Замест прадмовы
Сёння ўжо нібыта даўняе мінулае такія перыяды нашай гісторыі, як i БНР, i БССР. Але...
Тут, у нас, Беларуская Народная Рэспубліка народзілася зусім мала, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка савецілася значка больш, да фармальнага альбо юрыдычнага распаду СССР у 1991 годзе, хоць, здаецца, у многім — толькі ў падпраўленым выглядзе, пад уплывам знешніх фактараў — існуе яшчэ i цяпер. Гаворка ідзе не толькі пра былыя сімвалы, назвы, помнікі, якія спрэс на кожным кроку. Хіба, можа, толькі дзеці ўжо не зусім савецкія, дык ім прыйдзецца ў будучыні вызначаць наша аблічча. Зразумела, з вялікім спазненнем у параўнанні з нашымі суседзямі.
Пра перыпетыі ўтварэння БНР i БССР напісана нямала. За межамі Беларусі i тут, у нас. Літаральна да 1990-х гадоў, бадай, уcё гэтае мела супрацьборны характар: адны нападалі на адных, у некаторым сэнсе — свае ж на сваіх. Асаблівай заўзятасцю, фальсіфікацыяй, варожасцю вызначаліся нашы, савецкія, ідэолагі i іхняя абслуга многія так званыя вучоныя-гісторыкі. Тых, хто жадаў пісаць пра тое сумленна, можно пералічыць на пальцах, а тых, хто хоць у падтэксце рабіў гэта, — на пальцах адной рукі.
У1980-1995 гадах i я — у прозе — далучыўся да даследчыкаў часу ўтварэння БНР i БССР, выклаў сваю версію ўраманах "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя" i "Свой дом". На аснове асэнсавання амаль усяго надрукаванага i ў нас, i ў Заходняй Беларусі, i за мяжой (меў такі-сякі доступ i да спецсховішчаў), у сілу сваіх здольнасцяў і, на вялікі жаль, часамі хаваючыся за псеўданімы герояў, заблытваючы іхнія біяграфіі i г.д., каб надрукаваць творы не толькі ў белых i чорных, a ў шматколерных фарбах, не ганьбіць шчырых i высакародных, не ўзвышаць непрыяцеляў. За апошняе дзесяцігоддзе з'явілася шмат новых i, галоўнае, ужо спакойных, разважлівых, слушных даследаванняў, самых розных публікацый раней нам невядомага ці знанага мала, дык, мабыць, агульная карціна таго былога праяснілася i ўжо ацэнена больш-менш справядліва i дакладна. Але хоць у агульных рысах вядома шырокаму колу нашай грамадскасці пра аднаўленне нашай дзяржаўнасці на пачатку XX стагоддзя? Пра нюансы, нават зігзагі гэтай справы? Пра лёс яе натхніцеляў, стваральнікаў i сапраўдных непрыхільнікаў, a то i ворагаў? Урэшце, пра тое, каго мы ўжо калі не бэсцім, то замоўчваем, а каго па-ранейшаму ўшаноўваем?
Hi ў якім выпадку не пасягаю на думку ў апошняй інстанцыі, як не варта прэтэндаваць на гэта i іншым, проста хочацца сказаць сваё слова, слова чалавека, грамадзяніна, які пра вышэйзгаданае нямала чытаў, думаў-разважаў, пісаў i каго ўсё тое зноў хвалюе, не дае спакою.