ПА СЛЯДАХ ПЕРШАБЫТНЫХ ПАЛЯЎНІЧЫХ


Дык калі ж упершыню старажытны чалавек ступіў на зямлю, якую мы з вамі цяпер называем Беларуссю?

Навукай даказана, што першыя сталыя паселішчы чалавека, знойдзеныя тут, існавалі прыблізна 30-20 тысячагоддзяў таму назад. Даказана таксама, што 100 тысяч гадоў таму назад клімат на тэрыторыі нашай рэспублікі быў даволі цёплы, a раслінны i жывёльны свет шмат у чым падобны на сучасны. Таму вельмі верагодна, што яшчэ ў сярэднім палеаліце перад апошнім абледзяненнем чалавек мог знаходзіць тут прытулак i ежу.

Каля вёсак Клеявічы i Свяцілавічы Веткаўскага раёна, Падлужжа Чачэрскага раёна i Абідавічы Быхаўскага раёна на берагах Дняпра, Бесядзі i Сожа знойдзены адшчэпы, скрэблы i іншыя апрацаваныя крэмені, што нагадваюць сярэднепалеалітычныя — мусцьерскія[4] вырабы. Але знайсці ў гэтых мясцінах культурныя пласты паселішчаў, што сведчыла б пра тутэйшае сталае жыхарства, да гэтага часу не ўдалося.

Вось чаму мы можам сцвярджаць, што каля 100 тысячагоддзяў таму назад чалавек упершыню пачаў пранікаць на тэрыторыю сучаснай Беларусі, a засяліў яе толькі ў познім палеаліце.

Паміж першым з'яўленнем старажытнага чалавека на нашым Падняпроўі i часам яго вылучэння з жывёльнага свету як істоты, вырабляючай прылады працы, прайшло больш чым мільён гадоў, таму тут, мабыць, варта коратка ўспомніць папярэдні шлях развіцця ўсяго чалавечага грамадства.

Як вядома, чалавек паходзіць ад вышэйшых чалавекападобных малпаў, а рухаючай сілай яго вылучэння з жывёльнага свету i далейшага развіцця была грамадска-працоўная дзейнасць. Праца і, менавіта, праца калектыўная стварыла чалавека, развіла яго мысленне, прывяла да ўзнікнення чалавечай мовы. Працэс ачалавечвання меў некалькі этапаў. На першым далёкія продкі чалавека перайшлі ад надрэўнага да наземнага існавання, сталі ўсяеднымі, пачалі ўжываць палкі, косткі i нават камяні ў якасці прылад працы. Новы этап пачаўся з наўмыснага сістэматычнага вырабу прылад. У гэтым адно з асноўных адрозненняў першых людзей ад малпаў, бо апошнія таксама маглі ўжыць палку або камень, але толькі пры выпадку.

У 1960 годзе ў Афрыцы былі знойдзены рэшткі істоты, якая, мяркуючы па яе костках, перайшла да простастаячай хадзьбы i мела адносна вялікі аб'ём мозгу. Разам з косткамі былі знойдзены i абабітыя камяні — першыя несумненныя прылады працы! Вучоныя назвалі гэту істоту Homo habilis — чалавек умелы. Менавіта ён i быў ля калыскі чалавецтва. З часу яго існавання,— а гэта амаль 1000 000 гадоў таму назад,— i пачынаецца ўласна чалавечая гісторыя.

Больш як праз мільён гадоў «чалавека ўмелага» змянілі так званыя архантрапы — архаічныя людзі (пітэкантрапы, сінантрапы i інш.). У ix развіваецца ўсё больш устойлівая простастаячая хадзьба, аб'ём мозгу павялічыўся з 900 да 1200 кубічных сантыметраў.

Архантрапы жылі ў пячорах, выраблялі каменныя прылады працы, вялі калектыўнае паляванне, умелі карыстацца агнём, навучыліся членараздельна размаўляць.

К гэтаму часу чалавек ужо засяліў большую частку Афрыкі, поўдзень Азіі i Еўропы.

У сярэднім палеаліце, каля 100 тысяч гадоў таму назад, з'явіліся неандэртальцы — непасрэдныя папярэднікі сучаснага чалавека. Назва «неандэртальскі чалавек» паходзіць па месцы першай знаходкі ў даліне Неандэрталь, паблізу Дзюсельдорфа, у Германіі, у 1856 годзе.

