МАЯ ДЖАМАЛУНГМА


1

Яшчэ ў часы прыгону адзін памешчык выменяў недзе на поўдні на гончага сабаку краўца па прозвішчу Карпюк, прывёз яго ў сваю вёску Страшава Ваўкавыскага павету і ажаніў з цяжарнаю пакаёўкай.

Калі адмянілі прыгоннае права, кравец атрымаў вольную. Пачаў абшываць вёску. Зойдзе да адной хаты, пажыве з тыдзень, пакуль не скончыцца работа, тады ідзе да другой.

Страшаўскія бабкі нам, малым, апавядалі, які кравец быў жартаўнік:

– Дзеці, прынясіце жменьку попелу, будзем іголку гастрыць!

Тыя прынясуць. Ён водзіць, водзіць па попеле іголкай – раз! – і ўколе ў руку: «А што, гострая?..»

А то ў адной хаце нявесткі пачалі варыць абед і пасварыліся. Гаршчок сабе кіпіць, нявесткі ходзяць за нечым то з хаты, то ў хату, маўчаць, надзьмутыя, а спытацца адна ў адной, ці пасолена страва, не дазваляе гонар. Вярнуліся мужчыны з малацьбы. Пасела сям’я снедаць. Прытчэйшыя зачэрпнулі па лыжцы стравы ды тут жа скрывіліся і выплюнулі яе.

– То хіба і ты саліла? – вінавата спыталася адна маладзіца ў другой.

– Саліла...

Стары кравец уставіў:

– А я падумаў, што сёння такое свята: бачу – усе соляць, пасаліў і я!

У краўца было два сыны. Старэйшы быў заядлы паляўнічы і адчайны чалавек. Аднаго разу малодшы пасвіў валоў і заснуў. Валы залезлі ў панскае жыта. Пан загадаў адмераць пастуху дваццаць бізуноў.

Вяртаецца паляўнічы з пушчы, а яго брат ляжыць ў гумне на саломе і енчыць: у яго спаласавана ўся спіна. Зазлаваў старэйшы брат і пайшоў у маёнтак. Пан з ганка пытаецца:

– Каго табе?

– Цябе! – адказаў хлапец.

Ён узяў за рулю стрэльбу ды так жарнуў пана па жываце, што той тут жа і памёр. З таго часу старэйшы сын краўца некуды знік, і пра яго больш ніхто нічога не чуў. А гэты, малодшы, імя меў Аляксей, і быў маім дзедам. Аляксей стаў потым лесніком і служыў гадоў сорак. Жалаванне збіраў, а калі распрадавалі ў Страшаве маёнтак, купіў сабе ўчастак зямлі. Памёр у 1897 годзе.

У майго дзеда было два сыны: мой бацька Нічыпар, 1892 года нараджэння, і на пяць год старэйшы Аляксей. А яшчэ дзед меў пяць дачок. Старэйшы сын падаўся ў Беласток на заробкі, стаў прыказчыкам. Потым адтуль пераехаў у Маскву і жыве там да сённяшняга дня.

У першую сусветную вайну сям’я Карпюкоў, ратуючыся ад немцаў, эвакуіравалася ў Расею. Майго бацьку ўзялі на фронт. Вайну ён праслужыў наводчыкам трохдзюймовай гарматы, два разы быў ранены. У 1918 годзе, пасля дэмабілізацыі, бацька знайшоў у Расеі маці з сёстрамі, завёз іх у Страшава. Хацеў вярнуцца назад у Савецкі Саюз, ды к таму часу ўсталявалася цвёрдая граніца паміж Польшчай і Савецкім Саюзам. Так ён і застаўся ў сваім Страшаве.

Праз год бацька ажаніўся з Марыяй Міхайлаўнай Дудзік, з суседняй вёскі Белявічы.

Хутка бацькава маці памерла, сёстры павыходзілі замуж, параз’язджаліся, і бацька застаўся адзіным гаспадаром на даволі вялікім кавалку зямлі.

У бацькоў было нас два сыны: я, з 1920 года нараджэння, названы ў памяць дзеда Аляксеем, і на два гады маладзейшы брат Валодзя.

У 1932 годзе мы з вёскі пераехалі жыць на хутар, пад лес Ліпнікі, ля самай чыгункі Беласток – Ваўкавыск.


2

Мы мелі 19 гектараў зямлі і 13 – балота. Зямля была пясчаная, камяністая, а балота – суцэльны тарфянік. Наколькі я памятаю, мы заўсёды трымалі аднаго каня, дзве-тры каровы, пяць-шэсць авечак і некалькі свіней. Зямлю абраблялі сваёй сям’ёй. Толькі часамі ў дажджлівую восень наймалі жанчын капаць бульбу.

Успамінаючы дзяцінства, я сябе амаль не бачу сярод равеснікаў за гульнямі. Толькі запомнілася, як у спякотнае лета ные спіна, салёны пот засцілае вочы, а ты, з перавяслам у руках, з сумам і надзеяй пазіраеш на неба: калі ж, урэшце, пойдзе той дождж, каб можна было залезці ў бабкі, паляжаць... А то, памятаю, хацелася захварэць, каб адпачыць, выспацца. А ўвосень ці зімою варта было мне ўцячы да сяброў, каб пакатацца на санках ці пагуляць у пікара, маці крычала з вакна:

– I не сорам табе! Няхай ужо яны галёкаюць... Ты ж у школу ходзіш, а паводзіш сябе бы невук! Марш дамоў, а то бацьку паклічу!

I я вяртаўся з вуліцы, сек дровы ці браўся за кніжку.

Ад нашага хутара да бліжэйшага мястэчка Гарадок было шэсць кіламетраў. Там мы вучыліся з братам. Ішлі ў школу толькі тады, калі напасвім кароў. I ішлі не з аднымі кніжкамі. Кожны дзень мы насілі ў горад па 6-7 літраў малака. А з бутэлькамі гэта – паўпуда! Насілі дзень у дзень, зімой і восенню, і гэтак да сёмага класа. Я тады часта прастуджваўся, і ад хранічнага катару ў мяне зусім атрафіраваўся нюх. З дванаццаці год і да сённяшняга дня кветкі і бензін для мяне пахнуць аднолькава.

У маім класе з сялянскіх дзяцей вучыліся толькі я і Сашка Кандрусік з Гарадка, а рэшта былі сынкі польскіх чыноўнікаў, яўрэйскіх фабрыкантаў, крамнікаў і іншай дробнай буржуазіі. Зрэбная кашуля, розныя гузікі на ёй, босыя ногі ці не так вымаўленае польскае слова выклікалі ў маіх аднакласнікаў насмешку. Яны мною ганьбавалі. Настаўнікі глядзелі на мяне з цікаўнай варожасцю, як на выхадца са славутай вёскі, якую паліцыя называла «чырвоным гняздом». Я ўзненавідзеў і школу, і настаўнікаў, і тое, чаму яны вучылі. Хадзіў туды, бо баяўся бацькі. Глядзеў на сваю вучобу як на нешта часовае, і ўсё чагосьці чакаў, чакаў...


3

Бліжэйшым культурным цэнтрам ад нас было мястэчка Гарадок. Яно мела і гміну. Наша гміна знаходзілася ў Ялоўцы – шаснаццаць кіламетраў ад Страшава. Не раз прыязджалі прадстаўнікі польскай улады, збіралі сялян, нагаворвалі іх прылучыцца да гміны ў Гарадку, але маім землякам выгадна было трымацца ад улады на дыстанцыі. Мужыкі моўчкі слухалі прамоўцаў, курылі, уздыхалі. Калі ж справа даходзіла да галасавання – дружна ўздымалі рукі супраць.

За якіх трыццаць кіламетраў ад нашага Страшава знаходзіўся Беласток. У рэвалюцыю 1905 года на яго барыкадах казакі арыштавалі некалькі страшаўцаў з чырвонымі бантамі. Гэтыя людзі вярнуліся з катаргі загартаванымі рэвалюцыянерамі толькі ў грамадзянскую вайну. Потым яны адышлі на ўсход, калі Чырвоная Армія адступала з-пад Варшавы, але пакінулі тут рэвалюцыйны дух. На хутары страшаўцаў перасялялі з паліцыяй. Падаткі спаганялі таксама з паліцыяй. Многія мае аднавяскоўцы былі дзёрзкія да ўрада, бо ведалі: на ўсходзе ёсць магутныя заступнікі. Пагражала хлопцу турма за палітычную дзейнасць – ён уцякаў на ўсход. З гарачкі ажэняцца маладыя, убачаць, што ў іх ні кала ні двара, ні работы – бягуць на ўсход; там усім хопіць і работы, і прытулку. Тыя, хто ўцячы не мог, пацяшалі сябе: нічога, тут Пілсудскі, але і ў нас ёсць Радзіма.

Ва ўяўленні нашых людзей яна была раем на зямлі, дзе цякуць малочныя рэкі, людзі ходзяць у шаўках і жывуць у палацах. Ого, савецкія людзі ўсё могуць: нельга было выжыць пырнік з палёў, то скрыжавалі яго з пшаніцай і здымаюць па сто цэнтнераў з гектара! Пачынаецца засуха ў якім-небудзь раёне? Нічога! Рускія вучоныя пашлюць туды дажджавыя хмары. Пагражаюць бальшавікам японцы? Няхай заварушацца толькі! Савецкія інжынеры выкапаюць канал, пусцяць па ім Ледавіты акіян! Маўчаў бы лепш і немец, бо толькі загадаюць Тэльману – і заўтра ж будзе ў Германіі рэвалюцыя! I Пілсудскаму паголяць вусы, няхай толькі паткнецца!..

Вера людзей была святой да наіўнасці, упартай да смерці, часамі межавала з сектанцтвам. I мой бацька ў сваёй веры быў цвёрды да слепаты. Ён рэвалюцыйны дух прынёс яшчэ з арміі, у вёсцы арганізаваў ячэйку кампартыі, потым – камсамола. Памятаю, за мяжу ўцёк стары халасцяк Раман з суседняй вёскі Зубкі, але праз два месяцы вярнуўся. Прыйшоў да бацькі пануры, маўклівы, пастарэлы. Я сядзеў ля печы, стругаў палена: мяне мужчыны не таіліся. «Ну, расказвай, як там?» –спытаўся бацька.

