НЯЖЫЛА

Драўляная тарэла была поўная смажанага разам з цыбуляй мяса. Яна стаяла на вышытым абрусе, тоўстыя, крываватыя лусты хлеба горкай ляжалі побач. Яшчэ далей перад Няжылам вольна месьціліся на доўгім стале місы з мочаным гарохам і бобам, варанай капустай і грыбной поліўкай. За імі, па другі край стала, на дубовай лаве сядзелі Баравік і Зайка. Рэчыца, іхняя дачка, месьцілася збоку. Усе трое з любасьцю пазіралі на хлопца, але шэра-блакітныя з зялёным адценьнем вочы нявесты поўніліся асабліва адкрытай і гарачай пяшчотай.

— Гай выражу, а жытло пабудую такое, каб уся Вільня дзівілася! — са смакам чэрпаючы драўлянай лыжкай гарох, хваліўся Няжыла. — Найму майстроў, можа, іншаземных, каб кожную дошку абгаблявалі як во ейную далоньку! А ў яе далонькі — што табе ў вялікіх князёўнаў — мя-я-а-к-кія!

Рэчыца млела ад шчасьця. Няжыла пазіраў на яе з задавальненьнем. Яе, вядома, не параўнаць з князёўнамі, далонькі ў іх сапраўды як аксамітавыя, бо, ведама, нічога ня робяць. Але ж і яна ня зломак які. Навышывала ручнікоў як ніводная нявеста на іхняй вуліцы. Каго толькі яна там не зьмясьціла — і Рода з парадзіхамі, і Мокаш, і Перуна, і Вялеса. Вышывала — шаптала замовы, прынаджвала шчасьце.

— Дык і наш дом ня цесны, — басіў Баравік. Тоўсты і нізенькі, ён, аднак, быў адважным як тур. Калі аднойчы на ягоны купецкі абоз напалі крыжакі, ён здолеў, паваліўшы вакол вазкоў колькі ялінаў, арганізаваць са сваімі малайцамі сапраўдную абарону, і, паклаўшы колькі вояў, крыжакі паскакалі далей, пакінуўшы ўпартых віленчукоў.

Дом Баравіка быў сапраўды вялікі і прыгожы, складзены з цэглы, якую рабілі пры княжацкім двары. Мураванка выйшла на два паверхі, з лажніцамі для гаспадароў і дачкі наверсе. Унізе, пад сьвятліцай, гандлёвай каморай і кухняй, месьціліся склады, дзе ўсё было закладзена таварамі. Сьвятліца ж, дзе зараз прымалі дарагога жаніха, была гонарам гаспадароў: сьцены яе тынкаваныя, на іх вапай нанесеныя квяцістыя ўзоры, а ў вокнах замест звычайных бычыных пухіроў празрыста зыркала ў водблісках агню нядаўна прывезенае і яшчэ нязвыклае для гораду шкло. У чырвоным куце на бажніцы перад Родам, Перуном і Мокашшу гарэла газьніца з чыстым ільняным алеем, палымнеў запаветнымі ўзорамі багата вышыты ручнік. Печ у Баравіка была, па новай замкавай модзе, кафляная, зеленаватая кафля з узорамі паблісквала пры сьвятле лучын, устаўленых у медныя зажымы. Бабін кут, дзе на вясельлі сядзе нявеста, аддзяляў ад печы кавалак абшытага сярэбранай аблямоўкай ільнянога палатна, пячны слуп, ці, як яго называлі віленчукі, конь, быў чыста пабелены. Усё тут сьведчыла аб багацьці і ўдачы гаспадароў.

Гэты багаты віленскі купец ганарыўся тым, што ягоны будучы зяць чалядзінец самога вялікага князя, што ягоная дачка пакаёўка княгіні Марыі. Ужо адсьвяткавалі заручыны, а цяпер Баравік рыхтаваўся да вясельля, што адбудзецца пасьля Купальля: падлічваў у сваіх еўнях і кладоўках гарнцы жыта, бочкі піва і хмельнага мёду, а яшчэ рыхтаваўся да закупу мядзьведзіны, ласяціны і птаства — дробнага і буйнага. Баравік зьбіраўся запрасіць на вясельле вялікакняжацкую пару, і яму здавалася, што, калі Альгерд і Марыя прыедуць у ягоны дом, ён памрэ ад шчасьця.

