2.


Дарога ў чатыры кіламетры. Адкуль пачаўся Астравец? Пяцьсот гадоў гісторыі і крыху ўспамінаў. Барацьба на тры франты. З Мядзельскіх лясоў — на Астравеччыну. Хроніка пасляваеннага года. Каго ўзяць у космас?

Назаўтра раніцай рашыў не чакаць аўтобуса і ісці ў Астравец пешшу.

— Не ідзі, бо людзі засмяюць, — раіла сястра. — Скажуць, пяць капеек на аўтобус пашкадаваў. Цяпер у нас ніхто не ходзіць. Будуць гадзіну чакаць, а не пойдуць. Панства такое сабе развялі.

Але я не паслухаўся і, выбраўшыся з пасёлка, пайшоў па знаёмай з дзяцінства брукаванай дарозе. Вось паваротка на Палушы, дзе ў вайну гітлераўцы расстралялі цэлы табар цыган. Вось лагчына ў лесе, дзе ў сорак першым загінулі чатыры нашы воіны.

Па дарозе ў Астравец я скрупулёзна падлічваў усе машыны, якія праносіліся міма. Пасля вайны, бывала, ідзеш са школы — і хоць бы адна мільганула фарамі. У 1955 годзе ўжо можна было налічыць да дзесяці грузавікоў. Год з дзесяць назад ішлі мы разам са школьным сябрам Чаславам Мекіным і так, дзеля жарту, зафіксавалі сорак дзевяць. А сёння, узняўшыся на ўзгорак, адкуль раптам адкрываецца від на Астравец, аднатаваў сто трыццаць восьмую машыну — нейкую ні да чаго не падобную тэхнічную лабараторыю. І ўсё гэта вытрымлівае той жа даваенны ці можа нават дарэвалюцыйны брук. Калісьці гладзенькі, бо што яму фурманкі, цяпер ён, рабацяга, увесь у зморшчынах і калдобінах. Асфальту просіць.

Раней, стоячы на ўзгорку, там, дзе злева і справа старыя і новыя могілкі («горад мёртвых папярэднічае гораду жывых», — па-філасофску сказаў, пабываўшы тут, вядомы літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў), можна было ўвесь Астравец абняць адным позіркам. Даўжэйшая цэнтральная вуліца і дзве меншыя вулачкі, забудаваныя аднапавярховымі драўлянымі хатамі. Стары трохпавярховы млын пад Лошай. Бляшаны комін лесапільні. Густыя прысады каля былога маёнтка, дзе ў XІX стагоддзі жылі Кастравіцкія і Жылінскія — тыя самыя, з якіх французскі паэт Гіём Апалінэр, беларускі празаік Карусь Каганец і Іосіф Жылінскі, што пачаў у XІX стагоддзі асушаць Палессе. Злева — магутны чатырохграннік касцёла, пабудаванага ў 1785 годзе ў стылі класіцызму і сапсаванага пазнейшымі пераробкамі. Асабліва прывабна выглядаў адсюль Астравец марозным ранкам, калі над кожным комінам застыгаў высокі лісіны хвост клубістага дыму.

Цяпер від з пагорка зусім змяніўся. На галоўнай, Ленінскай вуліцы з’явіліся двух- і трохпавярховыя мураванкі — жылыя дамы, магазіны, установы. Па дарозе на Бялькішкі вырас першы мікрараён. У цэлы гарадок разросся прамкамбінат. Замест халоднай драўлянай школы, больш падобнай на барак, — сучасны трохпавярховы будынак. З Каменкі ў Астравец перасялілася раённая бальніца. У былым банку адкрылася дзіцячая музычная школа. Пашыраюцца комплексы будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі, міжкалгасбуда, станцыі абслугоўвання «Сельгастэхнікі». Пра такія арганізацыі дваццаць год назад і паміну не было. А кварталы дабротных прыватных дамоў цягнуцца за гарызонт — пад Кавалі, Ліпнішкі, Малі. Цяпер у Астраўцы не тры, а дваццаць тры вуліцы.

А ўвогуле Астравец цяпер нагадвае падлетка, які раптам, на пяцісотым годзе быцця, вырас са старой апраткі — і яна пачала разлазіцца па швах. Галоўная вуліца безнадзейна перакапана — ужо з год пракладваюць і ніяк не могуць пракласці першую водаправодную і каналізацыйную лініі. Машыны ездзяць па ўзбочынах, і густы пыл выбеліў лісце таполяў і ліп. Спушчаны і раскапаны маляўнічы стаў ля млына. Новыя мураваныя дамы выглядаюць з-за старых драўляных халуп. Мешаніна стыляў: ад пасляваеннага «барока» да «барака». Занадта многа слядоў правінцыяльнай неахайнасці — у безгустоўных шыльдах, коса пакладзеных тратуарах, невыразных стэндах нагляднай агітацыі. І толькі раённы вузел сувязі, куды штодзённа паступае каля дзвюх тысяч пісем і звыш сарака тысяч экземпляраў газет і часопісаў, выглядае сучасна, «фарсіць» першымі ў Астраўцы неонавымі літарамі. Што ж, падумалася, калі ў пяцьсот год нечакана да цябе прыходзіць другая маладосць і на старым драўляным месцы прарэзваюцца новыя, каменныя зубы, розныя выдаткі, відаць, непазбежныя. Выдаткі росту.

Павярнуўшы каля універмага направа, знаходжу гасцініцу і разам з іншымі кліентамі цярпліва чакаю, пакуль вернецца дзяжурная, якая, кажуць, даехала на «ровары» даіць карову. Потым высвятляецца, што месцаў няма, бо ў гасцініцы ўсяго дзесяць пакойчыкаў. Да таго ж сюды прыязджаюць на дзень, на два, ад сілы на тыдзень, а я хачу пасяліцца на месяц з гакам… Пачынаю весці перагаворы з работнікамі райкома партыі. Нарэшце свабодны ложак знаходзіцца. Мой сусед па пакою, мяркуючы па ўсяму, рэвізор, ляжыць у адзенні на ложку і, нібы дэтэктыў, чытае нейкую інструкцыю.

Пажадаўшы рэвізору поспеху, іду шукаць тое месца, адкуль пачынаўся Астравец. Недзе ж павінен быць «востраў» на Лошы. Хутчэй за ўсё, ён там, дзе калісьці быў панскі двор. Кіруюся на мост, што каля млына. Але моста ўжо няма. На яго месцы закладваюць новую плаціну. Паабапал ляжаць старыя, выцягнутыя з вялікай глыбіні дубовыя пáлі. Надрыўна вуркоча матор, што з катлавана пампуе і ніяк не можа выпампаваць грунтавыя воды. Хісткая кладка вядзе на той бераг — да прамкамбіната, цагельні і старых прысад. Па дрэвах мяркую: было шматвяковае «гняздоўе». Урэшце ля Лошы, там, дзе справа ў яе ўпадае вёрткая Кегна (ліхаманкава ўспамінаю сугучныя літоўскія словы: біцца, разлівацца, астравіна…), знаходжу правільнае чатырохвугольнае гарадзішча, парослае ў апошнія часы купамі дрэў. З двух бакоў — натуральны водны рубеж, з двух другіх — сляды абарончых канаў. Далей на поўдзень, кажуць, на два кіламетры раней цягнуліся валы, ірыгацыйныя збудаванні, групы курганоў. Наколькі я ўпэўніўся ў размовах з беларускімі археолагамі, астравецкае гарадзішча амаль невядома навуцы і ніколі спецыяльна не даследавалася, не раскопвалася. Хто тут жыў раней, у язычаскія часы? Балтыйскія ці славянскія плямёны?

Пісаную гісторыю Астраўца мы можам пачынаць толькі з першага яго ўпамінання ў дакументах — з 1474 года, калі кіеўскі ваявода Марцін Гашталд заснаваў тут драўляны касцёл і кляштар дамініканаў.

