ЧЫРВОНЫЯ КАМЯНІ


Бацька з сынам прыйшлі на гэты камяністы схіл гары, адолеўшы за паўдня цяжкі i далёкі шлях. Праз густы букавы лес абыходзілі вузкую, але доўгую азёрную затоку — гэта яшчэ каля самага іхняга паселішча. Прабіраліся глыбокім рэчышчам горнай рэчкі, што прапілавала ў каменных нетрах вузкую прорву-шчыліну. Затым лезлі ўверх звярынаю сцежкай, чапляючыся за выступы скал. I нарэшце, трапілі сюды, дзе скалы расступаліся, дзе было цёпла i светла ад блізкага шырокага неба над галавою i сонца.

— Які незвычайны лес! — здзівіўся хлопец, паказваючы на чэзлыя i пакручастыя дрэўцы, быццам прыгнечаныя нейкай немаччу.

— Але,— узрадаваўся бацька сынавай назіральнасці.— Глядзі i запамінай: дзе ў зямлі ляжаць чырвоныя камяні, там i лес такі недарослы. Бачыш, i трава тут асаблівая, не такая як у іншых мясцінах. Пад такой травою таксама можна шукаць гэты камень. А бывае — позняй восенню ўсё навокал заінела, а дзе-небудзь засталіся плямы на скалах без шэрані. Значыць, там таксама ён. Чырвоны камень мае такую чароўную моц, што мяняе i траву, i лес, i мароз яго не бярэ.

— Вырасцеш,—працягваў бацька,— сам будзеш хадзіць у горы, шукаць чырвоны камень i рабіць з яго бранзалеты, пярсцёнкі, шылы, нажы i яшчэ шмат якія патрэбныя чалавеку рэчы. I тады станеш самым паважаным у нашым родзе чалавекам. I на сходзе мудрэйшых табе заўсёды будзе пачэснае месца каля свяшчэннага агнішча, i кавалак мяса не звядзецца ў тваім гаршку.

Канешне, было спакусліва некалі сесці на шырокую лаву з расшчапанага букавага камля побач з самымі слаўнымі людзьмі, але калі тое будзе? Трэба, каб у яго спачатку вырасла вялікая барада i каб яна пасівела. А найбольш трэба было нечым заслужыцца перад суродзічамі. Яму ж зараз не церпілася заглыбіцца ў гэты дзівосны лес, урыцца ў россып камянёў i знайсці чырвоны камень, які, калі яго пацерці пяском, гарыць, як сонца, i слепіць вочы. I рэчы з такога каменя самыя прыгажэйшыя на свеце.

Бацька ішоў паперадзе i доўгай рукаяткай каменнай сякеры варушыў леташняе лісце, раскідаў у бакі мох, расчышчаючы горную пароду.

— Вось рудавата-зялёны камень. Знайшоўшы такі, будзь асабліва ўважлівы,— супыніўся бацька.

Ён лоўка ўхапіў камень у левую руку i стукнуў па ім абушком сякеры. Скарынка вокіслаў абсыпалася, i ў кавалку руды заззялі чырванаватыя іскрынкі медзі. Але яе было зусім мала, i бацька адкінуў знаходку ўбок.

У адным месцы сярод граніту выступаў цэлы пласт такой пароды, i тут горназдабытчыкі прыпыніліся даўжэй. Бацька сякерай, а сын звычайным каменем збівалі вокіслы з меднай руды i, нарэшце, проста пад нагамі знайшлі ладны кавалак каштоўнай самароднай медзі.

Бацька замілавана ўзважыў знаходку ў руцэ, абмацаў яе, агледзеў, а затым асцярожна, быццам магла разбіцца, паклаў у скураную торбу. Потым трапіўся яшчэ з дзесятак такіх большых i меншых камянёў, якія ляжалі ў восыпу пад руданосным пластом.

Побач з бацькам завіхаўся i сын. Ен таксама шукаў i запіхваў у торбу самародкі i ўяўляў, як заўтра ці паслязаўтра бацька сядзе пад разложыстым каштанам каля іхняй хаціны, пакладзе на калоду гранітную пліту-кавадла i каменным малатком пачне выкоўваць з медзі вострыя шылы, шыракалёзыя нажы, тонкія пласцінкі, з якіх потым зробіць бранзалеты або трубачкі для караляў. А ён будзе дапамагаць бацьку — шурпатым бруском загладжваць паверхні каваных вырабаў, вастрыць, паліраваць пяском да зіхаткога бляску.

