Палонны чорнага стэпу


- І гэта ўся капуста? - уразіўся баец Манько, веерам раскінуўшы храбусткія чырвонцы.

- А ты што хацеў? У моры песьціцца, віном абапівацца ды яшчэ і кучу грошай адхапіць? - узьняў стамлёныя вочы камісар Галабурда. – Будатрад – не шабашка. Мы ў дагестан не дзеля грошай прыехалі.

- А дзеля чаго? Мацаваць сувязі паміж народамі? - з апалітычнасьцю ў голасе пажартаваў баец. – Дык яны, гэтыя сувязі, і так маналітныя.

- Вось што, Манько. Атрымаў сваё – адыходзь, не замінай астатнім. Я, дарэчы, атрымаў столькі ж, колькі і ты.

Манько сабраў веер у стосік, ляснуў ім па далоні і, выходзячы з барака – пахілай, сто гадоў не рамантаванай будыніны, у якім жылі будатрадаўцы, сьцішана зьвягнуў:

- Гэта яшчэ трэба спраўдзіць, колькі вы з Іваньковічам хапанулі.

Левае брыво камісара нэрвова тузанулася.

- Ты... ты што гэтым хочаш сказаць?

- Ды так, нічога асаблівага, - ужо знадворку азваўся Манько, і голас ягоны зьліўся з рыпеньнем нязмазаных дзьвярэй.

У наструненай цішыні, працяты дапытлівымі позіркамі будатрадаўцаў, камісар падняўся з табурэткі і, не сказаўшы ні слова, таксама пайшорў на падворак. «Малайчына Іваньковіч... – нядобра падумаў той хвіляй камісар пра камандзера. – Абазнаны ў гэтай справе. Гайсануў на занальную нараду – толькі яго і бачылі. А ты тут круціся паміж гэтымі Манькамі».

З байцом Віктарам Манько, ці папросту Манькам, як звалі таго на курсе, у камісара былі складаныя дачыненьні. Яшчэ на другім курсе, выявіўшы не абы-якую прынцыповасьць, ён, камсамольскі актывіст Галабурда, прапанаваў на студсавеце выселіць Манько з інтэрнату. Прычыны на тое былі важкія: Манько заўзята парушаў усе сорак пяць пунктаў Правілаў пражываньня, у адкрытую паліў анашу, а вечарамі зацягваў на зьвязаных прасьцінах да сябе ў пакой практыкантак зь мясцовай птушкафабрыкі.

«З гэтым Маньком да трох не лічы, - разважліва падумаў камісар, удыхнуўшы горнага халадку. – таго разу ў аркестровую яму сьпіхнуў, а там, глядзіш, і глыбей куды ўкіне». Твар камісаравы зьнянацку пасуравеў, а чырвоны пісяг на шчацэ набыў хваравіта-бэзавае адценьне. Галабурду зноў, каторым ужо разам, прыгадаўся той няшчасны выпадак, калі ён падзер шчаку, і сэрца ягонае балюча сьціснулася ад незагойнай крыўды.

Таго вечару, як заўсёды па суботах, будатрадаўцы ладзілі канцэрт у горным ауле7, Дакладней кажучы, нават не канцэрт, а так – выступ агітбрыгады. Праграма іхняя мела назву «Мы рождены для подвига» і была добра абкатаная яшчэ пад час вучобы. Браўудзел у выступе і камісар Галабурда. На ягоную артыстычную долю прыпадала ствараць вобраз клясава-чужога элемэнта – кудлатага хіпака з гітарай, які пад музыку заходняга ансамбля зяпаў нямым ротам і, пужаючы старых табасаранак, роспачна біўся галавой аб падлогу. Згодна сцэнарыю кудлаты хіпак выдаляўся са сцэны двума хлопцамі ў сьпяцоўках, ролю якіх выконвалі Манько са сваім сябруком Шверубовічам. Клюб калгаса «Дагестанскія агні» ледзь не разваліўся ад рогату, калі клясава-чужы элемэнт, узяты пад рукі падпітымі хлопцамі, паляцеў не за кулісы на загадзя падрыхтаваныя маты, а ў аркестравую яму, дзе сядзеў, натхнёна расьцягваючы мяхі, баяніст Іваньковіч.

Перапыняючы цяжкія ўспаміны, дзесьці ў даліне завуркатаў матор, і з-за шчыльнай сьцяны вінаградніку выехаў чырвоны «пазік». Згледзеўшы аўтобус, камісар задаволена пацёр рукі.

- Зьбірайцеся, едзем! - крыкнуў камісар, скочыўшы на ганак і, як бы ставячы кропку ў сваім невясёлым будатрадаўскім дыярушы, выцяў рукою па рассохлых дзьвярах бараку.

Гадзіны праз тры, з боем узяўшы высокія вагонныя прыступкі, байцы будатраду «Гвардзейцы сямідзесятых» убіліся ў цягнік. Дзень быў базарны, і цісканіна ў пятнаццатым вагоне была неверагодная: натоўп адарваў камісара ад падлогі, занёс у канец вагону, піхнуў у цёмны кут, і нечы дыхтоўны, туга напакаваны мяшок балючы прыціснуў яму лытку. Камісар паспрабаваў быў пашырыць жыцьцёвую прастору, піхаючы мех нагамі, але ў сярэдзіне меха хтосьці жаласьліва застагнаў, і ён суціх, прытуліўшыся распаранай скроньню да халоднай вагоннай шыбы.

Манько са Швнрубовічам натоўп занёс у тое ж самае купэ, і яны атабарыліся насупраць, наставіўшы на камісара свае барвовыя, абязьвечаныя пачуцьцём глыбокага незадаволеньня твары.

- Нават форму прапілі, нягоднікі, - з уздыхам прашаптаў камісар і, перш чым панурыцца ў дрымоту, зірнуў з-пад вясёлкавых веяў на бутафорскія сьпяцоўкі, у якія былі апранутыя нягоднікі.

Мерна стукалі колы, паволі калыхаўся вагон. У замарачным перастуку яму чулася адна і тая ж чароўная мэлёдыя, мроіліся дзіўныя вершы, якія здаваліся геніяльнымі і якія адразу ж забываліся, кранаючы сэрца кволым сьвятлом азарэньня. Ён доўга ня мог даўмецца – адкуль яны, гэтыя сумныя, бясконцыя, як сама дарога, вершы, аж пакуль не зразумеў, што гэта гучалі ў ім адгалоскі тых ненапісаных песень, якія нарадзіліся некалі ў душах іншых людзей і цяпер блукалі па сьвеце, зьліўшыся зь перастукам вагонных колаў. А ягоныя думкі, ягоная душа? Ці сальюцца яны з пошумам ветру за вакном, з тахканьнем колаў і з усім тым, што поўніць сьвет чароўнай музыкай жыцьця? Галава ягоная хітнулася ці то ў такт калыханьню вагона, ці то ад роспачнай думкі, што нічога гэтага ня будзе і што аднойчы ўсё скончыцца: і дарога, і песьні, і жыцьцё.

- Ды прачніся ты, халера! - прасіпелі ля вуха, і камісар разьмежыў павекі. Медзьведзяваты сусед па лаве голасна крэкнуў, сьцягнуў з паліцы свайго прыспагнага сябрука і, папляваўшы на далоні, рашуча ўхапіўся за мех. Мех прывідна мільгануў уваччу, зьбіў набакір фуражку міліцыянэру, дамоклава завіс над галовамі пасажыраў.

- Кізьляр! Кізьляр! - гукалі у розных канцах вагону.

Адчуўшы свабоду, камісар пацягнуўся, раскрыліў рукі.

- Э-эх! Разьмяцца трэба! - выдыхнуў ён, зірнуўшы на Манька з Шверубовічам, і тыя, усхапіўшыся зь месцаў, уголас прамовілі:

- Трэба!

Праз хвілю іхныя магутныя сьпіны зьніклі ў вагоннай пройме і камісару давялося ізноў пакутліва ўздыхнуць. «Па віно пайшлі. Ізноў перап’юцца, нягоднікі», - саскрухаю падумаў камісар і падняўся з лавы.

У бязьлюдным і суцішным купэйным ён тыцнуў правадніку пакамечаны трульнік, залез на палок і ў наступнае імгненьне ўжо бестурботна спаў, паклаўшы пад голаў свае дарэшты падраныя кеды.