Далейшыя дзеі старадаўняга паселішча прасочваюцца з цяжкасцю. Шукаючы ў розных архівах і бібліятэках матэрыялы па гісторыі беларускай літаратуры, я адначасова па драбніцы збіраў і ўсё, што датычыцца Астраўца і Астравеччыны. Некаторыя са знойдзеных дакументаў маюць толькі мясцовую цікавасць. Другія ж звязаны са значнымі падзеямі ў краіне, праліваюць па іх нейкае дадатковае святло.

Пройдземся ж па нешматлікіх вехах сціплай гісторыі Астраўца.

1537 ГОД. Па прывілею польскага караля Сігізмунда Аўгуста Астравец пераходзіць да Станіслава Гашталда, навагрудскага, а потым віленскага ваяводы, першага мужа будучай каралевы Барбары.

1546 ГОД. Той жа кароль дае чарговаму ўладальніку Астраўца, Карыцкаму, права трымаць карчму.

1596 ГОД. Уладальнікі астравецкага маёнтка пішуць на старабеларускай мове «заяву» ашмянскім павятовым уладам, што з вёскі Кавалі «не ведома где зашил», г. зн. проста збег прыгонны пана Філіпа Браніцкага Ян Ошкел. Адшукаць непаслушнага селяніна, здаецца, не ўдалося.

КАНЕЦ XVІ – ПАЧАТАК XVІІ СТАГОДДЗЯЎ. Астравец пераходзіць з рук у рукі, як ігральная карта. У 1594 годзе яго прадаюць Унучку. Той праз два гады збывае маёнтак Рызгорскаму. У 1600 годзе гаспадаром Астраўца зноў становіцца Унучак, у 1608 — Алясніцкі, 1609 — Гарэцкі і Беліковіч. Урэшце Ян і Ганна Багушэвічы прадаюць «двор Астравец» нейкаму шляхціцу Падбіпенце за тысячу коп літоўскіх грошай.

1618 ГОД. Чарговы ўладальнік Астраўца, Ян Корсак, робіць такі завяшчальны запіс: «Паколькі я, знёсшы стары, пабудаваў у мястэчку маім Астраўцы новы каталіцкі касцёл і… дамініканаў там падзяліў грунтамі, а пэўнага фундушу ім да гэтага часу не даў, таму цяпер… гэтым тастамантам запісваю названаму астравецкаму кляштару свой уласны, куплены фальварак Палуш са ставам, прыгоннымі, ворнай зямлёй, сенажацямі, пушчай і ўсім, што толькі да яго належала, аддаляючы ўсіх крэўных і сваякоў маіх…, другі фальварак Новараны (цяпер Вавераны. — А. М.) …А паколькі цяпер 6 манахаў жыве і каб іх потым 12 было, то да гэтых 2 фальваркаў дабаўляю трэці фальварак Запрудзе (цяпер, мусіць, Прудзішча. — А. М.), адлучыўшы яго ад свайго маёнтка Ясева ў Ашмянскім павеце…»

1654 ГОД. Захавалася люстрацыя астравецкага двара. Пакой у ім быў белены, з кафлянай печкай і двума шклянымі вокнамі. Стаялі тут «стол сасновы, лавы дзве». Побач з домам узвышаліся «пякарня», два хлявы, гумно на восем тарпоў, свіран, пуня з жэрдак на сена. У хлявах люстратар налічыў пяцьдзесят чатыры галавы буйной рагатай жывёлы, сорак пяць авечак, шаснаццаць коз, трыццаць шэсць свіней. Прозвішчы тагачасных прыгонных сялян і сёння можна сустрэць паблізу Астраўца: Марцін Букель, Янук Кацінель, Марцін Ручка, Стасюк Янкойць…

1774 ГОД. У рукапісным аддзеле Цэнтральнай бібліятэкі АН Літоўскай ССР захавалася квітанцыя, якая сведчыць, што дваццаць чацвёртага лютага ўладальнік астравецкай карчмы ротмістр Сакалоўскі спаўна заплаціў сорак злотых чопавага падатку.

1818 ГОД. У люстрацыі мясцовага кляштара сказана, што астравецкім дамініканам тады належала трыццаць «дымоў», сто шэсць мужчынскіх прыгонных душ. Кожны мужчына і жанчына, не лічачы «гвалтаў» і талок, тры дні ў тыдзень хадзіў на пашнчыну. Штогод кляштар меў тысячу пяцьсот пяцьдзесят рублёў даходу, з іх дзвесце пяцьдзесят пяць рублёў з арэнды дзвюх корчмаў, тартака і млына.

1823 ГОД. Астравецкіх дамініканаў наведаў візітатар Фаустын Цяцерскі, асоба вельмі цікавая. У 1797 годзе ён узначаліў першую ў Беларусі і Літве змову супраць цара. За гэта Павел І саслаў яго ў Сібір на катаргу. Вярнуўшыся, Цяцерскі (дарэчы, брат беларускага пісьменніка Міхала Цяцерскага) апісаў сваё прабыванне на катарзе ў каларытных дзённіках, якія неаднаразова выдаваліся і ў нас, і за рубяжом. І вось Ф. Цяцерскі ў Астраўцы. Тое, што ён тут пабачыў, прывяло яго ў жах. У манастыры — распуста. «Манашаскім саслоўем, — запісаў у Астраўцы візітатар, — сёння свет пагарджае, ва ўнутраным жыцці яно не прытрымліваецца ніякіх межаў, выходзіць з паслушэнства, і таму над ім варта асабліва задумацца». Атмасфера ў манастыры крыху «нармалізавалася» толькі пасля таго, як з яго «збег» нейкі Якубоўскі. Не знайшоў Цяцерскі ніякай веры і ў панскіх маёнтках. Найбольш візітатара жахнула нядоля астравецкіх прыгонных сялян: беднае простанароддзе, піша ён, «абцяжарана працай, прыгнечана пагардай, пазбаўлена хлеба, жывёлы, пасеваў і надзеі, земляробы жывуць без эмоцый, нібы быдла, толькі даюць знаць, што існуюць. Вось дакладны малюнак чалавечай беднасці».

1858 ГОД. Вядомы археолаг Яўстафій Тышкевіч падрабязна апісаў астравецкі касцёл і кляштар у часопісе «Тэка віленьска». Ён адзначыў, што ў касцёле віселі два рэдкія званы з лацінскімі надпісамі; адзін адліты ў 1711 годзе ў Кенігсбергу Якубам Дортманам, а другі — у 1644 годзе ў Вільні Янам Брэнельтам. З помнікаў аўтара зацікавілі падгроб’і Андрэя Касакоўскага з 1681 г., Жылінскіх з 1838 г. і Кастравіцкіх з 1845 г. «Парафіяне з ніжэйшага класа, — прызнаваў Тышкевіч, — жывуць тут у вельмі бедным стане».

1905 ГОД. Жыхары Астраўца перасталі мірыцца з «бедным станам». І ў соннае мястэчка дакаціліся хвалі першай рускай рэвалюцыі. Чацвёртага снежня 1905 года пяцідзесяціпяцігадовы жыхар Астраўца Вінцэнт Феліксавіч Дубіцкі сарваў царскія сцягі, вывешаныя з нагоды імператарскага «цезаімянінства», звярнуўся да натоўпу сялян з заклікам: «Далоў сцягі, далоў урад, не трэба нам цара!» «Астравецкае таварыства», ад імя якога дзейнічаў Дубіцкі, мела адгалінаванні, было звязана з віленскімі рэвалюцыйнымі арганізацыямі. Пры вобыску ў рэдактара віленскага органа РСДРП «Социал-демократ» паліцыя знайшла гранкі артыкула астравецкага жыхара М. Цяркі. Не без уплыву «Астравецкага таварыства» ўзбунтаваліся сяляне ў Палушах. Многія рэвалюцыянеры, у тым ліку і Дубіцкі, трапілі ў турму.

