Перамога, што ратавала Княства

Астрожскі сярод паноў-рады. Справы свецкія і царкоўныя


Нарэшце князь Канстанцін мог адпачыць ад войнаў, заняцца ўласнымі справамі. Адладзіў гаспадарку ў сваіх уладаннях, падправіў муры ў Астрогу ды іншых замках. У 1509 годзе ажаніўся з Тацянай Гальшанскай — дачкой новагародскага ваяводы князя Сымона Гальшанскага і сястрой віленскага кашталяна князя Аляксандра Гальшанскага. А брат Таццяны стаў віленскім біскупам. Род, з якім праз шлюб парадніўся Астрожскі, быў адным з найбуйнейшых у Княстве, але тады ўжо аджываў свае зорныя часы. Князь Аляксандар Гальшанскі праз два гады памёр, і гетман найвышэйшы стаўся яшчэ і кашталянам віленскім, заняўшы шваграву пасаду.

Цяпер праваслаўны князь трывала ўваходзіў у кола ўрадавай эліты Вялікага Княства Літоўскага. Да яго віленскімі панамі, як, зрэшты, і гетманамі, былі магнаты каталіцкага веравызнання. Астрожскі ж не проста ўвайшоў у гаспадарскую раду, якая ажыццяўляла кіраванне дзяржавай, ён займаў першую лаву паноў-рады[15]. І меў вялікі ўплыў на караля і вялікага князя Жыгімонта. Яшчэ ў 1508 годзе, пад час перамоваў з Масквою, ён угаварыў манарха надзяліць зямлёй тых беларускіх князёў, што страцілі яе па вайне, а таксама адстаяў права ўдзельнікаў рокашу[16] вярнуцца з Масквы дадому — у раўнавагу да права сваякоў і прыхільнікаў М. Глінскага спакойна выязджаць да Масквы. Сярод 200 чалавек, што пераехалі на службу да Канстанціна Іванавіча з Маскоўшчыны, быў і вядомы Астап Дашкевіч, кіеўскі баярын і крычаўскі намеснік, славуты змагар з татарамі, які ад 1501 да 1508 года служыў Маскве. Больш таго, у 1511 годзе Астрожскі змог — у абыход старой Казіміравай забароны рамантаваць і будаваць каменныя праваслаўныя храмы — атрымаць дазвол на адбудову Прачысценскай саборнай царквы ў Вільні. А для праваслаўнага насельніцтва Вялікага Княства гэтая святыня была другой па велічы пасля кіеўскага Пячорскага манастыра. Менавіта ў ёй пахавалі і княгіню Алену Іванаўну ў студзені 1513 года.

Вільня ў тым часе, як і ўся дзяржава, была яшчэ местам пераважна традыцыйнай, старабеларускай культуры. Калі ў 1498 годзе ўрачыста закладаліся першыя камяні мураванай сцяны, над сталіцай разносіўся гул званоў 14 праваслаўных храмаў і толькі 7 каталіцкіх{11}. Гэтаксама ў 1517 годзе імператарскі пасол Ж. Гэрбэрштайн, пабачыўшы Вільню, адзначыў, што «храмаў рускіх там значна больш, чым Рымскага веравызнання». Пры Жыгімонце Казіміравічу грэцкая (праваслаўная) царква ўжо вальней адчувала сябе ў Княстве. Нездарма амаль праз стагоддзе нехта Іван Мялешка скажа пра гэтага манарха: «Салодкая памяць яго, бо Немцаў як сабак не любіў і Ляхаў з іх хітрыкамі вельмі не любіў, але нашу Літву і Русь нашу любіцельна мілаваў…» Ужо ў 1507 ці 1508 годзе нейкі Хведзька Янушкевіч заклаў у Вільні храм Нараджэння Багародзіцы. Затым у Тураве ўфундаваў царкву Канстанцін Астрожскі. Мітрапаліт Язэп Солтан у 1509 годзе правёў у сталіцы сабор праваслаўнай царквы, а ў 1511 атрымаў ад Жыгімонта грамату, якая гарантавала незалежнасць грэцкага духавенства ад свецкай улады ў кіраванні і судаводстве. Усё гэта рабілася дзякуючы актыўнасці і патрыятызму ўплывовага Канстанціна Іванавіча, якога яшчэ мітрапаліт Макар называў «наймагутнейшым апекуном і дабрадзеем» грэцкае царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Ды нядоўга давялося К. Астрожскаму цешыцца спакоем, займацца свецкімі і царкоўнымі справамі. Усё гэта рабілася другасным перад патрэбамі абароны краіны.


Уварванні татараў


Першымі мір парушылі татары. Яшчэ ў 1509 годзе яны ўварваліся на Галіччыну, і К. Астрожскі мусіў разам з каронным гетманам М. Камянецкім праводзіць акцыі супраць наезнікаў. А ў 1510 годзе татары з'явіліся зноў, ды з яшчэ большай сілай. Гэтым разам яны наляцелі на землі Беларусі. Асобныя загоны сягалі ажно ваколіцаў Вільні. Іх лятучая конніца пустошыла землі Княства і на наступнае лета. Выганялі татараў самастойна, пабіўшы каля Кіева, Оўруча, Брацлава…

Асабліва трывожны быў 1512 год. Наладзіўшы зноў сяброўскія дачыненні з вялікім князем маскоўскім, Менглі-Гірэй не без інспірацыі апошняга (а Масква рыхтавала вайну за Смаленск) выслаў на Валынь 25-тысячную арду на чале з трыма мурзамі[17].

