Працэдура праверкі пасажыраў была крайне марудная. А калі ўзяць пад увагу, што грамадзян набілася ў аўтобусе бітком, то няцяжка ўявіць глыбіню іх законнага абурэння. Не дзіва, што праз хвілін дзесяць каля “Ікаруса” сабралася ладная колькасць разявак, хаця міліцыянты махалі на іх дручкамі і адганялі. Прайшло яшчэ хвілін пяць, і, відаць, цярпенне без віны зняволеных у аўтобусе скончылася. Нехта адчайны нечалавечымі намаганнямі расшчапіў знутры створкі задніх дзвярэй і выслізнуў вонкі. Дзверы тут жа пад напорам пнеўматыкі памкнуліся ў зыходнае становішча. Магчыма, прышчаміўшы па дарозе рукі таго, хто прагнуў вызваліцца з гэтае душагубкі ўслед за адчайным. Па шчырасці, Сурмач з пяцідзесяціметровай адлегласці гэтага разгледзець не мог. Затое выразна адсачыў ён наступнае. Як толькі рызыкант – а гэта быў малады і высокі хлопец – вылузаўся з дзвярэй, ад носа аўтобуса аддзяліліся два бравыя міліцыянты і рынуліся ў ягоны бок. Адзін свістаў, другі роў дзікім голасам. Даўганогі хлопец з перапуду ажно падскочыў на месцы, адштурхнуўся ад маці-зямелькі і пусціўся наўцёкі... у бок той падваротні, дзе нядаўна скрыўся Васіль.

Але на шчасце Сурмача і на вялікую бяду адчайнага ўцекача, той спатыкнуўся метраў за дзесяць ад падваротні і пакаціўся па асфальце. Праз лічаныя секунды па яго спіне, руках і нагах, не даючы падняцца, замалацілі міліцэйскія дручкі, кулакі, боты. Затым ні ў чым не вінаватага хлопца поцягам павалаклі да “жыгулёнка” з мігалкамі, і Сурмачу заставалася адно спадзявацца, што ёсць справядлівасць на свеце.

…Бяздумнае бадзянне па горадзе, тузаніна з нізкарослым забіякам, а таксама ўцёкі ад прадстаўнікоў органаў правапарадку няўзнак завялі Васіля ў той куток горада, адкуль дабірацца дадому было надзвычай пакручаста і доўга. Затое да кватэры бестурботнага прыяцеля – Змітра Куліка – рукой падаць: якіх-небудзь тры аўтобусныя прыпынкі. А Сурмач, як помніцца, меў да Змітра немалаважную справу – забраць нарэшце свае дарагія штаны. Гэтага ён не мог ажыццявіць ужо трэці тыдзень.

– Змітрок? – усцешыўся Васіль, калі пасля дзесяці гудкоў запар прыяцель падняў трубку на тым канцы лініі.

– Ён самы, – мовіў узбуджаны чымсьці голас Куліка. – А з кім маю… А! Гэта ты, абармот?! Дзе ж ты прападаеш па месяцы?

– Нішто сабе! Я ж да цябе амаль штодня тэлефаную, – здзівіўся Васіль. – Два разы толькі бацька твой трубку браў, а так – і наогул як бы нікога дома.

– Ну… – сумеўся Зміцер, – тут, у прынцыпе, напружаныя былі дні… Але ж начаваў дома – гэта факт. Я цяперака харошы сынок, з продкам – мір ды любасць.

– Вось я і чуў, што ў яго пры адным упамінанні пра цябе настрой псуецца, – уставіў шпільку Сурмач. – Ажно па тэлефоне відаць, як яго твар кіслее.

– Глупствы гародзіш, – пакрыўдзіўся Кулік.

– Ладна. – Васіль памяняў панібрацкі тон гаворкі на сур’ёзны. – Ты мне вось што скажы: ці будзеш дома ў бліжэйшыя паўгадзіны? Я тут зараз непадалёку. Па штаны свае заехаць хачу.

– Згода. Буду як штык, – бадзёра азваўся прыяцель.

– Дакладна? – з падазрэннем спытаўся Сурмач.

– А як жа іначай?

