7.


У «богам пазабытым» кутку. Справа ўсяго яго жыцця. Там, дзе чорт уссеўся на ледавік. Што паказала анкета. Трактарыст з душой інтэлігента. Першы Герой Сацыялістычнай Працы ёсць — хто наступны?

Вацлаў Іванавіч Блажэвіч, думалася мне на папутцы па дарозе ў Астравец, закончыў усяго пару класаў пачатковай школы. Але яго зацікаўленні шырэй, чым у іншага дыпламаванага спецыяліста. Паслухалі б вы, як ён эрудзіравана і дасціпна каменціруе міжнародныя падзеі, як ведае мінулае свайго кутка зямлі. Паэзію ён мог бы чытаць на памяць, мусіць, усю ноч. Нешта ж разбудзіла ў яго імкненне да прыгожага, прагу духоўнасці, Ці, можа, тут справа ў «прыроджанай быстрасці», як ён сам казаў, у спрадвечнай народнай цікаўнасці і кемлівасці?!

А як гэта імкненне да прыгожага выхоўваецца ў маладога пакалення Астравеччыны? Які эстэтычны зарад атрымоўваюць школьнікі?

Вярнуўшыся ў Астравец, іду ў аддзел народнай асветы. Леанід Уладзіміравіч згодзен, каб у дзвюх-трох дзесяцігодках правесці нешта накшталт анкеты. Выбіраем сельскую ў Жукойнях і местачковую ў Міхалішках. Яно добра было б узяць і Астравецкую, толькі не хопіць ужо часу.

У Жукойні рашыў дабірацца кружным шляхам, праз Спонды. Трэба паглядзець музей партызанскай славы ў Спондаўскай дзесяцігодцы.

За Віліяй праз прыцярушаныя дробным дажджом шыбы пільна ўглядаюся ў навакольныя краявіды. Калісьці тут, у Баранях, у мнагадзетнай сям’і лесніка, парадзіўся беларускі клерыкальны паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч, 1890–1926). Чалавек супярэчлівага жыццёвага і творчага лёсу, у сваім вершаваным зборніку «Мая ліра», выдадзеным у Вільні ў 1924 годзе, ён выкрываў сацыяльны і нацыянальны ўціск беларускага селяніна, шчыра спачуваў яго нядолі, за што ледзь не трапіў у турму. Але глядзеў ён на жыццё вачыма ідэаліста, раздвоены, не мог выйсці з «блуднага кола». Тут, у Клюшчанах, Сваяк нейкі час працаваў ксяндзом, намагаючыся па меры магчымасці даць сялянам грамату, тут у 1916 годзе ставіў свае драматычныя сцэнкі. У адным з твораў ён пісаў, што народ у гэтых мясцінах жыве ціхі, «богам пазабыты». Удалечыні ад гарадоў і вялікіх дарог, сяляне ніколі не вылазілі тут з «цемры і забітасці». Вось што, своеасабліва ўторачы Казіміру Сваяку, сведчыў у сваёй кнізе «Пад возам і на возе» (Кракаў, 1911) ксёндз Ю. Бародзіч, папярэднік Сваяка па Клюшчанскай парафіі. Рэакцыянер, ваяўнічы паланафіл, адзін з ініцыятараў усмірэння сялянскага бунту 1905 года ў Жукойнях-Жалядскіх, ён тым не менш вымушаны быў прызнаць: «Клюшчанская парафія, якая лічыць тры тысячы душ, з’яўляецца самай беднай у епіскапстве, бо знаходзіцца ў закінутай ваколіцы — далёка ад чыгуначнай станцыі, а зямля тут пясчаная, мала ўрадлівая. Народ тут мяшаны, складаецца з беларусаў, палякаў і літоўцаў, вельмі цёмных і забабонных, пераважна непісьменных». Раней адсюль у газеты паступалі толькі сумныя весткі накшталт вось гэтай, узятай з першага нумара «Нашай нівы» за 1915 год: «Клюшчаны. Зладзеі абакралі беднага селяніна, апошнюю адзежу, ало злыдняў злавілі, ды тыя падмазалі сведкаў».

Сёння «закінутая ваколіца» выраўнялася з іншымі мясцінамі. Выпрасаваныя ледавіком палі рэжуць трактары. Насустрач густа трапляюцца машыны і матацыклы. У Страчы і іншых вёсках на вуліцы асфальт. Над хатамі — густы лес высокіх тэлеантэн. Многа цагляных дамоў. Спондаўская дзесяцігодка таксама месціцца ў тыпавым двухпавярховым будынку.

Школьны музей паказвае яго энтузіяст Іван Мікітавіч Мартынаў. Невысокі ростам, хударлявы, рухавы, ён ніколі не ходзіць спакойна, а ўсё бяжыць подбегам, усё спяшаецца. З выгляду яму ніколі не дасі пяцідзесяці сямі гадоў.

— На старасць у мяне ёсць тры лякарствы, — смяецца Іван Мікітавіч, — рыбалка, дарога (сюды я дабіраюся штодзень са Свіры за дванаццаць кіламетраў: летам на мапедзе, а зімой і пешшу) і вось гэты музей. Вывучаць гісторыю партызанскага руху стаў таму, што сам партызаніў у Нарачанскім краі. Вось мы часта гаворым: ніхто не забыты і нішто не забыта, а многае забываецца ж. Тут я стаўлю перад сабой дзве мэты: зберагаць памяць пра народны подзвіг і на яго прыкладзе выхоўваць маладое пакаленне.

Школьны музей цесніцца ў маленькім пакойчыку. Раней тут быў пусты канец калідора. Старшыня калгаса «Ясная Паляна» Сяргей Міхайлавіч Мароз у парадку шэфства памог зрабіць сценку, дзверы. Вучні выгаблявалі і зашклілі стэнды, на якіх — сотні фатаграфій і жыццяпісаў, размешчаных у строгім і, можа, крыху аднастайным парадку.

