20

Усе ў рад яны пасталі каля павароткі з левага боку траншэі. Наперадзе стаяў лейтэнант Круглоў, за ім прыціснуўся да сцяны Валошын, затым Чарнаручанка і астатнія. Перад рыўком на хвіліну замерлі, прыслухаліся. З-за бартоў шынялёў, з кішэняў ватовак, з-пад дзяг у байцоў густа тырчалі драўляныя ручкі гранат, твары ва ўсіх былі напружаныя і рашучыя. Нічога, аднак, не ўчуўшы праз грымотныя выбухі ў полі, Круглоў, па нядаўняму прыкладу Валошына, зняў з галавы каску і шпурнуў яе за калена. Але ніякай чаргі адтуль не раздалося, і камсорг першы кінуўся за паваротку; за ім, прыгнуўшыся, пабеглі байцы. За павароткай, аднак, нікога не аказалася — разбітая снарадамі, засыпаная зямлёй, траншэя была пустая. Яны дабеглі да наступнай яе павароткі і зноў усе спыніліся. Пачатак як быццам аказаўся ўдалы. Круглоў задаволена, амаль узрадавана, зірнуў на Валошына, які, аднак, адказаў яму па-ранейшаму заклапочаным позіркам — яму гэта спадабалася менш. Немцы кудысь зніклі, але не маглі ж яны кінуць траншэю, нехта павінен прыкрыць іх кулямёты, значыць, яны дзесьці тут. За каторым каленам толькі?

Байцы мінулі яшчэ дзве-тры павароткі і нерашуча спыніліся — траншэя падзялялася на дзве, адна ішла ў ранейшым кірунку, а другая пад вострым вуглом забірала ўбок і вышэй. Валошын позіркам паказаў Круглову на тую, што адгаліноўвалася ўбок, а сам сігануў прама.

Ён зрабіў усяго тры крокі і, скалануўшыся, рэзка азірнуўся — ззаду пачуўся вокрык, і ў тое ж імгненне два гранатныя выбухі абдалі яго пяском, смуродам і дымам. Чарнаручанка, які бег следам, размахнуўся гранатай, але кінуць яе не паспеў — з-за павароткі ў іх бок спалохана матлянуліся два байцы, у спіну якім горача пыхнула з аўтамата. Запырскаўшы камякамі гліны, кулі густа падзяўблі гладкую сцяну траншэі. Пасля грымнула далей, і Валошын зразумеў, што гэта кінулі гранаты байцы. Тады ён вырваў з рукаяткі шнурок і разам з Чарнаручанкам таксама кінуў гранату. Здвоена ляснуўшы запаламі, гранаты зніклі за брустверам, і яшчэ да таго, як яны выбухнулі там, з-за павароткі вываліўся збялелы, без шапкі, у распораным на плячы паўшубку Круглоў.

— С-сволачы!..

Ён падаў, слепа хапаючыся за сцены траншэі. Валошын крыкнуў Чарнаручанку: «Вазьмі лейтэнанта», а сам кінуў цераз бруствер у адростак траншэі дзве гранаты запар. Тры байцы, што апынуліся па той бок адростка, шпурнулі свае.

Затым яны сунуліся галовамі пад сцяну, каб перачакаць серыю грымотных выбухаў, якія закідалі ўсё навакол зямлёй. Чарнаручанка тым часам падхапіў Круглова пад пахі і павалок яго па траншэі. Кінуўшы яшчэ па гранаце, байцы пачалі перабягаць следам, і Валошын, каб не застацца аднаму, рыўком праскочыў якіх тры крокі насупраць адростка, з якога зноў шыбанула аўтаматным агнём. Аднак на долю секунды ён апярэдзіў кулі і нават паспеў заўважыць там двух згорбленых, у касках, немцаў і ніцма распластанага на дне байца з акрываўленай, без валасоў, патыліцай.

Абсыпаныя зямлёй, яны адбегліся на дзесятак крокаў да наступнага калена і спыніліся, накіраваўшы на паваротку зброю. Валошын ужо зразумеў, што недаравальным чынам пераацаніў свае наступальныя магчымасці. З дзесяццю чалавекамі траншэю яму не адбіць, немцы неўзабаве выкінуць самога ў поле, калі толькі ён тэрмінова не прыдумае штось выратавальнае.

— Стоп! — ціха скамандаваў ён, раптам узрадаваны новаю думкай. — Ану разыдзіся радзей. Па адным за паварот! Гранаты кідае першы. Ну, жыва!

Байцы, усё ўгінаючыся, разбегліся па траншэі, знікаючы за яе паваротамі. Апошняга, падпяразанага па ватоўцы нямецкаю дзягай з дзіркай у спражцы, ён спыніў за рукаў.

— Ты — са мной! Бяры дзве гранаты!

Не паспеў баец перахапіць у левую руку вінтоўку, як у паветры над брустверам матлянулася доўгая ручка гранаты. Яны ледзьве справіліся прыгнуцца пад сцяну — вышэй на брустверы аглушальна грьімнула. Пасля грымнула далей і ззаду, асколкамі коса секанула па адным баку траншэі, балюча сцебануўшы па шчацэ пяском, і тугі шчыльны корак заляпіў Валошыну вуха. Ведаючы, што будзе далей, капітан тройчы стрэліў за паварот, і, здаецца, у час — хтось там толькі сунуўся, ценем мільгануўшы ў пыле, і зноў знік за каленам. Не чакаючы новай гранаты, Валошын адскочыў назад, ледзьве паспеўшы прыгнуцца пад кінутай цераз яго гранатай напарніка. Ззаду пачуліся нямецкія выкрыкі, хтось пагрозліва закрычаў за каленам, і ён зразумеў, што іх там напірала шмат. Яны ўпэўнена выбівалі яго пераважнай сілай пяхоты, ратунку ад якой тут, здаецца, ужо не было.

Але ён усё яшчэ спадзяваўся. У іх яшчэ засталіся гранаты, дзве ён падабраў пад нагамі ў траншэі і таропка скруціў каўпачкі. Аднак калі наперадзе, дзе застаўся баец, адразу ляпнуліся аб бруствер і сцены некалькі кінутых адтуль гранат, ён з кепскім, амаль безнадзейным адчуваннем падумаў, што, напэўна, доўга не вытрымае. Перачакаўшы грымотныя раскаты выбухаў, ён кінуў свае, але аўтаматная чарга, якая зараз жа секанула ўздоўж па траншэі, зноў прымусіла яго на чацвярэньках ратавацца за наступным паваротам, дзе яшчэ можна было ўратавацца. Там, прысеўшы на адно калена, яго чакаў з дзвюма гранатамі ў руках той самы флегматычны баец з папаўнення, які нядаўна ўразіў яго сваім біблейскім спакоем. Капітан згорбіўся поруч. Пакінуты ім за папярэднім каленам баец болей не з'явіўся.