А вечарам прыбяжыць з поля яго старэйшая сястра, пакладзе серп на паліцу i пачне прымяраць бранзалеты i каралі.

— Ну як? — запытаецца яна ў брата.

— Прыго-ожа! — у захапленні адкажа ён, любуючыся сонечнымі пералівамі на аздобах.

— Што задумаўся? — весела гукнуў бацька.— На разе хопіць, а то i не занясём. Давай збірацца вячэраць.

Бацька пайшоў да зарасніку барбарысу, разгарнуў калючае голле i за ім адкрылася ўтульная пляцоўка перад адвесным выступам скалы. Пад ім цямнела невялікая сухая пячора. Побач шарэла старым попелам агнішча. Бацька быў тут не першы раз, таму гэту мясціну ўжо добра ведаў.

Медзешукальнікі дасталі з торбы прыпасы — ладны пшанічны праснак, кавалак казінага сыру, некалькі сушаных рыбін. Хлопец высыпаў побач прыгаршчы назбіраных арэхаў.

— У канцы гэтага лесу крынічка,— сказаў бацька i працягнуў сыну гліняны кубак, які вынес з глыбіні пячоры. Хлопец, пераскокваючы з каменя на камень, пабег па ваду. I сапраўды, там, дзе за хвойнікам пачынаўся зараснік кустоўя, з расшчыліны цурчэла вада. Пакуль струменьчык напаўняў кубак, хлопец агледзеўся i прыкмеціў на лапіне вільготнага жвіру каля крынічкі свежыя адбіткі капытоў. Пакінуўшы кубак з вадою на плоскім камені, ён асцярожна праціснуўся праз зараснік.

За кустоўем на горным схіле паміж россыпу камянёў пасвіўся казліны статак — старыя казлы з цяжкімі закручастымі рагамі, казліхі з казлянятамі, маладняк.

— Там горныя козы,— узбуджана зашаптаў хлопец бацьку, калі, спяшаючыся, прынёс ваду.— За крыніцай.

— А што? — падхапіўся мужчына.— Калі пашанцуе, паспрабуем свежаніны,— і, адклаўшы ўбок галоўкі дзікай цыбулі, узяўся за лук.

Бацька з сынам падышлі да крынічкі. Прыпыніліся. Затым бацька наслініў палец i ўзняў яго ўгору, вызначаючы напрамак амаль неадчувальнага тут ветру.

— Добра,— ледзь чутна прашаптаў ён,— на нас цягне, не ўнюхаюць.

Козы былі на тым жа касагоры. Мужчына прыцэліўся i выпусціў стралу. Бліжэйшы козлік страпянуўся i пакаціўся па схіле, a ўвесь статак, збіваючы капытамі камяні, з тупатам сыпануў наўцёкі. Паляўнічыя пабеглі па здабычу, пераганяючы адзін другога. I калі ўжо схапілі козліка за рогі i бацька ўскінуў яго сабе на плечы, пачулі, што на вяршыні, куды зніклі козы, загрукатала.

— Сцеражыся! — крыкнуў бацька, схапіў сына за руку i кінуўся пад бліжэйшую скалу.

Грукат вокамгненна бліжэў, мацнеў, перарастаў у аглушальны гром. Ca свістам праляцелі першыя камяні, а затым у скалу ўрэзалася лавіна каменяпаду. Скала ўздрыгнула, але ўстояла. Лавіна ж, расшчапаўшыся надвое, панеслася ўніз i там абрынулася ў прорву, у каменнае нутро, якое адазвалася стогалосым рэхам.

Затым усё сціхла. Толькі над схілам яшчэ курэла воблака пылу ды рэзка пахла бітымі камянямі, як пахне, калі выбіваеш іскры з крэменю.

Аглушаныя i перапалоханыя, з пашарэлымі тварамі, бацька з сынам асцярожна вызірнулі з-за скалы. Касагору было не пазнаць. Каменная пустка ляжала перад імі, на якой там-сям курчыліся лапікі збітай ушчэнт травы, галелі бязлістыя, патрушчаныя дубцы кустоў. Ад рэдкіх тут дрэў засталіся толькi пашчапаныя пні. Усё знёс, збіў, зруйнаваў каменяпад. Нават частку ўпаляванага козліка, якога не паспелі добра прыхаваць пад скалою, быццам нажом, зрэзала нейкім пралятаючым каменем.

