РАЗДЗЕЛ ДРУГІ


1

Чаго лепшага, а жалеза цяпер у Малым Сяле хапае. Жалезам з ранку да вечара грукоча і грыміць Кругавіцкая МТС; на абломкі жалеза можна набрысці ў якім хочаш пералеску, абы ён быў паблізу калгаснага поля; іржавым, знявечаным жалезам ледзь не да столі напакавана задымленая кузня-развалюха. Маласельскі каваль Костусь Танец за польскім часам кожную вясну ламаў галаву, з чаго б скляпаць звычайную трохзубцовую матычку, выкаваць лямеш альбо ўставіць зуб у барану, і калі - пешшу ці конна - вяртаўся з Ганцавіч, дык, засмучаны вечнай нястачай жалеза, асабліва пільна прыглядаўся сабе пад ногі: на дарозе іншы раз шанцавала падняць то згублены шворан, то старую атосу, то зусім цэленькую падкову.

Збіраць на шляху нікчэмныя жалязякі пасля вайны адпала патрэба, таму што з пераменай улады змяніўся і адвечны жыццёвы ўклад палешукоў. Калі ў Малым Сяле наладзіўся калгас, вяскоўцы страцілі свае зямельныя надзелы, засталіся без гумнаў і асецяў, нават і спажываць сталі адну і тую ж ежу: асцюкаваты хлеб, бульбу-літманку, іржавыя селядцы з салёным лёкам, ды ўжо ж, нягледзячы на відавочнае згаленне, усе як адзін на доўгія гады, а то і на цэлыя дзесяцігоддзі запасліся дармавым казённым жалезам.

Нейкі бядовы трактарыст, калі яго дабітая ламачына заглухне ў баразне, вельмі не бянтэжыцца: прабяжыць па вясковых дварах, зазірне на дрывотні, пашукае пад платамі ў крапіве і абавязкова знойдзе якраз тое, з-за чаго стаіць трактар, - новенькі карбюратар, масляную помпу, завадную корбу. Да жалеза ў людзей з'явілася дзіўная прагавітасць, невытлумачальная хцівасць. Блізкі сусед Фядоры Чыркун валавокі Ёсаль, які жыве адразу за Марцінам Палазком і які, здаецца, ніколі не быў западозраны ў зладзействе, на гарышча сваёй лядачай хаты нацягаў столькі жалезнага лому, што аднойчы ў ветраную ноч бэлькі затрашчалі, столь правісла да падлогі - ледзь Ёсаль з сям'ёй паспеў выскачыць праз акно. З украдзеных вузлоў і дэталяў, як высветлілася потым, можна было сабраць цэлы трактар, і калі пра гэты крымінальны выпадак падхалімы данеслі дырэктару МТС Фядотаву, той хапіўся за галаву, з перапуду, кажуць, нават звязаў клункі, каб па этапе ехаць у Сібір. Аднак нейкім цудам бяда яго абмінула, абышла бокам, і дырэктар, узрадаваны шчаслівым зігзагам лёсу, ледзь не ў ногі кінуўся новаму эмтээсаўскаму вартаўніку Сцяпану Аліферу:

- Васільевіч, шаноўны мой! Дзяржаўную маёмасць - усе гэтыя трактары, плугі, сеялкі - беражы як зрэнку вока. Нашу халатнасць хлопцы з энкавэдэ другім разам не даруюць. Ёсаля і яму падобных зладзеяў нават і блізка да жалеза не падпускай. Гані ў каршэнь, па карку надавай.

- Што па карку! - расчаравана сказаў Сцяпан Аліфер. - Была б у мяне бярдана, дык Ёсалю я ў адно месца солі загнаў бы.

- Купім табе, Васільевіч, стрэльбу. Купім! Толькі вартуй спраўна. Я вось пагляджу, дык за добрую службу ў канцы месяца выпішу кварту дэнатурату.

- Хто б падумаў, што на свеце бывае такое паскудства, - заружавеўся ўлешчаны Сцяпан Аліфер. - Але нічога. Калі дзінатур разбавіць вадой, то піць можна.

- Не падвядзі, Васільевіч! - грузны, здаравенны Фядотаў моцна, як сябру, патрос вартаўніку карабатую руку. - Таму што цяпер разам з табою ў Сібір загрымім.

- Хай Бог панам барануе! - з прытворным жахам уздыхнуў Сцяпан Аліфер і, помнячы, што пана бачна па халявах, з цікаўнасцю зірнуў на хромавыя дырэктарскія боты. - Што мне? За Польскай не прапаў, дык і цяперачы, аднака ж, не прападу.

Не дужа якая векапомная размова адбылася з перапалоханым дырэктарам МТС, але неўзабаве хітры, як лісавін, стары паляшук ужо сядзеў у вартаўнічай будцы каля ўваходнай брамы, узброены з галавы да ног. У куце за шырокім тапчаном стаяла паляўнічая стрэльба, на клышаногім століку, пабліскваючы меддзю, ляжалі набоі, а ў акенца, знарок на самым відавоку, красаваўся пачак з соллю. Ці Ёсалю перадалі пра гэтыя непрыемныя перамены, ці з яго чырвоныя аколышкі вытраслі ўсе шлункі, ды злодзею як сто баб адшаптала: жалеза ўжо не крадзе і, кажуць, нават знайшоў сабе іншы прыбытковы занятак. Па дарозе ў Кругавічы аднойчы Ёсалю ўдалося падняць рубель, згублены нейкім багацеем альбо відавочным разявакам, і вось цяпер удачлівы чалавек, тэпаючы праз лес у эмтээсаўскую краму па хлеб, вельмі пільна прыглядаецца пад ногі, бо ў кожнай выпадковай паперцы яму мрояцца вялікія грошы, якіх процьма павінна навыпадваць з кішэняў п'яных маласельскіх трактарыстаў. На ўсялякі ж выпадак, каб не выпрабоўваць ні свой, ні чужы лёс, асцярожнае начальства распарадзілася абнесці высокім дашчаным плотам галевы пляц з боку рамонтнай майстэрні, дзе поўна рознага жалеззя і дзе маласельцы, спрадвек не шануючы кругавыя дарогі, навытоптвалі безліч пакручастых сцежак.

Вартаўнічая служба ў Сцяпана Аліфера пасля прынятых крутых мер пайшла намнога спакайней. Начамі, пільнуючы дзяржаўную маёмасць, ён не змружваў вачэй, без ашуканства адсыпаючыся цэлы дзень дома, а на другі тыдзень усё было наадварот. Занадта спакойная служба, як ні дзіўна, пачынала нерваваць вартаўніка, іншы раз ён ужо сур'ёзна шкадаваў, што ніяк не ўдаецца скарыстаць набоі з соллю, і гэтае яго хваляванне тлумачылася выключна абставінамі прычыны і часу. Без зямлі, без каня і гумна, зусім не па добрай волі перададзеных пад неабмежаваную ўладу Аляксея Хамутовіча, на старасць Сцяпан Аліфер стаў добрым валацугам, голым бедняком, і толькі старажоўства давала яму сякія-такія рублі ды льготную чаргу ў эмтээсаўскай краме.

За нейкія два месяцы несусветныя балбатуны з палітаддзела паспелі ўбіць у старэчую галаву, што сцеражэ ён наогул не чужое, а сваё, кроўнае, дабро, і гэты немалады, прабеглы чалавек інакш ужо, мусіць, і жыць не ўмеў: якая ні прыпевачка, ды вясёлая, якая ні справа, ды пашаноўная. Расказваюць, Сцяпан Аліфер збялеў, спалатнеў, задрыжаў як асінавы ліст, калі па даўняй завядзёнцы, прачнуўшыся рана, яшчэ ацёмачы, выглянуў у акно. Акурат за Тафілінай бярозай, дзесьці далёка над Кругавіцкім лесам трапяталася, быццам жывое, вялізнае зарыва, і пёрыстыя воблакі на фоне светлага неба спадыспаду былі падсвечаны чырвонымі языкамі полымя.

- Марка, падымайся! Эмтавэс гарыць! - раскатурхаў ён сонную старую і з перапуду кінуўся ў качарэжнік па лапці. - Ратаваць трэба дабро.

- Дурань ты! Гэта ж сонца ўзыходзіць, - глянула ў акно сярдзітая Марка. - Ну саўсім ужо аслеп ад чартоўскага дзінатуру.

Свой промах Сцяпан Аліфер зразумеў, калі яшчэ зірнуў на светлае неба над лесам, але яму было не так сорамна, таму што і Марка памылілася спрасонку: скажыце на ласку, якое ж сонца можа ўзыходзіць халоднай асенняй раніцай? Удалечыні за Тафілінай бярозай калыхалася электрычнае зарыва, і тут ужо лёгка было ўспомніць, што на эмтээсаўскім пляцы дзён колькі запар маладыя вясёлыя хлопцы ўкопвалі прасмоленыя слупы, з дапамогай жалезных кіпцюроў узбіраліся аж на макаўкі, туга нацягваючы там алюмініевыя драты, і тыя белыя правады загулі, нібы струны, зазвінелі ад ветру, напоўнілі ўвесь дзядзінец журлівай мелодыяй. Знізу Сцяпан Аліфер назіраў, як спацелыя д'яблы без страху лазяць па верхатуры, і дужа рупіўся, што на свеце, аказваецца, ёсць дзівосы і таямніцы, не падуладныя простаму розуму і звычайнаму ўяўленню.

Прасторную панскую стайню, выкінуўшы з сярэдзіны перагародкі і яслі, новыя гаспадары маёнтка перарабілі на рамонтную майстэрню, а збоку, у прыбудоўцы, дзе калісьці была абозня, на цагляным падмурку паставілі траскучы дызель, які праз доўгі пас з ранку да позняга вечара круціў дынама-машыну. Уся саматужная механіка вельмі ўжо нагадвала малатарню з конным прыводам, і тут, здаецца, не было чагосьці незразумелага, аднак чалавеку дужа карцела ведаць, чаму ацёмначы на слупах запальваюцца ліхтары і ці не ўмяшалася сюды нейкая нячыстая сіла. Бавячы час на начным старажоўстве, Сцяпан Аліфер падоўгу не зводзіў позірку з алюмініевых дратоў, нягледзячы на душэўныя пакуты, таямніца яму не адкрывалася, і ён вяртаўся ў сваю будку надзвычай збянтэжаны і засмучаны. З надыходам восені ў начальніцкім пасёлку электрычныя ліхтары загараліся вельмі рана, і вось яркі бляск ад іх, зарывам разліўшыся над лесам, увёў у зман уражлівую натуру. Балбатлівая Марка прагаварылася камусьці, мурзатыя трактарысты пачулі і аж бокі рвалі, як Сцяпан Аліфер бег ратаваць МТС, а Фядотаў пасля гэтага, наадварот, яшчэ больш запаважаў руплівага вартаўніка і прапусціў міма вушэй, што той занадта пачаў захапляцца казённым дэнатуратам.

На стары добры час, калі гумны ў маласельцаў, у каго бядней, у каго багацей, усё ж былі запханы жытнёвымі снапамі, ніякі дурань, вядома, не стаў бы жлукціць сінюю смярдзючую брыдоту, ад якой зводзіць сківіцы і вочы лезуць на лоб. Але свайго жыта даўно не сеюць, ціснуць на патрэбу цудоўную самагонку няма з чаго, ды што ўжо казаць пра астатніх вяскоўцаў, калі нават самыя зацятыя самагоншчыкі пан Вінцусь і пан Бронюсь прыціхлі з патайным броварам на Імшэчку. Непітушчых людзей у Малым Сяле было багата, але і ласых да гарэлкі хапала. Маючы дзесяць рублёў, непапраўны жлукта смела грукаўся да знакамітых паноў, раздабыўшы грошай у два разы больш, ён борзда шыбаваў у краму да Валодзі Белага, а бедныя трактарысты, чыя праца аплачвалася натурай і мізэрнай колькасцю рублёў, на свой страх і рызыку спажывалі дармавы спірт, выпісаны з казённага склада для мыцця трактарных дэталяў. Адчайныя выпівохі не палохаліся чалавечага чэрапа на этыкетцы, перакрыжаванага жахлівымі галёначнымі косткамі, але нават і тое малое каліва страху было лішнім, таму што, на здзіўленне, ад відавочнага яду ні адзін пустадомак не здырдзіўся, не ўрэзаў дуба.

На манер вопытных латруг сваю жуду перад невядомасцю Сцяпан Аліфер пераадольваў тым, што, па-першае, падсінены дэнатурат разбаўляў вадою, а, па-другое, калі піў, то моцна, да болю ў вейках заплюшчваў вочы. І здабываць гэты смярдзючы трунак ён меў хітры і выпрабаваны спосаб: з дому, дзе яшчэ не выгалела ў кубельцах, на полудзень сабе браў добрую лусту дамашняга хлеба, ёмкі скрыль пахучага сала, а калі Марка кудысьці адлучалася, ушчыкваў тайком кусянятка свінога сцегняка ці калянку падсушанай кілбасы. З такім багатым ежывам Сцяпан Аліфер смела ішоў у кантору, што месцілася ў былым панскім флігелі, вытрэсваў у абед свой хатулёк на канцылярскі столік і неназойліва запрашаў пачаставацца бухгалтарку Шуцянку і кладаўшчыцу Сяргееву, кабет прыблудных, наводных, без уласных сотак і агародчыкаў. Іржавыя селядцы і бурачная патака з эмтээсаўскай крамы ім даўно збрыдзелі, ад чаю з сахарынай іх мучыць ікотка, і яны прагна, як з галоднага краю, накідваюцца на дзівосныя, век нябачаныя прысмакі. Сам жа Сцяпан Аліфер застрэміць пальцы скібкай хлеба, возьме кусель сала ў рот і, маючы ледзь не езуіцкі розум, цярпліва чакае, каб у жанчын вочы асавелі ад сытасці і насалоды, а тады ён прамаўляе:

- Дзінатуру хай бы якую кроплю, га?

- То ж атрута, Сцяпан Васільевіч! - шкадуе свайго прыяцеля і дабрадзея Шуцянка. - Там чорт ведае чаго накідана, каб выпівохі не спакушаліся. Ого, яд!

- Піў жа, і халера не бярэ.

- Добра, увалью кубачак, - згаджаецца на вялікае злачынства Сяргеева. - Але калі што якое, калі, не дай Бог, памрэш, то каб не казаў, што я вінаватая.

Драўляны флігель з прамым калідорам і асобнымі пакоямі, з узорыстымі вокнамі і высокім ганкам тыя разы, калі ў ім жыў Аліфераў зяць Язэп Невяроўскі з сям'ёй, меў чым прыняць гасцей, і напоі тут смакаваліся намнога лепшыя, чым гэты смярдзючы падсінены дэнатурат. Разведзены вадой, сярдзіты трунак бялее, шыпіць, пускае пухіры, і такі, ачалавечаны, ён ужо амаль прыдатны да ўжытку, хаця ядавітасці ў ім наўрад ці паменела. З жахам, з крэктам, выпучваючы, як жаба, вочы, Сцяпан Аліфер каўтае атруту, і, счакаўшы некалькі хвілін, твар яго набывае выраз найвышэйшай асалоды. Вочы вяртаюцца ў свае арбіты, жоўтыя, пракураныя вусы тапырацца, як іголкі ў вожыка, і на злінялых сініх губах расплываецца боская ўсмешка. Найвышэйшая асалода трымаецца на твары знарок як даўжэй, каб спакусіць смярдзючым пітвом агаладалых эмтээсаўскіх службовак. Маючы выдатны дар красамоўства, Сцяпан Аліфер блытана, аднаго за адным, згадвае знаёмых трактарыстаў, якія без меры жлукцяць дэнатурат, і, дзякуй Богу, ніякі карбунец іх не бярэ. Але, бадай што, лепш за ўсялякія красамоўныя словы на кабет зрабіў вялікае ўражанне пераканаўчы прыклад уласнай неўміручасці.

Спачатку баязліва, потым смялей, потым ужо і зусім смела Шуцянка з Сяргеевай пачалі каштаваць тэхнічны спірт, смакавалі яго не адзін раз на тыдзень, а позняю восенню, калі занудзілі слотныя, зацяжныя дажджы, абедзве прывучыліся выпіваць ужо нароўні са сваім вусатым змеем-спакушальнікам. Пры такой злагадзе, пры такой вар'яцкай дружбе было б проста не па-сяброўску праглынуць і сала, і паляндвіцу насухама, і канчаецца звычайна полудзень тым, што Шуцянка і Сяргеева ўвачавідкі ружавеюць, сядзяць наетыя і напітыя, з асавелымі, лагоднымі вачыма. Цяпер бы паплявузгаць уволю, памянташыць языкамі, але абедзенны перапынак, на жаль, кароткі, як заечы хвосцік. За службовыя сталы пачынаюць вяртацца розныя пісцы і падлікоўцы ды іншы вучаны канцылярскі люд, і захмялелы Сцяпан Аліфер пакідае эмтээсаўскую кантору.

- Тут, у гэтым флігелі, калісьці жыла мая дачка Стэфка, - расчулена кажа ён на развітанне. - Калі тое было, а, здаецца, і сённячы яе дух чуваць.

- Не трэба браць на матор, Сцяпан Васільевіч, - праводзячы старога да дзвярэй, паспачувала Шуцянка. - Усё ж добра абышлося, а матор, іць, не жалезны.

- Але, чаго нервавацца? - падхапіла Сяргеева. - Жывая дачка, здаровенькая і пісьмы, баюць, сардэчныя шле.

- Ага, шле з літаннямі ды з паклонамі, - выцер слязу ўзрушаны вусаты змей-спакушальнік.

З высокага ганка флігеля, убачыўшы між кустоў мажную фігуру самога Фядотава, усе трое разбягаюцца хто куды. Шуцянка вяртаецца за бухгалтарскі стол з мноствам папер і парэпанымі лічыльнікамі, Сяргеева бяжыць на склад, абсталяваны ў былой панскай малітоўні, а Сцяпан Аліфер, сярдзіта выкідваючы перад сабой кавеньку, бегма шыбуе на сваю варту. Калі на дварэ лупіць слотны асенні дождж, што ажно бурбалкі лопаюцца на лужынах, можна асабліва і не рупіцца за дзяржаўную маёмасць, бо які дурань, скажыце, палезе красці мокрае жалеза. І, супакоены такой мудрай думкай, Сцяпан Аліфер нахабна, без павагі да ўласнай працы мінае вартаўнічую будку і цераз увесь загрувашчаны тэхнікай пляц прастуе адразу ў рамонтную майстэрню, цесна застаўленую трактарамі з паздыманымі коламі і вывернутымі жалезнымі вантробамі.