1930 ГОД. Успыхнула забастоўка на цагельні паноў Сацанкаў. Узначальваў яе сын батрака, былы чырвонаармеец Вікенці Іосіфавіч Падаліс. Паны адмовіліся прыняць патрабаванні. Падаліс быў звольнены.

1933 ГОД. На другой астравецкай цагельні, што належала купцу Барану, рабочыя адмовіліся браць плату цэтлікамі, якія можна было атаварыць толькі ў краме таго ж Барана. На Першамайскае свята фармоўшчыкі і абпальшчыкі вывесілі чырвоныя сцягі. Мітынгавалі. Слухалі перадачы мінскага радыё. Кіраваў барацьбой той жа Падаліс.

ВЕРАСЕНЬ 1939 ГОДА. Астраўчане радасна віталі савецкую конніцу, кідалі кветкі на танкі. У мястэчку арганізаваўся атрад Рабочай гвардыі. Старшынёй валаснога сялянскага камітэта выбралі Падаліса. Яго ж астраўчане паслалі ў Беласток, дэлегатам Народнага сходу Заходняй Беларусі. Неўзабаве ўтварыўся Астравецкі раён.

Фашысцкая навала абарвала першыя крокі Савецкай улады на Астравеччыне.

…Для кожнага вайна пачыналася па-свойму. У паш дом яна ўварвалася чэрвеньскім ранкам выбухамі бомб, кінутых на станцыю Гудагай і чыгуначны мост праз Лошу. Ці не ў той жа дзень у нас з’явіліся новыя людзі: жонка камандзіра Чырвонай Арміі Вера Міхайлаўна Барчукова з дачкой Маяй і трамбаніст Герман з беларускага опернага тэатра. Яны ўцякалі з Вільнюса па Чорнаму тракту на ўсход, але іхняя машына сапсавалася, і бацька прывёў іх, разгубленых, пажыць, пакуль нешта ўсталюецца. Памятаю страх, з якім глядзелі старэйшыя на Маю, калі яна ўсаджвалася ля немцаў, што дзёрлі на панадворку пер’е з курэй, і бесклапотна напявала: «Широка страна моя родная…» Па вёсцы пайшлі чуткі, што ў нас хаваюцца «камісары». Тады бацька папрасіў Германа выйсці на ганак і на ўсякі выпадак пратрамбоніць хаця б з пару мінут. Так нашы Расолы ўпершыню далучыліся да класічнай музыкі… Потым, ужо студэнтам, я адшукаў у Мінску абедзве сям’і.

Дзейнічаючы па прынцыпу «Раздзяляй і пануй», гітлераўцы прырэзалі Астравеччыну, населеную пераважна беларусамі, да генеральнай акругі «Літва». З воласці, з Шумска, прыходзілі на нямецкай і літоўскай мовах абвесткі, якія загадвалі плаціць розныя падаткі — нават за комін, нават за сабаку, здаваць збожжа і сала, валёнкі і кажухі. З Шумска ж прыязджалі з вобыскамі паліцаі, паролі штыкамі кожны куль саломы ў тарпе. Сёння дзіву даюся, як яны не апорвалі нашых прымітыўных схованак: на збожжа — паміж шафай і забітымі дзвярыма, на сала — за шуфлядамі камода. Немцы, што ахоўвалі мост праз Лошу, тыя не спускаліся да вобыскаў, а толькі камандавалі: прынясі яек, прынясі самагонкі. Аднойчы, помніцца, добра нажлукціўшыся, пачалі шастаць па хаце. Мы, купка вясковых дзяцей, схаваліся на печ, за комін. А яны прыкмецілі на этажэрцы гіпсавага Шапэна, адзіную рэч, якая ў нас стаяла «проста для красы». Тоўсты немец пагразіў Шапэну пальцам: «Но-но, юдэ!» А другі, крывы, разнёс яго на кавалкі куляй з пісталета. Мы заёрзалі ад страху па ночы. І тут немцы з рогатам: «Партызанэн, партызанэн!» пачалі пуляць у наш бок, у комін. Пасля гэтага мы доўга ўзрываліся ноччу спрасоння і нешта гаварылі. Другі раз п’яны фольксдойч Пралеўскі, які да гэтага прыкідваўся зацюканым лесніком, наладзіў на пацеху немцам кашэчы бой: узяў старога ката ў адну руку, маладога — у другую і пачаў сціскаць ім хрыбетнікі. Ашалелыя ад болю каты сталі выдзіраць адзін аднаму вочы. Потым некуды сышлі з дому. Зрэшты, за Шапэна і за катоў — як мне здавалася — я адпомсціў праз тыдзень-другі. Пайшлі мы ў Астравец у госці да швагравага брата, а там пад канец застолля ўварваліся п’яныя немцы. Адзін рассеўся на канапе і пачаў лапаць незнаёмую маладзіцу. Аднекуль знайшлася мышалоўка, і я паціху падсунуў яе да кароценькіх пальцаў няпрошанага госця. Шчоўкнула спружына — і тут жа пачуўся роў. Насілу гаспадар пераканаў немцаў, што мышалоўка валялася на канапе і да іх прыходу.

Былі і рэчы больш сур’ёзныя. Уся вёска па чарзе хавала яўрэйку-краўчыху. З-за гэтага бацьку і яшчэ некалькі чалавек потым выклікалі ў воласць. Вярнуўся бацька з сінякамі і з тыдзень адлежваўся. Потым мне ўдалося выцікаваць, што швагер хавае ў падпечку чыстыя бланкі аўсвайсаў, прынесеныя з Астраўца. Толькі пасля вайны, калі прыходзілі з удзячнасцю людзі, высветлілася, што бланкі ішлі акружэнцам і «бяспашпартным» актывістам.

Тады ж я зразумеў, што немцы бываюць розныя. У нашы Расолы неяк заблудзіў хлопец гадоў чатырнаццаці па імю Ёган. Яго лавілі ў Гудагаі і яшчэ недзе. На мігі ён мне паказваў, што яго хацелі «пах-пах» і што яго маці дужа дрэнна. Каталіся мы з ім на самаробных санках. А потым ён, пабачыўшы, што бацька запрагае каня, каб ехаць на станцыю па вапну, падумаў, што яго хочуць выдаць немцам, і паціху падаўся, колькі я ні клікаў яго, у лес, некуды ў бок Вільнюса. Назаўтра ў вёсцы казалі, што ля Шумска яго злавілі і што шукаў ён дзесьці ў Мінску магілу расстралянага бацькі-антыфашыста.

Час тады быў пануры. Вечарынкі ў вёсцы гуляліся рэдка і чамусьці заканчваліся заўсёды бойкай — на нажы або калы. Песні спявалі сумныя, слязлівыя: «Сухая ляшчына на Барніхі лесе», «Пасею гурочкі», «На позицию девушка», «Ям здрадзона всьруд мілосьці». Нядаўна прагледзеў тэксты, запісаныя тады ад вясковай пяюхі Любы Урлік. Пераважаюць «жорсткія» турэмныя рамансы тыпу:

Усе бутылкі шавяляцца,

Усе стаканы гавараць,

Усе людзі весяляцца —

Млада Ядзя ў турме…

Нецікава ішло таксама наша дзіцячае жыццё. Школ не было. На нейкі месяц прыехаў з Шумска настаўнік-літовец, пераканаўся, што па-літоўску мы ведаем дзесятае праз дваццатае, і вярнуўся назад. Крыху хадзілі на прыватныя ўрокі ў Сяржанты, да пані Эйніковай. Але яна нас прымушала зубрыць вершыкі тыпу «Кто ты естось» і патрабавала бездакорных манер, якія нам і не сніліся. Прыйшлося зноў перайсці на самаадукацыю — у суседзяў з даваенных школьных бібліятэк засталіся сякія-такія кнігі. Пачалі пазычаць, выменьваць, купляць.

