3

…з таго часу, як, адчуваючы, што ў яго гараць шчокі, прычым, чамусьці правая пякла больш, а левая менш, быццам па правай якая-небудзь дзяўчына наводмаш ударыла далонню, а ў левую пацалавала, Сяргей Васілевіч падымаўся на другі паверх, у кабінет дырэктаркі, а следам за ім ішла тэхнічка.

Дырэктарка сядзела за сталом, а побач з ёй стаяла незнаёмая яму дзяўчына. Спыніўшыся ў дзвярах, ён, забыўшыся на тое, што пяць хвілін назад здарылася ў гардэробе, заварожана глядзеў на яе, глядзеў, і разам з тым не бачыў, таму што хацеў ахапіць позіркам зараз яе ўсю — ад залацістых валасоў, што ледзь краналіся плячэй, да ног, вышэй каленяў схаваных пад белай спаднічкай. У кабінеце стаяў водар духоў, якога ў іх школе раней ніколі не было, іначай ён бы яго абавязкова запомніў.

— Міхайлаўна, прабачце, вось прывяла злодзея. У гардэробе лазіў па чужых кішэнях.

Яму трэба было нешта гаварыць, апраўдвацца, але нехта нябачны схапіў яго за горла так моцна, што стала цяжка дыхаць. Апускаючы вочы, каб не сустрэцца з ёй позіркам, ён усё ж паспеў убачыць на яе твары здзіўленне і нават, як яму здалося, пагарду. Ён маўчаў, спадзеючыся, што дырэктарка скажа: «Гэтага не можа быць!», і тады ён з палёгкай уздыхне і, можа нават усміхнуўшыся, пацвердзіць: «Няпраўда! Я ніколі ні ў кога нічога не краў».

Але дырэктарка сказала:

— Добра, мы потым пра гэта пагаворым. Ідзіце, пара ўжо званіць на ўрок.

— Ой божачкі, і праўда! — усклікнула тэхнічка і выбегла з кабінета. Пра пачатак і канец урока яна абвяшчала, становячыся на зэдлік, які кожны раз прыносіла са свайго пакойчыка, і націскаючы на кнопку званка, што тырчэла ў сцяне калідора на першым паверсе, паміж вялікімі карцінамі мясцовага мастака і настаўніка малявання Івана Раманавіча Шакуры. Яго карціны віселі на ўсіх паверхах. Гэта былі пейзажы, на якіх навакольныя палеткі, лясы і вёскі ўгадваліся з цяжкасцю, у пэўнай ступені застрахоўваючы аўтара ад самапаўтораў у мастацтве. Ён спрабаваў пісаць партрэты знакамітых пісьменнікаў, але пасля таго як нават настаўніца беларускай літаратуры не адразу прызнала на яго партрэце Янку Купалу, Івану Раманавічу (за вочы — проста Раманавічу) давялося задавольвацца маляваннем адных пейзажаў.

Празвінеў званок. Другім урокам у восьмым класе была біялогія.

— У нас новая біялагіца, маладая, — сказала Ларыса Шацько, якая ведала ўсё пра ўсіх настаўнікаў, таму што яе маці ў федзюковіцкай школе вяла пачатковыя класы.

Пра тое, што Алачка, папярэдняя настаўніца біялогіі, летам у свае трыццаць нарэшце выйшла замуж і пераехала да мужа ў Баранавічы, ведалі многія. Яе ўсе вучні любілі — у тым ліку і за тое, што на кантрольных давала магчымасць спісваць, што не ставіла двойкі за нязробленае дамашняе заданне — замест яе ставіла ў класным журнале кропачку, і гэта азначала, што яна абавязкова выкліча на наступным уроку.

Зразумела, з-за гэтага яе прадмет у многіх у школе быў запушчаны, таму цяпер усе з трывогай чакалі, як павядзе сябе новая настаўніца.

Хвіліны праз дзве пасля званка дзверы класа расчыніліся, і паступова кабінет пачаў напаўняцца водарам духоў, які дагэтуль тут нікому не быў знаёмы.

— Добры дзень, — сказала дырэктарка, і клас устаў дружна, за выключэннем аднаго вучня, які падняўся не адразу і вельмі неахвотна.