I Раман пачаў расказваць, што ў саветах жанчыны ходзяць у галёшах на босую нагу... А ў магазінах – чарга... за чорным хлебам...

– А-а, мярзотнік, ужо купілі цябе паны! – абарваў яго бацька. – Прэч з маёй хаты, прадажная шкура!

Раман заплакаў і пайшоў.

Паліцыянты азалацілі б Рамана, каб ён згадзіўся расказаць, што бачыў за мяжой. Толькі ён нікому не сказаў ні слова, але сам не мог перанесці душэўнага разладу. З нашай хаты ён пайшоў за зубкоўскія гароды і ўтапіўся. Аб сіле яго волі можа сказаць толькі рэчка, у якой ён, цвярозы, прыняў смерць. Ёй людзі не прыдумалі нават назвы. У самым глыбокім месцы яна мела семдзесят сантыметраў глыбіні.


4

Тады і здарыліся са мной выпадкі, якія на ўсё жыццё ўразілі маю душу.

Выпадак першы. Як звычайна, валокся я з бутэлькамі малака ў школу. Са мной крочыла Ніна – дачка найбагацейшага страшаўца, Ігнатавага Арсеніка. Якраз ноччу падпольшчыкі спалілі гумно ў аднаго дзядзькі, бо ён купляў з распрадажы рэчы, якія забіралі за падаткі. Пад Гарадком, ля спаленага гумна, мы раптам убачылі на вярбе чырвонае палотнішча сцяга. Калі мы прайшлі яшчэ крокаў сто, нас спаткаў на веласіпедзе доўгі, як п’яўка, у сінім мундзіры паліцыянт Лукашэвіч з Гарадка. Ніна ішла ўперадзе мяне, і ён у яе спытаўся, ці не бачыла сцяга.

Апусціўшы вочы, Ніна кінула:

– Не!

Тады ён пад’ехаў да мяне і спытаўся пра тое самае. Мяне нібы загіпнатызавалі. Я адчуў яго ўладны позірк, мая воля раптам растала, і я сказаў, дзе вісіць сцяг. Ніякага значэння маё прызнанне не мела, бо паліцыянт праз хвіліну ўбачыў бы сам, дзе вісела палотнішча, калі ўжо пра яго ведаў і ехаў здымаць. Але для мяне тут была справа прынцыповая. Потым, што б я ні рабіў у падполлі, у партызанах, у салдатах, я ўспамінаў хвіліну сваёй слабасці на пясчаным тракце пад Гарадком, і кожны раз мне здавалася, што я зрабіў мала, каб акупіць свой ганебны ўчынак.

Выпадак другі. У Страшаве самым распаўсюджаным педагагічным сродкам, якім бацькі дабіваліся належнага выніку ў выхаванні дзяцей, была папруга. Бацька наш быў суворы, і мы з Валодзькам каштавалі папругі даволі часта.

Аднаго разу за нейкую шкоду бацька накруціў мне вушы, я ўцёк да суседа – халасцяка Антончыка. Там было некалькі мужчын. Увайшоў яшчэ адзін хлапец і стаў апавядаць навіну, быццам бы падпольшчыкі атрымалі інструкцыю, каб ачысціць рады партыі і камсамола ад кулакоў. Не бачачы мяне, нехта заўважыў, што найбольш зямлі мае Нічыпар Карпюк – сам сакратар партарганізацыі. Я не ведаў, што ў бацькі былі і асабістыя ворагі. Яны цяпер і пачалі злараднічаць:

– Ага, арганізаваў ячэйку, а самога выключаць з партыі. Так яму і трэба!

Вярнуўся я дамоў, а тут бацька мне даў папругі яшчэ і за тое, што я недзе лётаю і не вучу ўрокаў. Але цяпер я не заплакаў, а кінуў помсліва:

– Ага, а цябе з партыі выключаць, бо ты – кулак!

I раптам я ўбачыў, як ад маіх слоў бацька змяніўся ў твары.

Ён паглядзеў на мяне так, што маё сэрца ледзь не разарвалася.

– Дык што ты ведаеш? Што? – прашаптаў ён бы не сваімі вуснамі.

Я аб усім расказаў і заплакаў.

Відаць, найбольш пакрыўдзіць бацькоў могуць толькі дзеці. Усё жыццё ў мяне стаіць перад вачамі пакрыўджаны бацькаў твар... Не цешыць і тая ісціна, што на памылках мы вучымся.


5

Гады 1932, 1933, 1934 былі гадамі самай актыўнай дзейнасці КПЗБ у нашай мясцовасці. Вакол Страшава сінелі лясы, у Гарадку існавала з дзесяць тэкстыльных фабрычак. Забастоўкі лесарубаў, возчыкаў, ткачоў, забойствы правакатараў, сутычкі з паліцыяй былі тады звычайнай з’явай. Усе падзеіадбываліся на маіх вачах, часамі прымаў у іх удзел і я. Зімой за арганізацыю забастоўкі, якой кіравала КПЗБ, мой бацька быў першы раз пасаджаны ў ваўкавыскую турму.

Цэлую зіму гаспадарыла адна маці, я з Валодзькам ёй памагаў як толькі мог. Незнаёмыя людзі прывозілі нам на хутар дровы, малацілі нашае збожжа, збіралі бацьку грошы на адваката, нават заставаліся ў нас нанач, каб мы не баяліся спаць.

Той час, калі я гэтак выразна адчуў людскую салідарнасць і спагаду, цяпер успамінаецца мне як нейкае вялікае шчасце.

Скончыў я сямігодку. Каб вучыцца далей, трэба было мець шмат грошай. Вучоба ў гімназіі з утрыманнем каштавала прыкладна 70 злотых у месяц. Столькі каштавала тады адна карова... Пра гімназію нельга было і думаць, і тады я задумаў уцячы вучыцца ў СССР. Начытаўшыся Ната Пінкертона і Шэрлака Холмса, летам 1934 года я падгаварыў Васю Курцэвіча з Валіл, з якім некалькі год сядзелі за адной партай. Мы запасліся харчамі і падаліся на ўсход. Граніцы перайсці мы не змаглі. Шукаючы яе, цэлы тыдзень праблукалі ў палескіх балотах ля Ганцавіч і Морачы. Згаладнелых і абарваных, нас злавілі польскія пагранічнікі і перадалі паліцыі. Суд у Клецку даў нам па тры месяцы ўмоўна. Крыху патрымаўшы ў каталажцы і ўсыпаўшы як след на дарогу, нас адправілі дамоў.

Вярнуўся я ў Страшава героем. Падпольшчыкі цяпер мяне адразу прынялі ў камсамол. I пацякло маё ранняе юнацтва. Я дапамагаў бацьку па гаспадарцы, займаўся падпольнай работай. У апошнім, вядома, тады я бачыў толькі рамантыку.

Ноччу мы недзе збіраліся – у лесе, на балоце. Кудысьці ішлі на спатканне з чалавекам, якога потым ніколі ў жыцці не бачылі. Хавалі ў гумнах, перапраўлялі ў суседнія вёскі нейкіх людзей. Пераносілі пакеты кніжачак, брашур, пракламацый. Браліся не раз калектыўна чытаць падпольную літаратуру, ды мова яе была для нас занадта вучонай. Не даслухаўшы, мы прымалі ўсё на веру. Толькі нямногія хлопцы злёту схоплівалі доўгія вучоныя фразы, потым імі бравіравалі, а мы, слухаючы іх, заміралі ад таямнічага і незразумелага сэнсу і зайздросцілі. Затое ўсе мы дружна білі правакатараў, падпальвалі іхнія хаты. У Страшаве нас было 5 камсамольцаў, а на нашу вёску і Белявічы – 4 члены партыі, але мы задавалі тон цэлай акрузе. Мы давалі клятву ніколі не піць гарэлкі і не курыць – гэта падхапілі і сяляне. Аднойчы калектыўна зарабілі грошай і купілі радыёпрыёмнік.

З той пары, выставіўшы варту ля дома, цэлай вёскай слухалі перадачы з Менска, Масквы.


6

Раптам папаўзлі чуткі, быццам былыя катаржнікі са Страшава, што ўцяклі ў СССР – ворагі народа! Людзі дзівіліся спачатку, паціскалі плячамі.

– Мусіць, так трэба. У Маскве разумнейшыя за нас. Ведаюць, што робяць! – уздыхаючы, пацяшалі тады сябе мае землякі.

Непрыкметна для саміх сябе некаторыя таксама пачалі прыглядацца адзін да другога і недавяраць. Сталі шукаць ворагаў і ў сябе. Сусед пачаў насцярожана прыглядацца да суседа, брат – не верыць брату, сын – бацьку.

Маім ідэалам падпольшчыка быў сын нашай суседкі Сахарыхі – Цішэўскі Юлек. Гэты дужы і разумны хлапец не лез у кішэню па слова, займеў паважанне ў старых, сімпатыю і любоў у моладзі, а дзяўчаты дык усе былі ў яго закаханыя. Юлека паважалі і баяліся нават паліцыянты з Гарадка і Ялоўкі.

Аднаго разу Юлека арыштавалі, але не было доказаў віны, і яго мусілі выпусціць.

Тады нехта подла шапнуў:

– А-га, выпусцілі! Думаеш – так?.. Мусіць, прадаўся!

З бруднай падазронасці Юлекавы ворагі ўраз зрабілі праўду. Гарачыя галовы вызваліся пакараць «здрадніка». Аднаго вечара гэты страшаўскі самародак і шчыры камуніст праз акно атрымаў кулю ў скроню ад свайго былога сябра.

Мне цяжка было зразумець паспешлівасць, з якой людзі паверылі ў здраду чалавека, перад якім яшчэ нядаўна пракланяліся.

Зрэшты ўся трагічнасць выпадку дайшла да мяне значна пазней, калі я стаў разумны разам з іншымі. Тады ж я з жахлівым недаўменнем стаяў над труною Юлека Цішэўскага і не хацеў верыць, што свет такі жорсткі.

