VII
Ужо колькі дзён на Зазыбаў двор прыходзіў Кузьма Прыбыткоў. Вялікая ахвота ў яго была пагаварыць з Масеем. А сёння дык і наогул Прыбыткоў памеў надзею пачаставацца ў Зазыбаў, бо адна нявестка, Анэта, спяшалася ў Яшніцу разам з іншымі верамейкаўскімі бабамі і амаль не гатавалася, а другая ўжо каторы дзень моцна хварэла, ажно не падымалася з ложка да печы.
Між тым Зазыба раўніва сустракаў Кузьму па гэты бок сваіх варот, бо і ў думках не даваў месца старому затрымлівацца доўга побач з сынам, — не хапала яшчэ, злаваўся ён, каб з выпадку Масеевага вяртання тоўпіўся тут народ!.. Стары Прыбыткоў недзе таксама ўгадваў Зазыбаў настрой. Але дужа не далікатнічаў. Можа, лічыў, што старасць мае і на гэта не меншае права.
— Дык прачнуўся Масей ці не? — заўсёды пытаўся Кузьма; пры гэтым і выгляд у старога, і голас былі такія, быццам да Зазыбавага сына ў яго з’явілася пільная патрэба.
— Не, — кідаў у адказ гаспадар адкуль-небудзь з-пад павеці, і Прыбыткоў зусім без шкадавання паварочваў назад, тэпаючы раскірэкаю следам за сваім дубцом да форткі, высокі парог якой рабіўся для яго не такой ужо і малой перашкодай.
Гэты раз Кузьма не вытрымаў да канца сваёй ролі — чамусьці закаціў пад лоб вочы, як умеюць рабіць адны старцы, калі прыходзяць з павадыром у вёску, і сказаў:
— От колькі я да цябе, Дзяніс, ні хаджу цяператка, а ўсё на пачостку не траплю. Здаецца, і сын цэлы вярнуўся, а ты ўсё куксішся.
— Анягож, кукшуся, — лёгка згадзіўся Зазыба, акурат яму даспадобы прыйшлося гэтае «куксішся», — бо не маю частаваць чым.
— Ну во, ты не маеш, — выкаціў Прыбыткоў назад вочы, — а некаторыя нашы мужыкі етыя дні, можа, і з-за сталоў не вылазяць. Усё частуюцца. Хіба ж ета не дзіва — з’есці цэлага лася?
— Ну, а што іначай рабіць з ім было, з тым ласём? — абыякава ўсміхнуўся Зазыба.
— Дак... Але ж каб толькі аднаго лася, — сказаў далей Кузьма Прыбыткоў, усё роўна як падначваючы Зазыбу. — А то Брава-Жыватоўскі і свінчо яшчэ з калгаснай фермы прыхапіў — бытта без свойскага мяса дзікае і ў шлунак ужо не лезе.
— А вось за гэта, што незаконна бяруць парсюкоў з фермы, некаму і па руках варта было б...
— Гм, некаму!
Нарэшце Кузьма Прыбыткоў палічыў, што пасля такой размовы яму ўжо, няйначай, і зусім затрымацца на Зазыбавым двары можна. Таму падышоў бліжэй да аплеценай загавальні, сеў на дашчэчку, якая знарок была пакладзена тут.
Выйшаў на сярэдзіну двара з свайго заценю і Дзяніс Зазыба.
— Бытта не ведаеш, каму па руках цяпера даваць трэба? — хітра паглядзеў на яго Прыбыткоў.
— Я-та ведаю, — адказаў насмешліва Зазыба, — але ці ведаюць другія?
— Дак...
Больш пэўна азвацца на Зазыбавы словы Прыбыткоў не здолеў, дакладней, ён ажно знарок не стаў гаварыць, бо разумеў, што ў Зазыбы таксама вырвалася тое хутчэй у запальчывасці, чым ад усведамлення рэальнай улады; проста, ніхто цяпер у вёсцы не адважыцца, а тым больш за парсюка, стаць упоперак Брава-Жыватоўскаму з яго кампаніяй. Іншая справа раней, няйначай, да самага таго моманту, калі ў вёсцы з’явіліся немцы. Датуль яшчэ нібыта не верылася, што яны наогул дабяруцца да Верамеек. Таму нават Брава-Жыватоўскі ў ролі паліцэйскага ўспрымаўся не сур’ёзна. Але пасля, як верамейкаўцы прайшліся пад канвоем у вёску ды пастаялі пад страхам на пляцы, шмат што змянілася ў іх свядомасці, калі зусім не перайначылася.