Напрыканцы майстэрні, у асобнай і надзіва светлай прыбудоўцы, разбіраюць, латаюць і зноў збіраюць трактарныя рухавікі, і тут нават у сырое надвор'е заўсёды цёпла і суха, людна і весела. Над грудай іржавых вузлоў і дэталяў крукам вісіць стары і вопытны слесар, абеларушаны паляк Франак Жывуцкі. Ніхто не ведае, дзе сялянскі сын навучыўся нешта кумекаць у гэтых хітрамудрых жалязяках, ды затое пранырлівыя, вушлыя трактарысты добра ведаюць, што ён да вайны доўга служыў у польскім войску і нават выслужыў сабе мундзір бравага капраля. Тут, у Заходняй Беларусі, яшчэ свежымі былі ўспаміны пра караткавечнае панаванне Варшавы, і Франака Жывуцкага з яго капральскім чынам не раз падымалі на смех языкатыя пустадомкі. Чамусьці да пажылога, самавітага чалавека, не прызнаючы іншых адносін, апрача кпінаў, чапляўся без дай прычыны малады, яшчэ бязвусы трактарыст Ванька Заяц, які па суседстве рамантаваў грувасткага «універсала», а ў маторны цэх раз-пораз забягаў, каб вытачыць на такарным станку нейкую дэталь для свайго зломка.

- Франак, дзе ты вывучаў маторы, што так добра ў іх цяміш? - неразумна, назойліва, як авадзень, лезе ў вочы настырны, смяшлівы Ванька Заяц. - У войску, мабыць? Сам жа Пілсудскі казаў: «Польскае войска механізавана: на маторах два жалнежы, а Жывуцкі - на равежы!»

- Ідзь да д'ябла, ёлупень! - злуецца добры, рахманы, пакорлівы Франак Жывуцкі.

- Пане капрале! А вось такую показку помніш? - ліпне як смала няўседлівы перасмешнік. - Баюць, што калісьці завяліся ваяваць Летува і Латвія. Вось малюсенькая Латвія і просіць у Польшчы: памажыце танкамі! Сам Юзік Пілсудскі тэлеграфуе: «Паведаміце тэрмінова: колькі вам танкаў - адзін ці ўсе два?» - Ванька Заяц пераможна агледзеў сваіх мурзатых супляменнікаў, што стоўпіліся ў маторным цэху, і весела закончыў: - І што, хлопцы, скажаце? Паслаў Пілсудскі тыя свае два танкі на падмогу латышам, а на пярэдні пасадзіў - каго вы думаеце? - капраля, Франака Жывуцкага!

- Два танкі! Го-го-го! Гы-гы-гы! - ледзь не покатам лёг маторны цэх. - Дзе ты, Ванька, адно і пачуў гэную байку?

- Ідзь да дупы спеваць, холера ясна! - вылаяўся злосны, раз'юшаны, чырвоны, як бурак, былы капраль Франак Жывуцкі.

Польскую ўладу з яе дзівацкімі, незразумелымі простаму люду законамі і правіламі, бываючы не ў гуморы, Сцяпан Аліфер успамінаў не самымі лепшымі словамі, бо меў на яе асабістую крыўду, і, мусіць, таму недалюбліваў свайго зяця, панскага аб'ездчыка Язэпа Невяроўскага, які дужа самааддана прыслугоўваў Абуховічу. Адным летам, ужо незадоўга да вайны, нават не ў агародзе, а на прызбе хаты ў Сцяпана Аліфера вырасла самасейкай каліва тытуню. Гаспадар ведаў, што, павэдлуг польскіх законаў, яно тут не павінна расці, аднак шкодную расліну ён не вырваў і з-за сваёй ляноты выкінуў ажно пяць злотых у дзяржаўную казну.

Па даносе солтыса Яся Мальчэўскага, які лупатымі вачыма на прызбе ў блізкага суседа ззорыў тытунь, зацятага курыльшчыка паклікалі ў гміну, выпісалі штраф, і дзіўным тут было толькі адно: заплаціць гэты мізэрны штраф мясцовыя ўлады прадпісалі ледзь не ў самой Варшаве - аж у Баранавічах, за сто вёрст ад Малога Сяла. Паколькі судовая справа не цярпела адкладу, Сцяпан Аліфер, шкадуючы каня, ускінуў на плечы торбу, запасныя лапці і патэпаў у далёкі горад пяшком, а вярнуўся дадому праз тры дні з банкаўскім квітком аб выплаце пяці злотых. Па дарозе ён палічыў усе жабрацкія вёскі і хутары, стаптаў запасныя лазовыя лапці, вытрас у рот апошнія хлебныя крошкі і прынёс з вымусовага паходу вялікую крыўду на польскі сеймік, які сваім дзікунскім законам пазбыткаваў з яго і да чырвані, да сораму прынізіў яго чалавечую годнасць. Нават на той час ужо немалады, мудры і ўвогуле даволі заможны паляшук справядліва меркаваў: любая ўлада дадзена Богам, але вось толькі цяпер, паслухаўшы вясёлыя байкі мурзатага Ванькі Зайца, ён быў уражаны і здзіўлены, што на адвечнай беларускай зямлі курыць выключна польскі казённы тытунь Варшава прымушала яго, маючы, аказваецца, усяго два танкі. Ці то непрадказальны ўплыў дэнатурату, ці то наверх вылезла тая даўняя крыўда, Сцяпан Аліфер на момант перастаў паважаць былога капраля Франака Жывуцкага, да слёз рагатаў з маладымі ашаломкамі і ўвачавідкі, нутром адчуваў, як у душы прачынаецца запознены дух непакоры і непераадольная прага бунту. З блазенскай ухмылкай стары падпіты дзівак вызваў падужацца каржакаватага, плячыстага Франака, але дужацца той, зразумела, адмовіўся. Тады ўз'юраны Сцяпан Аліфер пагрукаў кулаком сабе ў грудзі і гучна сказаў: «Звініць!», пасля тым жа манерам пагрукаў у грудзі Франаку і яшчэ мацней, чым першы раз, выкрыкнуў: «Трупціць!» Маторны цэх, які з кожнага закутка напружана чакаў ад паядынку двух старых чагосьці незвычайнага, выбухнуў новым несусветным рогатам.

- Езус Марыя! А то ж здзяцінеў ты, Васільевіч, гловы не маеш, - без крыўды, хоць і дакорліва, сказаў Франак Жывуцкі і цішэй, каб не пачулі вушастыя пустадомкі, дадаў: - Не жлукціў бы, Сцяпан, казённы спірытус, бо ад яго станеш сляпы, як крот.

- Не бойся дужа за мяне! Калі і лыкнуў якую кроплю, то па вачах не пазначыцца, - збянтэжыўся Сцяпан Аліфер, аднак, ідучы ў куток да гарачай грубкі, упарта прабубніў: - У мяне яшчэ звініць у грудзях, а ў цябе, Франак, трупціць. Але ж ты, чалавеча, вунь на колькі гадкоў маладзейшы. Сорам адзін, дый годзе!

Напаленая да чырвані - плюнь, дык закіпіць! - абы-як зробленая грубка бязбожна дыміць, у яе ненажэрны зеў ляціць усё, што можа гарэць: аскабалкі дрэва, прамасленае рыззё, старая гума, кардон. Цесную майстэрню да самай столі засцілае сіні дым, ён выядае трактарыстам вочы, але каля гарачай грубкі мала калі бывае пуста. Сюды пагрэцца ў асеннюю слоту і ў студзеньскія маразы звычайна збіраецца процьма народу. У цеснаце, ды не ў крыўдзе, і Сцяпан Аліфер пачаў ужо турбавацца: ці не перагрэў ён свае старэчыя косці, седзячы на бярозавым цурбане, ці не занадта доўга слухаў байкі вясёлых пустабрэхаў? Пакрыўджаны Франак Жывуцкі, адвярнуўшыся да акна, моўчкі перабіраў нейкія колцы на жалезным варштаце, і тут ужо да многіх пустадомкаў прыйшло раптоўнае празарэнне, одум і разуменне таго, што нельга вось так пахабна, проста па-хамску збыткаваць з паважанага чалавека, лепшага эмтээсаўскага слесара-маторніка.

Яшчэ не ўсвядомленае прасвятленне мільганулася ў вачах, нейкая стыдоба сцеханула душу Сцяпана Аліфера, і, безумоўна, у гэтых яго згрызотах сумлення быў вінаваты зялёны вісус і пустамеля Ванька Заяц. Чырвоны ад раптоўнага гневу, зусім неразважлівы, адурнелы стары праведнік усхапіўся з бярозавага цурбана, злавіў за каўнер маладога нахабніка, перагнуў цераз калена і добра нахвастаў па азадку, потым, зларадна ўсміхаючыся ў вусы, прарабіў над Ванькам Зайцам свой карэнны нумар са знакамітымі «Звініць!» і «Трупціць!». Вылузаўшыся з учэпістых рук, пустадомак, бурачковы ад сораму і ганьбы, даў такога дзёру, што грукат кірзавых ботаў умомант пачуўся дзесьці ў другім канцы майстэрні. Маторны цэх зноў зайшоўся ад дружнага, раскацістага рогату, а былы польскі капраль Франак Жывуцкі цяпер ужо з удзячнасцю паглядзеў на знешне спакойнага Сцяпана Аліфера.

- Але ж, Васільевіч, і мондра ты правучыў гэтага матолака, - сказаў ён ухвальна. - Цурыў, аж пыл закурэў, пся крэў!

- То і не дзіўна! - сказаў ганарліва Сцяпан Аліфер. - У мяне ж нутро яшчэ звініць, а не трупціць. Хай Бог панам барануе!

Мудрага эмтээсаўскага вартаўніка зусім не цікавіць, дзе, у якім закутку схаваўся прысаромлены і высмеяны прылюдна Ванька Заяц, аднак і слухаць вясёлыя кепікі і бязглуздыя жарты таксама абрыдла, а тым больш увачавідкі пачало слабець дзеянне дэнатурату. Шукаць Сяргееву і Шуцянку ў такі позні час, вядома ж, марная трата часу, ды і прасалелая торбачка даўно пустая, а гэта значыць: бяры, старэнькі, сваю кавеньку і спакойна тэпай у вартаўнічую будку, дзе ў журбе і адзіноце давядзецца глівець да самай раніцы. У гэтую плюхоту абкрадаць дзяржаву не прыйдуць ні валавокі Ёсаль, ні рукасты Костусь Танец, ды наогул, калі памеркаваць цвяроза, на якую трасцу Фядотаву спатрэбіўся начны вартаўнік, бо нават па сціплых ацэнках і ў саміх Кругавічах, і ў Малым Сяле, і ў многіх іншых селішчах навокал МТС казённага жалеза цяпер стала намнога больш, чым хлеба.


2

У Кругавічы, на сваю цагельню, Ядзюня бегае звычайна нацянькі - праз лес, паўз балоцісты Імшэчак, але Фядора Чыркун не якая-небудзь шалахвостка: у эмтээсаўскую краму па хлеб ходзіць пакручастаю лясною дарогай, што пачынаецца адразу за канцавымі хатамі Малога Сяла. Ісці сюдою намнога даўжэй, але затое весела. Па лясной дарозе, якая ўпарта стрэміцца праз цёмны алешнік і не менш змрочны стары ельнік, чародкамі прабягаюць школьнікі, людзі едуць з вазамі, а іншы раз падарожнікаў нагоніць выпадковы грузавік і міласэрна падкіне аж да самай МТС. Менавіта з таго часу, як тутэйшыя ваколіцы напоўніліся нязвыклым грукатам жалеза, ажыла і палюднела калісьці ціхая, няўезджаная лясная дарога. Клопат у маласельцаў цяпер адзін - вырваць у распанелай эмтээсаўскай крамшчыцы Лізаветы Каятанаўны хоць буханачку хлеба, і таму ў таго і ў гэтага, хто бяжыць праз пасівелы ельнік, у руцэ целяпаецца ці ёмісты хатулёк, ці вялікая зрэбная торба.

Ганцавічы, а тым болей Баранавічы, ад Малога Сяла за блізкім светам, ды і там, кажуць, ля хлебных крам таўкатня і гармідар, чэргі па вярсце, сюды ж, у Кругавіцкую МТС, хлеб завозяць тры разы на тыдзень, і з кожным прывозам багата каму то ашуканствам, то хітрасцю, то звычайным падхалімствам удаецца разжыцца на адну альбо нават на дзве важкія, кантовыя, як цагліны, буханкі. Свайго хлеба ў Малым Сяле даўно не пякуць, бо няма з чаго, а куплёны яшчэ і які няспорны: лусту Ядзюні, кусель сабе, і, глядзіш, на шкапчыку застаўся маленькі акрайчык. Тут ужо хочаш ці не хочаш, але будзеш лісой выдыгоўвацца перад непрыступнай Лізаветай Каятанаўнай, каб адшкадавала тую недапечаную, ацеслівую цагліну, і зноў жа ў кудасу і лівень, у летнюю спёку і вось у такую, як цяпер, асеннюю плюхоту на скрут галавы паджгаеш у фанабэрыстую эмтээсаўскую краму, калі ў хаце ні скарыначкі і, хоць парвіся, няма чаго даць змучанай Ядзюні на полудзень.

Хадзіць па тлумнай лясной дарозе Фядоры дужа падабаецца яшчэ і таму, што наводшыбе вёскі да яе абавязкова далучаецца ці Тадорка Дрозд, ці Луцэя Падгайская, а то і абедзве разам. Убачаць кабеты праз вокны, як наўпрост цераз глыбокія калюжыны бясстрашна шлёпаюць літыя гумовыя боты, і бягуць следам, таксама з палатнянымі торбачкамі і слодычнымі спадзяваннямі зноў, што б там ні было, ашукаць растлусцелую эмтээсаўскую крамшчыцу. У жанчын адна бяда, адно гора, дык па дарозе і гамонка адна: пра жыццё-быццё, пра пасляваенную нястачу, якая дзіўным чынам задоўжылася, і невядома, ці калі скончыцца. Раззяханую ад спорнай хадзьбы Фядору Чыркун, напэўна, знарок амаль кожны раз падпільноўвае старая Паляжанка, маці шалапутнага Ванькі Зайца, несусветная абібочына і пляткарка. Непрыкметна, цішком ды нішкам, прылепіцца да жаночага гурту, і ўсю дарогу, калі ласка, слухай яе бязглуздае плявузганне.

Кабеты паціху перамаўляюцца пра страчаных мужоў, пра сённяшнюю нішчымніцу, пра Аляксея Хамутовіча з яго жабрацкім калгасам, а гэтая кудлатая нэндза, хітра паглядаючы на Фядору Чыркун, да самай МТС бясконца балбоча пра свайго недаростка Ваньку. Бачыце, ён у яе такі паслухмяны, такі харошы і працавіты, што адзін з нямногіх узяты на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне. Увесну Фядотаў выпісаў яму камбінезон з «чортавай скуры» - апранасе век зносу не будзе, выдаў моцныя кірзавыя боты - на тры гады хопіць, ды, апроч таго, загадаў паставіць Ваньку на льготную чаргу ў эмтээсаўскую краму. У яе, Паляжанкі, калі сказаць шчыра, дык і патрэбы няма хадзіць па крамны хлеб, таму што за сезон, на ворыве, на сяўбе і на жніве, Ванька зарабіў у навакольных калгасах ажно дзесяць пудоў жыта - можна намалоць мукі ды спячы свайго, духмянага, наздраватага.

Фядора Чыркун слухае пустую, неразумную пахвальбу славутай маласельскай пляткаркі і разумее, куды тая хіліць: ужо ж не раз чула ад людзей, што Паляжанчын Ванька заляцаецца да Ядзюні. І таму Фядоры ўдвая крыўдна: кавалер у дачкі, безумоўна, няздалы - крывароты, нізкарослы, балбатлівы, як маці, ды больш за ўсё дзіўна, за якую трасцу дзяржава проста па-бацькоўску клапоціцца пра гэтага набітага дурня? Яму і тое, і другое, а Ядзюні, хаця і працуе яна цяжэй за Ваньку Зайца, цягаючы тачку з сырой глінай, ніякай пашаны ад улады: выдадуць брызентавыя рукавіцы, адны на сезон, і больш нічога - ні камбінезона, ні ботаў, нават хлеба на цагельню ні разу не завезлі. Фядора Чыркун, распырскваючы ботамі гразь, хацела ўжо абурыцца плявузганнем расчырванелай Паляжанкі, і гэтае яе абурэнне было б па-сапраўднаму шчырым і справядлівым. Фядора надзімала губы, набіралася злосці, але, на здзіўленне, сваю сяброўку запярэдзіла порсткая і гарачая, як кіпецень, Луцэя Падгайская.

- Ачхніся ты, Зося кудлатая, са сваім мурзатым Ванькам. Слухаць моташна, - сказала яна на бягу, не павярнуўшыся да Паляжанкі. - Падумаеш, дзесяць пудоў жыта! Але ж чаму ты па казённы хлеб бяжыш, а свайго не напячэш? Бо, мусіць, не ўмееш, недалэнга.

- Хто, гэта я не ўмею? - аж спатыкнулася ад неспадзяванай абразы Паляжанка. - То прыйдзі ды паглядзі, якія ў мяне пульхныя хлябы ляжаць на шкапчыку. Уга, не ўмею! Жытцо ж я ашчаджаю, каб кормніка пудоў на дванаццаць заваліць. На весну, дасць Бог, Ванька жаніцца ўздумае, мо нават з Ядзюняю, дык трэба ж вяселле справіць багатае.

- Што мне, жані свайго хлопца, - набралася нарэшце злосці Фядора Чыркун. - Толькі ведай, Зося: няхай Ядзюня сама выбірае, за якога шалапута ёй замуж ісці.