Амаль таксама, як нядаўна яны, цяпер іх паслядоўна і метадычна пачалі выбіваць гранатамі немцы. Ратавалі ўсіх павароткі. Загнана дыхаючы, Валошын спрабаваў прыпамятаць, колькі яшчэ паваротак засталося ззаду — здавалася, не больш за чатыры. У гэтых паваротках была ўся іх надзея, іншай быццам ужо не прадбачылася.

— Ну кідай! — кіўнуў галавой Валошын. — Пасля я.

Баец нетаропка, левай рукой тузануў за гузічак і, счакаўшы, калі хлясне запал, правай без размаху сунуў гранату за земляны паваротак.

— Бяжы, капітан! — азірнуўся ён у дыме, як выбухну-ла. — Давай свой гранат!

— Разам! — зразумеўшы ягоны намер, крутнуў галавой Валошын. — Бягом да бліндажа!

— Бяжы хутка!!! — крыкнуў той, хапаючыся за вінтоўку — мабыць, да павароткі ўжо кінуліся немцы. Баючыся спазніцца, Валошын ускочыў і, адбегшы на некалькі крокаў, спыніўся.

— Бяжы!

Не ўбачыўшы, аднак, што сталася з байцом, ён у наступнае імгненне прахапіўся ад новай трывогі — ззаду ў траншэі пачалася частая страляніна з вінтовак, там жа грымнулі і гранатныя выбухі, як здалося яму — ля бліндажа, і ён кінуўся па траншэях назад.

Байцы, мабыць, ужо адбегліся далей, ён наткнуўся на апошняга, якому крыкнуў: «Ні з месца!», а сам, прабегшы дзве павароткі, убачыў сваю перамычку і за ёй яшчэ аднаго байца, які з калена таропка страляў уздоўж траншэі з вінтоўкі.

— Што там?

— Немцы! — кінуў баец, ляцнуўшы затворам. — Двух напавал.

З увахода ў бліндаж таксама тырчала некалькі ствалоў, якія стралялі туды ж. Значыцца, ён не памыліўся, немцы ўдарылі з тылу, відавочна захапіўшы і пачатак траншэі. Яны сціскалі іх тут, бы ў гармоніку, — з абодвух бакоў, зганяючы ўсіх да сярэдзіны, дзе, на шчасце, яшчэ заставаўся бліндаж. Але што бліндаж? У гэткіх умовах бліндаж — не сховішча, а хутчэй брацкая магіла для ўсіх.

Але што рабіць?

Ухіляючыся ад аўтаматнай чаргі, якая імпэтна паласнула па сценах траншэі, Валошын сунуўся ў земляны правал бліндажа і ўпаў на прыступкі. Кулі шалёна зашчоўкалі па сцяне, з якой абрушыўся цэлы пласт гліны, запоўніўшы траншэю пылам. Пад бокам у яго апынуўся кірзавы бот, на якім ён згледзеў знаёмы авальны лапік на задніку, і ўбачыў перад сабой адтапыраныя вушы Чарнаручанкі. Тэлефаніст кароценькімі чэргамі тыркаў па рагу траншэі, і той памалу крышыўся, абвальваўся камякамі, адкрываючы погляд па траншэі. Гарачыя гільзы з яго аўтамата сыпаліся капітану на галаву і за каўнер, ён таксама падняў свой пісталет, адчуваючы, аднак, што патроны ў магазіне вось-вось скончацца. Але ён ведаў, што, пакуль яны прастрэльваюць адсюль траншэю, немцы ў бліндаж не прарвуцца, пятнацца-ціметровы адрэзак яе па абодва бакі ад увахода быў надзейна закрыты. Але — гранаты! Немцы маглі закідаць іх гранатамі, ад якіх паратунку тут не было. Хіба што ў бліндажы.

Тым часам у траншэйным паядынку настала няпэўная паўза. Зрэдку з бруствера зляталі разбітыя кулямі камякі зямлі, і Валошын, аглушаны на правае вуха, не адразу зразумеў, што гэта стралялі знізу. Адтуль жа, аслаблены адлегласцю, даносіўся часты перастук ДШК, які вёў агонь па траншэі, відаць, не даючы немцам падабрацца да бліндажа зверху. Што ж, у тым была пасільная дапамога яго батальёна, і ў капітана на момант пацяплела ў душы ад удзячнасці тым, што ляжалі ўнізе. Галоўнае, думаў ён, не даць немцам кінуць гранату ў бліндаж, у траншэі ж няхай яны рвуць, колькі хочуць.

Павярнуўшыся раўней, ён разрадзіў пісталет, сунуў яго за борт шыняля, пасля зачарпнуў жменю патронаў у кішэні і ўзяўся таропка набіваць магазін. Але Чарнаручанка зноў паласнуў чаргой па траншэі, і ён схапіўся за пісталет.

— Таварыш камбат, дайце я, — сказаў нехта побач, і ён, азірнуўшыся, убачыў байца з шырока забінтаванай галавой, які, трымаючы ў руках аўтамат, лез заняць ягонае месца на выхадзе.

Счакаўшы, Валошын устаў. Баец улез на ягонае месца, а капітан саступіў з прыступак і стаў ля дзвярэй. У бліндажы на засланым саломай доле цесна ляжалі параненыя, у паўзмроку бялелі бінты і слаба варушыліся збялелыя твары, у куце нехта роспачна ціха пагойдваўся ў белай нацельнай кашулі; востра пахла лякарствам. Некалькі пар вачэй у цесным паўзмроку з запытальным чаканнем уставіліся на Валошына, і ён раптам адчуў такую тужлівую бездапаможнасць, якой не адчуваў пад градам асколкаў у траншэі.

— Нічога! — сказаў ён з суцяшэннем не так для іх, як болей для самога сябе. — Будзем адбівацца. У каго ёсць зброя? Давай сюды да дзвярэй.

— Зброя ёсць. Але што зброя…

— Пакуль ёсць зброя, мы байцы. Будзем трымацца.

У адказ яму было труднае напружанае маўчанне, хтось безнадзейна выдыхнуў, і ён Перавёў погляд на Маркіна, які ў ранейшай позе ляжаў на шынялі.

— Чорт! Не ўдалося, — ціха, ні да каго не звяртаючыся, сказаў начштаба. — Усё к чортавай матары!..