– Ну, тады хвілін праз пятнаццаць чакай. – Васіль павесіў трубку і выйшаў са старамоднай – яшчэ ад брэжнеўскіх часоў – тэлефоннай будкі.

…Упартым маўчаннем адказвала яму праз дваццаць мінут адметна вядомая кватэра Змітра Куліка. Сурмач спярша званіў, затым стукаў, грукаў і бухаў нагамі ў абабітыя рудым дэрмацінам дзверы. “Скаціна! – вылаяўся ён у неспатольным шале. – А зрэшты, гэта ў ягоным стылі”.

Васіль з прыкрасці прысеў на жалезную абутковую скрыню. Дзверы прыяцелевай кватэры разам з суседнімі дзвярамі выходзілі ў агульны “прылазнік”, які, праўда, не замыкаўся ніколі. Настрой быў такі, што хацелася напіцца да свінячага віскату. Балазе ў дыпламаце ляжала бутэлька партвейну “777”, якую хлопец прыкупіў па дарозе – думаў зняць стрэс на пару са старым сябрам.

Васіль выглянуў на лесвічную пляцоўку – ці не ідзе хто-небудзь, дастаў пляшку, паварочаў яе ў руках пад лямпачкай… і пачасаў патыліцу: садраць шчыльна запрасаваны пластмасавы корак будзе далёка не лёгкай справай. А, як неўзабаве выяснілася, без нажа, карыстаючыся адно зубамі ды рагамі абутковай скрыні, і наогул немагчыма. Ва ўсякім разе – для Сурмача. Апанаваны інжынерным імпэтам, ён адкінуў верхняе вечка скрыні і некаторы час з дапамогай запалак разглядаў ейнае змесціва. Але, акрамя шматкоў анучак, дарэшты скарыстаных мурзатых цюбікаў і каробачак для крэму, ён нічога там не ўбачыў. Толькі выпацкаў рукі, калі перабіраў гэтае барахло.

“Ідыятызм! – злаваўся Васіль, апускаючы вечка на месца. – Нават абутковай лыжачкі не пакінулі”. Ён ізноў усеўся на скрыню, дастаў кватэрныя ключы і ўсчаў пілаваць самым рабрыстым з іх непадатлівы корак. Аднак справа не спорылася: мяккая пластмаса адно ўміналася і не давала пілавіння, а значыць, і плён намаганняў меўся быць нулявы. Да таго ж і ключоў было шкада. Сурмач яшчэ трохі пакруціў у руках заваблівую бутэльку з трыма загагулістымі сямёркамі і засунуў яе чамусьці не ў дыпламат, а ў глыб абутковай скрыні. Прыкрыў шматкамі рыззя.

…Знадворку (зрэшты, як і ў пад’ездзе) было цёмна – хоць у хованкі гуляй – і даволі малалюдна. Толькі пад горкай, ля універсама, варушыліся купкі выпівохаў, сноўдалі паасобныя грамадзяне. Васіль распячатаў нядаўна куплены пачак “Гродна”, прыкурыў, з асалодай зацягнуўся і ўскінуў вочы на вокны Куліковай кватэры. Яны зеўралі цемрай. “Ну хіба не бесталач ён?” – спытаўся сам у сябе Сурмач. Дальбог, за апошні час ён проста стаміўся ад прыяцелевых выхадак і не мог ужо па-сапраўднаму на яго сердаваць. На дурняў жа не крыўдуюць.

Наперадзе, крыху злева ад Васіля, раздалося нейкае шамаценне, уздыхі і тонкі смяшок. Там, у закутку паміж домам і прыёмнікам смеццеправода, цешыліся двое закаханых – па ўсім відаць, падлеткі. Хлапечая постаць актыўна пячатала дзявочую да шэрых муроў, а тая ў знак удзячнасці ліхаманкава гладзіла партнёра худымі рукамі па плячах і спіне.

