НА БЕРАГАХ ДНЯПРА, ПРЫПЯЦІ І ДЗВІНЫ


Палессе!..

У каго з вас пры вымаўленні гэтага слова не ўзнікаюць асацыяцыі з бясконцымі балотамі, камарамі, пясчанымі выспамі, мохам ля камлёў старых ялін. Шырокая Прыпяць цячэ між зялёных паплавоў на ўсход, да Дняпра, а злева i справа ад яе гіганцкімі коскамі i дужкамі рассыпалася безліч затокаў i старыц. Веснавой паводкай усе паплавы заліваюцца вадой, i тады рака нагадвае сабой мора, толькі дзесьці далека на пясчаных буграх ледзь прыкметна сінее лес. Сушэйшыя месцы з вёскамі, вёсачкамі на ix ператвараюцца тады ў сапраўдныя астравы, між якімі толькі адна сувязь — на чоўне.

Здаўна прывыклі думаць, што Палессе — гэта нейкая закінутая зямля, амаль зялёная пустыня, дзе толькі плодзяцца жабы, казуркі i дзікія звяры, а людзей там можна на пальцах пералічыць. Нават не так даўно некаторыя вучоныя безапеляцыйна заяўлялі, што ў старажытнасці Палессе ўвогуле было не заселена чалавекам.

Але калі тут пачаліся сапраўдныя археалагічныя даследаванні, то выявілася зусім іншае — гэты край яшчэ ў глыбокай старажытнасці быў заселены людзьмі, прытым даволі густа.

У чым жа найбольшую патрэбу меў першабытны чалавек? У дзічыне i рыбе. A ў лясах i балотах Палесся, у шматлікіх прыпяцкіх затоках i старыцах усяго гэтага было хоць адбаўляй. Таму i чалавеку тут хапала ежы. Амаль на кожным грудку ўздоўж Прыпяці сустракаюцца рэшткі неалітычных паселішчаў. Археолаг i тут знаходзіць абломкі гаршкоў, крамянёвыя вырабы, рэшткі агнішчаў...

Як мы ўжо казалі, заходнюю частку Палесся ў новым каменным веку засялялі плямёны нёманскай культуры. На ўсходнім Палессі жылі плямёны, роднасныя панямонскім. Іх помнікі ствараюць асобную, так званую днепраданецкую культуру. Такая назва яе паходзіць ад таго, што паселішчы гэтага народа займалі вялікую тэрыторыю ад сучаснай Міншчыны на поўначы i аж да Дняпроўскіх парогаў на поўдні, ад правабярэжных прытокаў Дняпра аж да басейна Дона.

У раннім неаліце, гэта значыць, у IV тысячагоддзі i першых стагоддзях III тысячагоддзя да н. э., між нёманскай i днепра-данецкай культурамі было шмат чаго агульнага. Але з сярэдзіны III тысячагоддзя да н. э. пачынаюць выразна праяўляцца i адрозненні. У той час тэрыторыя днепра-данецкай культуры значна скарацілася, бо паўднёвую яе частку ледзь не да сучасных межаў БССР занялі іншыя плямёны, якія прыйшлі з поўдня. Адчуваўся націск суседзяў i на ўсходніх граніцах культуры. У сваю чаргу на захад тэрыторыі сучаснай Беларусі прасочваюцца ўплывы культур лейкападобных кубкаў i шарападобных амфар. Такія акалічнасці i прывялі да таго, што ў матэрыяльнай культуры позненеалітычных плямёнаў заходняй i паўднёва-ўсходняй Беларусі ўзніклі адрозненні, якія асабліва назіраліся ў кераміцы.

На ніжняй Прыпяці, таксама як i на поўдні сучаснай тэрыторыі Гомельшчыны, у раннім неаліце ўжываліся вастрадонныя пасудзіны з простымі сценкамі. Сціплая арнаментацыя складалася з адбіткаў грабянца, розных плыткіх копачак i пракрэсленых рысак. Як i на Немане, брыж гаршкоў падкрэсліваўся нязменным шэрагам глыбокіх круглых ямак. У пазнейшы час пры лепцы посуду ў гліну ўсё радзей дабаўлялі раслінныя рэшткі. Іх пачалі замяняць пяском або жарствой. Гаршкі, хоць паранейшаму вастрадонныя, пачалі набываць большую ўскладненасць формы — брыж крыху адгінаўся вонкі, з'явіліся шыйка i рабрыстасць на корпусе. У арнаментах значнае месца пачалі займаць наколкі канцом розных штампаў — палачак, пласткоў...

