Дома, у бацькоўскай хаце, мне не сядзелася. Я ўсё думаў пра Танечку, разумеючы, што не супакоюся, пакуль не буду ведаць прычыну яе нянавісці да мяне.
Пад вечар я пайшоў у суседнюю вёску, куды некалі хадзіў у школу. Неўзабаве пасля таго, як школу пабудавалі (вялікую, у тры паверхі), побач з ёй вырас шматкватэрны дом для настаўнікаў. Не забыліся і пра хлеўчукі ды месца для агародчыкаў. Праходзячы міма, мы, школьнікі, часта бачылі сваіх настаўнікаў у рабочым адзенні, то з вядром у руках, калі ішлі карміць сваю жыўнасць, то з матыкай ці лапатай, калі корпаліся на сваім агародчыку. Не думаю, што толькі ў маёй свядомасці гэтая карціна разбурала вобраз настаўніка, у якім было больш узвышанага, чым зямнога. Хто ведае, можа і маё каханне да Танечкі не было б на мяжы вар’яцтва, калі б я часта бачыў яе не толькі ў школе — у прыгожым, модным адзенні, але і каля гэтага настаўніцкага дома — у гумовых ботах, старой спадніцы, у хустцы, завязанай вузлом на патыліцы. Але Танечка была не такая, як астатнія мае настаўнікі: жыла ў горадзе, адкуль да школы трэба было дабірацца на прыгарадным аўтобусе, а пасля з кіламетр ісці пешшу, якраз паўз нашу вёску, і не мела сваёй гаспадаркі.
Я націснуў кнопку званка крайняй кватэры. Тут жыла мая школьная дырэктарка, мілая, бяскрыўдная Вольга Міхайлаўна Максімчык. Цяпер яна ўжо была на пенсіі, што рабіла мой візіт да яе не такім бесцырымонным. Па-першае, вечарам ёй не трэба было рыхтавацца да школы, а па-другое, выходзячы на пенсію, людзі пачынаюць жыць больш мінулым, чым цяперашнім, а якраз мінулае ў гэтым доме я і шукаў.
Яна сустрэла мяне з гасціннасцю адзінокага чалавека, паставіўшы на пліту чайнік, нават не спытаўшы, ці буду я піць чай. Муж яе некалькі гадоў як памёр, дзеці, двое сыноў, з’ехалі: адзін — у Мінск, другі — у Віцебск. Зрэдку яны наведвалі яе, што ў выніку толькі абвастрала пачуццё адзіноты.
— Цябе не пазнаць, — сказала яна, а я ўспомніў, што ўчора нехта гаварыў мне якраз адваротнае. І пэўна, што кожны з іх меў рацыю. Але ў адказ я не мог сказаць ёй пра яе самую ні тое, ні другое, таму што і тое, і другое было б няпраўдай, і яна гэта ведала.
Таму я сказаў:
— У вас тут так прыгожа — нібы ў гарадской кватэры.
— На жаль, гэта гаворыць толькі пра тое, што цяпер у мяне шмат лішняга часу. А час не павінен быць лішнім — ён робіць жыццё бессэнсоўным. Ну, а як ты жывеш? Пішаш?
— Пішу. Вось збіраюся напісаць невялікую аўтабіяграфічную аповесць пра школу.
— О, мы тут усе з задавальненнем яе пачытаем.
— Ведаеце, пакуль што я збіраюся пісаць гэтую аповесць толькі для аднаго чытача — для самога сябе. А для аднаго пісаць у шмат разоў цяжэй, чым для тысячы, таму я яшчэ не ўпэўнены, што ў мяне нешта атрымаецца.
— Чаму толькі для самога сябе?
— Мой бацька пабудаваў для іншых шмат дамоў, але больш за ўсё любові і натхнення ўклаў у сваю хату, пабудаваную для сябе самога. Хату, у якую заўсёды хочацца вярнуцца, як толькі выходзіш на вуліцу і зачыняеш за сабой весніцы. Я таксама хачу напісаць аповесць, якую б мне хацелася ўвесь час трымаць на сваім рабочым стале. Мне шмат хто казаў, што па некалькі разоў перачытваў мае кнігі. Але сам я ніколі да канца не дачытаў ніводнай з іх — я іх памятаю толькі па рукапісах. Гэта як у той прымаўцы пра шаўца, які ходзіць босы.
— А калі аповесць атрымаецца: табе не будзе шкада, што яе не прачытаюць іншыя? У хату, якую пабудаваў твой бацька, таксама заходзяць чужыя людзі.