- Мой Ванька ды шалапут? - запырскалася слінай Паляжанка. - А яму ж ніхто ганьбы не дае. Ён у мяне і трахтарыст хвайны, і хлопец упраўны. - Пляткарка забегла Фядоры наперад і з нянавісцю зазірнула ёй у вочы: - Ці не таму ты гэтак кажаш, што тваё рыжоцце перад Аляксеем Хамутовічам лісцікам сцелецца? Думаеш, людзі нічога не бачаць, нічога не ведаюць? Хаця тут усё ясна: калгасны старшыня, канечне, не трахтарыст.

- За каго захоча Ядзюня, за таго і пойдзе. Пярэчыць не буду.

- Дальбог жа, майму Ваньку ганьбы не даюць. Сам дзірэктар эмтаеса хваліць. Вунь і кальбізона, і боты выпісаў. А на другое лета Ванька яшчэ і пшаніцы прывязе. Так што галадаць не будзем - хопіць у нас і пірагоў, і хлеба.

- Перастань, Зося, мянташыць языком! - умяшалася ў неспадзяваную спрэчку разважлівая, памяркоўная Тадорка Дрозд. - Ды бачыла я твае хлябы! Не хлеб, а нейкі лямеш. Сыры, ацеслівы, а муку ты нават і не прасеяла - асцюкі тырчаць.

- Гаспадыня, хлеб не ўдаўся - пад скарынкай кот схаваўся! - знарок пісклявым голасам здзекліва, абразліва праспявала Луцэя Падгайская.

- У вас і такога няма, сучкі бясхвостыя! От зноў Лізцы Каятанаўне ў ножкі будзеце кланяцца. Можна падумаць, што яны муку прасяваюць!

Пакрыўджаная, засердаваная Паляжанка з гэтай сваёй відавочнай праўдай вырвалася ўперад, мінаючы калюжыны, выбілася перад горкай на тупкую сцежку, і неўзабаве яе зрэбная торба з чырвонымі кутасамі схавалася за чарговым паваротам дарогі. На языках у жаночага гурту круціліся едкія, калючыя словы, якія, мусіць, да слёз пранялі б маласельскую гультайку, але сварыцца наўздагон, а тым болей брыдкасловіць, ды яшчэ крычма, на ўвесь лес, ужо было нельга, таму што ў прагаліне паміж векавымі дубамі матава бліснуў купал Кругавіцкай царквы з вялікім чорным крыжам на макаўцы. Фядора, Луцэя, Тадорка, як па камандзе, не згаворваючыся, перахрысціліся, і ўсялякая злосць на звар'яцелую Паляжанку ў іх прапала. Выкрыкваць брыдкія, непрыстойныя словы ў спіну няхай сабе і благому чалавеку цяпер было б, прынамсі, немалым святатацтвам, і ніхто з кабет не захацеў узяць гэты грэх на душу.

Царкоўны купал, акрамя таго, нагадаў, што МТС са сваёй хлебнай крамай зусім блізка, таму лепш будзе, калі рэшту дарогі скарыстаць на прыдумванне якой-небудзь свежай пахвалы для непрыступнай Лізаветы Каятанаўны. Амаль бегма кабеты мінулі Пчольнік - дубовую граду, названую так за невядома яшчэ якім часам, пакінулі праваруч бярозавую алею, што калісьці пасадзіў сам пан Абуховіч, і перад вачыма адкрылася шэрая, грымлівая панарама машынна-трактарнай станцыі: новы цагляны гараж для камбайнаў, задымленая кузня, рамонтная майстэрня ў спалохах электразваркі, шырокі пляц, спрэс загрувашчаны плугамі, сеялкамі, разабранымі трактарамі.

Падыходзячы да былога панскага маёнтка, Фядора заўсёды пачынае моцна хвалявацца, і яе выпакутаванае хваляванне зусім зразумелае, калі прыгадаць, што Ядзюня перш за ўсё колерам валасоў мае крэўнае падабенства з рыжаватым Абуховічам. Велізарны панскі дом, цалкам зрублены з сасновых круглякоў, стаіць на спаховым пагорку, але з усіх бакоў ён закрыты высокімі дрэвінамі і густым, непралазным кустоўем. Увесну гэты зялёны востраў наводшыбе Кругавіч, безумоўна, дужа прыгожы: маладым, клейкім лісцем шумяць старыя бярозы і берасты, цвітуць бэз і акацыя, у ветраныя дні белай завірухай пялёсткаў шугаюць старыя яблыні і грушы. Даўно адзічэлы і запушчаны вялікі панскі сад пачынаецца адразу за флігелем, дзе цяпер месціцца дырэкцыя МТС, і цягнецца да самай царкоўнай агароджы. І над усім гэтым хараством да болю ў вушах звіняць пчолы і чмялі, нястомна пяюць, свішчуць і крычаць дразды, шпакі, сарокі, балазе дрэвы на панскай сядзібе старыя, дуплаватыя, з абламаным знізу голлем - лясному птаству, не кажучы ўжо пра шэрых дамавых вераб'ёў, ёсць дзе жыць, ёсць дзе звіць свае вялікія і маленькія гнёзды.

Глыбокай восенню, калі з неба спусцяцца аблажныя дажджы, у колішнім маёнтку, як і скрозь у наваколлі, шэра і няўтульна, у кожным закутку пуста і ціха, толькі час ад часу ў недалёкай майстэрні нема зараве трактарны рухавік ды яшчэ перазвон жалеза і грукат кавальскага малатка даляціць з кузні, паўз якую Фядора, Луцэя і Тадорка прамчаліся наўскапыта - не раўнуючы як тыя маладыя жарабіцы. Яшчэ ж перад Пчольнікам кабетам спаткаліся школьнікі, якія з Малога Сяла ходзяць у Кругавіцкую дзесяцігодку, і гэтыя стомленыя вучобай дзеці навыперадкі паведамілі, што хлеб у эмтээсаўскую краму даўно прывезлі, разгрузілі, а крамшчыца, натаміўшыся ў цеснай кабіне грузавіка, цяпер пайшла дахаты адпачыць і папалуднаваць.

- Там жа хлеб увесь разбяруць, а мы сунемся, як чарапахі! - спалохалася нецярплівая Луцэя Падгайская.

- І праўда, ледзьве ногі валачэм! - падтрымала сяброўку шустрая Тадорка Дрозд.

- Дык пабеглі - няма чаго языкамі малоць! - сказала практычная Фядора Чыркун.

З месца ды ў кар'ер, дзе трушком, дзе галопам, і хутка ўсе трое набралі такі тэмп, што праз дзвесце метраў узмакрэлі, запарыліся, але, дзякуй Богу, да панскага дома яны прыбеглі не першыя і не апошнія, шчасліва ўшчаміўшыся ў вялікі людскі натоўп каля дзвярэй эмтээсаўскай крамы. Людзі пакуль што стаяць ціха і спакойна, бо кожны разумее: крамшчыца таксама чалавек, і ёй, здарожанай, трэба трошкі пасядзець у цяпле і пасёрбаць чаго-небудзь гарачанькага. Задыхана сапучы, маўчыць Луцэя, выціраючы пот з ілба, ні слоўцам не абмовілася Тадорка, а Фядора, саслабелая ад шпаркага бегу, зацікаўлена, быццам даўно тут не была, аглядае да болю знаёмую Абуховічаву сядзібу. З таго часу, як чырвонае войска прагнала польскіх захопнікаў і крывасмокаў, звонку панскі дом амаль не змяніўся, толькі прыкметна пачарнеў, дзе-нідзе загніў на вуглах ды месцамі патрэскаўся, пайшоў дзіркамі чарапічны дах.

Праўда, усярэдзіне новыя гаспадары маёнтка ўсё перарабілі на свой лад: на другім паверсе цяпер бібліятэка і сталоўка для трактарыстаў, на першым жывуць бухгалтарка Шуцянка, кладаўшчыца Сяргеева і процьма іншых эмтээсаўскіх службоўцаў. Крама ж абсталявана з тыльнага боку, у прасторнай прыбудоўцы, дзе калісьці абівалася рознамасцёвая панская чэлядзь - усялякія там кухцікі, конюхі, служанкі, а фасадам дом павернуты да прадаўгаватай сажалкі, у якой Абуховіч гадаваў тлустых карасёў, карпаў, ракаў і дзе напрыканцы лета Аляксей Хамутовіч, ратуючы Ядзюню, знячэўку забіў чорнага ляснога бабра. Увесь пляц вакол колішніх харомаў запаскуджаны абрыўкамі газет, недакуркамі, іржавымі бляшанкамі, паламанымі крамнымі скрынкамі, а там, дзе раней былі клумбы і кветнікі, валяецца ўчарнелы ад дажджоў бульбоўнік: напэўна, нехта з агаладалых эмтээсаўскіх, тая ж Шуцянка альбо Сяргеева, садзіць бульбу якраз на тым месцы, дзе спрадвек раслі нарцысы і ружы, астры і вяргіні.

- Якая дзіч, якое запусценне! - уздыхнула горка Фядора Чыркун і, думаючы нешта сваё, павярнулася ў іншы бок.

Проста перад высокім дашчаным ганкам панскага дома бярэ пачатак шырокая пясчаная дарожка, мінае густыя зараснікі бэзу і акацыі, далей бяжыць па насыпной дамбе з бетоннымі кадаўбамі для сцёку лішкаў вады з сажалкі і за дамбай, вільнуўшы крыху ўлева, узбіраецца на даволі крутую Маліцкую гару. Працягнуўшыся ўздоўж альховай канавы да самага лесу, з глыбокім кар'ерам, дзе бралі гравій, Маліцкая гара славутая ўжо тым, што на макаўцы ў яе стаіць асілак дуб: тры абхваты ў камлі, разложысты і такі высачэзны - зірнеш, дык шапка валіцца. Акурат насупраць непахіснага палескага волата, цераз дарожку, у пахілай, старэнькай хатцы жыве інвалід адначасова і вайны, і працы Серж Маліцкі. Сярод землякоў ён стаў знакаміты тым, што два гады таму назад райсабес прыслаў яму новенькую мотакаляску на трох колах, з нікеляваным матацыклетным рулём. Паглядзець на тое дзіва збегліся траха не ўсе Кругавічы, але хутка не хто іншы, а сам Маліцкі слушна заўважыў, што ездзіць на мотакалясцы ён не зможа, бо мае ў вачах не больш як адзін працэнт зроку. Трохколавую тачку чамусьці ўлады не адабралі, аднак і прадаць яе альбо перадаць якому бедаку таксама не дазволілі - без належнага догляду, пад дажджом і снегам райсабесаўскі цуд тэхнікі за дзве зімы заржавеў, згніў дарэшты.

І яшчэ ў Маліцкай гары ёсць адна, бадай, самая вартая ўвагі славутасць. На яе супрацьлеглым баку, нябачным з боку маёнтка, пасля вайны паставіла дом эмтээсаўская крамшчыца Лізавета Каятанаўна, дзе і жыве цяпер з двума малалетнімі сынамі і цыбатым, гарбаносым і дужа нервовым мужам Адасем. Наперакор багатаму чалавечаму вопыту, калі заікі звычайна спатыкаюцца на літарах «л», «р», «ш», Адась зусім не можа вымавіць літару «н» - гэтыя дзве палачкі з перакладзінкай для яго наогул не існуюць. Вялікай бяды тут, канечне, няма, але кепска ўжо тое, што над Адасем з яго шапялявым языком смяюцца нават смаркатыя падшыванцы. Ідучы ў школу, яны знарок прастуюць цераз Адасевы соткі, а раззлаваны гаспадар, убачыўшы такое нахабства, выбягае з хаты, хапае ў рукі дубец і крычыць на ўвесь панадворак: «Ау-ка, азад!», што на зразумелай чалавечай мове азначае: «Ану-ка, назад!» Нахабнікам гэтае смешнае «Ау-ка» якраз і трэба: яны разлятаюцца ў бакі, як вераб'і, топчучы картоплю, і рогат вакол стаіць, рогат!

Вось якая яна незвычайная, Маліцкая гара, - з асілкам дубам, з невідушчым Маліцкім, з шапялявым Адасем. Але асабліва вялікі кошт славутая гара набывае тады, калі, пасядзеўшы гадзінку ў цяпле і пасёрбаўшы нейкага гарачага варыва, зверху ўніз спускаецца сытая і пухнатая крамшчыца Лізавета Каятанаўна. За кожным яе крокам, за кожным яе рухам знізу сочаць сотні пільных і неспакойных вачэй, аднак часцей за ўсё, баючыся галодных галюцынацый і міражоў, людзі сваім пабляклым вачам не давяраюць і за рог панскага дома, адкуль Маліцкая гара бачыцца намнога лепш, пасылаюць на праверку шустрых, непаседлівых хлапчукоў.

- Ідзе, Лізка ідзе! - з ходу ўрэзаўшыся ў натоўп, выкрыкнуў смаркаты ахламон у парванай куфайцы і стаптаных кірзавых ботах.

- Наелася, як свіння, дык ледзь сунецца, - паведаміў другі малалетні ёлупень з галодным бляскам у вачах і шырокім - ад вушэй да вушэй - жабіным ротам.

- От бо кіндзюх! Валюхаецца рыхтык тая качка асенняя, - выглянула за рог панскага дома нецярплівая Луцэя Падгайская.

Шэры, змрочны, прыціхлы было натоўп зрэагаваў адразу - неспакойна варухнуўся, азваўся абуранымі галасамі, а Фядора Чыркун, таксама засердаваўшы на непаваротлівую крамшчыцу, зусім недарэчы падумала, што пра віхлястую паходку, як у Лізаветы Каятанаўны, лепш ужо і не скажаш: перад піша, зад чытае. Такому ўетаму кіндзюху нават спускацца з гары дужа цяжка, але, мусіць, крамшчыцы яшчэ цяжэй будзе ўшчаміцца ў цесны людскі натоўп, які ад дзвярэй і аж да пабурэлых кустоў акацыі шырока расцёкся па пляцы насупраць эмтээсаўскай крамы. Чыясьці там мімалётная трывога між тым была дарэмнай, бо людзі, як толькі Лізавета Каятанаўна высунулася з-за рога панскага дома, адразу ж расступіліся, далі ёй дарогу. На распухлую крамшчыцу адданымі сабачымі вачыма глядзіць Луцэя Падгайская, лісліва ўсміхаецца Тадорка Дрозд, ды і сама Фядора Чыркун не заўважыла, як схілілася перад уетым кіндзюхом у нізкім зямным паклоне. Далібог, ёй, стомленай кабеціне, зусім і не сорамна: калі хочацца хлеба, дык паклонішся і д'яблу, і чорту, і сатане. І гэта шчырая праўда, бо Лізавета Каятанаўна, памахваючы звязкай ключоў, ступае важна, чынна і высакародна, быццам спусцілася не з Маліцкай гары, а сышла з высокага Алімпа.

Прыціхламу, спалоханаму натоўпу ўжо нават цяжка вызначыць, хто ж перад ім: ці то звычайная вясковая крамшчыца, якая спрытна ўмее ляскаць аблупленымі лічыльнікамі, ці то прасвятая багіня Юнона - заступніца, абаронца і ахавальніца ўсіх на свеце жанчын. Аднак у растлусцелай кругавіцкай Юноны чамусьці ў вачах стаіць пагарда і грэбліва крывяцца губы, калі з ганка крамы акідвае позіркам стракаты людскі натоўп, дзе хустак і кашміровак усё ж больш, чым аблезлых мужчынскіх шапак. Стракатыя хусткі і кашміроўкі можна ненавідзець, на аблезлыя шапкі, у рэшце рэшт, можна не звяртаць увагі, ды ў багіні, што сышла з Маліцкай гары, ёсць вельмі надзейны, выпрабаваны не адзін раз і ў чымсьці рытуальны спосаб зрабіць вялікую прыкрасць і тым, і гэтым.

- Хлеба сёння прывязла толькі дзве скрыні, - адчыняючы дзверы крамы, кінула цераз плячо Лізавета Каятанаўна. - На ўсіх не хопіць. Хто не эмтээсаўскі, чаргі можа і не займаць.

Натоўп трывожна варухнуўся, натоўп спярша анямеў і збянтэжыўся, але тут жа супакоіўся, яшчэ цясней злучыў свае пашарпаныя і сутулыя шэрагі. Ну хто, скажыце, паверыць гэтай відавочнай і нахабнай хлусні, калі хлеб з Ганцавіч у МТС прывозяць тры разы на тыдзень і кожны раз ні больш ні менш - роўна дзве вялікія драўляныя скрыні. Нягледзячы на сур'ёзную заяву Лізаветы Каятанаўны, цяпер ніводная хустка, ніводная кашміроўка не пакіне чаргі, пакуль на ўласныя вочы не пераканаецца, што кантовымі хлебнымі кулідкамі ад акна да праходу закладзены драўляны прылавак, ды яшчэ столькі ж хлеба напакавана пад прылаўкам.

Першымі да гэтага духмянага багацця, зразумела, дапялі эмтээсаўскія механізатары і службоўцы: ім у сваёй краме ўсё без чаргі, усё без ліку і меры, адно даставай скамечаныя рублі ды спраўна аплачвай тавар. У руках Лізаветы Каятанаўны маланкава мільгаюць то буханкі хлеба, то жалезныя гіры, і вось ужо прывілеяваная частка мясцовага насельніцтва, усе гэтыя начальнікі, трактарысты і шафёры па адным вывальваюцца з дзвярэй крамы. З авоськамі, наладаванымі ўкоптур, міма чаргі прашкандыбалі высачэзны начальнік палітаддзела Бальшавік і слесар Франак Жывуцкі, ганарліва прабеглі Шуцянка і Сяргеева, з крэктам і сваёй знакамітай прымаўкай «Хай Бог панам барануе!», трымаючы торбачку пад пахай, у вартаўнічую будку паціснуўся прыгорблены і пастарэлы Сцяпан Аліфер.

То, як ні кажы, людзі разумныя, заслужаныя, але ж і гэты замурзаны, нікчэмны Ванька Заяц з двума боханамі хлеба, праходзячы каля аднавяскоўцаў, пагардліва зыркнуў вачыма, высока задзёр пысу. На дурняў не крыўдуюць, ды і крыўдаваць ужо няма калі. Фядора Чыркун незаўважна апынулася каля прылаўка, перад ёю стаяць толькі Луцэя Падгайская і Тадорка Дрозд. Шанц купіць хлеба ў кожнай з іх аднолькавы, і таму ўсе трое відавочна нервуюцца, то занепакоена пазіраюць на акно, падсіненае ўжо раннім восеньскім прысмеркам, то спалохана ўглядаюцца ў твар Лізаветы Каятанаўны, якая, здаецца, толькі і чакае, каб маласельскія галетніцы гопнуліся перад ёю на калені. Але досыць несці лухту на службовага чалавека: не такая ўжо крамшчыца гордая і непрыступная, як здаецца, бывае, і ў яе варухнецца штосьці падобнае на шкадобу і спагаду.

