УНА і КРУГЛЕЦ

Дзяўчыну калацілі дробныя дрыжыкі. Сьлёзы цяклі па круглых, як рэпкі, шчоках, стужкамі з вяночка яна выцірала вочы.

— Табе застаецца жыцьцё! — па-нямецку сказаў ёй Круглец. Гэтым сказам, які крыжакі крычалі воям Княства перад боем, спрабуючы падарваць іхнюю ўпэўненасьць, брат і сястра абменьваліся, калі хацелі суцешыць адзін аднаго. Але на гэты раз Уна не ўсьміхнулася, як звычайна. Яна ўскінула на брата вочы і прастагнала:

— Яго павеся-аць!

— Ды што ты! Княгіня Марыя абароніць. Яна ўгаворыць вялікага князя зьмякчыць прысуд, а пасьля… пасьля мы аддадзім за яго выкуп жрацам. Мы прынясем багам ахвяры. І ён зноў вернецца да нас.

Гаворачы гэта, ён ведаў, што надзеі на выратаваньне Кумца амаль не засталося. Круглец спрабаваў пагаварыць з княгіняй, ды яму, які заўсёды мог прайсьці да вялікай княгіні, цяпер адмовілі. Да таго ж, гаспадарыня хварэла. Яна ляжала, цяжка ўздымаючы грудзьмі пуховую пярыну пры кожным хрыплым удыху і выдыху — тое ўбачыў ён, дабраўшыся да самых дзьвярэй лажніцы. Але далей яго не пусьціла варта. Новая пакаёўка вялікай княгіні Гайна ўсё ж выйшла да сына Леся, якога і дасюль шанавалі ў замку, насьмешліва выслухала хлопца і прамовіла зласьліва:

— З-за такой драбязы турбаваць вялікую гаспадыню? Цябе, відаць, акруціла Стрыга, а гарцукі падсмажылі галаву. Княгіня хворая, а ты хочаш тлуміць яе клопатам пра злачынцу!

— Ён мой сябар! — загарачыўся і засьпяшаўся даказаць сваё Круглец. — І брат яго таксама невіноўны!

— Адкуль ты ведаеш?

— Адчуваю душой!

— Душой! Яго абвінавацілі жрацы, а яны не памыляюцца.

Тады ён паспрабаваў пераканаць яе іншым.

— Паслухай: жрацы служаць багам, а мой сябра прыгожы, як Лель, ты ж яго бачыла. Няўжо табе яго не шкада? Нават багі ня любяць, калі мы, людзі, нішчым прыгажосьць.

— Ён сам нішчыць багоў, — строга адрэзала, адразу пасур’ёзьнеўшы, Гайна. — Ён ня верыць нашым сьвятыням, раз адрокся ад іх. Я не дапамагу такому чалавеку!

Круглец услухоўваўся ў ейныя словы. Нешта падазронае было ў цьвёрдасьці і непрыступнасьці дзяўчыны. Але што? І ён зноў паспрабаваў угаворы:

— Ты яго абвінавачваеш у хрысьціянстве. Але ж княгіня сама хрысьціянка!

І тады служка, гордая сваёй прыналежнасьцю да ўлады, да яе залатога зьзяньня, сказала, як адрэзала:

— Князям можна. А нам — не!

…І цяпер, гледзячы на бездапаможны плач Уны, на сярэбранае шытво ейнай сукні, прамоклай на грудзях, малады чалавек змрачнеў усё болей. Старэйшы за сястру, ён заўсёды быў для яе апорай, асабліва пасьля сьмерці бацькі. Багаты іх дом паступова рабіўся ўсё цішэйшым: сёстры яго і Уны выходзілі замуж, адна за адной пакідалі свае дзявочыя сьвятліцы, і цяпер у двухпавярховай мураванцы засталіся толькі брат з сястрой ды іхняя старая цётка, якая амаль не ўставала з ложа.