Ды ўжо ж не ўдалося, падумаў Валошын і, успомніўшы камсорга, позіркам пашукаў яго ў бліндажы.

— А Круглоў тут? Што з Кругловым?

— Усё, няма Круглова, — азірнуўся з прыступак Чарна-ручанка. — Во яго аўтамат. А там сумка, — кіўнуў ён у бліндаж.

Валошын унутрана сцяўся — значыцца, не стала і Круглова, разам з якім яны прайшлі ўвесь гэты не доўгі, але так густа ўкладзены смерцямі шлях батальёна… Хто на чарзе наступны?

Нехта з байцоў у накінутым на плечы шынялі і з забінтаванай рукой, няспрытна ступаючы паміж целаў, прабраўся да выхаду і перадаў Чарнаручанку два набітыя магазіны. Байца з разрэзаным да пляча рукавом, у якога аказалася граната, Валошын пасадзіў каля самых дзвярэй. Але адной гранаты тут было мала.

— Гранат трэба болей. У каго яшчэ ёсць гранаты?

— Во апошняя, — сказаў Аўдзюшкін. — Для сэбэ обэрэгав. Ды чорт з ёй…

Ён падаў з кутка «Ф-1», якую Валошын планкай начапіў сабе каля спражкі. Іншых гранат у яго не засталося. Цяпер ён зноў быў гатовы да бою і, стоячы каля яловага, з карой, вушака, пазіраў у траншэю. Побач на прыступках, выставіўшы ў розныя бакі аўтаматы, сядзелі Чарнаручанка і панылы баец з тоўста забінтаванай галавой.

— Гэта… Наце во яшчэ каскі,— клапатліва перадалі з бліндажа дзве нямецкія каскі. Чарнаручанка адну надзеў зверху на шапку, а другую паранены баец, прымерыўшы, злосна шпурнуў у траншэю.

— Падлай смярдзіць.

Валошын дастаў з маленькай кішэні гадзіннік і са здзіўленнем ахнуў: была чвэрць пятай. А ён усё думаў, што яшчэ ранак. Сапраўды, да вечара засталося зусім мала часу, добра, калі б удалося дацягнуць да вечара. Адным вухам слухаючы грымоты бою, ён думаў: а раптам паднімецца батальён? Калі б ён падняўся, можа б, што і ўдалося. Можа б, і яны тут уцалелі і яшчэ спатрэбіліся.

Але батальён, напэўна, ужо не меў сілы падняцца…

Раптам абодва байцы на прыступках разам схапіліся за аўтаматы, і адначасова з абодвух канцоў траншэі мільганула ў паветры. Адна з гранат, раней чым разарвацца, ляпнулася канцом аб сцяну і адляцела далей, другая тарчком паскакала на дне траншэі. Як толькі яны разарваліся, падняўшы воблака пылу, абодва аўтаматчыкі на прыступках ударылі са сваіх ППШ, напоўніўшы бліндаж густым аўтаматным трэскам. Валошын ціснуўся плячмі да сцяны і напагатове трымаў пісталет. З кутка бліндажа, цягнучы за сабой прастрэленыя, без ботаў, ногі, выпаўз да дзвярэй Аўдзюшкін. У яго сцятай руцэ бліснула малая сапёрная лапатка.

— Ах, гады! Ну ідзіце, гады! — джгаючы чэргамі, роспачна крычаў на прыступках паранены.

Чарговай гранаты Валошын не паспеў заўважыць. Магчыма, яе кінулі цераз бруствер, толькі побач у траншэі раптам аглушальна грымнула, пыхнуўшы ў расчыненыя дзверы гарачым смуродам трацілу, і нямецкая каска з галавы Чарнаручанкі з жалезным звонам выцялася аб перакладзіну. На прыступках, адкінуўшыся назад, канвульсіўна затузаўся Чарнаручанка, Валошын падхапіў яго забіты пяском, гарачы яшчэ ППШ і адскочыў ад расчыненых на завесах дзвярэй.

— Дзверы! Дзверы! — закрычалі ў бліндажы некалькі галасоў.— Трымайце дзверы!!!

Нечыя спрытныя рукі ляпнулі з сілай дзвярыма, якія туга і шчыльна зачыніліся, адразаючы ўсё, што было ў траншэі. У бліндажы разам сціхла. Яны чакалі. Валошын не ведаў, што здарылася з Чарнаручанкам, забіты той або ранены, не ведаў, у якім стане паранены ў галаву баец, аўтамат якога, аднак, таксама замоўк. Спалохаўшыся, што ў бліндаж вось-вось уварвуцца немцы, капітан праз дошкі дзвярэй смалянуў у траншэю трыма кароткімі чэргамі і зноў знерухомеў ля вушака.

— Маты моя рідная! — загаласіў у прыцемку хтосьці з параненых. — Роды мэнэ обратна…

— Мовчі! — крыкнуў з падлогі Аўдзюшкін. — Бэз тэбэ тошно…

Зноў настала пакутная паўза, якая, відаць, папярэднічала самай рашучай сутычцы. Цяпер ужо памагчы ім не мог ніхто ў цэлым свеце, і нават яны самі памагчы сабе не маглі. Напэўна, надышоў час развітвацца адзін з другім і падумаць, як даражэй аддаць свае жыцці.

— Ух, сволачы! Ух, якія ж яны гады-сволачы! — плакаў у куце паранены ў сподняй кашулі.— Завошта яны нішчуць нашу маладую жызню? Што мы ім зрабілі?

— Чакайце! — не ведаючы яшчэ, чым суцешыць іх і сябе, сказаў Валошын. — Яшчэ не ўсё страчана. Яшчэ мы патрымаемся. У нас жа браня.

— Браня?

— А як жа! — бадзёра сказаў капітан. — Во, зямля родная. Лепшай няма ў свеце брані. Паспрабуй прабі,— стукнуў ён кулаком па сцяне. — Там, на касагоры, бугарка не было. А тут… Там бы такі бліндаж!

