Яна і Лагоды

Дзякуй богу, яна была ўсё ж такі бісэксуальнай. Па маладосці сустракалася нават з дзяўчатамі. І не проста там пацалуначкі, сюсі-пусі, не — усё па-сур’ёзнаму было. Ну канешне, потым з гэтым завязала, перарасла, як кажуць. Ну і добра, вядома, яна ні аб чым не шкадуе. А што так здарыла ся, што цяпер — адна, дык хто ў гэтым вінаваты? Жыццё такое… Дый яна ўсё ж такі не змагла б жыць з дзяўчынай, цяжка гэта, грамадства, бацькі, тое, сёе, а так… хай сабе і адна.

Але ж і не тое каб зусім адна. Ёсць жа Лагоды. Вось жа можа яна так і сказаць: у мяне ёсць Лагоды! — з гонарам так. Яна іх вельмі любіць, напэўна, нават мацней за ўсіх сваіх былых, дзяўчат у тым ліку. Але яна рэдка так кажа: у мяне ёсць Лагоды! — усё часцей: Лагоды — такая цудоўная пара… мне яны так падабаюцца… Не, не зусім так, хутчэй вось так: Лагоды такая цудоўная пара! Мне яны вельмі падабаюцца! І быццам бы гэта зусім і не Лагоды — цудоўная пара, а гэта яна такая цудоўная пара. І няхай усе ёй зайздросцяць. Як, бывае, расказваеш якую-небудзь гісторыю, ну там, пра знаёмага, напрыклад, што Пеця, напрыклад, зняў свой першы ў жыцці сюжэт, і ён, сюжэт, так усім спадабаўся! І ўсе так Пецю хвалілі! А Пеця такі малайчына, ён такі таленавіты! І гонар ледзьве не з вушэй прэ, і не дай божа хто-небудзь цябе перапыніць! Не, вы ўсе проста абавязаны ведаць, які Пеця зняў сюжэт! І чорт з ім, з гэтым Пецем, якога ты толькі і бачыў-та ўсяго адзін раз у жыцці. Бо цяпер ты сам ужо трошачкі Пеця, і ўсе цяпер павінны за цябе парадавацца.

А Лагоды — і праўда, цудоўная пара, вось толькі дзіцёначка ніяк нарадзіць не могуць, а між іншым ужо пяць год як жанатыя. Ніна Лагода раней была Нінай Сахончык, а Саша, зразумела, усё жыццё і быў Сашам Лагодам, а цяпер яны Ніна і Саша Лагоды. І яна разам з імі таксама трошкі Лагода. Пяць год ужо як Новы год сустракаюць разам. Яны ніколі не забываюць запрасіць яе да сябе. Уключаць тэлевізар, паслухаюць прэзідэнта. У дванаццаць нальюць шампанскага, загадаюць жаданні, чокнуцца і вып’юць, «за нас!». Ціха ўсё так, па-сямейнаму. А потым на ёлку сходзяць у цэнтр.

І дзякуй богу, што яна ўсё ж такі бісэксуальная. Бо цяпер яна можа пераспаць з імі дваімі і нікога не пакрыўдзіць. Ні Сашу, ні Ніну. І стаць нарэшце сапраўднай Лагодай. Яна так і загадае на наступ ны Новы Год, напіша на паперцы сваё жаданне, запаліць, кіне ў бакал. І вып’е залпам.

Загрузка...