ДЗІВАК ВЯЧОРКА


— Усё забаўляешся драўляшкамі, а твае аднагодкі ўжо даўно на паляванне ходзяць, мяса дадому прыносяць,— упікнула аднойчы маці свайго сына.

Суседзі таксама пакеплівалі, а некаторыя i бурчалі:

— Займее сям'ю i трэба будзе стаць яе кармільцам ды i бацькам, калі састарэюць, дапамога спатрэбіцца, а ён, як кабета, баіцца парсюка закалоць ці авечку зарэзаць. I ў лесе з лукам яго не ўбачыш.

Крыўдна робіцца Вячорку за такія словы, бо ён не быў баязліўцам. Калі леташняй зімою мядзведзьбадзяга ўламаўся праз загароду ў быдла, хіба не ён, Вячорка, першым з дзідай кінуўся на яго? Але ён не мог падысці з касцяным кінжалам да кабанчыка, якога сам выгадаваў з пацешнай малечы, або з нажом да барана, якога калісьці зімою адаграваў у хаце каля агнішча i цішком ад маці ласаваў кавалачкамі праснака.

Ды папрокі маці падзейнічалі, i Вячорка, уздыхнуўшы, сабраўся на тое паляванне. Пайшоў не з мужчынамі ў загон на лясных коней-тарпанаў, a адзін — на бераг ракі, дзе ведаў зацішны звярыны вадапой.

Выйшаў пад раніцу, калі начныя цені пасвятлелі i сталі лілова-шэрымі, a ў буйных кроплях расы ўжо адбівалася злёгку паружавелае неба. Пакручастымі сцежкамі, дзе чалавечымі, а дзе i звярынымі, трапіў на рачны бераг i затаіўся пад касагорам у хмызняку.

Лёгкі ток паветра нёс ад ракі саладкаваты пах цвітучай чаромхі, зараснікі якой, быццам успененыя, бялеліся побач. У кусце ля самай вады пералівіста зацёхкаў салавей. Услухаўшыся ў ягоную песню, хлопец налічыў ажно сем каленаў i ўзрадаваўся — такога майстра чуў упершыню. У бок возера шумна праляцела качыная пара. Высока ў асінніку зацінькалі сініцы. Разам ca світанкам прачыналіся лес i ўсё наваколле.

На супрацьлеглым недалёкім беразе пачаўся нейкі рух. 3 хмызняку выткнулася пушыстая мордачка i натапыраныя доўгія вушы. Мордачка паразглядалася ў бакі, павадзіла вушамі, ловячы падазроныя гукі, а затым да вады кароткімі скачкамі прашалэпаў i сам заяц. Звярок напіўся, i толькі паляўнічы пачаў нацягваць цеціву, як шарак, які намачыў свае вусы, стаў слупком i пачаў заўзята выціраць ix лапамі; дакладна, як Вячоркаў дзядзька. Хлопец не ўтрымаўся i ціхенька хіхікнуў, затуляючы рот рукою, але заяц пачуў i вялізным скачком шаснуў у кусты, толькі з-пад лап сыпануў у ваду пясок. Уцякла здабыча, але Вячорка i ўзрадаваўся гэтаму — няхай бегае, няхай жыве касавокі!

Праз нядоўгі час на бераг выйшла натапыраная кабаніха, а за ёю высыпалі паласатыя, як жукі, парасяты, якія віскаталі, тоўхаліся лычыкамі, муцілі ваду i ўзрывалі пясок. I зноў у Вячоркі не паднялася рука выпусціць стралу.

А потым затрашчала галлё i непадалёку ад паляўнічага ў ваду, узбіваючы пырскі, усунуўся лось i пачаў гучна піць. Ен стаяў якраз бокам да чалавека. Заставалася толькі кінуць дзіду, i яна ўвап'ецца якраз пад лапатку звера, дзе сэрца. Але Вячорка забыўся на дзіду. Як зачараваны, ён глядзеў на гарбаносую галаву жывёліны, упрыгожаную шырачэзнымі рагамі, быццам растапыранымі пясцямі нейкага велікана, любаваўся дужай постаццю. I міжволі прыйшлі ў рух Вячоркавы пальцы. Яны апісвалі ў паветры выразны профіль лася, абмалёўвалі яго рогі, спіну, доўгія ногі. У тэту ж хвіліну праз лясную прагаліну засвяціла сонца i адлюстравалася ў рацэ. Сляпуча-чырвонае, як начышчаная медная бляха, пляма пераломвалася i рассыпалася на хвалях.

Скончыўся вадапой, апусцеў бераг, а Вячорка ўсё яшчэ не меў здабычы. I калчан ягоны па-ранейшаму быў туга наладаваны стрэламі.

Дадому Вячорка прыйшоў туляючыся за дрэвамі, каб не трапіцца на вочы родзічам i суседзям. «Зноў з пустымі рукамі»,— пачалі б кпідь з хлопца. Добра, што не было дома i маці — мабыць, збірала шчаўе. Сестры таксама некуды сышлі. Толькі ў куце хаціны ціха пакехкваў глухі i нямоглы дзед.

