— Ну і што ты будзеш рабіць з гэтай халерай? — гукнуў, перабіваючы думкі, дзед Трахім: дзед стаяў ля весніц і пыхкаў беламорынай.

— Як што? Адрэстаўруем. Выставім на продаж, — унук выцяў бетоннага балвана мыском чаравіка. — Думаю, пару тысяч баксаў возьмем.

— Эгэ-э, Міколка… Каму ён патрэбны? — стары папярхнуўся дымам, здушана закашляў. — Вунь і нос адбіты… і ў дзірах увесь…

— Каверны замажам, нос прылепім… пафарбуем. Карацей, будзе правадыр як навюткі… Ты вось што, дзеду… — унук азір­нуўся, увабраў галаву у плечы, — трэба хлопцам… з пільні… пару пляшак паставіць… Пазыч да вечара… Гасюта прыедзе — аддасць.

Стары нічога не сказаў і толькі зварухнуў пальцамі, рахуючы — колькі яшчэ дзён унук прабудзе на пагасцінах.


Па абедзе Трахім прылёг на тапчан, адразу ж заснуў і неўзабаве быў абуджаны лескатаннем Гасютавага трактара. Трактар ехаў па вуліцы, і ззаду за ім, уздымаючы пылюку, валачылася на тросе таўшчэзная калода.

— Божухна, і калі гэта ўсё скончыцца? — прашаптаў стары і з вохканнем выйшаў на ганак.

Ля Трахімавай хаты тым часам ужо збіраўся народ.

— Чаго вылупіліся? — гыркаў Гасюта на цётак, што ішлі да крамы, ды спыніліся паглядзець — што мальцы будуць рабіць з цурбаном ды бетоннай камлыгай. Цёткі паправілі хусткі на галовах, стоена зашапталіся, а Гасюта падхапіў з-пад плота доўгую жардзіну, загнаў тонкі канец пад цурбан, і яны на пару з Міколам пакацілі яловы кругляк да весніц. Усё было б нішто, ды надарылася неспадзеўка: жардзіна з трэскам абламалася, стукнула Міколу па карку, і кампаньён, пачуўшы смех грамады, злосна выдыхнуў:

— Г’анд-доны…

Працаваць у атачэнні натоўпу не выпадала, а таму, падкаціўшы калоду да весніц, Гасюта абабіў перапэцканыя ў яловую жывіцу рукі і голасна, каб чула грамада, абвясціў:

— На сёння ўсё!

«І тузанулі ж мяне за язык,— падумаў Трахім, правёўшы далонню па няголеным падбароддзі, — ляжаў бы сабе на дне, пакуль не спрах, дык не… выцягнулі нячысціка…» — стары уздыхнуў, падаўся ў хату, і следам за ім, заглушыўшы трактар і абмацюкаўшы грамаду, рушылі Мікола з Гасютам.

— Ну што за людзі! З усяго пасёлка збеглася. Нібыта ніхто калоды не бачыў… — ад парога гукнуў знерваваны ўнук, а дзед, пазяхнуўшы ў далонь, лёг на тапчан, змучана перавёў дых.

На кухні рыпнула падлога, і Гасюта — з воклічам «Обана!» — грукнуў аб стол чымсьці цвёрдым.

— Ай, малайца-а! — акрыялым голасам азваўся Мікола.

— Хопіць ім і адной… Летась пілавінне грузіў — ні хера не праставілі…— растлумачыў Гасюта, а Мікола ўдарыў у ладкі і кінуўся ў сені, дзе стаяла газавая пліта.

— Зараз, бляха, яечню згламэздаем.

Пакуль Мікола завіхаўся з патэльняй, Гасюта, падобна, адкаркоўваў пляшку, потым бразнуў шклянкамі і нягучна прамовіў:

— Яму выкапаеш… Сантыметраў на семдзесят, глыбей не трэба. Заўтра ад ранку калоду паставім, а ў абед Сівоха кран падгоніць.

У шклянцы — стоена, але разам з тым упэўнена — зацурчэла гарэлка, і пад тыя чароўныя гукі Трахім заплюшчыў павекі.


На наступны дзень, ад самага ранку, у Трахімавай хаце грукалі дзверы, звінелі шклянкі і лілася п’яная гамонка. Першымі завіталі два хлопцы з піларамы, і Мікола пабег да тутэйшых цыганоў па самагонку. Бліжэй да абеду ў хату ўваліліся Гасюта з вадзілам аўтакрана, усе разам дапілі цыганскую акавіту і, трымаючы пад пахі аднаго з пільшчыкаў, пайшлі ўздымаць правадыра на «п’едэстал».

Дзед Трахім зроду не хрысціўся, а тут, пабачыўшы, як п’яны ўнук убіўся пад бетонную камлыгу, што завісла, як той вісельнік, у паветры, тыцнуў самлелымі пальцамі ў лоб, жывот і ў левае плячо. Схоплены за шыю сталёвай зашмаргай, правадыр крутнуўся спачатку ў адзін бок, потым у другі, нарэшце спыніўся, Мікола абхапіў правадыра ўладнымі рукамі, і той паволі асунуўся на калоду.

Хвілін праз дзесяць, пабачыўшы ў дзвярах унука — цэлага і жывога, стары яшчэ раз перахрысціўся і без шкадавання аддаў Міколу пяцьдзясят тысяч адной паперкай — апошнія грошы, якія былі ў хаце.

Вечарам у хату завітаў яшчэ адзін госць — Данік Крываблоцкі. Данік той, немалады ўжо, сівагаловы мужчына, працаваў у цэху шырспажыву. Вырабляў помнікі з мармуровай крошкі, ляпіў барэльефы памерлых персанальных пенсіянераў і, вядома ж, убачыўшы бюст з адбітым носам, тут жа зайшоў у хату, каб прапанаваць свае паслугі.

…За вокнамі ўжо святлела, а на кухні ўсё яшчэ гаманілі і здушана мацюкаліся.

— Калян… ты хоць ведаеш… з кім маеш справу? — п’яным голасам пытаўся Данік Крываблоцкі і, пасля страшэнна працяглай паўзы, адказваў: — Ты маеш справу з прафесійным скульптарам.

Калян доўга і неразборліва мыкаў, потым чхнуў — ды так гучна, што абудзіў Гасюту; Гасюта, у сваю чаргу, таксама мыкнуў, але тут жа суняўся, і на кухні чарговым разам зазвінелі шклянкі.

— У Гасюты, небаракі, ужо і галава не трымаецца… на стол падае, — прабубніў Крываблоцкі і зычнейшым голасам працягваў: — Карабейнікаву помнік бачыў?.. За дзень зляпіў!.. Зяць Карабейнікаў прыехаў, паглядзеў — даў пяцьсот «зялёных»… Казаў: «Кідай усё, прыязджай да нас у Піцер — табе цаны не будзе…» — на кухні зацурчэла гарэлка, і Мікола прасіпеў: — А но-ос?

— Алебастравы прыляплю… Будзе лепшы за твой…— выгукнуў Крываблоцкі, хлопцы чокнуліся, і ў гэты момант штосьці масіўнае і важкае абрынулася на падлогу.

Дзед Трахім адсунуў фіранку. На падлозе, нязграбна раскінуўшы рукі, ляжаў упіты Гасюта.

— Каб вас парвала ад той гарэлкі, — азваўся стары і з вохканнем кульнуўся на левую бачыну.


Пад самую раніцу хата напоўнілася нялюдскім храпам. На кухні, падклаўшы пад галаву палена, хроп Гасюта, а ў святліцы дзерлі тхара Мікола з Крываблоцкім. Данік з Міколам спалі на канапе ніжнікам, пры гэтым дзедаў унук часцяком падбрыкваў правай нагой, біў Крываблоцкаму пяткай у лоб; скульптар на кароткі міг аціхаў, мыляў вуснамі і пачынаў храпці з яшчэ большай сілай. І вось, калі Данік схрапянуў ужо зусім ашалела, і дзед Трахім апусціў руку пад тапчан, шукаючы — чым кінуць у храпуна, на падворку пачуліся крокі, і нехта дробна пастукаў у шыбу.

— Ці ў вас мой апівуда? — крыкнула Гасютава жонка, і ад таго крыку забрахаў суседскі сабака, а Данік з унукам пера­сталі храпці і зморана застагналі.

Падняла мужа Гасюціха даволі хутка: плюснула з вядра халоднай вады, а потым, мацюкнуўшыся, агрэла небараку паленам. Удар атрымаўся глухім, але трапным. Дзед Трахім, лежачы за фіранкай, уражана залыпаў вачыма, а Данік з Міколам стаілі дых і з жаласлівым гукам выпусцілі паветра.

Гасючысіны праклёны заціхлі на другім канцы вуліцы, навакольныя сабакі збрахаліся да сіпу, залезлі ў будкі, і змучаную дзедаву душу падхапіў і панёс па сваіх цёмных лабірынтах доўгачаканы, а таму цяжкі сон.

І прыснілася дзеду пахаванне Сталіна. Спачатку ў свядомасці нарадзіліся гукі: гул золкага ветру ў разбітых вокнах дэпо, лясканне жалобных сцягоў над галавою, галасісты, з засопленым прыдыханнем плач начальніцкай жонкі. Трахім страсянуў ува сне галавой і тут жа ўбачыў стрыжаныя патыліцы, чорную зеўру гучнагаварыльніка і заплаканую начальніцкую жонку.

— Міканор… як жа мы цяпер… без яго?.. — здушана галасіла кабеціна, уткнуўшыся лобам у пагон мужавага шыняля.

— Капа, нам усім цяжка… — мармытаў начальнік дэпо, неадрыўна пазіраючы ўгору — туды, дзе завіхаліся ўвішныя вераб’і і дзе вісеў бляшаны рупар гучнагаварыльніка.

Трахім агледзеў краем вока натоўп і знерухомеў ад нечаканасці. Праваруч, у атачэнні паравознікаў, стаялі Мікола з Гасютам. Абодва былі на ладным падпітку, абодва смалілі папяросы і задаволена пасміхаліся, падставіўшы золкаму ветру свае — Мікола малочна-белыя, а Гасюта пракурана-пажоўклыя — зубы.

«Божухна, забяруць!» — мільганула падспудная думка, і ў гэты момант бляшаны рупар крактануў, вераб’і разам узняліся ў паветра, і наваколле напоўніў хрыпучы левітанаўскі голас:

— Пайшоў з жыцця прадаўжальнік вялікай справы Леніна, друг і настаўнік працоўных усяго свету… — Левітан зрабіў паўзу, за спінай раней часу загуў ды асекся паравозны гудок, і чыйсьці знаёмы голас пакутліва выдыхнуў: — Фу, бл…ь, як цяжка…

Стары размежыў павекі. Уваччу паплыло, а потым замёрла на месцы квяцістая фіранка.

— Ой, бля, як цяжка! — застагнаў Данік Крываблоцкі, і Трахім адхінуў фіранку.

Гадзіннік на кухні паказваў палову на дзясятую.

— Паміраю… сэрца спыняецца…— чародным разам выдыхнуў Данік і з вохканнем раскінуў убокі рукі і ногі.

Мікола тым часам ужо ляжаў на падлозе. Сэрца ў скульптара, відаць, і сапраўды спынялася, бо Данік быў белы, як палатно, а ніжняя сківіца безупынку калацілася.

«Каб жа не памёр, халера на яго»,— падумаў стары і, апанаваны трывожнымі думкамі, палез пад тапчан, дзе яшчэ з Калядаў была прыхаваная пляшка «чарніла».

…Данік піў «Водар мяты» нагбом, з рыльца, а выпіўшы паўбутэлькі, задаволена адрыгнуў і гукнуў праз плячук: — Гасюта!

— Сышоў… яшчэ зранку, — азваўся дзед Трахім і, сцішыўшы голас, дадаў: — П’юць, пакуль на падлогу не зваляцца.

ІІІ

Неўзабаве Данік пайшоў з хаты, але праз гадзіну вярнуўся.

— Дай… — неакрэслена выдыхнуў скульптар, з нецярплівасцю страсянуўшы рукамі.

— Чаго табе даць? — не зразумеў Трахім.

— Ну гэты, як яго?.. — Крываблоцкі скрывіўся, крутнуў пальцамі — гэткім рухам звычайна ўкручваюць лямпачкі — і з шумам увабраў паветра, згадваючы, як называецца тое, што яму трэба. — Ну гэты… во, — госць тыцнуў пальцам у кут, і дзед Трахім крутнуў галавою.

— Услон табе трэба, ці што?

— А во-во… услон, — прасвятлеў з твару Крываблоцкі.

Данік падхапіў услон, зірнуў на Міколу, які ляжаў на падлозе і пакутаваў з пахмелля, і падаўся на двор.

— Зусім мазгі прапіў, — уздыхнуў стары.

Не ведаючы, чым заняць рукі, Трахім спачатку схапіўся за дзяркач, потым запіхнуў у торбу пустыя бутэлькі, нарэшце адчыніў акно і ўпусціў у пракураную хату свежага паветра.

На двары цвыркалі вераб’і, на суседняй вуліцы гарлалі пеўні, непадалёку ляскатаў трактар — няйначай, Гасютаў, — і да ўсіх тых суладных зыкаў далучалася звонкае і разам з тым непрыемнае шаргаценне. Гэта Данік, узбіўшыся на ўслон, раскеўзваў кельняй па камлызе нейкую шэрую гліну.

«І што з усяго гэтага будзе?»— падумаў Трахім, вынес у сенцы торбу з бутэлькамі, а калі ізноў зірнуў у акно, дык убачыў нейкага дарэшты апухлага мальца, які стаяў за Данікавай спінай і паціраў далонню пляшывую макаўку.

— Хто гэта цябе так? — запытаўся Крываблоцкі, і стары пазнаў у апухлым мальцы свайго суседа Гасюту.

— Ваўчыца… хто ж яшчэ…— Гасюта ўздыхнуў, зацкавана паглядзеў на камлыгу: — Алебастрам мажаш, ці як?

— Алебастрам, — незадаволена выгукнуў Крываблоцкі, а замазаўшы чарговую дзірку, прамармытаў: — Ідзі… пакінулі там табе… на пахмелку.

Стары адышоў ад акна, соладка пазяхнуў наастачу і падаўся на тапчан.

— Калян! Ты там жывы? — грымнуў праз пару хвілін сіпаты Гасютаў голас, але стары не пачуў тых слоў — ён соладка спаў, і квяцістая фіранка ледзь прыкметна варушылася ў такт ягонаму дыханню.


У суботу дзед Трахім напаліў лазню. Мыўся цэлую гадзіну, да змору схвастаў сябе дубовым венікам і, відаць, схвастаў бы да смерці, калі б у прымыльніку не загрукацеў вёдрамі ўнук Мікола.

— Нітрафарба… і ацэтон не бярэ, — крыкнуў унук, шухнуў вады на камні і, сеўшы на палок, стаў шараваць кавалкам пемзы свае перапэцканыя белай фарбай далоні.

З лазні дзед выкуліўся на ватных нагах і, перш чым ісці да хаты, доўга збіраўся з сіламі, трымаючыся за дзвярны вушак. Сэрца парывіста тахкала, слых поўніўся звонам, а ў нос лез нейкі незнаёмы пах, які нагадваў водар чаромхі. Ён, гэты пах, хаця і не быў рэзкім, але вярнуў да жыцця. Трахім удыхнуў праз нос п’янкога паветра, і ў той жа міг галава прасвятлела, звон увушшу суціх і знямелыя ногі наліліся гарачай крывёю.

Пакуль ішоў гародам, увесь час маракаваў: чым гэта пахне? — і ўжо ля самай хаты, згадаўшы перапэцканыя Міколавы рукі, задыхана прашаптаў: — Фарбай засмярдзела.

Толькі што сэрца хваравіта замірала і гатовае было спыніцца, а тут ёкнула і спужанай птушкай забілася ў грудзіне. Стары ўбачыў СТАЛІНА!

У першае імгненне нават здалося, што правадыр жывы — стаіць, бялюсенькі, краем вока зазіраючы ў ягоны, Трахімаў, агарод. Трахім і так быў мокры пасля лазні, а тут увесь твар заліло потам. Стары падхапіў дрыжачай рукой прыпол кашулі, хацеў выцерці твар, ды пачуў раптам ломкі хлапечы голас:

— Дзядуля, а хто гэта такі?

Падшыванцы, як заўсёды, сядзелі на плоце і хрумкалі недаспелыя яблыкі.

— Гэта, мальцы, Сталін! — крэкнуў Трахім, выціраючы мокры лоб.

— А хто ён такі? — падаў голас светлавалосы малец.

Трахім уважліва паглядзеў на падшыванца: ці не пасмейваецца пракуда са старога чалавека? Але вочы хлапечыя свяціліся непадкупнай цікавасцю, і стары кашлянуў у далонь.

— Ну, гэта… — сказаўшы так, Трахім задумаўся, засяроджана пачухаў гарляк: — Ну, карацей, яго ўсе баяліся. Пры ім парадак быў — о-го-го! У нас у дэпо адзін на працу спазніўся, дык два гады далі… з правам перапіскі.

— А вы, дзядуля, таксама Сталіна баяліся?

— Анягож… і я баяўся.

— А ён кім быў? Тэрмінатарам? — русявы падшыванец з такой асалодай куснуў яблык, што нават сок пацёк па падбародку.

— Цябе як завуць? — запытаўся Трахім, пазіраючы то на падшыванца, то на бацьку-Сталіна.

— Пецькам, — адказаў малец і з невядомай прычыны пакутліва ўздыхнуў.

«І чым толькі ў іх галовы забітыя?» — падумаў дзед Трахім, ідучы да хаты, і, пакуль дайшоў да ганка, тры разы азірнуўся, каб паглядзець на правадыра.


Увесь вечар ля бюста тоўпіліся людзі.

