Мабыць, ён задрамаў, прыгрэўшыся ў сваім кутку, і раптам прахапіўся ад спалоху з ясным усведамленнем таго, што здарылася ліха. Пакінуты на скрынцы гадзіннік паказваў чвэрць пятай, ён сунуў яго ў кішэню і выскачыў з зямлянкі, збянтэжаны тым, што адбывалася знадворку.
Яшчэ было цёмна, але начная ціша знікла без рэшты, узарваная гулам і абвальным агняным трэскатам; па ўсім падцябессі, ззяючы, навыперадкі несліся адна цераз другую дзесяткі агняных трас, над вышынёй раз за разам узляталі ўгору ракеты, дрыготкім сіняватым святлом заліваючы схіл ля балота. Там жа, чутна было, грымнула некалькі гранатных выбухаў, і над балотам, батальённым ланцутом і ўзгоркам густа несліся, імкліва рассыпаючыся ў мільготкім цемрыве неба, агняныя паскі трас.
Хутка падавіўшы ў сабе сонны спалох, камбат зразумеў, што, нягледзячы на грукат і густое мільгаценне вакол, бой ішоў у немцаў, яго роты маўчалі. Хутчэй за ўсё, як ён таго і баяўся, гэта за балотам трапілі ў бяду разведчыкі.
Ён кінуў Маркіну, які спалохана выскачыў следам: «Дакладвай у полк», а сам гукнуў Гутмана і пусціўся па траншэі ў поле.
Спатыкаючыся на глыжах і ямінах, ён бег у дрыготка-падсветленай цемры насустрач гэтаму грому ўніз, да ланцуга сёмай роты і думаў, што цяпер прыйдзецца выручаць разведчыкаў, калі толькі яшчэ можна іх выручыць. Калі абодва яны не распласталіся на схіле. Вядома, пры гэтым зноў не мінуць непрыемнай размовы з Гунько, але што рабіць? Яму не прьгеыкаць да гэтых размоў.
Гутман, таропка зашпільваючы паўшубак, моўчкі бег следам, заклапочана пазіраючы на вышыню, аднойчы ўпаў, вылаяўся і, прыгнуўшыся, дагнаў камбата.
— Ашалелі яны там, ці што?
Валошын не адказаў. Ён таксама не адрываў позірку ад вышыні, яе залітага мільготкім святлом схілу, на якім, аднак, адсюль нічога не было відаць, і ён думаў, што, мабыць, разведчыкі ўліплі як трэба, напэўна, ім ужо не паможаш. Трошкі прыцішыўшы свой бег, ён вопытным позіркам пачаў прыкмячаць усе выбліскі кулямётных трас, якія ён умеў вылучаць сярод мноства іншых аўтаматных стрэлаў і з паныласцю разумеў, што іх многа. Столькі ён не чакаў. Ён налічыў іх не менш шасці, хаця, вядома, гэта была толькі частка старанна арганізаванай сістэмы кудямётнага агню, усёй цяпер яны не раскрыюць.
Сёмая была ўжо на нагах, ніхто не спаў, байцы, вытыркаючыся з цёмных акопчыкаў, трывожна глядзелі на ашалелую ад агню вышыню, чакалі, што будзе далей. Ён прыняў убок, прыгінаючыся, дабег да знаёмай пры-бліндажнай траншэйкі, у якой стаяла некалькі чалавек і чуўся нервовы голас Самохіна:
— Не лезь, не лезь, не высоўвайся! Жыць надаела? Валошын саскочыў у траншэю, нехта пасунуўся, даючы
месца камбату, следам улез Гутман, і Самохін паведаміў заклапочана:
— Бачыце, што робіцца? Пэўна, Нагорны…
— Яшчэ не вярнуўся?
— Ды не.
— Зараз жа дзесяць чалавек цераз балота на выручку. Зараз жа!
— Ёсць! — кінуў камандзір роты. — Гамзюк! Гамзюк, бяры першы ўзвод і — уніз!
Падсветлены ракетнымі водбліскамі, Гамзюк выскачыў з траншэйкі, прыгнуўшыся, пабег уздоўж ланцуга, і блізкая агняная чарга ледзьве не збіла яму галаву — тоўстай зіхатлівай вяроўкай пранеслася над байцом. Калі яна згасла, стала відаць, як некалькі чалавек нерашуча выбраліся з сваіх акопчыкаў і ўпалі ў цемры, напэўна, не адважваючыся бегчы кудысь без каманды.
