Слова першае. 1917 год

1917-ы — пераломны i лёсавызначальны. Падзеі, што выбухнулі тады ў Расійскай імперыі, абумовіла першая сусветная вайна. У бойню ўцягнулі каля 40 краін з 1,5 мільярда насельнікаў і, канечне ж, не з-за нейкага аў- стрыйскага прынца Фердынанда, каго пазбавіў жыцця серб-студэнт Прынцып. Мільёны маладых i здаровых мужчын паслалі ваяваць, гніць у акопах, калечыцца, гінуць "за веру, цара, караля, імператара, прэзідэнта, кайзера i г.д.) i Айчыну", а на самай справе — па-новаму перадзельваць свет, багатых i вяршыцеляў людскіх лёсаў рабіць яшчэ багацейшымі i больш уладнымі.

Як i раней з удзелам Расіі ў войнах з Вялікім Княствам Літоўскім, з Рэччу Паспалітай, са шведамі, французам! i іншымі, нашаму краю зноў "пашанцавала": са жніўня 1915 года ён стаў арэнай баёў велізарных германскай i расійскай армій.

Кайзераўцы акупавалі чвэрць беларускіх зямель, фабрыкі i заводы разбуралі, абсталяванне i моладзь вывозілі ў Германію, спалілі ці разабралі больш за 140 тысяч будынкаў, у тым ліку шмат помнікаў гісторыі i культуры, рабавалі сялянскія хлявы i гумны. Царскія дывізіі таксама прынеслі не дабрабыт: збывалі ўглыб імперыі прадпрыемствы, навучальныя ўстановы, абіралі сялян для патрэб звыш 2 мільёнаў салдат i афіцэраў Заходняга i Паўночнага франтоў. Наш край да ўсяго панёс i іншыя агромністыя людскія страты (яшчэ да вайны не адну сотню тысяч люду спакусілі з'е- хаць у Сібір, у вайну не адну сотню тысяч змусілі падацца ў бежанцы, апрануць вайсковую форму). Не выпадкова, што ў 1914-1917 гадах, лічы, не было каму абрабляць зямлю, сеяць i садзіць, дагледжвалася толькі чвэрць палёў, мелі крыху больш трэці збожжа з таго, што збіралі раней.

Яшчэ воблік краю змянілі прыезджыя з цэнтральных губерняў — мноства рабочых i чыноўнікаў; сюды, як аваднёў у спякоту, наляцела процьма "патриотов", а таксама канспіратараў-падпольшчыкаў. Ніхто з ix не зважаў i не думаў клапаціцца пра гаротны наш народ, які апынуўся на мяжы духоўнага i фізічнага вынішчэння, наезджыя трымалі ў полі зроку расійскую армію: адны — каб з ёю дабіцца перамогі для Расійскай імперыі, іншыя — каб з ёю Расійскую імперыю разгайдаць, падарваць знутры (з апошніх у розны час па заданні прыбылі Ландар, Любімаў, Кнорын, Фрунзе, Позерн, Берсан, Алібегаў, Крывашэін i інш.).

Для таго, каб скалануць калі не ўсю Расійскую імперыю, то хоць бы яе цэнтр, патрэбна было "маленькое, но очень серьезное дельце". Знайшлі. Шматгадовая вайна з нястачай i смерцю пачала надакучваць простаму народу, салдатам, пазбаўляць пакланенне "вере, царю и Отечеству", дык вось менавіта ў адным з сэрцаў імперыі, у Петраградзе, як пазней стала вядома, пачалі прыхоўваць, нават марнаваць за горадам муку i мяса, змушаць жанок i дзяцей суткамі пакутаваць у чэргах. Гаспадыні забунтавалі, тут як тут заявіліся агітатары, хлебны бунт перавялі ў палітычны, узбудзілі рабочых i салдат — у Петраградзе ўспыхнула лютаўская рэвалюцыя. Цар занепакоіўся, але цяпер ужо не асмеліўся праліць кроў, ды значна большую, чым у 1905-м, папрасіў падтрымкі ў камандуючых усіх франтоў. Надзейнай помачы ніхто яму не паабяцаў, i Мікалай II над націскам асобных думцаў палічыў выйсцем з сітуацыі сваю адмову ад трона, які перадаваў брату. Але той не захацеў штыкамі змагацца за высокі пасад.

