+

Іхнія целы я вуснамі вывучала

забывалася на ўсіх астатніх што ў мяне былі

на тое што трэба дыхаць і есьці

што я не яны

і іншым пачуцьцям належу

І толькі калі імёны іх блытацца пачыналі

я адчыняла

краны з вадою

вокны наросхрыст

слоўнікі

файлы з докаўскім пашырэньнем

нават званіла ў амбасады

каб толькі пачуць што ўсё па-ранейшаму і ўсё на сваіх

месцах

У нашых стасунках не было разуменьня пра вочы

толькі слых толькі форма

дотык і постаць вага рытм і рухі

націскаў жорсткія пацалункі тонаў абдымкі

ды інтанацыі танцы на самотнай пляцоўцы

вакзалаў

з якіх яны ад’язджалі

на шчацэ маёй пакідаючы

памадныя петлі

доўга будзе за рот мой трымацца ўсьмешка

напэўна так адчувае сябе блазан калі гледачы разышліся

часам няпроста паверыць што вецер -

усяго толькі розніца ціскаў

часам словазлучэньне больш

чым проста зучэньне двух словаў


Загрузка...