Сярод прылад працы ў мясцовага насельніцтва былі шырока распаўсюджаны розныя скрабалкі, нажы, разцы, сякеры... Ужываліся трохвугольныя наканечнікі стрэлаў, хоць сустракаліся, асабліва на ўсходзе, i лістападобныя экземпляры, У познім неаліце з'явіліся шліфавальныя прылады.

Каля пасёлка Юравічы Калінкавіцкага раёна ў левабярэжжы Прыпяці размешчана старыца даўжынёй больш за кіламетр, злучаная з Прыпяццю рэчкай Закотай. Гэты зацішны i рыбны вадаём мясцовыя палешукі называюць возерам, як, дарэчы, называюць i амаль кожную рачную старыцу.

Але справа не ў самім возеры, a ў пясчаных выспах, якія прытуліліся вакол яго. Іх тут шмат, i амаль на кожнай захоўваюцца сляды існавання першабытных людзей. Там, дзе старыца звужаецца i непрыкметна пераходзіць у рэчку Закоту, знаходзяцца дзве выспы з найбольш багатымі рэшткамі жыццядзейнасці неалітычнага чалавека. Гэтыя пункты ў археолагаў атрымалі па назве возера ўмоўныя назвы «Ліцвін-1» i «Ліцвін-2».

Пад час раскопак гэтых паселішчаў было знойдзена некалькі тысяч абломкаў разнастайных гаршкоў, больш паўтысячы апрацаваных крэменяў. Тут жа меліся рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, складзенымі з камянёў. Асаблівую цікавасць уяўляе адкрыццё поўзямлянкі авальнай формы, прыблізныя памеры якой былі 5х3,5 м, a глыбіня да 1 м.

Хоць у паўднёва-ўсходняй Беларусі даследавалася яшчэ некалькі цудоўных помнікаў днепра-данецкай культуры, але найбольш яны вядомы на Украіне, дзе ix грунтоўна вывучалі. Праца ўкраінскіх вучоных дазволіла значна папоўніць звесткі па гэтай культуры. У прыватнасці, там былі знойдзены старажытныя могільнікі. Памёршых закопвалі ў выцягнутым становішчы, пасыпаўшы вохрай. З касцямі ляжала шмат розных падвесак з зубоў жывёл, касцяных пласткоў — відаць, жыхары паселішчаў днепра-данецкай культуры любілі багата аздабляць сваю вопратку i цела.

Ёсць сведчанні i таго, што ім, апрача палявання, былі вядомы рыбацтва, збіральніцтва i вытворчыя формы гаспадарання. На некаторых помніках выпала знайсці косткі свойскага быка, свінні i сабакі, матыкі i чарапкі посуду з адбіткамі ячных зярнят.

Верхняе Падняпроўе ў неаліце было кутком, куды пранікалі розныя культурныя ўплывы. Але справа, напэўна, не заўсёды абмяжоўвалася толькі ўплывамі...

Неалітычныя матэрыялы тут знаходзілі даўно, яшчэ ў мінулым стагоддзі. З таго часу выяўлена каля сотні неалітычных помнікаў. Некаторыя з ix нават раскопваліся. Але ў мясцовай культуры пакуль што шмат чаго маецца незразумелага i невядомага.

На верхнедняпроўскіх неалітычных паселішчах сустракаецца разнастайная кераміка: гаршкі з вострым або закругленым дном, з простымі або крыху зведзенымі ўнутр верхнімі часткамі сценак. Часамі на пасудзінах меліся патаўшчэнні — каўнерыкі. Дамешкі ў гліне, з якой ляпіліся гаршкі, былі розныя — трава, пясок, жарства. Сценкі гатовых керамічных вырабаў упрыгожваліся рознымі грабянцовымі адбіткамі, ямкамі, наколкамі, насечкамі. На некаторых вырабах сустракаюцца мала вядомыя для асноўнай тэрыторыі Беларусі рысы — паверхні спрэс арнаментаваліся глыбокімі круглымі або падоўжанымі ямкамі, адбіткамі шыраказубага штампа. Не менш характэрнымі былі i так званыя лапкавыя ўзоры— адбіткі канцом палачкі, густа абкручанай ніткай.

