ЗАГОНШЧЫКІ СЛАВЫ

А лірык пра сэрца,

Пра свой патайнік,

Дудзіць — і не можа спыніцца.

— Хоць сэрца бяруць,—

Заўважае мяснік,—

Ды лепей за ўсё

Паляндвіца!

Амплітуда смеласці


Хоць для вока не відна,

У одапісу, ў меласе

Есць свая шкала адна —

Амплітуда смеласці.

Шэф — вялікі,

Ты — малы,

Твой аклад у цэласці,

Ты пільнуешся шкалы

Амплітуды смеласці!

Не хадзі па бітым шкле.

Да васковай спеласці

Адхіляйся па шкале

Амплітуды смеласці.

I, лясны кіраўнічок,

Дбай у асавеласці,

Дзе,

які ўзарваць

карчок.

Амплітуда смеласці!

Думка дзёрзкая была,

Ды чаму ж сумелася?

Не пускае зноў шкала —

Амплітуда смеласці!

Хочаш скразнякоў,

Святла,

Пахвала прыелася,—

Вытры ўсю шкалу

Датла,

Набярыся смеласці!

Memento!


Калі з жыццёвага палетку

Ідзеш да вечнай стараны,

Вядома, ўспомні пра суседку

Дый не забудзь пра сэнс двайны.

Хоць і грымяць зімой і ўлетку

Размоў сямейных перуны,

Каля турмы

Каханкі зрэдку,

I толькі жонкі —

Ля труны!

Цягач і валакуша


Сямейны партрэт

Пад дахам адным

Столькі тэхнікі, бач.

Саюз іх не зрушыць

Ні мора, ні суша.

Са складу ўсё цягне дадому

Цягач,

3 гасцей цягача валачэ

Валакуша!

Пра футры


Дзе логікі жалеза?

Смяецца вывад хмуры.

Мужы са скуры лезуць,

Каб жонкі ўлезлі ў шкуры!

Шпачыха шпаку


Іншыя жывуць шыкоўней.

Што я, горш за слонку?

Цешся сам сваёй шпакоўняй —

Я хачу

Дуплёнку!

Высокае давер'е


Яму аказалі давер'е

Па самай высокай шкале:

Качалі ў смале ўсё

Ды ў пер'і,

У пер'і і — зноў у смале.

Да ўпаду

Стараліся звады

Адсыпаць спаўна барышоў.

Быў гол як сакол

Да пасады,

3 пасады — касматы ішоў!

Спрадвечная сіла


Пра падонкаў слоў няма,

Іх не трэсла, не касіла.

Рухае іх род сама

Дзярма ядзерная сіла.

* * *


Свой дабрабытны спакой паляпваем,

Спытацца ў сябе не адважымся мы:

Няўжо застанецца белай плямаю

На карце людской

Пасля жоўтай чумы

Белы чалавек?

Адказ на заўвагу з-за спіны


Са мною лацвей,

Калі цемра начная,—

На макаўцы ў дзень пераходзіць

Прасвет.

Дык, значыць,

Я шлях асвятляць пачынаю

Усім, хто за мною ступае услед.

Сябрам па рыфмах


Не спяшайцеся бранзавець —

Надта ж золка зімою ў бронзе.

У заяве па ўласнай просьбе

Папрасіцеся пад павець,

Дзе яшчэ не дасох мурог,

Як юначыя вашы вершы,

Дзе бадлівыя міністэршы

Мудра чэшуць аб шулу рог.

Не старайцеся бранзавець,

Раю ўсім на поўным сур'ёзе.

Не хадзіце па той дарозе,

Дзе сустрэне пыхі мядзведзь.

I каго ўжо аблапіць ён,

Дык палюбіць на поўныя кіпці.

Над самімі ж сабою кпіце.

Бронзавы аглушае звон!

Гулкі дужа бронзавы крок —

Ні да вернай, ні да каханкі

Не прайсці непачутаму —

Ганкі

Пошчак выдадуць наўзнарок.

Пачакайце, сябры, хоць ледзь —

На зямлі яшчэ ўвобмаль бронзы.

Да надзённай сыдзіце прозы.

Не з рукі жывым бранзавець!

Пімену Панчанку


Верш ягоны з байцамі хадзіў у атакі.

Звык паэт, лёгкай славай не абцяжараны,

Махлярам паказаць, дзе зімуюць ракі,

I сябрам падказаць,

«Дзе начуе жаўранак»!

Да чытача


Я дзякуй сказаць хачу

Цярпліваму чытачу,

Які ад паэтаў чакае,

Што горы салодкай маны

Святлом пратунэляць яны...

Чаканне —

Адказнасць цяжкая!

Пытанне аднаму паэту


Адна трывога ў чэрап б'е,

Каб толькі на крыжы цябе

Сусветнай славы распіналі.

Задумайся ў журбе,

Прыстой,—

Чытаць унук ці будзе твой

Цябе хоць у арыгінале?

Былым літсябрам


Анархісты сталі прамоўцамі,

Не да прорваў —

Баяцца канаў.

Дзе б знайсці нам

Ворага моцнага,

Каб усіх нас наноў

З'яднаў?!

Экспромт з выпадку


Паэзія,

Што б ёй вякі ні гундосілі,

Жагнае ілбы небасхілаў

Каметамі.

Паэт у эпохі —

Сабака паддоследны,

На ім правяраюцца

Новыя метады!

Загоншчыкі славы


3 іх кожны не млявы,

Рухавы, ласкавы—

Не могуць без справы

Загоншчыкі славы.

Наіўная казка

Пра коціка ў ботах!

Не тая закваска

Пры новых турботах.

I пыльна і гразка

Пры пільных залётах.

Скупейшая ласка

I подых, як потых.

Калі літпазаддзе

Сядзіць на пасадзе,

Чытай у паглядзе,

Кусаць дзе,

Лізаць дзе!

Нібыта ў абносках,

У зносках цытатных,

У кропках, у косках,

У клічніках штатных!

Гайня маладая —

Загоншчыкі славы.

Язык выглядае,

Як нож з-за халявы,

Што масла намазвае,

Вострыць алоўкі,

Пад новымі назвамі

Робіць шпаклёўкі.

Закоціцца геній,

I зоймецца новы,

Клапотаў не меней —

Нанова гатовы!

Ідуць, як аблавы,

Славы загоншчыкі.

Растуць, як аб'явы,

Для спрыту загончыкі.

Усмешкі-перасмешкі

Да спектакля купалаўцаў «Ажаніцца не журыцца»

Куплеты Саўкі

I ў Завыдране, і ў Рыме

Цяжка зладзіць са старымі.

Бо забылі за гадамі,

Што яны рабілі самі.

Як гулялі,

Як кахалі,

Як з чужых вакон скакалі.

Вы таксама прыгадайце,

Маладым паспагадайце.

Вы ж не толькі гледачамі

Цёмнымі былі начамі.

Вам паўнюткая святла

Ночка цёмная была!

Як жыць з суседзямі

Ладзь з суседам чын па чыну,

Не давай для сваркі ўсчыну!