Гэтыя белыя далікатныя кісці на цёмнай скураной куртцы хлапца адразу ж нагадалі Васілю пра зграбненькую маленькую Таццяну. І не без прыемнасці. За два тыдні, што прамінулі з іхняй кароткай сустрэчы, Сурмач сур’ёзна не ўспамінаў пра яе. Праўдзівей будзе сказаць – не думаў канкрэтна як пра аб’ект сваіх мужчынскіх заляцанняў. Прычын таму некалькі. І галоўная з іх – балючы ўспамін аб спатканні пад аркай з двума мясцовымі “бультэр’ерамі”. Але ўсё ж нешта лагоднае і цёплае, незважаючы ні на што, пасялілася ў Сурмачавай душы ад таго часу і, пэўна, свайго часу чакала…

Карацей, праз пяць хвілін Васіль ужо набіраў нумар Таццянінага тэлефона па цыдулцы, якую адшукаў у левай кішэні штаноў. У яго была добрая звычка падоўгу захоўваць там усялякую старызну.

– Ало, – пачуў хлопец хрыплы мужчынскі голас пасля трэцяга гудка.

– Добры вам вечар!

Трубка прамаўчала.

– Мне б Таццяну пазваць… – нясмела прамовіў Сурмач.

– А ты што за тыпаж? – фамільярна запытаўся хрыпаты суразмоўца.

Гэткай непачцівасці Васіль не чакаў і таму трохі разгубіўся.

– Разумееце… прыяцель я ейны… Васем мяне завуць.

– “Васем”! – перадражніў хрыпаты голас. – Такога квеце – па ўсім свеце! Ты прозвішча мне далажы...

Сурмач знайшоў гэта занадта грубым. Але ж зноўку ўтаймаваў свой нораў.

– Ды вы, паважаны, проста яе да трубачкі паклічце. Яна сама разбярэцца…

– А ты мне, што рабіць, не ўказвай! У мяне з вамі, шустрыкамі, гаворка кароткая. Прыйшоў нязваны і йдзі нягнаны!

Васіль ужо быў гатовы капітуляваць, але на тым канцы лініі неспадзявана завязалася нейкая спрэчка, барацьба, і праз колькі секунд мяккі дзявочы голас авалодаў трубкай:

– Ало, слухаю!.. Прабачце…

Затым Сурмач улавіў прыглушанае:

– Тата! Ды колькі ж можна дурэць! Ідзі вунь навіны глядзі…

– Таня, гэта Васіль… Сурмач, – Васіль скарыстаўся невялікай паўзай і ўплёўся ў слоўную перапалку дачкі з наравістым бацькам.

– А, Вася! – як старому знаёмаму, адказала Таццяна. – Ты не крыўдуй, я ж цябе пра майго татачку папярэджвала. Гэта ягоны канёк – грубіяніць па тэлефоне.

– Нічога… – прамармытаў Сурмач. – Слухай, чаго званю… Я тутака да Куліка пад’ехаў па справе, а яго і след прастыў… Хаця дамовіліся. Можа, ты пра яго які досвед маеш?

– Не, я пра яго дзён дзесяць нічога не чула… Магу, праўда, Наташцы патэлефанаваць.

– Ага, патэлефануй, калі ласка, – папрасіў Васіль.

– Добра. А ты мне перазвані. Хаця… чакай, адкуль ты звоніш?

– З-пад твайго пад’езда. Я, папраўдзе, сустрэцца з табой хацеў… Ды заадно Змітрака падпільнаваць… А тое як з’еду ў свой міні-горад, то яшчэ месяц сюды не выберуся.

– Ну дык падымайся да мяне, – нязмушана прапанавала Таццяна. – А я пакуль да сяброўкі дазвоньвацца буду.

– А ці ёмка гэта? – засумняваўся Сурмач. – Каб продак твой не… таго…

– Перастань! – засмяялася дзяўчына. – Гэта ён для постраху толькі… Заходзь – шэсцьдзесят дзевятая кватэра, пяты паверх.

– Ладна. – Васіль выйшаў з-пад навеса тэлефоннай будкі і пакіраваў у бок пад’езда.

…Пяты паверх. Тут правы ад ліфта агульны двухкватэрны калідорчык замыкаўся на ключ, а кнопкі званкоў былі выведзены на лесвічную пляцоўку. Сурмач тыкнуў пальцам у кнопку пад шыльдачкай “69”. Хутка ў глыбіні “прылазніка” шчоўкнуў замок, рыпнулі дзверы, пачуўся мілагучны дзявочы вокрык: “Гэта да мяне! Ідзі глядзі тэлевізар!” Нарэшце Таццяна, у доўгім квяцістым халаце і тапачках, паўстала перад Васілём.