Царызм паў; у Петраградзе публічна i закулісна пачала фармавацца новая ўлада. У Мінску, здавалася, усё па-ранейшаму ціха; камандуючы фронтам i ўладныя цывільныя чакалі "распоряжений", але на самай справе ўсё было іначай: на паверхню вынырнулі затоеныя дасюль сілы. Яны пачалі браць Мінск у свае чэпкія рукі.

Тут варта нагадаць прарочыя перасцярогі Ф. Дастаеўскага пра небяспеку змены ўлады рэвалюцыйным шляхам. Ён папярэджваў: у час пераломных, гвалтоўных змен разгубліваюцца кансерватыўныя i сумленныя, наперад выскокваюць не толькі ідэалісты, а найперш фанатыісі, авантурысты, хціўцы, розныя нячаеўцы, якія намагаюцца ў зручныя, як мага карацейшыя часіны ўсеагульнага анямення імгненна дабіцца жаданай мэты — улады i захопу чужога багацця. Для такіх сіл нават у першыя хвіліны лютаўскай рэвалюцыі займелася спрыяльная магчымасць яшчэ i ў тым, што было за што нападаць на царызм з яго прагнілым чыноўніцкім i жорсткім карным апаратам, за "тюрьму народов". А тут яшчэ — зацягненая вайна, зручная магчымасць паспекуляваць на народным горы.

Дык вось з затоеных сіл на самым пачатку лютаўскай рэвалюцыі ў Мінску нечакана, нібы з-пад зямлі, заявіўся новы, рэвалюцыйны лідэр. Земскі служачы Міхайлаў. Яшчэ малады, гадоў трыццаці, каржакаваты, сімпатычны, вясёлы i таварыскі. Ен трапіў у наш край, у ціхае мястэчка Івянец, у красавіку 1916 вольнанаёмным у артылерыйскую часць, затым неяк вельмі ж хутка i ўдала перавёўся ў Мінск. Чаму "вельмі ж хутка i ўдала?" Ды таму, што царская ахранка i ваенная контрразведка не зацікавілася: а хто гэты невядомы Міхайлаў? А каб паднялі яго дасье, то аж за галаву схапіліся б: ды гэта ж той, хто нарадзіўся ў Пішпеку, скончыў гімназію, у 1904-м паступіў у Пецярбургскі політэхнічны інстытут, з таго ж года i член бальшавіцкай партыі. За ўдзел у студэнцкіх i рабочых "антиправительственных" гуртках выключаны з інстытута, ладзіў у Іванава-Вазнясенску забастоўкі, адпрацоўваў тактыку стварэння Саветаў, падрыхтоўваў штурмавікоў i баевікоў, якіх у 1905-м прывёў на паўстанне ў Маскву, абвінавачваўся ў забойстве паліцэйскага. Арыштоўваўся, двойчы прысуджаўся да пакарання смерцю як "государственный преступник", восем гадоў правёў у турмах i на катарзе, адкуль уцёк, i вось ужо тут — спачатку на фронце, а затым у земстве. Так, гэта быў спрактыкаваны агітатар i баявік, чалавек з жалезнай хваткай — Фрунзе. Фрунзе са штурмавікамі не стаў вычэкваць ні хвіліны "новых распоряжений", а адразу ж пачаў распраўляцца "со старым режимом" у Мінску: абяззбройвалі, знявольвалі разгубленых гарадавых, займалі паліцэйскія ўчасткі, жандарскае i ахоўнае аддзяленні, нават больш чым смела арыштавалі губернатара: армейскія патрулі, мінчукі-разявакі глядзелі на ўсё гэта з пацешкай, паколькі недалюблівалі "апору" царызму. Старшыня Мінскай губернскай земскай управы Самойленка спрабаваў суцішыць калегу па земстве, заклікаць да "законности", але для ахмялелых ад поспеху фрунзенцаў гэта было пустое слова. У рэвалюцыі адзін закон, гаварыў Бухарын, пераможа той, хто каму першы праломіць чэрап.