Неандэртальцы былі сярэдняга росту, сутулыя, але вельм! дужыя. У будове ix чэрапа яшчэ захавалася шмат рысаў ад малпы. Яны былі нізкімі, з пакатымі лбамі, масіўныя надбооўі выступалі ўперад. Хоць мозг неандэртальца па аб'ёму i набліжаўся да мозга сучаснага чалавека, але яго лобныя долі, у якіх размешчаны цэнтр мыслення i тармажэння, былі развітыя слаба.

Чалавек сярэдняга палеаліту ўжо вырабляў з каменю i костак некалькі дзесяткаў тыпаў прылад працы, умеў здабываць агонь i будаваць жыллё, меў некаторыя рэлігійныя ўяўленні.

Неандэртальцы рассяліліся на значных прасторах Еўропы, Азіі i Афрыкі. У СССР вядомы знаходкі гэтых выкапнёвых людзей у Крыму i Узбекістане, а ix паселішчы — на тэрыторыях паўночнай Украіны, Браншчыны, Паволжа.

У познім палеаліце, які пачаўся каля 40 тысячагоддзяў таму назад, з'явіўся чалавек сучасны або Homo sapiens — чалавек разумны. У гэты ж перыяд адбываецца пераход ад першабытнага чалавечага статка да родавай абшчыны.

Адкрыццё стаянак позняга палеаліту ў Беларусі звязана з імем вядомага даследчыка К. М. Палікарповіча.

У 1926 годзе ён быў яшчэ маладым i мала вядомым археолагам, але за яго плячыма ўжо меўся не адзін дзесятак кіламетраў, пройдзеных па берагах прытокаў Дняпра. Там ён адкрыў шмат розначасовых помнікаў. У жніўні таго ж года, у час аднаго з такіх падарожжаў, на высокім беразе Сожа за два кіламетры ад Бердыжа Чачэрскага раёна Канстанцін Міхайлавіч знайшоў абломак зуба маманта, a ў верасні дапытлівы вучоны правёў тут невялікія раскопкі, дзе на глыбіні 4-х метраў яму ўдалося выявіць культурны пласт старажытнага паселішча з крамянёвымі прыладамі працы i косткамі жывёл.

Бердыжская стаянка даследавалася найбольш грунтоўна з усіх палеалітычных помнікаў Беларусі. Амаль на працягу дзесяці раскопачных сезонаў тут было даследавана каля трохсот квадратных метраў.

Асаблівую цікавасць гэты помнік уяўляе сваімі жытламі. Першае з ix было знойдзена яшчз ў раскопе 1927 года. Яно было авальнае ў плане i адносна невялікае — чатыры з паловай метры ў даўжыню. Яго сцены ўнізе былі ўмацаваныя буйнымі косткамі маманта: чарапамі, лапаткамі, тазавымі i трубчастымі косткамі. Падлога крыху заглыблялася ў зямлю. Навокал збудавання прасочваліся рэшткі агнішчаў.

Жытло, раскапанае ў наступных гадах, было таксама авальнае i поўзямлянкавае, але дасягала ў даўжыню 11 м. Сцены знізу таксама былі ўмацаваны косткамі маманта, але агнішча на гэты раз знаходзілася ўнутры збудавання, a таўшчыня пласта вугалю ў ім была больш як паўметра.

У агнішчах як бердыжскай, так i іншых познепалеалітычных стаянак Беларусі археолагі знайшлі шмат вугалю ад спаленых костак. I нічога тут дзіўнага няма, бо лясоў у прыледавіковай зоне было мала i таму даводзілася дровы замяняць косткамі.

Збоку ад жытла на бердыжскай стаянцы размяшчаліся гаспадарчыя ямы, у якіх, відавочна, захоўваліся запасы мяса. I зразумела, чаму гэтыя кладоўкі не выкопваліся ў саміх збудаваннях. Там было цёпла i мяса хутка псавалася б, a ў схованках за жытлом, выкапаных у вечнай мерзлаце, яно ляжала, нібы ў своеасаблівым халадзільніку.

Археолагі мяркуюць, што палеалітычныя жытлы накрываліся шкурамі мамантаў, якія падтрымліваліся «жэрдкамі» са звязаных рэбраў гэтых жывёл. Вы можаце здзіўлена запытаць: адкуль гэта археолагі даведаліся пра такія падрабязнасці? Але ўявіце самі сабе, што вы апынуліся на раскопе, на нашым месцы. Ужо расчышчаны нажамі i падмецены пэндзлямі — парушынкі нідзе няма — авал жытла, па краях якога захавалася сценка з костак маманта вышынёй ледзь не да метра. Унутры ж жыллёвага авала буйных костак, якімі мацавалася сценка, няма. Затое тут мноства рэбраў. Дык для чаго ж такія рэбры маглі спатрэбіцца, калі навокал ні аднаго добрага дрэўца, каб высекчы жэрдку?.. А для таго, каб трывалей стаяла жыллё, каб не абвальвалася яго «страха».