Вялікі князь быў тады ў Кракаве, рыхтаваўся да шлюбу. Пачуўшы пра ўварванне татараў, ён накіраваў на іх кароннага гетмана М. Камянецкага з сваімі надворнымі харугвамі, войска падольскіх старастаў і, натуральна ж, гетмана найвышэйшага літоўскага з наяўнымі сіламі Княства. Роля галоўнага начальніка адводзілася К. Астрожскаму. Зважаючы на вялікую небяспеку, вальны сойм, які засядаў у Берасці, вырашыў надзяліць Канстанціна Іванавіча надзвычайнай уладай. У спецыяльнай «Ваеннай уставе» Жыгімонт, выпраўляючы Астрожскага на абарону Вялікага Княства Літоўскага, даў яму правы дыктатара: пакуль войска знаходзіцца ў полі, усе (князі, ваяводы, старасты, шляхта, зямяне ды іншыя) павінны слухацца гетмана, а за непаслушэнства Астрожскі вольны кожнага караць «горлам і вязеннем»{12}.


Перамога пад Вішняўцом


Злучыўшы змабілізаваныя войскі (а разам выйшла блізу 5 тысяч конніцы), Канстанцін Астрожскі павёў іх на татарскі лагер, выяўлены недалёка ад Вішняўца. Татары ведалі пра небяспеку і рыхтаваліся напасці першымі. Бітва адбылася 28 красавіка. Як толькі Астрожскі паставіў войска ў баявым парадку — на левым крыле пакінуў палякаў з іх гетманам, а на правым, бліжэй да татарскага лагера, размясціў сваіх, — татары наляцелі на яго з пранізлівым гіканнем і крыкам. Рассейваючыся ды адступаючы, яны спрабавалі завабіць рыцарскую конніцу ў поле, навязаць ёй сваю тактыку, пры якой менавіта іх флангавыя і тылавыя атакі звычайна вызначалі зыход бою.

Вершнікі Астрожскага мужна вытрымалі гэты націск, не ўцягваючыся ў бітву надта шырокім фронтам. Татары мусілі весці цяжкую барацьбу з іхнымі шчыльнымі шэрагамі. Тым часам польская конніца ўсё яшчэ не ўступала ў бой, і гетман Астрожскі звярнуўся да М. Камянецкага, каб і палякі атакавалі. Удар польскіх харугваў у фланг і франтальная атака войска Вялікага Княства, праведзеныя адначасова, скончыліся поўным разгромам 25-тысячнай татарскай арды. У захопленым лагеры пераможцы ўбачылі 16 тысяч вязняў, 10 тысяч коней, нарабаваныя багацці. А на полі бітвы і ў Гарыні, праз якую ўцякалі рэшткі разбітых загонаў, засталося каля 5 тысяч трупаў наезнікаў. Пасля гэтага тры гады крымскія татары не чапалі Вялікага Княства Літоўскага.


Таемны ліст Васіля ІІІ. Тры смаленскія кампаніі


Прыкладна тады ж была перахопленая перапіска маскоўскага манарха Васіля ІІІ з нямецкім Ордэнам, з якой стала вядома, што тыя даўно рыхтуюцца да вайны з Княствам. Выкрыты Васіль ІІІ увосень 1512 года накіраваў да Жыгімонта свайго пасла з «разметными грамотами», у якіх і абвяшчаў вайну. Мэтаю агрэсіі было авалодаць Смаленскам. Ужо 14 кастрычніка з усходу на Смаленск рушылі палкі І.Рэпніна-Абаленскага ды І.Чэлядніна, а з Вялікіх Лукаў павялі войска В. Адоеўскі з С. Курбскім. Яны мусілі толькі спаліць пасады Смаленска і, злучыўшыся, ісці на Воршу, Друцак. А 19 лістапада з Масквы на захад выйшлі галоўныя сілы на чале з Васілём ІІІ ды ваяводамі Д. Шчэнем, А. Растоўскім, І.Варатынскім ды іншымі. Шэсць тыдняў яны трымалі горад у аблозе, абстрэльвалі яго з гарматаў, штурмавалі, а раць І.Рэпніна тым часам пустошыла землі ажно да Менска і Віцебска. Так і не ўварваўшыся ў Смаленск, але страціўшы нямала жывой сілы (толькі за адзін штурм у студзені 1513 года загінула блізу 2 тысяч маскоўскіх ратнікаў), Васіль ІІІ адвёў свае войскі назад.

Але налета пачалася новая кампанія. Хаўруснік Масквы Максімільян І прыслаў для паходу «аддзел пяхоты, гарматы і некалькі італьянцаў, дасведчаных у аблозе замкаў», а М. Глінскі наняў у Сілезіі і Чэхіі райтараў. Ужо ў чэрвені на Смаленск рушылі войскі з Вялікіх Лукаў і Дарагабужа. Хоць смаленскі намеснік і разбіў раць І.Рэпніна, ваяводы зноў моцна заціснулі горад аблогай. А ў верасні сюды падышоў з дадатковымі сіламі і сам Васіль ІІІ ды полк В. Шуйскага, які вярнуўся з спусташальнага рэйду па Полаччыне. Разам пад Смаленскам зграмадзілася каля 80 тысяч войска, якое мела да дзвюх тысяч пішчаляў. Абстрэл і штурмы шкодзілі фартэцы, аднак абаронцы цёмначы аднаўлялі разбураныя ўмацаванні ды мужна адбіваліся. Пад Воршай жа Канстанцін Астрожскі з невялікай вайсковай сілай разбіў дапаможны корпус маскоўскіх ратнікаў, які рухаўся на Смаленск. І ў лістападзе Васіль ІІІ мусіў чарговы раз зняць безвыніковую аблогу, адклікаўшы таксама палкі М. Глінскага з-пад Віцебска і Полацка, якія захапілі «палону безліч, а горада не ўзялі ніводнага». А ўжо ў лютым 1514 года ў Маскве было прынятае рашэнне пра трэці смаленскі паход.

