1.


Дык дзе ж усё-такі тая Астравеччына? Шлях ад Мінска да Гудагая. Як тры Сінгапуры або дзесяць Ліхтэнштэйнаў. Беларуская Швейцарыя. Так пачыналася Астравеччына. Што прывозіш і вывозіш, мая зямля?

На пачатку сухой і халоднай вясны 1974 года ў калідоры Саюза пісьменнікаў БССР не сказаць, каб ад вялікай зацікаўленасці, а хутчэй так, ад няма чаго рабіць у зацяжным перапынку, адзін празаік задаў мне пытанне:

— То куды сёлета збіраемся адпачываць? На якія-такія воды?

— Відаць, паеду ў свой Астравец. Сёлета яму спаўняецца роўна пяцьсот. Ды і, як пісаў паэт, трэба дома бываць часцей…

— То не ведзялэм, жэ пан сен уродзіл в Польсцэ, — перабіў мяне субяседнік.

— Чаму ў Польшчы?

— Чаму-чаму. Ды таму, што адзіны вядомы мне Астравец — гэта Островец Свентокшыскі. У самай карэннай Польшчы.

— А хіба вы ніколі не чулі, што ў Беларусі ёсць Астравецкі раён? На самай поўначы Гродзеншчыны, на мяжы з Літвой.

— Ды кінь ты мяне разыгрываць! Што-што, а Беларусь я ведаю не горш сваёй далоні. Няма такога раёна!

І адышоў пакрыўджаны. Нібы я засумняваўся ў нечым вельмі для яго святым.

І тым не менш Астравецкі раён існуе. Не верыце? Тады вазьміце першы том БелСЭ і адкрыйце яго на 533 старонцы. Або гляньце на любую карту Беларусі. Прабачце, не на любую. Апрача выдадзеных у 1962–1965 гадах, калі Астравеччына была падзелена паміж Ашмянскім і Смаргонскім раёнамі.

А яшчэ прасцей упэўніцца ў рэальнасці Астравеччыны — пайсці на мінскі вакзал, узяць білет па цягнік, што адпраўляецца ў бок Прыбалтыкі, скажам, на славутую «Чайку», і праз дзве з паловай гадзіны сысці ў Гудагаі, на апошняй беларускай станцыі. Яшчэ чатыры кіламетры аўтобусам на поўнач — і будзе Астравец!

У такую дарогу я і адправіўся жнівеньскім ранкам таго ж 1974 года. Пасля ўедлівых дажджоў нарэшце выглянула сонейка, і праз акно вагона было відаць, як усюды, нягледзячы на ранішнюю расу, завіхаюцца камбайны: уборка і так зацягнулася на паўмесяца або добрых тры тыдні. Ад дажджоў і вятроў збажына палягла, парасла травой. Як там, на Астравеччыне, нялёгка, мусіць, убіраць? І не толькі ўбіраць. Гэты ж год для Астравеччыны цяжкі ўдвайне. Мала таго, што вясной прыйшлося перасяваць і азіміну, і ярыну, а летам пасевы прыбіла дажджом, у маі на дадатак яшчэ разлютаваўся яшчур. Каб спыніць эпідэмію, пісалі мне, прыйшлося ліквідаваць цэлыя фермы. У раёне быў аб’яўлены самы строгі каранцін. У колькі галоў, колькі тон мяса абышлася раёну тая пошасць? І як усё гэта адаб’ецца на сёлетніх і не толькі сёлетніх паказчыках?

І ўвогуле — як там? Калі не лічыць кароткіх прыездаў да родзічаў, апошні раз па-сапраўднаму я быў на Астравеччыне год дваццаць назад. У 1954 і 1955 гадах, праходзячы практыку ў раёнцы, аб’ездзіў на рэдакцыйным веласіпедзе амаль усю Астравеччыну, праўда, без яе паўночнай, завілейскай часткі, прылучанай ад былога Свірскага раёна толькі ў 1959 годзе. Уражанні з таго часу засталіся даволі змрачнаватыя. Рэдка дзе ў калгасах былі добрыя кіраўнікі. Жыта сеялі і жалі ўручную. Ураджай у сем-восем цэнтнераў з гектара лічыўся ўжо дасягненнем. Зімой раскрывалі на кармы саламяныя стрэхі. На працадзень прыпадала сама болей па кілаграму збожжа.