Вячорка пакапаўся ў лазовым кошыку, выцягнуў з яго кавалак аленевага рога, некалькі крамянёвых разцоў i нажоў. Усё гэта запіхнуў у скураную торбу. Потым зноў выйшаў з вёскі i малапрыкметнай сцежкаю, мінаючы калючы яліннік з выварацямі, падаўся ў пушчу. Там быў даўно ім нагледжаны ўтульны куточак у западзіне паміж двума ўзгоркамі, дзе з-пад каранёў высахлай ад старасці хвоі выбівалася звілістая крынічка. Над крынічнай каля сухастоіны цямнела стрэшкай з яловых лапак павець. Перад ёю чакала агню вогнішча.

Вячорка сунуў пад павець торбу, сабраў сухога ламачча, выграб з глыбіні вогнішча некалькі гарачых вугалёў i раздзьмухаў агонь. I як толькі ўгарэлася ламачча, каля суседняга арэшніку зашамацела лісце, i адтуль, дробна валюхаючыся, выбег вожык. Спыніўся воддаль i задраў востры лычык. Вячорка выцягнуў з-за пазухі прыхоплены з сабою леташні жолуд i асцярожна падкінуў яго пад вожыкаву пыску. Звярок абнюхаў жолуд, потым зашчаміў яго ў зубы i зноў патрусіў пад куст. Хлопец засмяяўся ўзрадаваны, што вожык памятае яго i зноў прыбег па ласунак, да якога прывык з самай гэтай вясны.

Вячорка паслухаў лясную рознагалосіцу птушыных спеваў. Паўзіраўся ў адмысловы малюнак трэшчын на голым камлі сухастоіны. Потым сеў каля вогнішча на зялёны ад моху камень i пачаў разаграваць над жарам рог. Калі той размякчэў, Вячорка, мяняючы то нож, то разец, пачаў штосьці выразаць з яго, яшчэ незразумелае чужому воку. Калі рог астываў, тады рабіўся цвёрды, як дуб, i хлопец зноў падсоўваў яго бліжэй да агню.

Пад канец дня Вячорка адчуў голад. Схадзіў на недалёкае балота, назбіраў на качыных гнёздах яек i напёк ix у прыску. Вячэру запіў халоднаю вадой з крынічкі. Потым, калі пачало цямнець, забраўся на хвою, дзе ў расохах з галля быў зладжаны насціл, як уладкавацца аднаму чалавеку. Прывязаўся да дрэва раменным паскам, каб не зваліцца ноччу, i ўмасціўся спаць.

Назаўтра з самай раніцы Вячорка зноў узяўся за працу. Грэў рог, рэзаў яго разцом, скабліў нажом, падсякаў, дзе трэба, сякеркай. I паступова ў нарыхтоўцы пачаў угадвацца абрыс ласінай галавы. Затым дзюбкай разца хлопец акрэсліў авал звярыных вачэй, пазначыў нарэзкамі поўсць пад сківіцай, яшчэ прайшоўся па контуры вушэй, больш выразнай зрабіў лінію рота. I вось, нарэшце, на вячоркавай далоні ляжала адпаліраваная дробным пясочкам галава звера. I быццам жывыя глядзелі на мастака выпуклястыя ласіныя вочы, цяплом дыхалі шчыліны храпаў, пудка струніліся вушы. I зноў так яскрава ўявіў хлопец таго ляснога прыгажуна, убачанага ўчора на ранішнім вадапоі. I ажно задрыжэў ад шчасця, што яму ўдалося вось на гэтым кавалку рога перадаць воблік звера. Лось, жывы лось нарадзіўся пад пальцамі Вячоркі. I лася гэтага можна трымаць у руках, лашчыць яго гладкую i цёплую галаву!

Вярнуўся Вячорка дадому стомлены, але шчаслівы. Паклаў каля сябе на лежаку ласіную галоўку i заснуў. Прыйшла з градак, дзе выполвала з іншымі жанчынамі ранняе пустазелле, маці, паглядзела на спячага сына, потым заўважыла выробку. Узяла яе ў рукі i сама залюбавалася. I падумала, што дарма сварылася на сына. Бо лася кожны, толькі б сіла была ў руках, можа забіць, а вось зрабіць з рога такім, быццам жывы, ніхто ў іхняй вёсцы не здолее. Нават у ведзьмара, у якога мноства такіх выразаных з дрэва i рога выяў ласёў, качак, вужоў, якім той маліўся, яны былі горшыя.

Маці ціха, каб не разбудзіць сына, дастала з-пад лежака кошык i пачала перабіраць фігуркі, змайстраваныя сынам раней. Не, сённяшняя была найлепшай!

Не ўцерпела маці i пахвалілася суседкам новай вячоркавай выявай. Назаўтра пра гэта дачуўся вядзьмар i прыйшоў у іхнюю хаціну. Маці завіхалася каля госця, якога i паважалі ў вёсцы i пабойваліся. Бо хто ж не паважае чалавека, які лечыць шэптамі i травамі хваробы i знаецца з духамі. Але чаму i не баяцца таго, хто можа наслаць урок, немач, злыя i цёмныя сілы з-пад старых выварацяў ды з чорнага багнішча. Вядзьмар захоплена цмокаў шчарбатым ротам, аглядаючы ласіную галоўку, а потым папрасіў падараваць яму:

— Усялю ў яе дух Вялікай Ласіцы, нашай прародзічкі, i будзе гэта рэч аберагаць наш род ад хвароб i пошасці, дасць нам уладу над ляснымі жыхарамі.