Адчуваючы, што ўсё толькі пачынаецца, гетман Астрожскі напісаў у лісце за 8 красавіка 1514 года: «Зразумела, што няма на гэтым свеце анічога больш пэўнага, чымся смерць; калі са мною з дапушчэння Спадара Бога здарыцца якая прыгода на службах гаспадарскіх альбо давядзецца сысці з гэтага свету, запісваю жонцы маёй княгіні Тацяне Сымонаўне вена 1000 коп грошай літоўскай манеты, на замку маім Тураве, і на ўсіх дварах, і на ўсіх сёлах… Будзе жонка мая княгіня Тацяна па маёй смерці на ўдовіным стальцы сядзець, дзеці нашыя ня могуць яе з таго маёнтку Турава рушыць да ейнай смерці…»{13}

Узімку да вялікага князя маскоўскага прыехаў спецыяльны пасол ад Святой Рымскай імперыі[18]. Стараннямі імператара Максімільяна ды Васіля ІІІ была ўтвораная ваенная кааліцыя эўрапейскіх дзяржаваў супраць Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай. Апрача Маскоўшчыны ды імперыі яе мелі скласці Данія, Брандэнбург, Саксонія, Валахія і Тэўтонскі ордэн. У Маскве хаўруснікі абмеркавалі нават праект падзелу Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага: пасля перамогі Максімільян прызнаваў права Масквы на беларускія ды ўкраінскія землі, а Васіль ІІІ — права імперыі на польскую тэрыторыю{14}.

Належна падрыхтаваныя войскі выйшлі на Смаленск пад лета. З Дарагабужа іх вялі вопытныя Д. Шчэня і М. Глінскі, а з Вялікіх Лукаў — І.Марозаў і В. Шуйскі. Апошніх Васіль ІІІ накіроўваў пасля пад Воршу, на Друцкія палі, каб блакаваць магчымую дапамогу Смаленску, а сам у ліпені 1514 года прывёў туды галоўныя сілы. Ізноў сабралася 80-тысячнае войска. Пачаўся няспынны абстрэл горада з 300 гарматаў. «…Ад гарматнага і пішчальнага груку і людскога крычання і ляманту, таксама і ад гарадскіх людзей супраціўнага бою гармат і пішчаляў зямля дрыжэла, і адзін другога не бачыў, не чуў, і ўвесь горад у полымі і куродыме ледзь не ўздымаўся», — адзначаў аўтар аднаго з маскоўскіх летапісаў.

Абаронцы папрасілі спыніць абстрэл і згадзіліся на перамовы. З маскоўскага боку іх вёў М. Глінскі, які хацеў любым коштам угаварыць смалянаў капітуляваць, бо Васіль ІІІ абяцаў аддаць гэты горад яму. І Глінскі зрабіў сваю справу. 31 ліпеня Смаленск на льготных умовах капітуляваў. Намеснік Юры Салагуб загадаў адчыніць галоўную браму… Яму і ягоным блізкім дазволілі выйсці з горада, а з залогі — каго паланілі і завезлі ў Маскву (камандныя чыны), каго за добрую плату ўзялі служыць сабе. Пэўна, іх меў на ўвазе імператарскі пасол, калі пісаў, што праз колькі гадоў бачыў у Маскве тысячы паўтары пяхоты з «ліцьвіноў і ўсялякай набрыдзі»{15}. А ўсіх жыхароў горада прывялі да прысягі на вернасць маскоўскаму ўладару.

Пасля капітуляцыі Смаленска маскоўскія ваяводы імкліва рухаліся ўглыбкі Беларусі. Васіль ІІІ спяшаўся скарыстаць грандыёзны поспех і захапіць як мага болей тэрыторыі да таго часу, як супраціўнік апамятаецца ды арганізуе абарону. Сапраўды, за Смаленскам здаліся Амсціслаў, Крычаў, Дуброўна…

Войска Вялікага Княства было ўжо на маршы. Жыгімонт сабраў ці не ўсіх, каго мог: блізу 15 тысяч конніцы паспалітага рушання, 14 тысяч найманых коннікаў з Польшчы ды 3 тысячы такой жа пяхоты. Да гэтага корпуса далучыліся таксама паасобныя ахвочыя паны з Вяліка- і Малапольшчы. У Менску быў праведзены генеральны агляд сілаў, і войска шпарка рушыла на Барысаў. Далей можна было сутыкнуцца з ворагам, таму сенатары ўгаварылі Жыгімонта застацца ў Барысаве. Гаспадар пакінуў пры сабе толькі 4 тысячы вершнікаў, астатніх павёў наперад Астрожскі.