Яны марудзілі, пара кулямётаў з вышыні слепа страчыла па кустоўі ў балоце, трасірныя светлякі рыкашэтаў з шаршнёвым гудам разляталіся ў бакі. Нарэшце Гамзюк сабраў усіх і толькі памкнуўся бегчы ў балота, як у траншэйцы нехта сказаў:
— А во гляньце! То не Нагорны?
Усе павярнулі галовы ў той бок, куды паказваў баец, сапраўды, у змроку кустоўя быў прыкметны нейкі няпэўны рух. Мабыць, гэта заўважылі ўжо і байцы Гамзюка, хтось там, прыгнуўшыся, пабег у той бок. Праз хвіліну некалькі байцоў павярнулі назад, на ўзмежак, адна цесненькая групка іх скіравала да траншэйкі ротнага.
— Што такое, Гамзюк? — не стрываўшы, здаля гукнуў да байцоў Самохін.
— Ды во раніла.
— Каго раніла?
Яны падышлі да бруствера і асцярожна паклалі ў доле нерухомае цела, хтось узяўся расшпільваць на ім шынелак, а на бруствер, пазнаўшы камандзіра, цяжка апусціўся Нагорны.
— Нагорны? Што здарылася? — трывожна запытаўся Самохін.
— Зараз, зараз, таварыш лейтэнант…
Толькі цяпер усе заўважылі, што Нагорны зусім выбіўся з сілы, ледзьве дыхаючы, ён расхінуў шынелак, скінуў на зямлю шапку і доўга яшчэ не мог вымавіць слова.
— Зараз… Значыць, так… Ранілі во яго… Дразда.
— Дзе ранілі? — запытаў камбат.
— Там, ля траншэі. Мы дапаўзлі… А як пабеглі… Спярша паўзлі, а там гэта… Спіраль!
— Якая спіраль? — здзівіўся камандзір роты.
— Ну гэта… Бруно.
— НіЯкай спіралі там не было. Учора я ўвесь дзень глядзеў.
— Учора не было. Нацягнулі… Ну мы і ўперліся. Ні туды ні сюды. Я ўзяў, пацяг…
— Нашго? Нашто ты цягнуў, галава і два вухі! — узлаваўся лейтэнант.
— Дык, а Дразда як жа? Яго ж там раніла, — кіўнуў ён на байца, які супакоена ляжаў на зямлі, і камбат паморшчыўся ў цемры, калі ўбачыў, што там ужо поркаецца маленькая фігурка Веры. — Туды, як паўзлі, не было, пасля нацягнулі…
— А, яны зас там загарадзілі? Во сволачы! — вылаяўся камандзір роты.
— Ну. Я ж кажу…
Камбат не спыняў і не перапытваў, ён чакаў, даючы Нагорнаму паведаміць пра ўсё, што там здарылася. Факт з'яўлення спіралі Бруно не аблягчаў становішча, хутчэй наадварот. Але важней усё ж было даведацца аб мінах.
— Мы, значыцца, да самай траншэі дапаўзлі, чуем, яны гергечуць… Ды раптам ззаду як зашарудзіць нешта, ды так дужа…
— Як гэта — зашарудзіць? — не зразумеў камбат.
— Ну глядзім, а яны спіраль на калах расцягваюць. I зацягнулі нас, як карасёў у сажалцы. Ну тут яго і параніла.
— А міны? — не стрываў Самохін.
— Што? Дык мін там няма. Мы не знайшлі. Ды і тыя, з дротам, хадзілі так смела.
Валошын унутрана ціха ўздыхнуў, трывожная напружа-насць, якая ахапіла яго з самага пачатку гэтага перапалоху, патрохі аслабла. Самае горшае з яго апасенняў, здаецца, не спраўдзілася, мін не было, і разведчыкі, хоць і з адным параненым, вярнуліся ў роту. Было б горш, калі б яны, жывыя ці мёртвыя, засталіся за дротам. Але гэта спіраль Бруно! Яшчэ яе ім не хапала, як бы ў ёй не засесці ўранку.
— Што, дужа ранены? — ціха запытаў ён байцоў, якія корпаліся над параненым.
— Не відаць. Тут усё ў крыві,— сказаў адзін з іх. Вера маўчала.