Вядома, найбольш мяса бердыжцы мелі ад упаляваных мамантаў, але, мяркуючы па знойдзеных костках, жыхары гэтай мясцовасці палявалі i на дзікіх коней, быкоў, бурых мядзведзяў, аленяў, ваўкоў, суслікаў, пясцоў.

Адзін знойдзены на паселішчы зуб маманта прадатавалі радыёвугляродным метадам. Аказалася, што гэты зуб праляжаў у зямлі 2З 430 гадоў. Вось прыблізна столькі гадоў назад i існавала Бердыжскае паселішча.

Наступная цікавая палеалітычная стаянка была выяўлена крыху пазней.

Гарачым ліпенем 1929 года К. М. Палікарповіч разам з беларускім археолагам А. Дз. Каваленяй шукаў па берагах Прыпяці стаянкі каменнага i бронзавага вякоў. Шлях уздоўж паўнаводнай палескай ракі прывёў ix у мястэчка Юравічы Калінкавіцкага раёна. У мястэчку археолагі сустрэлі мясцовага настаўніка Ю. Ю. Попела, які паказаў ім костку маманта, знойдзеную на стромкім схіле недалёкага яру.

Археолагі ў той жа дзень узяліся за рыдлёўкі. У шурфе натрапілася мноства патрушчаных костак. А вось расшчапаных чалавекам крэменяў, якія б сведчылі, што тут старажытнае паселішча, не было. Але надзея не пакінула даследчыкаў, i яны пачалі ўважліва аглядаць бліжэйшыя схілы яру i непадалёку ад шурфа сустрэлі цэлы пласт выкапнёвых костак, які выходзіў на паверхню. Зноў узяліся за рыдлёўкі i на вузкай расчышчанай пляцоўцы ўздоўж схілу ім адкрыліся рэшткі некалькіх маладых мамантаў, а сярод ix ляжалі i крамянёвыя прылады працы.

Прайшло лета. У верасні ў Юравічах зноў з'явіўся Канстанцін Міхайлавіч i пачаў грунтоўныя раскопкі новага помніка. Потым стаянка яшчэ даследавалася ў 1931, 1959 i 1960 гадах.

Раскопкі далі даволі шмат цікавых матэрыялаў. Былі ўскрыты рэшткі жыллёвага збудавання з умацаванымі каменнем падставамі сцен. Тут жа знаходзіліся агнішчы, абкладзеныя валунамі розных памераў i пясчанікавымі пліткамі, на якіх, напэўна, было зручна падсмажваць рыбу i мяса. A ў вогнішчах знаходзілася мноства касцянога вугалю — i тут косткі былі асноўным палівам.

Знойдзеныя на гэтым помніку крамянёвыя прылады працы былі падобныя да матэрыялаў з іншых познепалеалітычных стаянак. Сярод знаходак асаблівую ўвагу звярталі на сябе пласткі з крута рэтушаваным краем i масіўная апрацаваная пласціна, якая магла выкарыстоўвацца i як наканечнік дзіды i як нож.

Сярод касцяных вырабаў сустрэты зламаная землекапалка i фрагмент прылады, арнаментаваны прадрапанымі шасцівугольнікамі i лукаткамі.

Узрост Юравіцкай стаянкі таксама быў вызначаны па зубу маманта — 26 470 гадоў таму назад.

Яшчэ да самага нядаўняга часу пра сярэдні каменны век можна было сказаць вельмі мала.

Знаходкі неалітычнага часу на Беларусі вядомы з XIX стагоддзя. Першыя палеалітычныя стаянкі былі адкрыты ў 20-х гадах бягучага стагоддзя. А што можна сказаць пра мезалітычныя? Зрэдку на пясчаных дзюнах непадалёку ад рачных берагоў знаходзілі крамянёвыя прылады з гэтай эпохі. Вось, бадай, i ўсё. Сярод некаторых вучоных нават усталявалася думка, што мезалітычнае насельніцтва з'яўлялася вельмі рухавым i ўслед за дзічынай часта перамяшчалася з месца на месца. Таму, маўляў, i не захавалася слядоў яго больш-менш доўгачасовых паселішчаў.

Але, калі ўдумацца, дык хочацца сказаць: навошта былі тыя частыя вандраванні! Гэта ж не ў тундры, дзе паўночныя алені ў пошуках корму ў розныя поры года перамяшчаюцца на сотні кіламетраў. Нашы ж продкі i 7 тысячагоддзяў таму назад палявалі ў навакольных лясах на ласёў, высакародных аленяў, тураў, зуброў, дзікоў, зайцоў i на іншую «аседлую» дзічыну. Ці ж патрэбны былі ў такім выпадку самім паляўнічым гэтыя вандраванні?