Ужо 28 жніўня яго перадавыя роты некалькі разоў сутыкаліся з маскоўскімі аддзеламі. На Бярэзіне і Бабры яны лёгка пабілі супраціўніка і набралі «языкоў». Ваявода Іван Чэляднін вырашыў не распыляцца і знішчыць усе войскі Княства ў генеральнай бітве. Ён адышоў на ўсход у пошуках зручнага месца і сабраў свае палкі за Дняпром на беразе Крапіўны, што паміж Воршаю і Дуброўнаю. Тут зграмадзілася ўся сіла маскоўскага войска — каля 80 тысяч памеснай конніцы на чале з галоўнымі ваяводамі І.Чэлядніным і М. Булгакавым-Голіцам. Пастаўленыя ў традыцыйным баявым парадку, яны ўтваралі фронт шырынёю некалькі вёрстаў.


На берагах Дняпра і Крапіўны


Гетман Астрожскі падышоў да Дняпра ўначы з 7 на 8 верасня і адразу пачаў перапраўляць войскі цераз раку. Для гэтага былі змайстраваныя пантонныя масты са звязаных, добра заканапачаных бочак. У іншых месцах скарысталі змацаваныя ланцугамі і вяроўкамі бёрны, накідалі гаці. Частка конніцы змагла перайсці Дняпро па бродзе ў вузкім месцы, недалёка ад Воршы.

Калі на левы бераг Дняпра пераправілася каля паловы войскаў К. Астрожскага, ваяводу І.Чэлядніну паведамілі пра гэта і прапанавалі скарыстаць момант: ударыць па гэтай частцы і знішчыць яе. Але той самаўпэўнена адказаў: «Калі мы разаб'ём гэтую частку войска, дык застанецца яшчэ другая, з якой, відаць, змогуць злучыцца іншыя войскі, так што нам будзе яшчэ пагражаць вялікая небяспека. Пачакаем, пакуль не пераправіцца ўсё войска, бо нашыя сілы настолькі вялікія, што, несумнеўна, мы без асаблівых намаганняў зможам ці разбіць гэтае войска, ці атачыць яго ды гнаць, як быдла, да самай Масквы. Урэшце нам не застанецца анічога другога, як заняць усю Літву».

На досвітку 8 верасня ўся конніца, пяхота і артылерыя Астрожскага былі ўжо перад маскоўскімі палкамі. Гетман паспеў расставіць іх у патрэбным баявым парадку: на правым фланзе — харугвы конніцы Вялікага Княства пад камандаю князя Ю. Радзівіла, на левым — найманая польская конніца на чале з В. Сампалінскім і Я. Свярчоўскім, а паміж імі — роты пяхотнікаў з ручніцамі. Уся конніца размеркавалася на дзве лініі. Пад прыкрыццё пяхоты была пастаўленая частка гарматаў, астатнія пакінутыя ў засадзе, бліжэй да правага крыла.

Грымнулі бубны, затрубілі баявыя сурмы, і маскоўская конніца першай кінулася ў атаку. Войскі Астрожскага без цяжкасцяў адбілі яе. У бехцеры, без шышака, гетман гарцаваў наперадзе сваіх вершнікаў на даўганогім дрыкганце[19], насіўся, аддаючы кароткія загады, паміж харугвамі. Быццам выпрабоўваючы ворага, ён кінуў на маскоўскія палкі польскую кавалерыю з левага крыла. Чэляднін стрымаў іх націск ды зноў ударыў сваёй конніцай. Гэтак да самага поўдня супраціўнікі асцярожна абменьваліся франтальнымі атакамі, не ўводзячы ў бой галоўныя сілы. Затым маскоўскія ваяводы паспрабавалі паслаць полк у тыл Астрожскаму і адначасова націснуць на фланг, аднак Канстанцін Іванавіч разгадаў гэты небяспечны ход і абедзве атакі ворага сышлі намарна. Тады бітва дасягнула апагею.

Ускінуўшы булаву, гетман рашуча павёў у атаку ўсю конніцу Вялікага Княства. Хвіліны — і яна злёту цяжка ўрэзалася ў густыя шыхты маскоўскіх ратнікаў. Пачалася лютая сеча. Астрожскі ізноў быў наперадзе, заклікаючы да мужнасці сваіх вершнікаў. Раптам — замяшанне ў яго харугвах, незразумелыя крыкі… Націск адразу аслабнуў, а яшчэ праз які момант сам гетман… вяртаў войска назад. Рэха панесла радасны, пераможны крык тысяч маскоўскіх коннікаў — «Літва ўцякае!» Вялізнымі сіламі памкнуліся яны за харугвамі Астрожскага.

Калі пагоня на ўсёй хуткасці падляцела да лесу, гетман ускінуў булаву, за ім палкоўнікі ўзнялі свае буздыганы[20], і «ўцекачы» як па камандзе крута павярнулі ў бакі, а маскоўская конніца апынулася — о жах! — перад чорнымі пашчамі гарматаў… Трапныя залпы ва ўпор касілі ашаломленых ратнікаў, і тыя панічна кінуліся ўцякаць. Цяпер ужо харугвы Астрожскага, развярнуўшыся, спяшаліся наўздагон рассеянаму ворагу. Гэта быў поўны разгром усёй маскоўскай арміі.