Маючы вопыт i спрыт, Фрунзе i аднадумцы ў лічаныя дні борзда ўтварылі Мінскі Савет (апроч бальшавікоў туды трапілі меншавікі i бундаўцы). У выканкаме гэтага Савета не знойдзецца месца ніводнаму беларускаму дзеячу, увогуле беларусу. Але тым не менш Мінскі Савет будзе дзейнічаць "от имени народа". Калі сюды, у Мінск, прыедуць ваенны i марскі міністр Гучкоў i член Дзярждумы Шчэпкін, каб вайскоўцам i ўладным цывільным расказаць пра палітыку новых петраградскіх уладаў, пазнаёміць з іхнімі першымі дакументамі, то ўжо на сустрэчы ў гарадекім тэатры Фрунзе крыху раскрыецца ў сваёй прамове, але яго ўсё роўна прызначаць начальнікам мінскай міліцыі. Пазней вышэйзгаданы Самойленка будзе ў роспачы хапацца за галаву: "Как же он (Шчэпкін), будучи здесь в первые дни революции, мог участвовать в этой "складчине", которая подарила нашему городу в начальники милиции г.Фрунзе (Михайлова)?".

Фрунзе, спрытна скарыстаўшы сітуацыю, памагае ўтвараць Мінскую аб'яднаную арганізацыю РСДРП, рыхтаваць першыя з'езды ваенных i рабочых дэпутатаў арміі i тылу Заходняга фронта, сялянскі з'езд Мінскай i Віленскай губерняў. Нават сёння цяжка ўявіць, як яму ўсё гэта ўдавалася? Чаму так калі не патуралі, то не заміналі генералы, цывільныя ўладцы? У ix жа пад носам спакушалі, зводзілі армію, рабочы люд! Ці баяліся апошніх, міжволі саступалі новым дырыжорам, яшчэ не ведаючы, што гэта за асобы? У гэтым сэнсе газета "Правда" за 15 сакавіка 1917 года, сапраўды, не магла не без адкрытай радасці напісаць: "Переворот (тут i далей падкрэслена мною. — Г.Д.) в Минске прошел быстро и безболезненно. Минск принял всё готовое. Наиболее туго воспринимала происшедшее высшая военная среда, но и ей пришлось быстро и предупредительно заявить себя сторонницей новой власти..."

Генералы разгубіліся, вычэквалі i гэтым самым яшчэ больш ініцыятывы аддалі ў рукі Фрунзе i ягоных памагатым. Гэтыя на першым з'ездзе ваенных i рабочых дэпутатаў армій i тылу Заходняга фронта 7-17(20-30) красавіка 1917-га, іграючы на пачуццях салдацкіх i рабочых мае, на іхнім суме па доме i сям'і, не толькі ў значнай меры авалодалі настроем маладасведчанага люду, але i хітра ды паспяхова пасварылі салдат i рабочых з афіцэрамі ды генераламі, падаўшы апошніх як рэакцыянераў-старарэжымнікаў, тых, хто абараняе інтарэсы буржуазіі i супраць народнага шчасця. Гэта яшчэ больш ад дал i ла генералітэт ад арміі, засцерагло, каб яна, армія, па загадзе зверху цяпер i пазней не рушыла на Петраград, на "новую народную власть". Энергіі, поспеху прапаганды, што часамі была звычайным папулізмам, дэмагогіі, i далей праяўленым Фрунзе нельга не здзіўляцца: ён павёў рэй i на першым з'ездзе сялянскіх дэпутатаў Заходняга фронта (салдат-сялян), дзе, дарэчы, было шмат эсэраў, якія лічылі сябе выказнікамі сялянскіх дум. Можа, удачліва спрацавала i тое, што Фрунзе пачалі ствараць славу новага чалавека, лідэра, народнага героя, барацьбіта за свет лае будучае. Сяляне, у тым ліку i беларусы, эсэры згадзіліся з яго рэзалюцыямі, што яны супраць аўтаноміі Беларусі i супраць увядзення беларускай мовы ў школах. Болей за тое — нібы аслеплыя, абяруць яго на чале выканаўчага камітэта сялянскіх дэпутатаў i дадуць права ад імя беларускіх сялян (лічы, усяго народа, да якога яго занёс вецер з год таму), выступаць на Усерасійскім сялянскім з'ездзе. Аморфныя Мінск i правінцыя працягвалі прымаць "всё готовое". "Переворот" замацоўваўся нібыта законна, "быстро" i "безболезненно!"

Ha майскім Усерасійскім сялянскім з'ездзе (Ленін, вярнуўшыся ў Расію, ужо даў указанне бальшавікам выйсці з "аб'яднанак" i ўзяць курс на самаасобны захоп улады) Фрунзе выступіў ад імя нашых сялян, заклікаў адхіліць ад улады Часовы ўрад i даць паўнамоцтвы Усерасійскаму Савету. Галасавалі за — 17, супраць — 800. Значыць, тут "белорусский эксперимент" не прайшоў, чым Беларусі далі аплявуху за тое, што яна фактычна свой лес неабачліва ўручае выпадковаму люду, які перш-наперш займаецца палітыканствам, дабіваецца сваіх мэт.

