2

Робячы чалавеку зло, мы вінаватыя перад ім да таго часу, пакуль ён пра гэта памятае, але адчуваем сябе вінаватымі, пакуль памятаем пра гэты ўчынак самі. Зло — грэх, але калі перад Богам мы замольваем свае грахі малітвамі, то на зямным судзе памяць — адзіны суддзя, і яна ж — адзіная мера віны. Прычыніце чалавеку боль, а потым двойчы зрабіце яму дабро: ён даруе вам, але пакуль будзе памятаць пра прычынены боль, вы будзеце перад ім вінаватыя.

«Вядома, — думаў я, стоячы на аўтобусным прыпынку, усё яшчэ аглушаны апошнімі словамі маёй былой настаўніцы, — толькі той, хто крыўдзіць, бачыць розніцу паміж крыўдай, прычыненай ад кахання, і крыўдай, прычыненай ад нянавісці. Але няўжо тое кепскае, што я зрабіў Танечцы, за дваццаць гадоў не толькі не забылася, а ўсё яшчэ прымушае яе ненавідзець мяне? Кожнай віне ёсць свая цана, але нянавісць — цана занадта вялікая».

І тут мне ў галаву прыйшла ўратавальная думка: унутрана, недзе нават падсвядома, я лічыў, што Танечка мусіць мне ўсё дараваць таму, што я, яе вучань, стаў даволі вядомым чалавекам, якім настаўнікі павінны ганарыцца. Але аказалася наадварот: чым большай была мая вядомасць, тым больш яе гэта раздражняла. Мы не бачыліся дваццаць гадоў, і ўсе гэтыя дваццаць гадоў я заставаўся тым, хоць і закаханым, але непаслухмяным і часта даволі нахабным у сваіх паводзінах перад ёю вучнем.

Сёння я прыехаў у горад, каб знайсці свайго аднакласніка, які запрасіў мяне выступіць у школе, дзе ён працаваў настаўнікам. Мне хацелася папярэдне абгаварыць з ім нюансы гэтага выступлення, якое было не зусім звычайным: у яго класе здарыўся надзвычайны выпадак, і замест таго, каб гэтым займалася калі не міліцыя, то якая-небудзь камісія па справах непаўналетніх, павінен буду займацца я. Смешна, хоць і прыемна, што недзе яшчэ разлічваюць на тое, што пісьменніцкае слова можа мець нейкую вагу і нешта вырашаць. Тыдзень таму я выступаў у адной з мінскіх школ і расказваў васьмі… — проста містыка нейкая! — васьмікласнікам пра добрае, чыстае, вечнае, а пасля, ужо на школьным ганку, дзяўчынка, якая паўгадзіны таму, седзячы за пярэдняй партай, уважліва слухала мае вершы, падышла да мяне і папрасіла закурыць. Не ведаю, можа, сёння васьмікласнікі просяць закурыць і ў настаўнікаў, і наадварот — настаўнікі ў васьмікласнікаў. Я не ведаю сучасную школу, асабліва старэйшыя класы, таму не люблю перад імі выступаць. Нават крыху баюся іх, бо не ўяўляю, як перад імі трымацца, што ім гаварыць. І зусім не ведаю, што буду гаварыць заўтра…

Я думаў так, стоячы на аўтобусным прыпынку, і ад гэтых думак нават пачаў крыху раздражняцца, разумеючы, што віною таму — Танечка.

Я вырашыў не ісці ў горад, а пехатой вярнуцца дадому, у сваю вёску, да якой было чатыры кіламетры. Я баяўся, што ў горадзе выпадкова магу зноў сустрэцца з Танечкай, чаго б мне цяпер больш за ўсё не хацелася. Я ведаў, што ўжо ніколі не буду ўспамінаць пра сваё каханне да яе з той пяшчотай, як гэта было заўсёды. А значыць, сёння яна дамаглася куды большага, чым, напэўна, хацела.

Я падумаў пра васьмікласніка, якога павінен быў заўтра, падчас свайго выступлення, асудзіць, і мне раптам стала шкада яго, хоць мы былі зусім незнаёмыя.

— Тут адзін васьмікласнік хацеў настаўніцу з дапамогай Інтэрнета шантажыраваць, — сказаў мой былы аднакласнік па тэлефоне, запрашаючы мяне прыехаць выступіць у школе.

— Ого, — засмяяўся я, — шантаж з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій! Відаць, здольны хлопчык. Можа, ён, калі вырасце, стане знакамітым праграмістам?!

— Усё не так проста. Настаўніца напісала заяву на звальненне.

Я ішоў дадому па ўзбочыне дарогі, па якой у дзяцінстве хадзіў так часта, што цяпер непазбежна патрапляў у свае сляды.

Я думаў пра хлапчука, якому заўтра павінен буду нешта гаварыць пра мараль і добрыя паводзіны ў школе.

У сваім уяўленні я маляваў яго партрэт, які, у выніку, чамусьці аказаўся копіяй майго школьнага партрэта, вядомага мне па старых фотаздымках. Русыя, крыху непаслухмяныя валасы, за якімі амаль не відаць вушэй, нос крыху кірпаты, вялікія вочы. Толькі ён, вядома, у адрозненне ад мяне, заўсёды пры грашах, раз у восьмым класе мае мабільнік з фотакамерай.

Я паспрабаваў уявіць, як гэта ўсё адбылося.


Сёлетні верасень быў цёплы, і яна прыйшла ў школу, апранутая даволі лёгка. Ёй дваццаць тры гады, і яна пакуль ніяк не можа прывыкнуць да строгіх касцюмаў, хоць дырэктар аднойчы ўжо, магчыма, і зрабіў ёй заўвагу. Зрэшты, дырэктар як-ніяк мужчына, і яшчэ не стары — яму толькі крыху за сорак.