Вядома, падумалася верамейкаўцам, Брава-Жыватоўскі атрымаў ля крыніцы лупцоў ад фашыстаў, але ён не стаяў разам з усімі сялянамі на пляцы і яму не пагражаў жандарскі афіцэр расстрэлам. Значыць, колькі ні кпі з яго, колькі ні здзекуйся ў думках ці на словах, а ён ужо не раўня табе!..
— Я ета к таму, — нарэшце зварухнуўся на прызбе Прыбыткоў, — што ў цябе во зараз сын, так табе таксама б ласіны тае не лішне было б узяць. Тады б і пачостку, як ета водзіцца, наладзіў. Сын жа вярнуўся. А то я ўсё хаджу, а ніяк не дачакаюся, пакуль ты за стол запросіш.
— А-а, вунь ты пра што! — прытворна засмяяўся Зазыба. — І праўда, ёсць з чаго ўспомніць пра свежыну. Дык яна ўжо, мусіць, паспела прасаліцца?
— Саланіна б таксама прыйшлася да стала.
— Нічога, Кузьма, — палагаднеў Зазыба, — абыдземся неяк за сваім сталом і без ласіны. А вось што яны незаконна ўзялі з фермы жывёліну, дык за гэта трэба было б спытаць у сяго-таго.
— Ат, — махнуў рукой Прыбыткоў, — не вяжыся ты з імі, гіцлямі! Ты лепей скажы мне, як табе паказаліся немцы?
— Сам жа, нябось, таксама бачыў?
— Але ж ета, здаецца, яшчэ не немцы, што ўзялі ды праехаліся па вёсцы з канца ў канец. Сапраўдныя немцы ўжо, мусіць, тыя будуць, што прыедуць аднойчы і больш не паедуць нікуды.
— Гэтыя таксама ледва не пастралялі мужыкоў.
— Дак хто вінаваты?
— Ага, хто вінаваты?
— Каб не салдат той, што ў калодзеж уваліўся, можа б і не было зусім страху. Але як я цяпера ўжо думаю сабе, дак яны дарэмна не будуць людзей чапаць.
Зазыба ад прыкрасці ўздыхнуў.
— Але як гэта, скажы мне, чапаць не будуць?
— А так, — калі іх не зачэпяць, то і яны нічога не будуць маць да цябе.
— Гм...
— Мы ж — мірныя. Да мірных і адносіны павінны быць свае.
Пачуўшы гэта, Зазыба доўгім позіркам, нібыта ўпершыню, паглядзеў на Прыбыткова, дакорліва паківаў галавой.
— Ну і мудрэц ты, Кузьма, — сказаў ён. — Спярша спадзяваўся, што немцы зусім не пойдуць у Верамейкі, бо дарогі да нас дрэнныя, а цяпер, калі яны ўсё ж завіталі і к нам, ты другое пачаў выдумляць. Ну і што, калі мы мірныя?
— Мірныя і мірныя!
— Мудрэц! Мудрэц!
— А што, можа, і мудрэц?
— Тады адкажы мне, мудрэц, на такое пытанне — вось ты лічыш, што мы мірныя людзі. Сапраўды, мы з табой — мірныя. І нявесткі твае таксама мірныя, і ўнукі. А што ты думаеш пра сваіх сыноў, якія ваююць?
— Значыць, яны не мірныя. Яны — вайсковыя.
— Але ж і Раман Сёмачкін быў вайсковы!
— Рамана туды не трэба ў разлік браць.