«Як жывы, як жывы…»— наўзахваткі шапталі старыя цёткі, і ўнук Мікола, слухаючы праз адчыненае акно людскую гаману, задаволена паціраў рукі і раз-пораз гукаў:

— Чуеш, дзеду?! Здаю бюст за пяць тысяч баксаў! І ні цэнта меней…

— Эгэ-э… Міколка… Каму ён патрэбны? — азываўся з тапчана стары Трахім, — у людзей грошай на хлеб не стае, а яны табе будуць нейкія бюсты купляць.

— Гэта ў цябе не стае, а ў «крутых» грошай як гразі…— Мікола ўкінуў у рот цыгарэціну, пстрыкнуў запальнічкай і прыслухаўся: нападворку хтосьці зусім па-дурному загарлаў:

— Сталин — наша слава боевая-а…


Сталин — нашей юности полё-от…

Трахім падхапіўся з ляжанкі, падышоў да акна і незадаволена вылаяўся: на падворку, узяўшы пад руку Юстына Капітонавіча Дуба, былога ваенкама, стаяла і гарлала на ўсе застаўкі Аўгіння Міканораўна Кароткая — актывістка раённага савета ветэранаў вайны і працы.

— Прынёс нячысцік, — буркнуў Трахім і, прычакаўшы, калі Аўгіння праспявае апошні радок: — Наш народ за Сталиным идио-от! — зачыніў акно адразу на дзве аканіцы.

Аўгіння Кароткая ў час вайны мыла порткі партызанскаму камандзіру, а цяпер, начапіўшы медальку, цягалася па горадзе і, сустрэўшы Трахіма, кожны раз апавядала — як яны адбіваліся ад карнікаў, як яе ледзь не забіла асколкам гранаты і, уздыхнуўшы, абавязкова прамаўляла:

— Вам хоць добра было, вы ў тыле сядзелі.

— Пасядзела б ты, карга лупатая, у тыле… пад нямецкімі бомбамі, — суцішна казаў услед актывістцы Трахім і доўга потым хадзіў не ў гуморы.

…Дзве галавы — сівая ваенкамаўская ды чарнявая Аўгінніна — праплылі міма вокнаў, і Трахім, пятым разам згадаўшы нячысціка, патупаў да дзвярэй.

Ён сустрэў гасцей на ганку. Выставіў чэрава, абапёрся рукой на вушак і тым самым даў зразумець, што ў хату нікога не запрашае.

— Ну, Трафім Пятровіч, не ведаю, як табе і дзячыць! — прамовіў былы ваенкам, ціснучы Трахімаву руку. — Гэта, скажу табе, вялікі патрыятычны ўчынак.

— Я нават праслязілася, як Іосіфа Вісарыёнавіча пабачыла, — уставіла слова Аўгіння Кароткая, плаксіва шморгнула носам і палезла ў кішэнь па насоўку.

— Сёння ж патэлефаную ў цэка партыі і пашлю ліст Генадзю Андрэевічу Зюганаву. Пра такую падзею павінен ведаць увесь свет, — Юстын Капітонавіч кашлянуў у жменю, крыху прыцішыў голас. — Вось толькі месца для помніка няўдалае. Трэба яго ў цэнтр перанесці — туды, дзе стаяў…

— Каб дзятва нос адбіла? — весела крыкнуў з кухні Мікола.

Юстына Капітонавіча такая заўвага прыкметна азадачыла. Ён ускудлаціў сівыя валасы на патыліцы, з разважнасцю ў голасе прамармытаў:

— У савеце паставім. А там пабачым.

— Мы, як яго выцягвалі, дзесяць літраў саляркі спалілі, дзве бляшанкі нітрафарбы скарысталі і скульптару за працу трыццаць даляраў заплацілі. Так што задарма не аддамо! — крыкнуў Мікола, і госць, выцягнуўшы шыю, запытаўся:

— Дык колькі вы хочаце?

— Дзве скрыні гарэлкі! —гаркнуў Мікола.

Госць пасля такіх слоў нават хістануўся — задужа высокай падалася цана. Цётка Аўгіння падхапіла яго пад руку, павяла да весніц і на развітанне крыкнула праз плячо:

— Мы ў савеце падумаем.

— Падумайце… добра падумайце… — прасіпеў услед гасцям Трахім і з грукатам — аж парахня пасыпалася са столі — зачыніў дзверы.

— Дык што ж ты… То пяць тысяч хацеў, то на дзве скрыні пагадзіўся, — прамовіў Трахім, забіраючыся на тапчан.

— Ды пажартаваў я… — адказаў унук, стомлена зяхнуўшы ў далонь, — у гэтых сталінскіх пацукоў грошай і на бутэльку не знойдзецца.

Мікола пстрыкнуў выключальнікам і потым доўга мармытаў у цемры, услых прыкідваючы, колькі «бабак» давядзецца даць Гасюту і колькі «кінуць» дзеду.

ІV

Наступнага дня, ад самай раніцы, пачаў сеяць дакучлівы дождж. Трахім, запаліўшы ў печы, з ціхай радасцю падумаў, што гасцей такім часам не будзе, і тут жа ўгледзеў, як у змакрэлым акне мільгануў пакамечаны капялюш. Праз імгненне ў сенях затупалі, і на парозе паўстаў карэспандэнт раённай газеты Аркадзь Нічыпарук. Карэспандэнт зняў капялюш, страсянуў, збіваючы дажджавыя кроплі, і мутнаватымі, яшчэ дарэшты не працверазелымі вачыма агледзеў хату.

Аркашка Нічыпарук даводзіўся Трахіму сваяком: быў жанаты з дзедавай пляменніцай, і хаця пасля таго змяніў яшчэ дзвюх жонак, сваяцкіх сувязяў не цураўся — зрэдзьчасу забягаў у хату, куляў чарку і раз на год — звычайна на Вялікдзень — прывозіў на рэдакцыйным «Масквічы» мех крадзенага камбікорму.

Кіўнуўшы сваяку, Аркашка зазірнуў у святліцу, а ўбачыўшы брудныя Міколавы пяткі, што тырчалі з-пад коўдры, скамандаваў:

— Гвардыя, падйо-ом!

— Інтэрв’ю прыйшоў узяць, — патлумачыў Аркашка, выцягваючы з нутраной кішэні плашча пляшку «чарніла» і зашмальцаваны блакнот.

Хвілін праз пяць, глынуўшы віна, Нічыпарук стаў распытваць Міколу — з якіх віроў быў выцягнуты сталінскі бюст, — а дзед Трахім, якому да млосці абрыдлі п’янкі, ціхенька выслізнуў з хаты. Стары сеў на ганку і стаў слухаць — як падаюць з капяжу рэдкія кроплі, як квохча ў хляве, наракаючы на дождж, стары певень і як на кухні, наракаючы на зладзюгу-рэдактара, бубніць Аркашка Нічыпарук:

— Немагчыма стала працаваць — рэжа ўсё пад корань. Пры камуністах і то лягчэй было…

Пазяхнуўшы, стары налёг спінай на дзверы, заплюшчыў вочы, і калі — праз паўгадзіны — сваяк выходзіў з хаты, кульнуўся таму пад ногі. Сваяк ад нечаканасці падскочыў, выпусціў з рота папяросіну і, дапамагаючы Трахіму падняцца, прамармытаў:

— Ну, Пятровіч, у цябе і жарцікі…

Потым карэспандэнт доўга шнарыў рукой па падлозе, шукаючы згубленую папяросіну, нарэшце знайшоў, прыпаліў ад падстаўленай Міколам запальнічкі:

— Карацей, даю два матэрыялы — адзін у сваю газету, другі ў «Праўду». У Маскве такія рэчы любяць.

— І аб’яву…— нясмела заўважыў Мікола.

— За аб’яву не хвалюйся. Сёння ж патэлефаную Хаміцкаму. Надрукуюць у лепшым камерцыйным выданні. Як там напісаць? «Прадаецца бацька-Сталін»?

Сваяк з Міколам яшчэ трохі пагаманілі — Мікола ўсё бедаваў, што помнік надта цяжкі і гэта можа адпудзіць пакупнікоў, — дзед Трахім той парой прыбраў на стале, сасмажыў яечню і з палёгкай уздыхнуў, калі пакамечаны капялюш таргатліва праплыў міма вокнаў. Ля весніц, аднак, капялюш крутнуўся вакол сваёй восі, і Аркашка, увабраўшы галаву ў плечы, пабег у адваротным кірунку.

«Ці не ў прыбіральню пабег?» — падумалася Трахіму; у гэты момант да помніка падкаціла шэрая «Волга», і з яе вылез, цяжка аддзімаючыся, старшыня райвыканкама Ганчарук і яшчэ нейкі, вайсковай выпраўкі чалавек, на носе якога віселі цёмныя акуляры. Агледзеўшы помнік, Ганчарук пачухаў патыліцу, сказаў штосьці напарніку, тыцнуўшы пры гэтым пальцам угору, пасля чаго абодва пайшлі да машыны.

Наступныя два дні выдаліся спакойнымі: у хату ніхто не завітваў, да весніц ніхто не пад’язджаў, і ўзрадаваныя дзедавы куры ізноў пачалі поркацца ў зямлі на сваім улюбёным месцы — пад помнікам правадыру. Але на трэці дзень да хаты пад’ехаў даўжэзны белы фургон, з яго выскачылі маладыя хлопцы ў рознакаляровых кепурках; хлопцы тут жа пачалі раскручваць нейкія шнуры, і ўнук Мікола, зірнуўшы ў акно, каротка патлумачыў:

— Тэлебачанне.

І дзед, і ўнук злёгку захваляваліся — а раптам паклічуць штосьці сказаць на камеру. Але хваляванне было дарэмным. У хату ніхто не заходзіў, а неўзабаве да весніц падруліў «казялок», у запыленай шыбе якога мільгануў азызлы твар Юстына Капітонавіча Дуба.

— А гэты чаго тут? — уразіўся дзед Трахім.

— Эх, дзядуля… На тэлебачанні слова даюць толькі на­дзейным людзям, — унук адсунуў непадатныя аканіцы, расчыніў акно. — Пазнаеш, дзед, вунь тую стрыжаную сучку? «Панараму» вядзе.

Кабеціна, пра якую казаў Мікола, падвяла былога ваенкама да помніка, махнула нейкаму хлопцу і лагодным голасам праспявала:

— Вы, Юстын Капітонавіч, толькі не хвалюйцеся. І глядзіце не на мяне, а ў аб’ектыў тэлекамеры.

Кабета ізноў махнула рукой, састроіла лагодную ўсмешку, натхнёна загаварыла ў мікрафон на чысцюткай беларускай мове:

— Гісторыя не бывае добрай ці дрэннай. Гісторыя такая, якая яна ёсць — з яе ўзлётамі і падзеннямі, радасцямі і трагедыямі. І як бы ні сілілася сённяшняя апазіцыя даказаць адваротнае, гісторыя нашага народа заўсёды з намі, яна вяртаецца да нас, і яскравы таму прыклад — вось гэты помнік, які стаіць за маёю спінай. Імя Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна і дагэтуль выклікае шмат спрэчак. Але спытаем — як ставяцца да гэтага імя тыя, хто праліваў кроў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, хто з імем Сталіна на вуснах ішоў у смяротны бой…

— У які бой?! — вырвалася з Трахімавай грудзіны. — Знайшлі ваяку… у сорак шостым румынаў вартаваў, а потым нагавіцы ў ваенкамаце праседжваў, — Трахім сказаў яшчэ пару слоў на адрас Дуба, а ўнук, з адчаем зірнуўшы на сонца, чхнуў, ды так гучна, што кабеціна азірнулася і ўжо на чыстай расейшчыне гукнула хлопцу з тэлекамерай:

— Лёша, давай сначала…


Рэшту дня, аж да самага вечара, Трахім праседзеў у Сяргейчыка — аднаногага інваліда, які жыў па суседству. Сяргейчык з-за хваробы ўжо год як не выходзіў з хаты, а таму страшэнна ўзрадаваўся, пабачыўшы суседа. З гэткай нагоды інвалід нават дастаў пляшку самаробнай наліўкі, і хаця Трахім быў чалавекам непітушчым, але гэтым разам прапусціў чарку. Балазе і нагода была адпаведная: гэтым днём, пяцьдзясят пяць гадоў таму, Сяргейчык застаўся без нагі.

— Ляжалі ў кукурузе, а тут ён як джвагне з мінамёта, дык мяне нават з акопа выкінула, — слухаў Трахім суседаў аповед і з уздыхам прыгадваў, як і яго аднойчы, у час бамбёжкі, выкінула з паравоза. І ўваччу на кароткае імгненне паўстаў развернуты бомбаю тэндар, ахопленыя полымем цяплушкі санітарнага цягніка і перакошаная шыльда з надпісам «Вязьма» на будынку вакзала. Трахім спахмурнеў, кульнуў чарку, закашляўся — наліўка патрапіла ў нос — і Сяргейчык задаволена паляпаў яго па спіне.

Калі стары вярнуўся дахаты, тэлевізійнікаў пад вокнамі ўжо не было, але затое ўпоперак вуліцы — адзнака таго, што кіроўца быў не ў гуморы, — стаяў Гасютаў «Беларус».

Зрэшты, не ў гуморы быў і ўнук Мікола: з адчыненай форткі вырываўся на прасцяг ягоны гарачлівы голас:

— Цэлы месяц важдаліся… і дасталі… выспятка пад зад…

Адчыніўшы дзверы і пабачыўшы прымлелы Міколаў твар і панылага Гасюту, стары зразумеў: нешта здарылася.

— А можа, дадуць якую кампенсацыю? — нясмела перапытаў Гасюта: трактарыст сядзеў за кухонным сталом, утаропіўшы вочы ў нейкую паперчыну.

— Як жа… дадуць! Дручком спаміж вушэй, — азваўся са святліцы ўнук і вылаяўся.

Трахім моўчкі кіўнуў Гасюту, і той, у сваю чаргу, кіўнуў на паперчыну, што трымаў у руках.

— Во… прыслалі заказным лістом… «Бюст І. В. Сталіна работы скульптара Леапольда Кангалевіча з’яўляецца ўласнасцю дзяржавы і мусіць быць перададзены ў фонд Дзяржаўнага мастацкага музея…»

— Не, ну якія казлы… Сорак гадоў у рацэ адваляўся… — выгукнуў Мікола, але фразы не скончыў — выбег на кухню і зацкавана прамармытаў:

— Юстын Пітонавіч…

— Што — Пітонавіч? — не зразумеў Гасюта.

— Што-што… Сплавім ветэранам за дзве скрыні гарэлкі, а там хай разбіраюцца, чыя гэта ўласнасць.

Яшчэ імгненне — і Гасюта з Міколам, нібыта падхопленыя віхурай, кінуліся да дзвярэй і, піхаючы адзін аднаго, вылецелі на падворак.

V

І вось наспеў той хвалюючы момант, калі Мікола ўнёс у хату скрыню гарэлкі, паставіў яе на табурэт і з удумлівай разважнасцю аддыхаўся. Следам за ім, цягнучы другую скрыню, увайшоў Гасюта, а за хвілю, з трыма пляшкамі мінеральнай вады, — Данік Крываблоцкі.

— Карацей, тры дні да яго з Міколам хадзілі — грошай так і не выбілі, — прамаўляў, звяртаючыся да Крываблоцкага, Гасюта. — А сёння, бляха, заходжу з кувалдай у руках, маўляў, іду трушчыць правадыра, Пітонавіч і ўсхваляваўся. «Прыязджай па абедзе, — кажа, — атрымаеш грошы пад распіску».

— А хто той бюст да ветэранаў зацягнуў? — запытаўся Данік дрыжачым ад захаплення голасам.

— Мальцы з пільні падрадзіліся. Толькі дарма будуць пупы рваць, — уключыўся ў размову Мікола, — у Пітонавіча грошай больш няма ні капейкі. — Мікола задаволена крэкнуў і, нібыта той цыркач, падкінуў на далоні пляшку гарэлкі.

Дзед Трахім выйшаў з хаты, падышоў да весніц, і, аблашчыўшы поглядам кола свежай зямлі — месца, дзе стаяў правадыр, — зморана ўздыхнуў. Стары мерыўся пайсці да Сяргейчыка — трэба ж было недзе пераседзець п’янку, ды яшчэ хацеў пазычыць грошай, бо не было за што купіць ні хлеба, ні папяросаў, — але ногі зусім не ішлі, і Трахім прысеў на лаўку.

Ён доўга сядзеў з заплюшчанымі вачыма і слухаў няўцямную гаману, якая лілася з адчыненых вокнаў хаты. Час ад часу гамонка перарывалася бразгатам шклянак, задаволенай керханінай, Данік Крываблоцкі раз за разам спрабаваў зацягнуць нейкую песню, нарэшце зацягнуў — ды так гучна, што на двары сярдзіта заенчыў певень, і нечакана дзесьці непадалёку абудзіліся сутаргавыя ўсхліпы.

Трахім размежыў вочы і ўбачыў русявага Пецьку. Падшыванец ішоў па вуліцы і надрыўна плакаў.

— Гэй, пакрыўдзіў хто? — крыкнуў дзед Трахім, але падшыванец не азваўся.

— Пакрыўдзіў хто? — давялося паўтарыць старому, і Пецька скрозь слёзы праенчыў:

— Татку… прыціснула… у бальніцу адвезлі.

— Як прыціснула?! Чым?! — выдыхнуў Трахім, паспрабаваў устаць, але тут жа ізноў плюхнуўся на лаўку.

— Бацька твой на пільні робіць? — крыкнуў стары ўслед падшыванцу, але той не адказаў — пайшоў, пацепваючы ад плачу худымі плечукамі.

«Божухна, усё з-за мяне», — бязгучна прашаптаў Трахім. Галава закружылася, твар апаліла задушлівая гарачыня. Полымя вырывалася з паравознай топкі і краналася русявых валасоў качагара. Пецька ляжаў на спіне, і зыркія вогнікі мітусіліся ў шырока расплюшчаных вачах.