— З гэтага года ў вас будзе новая настаўніца біялогіі. Завуць яе Таццяна Антонаўна.

— Добры дзень. — У новай настаўніцы быў хоць і ціхі, але дастаткова ўпэўнены голас.

Калі дырэктарка выйшла, яна накіравалася да стала, узяла ў рукі класны журнал і сказала:

— Ну што, будзем знаёміцца. Антановіч Света…

Пятым па спісе быў Сяргей Васілевіч.

— Здаецца, мы ўжо сёння бачыліся.

Магчыма, у яе голасе і не было ніякай прыхаванай насмешкі, але ён успрыняў гэтыя словы менавіта так.

Яму хацелася як мага хутчэй даказаць ёй, што ён не такі, як яна пра яго думае. На кожны яе ўрок ён прыходзіў старанна падрыхтаваным, але за месяц яна ні разу яго не выклікала. І калі ў адным з кастрычніцкіх нумароў газеты «Піянер Беларусі» надрукавалі цэлую падборку яго вершаў, ён ухапіўся за іх, як за выратавальную саломінку. Ледзь толькі пачаўся ўрок біялогіі, ён разгарнуў газету, усяляк стараючыся прыцягнуць да сябе Танеччыну ўвагу. Нарэшце яна зрабіла яму заўвагу, але праз хвіліну ён зноў стаў шамацець старонкамі, чакаючы, што на гэты раз Танечка загадае пакласці газету на яе стол. І ён зробіць гэта з таемнай радасцю, і пакладзе газету так, каб Танечка, кінуўшы на яе свой позірк, адразу ўбачыла яго прозвішча. Аднак настаўніца, быццам баючыся перадумаць, хутка накіравалася да яго, выхапіла з рук газету і са злосцю парвала яе на шматкі…


Прыходзячы ў бацькоўскую хату, у якой доўга не быў, пачынаеш разумець, што яна мае ўласцівасць адвыкаць ад цябе. Калі ты вярнуўся, а дома нікога няма, то, адмыкаючы дзверы, пераходзячы з пакоя ў пакой, адчуваеш ва ўсім затоеную насцярожанасць, з якою сустракаюць чужынца, яна сыходзіць ад сцен, ад кожнай рэчы, нават калі тая некалі была куплена ці змайстравана табой. Патрэбен час, каб гэтая насцярожанасць прайшла, каб масніцы, па якіх ступаеш, ручкі дзвярэй, за якія бярэшся, вопратка, у якую пераапранаешся, зноў прывыклі да цябе. Але прывыкнуць — яшчэ не значыць стаць тваім. Гэта як жанчына з часам можа прывыкнуць да цябе і нават пражыць з табою ўсё жыццё, але так і не стаць тваёю. Хата і ёсць жанчына, са сваім характарам, сваімі капрызамі, якой патрэбен свой гаспадар, без яго яна пачынае хварэць, хутка старэючы і разбураючыся. Таму для яе лепш мець гаспадара, якога яна не будзе любіць, але будзе цярпець, час ад часу паказваючы свой нораў, нават шкодзячы яму, чым не мець ніякага.

Гэтаму мяне вучыў мой бацька, сёння вядомы ў вобласці будаўнік, расказваючы, як перад самым маім нараджэннем яны з маці купілі невялікую хатку, у якой да гэтага жыла, для нас, малых, цётка Алена, а для ўсіх астатніх — проста Алена, ці, за вочы, Зязюля, што з Богам размаўляла часцей, чым з суседзямі. Ніхто не ведае, пра што былі тыя размовы, але на пяцьдзесят сёмым годзе Аленінага жыцця Бог забраў яе да сябе. Сваякоў, прэтэндэнтаў на дзесяць сотак недагледжанай зямлі і хатку на два акенцы з прыбудоўкай пад хлеўчык, у яе не аказалася, і праз год і два месяцы пасля смерці Алены, 28 верасня 1970 года, у хатцы нарадзіўся я. Калі прыйшла зіма, халодная і злая, аказалася, што хата зусім не трымае цяпла, якое адразу ж знаходзіла шчыліны не толькі ў дзвярах і вокнах, але і, здавалася, у саміх сценах, таму, як пасля не раз казаў бацька, калі палілі ў печы, можна было грэцца і седзячы каля хаты на надворку. Праз гэта я ўвесь час хварэў, нават калі прыйшла вясна і пачало цяплець, і маці ў адчаі сказала, што стамілася, і ёй здаецца, што тэмпература ў мяне ўжо ніколі не спадзе. Дзіўна, але колькі памятаю сябе, мая звычайная тэмпература 36.9, і гэта заўсёды крыху бянтэжыць дактароў, калі я прыходжу ў паліклініку закрываць бюлетэнь. Праўда, апошнія гадоў трыццаць я хварэю вельмі рэдка.

