Узрадаваныя ваяводы добра разумелі, што за незвычайны вязень трапіўся ім пад Дарагабужам. У залітых волавам кайданах прывезлі Астрожскага ў Маскву, да Івана ІІІ, і трымалі там пад асабліва пільным наглядам. Маскоўскі двор не збіраўся ні на якіх умовах вяртаць яго Княству — ні праз абмен, ні праз выкуп. Ад гетмана дамагаліся аднаго: каб перайшоў на службу да Івана ІІІ.
Апошні раз закутага ў кайданы Канстанціна Астрожскага бачылі ў Маскве на пачатку 1501 года паслы братоў Аляксандра — караля польскага Яна Альбрэхта і караля вугорскага Ўладыслава, а таксама Станіслаў Нарбут, які быў у складзе пасольства ад Вялікага Княства Літоўскага. Гэта ён тады адважна гаварыў Івану ІІІ: «Ты пачаў лютую вайну і пусціў агонь у нашу зямлю, узяў у палон гетмана і паноў, высланых адзіна для абароны мяжы… Спыні праліваць кроў. Вялікія паслы літоўскія гатовы ехаць да цябе для мірных перамоваў».
Тое, што ў 1501 годзе Княства ўзнавіла вунію з Польшчай і наладзіла дыпламатычны хаўрус з нямецкім Ордэнам ды заволжскай Ардой, схіліла Івана ІІІ да пачатку перамоваў, хоць раней ён пра іх і слухаць не жадаў. Ягоныя ваяводы паспелі яшчэ ў 1502 годзе здабыць Воршу, выпалілі прадмесці Віцебска, ваколіцы Полацка і Амсціслава, забралі ў палон колькі тысяч жыхароў Беларусі — але вайна ўжо канчалася.
Каштоўны нявольнік Астрожскі быў адведзены як найдалей — у Волагду, а рэшту палонных з бітвы пад Дарагабужам размеркавалі па іншых замках. У дзікім, нялюдным краі пацягнуліся змрочныя дні няволі закутага ў жалеза гетмана. І не гэтак ад цяжару жыцця вязня, не ад здзекаў маскоўскай варты пакутаваў Астрожскі. Мройныя згадкі таго няшчаснага дня, абліччы забітых паручнікаў, ротмістраў, безліч пасечаных вершнікаў, якіх прывёў на смерць ён, найвышэйшы гетман, — вось што зноў і зноў уваскрасала ў памяці, мільгацела ўваччу, да болю сціскала сэрца…
На Вядрошы здарылася трагічна непапраўнае. Вязень валагодскага астрога цяпер глыбока ўсведамляў тую непапраўнасць. Скупыя весткі з далёкай Айчыны, што зрэдку даходзілі і да Волагды, маглі толькі пацвердзіць яго трывожныя прадчуванні. Так, для Вялікага Княства Літоўскага тая вайна была цалкам прайграная. Пагадненне аб шасцігадовым замірэнні, падпісанае 25 сакавіка 1503 года, азначала страту Княствам вялізных тэрыторый. Па праве мацнейшага Іван ІІІ абвясціў: «Тыя гарады і воласці рускія, каторыя забралі, наша вотчына…» Да Маскоўскай дзяржавы адышлі Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Бранск, Любеч, Гомель, Старадуб, Мцэнск, Рыльск і г.д. — разам 19 гарадоў і 70 воласцяў, шмат вёсак і гарадзішчаў. Як адзначаў А. Гваньіні, «за адзін ваенны паход і за адзін год Масквіцін захапіў усё тое, што шмат гадоў і з вялікімі цяжкасцямі здабываў вялікі князь літоўскі Вітаўт».
Што да самога К. Астрожскага, дык Масква і пасля замірэння 1503 года не збіралася яго выдаваць. У Вільні гетманам найвышэйшым прызначылі ўжо трэцяга пасля яго князя — Станіслава Кішку. Раней, адразу пасля Вядрошы, гэтую пасаду атрымаў Сымон Гальшанскі, а ў 1501–1502 гадах яе меў Станіслаў Кязгайла.