— Пеця, ты што?! — гукнуў ён, не пазнаўшы ўласнага галасу.

Ён адцягнуў качагара ад топкі, павіс на парэнчах, збіраючыся клікнуць санітара, ды не клікнуў, бо з вышыні, са страшным гудам, на яго падаў нямецкі самалёт. Ад самалётнага чэрава адарвалася штосьці прадаўгаватае, і ў апошняе імгненне перад выбухам ён убачыў за самалётным штурвалам бетонную галаву бацькі-Сталіна.

Трахіму часцяком мроілася тая страшная бамбёжка, мроілася ахопленая полымем станцыя Вязьма, да вушэй даляталі крыкі раненых, і нос казытаў саладжавы пах печанага людскога мяса, і ў свядомасці кожнага разу мільгацеў невыразны твар нямецкага лётчыка, якога ён угледзеў за імгненне да выбуху. І вось нарэшце ён убачыў, хто кінуў бомбу.

З вохканнем Трахім узняўся на ватных нагах, пайшоў, хістаючыся, да Гасютавага трактара, з цяжкасцю расчыніў непадатныя дзверцы. Млявая рука пашнарыла пад сядзеннем, намацала ліпучае дзяржальна кувалды. З апошніх сіл Трахім узваліў кувалду на плячук, стоена прашаптаў:

— Толькі б дайсці! — і рушыў па дарозе, у канцы якой — за дваццаць крокаў ад трактара — яго чакалі боская цішыня і вечны спакой душы.


Cветлай ноччу

Ноч была надзіва светлай. Злавесна-барвовая поўня, што ўзнялася звечара па-над Дабранскай гарой, неўзабаве праяснела, зрабілася малочна-белаю і, павіснуўшы на голлі дрымотнай таполі, заліла наваколле туманным святлом. Адбіткі гэтага святла ляжалі на чорных люстрах лужын, на абмытым начной расой таполевым лісці, на дахах вясковых хат і на гладкай шэрстцы ката Барыса — аграмаднага сібірака, які сядзеў на шуле весніц і, лена варушачы канцом цяжкога, з руку таўшчынёй, хваста, мружыўся на поўню.

Панавала цішыня і толькі чуйнае Барысава вуха ўлоўлівала сярод гэтай цішы кволыя гукі: цвырканне конікаў, падзенне яблыкаў у садзе, храпенне гаспадара ў хаце і скавытанне шчанюка Дуроніка ў канцы агарода. На прамінулым тыдні сканаў у сваёй будцы стары Палкан, і ўзамен яму гаспадар прынёс аднекуль блазнаватага шчанюка, якога назваў Дуронікам. Шчанюк гэты дзень да ночы лётаў па двары, дзяўкаў на карову, ганяўся за курамі, ад якіх набраўся скочак і цяпер несупынна скавытаў і чухаў лапамі адвіслыя вушы.

Ката адольвала дрымота.

Ад самага ранку гаспадар стагаваў на Дабранскай гары сена — звозіў зляжалыя капешкі ды клаў вялікі стог. З-пад капешак, калі конь сцягваў іх з месца, уроссып разбягаліся палёўкі: Барыс цэлы дзень іх душыў і так захапіўся гэтай справай, што нават не прыходзіў у абед дахаты паласавацца сырадоем. Іншая кацяра пасля такой беганіны даўно б ужо дзе-небудзь прыкархнула, скруціўшыся абаранкам, але Барыс быў катом прынцыповым. Пад кустом ніколі не спаў. Упадабаў адно месца — толькі там і ўкладваўся. І месца гэтае было не абы-дзе, а на гарышчы хаты, ля цёплага коміна.

На гарышчы, апрача Барыса, спала на духмянай канюшыне і гаспадарава дачка Люська. Люська тая мела звычку цягацца ў суседнюю вёску на танцы, і Барысу даводзілася падоўгу чакаць дзяўчыну, бо самому яму адчыніць паддашкавыя дзверы не выпадала.

Паволі цішэлі зыкі: карова ў хляве пакінула сапці і толькі зрэдзьчасу ўздыхала; Дуронік больш не варушыўся ў бульбяніку, а снегавая поўня заблыталася ў таполевым вецці, і падворак апусціўся ў цемру. Цемра лёгкім цяжарам лягла на Барысавы павекі, кот на кароткае імгненне прыснуў, нават прыдушыў у сне пару палёвак, але варта было ўдалечыні чхнуць матацыклу, як ён абудзіўся, размежыў зіркатыя вочы і, з нецярплівасцю пераступіўшы з лапкі на лапку, ударыў нягнуткім хвастом па шуле.

Матацыклы, як заўсёды, спыніліся на ўскрайку вёскі. Хлопцы, што прывезлі дзевак, у іншых месцах насіліся на сваіх «Паноніях» аж да рання, будзячы пры гэтым нават глухаватых дзядоў. А вось па Гатаве гойсаць сярод ночы не асмельваліся. У Гатаве жыла загадчыца крамы, якую яны вельмі паважалі і таму бераглі яе сон. Да таго ж хлопцам і без матацыклетнага ляскату даводзілася часцяком будзіць магазіншчыцу, стукаючыся да яе сярод ночы ды здушана прамаўляючы:

— Міронаўна… выруч… брат прыехаў…

Ля крайняй хаты заглух, а потым зноў завёўся матацыкл, пачуўся дзявочы віск, хлапечы рогат, і кот, задаволена прагнуў­шы спіну, пайшоў па паркане насустрач людскім галасам.

Ён ужо стаміўся ісці, і лапы забалелі ад вострых штыкецін, калі з цемры выплылі дзявочыя постаці. Дзевак было тры: Люська, яе сяброўка Манька Цыкіна і яшчэ адна, кірпатая і круглатварая, імя якой Барыс не ведаў і якая прыехала ў Гатава ў госці — ці то з Ленінграда, ці то яшчэ з якога вялікага места. Колькі часу дзяўчаты няспешна ішлі па вуліцы, спрытна пераскокваючы праз лужыны, а параўняўшыся з Барысам, разам азірнуліся і, пырснуўшы здушаным смехам, пабеглі навыперадкі, смешна раскідваючы цыбатыя ногі. Кот хацеў быў сігануць за імі ўслед, але перадумаў: сцежка была мокраю ад расы, дый бегчы не было сэнсу, бо «начныя бадзягі», як называла дзевак гаспадыня, адразу дахаты ніколі не ішлі — сядалі на бярвенне перад Маньчынай хатай і распавядалі адна адной розныя глупствы.

Вякнуўшы, Барыс пайшоў па паркане — цяпер ужо ў адваротным кірунку, — а дайшоўшы да Маньчынай хаты, пачуў усхваляваны голас ленінградкі:

— Божухна, які дурань! Які дурань! — парывіста выдыхала ленінградка, ківаючы галавой і летуценна пазіраючы на поўню.

Праваруч ад яе, на камлі таўшчэзнай хвоі, сядзела Манька Цыкіна, а ля іхных ног, на другім бервяне, месцілася Люська.

— Які дурань! — паўтарыла пасля хвіліны маўчання гараджанка, і Манька Цыкіна, тузануўшы сяброўку за спадніцу, запытала: — Што… што ён табе сказаў?

— Што трэба — то і сказаў! — адказала за гараджанку Люська, і ў голасе яе чулася лёгкае хваляванне.

— А ў цябе, Люсечка, ніхто і не пытаецца, — азвалася Манька Цыкіна.

Памаўчаўшы, Манька адламала ад камля кавалак кары, шпурнула ў лужыну, з’едліва дадала:

— Думаеш, ніхто не ведае, як ты з ім за клубам цалавалася?

— Хто? Я?! — голас Люсьчын дрыжэў і зрываўся. Люська падхапілася з бервяна, рванулася, на радасць Барысу, да хаты, але яе схапіла за рукаво збянтэжаная ленінградка.

— Ну, дзяўчынкі… ну чаго вы…

Хвіліну дзеўкі наструнена маўчалі, потым Люська фыркнула, плюхнулася на камель, ленінградка прымасцілася поруч і, уздыхнуўшы, пралепятала:

— Ну, хочаце, будзем хадзіць з клуба пехатою?

Словы гэтыя завіслі ў паветры. Люська з Манькаю прымірэнча пераглянуліся, разам зірнулі на сяброўку.

— Ноччу? Пехатою? Паўз могілкі?!

— Ну і што, што паўз могілкі? — запыталася ў сваю чаргу гараджанка, і ў яе голасе ужо не чуваць было ранейшай бадзёрасці.

— Ты ж, Маша, відаць, не ведаеш… — прашаптала Люська, вытрымала паўзу, збіраючыся распавесці ўсё па парадку, ды яе апярэдзіла Манька Цыкіна.

— Карацей, прыехаў адзін таксіст у Азярышча, стаў там ля базара і чакаў — каго падвесці. І тут падышла нейкая цётка. Высокая такая, прыгожая і ўся ў чорным…

— У белым, а не ў чорным…— паспрабавала была ўдакладніць Люська, але сяброўкі абурана махнулі рукамі, і тая змоўкла.

— Падыходзіць, значыцца, і кажа: «Адвязі мяне на гатаў­скія могілкі», — і сто рублёў дае. Ну, таксіст грошы ўзяў ды паехаў… Прыехалі яны, а ўжо цемнавата было — гадзін, можа, дзесяць вечара. Цётка вылезла з машыны і загадала таксісту, каб чакаў. «Дачакаешся — яшчэ сто рублёў атрымаеш», — так і сказала… Ну і пайшла на могілкі. Таксіст гадзіну чакае, другую — няма нікога. Страшна стала. Хацеў ужо дадому ехаць, а тут бачыць — ідзе нехта, увесь у белым. Прыгледзеўся, а гэта тая цётка…

— Як цётка? Яна ж у чорным была, — спалохана перапытала жыхарка вялікага места і Люська, азірнуўшыся па баках, страшным голасам растлумачыла:

— З Хадоры, з нябожчыцы зняла. Яе якраз таго дня пахавалі — у саматканай кашулі.

— А т-таксіст?

— А што таксіст… Абамлеў. Націснуў… на што там яны ціснуць… машына рванула, нават дрэва зламала, — Люська яшчэ раз азірнулася. — Казалі — памёр праз тыдзень. Гэта таму, што сотню не выкінуў.

— Мы на наступны дзень туды хадзілі — сляды машыны бачылі і бярэзіну зламаную, — уставіла слова Манька Цыкіна, і Люська кіўнула галавой.

Барыс адчайна, аж да ёкаўкі ў горле, пазяхнуў. Ён зусім асавеў, а дзеўкі між тым і не думалі разыходзіцца. Кот са­скочыў з паркана, задраў хвост і, асцярожна ступаючы па мокрай траве, падышоў да Люські.

— Пра «чорную руку» распавядзі, што людзей душыла, — прамовіла Люська, ды нечакана войкнула, падхапілася на ногі, а згледзеўшы Барыса, падчапіла таго мыском чаравіка і адкінула на дарогу.

— Не, пра «чорную руку» не цікава. Раскажу лепей, як дзяўчынка айчыма забіла.

Барыс быў абражаны. Абышоўшы дзевак з тылу, ён ускочыў на бярвенні, прайшоўся ў дальні канец, усеўся там і абурана закруціў хвастом.

— Мне пра гэта сястра распавяла, што ў Віцебску жыве. Прасіла, праўда, нікому не расказваць.

Манька Цыкіна, надаўшы голасу злавесныя ноткі, пачала новы аповед, а ленінградка, якая, відаць, ніколі такіх жахаў не чула, ад страху нават перастала дыхаць і сцягнула са спіны на галаву сваю гіпюравую кофту.

— У адной дзяўчынкі быў дужа паганы айчым. Увесь час за ёю падглядваў… І вось прыйшоў аднойчы гэты айчым дахаты, убачыў, што дзяўчынка пераапранаецца, і палез да яе…

— Як гэта — палез? — пудліва перапытала ленінградка.

— Ты што, не разумееш? Як Васька да цябе сёння лез, так і гэты…— растлумачыла Люська, і ленінградка пасля такіх слоў яшчэ больш скурчылася і нацягнула кофту да самых вачэй.

— Ну, палез, значыцца, схапіў дзяўчынку за руку. А ў іхнай хаце пад лаўкай сякера ляжала. Дзяўчынка да сякеры дацягнулася, схапілася за тапарышча і… карацей, па галаве айчыма гвазданула. Крывёю ўсе сцены запырскала. Айчым на падлогу паваліўся, зубамі заскрыгітаў, засіпеў: «Прыйду да цябе», — і падох. Дзяўчынка перапужалася, пабегла да маткі. А матка дворнічыхай рабіла. Пачула што ды як, кінула мятлу і дахаты пабегла. Пабедавалі яны, кроў змылі, у хаце прыбралі, а тут і міліцыя ўвалілася. Матка ўсю віну на сябе ўзяла: сказала, што гэта яна забіла, — яе і пасадзілі. І вось засталася дзяўчынка адна. Спаць лягла, а страшна ж адной… усё гэты айчым мроіцца. Святла нават не выключала. І раптам бачыць — на дзверцах шафы кропля крыві засталася. Хацела выцерці, ды перадумала: трэба было з пасцелі вылазіць, а ў хаце холадна, печка не паленая. А наступнай ночы ўспомніла яна пра пляму — глянула, а яна нібыта большаю стала. Схапіла анучку — давай церці. А кроў не адціраецца. Ну што, лягла ў пасцель, а пляма раніцою ў два разы павялічылася. І так расла цэлы тыдзень, а на восьмую ноч заліла ўсе дзверцы. І падобнай стала на чалавечы цень, — у гэтым месцы Манька перарвала аповед, намалявала рукамі ў паветры вырыс чалавечага ценю. — А ў дванаццаць гадзін ночы пляма раптам пачарнела, дзверцы рыпнулі, пачалі расчыняцца, і з шафы выйшаў… — але хто выйшаў з шафы, Манька сказаць не паспела. Яе гарадская сяброўка нечакана падскочыла, нема крыкнула, апавядальніца пукнула, а кот Барыс сігануў з перапуду пад бліжэйшы куст.

— Люська, дурная-а! — гукнула ленінградка і жартам, але хвацка, выцяла кулаком па Люсьчынай хрыбціне.

— Вось так, Люсечка. Яшчэ раз тыцнеш пальцам — болей расказваць не буду, — пакрыўджана зазначыла Манька Цыкіна, а ленінградка, памацаўшы рукою пэўнае месца, дадала:

— Ледзь не абпісалася.

Люська, якая мела звычку пужаць сябровак, тыцкаючы ім пальцамі пад драбы, сумелася, шморгнула носам.

— Ну добра, раскажу вам яшчэ адну гісторыю. Таксама пра айчыма. Але гэта ўжо была праўда, — забалабоніла Манька, а кот Барыс абтрос мокрую лапку і ўскочыў на паркан. — Памерла ў адной дзяўчынкі маці, і засталася яна з айчымам. І вось прыйшоў аднойчы айчым дахаты, прынёс радыёпрымальнік і кажа: «Слухай, але ніколі не ўключай кароткія хвалі». А наступным днём з’ехаў у камандзіроўку, і дзяўчынка адна засталася. Цікава ёй стала — што будзе, як кароткія хвалі ўключыш? Узяла і ўключыла. І вось слухае нейкую музыку… стра-ашную такую… але нічога не адбываецца. А ў дванаццаць гадзін ночы музыка раптам абарвалася і нехта ці-іха так сказаў: «Дзяўчынка, дзяўчынка — выключы радзіва, труна на колцах пад’язджае да твайго горада». Дзяўчынка перапужалася, выключыла радзіва, а на наступную ноч зноў уключыла. Прыслухалася, і раптам чуе — той жа голас, але больш гучна, кажа: «Дзяўчынка, дзяўчынка — выключы радзіва, труна на колцах едзе па тваёй вуліцы».

Кот Барыс, які сядзеў на паркане, пазяхнуў, памыў пысу падушачкамі правай лапкі.

— І вось трэцяя ноч… Падсела яна да радзіва…

— Ой, дурная-а… — прастагнала, перарываючы апавядальніцу, ленінградка, а апавядальніца, растапырыўшы пальцы абедзвюх рук, прашаптала: — Уключыла, і раптам чуе…

— Манька, зараз жа ідзі дахаты! — крыкнулі за Барысавай спінай, дзверы Маньчынай хаты гучна бразнулі, і Манька, гукнуўшы: — Іду-у! — прабачліва дадала: — Пайду, заўтра ўставаць рана — наша чарга гнаць у поле.

Шпаркія крокі заціхлі ў глыбіні двара, і ленінградка з Люськаю падхапіліся з бярвення. Сюд-туд азіраючыся, сяброўкі рушылі на паўсагнутых нагах уздоўж паркана, і Люська, падышоўшы да сваёй хаты, нечакана матлянулася ўбок.

— Куды ты? — гукнула было ленінградка, а ўбачыўшы, як сяброўка задзерла прыпол спадніцы, таксама прысела пад куст.

Люська ўжо абцягнула прыпол, калі ў агародзе зашамацеў бульбоўнік, і сяброўкі пужліва адскочылі на дарогу. Праз імгненне з-пад плота вытыркнулася кудлатая галава Дуроніка, дзеўкі ўголас аблаялі шчанюка, і гараджанка, дробна стукаючы зубамі, запыталася:

— Т-ты д-дзе с-спіш?

— На гарышчы, а ты? — адгукнулася Люська, гэтаксама граючы на зубарыках.

— І я на гарышчы, — Маша, бліснула ў цемры бялкамі вачэй і ў нерашучасці пацерла лабешнік.

— Слухай, пайшлі да мяне, — пралепятала, чытаючы сяброўчыны думкі, Люська. — Я раніцою ўстану, скажу маці, каб тваіх папярэдзіла.

