Выпадак на здымачнай пляцоўцы

Сёння мой першы дзень на новай працы. Сумоўе я прайшоў досыць лёгка і цяпер прыглядаюся да людзей навокал. Часы, калі я хваляваўся на новым працоўным месцы, засталіся ў мінулым, за гэта дзякуй маім дваццаці месцам працы і тром гадам псіхатэрапіі. Мая новая пасада — памочнік кінарэжысёра. Гэта я так сябе называю, але фактычна я хлопчык на пабягушках — падношу каву акторам, сачу за рэквізітам… Цікавы досвед, цікавыя людзі. Ёсць, праўда, маленькая акалічнасць, якой я не тое што надаю вялікае значэнне, але пра якую хачу папярэдзіць. Будучы фільм называецца «Рыцар вярхом на даме». Атмасфера тут творчая. Рэквізіт не багаты.

Усім акторкам з масоўкі я мушу раздаць гарсэты. Маю ўвагу прыцягвае адна дзяўчына, бачна, што яна ўдзельнічае ў гэткім упершыню. Яе завуць Юля, і яна мне сімпатычная, бо пазнаю ў ёй сябе год 12 таму… Юля спрабуе сябе на ролю ў масоўцы і хвалюецца так, нібыта гэта яе галоўная роля ў фільме Таранціны.

Канешне, гэта цяпер я — вялікі, спакойны і няголены. Мне ўсё па калена. І таму мне смешна і разам з тым прыемна назіраць за тым, як мітусіцца Юля, як не ведае, куды сябе падзець. Людзі — гэта ўвогуле тое, за чым я сюды прыйшоў, я люблю назіраць за людзьмі, і я ведаю, што калісьці здыму пра іх свой уласны фільм.

Пакуль я заварваю каву і раздаю гарсэты, паспяваю ахарактарызаваць для сябе ўсіх людзей на пляцоўцы. Галоўны тут — рэжысёр, пасля ідуць «зоркі» — такія крутышы, якія размаўляюць толькі з сабе падобнымі, задзіраюць насы, а пасля ў фільме будуць задзіраць свае дзюбкі… Дзюбкі ў іх доўгія і прыгожыя. Зрэшты, іншых сюды і не запрашаюць. Юля тут «новенькая».

Я назіраю за Юляй… Сюжэт фільма зусім просты. Нашмат цяжэй нацягнуць на сябе гэты дурацкі гарсэт. Юля ходзіць разгубленая, і нават яе прыгожыя грудзі ёй не дапамагаюць — бачна, як яна разгубілася побач з усімі гэтымі сталымі, дасведчанымі і вядомымі ў вузкіх колах акторамі. Яна мітусліва азіраецца па баках, сціскае ў руках свой гарсэт, кусае пазногці… Яе вочы — круглыя і вялікія.

Да пачатку здымак застаецца пяць хвілін.

Мы сустракаемся з Юляй позіркамі. Кажуць, у мяне добрыя вочы.

Чатыры хвіліны.

Тры.

Больш адцягваць — няма як. Яна падбягае да мяне, хапае за руку сваёй мокрай рукой, адводзіць у цёмную і сырую каморку, суе ў рукі гарсэт. І бледная, разгубленая дрыжачымі вуснамі ледзьве чутна шэпча:

— Дапамажы мне, калі ласка.

І распранаецца.


***

Шмат хто мне кажа, што калі б не было смерці, не было б сэнсу і жыць, што ўласна ў смерці і ёсць сэнс жыцця, што калі ведаеш, што гэта павінна скончыцца, яно не назаўсёды, — пачынаеш ца ніць больш і жывеш асэнсавана, а значыцца, на поўную; і я гатовы з усім гэтым пагадзіцца адразу, але я ведаю, што калі я п’ю сваю бутэльку піва каля тэлевізара і ведаю, што гэта мая адзіная на сёння бутэлька піва, і бачу, як з кожным глытком яго становіцца меней, калі я еду ў метро і ў навушніках грае мая ўлюбёная песня, і я дакладна ведаю колькі акордаў засталося да фінальнага яе акорда, а плэер ляжыць на самым дне заплечніка, і да яго ў такую гадзіну пік не дабярэшся, калі я сплю ў абдымку са сваёй каханай дзяўчынай і ведаю, што гэта ў апошні раз яна мяне абдымае, што гэта наша апошняя ноч, прычыны бываюць розныя, — усё гэта не дае мне магчымасці расслабіцца і атрымаць ад жыцця асалоду, і, як вынік, сказаць сябрам, што я шчаслівы; і вось калі я пра гэта думаю, то бываю вымушаны адзначыць, што людзі, якія так кажуць пра смерць, — дурні, і што апошні раз я быў шчаслівым у шэсць гадоў, калі з вакна дзіцячага пакоя падгледзеў, як хаваюць суседа-алкаголіка.

Загрузка...