— Пачалося ўсё з матэрыялаў пра ўраджэнца вёскі Жукойні-Жалядскія Аляксандра Паўлавіча Сільмановіча, — каменціруе Мартынаў, узняўшы на лоб масіўныя акуляры. — Да рэвалюцыі ён выехаў у Піцер, працаваў на фабрыцы «Вулкан». У верасні 1917 года ўступіў у партыю. Удзельнік штурму Зімняга. Падаўляў банды генерала Шкуро. Сільмановіч некалькі разоў бачыў і чуў Леніна: ля Фінляндскага вакзала, у Народным доме, на гістарычным пасяджэнні Петраградскага Савета. Слухаў і ў час вучобы на курсах прапагандыстаў ЦК. Успаміны Аляксандра Паўлавіча надрукаваны ў кнігах «Герои Октября» і «Ленин всегда живой», выдадзеных у Ленінградзе і Варонежы. Цяпер Сільмановіч персанальны пенсіянер, жыве ў Маскве. Адтуль прыслаў дзецям абедзве кніжкі з аўтографамі.

Пераходзім да стэнда з партызанскімі лістоўкамі, данясеннямі. Вось заява аб прыёме ў партыю народнага мсціўца Яўгена Брадовіча, на якой скупа напісана: «Забіты». Вось гімназічная фатаграфія Фёдара Рыгоравіча Маркава.

— У брыгадзе Маркава, — расказвае Іван Мікітавіч, — я партызаніў, выконваў абавязкі камісара атрада імя Суворава, уваходзіў у Пастаўскі падпольны райком камсамола. У партызаны трапіў, уцёкшы з палону — нас акружылі ў першыя ж дні вайны за Каўнасам, амаль на граніцы. Не раз ваяваў і тут, на Астравеччыне, каля Клюшчан і Спондаў. Непадалёку адсюль загінула адважная камсамолка Надзея Асяненка. Яе імем хочам назваць сваю піянерскую дружыну, робім пра яе асобны стэнд.

— Мусіць, не раз даводзілася, партызанячы, бываць у цяжкіх пераплётах?

— Чаму ж. Аднойчы нас, пяцёра разведчыкаў-камсамольцаў, паслалі на заданне да чыгункі Вільнюс–Полацк. Ноччу мы дабраліся да вёскі Норкавічы, пад Лынтупамі, спыніліся на хутары перадыхнуць. На варце паставілі Усевалада Партаса. Агледзеў ён усё — здаецца, спакойна. Але цішыня была зманлівая. Аказваецца, гітлераўцы высачылі нас па дарозе і паслалі ў Норкавічы атрад з дваццаці трох паліцаяў. Заданне ў іх было: узяць нас жыўём. Камандаваў здраднікамі нейкі Яцэвіч. Паліцаі бясшумна акружылі хутар, бясшумна знялі нашага вартавога. Яцэвіч з двума прыхваснямі ўварваўся ў сені, адчыніў дзверы ў хату і скамандаваў па-польску: «Рэнцэ до гуры!» Ускочыўшы з ложка, я хацеў выхапіць пісталет, але куля тут жа перабіла мне правую руку. Тады левай рвануў да сябе з кута аўтамат, нацэліў на дзверы і неяк націснуў на спуск. Яцэвіч, хапаючыся за дзверы, асеў на зямлю. Яго ранены дружок кінуўся за печку. Але тут ворага дабіў прыкладам Яўген Будзько. Тады мы дружна выскачылі на вуліцу і, хоць параненыя, адкрылі агонь. Паліцаі разбегліся хто куды. Сяляне перавязалі мяне суровым палатном, і мы паволі вярнуліся на сваю базу.

— З Маркавым, відаць, часта давялося сустракацца?

— Вельмі часта. І ў вайну, і потым. Я пад яго начальствам потым восем год працаваў у Маладзечанскім аблвыканкоме, дзе ён першым намеснікам старшыні быў. Ведаеце, мне давялося па яго заданню тут, у Клюшчанах, Трашчанах, Спондах, калектывізацыю праводзіць. Сказаў мне Маркаў: «Ты прывык слухацца, ты і едзь». У лясах тады многа бандытаў было. Едзеш на падводзе, бачыш: у лесе цыгаркамі зацягваюцца. Прыкінешся мясцовым — белы каўнерык наверх адкладзеш, пра вечарынку голасна гаворыш. А мне ж цяжка па-беларуску гаварыць, я ж родам з Саратаўскай вобласці… Добра. Прыехаў у Клюшчаны. З чаго пачаць? Рашылі пачаць з Кісялёў, дзе найбольш хутароў было. Калі там пойдзе, то і ў вёсках пойдзе. Сабралі актыў, дабраліся да Кісялёў. Стукаем у дзверы — пазачыняны. Тады рашылі інакш. Нанялі музыканта, устроілі вечарынку, усю ноч танцуем. А чуць зара, сабраў сваіх, размеркаваў на хатах і сказаў: «Цяпер бабы павінны выходзіць, каб кароў падаіць, дык вы далікатна так падыдзіце, дайце добрыдзень і запрасіце на сход. Тут ім не будзе куды дзявацца…» Добра! — гэта слова гучыць у вуснах Івана Мікітавіча часта і сакавіта. — Сабраліся на сход адны мужчыны. Дзве гадзіны расказваю пра калгасы. Гавару: вам жа лепей будзе, калі раней уступіце. Пачалі галасаваць. Ніхто не хоча першым падымаць руку «за». Тады пытаюся: а хто проціў? Таксама ніхто. Добра, кажу, тады давайце выбіраць праўленне. Выбралі. «Ну што, — кажу, — жадаю поспеху вашаму калгасу, бывайце!» — «Э, так не пойдзе, — гамоняць, — спачатку мы вас падкінем. Вы ж нас абхітрылі: мы вас у абед чакалі, а вы ў хатах ні свет ні зара заявіліся». Добра. Падкінулі мяне ўверх, знеслі па паўлітэрцы самагонкі. Так і пачаўся першы ў Клюшчанскім сельсавеце калгас. У Масцянах і Лакцянах было ўжо лягчэй. «Маладзец! — пахваліў мяне Маркаў, прыехаўшы сюды. — Трэба, каб усе ў цябе падыходу вучыліся.»

— Вы б пра Маркава ўспаміны напісалі.