Вось гулка бразнула вага - гэта ласкавыя, пяшчотныя словы Лізавеце Каятанаўне сказала Луцэя Падгайская. Вось зноў на шалі ўпалі кілаграмовыя гіры - гэта гаспадыні крамы лісліва ўсміхнулася Тадорка Дрозд. Паўз прыціхлую чаргу да дзвярэй абедзве праціснуліся вясёлыя і шчаслівыя, услед ім багата хто паглядзеў з вялікім здзіўленнем і зайздрасцю. Людзі ж, пэўна, чулі, што сказала Луцэя, яны добра бачылі, як аддана ўсміхнулася Тадорка, дык чаму ж і ім не пераняць гэты незвычайны шанцоўны і здабычлівы вопыт? Удача сябровак, якія вымалілі ў крамшчыцы аж па дзве кулідкі казённага хлеба, бадай, не ўсхвалявала адну Фядору Чыркун. Калісьці яна нездарма прыслугоўвала пані Тэрэзе і цяпер лепш за ўсіх ведае, як, не падлешчваючыся, можна дагадзіць гэтай белашчокай і светлавалосай халерніцы за прылаўкам.

- Сёння ты, Лізка, такая блядна, такая блядна!

- Што, што? Якая я? - навастрыла вушы непрыступная, пыхлівая крамшчыца. - Чаго ты плявузгаеш, Фядора?

- То ж я кажу: ты, Лізка, такая блядна, такая блядна! Ну, рыхтык колісь пані Тэрэза.

- Хто я - блядна? - не зразумеўшы хітрыкаў маласельскай падлізы, аж узвілася на дыбкі грузная Лізавета Каятанаўна. - Калі я блядна, дык ты, Фядора, сапраўдная лярва.

- Даруй, Лізка! Я ж толькі хацела сказаць, што сёння ты дужа падобная на пані Тэрэзу, калі тая, бывала, пахварбуецца сваімі мулёўкамі. Во таму і блядна, беленькая, значыць.

- С-сыдзі, с-сыдзі з вачэй, пляткарка! І не с-стой тут, бо не дам я табе хлеба, - пакрыўджана сыкнула ўзрушаная і сапраўды белая ад злосці крамшчыца. - Бачыце вы на яе! Выходзіць, гэта я фарбуюся, каб мужыкам падабацца? Не, не с-стой, мілка!

Чырвоная ад сораму, збянтэжаная за свой доўгі язык, Фядора Чыркун, трымаючы на вісу пустую торбу, вомельгам скацілася з высокага ганка і, цудам астояўшыся на нагах, бездапаможна азірнулася вакол. Гараць яны гарам, і сярдзітая Лізка, і яе жабрацкая крама! Цяпер адно выйсце: альбо пайсці ў пазычкі, альбо папрасіць якога знаёмага трактарыста, каб цішком купіў хлеба ў ненавіснай Лізаветы Каятанаўны. Фядора прыгледзелася да людскога натоўпу і з аблёгкай убачыла, што тут багата такіх жа, як і сама, няўдачнікаў, каму дарога ў хлебную краму таксама заказана. Бліжэй да дзвярэй, на правіслай жэрдцы, быццам старыя мокрыя вераб'і, сядзяць зажураныя пан Вінцусь і пан Бронюсь, без надзеі на літасць дзябёлай крамшчыцы сноўдаюцца наўзбоч доўгай чаргі лупаты Ёсаль і пануры Марцін Палазок. Усе суседзі, ды яшчэ самыя блізкія - хоць будзе з кім ісці дахаты цераз цёмны асенні лес. І ўжо зусім павесялела Фядора Чыркун, калі раптам убачыла, што з-за рога панскага дома да яе ўстрывожана кінуліся маласельскія галетніцы Луцэя Падгайская і Тадорка Дрозд.


3

Камяністае поле з боку Малога Сяла ўпрытык падступае да бядняцкай сядзібы Фядоры Чыркун, затым, абмінуўшы пахілы садок Марціна Палазка, выгінастым клінам чапляецца за пахмуры яловы лес. Гэты забыты начальствам атор усё лета гуляў, і на ім, задзірванелым ушчэнт, надта добра было пасвіць статак - хапала тут быдлу і сакоўнага хвашчу, і палявой канюшынкі, і ядкой касцярогі. Папар, дзе-нідзе ўтыканы калючымі грушамі-дзічкамі, Аляксей Хамутовіч меўся ўзараць пад азімае жыта, але маладому, не надта вопытнаму старшыні багата што магло перашкодзіць: гарачае і слязлівае каханне Агаты Валасюк, частыя выклікі ў Ганцавічы, ды хутчэй за ўсё ў калгасе не было чым засеяць немалы акравак зямлі, якая пасля зацяжной перадышкі ўжо і сама прагнула ўбачыць зблізку клапатлівага сейбіта. Без меры ўлюблівы маласельскі важак на імклівым, замыленым Вараным выпадкова скакаў міма і, касавурачыся на Фядорыну хату, з жахам убачыў запушчаны, уздзірванелы палетак: гэта ж бяда, гэта ж такое страхоцце, калі заўтра сюды завітае які-небудзь настырны аграном з райземаддзела!

На эмтээсаўскай сядзібе, як толькі туды віхурай дамчаўся Аляксей Хамутовіч, пачалася нечуваная мітусня, вэрхал, тлум. Неўзабаве папар каля Фядорынай хаты дужа затурбаваў і самога дырэктара Фядотава, і начальніка палітаддзела Бальшавіка, і яшчэ процьму вышэйшых і ніжэйшых начальнікаў. Дзесьці ў закутках рамонтнай майстэрні, на шчасце, знайшоўся яшчэ неразабраны трактар, дзесьці пад плотам сярод рознай непатрэбшчыны адшукаліся пяцілемяховыя плугі, а трактарыста і шукаць не трэба: узараць копань пад самымі вокнамі ў сваёй каханай - Ядзюні - напрасіўся Ванька Заяц, узяўшы ў прычэпшчыкі знаёмага ахламона Збышка з механізатарскіх курсаў. Ужо добра папаўдні ў напрамку Малога Сяла па лясной дарозе заляскатаў гусеніцамі раскалашмачаны старэнькі «націк», крыху наводдаль ад яго трухаў запылены Вараны, і, збоку гледзячы на занепакоены, посны твар Аляксея Хамутовіча, рэдкія прахожыя пачыналі разумець, што тут да чаго.

- Ваня, магчыма, давядзецца араць і ноччу, то правер, каб фары добра свяцілі, - па-начальніцку строга загадаў старшыня, калі, вывернуўшыся з-за яловага лесу, трактар спыніўся на ўскрайку неўзаранага поля.

- Сам знаю. Свецяць у мяне хвары, - агрызнуўся насуплены Ванька Заяц.

- Глядзіце, каб ноччу снег не выпаў. Дужа зябка. І вецер сіверны, - заклапочана сказаў ахламоністы Збышак.

Яны ўсе трое: шалапутны старшыня, малахольны трактарыст і зялёны, бязвусы яшчэ прычэпшчык раптам, як па камандзе, зірнулі на нізкае, шэрае неба, але нічога там не ўбачылі такога, што зацікавіла б кожнага хоць на які момант. Неба, ад краю да краю зацягнутае сівымі, з рэдкімі праплешынамі хмарамі, сапраўды абяцала на бліжэйшыя дні і снег, і мяцеліцу, і завейную кудасу. Сваім суровым выглядам яно гразілася да калень засыпаць белым сейвам неўзараны палетак, і гэты яго намер траскучым карканнем усур'ёз пацвярджалі груганы, якія, пачуўшы знаёмы лопат трактара, закружыліся над аблогай. Нахабныя драпежнікі кучна абляпілі старыя дзічкі і цяпер немым замагільным крыкам прасілі, енчылі, патрабавалі ад трактарыстаў, каб яны хутчэй раскінулі першыя барозны, вывернуўшы з зямлі ці тоўстую лічынку майскага жука, ці хоць якога задрыпанага чарвячка. Аднак лямант згаладалай плоймы мала турбуе людзей на ўскрайку поля. Адзін не спяшаецца тузануць рычагі трактара, другі чамусьці не займае бляшанае сядзенне на плугах, а трэці і наогул закапыліў нос - не злез з каня, смокча сабе папяросу і моўчкі азірае шэрае наваколле.

Да Ванькі Зайца ўжо дайшлі чуткі, што Аляксей Хамутовіч уклаў вока на Ядзюню, мала таго, маласельцы быццам бы ўжо не адзін раз бачылі Варанога, прывязанага да Фядорынага плота. Стоячы на гусеніцы «націка», закончаны мурзач, які ў эмтээсе апрача камбінезона і ботаў зарабіў дзесяць пудоў жыта, сур'ёзнага саперніка люта ненавідзіць, проста есць яго вачыма, хоць вырваць сваё рыжавалосае каханне з начальніцкіх лапаў, безумоўна, не мае ні сілы, ні хітрасці, ні якога-небудзь іншага спосабу. Што, скажыце, зашмальцаваная куфайка супраць скураной тужуркі, што кірзачы супраць бліскучых хромавых ботаў, у рэшце рэшт, нават рукі сапернікаў параўнаць нельга: у аднаго яны шурпатыя, мазолістыя, з паабіванымі пальцамі, у другога - чыстыя, гладкія, пухнатыя. Ледзь не даходзячы да шаленства, Ванька Заяц у думках лае і бэсціць гэтыя пялегаваныя рукі, ненавідзіць Хамутовіча, зноў жа ў думках Ваньку дапамагае вушлы, здагадлівы Збышак, і агульную непрыязнасць хутчэй за свайго гаспадара, мусіць, адчуў сыты, укормлены конь. Вараны стрыжэ вушамі, прысядае, нервова капыціць зашэрхлую, сухую зямлю, Вараны гатовы памчацца хоць на край свету, абы толькі не стаяць на пустым, непрыветлівым абшары і не ўдыхаць у ноздры праціўны тытунёвы дым.

- Так і знай, землячок! Да раніцы палетак павінен быць узараны, - сярдзіта сказаў Аляксей Хамутовіч, кінуў пад ногі Вараному недакураную папяросу і, нацягваючы павады, пагразіў са сваёй верхатуры: - Калі не ўзарэш, сам Бальшавік будзе з табой разбірацца.

- Чхаў я на Бальшавіка! - раззлаваўся раптам Ванька Заяц. - Падумаеш, начальнік вялікі.

- Дык жа і не маленькі, - зарагатаў неразумны Збышак. - Дзве метры ростам.

На маўклівым, зажураным палетку толькі гэтага не хапала - дурнаватага, бязглуздага рогату, ад якога нават груганы ўзляцелі з бліжэйшай дзічкі. Ванька Заяц, крывячыся ад прыкрасці, спадылба зыркнуў на пустагаловага прычэпшчыка і палез у кабіну «націка». Збышак адразу ўлавіў нямы дакор, папярхнуўся смехам і паспешліва пабраўся на сваё жорсткае бляшанае сядзенне, а Вараны тым часам ужо зацокаў падковамі па тупкай дарожцы ўздоўж яловага лесу. Ёсць усё ж вялікая несправядлівасць, што два маладыя здаровыя хлопцы ратуюць ад ганьбы і няславы такога ж маладога, як і самі, калгаснага старшыню. Яны ўдвух, Ванька і Збышак, паўдня, цэлы вечар, калі не сказаць, што і ўсю ноч, будуць глытаць сухі пясок і пыл, у той самы час як Хамутовіч, відавочны махляр і ашуканец, будзе адлежвацца ў цёплай пасцелі, качацца з боку на бок, смачна цмокаючы ў сне чырвонымі, нібы ружы, губамі.

Магутны рокат трактара, бразгат гусеніц, гулкі шоргат вострых нарогаў аб камяні не напалохаў, а хутчэй толькі засмуціў і збянтэжыў згаладалых груганоў. Нахабныя драпежнікі адно цяпер, калі за пяцілемяховымі плугамі папаўзла шырокая паласа свежай раллі, сваім нікчэмным розумам неяк дапетрылі, што позняй восенню дарэмна спадзявацца на здабычу. Перад зазімкам тлустыя лічынкі майскіх жукоў і дажджавыя чарвякі пазалазілі глыбока ў зямлю, зашыліся ў такія сховы, адкуль іх не выара ніякі плуг. Груганы, зразумеўшы сваю памылку, падняліся з калючых дзічак, апантана замахалі крыламі і, ні ў грош не ставячы цяжкую працу трактарыстаў, падаліся ў родны яловы лес, дзе ў дзюбу трапіцца хоць якое ежыва.

Птушыныя клопаты, безумоўна, нічога не варты супраць клопатаў чалавечых. Ванька Заяц ужо думаць забыў і пра ненавіснага Хамутовіча, і пра шальмаватую Ядзюню: з цеснай, наскрозь прадзьмутай скавышом кабіны хлопец да рэзі ў вачах углядаецца ў палетак, пільна асочвае шэры папар перад гусеніцамі «націка». Палетак спрэс усыпаны і большымі, і меншымі камянямі, а дзе-нідзе з зямлі вытыркваюцца агромністыя валуны, і іх трэба абмінаць, каб, сабе ж на бяду, не зачапіцца плугамі і не абламаць вострыя нарогі.

- Падымай плугі - камень! - раз-пораз крычыць у задняе разбітае акенца сярдзіты, устрывожаны Ванька.

- Падыму - не бойся вельмі! - адклікаецца заклапочаны, увішны Збышак.

Пакуль што ім шанцуе: дабіты, латаны-пералатаны трактар не заглох у баразне, грувасткія плугі ўсімі пяццю лемяхамі не наскочылі на вялікі валун. Ванька Заяц то сцішыць ход, каб абмінуць перашкоду, то прыбавіць абаротаў матору, і тады слабасільны «націк» ажно становіцца на дыбкі, з цяжкасцю дзеручы ўтрамбаваны быдлам, задзірванелы атор. Жарты жартамі, але палетак загадана ўзараць да раніцы, бо сапраўды заўтра сюды можа наляцець куслівы, як шэршань, начальнік палітаддзела. За любую, нават малую, віну з маладымі трактарыстамі ён не дужа цырымоніцца: калі з гарачкі не дасць поўху, то абзаве бедакоў і «ёлупнямі», і «боўдзіламі», і яшчэ горшымі брыдкімі словамі, хаця і сам носіць не менш абразлівае мяно - Бальшавік.

У яго, гэтага несусветнага даўгайлы, на якім, быццам на калу, матляецца заношаны ўшчэнт афіцэрскі шынелак, ёсць і сваё законнае прозвішча - ці то Козераў, ці то Козыраў, аднак прозвішча ідэйнага важака механізатары даўно забылі. Кажуць, прычынай такой непачцівасці стаў эмтээсаўскі вартаўнік Сцяпан Аліфер. Першы раз заступаючы на старажоўства, ён з будкі ўбачыў высознага начальніка і з захапленнем, маючы на ўвазе яго рост, выдыхнуў: «О, Езус Марыя, які спраўны бальшавік!» І начальнік палітаддзела, даведаўшыся пра сваё мяно, цяпер помсціцца языкатаму старому: сярод ночы правярае, як той нясе службу, бэсціць за што папала, а гэтай восенню ў палітаддзельскай газетцы нават сурова пакрытыкаваў Сцяпана Аліфера за непамернае спажыванне казённага дэнатурату.

Але што даруецца старому, тое не даруецца маладому. Калі сказаць шчыра, дык Ванька Заяц не баіцца ні Бога, ні чорта, а вось Бальшавіка баіцца як агню. Да заўтрашняга дня, чаго б яно ні каштавала, палетак трэба ўзараць, і таму старэнькі «націк» выбіваецца з апошніх сіл, раве на ўсе абароты, страляючы з выхлапной трубы сінімі колцамі дыму. Пакуль апусціўся вячэрні змрок з густым сейвам ці то імжы, ці то мокрага снегу, укарчанелыя трактарысты паспелі ўспароць добры кавал поля, далёка збоку пакінуўшы ўскраек яловага лесу. На чарговым павароце дрыготкае святло фараў выхапіла з пагусцелай цемры сялібу Марціна Палазка - пахілы плот, марны садок, старэнькую хатку з прыземістым хляўцом і спарахнелай варыўнёй. Цяпер, з надыходам ранняга лістападаўскага вечара, ворыва пайшло марудней - можна нарабіць процьму агрэхаў, можна лёгка ўспароцца на валун, затоены ў зямлі, ды, апроч таго, трэба раз-пораз крычаць у задняе акенца, каб гэты малавопытны ахламоністы прычэпшчык чаго добрага не задрамаў і не зваліўся пад плугі.

- Глядзі ж, не засні, не зваліся ў разору, а то растапчу, як жабу!

- Уга! Заснеш на гэтым холадзе.

Няхай што хоча думае Збышак, няхай крыўдуе ці злуецца, але перасцярога зусім не лішняя. Новы час, эпоха жалезных матораў, пасадзіўшы маладых неспрактыкаваных сялян на трактары і машыны, запатрабавалі ўжо і першых ахвяр. На памяці ў маласельцаў яшчэ свежы выпадак, калі, працуючы ў начную, трактарыст насмерць пераехаў свайго напарніка, якому захацелася падрамаць на пожні. Начную змену прыдумаў і ўвёў у практыку сам дырэктар МТС Фядотаў і за гэтую ідэю праславіўся ў раёне як смелы наватар калгасна-саўгаснай вытворчасці. Начную змену, калі ад бяссонніцы пухне галава і зліпаюцца вочы, не любіць Ванька Заяц, густую цемру ненавідзіць стомлены ўжо Збышак, але яшчэ больш гулкі рокат «націка» не ўпадабаў Марцін Палазок.