І як тут не аддасі выробку, калі гэта трэба для дабра суродзічаў?

А праз нейкі час, калі пайшоў погалас, што ў далёкіх заазёрных паселішчах напаў на людзей мор, вядзьмар папрасіў выразаць драўлянага духа-ахоўніка, які адвёў бы бяду ад іхняй вёскі.

Вячорка некалькі дзён шчыраваў над ліпавай калодай i зрабіў гэтага духа — з глыбокімі вачніцамі, у якія ўставіў белыя камяні, з ашчэранымі, каб напалохаць хваробу, зубамі. I калі выяву ўкапалі перад паселішчам, аказалася, што яна вышэй чалавечага росту. I прыхажалыя з суседніх вёсак жахаліся i падалі перад ёю ніцма.

Узмужнеў Вячорка, а вядзьмар яшчэ пастарэў, стаў хваравітым. I ўсё часцей стаў браць мастакаразьбяра на сваю варажбу i замовы. Казаў яму пра таемную моц розных зёлак, вучыў закляццям, адкрываў таямніцы абыходжання з багамі i духамі. А перад часам, калі трэба было навекі адысці ў Краіну Вялікага Палявання, аб'явіў усім, што духі прызналі Вячорку пасярэднікам паміж сабою i людзьмі.

— Ну дык i няхай ён будзе ў нас за ведзьмара,— згадзіліся вяскоўцы.

I стаў Вячорка ведзьмаром. Стараўся ўсё рабіць на дабро i ніколі нікому не шкодзіў. I людзі любілі свайго ведзьмара i ніколечкі яго не баяліся. Нават дзеці.


* * *

— Па праўдзе кажучы, такую рагавую галоўку лася мне знайсці не пашанцавала. А вось на стаянках Літвы i Латвіі, дзе, як i на поўначы Беларусі, у новым каменным i бронзавым вяках жылі блізкія па культуры плямёны, яны сустракаюцца, i надзвычай дасканала зробленыя. Мне ж трапілася на старажытным тарфянікавым паселішчы пад Бешанковічамі статуэтка самога лася, але галава ў яго была схематычная. А вось фігуркі людзей знаходзіў цудоўныя — драўляныя i касцяныя, з выразна акрэсленымі тварамі, велікавокія, барадатыя.

Усе гэтыя скульптурныя выявы, таксама як i арнаменты на посудзе i касцяных вырабах, розныя ўпрыгожанні чалавечага цела i вопраткі, адлюстроўвалі рэлігійныя ўяўленні першабытнага чалавека. Тыя ж статуэткі хутчэй за ўсё адпавядалі вобразам духаў, міфічных герояў, продкаў. Адначасова яны з'яўляюцца i творамі першабытнага мастацтва, бо рабіліся з вялікай любоўю, а нярэдка i талентам.

Заўважана i такая цікавая асаблівасць — у старажытным каменным веку чалавечыя, ці антрапаморфныя, выявы мелі вельмі схематычна выражаныя галовы, пераважна без рысаў твару. У канцы ж каменнага веку i ў эпоху першых металічных вырабаў у статуэтках найбольш дасканала i рэалістычна выразбленымі робяцца галовы з перадачай індывідуальных рысаў твару.

— А чым гэта тлумачыцца?

— У самай глыбокай старажытнасці, калі пераважала калектыўнае загоннае паляванне, чалавек адчуваў сябе неад'емнай часткай калектыву — першабытнага гурта, а потым — роду. Па-за гуртам нельга было ні пракарміцца, ні збудаваць моцны будан, каб перачакаць лютыя па тых часах зімы. Таму ў старажытным каменным веку індывідуальнасць асабліва не праяўляласяу не выдзялялася. Акрамя таго, напачатку людзі не выдзялялі сябе i з жывёльнага свету. Успомнім, што розныя плямёны, як лічылі яны самі, вялі сваё паходжанне менавіта ад жывёл — мядзведзяў, ваўкоў i гэтак далей. Таму тагачаснага чалавека ў суродзіча ў першую чаргу i цікавіла жывёльнае, біялагічнае — здабыванне мяса, прадаўжэнне роду. А вось пазней, з распаўсюджаннем лука са стрэламі, вырасла роля індывідуальнага палявання. Спрытны паляўнічы i без дапамогі мог пакласці самага вялікага звера. Ен мог пратрымацца ў пушчы i адзін! Акрамя таго, у бронзавым веку ўскладнілася гаспадарчая i адпаведна мысліцельная дзейнасць чалавека. Паявіліся адносна заможныя лідэры, нават багатыя сем'і. Чалавек ужо ўсвядоміў сваю вышэйшасць над жывёльным светам, i сваю адметнасць сярод суродзічаў.


Загрузка...