— Паступова збіраю матэрыялы. Вось зрабіў артыкул для зборніка «Люди Нарочанского края». Але ўсё нестае часу. Многа сіл музей аднімае. Цяпер мы задумалі паказаць не толькі брыгаду Маркава і не толькі свой раён, але ўвесь Нарачанскі край, усе брыгады, якія тут дзейнічалі. Праз сельсаветы выявілі ўсіх жывых партызан у суседніх раёнах, у тым ліку і ў Швянчонскім. Паслалі ўсім партызанам пісьмы з просьбай прыслаць фота і кароткую біяграфію. Пісалі ад рукі, бо машынкі ў нас няма. Не ўсе адклікнуліся: то сфатаграфавацца не збяруцца, то лічаць нас несур’ёзнай арганізацыяй. Ало кожны дзень прыходзіць да дваццаці пісем. Усё вось тут, у алфавіце зарэгістраваны. Няхай для гісторыкаў партызанскага руху будуць. У музеі праводзім сустрэчы з удзельнікамі вайны, урокі мужнасці. Бацькі заходзяць, вучні суседніх школ. Адзін не справіўся б, вядома. Савет музея дапамагае — Надзя Свірбут, Люда Валуевіч, Валодзя Чарняўскі. Прыемна, што мой энтузіязм стаў іх энтузіязмам. Значыць, недарма жыццё жыву.

Па сваёй сціпласці Іван Мікітавіч утаіў ад мяне, што музей, гісторыя партызанскага руху — не адзіная яго «палымяная страсць». Ён яшчэ прыроджаны прапагандыст, кіраўнік раённага семінара прапагандыстаў па навуковаму камунізму. Супрацоўніца раённай газеты Ала Уладзіміраўна Ражко, якая была ў яго на занятках у школе асноў марксізма-ленінізма калгаса імя Янкі Купалы, расказвала, мне, што такой уважлівасці і арганізаванасці слухачоў яна не сустракала нідзе. Агульны матэрыял умела ўвязваецца з мясцовым, гавораць людзі сваімі словамі, без падглядак. А яшчэ Іван Мікітавіч — прыроджаны лектар. Вучыць лектарскаму мастацтву школьнікаў. Дае ўсім магчымасць карыстацца сваёй багатай бібліятэкай і картатэкай. Таму імя Івана Мікітавіча, выдатніка народнай асветы, прапагандыста з трыццацігадовым стажам, занесена на абласную Дошку гонару.

— А яшчэ мы думаем, — сказаў Мартынаў, збіраючыся, нягледзячы на ноч і дождж, ехаць на мапедзе ў свой Свір, — стварыць у музеі інтэрнацыянальны куток. Ужо атрымалі матэрыялы ад Бронюса Урбонавічуса з Літвы. З Рыгі адгукнуўся Сяргей Варламаў, які тут, на берагах Страчанскага возера, у красавіку 1942 года арганізаваў свой дыверсійны атрад… Вы не глядзіце, што мне скора на пенсію. Я многае яшчэ здужаю. Пры адной толькі ўмове: калі на мяне ніхто не крычыць. Спрабавалі тут па дробязях: «У бараноў рог сатру!» На хамства я проста не рэагую, замыкаюся ў сабе. І далей ціха раблю справу свайго жыцця!

«Сапраўдны падзвіжнік! — падумалася мне, калі я застаўся адзін у незнаёмай настаўніцкай кватэры: гаспадары, ад’язджаючы ў госці, пакінулі ключы. — На такіх заўсёды трымалася і трымаецца асвета, народная культура».

Назаўтра раніцай прамой дарогай, што ледзь віднелася ў тумане, падаўся на Жукойні. Іх тут двое: Жукойні-Жалядскія, дзе калісьці быў кляштар, і проста Жукойні — калісьці цэнтр Аляксандраўскай воласці Свянцянскага павета. Паўз дарогі прывідамі выплывалі з туману стогадовыя дрэвы, урослыя ў зямлю хутары. Ля Каймін (Кайміны па-літоўску — суседзі) доўга любаваўся азёрамі-блізнятамі, злучанымі шырокай пратокай, якія нібы спалі, ухутаныя коўдрай-туманом, у зямным улонні, а гэты сон сцераглі стромкія ўзгоркі, парослыя купамі сосон. Мясцовыя людзі і гамоняць, што гэта злосны чорт усеўся тут на ледавік і наараў такога.

У акуратным будынку Жукойненскай дзесяцігодкі, упрыгожаным вясёлым чырвона-зялёным арнаментам (нанесла яго на сцены сама дырэктар школы Лідзія Іванаўна Рубан), знаходжу адну з лепшых настаўніц беларускай мовы і літаратуры ў раёне Лілію Іванаўну Ромаш. Разам з ёй праводзім задуманую анкету. Дзесяць пытанняў — па беларускай літаратуры, дзесяць — з іншых галін, каб вызначыць агульнакультурны кругагляд. У заключэнне: кім хочаш стаць і дзе хочаш жыць. І коратка: як уяўляеш сваё жыццё год праз дваццаць. Падпісвацца не абавязкова… Адказы атрымаліся цікавыя. Ало вывады рабіць ранавата, бо ў класе ўсяго адзінаццаць вучняў. Паглядзім, што будзе заўтра ў Міхалішках. Там жа два дзесятыя класы.

— Ды і ці дасць што істотнае гэта анкета? — думалася мне ў час няблізкай пешай дарогі ў Міхалішкі. — Ну добра, сёння я высветліў, што з адзінаццаці вучняў толькі трое змаглі па памяці назваць галоўных герояў коласаўскай трылогіі «На ростанях». Але ж можна ведаць прадмет, вызубрыць яго дзеля экзаменаў — і застацца эмацыянальна глухім, не загарэцца святым агнём любві да яе вялікасці літаратуры. Іншы вучань добрасумленна пералічыць усе раскладзеныя па полачках «рысы» Лабановіча, аднак з расчлененых частак у яго ўяўленні не ўзнікне мастацкі вобраз. Галоўнае — ці з’явіцца ў школьніка ўнутранае жаданне звяртацца да той жа трылогіі на працягу ўсяго жыцця. Ці стане ён пасля школы перачытваць Купалу і Багдановіча. Не сакрэт жа, што вучні часам на пяцёркі пішуць сачыненні, нават не прачытаўшы сам твор. Нашто абцяжарваць сябе нейкімі там эмоцыямі, калі галоўнае — адзнака, галоўнае — экзамены, а літаратуры, чалавеказнаўству ў сістэме гэтых адзнак і экзаменаў адводзіцца далёка не галоўнае месца… Вось і выходзяць са школы людзі, часта нагружаныя вялікай сумай ведаў, але духоўна, эмацыянальна збедненыя. Іх задаволіць транзістарны музычны эрзац, гультаяванне перад тэлевізарам. У вольны час ён не возьме ў рукі класіку, а задаволіцца «прамяністым». І са школы асабліва не спытаюць; за такі брак, бо як жа яго выявіць і вымераць? Па якой шкале адзнак?