Урэшце з Яўгенам і Мар’янам Мальдзісамі арганізавалі ўласную бібліятэчку ў шэсцьдзесят кніг. Быў там том Горкага, «Ганна Карэніна» ў польскім перакладзе, польскі ж пераклад Янкі Маўра, прыгодніцкія аповесці пра індзейцаў. За карыстанне бібліятэкай увялі невялікую плату — рубель у месяц (цікава, што на маркі тады ў нас ніхто не лічыў; эквівалентам па-ранейшаму быў рубель або пуд збожжа). На сабраныя грошы куплялі ў вільнюскіх антыкварнікаў новыя кнігі, а Яўген, цяпер адзін з вядучых мастакоў-графікаў Познані, выразаў з гумы бібліятэчны штэмпель, які і сёння захоўваецца ў маім пісьмовым стале. Спрабавалі мы арганізаваць і нешта накшталт канцэрта: развучылі казку, вершы Міцкевіча, выпрасілі хату, але якраз у Расолы, на імяніны да адной старой панны, прыйшлі з моста немцы, пабачылі самаробную афішу і строга загадалі: аніякіх зборышчаў. Паціху ад бацькоў, хоць яшчэ і бязмэтна, пачалі назапашваць абрэзы, рассыпны порах. Па нядзелях, прыгнаўшы на абед каровы, праводзілі на сенажаці муштры з драўлянымі вінтоўкамі. Жаданне нешта рабіць было. Толькі пеставала старэйшага чалавека, які б намі пакіраваў.

І ўвесь гэты час Расолы жылі надзеяй на вызваленне, прагна лавілі кожную вестку з фронту, радаваліся кожнай удачнай партызанскай дыверсіі. У дзіцячым дзённіку, пісаным хімічным алоўкам у польскіх яшчэ сшытках, захаваліся такія запісы: «25.І.43. Знайшоў некалькі савецкіх лістовак. Пад Сталінградам перамагаюць нашы». «5.ІІ.43. Немцы аб’явілі жалобу, бо пацярпелі паражэнне пад Сталінградам. Пэўна, ім скора каюк». «13.ІІ.43. Баючыся партызан, немцы загадалі людзям высякаць лясы каля каляі. Цяпер цывільным можна ехаць у Вільню толькі на гружаных пяском платформах. Іх гоняць па дзве перад паравозам». «28.V.44. У Расолах з’явіліся першыя савецкія партызаны. Зайшлі да Яначкі Грамашэўскага і далікатна папрасілі пад’есці». «26.VІ.44. На ўсходзе ўвесь час грымяць узрывы». «29.VІ.44. Партызаны штурмам узялі Гервяты». «3.VІІ.44. Гарыць Гудагай, Астравец. Уздоўж усёй каляі стаяць нямецкія эшалоны, бо недзе за Вільняй узарваны тунель». «4.VІІ.44. Відзеў ужо трох саветаў». «5.VІІ.44. Немцы з маста абстрэльвалі партызан, якія ў розных месцах узарвалі каляю і адрэзалі дарогу паяздам. Снарадам у Сяржантах забіла Казлоўскіх — дачку і зяця пані Эйніковай. Шкада іх: зусім і не паны, ненавідзелі немцаў, а Казлоўскі любіў напяваць пад нос «Марсельезу». «6.VІІ.44. Вечарам у Рудніку і іншых лясках каля Расолаў сталі на начлег часці Чырвонай Арміі».

Перачытваючы гэтыя напаўсцёртыя запісы, падумаў, што партызаны ў нашых ваколіцах дзейнічалі значна менш, чым, скажам, на Мядзельшчыне ці Ушаччыне. Першае іх з’яўленне ў Расолах адносіцца толькі да 1944 года. Чаму? Відаць, таму, што, па-першае, блізка праходзіла чыгунка, а дзе чыгунка, там і гарнізоны, узмоцненая ахова, ды і да Вільнюса — рукой падаць, нейкіх 35 кіламетраў. Па-другое, у наваколлі не было вялікіх лясоў, пушчаў. Немалаважнай таксама акалічнасцю было, што Астравеччыну прырэзалі да акругі «Літва». У мястэчках паўсюль кватараваліся гарнізоны літоўскіх паліцэйскіх. Моцны ўплыў мела тут і польскае нацыяналістычнае падполле. Атрады Арміі Краёвай на чале з Кміціцам і Лапашкай дзейнічалі ля Міхалішак і Кямелішак. «Акаўцы» марадзёрнічалі пад маркай савецкіх партызан, арганізавалі напады на іх у Супранентах і Каранятах. Вось чаму нашым мсціўцам прыходзілася тут змагацца літаральна на тры франты: не’толькі супраць немцаў, але і супраць літоўскіх і польскіх нацыяналістаў.

І ўсё ж нашы партызаны на Астравеччыне дзейнічалі! Асабліва ў яе паўночнай, больш лясістай частцы. У гэтым я пераканаўся, вывучаючы ў партархіве Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ справы партызанскіх брыгад, якія дыслацыраваліся ў былой Вілейскай вобласці. Аказваецца, весткі аб многіх падзеях ці то не даходзілі да Расолаў, ці то прайшлі міма дзіцячай увагі.

Першымі на Астравеччыне пачалі дзейнічаць атрады партызанскай брыгады імя Варашылава, якой камандаваў Фёдар Рыгоравіч Маркаў, потым Герой Савецкага Саюза. Ледзь не першым баявым хрышчэннем аб’яднаных груп Ф. Р. Маркава і С. А. Пранько ў складзе каля дваццаці чалавек была ліквідацыя паліцэйскага гарнізона ў Клюшчанах, праведзеная 25 жніўня 1942 года.

У сшытку «З гісторыі І-й Вілейскай партызанскай брыгады імя Варашылава», які захоўваецца ў партархіве, клюшчанская аперацыя апісана з каларытнымі дэталямі. Першапачаткова партызаны, гаворыцца ў гэтым рукапісу, заляглі ў Рудні, у трох кіламетрах ад Клюшчан. Адзін нявопытны хлопец выпадкам параніў там Маркава ў руку, і гэта ледзь не сарвала аперацыю. Але камандзір усё ж перамог боль і загадаў правесці штурм у ноч з нядзелі на панядзелак, калі паліцаі, хутчэй за ўсё, будуць п’яныя. Папярэдне была перарэзана тэлефонная сувязь з Кямелішкамі і Лынтупамі. У разведку пайшлі двое — Вася Чорны (Фірсаў) і Харытон Балюцкі. Звесткі, прынесеныя імі, не супадалі: Чорны казаў, што ўсе спяць і вартавога няма, Балюцкаму ж здалося, нібы ён чуў бразгат зброі. Маркаў рашыў акружыць паліцэйскі пастарунак з розных бакоў, некалькімі разрозненымі групамі. Урэшце замаячыў у цемры і сам двухпавярховы будынак. Партызаны заляглі паўкругам. Спачатку меркавалася кінуць у вокны на гранаце, але аказалася, што знутры вокны застаўлены дошкамі. Тады рашылі падпаліць дом. Маркаў загадаў Адольфу Буцько насіць дровы і складваць іх уздоўж сцен. Іншыя кінуліся за саломай. Буцько паднёс да саломы запалку. Праз колькі мінут занялася полымем сцяна.

І тут з дзвярэй прыстройкі нечакана выбегла зусім голая жанчына. Пачуўся лямант: «Не чапайце мяне!» Партызаны крыху разгубіліся: а можа, пастарунак у іншым месцы?!

