Каханьне Леві Штраўса


Маладосьць мая прыпала на безнадзейна п’яныя й дарэшты бязглуздыя сямідзясятыя гады. Памяць часьцяком вяртае ў той час, і мне мрояцца твары сяброў, мрояцца працоўныя рапарты і брэжнеўскія прамовы, а ў душы ажываюць былыя лятункі і мары, сярод якіх галоўнай марай было — набыць “Левісы”, фірмовыя джынсы, якія каштавалі шалёныя грошы

Такім чынам, гэты аповед прысьвечаны джынсам — дзіўнаму вынаходніцтву Леві Штраўса — авантурыста й летуценьніка, чыё імя сталася назвай знакамітай фірмы і, адбітае на скураной этыкетцы, ўжо не адно дзесяцігодзьдзе ўпрыгожвае дзявочыя дупці ды красуе на тыльных баках хлапечых торсаў.

Леві Штраўсу было чатырнаццаць гадоў, калі ён, да поўнага ачмурэньня, пакахаў Генрыету. Ён быў гэбраем, зь беднай сям’і; яна была багатай немкай, а таму бацькі — з абодвух бакоў — забаранілі маладым сустракацца.

Неўзабаве Леві паведаміў бацьку: “Еду ў Амэрыку”. — “І што ж ты там будзеш рабіць?”— запытаўся стары Штраўс, хаваючы ў вусы лагодную ўсьмешку. “Зараблю шмат грошай, вярнуся і ажанюся з Генрыетай”, — адказаў сын.

З хлопца, вядома ж, пасьмяяліся, але калі той пачаў усур’ёз рыхтавацца да ад’езду, бацькі і знаёмцы ўраз пасур’ёзьнелі і пачалі адгаворваць Леві ад вандроўкі. Але юнак быў настроены рашуча, дый ехаў ён не на пустое месца: у Амэрыцы на той час атабарыліся ягоны дзядзька і старэйшы брат.

Дарога ад роднага Бутэнгайму да Нью-Ёрку няблізкая. Выбіраўся ён за акіян з прыгодамі, поўны рамантычнага імпэту, але першыя ж дні заакіянскага побыту выпетрылі з душы ілюзіі. Ня дзіва — працаваць давялося на дзядзькавай фэрме, а сахор ды гной — рэчы вельмі далёкія ад рамантыкі. Неўзабаве юнак разьвітаўся зь дзядзькам і падаўся ў Нью-Ёрк, да брата, які гандляваў мануфактурай.

Цэлымі днямі Леві круціўся пры краме, дапамагаючы брату, вечарамі пісаў лісты сваёй каханай, у якіх паведамляў, якія вялікія грошы ён тут зарабляе (ня маючы пры гэтым ні цэнта ў кішэні), а аднойчы, наслухаўшыся аповедаў пра каліфарнійскае золата, гукнуў брату: “Выпраўляюся на Захад!” Брат уздыхнуў, пахітаў галавой, але ад паездкі не адгаворваў, і нават даў на дарогу сякога-такога тавару.

Той парой на Дзікі Захад — а на календары быў 1853 год — ехалі ня толькі шукальнікі прыгодаў, але й рознага кшталту прыйдзісьветы ды крымінальнікі. А таму атрымаць кулю ў лоб можна было ў любым прыдарожным салуне. Леві пашанцавала: яго не забілі, аднак па дарозе абрабавалі. Злодзеі забралі ўсё, апрача некалькіх скруткаў палатна. Палатно прызначалася для карабельных ветразяў і ў каліфарнійскай пустэльні такі тавар нікому ня быў патрэбны.

Урэшце небарака прыбіўся да золаташукальнай сябрыны і прапанаваў ёй свой тавар, паведаміўшы, што палатно не прапускае вільгаці. Сёй-той набыў тканіну, змайстраваў намёты, ды тут надарылася неверагоднае: пайшоў рэдкі ў тых мясьцінах дождж і змоклыя каліфарнійцы, прыхапіўшы кольты, кінуліся шукаць гандляра. Але гандляр яшчэ напярэдадні залевы задаў цубака і, шыбуючы па дарозе, прапаноўваў свой экзатычны тавар кожнаму стрэчнаму. “Што ты нам гэтую халеру прапаноўваеш? Ты лепей нагавіцаў прывязі,”— параіў яму малады мэксыканец, і Леві пасля такіх слоў задуменна пачухаў патыліцу. Золатаздабывальнікам пад час працы даводзілася поўзаць на каленях, і любыя, нават самыя трывалыя, нагавіцы ўмомант разьляталіся. Вось няўдалы гандляр і падумаў: а ці ня сшыць штаны з парусіны?

Не марнуючы часу, Леві паехаў у бліжэйшае мястэчка, знайшоў краўца і азнаёміў таго са сваёй ідэяй. “Ты што, хлопец, звар’яцеў? Хто гэта шые штаны з такой тканіны?”— рагатнуў кравец, але, калі Леві выклаў на стол усе тыя даляры, што меў у кішэнях, закапыліў вусну і паабяцаў сшыць, дзеля смеху, колькі штаноў з калянай палатніны.

