Кантакт


Пульхнатая, кранутая лёгкай ружавізною аблачынка наплыла на сонца, у шары помрак агарнуўшы навакольле. Сьвет страціў свае калёры – не зіхцелі шыбы пасажырскага цягніка, шаты таполевых прысадаў, што атачалі прыстанцыйны пляц, таямніча спахмурнелі, сталі зусім цёмныя, і толькі статуі на гзымсе вакзала па-ранейшаму залаціліся, аблашчаныя касымі сонечнымі промнямі.

Адна з статуй – мажная жанчына зь велізарным снапом – неўтаймавана-шчасьлівымі вачыма глядзела некуды ў бок унівэрмага, а яе таварыш – заседжаны вераб’ямі дзяцюк з адбойным малатком – паглядаў з-пад рукі якраз туды, дзе віраваў гаманкі натоўп, які шчыльна атачаў піўную бочку.

Ня толькі гіпсавы гарняк углядаўся тым часам у далеч сьветлую. З прачыненага вакна цягніка гэтак жа сама ўтрапёна глядзеў на бочку ўскудлачаны, сярэдняга веку пасажыр. Пасажыру смажыла – мружачы вочы, ён раз-пораз аблізваў асьмяглыя вусны, голасна гукаў: “Колькі стаім?!”, а пачуўшы, што цягнік стаіць паўгадзіны, зьнік у глыбіні вагона.

Праз хвілю ён скочыў на пэрон, заклапочана зірнуў паўзьверх людзкіх галоў і пабег, парыпваючы новай скуранкай, у кірунку бочкі.

Станцыя сачэньня, схаваная ад воку людзкога ў нетрах пульхнатай аблачыны, паволі круцілася вакол сваёй восі, цьмяна бліскаючы ў малочнай смузе адзіным ілюмінатарам. Там, у сярэдзіне гэтага пляскатага, падобнага да талеркі дыска кешкаліся двое. Дакладней кажучы, кешкаўся адзін – блакітнатвары карантыш, які, седзячы ў глыбокім фатэлі, разблытваў нейкія дроцікі, другі ж, сінятвары, значна старэйшы ад першага, ляжаў на плястыкавым лежаку і, махаючы ў паветры сваімі няўклюднымі адросткамі, якія ўмоўна можна было назваць рукамі, павучаў маладзейшага.

- У вас, шаноўны стажор, вельмі зручная пазыцыя, - узрушана прамаўляў сінятвары, - быць з усімі лагодненькім. Але ж вам, напэўна, казалі: дзьве цывілізацыі на адной плянэце – гэта задужа. Альбо мы, альбо яны! Вы чуеце?

Маладзейшы павярнуў свае пукатыя зекры ў бок старэйшага, але нічога не адказаў.

- Зрэшты, яны самі сябе зьнішчаць, - прамовіў сінятвары. – У гэтым ёсьць заканамернасьць. На зьмену старому прыйдзе новае, больш дасканалае. Пасьля “гадзіны Х” на Зямлі ўтворацца спрыяльныя для нас умовы – прахалода, высокі радыеактыўны фон, і паверхняй завалодаем мы. Мы! – гучна паўтарыў сінятвары, узбуджана бліснуўшы сваімі рачынымі вірламі.

- Я разумею… Яны асуджаныя… - голас маладзейшага прыкметна трымцеў, зумкаў на высокіх нотах. – Цывілізацыя іхная пайшла згубным шляхам. Матэрыяльнае пераважыла духоўнае, збочылі, але ж…

- Настройце голас… Зумкае! – перабіў стажора сінятвары, падымаючыся зь лежака.

Карантышы, якія ў звычайных умовах размаўлялі з дапамогаю біяхваляў, тут, на станцыі, гаманілі на чысьцюткай беларускай мове. Згодна з інструкцыяй Цэнтру пілёты станцый сачэньня павінны былі валодаць усімі чалавечымі мовамі, у тым ліку і мёртвымі. Непасрэдна голас утваралі сынтэзатары, якія разам зь іншымі штучнымі органамі месьціліся ў карантышоў на патыліцы.

- Такіх, як вы, людзі называюць абстрактнымі гуманістамі, --выгукнуў сінятвары, паволі ўзьнімаючыся ўгору. Плястыкавы ляжак, на якім ён толькі што адпачываў, трансфармаваўся ў фатэль і павіс над галавой у стажора.

- Табе іх шкада? Ну, вядома, людзі… разумныя істоты. П’юць, ядуць… зноў ядуць, лашчацца пад сонцам, тым часам як мы гібеем у падземных лёхах.

Апусьціўшыся долу, сінятвары махнуў рукою-адросткам, паказваючы тым самым, што гамонка скончаная, і рашуча прамовіў:

- Пачалі!