Усе яны: і гаспадары, і Рэчыца, і найперш сам Няжыла не маглі дачакацца Купальля. Менавіта там, пасьля вогнішча, калі скокі праз зыркія языкі полымя ачысьцяць маладых і запаляць іх першародным юрам, надыдзе для Рэчыцы і Няжылы вялікае выпрабаваньне. У спаборніцтве — хто спрытнейшы, у шалёнай пагоні, калі зловіць ён дзяўчыну за косы і кіне на мяккі мох, спазнаюць яны адзін аднаго. Хаця і тады яшчэ не даведаюцца, ці прыдатныя для самай галоўнай мэты, з якою сыходзяцца маладыя: ён — апладніць яе, а яна — нарадзіць здаровых нашчадкаў, перадаць ім сьвяшчэнны агонь быцьця, але пачатак будзе пакладзены. Без яго вясельле ладзіць нельга. Ведама, што ў тых, каго сілком зводзяць бацькі дзеля багацьця ці розных хцівых мэтаў, дзеці родзяцца слабымі, болей хварэюць, а значыць, меней у іх сілаў і магчымасьцяў захоўваць магутны корань жыцьця. Патрабуюць багі, а найперш ён, цудадзейны ачышчальнік Купала[20], каб не пераводзіўся ў людзях агонь жаданьня, без якога заледзянее сьвет.

Вясельле ладзіцца неўзабаве пасьля цялеснага спазнаньня адно аднаго. Потым ужо тройчы ўрачыста абвядуць вакол сьвятога дуба, зьбяруць блізкіх і далёкіх сваякоў, гасьцей ды пастараюцца ўсіх прысутных так накарміць-напаіць, каб яны памяталі вясельны пачастунак усё астатняе жыцьцё.

Цешыліся Баравік і Зайка, што спадабаўся іхняй дачцы ня сьмерд які, ня таць, што квапіцца на багацьце, а радавіты баярын з добрай, набліжанай да князя сям’і. Таму і лавілі кожнае слова Няжылы, падтаквалі яму ды пераглядаліся, угледзеўшы, як хораша ўпраўляецца ён з лыжкай: любіць паесьці, дык будзе слаўна і працаваць!

Яшчэ ня ўсталі з-за стала, як пачулі ад служкі, што ў сядзібу завітаў малодшы брат Няжылы, памочнік галоўнага лоўчага Кумец. З задавальненьнем прынялі тую вестку. Прыгожага, вясёлага хлопца шанавалі ў замку, нездарма князёўны радасна ўсьміхаліся, калі прыносіў да іх Няжыла кубкі з шыпучым заморскім віном альбо падаваў тарэлы са смажанай рыбай — узгадвалі, мабыць, пры тым прыгажуна Кумца. Альгерд заўсёды браў яго з сабой, калі ехаў на ловы альбо ў паходы. Кумец, як ніхто, адчуваў сокалаў, і яны, трапляючы на яго парчовую рукавіцу нават з затуленымі каўпаком вачыма, спакайнелі. Звычайна якраз ён, Кумец, урэшце вырываўся наперад падчас паляваньня, даганяючы сокала, які дзёўб і дзёўб упаляванага зайца. Гэта ён куды хутчэй за галоўнага лоўчага ўмеў суцішыць разьятраную пагоняй птушку. У замку шапталіся, што вялікі князь хутка памяняе сваіх лоўчых месцамі, і памочнік нарэшце зойме належнае ягонаму таленту становішча…

