратурнага ўжытку, а яго неўміручыя ідэі аб праўдзівай дружбе народаў у «сям’і вольнай, новай» знаходзілі самыя адвольныя вытлумачэнні. У такой грамадскай атмасферы праходзіла святкаванне 125-годдзя з дня нараджэння Т. Шаўчэнкі на Украіне.

У Беларусі Шаўчэнкава свята таксама вылілася ў пустое словаслоўе. Варта паглядзець хаця б зборнік «У вянок Т. Г. Шаўчэнку» (1939), артыкулы ў тагачаснай перыёдыцы, уважліва прачытаць паэму Я. Купалы «Тарасова доля», прынамсі, яе заключную частку, каб пераканацца ў гэтым.

Да юбілею Шаўчэнкі ў нашай рэспубліцы была прынята пастанова аб выданні яго паэтычнай спадчыны ў перакладзе на беларускую мову. Гэтую справу арганізацыйна узначаліў Я. Купала, які разам з Я. Коласам быў і рэдактарам выдання. Над перакладамі працавалі, апрача Купалы і Коласа, фактычна амаль усе беларускія паэты, што заставаліся яшчэ ў той час у літаратуры: К. Крапіва, П. Броўка, А. Куляшоў, П. Глебка, 3. Бядуля.

Для Я. Купалы праца над перакладамі твораў Т. Шаўчэнкі пачалася значна раней. Ужо ў 1933 г. у «Полымі рэвалюцыі» быў надрукаваны ягоны пераклад паэмы «Сон». Затым у наступныя гады публікаваліся ў перыёдыцы пераклады вершаў «Запаведзь», «Свет мой ясны! Свет спакойны», «Думка (Цяжка жыць на свеце)», «Думка (Вецер буйны)», «На вечну памяць Катлярэўскаму», «Човен (Вецер з гаем размаўляе)», паэма «Таполя», балада «Заварожаная» («Причинна») і інш.

Купалам было перакладзена для «Кабзара» звыш 30 твораў Шаўчэнкі, у тым ліку паэмы «Кацярына», «Гайдамакі», «Сон», «Каўказ». Значная частка перакладаў была зроблена Я. Коласам («Ерэтык», «Сава», «Мар’яна-чарніца», «Сляпы», «Неафіты», «Марыя» і інш.), А. Куляшовым, П. Броўкам.

Праца над паэзіяй Т. Шаўчэнкі, па прызнанню саміх перакладчыкаў, была для іх крыніцай творчага натхнення, вялікай школай удасканалення паэтычнага майстэрства. «Работа над перакладамі «Кабзара»,— адзначаў у дакладзе на юбілейным пленуме праўлення СП СССР у Кіеве Я. Колас,— яшчэ больш зблізіла нашых паэтаў з творчасцю Шаўчэнкі. Уся магутнасць і глыбіня яго паэзіі, дзівоснае багацце фарбаў і гукаў адкрыліся нам у гэтай рабоце ў працэсе пераадолення тых часамі вялікіх цяжкасцей, з якімі звязана перадача вершаў Шаўчэнкі на беларускую мову, нягледзячы на блізкасць украінскай і беларускай моў. Мы імкнуліся даць пераклад, блізкі да арыгінала, захаваўшы ўсе асаблівасці паэтычных прыёмаў, паэтычную прастату і яснасць, музыку і напеўнасць шаўчэнкаўскай паэзіі. Мы ўважна і многа працавалі, пераадольваючы ўсе цяжкасці перакладу, маючы на ўвазе даць сапраўднага Шаўчэнку на беларускай мове». Гэта ж падкрэсліваў у сваім выступленні на пленуме Я. Купала: «На нашай беларускай зямлі Тарасава песня гучыць на поўны голас. Нашы паэты вучацца на яе ўзорах, любяць яе і шануюць. Яны далі нашаму народу мажлівасць пазнаць яе сілу і красу на беларускай мове».

Выхад «Кабзара» Т. Шаўчэнкі на беларускай мове з’явіўся важнай падзеяй у беларуска-ўкраінскім культурным яднанні. У 1952 г. «Кабзар» быў перавыдадзены. Выходзілі таксама асобнымі выданнямі на беларускай мове паэмы Шаўчэнкі «Наймічка» (1940), «Кацярына» (1946), «Выбраныя творы» (1941), «Выбраныя вершы і паэмы» (1948), у юбілейныя даты публікаваліся новыя беларускія пераклады вершаў паэта. Палымянае слова ўкраінскага Кабзара не перастае хваляваць сэрцы беларускіх чытачоў, знаходзіць у іх жывы водгук. Таму і цікавасць да яго ўсё ўзрастае.

Разам з тым у самой творчасці ўкраінскага паэта шмат што ўспрымаецца ўжо сёння па-іншаму, адкрываюцца ўсё новыя яе якасці, новыя аспекты, якія дапамагаюць глыбей асэнсаваць некаторыя актуальныя праблемы нашага сучаснага жыцця. У прыватнасці, праблемы гісторыі народа, гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры, мовы і інш. Зрэшты, і цяперашні стан перакладчыцкага майстэрства вымагае новага, больш уважлівага падыходу да твораў гэтага выдатнага майстра слова.

Новае выданне твораў Т. Шаўчэнкі ахоплівае большую частку паэтычнай спадчыны ўкраінскага Кабзара, уключае творы, розныя па тэматыцы, жанрава-стылёвых асаблівасцях, вобразна-выяўленчых сродках, і дае даволі поўнае ўяўленне пра ідэйны змест і паэтыку яго творчасці.

Пераважная большасць твораў даецца ў перакладах, якія былі зроблены для ранейшых выданняў «Кабзара» і выкананы на высокім прафесійным узроўні. Шэраг вершаў і паэм нанова перакладзены для прапануемага выдання нашымі вядомымі паэтамі Р. Барадуліным, В. Зуёнкам, Н. Гілевічам.

П. Броўка, гаворачы ў свой час пра сілу і хараство паэзіі Тараса Шаўчэнкі, пра яе ўздзеянне на беларускіх паэтаў прызнаваўся:

I мы з невычэрпных крыніц Кабзара

Чало асвяжаем жывою вадою.

Хочацца спадзявацца, што і наш сучаснік, знаёмячыся з Т. Шаўчэнкам на сваёй роднай мове, успрыме яго паэзію ва ўсёй невымернай глыбіні яе зместу і адчуе пры гэтым сапраўдную асалоду ад судакранання з хвалюючым, вечна жывым словам украінскага паэта.

Кузьма Хромчанка

Загрузка...