— Дзе паліцаі? — спыталі яны шэптам.

Жанчына сказала, што паліцыянты на другім паверсе і што іх чалавек з дваццаць. Сама ж яна прыбіральшчыца. Жанчыне даюць накінуць на сябе нейкую адзежыну і адпускаюць у цемру. Праходзіць яшчэ некалькі мінут. Раптам з будынка чуецца голас: «Палаўк!» Па-літоўску гэта азначае: «Пачакай!»

— Ды хрэна ты там уседзіш пад лаўкай! — іранічна кідае Міхал Беспаленаў, абыгрываючы гучанне літоўскага слова.

— Залп! — коратка камандуе Маркаў.

У будынку пачалася. паніка. Праз агонь з акна выскачыў высокі паліцэйскі. За ім другі, трэці. Яны спрабуюць уцячы. Але Пранько страляе з аўтамата, Фірсаў і Кудрашоў — з вінтовак. Ворагі пачынаюць выскакваць з другога акна. У іх цэліцца Асяненка — той самы Васіль Мікалаевіч Асяненка, які тады быў намеснікам па разведцы камандзіра партызанскага атрада імя Суворава, потым стаў старшынёй Астравецкага райвыканкома, а пазней, будучы ў Глыбоцкім раёне, атрымаў за высокія ўраджаі званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Урэшце выскачыў з вінтоўкай і сам камендант. Яго дагнаў Міхал Беспаленаў і агрэў прыкладам. Камендант учапіўся ў партызана. Прыйшлося ворага дабіць.

Такім чынам, гаворыцца ў летапіснай гісторыі брыгады імя Варашылава, ад куль і агню ў Клюшчанах загінула васемнаццаць паліцаяў. І толькі тром удалося знікнуць. Услед за пастарункам партызаны падпалілі валасную ўправу. Мясцовае насельніцтва з радасцю глядзела на гэты «фейерверк».

Наступныя баявыя дзеянні брыгады імя Варашылава на Астравеччыне адносяцца да лета 1943 года. У «Журнале» атрада імя Пархоменкі адзінаццатага чэрвеня 1943 года зроблены такі запіс: «Бародзіч з узводам байцоў спаліў драўляны мост каля Міхалішак на шасейнай дарозе Вільня–Полацк. У баі забіта восем чалавек паліцаяў». Асабліва актыўна дзейнічаў атрад імя Аляксандра Неўскага, створаны на тэрыторыі Астравеччыны вясной 1943 г. на базе дыверсійнай групы М. В. Сцяпанава. Начальнікам штаба гэтага атрада быў С. А. Варламаў. На рахунку атрада — спаленыя кардонная фабрыка ў Альхоўцы, спіртзавод у Палянах, разгромленая малачарня ў Стрыпішках. Трыццатага жніўня партызаны пад камандаваннем Варламава ўзарвалі маслазавод у Кямелішках. Памагаў ім мясцовы сувязны — паляк Стась. Маслазавод знаходзіўся ўсяго ў дваццаці метрах ад будынка, дзе размяшчаўся гарнізон у трыццаць чалавек. Пасля выбуху партызан абстралялі, але яны без страт здолелі адысці ў лес. Немцы, што прыбылі неўзабаве на сямі машынах, у час аблавы ўжо нікога не знайшлі. А літоўскія паліцаі, баючыся, што іх пакараюць, на наступны дзень захапілі зброю і зніклі ў невядомым кірунку.

Некалькі атрадаў брыгады імя Варашылава пабывалі на Астравеччыне восенню 1943 года. Вяртаючыся з Пабрадскага раёна, група пад камандаваннем Сердзюкова з атрада імя Суворава дванаццатага кастрычніка замініравала каля Міхалішак Полацкі тракт. На міне падарвалася машына. Дваццаць другога кастрычніка група Трункова з атрада імя Пархоменкі абстраляла пастарунак у Жукойнях-Жалядскіх. «У выніку абстрэлу, — гаворыцца ў данясенні, — забіты тры і ранены пяць паліцэйскіх, астатнія разбегліся». Дваццаць шостага кастрычніка група Молчана з таго ж атрада «спаліла дзяржаўны маёнтак Свіранкі, узяла некалькі тон хлеба». Атрад «Знішчальпік» пранік у раён Варнян. Дваццаць сёмага кастрычніка ім «на шасэ Астравец-Варняны была знішчана сувязь на адлегласці аднаго кіламетра».

З дваццатага лютага па чацвёртага сакавіка 1944 года некалькі атрадаў брыгады зрабілі аб’яднаны рэйд у бок Вільнюса. Шлях ляжаў праз Супраненты, Жукойні, Кямелішкі, Быстрыцу. На маршы партызаны правялі шэсць баёў. У ноч на другога сакавіка аб’яднаныя сілы трох атрадаў штурмавалі варожы гарнізон у Кямелішках. Захаваліся падрабязныя данясенні аб ходзе аперацыі і нават размаляваная ад рукі карта баявых дзеянняў. З карты відаць, што наступленне вялося з трох бакоў: з поўначы — ад вёскі Вердзялішкі, захаду — ад Хмялян і паўднёвага захаду — ад Загорышак. Пакінуўшы засады на дарогах Міхалішкі–Кямелішкі і Карколішкі–Кямелішкі, партызаны падышлі да мястэчка і пачалі яго атакаваць. Бой працягваўся тры гадзіны. Як сказана ў рапарце, атрады штурмам авалодалі паўднёва-заходняй часткай апорнага пункта праціўніка, занялі два дзоты і акружылі казармы. Але выбіць ворага з казармаў не ўдалося. У аперацыі было забіта дзесяць ворагаў і ранена сем, спалены валасная ўправа, магазін, лесакантора і малачарня. Дасталіся і трафеі — адзін ручны кулямёт і тры вінтоўкі.

У лютаўска-сакавіцкім рэйдзе па Астравеччыне побач з беларусамі, рускімі, прадстаўнікамі іншых народаў удзельнічалі таксама літоўскія партызаны. Намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР Іонас Вільджунас, вядомы сярод падпольшчыкаў пад імем Івана Іванавіча, у кніжцы «Барацьба без перадышкі», выдадзенай у 1971 годзе на літоўскай мове ў Вільнюсе, піша, што праз Кямелішкі часта ішоў шлях у Вільнюс разведгрупы на чале з Вілюцісам, якая ўваходзіла ў атрад Свірына. Вілюціс ведаў гэтыя мясціны як свае пяць пальцаў. І тым не менш адзін з такіх маршаў праз Кямелішкі закончыўся трагічна.

…Неяк у партызанскую брыгаду імя Варашылава прыбыла маладая літоўская партызанка Соф’я Гарадзецкітэ. Дачка каўнаскага адваката, яна дасканала ведала некалькі моў і стала ў Маркава перакладчыцай. Потым рашылі выкарыстаць яе як разведчыцу і паслаць у той жа Каўнас. Да Вільнюса Соф’ю суправаджала група Вілюціса. І вось лютаўскім днём народныя мсціўцы размясціліся на пастой у ваколіцах Кямелішак. Мясцовыя сяляне сказалі Вілюцісу, што з ім хоча спаткацца лейтэнант з літоўскай «самааховы», якая абараняе кямелішскі гарнізон. Вілюціс ведаў лейтэнанта, бо той некалькі разоў перадаваў разведчыкам каштоўныя звесткі. Праз пару гадзін сустрэча адбылася. Прыйшоўшы ў вызначанае месца разам з некалькімі паліцаямі, лейтэнант сказаў, што кямелішскі гарнізон не хоча больш служыць акупантам. Але літоўцы баяцца, што немцы палічаць іх дэзерцірамі і вывезуць у Германію іх сем’і. Таму няхай група Вілюціса інсцэнізуе напад на Кямелішкі і «абяззброіць» іх. Уся зброя ноччу будзе сабрана ў адно месца, так што партызанам аперацыя нічым не пагражае. Вілюціс згадзіўся.