Але хутка маю ўвагу заняло іншае.

Пачаўся 1936 год. Дэфензіва добра падрыхтавалася і ў адзін дзень правяла масавы арышт падпольшчыкаў. Арыштавалі мяне і бацьку. Першую ноч мы правялі ў Юлека Кушняровага ў Белявічах. На падлогу Юлек наслаў саломы, нас паклалі ўсіх у рад, і сышчык з наганам стаў на варту.

У хату да Юлека прытэпала мая бабка і стала прасіць:

– Пане, ну навошта трымаеце майго ўнука? Хіба ён бандыт? Хіба каго забіў, зарэзаў?

– Матко, ён горшы, – адказаў сышчык. – Бандыт зарэжа аднаго чалавека, а твой унук замахнуўся на цэлую дзяржаву!

Для мяне гэта быў найвялікшы камплімент, які толькі можна прыдумаць. Слухаў я свайго ворага і рос...

У Ялоўцы на пастарунку пачалася расправа. Некаторыя нашыя хлопцы не вытрымалі, пачалі «сыпаць». Я паспрабаваў першую горыч здрады тых людзей, ад якіх найменш спадзяваўся. Ад мяне не дабіліся нічога. Мы чакалі суда.

Кампанія ліквідацыі КПЗБ і КСМЗБ адбывалася па ўсім Беластоцкім ваяводстве. Каб усіх перасаджаць, ураду не хапіла б турмаў. Прысуды з турэмным зняволеннем суддзі выносілі толькі сакратарам ці тым падпольшчыкам, якіх абвінавачвалі ў забойстве. Астатніх падвялі пад амністыю. Бацька атрымаў невялікі тэрмін, а мяне, малалетняга, амніставалі. Памятаю, калі мне сказалі пра гэта, я расплакаўся: надта хацелася, каб засудзілі, як іншых.

Настаў цяжкі час. Лепшыя людзі апынуліся ў турмах. КПЗБ і КСМЗБ былі распушчаны. На свеце запахла порахам. У Гішпаніі выбухнула грамадзянская вайна.

Аднойчы вясной 1937 года прыехалі да мяне з Гарадка былыя падпольшчыкі і школьныя сябры – Саша Кандрусік з Толем Пятэльскім – і загадалі збіраць па хатах дапамогу для рэспубліканцаў. Цэлы год я вечарамі збіраў жыта, каўбасы, грошы і адпраўляў у Гарадок. Часам я пытаўся сам сябе: як гэта ўсё перапраўляюць у Гішпанію? Ну, грошы можна пераслаць, а жыта – прадаць. Але ж як адпраўляюць каўбасы?

Між іншым, і да сённяшняга дня мяне мучыць сумленне: ці ўсё сабранае тады даходзіла да гераічных гішпанцаў? Не Сашка і не Толя, але іншыя людзі, якія кіравалі такімі зборамі, часамі былі падазроныя. Некаторыя, як выявілася ў 1941 годзе, былі проста шарлатаны, п’яўкі і нажываліся на народным патрыятызме. Але гэта ўжо іншая тэма...

Дарэчы, я тады імкнуўся паехаць дабравольцам у Гішпанію, ды трэба ж было так здарыцца, каб адказным за вярбоўку ў нашай акрузе быў мацерын брат, дзядзька Мікалай Дудзік з Белявіч. Ён, вядома, расказаў бацьку, і мая авантура скончылася вялікім сямейным скандалам.


7

Чырвоная Гішпанія канала. Станавілася відавочна, што нашая дапамога яе не ўратуе. Цяпер я страціў і той адзіны занятак, у якім знаходзіў маральнае задавальненне. Цяжкая праца на гаспадарцы не мела ніякай перспектывы. Я першы раз па-даросламу спытаўся ў сябе: што ж мне рабіць?

Хоць бліжэйшым горадам у нас быў Беласток, але культурным цэнтрам па традыцыі лічылася Вільня. Яшчэ з часоў Кастуся Каліноўскага, а мо і раней, многія пакаленні нашай моладзі імкнуліся туды, каб вярнуцца адукаванымі людзьмі, вопытнымі рэвалюцыянерамі. Памкнуўся туды і я. Дома мой праект падтрымалі.

Летам 19З8 года я прыбыў у Вільню і паступіў у вячэрнюю школу пры гімназіі імя «эдукацыі народовэй». У гэтай школе двухгадовую праграму праходзілі за год. Такім чынам да наступнага лета я скончыў два класы гімназіі. Харчы прысылалі бацькі, грошай на вучобу зарабляў: быў пасыльным у гімназіі, разносіў па кватэрах малако.

Нямецка-польская вайна ў верасні 1939 года заспела мяне дома. Тады і ўбачыў я першы раз салдат вермахта. Яны паціскалі нам, беларусам, рукі, запэўнялі: «О-о, Москаў гу-ут! Нікс крыг!» Цяжка было не верыць шчырым запэўненням салдат, і – памяталася крывавая расправа фашыстаў з рэспубліканцамі ў Гішпаніі. Пачалі мы збіраць вінтоўкі, каб павярнуць іх супраць прышэльцаў з захаду, ды надышло 17-га верасня.

Ад Страшава недалёка пралягла граніца. Там ужо накоплівалася гітлераўская армія. Начамі пачалі гарэць у ваколіцах будынкі, масты, гінулі людзі.

Як потым выявілася, акты дыверсій выконвалі разведчыкі вермахта.

Гэтым часам я паступіў у Наваградскае педвучылішча і да лета 1941 года скончыў два курсы. У педвучылішчы падаў заяву, каб мяне прынялі ў камсамол. Мне адмовілі, бо ў бацькі многа гектараў зямлі (між іншым, вярнуў мне заяву з адмоўным адказам сакратар камітэта камсамола Мароз, які потым стаў... паліцаем!). Горкая крыўда і пачуццё асабістай абразы не дазволілі мне сабраць доказы, што я – сын падпольшчыка, а не кулака, і сам не быў пасіўным сведкам падпольнай барацьбы ў тагачаснай Польшчы.

З-за гектараў папацярпеў тады і мой бацька. Яго абклалі кулацкім падаткам, але ён не ішоў нікуды скардзіцца. Вядома, потым разабраліся б са мной і з ім, ды наваліліся падзеі важнейшыя.


8

Наваградак фашысты занялі толькі пасля двухтыднёвых баёў. Вучняў педвучылішча гэты час ваенкамат выкарыстоўваў як пасыльных. Потым арганізаваў з нас каманду лавіць нямецкіх парашутыстаў, ды настаўнікі-камандзіры павезлі сем’і на ўсход, і каманда распалася. Тады я са сваім блізкім сябрам Мікалаем Жураўлёвым папрасіўся на фронт.

– Куды я вас падзену? – адказаў стомлены ваенкам, капітан Волкаў. – Наваградак абкружаны. Зброі няма ніякай. Вы лепш не блытайцеся пад нагамі, валяйце дамоў і чакайце.

I я павалокся дахаты. Немцаў спаткаў каля Дзятлава, яны прыпаднялі маю шапку, пабачылі, што галава не пастрыжаная – не салдат, – і адпусцілі.

Вярнуўся я ў Страшава. Якраз вярнуўся і бацька – ён з падпольшчыкамі таксама адступаў на ўсход, але немцы іх дагналі. Прывалокся ўвесь у пухірах на пятках і мой брат Валодзька. Ён вучыўся ў Менскім тэхнікуме сувязі, адышоў найдалей – яго немцы дагналі недзе за Барысавам.

Ажылі мы крыху і агледзеліся. Ваколіцы Страшава немцы часта бамбілі. Па палях, лясах і дарогах стаялі дзесяткі цэленькіх і новенькіх танкаў, гармат, якія часамі не зрабілі ні аднаго стрэлу па праціўніку. Якіх-небудзь пяцьдзесят задрыпаных немцаў па шашы вялі калону ў некалькі тысяч дарэшты знясіленых палонных...

Усё здавалася нібы сном. Была такая моц і яе не стала! Ніякія весткі не даходзілі ў наша Страшава. Мы сталі глыбокім тылам. Усюды былі толькі выпешчаныя, самаўпэўненыя нямецкія салдаты і афіцэры.

Наўрад ці можна параўнаць франтавыя, лагерныя і партызанскія нягоды з тымі маральнымі пакутамі, якія давялося перанесці тады, у першыя месяцы акупацыі. Я тады перажыў самыя чорныя дні ў маім жыцці.


9

Нашу тэрыторыю немцы далучылі да трэцяга рэйха. Увялі строгую сістэму падаткаў і адміністратыўнай улады. Жандармерыя правяла дзеля страху некалькі арыштаў. У вёсках, якія раскінуліся вакол Гарадка, некалькі чалавек было расстраляна. Але ў Страшаве нікога не кранулі, праявілася выхаваная ў страшаўцаў яшчэ ў часы падпольнай барацьбы пры тагачаснай Польшчы пачуццё салідарнасці і ўмення трымаць язык за зубамі ў момант небяспекі.

Ішлі дні, тыдні, месяцы. Людзі памалу пачалі агойтвацца. Сталі даходзіць радасныя весткі пра баі пад Масквой. У нас нібы адкрыліся вочы. Убачылі, што ў немцаў кудысьці падзелася ранейшая фанабэрлівасць. У нас зарадзілася надзея, захацелася змагацца.

Восенню 1941 года мы з братам у Ліпніках каля свайго хутара выкапалі зямлянку. Мы пачалі зносіць туды радыёпрыёмнікі, зброю. У маленькай вёсачцы Папоўка жылі Дзенісюкі, радня маёй бабулі. Ля Папоўкі прытаілася ў лесе ўзброеная групка вайсковых і цывільных людзей пад камандай старшыны войск НКУС Міцькі Высоцкага. У кастрычніку Дзенісюкі завялі мяне да Высоцкага. На просьбу забраць нас з братам у групу старшына сказаў:

– Калі вы можаце яшчэ быць дома, дык будзьце! А каб немцы не вывезлі ў Германію, паступіце працаваць на чыгунку.