— Не, ты ўсё-такі Рамана бяры ў разлік. А то, па-твойму, выходзіць, што яго ніколі не было і цяпер не існуе. Але ж гэта не так. Ён ёсць, незалежна ад таго, хочаш ты гэтага ці не. Раман жыве ў вёсцы сярод нас. А сыны твае тым часам ваююць. Яны таксама маглі б вось так, як Раман — кінуць вінтоўку, дый дамоў, да жонак, мы, моў, таксама хочам мірнымі стаць. Дык не ж! Сыны твае ваююць! І ты думаеш, ваююць таму, што не пускаюць з фронту? А можа, думаеш, што не выберуць выпадку дэзерціраваць? Такі выпадак заўсёды можа быць, я гэта ведаю, бо сам ваяваў. Асабліва цяпер, калі па той бок фронту і па гэты бок тыл вялікі. А Цімох твой не кідае вінтоўкі, бо разумее, што ад немцаў трэба абараняць і цябе, старога, і дзяцей сваіх малых, і жонку маладую. Іван таксама не кідае. Мусіць, яны не лічаць вось так, як ты, — раз вы мірныя, значыць, вам нічога не пагражае. Мусіць, яны лепей за нас з табой ведаюць, — Зазыба нават сябе не пашкадаваў побач паставіць, — што такое вайна і дзеля чаго яна развязана!
— Што гаварыць пра маіх сыноў! — незалюбіў Прыбыткоў. — Хто ведае, дзе яны цяпера? Можа, ваююць, а можа, і зусім ужо няма на свеце? Добра, калі яшчэ ў палоне. Пайшла ж Анэта разам з другімі кабетамі ў Яшніцу. Кажуць, тама ваеннапалонныя нашы ўтрымліваюцца, дак тады, няйначай, прывядзе.
— На вайне па-ўсякаму здараецца, — нібыта суцяшаючы Кузьму Прыбыткова, кіўнуў галавой Зазыба. — Тут на адлегласці не ўгадаеш. А зачараваць ад кулі ніхто не можа. Ну, а наконт палону... Дык... Тут таксама не заспрачаешся. Вайна без палону не абыходзіцца. Таму і бабы нашы думаюць — а раптам і праўда ейны трапіў? Іх, баб, зразумець можна. Асабліва цяпер, калі ўсе столькі гавораць пра палон ды палонных. Вось яны і пакідалі гаспадарку на дзяцей, а самі ў Яшніцу. З другога боку, хто іншы пабяжыць туды, як не яны?
— Да ўжо ж...
— Але няхай, бабы і ёсць бабы, але ж мы пра жывых тваіх сыноў гаворым. Таму мяне проста абурае, як ты разважаеш пра ўсё. Ну, а калі раптам сёння ці заўтра прыйдуць зноў немцы ды скажуць табе — сыны твае ваююць на фронце, значыць, яны нашы ворагі. А раз яны твае сыны, значыць, і ты наш вораг. Такім чынам, і ўнукі твае ворагі ім, і нявесткі!..
— Ты ўжо як скажаш, Дзяніс!..
— Н-не-е,— пакруціў галавой Зазыба, — гэта не я кажу. Гэта мы з табой так гаворым. Бо якраз да гэтага вось і павінны былі дагаварыцца, пачаўшы дзяліць людзей на мірных і нямірных, дурных і кемлівых, жывых і мёртвых. Проста, трэба нарэшце зразумець усім, што гэта вельмі адноснае цяпер — мірны, нямірны... Сам падумай, што было б з намі, каб тады немцы не вылавілі ў калодзежы свайго тапельца? Усё ж высветлілася выпадкова. Добра, што конь падышоў да калодзежа. А калі б не конь? Могілак вайсковых не хапіла б, дзе хаваць нас. Ды і хто б хаваў? Адзін Брава-Жыватоўскі? Не, тут іначай трэба разважаць. Я разумею, што гаварыў ты без злога намеру. Проста табе хочацца суцешыць і сябе вось, і мяне, і другіх. Да таго ж, табе хочацца яшчэ і ўжыцца...
— Куды ета мне хочацца ўжыцца?
— У новае жыццё, вось куды!
— Яснае дзела, што жывы чалавек пра ета найперш мусіць думаць.
— Але ж гэта падман. Дакладней, самападман. Пакуль ідзе вайна, наогул трэба забыць пра гэта. Сама вайна ўжыцца хоць каму пашкодзіць. Ці то знарок, ці то выпадкова, але пашкодзіць. Гэта ўжо як правіла, бо на тое і ўзрушэнне вялікае, на тое і бура, каб карнямі адразу не даць прырасці да зямлі. Ну, а суцяшацца таксама вельмі не варта. Бо нездарма разумныя людзі гавораць: абяцаюць зямлю, а надзяваюць пятлю.
— Але ж гавораць таксама і па-другому. Нябось, чуў — адным вайна, другім войначка?
