IV


Было недзе на пятую гадзіну па поўначы, і Шпакевіч, стоячы ў глыбокім акопе, бачыў па правы бок ад сябе, як на ўсходзе, акурат над зямлёй, ужо нібыта святлела, а на небе, што трапяткая істота, гарэла-мігцела вялікая зорка. Няйначай, Мілавіца.

Па Шпакевічавых разліках ужо час быў прыйсці тым акружэнцам з-за абараняльнага рубяжа, што меліся выйсці тут, на гэтым участку, да сваіх. Казалі, што адтуль сёння прынясуць на насілках нейкага палкавога камісара, які быў паранены ў нагу яшчэ недзе далёка за Дняпром.

Шпакевіч ужо каторы дзень знаходзіўся ў стралковай роце, але пра яго не забываў і старшы лейтэнант з асобага аддзела. Той наведваўся сюды, на пярэдні край, лічы, кожнага дня. Уласна, Шпакевіч нават не зусім выразна ўяўляў сабе, дзе яго цяпер служба — у роце, якая была сфарміравана за Пёклінам на зборным пункце з ліку выйшаўшых за абараняльны рубеж байцоў, ці ў асобым аддзеле, што размяшчаўся па-ранейшаму ў не далёкім адсюль лесе.

У абавязак Шпакевічу ўваходзіла сустракаць групы, якія выходзілі з акружэння. Суправаджалі іх у лес, на зборны пункт, у адрыну, другія, а Шпакевіч толькі сустракаў. У гэтае паняцце «сустракаў», праўда, уваходзіла таксама і многае іншае, ажно да арганізацыі сустрэчнага бою.

Калі ён на другі дзень свайго знаходжання на зборным пункце зайшоў у адрыну, дзе праходзілі праверку былыя акружэнцы, і сказаў, што служыў у Мазыры ўчастковым міліцыянерам, старшы лейтенант у каверкотавай гімнасцёрцы, на рукаве якой была нашыта эмблема з залацістым шчытом і мячом, адразу спытаў:

— А чаму цяпер раптам радавы?

— Самі ж ведаеце, — развёў рукамі Шпакевіч,— нашы наркаматаўскія званні не адпавядаюць агульнавайсковым. Мае кубікі ледзь дасягалі трохкутнікаў сяржанта. Ды і не збіраўся я доўга служыць. Прызываўся ж па ўсеагульнаму. Па ўказу трыццаць дзевятага. Так што.

— Значыць, не захацеў насіць секялі? Спадзяваўся начапіць нанова кубары?

— Не так спадзяваўся на міліцэйскія кубары, як не збіраўся ваяваць.

— Многа хто не збіраўся, — ссунуў свае чорныя бровы старшы лейтэнант. — Я вось таксама... нават не паспеў пераадзецца. Хаджу яшчэ ў наркаматаўскім.

І сапраўды — акрамя каверкотавай гімнасцёркі, якая была на ім і якая сведчыла аб прыналежнасці да Камісарыята дзяржаўнай бяспекі, на стале, па правую руку ад яго, ляжала фуражка з ярка-малінавым аколышкам і васільковым верхам.

— Ладна, давай дакументы і выкладвай усё як ёсць, — агледзеўшы з ног да галавы Шпакевіча, сказаў затым пасля нядоўгага маўчання гаспадар яе. — Дзе адстаў ад сваіх? Па якой прычыне?

Хоць цёмна-карыя вочы ў яго былі жывыя і зачэпістыя — пэўна ўжо адпавядалі службе і паўсядзённаму занятку, — але прадаўгаваты твар з высокім лобам выгляд меў стомлены, нават як не змарнелы. Мусіць, чалавек не ўпраўляўся ні паспаць як след, ні добра паесці. Шпакевіч адзначыў усё гэтае чалавечае ў ім і раптам неяк стаў вальней адчуваць сябе, стоячы пры стале, прынамсі, ужо неўпрыкмет унутрана пераконваў самога, што трапіў сюды зусім не на допыт. Яго не бянтэжылі больш і плакаты, якія адразу кінуліся былі ў вочы, калі ён зайшоў у адрыну. Два з іх віселі на сцяне за спіной у старшага лейтэнанта. На адным была намалявана рука з высунутым указальным пальцам, ад якой па дыяганалі зверху ўніз ішлі прапісныя фіялетавыя літары: «Дэзерцір, баязлівец і панікёр — вораг савецкага народа». На другім малюнак адсутнічаў, затое пасярэдзіне ў два радкі было выведзена зусім не друкарскім чынам — «Бальшавіцкая пільнасць — неабходная ўмова перамогі над ворагам».