Пра аморфнасць нашых сялян гаварылася ўжо. А што ўласна "шчырыя", "свядомыя?"

На пачатку артыкула спецыяльна падкрэслівалася цяжкая сітуацыя, што напаткалася з першай сусветнай вайною. Варта дадаць i тое, што царскі ўрад пільна сачыў за развіццём нацыянальнай свядомасці беларусаў, найбольш адукаваных i па-сапраўднаму патрыятычна настроеных проста прыбраў з Беларусі: хтосьці з ix пакутаваў на сібірскай катарзе (Лёсік, Гарун), некаторыя былі параскіданыя па расійскіх прасторах (Зм.Жылуновіч, А.Чарвякоў, Б.Тарашкевіч), хтосьці гібеў у акопах (Я.Купала, Я.Колас), a хтосьці застаўся ў акупаванай немцамі Вільні (браты Луцкевічы, В.Ластоўскі, i яны, апошнія, дарэчы, рабілі там шмат для беларускай справы, у тым ліку i прыцягвалі ўвагу Еўропы да такога цяжкога лёсу беларускага народа). I яшчэ. Як бачылі вышэй, тады, у 1917-м, даволі ціхі губернскі Мінск раптам ажывіўся, на яго пачалі глядзець з цікавасцю, бо ён (лепш сказаць, царскі генералітэт у ім, як i ў Магілёве) мог рашыць лёс рускай рэвалюцыі ў той ці іншы бок. Паку ль што, як казалі, тут удала дзейнічалі бальшавікі, якія рэвалюцыйны працэс спажывалі на сваю карысць. Паўторым, на сваё сённяшняе i буду чае.

Нават з рэвалюцыяй у тым жа Мінску беларуская справа проста не магла падаць свой голас дружна, рэзка i моцна. Да вышэйпёралічаных абставін у ім у час першай сусветнай вайны варта дадаць i яшчэ адну немалаважную акалічнасць — нацыянальны склад горада. Імперская палітыка склалася так, што, скажам, перапіс 1897 года выявіў, што ў тагачасным Мінску было недзе каля 80 тысяч насельнікаў, з ix каля 50 тысяч яўрэяў, звыш 15 тысяч рускіх, звыш 10 тысяч палякаў i ўсяго каля 9 тысяч беларусаў, у асноўным у ролі "обслуги". Найбольшая доля беларусаў была ў Магілеве, каля 30 працэнтаў. Значыць, асноўная беларуская маса была ў вёсцы, яшчэ раз скажам, знясіленай эміграцыяй, бежанствам, вайсковымі наборамі, дзвюма агромністымі ваеннымі армадамі, а да ўсяго, як i многія вёскі ў свеце, кансерватыўнай па характары.

У Мінску тады дзейнічалі культурна-асветны цэнгр "Беларуская хатка", Таварыства помачы ахвярам вайны, дзе жменька прыстойных, але небагатых інтэлігентаў (пісьменнікі Ядвігін Ш., Зм.Бядуля, А.Паўловіч, Ф.Шантыр, артысты У.Галубок i У.Фальскі, асветніца З.Верас з сем'ямі, a ў 1916-17 гадах i паэт М.Багдаіювіч), як маглі, памагалі сіротам, абяздоленым кавалкам хлеба i цяплом роднага слова. Каб пайсці ў палітыку, у ix не было не толькі сродкаў, але ні вопыту шматгадовай падпольнай работы, ні сувязяў ды загадзя падрыхтаваных баевікоў, тым больш, што ва ўспомненай сітуацыі ўласна беларускія клопаты не цікавілі ні вайсковыя i цывільныя ўлады, ні партыйныя групоўкі. Але паколькі новая ўлада побач з амністыяй палітвязнем i рознымі свабодамі абвясціла i "отмену всех сословных, вероисповедальных и национальных ограничений", то не мог не загучаць i беларускі гол ас. Беларускіх дзеячаў у новыя органы ўлады не дапускалі, але ім з ухмылкай часамі давалі слова на розных сходах — гаварыце, выяўляйцеся, — i тут жа выступоўцаў абсмейвалі, абражалі, абвінавачвалі ў самых розных "антинародных" грахах. Сцягнуць у такіх умовах надмагільную пліту з усяго беларускага было надзвычай цяжка. "Не было, няма i не будзе ніякай Беларусі!" Дык i не блытайцеся пад нагамі! Не май i далей свайго дома, быў, ёсць i далей будзь нечая рабсіла! Як тая ж жывёла, вол альбо конь!

