ІV

Самуіл Плаўнік працаваў на біржы досыць багатага гандляра лесам. Ён быў у яго і за пісара, і за бухгалтара, і за дзесятніка. Шмат абавязкаў было ўскладзена на Самуіла Плаўніка гаспадаром. І за гэта плаціў гаспадар 80 рублёў у месяц. Гадзін дзесяць трэба было быць на біржы, толькі па пятніцах работу канчалі а другой гадзіне. Гаспадар быў набожны і суботні дзень сустракаў, як належыць набожнаму яўрэю. Яго універсальны канторшчык таксама, мусіць, быў набожны — не раз здзіўляў гаспадара тонкім веданнем Талмуда, а на старадаўняй яўрэйскай мове гаварыў так, як рэдкі рабін. Гаспадар паважаў за гэта служачага. Але не ў малітвены дом, не ў сінагогу спяшаўся з лясной біржы Самуіл Плаўнік. У маленькай сваёй кватэры, у дзесятку дамоў, у цесным коле сяброў і знаёмых яго ведалі пад іншым прозвішчам, Ясакар — так падпісваў ён свае беларускія вершы. Змітрок Бядуля — так падпісваў ён свае апавяданні, і здавалася, што розныя гэта людзі, бо рознымі былі вершы і апавяданні.

Сярэдняга росту, каранасты, вялікія вочы злёгку навыкаце, таўстыя пачуццёвыя вусны, цёмна-рудыя кольцы валос. Вельмі мілагучная гутарка, з лёгкім яўрэйскім напевам і багата энергіі — колькі ён пісаў у гэтыя гады, усяго: і вершаў, і апавяданняў, і нарысаў! Колькі часу траціў на арганізацыю беларускага клуба — «Беларускай хаткі» на ўскраіне Мінска,— колькі знаходзіў увагі да таварышаў, якія прыехалі з захаду, адкуль гнала іх вайна! Фронт набліжаўся. Вільня страціла сваё значэнне культурнага асяроддзя, цэнтрам беларускай культуры рабіўся Мінск. Меркавалі аб выданні газеты, часопіса, арганізоўвалі бібліятэку.

У гэтую пятніцу 1916 года, як заўсёды, спяшаўся Самуіл Плаўнік к сабе на кватэру. Вось ён сышоў з конкі, далікатна прапусціўшы жанчыну з кошыкам. Жанчына глянула ў яго вялікія, злёгку навыкаце вочы і падумала, што шмат каму варта было б павучыцца такой далікатнасці, як у гэтага яўрэя. Вось ён ідзе праз губернатарскі сад і з амаль хлапечай цікавасцю назірае за тым, якія дзівосныя ўзоры саткала сонца з ценяў на дарожках. Вось на хвіліну ён спыняецца на мосце і назірае за тым, як басаногі хлопчык стаіць у вадзе з вудай. Ногі пасінелі — вада, мусіць, яшчэ халодная. А скінуць боты і залезці да хлопчыка на пару, сачыць за тым, як трымціць на паверхні вады чырвона-белы паплавок... Наўкола шуміць горад, авеяны вясновымі вятрамі. Вось, ужо страціўшы нацягнутасць і празмерную саліднасць, ён трохі што не бяжыць па дашчатым тратуары. Хутчэй дадому, за стол, на якім ляжаць аркушыкі з вершамі — яшчэ гарачымі ўчарашнім натхненнем. Гэта — цыкл мудрых вершаў, рэмінісцэнцыі біблейскіх паданняў, цыкл «псалмоў». Яўрэй, ён перадасць паэтычнымі вобразамі на мове, якая зрабілася для яго роднай і якую ён ведае нават лепш, чым мову хедэра, ён перадасць неўміручыя вобразы старажытнай Бібліі. Ён з імпэтам адчыняе фортку і бачыць на ганку сваю сястру.

— Самуіл,— кажа яна па-яўрэйску, што бывае толькі ў выключных выпадках,— да цябе зноў прыехалі. Нейкі студэнт.

Хто ж гэта можа быць? Святочны настрой, які паяўляецца заўсёды, калі вось-вось возьмешся за работу, пагрузішся ў пякучыя вобразы, якія жывуць у мазгу ўвесь час, гэты святочны настрой сціхае. Зноў, мусіць, клопаты чакаюць яго.

Насустрач падымаецца, трымаючыся касцістай белай рукой за грудзі, Максім Багдановіч.

Умомант гаспадар акідвае вачыма госця. Боты і штаны абляпаны граззю, быццам чалавек доўга ішоў. Шынель кінуты на зэдлік, шынель стары і таксама забруджаны. Каўнер форменкі расшпілены,— якая тонкая шыя!

— Вітаю вас, Ясакар! — з усмешкай, ад якой твар робіцца нейкім напружана-пакутным, кажа госць.— Калі не прагоніце, госцем буду.

Ясакар ідзе да яго і разводзіць рукі, каб абняць і пацалаваць. Але Багдановіч ловіць яго рукі і паціскае іх.

— Не трэба, гэта небяспечна... я хворы.

— Божа ж мой,— крыху здэтанавана, але вельмі шчыра кажа Плаўнік,— пацалавацца пры такім спатканні — гэта ж неабходна...

Але Багдановіч не здаецца. А тут яшчэ і кашаль — Багдановіч, знясілены, апускаецца на канапу. Чорт ведае што — усю дарогу было так добра, ён кіламетраў сорак прайшоў пяшком, і было добра, а тут...

