У сэрцы здрада грукала
Дарма.
Для ворагаў
Твае глухія дзверы.
Балгарыя —
Гранітная чашма,
Адкуль славянскі дух
Напіўся веры.
Выводжу адрас трапяткі.
Хай прывітальныя радкі
Аблокаплыўнымі пантонамі
Злучаюць берагі ракі,
Што выцякае з песні мамінай,
Ракі, да макаўкі віроў
Знаёмай позіркам кастроў,
Заломам кожным, кожнай ямінай.
I слала ў песні той свякроў
Нявестку маладу
У Дунай па ваду.
А пакроў наганяў на зямлю абручы.
Не стукні, не грукні, суды беручы.
Нясі вадзіцу паціхусеньку
Ды стаўляй вадзіцу памалюсеньку,
Каб твая вадзіца не пліхнулася,
Каб твая свякроўка не абачхнулася...
Нявестка зацемна вярталася,
Ваду з Дунаю несучы.
Здаецца, свецяцца ў начы
Сляды сафійскімі кварталамі,
Іх студзяць вулачак руччы.
I ўзяць мне хочацца каромысел,
Каб маму падмяніць, такі,
Каб з праславянскае ракі
Прагнаў спазнання смагу домысел
I на вясёлцы нёс вякі.
Дагэтуль з песняю матулінай
Імкнецца думка за Дунай.
Вятрэц, агню не задзімай
У хаце, гурбамі затуленай,—
Дунай люляе: «Засынай...»
Я ў сон салодкі патанаю,
Плыву па сінім па Дунаю...
I з-пад забытае страхі я
Зноў адрасу шапчу:
Сафія.
Нібы ў зямлянку ў партызанскім лесе,
Сыходжу ў ціхі прыцемак царквы.
Вясёлкаю у німбавым акрэсе
Праменіцца надзеі рух жывы.
Вякі прыступкаў ледзьве ўгнулі плечы.
Яны ўздымалі веру да святла.
Імгла сярэднявечча чалавечы
Балгарскі дух прынізіць це змагла.
Абраза пяць вякоў не дазваляла,
Каб за мячэць вышэй царква была.
Нязломнасць у зямлю ішла трывала,
Бо з каранёў расце святло ствала.
I вытрымалі карані.
I крона
Балгарскай мовы
ў неба шле хвалу,
Гаворыць з зорамі.
Рунець спаконна,
Уросшы ў глебу родную, ствалу!
І.
Зглўхла белыя крыгі хваль
На пясок, яшчэ не астылы,
Налятаюць у цемры,
Амаль
Як зімы нечаканай крылы.
Мора дыхае
Ці каваль
Суцішае кувалды ўздрыгі?
Змеркла даль
Ці на крыгах хваль
Пацяплелі аблокаў крыгі?
3 дна ўсплывае
Бадзёрасць дня.
Ветру млява лісты пашчыкваюць.
I праз пальцы
Цыкад пясчынкі
Цэдзіць —
Каб не заснуць! —
Цішыня.
ІІ.
Пчолам хочацца
Лета вярнуць.
Чаіцца
Далягляд белабрысы.
Прапануе ў нябёсы зірнуць
Указуючы перст кіпарыса.
Вінаграду дзікага
Плашч
На сцяне
Ды барвянасць глога.
Зірк свой лашч
Ды лірычна плач
3 імем творцы
I духу святога...
ІІІ.
Як п'яніца стары,
Чырвоны нос
Ад сораму схаваць
Спрабуе перац.
Нібы для семярых
Нос гэты рос,
А лёс зялёны
Змог яму даверыць.
Налітыя здароўем маладым
У памідораў
Як не пырснуць шчокі.
Лёг баклажан у пыл,
Бы ў цёплы дым.
I па націўі
Боб пусціўся ў скокі.
Кастрычнік цёплы
Не імжыць кастрой.
Лісты
Гайдаюць летнюю лагоду.
Трымае цвёрда
Восені настрой
Фонд залаты
Балгарскага гарода.
Гарод балгарскі,
Хай жа не кране
Цябе
Абраза лебяды ніколі!
Бо цеплыня
Не падае ў цане
Твая
На біржах шумнага застолля.
Як забароненая чарка,
Што ні абняць, ні прыгубіць,
Іканавокая балгарка,
Як пра цябе ўспамін забыць?!
Ці не ў святла са змрокам сварка
Такая з-за цябе была,
Што твой пагляд цямней,
Балгарка,
Чым пекла чорнага смала?