На аслабленую вайною ды стратаю такіх тэрыторый дзяржаву зноў актыўней пачалі нападаць крымскія татары. Іван ІІІ патрабаваў ад Менглі-Гірэя пустошыць не толькі землі Ўкраіны, але і хадзіць «да Слуцка, і да Турава, і да Пінска, і да Менска». У 1503 годзе татары двойчы рабілі наезды на Беларусь, а трэці паход скіравалі на Падолле. У 1505 годзе 5 тысяч татарскіх коннікаў дайшлі да цэнтральнай Беларусі, паставілі кош[12] пад Менскам і беспакарана гаспадарылі па ўсім наваколлі…
Вялікае Княства Літоўскае ня мела належна арганізаванай рэгулярнай вайсковай сілы, якой баяліся б татары. Апошніх хіба больш за ўсё непакоіла з'яўленне ў Княстве хана разбітай Залатой Арды — Шах-Ахмета, патэнцыйнага канкурэнта Менглі-Гірэя.
Пасля таго як у лістападзе 1505 года памёр Іван ІІІ і яго замяніў старэйшы з сыноў Васіль ІІІ, былыя сяброўскія дачыненні Масквы з Крымам сапсаваліся, і Менглі-Гірэй паслаў у Вільню ганцоў, якія прапаноўвалі Аляксандру за смерць або выдачу хана антымаскоўскі хаўрус! Аляксандар пагадзіўся толькі з тым, што заволжскі хан Шах-Ахмет мусіць сядзець у няволі. Задаволены пасол паімчаўся ў Крым. Аднак ягоная затрымка выклікала новы наезд татараў.
Менглі-Гірэй накіраваў на Княства двух маладзейшых сыноў з ардою да 12–13 тысяч. Пераправіўшыся каля Лоева цераз Дняпро, тыя дайшлі да Слуцка, пасля да Клецка і адтуль рухаліся ў бок Новагародка ды Ліды. Магло дайсці да трагедыі, бо якраз тым часам у Ліду прыехаў з жонкаю, дваром і скарбам хворы кароль і вялікі князь Аляксандар. Даведаўшыся пра з'яўленне татараў гэтак блізка, той загадаў тэрмінова адвезці яго назад у Вільню. А збіраць войска і выбіваць татараў даручыў гетману найвышэйшаму Станіславу Кішку ды маршалку дворнаму Міхалу Глінскаму.
Кішка з Глінскім хутка сабралі 6 тысяч паспалітага рушання[13] і пайшлі на Клецак, дзе знаходзіўся галоўны кош татараў. Па дарозе захварэў гетман, і каманду над войскам пры поўнай згодзе старэйшых чыноў пераняў Міхал Глінскі.
Уранку 5 жніўня 1506 года конніца Глінскага падышла да Клецка і спынілася перад ракою Лань, на другім беразе якой стаялі ўжо падрыхтаваныя да бітвы татары. Збудаваўшы пад абстрэлам дзве гаці, той пераправіў свае войскі цераз раку ды імкліва заатакаваў татараў дзвюма калонамі. Ворагі не вытрымалі націску і кінуліся ўцякаць. Далёка яшчэ вершнікі Глінскага гналі пашматаныя рэшткі іх загонаў. Там, пад Клецкам, яны вызвалілі 40 тысяч жыхароў Беларусі, якіх татары вялі ў няволю.
Радасную вестку пра поўны разгром крымскіх наезнікаў яшчэ паспелі перадаць Аляксандру, які ўжо ляжаў на Божай пасцелі. Для Вялікага Княства Літоўскага гэта была, бадай, першая перамога такога масштабу над татарамі за колькі трывожных дзесяцігоддзяў. Пасля яе палітыка Крыма да паўночнага суседа пачала мяняцца. З зацятага ворага Княства Менглі-Гірэй неўзабаве нават зрабіўся часова ягоным хаўруснікам.
Аднак ізноў нарастала напруга на ўсходзе. Сам Аляксандар яшчэ на пачатку 1506 года ўльтыматыўна прапанаваў новаму маскоўскаму манарху «вечны мір» пры абавязковым вяртанні Княству тэрыторый, страчаных тры гады назад. Той, безумоўна ж, адмовіўся. Тады ў Вільні сабраўся вальны сойм з тым, каб ухваліць збройную акцыю па вяртанні земляў, перадусім — Севершчыны. Пачалася падрыхтоўка да вайны. Разам з Вялікім Княствам Літоўскім антымаскоўскі хаўрус складалі Інфлянты і Крым. Да паходу на Севершчыну сабралася 14 тысяч паспалітага рушання на чале з С.Кішкам. Але Васіль ІІІ апярэдзіў хаўруснікаў ды сам ударыў па Княстве. Два шматтысячныя злучэнні — адно з Вялікіх Лукаў, другое з Дарагабужа — уварваліся на Беларусь і ўзяліся пустошыць землі аж да Бярэзіны. Так пачалася чарговая, трэцяя па ліку, вайна.