У вагоне было задушна, і, мабыць, з тае прычыны сон вярнуў яго ў той далёкі, не па-восеньску гарачы дзень, панурыў у сквар і задуху, ад якой шарэла ў вачах і сьвет губляў свае калёры. І паўсталі перад вачыма шары інстытуцкі пляц, гуж калгасных машын у канцы двара і гаманкі натоўп, сярод якога ён блукаў, выглядаючы на пыльных бартах грузавікоў нумар сваёй групы. Мільгацелі ўзбуджаныя твары, з рэпрадуктараў грымелі раскацістыя песьні пра БАМ, і замарачнае тахканьне колаў, уварваўшыся ў сонны мозг, на момант пераблыталі яву і сьненьне. Адчайна грукацелі колы, калыхаўся вагон, а ён, шчасьлівы першакурсьнік, бег да шарага «газону», на борце якога былі намаляваныя крэйдай чатыры нязграбныя лічбы. Там, у кодабу, сьмяяліся дзяўчаты, брынкала гітара і бязладны хлапечы хор сьпяваў незнаймую песьню: «Ой, леса, леса Белоруссии, да погода по-девчоночьи капризная...»

нечыя рукі падхапілі пляцак, дапамаглі залезьці ў кодаб, балюча сьціснулі пальцы. «Алег», - буркнуў ён, зачаравана пазіраючы на кудлатага хлопца з гітарай, а плюхнуўшыся на абярэмак саломы і прыкрыўшы пацярухаю лапік на зрэбных штанах, ён таксама засьпяваў, шырока разяваючы бязгучны рот, бо ня ведаў ні слоў, ні мэлёдыі той шчымлівай, дагэтуль нячутай песьні.

Вагон тузанула, за тонкай перабойкаю пасыпаліся бутэлькі, і нехта са злосьцю мацюкнуўся. Ачуўшыся, ён зірнуў на гадзіньнік, а празь якую хвіліну рука ягоная, бязвольтна сасьлізнуўшы з парэнчы, мякка легла на грудзіну.

І прысьнілася дарога, доўгі шыхт бярозавых прысадаў і маленькая хатка на асмужаным даляглядзе.

- Вунь там і будзеце жыць, - прамовіла брыгадзірка, кіўнуўшы ў бок сядзібы, і, памаўчаўшы трошкі, упалым голасам дадала: - выбачайце, але хата без тэлевізара.

- Цудоўна! - адказаў за ўсіх бялявы хлапец у акулярах. Хлопца, як ён ужо прачуў, звалі Алесем. – Будзе магчымасьць папрацаваць.

- а што ў цябе за праца такая? - перапытаў другі пастаялец, цыбаты дзяцюк у зношаных джынсах.

- Ды так... – бялявы перасмыкнуў плячыма, ускінуў ямчэй пляцак, і рэшту дарогі яны ішлі моўчкі.

- вось, Куліна, прымай пастаяльцаў, - брыгадзірка бухнула кірзачамі аб парог прысадзістай хаткі. – Студэнты на бульбу прыехалі.

Куліна, маленькая, дарэшты скурчаная бабулька, выйшла на ганак і, паправіўшы хусьцінку, асуджана апусьціла рукі.

- Ну, ладкуйцеся, хлопцы, а заўтра а восьмай на працу, - брыгадзірка шырокім жэстам змахнула пот з ілба, - толькі ж глядзіце, не прасьпіце!

- Не прасьпім! - гукнуў Алесь, і яны рушылі ў хату.

Сьцены бабчынай хаткі прыкметна здрыгануліся, калі цыбаты ўваходзіў у сьвятліцу. Пацёршы пабіты аб дзьвярны вушак лоб, цыбаты акінуў сьвятліцу дапытлівым позіркам і летуценна зазначыў:

- Інтэр’ер...

Інтэр’ер быў і папраўдзе несамавіты. У цёмным куце, побач з электралічыльнікам, вісела пацьмянелая ад часу Багародзіца, трохногая лава ўздоўж сьцяны была годная этнаграфічнага музэю, а на саміх сьценах, у поўным бязладзьдзі, віселі фотаздымкі дзядзькоў у канфэдэратках, каляровыя ілюстрацыі з выяваю бацькі-Сталіна і ганаровыя граматы Ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выставы.

Прыклаўшы да лоба халодны пятак, цыбаты прайшоўся па хаце, керхануў у далонь.

- Вам, бабуля, пэнсію плоцяць?

Бабуля Куліна зайшла ў сьвятліцу, сьцягнула з вуха хусьцінку.

- Пэнсію, пэнсію, кажу, вам плоцяць? - падвысіў голас цыбаты.

- А як жа, дзеткі... дваццаць рублёў. Кожны месяц прыносяць.

- А дзеці ў вас ёсьць?

Бабуля наструніла вуха, але, відаць, не пачуўшы, неакрэсьлена махнула рукой.

- Чалавек жа мой памёр, царства яму нябеснае. Вось і граматы ягоныя, - старая змоўкла і, пастаяўшы крыху, нячутна сышла ў прысенак.

- Правадыра народаў мухі абседзелі, - прамовіў пасьля паўзы цыбаты, пстрыкнуў запальнічкай, і пакой напоўніўся духмяным водарам «Залатога руна».

- Гэткім чынам, кожны атрымаў яму належнае... Бабуля Куліна, у прыватнасьці, атрымала дваццаць рублёў пэнсіёну, чалавек ейны – жмутак ганаровых грамат і, шчасьлівы, сышоў у нябыт...

- недарэчны сарказм, - азваўся Алесь, запіхваючы пад ложак свае рэчы.

- Сарказм, шаноўны, гэта мова нонканфармізму, - цыбаты павярнуўся да Алеся, чакаючы прыцягу спрэчкі, але той змаўчаў і, пайшоўшы на кухню, доўга піў зь вядра.

- Ат! - цыбаты імпэтна махнуў рукой. – «Не бяры да галавы», як казала бабуля-нябожчыца.

Сказаўшы так, ён паваліўся на тапчан, прыпаліў згаслую цыгарэту.

- Не, вы чулі? Дваццаць рублёў! - шызая аблачына дыму паволі ўзьнялася пад столь. – Кінь каму-небудзь гэткія грошы на лапу, дык у міліцыю здадуць, пакрыўдзяцца. Чуеш, летуценьнік?

Алесь зноў змаўчаў, адно гучна бразнуў конаўкай.

- Напіцца, сапраўды, ці што? - разважліва запытаў сам сябе цыбаты і, зацягнуўшыся раз астатні, падхапіўся на ногі.

У краму яны пайшлі з Гектарам – такое дзіўнае імя далі бацькі цыбатаму хлопцу, - Алеся ж пакінулі ладзіць бяседны стол.

Абапал здратаванай «Беларусамі» праселіцы, па якой яны ішлі, стаялі старыя, пасаджаныя, відаць, яшчэ за польскім часам, бярэзіны. Мярэжы ніцых галін зьвісалі да зямлі, краналіся твару, і вечаровае сонца, заблытаўшыся ў іх сваімі промнямі, сьвятлівымі плямамі клалася пад ногі. Яны доўга шлі моўчкі. Гектар грыз травінку, штосьці мармытаў сабе пад нос, ашклянела пазіраючы на вярхі разгатых бярэзін.

- у цябе колькі балаў? - нечакана для сябе самога запытаўся ён у Гектара, калі яны спыніліся ля куста. Спытаўся не без задавальненьня: на ўступных іспытах у яго была толькі адна тройка.

- Дзесяць, здаецца, - прамовіў Гектар, падцягваючы нагавіцы. – Ды і тыя, сказаць па шчырасьці, разам з бацькам заробіў.

Словы гэтыя халоднымі льдзінкамі кальнулі ў сэрца. Ён хацеў перапытаць Гектара, пры чым тым бацька, але той прысьпешыў хаду і, павярнуўшы галаву, працэдзіў:

- Пайшлі хутчэй... Да сямі ж даюць!

На небе ўжо гарэла Мілавіца, калі яны вярнуліся з крамы і са зьдзіўленьнем убачылі, што Алеся ў хаце няма.