Кладучыся спаць на мулкім удаўцоўскім ложку, ён спачатку падзівіўся, якія гэта дурні аруць поле ўперадзімку, потым, пераканаўшыся, што змружыць павекі ніяк не ўдасца, стары пачаў ганіць і лаяць цяперашнія незразумелыя парадкі і сённяшніх бесталковых начальнікаў. У тыя гады, калі Марцін Палазок яшчэ сам быў гаспадаром, асенняе ворыва маласельцы заканчвалі пасля Пакроваў, і во было б смеху, калі б у канцы лістапада нейкі гультай і недалэнга выйшаў з плугам на поле! З надыходам асенняй халепы і прымаразкаў людзі мелі безліч іншых турбот і клопатаў. Перадзім'ем у Малым Сяле першай ажывала кузня: стары каваль Костусь Танец пачынаў правіць няхітры сялянскі рыштунак, амаль адначасова на гумнах дружна адзываліся цапы, ледзь не ў кожным двары нема раўлі авечкі, не жадаючы расставацца на зіму з густой і цёплай воўнай. Новы збаламучаны час палічыў адвечны сялянскі побыт пустой і непатрэбнай справай: цяпер няма ні коней, ні гумнаў, ні тых жа авечак, аднаго толькі жалеза, дзякуй Богу, хапае.

Пакуль дакучлівы лопат трактара ўсё расце, набліжаецца, Марцін Палазок багата чаго паспеў перадумаць, багата што змог абмеркаваць, узважыць і разумна спланаваць. Яму, старому ўдаўцу, каб дажыць свой век, кроў з носа - трэба ажаніцца. Суседка Фядора Чыркун круціць хвастом, не хоча ісці за Палазка, дык няхай і не ідзе. Яшчэ з вайны ў Луцэі Падгайскай жыве ў падсуседзях бежанка Агрыпіна - кабета адзінокая, памяркоўная, працавітая, гэтая хвастом круціць не стане, ды і Анюта, Марцінава нявестка, пярэчыць, бадай, не будзе. Ну, а калі заводзіць сям'ю, то да жаніцьбы трэба было б перасыпаць хату, паправіць хлявец, бо зусім заваліўся, зноў жа варта і сякую-такую жыўнасць агораць, хоць парсюка, хоць курэй, бо пры цяперашніх парадках, пры цяперашніх бесталковых начальніках на добрую жытку спадзявацца марна. Вунь на дварэ халадэча, а яны, халеры, бачыш што - аруць!

Трактар грукоча ўсё бліжэй, і аб сваім прыбліжэнні ён абвяшчае не толькі шалёным грукатам, але і дрыготкімі плямамі жоўтага святла, якое, прабіўшыся скрозь голыя кроны яблынь, час ад часу выхоплівае з цемры даўно нябеленую печ, драўляныя лаўкі, пусты шкапчык ля парога. Калі жалезная пачвара няўклюдна разварочваецца за садком, хата ходзіць хадуном - дрыжаць сцены, брынчаць шыбы. Шалёны грукат, далібог, каго хочаш можа ўвагнаць у магілу, звесці з розуму, а ў Марціна Палазка нервы слабыя, вочы слязяцца ад бяссоння, і стары, змучаны чалавек, усхапіўшыся з ложка, не першы ўжо раз гразіцца ў цёмнае бразготкае акно:

- Ах, лайдакі! Ах, пустадомкі! Ці ж я вас прасіў, каб вы мне спаць не давалі, ці ж я вас клікаў сюды, чэрці мурзатыя?

Марцін Палазок не ведае, каго - ці чарцей, ці трактарыстаў - лае і бэсціць, а Фядора Чыркун у сваёй хаце таксама не спіць, мучыцца, круцячыся з боку на бок. Яшчэ надвячоркам, засветла, яна паспела разгледзець у кабіне трактара Паляжанчынага губастага сыночка, і цяпер яму трэба чакаць багата якога ліха на сваю галаву. Калі праклёны спраўджваюцца, то Ванька Заяц і Збышак могуць праваліцца ў прорву разам з грымлівым жалезам, калі неба пачуе хоць адну кабеціну грозьбу, то абодвум ім не мінуць ні курчу, ні трасцы, ні каросты. Залезшы з галавой пад коўдру, каб не чуць трактарнага лопату, старая злосніца гатова паслаць на беднага Ваньку і не такую кару: як жа, заўтрашні зяць. А скулу яму ў бок, а не Ядзюню! Хай дарэмна не бегае Паляжанка - нічога не выбегае. З Аленай Хамутовіч - дык з гэтай іншыя рахункі.

Маці калгаснага старшыні, аказваючы Фядоры Чыркун адзнакі не абы-якой павагі, надоечы падзялілася мылам, а то ж прынесла нават свежаніны - трошкі мяса, трошкі сала. І Фядора прыняла традыцыйную бонду з годнасцю, пачаставала дабрадзейку чым мела, даўшы тым самым зразумець, што яе Аляксею няма ганьбы. Хлопец ён відны, сакавіты, галаву спраўную мае і ў начальства, кажуць, у пашане. Дасць Бог, няхай і пабяруцца Аляксей з Ядзюняй, то хоць свавольніца забудзе фарбавацца, перастане лётаць на вячоркі і попрадкі. А Ванька - што Ванька! Галетнік у камбінезоне, перасмешнік у кірзавых ботах, лапатун мурзаты. Гэта ж, бачыш на яго, лапоча і лапоча за хлявом: то запаўзе на другі канец поля, то зноў высвеціць цёмныя вокны. Фядора круць на левы бок, верць на правы, а сон не ідзе, вочы быццам ашклянелі - і пякуць, і рэжуць. Добра хоць, што Ванька са Збышкам не чуюць і не ведаюць, якая здатная на праклёны Фядорына хата.

- Каб у вас курч убіўся! Каб вас трасца заела! Каб вас кароста абсыпала!

Ванька Заяц, напэўна, гэтак старанна не тузаў бы рычагі «націка», а Збышка, мабыць, і сілком не загнаў бы на пяцілемяховыя плугі, калі б хлопцы здагадваліся, якія страшныя немачы ім зычыць раз'ятраная Фядора Чыркун. Трактарыстам яшчэ пашанцавала, што да гэтых суровых кленічаў не далучылася Ядзюня, інакш абодва патрацілі б на дактароў усе свае жабрацкія заробкі. На шчасце, Ядзюня і не думала каго-небудзь клясці, бо, сказаць па праўдзе, трактарны гул на палетку яе мала турбуе. Ядзюня толькі што прыбегла з вячорак, паставіла ў кут барадатую ад кудзелі прасніцу, не забыла схаваць далей ад матчыных вачэй пустое верацяно. Якое там к чорту прадзіва, калі ад маладога смеху, тупатні і віскату хата Лёдзі Гаўрылавай хадзіла ўпрысядкі. На попрадкі сюды ў адну кучу збіраюцца і тыя, хто толькі рымсціцца замуж, і тыя, хто даўно нават думаць забыў пра ўсялякае замужжа. Разам ім, і зялёным шалахвосткам, і бывалым пярэстаркам, на вячорках аднолькава весела і ўцешна, а калі нечакана ў хату ўваліцца хлапцоўская зграя, тады і дым вісіць каромыслам, і рогат, рогат стаіць проста конскі.

Наогул жа гэта смешна, што наіўныя мацяркі пасылаюць сваіх гультаяватых дачок прасці барадатую кудзелю: па сённяшнім кручаным часе ніхто з іх не захоча насіць тыя саматканыя кашулі і спадніцы, няхай сабе яны і з вельмі тонкага, выбеленага ў росах палатна. У модзе цяпер усё куплёнае, фабрычнае, скроенае і пашытае на гарадскі лад. Вунь і Ядзюня, папагнуўшыся на цагельні, за лета багата справіла дзявочых строяў - усялякіх там недарагіх сукняў, кофтачак, блузак. Не сказаць, каб дужа багаты пасаг, аднак жа Ядзюніна хата не такая ўжо і бедная, бо хіба ж язык павернецца назваць жабрацкай тую, нядаўна выскураную, шафу, у якой навідавоку вісіць новенькая ясёнка з пушыстым бабрыным каўняром. Ядзюня адзін раз апранула абнову, а ў сябровак і мову адняло: вось пані, дык пані! Не дзіўна, што ў такой багатай шафе, побач з шалевым футрам, зусім сур'ёзна мяркуе павесіць свой запэцканы камбінезон і прамасленую куфайку Паляжанчын Ванька. Ад такой жахлівай думкі Ядзюня аж устрапянулася, нервова ўздрыгнула, крутнулася, як і маці, з боку на бок і толькі цяпер зразумела, чаму ёй не хочацца спаць. Прычынай быў усё той жа гусенічны трактар: ён бесперастанку лапатаў на палетку, і калі надта ўжо марудна, з ровам і грукатам, разварочваўся ў канцы загона, тады і атупелая, змучаная Ядзюня нервавалася, спрабавала пратэставаць супраць такога нахабства.

- Каб ты спрах, Ванька мурзаты. Усё адно не пайду за цябе - не старайся мяне будзіць.

Ядзюня ўсё ж была дзяўчынай хітрай і кемлівай, яна адразу здагадалася, чаму, разварочваючыся за хлявом, так доўга раве і бразгае гусеніцамі ашалелы трактар. Сам жа Ванька Заяц, напэўна, і не ведаў, што Фядора Чыркун надоечы прыдбала свайму рыжавалосаму шчасцю новую фанерную шафу, і таму не збіраўся вешаць свой смярдзючы камбінезон побач з пахучым бабрыным футрам. Хлопцу было крыўдна, было горка і непамысна, што яго, такога памяркоўнага і працавітага кавалера, Ядзюня памяняла на распанелага Аляксея Хамутовіча. За вераломную здраду Ядзюня, зразумела, заслугоўвае самай вялікай ганьбы, самай бязлітаснай помсты.

Лапатлівы «націк» яшчэ спарней забегаў па палетку, бразгаючы гусеніцамі і нема равучы якраз насупраць Фядорынай хаты. Паспі ж цяпер, падрыхні, рыжоцце! Патлаты штукар проста шалеў ад сваёй помсты, ён страціў асцярожнасць, перастаў пільна асочваць дарогу перад трактарам, на нейкі час забыў нават пра ўкарчанелага Збышка, і гэтая недаравальная забыўлівасць тут жа каштавала шалапуту багата роспачы, нерваў і поту. На чарговым развароце «націк» раптам здрыгануўся, ажно ўздыбіўся, прысеў ад натугі, і позаду, за бляшанай кабінай, пачуўся рэзкі скрогат, хрупаткі, сухі трэск жалеза і дзікі, спалоханы крык прычэпшчыка:

- Ванька, стой! Аслеп хіба? На валун напароліся!

Каму пашанцавала, каму - не: Ядзюня ўжо можа спакойна спаць да самага ранку, а яе помсліваму мучыцелю застаецца толькі несуцешна заплакаць. Ванька адным махам выскачыў з кабіны, Збышак кулём зляцеў з плугоў. У трактарыстаў ад перапуду дрыжаць рукі, адвіслі губы, ні той, ні другі яшчэ не здольны сказаць хоць якое слова. У марным святле задняй фары, прыкручанай да нерухомага кранштэйна на кабіне, добра відны жахлівыя сляды аварыі. Пярэдні корпус плугоў адламаўся зусім, на другім лямеш і адвал быццам зрэзала брытвай, астатнія стойкі пагнуліся і тырчаць у бакі, як лапы ў крата. Замучыць заўтра начальства, зацягае па кабінетах, глядзіш, яшчэ і шкодніцтва прыпішуць. Толькі цяпер, ледзь ачомаўшыся ад нервовага стрэсу, трактарысты заўважылі, што ім вельмі холадна, хоць і дзіўнага ў гэтым нічога няма. Над Малым Сялом плыве глухая асенняя ноч, на палетку па-ранейшаму скуголіць стылы вецер, і ў святле, скупа рассеяным навокал жоўтымі фарамі трактара, відаць, як з чорнага неба куляюцца на раллю рэдкія бухматыя сняжынкі.

- Ты, мабыць, пра сваю рыжую дзеўку думаў? Таму і наляцеў на гэты чартоўскі камень, - Збышак усё ведае, усё разумее.

- Не лезь у душу, ахламон! Не табе шыю намыляць за паломку, - Ванька брудна лаецца.

Заўтра, як толькі вестка пра начную аварыю заляціць у МТС, у Малое Сяло на разбор справы заявіцца раз'юшаны Бальшавік, калі не сам Фядотаў. Запярэдзіўшы эмтээсаўскую «лятучку», па селавых прасёлках запылены Вараны галопам прымчыць свайго перапалоханага наезніка. Той, аднак, не расхвалюецца ад убогага выгляду знявечаных плугоў, ён ні на грам не пашкадуе беднага Ваньку Зайца, які пад гнеўным позіркам будзе трасціся як асінавы ліст. Найпершым чынам Аляксея Хамутовіча расхвалюе неўзараная вузкая паласа з краю поля, бо і за яе старшыні нямала нагарыць, калі яна застрэміць вока сярдзітаму аграному з райземаддзела.

І, бадай, ужо ці не ў самую апошнюю чаргу на прыкіданы сняжком палетак, пачуўшы тут гоман, шум і грукат металу, з недалёкага цёмнага ельніку зноў прыляцяць груганы. У крыклівай чарадзе знойдзецца багата сцярвятнікаў, што пражылі на свеце па добрай сотні гадоў, але і яны, старажылы навакольных лясоў, кучна абляпіўшы калючыя дзічкі, напэўна, упершыню будуць дзівіцца з гэтага незвычайна позняга асенняга ворыва.


4

Ядзюня, пэўна, не ведала, якую трасцу шукае на сваю рыжую галаву. Падсобніцай на цагельні ёй не падабаецца - там усё ж праца сезонная, на калгасную ферму, даяркай альбо свінаркай, яна таксама ісці не хоча - там няўтульна, сыра і надта брудна. Але хто сказаў, што, стаўшы трактарысткай, Ядзюня будзе хадзіць у чысценькай паркалёвай сукенцы і ў белых туфліках? Ніхто, безумоўна, такой лухты не плёў - усе ж і самі бачаць, якія яны мурзачы, эмтээсаўскія механізатары, тым не менш слава мясцовых трактарыстак Яні і Ніны не дае спакою маласельскім дзяўчатам.

Мабыць, у навакольных вёсках не знайшлося талковых хлопцаў, калі за руль «універсала» з жалезнымі зубчастымі коламі селі звычайныя шалахвосткі, аднак час ад часу Яня і Ніна наязджаюць у Малое Сяло - успорваюць палетак трохлемяховымі плугамі ці скародзяць раллю, а каб людзі не сумняваліся, што тут працуюць сапраўдныя ўдарніцы, начальнік палітаддзела Бальшавік на радыятары іх трактара нават пачапіў чырвоны сцяжок. Столькі тае бяды, што аднойчы, калі ў траскучага «універсала» адвалілася задняе кола, мурзатыя трактарысткі, не змогшы ўзяць яго на ніты, плакалі над нязначнай паломкай, як дзеці. Ядзюня, калі спатрэбіцца, таксама паплача: ёй бы толькі чорны камбінезон, як у Яні і Ніны, ёй бы хоць дзянёк патрымацца за блішчасты руль, ды яшчэ каб і чырвоны сцяжок, на зайздрасць шалапуту Ваньку Зайцу, трапятаўся перад вачыма.

- Я табе пакажу трахтарыстку, матолак! Захацела ўсю хату засмуродзіць? - раскрычалася Фядора Чыркун, калі пачула пра вар'яцкі намер свайго рыжоцця. - Агідная цурка, у мазуці выпетраеш, у салідолі закарэеш!

- Хіба ж я адна такая? - пацепнула плячыма Ядзюня, націскаючы слясак клямкі. - Вунь і Лёдзя з Манькай на курсы трактарыстаў збіраюцца.

Разам з тым, як адчыніліся дзверы, у хату ўварвалася воблака марознай пары, і не паспела старая Фядора, чырванеючы ад злосці, даць непаслухмянай дачцэ добрага кухталя паўз плеч, калі ўжо за парогам пачуўся рып зляжалага снегу, які асабліва гулка і сакавіта храбусціць ядранымі каляднымі надвячоркамі. Ядзюня разумела, што не варта цвяліць маці, гаротную, спрацаваную, але, быццам на бяду, у дзяўчыны не адна, як у людзей, а, мабыць, дванаццаць натур, і кожная, хай нешта не так, адразу становіцца на дыбкі. Грош цана той гаспадыні, якая на Каляды ўздумае што-небудзь рабіць, бо нават прасці і ткаць на Ражство Хрыстова забараняецца - пойдуць нягеглыя дзеці, вырадзіцца быдла, таму вольнага часу на святы не бракавала, і па гэтай прычыне Фядорына хата не раз трэслася ад лаянкі і сваркі. Тым выпадкам, калі разгневаныя старэчыя вочы пачынаюць шукаць па кутах трапкачы ці пякучы матуз, лепш ужо з гонарам бразнуць дзвярыма і схавацца дзе-небудзь у сябровак на ўвесь доўгі зімовы вечар.

У гэтыя Каляды Ядзюня і наспявалася, і наскакалася ўдосталь - язык аж баліць, ногі аж баляць. Хлопцы, хай на іх кадук, рабілі складчыну і на музыкаў, і на гарэлку, наймалі для скокаў хату і ўсёй сваёй бесшабашнай хеўрай запрашалі дзяўчат на вясёлыя кудзельніцы. За адно лета Ядзюня налілася сокам, выпетрала ў добрую дзеўку, і каля яе нездарма ўсе вечары круцілася процьма вышклянцоных кавалераў, не кажучы ўжо пра мурзатага Ваньку Зайца з яго новым камбінезонам, кірзавымі ботамі і дзесяццю пудамі жыта на языку. Не хто іншы, а менавіта ён, шалапут і задавака, здаецца, і нашаптаў даверлівым дзяўчатам, што ў Кругавіцкай МТС адкрываюцца кароткатэрміновыя курсы трактарыстаў, на якія бяруць усіх, хто толькі пажадае і хто, зразумела, не кволіцца на зрок і слых.

- Дык я ж і ноччу бачу, як кошка, - заганарылася сваімі зоркімі вачыма Ядзюня. - Ніякі доктар не прыдзярэцца. А што ўжо чую!

- Думаеш, я няўдаліца якая? - быццам пакрыўдзілася Лёдзя Гаўрылава. - Тэж добрыя ў мяне і вочы, і вушы - чаго тае медкамісіі баяцца?

