ЖЫРОВІЦКІ АБРАЗ БОЖАЙ МАЦІ


Адной з шанаваных хрысціянскіх святынь на Беларусі здаўна лічыцца цудатворны Жыровіцкі абраз Божай Маці. Захоўваецца ён ва Успенскім саборы Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра.

Калісьці даўным-даўно на месцы манастыра быў дрымучы лес. Як і ўсё наваколле вёскі Жыровічы, што зараз у Слонімскім раёне, належаў ён падскарбію Вялікага княства Літоўскага Аляксандру Солтану. Аднойчы летнім днём 1470 года мясцовыя праваслаўныя вернікі пасвілі ў лесе кароў. У паўзмроку заўважылі ў галінах лясной грушы-дзічкі нязвыклае дзіўнае святло. Пастухі спусціліся з пагорка на бераг ручая і здзівіліся яшчэ больш. На дрэве, у зеленалістым атачэнні, як у шатах, незгасальным святлом праменіўся абраз Божай Маці з ейным святым сынам на правай руцэ. Пастухі знялі абраз з дрэва. Быў ён выразаны з каштоўнага каменя яшмы, невялікі, змяшчаўся на далоні рукі. Меў авальную форму.

Усцешаныя, пастухі аднеслі абраз А.Солтану. Той схаваў яго ў куфэрак. Калі ж на наступны дзень захацеў паказаць рэльефную выяву Багародзіцы гасцям, абраза ў куфэрку не аказалася.

Праз некалькі дзён пастухі знайшлі зніклы абраз у тым самым лесе, над тым самым ручаём і на той жа дзікай грушы. Яны зноў знялі яго і зноў перадалі свайму гаспадару. А.Солтан зразумеў незвычайнасць падзеі. Ён сам пайшоў на месца з’яўлення абраза. Там даў абяцанне збудаваць у гонар дзівоснай іконы царкву. Неўзабаве тут з’явіўся драўляны праваслаўны храм, галоўны алтар якога знаходзіўся акурат на месцы, дзе расла лясная груша. А пазней тут узнікла паселішча Жыровічы.

Аднак у 1560 годзе царкву напаткала вялікая бяда – яна згарэла. Меркавалі, што ў агні загінуў і каштоўны абраз. Аднак цудадзейная сіла ўратавала святыню. У той момант, калі ўвесь будынак быў ахоплены знішчальным полымем, абраз знік. Пазней яго знайшлі сялянскія хлапчукі. Пасля заняткаў яны вярталіся са школы. Непадалёк ад пажарышча заўважылі на камені незвычайнай прыгажосці дзеву ў праменістым святле. Гэта быў той самы святы абраз, а перад ім гарэла свечка.

Гэта так усхвалявала вернікаў, дадало іконе такой цудадзейнай сілы, што да яе пачалося сапраўднае паломніцтва. На месцы другога з’яўлення была збудавана царква, а той цудоўны камень служыў асновай прастола і меў збаўчую ад хваробаў сілу. Да яго прыходзілі зняможаныя хваробамі людзі з блізкіх і далёкіх ад Жырові мясцін.

Неўзабаве тут быў заснаваны Жыровіцкі мужчынскі Свята-Успенскі манастыр. Яму аказваў спрыянне канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега, які пэўны час валодаў Жыровічамі. Ён перадаў манастыру шмат зямлі, а царкве ахвяраваў вялікі звон і беларускае рукапіснае Евангелле. Гэты унікальны помнік ХV стагоддзя, які назвалі Евангеллем Сапегі, быў шыкоўна аздоблены, меў шмат малюнкаў. А ў багатай манастырскай бібліятэцы ў канцы ХVІІІ стагоддзя захоўвалася 537 рукапісных кніг. Сярод іх былі і перапісаныя непасрэдна ў манастыры, і падараваныя багатымі фундатарамі.