- Дзе гэта ён? - прамармытаў Гек, укараноўваючы бяседны стол нуль-сямілітровай пляшкай.

У гэты момант над галавою зарыпелі дошкі і са столі ценькім цурком пасыпалася парахня.

- На рарышчы – сапраўдны архіў! Закрытыя фонды! - яшчэ з парога грымнуў Алесь, цягнучы ў хату абярэмак пажоўклых газэт. – Чаго толькі няма... «Лекары-шкоднікі», «Джаз на службе імпэрыялізма», «Касмапалітычныя іюдушкі ў літаратуры»...

- Ды кінь ты, - незадаволена скрывеліўся Гек, - вернемся з бульбы, дастану табе прапустку ў спэцсхоў – поркайся ў тым гноі хоць да пасіненьня, - і, схапіўшы са стала бутэльку, Гек рашуча скруціў бляшаны агаловак.

... У пляшчы яшчэ заставалася гарэлка, калі бразнула шыба і нехта знадворку ашалела закрычаў:

- Студэнтаў б’юць!

Гек ускочыў з-за стала, скінуў на падлогу недапітую бутэльку, цяжка затупаў па масьнічынах.

- Гек, пачакай! - крыкнуў ён сябру і рынуўся сьледам. Зьляцеўшы з ганку, ён прыпыніўся, наструніў слых, і да сьвядомасьці ягонай даляцеў незнаёмы голас:

- Гарбату будзеце?

Ён прыслухоўваецца да цьмяных зыкаў: перастуку вагонных колаў, бразгату шклянак, да прагнага, з уздыхамі, пасёрбваньня. Ну так... гэта Алесь п’е на кухні гарбату.

- Дык, можа, яшчэ што засталося? Кніжкі якія, падручнікі? - чуецца з кухні прыспаны Алесеў голас.

- Аво-ой! Мужчыны ў вайну ўсё на папяроскі пусьцілі. Толькі гэтая ксёнжка і засталася, - бабуля Куліна грыміць засланкай. – як ужо тую школу арганізавалі, Васіль у Вільню паехаў, па падручнікі. Чалавек той і даў яму ксёнжку.

- А што, Васіль жывы яшчэ?

У хаце становіцца ціха, толькі і чутно, як тахкаюць ходзікі ды гудзе агонь у коміне.

- У трыццаць трэцім падаўся ў Саветы. Так і згінуў недзе.

Шэры паўзмрок пануе ў хаце, і ў гэтым паўзмроку неверагодна прыгожымі здаюцца малінавыя адбіткі агню, што бягуць па белай фіранцы. Рыпіць тапчан. Гек падымае ўскудлачаную галаву і, жаласьліва войкнуўшы, панурваецца тварам у падушку.

- Хто гэта мяне біў учора? - здушана пытаецца Гек, не адрываючы твару ад падушкі.

- Вы што там, «На дне» рэпеціруеце? - гукае з кухні Алесь. – Ідзіце, сьвятаяньніку сёрбніце. Дапамагае.

- Мне можа дапамагчы толькі піва, - гек гучна крэкае. – Учора, як у краму ішлі, верш склаўся, а сёньня ані слова ня памятаю... Во гарэліца!

- Маладыя хлопцы... і навошта піць! - устаўляе слова бабка Куліна. – Будзе вам, як нашым мужчынам. Тыя ўжо зусім пашалелі...

- А ты хіцёр, Александзёр! - крычыць Гек, перабіваючы бабчынае буркаценьне. – Пакуль мы баранілі гонар інстытуту, ты адседжваўся каля печкі.

- Што зробіш, абдзяліў Бог здароўем, - Алесь выплывае з паўзмроку, трымаючы ў руцэ нейкую шарую кніжку. – Гляньце6 што знайшоў... «Граматыка» Тарашкевіча. З ахвяравальным подпісам аўтара.

Гек паварочваецца да сьвятла, мружыць вочы: - «Кіраўніку Бярозаўскай ТБШ Васілю...»

- Васіль – брат акуліны Іванаўны. Загінуў у трыццатых.

- Але-э! Былі людзі, душу народную ратавалі, - Гек сьцярожка гартае старонкі. - Толькі ж дарма ратавалі... Абмямяў народ душу на куфаль піва.

- Навошта ж так катэгарычна. Я, напрыклад, піва ня п’ю, - Алесь сёрбае адвар сьвятаяньніку. – Скажы лепш – чым ты...

- Чым я розьнюся ад тых мэханізатараў, зь якімі ўчора біўся?

- Вось-вось.

- А я што... – Гек падымае з падлогі свае зашараваныя джынсы, - я – прадукт свайго часу.

- Ну, то ўставайце, прадукты. А восьмай трэба быць ля клюбу.

Дзьверы купэ з грукатам расчыняюцца, і абуджаны камісар прыўзьнімае голаў.

- Сьпіш, гвардзеец?! - гукае чырванатвары таўстун, міргае яму сьлязьлівым вокам і, плюхнуўшыся на лаву, пытае: - Што пішуць?

На доле бразгаюць шклянкай, натхнёна паведамляюць:

- Сьмелы артыкул!

Камісар зірнуў долу.

На ніжняй паліцы сядзеў лысаваты, падобны да актора Ралана Быкава пасажыр, барвова-ўзмакрэлы нос якога неадрыўна блукаў па радках вальнадумнага артыкула. Працёршы вочы, камісар прачытаў назву: «Куды падзеліся мужчынскія баваўнянапапяровыя шкарпэткі?»

- Разьвялося пісак! - прабурчэў таўстун і, нібыта дэманструючы лысаму свае бліскучыя, перашытыя са старых халяваў боты, закінуў нагу за нагу.

- А чым вы, уласна кажучы, незадаволены? - запытаўся лысы, разгарнуўшы ўшыркі газэту.

Уладальнік хромавых ботаў ляснуў далоньню па стале, і шклянка зь недапітаю гарбатай спалохана дзынкнула.

- Старую гвардыю з арміі звольнілі, смаркачоў панабіралі, а потым схапіліся за галовы: «Аяяй, што нарабілі!». – Маналёг гэты быў відавочна не па тэме7

- А вас што, таксама закранула гэтае, так бы мовіць, скарачэньне штатаў?

Заўчасна зволены ў запас працяў лысую галаву падазроным позіркам.

- Аб тым, што вам трэба ведаць, вам паведамяць! І ня трэба задаваць лішніх пытаньняў.

- Такім, як вы, сапрыўды не пазайздросьціш, - не застаўся ў даўгу суразмоўнік, - рабіць жа нічога ня ўмееце. Адно і можаце, што глотку дзерці...

На сківіцах былога вайскоўца зварухнуліся жаўлакі, вушы ягоныя драпежна натапырыліся, а сьлязьлівыя, дарэшты звар’яцелыя вочы наліліся крываваю барвай. Ад такога відовішча лысы змарнеў, сьцяўся, пужліва прыкрыўся газэтай.

- Хто... хто даў вам права плявузгаць на нашую армію? - тонам, якому пазайздросьціў бы і пракурор Вышынскі, запытаў былы вайскоўца і, суцішыўшы голас да невыразнага сіпу, дадаў: - я ж магу вамі і пацікавіцца...

Пасьля такіх слоў лысы з галавой панурыўся ў газэціну, і тая дробна заскакала ў ягоных руках.

Колькі часу спадарожнікі ехалі моўчкі. Камісара зноў было пацягнула на сон, аж неўзабаве на доле заварушыліся, і былы вайскоўца, бразнуўшы аб дзьверы прытарочаным да рэчмяшка ліхтаром, падаўся да выхаду.

- Бачылі вы яго, салдафона! - узьняў угору палымяныя вочы лысы пасажыр. – Выліты Прышыбееў.

- У вас папіць ня знойдзецца? - запытаўся ў адказ камісар, і суразмоўнік, адкінуўшы абрыдлую газэціну, пакрыўджана прамовіў: – На станцыях кавуноў процьма. 10 капеек кэгэ. Цудоўна наталяюць смагу.

У прадчуваньні наталеньня смагі камісар намацаў у кішэні жалезны рубель і, калі цягнік, прарэзаўшы паветра басавітым гудком, суцішыў хаду, спружна саскочыў з паліцы.