- Кіньце дурное. Хто нас будзе правяраць? - супакоіла сябровак, засмяяўшыся, разважлівая Манька Тадорчына. - Вунь Ванька Заяц, мне здаецца, зусім падслепаваты, а ніхто яго з трактара не праганяе.

Наогул каб стаць трактарысткамі, у дзяўчат, як высветлілася, хапае і спрыту, і здароўя, застаецца толькі выбраць час ды скокнуць у МТС да начальства - разведаць там, што і як, бо шалапутны Ванька мог і нахлусіць на падпітку. Адлучыцца ў Кругавічы можна было б у любы дзень, калі б пра задуму баламутных дачок не даведаліся мацяркі - хутчэй за ўсё тыя ж самі і прабалбаталіся. Першай на дыбкі паднялася Фядора Чыркун, паабяцаўшы, калі не паразумнее, спусціць з Ядзюні сем шкур, пасля за сваю Маньку з пенай на губах узялася старая Тадорка, ды і Лёдзя, самая ціхмяная ў дзявоцкім гурце, не абышлася без мацярынскіх пагроз. Затаіўшы крыўду, тры ашуканкі больш не заікаліся пра курсы трактарыстаў, а самі толькі і чакалі зручнага моманту, калі дома нікога не будзе. На агледзіны да эмтээсаўскага начальства ў зашмальцаванай світцы і парваных ботах не пойдзеш - трэба апрануцца як след, каб Фядотаў і Бальшавік нават і не падумалі, што прыблыталіся дзяўчаты з нейкага жабрацкага краю. Ну, а як пашанцуе, дык сапраўды пашанцуе, быццам наканаванне якое.

Акурат на Вадохрышча прачнулася Ядзюня - у хаце пуста і ціха, маці з нагоды вялікага прастольнага свята, мабыць, падалася ці ў царкву, ці ў краму, ці, яшчэ лепш, да суседак. Ядзюня тады, не помнячы сябе ад радасці, ускінула на плечы нядаўна пашытую ясёнку, сунула ногі ў бліскучыя снягоўцы і - шморг за парог. Вернецца Фядора, кінецца да адзежнай шафы, зразумее нахабнае ашуканства, закіпіць, загневаецца, але будзе позна: з Кругавіч Ядзюня прыйдзе законнай трактарысткай і, можа, нават прынясе новенькі камбінезон, выпісаны на эмтээсаўскім складзе. Ванька казаў, што спецадзенне адразу выпісваюць усім маладым курсантам.

І дзень як не трэба лепш пасаваў дзёрзкаму дзявочаму ашуканству. Усю ноч гула завіруха, вецер стагнаў у коміне, кідаў у шыбы ашмоцце снегу, а пад раніцу выпагадзілася, раніца на Вадохрышча надышла ясная, ядраная, марозная, і гэта, баюць людзі, добрая прыкмета: лета выдасца ні засушлівым, ні дажджлівым - жыта вырасце густое, высокае, як чарот. І вы падумайце: хто гэтае жыта сажне, абмалоціць, і не старасвецкім сярпом, а чырвоным аграмадным камбайнам - Ядзюня! Калі размова ідзе пра збажыну, вырашчаную сваімі рукамі, то тут ні маці, ні сам Усявышні Ядзюні не ўказ. Загадзя ведаючы пра несусветную буру ў роднай хаце, усе апошнія дні дзяўчына шукала сабе адважных і самаахвярных саюзніц, і яна іх знайшла.

Праз заснежаны лес, па яшчэ не прабітым, закіданым сумётамі зімніку з Малога Сяла ў Кругавічы, амаль след у след, за Ядзюняй прадзіраюцца расчырванелыя ад марозу Лёдзя Гаўрылава і Манька Тадорчына. Саюзніцам таксама абрыдла смярдзючая цагельня, ім надакучыла кожнае лета цягаць да знямогі грувасткія тачкі з сырой глінай, маючы за цяжкую працу жабрацкія рублі, і яны адважна і самаахвярна, удала падмануўшы пільных мацярок, кінуліся насустрач відавочным і, безумоўна, шчаслівым пераменам у сваім жыцці. Дзяўчаты спяшаюцца, дзяўчаты баяцца спазніцца хоць на хвіліну, таму ўсю дарогу маўчаць, толькі зрэдку перакідваючыся нязначнымі словамі, а тыя ж эмтээсаўскія начальнікі, здаравенны Фядотаў і даўжэзны Бальшавік, пэўна, і не здагадваюцца, якое апантанае і надзейнае падмацаванне на курсы трактарыстаў прарываецца праз сыпучы снег, праз глыбокія сумёты.

Ядзюня, расчырванелая ад марозу, шырока сцібае па снежных наспах паперадзе, і для таго каб увесь час быць на вачах у сябровак, у яе, бадай што, ёсць не адна прычына. Калі ўжо на тое пайшло, то ў Ядзюні і гумовыя снягоўцы, і махрыстая кашміроўка новенькія, амаль няношаныя - чаму ж не пахваліцца? Але з такімі звычайнымі рэчамі, як сельпоўскія снягоўцы і кашміроўка, нават і блізка нельга параўнаць шыкоўны каўнер, які, шчыльна зашпілены на аплік, дае багата цяпла шыі і галаве, не прапускаючы да цела холаду. Шалевы каўнер на Ядзюнінай ясёнцы з бабрынага футра - густы, ільсністы, з чорным адлівам, хоць увогуле нельга сказаць, што нехта з трох дзяўчат да дрыжыкаў мерзне на гэтай заваленай гурбамі лясной дарозе. У Лёдзі каўнер на паліто таксама з бабра, праўда, сям-там злямчаны, светла-бурага колеру, у Манькі каўнер намнога горшы - лісіны, рыжа-чырвоны з жоўтым адценнем, ды і ліс той быў заморкам: шкуркі не хапіла нават, каб прыкрыць грудзі.

На трошкі ўжо вытаптанай сцежцы, што віецца ў высокіх наспах, усе тры каўняры так і выстраіліся згодна сваёй вартасці: першаю, як і трэба, бяжыць ганарлівая Ядзюня, следам, захутаная ў футра да вачэй, толькі даўгаваты нос вытыркваецца, як дзятлік з дупла, тупае маласлоўная Лёдзя, ну і трэцяю, задыхаўшыся, ледзь паспявае за сяброўкамі засяроджаная, самотная Манька. Канешне, і яна была б не супраць бегчы наперадзе гурту, але што зробіш, калі такі жорсткі, няўдзячны лёс. Бацькі, ды яшчэ, як у Лёдзі, паляўнічага, у Манькі няма - не вярнуўся з фронту, а хадзіць на цагельню паўз Абуховічаву сажалку яна не даўмелася - вось і дасталося дыхтоўнае футра пранырлівай Ядзюні. Аднак, як бы там ні было, пушыстым каўнярам, што мільгаюцца ўперадзе, сціплы лісіны каўнерык не зайздросціць, і час ад часу Маньчыны вішнёвыя, трошкі таўсматыя губы кранае хітрая, з'едлівая ўсмешка: годзе, Ядзюня, таіцца, бо не адна толькі старая Паляжанка плявузгае - усе ў Малым Сяле даўным-даўно, яшчэ з лета, здагадваюцца, за якую цану скнарлівы Аляксей Хамутовіч аддаў табе шкуру забітага бабра.

- Каб хоць застаць каго з начальства? - затурбавалася раптам Ядзюня.

- Дзе ім дзецца на такім марозе. У канторы сядзяць, напэўна, - супакоіла сяброўку Лёдзя.

- А ці не ў царкву пайшлі? Думаеце, як начальства, дык ужо і ваду не свенціць? - наіўна пажартавала Манька.

Яны, усе трое, чым бліжэй падыходзілі да Кругавіч, тым больш пачыналі шкадаваць, што так неабачліва, бязглузда пусціліся ў небяспечную, зусім незразумелую мацяркам авантуру. Неўтаймоўная трывога, невядома якое хваляванне перад блізкай ужо сустрэчай з сярдзітым эмтээсаўскім начальствам цалкам завалодалі маласельскімі авантурысткамі, і, скажыце на ласку, каму хочацца ў гэты шчымлівы, ці не самы рашаючы момант жыцця азірацца па баках, любавацца хараством заснежанага зімовага лесу. Пасля завейнай і марознай ночы абапал пакручастага зімніка заінелыя хвоі і яліны стаяць маўкліва, нерухома, і толькі маладзенькія бярозкі, здаецца, бягуць за дзяўчатамі навыперадкі, быццам і яны, такія прывабныя, такія па-казачнаму чароўныя, спяшаюцца запісацца на курсы трактарыстаў.

І паветра, Божа мой, якое невыносна свежае і ядранае паветра! Яно п'яніць, яно проста валіць з ног, ад яго сапраўды можна звар'яцець, але, на шчасце, у заўтрашніх славутых трактарыстак яшчэ хапае розуму ісці асцярожна, абачліва, каб за наступнай павароткай дарогі не нарвацца на мацярок, якія з самага ранку, пэўна ж, падаліся ў царкву свянціць звычайную калодзежную ваду. І неба быццам пачула нейчую трывогу: дзесьці ўжо блізка, за дубовай градой, што паказалася ўперадзе, слаба бомкнулі царкоўныя званы - значыць, ютрань яшчэ не скончылася і можна ісці смела, не баючыся. Амаль адначасова з-за векавых дубоў дыхнуў свежы ветрык, разбавіў марознае паветра пахам бензіну, саляркі, мазуту. Стойкі, нудны пах, канечне ж, адтуль - з сядзібы МТС. Тут, на выхадзе з казачнага лесу, адсталі нарэшце і бярозкі-красуні, зразумеўшы, відаць, што сярод людзей бесталкоўшчыны яшчэ больш, чым сярод іхняй няўрымслівай беласнежнай плоймы.

Ядзюня, Лёдзя, Манька ў вялікую лясную мудрасць паверылі толькі тады, калі выбіліся з дубовай грады, названай чамусьці Пчольнікам, - даўней, мабыць, на дубах віселі борці, перабеглі невялічкі палетак і апынуліся ў былым панскім маёнтку. Праз глыбокія сумёты, праз мароз і ўласную бязглуздасць апантаныя шукальніцы шчасця прарваліся ў самы цэнтр навакольнай цывілізацыі і яшчэ не паспелі перавесці дыханне, як тут жа ўбачылі, што з эмтээсаўскай крамы ад наравістай Лізаветы Каятанаўны выскачылі, нешта жуючы на хаду, іх аднавяскоўкі, улюбёнкі начальніка палітаддзела Бальшавіка, слынныя маласельскія трактарысткі Яня і Ніна. Абедзве ў прамасленых чорных камбінезонах, нацягнутых паўзверх куфаек і ватных штаноў, у кірзавых ботах, а ў руках - па невялікім папяровым кульку. Авантурысткі як зірнулі на растаўсцелых, нязграбных, няўклюдных мядзведзікаў, дык адразу і сумеліся.

Божачка, мабыць, на свеце дзеецца штосьці не тое, калі ці не першых вясковых прыгажунь чалавецтва апранула ў гэтыя выдатныя баявыя латы. Замест таго каб кожнай насыпаць поўную печ дзяцей, бессардэчнае чалавецтва ўручыла ім па жалезным страшыдлу, што ў абыходку называецца проста трактарам, аж да вясны загнала ў халодныя сутарэнні рамонтнай майстэрні, каб яны добра пакалупаліся ў вогненных вантробах дзяржаўных «універсалаў», і нават дазволіла перад полуднем кінуць к чорту ключы, гайкі, шрубы і на колькі хвілін адлучыцца да Лізаветы Каятанаўны па цукеркі-падушачкі - самы любімы і на доўгія часы для незаможнага люду ледзь што не адзіны пасляваенны ласунак. Яшчэ на ганку крамы, неспадзявана ўбачыўшы маладзейшых хаўрусніц па вясёлых кудзельніцах і вечарынах, Яня і Ніна спачатку здзівіліся, потым засаромеліся свайго зусім не дзявоцкага ўбору, які зрабіў іх падобнымі невядома на каго, але першаю ачомалася, выйшла з утрапення смялейшая і баявейшая Ніна.

- Во, падушачак купілі, - з панталыку паказала яна на папяровы кулёк. - Будзем чай піць з ліповага цвету.

- Хадзем да нас, у масцярскую, - запрасіла ветлівая Яня. - Там печка шугае. Хоць адагрэецеся з марозу.

- Дзякуй, мілыя, але часу не маем, - адказала за сябровак Ядзюня. - Нам яшчэ да вашага Хвядотава паспець трэба.

Вочы ў Яні і Ніны акругліліся, расшырыліся ці то ад здзіўлення, ці то ад спалоху: людцы добрыя, дайце мёду атруціцца! Навошта, дзеля чаго гэтым відавочным блазнючкам спатрэбіўся такі мажны і салідны мужчына, як сам дырэктар МТС Сямён Пятровіч Фядотаў?

- Скажыце ж хоць, а на якую трасцу вам наш Хвядотаў?

- Хочам запісацца на курсы трактарыстаў, толькі і ўсяго.

Здзіўленне і спалох у Яні і Ніны перайшлі ў шкадаванне да сваіх бесталковых аднавясковак, у шчырае жаданне дапамагчы, выбавіць іх з глыбокай прорвы, у якую па глупству аднойчы трапілі самі.

- Падурэлі вы хіба?

- Век ад саляркі і салідолу не адмыецеся.

- Ну і што. Затое нам новенькія камбінезоны і боты выпішуць.

- І па дзесяць пудоў жыта ўлетку заробім.

- А яшчэ пра нас у газетцы напішуць.

Аднак добра, што бярозкі з настылага, заінелага лесу не чуюць гэтай сур'ёзнай не то размовы, не то спрэчкі. Яны, беласнежкі, правільна зрабілі, што адсталі каля Пчольніка, не пабеглі следам за баламутнымі дзяўчатамі, якія, калі стануць трактарысткамі, век будуць смярдзець саляркай і салідолам. Управіць мазгі бесталкоўшчыне, выбавіць упартую зялёную моладзь з глыбокай прорвы не ўдалося, і, махнуўшы на ўсё рукой, Яня і Ніна, скурчыўшыся ад холаду, подбегам падаліся ў майстэрню грэцца каля напаленай дабяла печкі, упрыкуску з цукеркамі глытаць гарачы чай, завараны на духмяным ліповым цвеце. Спакойная Ядзюня толькі фыркнула ўслед: знайшлі каго палохаць! А Лёдзя і Манька, было бачна па іх, засумняваліся, з трывогай зірнулі адна на адну, але не паспелі яны і вокам міргнуць, як апынуліся ў канторы МТС, быццам сюды іх нехта прыцягнуў на повадзе.

У цесным пустым калідорчыку авантурысткі пасмыкаліся туды-сюды, агледзеліся, перачыталі на дзвярах фанерныя таблічкі: «Дырэктар», «Галоўны інжынер», «Начальнік палітаддзела», «Бухгалтэрыя». Калі першая збянтэжанасць прайшла, пастаялі, памеркавалі і зрабілі правільную выснову, што кабінет дырэктара тут самы важны і чыноўны. Неразумнае дзяўчо з глухой палескай вёскі, Ядзюня нават не падумала, што на свеце існуюць пэўныя правілы ветлівасці і прыстойнасці, глыбока ўздыхнула, нібы ішла на вісельню, і гвалтоўна адчыніла аблюбаваныя дзверы.

За сваё нахабства яны ледзь не паплаціліся: у дырэктарскім кабінеце калючым і пранізлівым позіркам іх сустрэў чалавек у белым кіцелі, з шырачэзнымі пагонамі на плячах. Маласельская бесталкоўшчына спачатку сумелася, падалася была назад да парога, але тут жа разгледзела, што гэта ўсяго толькі вялікі, на паўсцяны, партрэт Сталіна. Забраны ў сціплую драўляную асадку, партрэт вісеў акурат над адзіным у пакоі вялізным сталом, а за сталом, занятыя нейкім дужа важным клопатам, сядзелі сам Фядотаў, Бальшавік і былы капраль польскага войска Франак Жывуцкі. Па асабістых выключных прыкметах кожнага з іх у навакольных вёсках, бадай што, пазнаў бы і сівагаловы дзед, і смаркаты падшыванец. Масіўны, як гара, Фядотаў меў пукатыя вочы, пухнатыя шчокі, да таго ж ён, як пляткараць, не абмінуў спакутаваных удавіц, Бальшавік, наадварот, худы, даўгавязы, двухметровага росту, зірнеш - цэп, дый годзе, ну, а меншы за іх па чыне, звычайны слесар-рамонтнік Франак Жывуцкі быў знаёмы дзяўчатам хоць бы ўжо тым, што на эмтээсаўскай «лятучцы» ў дні сяўбы не адзін раз прыязджаў у Малое Сяло на палетак, дзе каля маўклівага «універсала» румзалі славутыя трактарысткі Яня і Ніна.

Дырэктар МТС і начальнік палітаддзела ў царкву, безумоўна, не хадзілі, але, было відаць, у знак вялікага прастольнага свята прычасціліся зусім не святой вадою: глюгі пачырванелі, вочы блішчаць, як у катоў. Абодва, згледзеўшы няпрошаных наведніц, доўга не маглі ўцяміць, чаго дамагаюцца, што патрабуюць ад іх футравыя каўняры - два бабрыныя і адзін лісіны, а калі пачулі, што ў эмтээсе не хапае механізатарскіх кадраў і яны, дзяўчаты, не супраць вырашыць гэтую праблему, запісаўшыся на курсы трактарыстаў, апроч таго, ім патрэбна зараз жа, неадкладна выпісаць новыя камбінезоны і кірзавыя боты, дык непрыстойна, па-дзікунску зарагаталі. Цыбаты Бальшавік квахтаў, аж заходзіўся, выціраў слёзы на вейках, Фядотаў затрос падвойным валляком, адкінуў галаву назад і тут краем вока заўважыў гнеўны, асуджальны позірк Сталіна - умомант абвяў, заціх, папярхнуўся гідкім смехам.

- Хто вам наплёў пра курсы? - сур'ёзна, без ніякай насмешкі спытаў ён у Ядзюні, бо яна наперад вытыркнулася з дзявочага гурту. - А яшчэ пра боты, пра камбінезоны?