— Не, не, пацалуемся пры развітанні, а цяпер не трэба. Навошта я ішоў пеша? Я не мог, я не меў права. Хіба маем мы права ездзіць, карыстацца здабыткамі цывілізацыі, калі сотні, тысячы людзей, страціўшы сваю хату, месяць шэрыя дарогі стомленымі нагамі, калі ногі гэтыя адмярзаюць, мокнуць, пакрываюцца язвамі?.. Падумай, Ясакар, як гэта жахліва! — І ён кашляе, зноў кашляе...

— Паляжы, Максім Адамавіч,— клапоціцца гаспадар.— Папалуднуем. Чаму ж вы нічога не паспытаеце?

З суседняга пакоя чуецца голас сястры — ледзь чуваць у ім і грэблівасць, і іронія, і абражанасць:

— Мусіць, я не смачна гатую?!

Зноў пакутлівая ўсмешка крывіць твар. Плаўнік глядзіць на гэты твар і думае, якая жорсткая хвароба — сухоты, як мала засталося ад гэтага маладога чалавека...

— Гэта маё суцяшэнне,— нахіляе сваю каштанавую галаву Багдановіч,— мая хвароба... Я як падумаю, што дзесяткі такіх людзей гінуць у акопах, і гінуць бессэнсоўна, дык мне лягчэй, што пакутую і я... Не, не! — Ён спыняе намер гаспадара.— У гарбату не трэба цукру. Не трэба! Мне давялося бачыць хлопца, вельмі худзенькага. Ён з такім смакам еў чэрствы хлеб, такі хлеб, Ясакар!..

Гаспадар нясмела паціскае плячыма.

— Не трэба перабольшваць, Максім Адамавіч... Гэта ж...

Увечары збіраюцца госці. Яны прыйшлі вітаць паэта, але ён ловіць на сабе заклапочаныя позіркі, заўважае, што прысутныя вельмі асцярожна абыходзяцца з ім, і ён робіцца пахмурым, злым, замкнёным. Яго просяць чытаць, але ён катэгарычна адмаўляецца. Не, не, ён прывёз рукапіс. Думаў у Вільні друкаваць, а цяпер гэта немагчыма. Хаця і лепш: усё, усё трэба перарабіць, перайначыць, многае напісаць нанава. Аб пакутах чалавечых, аб народным горы. Вось ён толькі адпачне і будзе працаваць, працаваць...

А ўначы ён прыходзіць да Бядулі, прысоўвае да ложка крэсла, на каленях раскладае рукапіс новай кнігі.

— Я вось думаю, што справа беларускай культуры будзе скора справай самых шырокіх народных мас. Вось глядзі, Ясакар, што выходзіць... Ужо і другіх нацый людзі далучаюцца да гэтай плыні... Вось ты фігура сімвалічная. Яўрэй, а колькі такіх, якія б маглі пайсці да палякаў?.. А дзеячам рускай культуры многім было б лепш быць... Але ў іх прачынаецца сумненне. А чаму? Таму, што прачынаецца народ і за гэтым народам будучыня.

— Не можна ж гэта тлумачыць выгадай!

Багдановіч зусім нізка апускае над ім твар.

— Ты мяне не разумееш. Так многа думак, што іх цяжка выказаць. Я кажу аб дыяпазоне. Разумееш? Вось кінь камень у ваду, пойдуць кругі, усё больш шырокія...— І раптам перайшоў на шэпт, хрыплы і шпаркі: — Толькі я часам баюся, што зробленае будзе пахавана пад попелам гэтай вайны, яна зноў адкіне наш народ у сваім развіцці назад...

— Наадварот,— тут ужо Бядуля не вытрымлівае і садзіцца на ложку.— У такія страшныя часы, як вайна, прыгнечаны народ і падымае свой голас. Ды вайна не можа цягнуцца доўга, народы скончаць яе, і тады на поўную моц загучыць наша ліра...

Глыбокі сум быў у Багдановічавых вачах.

— Баюся, што гэта будзе не скора. Мне не дажыць.

Ён падняўся з крэсла. Лісткі рукапісу паляцелі на падлогу, і ў цішыні нібы пачуўся шэлест пажоўклага лісця... Цень ад Максімавай постаці ўпаў на сцяну, перасунуўся на столь. Цень нагадваў фантастычнага птаха. Птах узмахваў крыллем. Ён, ходзячы і размахваючы рукамі, слухаў Бядулю,— усё ж не згадзіўся:

— Не, не... не хопіць сілы, каб дачакацца. Вось Купалу я зайздрошчу. Ён — з народам, і ў яго многа сілы, ён дачакаецца. І ты дачакаешся. А я — не.— Потым трахануў галавой, нібы адганяючы думкі.— Дык я хоць кніжку ў спадчыну пакіну. Можа, і яна дапаможа наблізіць час, калі беларуская культура выйдзе на шырокае поле. Можа, праз гадоў трыццаць яе і будуць чытаць. Ну, спі, а я пайду.

І ён сядзеў да світання.

Світанне ішло празрыстае, прахладнае.

Многа лісткоў, перакрэсленых, падала на падлогу.

Толькі як развіднела, не распранаючыся, ён забыўся цяжкім сном. Шэрае неба і пад ім — бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы... а адно з іх загразла... Воз цяжкі, а яму, Багдановічу, канешне, трэба дапамагчы, каб воз выехаў... на куфры, што стаіць на возе, сядзіць дзяўчына і чытае кніжку... дзяўчына хоча злезці дапамагчы... не, не, не трэба, ён не хоча, ён дужы, яму ж толькі дваццаць пяць гадоў... усяго дваццаць пяць гадоў!


Загрузка...