Дзяўчыны крадком увайшлі ў двор, спыніліся пад вокнамі хаты, прыслухоўваючыся да храпення Люсьчынага бацькі, і, перавёўшы дых, палезлі па драбінах на гарышча.

Кот Барыс праслізнуў у дзвярную пройму, у два скачкі дабег да сваёй ляжанкі. Колькі хвілін ён рупліва аблізваў мокрыя лапы і толькі пасля таго прыслухаўся да бязладнай валтузні на другім канцы гарышча. Дзеўкі, ужо накрыўшыся з галавою коўдрай, шалёна валтузіліся, вішчэлі, а навалтузіўшыся ўдосыць, аб нечым горача зашапталіся.

Кот памыў лапаю пысу, задаволена пацягнуўся. Потым яшчэ раз пазяхнуў і, перад тым як накрыцца хвастом, паскроб кіпцюрамі крокву.

— Ай, хто там? — крыкнулі на другім канцы гарышча, у крокву над Барысавай галавой стукнуўся дзявочы туфель, і Барыс, прыхаваўшыся за комін, падаў голас.

— Супакойся, гэта наш кот, — сонна прамармытала Люська, і яшчэ праз хвіліну сяброўкі суладна засаплі насамі.

Кот расцягнуўся на ляжанцы, прыціснуўся спінай да коміна. Комін быў яшчэ цёплы і злёгку дрыжэў ад волатаўскага храпа гаспадара. Барыс заплюшчыў вочы і, перад тым як заснуць, падумаў, што заўтра ў яго будзе цяжкі дзень — трэба будзе зноўку ісці на Дабранскую гару душыць мышэй.

Заўтра, як толькі ў хаце рыпнуць масніцы, ён прачнецца, правядзе падушачкамі лап па вачах і будзе доўга слухаць ранішнія зыкі. На доле бразне вядро, паліецца вада ў калодзеж, гаспадыня штосьці гучна крыкне суседцы. Потым у хляве будзе бясконца доўга зумкаць струмень у даёнцы, а калі гаспадыня падоіць карову і выйдзе на двор, ён прыціснецца пысай да паддашкавых дзвярэй і голасна вякне. Гаспадыня, як заўсёды, вылаецца, няспешна падымецца па драбінах, хвіліну-другую будзе тыцкаць прутом у шчыліну, скідваючы непадатную за­шчапку, а спусціўшыся долу, плюхне ў чаропкі — у ягоную і Дуроньчыну — цёплага сырадою.

…Барыс ужо спаў і сніў палёвак, калі яму прымроіўся раптам саладкаваты, ні з чым не параўнальны пах малака, і ён аблізнуўся спрасонку.


Ведзьма

Пасля залевы сонца паліла па-чорнаму, і ў зале расчынілі вокны. Пахі цёплага асфальту, прывялай травы, таполевай лістоты завіслі ў паветры, перамяшаліся з пахамі парфумы, жаночага поту, віннага перагару, і дыхаць стала зусім цяжка.

— Ну, хто наступны? — млявым голасам запытаўся Першы, адною рукою перабіраючы паперы, а другою паслабляючы вузел гальштука.

Паслабіўшы вузел так, што сталі бачныя сівыя валасы на грудзіне, Першы зірнуў спадылба ў канец залы і запытальна выдыхнуў:

— Таварыш Мурленя?

Усе разам аціхлі, гудлівы чмель, які ўляцеў быў у расчыненае акно, плюхнуўся на штору, і запанавала ціша, якая надала моманту элемент злавеснай урачыстасці.

На мінулым тыдні Мурленя ездзіў у Віцебск на нейкія спаборніцтвы, патрапіў там у выцвярэзнік, і цяпер увесь партыйна-гаспадарчы актыў наструнена чакаў — як адаб’ецца гэтая падзея на ягоных паводзінах. Старшыня спорткамітэта ўскочыў на ногі, зірнуў на Першага затуманенымі ад грамадскіх турботаў вачыма і, ускудлаціўшы непаслухмяны віхор, з камсамольскім імпэтам заварушыў магутнай сківіцай.

«Ані ў знак… Хаця б сумеўся, сволач…» — падумаў Макар, скоса пазіраючы на Мурленеву сківіцу. Важкая, што той жарон, сківіца хадзіла ўбокі, ільснілася на сонцы, малола нейкую лухту пра спартыўныя поспехі таварыства «Ураджай».

«Што яму будзе, таму Мурленю… Зяць дырэктара базы… Гэта Хаміцкі патрапіў у мыцельнік, дык усю душу небараку вытраслі». — Апанаваны такімі думкамі, Макар уявіў на хвілю — што б было, калі б у выцвярэзнік убіўся не Хаміцкі, а ён сам, і па целе ягоным прабеглі халодныя мурашкі. Мурашкі беглі ад патыліцы да хвастца, і давялося нават зварухнуць азадкам, каб пераканацца, што пад ім не мурашнік, а райкамаўскае крэсла.

Крэсла рыпнула, чмель узняўся ў паветра, а Першы, перапыніўшы Мурленю, запытаў:

— Вы просіце слова, Макар Іванавіч?

Пытанне прагучала знянацку. Макар не паспеў нават уцяміць, што да чаго, замармытаў штосьці ў адказ, і па тым, як скасавурыўся Першы і як нервова заляпаў алоўкам па стале, можна было зразумець, што ён нечым незадаволены.

— …За справаздачны перыяд падрыхтавана: значкістаў ГПА — 48 чалавек… — абудзіўся аціхлы было старшыня спорткамітэта, але яго ізноў перапынілі.

— Таварыш Мурленя, а ці не маглі б вы сказаць — як рэалізуюцца талоны на харчаванне, якія атрымлівае ваш камітэт? — Задаўшы гэтае пытанне, загадчыца райана Сцефурак адкінулася ў крэсле, чмель з дзіўнай для яго хуткасцю пачаў кружыць вакол Мурленевай галавы, а аловак у руцэ Першага перастаў стукаць і застыў у паветры.

Іншым бы разам Макар расхваляваўся, пачаў бы сябе ўпікаць за тое мармытанне: трэба ж было перапыніць Мурленю, спытаць пра ягоныя віцебскія прыгоды, але сёння на такія перажыванні ён быў папросту не здатны.

Мурленя зашамацеў паперамі, рыхтуючыся годна адказаць загадчыцы, мімаходзь баднуў галавой, адбіваючыся ад чмяля, і жартаўлівым голасам прамовіў:

— Ці не выгнаць адсюль гэтую заразу?

І хаця Мурленя меў на ўвазе пракуду-чмяля, усе разам паглядзелі на Сцефурак, і тая, гэтак жа, як і Макар, заклапочана заездзіла на азадку.

Актыў заварушыўся, зашаптаўся. Першы стукнуў алоўкам па графіне, а Фаіна Рыгораўна Сцефурак, прыхапіўшы са стала тэчку з надпісам «На подпіс», пачала махаць ёю ў паветры, выганяючы з залы абрыдлае насякомае.

Нарада доўжылася тры з паловаю гадзіны. За гэты час шафёры, што прывезлі ў райкам старшыню калгаса «Азяркі» і дырэктара саўгаса «Азярышчанскі», выпілі пляшку «чарніла», мужык загадчыцы райана, Мікола Сцефурак, прывёз дахаты і разгрузіў ля плота машыну крадзеных дошак, у раённай бальніцы — упершыню за два гады Пяцігодкі якасці — нарадзілася двойня, Зямля крутнулася на колькі там градусаў, і выгінасты цень на яе паверхні прапоўз ад Далёкага Усходу да сіняга Байкала.

Усё ішло сваім, загадзя вызначаным ладам. Круцілася Зямля і свяціла сонца, нараджаліся двойні і лёталі чмялі, краліся дошкі і пілося «чарніла» ды заядалася няспелымі ранетамі, і сакавітае чвяканне ўперамежку з прыцішанымі шафёрскімі галасамі ўрывалася ў расчыненыя вокны.

Макар сядзеў ля акна і чуў, як адзін з кіроўцаў, бразнуўшы дзверцамі ўазіка, мацюкнуўся і, дажоўваючы яблык, прамовіў:

— Раней раз на месяц збіраліся, а цяпер штодня балбочуць, курвы…

Вадзіла казаў яшчэ нешта, але ягоныя словы пакрыў гаўклівы кашаль. Старшыня «Азяркоў» Мішка Мандрык, які сядзеў побач, нечакана закашляўся, зашоргаў нагамі па падлозе, а паслабіўшы па прыкладзе Першага квяцісты гальштук на шыі, голасам гогалеўскага мерцвяка прасіпеў:

— Ду-ушна!

У залі ізноў заварушыліся, загаманілі, графін чарговым разам дзынкнуў, а Мішка Мандрык, выдаўшы шэптам мудрагелістую тыраду, першымі словамі якой былі: «Выганю да д’ябла», — выцер канцом гальштука потную лабаціну.

Гадзіннік на сцяне паказваў палову на шостую.

Пры Калупайку такім часам жанчыны пісалі цыдулкі, просячы адпусціць іх — ці то ў паліклініку, ці то ў яслі па сына, — цяпер жа ніхто нічога не пісаў, і Макар, зыркнуўшы на апалыя стрэлкі гадзінніка, з няўцямнай трывогай згадаў тую пару, калі ён хадзіў на райкамаўскія імпрэзы, як на свята. Яму нават здалося, што гэта было немаведама калі. Ён нават паварушыў пальцамі, рахуючы дні і тыдні, а налічыўшы дваццаць адзін дзень, не даў веры сваім падлікам.

* * *

Раніцою, прачнуўшыся а восьмай, ён любіў хвіліну-другую палашчыцца ў пасцелі, любіў пазяхнуць, пацягнуцца, пачухаць жарсцвяныя валасы на пахвіне і толькі тады падымаўся на ногі. Раней гэтага часу Макара не маглі абудзіць ні цвырканне вераб’ёў пад вокнамі, ні лаянка суседзяў за сцяною, ні сонца, што мела паганую звычку лезці ў вочы.

Тае раніцы ён прачнуўся а шостай.

Наўкол было ціха: суседзі яшчэ спалі, вераб’і недзе лёталі, і сонечны промень не лез у вочы, а светлаю плямай ляжаў каля ног, ліючы лагодную цеплыню на аголеную лытку. І ўсё ж такі ён прачнуўся, пачухаў потную пахвіну і ўздыхнуў, прымусіўшы мірыяды пылінак замітусіцца ў сонечным святле, зрабіўшы яго жывым і амаль адчувальным на дотык, і ад таго раення ў Макара закружылася галава і сон зляцеў з павекаў.

Ён адразу ж устаў, пайшоў, хапаючыся за сцены, у прыбіральню, а ўбіўшыся ў цёмны катух, доўга стаяў там, абапёршыся рукой на халодны стаяк.

Такімі хвілямі, калі вушы поўніліся бадзёрым цурчаннем і ніз жывата працінаў лёгкі халадок, Макар міжволі згадваў мінулую п’янку, і затуманеная вінным чадам, але чуйная і ўчэпістая на дэталі памяць яму ніколі не здраджвала, ды гэтым разам пахмельны чад выпетрыў з галавы рэшткі памяці, і ён не мог узгадаць: як там усё было, з кім даехаў да горада і як наогул патрапіў дахаты. Але адна згадка — няўцямная, як сон, і няўлоўная, як водар парфумы, — усё ж цвяліла свядомасць… Учора ўвечары ён танцаваў з Данутай… Макар прыплюшчыў павекі, намагаючыся вярнуцца ў зманлівы свет учарашняга вечара, і пакінуты без нагляду струмень стоена зашамацеў па падлозе. Не разнімаючы павекаў — каб не спужаць, не развеяць шчымлівай згадкі, — ён паспрабаваў на слых выправіць становішча, але не даў рады, і давялося намацваць у цемры ўнітаз — спачатку левай, а потым правай нагой.

Рука ўхапілася за фаянсавую гіру, бачок над галавой гартанна керхануў, завыў, як той воўк на Піліпаўку, і ў гэтым шалёным, дагэтуль нечуваным выцці Макару выразна пачуўся ягоны ўласны голас. Нават не голас, а роспачны крык, які вырваўся з прапітай глоткі і, скалануўшы каналізацыйныя трубы, суціх, заглушаны аднастайным шумам вады.

Звычайна людзі не пазнаюць сваіх галасоў — яны ім здаюцца чужымі, але тут не столькі вуха, колькі сама душа Макарава пачула той лямант, і Макар ужо гатовы быў крыкнуць штосьці самому сабе ў цёмную зеўру ўнітаза, ды не крыкнуў: выпусціў паветра і, не абабіўшы апошніх кропляў, выйшаў з прыбіральні.

Праз хвіліну, падпальваючы нягнуткімі пальцамі фаерку пад чайнікам, ён яшчэ раз прыслухаўся да пошуму вады ў прыбіральні і прамовіў:

— Дапіўся, бляха.

Чорныя мятлікі гэтым разам не лёталі ўваччу, галава амаль што не балела, а вось душа… душа заходзілася ад свербу, трымцела ў грудзіне, варушылася ў страўніку, а калі чайнік закіпеў-засвістаў на высокай ноце, раптам схаладнела, сціснулася ў камяк і зашылася некуды пад драбы.

Чайнік сіпеў не так, як раней, — адчайна, раскаціста, і сярод гэтага раскацістага свісту Макару выразна пачуліся нечыя галасы. Гаварылі двое — мужык і баба. Ён нават разабраў словы, сказаныя мужыком, штосьці накшталт: «Адпраўлю ў Акадэмію», — і, прыкруціўшы ручку пліты, пацёр дрыжачай рукой тое месца, куды, па ягоных меркаваннях, забілася спалоханая душа.

Насланнё не адпускала і пазней, калі ён чысціў зубы і галіўся. Электрабрытва «Харків», старая, з надтрэснутым корпусам, гудзёлка, якая звычайна працавала з натугаю і не столькі галіла, колькі дзерла шчацінне, зумкала, як цыркулярка, а калі Макар паднёс яе да шчакі, — нібыта папярхнулася і немым голасам завішчэла: — Забудзь мой нумар, жывёліна! — Электрабрытва выпала з рук, стукнулася аб край ракавіны, завісла на шнуры і толькі тады загула ў сваім звычайным тэмбры.

З ваннай Макар выкуліўся, трымаючыся рукамі за сцены. Таямнічыя галасы яго не на жарты ўсхвалявалі, і ад таго хвалявання пот пацёк з-пад пахаў, і ногі зрабіліся нягнуткімі. Да таго ж душа Макарава, якая дагэтуль варушылася пад драбамі, падступіла да горла, і ён адрывіста ікнуў. Абапёршыся на дзвярны вушак, Макар ікнуў другім разам: зычна, ядрана, — а ўгледзеўшы свае штаны, якія віселі на люстры, ікнуў яшчэ раз — цяпер ужо зусім па-вар’яцку, страсянуўшы пры гэтым вялым чэравам.

Штаны злёгку варушыліся ад проймы, і гэта стварала ўражанне, што ў пакоі нехта засіліўся. Дрогкаю рукою ён зняў порткі з люстры, упіхнуў левую, больш гнуткую, нагу ў правую калошу ды зноў скамянеў, пачуўшы суседаў храп за сцяною.

«Дапіўся… да глюкаў дапіўся… Што ж цяпер будзе? Каму я такі патрэбны?» — віхурылі ў галаве панічныя думкі, і рукі цягнуліся да кніжнай паліцы, і вочы выглядалі карэньчык «Медычнага даведніка», і пазбаўленыя падтрымкі нагавіцы няспешна спадалі долу.

«Азааспермія…», «Актывацыя яйка…», «Алергіі» — пажоўклы ад курыва палец ліхаманкава гартаў даведнік, а адгарнуўшы трыццатую старонку, гэтак жа ліхаманкава праехаўся пазногцем па словах «Алкагольны галюцыноз».

«На першы план выступаюць слыхавыя галюцынацыі: шум, крыкі, галасы, якія звычайна асуджаюць дзеянні хворага альбо выказваюць пагрозы… Пры гэтым у хворага захоўваецца ясная свядомасць… Хворы апынаецца ва ўладзе “галасоў”, яму здаецца, што яго хочуць забіць альбо зняславіць».

«Забіць альбо зняславіць», — уголас паўтарыў Макар, хвіліну стаяў нерухомы, а калі за сцяною зноў храпянуў сусед, закрыў кнігу і з рашучасцю, на якую толькі быў здольны, прашаптаў:

— З сённяшняга дня — ні кроплі.

…Круглявы імбрычак стаяў пасярод стала і спалохана бразгаў накрыўкаю. Гэтае бразганне блытала думкі, напінала нервы, таму Макар, не дачакаўшыся, пакуль запарыцца гарбата, нацадзіў у конаўку рудаватай вадкасці, даліў кіпню, і ў паветры запахла нябожчыкам.

— Што ж там было? — выдыхнуў пахмельны пакутнік, парушыўшы ламінарную павольнасць пары, што падымалася з конаўкі.

Макар пацёр скроні, абхапіў рукамі галаву і стаў безуважна сачыць за кружляннем чаінак у віры не настоенай гарбаты.

Учора, упершыню за ўвесь час рэдактарства, яго запрасілі на райкамаўскую п’янку. Ладзілі яе з нагоды ад’езду Калупайкі — Іван Іванавіч ехаў у Віцебск, другім сакратаром абкама.

Выбіцца з Азярышча ў вобласць, ды яшчэ на такую пасаду — учынак амаль што неверагодны. Хадзілі чуткі, што Іван Іванавіч даў некаму хабар, а ягоная жонка ў час наведання сталіцы гуляла з міністрам сельскай гаспадаркі і — відавочна, у ложку — упрасіла таго прапіхнуць мужа ў абкам. Так гэта, ці не — сказаць цяжка, але Калупайка з’язджаў, і на загараднай турбазе арганізавалі развітальную вечарыну.