А як жывецца табе, Астравеччына, цяпер?

Пакуль «Чайка» без прыпынкаў мінае прыгарадныя станцыі, на хвіліну-другую заплюшчваю вочы і стараюся ўзнавіць у думках абрысы Астравецкага раёна. Ён больш прадаўгаваты — выцягнуўся ўздоўж граніцы з Літвой нешта на пяцьдзесят кіламетраў. На поўдні і ўсходзе мяжуе з Ашмянскім і Смаргонскім раёнамі, на поўначы — з Мядзельскім і Пастаўскім. На поўдні Астравеччыну працінае чыгуначная лінія Мінск — Вільнюс. Па цэнтру раёна бяжыць на захад гістарычны Полацкі тракт, па якому ішлі войскі і Баторыя, і Карла XІІ, і Напалеона, і розных іншых няпрошаных гасцей. А побач з трактам віецца быстрая Вілія. Злева яна тут прымае воды Ашмянкі і Лошы, справа — Страчы, Сарачанкі і Балошынкі. Недзе за Быстрыцай Вілія перацінае літоўскую граніцу і набывае новае імя — Нярыс. Увогуле тэрыторыя раёна невялікая — усяго 1558 квадратных кіламетраў. Хаця невялікая адносна, па савецкіх маштабах. На тэрыторыі Астравеччыны лёгка змесцяцца тры такія дзяржавы, як Сінгапур ці дзесяць Ліхтэнштэйнаў. А Манака дык тое ўціснулася б роўна тысячу разоў!

І смею сцвярджаць, што, акрамя Навагрудчыны і, можа, Мазыршчыны, такіх прыгожых мясцін, як на Астравеччыне, няма ў Беларусі нідзе. Тое ж самае сведчылі мне дзесяткі іншых людзей, што пабывалі тут, — фалькларысты, мовазнаўцы, мастацтвазнаўцы, гісторыкі. Сведчыў, зачараваны выгінастымі берагамі Лошы, Уладзімір Караткевіч, не забываючы пры гэтым, вядома, падкрэсліць перавагі свайго Падняпроўя. Астравеччына, пры ўсёй яе някідкай, спакойнай прыгажосці, сапраўды зачароўвае разнастайнасцю, зменлівасцю пейзажаў. Тут ёсць усё! На поўдні, нібы клешні краба, праляглі адгор’і Ашмянскага ўзвышша. Далей на поўнач ідзе Нарачанска-Вілейская нізіна, прарэзаная катлавінамі рэк. Лоша, перагароджаная плацінай Янаўскай ГЭС, утварае вялікае вадасховішча. У далінах рэк багата тарфавіскаў і ройстаў — балот, дарослых багуном і журавіннікам. Далей на поўнач пачынаюцца сасновыя бары, ператканыя бярозаю, асінаю і ляшчыннікам. Зноў немаведама адкуль бяруцца пасмы ўзгоркаў. А сярод іх раптам выблісне азёрнае вока Падкасцёлка ці Падліп’я. Выблісне і адаб’е заціхлыя вяршаліны дрэў на навакольных курганах. На поўначы, дзе на Сарачанку нанізана Каймінская група азёраў, або ўздоўж Полацкага тракту, ля Катлоўкі, ледавік у свой час так мудрагеліста пахадзіў і наварочаў, што ўсе віды беларускага ландшафту можна пабачыць, стоячы на адным месцы. Адным словам — беларуская Швейцарыя.