— Як жа не чуць? Чуў. Ведаю нават яшчэ больш трапнае, але таксама ў тваім духу: моў, вайна — каму вяроўка, а каму — дойная кароўка. Толькі ўсё гэта глупства. Не трэба забываць, што любая вайна перш за ўсё кроў людскую п’е і жыцці чалавечыя забірае. Яшчэ ні адзін чалавек, якога калі закранала вайна, наперад не мог знаць, чым яна для яго скончыцца.
— Ладна, Дзяніс, хопіць нам пра гэта, — неяк зусім проста, быццам дасюль усяго толькі дурыў Зазыбу, сказаў Прыбыткоў, але не ўсміхнуўся. — А то выходзіць, што я самы горшы з усіх людзей. І дарэмна ты вучыш мяне. На маім вяку ета ўжо таксама каторая па ліку вайна. Аднак не трэба рабіць выгляду, што ў вайну абавязкова павінны ўсе загінуць.
— Дапусцім, гэтага я не казаў.
— Можа, і не гаварыў, але падумаць льга было з некаторых тваіх слоў. А я ўсяго толькі за тое, каб людзі таксама асцерагаліся. Самі глядзелі, што і як. Бо навошта гінуць тым, каму не трэба, ад каго, як кажуць, карысці няма. Ну, які сэнс можа быць для вайны, калі раптам загінуць мае малыя ўнукі? Якая карысць ад іх?
Зазыба пакруціў галавой:
— Мудрэц ты ўсё-ткі, Кузьма! Але юродстваваць таксама не варта. Грэх. — Зазыба хоць і гаварыў увесь час не вельмі голасна, але ўнутры ўзрушана, таму ажно стаміўся, усё роўна як пранёс на сабе немалы цяжар.
Здавалася, Прыбыткоў узбурыцца. Але апошнія Зазыбавы словы, мусіць, зусім не зацялі яму. Прынамсі, на жылкаватым твары яго не адбілася ніякіх прыкмет унутранай усхваляванасці. Як і хвіліну назад, стары абыякавым голасам сказаў:
— Ладна ўжо, хопіць. А то вэн ці не прачнуўся Масей. Чуеш, з маткай у хаце гамоняць?
Пры гэтым хоць каму старонняму магло б падацца, што якраз ён, Кузьма Прыбыткоў, найбольш пільнаваўся тых галасоў у хаце.
Трохі збянтэжаны сваёй размовай, якой не хапіла, бадай, у канцы пераканаўчасці, Зазыба падумаў, што трэба і яму ісці ў хату — урэшце, усяго за адзін раз не абгаворыш, асабліва з такім дамарошчаным філосафам, як Прыбыткоў. Але як быць з ім? Па праўдзе кажучы, Зазыба ўжо і не супраць быў, каб Кузьма пайшоў куды ў іншае месца. Аднак праганяць не станеш.
Выручыў бацьку Масей, які неўзабаве, амаль у наступны момант, выйшаў на ганак.
За гэтыя дні ў бацькавым доме ён ажно пакруглеў з твару і, здаецца, павесялеў, ва ўсякім разе, у паходцы яго і ў рухах з’явілася ранейшая маладая жывасць, нават порсткасць.
— Можа, умывацца тут будзеш, — адразу падступіўся да сына Зазыба, — дык вядро з сенцаў вынесу?
— Дзякуй, бацька, не клапаціся.
— То як знаеш, — паціснуў плячамі Зазыба, акурат не здаволены, што Масей гэтак лёгка адмовіўся ад яго паслугі.
Масей сышоў з ганка, стаў пад вокнамі.
— Што новага сёння, дзядзька Кузьма? — спытаў ён Прыбыткова з нейкай незразумелай, акурат змоўніцкай усмешкай.
— А нічога, — быццам з неахвотаю адказаў сусед.
— Ну, а жыццё як?
— Дак... ты сам ведаеш. Як учора, так і сёння. Здаецца, нічога не мянялася. Галоўнае цяпера — ноч пераспаць. Бо дзень ужо неяк навідавоку пасля няхітра перакідацца. Але цішай-тка!
Сапраўды, у завулку, як пачуць вухам, раптам загрукатаў і спыніўся воз.