На спакой забудзься свой,

Загартуйся ў шуме, ў гаме,

Што ў цябе над галавой —

У суседа пад нагамі.

Столь табе,

Яму — падлога,

Не апала — дзякуй богу!

У суседа многа звестак

Пра зяцёў і пра нявестак.

Не чапайся — будзе горай,

Лепей ладзь

3 паклёпканторай!

Абысці суседа лепей ж.

Не яго —

Сябе зачэпіш!

Паклеп

Рот чужы не агарод,

Не паставіш гэткі плот,

Каб паклёпы і абразы

Не ўшукалі пералаза!

Пасылаў паклёп паклёпку

У дубовы гай па клёпку.

Будуць бочкі з клёпак тых,

Каб мана брадзіла ў іх,

Каб была чарней за дзёгаць,

Каб па ўсіх квачамі цёгаць!

Каму шапну па вушка,

Каму — ківок-намёк.

Мчы, плётка-пабягушка,

Па правадах, як ток.

Крычаць, бяруцца за чубы.

Мне што!

Мне весялей абы.

Хаця і хата з краю,

Я ўсім багата раю.

Песня Міхалкі

Надзець хамут хачу я —

Цягнуць сямейны воз,

Ды шыю маладую

Маю шкадуе лёс.

Для сэрца трэба згода,

Лагода — для душы.

Ды дзе ні глянь — выгода,

Гешэфты, барышы.

Гатоў узяць хоць сучку

Парой жаніх такі,

Каб толькі грошай кучку

Адсыпалі бацькі.

Каб як надыбаць зяця —

Дачка, сабе расці! —

Гатова нават маці

У водмаладзь пайсці.

Расці, дачушка, з мамай.

Шлях, зарастай быллём.

Хлапец у сіле самай

Звякуе бабылём.

Хоць вый ваўком у яме,

Хоць ганчаком брашы,

У хаце, ў сэрцы, ў краме —

Гешэфты, барышы.

Раманс Адэлі

Сэрцу цесна ў грудзях,

Быццам птушачцы ў клетцы.

На сцюдзёных вятрах

Хто яму адгукнецца?

I вяргіня адна

Без увагі завяне.

Гіне ў смутку вясна.

Сэрца прагне кахання.

У адчаі начэй

Сэрцу сніцца дарога.

Чуць бы сэрцу хутчэй

Грукат сэрца другога.

Як аб сценку гарох

Спадзяванні, чаканні.

Як цялушцы мурог,

Сэрцу трэба каханне.

Заручыны

Сціскае гора душу без жалю.

3 вяселля ўхабістая дарога.

Як заручалі,

Тады казалі,

Што ў свата кароў многа.

Як пайшла даіць —

Адзін бык стаіць

I той не доіцца.

3 якога боку быка даіць,

Парай, нядолечка,

Ці з хваста,

Ці з рог,

Ці з брыклівых ног?

Ох!

— Досыць Вам з дзяўчыны кпіць!

Ваша белая лілея

Недзе ў горадзе цвіце.

Вас зусім не разумею.

Чаравік не па пяце.

Куплеты Язэпа

Покуль спрытны,

Покуль дужы,

Для дачкі здабуду мужа.

3-пад зямлі дастану зяця.

Будзе свята ў нашай хаце!

Маю сувязі паўсюды —

Верыць дурань толькі ў цуды!

Дам у лапу — ціха будзе.

Зяця вылузаю ў людзі!

Для дачкі патрэбен муж,

Як для пана капялюш!

Хай жа бог дае Адэлі

I ў касцеле, і ў пасцелі!

Дуэт: Міхалка, Юлька

— Вы народжаны для раю,

Для карэт —

Не для карыт!

Вас у Мінск я забіраю

Паказаць належны спрыт.

— Ці не лепей разабрацца,

Што прыгнала Вас сюды?

Мне без Вас хапае працы,

Мне без Вас стае бяды!

— Цалавацца, мілавацца,

Мякка спаць,

Салодка піць —

Не цяжкая гэта праца.

Песня

Як прачнуліся пад плотам

Раніцою лапаць з ботам,

Стала кожнаму пара

Адшукаць гаспадара.

— У карчме мой зноў начуе,

Галавы, ні ног не чуе.

— Мой, напэўна, ў пэўнай пані

Адпаведным лістам вяне.

Кожны добры валацуга,

Ды без нас ім будзе туга.

Заявіў рашуча лапаць:

— Мне лягчэй скрыпець, чым плакаць.

Падтрымаў калегу бот:

— Шмат з гаспадаром турбот!

Заскакалі лапаць з ботам:

— Валацуг мы знойдзем потым!

Куплеты Юлькі

Мыць абрыдла лыжкі, міскі.

Мне па густу нораў мінскі!

Там пачнуць ламіцца ў дзверы

Кавалеры, афіцэры.

Чувакі там люба-міла

Учарнелі ад чарніла.

Чорны толькі кот не ў шчасце.

Чорны кавалер для страсці!

Шмотак імпартных да д'ядбла.

Там бы ў зрэб'і я не зябла!

Як завея ў кажухах,

Я б хадзіла ў жаніхах —

Барадатых, галамызых,

Бледных і насамі шызых.

Там талентаў, быццам маку:

Караткевіч,

Семяняка,

Вечна юны Лучанок —

Маладзёжны певунок.

Трыо: Язэп, Адэля, Міхалка

— Ветрагону многа чэсці,

Толькі хітрыкі наўме.

Як на кут не хочаш сесці,

Пасядзіш-такі ў турме.

Я ў хаўрусе з пракурорам,

Я ў газеты напішу.

Не ў каня, вядома, корам.

Дурню ўторкнулі душу!

— Бацькі добрага дачка,

Не пайду за вахлака.

За разяву не найду.

Лепей з моста ды ў ваду!

— Што палохаць пракурорам.

Вам тавар збываць свой сорам.

Маладому хлопцу нехаць

На старой кабыле ехаць!

Што мне пісаніна тая —

I газет я не чытаю!

Шэры гусь пралятаў

Песня

Шэры гусь пралятаў

Над прыціхлым балотам.

Пралятаў, гагатаў,

Чысціў пер'е чаротам.

Шэры гусь спадабаў

Маладую цяцеру.

Не ў гняздо завітаў,

А ў кацёл на вячэру.

Стрэл раптоўны сустрэў

Ціхім вечарам сінім.

Лісце падала з дрэў

Шэрым пер'ем гусіным.

Шэры гусь пралятаў

Над прыціхлым балотам.

Як вячэраю стаў,

Мы дазналіся потым!

Гагатаў ого-го,

Разганяючы скруху,

А цяпер ад яго

Ані пер'я, ні пуху!

Вяселле

Як надумаўся жаніцца,

Лось падаўся да лісіцы.

Толькі ліска

Ані блізка:

— У цябе ў кустах прапіска.

Як пасмеў прыйсці ты ў сваты,

Малады, а ўжо рагаты.

Да мяне забудзь дарогі —

Я й ваўку настаўлю рогі!

Лось рагаты,

Нежанаты

Ходзіць, быццам вінаваты.