— А цэ ж правда! — раздаўся раптам прасветлены голас. — Я там за лапатачку ховався…

Не паспеў ён скончыць, аднак, як сцены бліндажа зноў скалануліся ад магутнага выбуху, пасля яшчэ аднаго і яшчэ двух запар. Дзверы яны трымалі падпёртыя ля самай зямлі нагамі. Валошын з усяе сілы ўпіраўся ў іх абцасам бота, І ў яго ледзьве хапала сілы ўтрымаць там нагу пры выбухах. Уся верхняя палова тоўстых дзвярэй, пасечаная асколкамі, засвяцілася дзесяткамі шчылін і дзір, з якіх тырчалі доўгія трэскі. Напружваючы нагу, Валошын чакаў, калі гэтыя дзверы рухнуць у бліндаж ці разляцяцца ў трэскі, і тады… Тады настане апошняя сутычка з мінімальным шанцам застацца жывымі. Але дзверы трымаліся. Гранаты ўсё ж ірваліся зводдаль метры праз тры ў траншэі, і ён здзівіўся, што ніводная з іх не разарвалася пад дзвярыма. Зрэшты, ён здагадаўся, што скаціцца гранатам пад дзверы не давалі двое забітых. Застаўшыся на прыступках, мёртвыя абаранялі жывых, прымаючы на сябе ўсю сілу выбухаў і ўсе асколкі. Ім там хапіла. Валошын ужо адчуў пад падэшвай мокрую лужынку і зразумеў, што гэта было. Мёртвыя сцякалі жывой, яшчэ цёплай крывёй.

Ля сцяны трывожна заварушыўся Маркін.

Не выпускаючы з рукі пісталета, ён выцягнуў з-пад галавы сумку, коратка кінуўшы ў аціхлы бліндаж:

— У каго запалкі?

Хтосьці падаў запалкі, і лейтэнант, пашукаўшы ў сумцы, выняў адтуль некалькі паперак, разарваў іх у клочча. У бліндажы загарэўся невялікі дымны агеньчык, у які Маркін, нервова камячачы, пачаў соваць паперы. «Прадбачлівы, аднак», — падумаў пра яго Валошын. У ягонай палявой сумцы таксама знайшлося б што-колечы, што ў такую хвіліну лепш было знішчыць, але ён усё марудзіў, быццам на што спадзеючыся. Маркін, аказваецца, у гэтых адносінах быў разумнейшы і ўжо не спадзяваўся. Што ж, мабыць, начштаба меў рацыю.

— Карта ў вас? — узняў ён змрочны твар да Валошына. Карта з нанесенай на яе абстаноўкай батальёна была ў ягонай сумцы, і хаця абстаноўка гэтая здорава змянілася за суткі, капітан моўчкі выняў яе і кінуў Маркіну. Тады ж ён зірнуў на томік Ясеніна ў сумцы і падумаў, што прачытаць яго ўжо не прыйдзецца. Ні яму, ні Іванову таксама.

Бліндаж неўзабаве напоўніўся дымам. У дадатак да дакументаў з палявой сумкі начштаба, імянных спісаў і карты хто-колечы з байцоў пачаў кідаць на праход свае пісьмы і дакументы, якія пражэрліва нішчыў агонь.

У агнянай кучы загарэлася маленькае дзяўчачае фота — спярша плячо, блузка, пасля кучаравыя валасы прычоскі, роўненькі носік, грыўка на лобе. Застаўся вузенькі краёчак поля, які хутка патануў у агнявым попеле.

Немцы, аднак, усё марудзілі, гранат больш не кідалі. Не стрываўшы гэтую няпэўную паўзу, Валошын павярнуў аўтамат ствалом да дзвярэй і зноў пусціў некалькі чэрг. Пасечаныя кулямі і асколкамі дзверы давалі, аднак, згледзець толькі вузкі адрэзак траншэі насупраць. Зазірнуўшы ў адну шчыліну, Валошын убачыў паблізу разбіты выбухам твар Чарнаручанкі, з крывавага месіву якога жахліва тырчэў белы абломак сківіцы. Болей там нічога не было відаць. У траншэі, здаецца, нікога не было, мабыць, немцы хаваліся за павароткамі. Час ад часу капітан пачаў зазіраць у гэту вузкую вертыкальную дзірку ў дошцы і ў трэці або чацвёрты раз заўважыў штосьці такое, што амаль здзівіла яго.

Спярша яму выдалася, што гэта быў дым, струмені якога цягнуліся ў падстоллі ў бок да дзвярэй і адтуль выцякалі ў траншэю. Але, прыгледзеўшыся, ён зразумеў, што гэта было нешта іншае. Густа-шэрае дымнае воблака хутка напаўняла траншэю, у ім ужо знікла супрацьлеглая яе сцяна, і цяпер знікаў пакалечаны твар Чарнаручанкі. Пагрозліва-ўдушлівы хімічны смурод тым часам пачаў запаўняць бліндаж. Байцы нядобра заварушыліся, пачалі кашляць, і паранены ў руку баец, які ляжаў ля самых дзвярэй, закрычаў:

— Браткі! Ды яны ж нас газам! Вы чуеце?

— Ціха! — крыкнуў Валошын. Але было позна. Увесь бліндаж трывожна заварушыўся, затузаўся, нехта захрыпеў у цемры, шмат хто пачаў удушліва кашляць, і Валошын адчуў, як у яго самога нясцерпна запякло ў горле і з вачэй паліліся слёзы. Ён апусціўся на кукішкі ля сцяны, прыдушаны гэтым вераломствам немцаў, і думаў: няўжо ж яны на самай справе рашыліся прымяніць газ? Але чаму б і не прымяніць? Калі яны прымянілі ўсё, што стагоддзямі праклінала чалавецтва, чаму б не ўзяцца яшчэ і за газ? На тое няшчасце, ён даўно занядбаў сваім процівагазам, пакінуўшы яго ў абознай фурманцы. Зрэшты, тут амаль усе аказаліся без процівагазаў, і цяпер за гэты свой промах ім належала заплаціць жыццём.

Дымнай удушлівай імглы нацякала ў бліндаж усё болей, зрабілася цёмна, дыхаць не было чым. Уткнуўшыся тварам у суконны рукаў шыняля, Валошын ледзьве намагаўся на дробныя, недастатковыя для лёгкіх удыхі. Наверсе ж на схілах сваёю чаргой ішоў агнявы бой, да якога ён хоць і прыслухоўваўся, але ўжо даўно перастаў у ім разбірацца. Відаць, гэты бой іх ўжо не датычыў. З кожнай хвілінай яго ўсё болей дапякала ўдушша і ўсведамленне сваёй бездапа-можнасці, бяссільная злая нянавісць да тых, хто нарыхтаваў ім гэтую пакутную смерць. Ён не адразу адчуў, як хтось пацягнуў яго за рукаў, і тады няўцямна падняў павекі.

— Таварыш камбат, вазьміце!