- Ванька Заяц, трактарыст ваш.

- Гэта ці не той таўкач, які вечна плугі ламае на камянях?

- Той самы, Сямён Пятровіч, - страпянуўся, як кот пасля сну, паслужлівы Бальшавік. - Але ж мы Зайца за ягоныя штучкі ў нашай газетцы здорава прапясочылі.

- Дык жа хлопец нічога і не наплёў. Як помніце, я сам гэнымі курсамі кірую, - заступіўся за беднага шалапута Франак Жывуцкі і са шкадаваннем паглядзеў на дзяўчат. - Аднак позна, дзеванькі. Курсанты ўжо вывучылі матор, а цяпер прыняліся за хадавую.

- Ну, вось бачыце - позна! - паўтарыў Фядотаў, уздыхнуўшы з палёгкай. - Прыходзьце да нас праз год, а пакуль падрасціце, з лялькамі сваімі пагуляйце.

- Абармот Ванька! - са слязамі на вачах усклікнула Ядзюня і стрымгалоў, як каза, першай ірванулася да дзвярэй.

Зняважаныя начальніцкім рогатам, уніжаныя з'едлівым напамінкам пра лялькі, дзяўчаты вернуцца дахаты ціхія, лагодныя, паслухмяныя і яшчэ доўга не будуць нават успамінаць, як ганебна правалілася іхняя авантура з паступленнем на курсы трактарыстаў. Лёдзя і Манька, вядома, утояць, не прызнаюцца, якую кару за непаслушэнства прыдумалі ім усердаваныя мацяркі, ды і Ядзюня хітра прамаўчыць, што зарабіла добрых грымакоў паўз плеч, каб болей непанадна было сноўдацца па дырэктарскіх кабінетах. Але вось цяпер, у гэтыя самыя хвіліны, калі яны ўвайшлі ў заснежаны Пчольнік, не страх за свае грахі - вялікая крыўда і абурэнне завалодалі імі. Тыя эмтээсаўскія рагатуны Фядотаў і Бальшавік дарэмна думаюць, што такім рослым і дужым дзявулям яшчэ рана на трактар. Якія там к чорту лялькі, калі ўсе трое даўно ўжо лётаюць на гулянкі і вячоркі, спадцішка выцікоўваюць сабе вартых кавалераў, а Ядзюня, першы раз цалуючыся з Ванькам Зайцам, нават паламала лаўку каля хаты Марціна Палазка.

Зняважаныя і ўніжаныя, дзяўчаты цяжка месяць глыбокі сыпкі снег, і бярозкі, што маўкліва знерухомелі абапал зімніка, напэўна, дзівяцца: чаго яны такія самотныя і маркотныя, гэтыя маладзенькія красуні? Яны мінулі дубовую граду, выбіліся з высокіх сумётаў на торны шлях, яны ідуць і не ведаюць, што на лёгкім вазку, падкутым ліставым жалезам, з гікам і свістам у Пчольнік уляцеў надта вясёлы маласельскі старшыня Аляксей Хамутовіч. Яшчэ паўгадзіны назад ён частаваўся ў сваёй каханкі Агаты Валасюк, сядзеў за багатым сталом, еў і піў, грэшна цмокаў Агату ў шчаку, і цяпер у яго выдатны настрой. На нейкі час забылася, уляглася трывога, што дзесьці на ферме нема рыкаюць галодныя каровы, і хоць адна тут уцеха, што пра зімовую бяскорміцу нічога не ведае імклівы, гарачы, як агонь, старшынёўскі выязны.

З сумёта на сумёт, з узвалка на ўзвалак сыты і дагледжаны Вараны ўмомант выхапіў з-пад варты векавых дубоў размаляваны ў белыя кветкі зялёны вазок, спусціўся з пагорка ў нізовіну і, калі за павароткай дарогі згледзеў тры дзявочыя постаці, дык проста затанцаваў у аглоблях, спарней запрацаваў нагамі, ажно снежныя пырскі паляцелі ў бакі і высока ўскінулася, затрапяталася на ветры чорная грыва.

- Гэй, малеча! Кідайся ў вазок, дык падкіну маткам прама ў прыпол, - рэзка асадзіў шалёнага скакуна вясёлы Хамутовіч, які на нейкі час забыў, што на ферме апрача кароў адчайна вішчаць і галодныя свінні. - Ды хутчэй! Чаго кешкаецеся, быццам квахтухі?

Такому мацаку, як Аляксей Хамутовіч, нічога не каштавала падхапіць Лёдзю і Маньку пад пахі, лёгка, быццам кулі саломы, шпурнуць іх у перадок вазка на прысыпанае снегам, склычанае сена, а Ядзюню тыя ж самыя дужыя рукі беражна прыўзнялі над зямлёй і пасадзілі побач з сабой на драўляную лаўку, мусіць, для таго, каб па дарозе было лацвей абдымаць і пагладжваць пушысты бабрыны каўнер. Збоку зірнуць: і праўда, гожая, прыстойная пара. Лёдзя толькі ўздыхнула, Манька хутчэй адвяла позірк убок. Наогул яны нічога не маюць супраць, няхай споўніцца Боская воля, няхай пабяруцца Аляксей і Ядзюня, ды ўсё ж шкада, што каўнер у Ядзюні такі багаты і шыкоўны. Апрануты ў белы сялянскі паўкажушок, калгасны старшыня і сам ведае, які ён відны і цікавы кавалер: зухавата збіў шапку набакір, тузануў ляйчыну, махнуў бізуном, і Вараны зноў затанцаваў у аглоблях, высек з-пад капытоў цэлы воблак снежнага сяйва.

Пакуль дзяўчаты блукалі ў былым панскім маёнтку, пакуль шальмавалі эмтээсаўскае начальства, мароз памякчэў, аслаб, вецер прыціх, з-за хвояў і ялін на дарогу ўжо не паўзуць белыя косы завейкі. На нераз'езджанай яшчэ дарозе, праз глыбокія снягі грузавая машына наўрад ці прабілася б, а лёгкі зялёны вазок стралой ляціць з пагорка ў лагчыну, з сумёта на сумёт. Аблашчаны закаханымі дзявочымі позіркамі, Хамутовіч цяпер ужо начыста забыў, што справы ў маласельскім калгасе ідуць цераз пень-калоду, што апрача кароў і свіней галадаюць таксама коні і авечкі, што корму засталося вобмаль, у абрэз - адзін закут сена ў адрыне ды колькі сцірт жытняй саломы. Ён, далібог, звар'яцеў, малады калгасны старшыня: левай рукой туліць да сябе, ціскае Ядзюню, а правай тузае ляйчыну і адначасова спрабуе дацягнуцца да засыпаных снегам Лёдзі і Манькі.

- Гэй, гэй, Вараны!

- Цішэй, паб'ёмся, як гаршкі!

- У снег пападаем!

- Перакулімся разам з вазком!

- Гэй, гэй, Вараны!

Лясная дарога, на здзіўленне, ціхая і пустэльная, хіба што на ўзбочыне мільгануцца і тут жа застануцца далёка позаду чародкі хлопчыкаў і дзяўчатак, якія папаўдні вяртаюцца са школы. Маласельскія верніцы: бабулькі, старэйшыя і маладзейшыя жанкі, адстаяўшы набажэнства ў царкве, з бутэлечкамі свянцонай вады, мабыць, падыходзяць ужо да сваіх хат, і гэта вельмі шкада, бо хто ж пабачыць, у якім гонары відавочных зялепух вязе сам калгасны старшыня. Цяпер і мацяркі, бадай, нічога не сказалі б, калі б угледзелі, што іх неразумныя дочкі апынуліся ў адной кампаніі з Хамутовічам і Вараным.

І ўсё ж ёсць яна, Божая справядлівасць: на чарговым заломе дарогі, ужо на выездзе з лесу, паказаўся зусім прыстойны, варты ўвагі чалавек. То быў эмтээсаўскі вартаўнік Сцяпан Аліфер. Дзяўчаты ўзрадаваліся нечаканаму сведку свайго ўзнясення, а Вараны пагардліва фыркнуў, трасянуў грывай і лёгка перагнаў марудлівага, прапахлага дымам старэчу. Ні ездакі, ні конь-агонь нават не заўважылі, што Аліфер паляцеў потырч, зарыўся носам у сумёт - ці то спатыкнуўся сам, ці то зачапіла вазком. З праклёнамі і крэктам ён цялепкаўся ў снезе, доўга шукаў кавеньку і люльку, а калі падняўся на ногі, то вясёлая кампанія ўжо знікла, прапала ў прамёрзлай снежнай каламуці.

Разгневаны і абураны, Сцяпан Аліфер адзін стаяў на лясной дарозе, увесь калаціўся ад злосці, але крыўдзіцеля дагнаць было немагчыма, і стары, пакрысе супакойваючыся, смачна і сакавіта вылаяўся яму ўслед:

- Хай Бог панам барануе!


5

На згоне зімы, калі заснежаныя палеткі ў ваколіцах Малога Сяла зазеўралі шэрымі латкамі праталін і з пагоркаў у нізіны дружна рынуліся звонкагалосыя ручаі, сталася тое, чаго так баяўся Аляксей Хамутовіч: да першай травы фуражу не хапіла, ад бяскорміцы пачаўся нечуваны паморак жывёлы. У райземаддзеле, куды са сваёй бядой кінуўся старшыня, толькі развялі рукамі: выкручвайцеся самі, нічым дапамагчы не можам. Пазычалі сена ў суседзяў, гвалтам забіралі лішнія стажкі ў людзей, дралі саламяныя стрэхі, але што тая гнілая, прэлая салома без вотруб'я, без бульбы і буракоў? Напрадвесні ў Стаўпішчах, векавым мяшаным лесе, які цёмнай сцяной высіцца за гразкім бродам непадалёку ад фермы, было не ступіць нагой: сюды звозілі скарчанелыя тушы і кідалі дзе папала сярод дрэў, нават не патурбаваўшыся закапаць падліну ў зямлю.

На дармавы пір ці не з усяго Палесся зляцеліся ачмурэлыя ад шчасця воўчыя зграі, і з гэтага моманту маласельцы жылі ў трывозе і страху, на доўгія часы страціўшы спакой. Вечарамі з лесу, як і ў Піліпаўку, чулася жудаснае выццё, пазней, калі ад коней і кароў засталіся адны чарапы і маслакі, ваўкі нахабна пачалі шастаць каля чалавечага жылля, і не адзін Шарык ці Галас на ўскраінах вёскі паплаціўся сваім незайздросным сабачым жыццём. Дзіўна, што на старшынёўскай пасадзе Аляксей Хамутовіч уцалеў, зарабіўшы ўсяго толькі строгую вымову, бо ў райкоме партыі, мабыць, былі ўлічаны і яго маладосць, і адсутнасць у калгаснікаў вопыту супольнай працы. Пакаранне, аднак, ён успрыняў хваравіта, аж паблажэў з твару і, як заўважылі пляткаркі, нават перастаў па начах наведвацца ў Кругавічы, да сваёй каханкі Агаты Валасюк. Можа, падзейнічала вымова, а можа, проста баяўся цёмнага лесу: ваўкі ж не будуць разбірацца ў чынах, нападуць, разарвуць на мэтлахі і чарнагрывага Варанога, і самавітага конніка.

Гаўрыла Трафімчык, які з брыгадай цесляроў у гэты невясёлы час будаваў новы свіран, мог бы казачна разбагацець, калі б своечасова ўспомніў, што ў яго ёсць выдатная паляўнічая стрэльба і немалы запас пораху і жаканаў. Але, ад'еўшы морды ў Стаўпішчах, воўчыя зграі паціху перавандравалі ў суседнія калгасы, дзе ў навакольных лясах іх чакала не менш багатая даніна. Ад поўнага апусташэння ферму выратавала надзвычай ранняя і дружная вясна. Задоўга да Саракоў, калі з выраю вернуцца амаль усе пералётныя птушкі, выпусціла каташкі алешына, зацвіла ляшчына, на пашы ў лагчынах сакавіта зазелянелі лапікі маладой травіцы. Лютымі маразамі і завеямі зіма далася ў знакі і людзям: пра нейкі мясаед смешна было і гаварыць, добра, што ёсць хоць картопля і квашаная капуста, а хто ўлетку быў не лянівы, той беражэ і торбу сушаных грыбоў - на квас, на кіслае варыва. Без жыта вялікі кормнік не выкідаецца, і калі ў кубельцах да дна не выгалела, застаўся які кусель скаромнага, зажураныя гаспадыні ашчаджаюць, пакідаюць яго на лета, таму што без сала касу не пацягнеш і доўга не памахаеш цяслярскай сякерай.

Да голаду і жабрацтва, праўда, яшчэ не дайшло, але перад вачыма палешукоў выразна паўсталі здані і жахі першых пасляваенных гадоў, калі на велізарных прасторах краіны надарылася страшэнная засуха. Неба быццам помсціла людзям за іх вялікія і цяжкія грахі: два леты запар сонца паліла пасевы, сенажаці і пашу, дашчэнту сушыла ворныя землі, і ні малітвы, ні слёзы не дапамагалі выпрасіць у Бога выратавальных дажджоў, навальнічных грымотаў. Нейкім цудам бяда Палессе абмінула, лютыя сухавеі спатыкнуліся аб стромыя бары і гаі, захлынуліся ў неабсяжных дрыгвяністых балотах. Сяляне, маючы ў гаспадарцы коней і зямлю, яшчэ не адабраную ў калгасы, здолелі на сваіх дзесяцінах сабраць сякі-такі ўраджай, і сюды, у Заходнюю Беларусь, ці не з усіх канцоў свету - з Украіны і Малдавіі, з-пад Бранска і Смаленска, з-пад Віцебска і Магілева - рынулі жабракі і папрашайкі, старыя і юродзівыя, а то і проста ўсіх масцей мяшэчнікі, спекулянты і махляры.

- Богам прашу, падайце скарыначку!

Яны багата не прасілі, гэтыя абяздоленыя, змардаваныя людзі, ім хапала таго, што паставяць на стол, яны былі рады драўлянаму тапчану, на якім нанач можна прытуліць галаву, іх цешыў акраец хлеба, укінутага раніцай у зашмальцаваную палатняную торбу. Яны заходзілі ў хату, ціхія, сарамлівыя і пакорлівыя, садзіліся на ўслон і сумнымі, галоднымі вачыма глядзелі ў зева печы, на бляшаную засланку, за якой у добрай гаспадыні заўсёды знойдзецца гаршчок гарачага варыва. Яшчэ нядаўна абадраныя вандроўнікі былі аратымі, сейбітамі, жнеямі, але няўмольная засуха адабрала ў іх плугі, косы, сярпы, і з далёкіх краёў гаротнікі забрылі ажно сюды: у палескую глуш, у лясную неруш, у балотную некаш. Хадзілі па міласці старцы, калекі, юродзівыя, і іх маласельцы таксама прымалі без злосці, прывячалі апошнім, што мелі.

Але аднойчы ў Капцах, самым высокім пагорку ў вёсцы, спыніўся цыганскі табар, раскінуўшы паміж кустоў арэшніку аблезлыя шатры. Кожную ноч там ярка палалі вогнішчы, чуліся вясёлыя песні, дзікі лямант і гвалт. Заможныя хутаранцы як не на каленях вымольвалі ў Гаўрылы Трафімчыка паляўнічую стрэльбу, таму што пад покрывам цемры цыганы ў каго залыгалі бычка, у каго вывелі з хлява падсвінка ці авечку, не пакінуўшы ні слядоў, ні доказаў: здабыча адразу падсмажвалася на пожагу і тут жа, адным захадам, з'ядалася.

Сваёй варажбой цыганкі ашчаслівілі Малое Сяло: амаль усіх дзяўчат выдалі замуж, старым у карты нагадалі вялікага веку, нават і да нелюдзімага Сцяпана Аліфера неяк зранку прыблыталася чарнамазае стварэнне ў доўгай, аж да пят, спадніцы. Гаспадар чухаў патыліцу, думаў, меркаваў, чым бы аддзячыць госцю за яе ўдалую варажбу, пацёгся ў камору, а калі вярнуўся, у хаце цыганкі ўжо не было, і разам з ёю знік са шкапчыка куплены надоечы селядзец. За снеданнем гэты тлусты атлантычны селядзец уходаць з гарачай бульбай збіраўся сам Сцяпан Аліфер, але толькі аблізнуўся, праглынуў слінку і, шалёны ад злосці, кінуўся даганяць зладзейку. Блізка за мастком цераз гнілую канаву дарога падымалася ў Капцы, і тут, на аселіцы, ён абачліва спыніўся, далей не пабег, успомніўшы, што барадатыя цыганы носяць за поясам даўжэзныя нажы і кінжалы.

Смешная гісторыя з атлантычным селядцом здарылася гады тры назад, з таго часу ажылі спустошаныя засухай сенажаці, акрыялі ворныя землі, аднак даўні страх не прайшоў: свет поўніцца чуткамі пра новыя бедствы, галадоўку, мор, і трэба чакаць, што Палессе зноўку могуць запаланіць легіёны жабракоў і калек, ашуканцаў і перакупшчыкаў. Пракарміць такую плойму дармаедаў ці хоць што-кольвек людскае падаць у торбу Малое Сяло цяпер не здолела б, бо, не запанеўшы ў калгасе, яно і само села на нішчымніцу і бясхлеб'е.

Адурнелы аб бегатні, Аляксей Хамутовіч вальней уздыхнуў толькі тады, калі статак выгналі на пашу, людзі пачуліся весялей, калі пад платамі і на абмежках выскачыла крапіва, а на аселіцы сярод купаўя прабілася маладое шчаўе. Ля канавы, зарослай парыжэлым алешнікам, цёплымі надвячоркамі замільгалі хлапечыя шапкі, запярэсцілі дзявочыя хусткі. Пакуль прырода ажывала, гаспадынь па начах мучылі шчамлёткі, чым на раніцу пакарміць сям'ю, але вось забуяла крапіва, падрасло шчаўе, і ў тых жа гаспадынь з'явілася ўпэўненасць, што іхнія дзеці перавяснуюць на падножным зяленіве, дачакаюцца бурачнага бацвіння, першых агуркоў, маладой бульбы.