Пераслед яе даведзеных да жаху рэшткаў — а іх гналі на працягу 5 міляў — стаўся падобны да бойні, якую спыніла ноч ды густыя пушчы, што ратавалі ўцекачоў ад імклівых вершнікаў Астрожскага. Але й там шмат хто знайшоў свой канец, загінуўшы ў балоце, заблукаўшы ў бяскрайнім лесе. Іншыя патанулі ў Дняпры ды Крапіўне, калі ў паніцы спрабавалі пераправіцца. Трупамі маскоўскіх ратнікаў былі ўсцяж засланыя палі паміж Воршай і Дуброўнай. Летапісцы лічылі, што пад Воршаю іх загінула ад 30 да 40 тысяч. Шмат хто трапіў у палон, у тым ліку ўсе вышэйшыя камандзіры: Булгакаў-Голіца, Чэляднін, якога дагналі, 8 іншых ваяводаў — разам 48 военачальнікаў, а таксама 1500 дваранаў.

Васіль ІІІ уцёк са Смаленска, калі пачуў пра такі вынік генеральнай бітвы, умацаваўшы перад тым смаленскі гарнізон ды павесіўшы на валах тых, хто быў гатовы здаць горад Астрожскаму (смаленскія князі, паны і ўладыка паспелі паведаміць гетману, што хочуць вярнуць Смаленск у Вялікае Княства Літоўскае). А Дарагабуж па дарозе на Маскву наагул загадаў спаліць — каб не скарыстаў непрыяцель.

Раніцай 9 верасня гетман Астрожскі правёў агляд палонных. 380 сама радавітых накіраваў да Жыгімонта ў Барысаў, менш заможных разаслаў па замках[21]. Затым з 6-тысячным корпусам ды часткаю лёгкай артылерыі (усё браць не выпадала, бо восеньскія дажджы ўжо папсавалі дарогі) рушыў на Смаленск. Але дзеля прамаруджвання, недастатковай колькасці войска і асабліва гарматаў вярнуць горад адразу не ўдалося. Аблога ж зацягнулася і была малаэфектыўная. Таму, калі наблізіліся зімовыя халады, К. Астрожскі вырашыў вяртацца, так і не авалодаўшы стратэгічнай фартэцыяй. Ужо 3 снежня 1514 года ён трыумфальна ўязджаў у сталіцу праз Вострую Браму, як рымскі консул пасля вялікай перамогі, на чале сваіх пераможных харугваў, з багатаю здабычай і шматлікім палонам.

Значэнне велікапышнай перамогі, здабытай на Крапіўне, наўрад можна было ацаніць адразу. У крытычны момант быў абаронены суверэнітэт дзяржавы, больш-менш стабілізавана становішча на ўсходзе краіны. На які час пацішэлі і крымскія наезнікі. А маральна стомленыя ад няўдач ваяры Княства нарэшце акрыліліся.

К. Астрожскі дамогся рэваншу за паразу на Вядрошы, звёў даўнія рахункі з Масквою. Ці здагадваўся гетман, што ягоная перамога стане адной з сама значных ваенных падзеяў у гісторыі шматвяковага супрацьстаяння Масквы і Вільні? Што яе будуць памятаць пакаленні. Што ў 1561 годзе, напярэдадні Полацкай вайны, Жыгімонт Аўгуст напіша Івану Жахліваму: «Калі хочаш бітвы, дык ідзі са сваім войскам да Воршы, дзе Канстанцін Астрожскі даў вам сябе ведаць»{16}. І ў 1564 годзе, калі ўдалося без асаблівых намаганняў адагнаць маскоўскія войскі ад Дуброўны, летапісец адзначыць, што «такой вялікай здабычы і пры вялікай бітве Аршанскай ня ўзята»{17}.

У той далёкай мінуўшчыне была складзеная песня, прысвечаная бітве пад Воршай{18}. Народны твор услаўляў князя Астрожскага і горад, пад якім ён здабыў вялікую перамогу:

Ой у нядзельку параненька

Узышло сонца хмарненька,

Узышло сонца над борам,

Па-над Селецкім таборам,

А ў таборы трубы йграюць,

Да ваяцкае нарады зазываюць,

Сталі рады адбываці,

Адкуль Воршу здабываці:

А ці з поля, а ці з лесу,

А ці з рэчкі невялічкі?

Ані з поля, ані з лесу,

Толькі з рэчкі невялічкі.

А ў нядзелю параненьку

Сталі хлопцы-пяцігорцы

Каля рэчкі на прыгорцы.

Гучаць разам з самапалаў,

З сяміпалых ад запалаў.

Б'юць паўсоткаю з гарматаў.

Масква стала наракаці,

Места Воршу пакідаці,

А як з Воршы ўцякалі,

Рэчку невялічку пракліналі:

«Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,

Як наша слава тутака прапала.

Бадай высыхала да сканчэння свету,

Што нашай славанькі ўжо нету».

Слава Воршы ўжо ня горша.

Слаўся, пан Астроскі!

Тагачасны летапіс захаваў для нас словы ўзнёслай хвалы гетману і яго слаўнаму войску. Князь Канстанцін Іванавіч, які разграміў страшную непрыяцельскую сілу, «цэрквы Божыя хрысціянскія і шмат мужоў і жонак іхных ад гвалту абараніў», мужнасцю параўноўваўся з вялікім царом індыйскім Порам, армянскім царом Тыгранісам, македонскім Антыохам, а воі ягоныя — «вялікія выдатныя віцязі літоўскія сталі падобныя сваёй мужнасцю храбрым македанянам».