Нечая салдацкая рука працягвала яму знаёмую сумку з процівагазам, у якой цяпер быў паратунак. Аднак ён не адразу наважыўся працягнуць сваю руку насустрач, ён не быў гатовы да гэткага жэсту велікадушша. Каб уратавацца аднаму, калі гінулі астатнія, патрэбна была рашучасць асаблівага роду, якой ён не меў. Але рука яго інстынктыўна, амаль без удзелу волі, пацягнулася да вузкай пакручастай лямкі ды так і павісла ў паветры.

— Я — камбат! Я тут камбат! — раптам амаль істэрычна выкрыкнуў пад сцяной Маркін і, рэзка падаўшыся наперад, перахапіў сумку.

Валошын з сорамам тузануў сваю недарэчна працягну-тую руку, тут жа спалохаўшыся, што нехта заўважыў гэты міжвольны жэст, і ягоную свядомасць разам з сорамам акаціла пякотная нянавісць да былога начальніка штаба.

— Мярзотнік! — выціснуў ён, задыхаючыся. — Выжыць хочаш?

Маркін не адказаў, і ён, заціснуўшы рот рукавом, падумаў, што ўсё натуральна. У гэтым яго бессаромным учынку ўвасобілася лагічнае завяршэнне цынічнага характару начштаба. Такое ён ужо бачыў. Маркін між тым дрыготкімі ад спешкі рукамі пачаў нацягваць на твар процівагазную маску, у якой гучна захрыпеў гумай клапан. Апускаючыся ўсё ніжэй ля парога і амаль ужо перастаючы дыхаць, Валошын, аднак, са зларадствам адчуў нешта такое, што абнадзеена збянтэжыла яго. Ён не ведаў, які гэта быў газ і колькі можа працягнуцца тут іхняя агонія, але раптам адчуў, што пакуль што жывы, што смерць не наступае, што тут проста няма чым дыхаць ад процьмы дыму, што, можа, гэта і не газ. Але толькі ён падумаў аб тым, як знадворку данеслася некалькі дальніх трывожных крыкаў, і ён напружыў увагу, каб учуць іх. Ён не адразу заўважыў, як нехта ў бліндажы рашуча сігануў да дзвярэй і шырока рвануў іх на сябе.

— Немец! Немца трымайце! — закрычалі ў бліндажы.

Валошын, які бліжэй за іншых быў да дзвярэй, памкнуўся, каб схапіць немца, але адразу спатыкнуўся на выхадзе і ўпаў цераз целы забітых. Калі ён ускочыў, немец ужо схаваўся ў клубах шэрага дыму. Задыхнуўшыся, Валошын ціскануў на спуск аўтамата, паспешлівая чарга з якога паласнула ў дымную імглу, ён ірвануўся наперад і тут жа выцяўся грудзьмі аб броўку траншэі. Ён яшчэ не паспеў ускочыць на ногі, як зноў упаў, балюча збіты нечымі ботамі. Не ведаючы, хто гэта, і зноў задыхнуўшыся, ён з апошніх сіл схапіў чалавека за ногі, перакуліў яго цераз сябе і, наткнуўшыся рукамі на сцюдзёны метал зброі, ірвануў за яе. Здаецца, ён не памыліўся, гэта быў немец, прынамсі, аўтамат у яго аказаўся нямецкі, Валошын зразумеў гэта навобмацак і, не ўстаючы, выпусціў увесь магазін па цёмнай задымленай постаці на дне траншэі. Але далей у клубах шэрага дыму чуліся валтузня, воклічы, незразумелая мітусня немцаў. Дзесь побач, агняна хліпнуўшы полымем, выбухнула граната, з розных кірункаў ударылі чэргі, ды заліты слязьмі, ён не мог ужо зразумець, хто і куды страляў. Не марудзячы ні секунды, ён ускочыў і, нізка прыгнуўшыся, кінуўся ўздоўж па траншэі, пакуль не наткнуўся на яе калена.

Тут ён удыхнуў на паўлёгкага і пачуў ззаду два ці тры выкрыкі, знаёмы салдацкі мацюк — гэта беглі з бліндажа свае. Не чакаючы іх, ён падаўся далей па траншэі. Напэўна, гэта было бязглузда, так вось усляпую кідацца па невядома кім занятай траншэі, за кожнаю павароткай рызыкуючы атрымаць чаргу ў грудзі. Але ён задыхаўся, яму трэба было хоць пару глыткоў паветра без гэтага атрутнага дыму, які ўсё валіў па траншэі. Чаргі, аднак, пакуль не было, немцы кудысь зніклі, і ён, трошкі асмялеўшы, прыцішыў крок, каб слепа не тыцкацца аб земляныя вуглы, і хістка пабрыў уніз па траншэі. У яго не хапала ні сілы, ні голасу клікнуць за сабою байцоў, ды ён і не ведаў, каго было клікаць, хоць ззаду ўжо нехта крычаў: «Сюды, сюды!»

У іх не стралялі, немцаў тут не было, амаль наўздагон за ім нехта бег, і гэта яго супакойвала. Не спыняючыся, ён хапаў ротам дымнае, зрэшты, трохі пасвяжэлае паветра, пакуль не стаў бачыць наперадзе бруствер, броўку траншэі, прыцьмелае неба ўгары. Вецер дзьмуў насустрач яму па траншэі, ззаду чулася недалёкая аўтаматная страляніна (нібыта на вышыні), і ён пайшоў крокам. У ягоных вачах усё плыло і хісталася, абпаленыя атрутным дымам ягоныя лёгкія натужна хрыпелі ў грудзях.

Ён ішоў па траншэі ўніз, у пракляты той вус, у які з кулямётам уварваўся ранкам. За ім валакліся па траншэі параненыя. Ён не бачыў іх і не ведаў, колькі іх засталося, але ён чуў іх задышлівы кашаль і галасы. Ён хацеў спыніцца, каб расставіць па траншэі тых, хто яшчэ мог трымаць у руках зброю і абараняцца. Але немцаў у траншэі, здаецца, ужо не было, і гэта яго здзіўляла і палохала адначасна. Некалькі разоў ён натыкаўся на трупы. Але ён не глядзеў уніз і не ведаў, свае гэта ці ворагі, а хістаючыся, нібы п'яны, і мала што разумеючы, усё ішоў па траншэі ў той бок, дзе ранкам пакінуў роты і дзе быў яго батальён.

Яго спыніў узрадаваны вокрык ззаду, і ён, не сцяміўшы, у чым справа, спалохана адскочыў, схапіўшыся за ствол аўтамата.

— Ядрыт твае лапці, камбат! — раптам басавіта прагудзела ўгары, і ён зразумеў, што нарэшце гэта свае. Каб не ўпасці, ён бокам прыпёрся да сцяны траншэі, у якую, зрушыўшы сухі пласт зямлі, уваліўся старшы лейтэнант Кізевіч.