– Прывітанне! – сказала яна, кіўком страсянуўшы з ілба кудлатыя цёмныя пасмы. – Праходзь, толькі асцярожненька… Тутака стары мой дошак наставіў.

– Разбяромся. – Хлопец аптымістычна ступіў у паўцемрадзь калідорчыка.

Там сапраўды чорт мог нагу зламаць: нейкія жэрдкі, дошкі, шчыты, скруткі шпалераў, некалькі скрынь – адна на адной, лыжы, вертыкальна прыхілены да сцяны ровар. Пад нагамі валяліся цвікі, балты, гайкі.

– Суседзі яго ўзненавідзелі за гэта. – Таццяна кіўнула на дзверы з надпісам “70”. – Гэта яшчэ што! Ты б на балкон наш паглядзеў!

– Будуецеся? – спытаўся Сурмач, калі ўжо перасек парог кватэры.

– Якое там! Гэтак бацька грошы матэрыялізуе… Але гэта балючая тэма – не будзем працягваць. – Гаспадыня дапамагла госцю павесіць куртку. – Бяры вось тыя тапкі… Не-не! Жоўтыя. Ага.

Яны зайшлі ў маленькі пакой тыповай, акурат як у Змітрака, двухпакаёўкі. Памяшканне асвятлялася толькі слабасільным таршэрам. За сцяной, у зале, верашчаў тэлевізар.

20

– Занята пакуль у Наташкі. – Таня ўказала Васілю на тахту, што стаяла ля ўвахода. – Ты прысаджвайся, а я зараз яшчэ разок набяру.

Яна ўзялася за тэлефон.

– Я лепш у тое крэсла сяду. – Сурмач падыбаў да процілеглай сцяны.

Там, у куце ля акна, акрамя крэсла, туліўся маленькі трэльяж, на адмысловай тумбачцы стаяла магнітола і касетніцы, на авальным прыземістым століку былі раскіданы газеты і часопісы ў стракатых вокладках.

– Наташа? – Таццяна нарэшце дазванілася да сяброўкі. –- Кулік не ў цябе? Дакладна? Чаго я пытаюся?.. А тут Васіль Сурмач, ты яго памятаеш, з ім сустрэцца дамовіўся, пад’ехаў, а дома нікога няма. А? Ну, ладна… Раптам ён табе патэлефануе, то адразу ж мне давядзі. Згода? Ага, я дома буду.

– Што – не чуваць? – азваўся Сурмач са свайго кута, калі дзяўчына паклала трубку.

– Не, сёння яна з ім не звязвалася.

– Ну й трасца з ім! – махнуў рукой Васіль. – Хаця пачакай, Тань. Слухай, для ачысткі сумлення… набяры ты тэлефон гэтага шалапута, зрабі ласку.

Кватэра Змітрака не адказала.

– Ты, можа, есці хочаш? – Таццяна прысела на бліжэйшы да Васіля край тахты.

– Не-не, – рэзка адмоўна закруціў галавой яе госць, хаця насамрэч паміраў з голаду. – Калі можна, вады папіць… простай вады.

– Я табе зараз кавы звару. – Таня ўстала і накіравалася да выхаду.

– Ды не, Тань… Навошта залішні клопат…

– Я хутка. – Гаспадыня выйшла з пакоя і зачыніла дзверы.

Але літаральна праз хвіліну дзверы расчыніліся зноў, і ў пакой зайшла вельмі цікавая постаць. А іменна галава гэтае сям’і – Танін бацька. Быў ён сярэдняга росту, гадоў пяцідзесяці пяці, сівы і з лысінай мысляра – на лбе. Апрануты: зашмуляная жоўтая майка, мятыя дамашнія шаравары, тэпці на босую нагу. Пры ўсім сваім несамавітым выглядзе, дзядзька меў ваяўнічую паставу і, відаць, поўніўся нязводным пачуццём уласнай годнасці. Паводзіў ён сябе досыць незвычайна: уваліўшыся ў пакой, знерухомеў ля вушака, скрыжаваў рукі на грудзях, задраў падбароддзе і з насмешліва-паблажлівым выглядам утаропіўся на Сурмача.