Значыць, вельмі многа тут залежыць ад урока (пакінем убаку недасканаласць падручнікаў). Адзін настаўнік анатамізуе мастацкі твор па схеме і тым самым забівае любоў да літаратуры. Другі вучыць мысліць і адчуваць, фарміруе асобу, яе маральны патэнцыял. Шкада, што не пабываў на ўроках у Ліліі Іванаўны Ромаш, хаця з яе небанальных разважанняў пра літаратуру відаць, што такі эмацыянальны зарад яны павінны даваць. А вось у Міхалішках, у дадатак да анкеты, трэба будзе схадзіць на ўрокі рускай і беларускай літаратуры. Схадзіць… А ўрок стане тады ўзорна-засушаным. Вось каб гэта прысутнічаць так незаўважна, нябачна…

На шашы мяне абагнала машына з чырвоным крыжам на баку, рэзка спынілася, падала назад. Гэта ў галоўнага ўрача раёна Валянціна Аляксандравіча Ражко ёсць добры звычай падвозіць выпадковых падарожных. Да самых Міхалішак расказваў ён мне пра свае радасці і клопаты. Пра куміра ўсіх жанчын Астравеччыны Аляксандра Пятровіча Апалінскага, які вось ужо дваццаць год узначальвае радзільнае аддзяленне. Пра хірурга Яўгена Паўлавіча Канановіча. Пад час вайны ён партызаніў, а цяпер заканчвае кандыдацкую дысертацыю, ва ўмовах Астраўца робіць трэпанацыю чэрапа і іншыя складаныя аперацыі. Скардзіўся на тое, што Астравецкая раённая бальніца — самая. малая ў вобласці, усяго на сто дваццаць пяць ложкаў, таму і цяжка размясціць усе аддзяленні.

У Міхалішскай школе з ходу напрошваюся да Алы Паўлаўны Леўшынай на ўрок рускай літаратуры ў дзесятым класе. Праходзіць ён у няўтульным пакоі, дзе нішто не нагадвае пра літаратуру. А іншыя ж урокі, падумалася, тут праводзяцца ў багата абстаўленых кабінетах… Але пачынаюцца заняткі — і перастаеш заўважаць заплямленыя сцены і паламаныя крэслы. Разам з вучнямі пераношуся ў супярэчлівы свет, пасолены жывымі героямі горкаўскай п’есы «На дне». Менавіта жывымі! За ўвесь урок я ні разу не пачуў слоў «рысы вобраза», «тэма». І настаўніца, і вучні адносяцца да Саціна, Лукі, Кляшча як да жывых, паўнакроўных людзей. Што вам падабаецца і што не падабаецца ў Саціне? У чым прычыны яго раздвоенасці? Давайце падыскуціруем, узважым усе «за» і «супраць»! Хлусня ці не хлусня прамовы Лукі? І ў чым шкода такой хлусні? І чым Лука падобны да Платона Каратаева? Урок ідзе па плану і адначасова — ён імправізацыя: адказы вучняў нараджаюць нечаканыя пытанні. На ўвесь клас толькі два-тры пасіўныя, адсутныя абліччы. Усе добра арыентуюцца ў тэксце п’есы. Чыстая руская мова. Дробныя пагрэшнасці тут жа выпраўляюцца. Пасля ўрока вучні не выглядалі змораныя, спакваля пакідалі клас — нібы яшчэ жылі ў іншым вымярэнні, створаным геніем мастака.

А цяпер — анкета. Цікава, у якім класе веды будуць лепшыя: у дзесятым А, дзе «прывілеяваныя» местачкоўцы, ці ў дзесятым Б, дзе вучні прышлыя з іншых, глыбінных васьмігодак?

З семнаццаці вучняў дзесятага А класа шасцёра сваім любімым беларускім пісьменнікам назвалі Івана Мележа, чацвёра — Івана Шамякіна, двое — Івана Навуменку, па аднаму «голасу» атрымалі Купала, Чорны, Маўр і Быкаў. Адпаведна любімыя творы — «Людзі на балоце», «Сэрца на далоні», «Сасна пры дарозе» (аднекуль з’явіўся яшчэ «Вячэрні сеанс»). Амаль усе сярод герояў коласаўскай трылогіі пазвалі Лабановіча і Ядвісю, а двое яшчэ — Аксёна Каля і …Тулягу. Толькі трое ведаюць зборнік Багушэвіча… «Мая дудка». І толькі адзін сярод лаўрэатаў Ленінскай прэміі назваў П. Броўку (іншыя пералічылі амаль усіх масцітых).

Горш з мастацтвам. Выканаўцу галоўнай ролі ў кінафільме «Каліна чырвоная» не ведаў ніхто. Шастаковіча лічылі пісьменнікам. Сярод любімых музычных твораў — «песні», «песні і танцы», «эстрадная песня», і толькі два «пробліскі»: раманс «Я помню чудное мгновенне» і «паланэс». Сярод любімых фільмаў на першым месцы «Чатыры танкісты і сабака».

Дзевяць чалавек хоча жыць у вёсцы (няблага!), шэсць — у горадзе, адзін — у мястэчку, двое вагаюцца. Пяцёра аддаюць перавагу прафесіі педагога (нядрэнна ў параўнанні з іншымі анкетамі), трое — шафёра, двое — інжынера, па аднаму прэтэндэнту ў «артысты ансамбля танца», ткачыхі, медсёстры, аўтаслесары, бухгалтары і «гіёлагі» (з пісьменнасцю тут горш, чым у Жукойнях — «будзім ходзіць», «лётаць на космас»).