— Пацікавіўся б, Дзяніс, ці ета к вам хто, ці, можа, нават ка мне? — глянуў на Зазыбу Кузьма Прыбыткоў.
Зазыба кіўнуў згодна галавой, але пастаяў яшчэ колькі часу, нібыта ў нерашучасці, і толькі пасля няспешна падаўся да форткі.
Да палісадніка, збітага з пілаваных дошчачак, прывязваў лейцы Брава-Жыватоўскі. Рабіў ён гэта марудна, акурат прыехаў надоўга, тады вярнуўся да воза, забраў на злямцаванай траве вінтоўку.
З’яўленне Брава-Жыватоўскага ў завулку, а тым больш за варотамі, было нечаканым. Таму Зазыба, убачыўшы паліцэйскага праз расчыненую фортку, адразу прыкінуў у галаве, што б магло значыць яно.
«Ат!» — нарэшце махнуў ён ад прыкрасці рукой і перастаў кідацца ў здагадках, бо ўсё роўна ні к чаму пэўнаму ў іх не прыходзіў.
Брава-Жыватоўскі тым часам узышоў на высокі ганак, узяўся за клямку.
— Мы тут, на двары, — гукнуў з-за форткі Зазыба.
— А-а-а, — здагадаўся Брава-Жыватоўскі, але не павярнуў назад, клямкнуў дзвярамі і праз сенцы, акурат у сваім доме, дзе ведаў усе закуткі, хады і выхады, выйшаў на другі, падворны ганак. Няйначай, ён таксама чуў, што ўжо каторы час у вёсцы знаходзіўся Зазыбаў сын, тым больш што ні Зазыба, ні сам Масей не скрывалі ад людзей гэтага, аднак, апынуўшыся цяпер на двары і ўбачыўшы там Масея, Брава-Жыватоўскі чамусьці зніякавеў на момант, нібы для яго такая сустрэча была зусім непажаданай.
— Добры дзень, — не забыў прывітацца паліцэйскі.
Паколькі глядзеў ён пры гэтым на аднаго Масея, то і адказаў яму на прывітанне Масей.
Але Брава-Жыватоўскі хутка саўладаў з сабой.
— Прашу дараваць мне, — жадаючы паказаць сябе далікатным, пачаў ён. — Не хацелася б разлучаць вашу добрую кампанію, але мушу. — І, павярнуўшыся тварам да Зазыбы, амаль урачыста аб’явіў: — Нас клічуць з табой у воласць.
— Чаму раптам мяне? — уталопіўся на паліцэйскага Зазыба. — Якое дачыненне маю да воласці я, і наогул... да ўсяго?..
— Не аднаго ж цябе, — прытворна усміхнуўся Брава-Жыватоўскі. — Нас з табой завуць разам.
— Ну, а ўсё-такі, чаму раптам і мяне? — пытаўся Дзяніс Зазыба.
— Такая каманда, — развёў паліцэйскі рукамі.
— Дык раз каманда... Тады, мусіць, пад канвоем мяне павязеш?
— Пад канвоем — не пад канвоем, але загадана даставіць.
— Ну што ж... — перастаў унутрана супраціўляцца Зазыба.
Брава-Жыватоўскі адчуў гэта, таму адразу дадаў:
— Нараду камендант збірае. Ну, а... што канкрэтна там будзе, сказаць не магу.
— Дык няхай бы пачакаў трохі твой камендант, га, Антон? — кінуў раптам з прызбы Кузьма Прыбыткоў. — А то ж мы не паспелі дайжа паснедаць.
— Якое вам снедаць? Трэба хутчэй ехаць, — зрабіўся няўмольным Брава-Жыватоўскі.
Масей зразумеў, што бацьку не так сабе змушаюць ехаць у Бабінавічы. Няйначай, штосьці пагражае яму. Таму рашыў і сам умяшацца ў справу: «Трэба запрасіць Брава-Жыватоўскага ў хату, пасадзіць разам з усімі снедаць, а там ужо і выпытаць». Ён збіраўся звярнуцца да паліцэйскага па імені і па бацьку, каб запрашэнне хоць знешне выглядала пачцівым, аднак дарэмна прабаваў успомніць, дадаць да ўласнага імя — Антон — бацькава: у галаву яно ніяк не прыходзіла. Тым часам Кузьма Прыбыткоў, якому паліцаева з'яўленне таксама магло каштаваць — стары траціў сняданак у Зазыбаў, не ўсядзеў на загавальні, пачаў станавіцца на ногі, памагаючы дубцом сабе.
