4

Гісторыя з газетай здарылася ў пятніцу, а ў нядзелю раніцай ён зайшоў да сваёй аднакласніцы Ларысы Шацько, прыхапіўшы з сабой сшытак па алгебры з рэшанымі на панядзелак задачамі. Ларыса жыла ў былой пачатковай школе, усярэдзіне настолькі пераробленай, што цяпер цяжка было здагадацца, дзе ў ёй раней былі класы, а дзе настаўніцкая. У Ларысы ўжо сядзеў Валік Пранчук — са сваім сшыткам па алгебры. Пакуль яны спісвалі задачы, Сяргей гартаў тэлефонны даведнік, шукаючы побач з хатнімі нумарамі і адрасамі знаёмыя прозвішчы: Александровіч, Антановіч, Атрашкевіч… Байкоў, Барадзіна, Барэйша… Гурыновіч, Гурыновіч, Гурэвіч… Варатынец, Васілеўская… Далей тройчы паўтаралася прозвішча Высоцкі, і ў яго на сэрцы нібы пасяліліся адразу тры радасці, бо ў тры разы вырасталі шансы на тое, што побач з адным з гэтых прозвішчаў указаны тэлефон Танечкі. Але які?

— Першы, — сказала Ларыса. — А ты што, хочаш пазваніць ёй?

Пазваніць? І што ён ёй скажа? Нічога не скажа — проста паслухае яе голас.

Ён зняў трубку і адчуў, як хваляванне паступова пагружае яго ў бязважкасць. Ларыса і Валік перасталі спісваць, яны глядзелі на яго так, быццам ён збіраўся даць нырца з высокага моста ў раку: варта яму перадумаць, і кожны палічыць яго баязліўцам.

Пасля чатырох ці пяці доўгіх гудкоў на тым канцы пачулася кароткае:

— Алё!

За нейкае імгненне ён паспеў падумаць, што дома ў яе зусім не такі голас, як на ўроку, і ў яго было адчуванне, што гэтым голасам яна не гаварыла ў трубку, а шаптала яму на вушка.

Сам не разумеючы, што з ім адбываецца, ён спытаў, крыху роблена, панізіўшы голас:

— Гэта Таня?

— Таня, — пасля кароткай паўзы сказала яна. — А з кім я гавару?

— Таня, я хачу з табой пазнаёміцца! Таму што я больш не магу без цябе, не магу кожны дзень бачыць цябе на вуліцы, не знаходзячы прычыны, каб падысці і загаварыць з табой! Мне адзінока без цябе!

Ён гаварыў і баяўся спыніцца, баяўся, што яна чакае паўзы, каб грозна (здзекліва, раздражнёна — як заўгодна!) сказаць: «Васілевіч, заўтра мы разам пойдзем да дырэктара, і там ты паўторыш тое, што толькі што сказаў мне».

— Можаш гаварыць мне што хочаш, толькі не кладзі трубку. Я і так не рашаўся пазваніць табе цэлы месяц.

Ён не ведаў, што яшчэ гаварыць ёй, і з жахам чакаў яе грознага прысуду.

Але яна засмяялася і сказала:

— Малады чалавек, я, між іншым, замужам.

— Тады… тады я ўкраду цябе! — амаль закрычаў ён, ахмялелы ад магчымасці так размаўляць са сваёй настаўніцай, і тут жа пачуў праз трубку незадаволены далёкі мужчынскі голас.

— З кім ты гаворыш?

— Не ведаю, напэўна, нехта памыліўся нумарам. Голас яе таксама аддаліўся, і пасля гэтых слоў у трубцы пачуліся кароткія гудкі.

— Ты што, праўда з Танечкай гаварыў? — недаверліва спытаў Валік. — Афігець. Прыкінь, што было б, калі б яна пазнала твой голас.

Але цяпер, калі ў трубцы чуліся кароткія гудкі, яму раптам так захацелася, каб яна ведала, што гэта ён ёй званіў…


Ён не мог дачакацца яе ўрока. Ён прагна лавіў яе позірк, каб прачытаць у ім хоць маленькі намёк на тое, што яна здагадалася, хто гаварыў з ёй па тэлефоне. Але ў яе позірку чыталася толькі ранейшая гордая абыякавасць.

Ён сядзеў на перадапошняй парце, за яго спінай паміж радамі на перапынку Танечка прынесла і паставіла дыяпраектар. У другой палавіне ўрока яна сказала, што яны будуць глядзець дыяфільм па новай тэме: «Будова сэрца». На класную дошку павесілі белы цыратовы экран, вокны завесілі чорнымі шторамі. Святло дыяпраектара рынулася на экран. Праз шчыліны для цыркуляцыі паветра яно біла ва ўсе бакі, блішчэла маленькімі лужынкамі на бліжэйшых партах. Танечка нягучна каменціравала малюнкі дыяфільма, і голас яе быў вельмі падобны на той, у тэлефоннай трубцы. Яму было цяжка яго слухаць, цяжка было вытрымліваць побач з сабой у прыцемку яе блізкую прысутнасць, калі кожны рух яе суправаджаўся шамаценнем залацістай крэпавай сукенкі.

Не зусім усведамляючы, што робіць, ён аўтаручкай вялікімі лічбамі напісаў на левай далоні нумар яе хатняга тэлефона і паклаў руку даланёй угору ў лужынку святла на сваёй парце. Ён не мог бачыць, ці звярнула Танечка ўвагу на яго далонь, ён спрабаваў зразумець гэта па яе голасе, але голас па-ранейшаму быў роўны і спакойны.

— Пранцук, расхіні шторы, — сказала Танечка, як толькі закончыўся прагляд дыяфільма, а праходзячы міма яго, дадала такім жа загадным тонам: — А табе, Васілевіч, раю памыць рукі, усё-ткі ты вучышся ў восьмым класе, трэба ўжо ўмець сачыць за сабой.

Загрузка...