На палетках ужо ракаталі трактары, і лепшаў настрой у людзей, занятых сяўбой, і тым больш дзіўна было, што ў такія вясёлыя перадвелікодныя дні Сцяпан Аліфер вяртаецца з вартаўніцтва цвярозы, як шкельца, без смярдзючага паху дэнатурату. Думала Марка, дзівілася Тафіля, а разгадка гэтай таямніцы была занадта простая. Камору, дзе стаялі кубельцы з асвежаваным перад Калядамі япруком, Марка цяпер прадбачліва зачыніла на замок, і бездапаможны эмтээсаўскі вартаўнік, носячы пад пахай пустую торбачку, ужо не мог так шчодра частаваць сваіх агаладалых дабрадзеек Шуцянку і Сяргееву. Няма сала і паляндвіцы - няма і дэнатурату. Аднак хітрыя і каварныя сабутэльніцы, не дачакаўшыся багатых гасцінцаў, адважыліся на рашучы і адчайны крок: паставілі на бухгалтарскі стол кварту, рыбную кансерву і, калі Сцяпан Аліфер нішто сабе захмялеў, нахабна выклянчылі ў яго па свіным кумпяку да свята.

Напярэдадні вербнай нядзелькі паслухмяны Франак Жывуцкі сеў за руль эмтээсаўскай «лятучкі», і вось па калюгах і ўхабах яны прабіваюцца ў Малое Сяло. Шуцянка і Сяргеева трасуцца ў цеснай будзе, таўкуць бокі аб жалезнае начынне, а багацей, які яшчэ мае нешта на продаж, ганарліва сядзіць у кабіне побач з кіроўцам, паказвае дарогу. На такім выдатным самаходзе ніколі не шыкаваў нават пан Абуховіч, і, набліжаючыся да свайго котлішча, Сцяпан Аліфер з трывогай паглядае на Тафіліну хату: хай бы пабачыла бесталач, у якім гонары і пашане едзе яе сусед! На шчасце, Тафіля корпалася з рыдлёўкай у агародзе, пачуўшы шум, падняла галаву, ды так і замёрла з разяўленым ротам.

- Ах, Божачка! Нявеж гэны халерны Сцяпан выбіўся ў начальнікі?

З ціхім вуркатаннем машына мінула драўляны калодзеж і бліскучы ў сонечных промнях валун, на якім надта ж зручна сяды-тады пасварыцца з Тафіляй, праехала паўз шарэнгу прысадзістых, не старых яшчэ вязаў і спынілася за мураванай варыўнёй, пад нягеглай, скасабочанай вярбой. Гэтыя вязы наўсцяж вуліцы Сцяпан Аліфер пасадзіў у далёкай маладосці, ведаючы, што чалавечы век доўгі і спатрэбіцца багата стаптаць лапцяў, а няхітры сялянскі абутак моцны і трывалы якраз з вязавага лыка. Вярба ў закутку двара знайшлася сама, вырасшы з сырога дубца, выпадкова заплеценага ў агароджу. Дрэвы яшчэ не распусціліся, толькі набрынялі і пачалі лопацца пупышкі, але навокал ужо стаіць саладжавы водар маладога лісця, з аселіцы ветрык гоніць прыемны пах травы, шчаўя, жоўтай лотаці. Па жалезных скобах Шуцянка і Сяргеева спусціліся з будкі на зямлю, стаяць і хапаюць ратамі свежае, празрыстае паветра, якое тут, у ваколіцах Малога Сяла, не патыхае саляркай, бензінам і салідолам.

Грашавітых пакупніц гаспадар з асцярогай павёў у хату, баючыся, што Марка не прыме іх як трэба, забудзе пра ветлівасць і гасціннасць - надоечы ён цэлы вечар угаворваў упартую старую, чырванеў ад злосці, нават грукнуў кулаком па стале. Вядома ж, неразумна ў галодны час раскідвацца скаромнінай, але, у рэшце рэшт, зірнуўшы на сваё жабрацкае адзенне, на дзіравыя атопкі, Марка згадзілася, таму што за выручаныя грошы можна будзе набраць добрай крамы на кофту і спадніцу, купіць на ранішнюю расу дзяшовенькія сандалеты. Потым яна ўсё ж адумалася, пашкадавала эмтээсаўскім галетніцам двух кумпякоў, і калі важныя госці заявіліся на парозе, моўчкі пайшла ў камору, доўга там не бавілася, прынесла і паклала на шкапчык свінячы сцягняк і лапатку.

Невыцерпны пах каляндры, кропу і часнаку разліўся па ўсёй хаце, б'е ў расшыраныя ноздры, ад гэтага ачмурэлага паху, далібог, можна звар'яцець, звіхнуцца з розуму. Не паспела Марка паважыць сцягняк на бязмене, як увішная і ўпраўная Сяргеева аберуч сарвала спакуслівы кавал мяса з кручка і бессаромна сунула ў сваю пакоўную цыратовую сумку. Марудлівая Шуцянка спазнілася на некалькі секунд, і ёй дасталася мокрая ад расолу лапатка, танчэйшая за сцягняк і не такая апетытная на выгляд. Ашалелыя ад хцівасці і прагнасці, яны слаба запомнілі, як плацілі грошы, як развітваліся з маўклівай гаспадыняй хаты.

- Дзякуй, цётачка, - весела сказала Сяргеева.

- Будзьце здаровы, - сумна буркнула Шуцянка.

Цяпер яны ўжо не ішлі ўпобачкі, як звычайна, цяпер яны былі зацятымі, непрымірымымі ворагамі, і, чуючы сваю віну, Сяргеева трошкі вытыркнулася ўперад, а Шуцянка наўмысна адстала, каб і блізка не бачыць шчаслівы твар нахабніцы. Ці ж прыбудзе на свеце справядлівасці, ці ж дачакаешся ад людзей дабра, калі нейкая амаль непісьменная, бязглуздая кладаўшчыца адхапіла сабе лепшы кус, а горшы выпаў ёй, адукаванаму і разумнаму эмтээсаўскаму бухгалтару? У сведкі сваёй вялікай крыўды Шуцянка заклікала шарэнгу панурых вязаў, падымала вочы на самотную вярбу, з надзеяй раз-пораз азіралася і на Сцяпана Аліфера, які ніякавата цялепкаў позаду. Ніхто, аднак, не паспачуваў зняважанай жанчыне, і яе крыўда ўраўнавалася з абразай, абраза перарасла ў шаленства, гнеў - у прагу помсты. Бедны кормнік, заколаты перад Калядамі, напэўна, сам здох бы ў хляве, калі б ведаў, што з-за яго тленнай плоці на гаспадаровым панадворку пачнецца сапраўднае пабоішча.

Не могучы ўжо саўладаць з сабой, Шуцянка раптам прыбавіла кроку, размахнулася даволі важкай скураной сумкай і з усёй сілы хвоснула сухарэбрую Сяргееву па плячах. Тая не чакала вераломнага нападу - спатыкнулася, ледзь што не ўпала, але неяк астоялася на нагах, хапіла сваю сумку ў дзве рукі і самаахвярна, талкова пачала абараняцца. Нядаўнія сяброўкі і сабутэльніцы, яны біліся люта і адчайна, нападалі адна на адну то моўчкі, то з гучнай лаянкай, якая чуваць была далёка ад Аліферавай сялібы.

- Каб ты ўдавілася! Каб табе сцягняк упоперак горла стаў!

- Ой, і напужала! Сама ўдавішся! Самую курч возьме!

Нехта з задзір усё ж прыкмеціў, што біцца гаспадарчымі сумкамі зусім нязручна - перашкаджаюць доўгія вочапкі, пакуль размахнешся, пакуль стукнеш. Амаль адначасова яны апаражнілі свае торбы і, хапіўшыся за рулькі, з новым імпэтам, як булавамі, пачалі лупцавацца свіным сцегняком і лапаткай. Абедзве акрывянелі, выпацкаліся ў расол і сукровіцу, а разбараніць, суняць іх ваяўнічы азарт не было каму. Каржакаваты Сцяпан Аліфер, які калісьці мог скруціць шыю быку, безумоўна, лёгка раскідаў бы нягодніц, але ён упершыню бачыў, як б'юцца жанчыны, і проста не ведаў, што з імі рабіць. Колішні капраль Франак Жывуцкі наогул схаваўся за машынай і, нібы кот, выглядваў з-за буды спалохана і баязліва.

А людзі ўжо спяшаліся на несусветны шум, гвалт і лямант. З агарода выскачыла Тафіля, спынілася каля бярозы і адтуль спрабавала ўгадаць, што за ліха прычынілася на суседавай сялібе. Потым, пачуўшы спажыву для языка, прыджгала Паляжанка, лепшая ў Малым Сяле пляткарка і зводніца, пазнала эмтээсаўскіх, і ёй аж мову заняло. Аднекуль, як з-пад зямлі, вынырнулі неразлучныя пан Вінцусь і пан Бронюсь і таксама сумеліся, не кінуліся ўціхамірваць раз'юшаных жанчын. Тыя ж зусім знемагліся, упарыліся, і вось-вось бойка спынілася б сама па сабе, але ў гэтую хвіліну з абеду акурат вяртаўся каваль Костусь Танец, дужы, што лось, з вялікімі, як шуфлі, рукамі. Ён здзіўлена хмыкнуў, у адзін момант апынуўся паміж Шуцянкай і Сяргеевай, адабраў у іх сцягняк і лапатку, сунуў шляхціцам-валацугам, каб патрымалі, і пачаў сарамаціць дэбашырак:

- Брыдка, ай, як брыдка! Такія салідныя кабеты! Дык з вас жа цяпер і куры будуць смяяцца.

- І я тое самае кажу - засмяюць! - смела высунулася ўперад Паляжанка. - Хай ужо мы, патлатыя, а то ж - анцілігенцыя!

- Езус Марыя! - уздыхнуў расхваляваны Сцяпан Аліфер. - Каб даў сякеры, дык без дурных галоваў засталіся б.

Да сякер і звычайнай у пасляваенныя гады панажоўшчыны, дзякуй Богу, не дайшло - бойка скончылася мірам і ладам. Заплаканую Шуцянку разгублены Франак Жывуцкі пасадзіў у кабіну побач з сабой, а Сяргееву з расквашаным, апухлым носам удалося гуртам запіхнуць у буду «лятучкі». Костусь Танец вярнуўся, вачыма пашукаў пана Вінцуся і пана Бронюся і ледзь не разрагатаўся, убачыўшы іх пад вярбой за не вельмі сумленным заняткам. Згаладалыя валацугі, мусіць, ужо нават забылі, як выглядае свіное мяса, і цяпер, пакуль суд ды справа, цішком грызлі сцягняк і лапатку, стараючыся адкусіць самыя любівыя кавалкі. За сваё абжорства адзін і другі траха не зарабілі па выспятку. Танец адабраў у іх скаромніну і перадаў каму яна належала па праву. Не дужа вясёлы Франак Жывуцкі крутануў корбай матор, ускочыў у кабіну, і эмтээсаўская «лятучка», фыркнуўшы сінім дымком, марудна закалывалася па ўхабістай вясковай вуліцы.

Пад скасабочанай вярбой разявакам ужо не заставалася чаго рабіць; пабачылі бясплатны цырк, і трэба разыходзіцца, тым больш што ў кожнага быў свой інтарэс, свой персанальны клопат. Вясна ўвайшла ў самы росквіт, маладым лісцем узрываліся дрэвы, на ўзлессях раскашавалі першацветы - кураслеп, пралескі, сон-трава, і ў такі цудоўны час нават гультай, злезшы з печы, чухаў намуленыя рэбры і задумваўся над сэнсам жыцця, над сваім бядняцкім і марным існаваннем.

Першая пра неўскапаныя грады ўспомніла Тафіля, борздзенька вымелася з-пад развесістай бярозы, расчаравана махнуўшы рукой: ат, на што тут глядзець, гэты злыдзень Сцяпан Аліфер калі сам з кім не паб'ецца, то добрых людзей падбухторыць. Затым ад двара да двара, ад хаты да хаты ўздоўж вуліцы пашыбавала незвычайна ўзрушаная Паляжанка. Сёння ёй будзе што распавесці Фядоры Чыркун, Луцэі Падгайскай, Тадорцы Дрозд і ўсім, і ўсім, хто ні напаткаецца па дарозе. Сумна азірнуўшыся на здаравяку каваля, патэпалі кудысьці па звыклых вандроўніцкіх справах пан Вінцусь і пан Бронюсь. Куды згалелыя шляхціцы падаліся цяпер - аднаму Ўсявышняму вядома, і Костусь Танец не стаў задумвацца над гэтай праблемай: раптам затурбаваўся і сам, ледзь не подбегам паджгаў у кузню, дзе ля пахілай сцяны яго чакала вялікая куча паламаных плугоў і радовак, бяззубых барон і спружыновак.

Пад вярбой застаўся адзін Сцяпан Аліфер, пастаяў у глыбокім здранцвенні, пасмыголіў люльку і, штосьці важнае ўспомніўшы, таропка патупаў у хату. Чамусьці, пакуль на панадворку ішло лютае змаганне, Марка не выскачыла на ганак, не вызірнула нават у акно, і дзіўную загадку трэба было высветліць тут жа, неадкладна.

- Марка, го! Марка, го! Ці ведаеш, што эмтээсаўскія вычаўплялі каля вярбы?

- Ведаю. Тоўстая напала на тонкую. А ты, псюк стары, не гокай, як на кабылу. Б-бачыце, разгокаўся!

- Гэта я, каб ты пачула, - глухая ж, як цяцера.

- Хай! Я глухая, а ты, лайдак і жлукта, дасць Гасподзь, аслепнеш ад свайго дзінатуру.

- Памаўчы, баба! Хутчэй есці давай. Есці хачу.

- На, душыся пустою капустай. А пра мяса - забудзь. Сам з кубельца выграб, ды і вялікі пост яшчэ не скончыўся.

- Хай Бог панам барануе!

Сцяпан Аліфер сядзеў за нішчымным сталом і, пакрысе супакойваючыся пасля нервовага стрэсу, задаволена думаў, што не такая яна і простая, яго Марка: усё, як высветлілася, ведае, усё бачыла, усё чула. Змучаны доўгім жыццём, прыгорблены часам, ён па-маладому прагавіта, з крэктам і перханнем сёрбаў цёплую капусту з грыбамі і цярпліва чакаў шчодрага Вялікадня, калі перад носам з'явяцца добры шмат сала, скрыль вянгліны, лычык кілбасы, і, безумоўна, лепшай прыўкрасай гэтага боскага ежыва будзе прапацелая паўтарачка, заткнёная кудзеляй. Хіба адно які дурань, седзячы за такім багатым сталом, не пашкадуе, што для разгаўлення, для піцця і абжорства адведзена ўсяго толькі тры кароткія веснавыя дні.

Сцяпан Аліфер, вядома, не загіне, не высахне на трэску і ад поснай капусты з грыбамі, але пасля велікодных святаў, ідучы на старажоўства ў МТС, ён як мог лаяў сваю Марку, якая паспела пачапіць на дзверы каморы вялікі замок. З пустой торбачкай сунуўся быў да Шуцянкі - ніякай увагі, заглянуў на склад да Сяргеевай - уткнулася носам у паперы і быццам нічога не бачыць. І тады, з ужо зусім дрэнным настроем, Сцяпан Аліфер паклыпаў у сваю вартаўнічую будку, сеў на тапчан і глыбока задумаўся над дзіўнымі праявамі жыцця. Выходзіць, зрабі людзям дабро, дык узамен панюхаеш фігу - ні табе дэнатурату, ні звычайнай ласкі. І так балюча і крыўдна стала даверліваму чалавеку, што ён і не пачуў, як праз вузкія дзверы ў будку ледзь праціснуўся грузны Фядотаў - прывітаўся, памацаў у куце стрэльбу, пакратаў на падаконніку набоі і нечакана разрагатаўся.

- Сцяпан Васільевіч, дык за што Шуцянка і Сяргеева адна адной панабівалі гузакоў?

- Ашаломкі! То ж свіны сцягняк і лапатку не падзялілі.

- І добра! Хоць сядзяць ціха - не плешчуць языкамі, не бегаюць куды папала. - Дырэктар узяўся за клямку, на парозе спыніўся, паморшчыў лоб. - Так і быць, забяжы, Васільевіч, да мяне - выпішу табе новыя боты.

- Што вы, Сямён Пятровіч! Хадзіў у лапцях - пахаджу і ў гумовіках.

- Усё ж забяжы. Вунь на правай назе твой гумовік ужо есці просіць.

- Нявеж? А я і не бачыў.

Нічога дзіўнага, бадай, няма ў тым, што ён, сумленны эмтээсаўскі вартаўнік Сцяпан Аліфер, нясе дахаты новыя кірзавыя боты: як ні круці, Фядотаў выдаў іх за спраўную і адданую службу, а не за тое, што на Сцяпанавым панадворку адна адной спусцілі юшку дзве доўгавалосыя дурніцы. Боты, звязаныя за вушкі, знарок перакінуты цераз плячо - каб былі на самым відавоку. Ну і зарадуецца Марка, вось ужо ўсцешыцца - ні пяром апісаць і ні ў казцы сказаць, а то, зараза, усё квохча, скрэндзіць, вечна ёй чагосьці не хапае - то грошай, то мыла, то, няхай выбачыць, добрай мужчынскай папругі. А гумовік у мыску і праўда парваўся - праз дзірку на свет белы вылез вялікі палец.

Зямля на дотык яшчэ сырая і халодная, але на Кругляку, за Аліферавым садком, калгаснікі нешта сеюць - ці авёс, ці ячмень. Там каля мяшкоў з насеннем топчацца на чарнагрывым скакуне шалапутны Аляксей Хамутовіч, там на свежай раллі коўзаецца сюды-туды колавы трактар з сеялкай, і здалёку відаць, як над радыятарам трапечацца чырвоны сцяжок. Тут і пытаць не трэба: на выручку землякам, выцягваць іх з галоты, прыехалі славутыя эмтээсаўскія трактарысткі Яня і Ніна. І невядома, чаму так радуецца сёння вусаты запыхканы ад спорнай хады селянін: ці сваім новым ботам, ці гэтаму трапяткому чырвонаму сцяжку, ці сляпучаму красавіцкаму сонцу, якое паднялося высока і шчодра аблашчыла гарачымі промнямі спакутаваную, гаротную зямлю.


Загрузка...