Слава пра Жыровіцкі манастыр і цудатворны абраз Божай Маці разышлася па ўсёй Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім. Жыровіцкай святыні сталі пакланяцца, верылі ў яе цудадзейную сілу. Каля 10 тысяч паломнікаў розных веравызнанняў штогод наведвалі Жыровічы. Абраз Багародзіцы з’яўляўся святыняй і для уніятаў, якія пэўны час валодалі манастыром. Першым ігуменам у гэты перыяд быў Ясафат Кунцэвіч. У Жыровічах знаходзілася рэзідэнцыя Брэсцкай і Літоўскай уніяцкіх епархій. Шанавалі Жыровіцкую Божую Маці і каталікі.

Абраз спрыяў лячэнню хворых, даваў надзею аслабелым духам. Ягоная аўра дабрадзейнай наміткай атуляла душы вернікаў.

Цудатворнаму абразу прыязджалі пакланяцца высокія асобы Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага. У набажэнствах у гонар пашаноўнай святыні бралі ўдзел вялікія князі літоўскія і польскія каралі.

У 1730 годзе адбылася вялікая падзея ў рэлігійным жыцці не толькі Жыровіч – урачыстая каранацыя цудатворнага абраза. Карону, упрыгожаную каштоўнымі камянямі, ахвяравала княгіня Ганна Радзівіл з роду Сангушкаў. Абраз захоўваўся пад шклом у залачоных шатах.

Цудадзейная сіла іконы выяўлялася неаднаразова. Пры частых пажарах у Жыровічах абраз не толькі заставаўся цэлым сам, але і ўратоўваў ад агню будынкі манастыра. Вядомы прыклады вылечвання цяжка хворых і нават ажыўлення памерлых. Адна з такіх гісторый здарылася ў ХVІ стагоддзі.

Адзіная дачка бацькоў Вайнянкаў была смяротна хворая. У сваіх малітвах Ірына часта звярталася да Божай Маці Жыровіцкай. Аднойчы ў сне ўбачыла яна Багародзіцу, якая клікала яе ў Жыровічы. Ды хворыя ногі не дазвалялі нават па хаце хадзіць, не слухаліся рукі. Бацькі павезлі дачку ў выратавальны шлях. Аднак па дарозе яна памерла. Калі на трэці дзень у галоўным Жыровіцкім храме адбываўся апошні развітальны абрад, памерлая раптам устала і скіравалася да абраза Божай Маці. Пасля яна расказала, што Багародзіца сышла з цудадзейнага абраза, дакранулася да рук, ног і галавы і загадала ўсе астатнія дні цудам дараванага жыцця правесці ў манастыры. Дзяўчына так і зрабіла, пасялілася ў Пінскім манастыры. А 10 сакавіка 1580 года вялікі князі літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторый узвёў яе ў сан настаяцельніцы.

Абраз, падобны Жыровіцкай Божай Маці, у 1719 годзе аб’явіўся ў рызніцы базыльянскай царквы ў Рыме. Пазней тут быў збудаваны мармуровы алтар, дзе і захоўвалася святыня.

Жыровіцкі манастыр вядомы і тым, што ў ім у свой час існавалі Літоўская духоўная семінарыя, Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Зараз тут адноўлена Мінская духоўная семінарыя.

А Жыровічы па-ранейшаму з’яўляюцца вабным месцам паломніцтва для хрысціян не толькі Беларусі. Яны ідуць сюды, каб узнесці хвалу цудатворнаму абразу і святой Багародзіцы: “Величаем Тя, Пресвятая Дево, и почитаем честную икону Твою, иже от лет древних в веси Жировицстей прославила еси».

Каб папрасіць заступніцтва за краіну нашу і яе народ: “Испроси такоже, Владычице, у Господа властем предержащим и градоправителем мудрость и силу… Осени страну нашу кровом Твоея благостыни, и избавь ю от бедствий стихийных, нашествия иноплеменников и междоусобных нестроений, да вси, живущии в ней, в любви и мире пребывающе, тихое и безмятежное житие поживут…»

Кожны год 20 мая вернікі Беларусі адзначаюць свята цудатворнага абраза, пакланяюцца яму і самі ачышчаюцца ад нядобрага і злога.

Загрузка...