— Гранатай яго, — пачынаючы спакайнець, сказаў На-горны. — Гэты гад, фрыц, пачуў і — гранатай. Якраз каля яго разарвалася. Асколкамі.
— Маладзец, што не кінуў,— сказаў капітан і ўпершыню з непрыязню падумаў пра Кабакова, замест якога на брустверы ляжаў цяпер гэты Дрозд. Атрымалася куды як нядобра — той сваёй непрыкрытай бояззю выйграў сабе жыццё. А гэты? Невядома яшчэ, ці выжыве.
— Такі тарарам усчалі,— сказаў Самохін пра немцаў.
— Нібы ашалелі. Думаў, таксама спякуся, але… Ледзьве выцягнуў.
— Хутка перавязвайце — і ў тыл. Старшына Грак!
— Я, таварыш камбат!
— Займіцеся асабіста. Параненага хутка ў санроту!
— Ёсць!
Страляніна ўсё ж памалу сціхала, пастрэльвалі два кулямёты з флангаў, астатнія быццам бы змоўклі. Толькі ракеты з кароткімі прамежкамі цемры ўсё сэяцілі над схілам, напэўна, немцы баяліся новай спробы разведчыкаў і старанна асвятлялі балота. Цяпер было зразумела, чаму яны не свяцілі ў першай палове ночы — абносіліся гэтай праклятай спіраллю Бруно. Вядома, калі прамарудзіць яшчэ пару дзён, дык на схіле паявіцца не адна спіраль, будзе і міннае поле, і дрот у тры калы, а можа, і яшчэ што.
Сапраўды, генерал сказаў правільна: трэба спяшацца.
Усё б выпадала няблага, калі б мелася свая мінрота, а ў Іванова было болей снарадаў, і ён бы мог як трэба падтрымаць пяхоту. У часе атакі ды і пасля, на вышыні. Цяпер было зразумела, што немцы ўсталёўваліся грунтоўна і надоўга, што так проста вышыні яны не аддадуць, будуць біцца за яе ўсур'ёз. Відаць, для чагось яна ім спатрэбілася, гэтая вышыня.
У траншэйку прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук, убачыўшы тут камбата, бокам прашчаміўся да яго ў сваім драным, абшкрэбаным паўшубачку.
— Куды гэта вы прапалі, Ярашчук? — з папрокам сказаў камбат. — Надоечы ўсё поле аблазіў, так і Не знайшоў.
— А я тут. Вунь, праз чатырыста метраў якіх. Хацеў секануць давеча… А што? Яны вунь як лупяць, а нам усё маўчаць?
— Не варта, — сказаў камбат. — Паберажыце патроны. Спатрэбяцца.
— Патроны ёсць пакуль што.
— Лепш вось што, Ярашчук. Пад раніцу падцягніце кулямёты бліжэй. Пачнецца атака, будзеце падтрымліваць. Агнём цераз балота. Во тады і пакажаце ўмельства.
— Ёсць! Я зараз. Я ўжо тут і пазіцыю наглядзеў.
— Во давайце, — скончыў з ім размову камбат, і Ярашчук пабег у цемру да свайго ўзвода ДШК.
— Ах, гады, сапсавалі ўсю ноч, — зябка здрыгануўся на ветры Самохін. У траншэю каля бліндажа неяк крадком ад камбата саскочыла і знікла Вера. Параненага ўжо перавязалі, і старшына Грак з двума байцамі панеслі яго ў тыл.
— Добры баец быў,— са шкадаваннем сказаў Самохін і пагразіў кудысьці ў ноч: — Ну, а таму хрэну я пакажу! Будзе ведаць, як за чужыя спіны хавацца! Сачок чортаў!
Камбат ведаў, каго ён меў на ўвазе, але прамаўчаў. Нялёгка разабрацца ў такіх рэчах, яшчэ цяжэй прадугледзець усе іхнія вынікі. У душы ён таксама быў злосны на Кабакова, але ўсё ж паказваць яму нешта не меў жадання. Яшчэ невядома, што ў хуткім часе чакае самога Кабакова. Як бы ягоны лёс не аказаўся горшы.
— Ну што ж, — сказаў камбат. — Хутка ўжо ранак. Карміце байцоў і… Ваша, Самохін, паласа адгэтуль і прама па схіле. Восьмая трошкі прыме ўправа. Напраўляючым пусціце ўзвод Нагорнага, яму дарога знаёмая. Зрэшты, загад яшчэ аддам.