Новы кароль і вялікі князь Жыгімонт даведаўся пра гэта ў Кракаве. Ён загадаў Станіславу Глябовічу цвёрда абараняць Полацак, Альбрэхту Гаштаўту — Смаленск, а гетману Станіславу Кішку весці рушанне пад Менск. Калі ж сам манарх 18 траўня 1507 года з'явіўся ў Вільні для пачатку ваенных дзеянняў, маскоўскія войскі ўжо пакінулі межы Вялікага Княства Літоўскага.
Пад канец лета Кішка перайшоў з конніцай да Друцка. Яго паасобныя харугвы пачалі ваяваць маскоўскае памежжа, захапілі 4 невялікія гарады, але хутка вярнуліся. Гэтаксама татары, пасланыя ханам на Севершчыну, неўзабаве павярнулі ды паспяшаліся дамоў, бо Крыму пагражалі нагайцы.
Пад восень 1507 года на Амсціслаў, Магілеў і Воршу напалі ваяводы Я. Захар'ін і В. Холмскі, але сустрэлі там рашучы адпор залогаў. Калі ж да Падняпроўя пайшлі харугвы паспалітага рушання, непрыяцель хутка адступіў у межы сваёй дзяржавы. І ўсё ж становішча на ўсходніх межах было занадта трывожнае, каб распачынаць запланаваны паход на Севершчыну…
Усе гэтыя гады Канстанцін Астрожскі прагна лавіў кожную вестку пра Айчыну і пакутліва перажываў сваю нявольніцкую бяздзейнасць. Па смерці ж Івана ІІІ, калі яму чарговы раз прапанавалі адумацца і згадзіцца на прапанову вялікага князя маскоўскага, К. Астрожскі… не адмовіўся. Узрадаваны Васіль ІІІ загадаў як найхутчэй везці гетмана ў Маскву.
Ад зможанага вязня патрабавалі аднаго: падпісаць пісьмовую прысягу на вернасць Васілю ІІІ. А давалі яму за тое волю ў Маскоўшчыне, годнасць баярына, зямельныя ўладанні і галоўнае, дзеля чаго яго так доўга трымалі, - высокі вайсковы чын. Ён мусіў камандаваць асобнымі памежнымі сіламі, абараняць краіну ад татарскіх наездаў. Тэкст прысягі вымагаў рабскай пакоры і адданасці. «…Буду абавязаны служыць яму (Васілю ІІІ) і дзецям яго да смерці… Аніякага зла яму ці дзецям ягоным чыніць і нават думаць пра тое ня мушу… Калі ж супраць таго ўсяго ў нечым адступлюся… пакараць мяне вольны смерцю залежна ад маёй віны… і ня будзе мне літасці Божай ні ў гэты век, ні ў будучы», — чытаў Астрожскі. І паставіў 18 кастрычніка 1506 года свой подпіс пад гэтымі радкамі. А маскоўскі мітрапаліт пацвердзіў яго.
Праз колькі месяцаў паспяховай дзейнасці супраць татараў новы ваявода ўжо карыстаўся даверам у маскоўскага двара і мог самастойна адлучацца па справах.
Ці не гэтага чакаў ён усе шэсць змрочных гадоў?
У жніўні 1507 года Астрожскі выехаў на Севершчыну, каб нібыта пракантраляваць там пільнасць маскоўскіх залогаў. Адтуль, з татарскага памежжа, і пачаўся яго апошні кідок да волі. Далёка абыходзячы гарады, мінаючы людныя дарогі, ён безаглядна ўцякаў з краіны, якая драпежна абрынулася ды ўжо колькі гадоў паліла і нішчыла яго Айчыну. Ён уцякаў з краіны, якой не цярпеў, з якой мусіў і даўно прагнуў змагацца…
Пераапранутыя ў сялян, Астрожскі з ардынарцам супакоіліся, толькі ўбачыўшы старожу Вялікага Княства Літоўскага — вершнікаў у бліскучых шышаках, з адмысловымі тарчамі[14], даўгімі дзідамі і лёгкімі кордамі. А 25 верасня яны былі ўжо ў роднай Вільні…
«Любоў да Айчыны і нянавісць да Расеі прымусілі яго асароміць сябе ганебнай справай: ашукаць манарха, мітрапаліта, парушыць клятву, статут годнасці і сумлення…» — сурова напіша М. М. Карамзін. Аднак Айчына, любоў да яе — хіба ж гэта не найвышэйшы статут годнасці ды сумлення?