Усе ўпэўнены, што праз дваццаць год будуць жыць пры камунізме. Усім хочацца, каб горад, завод прыйшлі ў вёску, каб былі добрыя дарогі, а ў Міхалішках — свой народны тэатр. Людзі знойдуць «такую планету, на якой ёсць разумнае жыццё», на іншых планетах «сабяруць першы ўраджай і закладуць фундамент першага жылога дома», а «на Марсе мы будзем адчуваць сябе, як у бога за пазухай». Вучоныя прадоўжаць жыццё да ста пяцідзесяці год. «Рыбы будуць знаходзіцца ўсюды ў поўнай бяспецы» і ўвогуле «будзе не жыццё, а маліна». Амаль усе пішуць пра тэхнічны прагрэс, матэрыяльны дабрабыт. Духоўнае, маральнае, на жаль, адступае на задні план. Толькі двое турбуюцца пра тое, каб моладзь у будучым не сядзела на шыі сваіх бацькоў, каб кахала «мацней, чым Рамеа Джульету». Толькі адзін вучань вызначае і сваё месца, свой удзел у пабудове «ўсеагульнага шчасця»: «Калі я скончу Інстытут, я абавязкова прыеду працаваць у сваю вёску і буду сваёй працай набліжаць светлае будучае нашай вёскі».

На калідоры падпільноўвае мяне выкладчыца беларускай мовы:

— Як адказалі?

— Слабавата, — даверліва паказваю папярэднія падлікі: яна ж павінна быць маёй саюзніцай па выяўленню нейкай і няпоўнай, прыблізнай карціны. — Не ведаюць, што Броўка і Мележ лаўрэаты Ленінскай прэміі.

— А хіба Мележ лаўрэат? Не ведалі мы.

— Далей. Творы Караткевіча не назваў ніхто. Сталіцу Таджыкістана — таксама ніхто. Многія лічаць, што першая сусветная вайна пачалася ў 1812 годзе, а другая — у 1941-м.

— Ці-ка-ва! Ну, вы прабачце мне, я зараз…

За пару хвілін пачынаюць пісаць адказы дваццаць тры вучні дзесятага Б. З вучнямі дзесятага А яны сустрэцца не маглі, бо тыя пайшлі дамоў. Але праводзіць далей «эксперымент» амаль не мае сэнсу. Літаральна ўсе цяпер ведаюць лаўрэатаў, ведаюць Шукшына і Душанбэ. І нават твор Караткевіча… «Каласы цвітуць».

І ўсё ж дзесяты Б, наперакор прагнозам дырэкцыі, спадабаўся больш, чым дзесяты А. Вяскоўцы больш чытаюць і глыбей адчуваюць. Сярод твораў Быкава яны назвалі не толькі «Альпійскую баладу», «Жураўліны крык» і «Трэцюю ракету», але і «Сотнікава», «Дажыць да світання», «Абеліск», «Здраду». Ведалі не толькі пра «Дудку беларускую», але нават пра «Скрыпачку», што не дайшла да нас. Указвалі год, месца і назву першага скарынінскага выдання (тут за «чысціню эксперыменту» магу ручацца, бо ні пра Быкава, ні пра Багушэвіча, ні пра Скарыну на калідоры ўпаміну не было). Сярод любімых фільмаў на першым месцы — «Семнаццаць імгненняў вясны», «А досвіткі тут ціхія», «Рускае поле» («Фантамас» пасаромлены — толькі адно «ачко»). Любімыя музычныя творы — «Танец маленькіх лебедзяў», «Паланез» Агінскага, «Апасіяната», «Дразды», «Садко»…

Ці не прагай духоўнасці абумоўлены і крыху іншы выбар жыццёвага шляху. Толькі сямёра згодны застацца ў роднай вёсцы, астатнія імкнуцца ў горад — інжынерам, урачом, канструктарам, артысткай, токарам, настаўнікам. Ёсць рамантычнае імкненне паехаць на БАМ.

І, на першы погляд, дзіўна: жадаюць жыць у горадзе, ало іх мары пра будучае (ва ўсіх да аднаго!) звязаны з пераменамі якраз у вёсцы! Вучань, які хоча працаваць у горадзе токарам: «У нашай вёсцы пастрояць новую, светлую і многаэтажную школу. Там можа будуць вучыцца мае дзеці». Вучань, які спярша таксама вырашыў жыць у горадзе: «Праз 20 гадоў наша вёска ператворыцца ў гарадскі пасёлак. Прафесія мая будзе звязана з музыкай. Праз 20 год я буду працаваць у сваёй вёсцы. Ручная праца заменіцца машыннай». Марыя Дуброўская, якая надпісала свой адказ і якая хоча стаць артысткай у Мінску: «Скончу школу, пакіну сваю вёску Вялікія Свіранкі, дзе я вырасла, а праз 20 год я яе не пазнаю. Замест размытай дажджамі вуліцы будзе пралягаць шырокая асфальтаваная дарога. Супраць кожнага дома будуць цвісці ружы, так як цвіце маладосць… Замест старога клуба будзе вялікі, з чытальнай залай. Прыйдзеш з работы, а табе, калі ласка, можна адпачыць». Вучаніца, якая адказала амаль на ўсе пытанні анкеты: «Беларускую мову я хачу выкладаць у роднай вёсцы, якая, вядома, зменіцца за гэты срок. На месцы цяперашняй пустэльні можа вырасце невялікі завод ці фабрыка… Працавітасць, павага да другіх, узаемадапамога стануць галоўнымі рысамі кожнага чалавека».

І яшчэ адна адметнасць у параўнанні з «местачкоўцамі». Тут большае разуменне ўзаемасувязі часоў і пакаленняў. Таго, што «наша «сённяшняе» існуе за кошт працы нашых продкаў». Вучаніца, што хоча быць у горадзе настаўніцай, піша: «І на адным з урокаў гісторыі я расказала б сваім вучням пра дзевятую пяцігодку… Гады дзевятай пяцігодкі ўвойдуць у гісторыю, як гады вялікіх адкрыццяў і здзяйсненняў». «І праз 20 год будзе шапацець пад маім акном рабіна, якую я пасадзіла цяпер».