Пакуль сястра ціха ўсхліпвала, ён разважаў аб тым, каму спатрэбілася гэтая вялікая каламуць. Добра ведаючы віленскае жрэчаства, сын пасла не сумняваўся, што за перасьледам братоў стаяць найперш інтарэсы жрацоў, страх перад новым няведамым богам, які забярэ іхнюю паству. Ён, як і іншыя, слаба верыў у тое, што Няжыла і ягоная нявеста маглі скрасьці смарагдавыя каралі. Ды магутным довадам супраць Няжылы было тое, што сваю віну прызнала Рэчыца — а яе ж не катавалі. Яна прама паказала на былога жаніха, які нібыта загадаў ёй вынесьці каштоўнасьць з княгінінай лажніцы. А яна, маўляў, кахала, таму і ўчыніла злачынства. І хаця пад самымі страшнымі катаваньнямі не прызнаўся ейны былы жаніх, дзе тыя каралі і нашто яны яму, у горадзе не сумняваліся ў віне Няжылы. Шапталіся, што тут замешанае чараўніцтва, бо гэта зрабіў хрысьціянін, а яны ўсе чараўнікі. Яшчэ казалі, што тое зьдзейсьнена, каб давесьці да сьмерці Марыю. Але Круглец разумеў: Няжыла не злачынец, ён ахвяра. Бачыў ён і зладжанае, як быццам аб тым дамовіліся загадзя, выкрываньне Кумца ў замку.

Іхняе затачэньне ў вязьніцу, амаль адначасовае, насьцярожвала, як добра сыграная камбінацыя. Браты, блізкія да князя, маглі стаяць на шляху многіх, што прагнулі наблізіцца да трону, ды ўпершыню на вачах Кругляца супернікаў, да таго ж ня надта значных, скідалі з рахунку так жорстка, амаль адкрыта. І Круглец раздумваў над пытаньнем: якую ж асабістую крыўду маглі нанесьці невядомаму ворагу ці то Кумец, ці то Няжыла?

Ясны зімовы дзень скрыпеў пад вокнамі валёнкамі, лапцямі і ботамі. На недалёкай Вільлі курылася парам палонка, грак мітусьліва спрабаваў напіцца з яе, баязьліва падскокваючы і зазіраючы ў жывую чарнату. У пакоях было цёпла, кафляная печ была з раніцы добра напаленая, з калідора пахла альховымі дровамі і коленскай вадой, якую нядаўна разьліў неасьцярожны слуга.

Было чуваць, як нехта загрукаў кулакамі ў браму. Круглец зьдзіўлена прыўзьняўся: яны нікога не чакалі.

— Хто там, Кругленькі? — па-латыні спытала сястра, таропка выціраючы вочы.

— Зараз паглядзім.

І адразу ўскочыў:

— Вялікі жрэц Бурыла!

Яна падскочыла. Нібы вавёрка, шуснула ў калідор, а адтуль наверх, у сваю сьвятліцу. Круглец пасьпяшаўся да дзьвярэй. І ў час — Бурыла і трое ягоных слуг урачыста запаўнялі перадпакой сваімі каўтрышовымі[38], на мяху, плашчамі, якія ўжо пасьпешліва хапалі гаспадарскія слугі.

Калі б тое адбывалася на людзях, Круглец мусіў бы ўпасьці перад вялікім жрацом на калені. Але яны даўно і дастаткова ведалі адзін аднаго. Бацька, пасол Лесь, часьцяком прывозіў у храм Перуна розныя каштоўныя рэчы: тонкі белы шоўк, якім так прынадна ахінаюць свае постаці храмавыя танцоркі, розныя алеі, парфуму і пахкасьці, а таксама, хаця і зрэдзь, ахвяраваў то срэбны, то залаты брусок. На багацьці, сабраныя ў месьцічаў, храм купляў новыя землі, будаваў дамы. Часам золата ішло і на мясцовага вырабу чашы, чары і тарэлы, з якіх у час сьвяточных прыёмаў у храме елі самыя паважаныя госьці. Бурыла быў удзячны сям’і пасла, але з гадамі, калі памёр пасол, гэтая ўдзячнасьць слабела, і некалькі апошніх гадоў малады гаспадар ужо не атрымліваў ад храму запрашэньні на маленьні, дзе ўдзельнічалі самыя зацныя людзі Вільні.