— Камбат! — амаль закрычаў ён і няўклюдна аблапіў яго сваімі доўгімі, у рукавіцах рукамі.— Жывы, значыць?

— Я? — няўцямна перапытаў Валошын.

— Ты, хто ж! А мы ўжо было цябе пахавалі. Як згледзелі, што вас немцы смажаць…

— Ты? А рота? — з натугай перамагаючы задышку, слабым голасам сказаў Валошын і закашляўся.

— Вунь, немцаў пагнала. 3 тылу зайшлі, разумееш? Куля што — куля дура, штык маладзец! — засмяяўся камандзір роты, і Валошын падумаў, які ўсё ж малайчына ў яго камандзір дзевятай і як ён раней не заўважаў таго. Збочыўшы галаву, ён услухаўся левым вухам у густую аўтаматна-вінтовачную страляніну за вышынёй і, здаецца, упершыню падумаў, што ўратаваўся.


21.

Было ціха. Як і мінулай ноччу, у сцюдзёнай цемры пранізліва дзьмуў вецер, і звечара браўся востры марозік. Агнявы бой, які шалёна грукатаў увесь дзень, памалу заціх. Немцаў прагналі з саўгаса і нейкім дзівам спіхнулі з вышыні, вяршыня якой цёмным пакатым горбам бяспечна высілася побач на фоне трошкі светлаватага закрайка неба. Часам з-за яе ўгору ўзляталі агняныя раі куль і, аддаляючыся над галавой у бяззорнае неба, памалу затухалі ўдалечыні. Праз якое імгненне даносіўся густы кулямётны рокат МГ — немцы ўсё агрызаліся. Роты за вышынёй маўчалі.

Валошын хаваў забітых.

Трое лёгка параненых і два байцы з камендацкага ўзвода зносілі іх са схілаў вышыні да адростка траншэі, дзе гаўбічны снарад выкапаў ранкам шырокую ў мяккім грунце варонку. Варонку трохі паглыбілі, зачысцілі дно, і выйшла магіла. Не вельмі каб акуратная, затое на здатным месцы, з шырокім паглядам у тыл — на балота і пагорак з учарашнім КП. Нямецкія чэргі сюды не заляталі, і нішто ўжо не трывожыла вечны спакой забітых.

Валошын памагаў байцам выцягваць забітых з абрушанай гранатамі, залітай крывёй траншэі, навярэдзіў руку, якая цяпер разбалелася ўся, ад перадплечча да кісці (напэўна, усё ж рана была болей сур'ёзная, чым яму здалося спачатку), і цяпер стаяў на кучы накапанай зямлі ля магілы. Ніжэй на разасланых нямецкіх коўдрах складзеныя ў рад ляжалі забітыя. Крайнім адсюль ён паклаў вынесенага з траншэі лейтэнанта Круглова ў густа скрываўленай і ўжо падмерзлай суконнай гімнасцёрцы. Пасечаны кулямі паўшубак камсорга Валошын накінуў на сябе — ад страты крыві і перажытага яго прабірала сцюжа. Адзін баец знімаў з забітых шынялі, вымаў з кішэняў дакументы, якія кідаў на пакладзеную ля ног палатку. Валошын моўчкі і пакутна перажываў нядаўняе; усім ля магілы дзелавіта распараджаўся Гутман. Пасля таго як Валошына знялі з камандавання, Гутман, каб не ісці да Маркіна, уцёк у дзевятую, дзе па ўласнай ініцыятыве ўзначаліў узвод з новенькіх. У часе атакі на вышыню «Вялікую» яго параніла асколкам гранаты ў шыю.

Маўклівы баец з папаўнення падроўніваў дно магілы, у якую неўзабаве трэба было апусціць забітых.

— Раз, два, тры, чатыры… Усяго васемнаццаць, — падлічыў нерухомыя целы Гутман і зазірнуў у варонку. — Малавата, халера, трэба расшырыць. Вунь яшчэ цягнуць…

Валошын з кучы зямлі сышоў уніз — у цемры было відаць, як два байцы за рукі і за ногі неслі правіслае да зямлі цела, якое знямогла апусцілі на ржышча каля нябожчыкаў — на коўдрах месца ўжо не хапала. Валошын нагнуўся над супакоеным назаўжды тварам, на секунду бліснуў па ім прыцьмелым святлом ліхтарыка ды так і знерухомеў, прыгнуўшыся.

— Вера?!

— Ну, — зморана сапучы, сказаў баец. — Там, на спіралі, ляжала. Зачапілася, ледзьве адчапілі.

«Вот так яно і бывае, — пакаянна падумаў ён і аслабела выпрастаўся. — Не хапіла настойлівасці ў час адправіць з батальёна, цяпер што ж — цяпер закапвай разам з усімі». Недзе ў сярэдзіне рада ляжаў з прастрэленай галавой

Самохін, тут жа ляжала і Вера, яго франтавое каханне, нявенчаная і нераспісаная жонка ротнага. I з імі застанецца трэці, які так і не дажыў да свайго нараджэння.

Глытнуўшы даўкі ў горле камяк, Валошын адышоў убок, пазіраючы, як байцы, трохі спачыўшы, зноў пайшлі ў змрок. Кожны раз ён чакаў і баяўся, што наступнага яны прынясуць Іванова. Але Іванова пакуль што не было. Не было яго і ў варонцы, дзе яго ранкам пакінуў Валошын. Магчыма, камандзіра батарэі ўсё ж паспелі адправіць у тыл — пасля ранення яго ніхто тут не бачыў.

Праз нейкі час байцы прынеслі кагосьці яшчэ, знялі падсумкі, шынель, вынялі з гімнасцёркі дакументы, якія перадалі Валошыну. Раскрыўшы новенькую, загорнутую ў газетку чырвонаармейскую кніжку, ён павёў па ёй слабаю плямкай з ліхтарыка і ўбачыў знаёмае: Гайнатулін. Вось і яшчэ аднаго не мінула нямецкая куля, падумаў капітан. Не шмат жа давялося табе паспытаць гэтай вайны, Гайнатулін, хоць і паспытаў ты яе поўнай мерай. За адзін дзень перажыў усё, ад трусасці да геройства, а як ты загінуў, мабыць, ніхто і не бачыў.

— Давайце апускаць, — нецярпліва падганяў Гутман і скокнуў у магілу. — Насіце, мы пераймаем.

