Пацук грыз ягоны бот, і толькі калі востры, як нож, зуб упіўся ў нагу, Няжыла прачнуўся, тузануў нагой. Тлусты і моцны, як вепручок, зьвярок адляцеў у кут, коратка віскануў і зьнік.
Абуджэньне было такім цяжкім, нібыта падземныя гарцукі[36] ператварылі ягоныя ногі ў жалезьзе. Няжыла памацаў нагу — не, ягоныя ногі на месцы, проста іх да аняменьня сьціснулі драўляныя калодкі. Навобмацак дрэва было гладкім — мабыць, яго сваімі целамі адпаліравалі ранейшыя вязьні. Хлопец адчуў, што палец пачынае балець і тачыцца крывёй.
Учора ён шмат крычаў. Непадалёку, за павароткай доўгага цёмнага калідора, да жалезных уступаў у сьценах прыкавалі нейкага збродня. Збродня — таму што нават не адгукаўся ні на крыкі, ні на заклікі. І цяпер Няжыла сам не хацеў яго клікаць зноўку. Зараз наглядчык прынясе міску сьмярдзючай поліўкі, якая на кароткі час залье агонь, што цяпер увесь час смактаў ягоныя вантробы. І ён цярпліва чакаў ужо знаёмых крокаў на калідоры.
Наглядчык Заяц не ішоў — ляцеў да свайго вязьня. Радасьць, мабыць, перапаўняла яго. Ён ведаў навіну, якою хацеў дабіць маладога прыдворнага, якому зайздросьціў нават цяпер, калі яго дарагі, з белай воўны каптан ператварыўся ў рызьзё, а тонкія юхтавыя боты былі абгрызеныя пацукамі. Заяц не паднёс, а шмаргануў на падлогу драўляную тарэлу з поліўкай, а ягоныя словы нібыта секлі няшчаснага, змучанага вязьня гострай, як сьмерць, шабляй:
— Ну во, абодва саколікі папаліся! Былі сакаламі, цяпер палятаеце дробнай пташачкай! Ды дзе там палятаеце — поўзаць будзеце, як вужы!
— Што ты вярзеш?
— Браток твой таксама тут! Вялікаму князю пасьмеў пярэчыць, затое цяпер язык у яго зацугляны!
— Кумец тут?!
— А дзе ж? Тут яму самае месца! Каптан яго дастаўся мне, у пару прышоўся! Во, паглядзі!
Прыжмурыўшыся, Няжыла сапраўды пазнаў малінавы, са срэбнымі кругамі на плячах, каптан брата.
Ён завыў, нібы паранены воўк, нагой паддаў тарэлу, поліўка палілася на жмут гнілой саломы, дзе ён ляжаў.
— Скуголь, скуголь, ты, зладзюга, і няхай цябе чуе і служка мёртвага бога! — зьдзекліва глядзеў Заяц.
— Што я табе зрабіў, скажы? За што ты так мучыш мяне? — прастагнаў Няжыла.
Нахабны пацук зноў вылез з дзіркі, прабраўся да саломы і цяпер прагна грыз мясьціны, дзе пралілася поліўка.
— За тое, што ты спаў на мяккай пярыне, еў на срэбры! — вызьверыўся наглядчык. Яго круглы, з маленькім кручком-носам і складзеным у гусіную гузку ротам твар расчырванеўся.
— За тое, што княгіня дазваляла цалаваць ручку, а князёўны табе… табе! усьміхаліся! Мне дык толькі і шэнціла ў гэтым жыцьці, што на цемру ды вязьніцу, на злодзеяў ды на поліўку! Паскавычаш цяпер і ты!
Заяц так скакаў і рагатаў, такая грымаса крывіла яго рот з гнілымі аскабалкамі зубоў, што Няжыла раптоўна супакоіўся.
— Значыць, багам заўгодна, каб я трапіў да падземных духаў, і Пярун ад мяне адступіўся. А ты не наглядчык Заяц, а Злыдух, і ад цябе я адцураюся тройчы.
І ён тройчы прачытаў на памяць заклінаньне ад Злыдуха, якому з дзяцінства навучыла яго маці. Але Заяц ня зьнік, ён толькі сьціх і, выцягнуўшы шыю, чакаў, што адбудзецца. Убачыўшы, што багі яго не караюць, зноў пасьмялеў:
— Не, тут табе не падземны сьвет. Гэта вязьніца самога вялікага князя, тут сядзяць яго ворагі і ворагі нашых багоў. Твой брат вораг багоў, а ты — вораг князя. Тут вам самае месца.
Няжыла нават не заўважыў, як Заяц перад тым, як выйсьці, нагой паддаў нахабнаму пацуку так, што той пранізьліва завішчаў. Навіна яго прыціснула, цяжкім камлём легла на душу. Ён падумаў пра тое, што ўвечары прыйдзе іншы наглядчык, Ліс, а той дабрэйшы, чым Заяц, і ад яго можна будзе даведацца, што ж здарылася з братам.