Ты не народзіш недавярка,
Табой славяняцца вякі.
Мадоннатварая балгарка,
Міг запыніць табе з рукі!
Настрою яравая хмарка,
Што робіць светлым
Сум начы.
Скажы,
Маўклівая балгарка,
Куды ад спёкі мне ўцячы?!
I вецер верасня
Абраў лагодны тон
Для дзён,
Што з цеплынёю засталіся.
Хадою маладой сагрэтая Сафія
3 плячэй зрывае
Свой асенні палітон —
Аж падаюць
Каштанаў гузікі глухія
На неастылую аздобу жаўталісця...
Калі вам толькі можа рай прысніцца,
У ім павінна зелянець яна,
На засень урадлівая
Лазніца,
Спагадніца настрою і віна.
Куды да гэтых шчодрых
Райскім шатам!
Шуміць
3 лазы застрэшак гаманкі.
Даўно тут расшчапілі
Сэнсу атам
Балгарскага Адама сваякі.
Тут можна міжнародную нараду
Праводзіць,
Знаючы цану глытку,
Пад пераспелым небам вінаграду,
Дзе гроны зорак
Просяцца ў руку.
Было,
Што ўседзеў ледзьве ў калясніцы,
Грымоты пагубляў
Ілья-прарок,
Бо пасядзеў пад шатамі лазніцы.
Ад ліўню ўцёк ён,
А ў віне дамок.
Зялёная павець,
Дзе дрэмле золак.
Спавітая пяшчотнаю імглой,
Антэна чэпкая
Лазы вясёлай
Трымае сувязь з небам і зямлёй.
Нібыта сама даўніна
Ва ўборы вякоў стракатым,
Конеўская планіна
Пажарам лясоў сустракае.
Бягуць праз агонь слупы,
Узносячы чашачкі ўгору,—
Каб хоць не разліць
Скупы
Надзеі збялелы холад!
Ветрана і скварна —
Варна!
Туманам атарна —
Варна!
Радасці ўладарна —
Варна!
Шчырасці другарна —
Варна!
Лозам вінадарна —
Варна!
Закаханым парна —
Варна!
Позірку бясхмарна —
Варна!
I наогул —
хо-
ра-
ша!
У планеты на якім плячы
Мы трымцім пылінкай казытлівай?
Ноч,
Зямлю ў абдымкі беручы,
Дзённы клопат
Небам затуліла.
Мякка б'юцца ў ветравое шкло
Цені дрэў
У полымным убранні.
Шоргатам шляхі перамяло.
Дзе мы,—
За барамі, за марамі?
У планеты на якім плячы
Мы гарым пылінкай зіхатлівай?
— Стэфане,
Прыёмнік уключы.
Што гайдаюць ультрахваль прылівы?
У сусветным плавае віры
Незямной трывогі спарышынка.
Зорка доўга моргае ўгары —
Заляцела ў вока парушынка.
У сэрцы здрада грукала
Дарма.
Для ворагаў
Твае глухія дзверы.
Балгарыя —
Гранітная чашма,
Адкуль славянскі дух
Напіўся веры.
Тушыла помстай
Іншаверны гнеў.
Адчай
Спакой душы не раскатурхаў.
Няхай крыху
Твой позірк пачарнеў —
Не стала перапуджанай
Нямтуркай.
Ішла да зор надзеі
Наўпрасткі,
Пра вышыню
Нагадвала краса іх,—
Каб гор тваіх
Цвярдыя кулакі
3 ілбоў чужацкіх
Іскры выкрасалі.
Хай у стагоддзях
Лік тваіх вякоў
Губляецца,
Пакуль рунее слава.
Няхай на шчасце
Згубленых падкоў
Час не шкадуе для цябе,
Д з я р ж а в а !
Люстэркі ранішніх калюж
Балкан асмуглачолы
Разбіў,
Як састарэлы муж.
Але настрой вясёлы.
Здравей,
Даліна руж!
Люд не цягнуў няволі гуж.
Тут хатнія гарматы —
Ствалы з чарэшняў-цвердадуш —
Свой першы залп зацяты
Далі
У Даліне руж.
А волі кланяцца каму ж?
3 турэцкіх гіраў ядры
Ляцелі ў сэрца лютых сцюж,
Каб месік новай квадры
Свяціў
Даліне руж.
Усё цвіце — пагляд прымруж.
Такое можа сніцца!
Свой неспакой наноў узруш.