Пра п’янкі на «Качыным востраве» — так называлася турбаза — апавядалі шмат розных плётак. Слухаючы іх, Макар глытаў сліну, употай чухаў пахвіну, якая пачынала раптам свярбець, і на дне ціхмянай рэдактарскай душы кожнага разу варушылася крыўда. На загарадныя гулянкі яго не запрашалі.

І вось учора, па абедзе, пад рэдакцыйнымі вокнамі з нецярплівасцю квакнула легкавушка. «Мандрык», — мільганула тады ў Макаравай галаве; Макар схамянуўся, выцягнуў са стальніцы мутную шклянку — у Мандрыка ніколі не было з чаго піць, — і шырокім крокам падаўся на двор.

Сябрук часцяком прыязджаў такой парой: ехаў з абеду ў «Азяркі» і па дарозе зарульваў у рэдакцыю. Звычайна яны кулялі па дзвесце пяцьдзясят; похапкам, што тыя зайцы, закусвалі зялёнай цыбуляй і развітваліся да вечара. Гэтым разам Мішка быў за рулём. У машыне сядзеў яшчэ нехта, і Макар, раўніва памацаўшы шклянку ў кішэні пінжака, адчыніў заднія дзверцы ўазіка. Дакладней, дзверцы адчыніліся самі: ён толькі націснуў на ручку, і на грудзіну насунулася важкая, спавітая цупкім поліэтыленам, туша.

Тушы Мандрык вазіў і раней — і райкамаўцам, і абкамаўцам, і пракурору, але рабіў гэта ўпотай, па начах. Тут жа вёз сярод белага дня, у самую спёку.

— Залазь ужо як-небудзь, — прамовіў Мішка, і ў голасе ягоным чулася лёгкае хваляванне.

Абхапіўшы рукамі сцягняк, Макар убіўся разам з тушаю ў кабінку, стукнуўся галавою аб нешта брынклівае і гучна мацюкнуўся. На сядзенні, адна на адной, стаялі, падпіраючы брызентавы верх, скрыні з гарэлкаю.

— Не лайцеся! — прагучала над вухам, і Макар аслупянеў. Наперадзе, поруч з Мішкам, сядзела загадчыца сектара ўліку Азярышчанскага райкама Данута Станіславаўна Францкавяк.

Той хвіляй ён прагнуў толькі аднаго: знікнуць! Альбо праваліцца. Альбо ператварыцца ў адну з тых мух, што біліся ў шыбу.

Данута Станіславаўна была ягонай тайнай сімпатыяй. Доўгіх дзесяць месяцаў, ад дня свайго прыезду ў Азярышча, ён марыў спаткацца з гэтай жанчынай. У галаве Макаравай ужо быў распрацаваны сцэнар такога спаткання, а хвараблівыя, узбуджаныя алкаголем фантазіі кожнага разу пераносілі яго ў напоўнены чароўнымі пахамі і мілагучнымі песнямі пакой, пасярод якога, на мяккім варсістым дыване, ляжала ў паставе ўсходняй адаліскі загадчыца сектара ўліку.

І вось ён паўстаў перад Данутай — у абдымку з разабраным баранам, з мацюкамі на вуснах і з парэзаным аб вострую стужку, якімі былі абабітыя скрыні, ілбом.

— Трымай, паварочваю! — гукнуў Мандрык, пайшоў на разварот, і давялося ўперціся рукамі ў скрыні, каб тыя не абрынуліся на галаву.

Прыхаваўшыся за тушай, Макар пашукаў, — чым бы гэта прамакнуць юшку на лобе; нічога вартага не знайшоў і прамакнуў партбілетам.

За ўвесь час, пакуль яны ехалі да «Качынага вострава», Данута ані разу не азірнулася. Сядзела моўчкі, безуважна пазіраючы на дарогу. Маўчаў, адчуваючы настрой пасажыркі, і Мішка Мандрык. Але яно і добра: Мішка меў звычку пацвельваць сяброў у прысутнасці жанчын, і гэтае маўчанне было адзіным, што лагодзіла душу гэтай вусцішнай часінай.

Усю дарогу Макар хаваўся за тушай, шморгаў носам, і нават калі ўазік, квакнуўшы наастачу, спыніўся ля мураванкі з выяваю качкі на франтоне і Данута Станіславаўна, не сказаўшы ні слова, выйшла з машыны, ён усё яшчэ баяўся падняць галаву, і Мішку давялося ляпаць яго па карку і з гарэзлівай іскрынкай уваччу ківаць на скрыні з гарэлкаю.

Яны выпілі паўпляшкі, выпалілі па цыгарэце, прыхапілі тушу і падаліся да возера — кроіць мяса на шашлыкі.

Макар рэзаў мяса з шалёнай апантанасцю. Распрануты па пояс, з налепленым на лобе лістком трыпутніку — рана ўсё яшчэ крывавіла, — ён дэманстраваў Мішку сваю дасведчанасць у шашлычнай справе, а пачуўшы жаночыя галасы, што даляталі з суседніх кустоў, схапіў металёвы пожаг і з імпэтам пачаў налыгваць кавалкі бараніны.

Ён налыгваў трэці пожаг, калі ў вушах зазвінеў пералівісты жаночы смех.

— Што ж вы робіце? — прамовіла Данута Станіславаўна, падышоўшы бліжэй, а яе сяброўка — райкамаўская сакратарка Марына, — хаваючы ў далонь крывую ўсмешку, патлумачыла: — Мяса спачатку марынаваць трэба.

Жанкі пастаялі крыху, пагаманілі і, падхапіўшы мядніцу з гарою пакроенага мяса, пайшлі ў бок турбазы.

— Ну чаму, чаму я такі? — прамармытаў Макар, ляпнуў па лобе, забіваючы камара, і толькі тады зразумеў, чаму смяяліся жанчыны. На лобе, як той лазенны ліст на пэўнай мясціне, красаваўся лісток трыпутніку.

— Ну чаму?.. — прастагнаў ён удругарадзь ды нечакана сцепануўся ад ляманту і плёхання вады за спінай. Гэта Мішка Мандрык сігануў з масткоў у празрыстую глыбіню ляснога возера.

Потым яны зноў сядзелі ў кабінцы. Піў, праўда, толькі ён, Макар, — тапіў у гарэлцы сваю няўклюднасць, — і калі на базу завітаў Калупайка на шэрай «Волзе», пад нагамі Макаравымі ўжо зыбалася зямля, а ўвушшу звінелі званы. Потым ён піў за бяседным сталом, потым ля вогнішча, закусваючы недапечанай баранінай, потым яшчэ недзе, а таму і не дзіва, што наступным ранкам пахмельная памяць зеўрала праваламі, і адзінае, што запомнілася, дык гэта п’яная пыса дырэктара канторы кінапракату Даўгалёва, з якім ён цалаваўся і якому кляўся ў вечнай дружбе.

І яшчэ адна згадка не давала спакою: ён танчыў з Данутай. Згадка была цьмянай, амаль няўлоўнай, і калі Макар, дзьмухнуўшы на гарбату, заплюшчваў вочы, спрабуючы вярнуцца ў прыцемную залу, дзе ён кружыў з Данутай, уваччу кожнага разу паўставалі альбо вясёлкавыя шары, альбо барвовая пыса Ваські Даўгалёва. І толькі калі ён сёрбнуў гарбаты і на шырокім лабешніку заблішчэлі пацеркі поту, нос адчуў раптам дзіўны, ні з чым не параўнальны пах Дануціных валасоў. У прадчуванні шчымлівых згадак Макар заплюшчыў вочы, але тут з носа ягонага сарвалася кропля поту, плюхнулася ў конаўку, і гук гэты канчаткова разагнаў салодкія мроі. Макар мацюкнуўся, выцер твар кухонным ручніком і, дапіўшы гарбату, пайшоў збірацца на работу.


Галава пасля п’янкі была як цэбар, і дзесьці на самым дне душы варочалася хваравітае пачуццё — ці то віны, ці то крыўды, ці то яшчэ нейкай халеры. Такімі хвілінамі, а надараліся яны ледзь не штораніцы, Макар унікаў сустрэч з людзьмі, а таму, прачыніўшы дзверы, прыслухаўся — ці ёсць хто на лесвіцы.

Уніз бег, пераскокваючы праз тры прыступкі, і ўсё ж, вылятаючы з пад’езда, наляцеў на хахлушку з 10-й кватэры. На шыі ў суседкі вісела нізка зашчэпак, а да правага клуба была прыціснута алюмініевая мядніца.

— Добройі раныці! Доброго вам здоров’ічка! — праспявала хахлушка, і Макару пачулася ў тых словах злая іронія.

— Добрага… — буркнуў ён, не ўздымаючы вачэй, выйшаў на падворак, а заўважыўшы на вяроўцы хахлушкіны трусы з жоўтай мецінай, скрывіўся і сплюнуў пад ногі салодкую сліну.


Мястэчка Азярышча, што б там ні казалі, не самае страшнае месца ў свеце. Зялёнае, ціхае, аднапавярховае, з гусінымі чародамі на ўскраіне і з цыклапічнай ленінскай галавой у цэнтры, яно магло б улагодзіць якога-небудзь адстаўніка ў дачны сезон, але ніяк не Макара, які дагэтуль пяць гадоў пражыў у сталіцы і душа якога прыкіпела да людской мітусні, шкла, бетону, начнога неону, павільёна «Ясень», дзе давалі свежае піва, ды іншай урбаністыкі.

На апошнім курсе партшколы яму паабяцалі месца ў адной са сталічных газет, ён нават хадзіў у рэдакцыю і напісаў пару артыкулаў пад рубрыкай «Правафланговыя», але ў апошні момант месца тое занялі, а яму, уручыўшы дыплом, загадалі ехаць у гарпасёлак Азярышча і ачоліць там раённую газету.

З’язджаць са сталіцы на край свету не хацелася. Тры дні Макар абмываў «корачкі», на пытанні сяброў — куды яго пасылаюць — адказваў кароткім мацюгом, і на чацвёрты дзень, завітаўшы ад ранку ў павільён «Ясень», паведаміў сабутэльніку — Лёньку Холаду — пра сваё размеркаванне.

Лёнька, віцебскі малец, які таксама вучыўся ў партшколе, адразу ж пасуравеў, выпіў нагбом кухаль піва і, паклаўшы на Макараў плячук сваю пудовую руку, выдаў фразу, ад якой Макару стала моташна і гарачыя голкі кальнулі пахвіну: «Гіблае месца».

Сябрук спаражніў без перадыху яшчэ адзін кухаль і распавёў вусцішную гісторыю пра рэдактара азярышчанскай газеты Несцяронка.

Несцяронак той, па словах сябра, піў горкую да поўнага ачмурэння: спаў пасярод вуліцы, з моста куляўся, а аднаго разу, схапіўшы калун, бегаў вакол хаты, намагаючыся забіць сваю жонку, з якой быў у разводзе. Паколькі журналісты наогул народ пітушчы, а рэдактар да таго ж меў заслугі перад радзімаю — у вайну завіхаўся ў СМЕРШы, — дык раённае начальства глядзела на ўсе гэтыя выбрыкі скрозь пальцы. І вось, калі да пенсіі Несцяронку заставалася нейкіх паўгода, у Азярышчанскі райкам прыслалі Галіну Спартакаўну Підуту.

Згадаўшы пра Підуту, сябра пасуравеў яшчэ болей, здушыў у бляшанцы папяросу, хрыплым голасам запытаў:

— Не чуў пра такую?

Макар страсянуў галавой, а Лёнька пасля паўзы прамовіў:

— Яе ў нас усе ведаюць. Страшная баба. Прышыбееў у спадніцы.

Сябра дапіў піва, выцер рукавом пузырыстую пену з вуснаў.

— Як толькі ў якім раёне хлопцы запіваюць, абкам туды Підуту шле, трэцім сакратаром. Яна там і лютуе. У Азярышчы адразу ж два павільёны зачыніла — на базары і каля аўтастанцыі. Дырэктару прамкамбіната за п’янку страгача ўляпіла, а потым за Несцяронка ўзялася. Па пяць разоў на дні ў рэдакцыю заходзіла, з вобласці брыгаду сацыёлагаў выклікала — даследаваць работу рэдактара. Карацей, увесь плех небараку праела. Аднойчы прыйшла ў рэдакцыю — Несцяронак якраз на гарышчы быў, у яго там у бутлях яблычнае віно даспявала, — падышла да лазу і гукае: «Таварыш рэдактар, што вы там робіце?» Ну, а Несцяронак ужо глынуў з бутлі, душа рвалася на волю, ён і вырашыў… пажартаваць. Раней у рэдакцыйным будынку бязногі інвалід жыў, пасля яго на гарышчы два старыя пратэзы засталіся. Ну і пажартаваў: зняў штаны, упіхнуў у калашынне пратэзы, загарлаў нема: «Бывай, Радзіма!» — і апусціў штаны ў лаз. Нібыта ён засіліўся. Підута, як толькі штаны пабачыла, адразу самлела: інсульт, заварот кішак і штосьці там па жаночай лініі. Несцяронак глянуў уніз і, як быў у трусах, так і скаціўся па драбінах. Пачаў штучнае дыханне рабіць — рот у рот. Тут прыбіральшчыца прыбегла — загаласіла на ўсё Азярышча. Падумала, што рэдактар трэцяга сакратара гвалтуе. Карацей, схапіў Несцяронак Галіну Спартакаўну за голыя лыткі, гукнуў свайго намесніка, і ўдвох паперлі самлелую бабу ў бальніцу.

Ну, вядома, людзі сабраліся — нават прадаўшчыцы з суседняй крамы прыбеглі. Убачылі Несцяронка ў трусах і вырашылі, што трэці сакратар пад ім самлела.

На наступны дзень розных камісіяў панаехала, крымінальную справу завялі, але неўзабаве ўсё аціхла. Підута ў бальніцы паўгода качалася, потым у санаторыі адпачывала, але так дарэшты і не ачуняла. Цяпер у Азярышчы таварыствам аховы помнікаў кіруе.

— А Несцяронак? — дрогкім голасам запытаў Макар.

— На Поўнач з’ехаў, да роднага брата. Брат ягоны ў Надыме працуе.

Хвіліну сябры палілі, засяроджана паглядаючы на пустыя кухлі, пасля чаго Лёнька Холад ікнуў і бадзёра паведаміў:

— Не сумуй, у мяне ў тых мясцінах стрыечны брат жыве — ён мне пра ўсё гэта і распавёў. Мішкам завуць. Прозвішча Мандрык. Калі што — дапаможа.

Уражаны аповедам, Макар запісаў рэквізіты Лёнькавага брата ў нататнік і ўспомніў пра іх толькі праз месяц, калі прыехаў у Азярышча.


Дзень той запомніўся да драбніц.

На дварэ быў верасень, і першы жаўталіст, узвіхураны цягніком, ціха ападаў долу. Скочыўшы з вагоннай прыступкі, Макар схапіў адзін лісцік, сціснуў зубамі чаранок і пасміхнуў­ся імглістаму сонцу, што прабівалася скрозь вецце высокіх бяроз. Ён паблукаў па прыстанцыйным базарчыку, на якім пяцёра скурчаных бабуль прадавалі грыбы абабкі і недаспелыя брусніцы, прайшоўся па галоўнай азярышчанскай вуліцы, пазначыўшы свае новыя, яшчэ не разношаныя туфлі попельна-шэрым пылам, пастаяў, як той віцязь перад Галавою, ля помніка правадыру і, спытаўшы п’янаватага дзядзьку, дзе месціцца рэдакцыя, падаўся ў той бок, куды кіўнуў азярышчук.

Рэдакцыйны будынак — прысадзісты, урослы ў зямлю, — нічым не розніўся ад вясковай хаты, адно што пад вокнамі не буялі флёксы, а на пазаддзі адсутнічаў хляўчук. Керхануўшы дзеля саліднасці, Макар увайшоў у вохкі прыцемак сяней, пашукаў вачыма прастакутнік лаза на столі і, не без хвалявання, піхнуў абабітыя дэрмацінам дзверы.

У маленькім, упрыгожаным выцвілымі плакатамі кабінеце сядзеў сярэдняга веку мужчына ў швэдры і, мылячы вуснамі, штосьці размашыста пісаў на абрыўку паперы.

Мужчына, не перарываючы пісаніны, скасіў пукатае вока, запытальна таргануў падбароддзем, а ўбачыўшы валізу, ускочыў з крэсла.

— Хаміцкі… Сазон Пятровіч, — адрэкамендаваўся гаспадар кабінета, працягнуўшы хударлявую руку. — Даўно вас чакаем. Ужо і ў абкам тэлефанавалі. Ад працы ж проста захлынаемся. Вось, пішу, — вінавата пацёр далоні Хаміцкі, — справаздачу з партсходу на прамкамбінаце. Цікавы атрымаўся сход. Было некалькі прынцыповых выступленняў.

«П’е, — падумаў Макар, увабраўшы носам цяжкое, прыпраўленае піўнымі парамі і пахам мышынага гаўна паветра.

Сазон Пятровіч яшчэ добрыя паўгадзіны апавядаў аб складанасцях журналісцкай працы, казаў пра тое, што яму, адказнаму сакратару, даводзіцца выконваць рэдактарскія абавязкі — хадзіць на партсходы і нарады, пісаць справаздачы ды розныя афіцыйныя матэрыялы, а калі, суняўшыся на хвілю, спытаў, ці не схадзіць ім у мясцовы рэстаран паабедаць, Макар засцерагальна кашлянуў і, пасунуўшы бліжэй да сцяны валізу, паведаміў:

— Я ў райкам. Хутка буду.

«Развінціўся без начальства… Сядзіць у кабінеце і пляшка пад сталом, — падумаў Макар, грукнуўшы дзвярыма. — Я гэтаму Хаміцкаму рогі пазбіваю. Забудзе, у якім баку гарэлачная крама».