Вяртанне Канстанціна Астрожскага стала значнай для Княства падзеяй. Жыгімонт адразу вярнуў яму Брацлаўскае стараства. У дадатак князь атрымаў пасады старасты луцкага і маршалка валынскага. Ды ці не сама важным было вяртанне чына гетмана найвышэйшага, які ўжо праз месяц Жыгімонт забраў у Станіслава Кішкі і перадаў яму. Трэба было бараніць краіну. Другі таленавіты ваяр Міхал Глінскі не браў ніякага ўдзелу ў ваенных падзеях таго году. Наадварот, якраз праз яго дзяржава неўзабаве зноў апынулася ў небяспецы.
Князь Міхал Глінскі даводзіўся дзядзькам Канстанціну Іванавічу. Паводле слоў самога Менглі-Гірэя, гэта быў «першы малойца» на ўсё Вялікае Княства. Свае юначыя гады ён правёў у Нямеччыне, на вайсковай службе ў саксонскага герцага, дзе шмат чаму навучыўся і здабыў немалую славу. Вярнуўшыся на радзіму, карыстаўся асаблівай павагай і даверам вялікага князя Аляксандра ды займаў пры ім важныя дзяржаўныя пасады. Аднак трэба ж было такому здарыцца, што праз Глінскага трапіў у няміласць да манарха троцкі ваявода Ян Забярэзінскі і ў выніку нават страціў ваяводства! З таго часу Забярэзінскі ледзь стрымліваў нянавісць да маладога князя і дзе мог ціха шкодзіў яму. Калі ж не стала Аляксандра, ён абвінаваціў Глінскага ў дзяржаўнай здрадзе, а будучаму манарху Жыгімонту перадаў вестку, што герой бітвы пад Клецкам збіраецца сам заняць велікакняскі пасад. Абражаны Глінскі прасіў Жыгімонта разгледзець гэтую справу на судзе, зняць з яго абвінавачанні, а Забярэзінскага пакараць за паклёп, але той усё адкладваў судовы разбор. Тады самалюбівы князь узняў бунт помсты.
Здарылася гэта лютымі маразамі на самым пачатку 1508 года. Сабраўшы з родных і блізкіх войска ў 700 коннікаў, бунтоўны князь вырушыў са свайго Турава на расправу з Я. Забярэзінскім{10}. Таго знайшлі ўжо 2 лютага ў маёнтку пад Горадняй і адсеклі яму галаву. Затым паспрабавалі ісці на Коўню, каб схапіць там важнага закладніка — Шах-Ахмета, аднак давялося вярнуцца. Міхал Глінскі пачаў рассылаць з Турава лісты па краіне з прапановай далучыцца да яго. Сюды ж, у ягоную рэзідэнцыю, неўзабаве прыехаў пасланец Масквы дзяк Г. Маклакоў. Глінскаму прапанавалі прыняць падданства Васіля ІІІ. Масква гарантавала, што аддасць у поўнае валоданне бунтаўніку ўсе гарады і воласці, якія мае і якія яшчэ здабудзе сілай. І Глінскі пайшоў на ўсё… Іронія лёсу: славуты герой Клецкае бітвы стаўся здраднікам Айчыны.
Хутка ягоныя людзі забралі Мазыр (яго здаў Глінскаму мазырскі намеснік), пайшлі на Слуцак ды сутыкнуліся там з рашучай абаронай. У Міхала Глінскага сталі з'яўляцца ня толькі маскоўскія людзі, але і паслы крымскія, малдаўскія. Планаваліся вялікія ваенныя дзеянні. Трэба было толькі дачакацца маскоўскага войска.
І ваяводы заспяшаліся. Ужо ў красавіку 1508 года на Смаленск павялі палкі Я. Захар'ін з Масквы і Д. Шчэня з Вялікіх Лукаў. Асобныя групоўкі ішлі на Полацак і Слуцак. А да Глінскага пад Бабруйск прывялі свае палкі князь В. Шамяціч і А. Мажайскі. На пачатку траўня яны разам пайшлі на Менск. Аблажыўшы горад, іх войска занялося рабаваннем і пусташэннем ваколіцаў Менска, хадзіла адтуль ажно да Слоніма.