— Ты ўжо ўваж нас, Антон, — сказаў ён, паддобрываючыся, Брава-Жыватоўскаму. — А то і праўда — як ета застацца чалавеку без сняданку?
Паліцэйскі засмяяўся:
— У людзей, відаць, ужо абед паспеў уварыцца, а вы нешта... А ты пры чым тут? — ва ўпор паглядзеў ён на старога і паморшчыўся, можа, хутчэй нават таму, што гаворка выкіроўвалася не па душы — здавалася, што магло прасцей быць, як забраць Зазыбу ды рушыць у мястэчка; а тут пачынаюцца тары-бары... Маўляў, чаму, навошта? Асабліва недарэчы апынуўся на Зазыбавым двары гэты ўедлівы Прыбыткоў.
— Я пры тым, што сусед! — сапраўды незалюбіў Кузьма. — Але мы не шкодзілі вам, калі вы лася таго елі. Да й парсюка яшчэ з фермы забралі. Таксама не ішлі да вас.
— Ну і дарэмна! — зусім спакойна паціснуў плячамі Брава-Жыватоўскі. — Мы нікому не адмаўлялі. Хто прыходзіў, той і еў з намі ласіну. Маглі б і вы прыйсці.
— Я не пра ета, — нецярпліва махнуў рукой Прыбыткоў. — Я пра тое, што мог ты яшчэ даўжэй пасядзець недзе за сталом. Якраз мы таксама ўправіліся б пачаставацца. Нябось, не ўсю стравілі ласіну?
— Ды, лічы, ужо ўсю.
— А хто быў? — не адставаў Прыбыткоў.
— Я ж кажу — хто прыходзіў, той і каштаваў!
— Так ужо і прыходзіў, так ужо і каштаваў!
— А табе, бачу, зайздросна?
— Можа, й зайздросна. Толькі я не пра ета. Я пытаюся, хто прыходзіў на ласіну? Ну, Мікіта, ета ясна. Тады, мусіць, Раман Сёмачкін. Таксама Рахім. Але сволач твой Рахім! Ета ж трэба паквапіцца на рэдкага звера! Яшчэ ніхто не паспеў убачыць, нагледзецца, як следавала, а ён раптам узяў дый бах.
— Ты думаеш, я абараняю яго? Канечне, Рахім зрабіў глупства. Але ж выкідваць дарэмна ласіну таксама не мела сэнсу. Таму мужыкі і разабралі тушу. А Рахім ніякі не мой.
— Дык ён жа толькі і ведае, што ад твайго двара да к Раману Сёмачкіну бегае.
— Бегаў, — усміхнуўся Брава-Жыватоўскі. — Кажу, бегаў. Бо ў яго пад Барысавам зямляк аб’явіўся, Ахмет. Забірае Рахіма туды.
— Ну, дак і слава богу. А то выдумалі, Рахім — паліцэйскі. Бытта не хапае сваіх мужыкоў.
— Бачыш, — зноў усміхнуўся Брава-Жыватоўскі, — а ты ўсё нездаволены. Усё табе не так.
Дзіўна, але Прыбыткоў таксама нязлосна ўсміхнуўся яму, быццам праз усю размову толькі і дамагаўся, каб сказаў гэта Брава-Жыватоўскі.
Між тым, Кузьмова гарачнасць, ажно зацятасць, з якой ён гаварыў з паліцэйскім, спярша насцярожыла Масея — не хапала, каб у выніку спрэчкі ўзнікла якая-небудзь непажаданая акалічнасць. Але чым даўжэй ён услухоўваўся ў яе, тым выразней адчуваў, што насцярожанасць дарэмная. Аказваецца, не такі просты гэты Прыбыткоў, — здаецца, і гаворыць рэзка, аднак увесь час пільнуецца, каб не давесці спрэчку да крайнасці, хоць амаль у кожным слове яго і гучыць маральная грэблівасць да субяседніка.
Дарэчы, якраз гэтак вось паводзіў сябе Прыбыткоў перад тым і ў размове з Зазыбам.