Калі ўважліва разгледзець форму пасудзін i яе арнаментацыю, то можна ў ix прыкмеціць рысы i днепраданецкай культуры i культуры ямачна-грабеньчатай керамікі, плямёны якой у неаліце засялялі Волга-Окскае міжрэчча. На Верхняе Падняпроўе рабілі ўплыў i некаторыя іншыя культуры.

Што адметна вылучае мясцовыя помнікі, дык гэта мноства крамянёвых вырабаў i ўвогуле розных расшчапаных крэменяў i абломкаў, якія звычайна бываюць пры вырабе прылад працы. I не дзіўна, бо тут сустракаецца шмат крэмненосных крэйдавых радовішчаў. Мясцовае насельніцтва не адчувала недахопу ў сыравіне, як гэта было, напрыклад, на Ніжняй Прыпяці i асабліва на тэрыторыі Беларускага Паазер'я.

На найбольш даследаваным у Верхнім Падняпроўі помніку — паселішчы Стрэліца ля вёскі Рудня Шлягінская Веткаўскага раёна толькі адных крамянёвых адшчэпаў знойдзена амаль тры тысячы, тут жа ў раскопцы мелася больш за 450 несумненных крамянёвых прылад-скрабалак, нажоў, наканечнікаў стрэлаў.

Калі «Стрэліца» цікава вялікай колькасцю знаходак, то на помніках «Востраў» каля вёскі Залессе Чачэрскага раёна i «Сасонка» ля вёскі Лучын Рагачоўскага раёна, апрача крамянёвых вырабаў i фрагментаў керамікі, знойдзены рэшткі жытлаў. На «Востраве» гэта была нейкая наземная хаціна, унутры якой на паўметровай глыбіні размяшчалася вогнішча, выкладзенае патрэсканымі камянямі. У «Сасонцы» жытло было некалькі іншае. Яно крыху заглыблялася ў зямлю i мела памеры 3,4X2,4 м. У яго цэнтры знаходзілася вялікае агнішча. Па краях жытла прасочаны рэшткі шасці слупоў, якія ўтваралі каркас сцен i падтрымлівалі страху.

Неалітычныя помнікі Верхняга Падняпроўя вучоныя аб'ядноўваюць у верхнедняпроўскую археалагічную культуру. Апрача таго, яны мяркуюць, што ў IV i III тысячагоддзях да н. э. сюды пранікалі носьбіты i іншых культур.

Усё беларускае Паазер'е, якое займае поўнач рэспублікі, у неаліце засялялі плямёны з вельмі своеасаблівай культурай. Рэшткі ix паселішчаў вучоныя адкрываюць пераважна ў нізкіх балоцістых мясцінах, а найчасцей у тарфяніках. Усе знаходкі звычайна пакрыты зверху тоўстым пластом торфу. Такія ўмовы ператваралі помнікі ў своеасаблівыя шчыльна закрытыя, як бы закансерваваныя слоікі, дзе, на шчасце археолага, захаваліся не толькі гліняныя чарапкі пасудзін i крамянёвыя прылады, але i вырабы з дрэва, кары, рагоў, костак.

Якое мноства самых разнастайных знаходак чакае тут даследчыка! Ускрывае ён пласт за пластом i быццам чытае інвентарную кніжку Зямлі.

Усё гэта радуе, але засмучае іншае — вельмі ж ужо на нізкіх мясцінах знаходзяцца тут рэшткі паселішчаў, вада літаральна залівае раскопкі, чэрпай яе i чэрпай, калі што хочаш знайсці. Часта бывае ў бліжэйшай рэчцы або возеры вада стаіць вышэй, чым на помніку залягае культурны пласт. У такім разе вадаём i раскопка ператвараюцца ў сазлучаныя сасуды...

Не ўсюды бываюць аднолькавыя ўмовы для раскопак. Напрыклад, капаеш сабе на Немане паселішча каменнага веку на высокім беразе або на якім-небудзь сухім грудку, дзе поплаў, а вакол зелянеюць ці лес, ці поле, ці луг. Сонца, птушкі, кветкі — прыгажосць!