Толькі тады дайшло да мабілізацыі сілаў на абарону краіны. Гетман Астрожскі першы сабраў вершнікаў і рушыў на свайго бунтоўнага дзядзьку. Ужо ў траўні ён заняў Тураў, гняздо паўстанцаў. У Лідзе збіралася шляхоцкае рушанне. Сюды праз Берасце ўжо спяшаўся з Кароны і Жыгімонт з 3-4-тысячным войскам палякаў. Калі сілы аб'ядналіся, кароль і вялікі князь прызначыў галоўным начальнікам над імі Канстанціна Астрожскага.
К. Астрожскі атрымаў прызначэнне 5 чэрвеня, а 20-га ўжо ўвайшоў у Менск: Глінскі з маскоўскімі памагатымі адступаў на ўсход. Па слядах непрыяцеля гетман павёў войска на Барысаў, дзе хаваўся ўцякач. Тады Глінскі перайшоў да Воршы, пад якой стаялі маскоўскія ваяводы. Цяпер іх злучаныя сілы налічвалі да 50 тысяч; разам яны спрабавалі як мага хутчэй захапіць стратэгічна размешчаную Воршу.
Хоць Глінскі гарэў жаданнем вялікае бітвы і ўгаворваў не ўхіляцца ад яе маскоўскіх ваяводаў, тыя не падзялялі аптымістычных планаў князя. Для іх тактыкі было натуральным не рызыкаваць войскам у адкрытай палявой бітве, а весці вайну пад мурамі, здабываць замкі і пустошыць воласці. І калі 13 ліпеня да Воршы стала набліжацца 16-тысячнае злучэнне Вялікага Княства і Кароны, яны паспешліва пераправіліся на левы бераг Дняпра і размясціліся ў лесе. На правым беразе ў баявым парадку паасобна спыніліся войскі К. Астрожскага, які кіраваў сіламі Княства, і М.Фірлея, які вёў палякаў. У цэнтры была пастаўленая пяхота, па флангах — конніца. Атакаваць ворага збіраліся досвіткам. Аднак уначы маскоўскія ваяводы зняліся і хутка павялі свае палкі ў бок Дуброўны і далей на паўднёвы ўсход.
Назаўтра Жыгімонт вырашыў не даганяць непрыяцеля, а ісці з усёй сілай на Смаленск, накіраваўшы толькі маленькі аддзел для засцярогі па правым беразе Дняпра. З Смаленска К. Астрожскі разам з М.Фірлеем рушылі на Севершчыну — вяртаць адабраныя землі. Але асаблівага поспеху гэтая выправа ня мела, бо гетманы не ладзілі між сабою і неўзабаве вярнулі войска назад у Смаленск.
Тым не меней краіна была абароненая. Васіль ІІІ згаджаўся на канструктыўную размову з пасламі ад Княства. Ужо 8 кастрычніка 1508 года з'явілася новае мірнае пагадненне паміж Масквой і Вільняй.
Тым часам Глінскі, які ўсё яшчэ заставаўся ў Мазыры, наклікаў на краіну крымскіх наезнікаў. Татарская конніца наляцела нечакана і дайшла да Палесся. Гаспадарачы на левым беразе Прыпяці, татары, відаць, мелі непасрэдныя кантакты з князем-здраднікам.
Жыгімонт накіраваў на Палессе К. Астрожскага. Узяўшы некалькі тысяч конніцы, той выйшаў з Смаленска, зрабіў вялікі марш і каля Слуцка адразу ж разбіў галоўныя сілы крымскіх наезнікаў, а пасля за некалькі дзён даканаў іх у драбнейшых сутычках. Гетман рухаўся на Мазыр і быў ужо за нейкіх сем вёрстаў ад горада, калі Міхал Глінскі, ня ведаючы пра небяспеку, ад'язджаў са сваякамі ў Маскоўшчыну…
Так нядаўні маскоўскі вязень за некалькі месяцаў барацьбы стаўся галоўным героем той вайны. Вялікі князь яшчэ 6 верасня ў Смаленску адзначыў яго вайсковыя заслугі асобнай граматай, у якой за «адданую і праўдзівую і знакамітую накладную службу», за тое, што ён жыцця свайго не шкадаваў у змаганні з кожным непрыяцелем, падараваў гетману вёску Паворка на Валыні. Астрожскі атрымаў тады і вотчыну здрадніка — Тураў з акругай — ды іншыя землі.