Суседкі

— У чужых свіней лычы

Злыя!

— Лепей палічы

Зубы ты ва ўласным роце.

— Не вішчы свіннёю ў плоце!

— Я ў сваім гародзе — пані,

I парадак на двары.

— Боскі гнеў цябе дастане!

— Ты паменей гавары.

— Гнеў якраз мяне міне.

— Пуга плача па спіне!

Міхалка, Юлька, Мікіта:

— Гэты вусны,

Гэты вочы

Бачу днём

I сню я ўночы.

Гэты губы

Дзеля згубы.

Разважаць няма рахубы!

— Ах, пакіньце,

Ах, пакіньце,

Не па мне ўсе

Фіньці-міньці.

Я, паверце, не такая.

Пабягу — гарод чакае.

— Толькі б цапаць,

Толькі б лапаць.

— Ты дамоў кіруй свой лапаць.

Не для мэтлахаў авоські —

Лепш чашы ў абдымкі Зоські!

Сват

Што ты, сват, такі ляны —

Абдымаеш са спіны.

Прытуліся спераду —

Нарабі мне вераду.

Прытуліся спераду

Ды прыходзь у сераду.

I ў суботу, і ў чацвер,

I цяпер

Не спі ў каўнер!

Куплеты Зоські і Саўкі

Разам нашыя гароды,

Свінні ў нас адной пароды.

Хай вядуцца куры, свінні,

Хай разлад навекі згіне!

Хай жа нашыя бацькі

Не грызуцца як ваўкі!

Крык унучыкаў малых

Хай старым пацешыць слых!

Смаргонская акадэмія

Наравістая паэма

«Смаргонская акадэмія», жартоўная народная

назва промыслу лавіць і дрэсіраваць

мядзведзяў, заснаванага кн. Радзівіламі

ў 17 ст. ў Смаргоні (Гродзенская вобл.);

адна з школ бел. скамарохаў.

БелСЭ


Замест уступу

Ці напала на бор

Эпідэмія?

Аб'яўляе набор

Акадэмія!

Жартаваць з яе

Не след,

Не эпігонская,

А вядомая

На цэлы свет

Смаргонская!

Медзвядзям

Яна ў дакор:

Быць дрымучымі,

Быццам бы

Дрымучы бор,—

Знадакучыла!

Забурэлі медзвядзі:

Як не доіцца

Нецель,—

Бугая вядзі

За нядоімкі!

3 борцяў чынш салодкі,

Ды

Пчолы лютыя.

Без яды

(Не без бяды!)

Папакутвалі.

Доўбня ў лоб —

Ляці з сасны

Кулем потарчма.

Сны

Бянтэжыць хмель ляспы.

Хітрая карчма!

Свежына,

Яна ў хлявах!

Ды рагаціна

Футра порыць

Не па швах,

Гавяда не свацціна!

Верасы хвалі ці гань

Ці качаііся ў шнітцы,

А, галоднаму,

Цыган

I медзвядзю сніцца.

Што баяцца

Тых людзей,

Хібу хопіць хібіцца!

Маладзейшым

Як барзджэй

Трэба ў людзі выбіццаі

Хай, як тыя павукі,

Не павучацца,

Ласункі-лесункі

Хай павучацца!

Там

Раўло налудзяць,

Пэўна ж,

Не знявечаць.

Так сказаць, налюдзяць,

Ці ачалавечаць.

Шчэр усмешкай

Ляпу —

I тае навукі!

Лапы ўжо

Не лапы,

Нейкім чынам —

Рукі.

Імі капялюх трымай,

Як мацней пляскай,

Што даюць —

Прымай,

Пазірай з ласкай!

Не пытай

У пападдзі,

Што зімой калядкі.

Людзі й тыя,

Паглядзі,

Лад ці непаладкі,—

Ад падлоўца

Да суддзі

Лупяць шчыра ў ладкі.

Будзеш біць у ладкі —

Мецьмеш карак гладкі!

I блішчаць —

Аж глянуць страх!

(Шчырунам пашанак!)

Як на пухлых даланях,

Мазалі бляшанак

На падушачках з атласу.

Да бразготак

Хто не ласы?!

Спрыт бяры ў абхапы!

Чым мяхі не тогі?

Дзве другія лапы

Нейкім чынам —

Ногі.

Змрок пагодзяць веташкі.

Млосна ў лесе

Ад машкі,

На імшарах —

Мопша.

Раз павукі сэнс такі —

На сагнутых можна

I на задніх пахадзіць,

Пахадзіць,

Каб дагадзіць!

Тупаеш на чатырох,

Як жывёліна,

I не пусцяць на парог —

Не дазволена!

Вытураць уміг

3 усіх

У Смаргоні тупасць.

Выкні

На сваіх дваіх

Паслухмяна тупаць.

Перад тым,

Хто выгне ў рог,

3 кім і не кажы

Да трох,

I на чацвярэньках

Часам ходзяць —

Сведкай бог,

Злосць зацяўшы ў жменьках,

Не без клёку людзі.

Бог судзіць ім будзе!

Ты, бярлог,

Хлудзей!

Хопіць,

Лог,

Ваўчыцца!

Медзвядзям у людзей

Есць чаму вучыцца!

І.

Гулкае памосце —

Хітрая жароўня.

Злыя ягамосці.

Злая дрэсіроўня!

Ёсць навукі рэдзька —

Дык грызі й не хліпай,

Абувай,

Мядзведзька,

Чаравічкі з ліпы.

3 ліпы чаравічкі

Дужа смаляць пяткі.

Набывай жа звычкі,

Забывай аглядкі.

Каб не ўсмятку

Пятку

I каб не ўкрутую,—

У любым выпадку

Знай навуку тую,

Танчы,

Медзвядзятку,

Бо агонь лютуе!

Хоць зайдзіся ў верадзе,

Трапіўшы ў засаду,

Страх не ў страх уперадзе,

Калі страх адзаду.

На ілбе зеркі!

Мазалі, што лубін.

Д'яблавы талеркі!

Астабрыдлы бубен!

Такт пад іх,

Лабацька,

Адбіваеш глуха —

Дражняцца,

Што бацька

Стаў табе на вуха.

Жар, сысподу люты,

Вытанчае рухі.

Лапы ж не абуты

Тыя,

Што як рукі!

Хітрая абслуга!

Ліпец ці паздзернік:

Скабы

Смычыць пуга,

Зубы

Смачыць пернік.

Гнеў?

Ён кратаў краты,

У адчаі лсз на

Снены.

Дзе вы, шаты,

Лес кашлаты?

Цесна!

Трасцы б яе трэсці,

Гэную вучобу!

Мусіш тут пад'есці

Жалезнага бобу!

Тут няма —

«Не магу»,

Тут няма —

«Ледзьве».

Чым вісець за нагу —

Лепей за абедзве!

Лепш бы голым полем

Гналі пчолы сем'ямі!

Вучыць болей болем

Акадэмія!

II.

За службу й падзяка.

Спрадвеку

Сабака

Друг чалавеку!