Кавуноў на станцыі і сапраўды было процьма. Вялікія кучы іх ляжалі ўздоўж пляцформы, цьмяна бліскаючы на сонцы сваімі круглявымі бакамі. Кінуўшы рубель сівому вагаўшчыку, камісар ускінуў кавун на плячук і борздым крокам пашыбаваў да свайго пятнаццатага вагона – трэба было пачаставаць дзяўчат, ды і сьцізорык застаўся ў валізе.

Дзьверы апошняга, пятнаццатага вагону былі, на шчасьце, адчыненыя. Задыханы, ён падбег да вагона, пастаяў крыху, пераводзячы дых, і, калі цягнік скрануўся зь месца, ухапіўся рукой за поручань. Зарыпелі, застагналі тамбурныя дзьверы, з глухім воплескам зачыніліся, і камісар, сарваўшыся з прыступкі, ашалелымі вачыма паглядзеў угору. У закураным, пакрэсьленым паскамі кратаў вакне квітнела нахабная фізіяномія Манько.

Мэтраў пяцьсот ён бег за цягніком, штосьці крычаў машыністам, і тыя, мінаючы ўваходныя стрэлкі6 віталі яго працяглым гудком з-за далягляду. Хвіліна, і жарынкі чырвоных ліхтароў зьліліся ў адну, расталі ў імгле, і сасьмяглыя вусны ледзь чутна прашапталі:

- Вось гэта ўліп!

Камісар перакінуў з рукі на руку крутабокі справунак, зірнуў з-пад рукі на прыстанцыйную вадавежу, на кусьцікі чэзлай акацыі, што прыжыліся неяк на гэтай пяшчыстай, перамяшанай з паравозным жужалем глебе, і, уздыхнуўшы, патрухаў на ватных нагах уздоўж чыгункі.

Начальнік станцыі, маленькі, чарнявы чалавек, галава якога толькі напалову вытыркалася з-за стала, безуважна выслухаў наведніка і, пазяхнуўшы, запытаў:

- Дакумэнты ёсьць?

- Вось... – разгублена вымавіў наведнік, працягваючы нчальніку крутабокі кавун.

Начальнік зь недаверам зірнуў на кавун, перавёў позірк на голае чэрава наведніка, што вытыркалася з-пад расхлістанай будатрадаўскай курткі, і з разважнасьцю ў голасе паведаміў:

- На жаль, гэта не дакумэнт.

- А вы што, і ў таго, хто топіцца, дакумэнты патрабуеце? - наведнік прыціснуў пальцам дрыготкае брыво.

- Вам, малады чалавек, гэта не пагражае. У нас тут вады няма. Бязводзьдзе. Чорны стэп, адным словам. – Начальнік выцягнуў з кішэні зашмальцаваны нататнік, рупліва перагарнуў старонкі. – Калі вы і сапрады камісар, дык нам патэлефануюць. Вы ж, як я зразумеў, усе разам ехалі? Як, дарэчы, вашае прозьвішча?

- Галабурда. Алег Іванавіч, - змарнела выдыхнуў наведнік.

- Як-як? Бурда?

- Гала... – узмацніў голас наведнік.

- Што – гала? - не зразумеў начальнік.

- Бурда! - грымнуў камісар і, закаціўшы вочы, суцішна дадаў: - Ідыёт!

Чарнявы чалавек штосьці замармытаў па-свойму, няўцямна вылаяўся і, зьняўшы з вагара тэлефонную трубку, высокім дыскантам закрычаў:

- Вагоны з угнаеньнем на сёмы тупік! Сёмы тупік! - і голас ягоны згасальным рэхам адбіўся ў разнасьцежаным вакне.

Упёршы кавун вакзальнай прыбіральшчыцы, Алег Галабурда выйшаў на падворак, сеў на лаўку і, абхапіўшы рукамі туманную галаву, цяжка ўздыхнуў. Уздыхаць было ад чаго: цягнік на Маскву ішоў праз содні, а грошай, якія бразгалі ў кішэні, не хапала нават на тэлеграму. Камісар уявіў на хвілю, як роспачна будуць гукаць ягонае імя на пэроне маскоўскага вакзалу, і стала яму ад тае ўявы непамысна. «На бюро гэты факцік не абмінуць, вытлумачаць па-свойму, - са скрухаю падумаў камісар, сьцяўшы, нібыта ад пякельнага болю, павекі. – і собіла ж яму ехаць у тым купэйным! Ехаў бы ў агульным, разам з усімі. Цяпер чакай таго званка!

- Што, дарагой, зуб балыт? - спачувальна прамовілі за сьпінаю, і камісар азірнуўся. Хударлявы каўказец стаяў у мэтры ад яго і спагадліва варушыў вуснамі. – пачакай, дарагой, у мяне аналгін... Сам мучаюс...

- Ды які там анальгін! - скрывіўся камісар, падымаючыся з лаўкі. – Грошы патрэбныя, дахаты заехаць. Бачыш, - ён ляснуў сябе па голым чэраве, - у адной куртцы застаўся.

- Го-о! Сам карцёжнік, сам прайграваў! - адразу пажвавеў каўказец. – А чаму невясёлы, чаму галава трымаеш? Грошы? Го-о! Грошы на зямлі валяюцца, толькі не лянуйся падняць! - сказаўшы гэта, каўказец махнуў рукой: - Слуп бачыш?

Камісар пакруціў галавой, азіраючы далягляд, але нічога, апрача пяшчыстых выдмаў, ня згледзеў.

- Ну! - прабурчэў ён, сілячыся ўцяміць тайную сувязь паміж слупом і грашыма.

- А нарыхткантору ля слупа бачыш?

Гэтым разам камісар не павярнуў галавы і ўдругарадзь, ужо зь нецярплівасьцю, выдыхнуў:

- Ну!

- Ідзі ў кантору. Найміся на колькі дзён гуртаправам, авечак на станцыю ганяць. Ходку зробіш – пятнаццаць рублёў у кішэні. Скажаш – кунак Еруслану.

Камісар яшчэ раз агледзеў чырванаватыя выдмы, што пукаціліся за лініяй, і, падзячыўшы кунаку за параду, пацёр далоньню потную шыю.

Ля канторы «Нарыхтжывёла», глінабітнай, урослай у пясок халупы, камісара пераняў вялізны карнавухі сабака. Зычным брэхам скаланаючы навакольле, сабака кінуўся да незнаёмца, і той, падаўшыся зь перапуду назад, плюхнуўся неўзабаве на кучу зьляжалай дзындры.

- Мухтар, да мяне! - уладна крыкнулі непадалёку, і з-за глінабітнай халупы выехаў вершнік на вараным кані.

- Што за чалавек? Чаму ходзіш? - вершнік, стары, да чарноцьця загарэлы калмык, скіраваў каня на камісара.

- Ды вось, ад цягніка адстаў, - дрыготкім голасам вымавіў камісар.

- Эгэ-эй! Адстаў?! - гойкнуў калмык і6 адкінуўшыся ў сядле, голасна зарагатаў.

«Яшчэ адзін ідыёт!, - падумаў камісар, абабіваючы ад пылу нагавіцы. Вытрымаўшы паўзу, ён з годнасьцю, на якую толькі быў здатны, прамовіў:

- Еруслан казаў, вам пастухі патрэбныя...

- пастухі?! Ха-ха-ха, - блазенскім сьмехам грымнуў калмык, але нечакана зрабіўся паважным і сьмехам зьлез з каня. – Еруслан? Дзе ты бачыў гэтага шайтана?

- На станцыі, хвілін пятнаццаць таму.

- Зьбенг, зьбег, шайтан! Зьехаў на вясельле! А-а! Гора мне! - ці то жартам, ці то папраўдзе залямантаваў калмык, занурваючы лбом у конскую грыву. – Зьбег! Найлепшы чабан зьбег! - ускудлаціўшы пяцярнёй сівую чупрыну, нарыхтоўшчык зірнуў на камісара і, ужо лагодным голасам, запытаў: - авечак калі-небудзь стрыг? У стэпе арыентуесься? Верхам можаш езьдзіць?

Камісар пацёпаў плячыма.

- Ну добра, - стары калмык упіхнуў нагу ў стрэмя, - сядай за сьпіну.

