Гэты рукапіс яшчэ не быў надрукаваны, а яго ўжо чакалі выпрабаванні. Слынны беларускі пісьменнік i сябра нашага выдавецтва Генрых Далідовіч паведаміў неяк, што напісаў эсэ пра падзеі 1917-1919 гадоў. "Я аддаў яго для друкавання ў часопіс "Полымя",— зазначыў ён i дадаў, — Сяргей Законнікаў абяцаў з цягам часу надрукаваць яго ў адным з нумароў. Пасля, мажліва, i "Пейто" магло б выдаць твор асобнай кніжачкай".
Мы парадаваліся такой перспектыве i атрымалі рукапіс для азнаямлення. Выдатная мова, a галоўнае, на нашу думку, праўдзівае асвятленне падзей у ім уразілі i мы пачалі прыспешваць аўтара каб нейкім чынам ён паскорыў працэс выхаду твора ў "Полымі". "Нічога не атрымліваецца, раней восені не будзе, — расчаравана адказаў той. "Зрэшты, відаць, Сяргей хутка там не будзе.., — i ca згоды палымянцаў забраўшы праз колькі дзён рукапіс з часопіса сказаў нам, — Глядзіце!"
Мы прыступілі да працы не агаварыўшы нават умоў супрацоўніцтва, не вызначыўшы аўтару ганарара, але было відаць, што ён не надта бянтэжыўся ад такога павароту справы.
Што думаў, што прыкідваў у галаве галоўны рэдактар маладзёжнага часопіса — не вядома. Выдатны знаўца псіхалогіі людзей, ён, відаць, нешта прадчуваў. Неўзабаве i сапраўды пачаліся сумныя падзеі ў гісторыі беларускай літаратуры. 25 красавіка 2002 года ў "Маладосці" яе новыя кіраўнікі аб’явілі што Генрыху Далідовічу не месца ў "Маладосці"...
Вось з такой прадгісторыі i з Божага благаслаўлення "БНР i БССР" i пачынае свой шлях да чытача.