Абсалютна моўчкі ён прастаяў так з хвіліну, і Васілю стала дужа няёмка. Хлопец прыпадняўся з крэсла і, недарэчна хітнуўшы галавой, павітаўся:

– Добры дзень!

На гэта дзядзька не зрэагаваў, а працягваў разглядаць госця сваёй дачкі з нездаровай пільнасцю.

Сурмач не ведаў, што рабіць, і таму сеў. Але ж сядзець і маўчаць пад праніклівым позіркам дзядзькі было пагана, і ён прамямліў:

– Я да Таццяны… Яна на кухню пайшла… Зараз вернецца…

Памаўчаўшы яшчэ хвіліну, дзівачлівы гаспадар нечакана запытаўся:

– Гэта ты толькі што званіў?

– Я, – нясмела адказаў хлопец.

– Ну-ну, – ацэначным тонам хмыкнуў дзядзька і зноў акунуўся ў немату.

“Чаго там яна важдаецца! – сердаваў пра сябе Васіль. – І якой хваробы яму ад мяне трэба?”

– Ты скуль будзеш? – прадоўжыў свой лаканічны допыт гаспадар.

– Як гэта – “скуль”? – недаўменна паглядзеў на яго хлопец.

– Чыіх родаў-каранёў, дзе народжаны? – паясніў дзівак.

– А… – нарэшце сцяміў Сурмач. – Адсюль я… мінскі. У нашым горадзе і нарадзіўся.

– Гэта ў якім – у нашым? – не пераставаў выводзіць Васіля з цярпення Танін бацька.

– Ну як… У Мінску…

Дзядзькаў твар проста перакасіла ад гідкасці.

– Ня ведаю я такога гораду! – гнеўна фыркнуў ён.

Невядома, што б адказаў вахлакаватаму гаспадару Сурмач, каб Таццяна, якая падаспела ў гэты момант з чайным падносам, не праясніла сітуацыю.

– Тата! Годзе да чалавека чапляцца! – папікнула яна бацьку, стаўляючы дымныя кубачкі на часопісны столік. – Не ўсе ж у нас ведаюць, што па-вашаму не “Мінск”, а “Менск” вымаўляецца. Не ўсе ж пра твой фундаментальны нацыяналізм досвед маюць.

Сурмач пачухаў патыліцу.

– Каву будзеш? – Таццяна павярнулася тварам да бацькі, які працягваў тырчаць ля дзвярнога праёма.

– Слухай, што гэта ў цябе за пяльмень сядзіць? – гнуў сваё яе продак. – Не прыблуда якая расейская?

– Тата! – пагрозна крыкнула на яго дачка. – Ішоў бы ты тэлевізар глядзець. Нудна яму, дык дакучае людзям… Нармальны ён чалавек, інжынер, мой прыяцель… Ды беларус ён, беларус – супакойся!

Супакоіўшыся, бацька, як стаяў, апусціўся на канапу. Аднак не адрываў ад Васіля падазронага позірку. Было няўцям – ці разыгрывае ён камедыю, ці насамрэч не ў сваім, так бы мовіць, розуме. Сурмач адчуваў, як калючыя мурашкі раз-пораз сноўдаліся па спіне.

Таня павярнулася да Васіля, узяла кубачак і бестрывожна пачала адсёрбваць з яго духмяны напітак. Яна ўсміхалася. Тым недарэчнейшай была прысутнасць у пакоі яе панурага дзівакаватага бацькі.

– Ты пі, пі, не звяртай увагі, – падбадзёрвала Васіля мілавідная гаспадыня.

Той узяўся за кубак, але, паколькі рукі падрыгвалі, сарамліва паставіў яго на месца.

– Гарачая пакуль, няхай ачахне, – паясніў Сурмач.

Каб пераламаць няёмкасць свайго становішча, ён ужо хацеў быў спытацца ў дзяўчыны аб жыцці-быцці, як яе непрадказальны бацька выгукнуў са свайго кута:

– Дык якое ліха цябе прынесла?