— Духі гор угневаліся на нас, што мы кранулі іхнія багацці,— ледзь варушачы вуснамі, прамовіў бацька.

Затым людзі асцярожна пайшлі з гэтай небяспечнай мясціны, баючыся зачапіць які камень, разбудзіць зноў напружаную каменную цішыню. I толькі перад надзейным сховам пячоры яны крыху асмялелі, пажвавелі. Расклалі вогнішча, i бацька на першыя ж языкі полымя кінуў кавалак казліны — духам-ахоўнікам. Другі паклаў зводдаль на камень. Гэты прызначаўся духам гор.

Добра гарэлі сухія дровы. Цёплы дым строма ўздымаўся ў пацямнелае вечаровае неба, на якім яшчэ няпэўна трымцела першая зорка. Глыбокія цясніны запоўнілі лілова-шэрыя цені, а яшчэ ніжэй, у тым баку, дзе было паселішча, затуманілася. Здавалася, што там выйшла з берагоў возера i затапіла падножжы веліканаў-гор. Велічны спакой запанаваў навокал. Толькі сцішана яшчэ падавала голас у лесе нейкая птушка, ды далёка ў скалах праклекатаў арол.

На абструганых палках, пакладзеных на рагулькі, смажылася мяса. Кроплі тлушчу падалі на вугалі, успыхвалі i стралялі дымнымі воблачкамі.

Хлопец, зачараваны таемнасцю вогнішча, глядзеў на кавалкі меднай руды, якімі былі ўмацаваныя рагулькі. Ад агню кавалкі распаліліся, i па ix хвалямі пераліваліся зеленаватыя, бурыя i чырвоныя колеры. Калі асабліва разгараліся дровы, камяні барвовелі, пачыналі зіхацець, астываючы,— цямнелі. Вокіслы даўно абгарэлі, i з руды іскрынкамі паблісквалі драбочкі медзі. I раптам хлопец прыкмеціў, як з аднаго найбольш распаленага кавалка, быццам сляза, выбегла i палілася на ніжэйшы камень вогненна-чырвоная кропля. Потым пацякла яшчэ i яшчэ — амаль малюсенькі ручаёк.

— Што гэта? — тузануў ён за рукаў бацьку.

Той таксама здзівіўся, убачыў шы, як сочыцца з каменя, быццам жывіца з надсечанай хвоі, нейкае рэчыва.

— Па колеру, як медзь,— паволі прамовіў бацька, не адводзячы вачэй ад відовішча. Потым палкай адгарнуў убок дровы i вугалі, каб агонь i дым не заміналі назіранню. Але кроплі перасталі выбягаць з руды. Лужынка ж пад ёй пачала паступова цямнець i набываць колер звыклай самароднай медзі. Бацька той жа палкай падчапіў i выкінуў з вогнішча металічны блінок. Калі той астыў, асцярожна ўзяў у рукі i пачаў з цікавасцю яго аглядаць. А потым нават пастукаў абушком сякеры. Так, гэта была сапраўдная медзь.

Рашыўшы праверыць сваю здагадку, бацька дастаў з дзённых знаходак кавалачак медзі i ўкінуў у самы жар.

Чакалі доўга. Падкладалі сушэйшыя дровы, падсоўвалі вугалі, ажно пакуль распалены кавалачак не размяк i не пачаў аплываць, ператвараючыся ў звілістую лужынку. Калі разгарнулі вугалі, яна зацвярдзела плоскім стрыжаньком.

— Ды гэта ж, як воск,— уголас разважаў бацька.— Калі холадна — цвёрды, як разагрэеш — быццам вада, а потым зноў застывае, набываючы новую форму. Але ж заўсёды дагэтуль i я сам, i мой бацька, i дзед, ды i ўсе іншыя майстры ў блізкім i далёкім наваколлі медзь кавалі. А спачатку, кажуць, нават спрабавалі аббіваць, як крэмень. А яна ж, бач, як воск... A калі так яе расплавіць i выліць у які раўчук, то застыне стрыжаньком. Значыць, значыць...— моршчыў ён загарэлы лоб,— калі ў пясчаніку зрабіць роўную баразёнку — атрымаем шыла. Калі ж яе зрабіць шырэй i плашчэй — вось табе лязо нажа або серп. Гэта ж намнога прасцей i хутчэй, чым каваць!