А на Паазер'і сядзіш дзе-небудзь на тарфяным балоце i бачыш, як у раскопцы пласт паступова пачынае ператварацца ў нейкую брудную мешанку i рабочыя не паспяваюць вычэрпваць ваду. Глянеш убок — як вокам акінуць хмызняк, асіны чэзлыя, трава балотная ледзь не ў рост чалавека... Зірнеш пад ногі — нейкіх казурак незлічонае мноства поўзае, а то i гадзюка бачна на купоне. Скруцілася i быццам пільнуе таямніцы тысячагоддзяў.

У сонечны дзень балота хутка выпараецца i робіцца душна, як у лазні. Пачынаеш пацець, i тут над табой з'яўляецца хмара куслівых аваднёў... У рэчцы паратунак слабы: у ёй шмат гразі, a калі пракладзены канал на асушаным тарфяніку,— яна плыткая.

Характер ранняй неалітычнай культуры на тэрыторыі паўночнай часткі сучаснай Беларусі можна ўявіць, прагледзеўшы матэрыялы з тарфянікавага паселішча ля вёскі Зацэнне Лагойскага раёна.

Гадоў з дзесяць таму назад рашылі асушыць тарфянікі, што паміж вёскамі Ліпкі i Зацэнне. Прыйшлі экскаватары, i праз нейкі час балота было перарэзана сеткай каналаў, а рэчка Цна паглыблена i выпрамлена. Якраз ля новага моста праз Цну, паблізу шашы Барысаў — Плешчаніцы, коўш экскаватара выцягнуў з-пад двухметровай тарфяной тоўшчы нейкія кавалкі струхлелага дрэва, вуголле, косткі, чарапкі глінянага посуду. Ляжалі гэтыя рэчы на паверхні i паступова разбураліся ад сонца s ветру. I напэўна зніклі б яны зусім, каб на ix не звярнуў увагу жыхар Зацэння Сяргей Шубара. Ён сабраў знаходкі i паведаміў у райцэнтр. У сваю чаргу рэдактар лагойскай газеты Б. Сасноўскі напісаў пра адкрыццё ў Акадэмію навук, i праз некалькі дзён на Цне ўжо былі археолагі.

А матэрыял тут быў сапраўды унікальны. Абломкі гаршкоў выглядалі як вельмі старажытныя. Яны былі тонкія, рыхлыя, з дамешкамі травы i тоўчаных ракавін у гліне. Мяркуючы па фрагментах, пасудзіны мелі вострыя донцы i крыху зведзеныя ўверсе сценкі, арнаментаваныя толькі рэдкімі паскамі грабянцовых адбіткаў або плыткіх копачак пад брыжам. Сярод касцяных i рагавых знаходак звярталі на сябе ўвагу долатападобныя прылады з расшчапаных уздоўж тоўстых трубчастых костак, свідраваныя матыкі i канічныя наканечнікі стрэлаў. Крамянёвых вырабаў было адносна мала — скрабалкі, пласткі з рэтушам, некалькі лістападобных наканечнікаў.

У Зацэнні праводзіліся i некаторыя раскопкі, але капаць тут вельмі цяжка, бо культурны пласт заліваецца тарфяной вадой.

Знойдзеная на гэтым помніку кераміка шмат якімі рысамі нагадвае ранненеалітычныя матэрыялы з украінскага Падняпроўя, з заходняй Беларусі i паўднёва-ўсходняй Прыбалтыкі. Менавіта ў Прыбалтыцы знойдзены бліжэйшыя аналогіі вырабаў з костак i рагоў.

Больш-менш такая ж, як i ў Зацэнні, кераміка знойдзена ў іншых месцах Паазер'я — ля вёскі Сосенка на

Віліі, Бабінавічы Лёзненскага, Лаўкі Чашніцкага раёнаў. Але паколькі ўсе гэтыя стаянкі на пясках, то там не захавалася знаходак з арганічных рэчываў. Такім чынам, мы маем падставу сказаць, што ў раннім неаліце беларускае Падзвінне, значную частку верхняй Віліі i Бярэзіны Дняпроўскай займалі плямёны з аднолькавай культурай, якая Мела шмат агульнага з іншымі тагачаснымі культурамі на тэрыторыях рэспублікі, паўночнай Украіны i паўднёва-усходняй Прыбалтыкі.