Раўнуе навальніца
Да ўсіх
Даліну руж.
Здымае хмары капялюш,
Паддаўшыся суроку
(Яго здзіўленне не паруш!),
Балкан яшчэ здалёку
Перад
Далінай руж.
Да Рыльскага манастыра
Не проста вядзе дарога.
На дрэвах — іскры з кастра
У гонар самога бога.
Вяршыні прытуманелі.
У рэчышчах не камяні,
А хвалі акамянелі
Ад дотыку да чысціні.
У кельніцах кулакі
Пасціснулі скалы маўкліва —
Ажно пацяклі цуркі
Перахаладзелага мліва.
Ружанчыкі камянёў
Рачулка перабірае,
Ці ў памяці паўтарае
Малітвы вякоў наноў?
У буках палае абшар,
Сцякае агонь раўкамі.
Тут хочацца шорсткі жар
Зграбаць сваімі рукамі.
Здаецца, агонь яшчэ
Гарыць на вяршыні роўна,
Размова спаважна цячэ,
I думам, і зорам — ройна.
Дасюль
Для тутэйшых хмар
Вяртаюцца словы ў громе.
Унізе —
3 просьбаю цар,
3 адмовай —
Рыльскі на строме.
Спяшайся, сцяжын быстра!
Здзіўленне,
Прагнаўшы знямогу,
Шляхі ўсе звяло ў дарогу
Да Рыльскага манастыра.
Вясёлы Трыфан Заразан,
Ты не прывык вагацца,
Ты, як балгарскі партызан,
Сярод багоў паганскіх.
Пакуль пралеска з-пад снягоў
Зірне нясмелым вокам,
Ты нашчыш,
Адшукаўшы схоў,
Душу вясёлым сокам.
Ішоў ты падразаць лазу,
Спаткаў нядзелю ў полі
I нос свой
Востраму лязу
Паказытаць дазволіў.
Надрэзаны, як чаранок,
Прыняўся нос да хмелю...
Чаму ж хістае мой радок
На веснавым надзеле?
Я Юр'я нашага прашу,
Хай адмыкае росы,
Хай возьме на пастой душу
Цвярозую цвярозы.
А ты, нагнуўшы збан-пузан,
Не дужа долу гніся,
Вясёлы Трыфан Заразан —
Нашчадак Дыяніса!
— У Балгарыі глядзіце на нябёсы! —
Тэадора Ганчава параіла.
Не для рыфмы кідаў позірк я на косы,
Хай даруюць мне хмурын густых пракосы
За такое адступленне ў правіле!
Сапраўды, яны з лірычнымі вятрамі,
Непаўторныя, недасягальныя.
Ход нябесных думак, можа, паўтарае
Вечарамі зорная прагаліна.
За палётам вышыні сачыць не бойся,
Разбудзі, як страх, жаданне ранняе.
Паплыве ў цябе з-пад ног
зямля ў нябёсы
Толькі ў вочы глянь, што бачыць раілі...
У горы восень ідзе неназойліва.
Халодае ціша ад летняга прыпару.
Вакно расчыняе конік
На сонейка —
I перасохла завесы парыпваюць.
...Рука замлела за пяць вякоў —
Баішся, што зараз выпусціць скрутак.
Стаміліся вочы пялегаваць смутак,
Стапталі ногі столькі пяскоў —
Распаўся прахам святы абутак.
...На вуліцы недзе стаяць вазы,
Апосталы ў кірмашовай турбоце.
Відаць, здабывалі свой хлеб у поце
I, ўзнесеныя на абразы,
Нязвыкла чуюцца ў пазалоце.
...Чакае пакутніц галодны роў.
За два стагоддзі да апраметнай,
Што потым назвалі другой сусветнай,
Трывогу чула людская кроў.
Ён потым жудою свянціў, Асвенцім.
...Бялеецца на сцяне тэлефон —
Будзі Усявышняга просьбай людскою,
Каб на душу і на дол спакою
Не пашкадаваў хоць на момант ён,
Калі раптоўна выйдзе з пакою...
Найдане,
Ты запытаў мяне:
— Як дадому вернешся,
Адразу
Што ў маёй згадаеш старане?
Не магу і сёння даць адказу.
Ісціны, вядома, не скажу
I ніяк не пакрыўлю душою,
Як з усёй адказнасцю скажу:
Не была мне старана чужою.
Як прыгадваць тое, што ў цябе
Увайшло і стала ласкай шчырай?