- Сёньня ў іх 15 верасьня 1980 года, - па-акторску выразна прамовіў стажор, узьнімаючы вочы да белай столі. – Першы пункт праграмы – выбраць аб’ект назіраньня.

- Выбірайце! – загадаў сінятвары і стомлена адкінуўся на прыслон фатэлю.

Станцыя панурылася ў чырванаваты паўзмрок, і на белай асноведзі столі ўзьнікла чорная пляма, якая хутка павялічвалася ў памерах, аж пакуль не ператварылася ў звычайную кепурку-васьміклінку. Уладальнік кепуркі, падхорцісты дзядзька ў пакамечаным пільчаку, няўпэўнена стаяў пасярод прыбітага скатамі пляцу і зь яшчэ большай няўпэўненасьцю пазіраў у бок піўной бочкі.

- Бабронак Сьцяпан. Жыхар вёскі Прагрэс Благадатненскага раёну. Пяцьдзесят два гады, жанаты, мае трох…

- Ну, гэты нам не цікавы, - перапыніў сінятвары, кіўнуўшы на столь. На столі, нібыта ў разнасьцежаным вакне, узьнікла абвешаная торбамі цётка, якая піхнула Бабронка ў каршэнь, і той папыліў па пляцы, сьмешна выкідваючы наперад хударлявыя ногі.

Перад вачыма карантышак праплыў цеплавоз, за ім шыхт зялёных вагонаў, і, нарэшце, пілётам станцыі сачэньня адкрылася ўскудлачаная галава пасажыра. Стажор зірнуў на старэйшага, і той ледзь прыкметна кіўнуў.

- Гарашчэня Рыгор. Сорак гадоў. Двойчы разьведзены. Працуе буравіком на Ямале. Заробіў на Поўначы 15 тысячаў.

- А што яшчэ заробіў? – зьдзекліва запытаўся старэйшы, і сіні твар ягоны кранула падабізна ўсьмешкі.

- Так, гэта ёсьць… Але гэта не галоўнае. Галоўнае – сэрца… Арытмія, міякардыт. Працягне яшчэ гадоў адзінаццаць.

- А дакладней?

- Дзесяць гадоў і восем месяцаў.

- Да “гадзіны Х”, значыцца, не дацягне. Ну што ж, тым лепей для яго.

- Глянь-глянь! – сінятвары паказаў пальцам-адросткам на столь. – Глядзіць на аблачыну, адчувае, што за ім сочаць. Орган гэты, як вядома, у людзей зусім атрафіраваны… Дарэчы, вазьмі пробу піўных пароў.

Стажор націснуў гузік на падлокатніцы фатэлю.

- Нуль цэлых восемдзесят пяць сотых адсотка алькаголю. Цэнтар паведамляе, што па дарозе зь піўзавода прадаўшчыца Міронаўна з дапамогаю шафёра Кадука ўліла ў бочку два вядры вады.

- Гэта нам і бяз Цэнтра вядома, - прамовіў сінятвары і салодка пазяхнуў бяззубым ротам.

Да бочкі было не падступіцца. Рыгор Гарашчэня, заціснуты між лядашчай цётухнай на мыліцах і нейкім рабаціністым недаросткам, падаўся быў наперад і ў той жа самы момант нечыя кашчавыя пальцы схапілі за рукаў.

- Куды прэш, каз-зёл! – прагугнявіў пад самым вухам недаростак. Рыгор рэзка павярнуўся і цётухна на мыліцах загрэла яму ў лоб двума пустымі кухлямі.

- Мне паўтарыць! – крыкнула кабета, дыхнуўшы на Гарашчэню такой агідай, што ў таго аж пацямнела ўваччу.

“Усё нармалёва”, - супакоіў сябе Рыгор. Стаўшы на на дыбкі, ён зірнуў на прадаўшчыцу. Ружовашчокая, падпяразаная, быццам той разьнік, цыратавым хвартухом, прадавачка са спакойнай разважнасьцю лічыла кухлі, раз-пораз куляючы іх у бяздонны поліэтыленавы мех.

- Міронаўна! Хутчэй там! – гойкнулі з натоўпу, і Міронаўна, перапыніўшыся, пагрозьліва агледзела натоўп.

- Не замінайце! Саб’юся!

Пасьля лічбы “пяцьдзесят” мех узвалілі на карак нейкаму спрэс лысаму, і Рыгор прабіўся да бочкі.

- Мужыкі, дазвольце кухлік… Я зь цягніку, - прамовіў ён, улюбёным паглядам азіраючы прысутных.