Нетаропка, нават вяла Шпакевіч пачаў расказваць, як апынуўся па той бок фронту і як пасля выходзіў разам з Халадзілавым і Чубарам сюды па адрэзанай немцамі тэрыторыі.

— І ўсё-такі я дзіўлюся, — перабіў яго старшы лейтэнант, — чаму вы дасюль радавы?

— Я ж казаў, не збіраўся доўга служыць.

— Ну, гэта ў мірны час. А цяпер?

— Дык, здаецца ж, не да званняў пакуль было. Ваюю ўвесь час.

— Ваюеш! — строга сказаў старшы лейтэнант. — А тут камандных кадраў не хапае. Каму як не табе ўзводам, нават ротай, камандаваць? Якая адукацыя?

— Сем класаў.

— Ну вось, а ў другіх добра калі царкоўнапрыхадская... Не, у дэзерцірах доўга хадзіць мы табе не дазволім.

— Які ж я дэзерцір?

Але асабіст усё роўна як не пачуў яго.

— Ну няхай на абавязковай, там яшчэ куды ні ішло. А цяпер... Сорамна, таварыш Шпакевіч, сорамна! Я вось зараз паперу напішу. Суправаджальную. — Ён выдраў з тоўстага блакнота аркуш, пачаў хутка накідваць літары. — Вось, — склаў ён аркуш, — пойдзеш у Аўчынец, гэта блізка адсюль, кіламетры паўтара, даложышся, як падабае. Туды нядаўна пайшла сфарміраваная намі рота... з такіх вось, як ты. Там якраз і спатрэбішся. Улічы, камандзір роты мой добры знаёмы. Так што пасылаю цябе амаль па яго просьбе. А ў далейшым, калі нічога не здарыцца, то май на ўвазе — у нас тут, у аддзеле, таксама работы хапае.

— Але ж мне трэба свой полк шукаць, — узмаліўся Шпакевіч. — Павінен далажыць, што заданне мы з Халадзілавым выканалі.

— Рабі так, як загадана! — не стаў слухаць старшы лейтэнант. — Дзе твой Халадзілаў?

— Чакае, каб зайсці сюды.

— Канечне, яго толькі тут і не хапала. Не, таварыш Шпакевіч, бяры свайго падначаленага і топай у роту да Зімавога. Урэшце, сам адказвай за свайго Халадзілава. А то і праўда, кубікі пахаваў у кішэнь і прытвараешся ўжо каторы год.

— Ды не хаваў я іх! Проста...

— Ясна, што проста.

Але не паспеў Шпакевіч апынуцца ля варот, як у небе над адрынай спікіраваў нямецкі самалёт. Дзіва, але да той хвіліны, пакуль не зароў ён над галовамі, ніхто не пачуў нават гуку, усё роўна як фашыст падкраўся знянацку. Самалёт не застрачыў з кулямёта, не стрэліў з гарматы. Ён толькі скінуў на адрыну бомбу. Адну-адзіную. Але яна не пацэліла ў адрыну. Разарвалася метраў за дваццаць ад яе, раскалоўшы напалам таўшчэзную сасну, якая адна стаяла на колішнім лядзе.

Здавалася, апрача расколатай сасны, скінутая бомба нікога больш не зачапіла, не знайшла сабе іншай ахвяры. Больш таго, было падобна, што яна не паспела напалохаць чырвонаармейцаў, якія яшчэ з начы стаялі і сядзелі вакол адрыны. Ва ўсякім разе так думаў Шпакевіч, калі пасля выбуху выскачыў за вароты. Але тое, што ён убачыў у наступны момант, прымусіла скалануцца. Халадзілаў, яго Халадзілаў, ляжаў ля варот на баку, і са скроні, прабітай асколкам, цякла кроў.