Кумец! Няжыла памятаў яго маленькім хлопчыкам, які ўвесь час стаяў ля бычынага пухіра, стараючыся праз яго разгледзець белы, у прыхаматлівых карунках зімовы сад насупраць іхняй мураванкі. Помніў яго ў школцы пры замку, дзе той, высалапіўшы язык, старанна крэмзаў жалезным пісалам па белай з шэрымі плямкамі бяросьце. Помніў той цёплы дзіцячы пах, якім абдаваў яго брат, калі яны спалі, абняўшыся, на печы, а завіруха шкрэблася па сьценах, шарудзела на ганку.
Калі яны пасталелі, брат трохі як бы аддаліўся ад яго. Здаецца, разам хмельна бегалі за дзеўкамі па купальскім лесе, маліліся багам і абмазвалі боты крывёй, што лілася перад постацямі багоў. Ды ў часы, калі ён, Няжыла, увесь аддаваўся шалу і радасьці, Кумец нібыта быў аддалены ад усяго, што адбывалася, нейкай нябачнай сьцяной. Але нават тады, калі малодшы брат пахрысьціўся, Няжыла ня надта супраціўляўся: малодшанькі заўсёды быў — не, не разумнейшы, але нейкі нібы танчэйшы, уражлівейшы. І Няжыла апошнія гады ўсё болей паддаваўся нябачнай, але выразнай сіле, што адчуваў у сваім браце. Усьлед за ім нават намерыўся і пахрысьціцца — але не таму, што сам хацеў таго, а таму, што прывык ва ўсім давяраць Кумцу, а яшчэ таму, што цесьць, Баравік, таксама настойваў на тым.
Тое, што да яго, брата хрысьціяніна, ставяцца горш як да сабакі, ён адчуў толькі ў гэтым падзямельлі. Калі б быў проста злачынцам, такога зьдзеку не было б, — цяпер ён быў у тым упэўнены. І ў гэтым была падвойная несправядлівасьць. Несправядліва, што ён пакутуе за хрысьціянства, якое яшчэ нават не прыняў усьлед за братам, ня надта ў ім талопячы. Несправядліва, што яго лічаць злодзеем, які падгаварыў Рэчыцу ўкрасьці каштоўныя каралі.
Узгадаўшы пра Рэчыцу, ён адчуў яшчэ большы страх: што з ёю? На дазнаньні, якое ўвечары ў судовай палаце праводзіў сам князь і куды ў калодках прывялі Няжылу, яе нібы асядлаў Злыдух: дзяўчына плакала, кідалася ў ногі Гаспадару, калацілася галавой аб жоўтыя масьніцы. На яго амаль не глядзела. Няспраўджаны цесьць таксама ўразіў да самага нутра: Баравік бажыўся Перуном, што ніколі не зьбіраўся выдаваць за яго дачку, бо адразу адчуў: такі можа падгаварыць і на забойства, і на рабаўніцтва, хай ратуюць нас усіх Род і парадзіхі!
На другім допыце Рэчыца зусім зьехала з глуздоў: паказала, што ўкрала смарагды па загадзе жаніха. Цьвердзіла, што адразу ж перадала іх Няжылу, бо ён «чарамі навёў на яе морак». І, калі зусім ачамярэлага, вялі яго ў вязьніцу, дзе будзе ён чакаць суда — альбо пакараньня сьмерцю, альбо вечнага захланьня ў цемры — яна закрычала з нянавісьцю і пракляла яго, а потым цяжка, як аржаны сноп, упала на падлогу без прытомнасьці.
І, зноў як перажыўшы ўсё гэта, Няжыла завыў немым голасам і стаў біцца аб каменную сьцяну.
А калі ўпаў зьняможаным і скрываўленым, раптам пачуў, як нейкі далёкі, але знаёмы голас нібы б’ецца ў дзьверы, спрабуючы дастукацца да слыху:
— Брат! Брат! Няжыла!
— Ратуй мяне Дажбог! — хлопец падняў ацяжэлую галаву. І закрычаў што сілы:
— Ку-мец!
— А-а-а! — панеслася рэха — уздоўж вільготных каменных сьцен, сатлелых чарапоў і ўсё яшчэ прыкаваных да сьценаў шкілетаў. І вярнулася назад:
— Бра-а-ат!
Дзіўны спакой сышоў на Няжылу. Брат тут, дык, можа, гэта і да лепшага? Ён прыдумае нешта, яны ўратуюцца. Быць таго ня можа, каб іхнія жыцьці скончыліся тут, сярод камянёў, у сырасьці падзямельля, дзе і зараз толькі што бліскалі ў глыбіні калідору чырвоныя вочы гарцукоў, і дзе зусім блізка, амаль пад нагамі, бушуе полымя падземных кузьняў Жыжаля.
Ён мусіў берагчы сілы, каб некалі ўстаць на поўны рост і крыкнуць усяму сьвету, што ён нявінны ні ў якім зладзействе. Ня трэба дапускаць нават думкі пра тое, што тут гадамі гніюць жывыя людзі, якім няма ходу наверх, да сьвятла і сонца, і можа, гэтыя людзі таксама невінаватыя, як і ён. Як і ягоны брат…