Брат Няжылы ўвайшоў, як звычайна, вясёлы, хаця ў душы быў моцна заклапочаны. Праз тыдзень павінен быў ён прымаць хрост, і хацелася яму, каб пры тым быў брат. Але як завабіць Няжылу ў царкву? Дзікім здаецца брату вобраз Бога, які, валодаючы сілай, дазволіў расьпяць сябе на крыжы. Які, могучы зьнесьці з зямлі сваіх ворагаў, сьцерці іх у попел, сам узьнёс на свае плечы непасільны для яго крыж і нёс яго, губляючы прытомнасьць, на гару, каб там працягнуць ворагам свае рукі, у якія яны і забілі цьвікі. Колькі разоў гаварыў пра тое з Няжылам, а той жартаваў ды адмоўчваўся, а то і абяцаў калі-небудзь зайсьці нарэшце ў храм. І цяпер Кумец спадзяваўся пагаварыць аб усім гэтым ня ў хаце, а менавіта тут, пры будучых родзічах. Ведаў, чым можа закрануць іхнія сэрцы: бацькі Рэчыцы мараць пра тое, што вясельле ўшануе вялікакняская пара. Таму, калі яго запрасілі да стала, ён, як і Няжыла, не адмовіўся ні ад смажанага ўюна, ні ад вяпрачыны, пасыпанай чырвоным пякельна-вострым парашком, які называўся перцам і які звычайна падаваўся толькі пры княжым двары. Усё гэта, асабліва ж дарагая замежная прыправа, сьведчыла пра тое, што яго тут прымалі як высокага госьця.

Гаворка пра будучае вясельле ішла доўгая, зацікаўленая. І, пасылаючы ў рот апошні кавалачак мядзьвежага языка, прамовіў Кумец як бы між іншым:

— Праз тыдзень я прымаю хрышчэньне. У царкве будзе сама вялікая княгіня. Шкада, што Няжыла ня хрышчаны. Мабыць, давядзецца вам бяз нашых вялікіх гаспадароў ладзіць вясельле… Да нехрысьцяў вялікая княгіня наўрад ці пойдзе. А вялікі князь без яе да вас не зьбярэцца. Усё ж ня зацныя вы людзі, не баяры…

Баравік падскочыў, пераглянуўся з жонкай.

— А… а ці пусьцяць у царкву, ёрш вас забяры, язычнікаў?

— А чаму ж не? Кожны, хто хоча, можа зайсьці.

— Ну дык мы… мы можам… таксама…

Жонка глядзела на яго з жахам. Няжыла ўпарта маўчаў. Але тут у бяседу ўплішчылася Рэчыца:

— Я часта бываю ў храме, і ніхто мне слова не сказаў. І духоўнік гаспадарыні Нестар такі ціхі і прыветны. Зусім ня тое, што вялікі жрэц Бурыла. Той, калі і з вялікім гаспадаром гаворыць, супіць бровы і ўсё з нейкай пагрозай, пагрозай… Гаспадарыня яго ненавідзіць, а ўжо ён яе… о! Цяпер пры двары нядобра быць язычнікам. Я заўважыла: як схаджу з вамі, тата і матулечка, да Вялеса — адразу галава балець пачынае, і слабасьць ахутвае. А ў царкве мне добра…

– І ты туды ж! — у Няжылы ссунуліся бровы. Ён адпіхнуў ад сябе тарэлу, устаў і з падзякай пакланіўся гаспадарам, а тыя, таксама падняўшыся, адказалі гэтак жа. Хлопец падышоў да бажніцы, і магутная рука яго дастала драўлянага Перуна. Вочы боства, зробленыя з чорнага агата, змрочна бліскалі на прысутных. Няжыла пацалаваў яго зашмальцаваныя калені, паставіў на месца.

— Гаспадара неба ты, дзяўчына, ужо не баішся?! І вы, мае будучыя бацькі, таксама?

— Баюся, ёрш вас забяры ўсіх! — ссунуў жыдзенькія русявыя бровы Баравік. — І тут страшна, і не патрапіць новаму богу таксама страшна. Бо вялікія гаспадары ўжо ідуць да іншага бога, яго прызнаюць! А што ж нам, нікчэмным зямлянам, рабіць? Ісьці ўсьлед за ўладай. Яна для нас, хлопчыкі, самая галоўная. Калі яшчэ той Пярун да тваёй душы дабярэцца, а вялікі князь… вялікі князь і цівуны ўжо тутака… Так, жонка?