Не менш разнастайнае тут насельніцтва. З трыццаці трох тысяч жыхароў нешта восемдзесят шэсць працэнтаў складаюць беларусы. У Гервяцкім сельсавеце набярэцца з добры дзесятак літоўскіх вёсак. Тут захаваліся літоўскія песні і звычаі, старадаўняя гаворка, якую яшчэ да рэвалюцыі даследаваў літовец Э. Вольтар, у 1931 годзе — эстонец П. Арумаа, а сёння вывучае маскоўская лінгвістка Т. Суднік. На поўначы, у ваколіцах Быстрыцы, часта пачуеш польскую мову — тэксты, запісаныя тут, увайшлі ў нядаўна выдадзены двухтомнік «Польские говоры в СССР». Урэшце за Віліяй, ля Падольцаў, калісьці пасяліліся тры вёскі рускіх старавераў. Цяпер усё гэта так перамяшалася, што ў сям’і адначасна гавораць на дзвюх, трох або нават чатырох мовах. Адным словам, на гэтым культурна-моўным паграніччы — сапраўдны інтэрнацыянал. І нібы сімфонія дружбы, гучаць старадаўнія назвы вёсак. Чуюцца ў гэтай сімфоніі дзве мелодыі. Беларуская: Белая Вада, Малыя Пушчавыя, Вялікае Туроўе, Сівы Ручэй, Дравасекі, Грачанішкі, Клецішча, Лаўкі, Ніўе, Навіна, Папялішча, Салаўі… І літоўская: Альгіняны, Ажуройсці, Варняны, Дайлідкі, Дайнава, Дзірмуны, Кайміны, Карвелі, Супраненты, Завідзіненты. І яшчэ польская нота — пераважна там, дзе жыла засцянковая шляхта: Бжэг, Дамброва, Каменічнік, Маліняк, Відлы, Замэчак… Многа назваў, якія сведчаць аб беларуска-літоўскім моўным паграніччы: Гудагай, Гудэлі, Гудэлішкі, Гудзенікі… Іх паходжанне стане зразумелым, калі прыгадаць, што гудасамі літоўцы раней называлі беларусаў і ўвогуле славян. Праўда, некаторыя назвы згубілі свой першапачатковы, часам прыгожы сэнс. Скажам: Газа, Бадзівалы. Яшчэ ў дакументах XІX стагоддзя яны зваліся: Гожа, Будзівалы. Ці Рымдзюны. Калісьці зваліся яны Рындзюнамі, ад літоўскага рында — жолаб. Пасля ж нехта з канцылярыстаў змяніў выпадкова літарку — і назва згубіла сэнс.

А прозвішчы! Божа мой, якія каларытныя, непаўторныя прозвішчы на Астравеччыне! Ёсць выразна беларускія: Бразевіч, Бублевіч, Тарашкевіч, Жытковіч, Кукаловіч, Стафановіч, Бернатовіч, Адамковіч, Пашкевіч, Мураўскі, Вішнеўскі, Шаблавінскі. Вянгроўскі, Дрэма, Рожка, Грыва, Карабец… Ёсць яўна літоўскія: Шэміс, Бразіс, Кайрыс, Куліс, Мажэйка, Рамейка… Але больш такіх, што ўзніклі на скрыжаванні дзвюх моў, што не сустракаюцца больш анідзе: Букель, Якель, Шукель, Кацінель, Мяшкель, Габздыль, Тварагаль, Рэкець, Скіруць, Сянюць, Жамойць, Андралойць, Шляхтойць, Часнойць, Чапукойць, Масойць, Матыяшкойць… Бяру тыя, што бытуюць на Астравеччыне здаўна, прасочваюцца па дакументах з XVІ–XVІІІ стагоддзяў.

Раней такое шматмоўнае, шматнацыянальнае суседства не сказаць, каб дужа было згодным. Палякі, хоць іх тут была яўная меншасць, імкнуліся навязаць сваю волю: як жа, непадалёку ад сённяшняй мяжы раёна, у Зулове, нарадзіўся сам Юзаф Пілсудскі, а хіба мог ён нарадзіцца сярод беларусаў?! І беларусаў для іх не было. У 1937 годзе ў Вільні выйшаў другі том саліднага даведачнага выдання «Вільно і земя Віленьска». На картах там, дзе цяпер Астравеччына, памечана: беларусаў — нуль працэнтаў. Зразумела: усіх беларусаў-католікаў зрабілі палякамі (дарэчы, нацыянальнасць з веравызнаннем часам блытаюць на Астравеччыне і сёння). Прыцяснялі палякі і літоўцаў: забаранялі ім вучыць на роднай мове дзяцей, ставіць літоўскія спектаклі. Нават клерыкальная віленская «Крыніца» не сцерпела, калі ў 1924 годзе ў Варнянах судзілі старшыню літоўскага асветніцкага таварыства «Рытас» праф. Краўяліса. Яго, пісала газета, а таксама некаторых настаўнікаў і нават бацькоў «асудзілі ў Варнянах на штраф па 100 мільёнаў кожнага (у 1924 годзе польскія грошы былі абясцэнены. — А. М.). Словам, цяжка ў нас пашыраць родную асвету!»