Усю зіму 1941-42г. я быў чорнарабочым на чыгунцы ў сваёйвёсцы. Некалькі разоў Міцька Высоцкі выклікаў мяне з братам на дыверсіі. Мін тады рабіць не ўмелі, пускалі цягнікі пад адхон фокусам. Бывала, прыйдзе ноччу Высоцкі з дзесяткам чалавек, папрыходзім і мы. Рэйкі на чыгунцы Ваўкавыск–Беласток немцы прымацавалі не кастылямі, а шрубамі. Мы, чыгуначныя рабочыя, прыносілі з сабой тарцовыя ключы. Калі праходзілі патрулі, усе вылазілі на пуць, адвінчвалі рэйкі, сцягвалі іх на бок і ўцякалі. Часамі наступныя патрулі заўважалі разабранае палатно і ўзнімалі трывогу. Аднак разы са два нам усё ж удалося пусціць цягнік пад адхон.

Летам 1942 года я трапіў на вока нямецкаму начальству.

Яно выбірала з моладзі тых, хто ведаў нямецкую мову, і ставіла стрэлачнікамі і дзяжурнымі па станцыі. У лік гэтых людзей трапіў і я. У Валілах навучылі нас азбуцы Морзе і парассылалі на паўстанкі дзяжурыць. Я трапіў на паўстанак у сваю вёску. Да восені 1942 года нашы хлопцы ў лесе сталі сапраўднымі партызанамі. У іх пабывалі прадстаўнікі штаба партызанскага руху з Масквы. Група Высоцкага атрымала толавыя шашкі, магнітныя міны, друкаваныя ўлёткі. На чыгунцы падабралася шмат надзейных людзей, і мы рабілі сваю справу. Напрыклад, Высоцкі дасць магнітную міну замаруджанага дзеяння, я яе перадаю свайму стрэлачніку. Калі ідзе цягнік з цыстэрнамі на фронт, я наўмысна яго прытрымліваю на паўстанку, пакуль стрэлачнік прылепіць міну да жывата цыстэрны. Або прытрымаю цягнік з цюкамі прасаванага сена, куды нашыя хлопцы клалі бутэлькі з нафтай і берталетавай соллю ў паперцы. Потым чуем: недзе ў Ваўкавыску, Слоніме ці Баранавічах згарэла частка эшалона з бензінам ці з сенам. Аднак быў такі час, што нават я, дзяжурны, – не мог дакладна ведаць, што робіцца на суседняй станцыі, і праверыць чуткі не было магчымасці.

На фронце ішлі цяжкія баі за Сталінград. Да таго часу многія брыгадзіры рамонтных брыгад, стрэлачнікі і дзяжурныя ад Беластока да Ваўкавыска былі нашымі людзьмі. Я з імі трымаў сувязь. Высоцкі задумаў вывесці са строю адразу ўвесь адрэзак чыгункі ў сто кіламетраў, з паўстанкамі, вакзаламі, вадакачкамі. Пасля гэтай дыверсіі нам дазвалялася ісці ў партызаны. Ды тут здарылася непрадбачанае.

Групе Высоцкага спатрэбілася батарэя для прыёмніка. Тады ўмудраліся для гэтай мэты прымяняць акумулятары з аўтамашын. Міцька з сябрамі пайшоў ноччу на шашу паляваць грузавік. У лесе Ліпнікі машыну затрымалі. У грузавіку было толькі два салдаты, яны стрэлілі з вінтовак па аднаму разу, але нямецкая куля забіла Высоцкага. Яго намеснік забраў групу і павёў пад Брэст, у бяспечнае месца. Гэтак мы страцілі і кіраўніцтва, і падтрымку, і сувязь з партызанамі і месяцы два не ведалі, што рабіць.

У лютым 1943 года мяне арыштавалі. Адначасна немцы ўзялі яшчэ людзей. Забралі і майго бацьку з братам.


10

Цяпер у мяне ёсць падставы лічыць, што немцы тады мяне арыштавалі не ў сувязі з маёй падпольнай работай, бо ў такім выпадку забралі б і яшчэ каго-небудзь з чыгункі. Усе арыштаваныя са мной, былі пажылыя сяляне з навакольных вёсак. Нас прывезлі ў гестапа 60 чалавек. Дваццаць з іх расстралялі, дзесяць пусцілі дамоў, а астатніх вывезлі ў лагер смерці. Я добра ведаў расстраляных. Некаторыя з іх былі далёкія ад палітыкі, яны толькі і ведалі, што поркацца на гаспадарцы. Чатырох з іх гестапаўцы схапілі за тое, што яны гулялі ў дурня. У ліку расстраляных былі і такія, якіх мы баяліся, як правакатараў. Няйначай, справа выглядала так: нейкаму фашыстоўскаму начальніку далажылі, што наш раён – гняздо партызан, начальнік выклікаў карнікаў, тыцнуў пальцам у карту і загадаў – з-пад Гарадка столькі людзей забраць, з іх столькі расстраляць, столькі адлупцаваць і адпусціць, а столькі выслаць. Карнікі выканалі загад з нямецкай педантычнасцю, не надта разбіраючы, хто ў чым вінават.

Пасля арышту ўсіх нас павезлі ў Гарадок. Афіцэр гестапа паклікаў мяне на допыт. Гаварылі мы на нямецкай мове. Афіцэр даволі ветліва спытаўся пра сям’ю, пра работу. Пытаўся і пра партызан, але яго пытанні былі наўгад, я іх лёгка адвёў. I наогул, гэта хутчэй была гутарка, а не допыт. Я асмялеў і разыграў наіўнага вясковага прастака, які не ведае, чаго ад яго патрабуюць, не надта разбіраецца, што навокал робіцца. На допыце мяне і не білі. Калі прыводзілі і выводзілі з кабінета афіцэра, я толькі бачыў, як мучаць іншых, і адчуваў сябе як бы вінаватым перад імі. Я ўжо думаў – нас адпусцяць! Але дзе там!

З Гарадка нас усіх, шэсцьдзесят чалавек, перавезлі ў беластоцкую турму. Праз два месяцы бацьку выпусцілі з турмы, а мяне з братам і сотнямі іншых арыштантаў заладавалі ў вагоны і павезлі ў лагер смерці Штутгоф, у Заходнюю Прусію. Там мне і Валодзьку выдалі стандартныя бланкі, дзе пад нашымі прозвішчамі ў графе «род злачынства» стаяла – «бандытызм»! I яшчэ: там, дзе звычайна пазначаўся тэрмін асуджэння, у нас стаяла – «бестэрмінова».


11

Лагер смерці Штутгоф быў арганізаваны і пабудаваны на ўзор Асвенціма, Майданека, Бухенвальда. Тут загінула 150 000 чалавек. У ім пабывала вельмі шмат людзей з Заходняй Беларусі, болей, чым у іншых лагерах. А наогул, у Штутгофе сядзелі людзі розныя: палякі, рускія, чэхі, французы, італьянцы, датчане. Было шмат і немцаў – злодзеі, рэцыдывісты. Аднак большасць з немцаў былі палітычныя. Некаторыя члены нямецкай кампартыі сядзелі там у зняволенні яшчэ з памятнага для іх 1933 года! А мой сусед па нарах – дваццацігадовы здаравяк – сядзеў толькі за тое, што, прыехаўшы з Усходняга фронту на пабыўку, меў любоўныя зносіны са служанкай-полькай. Рослы, малады тып, якому б якраз валачыць на фронце кулямёт, цяпер за спробу зганьбіць «арыйскую расу» таміўся ў лагеры.

Усе ў Штутгофе мелі аднолькавыя ўмовы. Толькі некалькі соцень літоўцаў вылучаліся. Яны лепш харчаваліся, лепш апраналіся, на работу амаль не хадзілі. Гэта былі літоўскія акадэмікі, міністры ўрада Смятоны, пісьменнікі. Такія арыштанты на кожным кроку падкрэслівалі, што ў лагеры яны людзі выпадковыя, хутка іх Гітлер пакліча да агульнага стала.

Немцы адно звонку ахоўвалі лагер. Улада ў ім была арганізавана па прынцыпу самакіравання. Закаранелыя бандыты, цынічныя садысты – пераважна нямецкай нацыянальнасці – стаялі на чале каманд і называліся «капо». Гэткія ж кіравалі жылымі блокамі, сачылі за парадкам. Адзінай мовай у іх быў кій. Капо спаборнічалі, хто з аднаго маху саб’е з ног арыштанта. Часамі ад няма чаго рабіць яны забівалі дубінай чалавека, і агонія ахвяры выклікала ў іх цынічны рогат.

Лагер быў разлічаны на пэўную колькасць людзей. Кожны дзень сюды прыбывалі сотні новых. Каб захаваць у лагеры аднолькавую лічбу едакоў, эсэсаўцы забівалі за дзень столькі людзей, колькі іх прыбывала. Увечар жыхары блокаў выстройваліся ў калоны, паміж шэрагаў праходзілі эсэсаўцы, і арыштаваным, якія не маглі стаяць на нагах, тыкалі пальцам у грудзі. Тыя рабілі два крокі ўперад, ведаючы, што іх зараз павядуць у газакамеру, а потым штабялі іхніх жоўтых трупаў ваганеткамі павязуць у крэматорый.

Усе арыштанты працавалі. Хто будаваў новыя баракі, хто карчаваў пні, расчышчаў пляцоўку, хто – на кухні. У спецкамандах рабілі ложы для вінтовак, выраблялі для нечага чалавечую скуру, сартыравалі вопратку і абутак памерлых.

Першыя тыдні мы з Валодзькам працавалі ўсюды. Пачалі худнець. Нам памагалі нямецкія камуністы – старажылы лагера. Аднаго з іх я потым спаткаў у партызанах. Яго звалі Рыхард Шэмуксніс. Гітлер яго пасадзіў яшчэ ў 1933 годзе за тое, што Рыхард кіраваў камсамольскай арганізацыяй у сваім горадзе Інстэнбургу.