– Гэта вы мне? – Васіль ажно расплюхаў каву з пасудзіны, якую зноўку спрабаваў паднесці да рота.

– Табе, васпане, каму ж яшчэ! – доўжыў прыставаць гаспадар кватэры да нялюбага госця.

– Тата! Я зараз з дому збягу! – нежартоўна раззлавалася Таццяна. – Займей ты сумленне!

– У мяне сумлення ў дзесяць разоў больш за вас усіх! – не адступаўся тата. – Ты мне лепш адкажы, чаго гэты маладзён ад цябе хоча? Што – адказу нямашака?! А я знаю: пажаніхаецца, галаву табе, дурніцы, затлуміць, зладкуе подлую справу і кіне!

Васіль ведаў, што ў гэты момант чырвань папаўзла па яго шчоках. Ён, як толькі дазваляла поза, адсунуў галаву ў цень.

Таццяна ўскочыла з месца.

– Вась, ты выбачай, калі ласка. Яшчэ пяць хвілін пацярпі, пакуль я збяруся, і пойдзем на вуліцу. Добра? – Яна адчыніла шафу, спрытна дастала адтуль неабходныя рэчы і накіравалася да дзвярэй.

Калі праходзіла паўз бацьку, які з яхідным выразам твару назіраў за яе дзеяннямі, упікнула:

– І не сорамна табе?

На што пажылы самадур адказаў:

– Сорамна дзеўкам, дый тое – першага разу.

Таня адно шарахнула дзвярыма.

– Паслухайце, – аклікнуў Васіль натурыстага гаспадара кватэры. – Як вас зваць-велічаць?

– А табе што за клопат? – непрыветна прабурчаў той і пакасіўся на хлопца.

– Ну, не магу ж я да вас звяртацца ў трэцяй асобе.

– А хто табе сказаў, што мне твае звароты патрэбны?

– Вы ж самі мяне ўвесь час пытаеце…

– Я пытаю, бо права маю! – абрэзаў Васіля гаспадар. – Ты тут ад пустое бочкі затычка, прышлы чалавек, прыхадзень… Я цябе сюды ня клікаў!

– А я да вас і не йшоў, – нагадаў дзядзьку Сурмач. – Дык усё-такі – як да вас звяртацца?

– Жыгімонт Альгердавіч! – ганарліва вымавіў Танін бацька. – Задавальняе?

– Ага, – хаваючы ўсмешку, адказаў Васіль. – А я – Вася… Васіль Сяргеевіч.

– Гэта мне бяз розніцы, – буркнуў “Жыгімонт Альгердавіч”. – Ты мне вось што адкажы: у чым ты для нашае радзімы-матухны выратаванне бачыш, каго за яе духоўнага правадыра прызнаеш?

Такі паварот быў для палітычна неактыўнага Сурмача зусім нечаканы. “Ат, чорт панёс на дзіравы мост!” – падумалася мімаволі.

– А хіба Беларусь так кепска сябе пачувае? – нясмела пачаў ён. – Дзякаваць Богу – незалежныя…

– Ха! Незалежнасць твая адно на паперы! – узгарэўся, відаць, улюбёнай тэмай “Альгердавіч”. – А насампраўдзе расейскі ўдаў толькі і пільнуе свой час, каб нас заглынуць. Ды ў нас тутака чужынец на чужаніцы сядзіць і чужынца паганяе! Адзін прыстойны чалавек – Зянон! Вось хто ёсць сумленнем нацыі! Ён і ў сямідзясятых, і ў васьмідзясятых гадох, пры камуняках, свае патрыятычныя погляды не хаваў! Ён і зараз ёсць смялейшым і часнейшым за ўсіх чалавекам!

Распаляючыся прамовай, Танін бацька пакрысе перамяшчаўся па канапе ў бок Васіля і хутка аказаўся ад яго ў паўметры. Ад дзядзькі тхнула цыбуляй, часнаком і немаладым потам. Але яго даўнавата голенае аблічча было здаровага малочна-пунсовага колеру.