Часам успыхвалі канфлікты паміж беларусамі і літоўцамі, якім, здавалася б, зусім не было чаго дзяліць. Зрэшты, гэтыя канфлікты пераважна на сумленні гмінных чыноўнікаў і гервяцкіх ксяндзоў. У кнізе «Вільнюс і Віленскі край», якая выйшла ў 1932 годзе ў Каўнасе на літоўскай мове, паведамлялася, што ксёндз Маліноўскі наўмысна шапялявячы і ціха чытаў літоўскі тэкст евангеліі, каб выклікаць гервяцкіх парафіян на правакацыі. А ксёндз Рамейка ў 1928 годзе частаваў гарэлкай беларускіх сялян з Сакалойцяў, каб тыя адмаўляліся выконваць літоўскія псалмы, спявалі іх па-польску. Калі ўзнік скандал, сяляне самі ж выкрылі ксяндза, крыкнулі яму ў касцёле: «Як цяпер, так зубы вышчыраеш, чаму ты пярод казаў нам пяяць» (гэтыя словы ў літоўскай кнізе пададзены па-беларуску). Гервяцкі паланафіл нацкоўваў «гіргуноў» на «чагакоў» і наадварот. І тыя з нажамі, палкамі і камянямі ішлі на касцельным цвінтары вёска на вёску, прабівалі галовы і ламалі рэбры. Літоўцу жаніцца на беларусцы? Беларусу быць кумам у літоўцаў? Нізавошта! Праклянуць і тыя, і другія.

Сёння ўсе гэтыя спрэчкі даўно быллём параслі. Наколькі помніцца, ужо ў 1954–1955 гадах нечым звычайным былі беларуска-літоўскія вяселлі. Працуючы поплеч, у адных і тых жа калгасах, беларусы і літоўцы штодзённа прыходзілі адзін другому на дапамогу. У Гервяцкай дзесяцігодцы вучні па выбару змаглі вывучаць беларускую або літоўскую мову. А на паліцах бібліятэк у Гервятах, Рымдзюнах і Гірах сталі мінскія выданні Купалы і Коласа і вільнюскія выданні Цвіркі і Нерыс. З яблыка разладу гервяцкі «астравок» ператварыўся, як пісаў у вершы адзін з мясцовых пачынаючых паэтаў, у «бастыён дружбы».

Астравеччына… Слова гэта з’явілася толькі ў апошняе дзесяцігоддзе. Раней, і пры царскай уладзе, і пры панскай Польшчы, Астравец быў глухім мястэчкам. Нават не цэнтрам воласці ці гміны. Усяго толькі — парафіі. Сто гадоў назад тут былі толькі дваццаць дзве драўляныя хаты. Пяцьдзесят — толькі адна вуліца з дзвюма мураванкамі. Тэрыторыя Астравеччыны была падзелена паміж Ашмянскім, Свянцянскім і Віленскім паветамі.

Сваю «кар’еру» Астравец зрабіў толькі пры ўладзе Саветаў і выключна дзякуючы ёй. Як і калі гэта адбылося? Перагортваю запісы, зробленыя пры гутарцы з першым сакратаром Астравецкага райкома партыі Рыгорам Рыгоравічам Панамаровым. Пасля вайны ён быў міністрам нарыхтовак сельскагаспадарчых прадуктаў БССР, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Цяпер персанальны пенсіянер, жыве ў Мінску. Падцягнуты і на дзіва на свае гады бадзёры, ён ахвотна ўспамінаў былое.