Апанаваны думкамі аб мацаванні працоўнай дысцыпліны, ён дабрыў да райкама — навюткай чатырохпавярховай будыніны — і, узбіраючыся на высокі ганак, вырашыў на першым жа пасяджэнні бюро райкама ўзняць пытанне аб пераводзе рэдакцыі ў больш прыстойныя апартаменты.

Паблукаўшы па пустых калідорах, ён знайшоў, нарэшце, сектар уліку, адчыніў дзверы і нечакана аслупянеў, забыўшыся і на Хаміцкага, і на працоўную дысцыпліну, і на новыя апартаменты. За перагародкай, якая падзяляла кабінет на дзве паловы, стаяла жанчына і, паставіўшы на крэсла зграбную нагу, падцягвала белую панчоху. Ён угледзеў маціцовае, не прыхаванае капронам сцягно, адчуў падатлівасць маладога жаночага цела, і душа ягоная, а разам з ёю і ніжняя сківіца суладна затрымцелі.

Іншая кабета ў такой сітуацыі схамянулася б, спалохана абцягнула спадніцу, а гэтая, убачыўшы наведніка, задуменна палашчыла калена, уздыхнула і толькі тады падышла да перагародкі.

Дрогкай рукой ён перадаў дакументы, разоў дваццаць перапісаў заяву з просьбаю паставіць яго на ўлік, а выкуліўшыся з кабінета, столькі ж разоў перачытаў па складах прозвішча загадчыцы на цьмянай шыльдзе.

— Да-ну-та Ста-ніс-ла-ваў-на Франц-ка-вяк.

Ну, а першае, што ён убачыў, вярнуўшыся ў рэдакцыю, былі пляшка гарэлкі і дзве бляшанкі кілек у тамаце.

— Абмыць жа трэба… — лісліва прамовіў адказны сакратар, прыхоўваючы за спінаю мітуслівыя рукі.

Думкі блыталіся ў галаве; ён не адразу ўцяміў — што трэба абмываць, і толькі праз хвіліну, суняўшы хваляванне, загадна махнуў рукой:

— Пайшлі на прыроду!


Яны прыселі пад кустом бузіны, непадалёку ад рэдакцыі, і Хаміцкі, завіхаючыся з пляшкай, раз-пораз паглядаў праз шчыліны штыкетніка на рэдакцыйны ганак. Разліваючы гарэлку, адказны сакратар нечакана наструніўся і злавесна прашаптаў:

— Підута…

У прасвецці між штыкецін варушылася нечая пахілая постаць.

Хаміцкі кульнуў шклянку, закінуў у рот кільку і, жуючы, распавёў страшную гісторыю пра тое, як ягоны былы шэф ледзь не збыў са свету трэцяга сакратара райкама. Хаміцкі рыхтык паўтарыў аповед Лёнькі Холада, за выключэннем аднае дэталі: штаны Несцяронак усё ж такі паспеў насунуць, але не паспеў зашпіліць; яны зваліліся, і рэдактар, заблытаўшыся ў калашынні, паваліўся разам з Підутаю пасярод бальнічнага двара.

— Ходзіць цяпер, віжуе ды дакладныя запіскі ў абкам пасылае, карга лупатая, — Хаміцкі наліў па другой і, узняўшы шклянку, дадаў: — Тут нядаўна яшчэ адзін стары псюк з’явіўся — Касьян Пракопавіч Зёх.

Адказны сакратар глынуў гарэліцы, а паколькі думаў аб непрыемным, дык папярхнуўся, закашляўся і скрозь кашаль растлумачыў:

— Адстаўнік… мемуары… эх-хы… эх-хы… піша. Я ад яго… эх-хы… эх-хы… у шафе хаваюся.

Калі гарэлка была дапітая, Хаміцкі падхапіўся, падцягнуў нагавіцы і, кінуўшы кароткае: «Я зараз», — знік за кустамі.

«Цудоўны хлопец!» — падумаў Макар пра свайго адказнага сакратара, і яшчэ падумаў, што выбіваць новыя апартаменты, відаць, не варта, бо тут, сярод кустоў бузіны і глогу, яно зацішней і заўсёды можна ўзяць чарку, не адыходзячы далёка ад рэдакцыі.

Хаміцкі вярнуўся хвілін праз дзесяць і, зразумела, не з пустымі рукамі. Яны кульнулі яшчэ па сотцы, укінулі ў раты па цыгарэце, і Макар запытаўся пра тое, што даўно спела на канцы языка.

— А-а… Данута Станіславаўна… — прамармытаў Сазон у адказ, зацягнуўся пякучым дымам і распавёў пра трох Дануціных мужоў, адзін з якіх засіліўся, другі ўтапіўся ў Гатаўскім возеры, а трэці завербаваўся матарыстам на гандлёвы флот і з той пары яго ў Азярышчы ніхто не бачыў.

— Тут шмат хто да яе ласы, ды яна баба гордая. Усіх адшывае. — Сазон спахмурнеў, а Макара такія словы натхнілі і ўадначас засмуцілі. Данута, гэтая недаступная для мужчын кабета, дэманстравала свае ногі, а ён, недарэка, стаяў як слуп, не здолеўшы сказаць кампліменту.

Неўзабаве і другая пляшка паляцела ў кусты, і па шамаценні лісця Макар зразумеў: наспела ягоная чарга лезці ў кішэню.

Разам з грашыма ён выцягнуў зашмальцаваны нататнік, перагарнуў старонкі, п’янавата зірнуў на сабутэльніка.

— Ты, часам, Мандрыка Міхаіла не ведаеш?

— Мішку?! Мандрыка?! — не сваім голасам галёкнуў Хаміцкі і, нічога больш не кажучы, паведаміў, што бачыў Мішкаў «казёл» ля мясцовага рэстарана.


Азярышчанскі рэстаран «Каліна красная» скаланаўся ад папулярных песень і сіплага баса кучаравага здаравілы, які сядзеў за крайнім столікам, бязладна падпяваючы рэстаранным музыкам. Лёнька Холад нічога не казаў пра свайго брата, але Макар, убачыўшы здаравілу, інтуітыўна прызнаў у ім таго самага Мандрыка.

Пасля сталіцы азярышчанскі рэстаран выглядаў даволі ўбога. У зале панаваў прыцемак, афіцыянткі былі падобныя да піянерважатых — белы верх, чорны ніз, — а музыкі лабалі міма нот. Макар паглядаў на ўсё гэта з непрыхаванай іроніяй, а таму і рушыў па зале хадою рэстараннага заўсёдніка — валюхаста.

— Вам прывітанне ад Лёні Холада! — выгукнуў Макар, падышоўшы да століка.

Здаравіла абарваў песню, колькі часу сядзеў з адкрытым ротам, а потым, усхапіўшыся на ногі з імпэтам Сазона Хаміцкага, адчайна загарлаў:

— Лёнька?! Холад?! Дзе ён?!

Сагнутая пастава, шалёны бляск вачэй і сціснуты ў кулаку відэлец выяўлялі рашучасць зараз жа бегчы на пошукі брата, таму прыйшлося тлумачыць таварышу, што Лёнька Холад жывы, здаровы і ў дадзены момант знаходзіцца ў сталіцы, дзе вучыцца на трэцім курсе Рэспубліканскай партшколы.

Здаравіла махнуў рукой, загадваючы субяседнікам ссоўваць сталы, і шалёны імпэт ягоны выліўся ў грымотны вокліч:

— Маша! Яшчэ тры бутэлькі!

Мішка Мандрык гуляў у рэстаране не проста так, а абмываў пераходны Чырвоны сцяг, якім надоечы ганаравалі ягоны калгас за поспехі ў выкананні Харчовай праграмы. Разам з ім за сталом сядзелі галоўны інжынер калгаса — сівы і дарэшты п’яны чалавек, які ўжо не даваў рады адрэкамендавацца; кіраўнік раённай канторы кінапракату Даўгалёў — менавіта так, па прозвішчы, кіраўнік і прадставіўся, — а таксама старшыня спорткамітэта Аляксандр Мурленя, далучанасць якога да спорту выдавала трыкатажная масцерка з самаробным знакам фірмы «Адзідас» на грудзіне.

Мандрык ужо дрэнна валодаў языком, але, тым не менш, пачаў апавядаць пра сваё дзяцінства, пра стрыечнага брата Лёньку Холада, з якім яны выпілі аднойчы адразу адзінаццаць бутэлек гарэлкі, а пачуўшы ад Хаміцкага, што ў газеце цяпер будзе новы рэдактар, распавёў усё тую ж гісторыю пра Несцяронка. Як вынікала з аповеду, штаноў Несцяронак усё ж такі не губляў, бо іх падтрымліваў нейкі падшыванец, які бег следам аж да самай бальніцы.

Потым яны скакалі з Мандрыкам хуткі танец, потым ён, пад незадаволеныя позіркі старшыні спорткамітэта, запрашаў на танец афіцыянтку Машу, а раніцою, абуджаны галасістымі азярышчанскімі пеўнямі, доўга ляжаў на старой рэдакцыйнай канапе, няўцямна пазіраючы на столь, нарэшце, выпусціў духі, — аж застагналі пад спінай ржавыя спружыны, — і па­дзячыў лёсу, які дараваў яму сустрэчу з Данутай.


Памяць людская ўладкавана даволі дзіўна: з яе выпетрываюцца падзеі мінулага дня і ў той жа час захоўваецца тое, што надарылася даўняй парой.

Вось і Макар: выпіў літровую конаўку гарбаты, згадваючы, як ён патрапіў дадому, сышоў пры гэтым потам, абпаліў кіпнем вусны, ды так нічога і не згадаў. Але затое ціхі вераснёўскі дзень, калі ён прыехаў у Азярышча, запомніўся ў самых дробных дэталях. Запомніліся пахі, зыкі, п’яныя песні Мішкі Мандрыка, запомніліся, нарэшце, маціцовае Дануччына сцягно і падрапаная, сталінскіх часін, канапа, якую ўвесну вынеслі на сметнік. Успаміны гэтыя прыходзілі не толькі гуллівымі вечарамі, але і пахмельнымі ранкамі, калі ён брыў у рэдакцыю. Вось і зараз, пераходзячы галоўную азярышчанскую вуліцу, Макар згадаў, як Данута падцягвала панчоху, запаволіў крок і ледзь не патрапіў пад колы шэрай райкамаўскай «Волгі».

Заскуголіўшы тармазамі, машына ўз’ехала на бардзюр, люта ўзвыла, і перапуджаны Макар убачыў за вясёлкавай шыбай Калупайку, які ці то жартам, ці то ўсур’ёз паківаў яму пальцам. З перапуду, а можа яшчэ з якой прычыны, тлумная галава ўраз прасвятлела, і ў ёй нарадзіліся словы:

— Я ведзьма. Са мною лепш не звязвацца.

Гэта памяць вярнула той змораны шэпт, які прагучаў учора ўвечары, калі яны танцавалі з Данутай у каміннай зале.

Калупайкава легкавушка зноў заскавытала, цяпер ужо на рагу Савецкай і Чырвонаармейскай, павярнула ў бок райкама, і Макар, адрыгнуўшы ўчарашнім шашлыком, прыспешыў хаду.


А дзявятай гадзіне ў раённым камітэце партыі павінна была пачацца нарада актыву, і таму пляц перад ленінскім помнікам быў спрэс застаўлены аўтатранспартам. Стаялі тут не толькі «Волгі» ды старшынёўскія «козлікі», але і бартавыя «газоны», тры «інвалідкі» і нават машына для адпампоўвання вады, вядомая ў народзе пад назваю «гаўнавоз»: гэта завітала на нараду арганізатар мясцовага радыё Газевіч, зяць якой працаваў інжынерам у «Водаканале». Але дзівіцца такой колькасці машын не даводзілася, бо на сённяшняй нарадзе Калупайка мусіў развітацца з актывам і, да таго ж, чакаўся прыезд абласнога начальства.

Хаця Калупайка ўжо быў на месцы, заходзіць у райкам ніхто не спяшаўся. Актыў стаяў ля ганка — гаманіў, смаліў цыгарэты і зрэдзьчасу з лёгкім спалохам у вачах пазіраў на дарогу.

— Гасцей чакаем… з вобласці, — патлумачыў прычыну прыганкавага стаяння Сашка Мурленя, паціснуўшы потную Макараву руку.

Макар уплішчыўся ў натоўп, парукаўся з дырэктарам прамкамбіната Куксёнкам, з інструктарам раённага таварыства «Веды» Лукашонкам, яшчэ з нейкімі людзьмі і, выцягнуўшы з прапанаванага яму пачка цыгарэту, агледзеўся.

Мішкавага ўазіка на пляцы не было. Макар пакруціў галавой, нахіліўся да Мурленевай запальнічкі, і гарбата, якая поўніла страўнік, моташна падступіла да горла. Давялося стаіць дых, прыціснуць далонь да вуснаў, а калі бунтоўная вадкасць уляглася, выцерці ліпучы пот з лабешніка.

— Ну дык хто там будзе замест Калупайкі? — кволым голасам запытаўся інструктар таварыства «Веды» Лукашонак.

Усе замоўклі, зірнулі на Мурленю, і той, сабраўшы зморшчыны на пераноссі, паведаміў:

— Са Шклоўскага раёна таварыш. Былы загадчык зверафермы. Кажуць — зусім не ўжывае.

Трывожная вестка гэтая павісла ў паветры. Куксёнак зморана крэкнуў, у Лукашонка ў зубах задрыжэла цыгарка, а па Мурленевым твары прабегла навальнічна-фіялетавае святло: да райкама ехала міліцэйская машына з мігалкай, следам — бліскучая чорная «Волга», а за ёю, на статутнай адлегласці, тузаўся на апошніх кроплях бензіну запылены Мішкаў уазік.

— Спазняешся, — выгукнуў Макар, калі сябрук вылез з машыны.

— З Даўгалёвым важдаўся. Усю веранду мне абванітаваў, — патлумачыў Мандрык, брыдка мацюкнуўся і, азірнуў­шыся, крыкнуў свайму кіроўцу: — Пазычыш бензіну і стой тут. Чуеш?

— Чую! — незадаволена адгукнуўся кіроўца. Кіроўца выкінуў на асфальт пакарабачанае вядро, і Мішка, перакрывіўшыся ад бразгату, прыклаў далонь да хваравітай патыліцы.

Макар таксама пацёр патыліцу і як бы між іншым спытаў:

— Слухай, а хто мае штаны… на люстру павесіў?

— Я павесіў, — патлумачыў сябар.

Мішка ўставіў у рот цыгарэту, але тут жа зразумеў, што паліць няма калі, і ўпіхнуў цыгарэціну ў нагрудную кішэнь.

— Завёў цябе ў прыбіральню, а ты і апаратуру дастаць не можаш. Усе порткі засцаў. Я іх і павесіў на прасушку.

Мішкавы сіплы бас скаланаў перапонкі. Добра яшчэ, што людзі былі занятыя сваімі размовамі, і Макар цішком перавёў дых…

Пакуль ішлі райкамаўскім калідорам, Мішка апавядаў пра Даўгалёва, які, дапіўшыся да божай моцы, абванітаваў дарагі турэцкі палас, але Макар не слухаў сябра. Спыніўшыся пасярод калідора, ён наставіў на сябра дапытлівыя вочы:

— Я што… сапраўды танцаваў з Данутай?

Мандрык зірнуў па баках, узяў яго за штрыфлі пінжака ды тут жа адпусціў, даючы дарогу загадчыцы райана Сцефурак, і злавесным голасам прамармытаў:

— Трымайся далей ад гэтай бабы. Раю табе як сябар.


З нагоды прыезду абласнога начальства ў зале пасяджэнняў наваскавалі паркет, павесілі новыя люстры, стол заслалі зялёным сукном, а на задняй сцяне замест няўклюднага бээсэсэраўскага герба прымацавалі барэльеф правадыра. Гіпсавая аграмадзіна ўражвала настолькі, што пад ёю ніхто не насмельваўся садзіцца, і паколькі вольных месцаў паблізу не было, Макар усеўся пад правадыром. Ён дастаў нататнік, пстрыкнуў асадкай, але рабіў усё гэта машынальна, з адключанай свядомасцю. У свядомасці тым часам бясконцым паўторам гучалі апошнія Мішкавы словы. Мандрык, вядома ж, зайздросціў яму. Таму і вылез са сваімі парадамі. Але каму яны патрэбныя, гэтыя парады?

Думкі варушыліся ў галаве, і Макар не заўважыў, як поруч прымасціўся Сашка Мурленя, не пачуў, як яго паклікалі сесці бліжэй да прэзідыума, і апрытомнеў толькі тады, як з бакавых дзвярэй выйшла абласное ды раённае начальства і ўсе ўдарылі ў ладкі. Пляскалі спачатку седзячы, потым стоячы, нарэшце суняліся і дружна зарыпелі рассохлымі крэсламі. Макар таксама памкнуўся сесці, але так і застыў на паўсагнутых: у залу, праз бакавыя «сакратарскія» дзверы ўвайшла Данута.

Пад пільнымі позіркамі прысутных загадчыца сектара ўліку прайшла па зале і, напоўніўшы прастору пахам польскай парфумы, села поруч з Макарам.

У тарцы стала, дзе сядзеў прэзідыум, заварушыліся, зашапталіся, усхвалявана кашлянулі: гэта Калупайка прачышчаў глотку перад выступленнем.

— Хвалюецца, — прамармытаў, дыхнуўшы перагарам, Мурленя, потым прамармытаў яшчэ нешта, але Макар не пачуў.

Той хвіляй ён наогул страціў здольнасць штосьці чуць, а рэдкія фразы, якія даляталі да свядомасці, успрымаліся як фрагменты нейкай дурноты.

