КІТАБЫ


Калі верыць народным паданням і легендам, то Беларусь ці не самая багатая ў Еўропе краіна на схаваныя ў яе нетрах скарбы. Аднак мала каму з шукальнікаў удалося адкрыць гэтыя зачараваныя схроны. Відаць, не мелі яны чароўнай папараць-кветкі ў руках, якая паказвае шлях да тых падземных сховаў.

А вось іншыя багацці пры водбліску той нябачнай кветкі нашым суродзічам адкрываліся ахвотна. Назоў гэтым скарбам – духоўнае заможжа нашых далёкіх і больш блізкіх продкаў, што ў сукупнасці складае багатую і размаітую беларускую культуру.

Каму з нас не даводзілася трымаць у руках кнігі, захапляцца іхнім мастацкім аздабленнем. Але заўсёды нейкім арэолам таямнічасці былі ахінуты кнігі, напісаныя мала каму вядомымі іерогліфамі, арабскай вяззю. Яны заўсёды здаваліся недаступнымі і загадкавымі. І ўжо ніяк нельга было ўявіць, што за мудрагелістым арабскім пісьмом можа хавацца звыклы беларускі тэкст, што ў гэтых хітраспляценнях чужой графікі зашыфраваны беларускія словы.

Аказваецца, усё гэта існуе рэальна і мае сваю багатую гісторыю. Існуюць рукапісныя кнігі, створаныя на беларускай мове арабскім пісьмом. І называюцца яны Кітабы, або Аль-Кітабы, Ай-Кітабы. Аўтары іх – беларускія татары, якія звязалі свой лёс з нашай зямлёй яшчэ ў далёкім ХІV стагоддзі і цягам 600 гадоў годна і дбайна шчыравалі ў агульнай супольнасці. За гэты час змяніўся іхні быт, з’іначыўся фальклор, песні, прымаўкі, загадкі. Нават мова стала такой жа, як у беларусаў. Аднак і сваю адметнасць, найперш у рэлігійным жыцці, яны не страцілі.

Пра тое ж сведчаць і Кітабы, гэтыя рукапісныя зборнікі рэлігійнага характару. Ёсць нават беларускі Каран, ці, як завуць яго самі татары, Кур’ан. Гэта самая галоўная свяшчэнная кніга мусульман, дзе сабраны рэлігійныя запаветы, міфы, прававыя асновы ісламу. Таму вытрымкі з яго першачаргова і перакладалі на беларускую мову.

З’яўленне татар на беларускіх землях звязваецца з часам княжання ў Вялікім княстве Літоўскім Гедыміна. У 1319 годзе ў час бітвы з Тэўтонскім ордэнам татары складалі ягонае перадавое войска. Але асабліва спрыяльны час наступіў пры Вітаўце Вялікім. Ён, шчыры апякун татар, прыхільнік хана Залатой Арды Тахтамыша, запачаткаваў татарскія пасяленні на беларускіх землях, ухваляў і падтрымліваў іхняе перасяленне ў Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь надзяляў татар ільготамі і прывілеямі. Ён прыраўняў іхніх вядомых людзей да паноў і шляхты, аддаў у спадчыннае карыстанне землі, вызваліў ад падаткаў, спрыяў незалежнасці рэлігійнага жыцця. Дазволіў нават жаніцца з мясцовымі дзяўчатамі. Праўда, мець можна было толькі адну жонку. На гэткія ласкі татары адказвалі ўзаемнасцю, любілі Вітаўта і называлі яго Ваттад, што азначае наймагутны. Яны ахвотна перасяляліся на землі ВКЛ і храбра змагаліся пад штандарамі вялікага князя.

Шмат татарскіх перасяленцаў з’явілася на беларускіх землях пасля паходу ў 1397 годзе Вітаўта за Дон, супраць Азоўскай Арды. А праз два гады ў Лідзе знайшоў прытулак з дваром і дружынай хан Залатой Арды Тахтамыш. Разам з беларускімі харугвамі ў знакамітай Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе адваджвалі крыжакоў ад звычкі хадзіць паходамі на славян і воіны татарскія.

Аднак беларускія татары былі не толькі ваярамі. Яны аралі зямлю, станавіліся рамеснікамі, гандлявалі, займаліся тымі справамі, што і тутэйшае насельніцтва. Таму ад самага пачатку ўзнікла між імі прыязнасць і ўзаемаразуменне, згода і талерантнасць. Яшчэ і да гэтага часу месцамі буйнейшых аседлішчаў татар лічацца Іўе, Мір, Навагрудак, Слонім, Ляхавічы, Мядзел.

Пасяліўшыся на беларускіх землях, татары аказаліся адлучанымі ад мацярынскіх традыцый, паступова страцілі сваю мову. Але ў іх захоўваліся кнігі, выдадзеныя па-арабску. Каб далучаць да гэтай духоўнай скарбніцы моладзь, патрабавалася нейкае выйсце.

І яно было знойдзена. Арабскія кнігі сталі перакладаць на беларускую мову. Але не беларускімі літарамі, а арабскім пісьмом і, як правіла, рукапісным спосабам. Часам беларускі пераклад рабіўся проста на старонках друкаваных кніг.

У Кітабах захаваны найперш тлумачэнні малітваў, пастоў, апавяданні з жыцця Магамета і яго прарокаў, апісанні рэлігійных абрадаў і звычаяў. Як і ў іншых арабскіх кнігах, тэкст у Кітабах напісаны і чытаецца справа налева, пачынаецца ў нізе старонкі і ў самым канцы нашых звыклых кніг. Тэкст не мае падзелу на словы, знакаў прыпынку, вялікай літары, прабелаў між асобнымі творамі – суцэльная арабская вязь.

Найбольш багатым на Кітабы было ХVІ стагоддзе, якое, дарэчы, і для беларускай літаратуры сталася асабліва плённым. А вось з ХVІІІ стагоддзя пачала адчувацца паланізацыя грамадскага жыцця. Кітабы сталі пісацца лацінкай. Аднак і ў гэтых умовах татары не паддаваліся асіміляцыі. Не маючы мажлівасці ствараць новыя кнігі, яны актыўна перапісвалі даўнія. Тыя, што сталіся звыклымі ў кожнай сям’і. Бо ў іх былі знаёмыя легенды і казкі, паэмы і замовы, рэцэпты лекаў і парады, у іх жыў дух далёкай і ўжо незваротнай першарадзімы. Кнігі захоўвалі маральна-этычныя павучанні для моладзі, вучылі шанаваць бацькоў, гасцей, бедных. Яны мелі матэрыял, прыдатны на кожны дзень. Такія кнігі называліся Хамаіл – тое, што носіцца з сабой. Хамаіл быў самай папулярнай кнігай у беларускіх татар. А яшчэ існаваў Далавар – папяровы скрутак малітваў, які часта клалі ў магілу памерлым.

Тое, што мусульманскія пісьменнікі і перапісчыкі карысталіся беларускай мовай, сведчыць пра яе вялікія магчымасці. Арабскім шрыфтам было найбольш латва перадаваць асаблівасці нашай мовы. Калі ў афіцыйных дакументах Вялікага княства Літоўскага ўжывалася старабеларуская літаратурная мова, то ў Кітабах яна была жывой, мясцовай, размоўнай. Аднак ніякіх падручнікаў не існавала. Навыкі перадаваліся ад бацькі да сына. Паколькі агульных правілаў таксама не было, то розныя аўтары адно і тое ж слова маглі пісаць па-рознаму.

Так вось у беларускай культуры загадкава перапляліся татарскія матывы.

Загрузка...