Утрох з капітанам байцы ўзяліся падцягваць забітых на ўскраек магілы і, падтрымліваючы іх за ногі, памалу падаваць Гутману. Той удвух з яшчэ адным байцом падхопліваў іх акрываўленыя, пашкуматаныя асколкамі, з перабітымі рукамі і нагамі целы і валок у другі канец ямы. Першага там паклалі лейтэнанта Круглова, пасля тых, каго яны павыцягвалі раней з траншэі. Сярод іх Валошын затрымаў на краі магілы тэлефаніста Чарнаручанку, разам з якім перажыў тры цяжкіх месяцы пад нямецкім абстрэлам, у ровіках, траншэях, зямлянках і прывык да гэтага нетаропкага, маўклівага байца, гаспадара іх бітончыка-групкі. Але вось і яго не будзе. Цела Чарнаручанкі ўжо закалянела ў згорбленай нязручнай паставе — скурчаныя рукі з пасечанымі ў лахманы рукавамі тырчалі лакцямі ў бакі, і калі капітан адну выпрастаў, яна зноў пругка сагнулася, займаючы ранейшы скорчаны стан. Твар тэлефаніста было не пазнаць, так яго знявечыла разрывам гранаты, і Валошын ціха сказаў:

— Хлопцы, перавязаць трэба.

У некага знайшоўся перавязачны пакет, Гутман, стоячы ўнізе, хутка абкруціў бінтам галаву і твар забітага. Пасля яны апусцілі яго на дно.

Яны заклалі там адзін рад і пачалі класці другі. Крайні ў гэтым радзе лёг лейтэнант Самохін, байцы неслі кагось наступнага, і Валошын раптам прыпамятаў:

— Стойце! Давайце сюды санінструктара.

— А што? Якая розніца? — запярэчыў змораны, у ва-тоўцы баец, якому, відаць, не хацелася ісці лішні раз па забітага.

— Давай, давай! Там яна, недалёка…

Яны паднялі з зямлі і паднеслі да ямы худзенькае, амаль дзіцячае цела малодшага сяржанта медслужбы Вераценнікавай. Гутман акуратна паклаў яе побач з Самохіным.

— Хай ляжаць. Тут ужо нікога баяцца не будуць… «Тут ужо нікому нічога не страшна, ужо адбаяліся», — падумаў Валошын, гаротна пазіраючы ў змрок ямы, дзе Гутман у цьмяным святле з ліхтарыка паправіў на Веры гімнасцёрку, склаў на грудзях яе заўжды залітыя ёдам рукі. Колькі людзей гэтыя рукі ўратавалі ад смерці, павыцягвалі з-пад агню, паўладкоўвалі ў выпадковыя палявыя сховішчы, перавязалі, дагледзелі… Але вось наступіла і яе чарга.

Так адно за адным паклалі яны і другі рад. Апошні застаўся Гайнатулін, месца якому ў радзе ўжо не было, і яго ўціснулі ў вузкую шчыліну каля ног забітых.

— А што? Чым кепска? — сказаў Гутман. — Асобна, затое як камандзір будзе.

Ён выбраўся з ямы, у якую байцы ўзяліся дружна ссоўваць зямлю, быццам хацелі хутчэй скончыць з гэтай малапрыемнай работай. Валошыну было нязручна з яго балючай рукой, і ён выпрастаўся. Пахаванне канчалася, заставалася закапаць магілу і насыпаць земляны бугорчык, на які заўтра тылавікі паставяць драўляную піраміду з фанернай зоркай наверсе. На гэтым абавязак жывых перад мёртвымі можна будзе лічыць закончаным. Батальён, магчыма, прасунецца далей, калі будзе загад наступаць, атрымае новае папаўненне, з франтавога рэзерву прышлюць афіцэраў, і яшчэ менш застанецца тых, хто перажыў гэты пякельны бой і памятаў жывымі тых, хто тут закапаны. А пасля і тых не застанецца. Ранейшы будзе толькі нумар палка, нумары батальёнаў, і недзе, у далечы вайны, як дым, растане іх франтавы лёс.

— Ну во і парадак! — абапіраючыся на гладкі тронак нямецкай рыдлёўкі, з выдыхам сказаў Гутман. — Можна курыць. Што не дароблена, заўтра ўдзень даробяць. Абібокаў у тыле хапае.

Байцы заканчвалі падчышчаць зямлю ля магілы, выціралі спатнелыя лбы і моўчкі па адным адступаліся да бруствера ля траншэі. Валошын закурыў і перадаў свой партсігар

Гутману, у якога ахвотна закурылі астатнія. Замест запалак у некага знайшлася «кацюша» — папырскаўшы сіняватымі іскрынкамі з крэменя, баец высек агонь, і ўсе па чарзе прыкурылі ад трута — абрыўка тасьмы з дзягі.

— Думаў, сёння мяне закапаюць, — перапыніў усеагуль-ную маўклівасць Гутман. — Ды во самому закапваць прыйшлося. Цуд, і толькі!

— Як шыя? — запытаў капітан.

— Шыя? Баліць, халера. Тыдні са два прыйдзецца пакантавацца ў санбаце. Даўно ўжо не быў, аж уздрадаваўся. А што — лішне не будзе, я чалавек не торды, як-небудзь вытрываю…

Валошын не падтрымаў гаваркога ардынарца, а зморана сядзеў на брустверы, тупа адчуваючы, як у гэты злашчасны дзень нешта для яго скончылася. З нейкім вялікім кавалкам у яго жыцці адышло яго труднае камандзірскае мінулае і, мабыць, пачалося штось іншае. Сёння ён пабыў радавым байцом, і хоць і раней не далёка адступаўся ад яго, але тады была ўсё ж дыстанцыя. Сёння ж яе не стала, і ён поў-наю мерай адчуў неабдымнасць салдацкага ліха і заплаціў сваю крывавую плату за вяршок гэтай адбітай з боем зямлі.

Байцы поруч дакурвалі, і ён адчуваў, што набліжаўся час уставаць і ісці. Толькі куды? Як і трое з іх, ён быў паранены і фармальна меў права ісці ў санроту, адкуль яго маглі на тыдзень-другі адправіць у медсанбат. Спакусліва было паваляцца дзе-небудзь у тылавой вясковай школцы, выспацца на саломе, адпачыць ад спрадвечных камандзірскіх клопатаў, атак і абстрэлаў, ад складаных адносін з начальствам. Але калі б там можна было забыцца пра ўсё перажытае, выкрэсліць з памяці тое, што і там будзе душыць, грызці і мучыць. Ён ведаў, што праз дзень-два тылавая вёсачка яму надакучыць і ён зноў пачне рвацца туды, дзе бой, кроў і смерць — ягоны франтавы лёс, апроч якога, яму нічога болей не будзе. Пакуль ён жывы і грыміць вайна, іншага, на бяду ці на шчасце, яму не дадзена.