І вось каля адзінаццаці гадзін ночы партызаны ўвайшлі ў Кямелішкі, зайшлі ў прызначаны дом і пачалі чакаць лейтэнанта. Раптам на двары пачулася польская гаворка. Перасцерагальна крыкнуў нешта літоўскі лейтэнант. І — раздаліся стрэлы. Партызаны зразумелі, што трапілі ў засаду, і спрабавалі ўцячы. Але ўжо было позна. Вілюціса і Гарадзецкітэ ля парога дома польскія нацыяналісты збілі з ног, звязалі іх і назаўтра расстралялі.

Што ж адбылося ў Кямелішках? Даведаўшыся праз дзень аб правале, Свірын, натуральна, падумаў, што літоўскі лейтэнант быў звычайным правакатарам. Але потым высветлілася, што ўсё было значна складаней. Пасля сустрэчы з Вілюцісам, ідучы назад у Кямелішкі, лейтэнант і яго людзі наткнуліся на польскіх нацыяналістаў і былі абяззброены. Адзін з паліцаяў лісліва прызнаўся «акаўцам», куды і чаго яны хадзілі. На гэта палякі сказалі: навошта вам, каб вас абяззбройвалі «чырвоныя»? З такім жа поспехам гэта можам зрабіць і мы! Выпытаўшы месца сустрэчы, «акаўцы» рашылі звесці рахункі з савецкімі партызанамі. Лейтэнанту не ўдалося своечасова папярэдзіць Вілюціса аб небяспецы.

Урэшце, у капцы чэрвеня 1944 года на тэрыторыі Астравеччыны пачала дзейнічаць брыгада імя ЦК КП(б)Б, якая і вызваліла Астравец яшчэ да прыходу Чырвонай Арміі. Сфарміравалася гэта брыгада ў сакавіку 1943 года ва Ушацкім раёне. Потым перадыслацыравалася на Вілейшчыну, распачала «рэйкавую вайну». У маі 1944 года, калі брыгада размяшчалася ля возера Нарач, прыйшоў загад Вілейскага падпольнага абкома партыі перамясціцца на Астравеччыну. Тады ж з ліку лепшых партызан утварыліся Астравецкі падпольны райком партыі і райком камсамола. Першым сакратаром райкома партыі стаў Фёдар Іванавіч Ларыёнаў. Ураджэнец Крыўска Уваравіцкага раёна Гомельскай вобласці, ён арганізаваў у роднай вёсцы калгас, узначальваў яго, а затым, у вайну, быў закінуты ў варожы тыл. Цяпер пенсіянер, жыве ў Глыбокім. Другім сакратаром выбралі камісара брыгады Уладзіміра Пятровіча Шчуцкага (цяпер педагог у Вілейцы). Сакратаром райкома камсамола быў вылучаны Васіль Мяфодзьевіч Пелюхаў. Педагог па адукацыі, ён узначальваў палітычнае кіраўніцтва ў першай роце атрада імя Суворава. Пелюхаў адзін вытрымаў няроўны бой з фашыстамі, якія ішлі спаліць вёску Калодзіна на Мядзельшчыне. Пасля вайны працаваў на Астравеччыне дырэктарам Валэйкішскай і Гервяцкай школ. Недарэчна загінуў у аўтамабільнай катастрофе ў 1969 годзе.

Членам бюро падпольнага Астравецкага райкома партыі быў ураджэнец Магілёўшчыны, выпускнік Гомельскага лесатэхнічнага інстытута Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў. Перайшоўшы паўночней Віцебска лінію фронту, ён разам з групай М. З. Умінскага ўліўся ў брыгаду імя ЦК КП(б)Б, стаў камісарам атрада імя Пархоменкі.

…Памятаецца, Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў першым прывёз у Расолы доўгачаканую вестку пра Перамогу. Прымчаўся ён надвячоркам на ўспацелым кані. Прывязаўшы яго да жэрдкі, паправіў шырокі вайсковы рэмень, на хаду спытаў, дзе бацька, і пайшоў у кусты, дзе з лазні, ад напаленых камянёў, ішоў дымок. Зразумела ж, мы пашыбавалі за ім.

— Кідай, стары, паліць у лазні! — загадаў ён бацьку. — Перамога! Чуеш, стары, мір падпісаны! Трэба хутчэй сабраць людзей. Хай усе ведаюць, усе радуюцца!

— Я мігам, Фёдар Мікалаевіч, мігам!

Праз якую гадзіну ў хаце было паўнютка. Прыйшоў нават Верамей, які на сходы не хадзіў ніколі. Усе ўважліва слухалі, што казаў ім «райкомаўскі начальнік». Пра тое, які нялёгкі быў шлях да Перамогі і колькі ахвяр ён патрабаваў. Пра тое, што нарэшце наступіў мір і трэба будаваць новае, мірнае жыццё. Доўга гаварылі ў той вечар, пасеўшы на лавы і ложкі. Ну і чарка «кустоўкі» знайшлася, вядома. Дзіцячая памяць захавала прозвішча чалавека, які без сядла прыехаў на чорным кані, — Івендзікаў.

А потым, гартаючы ў 1967 годзе кніжку І. Клімава і Н. Гракава «Партизаны Вилейщины», я зноў натрапіў на тое ж прозвішча. У кнізе прыводзіўся склад Астравецкага падпольнага райкома партыі: Ларыёнаў Ф. І. — сакратар, Шчуцкі У. П., Івендзікаў (без ініцыялаў) — члены бюро.

— Ці не той самы гэта Івендзікаў? — мільганула думка.

А яшчэ праз пару год, пасля аднаго майго артыкула ў «Советской Белоруссии», на кватэры раздаўся тэлефонны званок:

— Скажыце, а вы часамі родам не з Астравецкага раёна? Дужа рэдкае прозвішча, сустракаецца толькі там…

Аказалася, што Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў цяпер старшыня Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў лясной, папяровай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, што жывём мы ў суседніх дамах і, безумоўна, не раз сустракаліся, хоць і не пазнавалі адзін аднаго. З таго часу пачалі вітацца. Усё дамаўляліся аб сустрэчы, але па-сапраўднаму сустрэліся і ўволю пагаварылі толькі напярэдадні 30-годдзя вызвалення Беларусі. Прыйшоў Фёдар Мікалаевіч стомлены цяжкім днём, але калі гаворка пайшла пра падзеі вайны, у ягоных светла-сініх вачах зноў успыхнулі іскрынкі бадзёрасці. Нібы побач сядзеў не паўнаваты чалавек з акуратным праборам сівых валасоў, а той няўрымслівы мужчына, амаль юнак, падпяразаны шырокім скураным рамянём.

Расказвае Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў:

— Гэта было дзесьці дваццатага мая. Партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б толькі што з цяжкасцю выйшла з акружэння ў Докшыцкім раёне і размясцілася на Мядзелыпчыне. Наш атрад знаходзіўся ў вёсцы Рудзічы, іншыя атрады — у Сватках і Пількаўшчыне, адкуль родам Максім Танк. Дарэчы, камандзірам атрада імя Жукава быў у нас Браніслаў Андрэевіч Жук, які цяпер жыве на Астравеччыне. Астравецкі райком стварыўся па рашэнню Вілейскага абкома. На пасяджэнні бюро збіраліся мы амаль кожны дзень: прымалі ў партыю людзей, абмяркоўвалі сітуацыю і настроі мясцовых жыхароў, заслухоўвалі сваіх разведчыкаў, што вярталіся з Астравецкага раёна. У канцы чэрвеня на партыйным сходзе стаяла пытанне аб разгроме фашысцкіх гарнізонаў у Астраўцы і Гудагаі. Брыгада тады лічыла больш трохсот трыццаці чалавек, з іх дзесяць членаў партыі, восемдзесят тры камсамольцы.