Улічваюцы найбольшае падабенства з прыбалтыйскімі матэрыяламі, дзе ў той час былі распаўсюджаны помнікі так званай нарвенскай культуры, мы, хоць i з пэўнай перасцярогай, i сучасную паўночную частку Беларусі ўключаем у яе арэал, вылучаючы тут асобны крывінскі варыянт нарвенскай культуры.

Трэба было даведацца, калі існавалі ў Паазер'і ранненеалітычныя плямёны. Для гэтага з культурнага пласта паселішча Зацэнне ўзялі вугаль i зрабілі аналіз. I тады аказалася, што чалавек тут упершыню пасяліўся ў сярэдзіне IV тысячагоддзя да н. э., гэта значыць, каля пяці з паловай тысячагоддзяў таму назад.

У III тысячагоддзі да н. э. з ужытку людзей паазерскіх стаянак знікаюць рагавыя свідраваныя матыкі i долатападобныя прылады з трубчастых костак. У гэты час па невядомых яшчэ нам прычынах тутэйшыя жыхары пачынаюць ужываць кераміку, сценкі якой выраўноўваліся малаточкамі. У арнаментацыі гліняных вырабаў грабянцовыя адбіткі адыходзяць на другі план, саступаючы месца розным насечкам, наколкам i нават пракрэсленым рысам.

З канца III — пачатку II тысячагоддзя ў «гаршкалепнай» справе на тэрыторыі сучаснага Паазер'я зноў наступаюць змены. Асартымент керамічных вырабаў павялічыўся: апрача гаршкоў, з'явіліся міскі, кубкі, мініяцюрныя пасудзінкі. Сценкі посуду пачалі густа штрыхаваць, зверху наносіўся арнамент з частых паскаў адбіткаў розных штампаў, завостраных палачак, пласткоў, грабянца, трубчастых костак. У гэты час сустракаюцца i гіласкадонныя гаршкі, арнаментаваныя спрэс або толькі ўверсе.

Тарфянікавыя помнікі ІІІ i II тысячагоддзяў характарызуюцца незвычайным багаццем рэчаў з рога, костак, дрэва. Але пералічваць ix не будзем, бо менавіта пра гэтыя знаходкі мы ў асноўным i гаварылі, калі характарызавалі матэрыяльную культуру неалітычнага насельніцтва на сучаснай тэрыторыі нашай рэспублікі.

Важна адзначыць, што ў першай палове II тысячагоддзя да н. э. сюды пранікаюць моцныя ўплывы з Падняпроўя. Гэта тлумачыцца перасяленнем на поўнач часткі дняпроўскага позненеалітычнага насельніцтва. Крыху пазней тут з'явіліся i плямёны культуры шнуравой керамікі.

Калі матэрыялы III тысячагоддзя ўсё яшчэ маюць характэрныя рысы нарвенскай культуры, то для першай паловы II тысячагоддзя археолагі палічылі патрэбным Ьылучыць у нашым Падзвінні асобную паўночна-беларускую культуру, пачаткі якой адносяцца яшчэ да новага каменнага веку, а далейшае развіццё праходзіла ўжо ў наступную эпоху — бронзавым веку.

Помнікі нарвенскай i паўночна-беларускай культур на Паазер'і трапляюцца паўсюдна, але найбольш вядомыя знойдзены на Крывінскім тарфяніку якраз на мяжы Сенненскага i Бешанковіцкага раёнаў. Тут паміж вёскамі Галоўск i Асавец спрадвеку было непраходнае балота, праз якое пятляла павольная, але глыбокая рэчка Крывінка.

Ужо ў савецкі час, у 30-х гадах, балота пачалі асушваць. Праз нейкіх 700 м на паўночны захад ад Галоўска землякопы сустрэлі рэшткі неалітычнага паселішча. Сабраныя матэрыялы — некалькі гліняных чарапкоў i костак трапілі да вядомага нашага балатазнаўца У. С. Дактуроўскага, а затым былі перададзены археолагу К. М. Палікарповічу, які пазней пачаў даследаваць помнік. Раскопкі праводзіліся ў 1934 i 1939 гадах i далі шмат цікавых матэрыялаў, але калекцыі ў час вайны былі вывезены ў Германію, а назад вярнуліся толькі ў нязначнай колькасці.