Яна зайшла ў клас, абвяла васьмікласнікаў уважлівым, крыху напружаным ад хвалявання позіркам, якое старалася схаваць ад класа за сваёй усмешкай.

— Добры дзень.

Усе ўсталі, апроч яго.

— Ого, — разглядваючы яе з ног да галавы, сказаў ён дастаткова гучна, каб яна пачула.

Магчыма, гэта было па-дзіцячы выказанае захапленне, якое яна прыняла за фамільярнасць.

Ён сядзеў, крыху адкінуўшыся на спінку парты, і яна адразу зразумела, што з ім будзе цяжэй, чым з кім, асабліва калі яна не паставіць яго на месца адразу, з першага ўрока.

— На жаль, мяне не папярэдзілі, што ў восьмым класе ёсць калека, які не можа падняцца, калі заходзіць настаўнік.

Напэўна, трэба было адрэагаваць на яго ўчынак неяк па-іншаму, падумала яна. Вось так: «Спадзяюся, гэтаму маладому чалавеку гэтак жа не будзе хацецца ўставаць з-за парты, калі празвініць званок на перапынак!» А можа, на першы раз увогуле трэба было зрабіць выгляд, што яна нічога не заўважыла.

— А яго ў радзільным доме выпусцілі з рук!

«Яшчэ адзін паяц», — падумала яна, адшукаўшы вачыма на «галёрцы» яго сябрука: у кожнага «героя» ёсць такія «збраяносцы», якім яны дазваляюць так выказвацца пра іх узамен за верную службу. З імі якраз даволі проста, яны падсвядома адчуваюць свае другасныя ролі не толькі на вуліцы, але і на ўроку ў адносінах з настаўнікамі.

— Сядайце, — сказала ўсяму класу і тут жа звярнулася да яго: — А вас, малады чалавек, я ўсё ж прашу ўстаць і выйсці. Да дошкі.

— А што мне там рабіць? Нам жа яшчэ нічога не задавалі, — здзівіўся ён.

— Паверце, я знайду для вас работу.

Ён выходзіў упэўнена. Двойку яна яму ўсё роўна не паставіць, гэта факт — яны яшчэ не праходзілі ніводнай тэмы, а больш яму баяцца няма чаго.

— Скажы, калі ласка, якія творы беларускай літаратуры ты прачытаў за лета?

— А нам нічога не задавалі.

— Ну, ты не спяшайся адказваць за ўсіх. Табе не задавалі, а ўсім астатнім, можа, якраз і задалі.

— Тады ў іх і пытайце.

— Я спытаю. Але мне хацелася б ведаць, наколькі ты цікавішся літаратурай, што чытаеш, ці запісаны ў гарадскую бібліятэку.

— Я чытаю ў Інтэрнеце. Кніга ўвогуле хутка сваё аджыве.

— Вось як. Ну, і што ж ты чытаеш у Інтэрнеце?

— А ён не чытае, а карцінкі ўсялякія глядзіць!

Зноў голас таго кірпатага. Яна ўжо вызначыла гэта, не паварочваючы ў той бок галавы.

— А ў Інтэрнеце няма беларускай літаратуры.

— Няўжо? Нават Купалы і Коласа?

Ён адразу не знайшоўся, што адказаць, бо, сапраўды, ніколі не трапляў на сайты, прысвечаныя беларускай літаратуры, але, з іншага боку, ён не раз чуў, што ў Інтэрнеце ёсць усё.

Яна не магла не скарыстаць гэтую паўзу.

— Запомні: для таго, хто хоча мысліць, хто хоча стаць больш разумным, — Інтэрнет незаменны памочнік, а гультаям ён толькі шкодзіць. Сядай! — І не чакаючы, пакуль ён сядзе: — Ну, хто з класа ўсё-ткі знайшоў летам час, каб узяць у рукі кнігу?

Яна закранула яго самалюбства. Калі б ёй было сорак ці пяцьдзесят, ён усё гэта ўспрыняў бы як належнае, але ёй было дваццаць тры, па ўзросце яна магла б быць яго старэйшай сястрой, а старэйшых сясцёр у восьмым класе ўжо не хочацца слухацца. Да таго ж, яна была прыгожая, ён яшчэ не ўсведамляў, што менавіта гэта прымушае яго больш за ўсё раздражняцца.

Яго ўжо не цікавіў урок. Ён не слухаў сваю аднакласніцу, якая, выйшаўшы да дошкі, бойка расказвала, што чытала летам, і было падобна на тое, што яна прачытала ўсю сусветную класіку, можа, нават да канца не разумеючы, якую вялікую паслугу ў гэты момант робіць новай настаўніцы. Тая з цікавасцю яе слухала, унутрана ўжо гатовая да таго, што дзяўчынка зараз пачне на памяць чытаць ёй вершы Купалы, якія яны будуць праходзіць яшчэ праз некалькі месяцаў. Яна павярнулася ў крэсле да яе ўсім корпусам, не ўсведамляючы, што цяпер яе калені, не прыкрытыя кароткай спаднічкай, глядзелі ў яго бок, і ён утаропіўся на іх з першага ад дзвярэй рада, а пасля, непрыкметна для яе, дастаў з кішэні мабільнік.

У гэты момант я таксама глядзеў на яе — але і твар, і валасы, і грудзі, і рукі, і калені ў яе былі Танеччынымі. Яна быццам вырашыла неадчэпна быць са мной паўсюль, пачаўшы з таго, што прымала вобраз жанчын, якіх я маляваў у сваім уяўленні, пагражаючы з часам замяніць сабою жанчын рэальных.

Хоць, па-шчырасці, яна мроіцца мне з таго часу, як…

Загрузка...