І.


Ён пазваніў па тэлефоне 30 студзеня 1997 года а палове чацвёртай раніцы.


Зрэшты, не ведаю: калі на гадзінніку 03.30 — гэта ўжо ранак ці ўсё яшчэ ноч, аднак жа добра памятаю (у маім памінальніку ёсць адпаведны запіс!) — званок быў менавіта 30 студзеня 97-га года і якраз у 03.30...

Хтосьці паблажліва зазначыць:

— Пачатак амаль дэтэктыўны. Магчыма.

Для мяне ж — пачатак цалкам паэтычны. Дык вось, пазваніўшы, Ён спытаў:

— Што робіш?

— Перакладаю апалінэраўскага «Эмігранта...»

— Чытай.

I я прачытаў першыя строфы, якія былі ў мяне на тую хвіліну ў чыставым выглядзе:

Ён без капелюша — купецкага вянца

Зайшоў адзін да каралеўскага краўца

I гільяцінным позіркам імгненна

Галовы ссек шыкоўным манекенам

Натоўп не пакідаў свой вавілонскі шлях

Як прывід з прывідам на доле без кахання

I рукі да нябёс і да азёр світання

Парой узлётвалі як белых птушак страх

Я паплыву ў Амерыку на золку

I не вярнуся ўжо назад

Я срэбра зарабіў на вершаваных зёлках

Као вулкам любым прашумеў відушчы сад

Салдата з Індыі вяртае каралева

На біржах слінаю гандлююць залатой

Надзеўшы новы фрак засну і нада мной

Замоўкнуць птушкі з малпамі на дрэвах...

— На біржах слінаю гандлююць залатой... Гэта нішто сабе! — скупа ацаніў Ён маю начную творчасць і тут жа папрасіў, каб я прыйшоў — прыйшоў зараз жа, бо трэба пагаварыць, нават не тое што пагаварыць, а проста пабыць разам і памянуць Сакалова.

Я ведаў, што Уладзімір Сакалоў памёр учора, 29-га, але не ведаў, што з гэтым расійскім паэтам Ён быў блізка знаёмы і меў агульную багемную радасць.

Непераадольная спакуса расказаць пра чужую багемную радасць!

Аднак жа расказваць пра яе, — нават калі зусім далікатна апавядаць, — зноў жа ўсё адно што пляткарыць.

Шчыра прызнаюся, хадзіць у плеткарах не хочацца.

Тым болей, што не яна, гэтая рызыкоўная радасць, сталася тэмаю той ранішня-начной сустрэчы на Ягонай веранднай кухні...

I яшчэ.

Цікавая асаблівасць: Ён, калі ведаў, што йду да Яго, ніколі не чакаў мяне на вуліцы.

А тут — чакаў.

Мусіць, незвычайны час нашай сустрэчы (недзе каля чатырох раніцы) прымусіў гэта зрабіць — тобок, некалькі хвілін пастаяць на Падгорнай, насупраць свайго дома, каля італьянскае амбасады...

— Ці паміналі хоць раз расійскія паэты беларускіх... у такую пару сутак?!

На мой відавочны сарказм Ён усміхнуўся сваім характэрным, мяккім усмехам і (яму аднаму ўласцівым рухам), крыху схіліўшы долу, павярнуў убок галаву; пры гэтым купалаўскія рысы ягонага твару выявілі задаволеную замаркочанасць...

А пасля мы сядзелі моўчкі і пілі.

I адмаўчаўшы, і адпіўшы неабходнае — размаўлялі.

Гаварылі пра старасць і гаварылі пра нашых класікаў.

Найбольш пра тое, што Максім Багдановіч не дажыў да старасці, Янка Купала ўбачыў старасць, Якуб Колас зжыўся з ёю, а Кандрат Крапіва быў старасцю з'едзены...

Не змаўляючыся, прыйшлі да скутку, што самае артыстычнае, самае моцарціянскае — не дажыць...

Ён спытаў:

— Ты ўяўляеш сваю старасць?

Я адказаў:

— Яна будзе, як віно, у якое ўсыпалі соду...

— А мая старасць будзе не падобная старасць...

Я не паказаў свайго недаўмення, бо ўспрыняў сцвярджэнне: «старасць не падобная на старасць» — як фігуру стылістычнага паўтору і не больш таго.

У гэты ж міг на дно маёй памяці, каб захавацца, упала выпадковае чатырохрадкоўе:

...але ў канцы жыцця, як не складаеш вершы,

Тады й жывеш!

Апошні ўздых і ёсць твой верш найлепшы,

Найгеніяльны верш...