Пасля вайны раскопкі працягваліся. За ўвесь час даследавання помніка было раскапана больш як 500 квадратных метраў i атрымана каля 10 000 розных знаходак — керамікі, вырабаў з костак, рога, дрэва i каменю.

У 1966 годзе непадалёку ад вёскі Асавец на Крывінскім тарфяніку было адшукана яшчэ адно падобнае паселішча. Яно дало надзвычай многа цікавых знаходак, у тым ліку i рэчаў мастацтва — скульптурак, гравіровак на кераміцы, розных упрыгожванняў. На асавецкім помніку ўжо каторы год даследуюцца i рэшткі старадаўняга драўлянага жытла.

Але, як i на ўсіх тарфяніках, частка культурнага пласта на помніках ля Крывінкі залягае ніжэй узроўню вады ў рэчцы. Гэта вельмі ўскладняе раскопкі. Пры вывучэнні асавецкага паселішча аднойчы адбыўся такі выпадак. 'Даследчыкі вычарпалі ваду з раскопкі, зачысцілі яе дно, знялі тарфяны пыл з драўляных канструкцый i вечарам пайшлі адпачываць у свой лагер. Вярталіся раніцой i вачам не верылі — раскопка аж па самыя краі напоўнілася рудой вадой, на паверхні якой плавалі рэшткі калоў, абломкі слупоў i іншыя часткі пабудовы, да якіх нават рукой дакрануцца баяліся, каб не зрушыць з месца.

А здарылася гэта таму, што пры вытоку Крывінкі з Сенненскага возера адкрылі шлюз,вада ў рэчцы паднялася i зусім затапіла нашу раскопку... Добра, што ў папярэдні дзень паспелі замаляваць драўляныя канструкцыі.

Дык можа i сапраўды на Паазер'і ў каменным веку жылі нейкія дзіўныя людзі, якія чамусьці любілі сяліцца ледзь не ў самай вадзе? Таямніцу дапамаглі разгадаць геолагі. У 111 тысячагоддзі да н. э. клімат на тэрыторыі Беларусі быў значна сушэйшы, чым цяпер. A калі выпадала менш дажджоў, то i ўзровень вады ў вадаёмах быў ніжэйшы. Таму ў мясцінах, дзе сёння балота або бераг возера, у неалітычны час меліся сухія i зручныя для засялення ўчасткі зямлі. У II тысячагоддзі да н. э. колькасць ападкаў павялічылася, больш паўнаводнымі сталі рэкі i азёры, утварыліся новыя балоты на значных плошчах.

Але гэта, зразумела, не быў нейкі там біблейскі патоп «за сорак дзён i начэй». Змены берагавой лініі адбываліся вельмі павольна. Людзі паступова пераносілі сваё жытло на вышэйшыя ўчасткі, a рэшткі ранейшых паселішчаў апынуліся ў вадзе.

Праходзілі сотні гадоў. Плытчэйшыя мясціны вадаёмаў зарасталі, торф пакрыў рэшткі жыццядзейнасці чалавека.

Хоць увільгатненне клімату было найбольш значным менавіта на Паазер'і, але яно адбывалася i на астатняй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Справа ў тым, што за межам! апошняга абледзянення., г. зн. у басейнах Дняпра,

Прыпяці i Немана, ужо існавала развітая сістэма вадасцёку. Таму тут амаль i не сустракаецца тарфянікавых помнікаў каменнага веку. А шкада, бо толькі на такіх аб'ектах можна знайсці найбольш поўны асартымент рэчаў, якімі карысталіся старадаўнія жыхары Беларусі.

У 122З годзе ў бітве на Калцы воіны ўсходнеславянскіх княстваў упершыню скрыжавалі свае мячы з мангольскімі шаблямі. Былі ў той незабыўнай бітве i нашы продкі. У 1238 годзе татара-мангольскія орды ўварваліся i на тэрыторыю Беларусі. Пачалася крывавая барацьба за свабоду i незалежнасць.

Даследаванні археолагаў сведчаць, што гэта было далека не першае з'яўленне выхадцаў з Азіі на нашых землях. За тры з паловай тысячагоддзі да нашэсця хана Батыя тэрыторыя сучаснай Беларусі была месцам, куды пранікалі іншыя людзі з Усходу.