Расказвае Рыгор Рыгоравіч Панамароў:

— Калі ўтварыўся Астравецкі раён? Было гэта недзе ў сярэдзіне студзеня 1940 года. Па даручэнню ЦК Камуністычнай партыі нашай рэспублікі яшчэ з двума таварышамі я выехаў у былы Ашмянскі павет, які меркавалася падзяліць на тры раёны. У Ашмянах прыблізна, па карце, вызначылі граніцы. К вечару, памятаю, дабраўся да станцыі Гудагай. Там была таможня — непадалёку ж праходзіла граніца з Літвой, тады яшчэ буржуазнай. Пераначаваў я з нашымі таможнікамі, а назаўтра ўзяў курс на Астравец. Гляджу — звычайная драўляная вёсачка. Няма дзе размясціць раённыя ўстановы, няма дзе нават жыць. Тады рашыў паездзіць па раёну. У Малях, дзе якраз кватараваўся наш кавалерыйскі эскадрон, знайшоў транспарт. Заглядаю ў адну вёску, другую. Найбольш прыйшліся даспадобы Варняны. Чысценькія, акуратныя, у самым цэнтры раёна. А галоўнае — ёсць пусты будынак былой польскай гміны. Тут і рашылі часова размясціць райвыканком. Для райкома ж аблюбавалі старадаўні двухпавярховы будынак, што ля касцёла. На першым паверсе была аптэка — яна так і засталася. На другім, дзе раней жыў аптэкар, абсталявалі райкомаўскія кабінеты.

Хто тады мне дапамагаў? Другім сакратаром райкома быў Бушанаў — ён загінуў у белафінскую вайну. Трэцім — Бродскі. Райвыканком узначальваў Рудэнка. Вельмі дапамагала мясцовае насельніцтва, прадстаўнікі Рабочай гвардыі. Помню, на станцыі Гудагай яе ўзначальваў Ганчароў. Калі мы ўпершыню сустрэліся, ён высыпаў перада мной цэлы мяшок самых розных пісталетаў, адабраных у паліцыянтаў і асаднікаў. Запомніўся таксама Свірскі. Ён часта выступаў перад людзьмі з прамовамі на польскай мове, дзівосна мог валодаць аўдыторыяй.

З чаго пачыналася дзейнасць райкома? Калі я ехаў у Астравец, разумеў усю адказнасць, ускладзеную на мяне партыяй. Раён быў прыгранічны, шматнацыянальны. Нельга было дазволіць ніводнага непрадуманага кроку. Пачалі мы з сялянскіх сходаў, на якіх растлумачвалі ўнутраную і знешнюю палітыку нашай краіны. Клубаў тады не было, таму сходы праводзілі ў некалькі прыёмаў. У Гервятах сход праходзіў тройчы. У цесную сялянскую хату з’яўлялася адна група сялян, стоячы, бо не было крэслаў, уважліва слухала гадзіну-другую, потым дзякавала, кланялася, надзявала шапкі і адыходзіла. Услед хату запаўнялі іншыя. Насельніцтва ўвесь час падтрымлівала нас, папярэджвала аб магчымай небяспецы. Начавалі мы звычайна там, дзе і працавалі. І вось часта прыбягае хтосьці з вяскоўцаў і шэпча: пан сакратар, сёння ноччу вам лепш змяніць месца, могуць быць непрыемнасці. Але непрыемнасцей не было. Не прыпомню ніводнай ахвяры, ніводнага варожага тэрарыстычнага акту. Бывала, едзеш адзін, з пісталетам, вядома, у кішэні — і нічога. Неяк зімой быў я ў тых жа Гервятах. Узладавалі мне на санкі элегантнае крэсла з панскага маёнтка, каб я перадаў яго ў парткабінет. Сеў на крэсла, еду… Раптам у лесе конь спужаўся нечага, панёс, перакуліў санкі. Ляжу, бачу: уперадзе маячаць дзве чалавечыя постаці. Ну, думаю, канец! Ды не, спынілі каня, дапамаглі мне абтрэсціся, пажадалі шчаслівай дарогі…