Таму Круглец толькі зьлёгку пакланіўся вяльможнаму госьцю і, прывёўшы таго ў сьвятліцу для гасьцей, прапанаваў яму сесьці. Слугі засталіся ў перадпакоі.

Чырвоны ад марозу твар вярхоўнага жраца быў сурова-ўрачыстым. З гэтым выразам ён піў брэцьяніцу з гарачым мядовым пітвом, які хутка падалі хаця і нечаканым, але надта шаноўным гасьцям слугі, з ім жа пачаў гаварыць, нібыта баючыся страціць хаця кроплю таго напорыстага, уладнага настрою, з якім ішоў у дом Кругляца.

З яго важкіх, як дубовыя круглякі, слоў вынікала, што падчас вялікага маленьня ў сьвяцілішчы Перуна жрацам адкрылася, што храму патрабуюцца тры новыя жрыцы. І імёны, што былі названыя ў час ахвярапрынашэньняў, належалі да самых знакамітых родаў Вільні. Сярод іх — гэта госьць вымавіў важка і са значнасьцю — аказалася і Уна.

— Але мая сястра ніколі не зьбіралася быць жрыцай. Яна кахае зямнога чалавека і ня згодзіцца ахвяраваць сабой! — запярэчыў ашаломлены Круглец.

Зялёныя (як у жабы, падумаў раптам Круглец) вочы Бурылы глядзелі на яго са спагадай і шкадаваньнем. Ён, трымаючы срэбную брэцьяніцу, пагладзіў на ёй кароткім мяккім пальцам пукатыя зьвівы расьлін, нібы гэта былі жаночыя грудзі, і ціха, зусім ціха прамовіў:

— Вялікі князь згадзіўся са жрацамі.

– І што мне з таго?! — ускочыў Круглец, адштурхнуўшы стол з брэцьяніцамі, якія са звонам пападалі на жоўтыя масьніцы. — Мы яму не належым, мы не рабы княскія!

На грукат у пакой ускочылі слугі Бурылы, рукі іх звыкла ляглі на дзяржальні мячоў, але вярхоўны жрэц зрабіў няўлоўны жэст рукой, і яны сьцішыліся, чакаючы далейшага.

— Вялікі князь — наш уладар, і толькі жрацы і багі стаяць над ім, але ня вы, сьмяротныя людзі.

Кругляцу падалося — злосны рогат і зьняважлівасьць ажно клякочуць у грудзях Бурылы, хаця твар вярхоўнага жраца быў спакойным, нават нявінна-зьдзіўленым. Гнеў і злосьць віравалі ў душы гаспадара, ён адчуў, што бляднее. І што стрымлівацца яму ўсё цяжэй.

Момант для ўдару быў выбраны найлепшы. Яго магчымыя заступнікі пры княскім двары былі кінутыя ў цямніцу. Яго самога не прыняла вялікая княгіня. Альгерду ж увогуле было не да яго: хвароба Марыі магла каштаваць яму вялікакняскага стальца. І ўсё ж маўчаць Круглец ня мог:

— Я даўно адчуваў, што ты заглядаешся на Уну, і чуў ад бацькі, што ты ня надта адмаўляешся ад жаночых уцех. Але — забраць маю сястру?! Ты бярэш на сябе замнога — мы не апошняя сям’я ў Вільні!

— Гэта не я. Гэта вялікі Пярун.

— Пярун?! Гэта ад яго ў вашым храме штогод нараджаюцца крапіўнічкі? Гэта ён смакуе лепшых дзяўчат Вільні раней за мужоў і падкідае ў знатныя сем’і сваё семя?!

Бурыла сурова выпрастаўся. Постаць яго нібыта заняла ўвесь пакой.

— Ты блюзьнерыш, нечасьцівец! Ты абражаеш багоў і вялікага Перуна!

— Ты — не Пярун! Я не аддам табе Уну!

І тады злосны рогат нарэшце вырваўся з грудзей Бурылы. Ён скаланаўся ад зьдзеклівага сьмеху так, што сьлёзы пацяклі па ягоным чырвоным, спацелым ад гарачай медавухі твары:

— Я — вялікі жрэц, а ты? Ты ўсяго толькі нікчэмны чалавечак, які ўмее кідаць дзіду. Ты — родзіч двух дзяржаўных злачынцаў, якія гніюць у вязьніцы. І вялікі Альгерд цябе не абароніць. Глядзі!