Па нейкім часе і дапамога камуністаў ужо перастала дзейнічаць: мы ледзьве трымаліся на нагах. Раптам прыйшло збавенне. У нас з’явіліся харчы! У Штутгофе панаваў такі парадак: калі хто з родных уведаў нумар арыштаванага і прыслаў на яго харчовую пачку, то яе аддавалі. Аднаго разу невялічкую нашу групу вывезлі з лагера працаваць на завод – насіць бярвенні. Там былі рабочыя з ўсёй Еўропы. Я пераміргнуўся з адным рускім. Пад цэглай хлопец пакінуў мне кавалачак паперы і аловак, я напісаў бацьку некалькі слоў, а рускаму – страшаўскі адрас. Паклаў назад паперку пад цэглу. Невядомы мне таварыш зрабіў усё астатняе. Нямецкая пошта працавала спраўна. I ў той дзень, калі Валодзька ўжо млеў на нагах і я ад недаядання ледзь трымаўся, а сябры нас увечары хавалі ад вачэй эсэсаўцаў, мы раптам атрымалі па пасылцы і адразу ажылі.

Атрымаўшы ад нас ліст, бацькі гаспадарку ператварылі ў майстэрню загатоўкі харчовых пачак: для таго, каб дайшла адна, трэба было паслаць некалькі! Такім чынам бацькі нам на нейкі час забяспечылі жыццё. У маладым узросце, у цёплую пару года, пры нармальным харчаванні можна было перанесці і цяжкую работу, і здзек, ды яшчэ і дапамагчы сябрам.


12

З першага дня арышту мяне займала толькі адна думка – як уцячы. Была магчымасць выскачыць з вагона, калі нас везлі з Беластока ў лагер. Часамі цягнік ішоў ноччу памалу, яго ахоўвалі ў асноўным такія самыя беларусы з Гарадка, пераапранутыя ў нямецкія мундзіры. Некаторых канваіраў я добра ведаў, з імі вучыўся ў «паўшэхнай» школе, і я сумняваўся, што такі пацэліў бы ў мяне на хаду поезда ў цемры. Ды гестапаўцы вярнуліся б у Гарадок, адыграліся б на бацьках. Я чакаў больш удалага выпадку.

Штутгофскі лагер быў абнесены калючым дротам, у дрот падлучаны ток. На вышках дзень і ноч вартавалі вахманы з кулямётамі. Арыштанты насілі нагавіцы-клёш і фрэнч з тоненькай тканіны ў чорна-белую палоску. На грудзях і на правай калашыне над каленам нашываўся нумар арыштанта: першая літара яго нацыянальнасці і вінкель, колер якога залежаў ад роду твайго «злачынства». Напрыклад, палітычныя мелі колер чырвоны, бандыты – зялёны, баптысты – фіялетавы...

Галовы ўсім стрыглі пад машынку, а ад ілба да макаўкі брытвай выбрывалі палоску на два пальцы шырынёй. У такім выглядзе ўцячы было не проста. I каманды, якія выходзілі часамі за лагер на работы, мелі дастаткова канваіраў з сабакамі.

Усё ж пры мне са Штутгофа некалькі людзей спрабавалі ўцячы. Адзін рускі ў час работы ў лесе папрасіў сяброў прысыпаць яго пяском і прыкласці галінкамі. Паляк, які падстрыгаў газоны ў садку каменданта лагера, залез у басейн з вадой, высунуў нос пад ліст вадзяной лілеі і прытаіўся. Абодва меліся дачакацца вечара, калі знімуць пасты. Вахманаў не здымалі цэлую ноч, пакуль не знайшлі ўцекачоў. Абодвух павыцягвалі са сховішч сабакі і разарвалі на кавалкі. Пакуль ішлі пошукі, тысячныя калоны арыштантаў стаялі перад сваімі баракамі па камандзе «зважай». Раніцой калоны па чарзе праходзілі ля акрываўленага чалавечага месіва, якое кінулі на коўдру пасярод лагера.

Нагледзеўшыся на ўсё гэта, мы з Валодзькам рыхтаваліся да ўцёкаў вельмі старанна. Назбіралі табакі, каб засыпаць след, сабралі харчоў. Дасталі нажы, нават – запалкі. У нас былі сябры – механікі савецкага танкера «Данбас», які немцы затапілі ў Баранцавым моры. Яны вельмі добра ведалі павадкі сабак, умелі арыентавацца без компаса і вучылі ўсяму гэтаму нас. Першая спроба ўцёкаў скончылася няўдала. Хадзілі мы тады на цагельню, якая абслугоўвалася арыштантамі. Печы цагельні падыходзілі да шырокага канала, на беразе стаялі вахманы. Умудрыся, перайдзі незаўважаным паласу вады, і ты – на волі! Мы з Валодзькам падрыхтавалі доўгія трубкі, каб, узяўшы іх у рот, перайсці па дну канал і там нырнуць у кусты. На жаль, дно занесла такім густым ілам, што мы адразу ўгразлі і ледзьве сябе не выдалі. Прыкінуліся, што нам прыйшла фантазія пакупацца ў вопратцы і абутку, атрымалі па дваццаць пяць бізуноў.

Настала восень. Аднойчы ў нядзелю ў лагер увайшлі шэсць вахманаў з фельдфебелем і пачалі адбіраць добраахвотнікаў на станцыю, каб нешта там ладаваць. Папрасіліся ў каманду і мы з братам. Фельдфебель глянуў нам на грудзі, прачытаў літару «Р» (у Штутгофе беларусы, рускія і ўкраінцы насілі адну літару) і заявіў, што рускіх не бярэ, бо яны ўцякаюць. За нас заступіліся, і стары фельдфебель здаўся.

Ад’ехаліся мы ад лагера 18 кіламетраў на станцыю Тыгенгоф. Ужо цямнела, калі нам загадалі грузіць дошкі ў вагоны. Над намі свяціла 500-ватная лямпа. Свежы снег пакрыў зямлю роўнай коўдрай. Свяціў месяц. Шансаў на ўцёкі было мала, і мы з братам вырашылі: рызыкаваць толькі аднаму.

Калі вахман загадаў нам злазіць з вагона і паслаў на змену іншых, я палез не на зямлю, а – паміж вагонаў, стаў на буфер. Там быў цень. Убачыўшы, што ніхто за мной не сочыць, я нырнуў пад вагон, прапоўз пад ім, выскачыў у цёмнае месца і пабег. Цэлую ноч я ішоў па палях і балотах, арыентаваўся па месяцы і па ветры. На світанні залез да баўэра ў гумно і да вечара праспаў. Тады падаўся далей. Пачуўшы на дарогах рускую ці польскую мову, я загаворваў з людзьмі – гэта былі рабочыя, якіх прымусам вывезлі ў Германію. Мне ахвотна паказвалі дарогу, кармілі. У адным бараку, дзе жылі рускія дзяўчаты, пасадзілі мяне за стол. Толькі я ўзяўся за лыжку, як зайшоў немец. Дзяўчаты мяне запхнулі ў шафу з адзеннем.

У Мэльбургу на стрэлках я пачапіўся на таварняк і даехаў да Дойчэ Эйлаў. Перадняваў у стозе саломы ля нейкай буды. Вечарам загаварыў з мінакамі. Адзін паляк з Млавы, па прозвішчу Кавальскі, у свайго шэфа-немца ўкраў новенькі мундзір з залатымі кантамі на пагонах, нагавіцы, чаравікі і шапку машыніста з вялізным рондам і свастыкай. Было холадна, таму ўсё гэта я напяліў на арыштанцкую паласатую вопратку. Кавальскі яшчэ даў мне марак, завёў на вакзал. Немкі мяне пачалі пытацца пра цягнікі, мяне гэта падбадзёрыла, і я адразу ўвайшоў у сваю ролю. Развітаўся з польскімі сябрамі, купіў білет да Беластока і паехаў. Ніхто мяне ні разу не пытаўся, куды я еду і хто я такі. Па дарозе нават, памятаю, паспеў закахацца ў кандуктарку – сімпатычную каравокую немачку.

Як пан, прыехаў я пасажырскім у Страшава і тут ледзь не папаўся. Я не ведаў, што ў нас цяпер жылі дваццаць нямецкіх салдат, якія ахоўвалі чыгунку. З паўстанка зайшоў я на кухню, поўную немцаў. На маё шчасце, бацькі спалі. Я з салдатамі па-нямецку прывітаўся і спытаў, дзе жыве брыгадзір Антончык, наш сусед. Адзін салдат ахвотна мяне вывеў на двор, паказаў. Я развітаўся і пайшоў прэч са свайго падворка. Бацькоў пабачыў толькі на другі дзень.

Невялічкая групка партызан восенню 1943 года вярталася з-пад Беластока да сябе ў лагер пад Брэст, у Гута-Міхалінскі лес. Праз нашага лесніка бацька яе знайшоў і перадаў мяне партызанам. Пачалася лясная эпапея.


14

Трапіў я ў атрад імя Аляксандра Матросава, які арганізаваўся на базе групы Міцькі Высоцкага. Але цяпер там былі ўжо незнаёмыя камандзіры і партызаны: я для іх быў чалавекам невядомым, якому падазрона лёгка ўдалося ўцячы з нямецкага лагера смерці. Нейкі час не ведалі, што са мной рабіць, тады перадалі ў дэсантную групу капітана Арлова. Там я ўдзельнічаў у дыверсійных аперацыях, надта дробязных, пра іх нават сорамна цяпер і ўспамінаць. Напрыклад, Арлову захацелася ўзарваць у адной вёсцы драўляны мост на Зельвянцы. Мы яго ўзарвалі, добра ведаючы, што па ім толькі сяляне возяць мяшкі жыта да млына і за такую «дыверсію» высмеюць нас.

У пачатку 1944 года ў Гута-Міхаліну прыбыў з брыгадай імя Каліноўскага падпалкоўнік Вайцяхоўскі – вельмі адважны, ініцыятыўны камандзір, тонкі псіхолаг і абаяльны чалавек. Ён і ўзяў мяне да сябе: ад Арлова я ўцёк.