Тады ж, у 1940 годзе, на Астравеччыне былі арганізаваны першыя калгасы — у Варнянах, Гервятах… Батракі з панскіх маёнткаў збераглі жывёлу, збрую, плугі, а потым перадалі ключы ў рукі прадстаўнікоў Савецкай улады. У Гервятах так зрабіў Гурскі. Потым старшынёй калгаса стаў там былы батрак Краўчун. Ужо ў першы год «батрацкія» калгасы моцна сталі на ногі. У Гервятах на працадзень выдавалі па восем кілаграмаў збожжа, дваццаць бульбы, шэсць фуражу. Усе калгаснікі ліквідавалі, як тады казалі, бескароўе, перасяліліся з баракаў у нармальныя дамы. Калгасам вельмі дапамагала МТС, дырэктарам якой быў, памятаецца, Мікалаеў. Мела яна нешта каля пятнаццаці трактароў. Іх першае з’яўленне ўсюды ператваралася ў свята. У Гервятах за трактарам ішла ледзь не ўся вёска.

Адначасова вяліся культурныя пераўтварэнні. Адчыніліся школы. У Гервятах, памятаецца, сямігодка дзейнічала ў былым палацы пані Дамейкавай, і хадзіла туды з чатырыста дзяцей. Цяжка было з настаўнікамі, яшчэ цяжэй з медыкамі. На ўвесь раён мы засталі толькі аднаго фельчара. Але кадры паступова прыбывалі з усходняй Беларусі.

Калі мы перанеслі цэнтр у Астравец? Хоць Варняны знаходзіліся амаль пасярэдзіне раёна, але мы разглядалі іх як часовую сядзібу. Астравец быў намнога бліжэй да чыгункі. Таму мы пачалі там будаўніцтва. З былых панскіх маёнткаў перавезлі зрубы для раённых устаноў. З іх стварылася цэлая новая вуліца, якую назвалі Савецкай. Дзесьці ў жніўні 1940 года канчаткова пераехалі ў Астравец. З дапамогай мінскіх шэфаў дасталі электрадынамку. Невялікую, усяго на пяцьдзесят кілават. Але хапала, каб хоць на пару гадзін даць святло для ўстаноў, упершыню ў гісторыі Астраўца запаліць лямпачкі на вуліцах. Пачалося будаўніцтва новага цаглянага клуба. У старым упершыню ў Астраўцы сталі дэманстравацца кінафільмы. Адным словам, глухая калісьці вёска ажыла.

Пасля той гутаркі я сказаў на развітанне Рыгору Рыгоравічу, што яго, першага, даваеннага сакратара, па Астравеччыне помняць і цяпер. Адзін гервяцкі калгаснік казаў мне калісьці: «За дваццаць год панскай улады стараста гміны ў мяне не быў ні разу, хаця гміна стаяла побач з маёй хатай. А гэты, прыязджаючы здалёку, з Варнян і Астраўца, пабываў тройчы. Зойдзе, зразумела так раскажа, што чуваць на свеце, ажно хочацца жыць».

…А «Чайка» тым часам мінула Маладзечна, Залессе, дзе Агінскі калісьці стварыў свой журботны паланез «Развітанне з радзімай». Мінула Смаргонь, што ўвайшла ў гісторыю хваляваннямі 1905 года, а яшчэ — абаранкамі і «мядзведжай акадэміяй». Краем прыхапіла хвалістую Ашмяшчыну. І імпэтна ўварвалася на Астравеччыну. Раз’езд Скярсціны. Слабодка, адна з трох Слабодак раёна. Тут у 1710 годзе мазырскі падстараста Казімір Беліковіч заснаваў касцёл і кляштар кармялітаў, спаленыя потым сялянамі. Пранюны… Стоп, памяць! На Пранюнах варта крыху спыніцца. Хаця б таму, што яны ўвайшлі ў літаратуру.

У польскага пісьменніка Ігнація Ходзькі, які жыў не так далёка адсюль, у фальварку Дзевятня пад Свірам, ёсць раман «Пустэльнік у Пранюнах», заснаваны на рэальных фактах і дакументах. Калісьці, гаворыцца ў рамане, у Пранюнах, пры Чорным тракце, што, мінаючы Ашмяны, ішоў з Мінска на Вільню, стаяла драўляная капліца, а пры ёй па чарзе жылі тры пустэльнікі. Пакрыўджаныя феадальным грамадствам, яны шукалі забыцця ў вясковай цішы, сярод старых кніг.

