АЛЬГЕРД

Сьвяшчэнны дуб высока і вольна ўзносіў свае жылістыя, натруджаныя доўгімі гадамі рукі-галіны над пагоркам каля сьвяцілішча Перуна.

Прыціснуўшыся да яго сьпіной, вялікі князь Альгерд адчуваў, як спакойна, нібы празрыстая вада ў жарале крыніцы, струменіцца па ствале магутная сіла, якая перадаецца і яму. Пастаўшы вакол дуба, жрацы сьпявалі сьвяшчэнны гімн, зьлёгку прыстукваючы драўлянымі дошчачкамі ў канцы кожнай страфы.

Мову, на якой яны нарасьпеў прамаўлялі казаньні, Альгерд добра разумеў — у дзяцінстве яго вучылі ўсяму, што спатрэбіцца для валадара. Ведалі яе і браты вялікага князя. Але сёньня княжаты, мабыць, забыліся на тыя заняткі — заняўшыся кожны сваім удзелам, яны больш ваявалі, чым прыходзілі да жрацоў. І сам ён, калі быў толькі валадаром Віцьбеску і Крэва, таксама, як і ўсе яны, бясконца круціўся ў віры падзей, якія скаланалі княства.

Толькі стаўшы вялікім князем, шмат часу стаў ён аддаваць сьвяцілішчам. Жрацы былі сілай, якая цяпер толькі і магла зьмесьці яго са стальца. Нягледзячы на тое, што войска Альгердава было яму вернае і ня раз даказвала сваю перавагу над нахабнымі і фанабэрыстымі крыжакамі, усё ж чым яно было ў параўнаньні з чалавечым мурашнікам, які шчыраваў тут, у сталіцы? Покліч жрацоў — і мурашнік гэты імгненна аблепіць яго, ягоных вояў і жменьку купцоў-хрысьціян, абсмокча і згрызе да касьцей, як згрызаюць нябачныя простым вокам зяпы мурашак зьмяю, што трапіла да іх. Яна яшчэ выгінаецца, сіпіць, а хвост яе і тулава на вачах распаўзаюцца, адкрываючы белыя храсткі шкілету…

Вось такі кліч можа кінуць і вярхоўны жрэц Бурыла, які ўгодліва, з ветлай усьмешкай зазірае яму ў вочы. Але пад гэтай мяккасьцю і лагоднасьцю — жалезная воля, гадамі інтрыг замацаваная і крывёй палітая ўлада. Кейстут, магутны брат, і той схіліўся перад Бурылам, просячы ягонай падтрымкі, каб скінуць Яўнута. І вялікі жрэц Перуна абяцаў дапамогу, узамен атрымаўшы нямала золата і каштоўных камянёў. Але галоўнае, чаго патрабаваў Бурыла, — каб хрысьціянам не было аніякага спрыяньня пры двары, каб двор вялікага князя цалкам заставаўся язычніцкім. І Альгерд абяцаў яму тое. Вось чаму, як бы не заўважаючы хрышчэньня Кумца і Кругляца, хаця, вядома, пра тое дакладала яму Марыя, ён змушаны быў рабіць выгляд, што дазнаўся аб тым толькі прылюдна, быў змушаны падтрымліваць Бурылу.

Маўчаньне панавала ў Вільні, калі Яўнут у адным кажушку зьбег з замку, хаваючыся ад братоў. А скажы колькі слоў Бурыла, а за ім Мікша, Нара ды іншыя вярхоўныя жрацы — і натоўп, страшны сваёй непахіснасьцю і верай у волю багоў, адрэзаў бы ім дарогу да замку, і нічога не змаглі б зрабіць праслаўленыя Альгердавы і Кейстутавы воі.

Вось і цяпер, скончыўшы сьвяшчэнныя сьпевы, Бурыла выступае наперад, схіляецца перад князем:

— Табе добра зараз, вялікі гаспадар? Ці прыйшла да цябе СІЛА?

Некалі ён сатрэ гэтую ўсьмешку на жабіным твары, згасіць затоена-насьмешлівую іскрынку ў вузкіх зялёных вачах! Але зараз Альгерд адказвае спакойна і ветла, і румянак на яго шчаках ня блякне ад гневу, што закіпае ў самых патаемных закутках душы:

— Дзякую, вялікі жрэц. Тваё слова, як заўсёды, дайшло да багоў.

Ён устае, бярэ з рук новага падчашага, што замяніў Няжылу, срэбную брэцьяніцу, куды той налівае віна і мёду, і пырскае гэтай сумесьсю на дуб. Брэцьяніцу ж як падарунак перадае Бурылу. Зялёная іскрынка ўспыхвае ў вачах жраца: па баках чашы залатой вязьзю ўпаяныя два цёмна-барвовыя рубіны вялікага кошту.