Сабакі іклатыя —

Надзейныя памагатыя

Пзхмайстру твайму,

Мядзведзь,—

Таму

Прывыкай цярпець!

Вядома,

3 кальцом у храпе

Да іх на вяселле не трапіць,

Хвост н'е трымай дудой —

Такога няма.

Ды каб радзей

Сутыкацца з бядой,

Лепш да часу трываць

I сабак не цвяліць дарма.

3 сабакі спыт невялікі,

Заслужонаму —

Лаўры ў будцы.

Сабаку ў ліповыя чаравікі

Не шчасціла ані разу абуцца.

Не вучаць сабак

3 амбону

Правілам ветлага тону.

На ілбе

Зачашы

Сабе,

Лыска,

Брашы,

Калі чужы

Блізка!

Такое тваё быццё:

Прачнуўся — і за выццё.

Дзе барышы,

Для прыліку брашы;

Ашчаслівяць надбаўкай —

Ласкава пагаўкай;

Возьмуцца за кій —

Загадзя вый!

Не сунься з сабачым хвастом

У ваўчыны табар,

Перад вялікім пастом

I муха — хабар.

Даўно вядомая ісціна —

Калі нарадзіўся сабака з лысінкай...

Але маецца

Істотная розніца,

I яна ў Акадэміі

Не скараняецца:

Адзін

Ад сабак бароніцца,

Другі —

На сабаках абараняецца.

Кожны пень на сваім грудзе.

I ў каго болей спрыту,

Дакладна ведае,

Дзе

Сабака зарыты...

Сам сабе глебу

Рыхлуе пень.

Тэму ўхапіў —

Валачы,

Каб сабака ніводзін не абазваўся.

Вядома,

Цэхмайстру не пашкодзіць ступснь

Бакалаўра сабаказнаўства!

Выкладзе фактаў зубатых — пуры,

Амаль што з думкай,

Амаль што з яснай:

Праверыў жа ўсё на скуры,

Няхай не на ўласнап...

Сэрца,

Авечым хвастом не біся!

Дзюбу сцісні,

Дапытлівасці варона!

Раняецца слоў бісер —

Ідзе абарона!

Як рогі ў цельпукаватага мужа,

Радаслоўнае дрэва

Князёў Радзівілаў

Галінілася —

I часта, і дужа

Плёнам сваім дзівіла.

Галыя на пачосткі,

Лістам сцеляцца лёсткі.

Паспалітага абмінаюць прасмішкі.

Не чарговую катоўню-карню,—

Ад цемры лякарню

Казімір Рыбанька,

Ардынат Нясвіжскі,

Заснаваў друкарню.

Папера не марна гіне —

Жонка ягоная

Драматургіня.

Музы прыгонныя

Не толькі душой прачулі

Таленавітасць твораў

I ўладны нораў

Францішкі Уршулі.

I для Акадэміі гатавала

Уршуля свае сцэнарты,

Імі загружаліся да адвалу

Дыліжансы,

Калёсы,

Нарты.

Скамарохі не мелі

У штодзённым клопаце жалю,

Самі ад смеху праз слёзы нямелі,

Ды Еўропу ўсю пацяшалі!

Перш-наперш сцэнарый

3 дном гарачым бляшаным —

На выхілясы не будзеш скнарай,

Вывучышся пашанам!

Скачы

За харчы,

Покуль жар не пагас.

Адзін медзвядзю наказ

I ягонаму прапаведніку —

Павадыру-мядзведніку:

Барукацца і кланяцца,

Як увечары,

Так і ўраніцы!

ІІІ.

Жылі дужа доўга мы,

Нібыта даўгамі, догмамі.

Ды, калі ты не поп, не ўбірайся ў рызу;

Зайцу няма чаго касавурыцца на жаробку.

I ў сабаказнаўстве мы павінны,

Нарэшце, падвесці рысу,

Паставіць, вобразна кажучы, кропку.

Богу — богава,

Бульдогу — бульдогава!

Адклаўшы з тэзісамі паперчыны,

Сцвярджаю, рэплік не баючыся злых,

Трэба чуць, трэба ведаць сабаку сабаку,

Таму, па-першае,

Мець сабака павінен слых;

Слушна заўважыў Вучоны Савет,

Момант важны такі абыходзім,

Як наяўнасць нюху,

бо, каб браць і ўпоцемку след,

Сабаку нюх неабходзен;

Я згодзен з думкаю апанента,

Прымаю да ведама

тактоўны выказаны папрок.

Я не ўлічыў аднаго кампанента,

А менавіта: сабачы зрок,

Сабачыя вочы.

3 прычыны тае, магчыма,

Спіць заяц і ўночы

3 незаплюшчанымі вачыма;

Гэта ўжо не для ВАКа [3],

Прыродны фактар мы абыходзім маўчком:

Маленькі сабака —

Давеку шчанюком (!);

Мы перавагу ў песнях аддасм салаўю,

Лірычную вытанчаем брую,

Заторкваем вушы, пачуўшы варону,

А калі б у Піліпаўку запісаць рую,

Ад гону да гону,

Хаця б на хвасце сарокі

(Правобраз магнітафона далёкі!),

Давярацца нельга ў навуцы рэху,

Сабаку трэба запісваць з першабрэху!

Маглі б запісаць завочніцы

тэксты песень пра поўню,

Іх сабака зацягвае, калі глядзіць на катоўню.

Часам яшчэ ламаюць галовы

(Прыклад прыкра не новы!),

Як будзе правільней (правільнёй?):

Тостаў альбо тастоў (?!);

Асабіста я цвёрда перакананы,

Што грунтоўнасць навуковае ўстановы

Вызначаецца наяўнасцю сабакахвастоў!

Апаненту даецца слова

(На сэрцах адлега!):

— Мы зробім правільны вывад

з заслуханага ўсяго,

Калі прызнаем, што шаноўны калега

На гэтай тэме сабаку з'еў...

— I не аднаго (!),

Актуальнай праблеме намеціўшы зрух! —

Дадае з пэўнага месца свайго

Прадстаўнік ад навук —

Адстаўнік Аднавух.

IV.

Святла! Святла!

Вучоны свет.

Звяздар,

Не злічыш поўні!

Акрасаю ўсяму —

Банкет.

Свяцілы дрэсіроўні!

Стамляцца ў тостах кожны рад —

Усё дарэчы выйшла.

Пачосткі столькі,

Што наўрад

Стол пераскочыць выжла!

— I не пніся, як слабак...

(Чвяк...)

— Рад, сабака, лаўрам...

— Меч Дамок...

(Чмок...)

— Дужа цяжка, без сабак,

(Чмяк...)

Стаць бакалаўрам...

Ісціне прымярай распашонку,

Навуцы — адрасуй модлы,

Не толькі зарплатай утрымлівай жонку,

Не адставай і ад моды.

Для аздобы любога банкета

Трэба хаця б аднаго паэта,

Залучыш некалькі штук,

Гэта ўжо, як сказалі нашчадкі Канта, Stück

Поўны экстазу,

Абсмоктвае кожную фразу,

Як тлустыя бітлапатлы свае,

У сенцах

А ці ў фае

Прыхільнік зацірак,

Паэт-лірык:

3 таліяй асінаю

Ты дрыжыш асінаю,

Я з мазгаўнёй дубоваю

Волю выпрабоўваю...