Зычны голас правадніцы перанёс мяне з мінулага ў сучаснасць. «Худохай! Худохай!» — абвяшчала яна з яўна эстонскім акцэнтам. І праўда, за акном праплыла старая вежа з чырвонай цэглы — раней нават будзённыя вадакачкі будавалі ў стылі рамантычных замкаў. За ёю паказаліся пакоўныя склады райспажыўсаюза, пагрузачна-разгрузачныя платформы. З аднаго вагона выгружалі трактары, другога — угнаенні ў поліэтыленавых мяшэчках (а раней жа выкідвалі лапатамі — ажно белы пыл пакрываў усе навакольныя дрэвы). З доўгай платформы рабочыя скочвалі бярвенні. Ого, гэта нешта новае. Раён, у якім сорак два працэнты плошчаў занята лясамі, увозіць драўніну! Міжвольна ўспомніўся допіс са станцыі Гудагай, надрукаваны ў 1923 годзе ў польскім часопісе «Земя ойчыста». Нехта В. Скіндэр скардзіўся: «Цяжкія мы цяпер перажываем часы, эканамічнае жыццё проста невыноснае. Цяжка дастаць сельскагаспадарчыя прылады. Але не ўсім цяжка. Каля нас ёсць такія, хто можа жыць добра і нават вельмі добра, але яны жывуць за кошт цэлага краю, усяго народа. Напрыклад, пан Дамейка мае больш дзесяці тысяч гектараў лесу, прадае яго на вываз. На станцыі Гудагай, пры чыгунцы, навалена да некалькі дзесяткаў тысяч сажняў белай і маладой яліны, якую штодзённа вывозяць — цэлымі цягнікамі — дзесьці за граніцу. Наш народ уздыхае і чакае лепшых часоў». У Гудагаі тады, зразумела, вагоны толькі пагружаліся. Бо што было выгружаць? Запалкі, якія потым шчапаліся папалам, а то і на чатыры часткі, завозілі ў крамы балаголы на фурманках. Нават у першыя пасляваенныя гады Астравеччына больш вывозіла, чым завозіла, асабліва лесу.

А сёння? Сышоўшы на перон, падыходжу да Георгія Антонавіча Луцкага, які вось ужо дваццаць пяць год сустракае і праводзіць тут цягнікі, і, павітаўшыся, пытаюся:

— Завозна сёння?

— За гэтыя суткі выгрузілі дваццаць чатыры вагоны — цэлы састаў. Прыбыла меліярацыйная тэхніка, нафтапрадукты, шыфер, некалькі «Жыгулёў», макулатура для альхоўскай кардоннай фабрыкі. Пагрузілі ж усяго шэсць вагонаў. Пайшло жыта новага ўраджаю, крыху цэглы, кардон, мэбля. Вядома, радуе, што ўся краіна шле нам тавары, але і крыху сумнавата становіцца, калі адпраўляем пустыя вагоны. На добры толк павінна яно сходзіцца. Заводзік бы Астраўцу нейкі.

Заводзік… Забягаючы наперад, скажу, што пра заводзік для Астраўца ці Гудагая мараць тут усе — ад сакратара райкома да выпускнікоў дзесяцігодкі. Гарадское насельніцтва ў раёне не складае і дзесяці працэнтаў — у шэсць разоў менш, чым у сярэднім па рэспубліцы. Шукаючы работу, многія пакідаюць Астравеччыну: у 1969 годзе тут жыло трыццаць сем тысяч чалавек, а ў 1974 годзе — ужо трыццаць тры тысячы. Некалькі соцень рабочых штодзённа ездзіць аўтобусамі і прыгарадным цягніком за сорак кіламетраў — у Вільнюс. Завод патрэбны Астравеччыне як паветра, як вада!

