Іскры мінулага жыцьця


Адзін вядомы версіфікатар, прыхоўваючы ўсьмешку ў куточках падцятых губ, прамовіў наступную фразу: “Ну што там Мінкін... За ўсё жыцьцё выдаў толькі два зборнікі”. Я кіўнуў на знак згоды і ўдакладніў: два зборнікі паэзіі. І ўголас працытаваў Дастаеўскага:

Ці ж гэта мала, хаця б і на ўсё жыцьцё чалавечае?


* * *


Летам 1979 году, чытаючы літаратурную старонку ў наваполацкай газэце “Химик”, зьвярнуў увагу на падборку дзіцячых, па-расейску пісаных вершаў. Вершыкі былі шчымліва-просьценькія — пра чмяля-таўстуна, пра вандроўнага музыку, які “терзал” пасярод люднай вуліцы “неповоротливо-печальный инструмент”, пра хмелі-сунэлі — каўкаскія спэцыі, якімі поўніліся тою парою крамныя паліцы. Некаторыя радкі ўбіліся ў памяць, і адвячоркам, зазірнуўшы ў краму і ўгледзеўшы на нішчымным прылаўку каўкаскія спэцыі, з уздыхам прашаптаў: “Мы хмели-сунели ни разу не ели...”

Радок той апанаваў сьвядомасць, я безьліч разоў яго паўтарыў, а наступным ранкам, змучаны бяссоньнем, патэлефанаваў сябру — Уладзімеру Арлову, які працаваў у “Химику” і рэдагаваў літаратурныя старонкі.

“Слухай, а што за Мінкін у цябе друкуецца?”

“Цікавы хлопец, — адказаў сябар, — жыве ў Гомлі, а сюды ў камандзіроўку прыяжджае”.

“Гэбрай, відаць?”

“Ды не — беларус. Скончыў маскоўскі інстытут, а цяпер на нафтаправодзе працуе”.

Так у маё жыцьцё, разам з радкамі верша пра хмелі-сунэлі, уплялося вясёлае імя Алега Мінкіна.

Сустрэліся мы толькі праз год, на дні нараджэньня ўсё таго ж Уладзімера Арлова. Паэт прыйшоў з сваёй жонкай, зь якой мы ўвесь вечар пратанчылі, і Людміла — жанчына даволі прывабная — распавяла пра свайго мужа.

“Мы з Алегам разам у МЭІ вучыліся, і ўсе наўкол думалі, што ён малдаванін. Саромеўся беларускасьці, таму й выдаваў сябе немаведама за каго. А цяпер, як у Полацак прыехаў, дык толькі па-беларуску й размаўляе”, — у пацьверджаньне такіх словаў з суседняга пакою, куды пашыліся Алег Мінкін зь Сяргеем Сокалавым, вырываліся рэвалюцыйныя слоганы ўперамешку з патрыятычнымі вершамі.

Жаночыя валасы галавакружна пахлі, чарнасьліўныя вочы прыцягальна блішчэлі ў паўзмроку, але ўсе мае думкі былі там, у суседнім пакоі, і калі музыка на імгненьне сьціхла, адтуль даляцеў пералівісты голас:

...Ці бачыш, як вершнік нырцуе ў тумане густым

На белым кані, у блішчастыя латы закуты,

І срэбна зіхціць на шчыце яго крыж васьмікутны,

І меч яго ўзьняты, і мантыя ўецца як дым...

“Паэт!” — не зусім цьвярозым голасам, а таму па-пракурорску сур’ёзна выгукнуў я, і паэтава жонка панурыла вочы, пагаджаючыся з такім вэрдыктам.

На той час Мінкіны ўжо перабраліся ў Полацак і жылі ў маленькай хатцы на беразе пракаветнай Палаты. Хатка была старая, з падгнілымі падвалінамі; падлога пры хадзе небясьпечна зыбалася, са столі ў дождж крапала вада, ды Алехну — так, на беларускі манер, стаў я называць свайго новага сябра — гэта ня надта засмучала. Алехна пісаў вершы.

Вечарамі я завітваў у хатку, мы сядалі ля печы, бралі па чарцы, і сябрук чытаў мне з свайго пацёхканага, шарым пушком пакрытага блякноту, кагадзе напісаныя тэксты. У куце сьпяваў цвыркун, за сьценкай тахкалі ходзікі, сырыя дровы ціха сіпелі ў печы і, у поўным суладзьдзі з тымі зыкамі, у хаце гучалі вершы:

Абрыўкі павуцін апошніх,

Адлётаўшы, на ржэўі віснуць

І бляскам сьлюдзяным на пожні

Мігцяць так квола, так няісна...

А помніш, помніш, як у сьпёку

Так непатрэбна, бескарысна

Шугала полымя высока,

Рассыпаўшы над намі іскры?