Кажуць, на вайне гінуць самыя лепшыя людзі!..

Невядома, лепшы чалавек з усіх добрых людзей быў Халадзілаў ці не, аднак смерць яго перажываў Шпакевіч моцна. Здаецца, большай страты нават і ўявіць нельга было ў жыцці.

Напаткаў Халадзілава Шпакевіч у пачатку ліпеня, калі 55-я стралковая дывізія пасля баёў у раёне Слуцка нарэшце спынілася на даўкамплектаванне. У лясным лагеры за шэсць кіламетраў ад Чачэрска палкі 55-й папаўняліся адразу і за кошт вайсковага рэзерву, і за кошт мабілізаваных праз мясцовыя ваенкаматы, і за кошт чырвонаармейцаў і камандзіраў, якія адбіліся ад сваіх часцей. Дзеля гэтага прадстаўнікі розных службаў дывізіі гойсалі па наваколлі, накіроўваючы ў лагер тых, хто трапляўся на шляху і каго можна было завярнуць з дарогі. Уласна, там, у Чачэрскім лесе, адбывалася амаль тое ж, што назіралася цяпер на гэтым абараняльным рубяжы, можа, толькі з той невялікай розніцай, што тады справу гэтую ад пачатку да канца рабілі вайсковыя штабы... У адзін такі мітуслівы дзень Шпакевіч вярнуўся ў лясны лагер к позняму абеду — яго браў з сабой у паездку ў якасці байца-ахоўніка афіцэр са штаба артылерыі, і яны дапялі на грузавой машыне ажно да Доўска. Шукалі згублены артдывізіён сваёй жа дывізіі. Дарога выйшла цяжкая, наогул, у франтавых умовах дарогі заўсёды нялёгкія, асабліва ў час адступлення. Артдывізіёна яны не знайшлі: можа, той адыходзіў на ўсход па якой іншай дарозе.

Затое прывялі ў лагер чужую батарэю 76-міліметровых гармат. Камандзір гэтай батарэі даволі хутка, амаль без угавораў, даў згоду «папоўніць» артылерыйскі парк дывізіі. Тым больш што ў зарадных скрынях у яго не было ні аднаго снарада. Добра ці блага, але начальнік штаба артылерыі 55-й вельмі задаволены быў такім набыткам.

Паабедаўшы сухім харчам, Шпакевіч рушыў на пошукі штабной батарэі, дзе служыў кулямётчыкам, — сказалі, што батарэя выехала на палявыя заняткі. Сапраўды, батарэю сваю Шпакевіч убачыў на вялікай паляне, кіламетры за два ад штаба. Спярша на паляну выскачыў з лесу верхам на кані камандзір батарэі, малодшы лейтэнант Макараў, а ўжо за ім вынесліся артылерыйскія запрэжкі. Камандзір махнуў шабляй, і батарэя, зрабіўшы вольт направа, амаль не збаўляючы алюру, развярнулася пасярод паляны фронтам на захад. Ездавыя тут жа адчапілі пастронкі ад станінаў, пагналі коні, уносамі, назад у лес, а разлікі тым часам кінуліся рыхтаваць гарматы да бою, паспешна забіваючы сашнікі ў зямлю і вынімаючы з зарадных скрыняў на перадках латкі са снарадамі.

— Спякта-а-акаль! — раптам пачуў ледзь не над вухам Шпакевіч — побач стаяў малады ўсмешлівы салдат і круціў ад здзіўлення галавой.

Шпакевіча гэта ўкалола. Ён змераў позіркам чырвонаармейца — гэта быў Халадзілаў,— нават апёк яго тым позіркам, тады павучальна сказаў:

— Сувораў гаварыў — цяжка ў навуцы, затое лёгка ў баі!

— Але ж Сувораў і пра другое гаварыў, — запярэчыў чырвонаармеец, працягваючы гэтак жа ўсмешліва пазіраць, як па камандзе камандзіра батарэі артылерысты імітавалі прыцэльны агонь з усіх гармат, — салдат навуку любіць, быў бы толк з яе. — Пры гэтым ён паглядзеў і на Шпакевіча, паставіўшы на нейкі момант ледзь не праўцом светлыя вочы.