Ды ўсё ж нават пры нешматлікай сіле "шчырых" i "свядомых" не ўдалося "быстро" i "безболезненно" пахаваць "белорусский вопрос", не ўсе ўбачылі ў гэтым ужо "готовое". Наадварот, пачало пашырацца кола тых, хто зажадаў самім вырашаць свой лес, дбаць пра адраджэнне гістарычнай памяці, дзяржаўнасці, мовы i культуры. Паўсталі беларускія сілы ў Петраградзе (ужо ў красавіку там было болей за 1000 сяброў БСГ — Беларускай сацыялістычнай грамады) i ў іншых гарадах, на франтах, вярнуліся са ссылак ветэраны беларускага руху. Апошнія хутка адрадзілі ў Мінску камітэт БСГ i нечакана для многіх праявілі аператыўныя арганізацыйныя здольнасці — 25.3(7.4) 1917-га склікалі даволі прадстаўнічы з'езд беларускіх дзеячаў (каля 150 дэлегатаў), ход якога ўзялі ў свае рукі Зм. Жылуновіч, А. Гарун, Б. Тарашкевіч, А. Бурбіс i іншыя вядомыя людзі. На гэты з'езд мусілі прыйсці i запрошаныя ад новых улад i партый, усе яны мелі слова, але некаторыя з ix выступілі альбо з нафталінна-шавіністычнымі, альбо з антыбеларускімі прамовамі, у тым ліку i супраць увядзення беларускай мовы ў школах. Адпаведна, на з'ездзе не маглі не закіпець страсці, была правакацыйная спроба сарваць яго, ды ўсё ж працавалі розныя камісіі, былі прынятыя рэзалюцыі. Праўда, апошнія былі сціплыя: аўтаномія ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі, адкрыццё беларускага ўніверсітэта, пераход навучання ў пачатковых школах на родную мову i г.д. Але i супраць гэтага той жа Фрунзе з аднадумцамі, якія ўжо адчулі смак улады, а з імі i іншыя паднялі сапраўдны вэрхал, нахабна ўжываючы дэмагогію, фальш, абразы i абвінавачванні, скажам, за тое, што на чале ўтворанага БНК — Беларускага нацыянальнага камітэта — абралі чалавека, які меў навыкі дзяржаўнага кіравання, сувязі ў Петраградзе, дэпутата 1-й Дзярждумы, землеўласніка Р. Скірмунта: "помещищья, буржуазная интрига", "польские происки", "контр-революция!". Супрацьстаяць шквалу атак з усіх бакоў, вераломнай лексіцы, папулярным тады прысудам было вельмі нялёгка. Ды трэба было шукаць нейкае выйсце. Не знайшоўшы шырокай дапамогі ў родным Мінску, беларускія дзеячы падаліся з "челобитной" — слязніцаю — у Петраград, да новай улады, што публічна, высакамоўна аб'явіла "отмену национальных ограничений". Керанскі беларускую дэлегацыю не прыняу, а новыя міністры сустрэлі холадна, ix зусім не ўсцешыла яшчэ такая i беларуская ўвішнасць: ім паддалі ўжо клопатаў фінляндскі, польскі, літоўскі i ўкраінскі "вопросы". Пачуўшы штосьці неакрэсленае, туманнае, беларускія дзеячы яшчэ i яшчэ раз пераканаліся: трэба не столькі спадзявацца на "добрага дзядзьку", колькі самім дбаць пра сябе.