Паэт-трыбух

(На яго, па-руску кажучы,

хапіла б трех букв!)

Ад закусак разбух,

На экспромты таропкі:

I падаўся ў заробкі

Жарабец да жаробкі...

На мутным воку банкета

I крытык не як бяльмак

(Ад прыроды шпак,

А выпендрываецца, як калібры):

Асацыятыўна я адчуваю смак

Толькі ў інтэлектуальным верлібры!..

За сталом стамляюцца, як на сяўбе.

Кожны слухае сам сябе.

— Ведама, ў вучоныя як ісці,

Няма асаблівага фокуса:

Воку вока — за!

— Узяў я свайго Аббрахайлу ў якасці

Яскрава-куслівага доказу! —

Гаспадар Дыбайла

Пра сябе спрабуе напомніць.

— Просьба напоўніць!..—

Шуміць застолле буйнае

І там-сям рагатае.

А пад сталом...

V.

— Пабыў я ў зубах тваіх

I пад ствалом...—

Завесялелы Аббрахайла прыгадвае.—

Аб старасці дбай у сталасці...

Вудзь, воўча, госцем —

Зубамі не ляскай.

Прыгода, якая са мною сталася,

Пэўне, некалі стане казкай.

Прагнаў мяне гаспадар, а ты

Пашкадаваў (не так, як сваяк твой кабылу!):

Есці не стаў мяне з дабраты,

Які быў наедак — скабы ды жылы.

Адпусціў адкарміцца да гаспадара,

Той быў рашыў, што я не сцярог дабра ў яго.

Ты ж дзіця гаспадарскае ўкраў са двара

Так, каб убачылі ўсе, што я адабраў яго.

Перш чым з'есці мяне,

Закусі як след.

Не за ўласны кошт выдаю банкет —

Са стала навукі і мне перапала.

— Вочы ў цябе я пазычыў, сусед,—

Воўк пад сталом —

Такое здараецца мала!

А справа, васпане, во ў чым,

Тут я з запрашэннем воўчым...

Аббрахайла падхвальвае воўка:

— Як і я, ты хвастом круціш лоўка!

Косці пад стол несучы нам,

Шчыруе прыслуга не вельмі,

Вось пабыў бы ты на сучыным

Вяселлі!

Што банкет!..

Гаў!..

— А ты, сусед,

Стаў

Здароў,

Як заяц вясной.

На воўка памоўка,

А мядзведзь спадналуску...

Воўк гаўкнуць хацеў, ды зароў:

— Хачу пяяць,

Шэф раіў мой

Не налягаць

на закуску...

— Не жартуй з бядой!

— УЎ-УЎ-УЎ-УЎ-УЎ-УЎ-УЎ! —

Зацягнуў

На адзін лад

(Даўжэй за даклад грунтоўны!)

Пра ваўчыцу, пра лог...

Эпілог быў раптоўны

(Не паратоўны!),

Як і пралог.

Ні авечкі, ні воўны!

Вырвешся з лап —

Доўга ікаецца.

Храпа была б,

А кальцо адшукаецца!

VI.

Хадзіць прывабліва ў быках —

Рагатых кавалерах.

Як рэбраў абручы ў баках,

Не страшны шэры з шэрых!

Як сілу чуеш у рагах —

Не саступай з дарогі,

Пакуль абух не гахне (ггахх!),

Стой незалежна на таргах,

Не забрыталі б рогі.

Усё варочай дагары,

3 разгону бі,

3 нахрапу,

Пакуль яшчэ гаспадары

Кальцо не ўдзелі ў храпу.

Што бысю

Капыты мачыць,

Куды рагамі цэліцца?

3 кальцом у пысе

Бык маўчыць,

Ні мычыць,

Ні целіцца!

VII.

Тут не на раз маракаванне,

Тут трэба мець якраз меркаванне,

Ведаць,

Разведаць,

Што, як

І дзе.

Раз-

мер-

ка-

ван-

не

Ідзе!

Перад выпускам —

Не сягоння! —

Трэба лаўчыцца,

Можа ў зяцях ля Смаргоні

Пакінуць ваўчыца...

Кепскі дыплом,

I без сувязей,

Шэлег цана!

Не паможа апломб.

Мур не праб'еш ілбом,

Пойдзеш да цыгана!

Якія тут неслухі-дрыгуны

Мурашнікі перарылі?

Цікавяцца цыганы

Як прадстаўнікі перыферыі...

VIII.

Забудзь на валацуг,

Мець хочаш хоць павець —

За медзь

Скачы,

Мядзведзь,

Свой валачы ланцуг!

Лясная галава,

Не пад нараў у носе

Кальцо?

Аж цэлых два

Любая пані носіць!

Завуцца

завушніцы.

Ваўку кальцо й не сніцца!

Ды на цябе мядзведзіцы

Глядзяць і не нагледзяцца!

Хадзіў па вудыры,

Па шышкі да калод,

Цяпер павадыры

Сцыганілі прыход!

Б'е мядзяк па медзяку

Розна пажаданы:

На зязюльку —

Бедаку,

На крумкача —

Пану!

Дай, цішыня, паслухаць,

Ці не гром гручыць,

Мядзведжая паслуга

Цыгану ручыць!

Не скрыпка грае —

Цымбалы,

Не сваты едуць —

Цыганы!

3 цыганом — майсцер

Да чужых кайсцер!

IX.

— Насякаем жаронцы!

— Высцілаем под!

(Цыганскае сонца...

Цыганскі пот...)

Для цябе, дзеўка,

3-за пазухі прыпеўка:

— Цыган бацька, цыган я,

Улавілі салаўя.

Бацька ў пуню,

А я ў ток,

Бацьку ўбілі, а я ўцёк!

Загадка-свацця

I тут нос дзярэ:

— Цыганка ў хаце,

А цыцкі на дварэ (?).

А ў садзе яблыкі —

Цыганы,

Абтрасуць іх зяблікі,

Ці гані,

Ці не,—

Абтрасуць

I таму прынясуць

У чырвоным жупане,

Хто хутчэй засне...

Цыганё:

— А мне?

— Залез, паганё,—

Не спі ў гумне!

Малым пацеха!

Ад смеху

Не трэснуць ледзьве,

Дражняць мядзведзя:

— Мядзведзь, мядзведзь,

Не ўмеў сядзець,

Пакуль навучыўся,

Хадзіць забыўся...

На гора й сядун —

Дзіця.

Абы мядзведзь цыгану,

Шатун,

Хаця!

— Мядзведзь дзяліўся камаром,

Скупы падавіцца й вугром.

Сумна без навару жыць —

Ручку дай паваражыць!

Сумна, баця, жывяце:

Божкаеце, божкаеце.

А ўдалося ж сіраце,

З'ела курку ды з ножкамі —

Трапечацца ў жываце!