Шпакевіч пасля гэтых слоў ажно ўскінуў бровы, здзіўлены найбольш тым, як проста, з нейкай несалдацкай бестурботнасцю разважаў незнаёмы чырвонаармеец.

— Значыць, яны гэта робяць без толку? — усё роўна як заступаючыся за артылерыстаў, раўніва спытаўся Шпакевіч.

— Гм, толк... — адвёў ад Шпакевіча позірк Халадзілаў. — Толк можа быць. Але тады, як на перадавую падвязуць дастаткова снарадаў. За ўсю вайну яшчэ не даводзілася чуць, каб артылерыя наша дрэнна страляла таму, што разлікі не ўмеюць наводзіць гарматы. Наадварот, не хапае снарадаў. А то і проста, здараецца, не бывае іх на батарэях. Таму я і кажу — навошта дарэмна клацаць затворамі? Працуюць жа артылерысты і так, быццам аўтаматы, хоць кожнаму завязвай вочы.

«Разумны які! — з’едліва падумаў Шпакевіч. — Няма на цябе!..»

Але размову ім працягваць не далі — Шпакевічу раптам знайшоўся пільны занятак на батарэі.

Між тым, запомніць Халадзілава з аднаго разу нават ва ўмовах вайны не складала цяжкасці.

Хутка палкі 55-й занялі абарону на ўсходнім беразе Сажа. Якраз галоўныя баі з немцамі тады ішлі ў ваколіцах Магілёва. Аднак неўзабаве дывізія атрымала новы загад — зрабіць трыццацікіламетровы марш і засяродзіцца ў лясах на поўдні ад Чэрыкава. І вось пакуль яна перамяшчалася з аднаго месца на другое, немцы перайшлі Днепр і занялі Прапойск, што ў вусці Проні. Далей на іх шляху ляжаў Чэрыкаў. Дывізію зноў кінулі назад да Сажа. Словам, тэатр ваенных дзеянняў ажыў паўсюль, і салдату стала не да прыватных знаёмстваў, не да ўспамінаў: адно павяртай галаву па баках, кланяйся кулям ды сцеражыся, каб не раструшчыла коламі альбо гусеніцамі дзе-небудзь соннага. І тым не менш Шпакевіч стрэўся з Халадзілавым. Якраз ішоў бой з нямецкімі танкамі на паўднёва-ўсходняй ускраіне Чэрыкава. Сюды найперш быў кінуты з левага берага 111-ты стралковы полк. Шпакевіч таксама знаходзіўся на танканебяспечным напрамку, як гэта прынята гаварыць, — ахоўваў з ручным кулямётам назіральны пункт начальніка штаба артылерыі, які быў вынесены за раку і размяшчаўся за нейкім свіранам. Але артылерыя страляла далёка з-за Сажа, таму непрыцэльны агонь, нягледзячы на ўсё ўмельства памочніка начальніка штаба, мала памагаў батальёнам. Для стварэння ж нерухомага загараджальнага агню ў дывізіі не хапала снарадаў. Тым часам нямецкія танкі не пераставалі страляць на хаду, усё бліжэй падыходзілі да раённага цэнтра. Сярод нашай пяхоты было многа страт. На назіральным пункце памочніка начальніка штаба артылерыі таксама ўжо загінулі тэлефаніст і разведчык-вылічальнік. І калі за свіранам на назіральным пункце паявіўся баец з невялікай скрыняй у брызентавым чахле, Шпакевіч падумаў, што з-за ракі нарэшце прыслалі тэлефаніста. Аднак то быў не тэлефаніст, а сапёр.

— Загадана ўзарваць мост, — далажыў ён памочніку начальніка штаба артылерыі.

— Калі? — адняў ад вуха тэлефонную трубку счарнелы камандзір.

— Як толькі наблізяцца танкі. Загадана не пусціць іх на той бок.

— Ну што ж, — нявесела ўсміхнуўся памочнік начальніка штаба, — дзейнічай. Раз мы сваімі сродкамі не можам стрымаць танкі, дзейнічай ты.

— Падпалкоўнік Тэр-Гаспаран загадаў...