З падачы фрунзенцаў на тыя з'езд, БНК у БССР навешвалі самыя розныя ярлыкі да самага апошняга часу, толькі ў 1995-м у энцыкла-педычным даведніку "Беларусь" (галоўны рэдактар Б.Сачанка) ім далі спакойную i справядлівую ацэнку, прызнаўшы, што яны мелі станоўчае значэнне для фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці i дзяржаўнасці. Апошняму, безумоўна, паспрыяла яшчэ i тое, што тады ў Мінску пачало працаваць Першае таварыства беларускай драмы i камедыі (кіраўнік Ф.Ждановіч, 24 красавіка ў гарадскім тэатры паставілі "Паўлінку"), з'явіліся газеты "Вольная Беларусь" — орган БНК, "Грамада" — орган БСГ (з-за правакацый i рознагалоссяў гэтая партыя ледзь не развалілася, але ў чэрвені на канферэнцыі ў Петраградзе захавалася, абрала свой ЦК на чале з Зм.Жылуновічам). З'яўленне свайго друку памагло прапагандаваць гісторыю i культуру, нацыянальныя i дзяржаўныя ідэі, весці палеміку з апанентамі i ворагамі беларушчыны. У выніку паволі, але ўпэўнена мацнелі беларускія сілы (да канца лета ў іхніх шэрагах налічвалася болей як 25 тысяч свядомых асоб, здаецца, 23-х палітычных накірункаў), але расло i заўзятае сугхраціўленне ім. Часовы ўрад ужо мусіў канкрэтней звярнуць увагу на нацыянальнае пытанне, але пакуль што толькі на даволі бурнае фінляндскае, польскае, украінскае i літоўскае, на яго думку, самыя вострыя, з моцнымі незалежніцкімі тэндэнцыямі, Беларусь па-ранейшаму яго непакоіла не столькі як такая, колькі найперш як месца супрацьстаяння германскай i расійскай армій; асмакаваныя ўладай, прагныя да новых поспехаў фрунзенцы не дапускалі i думкі нават пра супрацоўніцтва, рабілі ўсё магчымае i немагчымае, каб замацаваць надмагільную пліту на беларускасці, дзеля чаго не грэбавалі ніякімі сродкамі, каб абылгаць, дарэшты знішчыць яе, за што беларускія дзеячы папікалі ix у працягу антынацыянальнай палітыкі царызму, клікалі на трацейекі суд; а тут яшчэ польскія сілы на чале з Доўбар-Мусніцкім i іншымі, якім Часовы ўрад дазволіў утварыць на нашых землях польскае войска i многія з якіх пачалі патрабаваць не проста аднаўлення польскай дзяржаўнасці, але адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, дзе, зразумелa, літоўцы, беларусы i частка ўкраінцаў бачыліся як іхнія падуладныя, a землі апошніх — як польскія абшары, "крэсы". Гэтыя, на вялікі жаль, шавіністычныя заявы прадстаўнікоў таксама прыгнечанага царызмам народа не маглі не занепакоіць: некаторыя з афіцэраў, генералаў-беларусаў, хто служыў у царскай арміі, ваяваў i цяпер адчуў сябе беларусам, таксама пачалі для падмацунку ствараць свае баявыя сілы (полк у Мінску, эскадрон пад Оршай i інш.). I ix, вайскоўцаў, за гэта тады i пазней асуджалі, але хіба самыя свядомыя, разважлівыя, клопатныя з ix за будучыню сваіх дзяцей i ўнукаў не мелі рацыю, калі лічылі, што i ім трэба абараняцца не толькі ўпрослівым словам?! Лічыліся, лічацца i будуць лічыцца i з духоўнай, i з фізічнай моцаю!

Калі стрымаўшы ў Петраградзе бальшавіцка-меншавіцкія Саветы, прыйшоў да адзінаўладдзя Часовы ўрад (некаторыя меншавікі засупрацоўнічалі з ім) i пачаў шырока дэклараваць, што будучыня ўсёй былой царскай Расіі будзе вырашацца на хуткім Устаноўчым сходзе, на які будуць абраныя прадстаўнікі ўсіх нацый, нацыянальных меншасцяў, палітычных партый i г.д., то ў Мінску беларускія дзеячы ўспрынялі гэта з надзеяй — калі не ўсе, то многія: усклалі спадзяванне на парламент i законнасць, чаго сродкамі Дзярждумы дагэтуль у Расійскай імперыі дабівацца не вельмі выпадала, бо часамі дэпутаты-палемісты ператваралі парламентарызм у агітацыйна-дыскусійны клуб прапаганды сваіх поглядаў, з-за чаго цар, бывала, i распускаў Дзярждуму. Каб удакладніць сваю пазіцыю, беларускія дзеячы ўлетку склікалі свой другі з'езд, якім таксама кіравала БСГ: левае крыло нашых землякоў (Зм.Жылуновіч з Петраграда, А. Бурбіс з Масквы), правае (Лёсік i іншыя мінчукі). Былі на з'ездзе i пасланцы ўсіх нацыянальных партый i многіх усерасійскіх. Як i раней, не абышлося без спрэчак, у асноўным па вызначэнні статуса Беларусі. Зусім нечакана саюзнікам стаў адзін з вядомых эсэраў, заявіўшы, што ім i беларускім дзечам тут замінае бальшавік Міхайлаў-Фрунзе, i заклікаў сумесна змагацца супраць таго. Урэшце прыйшлі да згоды, адхілілі ад кіраўніцтва Скірмунта i абралі Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. I, трэба сказаць, своечасова (тлумачэнне крыху пазней). На 2-й сесіі гэтай Рады, 28.10-6.11, будзе ўтвораная Вялікая беларуская рада, якая пацвердзіць ідэі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэрацыі, развіцця нацыянальнай мовы i культуры, разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай будзе весці работу па стварэнні беларускага нацыянальнага войска, а пазней будзе рыхтаваць снежаньскі з'езд.