З трэцяга ці чацьвертага разу камісар узьлез на каня і, адчуўшы, як перакочваюцца пад ім напятыя цяглы, спалохана абхапіў старога.

- А яму ня цяжка? - запытаўся ён, ціснучыся чэравам да конскае сьпіны.

- каму? Цыгану? Ха-ха-ха! Ды конь гэты самога шайтана зьвязе! Будзёнавец! Мінулым летам з конезаводу выбракавалі.

Бячзмежна абшар. Парослыя чэзлым кустоўем выдмы, пыльная, з чырванаватым водценем смуга на даляглядзе, пясок у куточках асьмяглых вуснаў і маленькі крыжык драпежнай птушкі над галавой. Чорны стэп.

- Чорны стэп, - уздыхае стары Ўрубджур. Голас старога глуха булькоча пад сьвіткаю – закалыханы дарогай, Алег дрэмле, прыціснуўшыся вухам да шырокай Урубджуравай сьпіны.

- У мяне тут пяць чабанскіх пунктаў. Па тысячы галоў на кожным. Пры перагонах пару галоў страчваем. Дадумаліся, шайтаны, на перагонных дарогах яміны капаць. Выкапаюць яму, чым-небудзь прыкрыюць, авечка туды і ўвальваецца. Уяўляеш? - стары змаўкае, паварочваецца тварам да камісара: - Эй, заснуў/

Алег асавела прыўзьнімае павекі.

- Нічога, хутка прыедзем. Кілямэтраў пяць яшчэ. Но! - стары ляпае Цыгана па крыжы, і той тупае жвавей. – Едзем на кашару Ўлан-Хол. Адтуль і будзеш ганяць. Удзень гоніш, а ўвечары Чатыр, гэта чалавек са станцыі, цябе на матацыкле зноў на кашару падкідваць будзе. Я дамоўлюся. Зробіш пяць прагонаў – бараном прэмірую. Шкуру толькі здасі на справаздачу.

- Што я з тым бараном рабіць буду? - прыспана азываецца Алег.

- Хо-о! Што рабіць... Бёрг* згатуеш. А то... ідзі да цягніка. З рукамі адарвуць, - Урубджур суцішна цмокае. – Заўтра ўдвух пагонім, а пасьлязаўтра ўжо адзін.

Пачуўшы такое, Алег уздыхае.

- Ты не хвалюйся, - бадзёра гукае стары. – Я табе ў памагатыя Правакатара дам.

- Якога правакатара?!

- Казла. Правакатара. Ён ужо каторы год гурты на стванцыю водзіць.

Мухтар, які ўвесь час бег наперадзе, нечакана наструніўся, заліўся брэхам, зьнік за пясчаным пагоркам.

- Сайгака пачуў, - задаволена прамовіў стары. – Добры сабака. Купіў шчанюком у аднаго чачэнца.

- А чаму ў яго вушы абкарнатыя? - пацікавіўся тым часам Алег, хаваючы позех у жменю.

- Як чаму? Каб ваўка лепей чуў!

- Ваўка?!

Урубджур сьмешлівым вокам зірнуў на Алега.

- Вось што, хлопец. Галоўны вораг у гуртаправа не чатырохногія, а двуногія. Зразумеў? - і, сьцёбнуўшы Цыгана, стары засьпяваў тужлівую, напэўна, толькі яму аднаму вядомую песьню.

Да кашары Ўлан-Хол яны дабраліся на зьмярканьні. Збольшага пералічыўшы авечак, Урубджур пасек на дровы збуцьвелы тын, што атачаў пастаўнік, і расклаў агонь.

У стэпе цямнее хутка – не пасьпела закіпець вада ў сагане, як насунулася цемра, ад усходу пацягнула прахалодаю, і прадвесьніца ночы – вечарніца – мякка прашапацела над галавою.

Прыемна было разьлегчыся на цёплай, яшчэ не астылай пасьля дзённага сквару зямлі, падперці рукамі падбародзьдзе і глядзець, глядзець неадрыўна, як прагна ліжа агонь збуцьвелае дрэва, фантастычным ценем адбіваючы рухавую постаць Урубджура на сьцяне авечніка, як лятуць у чорную бездань плоймы вогненных зьнічак. Стары сядзеў пры агні, памешваў у сагане драўлянай лыжкай і на дзіўнай мешаніне калмыцкіх і рускіх словаў распавядаў пра сваё жыцьцё, пра першую і адзіную сваю жонку Кэрмэн, якая так і не даехала да Алтаю, пра далёкі сіні Алтай, дзе ён пражыў трынаццаць гадоў, і пра ўсё тое даўняе, напаўзабытае, што прыйшло на абуджаную начным цяпельцам памяць.

Рабіліся цяжкімі павекі, цішэў голас старога, вясёлкавыя шары ўзьнімаліся ў чорнае неба; шары разьбіваліся, ападалі каляровым дажджом, і іншы голас, па-акторску ўпэўнены і няшчыры, гучаў ля начнога цяпельца.

Агонь шугаў аж да неба, ад паху шашлыкоў кружылася галава, а ён, студэнт другога курса Галабурда, ачмурэлы ад салаўіных песень, дармавой гарэлкі і ідыёцкіх жарцікаў Базевіча, апантана махаў хваёвай галінкай, разганяючы дым над мангалам. Ён слухаў тыя жарцікі, і яму зусім не хацелася сьмяяцца, але ён сьмяяўся гучней ад астатніх, а згледзеўшы на плячы камсамольскага бога парушынку, сьцярожка зьняў яе дрыготкімі пальцамі.

Пасьля шашлыкоў усе гамузам кінуліся купацца, і толькі яны з Базевічам засталіся ля вогнішча. Схіліўшы голаў так, што на шыі пазначыліся глыбокія зморшчыны, задуменна мружачы п’янаватыя вочы, ён усім сваім выглядам паказваў, што нават тут, на загараднай базе, куды яго ўпершыню запрасілі, думкі ягоныя не пакідала турбота пра надзённыя камсамольскія справы.

- Ёсьць меркаваньне паслаць цябе ў Баўгарыю, кіраўніком тургрупы. – Базевіч выцягнуў з агню жарынку і, перакідваючы яе з далоні на далонь, прыпаліў цыгарэту.

Нэрвова торганулася брыво, даўкі камяк захапленьня перацяў дыханьне, і ён, задыхаючыся ад шчасьця, страшным голасам выдыхнуў:

- Ехаць ня маю права. У будатрадах зусім занядбаная камсамольская работа.

- Разумею, - ціха прамовіў Базевіч, - разумею, Алег. Ад работы проста душымся. – Базевіч паклаў яму на сьпіну сваю загарэлую, прапахлую дарагім адэкалёнам руку. – Дарэчы, Вараб’ёў Аляксандар, ён што... разам з табой жыве?

Гэтае кароткае, здавалася б, бяскрыўднае пытаньне, выпетрыла хмель з галавы, халоднымі шчымётамі сьціснула сэрца.

- Ты чуў, напэўна, што Вараб’ёў выдаў на сходзе: «Камсамол – кузьня бюракратыі»... «фармалістычная багадзельнея»... камсамольскае бюро назваў зборняй кар’ерыстаў, карацей, - Базевіч пудліва азірнуўся, - пакаціўся твой сябручок не па той дарожцы.

Кволыя языкі полымя зялёнымі плямамі адбіліся ўваччу, і здалося на міг, што ўсё наўкол: гэтае ачахлае вогнішча, абрус з гарою едзіва, гэтыя гладкія хлопцы і дзяўчаты, камсамольскі важак Базевіч і сам ён, камсамолей Галабурда, - толькі зьнявечаныя адбіткі нейчага сапраўднага і годнага жыцьця.

--Твая задача – высьветліць, з кім ён, апрача, вядома, Сарокіна, кантактуе6 чым займаецца ўвечары, якія кніжкі чытае... Іхнія размовы з Сарокіным няблага было б і занатаваць. І яшчэ. Папрасі ў яго сшыткі... ну тыя, дзе ён піша пра Тарашкевіча, - Базевіч удругарадзь азірнуўся. – Разглядай гэта як адказнае камсамольскае даручэньне.