Банкарты

Гуляюць у карты,

А бацькавы дзеці

Ламаюць клеці.

Не тужы —

Паваражы!

Ад чаркі ў пяты

Ці ад сваркі горача.

— А дзе ж твая хата?

— Проціў ліха на ўзгорачку!

А мядзведзь упрысядкі —

Вось дык скокі!

Ну-ткі,

Лепш упрыся-ткі!

Сам бярэцца ў бокі!

Не ўтрываў смяшок,

Рогат горбіцца.

— Ажаніўся мяшок,

Узяў торбачку,

Туды-сюды павярнуў,

Цмок у мордачку.

Цыгана Таптыга — хваць

Ды зароў, зароў:

— Ты мяне па мордзе гладзь,

Не лічы зубоў!

Як туп, дык і топ,

Скокі ўсім да смаку.

— Ажаніўся залатар,

Жонку ўзяў гуляку,

Палажыўшы на лавачку...

— Даць медзвядзю маку!

Вось камедзь дык камедзь.

(Дзе бярозна —

Росна!)

Заваліўся мядзведзь,

I ўсе дуды — розна!

Счубіліся цыганкі.

(Ды не драмліце, цацаркі!)

Пан Езус пахвалёны,

Адкуль бяруцца кляцьбёны?

— Языком абмываеш і там і тут,

Каб цябе абмылі на кут!

— Каб табе сонца было не міла!

— Каб табе моль пяты пабіла!

— Каб ты хадзіла пад плотам

Калючым дротам!

— Каб учарнела ты (каб!), як саган!

— Каб спаў з табою стары цыган!

Праксэды, Аўдулі

Паразяўлялі раты.

(А ў клеці, а ў дулі

Пайшлі не каты...)

Гарэлкі ўволю:

Пяі, застолле!

Цыганка ў дарозе,

Цыган на парозе.

(Сюжэт не новы ў прозе...)

З'ела б котка рыбы шмат,

3-за лускі марока.

Не зашкодзіць сала шмат

I

Для скамароха.

X.

У кожнай эпохі

Свае блохі,

Свае сарокі,

Свае скамарохі,

Свае сурокі,

Свае зарокі,

Свае сенсацыі,

Свае прарокі,

Свае сен-сансы!

Скора і мох,

Скамарох

3 камара мог

Прадаць сем шкур,

Чур ! -

Восьмую сабе на мех,

Хай восенню сапе ў ім смех.

Узяў кусок

3 камароў насок,

Хацеў размачыць,

А ён у цэбар не лезе;

Раз маўчыць Лясун,

Скамарох-ласун

Кусок у лясок —

Стала цёмна ў лесе.

Скамарох!

Каму

Асака —

мурог

Яму!

Куму

Вязе на страказе.

Сястра казе —

Страказа.

Схавала хвост рака

За

Гарою кустам у рукаў.

А там сустракаў

Мураша —

А чаму, рашаў

Скамарох,—

Таксама рог

I не адзін у маладзіка,

Як і ў кума-дзівака,

Што не дбаў пра жонку,

Падабаў пражонку.

Маладая кума

Дбала пра сябе сама!

XI.

Як аб сценку гарох:

Муж стары ніякі!

Скамарох на парог —

На патэльню яйкі!

Не скупыя жмінды

На святыя нікды.

А ў скамароха прысмакі,

Ёсць хлеб траякі:

Чорны, белы й ніякі.

Нуда ў касцеле

Свентэго Роха!

Што за вяселле

Без скамароха?!

Вестка з падстрэшку

Мчыцца з падскокам.

Жэняць Цярэшку

Са скамарохам!

Цярэшка цярэжыла,

На нечы не ўлежала.

— Цярэшка, чаху-чаху,

Што ў цябе ў мяху-мяху?

— А скажу ў смяху

Я скамараху.

Даць скамароху

Бочку гароху,

А скамарыцы

Торбу пшаніцы!

— Цяжка і дуду надзьмуць.

Усе дзеўкі дрэнна йдуць,

Адна дзеўка добра йдзець,

Круціць задам, як мядзведзь.

Лёсткі-пялёсткі

Не для Таптыгі.

Не столькі пачосткі,

Колькі фатыгі.

Любіш разынкі —

Не лаві разінькі!

Дзед бабу ловіць,

Ляшчыннік ломіць,

Ляшчыннік не ломіцца,

Бабулька не ловіцца:

— А здайся, бабулька, здайся,

На іншых не спадзявайся,

I тыя ж не лепшыя,

Ёсць за мяне й меншыя!

Дзед бабе чугай пашыў —

На начы сем раз будзіў.

Падумала бабка, хітруха такая,

Ці я не захутка ад дзеда ўцякаю?

— Не ўцякай, дзедзя-лябедзя,

Пашыю футра з мядзведзя...

Мядзведзь,

Не злець,

Цярпець...

(Ледзь-ледзь!)

Палічыць бы па лычах

(У карчы — культуру!)

Дзеляць на тваіх плячах,

На мядзведжых, шкуру!

Не звязаў — не валачы,

Сам свае лычы лічы!

А з цябе,

3 тваёй каргі,

Хцівы чалавечак,

Ані чорту качаргі,

Ані богу свечак!

Ад Цярэшкі арэшкі

Хай хавае Цярэшка.

А ў лесе сцежкі!

Арол ці рэшка? —

Воўк варожыць на поўню,

Пазірае на пуню,

Уварваў — еш напоўню,

Лапу ссі, як сапуня...

Дзе буры лёг,

Там і бярлог.

Спі, пакуль пярун не падыме.

А тут чакай дубеючы,

Калі гаспадыня

Чаго прынясе.

Верабеечка —

У страсе,

Качан капусты — на лясе.

Абрыдла яму —

Ад хаты да хаты,

Ісці б па ламу

Да мядзведзіцы ў сваты!

У Смаргонь

Ці ў агонь —

Гэта ўсё адналькова.

3 сілы выб'ецца конь,

Не памогуць падковы.

Што Таптыгу старому

Толку з гэтай вучобы?

Хай пану — харомы,

Цэхмайстру — хваробы,

Медзвядзю — глушчоба!

Каб сабака разяваты

Падавіўся брохам!

Скамарох падаўся ў сваты —

Ты за скамарохам.

Як да Ганулі

Сваты шуганулі.

За кроснамі дзеўка

У адной кашулі.

— Чаму без спадніцы,

Дзе сватаў бохан?

— Спяць аканіцы,

Двор не абброхан.

— Галубка, дзе бацька,

Да кубка ласы?

— Паехаў для мяса закрасы.

— Дзе ж маці?

Ні квасу кварты,

Ні соладу...

— 3 учарашніх жартаў

Хварэе сёлета...

Як быў квас,

Не было вас,

А як засталіся адны квасіны,

Дык вас чэрці нананасілі!

(Дома не ўсе —

Відно ж.

Да красенцаў ні на панож,

А замуж як на нож...)

XII.

Цягні руку ў прыскрынак,

Ашчаднасці —

Капцы.

Адно саслоўе рынак:

На рынку — ўсе купцы!