Часовы ўрад вырашыў працягваць вайну да "победного конца", для чаго адмяніў многія свае ж дэклараваныя "свабоды": увёў на франтах смяротную кару за "дезертирство" i "предательство", загадаў ваеннаму міністру i міністру ўнутраных спраў закрываць усе малыя, вялікія сходы i з'езды (18 ліпеня выдалі нават "Манифест о роспуске финляндского сейма"). Прыціхлыя генералы павесялелі, a Карнілаў зажадаў стаць ваенным дыктатарам Расійскай імперыі, дык ужо прыйшлося мабілізоўваць агульныя сілы супраць яго.

Ды мы — пра Мінск i Фрунзе. Увосень бальшавіцкі цэнтр адкліча яго з нашага краю для іншай дзейнасці. I трэба сказаць, пазней, у грамадзянскую вайну, ён, Фрунзе, вызначыцца яшчэ больш. Кемнасцю, загартаванасцю ў дыскусіях, ваеннымі здольнасцямі i неверагоднай жорсткасцю (было, што па яго загадзе палонных белых афіцэраў вывозілі ў мора i тапілі жывымі). Пасля адстаўкі Троцкага ён узначаліць Чырвоную Армію, выб'ецца ў вышэйшую савецка-бальшавіцкую эліту, ягоны голас будзе нямала значыць — адпаведна, ён стане небяспечны для кіруючых вярхоў, i яго без ніякай патрэбы пакладуць на аперацыйны стол i загубяць (крыху пазней нібыта ў аўтамабільнай катастрофе загіне Мяснікоў). З-за таго, што яшчэ маладога, поўнага энергіі i сіл Фрунзе подла знішчылі, яго па-чалавечаму шкада, але ўсё роўна прыкра, што i ягоным іменем не толькі названая вуліца ў Мінску, але менавіта на ёй знаходзіцца наш Дом літаратара. Справа тут не толькі ў тым, што ў пераломным, цяжкім, a ў нечым i спрыяльным 1917-м Міхайлаў-Фрунзе не даваў падняць галавы беларускаму ў Беларусі ("И что за диво?., издалека, Подобный сотням беглецов, На ловлю счастья и чинов Заброшен к нам по воле рока; Смеясь, он дерзко презирал Земли чужой язык и нравы; Не мог щадить он нашей славы; Не мог понять в сей миг кровавый, На что он руку поднимал!..", a ў тым, што ён надоўга, па сённяшні дзень, заклаў традыцыю ўсё нацыянальнае разглядаць як нацыяналізм, як штосьці самае варожае i злачыннае, даў натхненне антыбеларускасці, i гэта, апошняе, не толькі жывучае, але i па-ранейшаму для нас ядавітае.

Фрунзе з'ехаў з Мінска; цяпер тут пачне ўзвышацца роля Мяснікова, Ландара, Кнорына i іншых, i ўжо яны радасна 25 кастрычніка абвесцяць "Приказ № 1. К населению г.Минска и окрестностей" пра тое, што ў Петраградзе ўлада перайшла да Саветаў i што яе шырока прызнаюць — адпаведна, i ў Мінску ды па-за ім улада таксама пераходзіць да Саветаў. Далей аб'яўлялася, што Мінскі Савет прыняў "самые решительные меры к охране революционного порядка и установлению полезной дисциплины повсюду", а таксама ўсталёўваецца "революционная цензура" над усімі газетамі, што тут выпускаюцца ці сюды прыходзяць. Са зняволеных улетку, а цяпер вызваленых вайскоўцаў быў утвораны 1-ы рэвалюцыйны полк імя Мінскага Савета.