Але тады не толькі мая прастуда трывожыла бацьку. Я кепска засынаў, прахопліваўся сярод ночы, нібы нечым напалоханы, і ён нарэшце сказаў, што трэба шукаць грошы і ставіць сваю хату.

Наша хата з’явілася праз чатыры гады, я кепска памятаю, як яе будавалі (што можна было рабіць аднаму — бацька рабіў адзін), але ведаю, што ў правым ад вуліцы вуглу пад першай падвалінай ляжыць пяцікапеечная манета — на шчасце. Праўда, бацька любіць паўтараць, што шчасце трэба шукаць не ў будучыні, а ў мінулым, і толькі той, хто там яго знаходзіць, жыве не дарэмна.

Як бы яно ні было, але ў новай хаце ў мяне з’явіўся свой пакой, я перастаў хварэць кожную зіму і прачынацца па начах.

Хата, дзе я нарадзіўся, стала хлеўчуком, але першае ж парася (у нас кажуць: парэсятка), якое бацька купіў дзякуючы таму, што яго лыжка за вячэрай заўсёды была лягчэйшая, чым мая, не пражыло і месяца, і ён вырашыў разабраць хляўчук па бярвеннях на дровы.

Бацька не рыхтаваў мяне да прафесіі будаўніка, але, ведаючы, што перадаваць іншым свае веды тое ж самае, што дзяліцца ў далёкай дарозе хлебам, ад чаго становішся больш сытым, чым калі б еў яго адзін, яшчэ малога прывучыў мяне глядзець на хаты як на жывыя істоты. І калі я першы раз заходзіў у чужую хату, адразу пачынаў прыглядацца да яе, як прыглядаюцца да незнаёмага чалавека, з якім давядзецца разам правесці пэўны час. На жаль, апроч бацькі, з якім я, пераехаўшы ў Мінск, бачуся вельмі рэдка, мне няма з кім пагаварыць пра хаты так, як гавораць пра людзей.

Я ўсё яшчэ, быццам гэта было ўчора, а не дваццаць пяць гадоў таму, памятаю адзін выпадак. У самым канцы нашай вёскі стаяла хата, якая кожны раз, калі я аказваўся непадалёк, прыцягвала мяне да сябе, як магнітам. Але на надворку жыў злосны, як мне здавалася ў мае дзесяць гадоў, сабака, які свой наедак сумленна адрабляў залівістым брэхам. Аднойчы маці сказала: «Пайшлі са мной да Гані: я адна баюся сабакі». У гэты момант я ўпершыню адчуў сябе дарослым і падумаў, што быць дарослым — значыць умець пераадолець у сабе страх, каб зрабіць нешта не для сябе самога, а для іншых. Гэтае адчуванне жыло ўва мне яшчэ некалькі хвілін пасля таго, як мы падышлі да Ганінай хаты, і гаспадыня, паколькі была на надворку, адразу загнала сабаку ў будку і прыкрыла дзірку засланкай, якой прыкрываюць печ, каб не ўцякаў дух. У гэты момант мне захацелася быць яшчэ больш дарослым, і я, сеўшы бокам на край лавы, што стаяла каля Ганінай хаты, прытуліўся шчакой да сцяны і сказаў:

— Ваша хата вельмі цяжка дыхае, відаць, яна моцна хворая.

Ганя паглядзела на мяне са шкадаваннем і звярнулася да маці:

— Нейкі ён у цябе як нездаровы. Хай бы больш з дзецьмі бегаў, а не сляпіўся над кніжкамі.