- Базеві-іч! Рату-уй! - пракаціўся па навакольлі жартаўлівы вокліч, і камсамольскі важак усхапіўся на ногі. Якраз за іхнымі сьпінамі, у сутоньні парадзелай ночы, актор драмтэатру Вартанян хапаў за голыя лыткі загадчыцу турбюро «Спутнік» Эсьмеральду.

Ён таксама ўстаў зь бервяна і, зірнуўшы на спалатнелы твар Базевіча, завілай хадою пабрыў да абруса.

- Дык вось... дык вось навошта я яму спатрэбіўся. – Высмактаўшы паўбутэлькі, ён хітнуўся, перакуліў мангал з шашлыкамі і, дарэшты перапэцкаўшыся ў сажу, панурыўся тварам у дзядоўнік. Апошняе, што данеслася да ягоных вушэй, быў вясёлы рогат сябрыны, калі генэральская дачка Эсьмеральда абкладвала яго, соннага, пустымі пляшкамі з-пад гарэлкі.

- Эй, зноў сьпіш?

Ён ачомваецца, прыспана глядзіць на Ўрубджура.

- На, падмацуйся бёргам, а то заўтра без абеду будзем, - стары працягвае місу зь едзівам. Алег зь неахвотаю ўпіхвае ў рот гарачы камяк, камяк пячэ паднябеньне, і даводзіцца прагна ўцягваць паветра, сьцюдзячы гарачую ежу.

- Бёрг гэты зусім як нашыя калдуны, - зазначае камісар, лена варушачы сківіцамі. – Толькі ў нас замест цеста бульба.

- Бульба? - насьцярожліва перапытвае Ўрубджур. – Бульба – знаю! Бульба – гэта картошка! - і, бліснуўшы ў цемры раскосымі вачыма, стары задаволена сьмяецца.

Пры канцы жніўня над Чорным стэпам абуджаюцца сухавеі. Подыхі гарачага ветру гоняць пыльную замець; пыл засьціць далягляд, размытымі чорнымі слупамі падымаецца ў неба; пыл рыпіць на зубах, дзярэ ў перасохлым горле, і няма ад яго паратунку на гэтай бязьмежнай, адкрытай усім вятрам прасторы.

Выпіўшы рэшткі вады з бутэлькі, гуртапраў агледзеўся. Пукаты пагорак, на які ўчора паказваў Урубджур, надзейным арыенцірам паўставаў сярод стэпавай роўнядзі. «Яшчэ два кілямэтры, і трэба будзе забіраць управа», - падумаў гуртапраў і, падганяючы маладога маркача, які адбіўся ад статку, бразнуў шарготкамі. Шарготкі – налыганыя на вяроўчыну накрыўкі ад кампоту - наводзілі жах на віславухіх. Вось і цяпер, пачуўшы бразгат, маркач пужліва падскочыў, наставіў рогі, брыклівым алюрам рынуўся да гурту.

Пылюка тым часам узьнялася неверагодная. Захінаючыся ад пылу, гуртапраў схіліў голаў набок ды так і застыў у непаразуменьні: праваруч, у мроіве жоўтай смугі, пустыннай патарочай паўставаў гэткі ж пяшчысты, парослы белым палыном, пагорак. Кроў горача падкацілася да скроняў. «Учора ж там пагорка не было! Няўжо заблукаў?» – гуртапраў працёр далоньню зацярушаныя вочы. Спадзявацца цяпер можна было толькі на Правакатара.

Казёл па мянушцы Правакатар па-ранейшаму ішоў наперадзе статка, саманадзейна трасучы адвіслаў барадою.

- ідзі, ідзі, братка! - прашаптаў гуртапраў, пераводзячы дых пасьля шпаркага бегу, і, каб не хзамінаць чарадзе, ступіў колькі крокаў назад. Штосьці суха затрашчала пад нагамі... Шукаючы апірышча, ён узмахнуў рукамі і пад роспачны бразгат ахвяраваных Урубджурам шарготак паляцеў долу. Моташная болесьць працяла калена. «Куды гэта я?» – адно і пасьпеў падумаць гуртапраў, як нешта тупое і важкае абрынулася на голаў, на момант затуманіўшы сьвядомасьць. Галава шалёна круцілася, і нейкая цёплая варушкая маса ціснула да зямлі, не давала прадыху. З астатніх сіл ён скінуў зь сябе цяжар, і ў той самы момант яго званітавала.

Надрызна, з глухім прыдыханьнем бляяла авечка. Жывёліна балюча ступала між лапатак, тыцкалася пысай ў скрываўленую скронь, павяваючы ў твар кіславатым пахам аўчыны. Кружылася галава і нясьцерпна хацелася піць.

- Мамачка! - прастагнаў гуртапраў, калі расплюшчыў вочы і зірнуў на акравак барвовага неба. Сьвет патанаў у чырвоным тумане – туман ліпнуў да твару, пухкаю ватай закладваў вушы, і барвовыя хмары над галавою гатовыя былі абрынуцца крывавым дажджом.

Кроў засьціла вочы. Ён паспрабаваў падняцца, але адзінае, што здолеў, гэта прыўзьняць голаў і абаперціся плечуком на сьценку ямы. Паволі церусіў пясок. Тонкія цуркі, нібыта струменьчыкі пясочных гадзіньнікаў, сьцякалі на дно ямы, і нечаканая думка, пакінуўшы боль у калене і моташнае галавакружэньне, працяла затлумлены розум: чый час яны лічаць?

- Мамачка! - шапнулі сасьмяглыя вусны.

- Ммэ-э! - азвалася пад бокам авечка.

Здаровай нагой ён адсунуў авечку ўбок і адчуў раптам, як штосьці агідна-пачварнае паўзло па грудзіне. Ён часта заміргаў, прымружыўся і, убачыўшы перад носам вялізную пяшчаную гадзюку, ізноў, ужо з дрыготкаю ў голасе, выдыхнуў:

- мамачка!

Валасы падняліся на галаве, разьбітая нага нэрвова тузанулася, а вужака, выпусьціўшы з рота падвойны язык, спаўзла па зьнямелай руцэ на дно яміны. Забыўшы на боль, ён сьцягнуў з нагі акарэлы Ўрубджураў бот, упіхнуў руку ў халяву, штосілы ўдарыў па разамлелай ад сьпёкі гадзюцы. Гадзюка злавесна сыкнула, а ён, ужо ніччога ня бачачы навокал, апантана лупіў і лупіў па агідных кольцах, што віліся ля ног.

Скрозь аднастайны шум у вушах порарываецца густы Базевічаў барытон.

- Вы дарэмна фанабэрыцеся, Сарокін. Цяпер, калі Георгі Максімільянавіч пайшоў на пэнсію, фанабэрыя гэтая можа вам нашкодзіць.

Жахам павявае ад ільсьняна-вільготных сьцен, ад зялёнага абруса на стале, ад патаемнай усьмешкі бялявага маладзёна, што сядзіць пры канцы стала, штосьці рупліва занатоўваючы ў сшытку. Ачуцца, пазбыцца насланьня, вырвацца з абдоймаў гэтых ільсьняна-жахлівых сьцен. Цела ягонае працінаюць дрыжыкі. Каб неяк утаймаваць дрыготку, даводзіцца запіхваць далоні пад напятыя сьцёгны. Алесь сядзіць поруч, таксама дрыжыць, і толькі Гек захоўвае спакой, выгодна раскінуўшыся ў мяккім крэсьле.

- І ня проста пайшоў, а загрымеў па стане здароўя, - абзываецца Гек, выцягваючы з пачка чарговую цыгарэту.

- Вы нават над старым бацькам іранізуеце, - з робленым уздыхам прамаўляе Базевіч, - няма ў вас анічога сьвятога!

- Дзе ж яе набрацца, гэтай сьвятасьці? Ці ня ў вас пазычыць?

Базевіч адкідваецца ў крэсьле, бярэ рукі ў крыж.

- Ну, адкуль вы з Вараб’ёвым ды Галабурдам набіраецеся «сьвятасьці», нам вядома. Вашыя вандроўкі па Гродзеншчыне, ператрусы гарышчаў у пошуках бруднай пісаніны розных там цемрашалаў накшталт Гаруна...

Кропля халоднага поту зрываецца з кончыка носа. «Ну што ты хвалюесься, - супакойвае ён сам сябе, - Базевіч жа назваў ягонае імя сумысьля, каб хлопцы не падумалі чаго...»