Але побач выбухнуў снарад, і Шпакевіч, які ляжаў за кулямётам, не пачуў у яго грымоце далейшых слоў.

Тым часам сапёр перагаварыў пра ўсё з памочнікам начальніка штаба артылерыі і, сядаючы, прыхінуўся спіной да сцяны свірана, якраз наўскасок ад Шпакевіча.

— Глянь, знаёмы! — пазнаў Шпакевіч Халадзілава і неяк ажно ўзрадаваўся, мусіць, усцешаны тым, што чалавек не аціраўся па тылах за ракой, а таксама сунуўся ў пекла...

Халадзілаў у адказ адно змоўшчыцкі плюснуў вокам.

— Што гэта ў цябе, патэфон? — кінуў на скрыню ў брызентавым чахле Шпакевіч.

— Адгадаў — патэфон.

— Мусіць, у гарнізонным клубе прыхапіў?

— Таксама адгадаў.

— А чаму без зброі?

— Навошта яна мне? Я ўсё больш пад крылцам. Убачу, дзе кулямёт стаіць, туды і сігаю. А вось не прападу: ёсць каму і прыкрыць і засланіць.

— Многа ты разумееш! Ды толькі я стрэлю са свайго кулямёта, як тут жа снарады змяшаюць усё вакол. Кулямёт — гэта першая мішэнь для ворага. Артылерысты толькі і палююць за імі.

— Што ж, ты артылерыст — табе і відней, — махнуў рукою схільны да жартаўлівай размовы сапёр, у якой цяжка было адрозніць сур’ёзнае ад несур’ёзнага.

Зноў разарваўся паблізу снарад, ажно здалося, што пачала спаўзаць бокам страха са свірана.

Хоць Шпакевічу пакуль і не было занятку, бо ён меў загад усяго толькі ахоўваць назіральны пункт памочніка начальніка штаба артылерыі і адкрываць агонь з кулямёта тады, калі будзе пагражаць блізкая небяспека, але размову з Халадзілавым больш не аднаўляў.

К вечару таго дня назіральны пункт памочніка начальніка штаба артылерыі быў перанесены бліжэй да ракі, а к раніцы наступнага дня і зусім зрабіўся непатрэбны: Чэрыкаў занялі немцы.

Між тым, Шпакевіч нечакана стаў сапёрам. Прыняўшы ўдзел ва ўзрыве моста цераз Сож, ён так і пайшоў з Халадзілавым у сапёрную роту, бо нехта сказаў яму, што штабная батарэя лейтэнанта Макарава таксама перастала існаваць.

Разам з Халадзілавым у канцы ліпеня і ў пачатку жніўня Шпакевіч узрываў масты і на Сене, што недалёка ад Пільні, і на Лабжанцы ў Клімавіцкім раёне, каля Лазовіцы, і на Сураве, што з таго боку Забялышана. Апошні мост яны ліквідавалі на Дзяражні, адкуль і прыйшлі сюды па нямецкіх тылах, на гэты абараняльны рубеж...

Узрываючы масты на рэках і падоўгу застаючыся разам, яны паспелі шмат чаго перагаварыць. Шпакевіч усё ведаў пра Халадзілава, а Халадзілаў пра Шпакевіча. Хоць Шпакевіч гадамі і быў старэйшы, аднак гэтая розніца ва ўзросце не адчувалася...

«Эх, Халадзілаў, Халадзілаў!» — часта засмучаўся цяпер Шпакевіч, усё роўна як той вінаваты быў у сваёй смерці.

Дзіва, але Халадзілаў сам лічыў, што яму наканавана загінуць. І не таму, што напісана было на раду.

Нават у апошнюю ноч, якую яны правялі разам, ужо тут, у лесе каля адрыны, Халадзілаў таксама загаварыў пра гэта.

Як і многія іншыя чырвонаармейцы, што трапілі на зборны пункт, яны абначыліся пад яловымі шатамі, лёгшы проста на зямлю і накрыўшыся адным шынялём, бо Шпакевіч у Пёкліне аддаў свой Чубару. Хоць абодва і былі змораны дарогай, але сон да іх не ішоў доўга.