Валасы Дануціны струменілі пахі, ад якіх кружылася галава; ён стрымліваў дыханне, мружыў вочы і скрозь вясёлкавыя веі зладзеявата паглядаў на аголеныя жаночыя калені. Зрэшты, галава кружылася не толькі ад чароўных пахаў, але і ад шалёных фантазій. Макару мроілася, што ён цалуе гэтыя калені, лашчыць языком — вельмі пяшчотна і вельмі павольна — Дануціны сцёгны. Данута пры гэтым ціха стагнала, а калі ён — у думках — прыпаў вуснамі да празрыстых нейлонавых майтак, — менавіта такімі ён іх уяўляў, — застагнала ўголас і зморана папрасіла вады. Макар схамянуўся і насамрэч пачуў жаласлівыя енкі. Але енчыла не Данута, а Підута, якой стала млосна ад задухі.

Праз пару хвілін, калі самлелую Галіну Спартакаўну вывелі з залы, Калупайка дзясятым разам адкашляўся, пачаў знаёміць прысутных з кантрольнымі лічбамі, на якія мусіў выйсці раён, а першы сакратар абкама, дамагаючыся цішыні, пастукаў асадкай па графіне, неадрыўна пазіраючы пры гэтым на Дануціны калені. Данута перахапіла гэты позірк, закінула нага на нагу і — о, жах! — прыціснулася цёплым клубам да Макара. Макар усхапіўся, выпрастаў хрыбціну, здрыгануўся ўсім целам і, прыхоўваючы хваляванне, пляснуў у ладкі, ухваляючы Калупайкаву заяву пра тое, што жывёлаводы раёна не толькі выканаюць, але і перавыканаюць даведзеныя планы.

З залы Макар выходзіў дарэшты збянтэжаны, змораны ад салодкай пакуты і з застойнымі з’явамі ў нізе жывата. Каб прыхаваць — цяпер ужо застойныя з’явы, — давялося сагнуцца, захінуць пінжак, прыціснуць да нізу жывата нататнік, а калі аднекуль з канца калідора пачуўся Мішкаў голас:

— Куды ты?! — ён, не павярнуўшы галавы, незадаволена выдыхнуў: — У прыбіральню!

…Пасля прыцемку райкамаўскіх калідораў сонца ўдарыла ў вочы, тупымі іголкамі кальнула ў скроні.

— Не забывайце нас, Іван Іванавіч! — гукалі з натоўпу, — выбачайце, калі што не так.

Іван Іванавіч — расчырванелы, расчулены, абдораны чырвонымі гваздзікамі, штосьці казаў у адказ, ціснучы руку ачунялай Підуце. Галіна Спартакаўна, аднак, поціскамі не абмежавалася — палезла цалавацца, і Калупайку прыйшлося ўхінацца і падстаўляць для пацалункаў танклявую шыю.

На добры лад, трэба было падысці да Калупайкі, развітацца, сказаць колькі словаў, але нейкая сіла стрымлівала Макара, а калі ён узняў нагу, каб ісці па сходах, за спінай зацюкалі туфлікі і хтосьці крануўся ягонага локця.

— Чаму вы мяне пазбягаеце? — голасна запыталася Данута, прымусіўшы здрыгануцца не толькі Макара, але і загадчыцу райана Сцефурак, якая стаяла поруч.

Краем вока ён бачыў, як людзі з натоўпу разам паглядзелі на Дануту.

— Я тут днямі артыкульчык накрэмзала. Хачу вам паказаць, — цяпер ужо ціха, амаль шэптам прамовіла загадчыца сектара ўліку, ускінуўшы на Макара даўжэзныя, шчыгульна пафарбаваныя вейкі.

— Ну вядома, Данута Станіславаўна, паглядзім. Альбо я, альбо Хаміцкі, — гэтак жа ціха прамармытаў Макар, і Данута, крутнуўшыся на абцасіках, абдарыла яго шматабяцальнай фразай:

— Я пазваню, — і гэткай жа шматабяцальнай усмешкай.


Ад будынка райкама да рэдакцыі хады блізу кіламетра, а калі ісці напрасткі, агародамі, дык і таго меней. Летась супрацоўнікі рэдакцыі ўнадзіліся былі хадзіць кароткай дарогай, але гаспадар сотак абзавёўся сабакам, сабака падзёр Несцяронку штаны, калі той бег на пленарнае пасяджэнне, і пасля таго выпадку хадзіць напрасткі ніхто не наважваўся.

Шыбуючы ўздоўж плота, Макар супыніўся на імгненне, разважаючы — ці варта рызыкаваць, пасля чаго азірнуўся, адсунуў дошку ў плоце і зашапацеў калашыннем па бурачным лісці. Па гародзе ён ішоў мерным крокам, прыслухоўваючыся да сабачай звягі, — сабака брахаў недзе на другім канцы вуліцы, — а занурыўшыся ў кусты і пачуўшы, што кудлаты злодзей брэша недзе непадалёку, гізануў як мае быць.

Хаця і прабег няшмат, але дарэшты змарыўся і, задыханы, з лістком бузіны ў валасах, паўстаў перад Хаміцкім.

У кабінеце адказнага сакратара дурманіста пахла гарэлкай. Макар перавёў дых, незадаволена ўскінуў брыво, і паміж ім і адказным сакратаром адбыўся кароткі дыялог.

— Зноў?!

— Іванавіч! Расінкі ў роце не было.

— Дап’ешся. Выганю, н-нахер… — У гэтым месцы рэдактар уздыхнуў. — Мне хто-небудзь званіў?

— Званілі.

— Хто?!!

— Зёх.

— Фу ты, йоп… — Макар вылаяўся, зняў з валасоў лісцік і панылым крокам рушыў у свой кабінет.

Касьян Пракопавіч Зёх не даваў жыцця. Мінулым летам прынёс у рэдакцыю аўтабіяграфічны раман — дванаццаць дробна спісаных сшыткаў — і загадаў надрукаваць без правак і скарачэнняў. Хаміцкі ў прысутнасці аўтара прачытаў дзеля прыліку першую старонку, задаў пару пытанняў, а калі за ганаровым чэкістам зачыніліся дзверы, запіхнуў сшыткі ў ніжнюю шуфляду.

Рэшту лета і ўсю восень стары псюк хадзіў у рэдакцыю як на працу. Прыйдзе, сядзе насупраць Хаміцкага і глядзіць таму ў вочы. І вось аднойчы, калі Сазон прагнуў пахмяліцца і пад сталом у яго ўжо стаяла адкаркаваная бутэлька, у кабінет увайшоў Касьян Пракопавіч.

Як потым апавядаў Сазон, той хвіляй з ім здарыўся нервовы прыпадак: уваччу пацямнела, увушшу зазвінела, правая нага міжволі тузанулася, і ён апрытомнеў толькі тады, як пачуў пах разлітай гарэлкі.

Макар яшчэ першы тыдзень працаваў рэдактарам: пачуў краем вуха здушанае вяканне, выйшаў на калідор і з жахам назіраў, як Хаміцкі, узяўшы наведніка за каршэнь, выносіў таго на свежае паветра.

Такія абыходзіны з ганаровым чэкістам маглі мець наступствы, таму Сазон, апрытомеўшы, выцягнуў са стальніцы сшыткі, тры дні і тры ночы разбіраў крамзолі, а потым цэлы месяц на старонках «Зары камунізма» друкаваліся ўрыўкі з аўтабіяграфічнага рамана, у якім галоўны герой, Касьян Зёх, граміў у ваколіцах Ферганы басмацкія банды Карым-башы і Назарбая.

Пасля той публікацыі нага ганаровага чэкіста доўга не ступала на рэдакцыйны ганак — Сазон з Макарам ужо з палёгкаю аддзьмуліся, прыбіральшчыца цётка Маша паставіла па іх просьбе васкоўку ў невельскай царкве, але пэўнага ранку ў Макаравым кабінеце пагрозліва грукнула кульба, і на стол леглі дзве важкія тэчкі з рукапісам новага аўтабіяграфічнага рамана «Расеі верныя сыны».

У першым раздзеле рамана, а Макар толькі яго і адолеў, апавядалася, як батальён пад камандаваннем капітана Зёха дэпартаваў з Каўказа сем’і здраднікаў. У порце Махачкала батальён сагнаў на баржу чачэнак з дзецьмі, баржу адцягнулі ў мора, а потым патапілі — разам са здраднікамі. Прачытаўшы гэта, Макар схаваў раман у сейф, а потым — ужо на поўным сур’ёзе — папрасіў прыбіральшчыцу паставіць васкоўку за спачын бязвінна патопленых чачэнак.

…Згадка пра Зёха сапсавала настрой. Макар плюхнуўся ў крэсла і, неадрыўна пазіраючы на тэлефон, падсунуў пад нос газетныя гранкі.

Чытаць гэтую лухту не хацелася, ды і нервы былі не на месцы; радкі скакалі ўваччу, і цяжка было дапяць да сэнсу прачытанага. Макар прабег вачыма нейкую нататку, але нічога не зразумеў, пацёр рукамі пераноссе і стаў чытаць па-новаму — уголас і водзячы закарузлым пальцам па рухавых радках.

— «Да позняй ночы гараць агні ў вокнах Бычкоўскага клуба, — прамармытаў Макар і адкашляўся. — Сяльчане пры­ходзяць у клуб адпачыць, паглядзець цікавы фільм, азнаёміцца з кніжнымі навінкамі, у тым ліку і з матэрыяламі Ліпеньскага Пленума ЦэКа КаПэЭсЭс. Вялікую дапамогу ў падборцы літаратуры аказваюць наведнікам загадчыца бібліятэкі Э.А. Забыронька і прапагандыст…»

«Забыронька ці Забаронька?» — падумаў Макар, адарваўшыся ад тэксту, і ў той жа міг са столі пасыпалася парахня: гэта Хаміцкі выцяў кулаком у сценку.

Кожны раз, убачыўшы ў акне пакамечаны капронавы капялюш, ён бег хавацца ў катух, дзе прыбіральшчыца, цётка Маша, ставіла вёдры, але цяпер кульба ўжо стукала па калідорных масніцах, і Макар, пакрыўшы мацюгамі белы свет, палез хавацца ў шафу.

У шафе панавала цемра — адно маленькі струмок святла прабіваўся скрозь замочную шчыліну. Тут пахла мышамі, старымі газетамі і тут, у зацішку, добра думалася, і думкі прыходзілі ў галаву суладныя і чыстыя. Ну а калі разгарнуць сяннік, які, скручаны, ляжаў на падлозе, дык можна было і задрамаць. Сяннік той застаўся ад Несцяронка і, па словах Хаміцкага, былы рэдактар раскручваў яго у час начных дзяжурстваў, прымаючы разам з машыністкай Люсяй экстраныя паведамленні ТАСС.

Гэтым разам Макару і сапраўды добра думалася, і думаў ён пра Дануту. Думаў доўга — хвілін дзесяць, потым думкі сталі блытацца, аддаляцца, і ля самага вуха пачулася трывожнае буханне. Ён расплюшчыў вочы, роспачна матлянуў рукамі, думаючы, што патрапіў у труну, а калі буханне паўтарылася, вохнуў і незадаволена запытаў:

— Ну чаго ты?

— Людзі прыйшлі, аб’яву прынеслі. Пытаюцца — хто там так страшна храпе? — растлумачыў адказны сакратар, і рэдактар, соладка пазяхнуўшы, вылез са схову.

…Тэлефон зазваніў а пятай гадзіне. Да таго часу ён ужо стаміўся хвалявацца, і кашуля ўжо не прэла ад цыганскага поту. Але ўсё адно: пачуўшы Дануцін голас, Макар зніякавеў, і слухаўка памкнулася выслізнуць з рукі.

— Ну дык я вас чакаю, — гукнула Данута Францкавяк, і тэлефонныя глыбіні напоўніліся вясёлымі жаночымі галасамі. Данута была не адна, і гэтыя галасы, відаць, яе сябровак, вярнулі ў душу пачуццё няўцямнай трывогі.

«А можа, гэта пастка? Можа, з яго хочуць пасмяяцца?» Ахоплены беспрычыннай трывогай, ён выйшаў з рэдакцыі і няпэўным крокам рушыў у невядомасць. Макар ішоў і быў амаль упэўнены: вось зараз, тут, у бузінніку, павінна надарыц­ца штосьці страшнае.

У бузінніку, аднак, нічога такога не надарылася. Ён вылез з кустоў, пералез праз жардзянік, і вось там, на бурачных лехах, сэрца ягонае абарвалася і закацілася на самы ніз жывата. У разоры, прыхаваны да самага ашыйніку чырвоным бацвіннем, сядзеў віславухі злодзей і шчэрыў іклы.

Сабака быў невялікі — звычайны дварняк. Аднак пра лютасць гэтай кудлы казалі страшныя рэчы, таму Макар, не зводзячы вачэй з сабакі, даў задні ход: рушыў да кустоў дробным крокам. Але хітрыкі такія не прайшлі. Чатырохногі злодзей страсянуў вушамі, яшчэ больш вышчарыўся і папераджальна гыркнуў.

— Божухна, дык што ж гэта робіцца? — плаксіва выдыхнуў Макар і нечакана для сябе самога плюхнуўся на калені. Плюхнуўся, а потым згадаў бацькаў аповед пра хлопца, які ўратаваўся ў першую пасляваенную зіму ад ваўка, які пераняў небараку ў чыстым полі. Хлопец той доўга стаяў, анямелы, а потым, стаўшы на карачкі, забрахаў па-сабачы. Гэта яго і ўратавала. Пачуўшы брэх, ваўчара таксама знямеў і, падкурчыўшы хвост, знік.

Макар глынуў паветра і забрахаў з такім імпэтам, што не пазнаў уласнага голасу. У дадатак ён яшчэ і заскавытаў, прапоўз на карачках па баразне, і сабака, пабачыўшы такія жахі, збянтэжана крутнуў галавой, прыціснуў вушы, звёў да пераносся ўмэнт палагаднелыя вочкі.


Перавядзем разам з героем аповеду дых, абаб’ем разам з ім калашыны і згадаем тую пару, калі нашымі немаладымі ўжо душамі авалодала запозненае, а таму хваравітае і ўсёпаглынальнае каханне. Згадаем пару, калі недзе пад сэрцам нараджаліся новыя надзеі, ценька гучалі новыя песні, калі жар кахання казытаў пяткі і нам увесь час карцела некуды бегчы. І хаця жар той быў усяго толькі бенгальскім агнём, мітуслівым феерверкам у змроку шэрых будняў, душа ляцела на прывідны агонь, не раўнуючы, як начны матылёк на палахлівае полымя васкоўкі.

Вось і наш герой, напоўніўшы наваколле шапаценнем бурачнага лісця, ляцеў на згубны агонь, недзе пад сэрцам ягоным нараджаліся тамліва-трапяткія надзеі і гучалі… не, не песні, а словы кагадзе прачытанай нататкі. Словы ўбіліся ў памяць, з кожным крокам гучанне іх мацнела, убіралася ў сілу, а калі наш герой упіхнуў галаву ў пралом плота і азірнуўся, з вуснаў ягоных сарвалася малітоўная скорагаворка:

— Да самай ночы гараць агні Бычкоўскага клуба…


На трэці паверх узбег на адным дыханні, пужлівай чапляй прайшоўся па дывановым ходніку і толькі ў канцы калідора дазволіў сабе аддыхацца. Кашлянуў, крануўся пальцамі дзвярной ручкі ды так і застыў у непаразуменні: там, за дзвярыма, чуўся жаночы смех, прыглушана дзынкнулі шклянкі, і нехта, праўдападобна загадчыца райана Сцефурак, прамовіла:

— Абавязкова завітай у Лівадзійскі палац. Гэта цуд нейкі!

Сцефурак гучна чхнула, замармытала штосьці, выразна прамовіўшы словы «шчасліва адпачыць», і праз імгненне паўстала перад Макарам.

— Данута Станіславаўна! Да вас наведнік, — выгукнула загадчыца райана і, кінуўшы праз плячо: — Пазвані, як даедзеш, — выслізнула з кабінета.

Данута была не адна — у кабінеце, закінуўшы нага на нагу, сядзела райкамаўская сакратарка Марына і яшчэ адна кабета, прозвішча якой Макар не ведаў. На стале грувасцілася пляшка шампану, блішчэлі чатыры келіхі і ляжаў набор шакаладных цукерак.

— А-а… журналісты! — спеўна і з лёгкай іроніяй у голасе азвалася Данута Станіславаўна, і Макару ад тае іроніі стала не па сабе.

Ён спыніўся ля бар’ера, спалохана зірнуў на бутэльку.

— Заходзьце, Макар Іванавіч, — прамовіла гаспадыня кабінета, мелькам паправіўшы прычоску. — Гэта мы тут, дурныя бабы, гулянку арганізавалі. Адпачынак абмываем. Заўтра ў Крым еду.

Яшчэ колькі хвіляў Макар муляўся ля бар’ера, а потым, пад цікаўнымі позіркамі Дануціных сябровак, прайшоў на нягнуткіх нагах да крэсла, сеў і, ратуючыся ад жаночых вачэй, склаў далоні на тым месцы, дзе схадзіліся ў адно калашыны парусінавых портак.

Данута падхапіла недапітую бутэльку, спраўна, не раўнуючы, як кельнер, разліла рэшту шампану па келіхах.

— Я вам у свой наліла. Не пагрэбуеце?

Макар глынуў пітва і закашляўся, дробнымі пырскамі пакрыўшы парусінавыя нагавіцы.

— Ну што вы, Макар Іванавіч. Супакойцеся, нікога не бойцеся, — прамовіла, ці, лепей сказаць, праспявала Данута Станіславаўна, ляпнуўшы Макара па спіне.

Сітуацыя вымагала нейкай дзеі, нейкіх арыгінальных словаў, і Макар, адкерхаўшыся, афіцыйным тонам запытаў:

— Ну, а як там наконт артыкула?

Запытаўся, а потым пашкадаваў, бо Дануціны сяброўкі разам засмяяліся, а гаспадыня кабінета з робленай крыўдай выдыхнула:

— Вось якія пайшлі кавалеры. Іх не жанчыны цікавяць, а нейкія артыкулы.