- Ваш апошні выбрык, - Базевіч перапыняецца, прымружвае вочы. – Ваш апошні выбрык, калі Вараб’ёў замест рэфэрату па «Малой зямлі» прачытаў ілжывы, поўны антысавецкіх прыдумак «жыцьцяпіс Тарашкевіча», камсамольскае бюро інстытуту разглядае як палітычную правакацыю, - голас Базевіча халоднымі мурашкамі казыча сьпіну. – Так, мы рэабілітавалі Тарашкевіча, але рабіць зь яго...

- Хто рэабілітаваў? Ты?! - пасінелыя ад напружаньня Гекавыя пальцы раструшчылі прыпаленую было цыгарэту. – Учора хапаў за лыткі дзевак са «Спутніка», піячыў за дзяржаўныя грошы, дзер глотку ў групе скандаваньня, а сёньня рэабілітуеш Тарашкевіча? Ты? Бесхрыбетны мешчанюк, які залез у крэсла дзякуючы бацькавым каўбасам!

На твары Базевіча, нібыта атрамант скрозь бібулу, праступілі нездаровыя чырвоныя плямы. Вочы ягоныя павылазілі з вачніц і ашклянела ўтаропіліся на бялявага маладзёна.

- Вы, Сарокін, хворы чалавек,- падаў голас маладзён і падняўся з крэсла.

- Яшчэ адзін... папяровы карчагінец? Таксама, напэўна, кумпякі начальнікам вазіў, каб у людзі выбіцца?

- Вы хворы чалавек, Сарокін. Днямі вас паключуць на прыём да псыхіятра. Можаце ісьці! - нечакана рэзка выгукнуў маладзён і, ляснуўшы па стале пухнатым сшыткам, дадаў: - Галабурду прашу застацца!

«Божухна, што ім трэба? Я ж усё сказаў, усё зрабіў, як яны хацелі!» – ён зацкавана глядзіць увасьлед Алесю, і той, перш чым выйсьці з пакою, ледзь прыкметнаківае: «Трымайся!»

- Алег Іванавіч... наш камсамольскі актыў, - кажа Базевіч, прычыняючы дзьверы. – Я табе пра яго казаў.

Маладзён па-кашэчы мякка абыходзіць стол, паціскае пальцы:

- Дзякуй вам, Алег іванавіч, вы нам вельмі дапамаглі. Сядайце, сядайце. – белая, бязь ценю загару кука кладзецца на плячук. – Ёсьць у нас, Алег Іванавіч яшчэ адно, бадай што, апошняе пытаньне, - маладзён нясьпешнаю хадою ідзе да сэйфу. – Вам ніколі не даводзілася бачыць даляры? - Дзьверцы сэйфу расчыняюцца, і маладзён, панурыўшы руку ў жалезныя лёхі, выцягвае адтуль пачатую пляшку каньяку.

«Даляры? Якія даляры?» – ён выцірае рукавом халодны пот з ілба, рашуча трасе галавою.

- А Сарокін вам іх ніколі не паказваў? - буйная кропля паволі паўзе між лапатак.

- Не, ніколі.

- Вы падумайце, пастарайцеся ўспомніць. Зялёныя такія паперкі.

«Божухна, калі гэта ўсё скончыцца?.. Я ж усё сказаў, усё напісаў... Што ім яшчэ трэба?» Яму моташна, ільсьняная сьценка мітусіцца ўваччу, і ён, ужо амаль непрытомны, суцішна выдыхае:

- Штосьці было...

«Штосьці было» – гэта так цьмяна, так неакрэсьлена.

«Штосьці было» - рыпяць габінэтныя дзьверы за сьпінай. Ён бяжыць па цёмным калідоры, ратуючыся ад гэтага страшнага рыпу, чапляецца за дывановы ходнік, стукаецца аб вушак, а вырваўшыся на залітую сонцам вулку і захлынуўшыся халаднаватым, па-вясноваму п’янкім паветрам, выдыхае:

- Нічога... нічога не было!

Паволі, нібыта кандэлябра ў тэатры, цьмянее сонца. Хвіліну яно яшчэ сьвеціць, яшчэ кранаецца твару сваім халодным, нежывым сьвятлом, а потым гасьне зусім, і недзе над самай галавою нараджаюцца шпаркія крокі. Крокі цішэюць, глухнуць, зьліваюцца з сухім шапаценьнем пяску. Пад бокам, абуджаная сьвятлом ліхтара, мэкае авечка. Ён хапае авечку за шыю, прыўзьнімае голаў.

- людзі, я тут! - нема крычыць ён у ноч і не пазнае свайго голасу. Дзесьці ў стэпе на высокіх абаротах завывае рухавік.

«Зьбеглі, падумалі, што нежывы... сволачы, - ён плача6 але сьлёз няма, адно агнём гараць зацярушаныяпяском вочы. – Я загіну, я памру тут, сярод ночы, у гэтай сьмярдзючай яме. Ужо заўтра мяне занясе пяском...»

- Не! Не! - крычыць ён, ліхаманкава шнарачы навокал7 Рукі натыкаюцца на забітую вужаку, на цёплую пысу авечкі, намацваюць кавалак збуцьвелай фанэры, якой была прыкрыта яма. Схапіўшы фанэрыну, ён адчайна дзяўбе сухую гліну. «Выдзеўбсьці прыступку, падцягнуцца на здаровай назе, выбрацца з гэтай жахлівай пасткі... Паўзьці, перакочвацца, грызьці зямлю, але выбрацца».

Кроў грукоча ў скронях, густым цурком зьбягае па твары. Сьвет перакульваецца, і камісар, каб не паляцець у бяздоньнен начнога неба, ушчаперваецца пальцамі ў халодны пясок сваёй магілы.

Да адпрыўленьня цягніка заставаліся лічаныя хвіліны. Алеся на прызначаным месцы не было, і ён, азірнуўшыся на бакі, голасна крыкнуў, сілячыся перакрычаць бязладную вакзальную гамэрню.

- Тут я6 тут, - азваўся сябра з-за сьпіны.

Поціск Алесевай рукі запаў у душу нейкай няўцямнай згадкаю: штосьці ў жыцьці было зьвязанае з гэтым поціскам.

- Знайшлі месца, дзе стаяць! - перагарна выдыхнулі адразу некалькі глотак, і яны адышлі на самы край пэрону.

- Значыць, у Сургут?

У Сургут, да дзядзькі. Днямі ад яго ліст дастаў. Піша, што ўладкуе да сябе, мулярам па трэцім разрадзе.

- А можа, усё ж такі застанесься, пяройдзеш на вечаровы?

- Дарогу, дарогу, грамадзяне! - памаранчавы электракар з шыхтом грукатлівых вазкоў паволі выбіраецца зь людзкога натоўпу.

- Справа вырашаная. Ды і дзядзька чакае, - Алесь ускінуў на рамёны пляцак, але, згадаўшы аб нечым, скінуў пляцак долу і таропка расшпіліў лямкі – Вось, вазьмі на памяць. Ахвяруеш калі-небудзь музэю.

Сшэрхлая вокладка «Граматыкі» непрыемна казытнула пальцы.

- Ну, давай! - сябар абняў яго, страсянуў на адвітаньне за плечы, і ён дакрануўся вуснамі да цёплай Алесевай шыі.

- Сталі тут як азяроды, прайсьці няможна! - гукнула цётка ў чырвоным, зьбітым набакір парыку, якая прабівала сабе дарогу аграмадным дывановым скруткам.

- Алесь, пачакай! - ён адчуў раптам, як шмат яму трэба сказаць сябру гэтай апошняй, расстайнай хвілінай. – Разумееш, мне здаецца, што мы памыляліся, - вочы ягоныя, нібыта шукаючы штосьці, блукалі па запляваным асфальце, - гэтая нашая ілюзорная радзіма, мова, якая нікому не патрэбная, гэтая твая ахвяра. Дзеля чаго яна? Ісьці да ісьціны трэба з народам...

- Убіцца ў натоўп і бадзёра шыбаваць да камунізму?

- З дарогі, з дарогі, мальцы!

- Ісьціна таму і ісьціна, што нараджаецца не з канфармізму, а зь вялікіх і малых ахвяраў, з чалавечых пакутаў, з памылак, наржэшце...