Тым часам на двары не хапала адной Марфы, якая ўпраўлялася ў хаце. Але неўзабаве і гаспадыня выйшла на галасы. Яна акінула зрокам мужыкоў, якія стаялі ў двары, і найперш здзівілася прысутнасці Брава-Жыватоўскага. Аднак яна не падумала, што Брава-Жыватоўскаму патрэбны Дзяніс. Матчына сэрца адразу страпянулася ў трывозе за сына.
— Дык што вы стаіце тута? — памкнулася з ганка яна, выціраючы фартухом рукі. — Масей? Дзяніс? Кузьма? Антон Ігнатавіч? — выгукнула яна ўсіх па чарзе. — Ідзіце ў хату. Тама і пагамоніце. Бо я сняданак на стол паставіла. Стыне.
«Выходзіць, бацьку ягонага звалі Ігнатам», — чамусьці як не ў здзіўленні падумаў Масей, пачуўшы матчын заклік, але адкрыццё цяпер, бадай, не мела значэння для яго, дакладней, для таго, што ён збіраўся нядаўна зрабіць: у кожным разе, Масей не кінуўся дапамагаць маці, не стаў запрашаць у хату гасцей — тая маральная грэблівасць, якую адчуў ён у голасе Кузьмы Прыбыткова, нібыта ўжо цалкам авалодала ім таксама.
Марфа зразумела, што паміж вяскоўцамі няма згоды і што, няйначай, яна не дазавецца ўсіх іх у хату, яшчэ больш страпянулася, спалохана глянула на сваіх — на сына і на мужа.
Тады загаварыў Зазыба, які дасюль стаяў, быццам не ў сваім двары:
— Чаго ўжо тут расседжвацца? — пакратаў ён пазногцем кончык свайго носа. — Ехаць трэба.
— Каму трэба ехаць? Куды? — адразу замітусілася Марфа.
— Па мяне вось прыехаў Антон, — паспяшыў супакоіць яе Зазыба, зразумеўшы, што Марфа ўстрывожылася гэтак праз сына. — Кажа, трэба ў мястэчку неадкладна быць.
Кузьма Прыбыткоў таксама не змоўчаў, незадаволена крактануў:
— Бытта і праўда нешта гарыць тама!..
— Дак... Ігнатавіч? — з выразнай надзеяй у вачах глянула на паліцэйскага гаспадыня, адчуўшы за ім усю ўладу.
Гэты яе зварот, несхаваная збянтэжанасць усцешылі Брава-Жыватоўскага. Нарэшце ён па-сапраўднаму адчуў сваю вышэйшасць.
— Сёння нарада ў каменданта збіраецца, дык склікаюць у Бабінавічы паліцэйскіх і стараст з усёй воласці, — літасціва пачаў тлумачыць ён Марфе.
— Дак Дзяніс пры чым тама? — не зразумела яна. — Навошта ён спатрэбіўся?
— Так, пры чым я? — быццам схамянуўся Зазыба і паглядзеў спярша на Брава-Жыватоўскага, пасля на Марфу, усё роўна як хацеў і ёй нешта давесці.
— Якія вы сталі непанятлівыя! — узбурыўся Брава-Жыватоўскі. — Правільна, старасты ў нас яшчэ няма. Не выбралі. Але ж... Словам, пакуль не выбралі старасту, грамадзянскую ўладу ў вёсцы выконваеш ты. Таму загадана даставіць і цябе на нараду.
— Ну, калі так!.. — замест Зазыбы з палёгкай уздыхнула Марфа.
Кузьма Прыбыткоў таксама хутка ўцяміў паліцаева тлумачэнне, пачаў падахвочваць суседа:
— То з’ездзі, Дзяніс! — яму раптам ажно прыемна зрабілася, што і Зазыбу клічуць на нараду да каменданта ў воласць, усё роўна як гэтым нарэшце вырашалася штосьці вельмі важнае, ад чаго цалкам будзе залежаць далейшае ў жыцці вёскі; яму толькі край хацелася высветліць, хто над кім пасля стане — Зазыба над Брава-Жыватоўскім альбо наадварот; між тым, калі меркаваць нават па старым часе, ужо не кажучы пра савецкі, думаў ён, то заўсёды выходзіла, што грамадзянская ўлада ў вёсцы мела перавагу — і стражнікі, і міліцыянеры падпарадкоўваліся ёй; ад гэтага ўсведамлення Прыбыткову і зусім ужо стала весела, маўляў, дарэмна Брава-Жыватоўскі столькі дзён важнічаў; таму і ўпрошваў Зазыбу: — Не адмаўляйся, Дзяніс, з’ездзі.