Услед за дзяжурным іду да станцыйнага будынка. Узвялі яго з чырвонай і белай цэглы сто год назад. Як сведчаць «Минские губернские ведомости», першы цягнік на лініі Мінск–Вільня прайшоў 14 студзеня 1873 года. Праўда, БелСЭ ў артыкуле пра Астравец сцвярджае, што чыгунка праз Гудагай пралягла толькі ў 1882 годзе, але як жа маглі ісці цягнікі па неіснуючай чыгунцы?! І яшчэ загадка: да пачатку XX стагоддзя станцыя называлася не Гудагай, а Слабодка, хаця да Слабодкі даволі далекавата, і ў той жа час ля Слабодкі, у Каменцы, здаля ад чыгункі, стаіць будынак, цюцелька ў цюцельку падобны на гудагайскі вакзал. Калі не лічыць колеру. Пры апошнім рамонце высакародную чырвоную цэглу вакзальнага будынка пафарбавалі без тынкоўкі ў ядавіта-зялёны колер. Знікла адчуванне матэрыялу, а заадно і рамантычны настрой. Пры рамонце ліквідавалі буфет, у якім так добра было ў мароз піць падагрэтае піва, седзячы ля распаленай грубкі і слухаючы перастук колаў цяжка гружаных цягнікоў. Спілавалі таксама некалькі старых разложыстых таполяў. Ды гэта, мусіць, апраўдана: выверне бурай такую махіну на рэйкі — быць бядзе. Не апраўдана іншае. Цяпер, не лічачы ранішніх і вячэрніх гадзін, калі адыходзяць прыгарадныя і далёкабежныя паязды, вакзальны будынак пустуе. А пасажыры, якім трэба перасесці на аўтобусы, з чамаданамі ў руках цягнуцца за кіламетр на прыпынак, перанесены пад самы лес. Нават не прыпынак, а халодны і змрочны навесік. Розныя ведамствы ніяк не могуць дамовіцца, каб абодва вакзалы з выгодай для пасажыраў сумясціць пад адным дахам.

Зрэшты, сёння мне на той прыпынак няма чаго кіравацца. Трэба спачатку зайсці да сястры ды павітацца з добра знаёмымі гудагайцамі. З Іосіфам Жмачынскім, старшынёй Гудагайскага сельсавета: у вайну яго маці прывандравала бежанкай з-пад Чашнікаў у нашы Расолы, выгадавала чацвёра дзяцей-сірот, а Іосіф атрымаў вышэйшую гістарычную адукацыю. З Мечыславам Козічам, брыгадзірам брыгады чыгуначнікаў, якая трымае палатно ў ідэальным стане, выпольвае ледзь не кожную траўку і нядаўна стала калектывам камуністычнай працы. З загадчыцай фельчарска-акушэрскага пункта Ганнай Лукінічнай Грабянцовай, якая ў вайну лячыла партызан (першага пацыента прывялі ёй пераапранутага бабай), а цяпер атрымала званне Заслужанага работніка аховы здароўя. Вечарам заглянуць у бібліятэку, якая з прыходам энергічнай Таісы Васькоўскай стала «Бібліятэкай выдатнай працы», — асабліва добра наладжана тут работа з кніганошамі і дзецьмі. Паглядзець кінафільм у былой пажарнай «рамізе», дзе ўладарыць паўнаваты і дабрадушны Іван Акінча, узнагароджаны нядаўна знакам «Выдатнік кінематаграфіі СССР».

Дабіраючыся да Ленінскай вуліцы (у Гудагаі, дзе яшчэ пры маёй памяці стаяла ўсяго 18 хат, з’явіліся цэлыя вуліцы!), на ўсякі выпадак зварочваю да вялікай купы макулатуры, што прызначана для Альхоўскай кардоннай фабрыкі — з адыходаў там вырабляюць за змену да шасці тон чамаданнага кардону. Колькі год назад мой сын прынёс з той звалкі рэдкія выданні Граноўскага, Талстога, Энгельгардта, Бергсана, бязбожна спісаныя і выкінутыя, калі меркаваць па штампах, бібліятэкай Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. На.гэты раз мой улоў быў крыху скрамней: усяго некалькі кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. Хоць і падпісаныя даволі адказнаму таварышу, хай ужо лепей будуць у маіх зборах…

На парозе драўлянага, але абкладзенага цэглай сестрынога дома ў нос прыемна ўдарыў запах самаробнай смажанай каўбасы. «Знюхаў, нябось!» — сказалі мне на павітанне…


Загрузка...