І вось нагавіцы былі сшытыя і вынесеныя на продаж. Мясцовы люд з такога тавару шчыра пасьмяяўся, але адзін золатаздабывальнік набыў сабе “ветразёўцы” і зазнаў процьму кпінаў: “Гэй, Джоні, пастаў свае штаны да сьцяны і заходзь у салун!”. Праз колькі дзён Джоніны сябрукі ўбачылі, што “ветразёўцам” няма зносу і пачалі пытацца адно другога: дзе той хлопец, што гандлюе “жалезнымі” штанамі?

Неўзабаве Леві Штраўс адчыніў у Сан-Францыска кравецкую майстэрню, а сабраўшы ладна грошай, выправіўся ў Немеччыну, каб пабрацца шлюбам з каханай дзяўчынай. Аднак на радзіме яго чакала неспадзеўка: Генрыета паўстала перад Леві замужняй жанчынай, зь дзіцёнкам на руках. Як высьветлілася, маці Генрыеты перахоплівала ўсе лісты, якія юнак дасылаў сваёй каханай, і дзяўчына падумала, што хлопец на яе забыўся.

Леві Штраўс вярнуўся ў Штаты і кінуўся ў вір працы. Ад той пары ягоная фірма Levi Strauss & Company стала выпускаць нагавіцы блакітнага колеру. Ветразёвае палатно ішло з італьянскага порту Генуя, гэты порт і даў назву славутым джынсам — “Genes” у амерыканцаў загучала як “jeans”. У ХХ стагодзьдзі з-за дэмакратызацыі моды з адзеньня золаташукальнікаў і каўбоеў джынсы ператварыліся ў апратку мільёнаў і “захапілі” спачатку амэрыканскі кантынэнт, а потым і матухну-Эўропу.

Ну, а вынаходнік джынсаў так і застаўся кавалерам, і памёр на самым пачатку мінулага стагодзьдзя, у 73 гады. Спадкаемцы знайшлі ў ягоным стале пажоўклыя лісты, якія пісала яму Генрыета, ды ссохлую ружу, якую дзяўчына падаравала маладому Леві, калі той выпраўляўся ў Амэрыку.

Аповед стаўся б няпоўным, калі б мы не згадалі пра лёс джынсаў у “краіне разьвітога сацыялізму”. А лёс той быў незайздросны, бо камуністычныя ідэолягі бачылі ў іх праяву апалітычнасьці і нізкапаклонства перад Захадам. У тых жа савецкіх фільмах канца 60-х — пачатку 70-х гадоў усе мярзотнікі насілі джынсы; у нашым маладым Наваполацку ў джынсах нельга было хадзіць у школу і нават на скокі: ля ўваходу на танцпляцоўку “джынсавікоў” хапала міліцыя. Сёньня таму цяжка даць веры, але гэта было, і гэтага ня выкінуць з гісторыі.

Джынсы за брэжнеўскім часам былі ня проста моднай апранахай, але пэўным знакам, сьведчаньнем прыналежнасьці іхных “носьбітаў” да адметнай касты. Каштавалі яны вялікіх грошай, ды і набыць іх, нават пры наяўнасьці патрэбнай сумы, было няпроста. Праўда, калі на пачатку сямідзясятых за “Левісамі” езьдзілі ў Вільню (каштавалі яны там 80 — 90 рублёў), дык у сярэдзіне дзесяцігодзьдзя ўжо наш горад стаўся “пастачальнікам” фірмовага тавару. У Наваполацку на той час атабарыліся будаўнікі польскай фірмы “Энэргаполь”: палякі будавалі нафтаправод Полацак — Мажэйкяй і ўадначас рабілі бізнэс на продажы джынсаў, дзеручы з пакупнікоў па 200 — 220 рублёў за штуку.

Ну і, зразумела, ніхто тады не насьмельваўся вывешваць джынсы на прасушку ў двары ці ў якім іншым людным месцы. Калі б такое надарылася, іх бы абавязкова скралі. І тут самы раз згадаць выпадак, пра які мне распавёў кіраўнік наваполацкай адраджэнскай суполкі “Ўсяслаў Чарадзей” Васіль Храмцоў і які ўяўляецца яскравым фрагмэнтам “джынсавай эпапэі”.

Аднойчы, за часоў бурнай маладосьці, Васіль вяртаўся дахаты а пятай гадзіне раніцы і нечакана ўгледзеў на даху аднаго з дамоў свайго сябра, які трымаў у руцэ сьпінінг. Рыбалка на даху — гэта ўражвала. Васіль, схаваўшыся за дрэвам, стаў цікаваць — якую рыбу будзе лавіць сябрук. “Рыбак” між тым зірнуў долу, стаў накручваць сьпінінг і неўзабаве падчапіў на гачак джынсы, што сохлі на гаўбцы верхняга паверха.

“Рыбалка” такая падпадала пад артыкул Крымінальнага Кодэксу, і ўсё ж такі гэта быў не банальны крадзеж, а нешта іншае. Бо калі б на гаўбцы вісела норкавае футра, ці нават царскія шаты, сябрук на іх наўрад ці паквапіўся б. “Рыбацкае шчасьце” ён зьведваў толькі тады, калі на гачак патраплялі зацяганыя і падзертыя джынсы — сымбаль далёкіх і незабыўных сямідзясятых.


Загрузка...