Максiмка

Добры дзень, дарагія мае! Кланяюся ўсім тым, хто чытае гэты сшытак. Завуць мяне Максімка Багушэвіч. Ад нараджэння мне адзінаццаць гадкоў, а нарадзіўся я ў 1907 годзе, каля Гродна. Тата кажа, што я цямлівы не па гадах і што мне трэба шмат чытаць і вучыцца прыгожа пісаць. Часам ён жартуе, што я, можа быць, стану пісьменнікам. Мне насамрэч вельмі падабаецца пісаць і ад таго я вырашыў весці дзённік. Для гэтай справы тата даў мне свой сшытак. Ён вельмі добры і вялікi. Я мяркую, калі-небудзь сшытак гэты хто-небудзь прачытае і таму напісаў, што кланяюся таму, хто яго чытае.


13 сьнежня, год 1918

Мой тата ўжо месяц таму прапаў. Пайшоў у лес па дровы, і не вярнуўся дадому. Іншых родных у мяне няма, таму і адправілі мяне ў прытулак. Прытулак гэты займае манастыр святых Барыса і Глеба. Стаіць ён на гары над самым Нёманам, які я вельмі люблю. Раней мы лавілі ў Нёмане рыбу з маім старэйшым братам Лёвушкай. Лёвушка казаў, што Нёман — наш бацька, а потым смешна махаў рукамі і паўтараў вельмі грозным голасам: «Бацька!» Рыбы, бывала, выцягвалі шмат. Аднойчы злавілі нават велізарнага шчупака. Казаў Лёвушка, што гэты шчупак паўпуда вагой. Я дык браць яго баяўся. Вельмі ўжо ў яго была страшэнная морда. А Лёвушка смяяўся з мяне. Лёвушка мой загінуў на вайне з немцамі. Цяпер у мяне толькі тата.


20 снежня, год 1918

У прытулку ўбачыў я сцяг. Белы, а пасярэдзіне чырвоная паласа. Вісіць ён на самой браме. Ніколі такога не бачыў, але мне ён чымсьці спадабаўся. У нас ёсць школа, а ў ёй выкладае вельмі добрая настаўніца, якую я клічу цёткай. Цётка Тэкля Станішэўская, якая вучыць нас у школе, кажа, што гэта сцяг нашага народа. Я вельмі люблю цётку Тэклю і баюся яе. Адзін хлопчык сказаў мне, што яна першая настаўніца, якая вучыць на нашай простай мове. Не ведаю адкуль ён гэта ўзяў. Можа быць, хто-небудзь са старэйшых распавёў яму гэта. Мой тата казаў, што я павінен вучыцца на нашай мове. А мне вось вельмі падабаецца руская мова, але я згодны з татам, што наша мова нам родная да самых касцей, таму што яна ад нашай зямлі і продкаў.


27 снежня, год 1918

Цётка Тэкля казала сёння ў школе, што ў горад прыехаў важны чалавек і ён будзе цяпер галоўным у краіне, у якой мы самі будзем свабодным народам і гаспадарамі на землях сваіх. Яго прозвішча Луцкевіч. Я хачу запомніць гэтае прозвішча. Цётка кажа, што ён наш вызваліцель і прарок. Я не вельмі разумею, што такое прарок. Цікава, што сказаў бы тата.


29 снежня, год 1918

Мы хадзілі ў горад з нашым выхавальнікам дзядзькам Пашам. Нейкі немец спыніў нас і смяяўся над намі. Ён казаў, што мы маленькі народец і мы павінны падпарадкоўвацца немцам, а з-за таго, што немцы прайгралі вайну нас цяпер будуць рабіць палякамі. Немец толькі трохі ведаў рускую мову і ў яго атрымліваліся вельмі смешныя словы. Ды, акрамя таго, ён яшчэ і не вымаўляе р. Дзядзька Паша сказаў нам, што мы не палякі і што ён бы палякаў вешаў, а немцаў усіх да аднаго расстраляў бы. Ён вельмі раззлаваўся, але хутка супакоіўся. У яго ёсць маленькая фляжка, з якой ён п'е самагонку і пасля таго як вып'е — адразу супакойваецца. Мне здаецца палякі нядрэнныя людзі, толькі вельмі ганарлівыя. Так казаў тата.


1 студзеня, год 1919

Спраўлялi ў прытулку Новы год. Я ўспомніў як мы святкавалі з татам і Лёвушкай. Тады тата сам прыгатаваў нам вялікі пірог і наліў самаробнага віна. Я вельмі сумую па таце.


2 студзеня, год 1919

У нас ёсць у прытулку хлопчык, якога завуць Адамас. Прозвішча яго Казлаўскас. Ён кажа, што хутка Гродна будзе часткай Літвы і ўсе мы станем літоўцамі. Мне ён сказаў, што ў яго сапраўднае літоўскае прозвішча і што маё прозвішча таксама стане літоўскiм, і я буду звацца Багушавiчус. Дзядзька Паша чуў нашую размову і адказаў, што гэта ў мяне сапраўднае літоўскае прозвішча, і што гэта Адамас павінен быць Казловічам, а не я Багушавiчусам. Я б не хацеў, каб мяне клікалі Максiмкас. А мы самі дражнім гэтага Казлаўскаса мянушкай Мадамас.