Летапісец прыгадаў словы прарока Ісаі: «За памнажэнне зла людзей і многія іх няпраўды праліецца кроў іх, як вада вялікая, харобрыя і гордыя ад мечаў загінуць, адзін ратны праўдзівы погоніць непраўдзівых 100, а ад ста загіне 1000 і плоць іх будзе на ежу жывёлам і птушкам, і косці іх на пазор усякай жывёле». Ды адзначыў, што на Крапіўне гэтае прароцтва і спраўдзілася: «Цяпер тым прароцтвам узнагародзіў Бог князя Канстанціна Іванавіча, найвышшага гетмана літоўскага, што яго справаю і яго смелага сэрца і рукі сягненнем людзі маскоўскага ворага пабілі і тых забітых плоці звяры і птушкі ядуць, па зямлі косці валочачы, а ўтопленых водамі рыбы клююць»{19}.

Падкрэсліўшы, што за здабытую перамогу Астрожскі варты таго, каб валодаць Ерусалімам, летапісец сканчаў аптымістычнымі зычэннямі: «Вялікаслаўнаму гаспадару каралю Жыгімонту Казіміравічу будзе гонар і слава на векі, перамогшаму недруга свайго вялікага князя Васіля маскоўскага, а гетману яго, выдатнаму князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму, дай Божа здароўе і шчасце наперад лепшае, як цяпер; пабіў сілу вялікую маскоўскую, каб так пабіваў моцную раць татарскую, праліваючы кроў іх бусурманскую».

Праз некалькі гадоў пасля славутае бітвы была створаная вядомая карціна, на якой мастак маляўніча перадаў момант перад пачаткам бою. На палатне паказаны войскі Канстанціна Астрожскага ў часе завяршэння пераправы, а ўдалечыні — маскоўскія палкі. У цэнтры карціны змешчаны, праўдападобна, сам гетман найвышэйшы. На дзідах вершнікаў можна заўважыць трохкутныя штандары белага колеру з адной чырвонай палосай удоўж і другой, каля самага дрэўка, упоперак — гэта ці не сама раннія выявы сцяжкоў з беларускімі нацыянальнымі колерамі. Цяпер карціна захоўваецца ў Музеі Нарадовым у Варшаве{20}.

Тая акалічнасць, што пераможцам быў князь грэцкае веры, дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі ўсяму праваслаўнаму насельніцтву краіны. Скарыстаў з гэтага перадусім сам К. Астрожскі. Яшчэ на Крапіўне перад бітвай ён прасіў, звяртаючыся ў малітве да Божае Маці, дараваць яму перамогу і абяцаў за гэта збудаваць два праваслаўныя храмы. І 30 лістапада 1514 года, калі гетман найвышэйшы быў яшчэ ў дарозе да Вільні, Жыгімонт выдаў асобную грамату на яго імя, у якой пісаў: «…Паколькі мы навучаныя Святым Законам і Евангеллем даваць абяцанні Богу і выконваць іх…мы ласкава дазволілі пабудаваць цэрквы: Святой Тройцы — на ўзгорку, праз які ідуць да брамы, што па дарозе ў Меднікі, дзе была старая царква з манастыром пад гэтакім жа назовам Святой Тройцы, пабудаваная з дрэва, і Святога Мікалая, якога называюць Вялікім, пасярод места нашага Вільні, - пабудаваць абедзве з каменю». Асабліва значным было аднаўленне Траецкага храма і манастыра — адной з тых святыняў, якія мелі найбольшую пашану праваслаўных вернікаў краіны. Нездарма апякун гэтага манастыра адначасова быў і віленскім намеснікам мітрапаліта[22]. Мусіць, у тым жа часе стараннямі князя Астрожскага перабудаваная і Пакроўская царква ў Вільні.

Што да міжнароднага значэння перамогі на Крапіўне, дык і яно мела тады асаблівую важнасць для краіны. Эўропа моцна ўразілася, калі пачула пра поўны разгром вялізнага войска маскавітаў. Жыгімонт пісаў пра перамогу рымскаму папу Леву Х і містру[23] Ордэна Альбрэхту. Першаму з іх, а таксама вугорскаму каралю ён нават паслаў у падарунак частку вяльможных вязняў, якіх, праўда, пераняў імператар і вярнуў Маскве. Сам рымскі папа святкаваў тады перамогу Жыгімонтавага гетмана над маскавітамі. А папскі легат Пізон адклаў запланаванае падарожжа ў Маскоўшчыну. Максімільян жа адмовіўся падпісваць ваенны дагавор 1514 года з Масквой і наагул не пажадаў браць на сябе аніякіх ваенных абавязкаў. Так разваліўся небяспечны альянс супраць Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы, мэты якога ставілі пад пагрозу самое існаванне гэтых дзяржаваў.


Венскі кангрэс


Улетку 1515 года засядаў Венскі кангрэс, у якім бралі ўдзел імператар Максімільян, Жыгімонт і ягоны брат вугорскі кароль Уладыслаў. Манархі паразумеліся. Імператар рэзка змяніў сваё стаўленне да Жыгімонта. Іх прымірэнне мелася быць змацаванае шлюбам Жыгімонта з унучкай імператара італійскай прынцэсай Бонай. Максімільян канчаткова адмовіўся ад усіх тэрытарыяльных прэтэнзій, паабяцаў дапамагчы ў замірэнні з Масквою ды падкрэсліў сваю асаблівую прыязнасць да Кароны і Княства, сказаўшы, што цяпер ён «з Жыгімонтам гатовы пайсці і ў рай, і ў пекла». (Імператар трымаў сваё слова ды сапраўды адстойваў інтарэсы Вялікага Княства ў эўрапейскай палітыцы. Прыкладам, у 1518 годзе, калі заадно з Маскоўшчынай пачаў дзейнічаць нямецкі Ордэн, ён пераконваў містра Альбрэхта: «Цэласнасць Літвы неабходная для дабра ўсёй Эўропы: магутнасць Масковіі небяспечная».)