З такой моладдзю Астравеччына можа крочыць у будучыню! Няхай яна не ўсё тое ведае, што ёй належыць, што ведаюць яе аднагодкі ў горадзе (розныя ўмовы ўсё ж!). Але ў яе ёсць галоўнае — імкненне да прыгожага змястоўнага жыцця. Прыгожага — не ў тым сэнсе, як яго разумеюць аматары дзікіх завыванняў. Не пустое сузіранне на плоціку, а праца, радасць пазнання. Па ўсяму відаць, «транзістарны стыль жыцця», які захапіў частку юных астраўчан, сярод такой моладзі, як вучні дзесятага Б, не пусціў і не можа пусціць глыбейшых карэнняў. Проста тут мацнейшая сувязь з зямлёй, з прыродай, з працай. І таму — большыя перспектывы ў вялікае жыццё.

Перспектывы… Цяпер яны пераважна залежаць ад самой жа моладзі: старайся, вучыся, працуй — і здзейсняцца ўсе мары. А раней… Тут мне ўспомнілася заметка, апублікаваная ў астравецкай раённай газеце 17 верасня 1946 года. Селянін з вёскі Падваранцы, што каля Міхалішак, Віктар Адамавіч Багдановіч пісаў, што да вызвалення яго старэйшую дачку Яніну ніяк не хацелі прыняць у віленскую гімназію, бо на дзесяць душ сям’і прыпадалі ўсяго чатыры гектары зямлі. Здольная дзяўчына мусіла пайсці ў швачкі. Затое малодшыя дзеці, Уладзімір, Часлаў, Алена, Соф’я, Юзэфа, цяпер, радаваўся селянін, усе вучацца: хто ў Міхалішскай школе, а хто ў фінансавым тэхнікуме ці педвучылішчы… Цікава было б даведацца пра далейшы лёс гэтай сям’і.

— Віктар Адамавіч Багдановіч вам часам не сваяк? — пытаюся ў настаўніцы Валянціны Канстанцінаўны Багдановіч, якая калісьці ў нас, у Астравецкай школе, выкладала нямецкую мову.

— Чаму ж не, — смяецца яна. — Гэта мой свекар. А Уладзімір, пра якога ён тады пісаў, — мой муж, як вы ведаеце, таксама настаўнік Міхалішскай школы. Часлаў цяпер кіруе ў калгасе ўчасткам. А колькі настаўнікаў, журналістаў, аграномаў, медыкаў у нашай сям’і — пальцаў пералічыць не хопіць. Падумаць толькі, якую кар’еру зрабіла наша сям’я за нейкіх там трыццаць год, на памяці аднаго пакалення: дзед больш самавукам быў, а ўнукі ўсур’ёз пра аспірантуру задумваюцца. Ды што гэта я вас марыную ў школе. Хадземце да нас на абед.

За сталом, сервіраваным з гарадской вытанчанасцю, акрамя гаспадароў па-суседску сядзеў яшчэ адзін чалавек. Чыста паголены і дагледжаны твар, акуратна прычасаныя валасы, моднага колеру нейлонавая кашуля, чыстая, сакавітая мова. «Відаць, таксама хтосьці з педагогаў, — мільганула спачатку думка. — Толькі адкуль мне помніцца ягонае прозвішча: Раўдановіч Леанід Тамашавіч. Здаецца, гэта вучні, пішучы пра сваю будычыню, пра тое, з каго б яны хацелі ўзяць прыклад у жыцці, двойчы ці тройчы назвалі яго, сельскага механізатара. І яшчэ калгаснага агранома, Зою Георгіеўну Шыловіч». Каб не трапіць у няёмкае становішча, на ўсякі выпадак задаю нейтральнае пытанне:

— Ну, як у калгасе арэцца зябліва?

— Нядрэнна. Сёння гектараў з шэсць заараў. Толькі вот дажджы пачаліся. На нізаўі гразка стала.

— І работа ўвесь час брудная… Вы не шкадуеце, што назаўсёды звязаліся з трактарам?

— Ніколечкі! Калі дзень не пайду на работу, то, наадварот, хворым пачуваюся.

Расказвае Леанід Тамашавіч Раўдановіч:

— Вы хочаце ведаць, калі і як я трактарыстам стаў? Душой — то яшчэ ў маленстве, калі першы раз трактар пабачыў. Прыйшоў ён у нашы Раўданішкі агромністы, жалезны, нібы з казкі. Мяне ўсё карціла дазнацца, як ён гэта ўнутры ўстроены, што без каня арэ. Пачаў драўляныя трактары і машыны майстраваць. Дома цяжкавата было, бо рана мы засталіся без бацькі. Таму пасля шасці класаў мусіў думаць пра хлеб для сям’і, пра заробкі. Прыйшла ахвота паступіць на курсы трактарыстаў. У 1959 годзе вярнуўся ў Міхалішкі. Пачаў рабіць. Спярша не ўсё ўдавалася. Вопыту неставала. Болей васьмі цэнтнераў збожжа з гектара мы тады не збіралі.

А тут у калгас новая аграномка прыехала, Зоя Георгіеўна Шыловіч. Са Случчыны яна, але скора да Міхалішак прывыкла. Усіх сваімі песнямі падкупіла. Скора за мясцовага хлопца-шафёра замуж пайшла. Прымусіла яго падвучыцца. І нас усіх вучыла. Гэта ад яе ў трактарыстаў пайшла завядзёнка сельскагаспадарчыя кнігі чытаць, часопісы выпісваць. І любві нас да зямлі, да работы вучыла. Ніяк не магу забыць, як яна плакала над выпаленымі сонцам пасевамі. Вы думаеце людзі так раней сваю зямлю любілі, як мы цяпер калгасную? Яна іх у ярме трымала, яны яе потам палівалі. Паспрабуй, узары канём няхай і вузкія гоні! А цяпер ніва шырокая, роўная, добра дагледжаная, то і радуецца вока, калі глядзіш на яе.