- Чаго вы тут пасталі, паразыты? - дзядзькі ў цыратавых хвартухах, што цягнулі да вагона-рэстарана скрыні з гарэлкаю, адсунулі Алеся ў самыя нетры натоўпу.

- Пачуеш што пра Гека – напішы! - гукнуў Алесь, і рука ягоная на кароткае імгненьне ўзьляцела над людзкімі галовамі.

- Алесь! Жыцьцё адно! - адбіліся ад вакзальных сьцен словы апраўданьня, і раптоўная згадка зыркім сьвятлом асьвяціла памяць: гэта Алесь дапамог яму ўзьлезьці на машыну, першы падаў руку – тры гады таму, у той мітусьлівы, не па-восеньску скварны дзень.

Дома, не распранаючыся, ён падзер «Граматыку» на дробныя шматкі і ўкінуў у бляшанку зь нежакуркамі. Папера спорна загарэлася, жоўтая яснасьць асьвятліла твар, і ён, адчуўшы за сьпінаю нечую постаць, спалохана азірнуўся. На аблезлай, паплямленай рэшткамі старых выцінанак інтэрнатаўскай сьцяне чорнай зданьню паўставаў ягоны ўласны цень.

Раніцай, калі аціхае вецер, паветраў стэпе бывае на дзіва празрыстым. І калі доўга ўглядацца ў незамглёнае пылам неба, дык там, у лазурковым прадоньні, можна ўгледзець нябачную ўдзень рухавую кропку. Гэта каршун, гаспадар тутуэйшых мясьцін, лунае над стэпам, аглядаючы з вышыні сваё гаспадарства.

«Зусім як у кнігах», - падумаў камісар, углядаючыся ў валошкавы блакіт маладога неба. Над героямі кніг, якія ён некалі прачытаў, таксама кружлялі драпежнікі. Героі паміралі ў пустэльнях, і побач зь імі, на распаленым пяску, сядзелі ўсходнія прыгажуні. Героі ўлашчвалі прыгажуняў рамантычнымі аповедамі, і, вядома, ніхто зь іх не валяўся на дне ямы, перапэцканы ва ўласныя ваніты.

- Лухта! Усё лухта! - прашаптаў камісар, і на нерухомых вуснах ягоных застыла гаркавая ўсьмешка. Дзіўна, але ён зусім не адчуваў болю, і толькі галава зьлёгку кружылася ці то ад слабасьці, ці то ад саладжавага паху палыну, якім было прасякнутае паветра. На душы было спакойна і суцішна, і нават думка аб сьмерці, ад якой яшчэ ўчора стаўбурыліся валасы на галаве, сёньня ня здолела сьцерці з вуснаў гіранічнай усьмешкі. «Ды і што такое сьмерць? - думаў ён, пазіраючы на рухавую кропку ў небе. – Так, бясконцы сон бязь сьненьняў. Прынамсі, нічога ня будзе нагадваць аб мінулым жыцьці, па якім ён прабег зацкаваным хлусам». Камісар прыціснуўся шчакой да авечай воўны, і таварышка па няшчасьці наструніла вушы. «Адкуль яна, гэтая зацкаванасьць? Можа, гэта генэтычны спадак? Продкі ж, палескія сяляне, спрадвеку гнуліся да зямлі, баючыся выпрастаць хрыбціны...»

«Філязофія хлусаў, - згадаліся яму словы Гектара, - валіць усё на паноў ды інтэрвэнтаў замест таго, каб зазірнуць ва ўласныя душы. Толькі што ў той душы ўбачыш? Адонкі страху на цёмным дне?»

ЁН сабраў рэшткі сілаў, прыўзьняў голаў, змучана выдыхнуў:

- Даруй мне, Брожа! Даруй маёй пустой душы! Калі ты толькі ёсьць – пачуй мяне! - і здалося камісару, што недзе там, далёка, дзесьці на другім канцы бязьмежнай пустэльні, нехта голасна пракрычаў ягонае імя.

Тае раніцы над Чорным стэпам лунаў стары каршун. Наставіўшы крылы пад пругкі ветрык, увесь час завальваючыся на левае крыло, каршун пільным вокам сачыў за чалавекам у яме. Чалавек ад самае ночы ляжаў незварушна: рукі і ногі ягоныя былі замеценыя пяском, і побач зь ім, апусьціўшы долу лабатую галаву, ляжала схуднелая авечка. «Доўга не працягне», - падумаў каршун пра чалавека і, даўшы кругаля над ямай, зірнуў на ўсход. Пунсовы дыск сонца паволі ўздымаўся над стэпам, і ўсьлед сонцу падымалася да неба празрыста-ружовая аблачына пылу. «Відаць, авечак гоняць, - мільганула ў птушынай галаве, - але чаму так рана і чаму ад усходу?» Склаўшы вострыя крылы, драпежнік сьлізгануў з вышыні ў напрамку да сонца.

Людзі, якія ішлі па стэпе, паводзілі сябе даволі дзіўна. Расьцягнуўшыся ланцугом, яны зазіралі за кожны кусьцік, за кожную выдму і раз-пораз хорам выгуквалі нечае імя. Наперадзе, на сваім даўгалыгім кані, ехаў нарыхтоўшчык Урубджур. Каршун добра ведаў гэтага чалавека – Урубджур ня першы год ганяў па стэпе чароды. Праляцеўшы над людзкімі галовамі, гаспадар стэпу часта замахаў крыламі і сьпехам падаўся прочкі: у людзей магла быць стрэльба, і яны, як вядома, ад ранку заўсёды не ў гуморы.

Галасы гучаць глуха, не раўнуючы як з таго сьвету. Вусны ягоныя размыкаюцца ў высілку сказаць адно кароткае слова «піць», і ў гэтае ж імгненьне гаючая вільгаць поўніць асьмяглы рот. Вада ліецца праз нос, ён захлынаецца, кашляе. Піць! Піць бясконца, да самазабыцьця, аж пакуль кожная клетка не напоўніцца жывою вадою.

- Піць!

- Нельга так многа, дарагой!

- Еруслан, гэта ты?

- Я, Я, дарагой.

- Авечку, авечку цягніце, шайтаны!

Пякучы боль працінае калена, ён стогне, скрыгоча зубамі, да крыві пракусвае вусны:

- Урубджур, пуста...

- Што, дарагой, ты кажаш?

- У душы, кажу, пуста... нічога няма!

- Брэдыт, - зазначае Еруслан, - зрушэньне мазгоў. Відаць, авечка капытом зачапіла, як падала.

- Гэта Палкоўнік! Яго работа! - грыміць разьятраны голас Урубджура, потым усё аціхае, галасы аддаляюцца, і ён сплывае ад іх ена людзкіх руках, закалыханы замарачнымі хвалямі забыцьця.

Яго абудзіла нейкае няўцямнае шапаценьне. Добрую хвіліну ён глядзхеў на белую, пакрытую шарымі пісягамі, столь, на матавы пляфон над галавою і ніяк ня мог даўмецца: дзе ён і што зь ім? Неўзабаве шапаценьне паўтарылася, і ён павярнуў голаў. Дзяўчына ў белым халаце сядзела ля ложку і, прытрымліваючы рукою кудзеркі, гартала часопіс.

- Што вы чытаеце, дзяўчына? - ціха запытаўся ён, і дзяўчына спалохана прыўзьняла веі.

- Ляжыце, хворы, я зараз доктара паклічу...

- Пасядзіце са мной, прашу вас!

Дзяўчына прысела на край услону, перагарнула старонкі.

- Гэта «Тээгін гэрэл», наш калмыцкі часопіс. «Сьвятло ў стэпе», значыць.

- «Сьвятло ў стэпе»... Якая прыгожая назва! - ён правёў рукой па забінтаваным лобе, прыкрыў пальцамі вочы. – Сьвятло ў стэпе – гэта як сьвятло ў душы. Безь сьвятла нельга. Безь сьвятла і душа і стэп чорныя.

Разьняўшы пальцы, ён зірнуў на дзяўчыну, і маладая калмычка, зьдзівіўшыся, відаць, такім словам, разгублена кіўнула ў адказ.

Улан-Хол - Астрахань


Загрузка...