- Усе зь цягніку, - зьвягнуў за сьпінай недаростак, перадаючы цераз Рыгораў плячук парожні посуд.

- Два гады піўца не каштаваў… з Поўначы еду…

- А хоць зь Бігосава! – падаў голас недаростак, і ў натоўпе стрымана рагатнулі. Захоплены сваім дасьціпным жартам, недаростак удругарадзь выгукнуў: “А хоць зь Бігосава!” і, пераймаючы зь нечых рук тузін перапоўненых кухляў, плёхнуў кіславатага пойла на ўскудлачаную галаву Гарашчэні.

Хвіліну Рыгор стаяў у непаразуменьні, глытаў кіслыя кроплі, потым увесь сьцяўся і, крыкнуўшы штосьці няўцямнае, рынуўся наперад.

- Колькі каштуе твая бочка? – сарваным голасам крыкнуў Рыгор, панурваючы руку ва ўнутраную кішэню скуранкі.

Міронаўна спуджана залыпала вачыма.

- Дзьвесьце рублёў учора здала… як да капейкі. Яшчэ на дзьвесьце засталося.

Наступным імгненьнем аматары піва, што зьбіліся да “сьвінаматкі”, убачылі і пачулі неверагоднае. Мокрагаловы фацэт у скуранцы выцягнуў з кішэні гаманец і, адлічыўшы з важкага пачка чатыры зялёныя, кінуў іх на вільготную талерку.

- Бяру бочку. Чатыры кухлі мне, астатнія – людзям!

Узяўшы з рук уражанай Міронаўны кухаль, ён павярнуўся да недаростка, дзьмухнуў таму на порткі пенныя хлапякі і, злавесна пасьміхнуўшыся, загадаў:

- А гэтага выдаліць!

Імгненьне збой наструнена маўчаў, утрапёна гледзячы на пацямнелыя ад вільгаці паперкі, потым усе разам загаманілі, заварушыліся, і чыясьці пудовая, з надпісам “Варкута” на запясьці, рука схапіла недаростка за каршэнь.

- Хто ён такі, гэты недаростак?

Стажор націснуў кнопку на левай падлокатніцы.

- Рысеў Анатоль. Дваццаць восем гадоў. Адукацыя восем клясаў. У 1978 годзе, на падпітку, зьбіў да паўсьмерці сваю жонку Рысеву Марыю. Ад вязьніцы адмазаў родны брат. Стала нідзе не працуе, перабіваецца выпадковымі заробкамі.

- Напэўна, па братана пабег, - прамовіў сінятвары і, каторы ўжо раз пазяхнуўшы, выцягнуўся на плястыкавым лежаку.

- Скончыш праграму – пабудзі! – бадзёра прагучала з сынтэзатару, і праз імгненьне біяхвалі данесьлі да стажора натужлівае храпеньне сінятварага.

Аточаны ўсеагульнай увагай, Рыгор Гарашчэня сядзеў на ганаровым месцы – засланым газэтай вечку каналізацыйнага люка, што вытыркаўся зь зямлі, і з асалодаю пацягваў халаднаватае піва.

- Васемсот маю, - з абыякавасьцю ў голасе казаў ён падпітым дзядзькам, косячы вокам то на свой цягнік, то на трохмэтровага алімпійца, які пасьміхаўся яму зь вялізнага, пакрытага зьнізу адметнымі жоўтымі пісягамі шчыта.

Ніколі ў жыцьці Рыгор Гарашчэня не пачуваўся так добра, як цяпер. “Што там нейкія дзьве сотні ў параўнаньні зь людзкой павагай”, - расчулена падумаў ён, падносячы да вуснаў чарговы кухаль.

Тоўстае шкло ледзь ня выбіла зубы, піва палілося па барадзе, І Рыгор, спрабуючы вызваліцца з жалезных шчымётаў, усхапіўся на ногі.

- Дакумэнты! – рашучы голас перацяў дыханьне, спыніў на хвілю сэрца. Рыгор павярнуў галаву і, згледзеўшы сяржанцкія лычкі, паспрабаваў вызваліць руку.

- Якія дакумэнты? Усё ў цягніку.

- Выпілі і буяніце? – пагрозьва запытаўся міліцыянт і, сьціснуўшы Рыгораву руку яшчэ ямчэй, працадзіў: - Прайдзёмце!