Праз шмат гадоў, апавядаючы гурту маладых менчучак, што прыехалі ў Полацак, пра тутэйшыя выдатнасьці, я тыцнуў рукой у бок Запалоцьця і паведаміў: “А вунь там, на Млынарскім завулку, калісьці жыў паэт Алехна Мінкін...”

“Дзе?! Дзе?!” — разам азваліся менчучкі. Іхняя цікавасьць была такой палкай, што давялося весьці аматарак паэзіі ў Запалоцьце і там, ля збуцьвелай, даўно пакінутай гаспадарамі хаціны, працяцца сьветлаю зайздрасьцю да паэта, якога й дагэтуль любяць сталічныя дзявулі.

Пры канцы верасьня 1980 году падборку Мінкаўскіх вершаў надрукавала “Літаратура і мастацтва”. Колькі дзён Алехна бліскаў натхнёнымі вачыма, потым паслаў свае тэксты ў “тоўстыя” часопісы і атрымаў ляпідарныя адказы: “Вершы слабыя, друкаваць ня можам. Жадаем творчых посьпехаў”. Сябрук, чыя маладосьць прайшла ў дзіцячых дамах ды інтэрнатах, і які ў жыцьці сёе-тое зьведаў, успрыняў такія адказы з філязофскай разважнасьцю. “У рэдакцыях сядзяць вясковыя мальцы — яны крамолу здаля чуюць, ды й канкурэнты ім не патрэбныя”, — казаў сябрук.

Неўзабаве Алехна ўладкаваў мяне на працу. Так пачалася нашая сумесная нафтаправодная Адысэя. Шмат давялося паезьдзіць, шмат чаго пабачыць. На нашым вандроўным азымуце былі Летува і Латвія, Калмыкія і Астрахань, вытокі Волгі і балтыйскае ўзьбярэжжа... Былі вакзалы, аэрапорты, гулянкі давідна, кансьпіратыўныя сходкі, бойкі, мімалётныя любошчы і вершы, вершы... Алехна пісаў іх уначы, а раніцою, сёрбнуўшы гарбаты, з патасам чытаў напісанае. У тэкстах раз-пораз пракідваліся русізмы, я папраўляў аўтара і аўтар тут жа перапісваў радок, замяняючы расейскае слова беларускім. Трэба адцеміць, што сябар заўсёды ўважліва прыслухоўваўся да маіх заўвагаў і амаль заўсёды зь імі пагаджаўся. А яшчэ ён вельмі лёгка падпадаў пад чужыя ўплывы. Варта было Алехне Мінкіну прачытаць навуковыя працы фальклярыста Аляксандра Афанасьева, як ён абвясьціў сябе паганцам, стаў пісаць вершы пра Белуна і Белабога, а сустрэўшыся з паэтам Алегам Бембелем, адразу ж зрабіўся хрысьціянінам, спрабаваў — даволі беспасьпяхова — пасьціцца, і сувора насупліваў бровы, калі я называў Сьвятое Пісаньне казкамі народаў Міжрэчча і Палестыны.

На пачатку Перастройкі мы зь сябрам падаліся на Поўнач. Месца, дзе нам лёсіла жыць і працаваць, называлася Таварным паркам і тулілася пасярод глухой цюменскай тайгі. Там, на Поўначы, Алехна кінуў пісаць вершы і засяродзіўся на прозе. Дакладней, на сваёй, даволі пасрэднай, як на мой густ, антыўтопіі “Краіна хлудаў”. Ён яе безьліч разоў перапісваў, перайначваў прозьвішчы герояў, мяняў сюжэтныя хады, нарэшце, узяўся крэсьліць мапу Краіны хлудаў, але антыўтопія ад таго лепей ня стала.

Паэзія, як любіў казаць ужо згаданы тут Алег Бембель, гэта голас нябёсаў. Посьвіст сіверу і шум тайгі, куды сябрук штодня хадзіў на лыжах, зрабіў гэты голас дарэшты невыразным, і Алехна Мінкін за чатыры з паловаю гады сібірскай “камандзіроўкі” не напісаў аніводнага вартага паэтычнага тэксту.

Увосень 1988-га сябрук зьехаў з Поўначы і нашыя жыцьцёвыя пуцявіны назаўсёды разышліся. Цяпер мы жывем у розных гарадах, у розных дзяржавах і амаль не сустракаемся. Дый навошта сустракацца? Каб пабачыць адбіткі часу на сваіх азызлых тварах?

Запомнім сябе маладымі — пісалі клясыкі. Пагатоў, мне здаецца, што душа — хай і на кароткую хвіліну — яшчэ вернецца ў маладосьць. І зноўку за тонкай перабойкай затахкаюць ходзікі, у цёмным куце будзе сьпяваць цвыркун, сырыя дровы будуць ціха сіпець у печы, і сябар прачытае мой улюбёны верш пра іскры, якія — у мінулым жыцьці — узьняліся і згасьлі над нашымі галовамі.

Загрузка...