Тым часам вайна працягвалася, хоць і не з такой актыўнасцю ды размахам. Ужо ў студзені 1515 года пскоўскі намеснік А. Сабураў правёў 3-тысячную раць углыбкі Беларусі, падышоў да Рослаўля быццам бы здавацца. Калі ж абаронцы супакоіліся, ён напаў на горад, захапіў і спустошыў яго, пасля чаго з вялікім палонам і дабром уцёк да Пскова. Праз колькі месяцаў ізноў ад Пскова маскоўцы рушылі на паўночную Беларусь, былі спаленыя Друя і Браслаў, мноства людзей забрана ў палон. У сваю чаргу па Северскай зямлі ўдарылі з Кіеўшчыны Астап Дашкевіч з кіеўскім ваяводам Андрэем Няміровічам і крымскім царэвічам Махмет-Гірэем (за ўдалыя дзеянні супраць маскоўскіх і крымскіх войскаў Дашкевіч быў празваны Ромулам і меў вялікую павагу дняпроўскіх казакаў).

У тым жа годзе з Вялікіх Лукаў маскоўскія ваяводы рабілі набегі на Полацак, а з усходу Б. Гарбаты, Д. Шчэня і В. Гадуноў хадзілі на Амсціслаў і Віцебск. Войскі Жыгімонта, адказваючы, уварваліся пад Вялікія Лукі: «Пасады Лук Вялікіх папалілі, а сустрэчы ім не было, вялікага князя ваяводы не паспелі».

З таго, што ў Крыме месца памерлага Менглі-Гірэя заняў варожа настроены да Масквы Махмет-Гірэй, спакою, як выявілася, не пабольшала. Дыпламаты Васіля ІІІ імкнуліся як найхутчэй зноў зрабіць Арду хаўруснікам. Татарскі хан Ахмат з Ачакава ўжо тады пісаў вялікаму князю маскоўскаму: «…вазьмі для мяне Кіеў, а я дапамагу табе заваяваць Вільню, Трокі і ўсю Літву». З 1515 года наезды крымскіх татараў зрабіліся штогадовыя. Улетку 1516 года рэйд 40-тысячнай конніцы Алп-Арслана нават сарваў наступальную акцыю Вялікага Княства Літоўскага супраць Маскоўскай дзяржавы. Тады пацярпела Палессе. Быў цалкам спалены Петрыкаў.

Пасля Венскага кангрэса сваю варожасць да Вільні і Кракава адкрыта выявіў нямецкі Ордэн. Ордэнскі пасол Д. Шонбэрг пабыў у Маскве ў 1515 і 1517 гадах, вынікам чаго сталася ваенная дамова дзвюх дзяржаваў супраць Кароны і Княства. Васіль ІІІ падахвочваў містра ўдарыць па Жыгімонце з захаду, а для ўтрымання найманай пяхоты абяцаў яму вялікія грошы. Затое імператар Максімільян па-ранейшаму намагаўся спыніць вайну. Напрыканцы 1516 года ён накіраваў у Вільню і Маскву пасольства барона Жыгімонта Гэрбэрштайна, якое, апроч таго што прывезла прынцэсу Бону, мела за мэту схіліць Васіля ІІІ да міру з вялікім князем літоўскім. Барон Гэрбэрштайн угаворваў маскоўскага ўладара «супакоіць Хрысціянства і ўласную зямлю, бо дзяржавы квітнеюць мірам, вайной — вымагаюцца», перасцерагаў ад небяспекі ўсім хрысціянам з боку туркаў. Аднак маскоўскі двор толькі выслухоўваў венскага пасла, а на справе мацаваў саюз з асманскай Портай. Так і не дамогшыся нічога ад Васіля ІІІ, Гэрбэрштайн мусіў пакінуць Маскву. «Мы ад'язджаем. Неба пакарае вінаватага ў праліванні крыві», — казалі віленскія паслы, што былі разам з ім, на развітанне.

Пад восень 1517 года наступальную аперацыю пачаў К. Астрожскі. Ягонае войска (айчыннае рушанне, колькі тысяч нанятых палякаў, чэхаў і мараваў) з Полацка пайшло на Пскоўшчыну, разбіваючы па дарозе маскоўскія залогі. Разам з Канстанцінам Іванавічам былі выпрабаваныя ў бітвах паплечнікі — Ю. Радзівіл і Я. Свярчоўскі. І ўсё ж не абышлося без непаразумення. Калі аблажылі Апочку, Свярчоўскі, не зважаючы на абарончыя магчымасці цвердзі (палякі ўвогуле пагардліва называлі Апочку «свіным хлявом»), дачасна і без згоды Астрожскага кінуў людзей на штурм умацаванняў. Войска панесла значныя і, галоўнае, зусім неапраўданыя страты. Пасля гэтага асобныя аддзелы адлучаліся ад Апочкі і хадзілі далей да Пскова — на Варонач, Красны Гарадок, Велле. Але неўзабаве на дапамогу апоцкаму гарнізону прыйшлі раці І.Ляцкага ды Ф. Абаленскага з Вялікіх Лукаў. А калі да Апочкі сталі рухацца і вялікія сілы маскоўскага войска на чале з А. Растоўскім, князь Астрожскі палічыў за лепшае не рызыкаваць. Зняўшы аблогу, ягоныя войскі накіраваліся да сваіх межаў.