Не, мабыць, асноўнай прычынай малой даследаванасці мезаліту з'яўлялася тое, што вучоныя спачатку мала звярталі ўвагі на яго вывучэнне. Бо знаходкі былі сціплыя — крэменьчыкі i толькі. Гэта ж не палеалітычная стаянка — там мноства костак маманта, часам цэлыя нагрувашчванні. Такое ўражвае. На неалітычных паселішчах рэштак маманта, безумоўна, няма, але затое там шмат арнаментаванага посуду.

А на мезалітычных стаянках, што сустракаліся археолагам, ні костак, ні керамікі не было. Тлумачыцца гэта тым, што культурныя пласты эпохі мезаліту звычайна залягаюць на пясках, дзе ўсе арганічныя рэчывы даўно знішчыліся, a гаршкоў тады яшчэ не ляпілі.

Толькі ў самы апошні час даследчыкі грунтоўна заняліся мезалітам, бо трэба было шукаць вытокі пазнейшых археалагічных культур. I адкрыцці не прымусілі сябе доўга чакаць. Было знойдзена шмат мясцін, дзе працяглы час жылі людзі сярэдняга каменнага веку, дзе захаваліся культурныя пласты i дзе цяпер сустракаецца мноства крамянёвых вырабаў, характэрных для гэтага часу,— наканечнікаў стрэлаў i дзідаў, дробных мікралітычных вырабаў, скрабалак, разцоў i г. д.

Бадай-што адна з багацейшых на Беларусі мезалітычнымі знаходкамі мясцін знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці на правым беразе Нёмана паміж вёскамі Збляны i Беліца Лідскага раёна. Ваколіцы Зблян упершыню да следаваў настаўнік мясцовай школы Ф. Ф. Барташэвіч, а каля Беліцы працаваў акадэмік Г. I. Гарэцкі.

...Праходзіш паміж гэтымі вёскамі па краі высокай надрэчнай тэрасы i ледзь не на кожным кроку сустракаеш апрацаваныя чалавекам крэмені — яго прылады працы. I гэта на ўчастку даўжынёй каля трох кіламетраў!

А пасярод гэтай вялікай тэрыторыі тэрасу пераразае яр з аплыўшымі схіламі. Мясцовы яр — сучаснік людзей, што жылі тут больш як шэсць тысяч гадоў таму назад. Толькі тады ён быў «малады», дажджавая вада падмывала яго стромкія берагі i мутная збягала ў недалёкі Неман. Паступова Неман адступіў ад берага i паглыбіў сваё рэчышча. I нарэшце так выйшла, што вада аказалася далека ад паселішча. Жыць тутэйшаму насельніцтву стала нязручна, i яно перасялілася ў іншыя мясціны. Але гэта адбылося ўжо ў пачатку неаліту.

Мноства каменных прылад наводзіць на думку, што знаходак тут было б значна болей, каб захаваліся вырабы з костак, рагоў i дрэва. Шкада, што вялікая колькасць рэчаў нашых продкаў згніла, рассыпалася ў пыл, загінула беззваротна.

Але бываюць выпадкі, калі ў рукі археолагу трапляюцца не толькі каменныя вырабы.

Не даязджаючы да Смаргоні кіламетраў шэсць па шашы Мінск — Вільнюс, непадалёку ад вёскі Міхневічы, на левабярэжным поплаве Віліі размешчаны кар'ер. Цяпер яго правільней было б назваць штучным возерам, бо плошча выпрацоўкі дасягае некалькіх квадратных кіламетраў, a глыбіня болей чым 10 м. Кар'ер злучаны з Віліяй вузкай пратокай і, адпаведна, поўны вады, у якой развялося безліч рыбы. Ажно з самога Мінска сюды прыязджаюць рыбакі. Сядзяць яны на беразе і, калі пашанцуе, ловяць рыбу. А пасярод кар'ера-возера плаваюць спецыяльныя ўстаноўкі, што здабываюць жвір i пясок для патрэб мясцовага завода будаўнічых матэрыялаў. Сядзяць на беразе рыбакі i не ведаюць, што гэтыя ўстаноўкі час ад часу разам са жвірам «вывуджваюць» нешта каштоўнейшае, чым якія там плоткі або шчупакі.