У красавіку прыбылі мы ў страшаўскія лясы. Вайцяхоўскі прызначыў мяне камандзірам атрада імя Каліноўскага. Мне і рабочаму з чыгункі Косцю Карповічу камбрыг загадаў арганізаваць атрад з мясцовай моладзі. Атрад мы арганізавалі і да прыходу Чырвонай Арміі, за чатыры месяцы, правялі вакол Гарадка некалькі даволі ўдалых баявых аперацый і дыверсій. Нашаму поспеху садзейнічала глеба, якую там падрыхтавалі старыя падпольшчыкі, – усе навакольныя сяляне былі нашымі памочнікамі.

Немцы даведаліся, што я ў партызанах, і намерыліся арыштаваць бацькоў. Сувязны з Гарадка прымчаў да старых раней за паліцаяў. Бацька і маці ўцяклі ў лес. Стары стаў атрадным разведчыкам, а маці варыла нам ежу. Гаспадарку паліцаі расцягнулі.


15

Летам 1944 года мы злучыліся з Савецкай Арміяй у Каралёўскім лесе пад Беластокам. У атрадзе ўжо было 64 чалавекі. Абкам партыі тады ўсіх партызан накіроўваў на арганізацыю савецкай улады. Бацьку паслалі ў Ваўкавыск адбудоўваць лесапілку, а мяне назначылі інспектарам абласнога сабеса. Гэтая работа была мне вельмі не па душы, я пачаў шукаць іншай. Набіралі групу дэсантнікаў у Польшчу і Прусію. Папрасіўся туды і я, але мне адмовілі. Выявілася, што ў мяне «заплямленая» біяграфія: я быў у Штутгофе, мой бацька меў шмат гектараў... Папрацаваўшы некалькі тыдняў інспектарам, я зайшоў у ваенкамат, папрасіўся на фронт, і мне адразу выпісалі позву.

Як і мой бацька ў першай сусветнай вайне, цяпер я стаў наводчыкам 76-міліметровай гарматы славутага 756 стралковага палка, якому потым выпала штурмаваць рэйхстаг. З баямі прайшоў я ад Варшавы да Берліна. Палкавая артылерыя тады на перадавой страляла на прамой наводцы, таму такім артылерыстам даставалася болей за пехацінцаў, бо як ты ні маскіруйся, а гэтакую мішэнь відаць усё роўна. За два месяцы немцы разбілі ў мяне дзве гарматы: адну на Одэры, другую – за мястэчкам Флатау ў Заходняй Прусіі. За Флатау мяне параніла. Гэта здарылася 16 лютага 1945 года. Раніла мяне другі раз у Берліне, на вуліцы Мольтке. Першы раз куля толькі чыркнула па плячы. Цяпер жа я атрымаў у лёгкія тры асколкі – мяне чакала доўгае лячэнне і барацьба за жыццё.


16

У канцы жніўня 1945 года мяне выпісалі з вайсковага шпіталя, далі II групу інваліднасці. Я паступіў у Гарадзенскі педінстытут на англійскае аддзяленне. Хутка знайшоўся і Валодзька. Пасля таго, як я ўцёк са Штутгофа, яго фашысты моцна катавалі, выбілі зубы, суткамі трымалі ў бункеры без ежы, аднак ён усё перанёс. Пры эвакуацыі лагера Валодзька ўцёк з-пад канвоя, трапіў у нашу армію, ваяваў, яшчэ нават паспеў быць раненым. Цяпер дэмабілізаваўся і паступіў у Менскі палітэхнічны інстытут. Такім чынам мае сямейныя справы ўладзіліся, і ўсё было б вельмі добра, калі б не праклятыя асколкі...

Мабыць, больш за вучобу я палюбіў грамадскую работу. Спачатку я быў камсоргам, потым старшынёй прафкама. Тут мне ніхто ні разу не нагадаў аб мінулым. У 1947 годзе мяне прынялі ў члены КПСС. Дзесьці ў той час я і пасябраваў са студэнткай літфака Інай Цыгельніцкай. Бацька і маці яе былі віднымі кіраўнікамі кампартыі ў часы Польшчы. Бацьку яе, сакратара ЦК польскай кампартыі Анатолія Адамавіча Альшэўскага, у 1937 годзе берыеўцы арыштавалі, і ён з лагера не вярнуўся. Маці, Фаіна Абрамаўна Цыгельніцкая, прасядзела сем год у польскіх турмах, цяпер працавала ў райкаме. Іна ўсё жыццё правяла ў дзіцячых дамах. Шмат чаго перажыла і пабачыла. Па натуры яна была мне вельмі блізкая.

Тады ў педінстытуце вучыліся амаль толькі дзяўчаты. Нават мужчын-інвалідаў было мала, і яны «стаялі ў цане». Яшчэ не паспеў я скончыць інстытут, а ўжо абкам і Міністэрства асветы падабралі мне пасаду загадчыка Сапоцкінскім раённым аддзелам народнай асветы, нават не пытаючы, ці пацягну я такую працу. Зрэшты, каб і спыталіся, то я, відаць, не адмовіўся б. Маё пакаленне трымалася лозунга: «Не по силам цель выбирай, а по цели силы напрягай!»

У ліпені 1949 года я атрымаў дыплом настаўніка англійскай мовы ў 8-10 класах, ажаніўся з Інай і, перапоўнены энергіяй, аптымізмам і пыхлівасцю, сабраўся на работу, па наіўнасці думаючы, што ўсе цяжкасці перажыты. Менская студыя кінахронікі нават зняла на плёнку, як я, з ардэнамі і медалямі на грудзях, у актавай зале інстытута атрымліваю дыплом, саджуся ў вагон і з гарадзенскага вакзала адпраўляюся пасажырскім цягніком у Сапоцкіна. Калі потым у горадзе паказвалі гэты часопіс, то ўсе з мяне надта смяяліся: з Гародні да Сапоцкіна чыгунка не пракладзена, яе прыдумала фантазія сцэнарыста М. Фраймана.


17

У Сапоцкінскім раёне тады было вельмі цяжкое становішча. Па вёсках і лясах яшчэ гайсалі банды, забівалі актывістаў, гвалцілі і тэрарызавалі людзей. У гэты раён працаваць ехалі неахвотна. Праштрафіцца хто-небудзь, скажам, у Віцебскай вобласці, здымуць яго з работы і ў пакаранне пашлюць у Сапоцкіна. Першым сакратаром райкама працаваў тады т. Яцкевіч – сумленны камуніст, але вельмі абмежаваны чалавек. Да людзей ён ставіўся падазрона і бачыў у іх толькі кепскае, ведаў адну методу кіравання – павышэнне голасу. Мяне ён адразу западозрыў у палітычнай нядобранадзейнасці на той падставе, што мой бацька меў шмат гектараў зямлі, а я быў у нямецкім лагеры, – тады гэта лічылася страшэнным грахом. Памятаю, на адным бюро райкама ён выставіў супраць мяне нават і такі аргумент, што я... не выпіваю, як іншыя! Аднак я быў камуністам, накіравала мяне на работу Міністэрства асветы і абкам, і лёгка выжыць мяне з раёна было нельга.

I вось пацяклі мае першыя працоўныя тыдні. Многія тады тапілі свае цяжкасці ў гарэлцы, а я знайшоў задавальненне ў рабоце. Іна заканчвала інстытут, нарадзіла дачку Лену. З Сапоцкіна да Гародні – 24 кіламетры, ніякія рэйсавыя аўтобусы тады не хадзілі. Увечары я браў кій і праз чатыры гадзіны быў у Гародні. Раніцай заяўляўся ў якой-небудзь школе ці сельсавеце. У школах тады не было парт, замест шыбаў часамі ўстаўлялі фанеру. Не хапала і настаўнікаў. Так што працы загадчык райана меў непачаты край. Агортвала крыўда, калі сваё начальства, замест таго, каб памагчы, перашкаджала ў рабоце прычэпкамі. Аднаго разу зайшоў я ў вёску Шэмбелеўцы, дзе школа размяшчалася ў гнілой прыватнай хаціне. Сяляне там якраз сабралі грошы, каб купіць ксяндзу дом. Мне неяк даволі лёгка ўдалося ўгаварыць людзей купіць на гэтыя грошы зруб для школы, які прадавала ўдава. Пры мне сяляне заплацілі ўдаве грошы, я, шчаслівы, вярнуўся ў Сапоцкіна і пахваліўся сакратару райкама Яцкевічу. На маё здзіўленне, ён забараніў мне браць гэты зруб на баланс. Тады я звярнуўся ў ЦК КП Беларусі. ЦК мяне падтрымаў, сакратару райкама давялося адмяніць свой загад.

Было лета 1950 года. У нас рыхтаваўся пленум райкама партыі з парадкам дня: «Прычыны адставання калектывізацыі ў Сапоцкінскім раёне». Работнікі савецкага і партыйнага апарата раёна былі прыезджыя, а я добра ведаў мясцовых людзей і ўмовы і таму вырашыў выступіць на пленуме. Паколькі гэтае выступленне паслужыла пэўнай вехай у маім жыцці і ў ім ёсць цікавыя факты, якія характарызуюць цяжкасці таго перыяду і могуць у пэўнай меры паказаць, наколькі вырасла ў нас за апошнія гады ўнутрыпартыйная дэмакратыя, я дазволю сабе прывесці з яго некаторыя вытрымкі.

«Вось тут, з гэтае трыбуны, некаторыя даводзілі, што сапоцкінскія сяляне таму не ідуць у калгас, што добра жывуць. Абсурд! Наўрад ці знойдзецца яшчэ такі куток у вобласці, а то і ва ўсім Саюзе, дзе б так бедна жылі сяляне. У нас жа ні ў адной вёсцы няма лазні. Не памятаю, каб хоць у адной хаце, дзе я быў, на ложку ляжаў сяннік, замест яго ўсюды салома, гарахавінне, на іх так і спяць, накрыўшыся лахманамі. У хатах жывуць усе разам: куры, парасяты, людзі... У Сапоцкіне маецца адзін рынак, на яго раз у тыдзень з’язджаецца 40-50 фурманак. Паглядзіце, якая мізэрная колькасць тавараў там бывае! Калі б райспажыўсаюз падлічыў, колькі ў яго прадаецца цукерак, цукру, мыла, газы на душу насельніцтва ў раёне, то атрымалася б, відаць, лічба, найменшая ва ўсім Саюзе! Такім чынам, матэрыяльны ўзровень нашых сялян такі нізкі, што ніжэй і быць не можа, і з такога становішча іх можа вывесці толькі калгас. Сяляне гэтага яшчэ не разумеюць, а мы ім недастаткова вытлумачылі. Вось чаму яны не ідуць у калгас!