15 студзеня год 1919

Мы гулялі з дзядзькам Пашам па набярэжнай ля Старога замка. Там сустрэўся нам нейкі паляк. Яны з дзядзькам Пашам разгаварыліся. Паляк гэты стаў даказваць, што Гродна заўседы было польскім і хутка зямля гэтая зноў адыйдзе да Польшчы, якая ўжо збіраецца з сіламі, каб зямлю гэтую канчаткова забраць сабе. Дзядзька Паша слухаў яго і толькі грозна вырушыў брывамі, а паляк усё казаў нешта. Потым ён стаў размахваць рукамі і нават крычаць, што і Брэст — іх горад, і што Менск — польскі, і далёкі Віцебск павінен належаць Польшчы, а не маскалям. А наш дзядзька Паша толькі моўчкі высмаркаўся. Тады паляк стаў казаць, што ніякіх беларусаў няма і што хутка кожны жыхар Гродна павінен будзе прызнаць сябе палякам, а калі хто не захоча добраахвотна, таго прымусяць. Вось пасля гэтых слоў дзядзька Паша размахнуўся і ўдарыў паляка ў сківіцу, ад чаго той адразу ўпаў і доўга ляжаў без прытомнасцi. Мы прынеслі з Нёмана вады і вылілі яму на твар. Хутка пасля гэтага ён ачомаўся. Дзядзька Паша падняў яго пад пахі, даў яму сербануць сваёй самагонкі, сербануў сам, і злёгку штурхнуў паляка ў спіну, а той пайшоў па набярэжнай: злёгку хістаўся і казаў сабе пад нос: «Курва». Пакуль мы ішлі назад у прытулак дзядзька Паша крычаў, што вельмі не любіць палякаў і тады я спытаўся ў яго: да якога народу ён сам сябе залічвае? Дзядзька Паша не адказаў. Тады я спытаў: ці не лічыць ён сябе беларусам ці тутэйшым? Тады дзядзька Паша сказаў, што ён паляк. Я падумаў: як дзіўна, што дзядзька Паша б'е палякаў і не любіць палякаў, але сам паляк, а ён, як быццам прачытаўшы мае думкі, дадаў, што ён тутэйшы паляк, а гэта нешта зусім іншае і вельмі адрознае ад паляка.


7 лютага, год 1919

Мы хадзілі з дзядзькам Пашам на Сянны рынак. Там рабіў выступ нейкі жыд у фуражцы з чырвонай зоркай. Ён казаў, што месца беларусаў у адзінай сям'і народаў Расійскай Імперыі, і што цяпер, калі гэтая імперыя развалілася, сапраўдную ўладу атрымаў просты рабочы народ. Ён махаў рукамі і крычаў: «Мы славяне! Нас не знішчыць клас рабаўнікоў-паноў!» Людзей было шмат, але яны ўсе адыходзілі ад жыда далей і рабілі выгляд, што яго не заўважаюць.


19 лютага, год 1919

Сёння самы шчаслівы дзень майго жыцця! Вярнуўся мой тата! Аказваецца, калі ён быў у лесе, на яго напалі немцы марадзёры і сталі патрабаваць грошай, а калі ён сказаў, што ў яго нічога няма, яны яго збілі, парэзалі нажом і знялі з яго ўсю вопратку і абутак. Тата думаў, што памрэ і ўжо не ўбачыць мяне, але яго падабралі нейкія людзі з вёскі, якая была побач з лесам. Тата доўга хварэў, а яны яго выходжвалі і цяпер ён нават і не ведае, як ім аддзячыць. Цяпер я ўжо не ў прытулку. Тата забраў мяне ў маленькую кватэру, якую зняў на тыя грошы, што зарабіў да вайны. Аказваецца, закапаў ён іх у нейкім лесе.


1 траўня, год 1919

Мы з татам жывем цяжка, але з ім мне значна лепш, чым у прытулку. Я б хацеў трапіць на магілу Лёвушкi, але не ведаю, дзе яна. Цяпер у горадзе кіруюць палякі, а наша радзіма цяпер Польшча.


25 траўня, год 1919

Я бачыў незвычайны сон. Як быццам на месцы манастыра, у якім быў наш прытулак, пабудавалі дзіўны дом, з крывымі сценамі і статуяй каня над уваходам. Я быў ўнутры і бачыў, што гэта падобна на вельмі вялікі тэатр. Я адзін раз быў з татам у тэатры і мне спадабалася. Дык вось, у гэтым тэатры выступаў нейкі чалавек, а на сцэне вісеў вянок з чырвонай зоркай. Чалавек казаў, што галоўнае гэта братэрскі саюз… і тут я прачнуўся…


2 чэрвеня, год 1919

Папа паклікаў мяне і сказаў, што раз цяпер мы жывем у Польшчы, то павінны стаць палякамі. Ён быў вельмі маркотны, мне нават здалося, што ён можа заплакаць. Але ён не заплакаў, а стаў гаварыць са мной пра польскую школу. Я не хачу ў польскую школу, але раз тата кажа, што мне трэба ў яе ісці, значыць — я так і зраблю!


7 траўня, год 1926

Я знайшоў гэты свой стары дзённік. Шмат гадоў прайшло з таго часу, як я пісалэм до него. Тэраз я амаль увесь час гавару на польскай мове. Цо ешчэ я мог бы додаць сюды. Старая настаўніца мая — Станішэўская — даўно памерла. Я пасля польскай школы хачу паступіць да польскага універсітэта. Хачу вучыцца ў Варшаве. Жывём мы з татам нядрэнна. Польшча паволі ўпрыгожвае, на кшталт Еўропы, наш крэсовы гарадок. Я хачу пакласці гэты сшытак у бутельку і выкінуць у Нёман. Можа хто-небудзь калі-небудзь знойдзе гэтыя запісы. Якімі б не былі тады людзі, і ў якой краіне б ні жылі яны, я мам надзею, што яны будуць любіць свае родныя мясціны.

Загрузка...