А на лета 1518 года Васіль ІІІ падрыхтаваў удар у адказ. З Вялікіх Лукаў ягоныя ваяводы рушылі на Полацак, з Белай — на Віцебск, а са Смаленска і Старадуба — на Падняпроўе. У маскоўскіх летапісах было запісана, што на гэты раз іх войска дайшло да Слуцка, Менска, Новагародка. Вялікія сілы непрыяцеля скавалі Полацак. Як шчыра адзначыў аўтар пскоўскага летапісу, «і Палачане шмат з нашымі біліся…» Затым прыспела падмога і «пабеглі да Дзвіны Масквічы, і не змаглі яны пераправіцца ўсе, і патапілі іх шмат у Дзвіне, і адышлі ад Полацка, нічога не атрымаўшы».

Астрожскі тым летам абараняў паўднёвыя межы краіны. Разам з А. Дашкевічам ён двойчы разграміў на Валыні крымскіх наезнікаў.

Паступова сапраўды небяспечным зрабіўся ваенны хаўрус Масквы і Караляўца[24], падпісаны яшчэ ў 1517 годзе. Цяпер да яго далучаўся новы альянт. Ужо вясной 1519 года перад Васілём ІІІ стаяў крымскі пасол з ярлыком ад хана. У выпадку адначасовага ўдару ўсіх трох хаўруснікаў для Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага маглі настаць надта цяжкія часы. На шчасце, яны дзейнічалі паасобна.

У ліпені на Кіеўшчыну і Валынь уварвалася 40-тысячная арда. Гетман Канстанцін Астрожскі выступіў супраць татараў з корпусам на 7 тысяч коннікаў, частку якога складалі палякі. Ён пераняў татараў на зваротным шляху, калі тыя ўжо вярталіся са здабычай. 2 жніўня дайшло да бітвы пад Сокалам, у зусім невыгодным для Астрожскага месцы. Усяму нашкодзілі маладыя польскія шляхцічы, якія прагнулі перамогі. Самаўпэўненыя, яны рваліся ў бітву і не хацелі нават змяніць пазіцыю, застаючыся на нізкім беразе Буга. Не паслухаўшыся загадаў К. Астрожскага, малады Ф. Гербурт павёў свае харугвы на татараў, чым змусіў да ўдзелу ў бітве і гетмана найвышэйшага. Усё скончылася поўнай перамогай наезнікаў. Тры князі, шмат ротмістраў і безліч вершнікаў Астрожскага засталіся на месцы сечы, а сам ён ледзь уратаваўся з пашматанымі рэшткамі конніцы. Той, чыё імя наводзіла жах на ардынцаў, цяпер уцякаў ад іх. І браў на сябе, славутага ваяра, усю няславу гэтага разгрому. Вядроша, Апочка, Сокал… Трэцяя параза ў жыцці, і трэці раз — не па ягонай віне…

А праз колькі тыдняў на Беларусь прыйшлі маскоўскія раці. Рухаліся яны зноў трыма групоўкамі — з Вялікіх Лукаў, Смаленска і Старадуба, агулам блізу 40 тысяч. Усе кіраваліся ў бок Менска, каб потым — на Вільню. «И воеводы наши, — адзначалася ў маскоўскім летапісе, — воевали по Вилну, Логоеск, Менеск, Айну, Красное Село, Молодечну, Марково, Лебедево, Крев, Ошмону, Медники, Мяделу, Куренской камень, Березвичи, Жесно, Курец, Волоеск, Радошковичи, Борисово…» Асабліва значныя баі былі пад Крэвам, дзе сабралася войска А. Гаштаўта і М. Радзівіла. Ад Крэва яно адышло за Лоск, а ваяводы Васіля ІІІ пасля гэтага з'явіліся каля Полацка і Віцебска.

Аніякіх гарадоў яны здабыць не змаглі, затое панішчылі воласці, шмат жыхароў пазабівалі ці паланілі і праз месяц вярнуліся ў сваю зямлю. Гарады-цытадэлі самотна стаялі сярод выпаленага, пакрытага попелам краю. А ў лютым 1520 года пад Віцебск і Полацак прыходзіў з войскам ваявода В. Гадуноў — паліў недапаленыя пасады. Праз год з поўдня ўварвалася шматтысячная крымская арда, ад якой найбольш пацярпелі землі паўднёвай Беларусі. Быў абрабаваны і моцна спалены Тураў.

І ўсё ж вайна набліжалася да канца. Тэўтонскі ордэн, на які Васіль ІІІ вельмі спадзяваўся і нават двойчы пасылаў містру Альбрэхту вялізныя сумы грошай на войска, моцна цярпеў ад палякаў. Жыгімонт загнаў тэўтонцаў аж да Караляўца і прымусіў падпісаць у 1521 годзе мірнае пагадненне. Яшчэ ў 1520 годзе такое пагадненне з Жыгімонтам склаў Махмет-Гірэй. Вось тады і Васіль ІІІ стаў хіліцца да прымірэння.

У 1522 годзе віленскае пасольства на чале з полацкім ваяводам Пётрам Кішкам падпісала ў Маскве дамову аб 5-гадовым замірэнні. Смаленск быў пакінуты Маскве, шматлікія палонныя заставаліся ў Вялікім Княстве Літоўскім…


Загрузка...