Мяшчане,

Местачкоўцы,

Скрозь

Кожны нос суе.

Тут нават выпадкоўцы,

Заезджыя —

Свае!

Гаршкам не біцца —

Збыцца б!

Зіхцяць

Тузы-тазы.

Купца забрала,

Быццам

Казла за матузы.

Забрала, ўзяло.

Нутро загуло:

— Купіў бы сяло,

Ды грошай гало!

Дзядок далей закраўся

Ад бабчыных вачэй,

Скароміну-закрасу

Збыць наравіць

Хутчэй:

— Было трошачкі грашышкаў,

I тыя дзеўкам расшышкаў.

Кабета-працаўніца

(3-пад цёплых кажухоў)

Умее прыцаніцца

Да цёплых жаніхоў:

— I купіць бы купіла,

Ды згубіла купіла!

Скароміна не тая.

Ад загавін пашчу,

Як хлопца забрытаю —

Не скора адпушчу!

Не было мяса,

I хвост — не закраса.

Усім хапае часу

Пад'есці ў думках

Ласа.

— А па мне хоць сабачына,

Абы вочы не бачылі!

Заб'юць тут гакі-бакі.

Ах, вёска Старына!

Адтуль хітрэц сабаку

Прадаў за барана.

На сала не багаты —

Смяяўся стол за двух.

Кот

Пёр наўцёкі з хаты,

Сабачы ўчуўшы дух.

Прадаў аброць і колы —

I, сам сабе суддзя,

Спадар ужо вясёлы

Прыстаў да медзвядзя.

Заняты ён размовай —

Фатыгай разумовай.

— Ты выйшаў з пячоры

Учора.

Я сёння з бярлога,—

Нябога.

Ты гнеш перад панам

Свой карак з праклёнам,

Я з капелюхом абшарпаным

Перад табою з паклонам.

Не спяшайся ў абдоймы,

Ды звысака не глядзі:

Па-свойму

3 табою

Абое

Мы — медзвядзі.

Мы, чалавеча,

Падобны нечым.

Не смейся, рабе,

Будзе і табе!

XIII.

У Смаргоні дагаджай.

Называецца

Смаргонню

А таму так,

Што ўраджай

Родзіць

На адзін

сморг з гоні.

Медзвядзю вярста ці гоня,

Дужа розніцы тае.

Навучэнцы не ціхоні

3 Акадэміі яе.

Трапіш з лесу да Смаргоні,

Ясна, не для адпачынку.

Калі дзядзьку тут

3 морг гоні,

Неба медзвядзю —

3 аўчынку.

Хітра выдуманы роў

Для цэхмайстра —

дрэсіроўня,

Медзвядзю

раўсці ўсё роўна,

Так бы сам «прафесар» роў!

Навучэнцы не ціхоні.

I таму на ўзроўным фоне

Ва ўлюбёнцы выйшаў хутка

Ціхі медзвядзёк

Мірутка.

XIV.

Не нацешацца з Міруткі:

Трэба — гнуткі,

Трэба — пудкі,

Скажуць слухаць брэх ля будкі —

Будзе слухаць

Дзень і суткі.

Сам сабака гаўкнуў з будкі —

Не мінуе хвастакруткі!

Думкі натаваць —

Бяроста.

Хочаш —

Сцісні ў лапы проста,

Грай,

Як дзед той на дудзе.

Хочаш злапаць лёс, бясхвосты,

Драпай

Лапай,

Хто,

Што,

Дзе?!.

Хто ў гаросе,

Хто ў аўсе:

У яго на ўліку ўсе.

Берастовае дасье

Пухліцца ў Міруткі.

Фактаў з лапы сам

Дассе,

Не пашкодзяць чуткі!

Дрэсіроўшчык

Дрыхне дома:

Хто чым дыхае,—

Вядома!

На цэхмайстра войстрыць кіпаць

Розгаў трэба ўволю ўсыпаць!

Марыць драпнуць з дрэсіроўні —

Адбіваць паклоны поўні!

Спрабавалі браць за грудкі —

Не мінулі «вашапрудкі»

(Тут халодную —

Дарачай

Называюць так,

Іначай...)

Не нацешыцца з Міруткі

|Таўстаскурай «прафесуры».

Пастаяць за сябра —дудкі! —

Прудкі,

Выпрудзіцца з шкуры!

Выпуск — хто куды.

Мірутка —

Шусь у будку, й нічагутка!

Дослед

(Не на ўласнай шкуры!)

Ставіць

Пры кіпцюрантуры...

XV.

Ідуць па лесе

выпускнікамі.

Што ў голаў улезе,

Уміг знікае:

Мазгі свідруюць

Шалёныя зыкі.

Няйначай, сябруюць

3 д'яблам музыкі?

I месяць,

I месяць,

Даўбешкамі ў бубны.

А ў лесе месяц

Той самы

Шлюбны.

Цукерку ўгледзеўшы —

Да торбы ў сваты.

А недзе мядзведзішку

Невуч касматы

Вядзе пад адхоны —

Ды ў абдымоніху.

А ты,

Вучоны,

Скачы «Лявоніху»!

Заціхлі гукі

На нейкі момант.

I — цішы

гулкі

ударыў молат.

Лес за-шу-меў...

За-пах-ла ка-рэ-нне...

Прачнуўся гнеў.

Ад-дзі-ка-рэн-не

Па ўсёй навуцы

Ды пяцярнёю.

Ланцугі рвуцца —

Усё парахнёю!

Зглушылі вушы

Вар'яцкія тушы,

Павадыры,

Злыя душы,

чым не тушы?!.

Павадыр

Ці правадыр,

Правярай, ці глыбак вір!

Ціха!

Зваж, па чым ён, ліха фунт?

Бунт!

Вылятай, як з бочкі шпунт!

Бунт!

Для касцей ці мяккі грунт?

Бунт!

O, psia krew! Сабака! Hung

Бунт!

Норавазнаўцаў потым

Быў вялікі табун там.

У Акадэміі бунт употай

Называўся

Мядзведжым бунтам.

Даліся ў знакі

I зноў жа — сабакі!

Завадатаі

Не мядзведзішак сваталі.

Іх вянчалі ў дубцы ды ў вілы.

Валачы гасцей Радзівіла

У спёку ў санях —

Не цярэжыць Цярэшку ў сянях.

Сані не едуць самі,

Хоць і дарога з солі.

На збітыя лапы —

Болю даволі!

XVI.

3 тых часоў кандуіт узнік,

Каб Смаргонскае Акадэміі выпускнік

Ні карэння, ні моху не нюхаў,

Каб пошуму лесу не слухаў.

Выпускніку шкодзяць

Одумныя ўспаміны!

Яму супакаенне адзінае:

Штогадзіны,

Штодня

Траскатня,

Грукатня,

Брахня,

Толькі — не цішыня!

XVІІ.

Ахі!

Скідайце хутчэй

3 плячэй

Апранахі!

Як іскры з вачэй —

Не пішыся ў манахіі

Охі!

Здзірайце, як той падатак,

3 пятак

Панчохі!