Сказаць па праўдзе, то ўраджай шмат у чым ад нас, механізатараў, залежыць — як узаром, пасеем, збяром. У жніво я на камбайн перасядаю, на «Колас». Складаная тэхніка, але слухаецца добра. Збожжа не будзе чакаць. За дзень да сарака шасці тон намалачваю. Цяпер тут, у калгасе імя Кірава, да трыццаці цэнтнераў з гектара збіраем. А ўпэўнены, што і па шэсцьдзесят будзе. Калі захоўваць усю агратэхніку, севазвароты не парушаць, як каму ўздумаецца. А цяпер зноў на трактар вярнуўся. Бывае, па дзесяць гадзін з кабіны не вылажу. З напарнікам, з Францам Бернюкевічам, у год да шасцісот гектараў выганяем. Можа, калі ён і абгоніць мяне. Усё, што ведаю, стараюся яму перадаць. Каб машыну па гуку мог распазнаць і зразумець. Цяпер я першае месца заняў на раённых спаборніцтвах, другое — на абласных, а можа, калі ён зойме. Вучу яго, каб машыну паважаў, каб у полі пад дажджом не пакідаў. Бо колькі ў нас яшчэ той тэхнікі ржавее.

Наша прафесія, далажу я вам, цяжкая, але аўтарытэтная. За намі будучыня. Цяпер некаторыя шумяць, што вот людзей у вёсцы мала, што ўсе ў гарады хочуць. А па мне, то людзей у вёсцы яшчэ замнога. Замала механізатараў, каб толькі яны рабілі ўсю работу. Да гэтага ж ідзе.

Так што сваім выбарам я задаволены. За работу атрымаў ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны». Во нядаўна «Жыгулі» купіў, новую мэблю, добрае адзенне. Толькі адпачыць няма дзе. У «Вецярок» светлы касцюм не адзенеш. У клубе цёмна, лямпачкі пабіты. Толькі адно кіно круцяць. У бібліятэцы цікавых кніг мала. Возьмеш каторую, пачытаеш, як пра нашага брата трактарыста пішуць, нібы адно толькі яму ў галаве, каб укалываць, сумна стане, аддасі назад, не дачытаўшы… Ну, яшчэ ў Вільнюс калі на выхадны з’ездзіш.

Мае жаданні? Чалавек мусіць ставіць перад сабой нейкую высокую мэту. І старацца дайсці да яе. Можа, палічыце нясціплым, але хочацца дацягнуць да Героя. Вунь як Паташкевіч у меліярацыі, першы Герой Сацыялістычнай Працы на Астравеччыне.

А мне тут жа прыгадалася, што пра Франца Іосіфавіча Паташкевіча сказаў Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя:

— Я часта бачыў, як людзі добра працуюць. Але аж каб так працавалі — не бачыў. Паслухалі бы вы, як хораша пра яго выступалі рабочыя, абмяркоўваючы яго кандыдатуру. «Калі ён мала накапае, — гаварылі, — у яго настрой падае; не прапусціць ніводнага выпадку, каб памагчы іншым». Баяўся, што, стаўшы Героем, можа, зазнаецца. Ажно не, яшчэ прыбавілася ў яго ахвоты. Нядаўна прыз яго імя механізатарам устанавілі.

Вярнуўшыся ў Астравец, я скіраваўся на пошукі Франца Іосіфавіча. Але калі нядзеляй знайшоў на ціхай вулачцы абрамлены асеннімі вяргінямі акуратны фінскі домік і пачаў націскаць на кнопку званка, жанчына з суседняга гародчыка крыкнула, што Паташкевічы — хоць раз у год — выбраліся ў госці на сваю радзіму, дзесьці пад Маладзечна. Мусіць, назаўтра суседка далажыла пра тую кароткую размову, а пачуццё абавязковасці не давала Францу Іосіфавічу спакою («як жа, нехта шукаў мяне і не знайшоў!»), бо ў панядзелак вечарам, кіруючыся ўскоснымі прыкметамі, ён сам адшукаў мяне ў гасцініцы, тут жа запрасіў да сябе ў госці; «Паглядзець, як жывём!»

У старшага машыніста-экскаватаршчыка Астравецкага будаўніча-мантажнага ўпраўлення меліярацыі Франца Іосіфавіча Паташкевіча неяк арганічна спалучаецца грамадскае і асабістае. Так, цэлымі днямі, часам ад цямна і да цямна, у гарачыню і ў сцюдзёны дождж, рызыкуючы праваліцца ў халодную жыжку, угрызаецца ён каўшом свайго экскаватара ў клейкую твань балот. Так, многа часу аддае грамадскай рабоце — як член бюро райкома партыі, член бюро сваёй пярвічнай партарганізацыі, як настаўнік моладзі і рацыяналізатар. Але адначасова ён не ахвяруе асабістым. Умее цаніць радасць жыцця: асалоду падарожнічаць на ўласным «Масквічы», утульнасць пакоя, абстаўленага сучаснай мэбляй. Ганарыцца дзецьмі, якія прыносяць са школы выдатныя адзнакі і яшчэ на дадатак займаюцца музыкай. У гэтай сям’і, адчуваеш з першага погляду, пануе дух таварыскасці, а старэйшыя дзеці глядзяць за парадкам і памагаюць малодшым, бо Ніна Герасімаўна, жонка Франца Іосіфавіча, таксама поплеч з ім працуе на балотах. Калі блізка ад Астраўца — прыязджаюць вечарам дамоў, а калі далёка, за Кямелішкамі або Гервятамі, — тыднямі жывуць у вагончыках у полі.

— Каб гэта ўсё падлічыць, колькі я выняў зямлі з 1961 года, як тут працую… — думае ўслых Франц Іосіфавіч. — Возьмем у год восемдзесят тысяч кубоў. Тады за ўвесь час набярэцца да мільёна. Мільён кубоў — гэта недзе дзвесце кіламетраў канавы сярэдняй шырынёй у шэсць метраў. Як адсюль да Мінска і нават далей. Сёлета даў слова выняць шэсцьдзесят пяць тысяч кубоў. А ўжо ёсць шэсцьдзесят сем тысяч. Да канца года яшчэ палавіну плана дам. Так што сваю пяцігодку за тры з паловай гады выканаў.

— Чаму ж у іншых паказчыкі не такія?