— Як скажаш, гаспадар, — Зайка пакорліва схіліла галаву, у вачах яе на імгненьне мільганула любасьць да свайго сьсівелага мужа, але адначасна і жаночая мудрасьць гаспадыні, якая не паказвае, хто сапраўдны ўладар у хаце.

— Ну вось маё слова: мы пойдзем на хрышчэньне! — рашуча сказаў Баравік. Тады і Няжыла сумеўся, раздумліва гледзячы на бажніцу.

— Тады пайду і я, — вымавіў нарэшце.

Кумец хітра паглядзеў на брата, засьмяяўся радасна.

— Ня бойцеся. Вялікая княгіня абароніць нас усіх, — сказаў упэўнена. — За ёю Віцьбеская і Полацкая зямля, а там усе баяры хрышчаныя, усюды ў гарадах цэрквы, нават для купцоў ёсьць свае, купецкія. Сам бачыў у Віцьбеску, калі яшчэ з бацькам туды езьдзілі. А гэта — вам у падарунак ад мяне.

І ён таксама ўстаў, падышоў да бажніцы і, дастаўшы вялікі, ростам з Перуна, драўляны крыж з сярэбранымі насечкамі, паставіў яго паперадзе Перуна так, што зусім захіліў бога-грамавіка, які раптам здаўся ня грозным, а як бы нават разгубленым, ягоныя чорныя агатавыя вочы нібыта згасьлі, падпарадкоўваючыся непазьбежнаму. Толькі Вялес побач з ім глядзеў непрымірыма і насьмешліва, нібыта ведаў нешта такое, што дасьць яму магчымасьць паставіць на сваім, чаго б гэта ні каштавала….

— Як добра, што мы ўсе пойдзем у царкву! — сьпяшалася Рэчыца. — У царкве адразу сьветла робіцца на душы. Там пяюць так ціха і хораша…

— Замоўч! — цыкнуў на яе бацька. — Мы, ёрш цябе забяры, самі вырашым.

І сказаў цьвёрда:

– Ідзем у царкву. Можа, вялікая княгіня нас заўважыць ды нешта зробіць для цябе, зяцёк… Хаця ты ў нас і так высака ўзьляцеў.

І ён ласкава пагладзіў Няжылу па плячу, з задавальненьнем адчуўшы цьвёрдыя мускулы і ўсю надзейную сілу маладога прыдворнага. Яму на імгненьне памроіліся сьветлыя, як у яго, і цёмнарусыя, як у жонкі, валасы будучых унукаў. Жыцьцё наперадзе было ясным і такім жа надзейным, як гэтае цьвёрдае маладое мужчынскае плячо пад рукой. Адно на імгненьне азмрочыла добры настрой Баравіка: раптоўна з грукатам бяз дай прычыны ўпаў з бажніцы драўляны Род. Яго паднялі, і, пацалаваўшы, паставілі зноў на ільсьняную ад ільнянога ахвярнага масла дошчачку — хай беражэ ён і там, у бязьмежным Ірыі, дзядоў-прадзедаў, расказвае ім аб тых, хто жыве пакуль што на зямлі. І не скупіцца на клопат аб будучых пакаленьнях непераводнага крывіцкага роду, часьцінка якога — ягоная дзяўчына — ласкава глядзіць на чужога ім па крыві, але ўжо бязьмерна блізкага і любага ёй хлопца, чыя кроў-руда заструменіцца ў жылах ягоных, Баравіка, унуках.

Яны сьмяяліся і гаманілі, а Род змрочна глядзеў на іх раўнадушна-далёкімі вачыма, зазіраючы ў невядомую пакуль для іх сьцяжынку жыцьця, дзе атожылак роду Баравіка не буяў на галіне радаводнага дрэва, а ляжаў, перарублены і пакрышаны сілай, якая непадуладная людзям і якая завецца ў іх Лёсам….

Загрузка...