Прэч паноў і панятак,—

Хай скачуць, як блохі!

Усе,

Усе,

Хто ссе

Піпку тугі пакрысе,

Пакідайце сховішча!

XVIII.

Скамарохі.

Відовішча!

Пакажы, Валакіта

(А багдай бы ты сам умлеў!),

Як кароў ксяндзовых Мікіта

Заганяе ў свой хлеў.

Ахвяраваў быў на свенты косцел

Цялушку апошнюю й подсціл.

Ксёндз раіў думаць аб раі

I ўтаймоўваць хэньць.

«Пан Бог за адну пасылае

Двудзесьце пеньць!»

Ад гізу ксяндзовы каровы

Забеглі ў Мікітаў двор

(Стрымаў Бог слова!),

Мікіта ўсіх і запёр.

Алілую Богу й падаўне

Прыйдзецца дзесьці пець,

Якраз жа і даў мне

Двудзесьце пеньць!

Як рэзаліся ў карты

Поп з ксяндзом не на жарты (?),

Поп прысягаў, ачмурэўшы ад седні:

«Не паможа Божа —

Не служу абедні!»

Без шэлега вяртаючыся пад зару,

Падпіраючы ілбом;

Тын,

Званару

Здалёку зароў яшчэ.

«А заўтра Мартын,

Ані тром-балі-бом,

Ані дзын-дзылі-дзын,

Ані за вяровачку!..»

Пакажы, Недалужа,

Заробіш сала,

Як жонка мужа

Ды зневажала.

Павяла ў поле

Дый прывязала

Плячмі к бярозе,

А ўсім — к дарозе.

Марнее бядак.

Хто ні едзе — пытае:

— Чым гэта так

Чалавеча баўтае?..

Як дзед бабу разуваў (?),

Рот ад страху разяваў.

(Ой, бабулька, што за звер,

Я ж баюся, каб не з'еў...)

Пакажы, як плыве

Пан Хамуйла важліва,

Хоць жыве ў хляве,

А па-панску кашляе.

Пакажы,

Як разважліва

Пінчук развязвае

Свой капшук,

Як смаліць чортава зелле (?).

Стаптаўся знізу паляшук,

А зверху —

Вошы з'елі.

Пакажы,

Як прамудрыя палешукі

Як не нацёрлі сабе плешакі,

Гумны ўсе папалілі,

А вавёрку злавілі (?).

Як старцы

Пабіліся за сухарцы (?).

Забараняе поп

Упамінаць імя госпада ў Суі,

Бі ў Бачэйкаве лоб,

Старац скрозь калясуе.

Хлеб наш насушаны,

Сам ссох і нас ссушыў...

Чорт баяўся сухой ігрушыны

I медзвядзю бярлог сымшыў.

А мядзведзь у журбе

Боты сам сабе

Шыў...

Мёду потых

Чуе носам,

Мішка ў ботах,

А след — босы...

А ты,

Механоша,

Смеханоша,

Маўчыш, як святы.

Раскажы, як у ліпені

Пала пароша...

Як у сераду на масленіцу

Певень узляцеў на прасніцу,

Яечка знёс,

На паліцу ў куточак занёс,

А сляпы падглядваў,

А глухі падслухваў,

А бязрукі яечка ўкраў,

А бязногі ўдагон паджгаў,

А бязрукі ў бязногага

Яечка адабраў,

Галапузаму за пазуху паклаў...

— Ёсць з кім марыцца

Ноччу,

Ёсць з кім мірыцца

Днём! —

Рагоча

Скамарыца.—

Калі ж перадыхнём?!.

Скамарыца не ўдава,

Хай сабе дарогі:

За пнём галава,

За калодай ногі!

Лапаць —

Каб без куракоў!

Чосу дай абцасу!

Наелася буракоў,

Напілася квасу,

Манілася з хлопцам спаць —

Недабрала часу!

Нешта хмур

Дзяцюк.

Юр,

Як цюк дык цюк.

(Светла ў цёмную ночку.)

Ой, пайду з тугі-гора ўтаплюся

У салодкім мядочку.

Ой, пайду з тугі-гора заб'юся

Аб белыя падушкі.

Ой, пайду з тугі-гора задаўлюся

На шыі ў маладушкі.

Пайшоў...

— Таптыга,

Табе спарышоў з барышоў,

Як Жыцень у жыце

Кабет пераймае (?)...

Іржыце, панове, іржыце,

Хоць жываты расперажыце.

(Хто каго пераймае?)

XIX.

Па свеце ідуць скамарохі—

Пасынкі сумнай эпохі.

Што за анафемы

I пагоні

Акадэмікам са Смаргоні?

Не шкодзіла б часам

Неданоскам

I недамеркам

Сам-насам

Пабыць з люстэркам

Хоць трохі...

Смяюцца

Пасля

Скамарохі...

Медзвядзю скакаць —

Абы ранак.

I смачны і хрупаткі,

Хоць і з добрай рукі,

Кальцо

Нагадвае абаранак.

Кальцо зламанае маладзіка

Прыемней для выпускніка!

XX.

Здаецца, што й крэндзель

Паказвае кукіш...

На віскі,

На брэндзі

Таптыгу не купіш!

Дзівуецца ледзі:

— мЕдВеДи!

XXI.

Як нямаш

Камаш,

Ногі мыць дарэмна.

Кішыць кірмаш

На Рэйне.

Словы меле на пыцель

3 імем гучным

Смаргонскі вучыцель

3 вучнем.

Знойдзе Бог мужыку загану.

Як на гэтым свеце ні секлі,

А горай яму, чым пану,

I ў пекле:

Пан спакойна сядзіць у катле,

Кіпіць у смале,

А мужыку — і дровы сячы,

I пад кацёл валачы...

Хіба ж не праўда, скажэце,

Хто жыў на гэтым свеце

На ўсю шырыню,

Пад гранітам разлёгся на ўсю даўжыню,

Хіба ж я маню,

Багаты на латы

Сярэдні гаспадар з Бярэзіны,

Па баках дзве торбы,

А сам,зухаваты,—

Пасярэдзіне!

Цягне табаку ў храпу

Між пчаляром і пчалой

Пасрэднік —

Касалапы

Прыстола наследнік:

Пад сталом

I пры столе наслядзіць так,

Пакуль змяцеш —

Гальнём стане венік.

Бюргер,

Трасі кішэнік,

Цягні пятак,

Ці — хай яго спрашыц

Пфенінг!

XXII.

3 лаўраў

Лаўровы лісток зялёны

У суп скамарохаў

Падае.

— Адкуль а-к-а-д-э-м-і-к-і,

3 Егелёны,

3 Сарбоны,

3 Падуі?!!

Шум у харчэўнях,

Шуміха ў друку.

Адказ

Па карчэўю,

Па мулкім бруку

Трасецца

ў дзіравым

фургоне:

— Са

Ссмуурр-

гоо-

ні...

XXIII.

I на гладкай шашы

Смех праймаюць дрыготкі.

На свой хвост не брашы...

А ў медзвядзя

Хвост кароткі...

Загрузка...