— Ясна, таварыш капітан. Як там артылерыі — не падкінулі?
— Не, не падкінулі, Самохін. Снарадаў трохі далі. Па дваццаць штук на гармату.
— Толькі па дваццаць? Малавата.
— Што зробіш? Уся надзея на ўзвод ДШК. Калі Ярашчук не падвядзе.
— Не павінен. Ён хвацкі младшой.
— Ён хвацкі, ага. Але…
Валошын не стаў тлумачыць свае, яшчэ яму самому не дужа зразумелыя сумненні — як ні старайся, перад боем усё не прадугледзіш, штосьці ўсё роўна вылезе, нечаканае і часцей за ўсё непрыемнае, такое, што прымушае заўжды быць гатовым да горшага.
Азіраючыся на вышыню, ён пайшоў у роту Кізевіча. Галоўны клопат ночы нарэшце зваліўся з ягоных плеч, без мін управіцца будзе лягчэй ва ўсіх адносінах. Але па-ранейшаму незразумела было з вышынёй «Малой» — хто там? Ці, можа, сапраўды нашы, і ён дарма сумняваецца, ганяе людзей і пора гарачку.
Як і належыць дысцыплінаванаму ардынарцу, Гутман увесь час ішоў ззаду, як раптам трохі падбег і параўняўся з камбатам.
— Цяпер Самохін пакажа кузькіну маць гэтаму Кабакову. Праз яго ж Дразда пакалечылі.
— Праз яго, ага, — пацвердзіў камбат.
— Я б яго, гэтую гніду!.. Ух, ненавіджу баяк!
— Да? Сам ніколі не баяўся?
— Я? Баяўся, чаму? Але каб за іншых хавацца!.. Не, гэтага за мной не было.
— Ведаеш, Гутман, уся справа ў тым, што людзі ў жыцці розныя, рознымі прыходзяць на фронт. А тут раптам да ўсіх аднолькавыя патрабаванні, і, вядома, не ўсе ім адпавядаюць. Трэба час, каб прыцерліся, а часу няма. Вось і атрымліваецца… Неадпаведнасць.
— Ага! Каму дык якраз. А друтім праз гэных… Не, так я не згодны.
— Ведама, гінуць праз іншых — непарадак. Але даводзіцца. На вайне ўсё даводзіцца.
— Не, я так не хачу. Мне так не цікава. Так нават страшна.
— А як жа ты хочаш?
— Я? Каб з музыкай. Каб помнілі, гады! У мяне надта да іх злосці многа. Адной радні было ў Кіеве чалавек трыццаць. Мне іх шмат трэба ўгробіць. Можа, адпусціце мяне ў роту, а, таварыш капітан?
Камбат прамаўчаў. Гэтая просьба прагучала для яго некалькі неспадзявана, і камбат хоць і адчуваў яе логіку, але не хацеў адразу рашаць. Ардынарац з Гутмана быў неблагі, старанны і недурны, і хоць цяпер ён бы прыгадзіўся на пасаду ўзводнага ў любой роце, але за якіх пару гадзін да атакі Валошын адпускаць яго не хацеў. У баі надзейны ардынарац значыў не менш, чым начальнік штаба.
— Пра гэта пасля, — сказаў ён, падумаўшы. — Вось возьмем вышыню, пасля.
Гутман ціхенька ўздыхнуў:
— Яшчэ як возьмем.
— Сумняваешся?
— Ды я нічога. Чаго мне сумнявацца?
Яны ўжо набліжаліся да фланга дзевятай, як ззаду пачуўся глухі стукат ног, і капітан спыніўся.
— Таварыш камбат!
— Я. Што такое?
У цемры да іх падбег разведчык Прыгуноў.
— Таварыш камбат! Камандзір палка да тэлефона заве. Робячы выгляд, што прыслухоўваецца да ўжо амаль
супакоенай вышыні, Валошын паўхвіліны счакаў, перама-гаючы звыклае адчуванне прыкрасці — гэты няўрочны выклік камандзіра палка не абяцаў нічога, апроч непрыемнасці. Але дзецца не было куды, ад начальства не схаваешся, і ён распарадзіўся:
— Гутман, ідзіце да Кізевіча і даведайцеся, як з разведкай бугра. Я буду чакаць вынікаў разведкі.