...Учора прынеслі ў райана выпіску з рашэння нашага суда, дзе мне было загадана ўзяць на патранат дзяцей удавы Кавалеўскай, якую асудзілі на 10 год за самагонку. Цёмная, непісьменная жанчына, нідзе не працавала, гадавала шасцярых дзяцей. Каб пракарміць малых, яна гнала самагонку. Мы не памаглі ёй стаць на працу, а ўзялі і асудзілі, а шасцярых малых зрабілі сіротамі і павесілі дзяржаве на шыю, – я іх аддаў у дзіцячы дом. А тыя, хто п’е гэтую самагонку, засталіся непакараныя, – нават суддзя Растоўцаў. Растоўцаў жыве побач з Кавалеўскай, купляў у яе самагонку і не садзіўся за стол абедаць, не выпіўшы з паўшклянкі. Гэта я добра ведаю, бо мы жывём на адной кватэры. Дзе ж логіка, таварышы камуністы?!»

Калі я скончыў, у зале наладзілі мне авацыю. Але тут здарылася нечаканае. Слова ўзяў Яцкевіч і заявіў, што я, распісваючы, як цяжка і бедна жывуць сяляне, зрабіў гэта дакладна так, як некалі рабілі ворагі народа, што мая прамова – прамова тыповага бухарынца. Цяпер, з пункту гледжання дэмакратычнага 1964 года, усё гэта здаецца такой дзікасцю! Пасля таго, як Яцкевіч абвінаваціў мяне ў бухарынстве, уся зала раптам замёрла. Яцкевічу запярэчыла толькі некалькі напалоханых галасоў, і то – з задніх месц. Гэта было страшна! Пад выглядам ачысткі кадраў ад непажаданага элементу ў пагранічным раёне Яцкевіч дабіўся майго звальнення з работы. Апынуўся я ў Ваўкавыскім раёне – дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы.


18

Яшчэ ў Сапоцкіне, пасля ўсяго, што здарылася, я, можа, першы раз у жыцці сур’ёзна задумаўся: а што ж мне рабіць? Перспектыва настаўніка англійскай мовы мяне не вабіла. Раптам зарадзілася дзёрзкая думка – давай напішу кніжку пра ўсё, што бачыў і перажыў...

I я ўзяўся за работу.

– Гэ, паглядзі, а ён яшчэ і вершыкі папісвае! – здзекліва пасмейваліся нядобразычліўцы.

Гэта мяне толькі падахвочвала. Я даверыў свой сакрэт даваеннаму сябру яшчэ з Наваградскага педвучылішча – Валодзю Калесніку, і ён выклікаўся мне памагчы: пазнаёміў з Янкам Брылём. Першая сустрэча з Іванам Антонавічам так уразіла мяне, што я раптам адчуў сябе нічым у параўнанні з сапраўдным пісьменнікам. Мне здалося, што я задумаў немагчымае, і стала нават сорамна за свае нясціплыя жаданні. Але мінуў тыдзень-другі, і мяне зноў пацягнула да пісання. Тады я зрабіў для сябе важнае адкрыццё: гонар, нездаволенасць сабой, упартасць, нават у нейкай ступені злосць і зайздрасць – дабрадзейства для чалавека: яны з цябе могуць здабыць такое, чаго ты і сам ад сябе не спадзяешся.

У той час трапілася мне аповесць Дабравольскага пра студэнтаў «Трое ў шэрых шынялях». У ёй усё было напісана не так, як бы мне хацелася. Раптам я пераадолеў у сабе пачуццё ніжэйшасці, і мне здалося, што ў цэлым свеце ні Дабравольскі, ні Брыль – ніхто, а толькі я адзін ведаю сапраўдных студэнтаў, і ведаю, як пра іх пісаць! Я ўжо бачыў нават кніжку напісанай, як і тое, як зелянеюць мае ворагі з Сапоцкіна, калі ім трапляе ў рукі мой твор.

З гэтага моманту я ўжо не проста пераводзіў паперу. Я ўзяўся працаваць над пэўнай тэмай.

У Біскупцах мяне абралі сакратаром калгаснай партарганізацыі. Аднак і грамадская работа, і школьная, і будаўніцтва цяпер былі нішто ў параўнанні з клопатамі загадчыка райана – я меў час і пісаць. Меў таксама я і кваліфікаванага майстра літаратурнай справы, які мне памагаў. Між іншым, у жыцці мне шанцавала на добрых людзей. Янка Брыль, як некалі Вайцяхоўскі, даваў штуршок майму ўяўленню, стаў эталонам, на які трэба раўняцца, у каго вучыцца, і быў тым, хто ў мяне паверыў, шчыра і бескарысліва памог. Успамінаючы цяпер непісьменныя рукапісы, якімі я завальваў Івана Антонавіча і ў якіх ён умудраўся нават знаходзіць яшчэ штосьці каштоўнае, я не перастаю захапляцца душэўнай шчодрасцю гэтага чалавека, яго педагагічным талентам.


19

Такім чынам з дапамогай новых сяброў я стаў працаваць над аповесцю. Адначасова займаўся калгаснымі справамі, наводзіў парадак у школе, будаваў новую. На жаль, ярлык «бухарынца» прыехаўса мной іўБіскупцы. Я з жахам заўважыў: што б карыснае я ні зрабіў, некаторыя людзі нечакана паварочвалі справу так, што яна паўставала супраць мяне самога.

Ладны кавалак зямлі прышкольнага ўчастка ўсе дырэктары да мяне выкарыстоўвалі пад сваю бульбу і агарод. Я вырашыў пакончыць з гэтай традыцыяй. Разам з вучнямі мы апрацавалі зямлю, дзеці прынеслі па жменьцы пшаніцы, і мы яе пасеялі, каб восенню мець за што з’ездзіць на экскурсію ў Белавежскую пушчу. Прыбіральшчыцай у нашай школе лічылася жонка сельсавецкага начальніка, якая не хацела працаваць, а толькі камандавала ў настаўніцкай. Я яе звольніў, а на яе месца ўзяў старую жанчыну, у якой адзіны сын загінуў на фронце. Неўзабаве пасля гэтага ў раённай газеце з’явіўся хлёсткі фельетон «Гісторыя з курыцай», дзе расказвалася пра тое, як курыца прыбіральшчыцы зайшла «на ўчастак пшаніцы дырэктара школы Карпюка» і ён за гэта звольніў бедную жанчыну з работы. Ніхто не хацеў цяпер верыць, што пшаніца школьная. Сорамна мне было паказвацца вучням на вочы: выходзіць, я іх ашукаў, зярняты жменькамі яны зносілі для мяне! У школу ў той дзень я прабіраўся, як злодзей, агародамі...

Пасля ўрокаў, поўны злосці і абурэння, я сеў на веласіпед і адправіўся ў Ваўкавыск шукаць праўды. Зайшоў у рэдакцыю, райкам, нават – у суд. Усюды мне заявілі аднолькава:

– Таварыш Сталін нас вучыць: калі ў якім-небудзь крытычным выступленні ёсць хоць пяць працэнтаў праўды, дык такую крытыку трэба вітаць. Не разумееш? А яшчэ дырэктар школы, парторг калгаса!..

Я вытрымаў і гэта.

Памалу ўсё ўляглося. Дзякуючы Янку Брылю, я надрукаваў сваю першую аповесць «У адным інстытуце». Пасля выхаду яе ў свет паехаў у Гародню. Падзеі аповесці адбываюцца ў гэтым горадзе, там жылі мае прататыпы, і мне чамусьці здалося, што ўвесь горад павінен святкаваць сваё ўвекавечанне і быць мне надта ўдзячны. Тым часам ішоў я з вакзала па вуліцы Ажэшка і з расчараваннем бачыў, што і дамы гэтаксама стаяць, як раней, і гэтаксама бягуць па тратуарах заклапочаныя людзі. Ля піўнога ларка стаяў мой сябар – адзін з герояў аповесці. – «Валодзя, здароў!» – крыкнуў я з пераможнай радасцю.

– А-а, гэта ты? – чамусьці нахмурыўся сябар і адставіў куфаль з півам. – Дык што ты там на мяне набрахаў у кніжцы?..

I пачаў закасваць рукавы.


20

Скончыў я будаваць школу. Іна нарадзіла мне сына, Ваню. Першы мой літаратурны твор пахвалілі... Ад усяго гэтага настрой у мяне быў бадзёры, аптымістычны. Толькі недзе на дне душы ляжаў каменьчык. Мучыла сумленне за непаладкі ў калгасе, якіх мы, сельскія камуністы, не мелі сілы выправіць. I я захацеў даць бой. У чэрвені 195З года я паслаў на імя першага сакратара ЦК Маленкова ліст наступнага зместу:

«Таварыш Маленкоў!

У нас, на Беларусі, ідуць дажджы. Ужо добра выкаласілася жыта. Яравыя выйшлі ў трубку. Буйна ўзышла бульба. Але калі падумаеш, што здабытае цяжкай працай калгаснікаў некаторыя бюракраты зноў могуць загубіць, то не можаш знайсці сабе месца. I самае трагічнае ва ўсім гэтым тое, што ты нічога не можаш зрабіць, каб паўстрымаць відавочныя антыдзяржаўныя ўчынкі некаторых бязглуздых чыноўнікаў.

Вось факты.

У мінулым годзе не ўрадзіла бульба. Пасля забуртавання яе на насенне нашаму калгасу не было чаго здаваць у дзяржпастаўкі. Але мы мелі лішняе збожжа. Замест таго, каб прыняць у нас збожжа за бульбу, з райкама і райвыканкама прыйшоў загад: раскрываць бурты! I сяляне вымушаны былі раскопваць іх і вывозіць насенную бульбу на спіртзавод, а ўвесну не было чым садзіць.