Назаўтра, калі ранішняе сонца прыбіла туман у даліны i падсушыла расу на камяністай сцежцы, бацька з сынам вярталіся дадому. Торба, напоўненая меддзю, важка цягнула плечы ўніз i самай дарагой ношай у ёй былі кавалачкі, што выплавіліся на іхнім вечаровым вогнішчы. Гэта была першая выплаўленая ў гэтых мясцінах медзь, першы метал, здабыты чалавекам з руды!


* * *

— Ведаеш, мне тут не ўсё зразумела,— сказаў Іван Пятровіч, прачытаўшы праз пару дзён мае першыя запісы.— Адкуль i пры чым горы?

— Я i сам над гэтым думаў,— няўпэўнена пачаў адказваць я.— Нейкая ў мяне перакананасць, што гэта маглі быць Альпы, i хутчэй за усе ix паўночны край, бо сонца апоўдні было над самымі высокімі вяршынямі. Цябе можа дзівіць — як мае продкі туды, ці лепш сказаць — адтуль трапілі? Давай паразважаем. Яны былі мне родзічы па жаночай або мужчынскай генеалагічнай лініі. Але не гэта важна. Важна тое, што яны там былі ў самым пачатку бронзавага веку— на мяжы трэцяга i другога тысячагоддзяў да нашай эры. I гэта зразумела, бо, каб яны адтуль выйшлі раней, напрыклад яшчэ ў папярэднім новакаменным веку — неаліце, гэтай гісторыі з імі б не здарылася i яна, адпаведна, не адклалася б у генетычнай, як ты кажаш, памяці. А вось ужо нашчадкі гэтага хлопчыка-медзешукальніка маглі апынуцца на Беларусі самымі рознымі шляхамі i ў розны час. Бо хоць па нашых пушчах ды балотах i не гойсала скіфская ці гунская конніца, але перамяшчэнні людзей, часам нават i масавыя, назіраліся. Менавіта ў пачатку бронзавага веку ад Рэйна ледзь не да сярэдняй Волгi распаўсюдзіліся плямёны, якія свае гаршкі чамусьці аздаблялі ўзорамі з адбіткаў шнура — плямёны культур шнуравой керамікі, як ix «ахрысцілі» археолагі. Зусім не выключана, што нехта з маіх продкаў мог паходзіць ca «шнуравікоў» i жыць нейкі час каля альпійскіх медзяносных радовішчаў. Канешне, той прашчур не трапіў да нас за год ці два. Хутчэй гэта быў яго нашчадак у якім дзесятым ці нават значна пазнейшым калене, i шлях вандровак яго папярэднікаў мог быць надзвычай пакручастым. Не выключаны нават зусім, здавалася б, неймаверны кірунак— праз Скандынавію.

— Гэта ты ўжо занадта,— не дaў веры Іван Пятровіч.

— Чаму занадта? «Шнуравікі» ў час сваёй найвялікшай экспансіі праз марскія пралівы трапілі ажно на гэты паўвостраў. А адтуль праз два з лішкам тысячагоддзі выселілася племя готаў, якое праз басейн Віслы i наша Пабужжа перавандравала ў паўночнае Прычарнамор'е. I ў час гэтага перамяшчэння яно затрымалася на Пабужжы не на адзін год. На ўскраіне Брэста археолагі раскапалі нават цэлы гоцкі могільнік. Мог продак трапіць i нядаўна — каля тысячагоддзя назад нa шляху «з варагаў у грэкі».

— Табе варта на гэтай версіі i спыніцца,— пакпіў з мяне сябра,— i сцвярджаць, што ты з роду вікінгаў.

— Не выключана, не выключана,— аджартаваўся я.— Наёмныя дружыны скандынаўскіх воінаў былі на службе ў полацкіх князёў i часам складалі гарнізоны парубежных замкаў. A менавіта такім замкам на тагачаснай беларуска-літоўскай мяжы было некалі маё роднае Мядзіла.

— На лішак сціпласці ты не хварэеш,— засмяяўся Іван Пятровіч.— Але я рады за цябе, што ўжо можаш жартаваць. З’яўленне гумару — адзнака, што хворы папраўляецца.

— А таксама верагодна,— працягваў я, робячы выгляд, што не зважаю на кепікі псіхолага,— што гэта магло адбыцца ў часы распаду Рымскай імперыі, у эпоху вялікага перасялення народаў, калі ў Еўропе забурліла, як у перагрэтым чыгуне. I куды толькі каго не занесла ў тую людскую завіруху: германцаў ажно ў Афрыку, славян — у Малую Азію i на поўнач Беларусь — таксама...


Загрузка...