— Прашу да майго стала, вялікі гаспадар — зноў схіляецца перад ім жрэц. І ласкава падтрымліваючы князя пад руку, вядзе з пагорку. Асьцярожна пытаецца:

— Ці не было ў цябе, калі сядзеў пад дубам, колікаў у баку?

Альгерд зьдзіўлена глядзіць на валасатае вуха вярхоўнага жраца.

— Былі, вялікі жрэц, але хутка прайшлі. Але адкуль ты ведаеш пра тое?

І загадкава ўсьміхаецца Бурыла:

— Я многае ведаю, вялікі гаспадар. Нават пра тое, што ты шкадуеш братоў-хрысьціянаў Кумца і Няжылу. Што рашэньне тваё няцьвёрдае. Але зараз, кажуць багі, цябе чакае больш важнае: на вагах быцьця і нябыту жыцьцё тваёй жонкі. Яна разбурыла капішча Рагуціса. І нехта павінен выкупіць тую віну. Дык няхай гэта будуць лепей два маладыя прыдворныя, чым вялікая княгіня.

Трывога мацней апаноўвае Альгерда. Як лоўка яны прыдумалі! На адным баку ў яго сэрцы Марыя, на другім — два маладыя прыдворныя. Ці ж будзе ён выбіраць?! Усё разьлічана правільна. Але вялікі князь спрабуе супраціўляцца:

— Мая жонка не старая. Магчыма, прыдворны лекар яшчэ паставіць яе на ногі.

Рука ў Бурылы нібы расплываецца пад локцем Альгерда:

— Хлеб паказаў, што лекар гэтую хваробу не адолее. І агонь у печы сказаў тое ж. Яна ўжо ступіла на дарогу да Ірыя. Але можна, можна яшчэ вярнуць яе адтуль! Калі ты вырвеш з сэрца шкадаваньне да хрысьціянаў. Калі мы ўбачым, што сэрца тваё цалкам аддадзенае старым багам!

— Гаданьне на хлебе? Вы пасьмелі без мяне гадаць на Марыю, кранаць яе?! — вялікі князь аднак асекся. Ня час, ня час сварыцца з Бурылам… І ўсё ж — няўжо такім быў вынік гаданьня? Здаўна кожны ведаў гэты старажытны звычай: хвораму клалі падмышкі па кавалку хлеба. Калі да раніцы хлеб засыхаў, гэта сьведчыла аб тым, што хворы мусіць разьвітвацца з жыцьцём. Але Марыя нічога не казала яму пра гэта! Можа, ёй паклалі хлеб, апаіўшы макам, альбо соннай, калі прытомнасьць пакінула яе?

І Альгерд адчувае, як дробна пачынае дрыжаць у ім страх. Жрацы зьведалі тое, што пакуль было таямніцай для яго, гаспадара Княства, бо ён верыў, што самае страшнае для княгіні яшчэ далёка наперадзе, што яна выкараскалася з небясьпечнай хваробы, і маленьні жрацоў дапамаглі ёй. Яны паслухалі і печ, якая стаіць у княгінінай лажніцы[35]. Калі ўсё гэта праўда… Хуткая сьмерць Марыі можа сапраўды істотна пагоршыць яго становішча: Віцьбеск адразу пачне думаць не аб ягоных інтарэсах, а аб сваіх уласных — сапраўдным спадчынным князі, сынах Альгерда. А ці можа ён давяраць уласным дзецям? Ці не захоча старэйшы Андрэй адасобіцца?

І што такое, сапраўды, жыцьцё двух хлопцаў перад вялізнымі, на паўсьвету, праблемамі Вялікага княства, створанага такімі намаганьнямі, такой крывёй і потам?!

Бурыла ўсьміхнуўся, прачытаўшы ў вачах князя рашэньне, у якім ён ніколькі не сумняваўся.

— Загад аб тым хутка будзе падрыхтаваны. А тады я перадам у твае рукі Кумца. Няжылу, як злодзея, будзе судзіць суд зямны!

— Ты мудры валадар. Але дазволь паправіць: я ўсяго толькі адзін са жрацоў. І таму не ў мае рукі ты аддасі нягодніка, а на агульны суд вешчых старцаў…

Бурыла ледзь хаваў сваю радасьць. Было чым ганарыцца: аддаючы ім Кумца, вялікі князь прызнаваўся ў сваёй слабізьне, не разумеючы, што гэта толькі пачатак. Хутка чарга дойдзе і да іншых. Да дому нядаўна ўсемагутнага Леся, да яго сына Кругляца. Да недаступнай пакуль Уны…

Загрузка...