Лета мінулага года. Паспела жыта. Мы на партсходзе размеркавалі рабочую сілу, і калгаснікі дружна ўзяліся за жніво. Але нейкаму начальніку ў раёне спатрэбіліся лічбы. Ён прыслаў да нас упаўнаважанага, які зняў лепшыя сілы з уборкі, і пачаўся экстранны абмалот і здача хлеба на нарыхтоўчыя пункты. Сяляне ледзь не з плачом пыталіся ў мяне:

– Таварыш сакратар партарганізацыі, што гэта робіцца? Хіба мы самі не ведаем, што трэба здаць хлеб дзяржаве? Але ж дайце раней зжаць збожжа, убраць снапы з поля, а малаціць мы можам са сцірт.

Гэта ясна ўсім. Толькі да такой безгаспадарлівасці няма справы начальніку з прахалоднага кабінета. Яго не цікавіць, што будзе заўтра, ён жыве сённяшнім днём, праводзіць «кампанію». I ў такі момант ты нікому не давядзеш, што так рабіць нельга. Паспрабуй пра гэта пікнуць у райкаме ці выканкаме, і там здзівяцца: няўжо ты не разумееш, што першы хлеб трэба здаць дзяржаве? А будзеш даводзіць сваё, то абвінавацяць цябе чорт ведае ў чым.

I перасыхала на карані жыта, асыпаліся каласы, а людзі таўкліся ля малатарань: дзе трэба было 15 чалавек, ставілі – 60, дзе трэба 4 кані, там – 10, а яшчэ столькі стаяла ў запасе: усіх знялі з уборкі ўсемагутныя «ўпаўнаважаныя». Дзе тут да захавання элементарных законаў агратэхнікі, дзе тут да павагі статута сельгасарцелі! I хоць ты ні аднаго зярняці не паклаў у свіран на насенне, і хоць ужо верасень, а ў цябе палова жыта стаіць ў полі, але калі ты разлічыўся з дзяржавай, то пра цябе будуць пісаць ва ўсіх газетах, гаварыць па радыё, бо ты герой, – няважна, калі ты ўвесь астатні ўраджай скарміў вераб’ям! Такім чынам, наш калгас у мінулым годзе яравыя жаў у кастрычніку, жаў адну салому, і авёс даў нам па 4 цэнтнеры з гектара.

З-за такога стылю кіраўніцтва наш калгас каторы год не можа ніяк выйсці са стадыі арганізацыі. На палях бывае і добры ўраджай, але ў засекі няма чаго засыпаць, няма чым карміць жывёлу, няма чаго даваць калгаснікам на працадзень. Такія парадкі адбіваюць у людзей ахвоту працаваць.

Дакуль будзем гэта цярпець? Дакуль некаторыя кіраўнікі вонкава прыгожым лозунгам – першы хлеб дзяржаве! – будуць прыкрываць антыдзяржаўныя ўчынкі? Я не называю тут прозвішчаў, бо справа не ў асобных людзях. Такая з’ява – тыповая для ўсёй Беларусі. Трэба зараз жа яе ліквідаваць, і каб у гэтае жніво ўпаўнаважаныя не займаліся злачынствам. Неабходна ўстанавіць цвёрды парадак уборкі і разліку. I трэба асудзіць антыдзяржаўную практыку «выбівання» хлеба з калгаснікаў, гэтым мы падбадзёрым сялян, уселім у іх веру, дамо ім ахвоты да працы!

Вёска Біскупцы Ваўкавыскага раёна, 15 чэрвеня 1953 г.

Сакратар калгаснай партарганізацыі А. Н. Карпюк».

Каб цяпер, у 1964 годзе, дзе-небудзь у калгасе тварылася такое беззаконне і каб я напісаў такі ліст, дык яго надрукавала б кожная газета, а такі начальнік, мабыць, развітаўся б са сваім партбілетам, бо кампанейшчыну і гэткіх «упаўнаважаных» партыя асудзіла. Гэта цяпер. А тады...

Мінуў месяц, як я паслаў у Маскву ліст, але адказу не было. Я ізноў меў непрыемнасці. Некаторыя таварышы ўспомнілі маё «бухарынскае» выступленне ў Сапоцкіне. Знайшліся такія, што пачалі капацца ў маёй біяграфіі. Аднойчы мяне выклікалі ў ваенкамат і адабралі кніжку афіцэра запасу. Начальнік IV часці падпалкоўнік Фількоў на вачах у мяне парваў яе і заўважыў:

– Ты яе не варты!

Аднак гэта былі толькі рэцыдывы мінулага. Усюды адчуваўся павеў новага – наступала эпоха справядлівасці і дэмакратызацыі. Паступова знікаў перыяд вышуквання гачыкаў у біяграфіях і прычэпак да словаў. Пачыналі рэабілітаваць незаслужана пакрыўджаных. Мне прапанавалі работу ў інстытуце. Майму бацьку быў адноўлены падпольны стаж у партыі з 1928 года. Людзі выпроствалі плечы. Распростваў іх і я. Пераносіць незаслужаныя прычэпкі цяпер было лягчэй.


21

У верасні 1953 года я паступіў працаваць на кафедру педагогікі Гарадзенскага педінстытута. Перавёз у Гародню і сям’ю. Надрукаваў у Менску яшчэ некалькі твораў. У той час я надта многа пісаў, хоць толку было мала. Галоўным чынам перапісваў. Наогул пісанне давалася і даецца мне вельмі цяжка. Восенню 1954 года раптам памерла мая маці. Самае трагічнае ў яе смерці тое, што, каб трэба было зноў мне ці брату памагаць, каб мы з Валодзькам, напрыклад, трапілі ў турму ці ў бальніцу, яна знайшла б у сабе сілы да жыцця, зноў насіла б нам перадачы, клапацілася б, хвалявалася. Але Валодзька скончыў інстытут, паехаў у Чалябінск працаваць, там ажаніўся. Кожны з сыноў цяпер быў заняты сваімі справамі, мала ўдзяляў ёй увагі. I ў маці раптам паявілася хвароба, якую ў іншым выпадку можна было б вылечыць, але цяпер яе арганізм як бы знайшоў магчымасць самаліквідавання з-за непатрэбнасці... Як крыўдна мацяркам нашым, што дзеці іх па-сапраўднаму ўмеюць шанаваць і цаніць, калі іх, бедных, ужо няма ў жывых!


22

Восенню 1954 года з педінстытута мяне перавялі на работу ў партаддзел рэдакцыі «Гродзенскай праўды». У канцы 1957 года прызначылі карэспандэнтам «Літаратуры і мастацтва» па Гарадзенскай і Брэсцкай абласцях. З гэтай пасады праз два гады я паехаў у Маскву на Вышэйшыя літаратурныя курсы. У 1961 годзе іх скончыў, вярнуўся дамоў, мяне прызначылі загадчыкам агенцтва «Інтурыст» у Гародні, дзе і працую па сённяшні дзень.

Я ўжо сказаў, што пісаць мне вельмі цяжка, я надта многа перапісваю свае рэчы. Апошняе выданне «Дануты» перапісана 30 разоў, і цяпер мне зноў хочацца засесці за гэтую аповесць. «Пушчанскую адысею» перарабляў 18 разоў, але яе лічу найбольш незакончанай і буду правіць яшчэ не раз. Доўгі час думаў, што я вымушаны так пацець над сваімі рэчамі ад бяздарнасці, і саромеўся аб гэтым нават каму-небудзь заікнуцца. Але, наведаўшы архіў Л. Талстога, я з радасным здзіўленнем убачыў там адну рэч, перапісаную графам Львом Мікалаевічам 105 разоў! Калі гэтак рабілі геніяльныя людзі, дык што ж застаецца нам, грэшным...

Да сённяшняга дня на роднай мове выйшлі такія мае кніжкі: «Дзве сасны», «Мая Гродзеншчына», «Данута» і «Пушчанская адысея». Некаторыя рэчы перакладаліся на іншыя мовы, выходзілі за мяжой.

Без фальшывай сціпласці заяўляю: пісьменнікам сябе не лічу. На маю думку, ім становяцца пасля смерці. На працягу свайго жыцця я перапрабаваў шмат прафесій, і з усіх найбольшае здавальненне дае мне пісанне. Яно мяне захапіла цалкам. Для чаго чалавек жыве? Мабыць, для барацьбы за Праўду. У мой век Праўда знаходзіцца ў вялікіх ідэях камунізму, я за іх змагаўся, як толькі мог. Канечне, часамі рабіў гэта няўмела, а часамі груба, але гэта ішло ад неразумення і ўзросту. У сваё апраўданне я прывяду словы Л. Талстога: «...Чтобы жить честно, надо рваться, путаться, биться, ошибаться, начинать и бросать и вечно бороться... А спокойствие – душевная подлость...»

Ад таго, што жывеш на свеце, трэба каб і іншым людзям лягчэй было жыць. Сустракаючыся з чытачамі, атрымліваючы ад іх лісты, я адчуваю, што нешта даю людзям, і вельмі шкадую, што пачаў пісаць позна, ужо ў сталым узросце, і ўпусціў тыя гады, калі, звычайна, нараджаюцца літаратары. Пісанне стала маім лёсам, я знайшоў спосаб, як найбольш быць карысным людзям. Я спазнаў шчасце, я ведаю, як мне жыць!


23

Маё Страшава цяпер за граніцай. Туды я езджу ў госці. Бацька мой – пенсіянер, жыве ў Ваўкавыску. Брат пераехаў у Гародню і кіруе будаўніцтвам высакавольтных ліній у вобласці. На вуліцах Гародні я з кожным трэцім-чацвёртым прахожым вітаюся не проста як са знаёмым. Гэта былыя сябры-падпольшчыкі часоў Польшчы, партызаны, франтавікі, настаўнікі, савецкія і партыйныя работнікі, з якімі мы разам працавалі і змагаліся за перамогу нашых ідэй, за чыстату нашай справы. Жыць сярод іх і адчуваць іх сяброўства для мяне гэтак жа неабходна, як дыхаць паветрам.

г. Гародня

1964г.


Загрузка...