– А вось тут, Жыгімонт Альгердавіч, я дазволю сабе з вамі не пагадзіцца, – рашыўся напаследак заесці старога дакуку Васіль. – Смеласць і чэснасць – гэта бясспрэчна выдатныя якасці. Але ж яны найболей прыдатныя недзе на рыцарскім полі бітвы. А ў палітыцы, шаноўны, апрача ўсяго, вымагаюцца такія якасці, як хітрасць, дальнабачнасць, уменне паладзіць… Карацей, усё тое, чаго Зянону найбольш і бракуе.

– З кім паладзіць – з манкуртамі?! – ашчацініўся “Альгердавіч” і жалезна сцяў Сурмачаву кісць. Хлопец з цяжкасцю яе выслабаніў.

– Не ведаю, каго вы залічваеце ў манкурты (падазраю, што мяне – таксама), але пакуль ваш Зянон будзе размаўляць з патэнцыйнымі выбаршчыкамі на слаба ім зразумелай мове, поспеху яму – не відаць. Гэта ж да смешнага даходзіць! Прыкладам, я сам чуў, як вясковыя бабкі ды кабеты пытаюцца ў моладзі пасля ягоных прамоў: а што такое “парлямэнт”, “калёквіюм”, “заля”, “філязофія”, “сымбаль”? А моладзь толькі рукамі разводзіць.

– А ведама табе, глузды твае яловыя, што Зянон гамоніць на існай беларускай мове, на мове, што была да прымусовае камуністычнае рэформы правапісу! А ты ведаеш, “мінчанін”, што слова “Мінск” камунякі ўвялі ў адзін дзень на закрытай сходцы? Гвалтам! – кіпеў і бурліў “Жыгімонт Альгердавіч”.

Тут увайшла яго дачка, апранутая для вячэрняй прагулкі.

– Ну, хадзем? – паверх бацькавай галавы спыталася яна ў Сурмача.

– Ага. – Хлопец хацеў быў падняцца, але “Альгердавіч” павіс у яго на руках і прымусіў сядзець.

– Стоп! – крычаў ён. – Ты дагаворвай даастатку! Чым табе Зянон, чым мова спаконвечная беларуская не даспадобы?!

– А тым, што няблізкі, чужы ён, пры ўсіх сваіх станоўчых якасцях, простаму люду. А, між іншым, менавіта гэты просты люд і будзе выбіраць сабе правадыра, бо яго – абсалютная большасць. А мова… Гаворыце: існая мова – гэта да рэформы правапісу 1933 года? Тарашкевіца?

– Канешне!

– А чаму тады не ўзяць мову часоў Радзівілаў, Сымона Буднага? Мо яна яшчэ больш беларуская будзе? І скажыце вы мне, вельмішаноўны, з якое радасці вымаўляць “плян”, “калёквіюм”, “анталёгія”, калі ў простанароддзі, у натуральнай мове амаль заўсёды зычная “л” гучыць цвёрда: “разлог”, “лодка”, “аблога”, “ложак”. А ніяк не “разлёг”, не “лёдка”, не “аблёга” і не “лёжак”! Ясна вам?

– Вось з-за такіх разумнікаў і радзіма нашая церпіць! – падскочыў з месца “Альгердавіч”. – Апраўданне сваёй здрадзе чалавек заўжды знойдзе! Манкуртызаваныя жывёлы! Збыдлелыя прыхадні! Замаскаваныя маскалі!

– Ды пачакайце, Альгердавіч! – Васіль таксама ўскочыў і, ловячы скандаліста за рукі, сіліўся яго ўціхамірыць.

– І слухаць цябе не жадаю! Прэч рукі, дрэнь! Вон!!! Вон з майго дому! – роў “Жыгімонт Альгердавіч”. – Таццяна! Забірай свайго залётніка, і вымятайцеся!

Яго дачка, душачыся ад смеху, памкнулася да Сурмача, ухапіла яго за руку і пацягнула міма неўтаймоўнага бацькі да выхаду.

Пакуль ашаломлены Сурмач поркаўся ў пярэдняй з вопраткамі, “Альгердавіч” няспынна абражаў яго і выгукваў псеўдапатрыятычныя лозунгі. Апошняе, што пачуў небарака ўжо ў “прылазніку”, было:

– Надыдзе, надыдзе грозны час, і адкажаце вы, юды, за раскрыжаваную матухну-Беларусь!



Загрузка...