— Але каб зайсці ў кнігу, яе спачатку трэба набыць, зрабіць так, каб яна стала тваёй уласнасцю. Я ведаю, што калі б мой бацька прадаў сваю хату, ён ужо ніколі б не зайшоў у яе, таму што яна для яго стала б чужой. Як жанчына, з якой расстаешся, і яна дастаецца іншаму. Хто ведае, — засмяяўся я, — калі-небудзь, можа, і я прадам каму гэтую сваю аповесць, каб напісаць лепшую. І ў яе з’явіцца іншы гаспадар, які будзе лічыць яе сваёй.
На кухні засвісцеў чайнік, і мы перапынілі нашу размову.
— Я на днях бачыла Наташу, — сказала Вольга Міхайлаўна, ставячы перада мной на часопісны столік перад канапай колеру марскога пяску паднос з двума кубачкамі чаю і цукарніцай.
У нашым класе былі тры Наташы, але я ведаў, якую з іх мае на ўвазе былая дырэктарка.
— Я чуў, у яе нейкія праблемы былі на працы.
— Ну якія праблемы ў бізнесменкі — грошы. Многія нашы вучні займаюцца бізнесам. Вось бачыш, як атрымліваецца: мы іх гэтаму на ўроках не вучылі, універсітэтаў яны ніякіх не заканчвалі, нярэдка таму, што не змаглі паступіць. Але яны сёння зарабляюць у некалькі разоў больш, чым іх настаўнікі… А яна пра цябе часта ўспамінае.
— Я пра яе таксама. Помніце, як тэхнічка прывяла мяне да вас у кабінет і сказала, што я лажу ў гардэробе па чужых кішэнях?
— Помню, а як жа.
— Тады вы сказалі, што потым пагаворыце пра гэта са мной, але так і не пагаварылі.
— Навошта? Я даведалася, чыя куртка табе спатрэбілася, і мне ўсё стала ясна. Між іншым, у той дзень мы з табой здзейснілі аднолькавае злачынства. Я таксама залезла ў кішэню Наташынай курткі. Праўда, я думала, што знайду там тваю запіску, а знайшла цукеркі. Я пераклала іх у іншую кішэню — без дзіркі. Але, у адрозненне ад цябе, я рабіла гэта ў прысутнасці сведкі.
— Тэхнічкі?
— Не, Наташы. Толькі я папрасіла, каб яна ніколі табе пра гэта не гаварыла. Дарэчы, яна стрымала сваё слова?
— Яна мне ніколі нават не намякнула пра гэта.
— Можа, яна і хацела калі табе намякнуць, але ты быў ужо закаханы ў іншую. Я тады яшчэ падумала, што ў табе залішне шмат кахання, якое ты можаш даць жанчыне. Нават больш, чым ёй звычайна трэба. І ў цябе яго заўсёды хоць крышку будзе заставацца для іншых. А ў школьным узросце людзі такога складу характару асабліва шчодрыя на каханне. Таму тады ў маім кабінеце мяне больш хвалявала не тое, што здарылася ў гардэробе — я не сумнявалася, што ты не здольны на такі ўчынак, — а тое, якімі вачыма ты глядзеў на сваю новую настаўніцу біялогіі.
Мы наблізіліся да самага галоўнага.
— Я кахаў яе вачыма, а не сэрцам, таму змог ацаніць яе знешнюю прыгажосць, але не здолеў убачыць тое, што творыцца ў яе ўсярэдзіне. Магчыма, яна па сённяшні дзень думае, што я злодзей.
— Ну чаму, потым я ёй сказала, што тэхнічка памылілася. Павер, без лішніх падрабязнасцей.
— Але ад гэтага яна не стала ставіцца да мяне лепш. Наадварот, цяпер мне здаецца, яна часам шкадавала, што я не аказаўся злодзеем.
Мне не хацелася расказваць маёй былой дырэктарцы пра сустрэчу з Танечкай на аўтобусным прыпынку, і я не стаў тлумачыць, чаму менавіта так мне цяпер здаецца.
— Тваё каханне да яе было вельмі агрэсіўным. Яна была зусім яшчэ маладая і не ведала, як гэтай агрэсіі супрацьстаяць. На жаль, гэтаму нельга навучыцца ва універсітэце, таму што на кожны канкрэтны выпадак мусіць быць свой падручнік. А пасля яна была ўжо ў тым становішчы, калі спакой для жанчыны не прывілея, а неабходнасць. Дарэчы, яна павяла сябе вельмі годна, калі пасля ўсяго, што з ёю здарылася, не ўчыніла ніякага скандалу, не паскардзілася ў райана, а проста перавялася ў іншую школу. Зрэшты, калі б яна была ўпэўнена, што гэта зрабілі менавіта вы, хто ведае, як яна сябе павяла б.
— А што з ёй здарылася? — недаўменна спытаў я, адчуваючы, як словы пяском захрасаюць на языку.
— Ты хіба не ведаеш? Яна была на пятым месяцы, калі вечарам вы яе так напалохалі, што ад стрэсу яна ў выніку страціла дзіця.