Раскопваючы стаянку на беразе Скемы — маляўнічай пратокі паміж Нараччу i Мястрам, нам удалося знайсці абломкі таўстасценных ляпных гаршкоў, арнаментаваных грабянцовымі адбіткамі i ямкамі, Такія матэрыялы на Беларусі давялося ўбачыць упершыню. Яны сведчылі аб тым, што на Мядзельшчыне напаткаліся сляды невядомай тут археалагічнай культуры. Праўда, у Літве, Латвіі, Эстоніі, Ленінградскай вобласці вучоныя ўжо знаходзілі рэшткі паселішчаў, на якіх сустракаліся абломкі добра абпаленых гаршкоў мехападобнай формы з акруглымі донцамі. Тубыльцы з зайздросным пастаянствам упрыгожвалі свае пасудзіны гарызантальнымі паскамі адбіткаў шыраказубага штампа i глыбокіх круглых ямачак. Сярод крамянёвых прылад працы найбольш характэрнымі былі наканечнікі стрэлаў у выглядзе вярбовага ліста.

Улічваючы характар керамічных вырабаў, археолагі сталі ўмоўна называць культуру такіх помнікаў культу рай тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі. Чаму менавіта «тыповай»? Таму, што на іншых тэрыторыях сустракаецца кераміка з менш выразнай арнаментацыяй — «нетыповая».

Які ж народ жыў на гэтых паселішчах, каму належалі такія гаршкі? Што ён быў не мясцовага паходжання, вядома, бо да сярэдзіны III тысячагоддзя да н. э. у паўднёва-ўсходняй Прыбалтыцы, як i на тэрыторыі Беларускай Поўначы, жылі плямёны з зусім іншай культурай.

Адкуль з'явіліся прышэльцы? Археолагі сцвярджаюць, што з паўночнага ўсходу. Адсюль носьбіты грабеньчата-ямачнай керамікі пачалі распаўсюджвацца на тэрыторыі сучаснай Эстоніі, Латвіі i Літвы. Яны нават дасягнулі нізоўяў Нёмана.

У Прыбалтыцы знойдзены пахаванні гэтага часу. Аналіз чалавечых касцякоў паказаў, што адна частка прышэльцаў мела выразныя мангалоідныя рысы, другая — еўрапеоідныя. Сустракаліся i змешаныя тыпы. Такім чынам, у расавых адносінах прышэльцы былі змешаныя, i сярод ix нярэдка трапляліся асобы, што па свайму знешняму выгляду былі вельмі падобныя на тых, з якімі нашы продкі праз чатыры з паловай тысячы гадоў сустрэліся на Калцы.

Даследаванні на поўначы Беларусі паказалі, што тып стаянкі ля Скемы не адзінкавы на гэтай тэрыторыі. Праз некаторы час былі знойдзены помнікі культуры тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі ля вёскі Малмыгі Вілейскага раёна, на Лепельскіх i Ліснянскіх азёрах.

У Прыбалтыцы такіх помнікаў шмат, бо гэтая культура ў другой палове IІІ тысячагоддзя да н. э. тут мясцінамі з'яўлялася дамінуючай, i асабліва ў Эстоніі.

На Віцебшчыне i паўночнай Міншчыне было наадварот — на берагах азёр i рэк па-ранейшаму жылі мясцовыя плямёны нарвенскай культуры, а там-сям знаходзіліся раскіданыя рэдкія паселішчы нешматлікіх прышэльцаў. Гэта была апошняя хваля аднаго з «вялікіх перасяленняў» старажытнасці, якая, аслабленая, дакацілася да рэчак i азёр, што на сучаснай Віцебшчыне, i захлынулася ў мясцовым этнічным моры.

Пакуль што цяжка гаварыць аб узаемаадносінах паміж тубыльцамі i плямёнамі прышэльцаў. Напэўна былі i сутычкі, бо мясцовае насельніцтва не магло абыякава адносіцца да перасяленцаў, якія пачалі паляваць i лавіць рыбу ў тутэйшых лясах i азёрах. Але з цягам часу новыя людзі змяшаліся з носьбітамі нарвенскай культуры i поўнасцю асіміляваліся.


Загрузка...