На Астравеччыну перамясціліся мы прыкладна праз месяц — у канцы чэрвеня. Фарсіраваўшы Вілію і Ашмянку, дабраліся да Якентан. Некалькі дзён правялі ў лясах. Урэшце рашылі штурмам узяць Астравец. Трэцяга ліпеня выйшлі да вёскі Бялькішкі. Тут, у лагчыне, у густым альшэўніку, у нас быў «разварот». Адзін атрад скіраваўся направа, на варнянскую дарогу. Другі — налева, прыкладна да цяперашняга райпрамкамбіната. Атрад жа, у якім быў я, пайшоў прама па жыце на Астравец. Раптам у мястэчку раздаўся не то стрэл, не то выбух. Відаць, немцы нешта ўзарвалі. Можа, склад з боепрыпасамі. І адразу пачаўся пажар. Гэта важна падкрэсліць. Потым пайшлі чуткі, што Астравец падпалілі партызаны. Але ж нам не было ніякага сэнсу гэта рабіць. Наадварот, мы далі каманду, каб ніхто не страляў запальнымі кулямі. Пажар пачаўся яшчэ да нашых першых залпаў.

На жаль, групе аўтаматчыкаў, якую мы скіравалі ў абход, не ўдалося перарэзаць дарогу Астравец–Гудагай. Перашкодзіла рака, балоты. Таму каля дзевяноста гітлераўцаў з астравецкага гарнізона прарваліся ў Гудагай. Адтуль нас абстралялі з гарматы. Але мястэчка было ўжо наша. У Астраўцы мы ўзялі добрыя трафеі: шэсць кулямётаў, сорак вінтовак, аўтамашыну, два матацыклы, два склады з харчамі, дзвесце галоў жывёлы, якую тут жа вярнулі насельніцтву. У цэлым жа на Астравеччыне мы выратавалі і перадалі Савецкай уладзе дванаццаць млыноў, дзве цагельні, лесапільню, дзве электрастанцыі, чатыры трактары, два лакамабілі.

Назаўтра раніцай наша баявая дарога павяла з Астраўца на Гудагай. Вораг супраціўляўся тут мінут трыццаць — сорак. Але пасля дзвюх атак мы перарэзалі чыгунку з боку вёскі Палушы, падпалілі казармы. І тады рэшткі фашыстаў, чалавек з дзесяць, уцяклі па збажыне на Табарышкі. На станцыі і паблізу яе мы захапілі чатыры эшалоны праціўніка з розным ваенным грузам. На пошце аказалася многа нямецкіх пасылак з прадуктамі — акупанты адпраўлялі дамоў беларускае сала і каўбасу. А ў мястэчку Гудагай, за чатыры кіламетры ад станцыі, узялі склад з абмундзіраваннем і пасцеллю. Гэта было нам надта на руку, бо ў паходах мы паабнасіліся. Самы ж галоўны вынік гудагайскай аперацыі ў тым, што мы ў двух месцах перарэзалі чыгунку з Маладзечна на Вільнюс. На перагоне Солы–Гудагай і далей, на Шумск, узарвалі каля двухсот рэек. І таму за некалькі дзён на захад не прарваўся ніводны нямецкі эшалон. А ў Смаргоні ж іх сабралася нямала…

Такім чынам, яшчэ да прыходу рэгулярных часцей нашай Арміі ў Астраўцы, Гудагаі, Варнянах і іншых вёсках устанавілася Савецкая ўлада. Дарэчы, райцэнтраў, вызваленых партызанамі, не так і многа: Карэлічы, Узда, Капыль, з былых — Любча, Старобін, Свір. Вось, здаецца, і ўсё. Пасля вызвалення штаб нашай брыгады і разведчыкі размясціліся ў вёсцы Кавалі, першы атрад пад камандаваннем Крэмса — на станцыі Гудагай і ў Табарышках, другі — у Астраўцы, трэці — у Гервятах, чацвёрты і пяты — у Варнянах і Дравяніках. Пачалі рамантаваць масты, лавіць па лясах немцаў, літоўскіх паліцаяў і польскіх легіянераў. Бюро райкома партыі збіралася тады кожны дзень. Абмяркоўвалі данясенні разведчыкаў, якія хадзілі ў бок Вільнюса. Хачу сказаць, што мясцовае насельніцтва вітала нас вельмі цёпла. Усе запрашалі ў хаты, частавалі. Я і цяпер з удзячнасцю ўспамінаю Браніслава Кацінеля, у доме якога я тады жыў…

У Астраўцы ж наша брыгада злучылася з Чырвонай Арміяй. Да яе прыходу жыхары мястэчка падмялі вуліцы, вывесілі чырвоныя сцягі. Здаецца, шостага ліпеня ў Якентанах нашы разведчыкі спаткаліся з разведчыкамі 144-й стралковай дывізіі Трэцяга Беларускага фронту. Было іх семнаццаць чалавек, у тым ліку трое конных. Усе яны прыбылі ў Астравец. Мы іх шчодра пачаставалі, пешым далі коней — і паехалі яны далей, на Палушы. А к вечару пайшлі рэгулярныя часці. Воінамі і баявой тэхнікай былі запруджаны літаральна ўсе дарогі — з Варнян, Якентан, Дзягенева. Усё гэта рухалася на Шумск і Вільнюс — далей на захад.

Пасля злучэння з Чырвонай Арміяй брыгада імя ЦК КП(б)Б была расфарміравана. Большасць партызан пайшлі дабіваць ворага. Некаторыя засталіся на Астравеччыне, каб стаць на чале розных участкаў партыйнага і савецкага жыцця. Фёдар Мікалаевіч Івендзікаў загадваў агульным аддзелам райкома партыі. Першым яго сакратаром з месяц заставаўся Фёдар Іванавіч Ларыёнаў, якога потым накіравалі старшынёй райвыканкома ў Шаркаўшчыну, а на яго месца прыбыў Іван Васільевіч Мацюшаў. Удзельнік вызвалення Астраўца Сямён Мацвеевіч Місуноў паехаў адбудоўваць Мінск, стаў машыністам бульдозера, а ў 1958 годзе атрымаў Героя Сацыялістычнай Працы; у Мінску выйшла яго кніжка «Механізмам — поўную нагрузку». Некаторыя з партызан брыгады імя ЦК КП(б)Б жывуць у Астраўцы і цяпер. Гэта муж і жонка Ліпскія, Катасонавы, браты Алексяёнкі, медсястра Ганна Пятроўна Сітнікава, Аляксандр Піменавіч Яфрэмаў, Цімафей Аляксеевіч Ігнаценка. Родам яны пераважна з Ушаччыны, дзе фарміравалася брыгада.

Многа на Астравеччыне і былых партызан Шаснаццатай Смаленскай брыгады, якая вызваляла Міхалішкі, пад няспыннай бамбёжкай варожай авіяцыі адбудавала тут разбураны мост. Былая адважная разведчыца Валянціна Сцяпанаўна Астапава, якая згубіла ў вайну ўсіх сваіх блізкіх, узначальвае цяпер раённую планавую камісію. Адзін з самых паважаных астраўчан — былы намеснік камандзіра брыгады Васіль Сяргеевіч Дублёных. Мікалай Сяргеевіч Беркутаў рэдагаваў пасля вайны астравецкую раёнку. Менавіта ён угаварыў мяне калісьці напісаць першую заметку ў газету. Пасля, у 1964 годзе, выдаў кніжку «Ой, бярозы ды сосны…», дзе ёсць некалькі радкоў пра міхалішскую аперацыю. Партызаны сталі на чале амаль усіх сельсаветаў.