Ён кіўнуў слузе, і той імгненна выцягнуў з сумкі пергамент, скручаны ў трубку, запячатаную малой пячаткай княскай канцэлярыі. Бурыла працягнуў яго Кругляцу:

— Чытай!

Праз чырвоную смугу ў вачах чытаў Круглец загад аб тым, каб сёньня ж, згодна волі жрацоў, была адпраўленая дачка пасла Леся ў храм вялікага Перуна, дзеля таго, каб вялікі бог гэты даў княству спакой і плоднасьць жывёле.

— Ты лепей цалаваў бы мне рукі, бо добра ведаеш, што чакае ў храме неслухмянак. Сястра твая — ціхмяная, мяккая. Але не спакушай яе непаслушэнствам, наадварот, прасі быць добрай да нас: тады праз нейкі час мы вернем яе табе і таму, каго яна кахае.

— Ты кажаш — добрай да нас?!

— Тады памяняй словы сам — да мяне, вярхоўнага жраца, які адкрые ёй волю багоў.

Хлопец адчуў, як схаладнела ў яго нутро, нібыта нехта сьціснуў ягоныя вантробы вялізнай ледзяной рукой. Ён абмяк і ціха прашаптаў — хрыпата і амаль неразборліва:

— Наша сям’я заплоціць выкуп за Уну. Вазьмі любую іншую дзеўчыну. Я аддам табе столькі срэбра, што ты зможаш купіць дзясятак рабынь.

— Я сам аддам табе столькі ж срэбра, калі Уна правільна зразумее волю багоў, — зьдзекліва прамовіў Бурыла. Ён нецярпліва паторгаў плячом. Азіраючыся на дзьверы, уладна сказаў:

— Мы забіраем яе зараз жа.

— Пачакай! Я прывязу яе сам. Ня зараз. Ня сёньня.

— Я табе ня веру, — зноў гэтак жа ўладна, як заўсёды, прамовіў вярхоўны жрэц, кіўнуўшы слугам. Тыя адразу ж таропка пайшлі да дзьвярэй.

— Куды вы? Ці яна злачынца, каб чужыя мужчыны лезьлі да яе ў сьвятліцу?! — закрычаў Круглец, перасьцігшы іх ужо ля дзьвярэй і раскінуўшы рукі крыжам. Ён адчуваў, што ляціць у нейкую бездань. Бясьсільным стала ягонае ўменьне змагацца, бясьсільным аказалася багацьце і ўся слава іхняга рода. Альгерд, які часта бываў у іхнім доме і быў заўсёды ласкавым да іх усіх, раптам зрабіўся недасяжным, нібыта Горні замак узьняўся ў неба і цяпер вісеў у нябёсах, як загадкавы і таемны для сьмяротных людзей Ірый. Як ня выканаць загад вялікага князя? Каб жа быў нейкі час! Але і яго ня даў яму страшны жрэц Перуна, чорны цень ад якога нібы зацьмяніў ня толькі пакой, але і ўвесь гэты такі ўтульны і такі, як цяпер высьвятляецца, ненадзейны дом, які ня можа нікога з іх схаваць ад зла…

— Тады пакліч Уну сам! — нібыта зьлітаваўся вярхоўны жрэц, зноў усьсеўшыся ў крэсла.

Круглец пасьпяшаўся з пакою ўсьлед за слугамі і, спыніўшыся ля лесьвічкі, што вяла ў сьвятліцу, паклікаў дрыготкім голасам:

— Сястра!

Але на ягоны голас ніхто не азваўся. Тады слугі кінуліся ўверх, але пабачылі толькі расчыненае вакно, у якое нетаропка ўляталі рэдкія сьняжынкі…

Дарэмна абышлі слугі Бурылы ўсе пакоі, скляпеньні і сьвятліцы вялікага дому. Уна зьнікла з бацькоўскага гнязда, нібыта вылецела птушкай праз акно альбо ўзьвілася дымам праз комін.

Загрузка...