Праз тры месяцы, увосень, Ганя памерла, і я ўпершыню ўбачыў, як хата можа старэць проста на вачах.

Больш я ніколі не гаварыў пра хаты з чужым чалавекам, тым не менш, не перастаючы думаць пра іх, нібы яны былі жывыя. Я ўжо тады стаў у пэўным сэнсе калекцыянерам — чалавекам, які збірае — у памяці, вядома, — хаты, як потым — ужо наяве — стаў збіраць аўтаручкі. Калісьці, каб каму-небудзь перадаць свае назіранні так, як бацька і сёння яшчэ імкнецца перадаць мне свае, я абавязкова напішу пра хаты апавяданне. Пра хату, у якой гуляюць вяселле, і пра хату, у якой ляжыць нябожчык. Пра хату, у якой дзень ніколі не бывае даўжэйшы, чым ноч, і пра хату, у якой мужчынскі голас чуваць так рэдка, што пасля ён яшчэ доўга адзываецца ў ёй рэхам.

Вядома, у гэтым апавяданні я напішу і пра сваю родную хату, і, далібог, яна заслугоўвае таго, каб стаць у ім галоўнай гераіняй.

Калі я пераязджаў у Мінск, бацька сказаў:

— Чым больш ты пакінеш дома дарагіх табе рэчаў, тым больш будзеш хацець сюды вярнуцца. І ніколі не забірай усе іх — інакш ты сюды ўжо ніколі не вернешся.

Ён, як заўсёды, мае рацыю, і ў гэтыя хвіліны, седзячы ў трохпакаёвай мінскай кватэры, у якой у мяне ёсць свой рабочы кабінет, бібліятэка ў некалькі тысяч кніг (не лічачы электронных версій), нарэшце, DVD-прайгравальнік з калекцыяй у некалькі соцень любімых фільмаў, адным словам, у кватэры, дзе ёсць усе ўмовы і для працы, і для адпачынку, я думаю пра тое, што недзе за 180 кіламетраў ад Мінска, у невялікай вёсачцы Туровічы няма ніякіх умоў для творчасці, бо заставацца аднаму там можна толькі ў сне. Я думаю пра тое, што тэлевізар там ловіць усяго тры праграмы, а чытанне кніг нагадвае заняткі сексам без кахання. І ўсё ж я вельмі хачу туды, асабліва цяпер, у гэтыя хвіліны. Хачу так, як ужо даўно не хацеў. Я разумею, што віной гэтаму Танечка, як разумею і тое, што гэта часова.


Нягледзячы на тое, што некалі я вырашыў больш нічога не забіраць з вёскі сюды, у Мінск, з таго, што звязана з маім дзяцінствам, у свой апошні прыезд я паклаў у дарожную сумку сшытак па біялогіі для восьмага класа — той самы, у якім некалькі старонак спісаны Танеччынай аўтаручкай, і якой я цяпер пішу гэтыя радкі. Я адвязу сшытак назад, як толькі закончу аповесць: там ён мне больш патрэбны, чым тут. Проста і ў мастацкім творы рэальныя даты і факты я заўсёды пераправяраю, і калі пішу, што ў кастрычніку ў восьмым класе мы праходзілі па біялогіі тэму «Будова і функцыі галаўнога мозгу», то так яно і павінна было быць насамрэч. Камусьці з чытачоў гэта падасца драбязой, непатрэбшчынай, але абавязкова знойдзецца і той, хто захоча пераправерыць які-небудзь факт, прыведзены ў творы. Можа нават пераправерыць, калі папраўдзе праходзілі тэму «Будова і функцыі галаўнога мозгу» ў восьмым класе ў 1985 годзе. Я павінен думаць і пра такога чытача. Дарэчы, якраз гэтую тэму мы праходзілі на ўроку, на якім Танечка на вачах усяго класа парвала газету з вершамі, пад якімі стаяла імя аўтара: Сяргей Васілевіч і назва школы: Федзюковіцкая СШ. Ці можна асуджаць юнага аўтара за тое, што, адчуўшы, як у душы ў яго ўсё закіпае, ён падумаў, што ніколі не даруе ёй гэтага?..

Загрузка...