У жніўні і верасні 1944 года сотні жыхароў Астравеччыны далучыліся да воінаў Чырвонай Арміі. Сапёрам стаў Антон Міхайлавіч Урбановіч з вёскі Гіры. Ён размініраваў некалькі тунеляў у Варшаве, адважна ліквідаваў апутаныя дротам штабелі бомб і снарадаў ля польскай вёскі Кшывіцэ. Чатыры ўзнагароды ПНР знайшлі яго праз 25 год. Уцёкшы з работ у Германіі, служыў у разведцы Другога Украінскага фронту Эдвард Вікенцьевіч Лаздоўскі. Цяпер ён жыве ў Міхалішках. Дакінуўшы ў ваенкамаце да сваіх семнаццаці год яшчэ два, пайшоў у Войска Польскае Франц Станіслававіч Дамброўскі. Радавым салдатам зенітнага батальёна вызваляў ён Варшаву і Берлін. Цяпер шафёр Астравецкай аўтабазы, ударнік камуністычнай працы. У нямецкім гарадку Фройльвальдунг, атакуючы ў лоб дзот, загінуў адзін з першых, яшчэ даваенных камсамольцаў раёна ўраджэнец Варнян Аляксандр Кардзіс. Дзесяткі прозвішчаў тых, хто загінуў у баях за Радзіму, высечаны сёння на сціплых абелісках, што стаяць у цэнтрах вёсак — у Гервятах і Гірах, Чэхах і Бабраўніках, Падольцах і Міхалішках.

Пасля вызвалення жыццё Астравеччыны пачало паступова нармалізавацца. Аднавіліся ўсе тры даваенныя калгасы — у Варнянах, Гервятах і Вітках. Да 7 лістапада 1944 года ўступіла ў строй астравецкая лесапільня. Потым далі прадукцыю цагельня, некалькі вапнавых ям, арцелі столяраў у Малях, бондараў у Кумпянах, шорнікаў у Каценавічах. Астравецкая МТС на чале з былым партызанам Браніславам Андрэевічам Жукам арганізавала курсы механізатараў. У дні веснавой сяўбы 1945 года трактарысты Іван і Леанард Валуевічы на сваіх «націках» перавыконвалі дзённыя нормы ў два з лішнім разы. Беззямельныя і малазямельныя сяляне атрымалі каля дзвюх тысяч гектараў панскай зямлі. Ужо ў верасні 1944 года ў шасцідзесяці трох школах раёна села за парты пяць тысяч шэсцьсот вучняў. Працавалі два дамы сацкультуры і чатырнаццаць хат-чытальпяў. Лепшай лічылася байканская, дзе «ізбачка» Соф’я Вікенцьеўна Кандратовіч, потым дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, арганізавала драматычны і харавы гурткі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. З Маладзечна ў Гудагай пачаў хадзіць «рабочы» поезд — вагоны былі таварныя, «цяплушкі», але абстаўленыя доўгімі драўлянымі лаўкамі. На вуліцы ў Астраўцы загарэліся першыя пяць электралямпачак, гучна загаварыла радыё. Музыкі зноў сталі па вёсках іграць вяселлі і вечарынкі, на якіх падлеткі фарсілі ў фрэнчах, перашытых з трафейных шынялёў.

Найпершым клопатам тады была, вядома, дапамога фронту. Збожжа ў фонд Чырвонай Арміі здавалі нават тыя, хто меў ільготы. Па выніках хлебапаставак у 1944 годзе Астравецкі раён заваяваў Пераходны Чырвоны Сцяг абкома партыі і аблвыканкома. Сяляне Дравяніцкага сельсавета адправілі савецкім воінам падарункі: палатно, пальчаткі, ваўняныя шкарпэткі, шалікі, насавыя хусцінкі, сала, грошы. Вучні Астравецкай школы сабралі на эскадрыллю «Савецкі школьнік» тысячу трыста рублёў, Быстрыцкай — тысячу дзвесце рублёў. Самаахвярна працавалі сяляне на зімовых лесанарыхтоўках. Пілуючы драўніну, сёстры Браніслава і Ядвіга Юхно з Зыбнішак, Алена і Яніна Курыла з Ігнацова выконвалі дзённыя нормы на сто дваццаць – сто пяцьдзесят працэнтаў.

Што і казаць, часы тады былі цяжкія. Па лясах бадзяліся разнамасныя банды Яцмана, Кукаловіча, Карвецкага. Яны рабавалі і тэрарызавалі сялян, забівалі актывістаў. Ад варожай кулі загінуў старшыня Дравяніцкага сельсавета Якушчонак. Ловячы бандыта Баранчыка-Куліса, які засеў на падстрэшку аднаго з хутароў, загінулі работнікі міліцыі Пагажэлвскі і Бяляеў. На мемарыяльнай дошцы, прымацаванай да будынка міліцыі, акрамя іх прозвішчаў значацца прозвішчы Васілевіча, Дайлідовіча, Міхаля, Рагожнікава, Сташкевіча, Шыціка, Яфімава. Распаўсюджваліся правакацыйныя чуткі аб часовасці Савецкай улады. Варнянскі селянін Ляховіч патаемна купіў ад суседа кавалак зямлі за трыста пяцьдзесят пудоў жыта і трыццаць тысяч рублёў грашыма, а ў купчай, падпісанай ксяндзом, было сказана, што купля «становіцца сапраўднай толькі пасля ўладкавання становішча». Ворагі на поўным сур’ёзе расказвалі жахі пра калгаснае жыццё, дзе, маўляў, усе будуць спаць пад адной коўдрай, а коўдру гэту будзе пацягваць трактар.

Але Астравеччына справілася з усімі пасляваеннымі цяжкасцямі. Кожны год, кожны месяц тады прыносіў нешта новае.

А сёння? Што ведаю я пра сённяшнюю Астравеччыну? Хто сёння ідзе ў перадавіках? І ў які калгас ці саўгас мне перш за ўсё накіравацца? Значыць, трэба скласці паперы і ісці да «першага».

Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя, першы сакратар Астравецкага райкома партыі, аказаўся якраз у кабінеце. Дапытліва глянуў прымружанымі вачыма:

— Заходзьце. Чаго ж стукаць, калі дзверы адчынены?

— Уявіце сабе, Дзмітрый Канстанцінавіч, — крышку няўпэўнена і ўзнёсла пачаў я, адрэкамендаваўшыся гаспадару кабінета, — што вы камплектуеце раённую дэлегацыю з пяці чалавек, каб паслаць на сустрэчу з жыхарамі іншай планеты. Выбіраеце «самых-самых». Каб не сорамна было за раён, за нашу краіну, у рэшце рэшт, за ўсю зямлю. Каго б вы назвалі?

— Колькі павінна быць кіруючых работнікаў і колькі радавых? — усміхнуўся першы.

— А гэта па вашаму меркаванню.

— Ну тады давайце падумаем разам.

Хутка аказалася, што «разнарадкі» ў пяць чалавек не хопіць аніяк. У маім блакноце з’явілася дзесятае, пятнаццатае, дваццатае прозвішча. І ўсё «самыя-самыя».

— Я вам не навязваю іх. Прыгледзьцеся асабіста. Акажуцца нецікавымі — не пішыце.

— І апошняе, Дзмітрый Канстанцінавіч, дазвольце на адзін дзень стаць вашым «ценем» у паездцы па раёну.

— Што ж, — характэрным рухам першы адкінуў назад непаслухмяныя валасы, — на тым тыдні я іду ў адпачынак. Але да гэтага паспрабуем паездзіць. Праз пару дзён, пасля настаўніцкай канферэнцыі. Вам, відаць, цікава будзе пабываць і на канферэнцыі.


Загрузка...