Слоў маёй павагі
Сумны вырай
Зноў і зноў вяртаецца ў журбе.
Бачыць вочы,
Што ў нябёс адкралі
Глыбіню для патаемных зор,
I атараў душныя каралі
На вятрам адкрытым
Горле гор.
Рукі бабы Нэды, што ў сяло
За бусламі ўслед ляціць з Сафіі,
Каб гарод травою не ўзяло,
Каб не ўчахлі чаранкі сухія.
Чуе мову шчодрую,
Што ў ноч
Конікамі гукі рассыпае,
Як туман адчайны басанож
Па брыву абрыву ўсё ж ступае.
Не відно канца і не чутно.
Так, відаць, не адкажу да скону.
Браце мой,
Сказаць магу адно:
— Я табе зайздоршчу, як нікому!
У Мінску ў музеі сабрана
палонная зброя:
нямецкія аўтаматы,
гарматы з усёй Еўропы...
У зброі палоннай сумная слава —
ды тут віны я не адчуваю.
Палонная зброя,
але балгарскай няма тут...
Юнацтва прымаюць у камсамол —
Святлее
У сцішаных залах музея.
Тут
Не экспанаты спачылі наўкол —
Гісторыя подзвігу
Не бранзавее.
Штандары
3 разгневаных барыкад,
Што полымна ў цемру глухую крычалі,
3 вятрамі гамоняць,
Агністы пагляд
Агніскі паўстанцаў
Шукае начамі.
На ратную справу
Хадзіла кассё,
Ратайна шчырэла,
Каб волі дабіцца.
I словам балюча:
«Я ведаю ўсё!» —
Не сцерліся
На паліцэйскай дубінцы.
Ды ў зале адной
Я задоўга стаю,
Як сын партызанскі
Прыгадваю, мрою.
Ёсць наша!
Адразу сваю пазнаю,
Тут рад я
Убачыць савецкую зброю.
I подых трывогі
Яшчэ не змоўк.
Сігнальны агонь
Свеціць небу,
Калматы.
Гранаты,
ТТ, парашутны шоўк
I нашы куртатыя аўтаматы.
Я дзякую ў думках
Вялікай зямлі,
Што слала надзею,
Што гора прымала.
Ты, Стэфане, кажаш:
— Мы ёю жылі...
Адменная зброя!
Было яе мала...
Праходзіць варта ганаровал
Ля маўзалея Дзімітрова,
Чаканіць крок
I зрок скіроўвае
У бок,
Дзе лёг граніт сурова.
А крок
Рашучасціо агучаны,
Гайдушскі крок.
Здаецца, ў горах
Ідуць сцяжыпкаю над кручамі,
Зямлёй,
Што высахла на порах.
Нібы змаганцы з гор спусціліся,
3 прывоблачных сваіх абшараў,
Дзе бліскавіцай гневу ксціліся,
Калі ішлі на янычараў.
Відаць, ралля
Рукой парэпанай
Каранавала ўбор гайдушскі
Пяром задзірыстае птушкі,
Той,
Што да сонца кукарэкае.
А зрок
Пашанаю асвечаны.
Удзячнавока,
Хмараброва
Праходзіць край
Нашчадкам вечнасці
Ля маўзалея Дзімітрова.
Георгію Вылчаву
Суровая сталіца хараства,
Цвярдыня духу,
Сведчаніца славы,
Калі сышла
Баянская царква
На грэшны дол,
3 якой святой выявы?
Да гэтых сцен
Гарачы лоб любы
Прыкласці след —
Астудзяць у імгненне.
Хоць храм узводзіць рукі
Для мальбы,
Але ў далоні ўелася каменне.
Бароніць чысціня сябе
Здаўна.
Трымае неба
Краска палявая.
Нібы вядро з калодзежа,
Са дна,
3 сярэднявечча
Думка
Усплывае.
Глядзяць з-пад німбаў,
Як з-пад башлыкоў
На пашы ў дождж
Спрадвечныя сяляне.
Святымі
Іх назвалі для вякоў.
Яна святая —
Праца — мазалямі.
Вячэры тайнай
Высветлены змрок.
На сціплы стол
Сышліся стравы з дому.
Як для малітвы,
Пальцы склаў часнок,
I рэпа ў кулаках
Сціскае стому.
Як сон Баяна вешчага,
Царква,
Славянства моц
Сабою ў свеце сцвердзі.
Ні лёсу гнеў,
Ні забыцця жарства
Твой воблік не сатруць
3 зямное цвердзі!