Болей Макар не прамовіў ні слова. Сядзеў, увабраўшы галаву ў плечы, слухаў сакратарку Марыну, якая распавядала, як шмат ёй даводзіцца друкаваць рознай лухты, — і ніяк не мог уцяміць: дзеля чаго яго сюды запрасілі.

Нарэшце, хвілін праз дзесяць, Дануціны сяброўкі ўсхапіліся на ногі, плюхнулі па чарзе Дануту ў шчаку і ўсе разам выйшлі ў калідор. І ў той жа міг сектар уліку напоўніўся цішынёю і ўсё наўкол набыло суровае аблічча. З шафы сурова паглядаў гіпсавы Энгельс, стрыжаны «пад польку» Брэжнеў не менш сурова паглядаў з партрэта, і нават шыльда з надпісам «Наменклатура абкама» на даўжэзным, застаўленым аднолькавымі шэрымі тэчкамі стэлажы, набыла пагрозліва-патаемны сэнс. Дзесьці там была і ягоная асабістая справа.

Адчуванне таго, што ён, Макар, не шараговы партыец, а наменклатура абкама, кранула душу трапяткім халадком, утуленая ў плечы галава годна ўзнялася, але ў наступнае імгненне зноў убілася ў плечы: у кабінет, пазвоньваючы спаласнутымі келіхамі, увайшла Данута Станіславаўна. Нічога не сказаўшы, нават не зірнуўшы на яго, жанчына паставіла келіхі ў браніраваны сейф, прыбрала са стала пустую пляшку, потым падышла да люстэрка і доўга папраўляла прычоску, раз за разам паўтараючы адну і тую ж фразу:

— Божухна, што з валасамі?

Каб нейкім чынам засведчыць сваю прысутнасць, Макар рыпнуў крэслам, стрымана кашлянуў, але гэта не дапамагло. Данута Станіславаўна глядзелася ў люстэрка, перабірала паперы, зачыняла фрамугі і па-ранейшаму не звяртала на яго аніякай увагі.

Макар пачаў быў хвалявацца і падумаў — ці не сысці, ды тут Данута, выцершы пыл з гіпсавага Энгельса, кінула на падвоканне анучку, крутнулася, як тая дзяўчынка, на адной назе і весела прамовіла:

— Ну дык што, ідзем?

Сказана гэта было з такой лёгкасцю, з такой іскрыстай бестурботнасцю, што ў Макара ёкнула сэрца, і ён, забыўшыся пра ўсё на свеце, усхапіўся з крэсла і зрабіў крок насустрач свайму шчасцю.

Ні ў калідоры, ні на сходах яны, дзякаваць богу, нікога не стрэлі, а вось на ганку сутыкнуліся са збоем жанчын — былі там і райкамаўкі, і райвыканкамаўкі, і яшчэ немаведама хто. Ідучы па прыступках, Макар паскорыў крок, намагаючыся абмінуць усіх гэтых пляткарак, але Данута схапіла яго за рукаво, сагнула руку абаранкам і, піхнуўшы пад локаць далікатныя пальцы, зацюкала абцасамі па асфальце. Так яны і пайшлі, пад ручку, і спіна Макарава свярбела ад пранізлівых жаночых позіркаў.

Злёгку замглёнае, даспелае сонца яшчэ было высока. Сонца вісела над будынкам райкама, па-над возерам, адбіваючыся ў яго спакойным люстры, над дымным комінам ільнозавода, які вытыркаўся з-за дахаў азярышчанскай ускраіны, што называлася Зарэччам. Там, у Зарэччы, гарлалі пеўні, крычалі вароны, бязладнай грамадой пералятаючы з месца на месца, і голасна мэкалі козы.

Макар не бачыў сонца, не бачыў крыклівых варон, не чуў казінага мэкання. З усіх органаў пачуцця ў яго працаваў толькі нюх — ён удыхаў водар парфумы, невідушча ступаў па ходніку, і Дануце даводзілася тузаць спадарожніка за руку, каб абмінуць лужу альбо конскія яблыкі.

Яны дайшлі да ўнівермага, павярнулі на Чырвонаармейскую, і тут, абмінаючы чарговую лужыну, Данута пацягнула яго за рукаво.

— Памятаеце, што я сказала, калі мы танцавалі?

Ступіўшы нагой у лужу, Макар спыніўся, асавела паглядзеў пад ногі.

— Вы што, як конь — на хаду кімарыце? — рагатнула спадарожніца, і гэтае параўнанне вярнула Макару слых і зрок. — Учора… на Качыным востраве… я сказала, што прыношу мужчынам няшчасце…

Макар няпэўна кіўнуў, паспрабаваў пасміхнуцца.

— І не баіцеся звязвацца… з такой ведзьмай?

Макар страсянуў галавой, а Данута, паправіўшы валасы на скронях, задуменна і разам з тым нерашуча прамовіла:

— Ну што ж, тады пойдзем да мяне. Пачастую вас кавай.

Ад такой прапановы можна было ашалець. У гарачкавых мроях Макар са слязьмі на вачах уяўляў — як ён пакахаецца з Данутай Станіславаўнай. Яму ўяўляліся прызнанні, нясмелыя пацалункі, прагулянкі ў фасфарычным святле ліхтароў. Але каб так, адразу, без нічога ніякага, Данута запрасіла да сябе піць каву — такога ён не ўяўляў нават у самых смелых лятунках. Таму і аслупянеў Макар, і Данута, абмінуўшы лужыну, з нецярплівасцю выдыхнула:

— Ну дык ідзем! Ці так і будзем стаяць?


Цагляны дом у канцы Чырвонаармейскай вуліцы быў адзіным пяціпавярховікам у Азярышчы і менаваўся Домам спецыялістаў. Там, у двухпакаёвай кватэры з усімі выгодамі, жыла Данута Францкавяк.

Цёмнымі вечарамі, кульнуўшы добрую чарку, Макар часта блукаў каля гэтага дома, заходзіў у пад’езд, крадком падымаўся на трэці паверх, каб крануцца рукой запаветных дзвярэй, а іншым разам, пад роспачны брэх сабак, залазіў на яблыню, што расла на другім баку вуліцы, і апантанымі вачыма глядзеў на зялёны квадрат — вакно Дануцінай спальні.

Пару разоў ён бачыў, як Данута распраналася, а аднойчы, угледзеўшы ў пройме рассунутых штораў нейкага мужыка ў салатавай майцы, ледзь не самлеў ад рэўнасці і, слізгануўшы нагой па суку, зваліўся долу.

Цяпер ён ішоў з Данутай па Чырвонаармейскай — уздоўж парэпанага плота, міма газетнага шапіка, міма смуроднай сметніцы — і горбіўся ад шчасця, якое на яго раптам абрынулася.

Каля пад’езных дзвярэй Данута на імгненне спынілася.

— Вось тут я і жыву, у дваццаць трэцяй кватэры.

Спыніўся і Макар. З захапленнем зірнуў на вокны трэцяга паверха, вінавата шморгнуў носам і раптам, у памкненні кінуц­ца немаведама куды, разявіў рот і выцягнуў шыю.

— Куды вы? — крыкнула Данута, калі ён сарваўся з месца.

— Я зараз… Я вомігам, — гукнуў Макар, завярнуў за рог дома і стаў на хаду поркацца ў кішэнях.

Сэрца парывіста білася, набойкі на абцасах лідскіх «гадаў» ляскаталі па ходніку, і язык, спрабуючы ўгнацца за тымі зыкамі, таропка паўтараў адну і тую ж фразу:

— Да позняй ночы гараць агні ў вокнах Бычкоўскага клуба…

У краме шампанскага не было, а таму давялося бегчы ў «Каліну красную». Разганяючы курэй ды качак, ён дабег да рэстарана, узляцеў на ганак і ў дзвярах сутыкнуўся з Мішкам Мандрыкам.

— Макар?! Ты куды ляціш?

Ён не адказаў, адно махнуў рукою, узбег на другі паверх і, перапудзіўшы афіцыянтку Машу, зморана прасіпеў:

— Шампанскага… бутэльку… за любыя грошы.

Каб ізноў не сутыкацца з Мандрыкам, ён скарыстаўся чорным ходам, пералез цераз плот і пашыбаваў агародамі, сціскаючы ў руцэ, нібыта апошнюю гранату, бутэльку рэстараннага шампану.

Здавалася, чаго прасцей — націснуць кнопку званка. Працягні руку, тыцні пальцам у пукаты гузік — і за дзвярыма пачуецца меладычнае бомканне. Аднак, падышоўшы да дыхтоўных, абабітых чорным дэрмацінам дзвярэй з лічбаю «23» на бліскучым ромбе-сукосніку, Макар увесь схаладнеў, прыслухаўся да навакольных зыкаў і, не рашаючыся пазваніць, з шумам перавёў дыханне.

На лесвіцы было ціха; так ціха, што ён чуў грукат уласнага сэрца. Сэрца білася, як спутаны певень. Каб суняць шалёнае біццё, Макар прыціснуў далонь да грудзіны, налёг лобам на дзвярны вушак і спалохана азірнуўся: за спінаю рыпнулі завесы, і ў цёмнай пройме бліснулі вочкі нейкай старой кабеты. Дануціна суседка пачала свідраваць яго сваімі вачыма-свярдзёлкамі, таму нічога не заставалася, як націснуць на кнопку званка.

Пасля першага званка яму не адчынілі. Макар прыслухаўся ў спадзеўцы пачуць парывістыя крокі, але за дзвярыма было ціха, і толькі аднастайны шум далятаў аднекуль здалёк, магчыма з іншай кватэры. Палец зноў націснуў на пукаты гузік, шум сціх, дзверы адчыніліся, і перад вачыма паўстала гаспадыня кватэры. Галава Дануціна была спавітая махровым ручніком.

Данута хмыкнула і, нічога не сказаўшы, знікла ў ванным пакоі.

Кватэра, у якую увайшоў Макар, уражвала: пад высокай столлю вісела шыкоўная люстра, на падлозе ляжаў варсісты дыван, але што ўражвала найболей, дык гэта няўлоўны, хвалюючы пах, які лунаў у паветры, ды абцягнуты зялёным аксамітам фатэль, у які ён плюхнуўся, агледзеўшы пакой.

Крэсла было на дзіва мяккім. Ён літаральна патануў у ім і, выпрастаўшы стомленыя ногі, задаволена крэкнуў. Дзіўна, але той хвіляй ён зусім не хваляваўся. Сэрца білася з разваж­лівай упэўненасцю, Макар паспрабаваў нават усхваляваць сябе, уголас прамармытаўшы: «Нарэшце я тут, у маёй багіні», — але гэта не дапамагло. Ён заставаўся спакойным яшчэ доўгіх чатыры хвіліны — аж да той пары, пакуль да таямнічага паху, што лунаў у пакоі, не дамяшаўся другі — пах даўно нямытых шкарпэтак. Макар убіў галаву між каленяў, варухнуў ноздрамі: шкарпэткі смярдзелі як мае быць. Не надумаўшы нічога лепшага, ён сцягнуў з пятак смярдзючкі, ліхаманкава піхнуў у кішэні.

Сядзець з голымі нагамі, аднак, не выпадала. Абламаўшы жоўты пазногаць на пальцы левай нагі, Макар прабег у калідор, стаў насоўваць свае стаптаныя «гады», і акурат у гэты момант дзверы ваннага пакоя расчыніліся і стукнулі яго у лабешнік.

— Ох, які вы разбэшчаны мужчына! — з асуджальнай весялосцю прамовіла гаспадыня кватэры, і ў Макара ад такіх слоў гарачкава заірдзеліся шчокі.

Данута падышла да трумо, расхінула крысо кітайскага халата, пільным вокам агледзела ў люстры свае зграбныя, шчыльна ссунутыя ногі.

У Макара загарэліся не толькі шчокі, але і патыліца.

— Вы што там, заснулі? — гукнула Данута, а калі госць, не пачуваючы пад сабою ног, ступіў на мяккі дыван, павярнулася і гулліва запытала: — Як я вам, падабаюся?

На твары Макаравым адбілася сарамліва-разгубленая ўсмешка, а спакусніца, не чакаючы адказу, крутнулася перад люстрам і, расцягваючы зыкі, праспявала:

— Ды падаба-а-юся…

Потым яна села ў фатэль і ўжо сур’ёзным і крыху сіплаватым голасам дадала:

— Шмат каму падабаюся, ды толькі замуж ніхто не бярэ…

Запанавала ціша. Госць муляўся пасярод пакоя, цягнуў уніз штаны, каб прыкрыць голыя ногі, а гаспадыня тым часам сядзела ў фатэлі, безуважна паглядаючы некуды паўзверх Макаравай галавы. Колькі доўжылася маўчанне? Хвіліну, дзве, а можа ўсе пяць? Але Данута ў рэшце рэшт ачулася, ускінула вочы і, заўважыўшы пляшку шампану на стале, тыцнула пальцам у бок серванта.

— Вазьміце… там, за шклом… фужэры.

Келіхі былі адмысловыя, на высокіх ножках, з залатымі птушкамі на баках. Узяць іх дрыжачымі пальцамі ўяўлялася справаю даволі складанаю, данесці да стала было яшчэ складаней, але Макар з годнасцю справіўся з заданнем — напоўніў пакой крыштальным звонам і, пазмагаўшыся з пляшкаю, стрэліў у столь поліэтыленавым коркам.

У паветры запахла піўнымі дражджамі, няўрымслівая вадкасць зашыпела ў келіхах, паперла праз верх, а Данута, страсянуўшы галавой, задуменна прашаптала:

— Божа мой, тры гады мазгі кампасціраваў…

Макар глынуў напою, папярхнуўся, ікнуў; у нос яму дало салодкім пахам гнілых яблык.

— Калі б вы ведалі — як мне ўсё абрыдла. — Данута таксама глынула шампану і бязгучна ікнула. — Кожны дзень адно і тое ж. Усё тыя ж пысы, усё тыя ж размовы… Як… як вырвацца з гэтай сіласнай ямы? Вы не ведаеце? — жанчына наставіла на госця свае шэрыя вочы, і госць, не ведаючы, што адказаць, спешна напоўніў фужэры.

Віно палілося ў нутро, але да страўніка не дайшло — захрасла недзе ў шлунках.

— І навошта вы тады ўвайшлі? — уздыхнула Данута, утрапёна і з нейкім дзіўным шкадаваннем паглядзеўшы на Макаравы «гады».

— Калі? — не зразумеў Макар, неўпрыкмет адцягнуўшы калашынне і гэтак жа неўпрыкмет адрыгнуўшы дражджавым духам.

Гаспадыня кватэры не адказала: закінула на спіну вільготныя валасы, дастала з паддону стала парцалянавую попельніцу, пачак імпартных цыгарэт і мініяцюрную запальнічку.

Запальнічка пстрыкнула, і па тым, з якім імпэтам заскакалі ў Дануціных вачах увішныя вогнікі, можна было зразумець, што жанчына гатовая расплакацца.

— Ну дык што — ідзіце ў ванную.

Галавакружна-пахкі дым, які выдыхнула Данута, ачмурыў настолькі, што Макар забыўся на хвілю — дзе ён, што з ім і чыё гэта калена выбілася з ядвабнага, колеру марской хвалі, халата.

«Як жа так? Адразу ў ванную… Мы ж нават не пацалаваліся…» — думкі непрагляднай завірухай закружыліся ў галаве, ад іх зрабілася цёмна ўваччу, і збянтэжаны госць, выставіўшы наперад рукі, невідушча пасунуўся ў ванную.

Вільготны пах ці то мыла, ці то шампуню яшчэ больш ускружыў галаву. Вочы прабегліся па шыхце рознакаляровых бутэлек з шампунем, па бліскучых колцах, на якіх вісела поліэтыленавая заслона, і, нарэшце, засяродзіліся на запацелым люстэрку. Пальцы крануліся вільготнай паверхні, намалявалі на ім размашысты квадрат, і ён убачыў у люстры свой вагняшчокі твар.

Ён скінуў штаны разам з трусамі, здзёр кашулю, залез у ванную. Знямелыя пальцы крутнулі кран, і ў патыліцу ўдарылі халодныя струмені душа.

Мыла было слізкім, духмяным, круглявым па форме і ўвесь час выслізгвала з далоні. Макар абмацваў рукамі выгінастае дно ваннай, а намацаўшы круглявую слізготу, з апантанасцю мармытаў:

— Сяльчане прыходзяць сюды адпачыць, паглядзець цікавы фільм…

Потым ён выцерся махнатым ручніком, выцягнуў са штаноў трусы, а згадаўшы імя загадчыцы бібліятэкі Забыронькі, прыкусіў дрыготкую губу. Трусы былі падзёртыя, ад іх тхнула мачой, таму, павагаўшыся, Макар нацягнуў штаны на голае цела. Ён паспрабаваў запіхнуць трусы ў кішэню, але яны туды не лезлі, і ў галаве нарадзіўся дзёрзкі план: адразу з ваннай пайсці на кухню і выкінуць трусню ў фортку.

Наструнена, каб не нарабіць груку, ён выйшаў у калідор, збіраўся ўжо праслізнуць на кухню, але, угледзеўшы Дануту, застыў, ачмурэлы.

Калі б гаспадыня кватэры паўстала перад ім голай, ён не ачмурэў бы так, як тою хвіляй. Але не, Данута не была голай, ды яе ўбор — белыя панчохі, карункавы пас, такія ж карункавыя пальчаткі да локцяў і празрысты станік у буйную сетку — перацяў дыханне, халодным жарам апаліў ніз жывата. Ногі зрабіліся ватнымі, таму Макар, схапіўшыся за вушак, апусціўся на калені, выцер вільготнымі трусамі агідны пот з ілба.

Данута сядзела, адкінуўшы галаву на спінку фатэля, паліла цыгарэту і ў час чарговай зацяжкі разам з дымам выдыхнула фразу:

Загрузка...