— У іншых? — гаспадар на хвіліну задумваецца. — Іншыя любяць самае цяжкое на заўтра пакінуць. У нашай рабоце ўсялякае бывае. Парвецца гусеніца — лезь у балотную гразь. Колькі разоў, паглыбляючы рэчку, правальваешся ў халодную ваду. Усюды ёсць лепшыя ўчасткі і горшыя. Нешта цябе так і падмывае: пакінь цяжэйшы ўчастак, заўтра даробіш. А ты не даешся, бярэш сябе ў рукі: не, трэба зрабіць цяпер! Ты ж сялянскі сын, думаеш, з дзяцінства прывучаны к труду… Прыеду вечарам дадому — увесь час думаю, што мне назаўтра трэба, каб прастояў не было. Прадбачу, якія часткі могуць выйсці са строю, каб запасныя ўзяць. Масла каб хапіла і каб сэканоміць яшчэ. Для паліва бакі ў нас малыя, дык я запасны стаўлю, каб час не ўпусціць. Стараюся і маладых падцягнуць. Тэорыі-то ў іх часам болей, чым у мяне, а практыкі намнога меней. Цяпер пры нашым упраўленні філіял Слонімскага вучылішча адкрылі, дык маладыя ў мяне практыку праходзяць. Ужо чалавек з трыццаць абучыў. Каб лепей працаваць, ездзім за вопытам на выстаўку ў Маскву, да суседзяў у Швянчонскі раён. Яны там у сябе ўзялі курс толькі на дрэнаж. Калектары заглыбляюць у зямлю і тым самым на квадратным кіламетры да гектара зямлі эканомяць.

Нашу гаворку перапыняе Ніна Герасімаўна. Пытаецца, дзе апошні нумар «Работніцы і сялянкі».

— Аб чым гэта я казаў? Ага, аб людзях. Цяпер у нас чалавек з трыста механізатараў, з іх палова ўдарнікі камуністычнай працы. А ўсё не хватае. Па аднаму трактарысту на два трактары прыходзіцца. Людзі багацей сталі жыць, то шукаюць, дзе работа чысцей і лягчэй. Хаця і ў нас шмат лягчэй стала. Калісьці, гадоў з дзесяць назад, зімой мы рамантавалі тэхніку пад адкрытым небам. Кранаў не было — ломікамі падымалі. Мароз пацісне, то агонь раскладвалі. А цяпер майстэрні збудавалі. Толькі трэба пляцоўку ўсю забетаніраваць, як у літоўцаў. Не так гразка стане, можна будзе без гумовых ботаў хадзіць. Паляпшаць то яно можна без канца.

— Так што паступова змяняеце аблічча раёна…

— Намнога змяняем. Цяпер у год пад паўтары тысячы гектараў зямлі асушаем. Стараемся, як у літоўцаў: не адкрытым спосабам, а дрэнажом. Нядаўна перад партсходам адным падлічылі, што за ўвесь час наша ўпраўленне меліяравала дваццаць дзве з паловай тысячы гектараў балот, з іх амаль трынаццаць тысяч — ганчарным дрэнажом. Яшчэ на дваццаці трох тысячах гектараў культурна-тэхнічныя работы правялі: кусты раскарчавалі, каменне звезлі. Дзе былі непраходныя ройсты, там цяпер збажына расце, каровы пасуцца. Не ўсюды, канечне, часам зноў прыйдзе зямля ў запусценне.

У пакой зайшла сярэдняя дачка, каб узяць з канапы акардэон. Заадно прыхапіла ноты. Думкі Франца Іосіфавіча зноў пайшлі ў іншым кірунку:

— Мне ў свой час не давялося вялікую навуку займець. А цяпер пазнавата ўжо, гады не тыя. Дык хай яны, дзеці нашы, спакойна вучацца. Ім гэта ой як прыдасца. Жыццё — яно прама на вачах усё болей навукі патрабуе, усё большы імпэт набірае. Усё роўна, як балоцістая рэчка. Ледзь цячэ, сонная, вада то на берагі, то на трыснягі натыкаецца. А паглыбіш дно экскаватарам, выпраміш русло — вунь як пабяжыць яна. Усё скарэй і скарэй. Так і наша жыццё. Выпрамленае яно цяпер і, як кажуць у нас на палітзанятках, паскоранае. За адно пакаленне зменіцца столькі, колькі калісьці за стагоддзі не мянялася. Тыя ж балоты стаялі балотамі ад цара Гароха.

— Толькі, мусіць, параўнанне з рэчкай не зусім удачнае. Вада можа раптам сплысці, і рака абмялее.

— Вада можа. Яна свой канец мае. А жыццё — не. Бо яму канца-краю няма. Толькі нам цяжка сабе ўсё гэта ў галаве прадставіць. Думка чалавека, ягоная душа болей учэпістыя, болей трымаюцца за старое і прывычнае. Таму некаторых і муціць ад цяперашняй скорасці жыцця. Некаторым хочацца сысці на бераг, агледзецца, адчакацца, адляжацца. Але дзе ж ты сыдзеш цэлы, калі скорасць ужо набрана! А сыдзеш, то не дагоніш, без надзеі адстанеш. Значыць, трэба, каб і чалавек так жа скора развіваў сябе, як развіваецца само жыццё.

…Астравеччына па праву можа ганарыцца сваім першым Героем Сацыялістычнай Працы. Хто стане наступным? Раўдановіч? Жыліс? Валуевіч? Хтосьці са старшынь калгасаў? А можа, нехта з маладзейшых, чыя вялікая слава яшчэ наперадзе. Скажам, даярка з «Запаветаў Ільіча» Марыя Саўко, якая ўпэўнена выбіваецца на першае месца па раёну. Або шафёр з «Зары» Войцех Пуховіч, удастоены права сфатаграфавацца ля Сцяга Перамогі за тое, што ў жніво перавозіць да шасцісот тон збожжа. Або ўчарашняя дзесяцікласніца, загадчыца фермы ў калгасе імя Чапаева Міраслава Блашкевіч, выбраная дэпутатам абласнога Савета. Ці нехта з тых, хто днямі адказваў на анкету ў Міхалішскай і Жукойненскай школах.

Пажывём — пабачым.


Загрузка...