Зусім блізка, крокі за чатыры ад іх, хтосьці бубніў у цемнаце малітву «Ойча наш». Дзіўна чуць было яе тут, між людзей, якія за два месяцы адступлення пазабываліся нават, што побач з апраметнай бывае рай. Няйначай, то маліўся нейкі набожны селянін, якога вайна адарвала ад сям’і і дому. Ад малітвы раптам зрабілася чамусьці ажно вусцішна ў абодвух — і ў Шпакевіча, і ў Халадзілава — на душы. Але вось нарэшце чалавек вымавіў апошняе перад «амінам» «яка жэ твае есць царства і сіла і слава ва векі», і тады Халадзілаў неяк зларадна сказаў:

— От жа моліцца. Відаць, спадзяецца, што ўсявышні выбера з усіх яго, праявіць сваю літасць. — Паляжаў трохі, пасля яшчэ сказаў, але ўжо без жорсткасці ў голасе, раздумліва: — Кажуць, на вайне гінуць самыя лепшыя людзі. А я жыву яшчэ. Значыць, не лепшы!..

Шпакевіч усміхнуўся сабе ў цемнаце:

— Шкадуеш, што цэлы?

— Не, я гэта к слову. Але з гэтай вайны мала надзеі выйсці жывым. Ну, а меркаваць пра нас, мёртвых, будуць пасля тыя, хто ўцалее.

— Скажы яшчэ што!

— Дык яно па логіцы так выходзіць. Калі сапраўды на вайне гінуць самыя лепшыя, значыць, меркаваць пра нас будуць...

— Горшыя? — перахапіў яго думку Шпакевіч.

— Выходзіць, так.

— Глупства! Узяў сабе ў галаву. Рана яшчэ хаваць сябе. Вось адваюемся хутка, дамоў прыйдзем!

— Па-першае, адваюемся не так хутка, як гэтага ўсім нам хочацца. Не тыя маштабы. Не тая вайна. Гэтая малатарня надоўга заведзена. Ты не глядзі, што немцы хутка дапёрлі сюды. Вунь ужо Арол не надта далёка. А там, па прамой, і Тамбоў, і Саратаў... Яны-то сапраўды хутка сюды зайшлі, а выганяць іх давядзецца марудна. Гэта заўсёды так, абы пусціў нячыстую сілу ў дом, пасля набярэшся марокі, пакуль прагоніш. Нават папа з кадзілам і таго папросіш.

— Ты, я бачу, таксама прымхлівы. Нячыстую сілу памінаеш.

— Гэта я так. Для большай пераканаўчасці.

— Ну, а калі ўсё-ткі чарцям назло застанешся жыць, га?

— Таксама радасці мала. Сярод нармальных людзей ды быць ненармальным — незайздросны лёс. Бо к таму часу, як вытурым за граніцу немцаў, амаль кожнага па два разы памылкова пахаваюць, па два разы — і таксама, можа, памылкова — да сценкі паставяць, не важна, па два разы... Словам, не будзе канца гэтым «двум разам». Дык дзе ўжо тут, у такой калатэчы, захаваць сябе нармальным чалавекам?

— Нічога. Не журыся. Пераможам фашыстаў, помнікі нам паставяць — жывым і мёртвым, лепшым і горшым.

— Нават тым, хто іншы раз і слова добрага не заслужваў.

— З песні слова не выкінеш.

— Яно так.

— Таксама палёгка для душы.

— А я вось слухаю цябе і думаю — няшчадны ты ўсё-ткі... і да сябе, і да другіх.

— Наадварот, — усміхнуўся Халадзілаў, — апошнім часам я нават падабрэў. Раней, у пачатку вайны, зусім быў жорсткі. А цяпер, як нагледзеўся ўсяго за гэтыя месяцы, то і адпусціўся душой. Адчуў, што лягчэй нават стала жыць. Аказваецца, гэта вялікая справа, зразумець раптам, што горш за смерць для чалавека нічога няма і не будзе. І вось ужо каторы тыдзень і па зямлі я хаджу лёгка і смела, і раблю ўсё амаль з ахвотай, і разважаю пра ўсё без лішняй асцярогі. Так што выбачай, калі надакучыў.


Загрузка...