Вілія тысячагоддзямі адкладала пясок i жвір на поплаве, ды i цяпер нямала наносіць ix паводкамі. ! таму ў намытым землясмокамі матэрыяле сустракаюцца старыя галёшы, кавалкі дроту, іржавыя гранаты часоў першай сусветнай вайны. Але для даследчыкаў старажытнасці маюць цікавасць іншыя знаходкі з кар'ера — каменныя сякеры бронзавага веку, косткі даўно вымершых жывёлін i... вырабы з pora i костак, што датуюцца мезалітам.

Самыя прыгожыя са знаходак — сякеры, змайстраваныя з рога высакароднага аленя. Яны маюць доўгі абушок i вузкае завостранае з аднаго боку лязо. У прыладах прасвідраваны або прадзяўбаны адтуліны для замацавання рукаятак. Карацейшыя сякеры адтуліны не маюць. Яны, як i некаторыя цяслы i матыкі, замацоўваліся ў рукаятцы з дапамогай муфтаў. Сустрэта сярод знаходак i адна такая муфта.

Шмат якія рогі i косткі маюць сляды апрацоўкі ў выглядзе розных нарэзак i насечак. Некаторыя знаходкі моцна адпаліраваныя. Яны, магчыма, ужываліся як землякопныя прылады.

Большасць рагоў i костак з кар'ера захавалася. Так, відаць, атрымалася таму, што рэчы пасля ix вырабу ў хуткім часе былі засыпаны тоўстым пластом зямлі, дзе адсутнічалі ўмовы для гніення. А магло быць i інакш.

Адказаць на гэта пытанне нам дапамог высокі ўзгорак, які часткова захаваўся ў выглядзе тэрасы на краі кар'ера. На яго паверхні сустрэліся апрацаваныя крэмені мезалітычнага часу, што сведчылі аб наяўнасці тут у старажытнасці чалавечай стаянкі.

I мабыць усё было так...

Нейкіх 8 тысячагоддзяў таму назад гэты ўзгорак быў большы, а можа ўвогуле тут да самай ракі падыходзіў клін высокай тэрасы, i толькі пазней плынь адрэзала яго, ператварыўшы ў востраў пасярод балоцістага поплаву. I вось на краі гэтага ўзгорка размяшчалася стаянка мезалітычных паляўнічых, рыбакоў i збіральнікаў — некалькі шалашападобных пабудоў, накрытых шкурамі або трыснягом. У кожную паводку з Смаргонрака падмывала бераг i частка яго абрушвалася ў ваду разам з тым, што на ім знаходзілася — дрэвамі, рэшткамі пабудоў, вогнішчаў. Часам напор вады быў такі імклівы, што жыхарам у паніцы даводзілася ўцякаць на больш бяспечную мясціну, не паспеўшы захапіць з сабой прылады працы i рэчы хатняга ўжытку.

Вось такім чынам гэтыя ўсе сякеры, матыкі, цяслы, востраканечнікі, муфты i да т. п. апынуліся на дне ракі, а затым былі замытыя яе адкладамі.

У палеаліце стала быў заселены толькі поўдзень i паўднёвы усход сучаснай тэрыторыі рэспублікі. У басейны Нёмана i Дзвіны чалавек у гэты час толькі пачынаў пранікаць, ды i то ў самым канцы эпохі. У мезаліце ж тэрыторыя цяперашняй Беларусі ўжо поўнасцю была асвоена нашымі продкамі. Помнікі сярэдняга каменнага веку сустракаюцца не толькі на Дняпры, Прыпяці, Дзвіне i Немане, але i на берагах невялікіх прытокаў i азёраў.

У пачатку мезаліту ўсю заходнюю тэрыторыю сучаснай Беларусі засялялі плямёны так званай свідэрскай культуры, якія яшчэ ў самым канцы папярэдняй эпохі праніклі сюды з тэрыторыі сучаснай Польшчы. Уплывы «свідэрцаў» распаўсюджваліся i на астатнюю частку Беларуси Іх прыладамі з'яўляліся лістападобныя наканечнікі стрэлаў з рэтушаваным чаранком i з падрэтушоўкай на вастрыі, разцы i скрабалкі, змайстраваныя з пласткоў. Пасля свідэрскіх пасяліліся плямёны, якія ўжывалі як дробныя прылады працы, так i буйныя — крамянёвыя ўкладышы для стрэлаў, гарпуноў, нажы, сякеры, матыкі, цяслы. На ніжняй Прыпяці былі распаўсюджаны больш дробныя крамянёвыя вырабы, а на Падняпроўі — буйнейшыя.


А цяпер пазнаёмімся з тым, што адбывалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў неаліце — новым каменным веку.


Загрузка...