А далей мы гаварылі пра хараство, — пра тое, што кожны вобраз хараства, як вучылі вялікія, імгненны, і калі на кожны такі вобраз паглядзець з біблейскае вышыні, то такім парадкам, напэўна ж, магчыма атрымаць формулу мастацкай вечнасці і наблізіцца да разумення: хараство — ключ паэзіі.

Ён згаджаўся: паэзія ў літаратурным выяўленні пачынаецца з першага выпадковага слова, а проза — не; шчасце паэта не ў тым, каб шчасце было, а ў тым, каб яго было не больш за саму паэзію; не трэба шукаць адказ на пытанне — што такое паэзія? — бо ў часе такога несамавітага пошуку паэзія знікае.

I яшчэ Ён згаджаўся, што няма большай прафесійнай асалоды, чам асалода даведвацца пра існаванне невядомых паэтаў.

Аднак жа кпліва глядзеў на мяне, калі я заяўляў: цьмянасць — гэта й ёсць сапраўдны вынік шчасця...

А з адной маёй прыгожай мары, атуленай кухонным алкаголем, дык наогул пасмяяўся.

А мара была такая: жыць у краіне, у якой паэзіі адведзена роля залатога гадзінніка, назаўсёды згубленага ў густой траве цывілізацыі.

— Не, браце, жыць ты будзеш тут і да скону! — з відавочна колкім задавальненнем выразна вымавіў Ён.

Я не пакрыўдзіўся.

Наадварот, адчуў у сабе нязвыкла-шчаслівую меладыйнасць і, знаходзячыся ў палоне ўсё той жа адвольнай летуценнасці; усё адно як праспяваў:

— Ну, калі не там, тот тут, але нязменнае застанецца нязменным...

— Ты пра што гэта?!

— А пра тое, што найвышэйшая праява паэзіі ўсё ж не ў складанні вершаў, а ў стварэнні паэтычных паводзін.

— А-а... Ну-ну... I пра гэта, вядома ж, трэба дбаць штодня,— іранічна выдыхнуў Ён і са сваёй знакамітай стомленасцю ў голасе імправізацыйна дагаварыў за мяне:

— Бо калі мы дапускаем, што існуе культура, скажам, палітычных, эканамічных, урэшце — сексуальных паводзін, дык павінна ж існаваць і культура паэтычных паводзін, прынцып якой: бачыць у субяседніку паэта. Ці не так?! А калі так, калі гэта сапраўды твае думкі, то ты вынайшаў правіла творчага шчасця, вынікам якога насамрэч з'яўляецца — цьмянасць!

На слове «цьмянасць» Ён зрабіў прыкметны акцэнт.

Зразумелая рэч, што наўмысна.

Няхай.

Я засмяяўся:

— Ты амаль угадаў мае думкі, але крыху зблытаў, як кажуць у Давыд-Гарадку, ячнае з пшанічным!

На гэту заўвагу Ён адказаў першым радком з майго перакладу (запомніў жа!):

— Ён без капелюша — купецкага вянца...

— ...Зайшоў адзін да каралеўскага краўца, — падхапіў я і скорагаворкай прачытаў усе чатыры перакладзеныя страфы.

Дзякуй Богу, Ён не стаў гаварыць пра беларускае паходжанне Апалінэра, — тэму для мяне прыкра-банальную, — а даў нечаканую трактоўку гэтым строфам:

— Яны не біяграфічныя, а паэтаграфічныя. Біяграфія — нешта роднае, дзіцячае, а паэтаграфія якраз і ёсць тая залатая сліна, якою гандлююць на біржах!

— Біяграфія — прадмесце паэтаграфіі, — я зірнуў на гадзіннік: было ўжо дзевяць раніцы.

— Біяграфія — прадмесце паэтаграфіі! — задаволена паўтарыў Ён.— Мажліва. I толькі таму, што гэта мажліва, і толькі таму, што ты паглядзеў на гадзіннік, я хацеў бы, шчыра кажу, пажыць у прадмесці тваёй паэтаграфіі, як і прачытаць твае вершы пра мяне...

Я не здзівіўся, пачуўшы гэта.

Я заўсёды быў гатовы пісаць для Яго і пра Яго з той простай прычыны, што сам Ён не толькі стваральнік паэзіі, а яшчэ і прадмет паэзіі.

Ён — тэма...

Мінула тры гады.

У паветры беларускага жыцця паболела металу.

Непаэты канчаткова заявілі пра сябе як пра паэтаў, а паэтам засталося адно — жывіць сябе наркотыкам шляхетнасці.

Я склаў для яго вершы і прыдумаў уласны жыццяпіс — «прадмесце паэтаграфіі».

«Эмігрант...» Апалінэра так і застаўся недаперакладзены.

(«Крыніца», 58, 1-2000)

Загрузка...