Зазыба тым часам стаяў пасярод двара, бы апантаны — тое, што плявузгаў некалі Брава-Жыватоўскі, было неразумна наперад браць у разлік, але сёння яно ўсё роўна як пачало спраўджвацца!..
Цягнуць далей час не было сэнсу, тым больш што Зазыба не хацеў садзіцца ў хаце разам з Брава-Жыватоўскім за стол, таму ён вінавата зірнуў на сына, акурат непакоячыся, каб той правільна зразумеў яго, і рушыў праз фортку з двара.
Масей таксама памкнуўся следам за бацькам, хоць і не меў якога-небудзь аднаго цвёрдага намеру. Аднак дарогу нечакана заступіў Кузьма Прыбыткоў.
— Не трэба, Дзянісавіч, — неяк незразумела, быццам укладваючы ў гэта асаблівы сэнс, заплюскаў вачамі стары, а тады і руку ўпоперак далоняй выставіў, маўляў, не ўстравай. — Няхай бацька едзе ў мястэчка, а я табе ўсё расталкую. Няхай толькі бацька едзе, не замінай.
— Я не збіраюся гэтага рабіць, — з прыкрасцю сказаў Масей, нездаволены перашкодай.
— Тым лепш, — лагодна, з прыкметай ліслівасці кіўнуў яму Прыбыткоў.
Масей адышоўся да ганка, дапытліва глянуў на маці. Здавалася, яе нават ані крыху не ўзрушыў нечаканы бацькаў ад’езд — стаяла спакойная і, мусіць, у галаве не мела, што муж едзе ў Бабінавічы не кормлены. Наогул, ёй не прывыкаць было, што Дзяніс вось так, як і сёння, альбо сам зрываўся куды з дому ў непадыходзячы час, альбо яго клікалі па справе. Але спакойная заставалася яна не таму. Прычына яе цяперашняй стрыманасці заключалася ў іншым — як толькі зразумела, што Брава-Жыватоўскі нічога дрэннага не мае да Масея, так адразу і супакоілася, тут жа адлягло ад сэрца ёй, прынамсі, гэты раз на большае яе не хапіла.
Пакуль яны стаялі кожны на сваім месцы ды ўзважвалі ў галовах тое, што адбылося на двары пасля прыходу Брава-Жыватоўскага, з-за варот пачулася, як загрукатаў коламі воз, паступова аддаляючыся да павароту на вясковую вуліцу.
— Пае-е-ехалі! — усклікнуў Кузьма Прыбыткоў, праводзіўшы па завулку на слых заціхаючы грукат колаў; голас у яго і выгляд у гэты момант былі такія, нібыта дасюль яшчэ ўсё не верыў, што Зазыба з Брава-Жыватоўскім паедуць на адным возе ў занятае немцамі мястэчка; таму ён і расцягнуў з асаблівай здаволенасцю гэтае «паехалі». — Я табе вось што мушу сказаць, Дзянісавіч, — ступаючы да ганка, загаварыў далей стары, — справы ў нас, у Верамейках, на лад пойдуць, раз твайго бацьку германцы на нараду паклікалі. Цяпера й праўда ўжо спадзявацца можна на штосьці пэўнае. Значыць, і новая ўлада без такіх, як твой бацька, не можа абысціся. Ну што ж, чым раней, тым лепш. Дайжа для саміх немцаў. А то ўсё еты Жыватоўшчык. Як ні кажы, а чорт яго саўсім зразумее. Здаецца, ціха сядзеў, гаспадар някепскі ўдаваўся, а тута раптам папрасіўся сам у паліцыю — да немцаў. Значыць, у галаве ўвесь еты час, як жыў у Верамейках, нешта меў сабе. Значыць, таксама не без цара ў галаве хадзіў. Ну, а яно калі да канца не ведаеш, што ў сабе носіць чалавек, дак ажно страшна тады. Таму я і кажу: няхай Дзяніс едзе ў Бабінавічы, раз спатрэбіўся. А то я ўжо грэшным дзелам думаў — давядзецца ўсім мірам етаму Жыватоўшчыку кланяцца.