На душы ў капітана было тужліва і роспачна, як толькі і можа быць пасля пахавання. Не ведаючы, на што наважыцца, ён знямогла сядзеў, каўняром паўшубка затуліўшыся ад ветру. Пакуль дыміла цыгарка, можна было бавіць час і рашаць, але, дакурыўшы, трэба было ўставаць і ісці. Уніз па схіле ў санчасць ці назад за вышыню ў батальён.

— Стой, ціха! — раптам трапятнуўся Гутман і ўскочыў з бруствера. Баец, што сядзеў побач, схапіўся за карабін, але карабін не спатрэбіўся — Гутман узрадавана-сцішана крыкнуў, звяртаючыся да Валошына:

— Глядзіце, глядзіце! Таварыш капітан, Джым! Валошын азірнуўся амаль спалохана — у начным прыцемку было відаць, як, матлянуўшы над чорнай траншэяй, на бруствер ускочыў іх дужы, імклівы, узрадаваны гэтай сустрэчай Джым. Не звяртаючы ўвагі на незнаёмых, ён крута скокнуў угору на грудзі к Валошыну, ледзьве не паваліўшы яго на зямлю, затым заскуголіў ціхенька і радасна і шархоткім языком пругка лізнуў па бруднай шчацэ капітана, і Валошын не адхінуўся — сцяў на сваіх плячах яго дужыя сцюдзёныя лапы.

— Джым!.. Ах ты, Джым!.. — з горкай радасцю пагладзіў ён рухавую спіну сабакі, думаючы, аднак, пра іншае. Пасля ўсяго, што здарылася, радасць сустрэчы з Джымам нечакана аказалася сумнай, несапраўднай, заслоненай болем іншых, болей дарагіх страт.

— Глядзіце, глядзіце — ён жа сарваўся! — Гутман тузануў на сабаку ашыйнік, з якога віснуў недаўгі канец адарванага рэменя. — Во жывёліна!

— Жывёліна — не тое слова, Гутман, — сказаў Вало-шын, сядаючы побач з сабакам.

— Ну не жывёліна, вядома. Сабака! Сабачка, але бы чалавек! Дзівосы!

Валошын абмацаў свае кішэні, у якіх, аднак, апроч пяску і некалькіх пісталетных патронаў, нічога больш не было, і Джым, нахіліўшы галаву, з цікавасцю паназіраў за гэтым знаёмым для яго рухам.

— Ах, Джым, Джым…

Хутка, аднак, спакайнеючы ад першае радасці, Джым звыкла застрыг вушамі, засцярожліва азіраючыся па баках. Байцы адышліся на некалькі крокаў і.задумліва пазіралі то на сабаку, то ў неба над вышынёй, у якім ад саўгаса ўсё несліся ўгору трасірныя кулямётныя чэргі і блукалі недалёкія водблескі нямецкіх ракет. Нямецкі кулямёт з-за вышыні выпусціў даўжэзную чаргу, частка яе куль, ударыўшыся ў зямлю, з віскам разляцелася ў бакі.

— Так, Гутман! — сказаў Валошын сваім звыклым камандзірскім тонам. — Вядзіце параненых.

— А вы што?

— Я застаюся.

— Да? — няпэўна перапытаў Гутман і моўчкі прыціх праз два крокі ад Валошына.

— Пакуль застаюся.

— Ну што ж. Тады да сустрэчы!

— Да сустрэчы, Гутман, — устаючы, сказаў капітан. — Дзякуй за службу. I за дружбу.

— Ды што… Няма за што, таварыш капітан. Дай бог, каб яшчэ сустрэцца, — патаптаўся на месцы Гутман і ад-вярнуўся. — Ну што? Шагам марш, славяне!

Яны хутка пайшлі ўніз па перакапаным мінамі схіле, а ён, азірнуўшыся на прыцьмелы ў змроку магільны курганчык, пастаяў так хвіліну. Гэта была не першая закапаная ім магіла, але, як заўжды, яе выгляд выклікаў у ім тужлівае да слёз адчуванне, жалобу па тых, хто там заставаўся, і яшчэ болей — па сабе самім. Хоць, калі разабрацца, яму асабіста здорава пашанцавала сёння. Тым не менш камень благога прадчування ляжаў на яго душы. Нібыта разумеючы стан гаспадара, Джым праскуголіў, ціхенька і патрабавальна пацёрся аб ягоныя боты.

— Што ж, пайшлі, Джым!

Усё было вырашана — ён вяртаўся ў свой батальён. Няважна, што яго там чакала, не мела значэння, як яму будзе далей. Галоўнае — быць з тымі, з кім яго зраднілі франтавыя пакуты, з кім ён гінуў, уваскрасаў і як умеў рабіў сваю салдацкую справу. Ён быў упэўнены, што яму не сорамна будзе глядзець у вочы яго падначаленым, сумленне яго спакойнае. I калі ён для іх ужо не камбат, дык што гэта мяняе? Можа, ён яшчэ болей — ён іх таварыш. Для тых, хто выбіў немцаў з гэтай траншэі і хто застаўся ў свежай, толькі што закапанай магіле, дзе вельмі проста мог бы ляжаць і ён. Але воля выпадку распарадзілася інакш. У поўнай адпаведнасці са сваёй сляпой уладарнай сілай.

Яна не ўладарна толькі над яго чалавечнасцю. Над тым, што адрознівае яго ад Маркіна, што ў ім — Чалавек.

Таму што Чалавек, часам нягледзячы ні на што, становіцца вышэй за свой лёс і, значыцца, вышэй за магутную сілу выпадку.

Ён стомлена ішоў за сабакам уздоўж разбітага траншэйнага бруствера, абыходзячы чорныя правалы варонак, кіруючы да недалёкай вяршыні, з-за якой усё мільгалі ў небе агняныя светлякі куль і даносілася аддаленае вурчанне нямецкіх «машынан-гевэраў».

Вайна прадаўжалася.

Камандзір 294-га стралковага палка Герой Савецкага Саюза маёр Валошын Мікалай Іванавіч забіты 24 сакавіка 1945 года і пахаваны ў брацкай магіле, што знаходзіцца ў 350 метрах на паўночны захад ад населенага пункта Штайндорф (Усходняя Прусія).

Даведка з архіва

1975

Загрузка...