Няўтульным імжыстым адвячоркам на пэроне чыгуначнай станцыі зьявіўся пахілы, дарэшты скарчанелы чалавек. Волкі ветрык навылёт працінаў ягоную зрэбную, відавочна, з чужога пляча, кашулю, шкамутаў калошы зашмальцаваных штаноў, а сам ён, мокры і натапыраны, не раўнуючы як той верабей, стаяў на краі пэрону, прагавіта гледзячы на ўсход – туды, дзе сыходзіліся ў адно бліскучыя рэйкі, дзе гарэлі фіялетавым агнём жарынкі ўваходных стрэлак. Войкнуўшы, чалавек асьцярожна памацаў рэбры, потым рашуча сьціснуў пальцы ў кулакі, і жарынкі ўваходных стрэлак ліхаманкава заскакалі ў ягоных вачах. Павярнуўшыся, чалавек рашучым крокам пашыбаваў на станцыю.

Газэтны шапік, на шчасьце, быў адчынены. Нейкая цётка, утыркнуўшы мясісты нос у малюпасенькае вакенца, перадавала кіяскёрцы апошнія навіны.

- Слухай, што скажу! – не не выцягваючы носа з вакенца, цётка нядобра зыркнула на Гарашчэню і сьцішана выдала: - Міронаўну ж ледзь не зарэзалі!

- Мне капэрту, калі ласка, - нецярпліва выдыхнуў Рыгор, прапіхваючы пятак між шклом і мясістым цётчыным носам.

Кіяскёрчыны вочы пашыраліся:

- Што ты кажаш?!

- Дык слухай, што скажу… Прыходзіць нейкі, не стары такі, апранены… Выцягвае ножык і кажа: “Выкладвай, Міронаўна, дзьвесьце рублёў, калі жыць хочаш”.

Кіяскёрчыны вочы пашыраліся яшчэ больш:

- А яна?

- Выклала! – цётчын нос тузануўся ў вакенцы. – Добра, Толік Рысішын падвярнуўся, брата зь міліцыі прывёў, дык абаранілі.

- Які гэта Толік?

- Ай, во… Невялікага расточку такі… Рысішын мужык.

- А людзі што?

- А што гэтым п’янтосам? Міронаўна са страху адбегла, а яны давай піва задарма жлукціць.

- Капэрту дайце! – не сваім голасам грымнуў Рыгор і, каб ня ўпасьці ад раптоўнай сардэчнай спазмы, упёрся рукою ў сьпіну перапалоханай цёткі.

- Дзе ён цяпер? – спытаў сінятвары, калі прачнуўся.

- У вакзальнай пачакальні. Піша скаргу ў Вярхоўны Савет.

- Скаргу? – сінятвары ўскочыў з ложку. – Не пазайздросьціш гэтаму Гарашчэню. Колькі там… за паклёп на органы правапарадку?

- Артыкул сто дваццаць восьмы. Да пяцёх гадоў.

- Што ж, вас можна павіншаваць, - голас сінятварага прагучаў аднекуль з тэлепартацыйнай кабіны. – З заданьнем Цэнтра, няхай і вучэбным, вы справіліся пасьпяхова. Зараз зраблю вонкавы агляд, і мы…

- Дазвольце мне агледзець! – нечакана выгукнуў стажор, крутануўшыся ў фатэлі.

Сінятвары выйшаў з кабіны, памаўчаў хвіліну і, апусьціўшы галаву, панікла прамовіў:

- Толькі не забывайцеся, інструкцыя Цэнтра забараняе нам умешвацца ў іхняе жыцьцё!

- Не забудуся, - кіўнуў стажор і вокамгненна зьнік у чорнай зеўры тэлепартацыйнай кабіны.

Сінятвары плюхнуўся ў фатэль, колькі часу сядзеў нерухома, потым паволі, як бы зь неахвотаю, націснуў кнопку сувязі з Цэнтрам і ўжо на сваёй роднай біямове прамармытаў:

- Шкада, - і, памаўчаўшы, дадаў: - Мог бы атрымацца добры пілёт.

Запытаўшы пра скрынку, Рыгор рушыў у ноч, спружна пераскокваючы цераз чорныя люстэркі лужын. Ён ужо падбег быў да паштовай скрыні, што вісела на плоце, але тут здарылася непрадбачанае – аднекуль з вышыні нечакана дзьмухнуў халодны вятрыска, выхапіў з рук капэрту, і тая, крутнуўшыся ў паветры, падбітай птушкай паляцела ў лужыну.

Кроў гарачай хваляй ударыла ў скроні – Рыгору падалося раптам, што там, у вышыні, у беспрасьвецьці начнога неба, хтосьці ёсьць, хтосьці сочыць за ім, пасьміхаючыся сваімі нечалавечымі пукатымі вачыма.

Ачомаўшыся, небарака няўмела перахрысьціўся, выцягнуў з лужыны набрынялую вадой капэрту і, рвучы яе на дробныя шматкі, пасунуўся, не разьбіраючы дарогі, да чыгуначнай станцыі.


Загрузка...