Новы (з 4 жніўня) камандуючы Заходнім фронтам (сімпатызаваў Карнілаву i яго мяцяжу) аказаўся больш рашучы за папярэдніка: 27 кастрычніка ўвёў у Мінск войскі i артылерыю. Запахла разбурэннямі i крывёю.

Як успамінаў пазней В.Кнорын, сутыкненне, а то i баі прадухілілі "героі адзінага сацыялістычнага цэнтра (?) на чале з А.Б.Штэрнам (?)". Пытальнікі, пастаўленыя ў цытату, азначаюць, што асабіста я не маю пад рукой канкрэтных фактаў, хто такія тыя выратавальнікі-штэрнаўцы. Зрэшты, ніхто з нас не шмат дакументаў, скажам, "жывых" пратаколаў знойдзе i з бальшавіцкіх пасяджэнняў, сходаў, канферэнцый, з'ездаў у Мінску i па-за ім як у 1917-м, так i пазней: ці тыя пратаколы не вяліся, ці згубіліся альбо вывезеныя i схаваныя, але цяпер ясна адно: бальшавікі заўсёды старанна засакрэчвалі сваю сапраўдную дзейнасць, на публіку, у друк давалі толькі адрэдагаванае i ім выгаднае. Асноўныя крыніцы, што раней былі даступныя, пра той час — тагачасныя газетныя публікацыі i пазнейшыя ўспаміны, дзе, зразумела, вернаадданніцкае ўсхваленне партыі, сябе i яраснае абвінавачванне ўсіх, "кто был не с нами".

Але калі набрацца цярпення i дапытліва прааналізаваць мемуары 20-30-х, а таксама ў 50-я рэдкіх ацеалелых (многія нашы гісторыкі менавіта па ix, "готовых" ацэнках, "навукова" абгрунтоўвалі перамогу бальшавікоў), то ўсё ж, як кажуць, з сотні арэхаў можна знайсці некалькі, дзе ёсць калі не захаваны плод, то хоць уяўленне, якім ён мог быць. Дык вось, калі расшчапіць тыя "арэхі" — успаміны сведак-бальшавікоў у індывідуальных i калектыўных зборніках, — то пэўным чынам вымалёўваецца тагачасная сітуацыя.

Каб прадухіліць кровапраліцце ў Мінску, на парытэтнай, г.зн. роўнай, аснове ад ваенных i палітычных партый утварылі Камітэт ратавання рэвалюцыі: па дамове штаб фронта не павінен быў умешвацца ў падзеі, займацца аператыўнай баявой дзейнасцю, a палітычныя партыі, у тым ліку i бальшавікі (яны, як i іншыя, паслалі ў Камітэт двух сваіх чалавек) павінны захоўваць спакой. Апошняе не вельмі задавальняла Ландара — старшыню Мінскага Савета, i Мяснікова. Каб замацаваць пазіцыі Саветаў i не дапусціць войскі на Петраград, яны пачалі ўтвараць свой Ваенна-рэвалюдыйны камітэт Заходняй вобласці i фронта, але пакуль што не асмельваліся з сілай ісці насуперак Камітэту ратавання.

Апошні (пад патранажам камісара Часовага ўрада на Заходнім фронце) пасля гарачых дыскусій i спрэчак нрыняў рэзалюцыю з шасці пунктаў, дзе галоўнымі, бадай, былi два: Камітэт не прызнае ўтворанага ў Петраградзе Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта i не падпарадкоўваецца яму, часова бярэ ўладу на Заходнім фронце. Утварылі камісію па назірку за дасягнутымі дамовамі. Варта зазначыць, што, здаецца, упершыню афіцыйна ў новыя структуры ўлады был i запрошаныя i беларускія дзеячы: адзін — ад Вялікай беларускай рады, другі — як "відны нацыянальны дзеяч".

Пасланцы розных палітычных партый пільна сачылі адны за аднымі, уздымалі шум-бурум нават з-за розных дробязяў; час паказаў, што бальшавікі ў Мінску не пайшлі ні на які кампраміс, яны проста прыкідваліся саюзнікамі, выйгравалі час, бо на самай справе тайна рынуліея ў вайсковыя часці збіраць сілу. Ix падлоўлівалі на гэтым, патрабавалі распусціць іхні Ваенна-рэвалюцыйны камітэт, але яны адмахваліся. Пазней член Камітэта ратавання, старшыня Мінскага камітэта РСДРП(б), член выканкама Мінскага Савета i бюро яго бальшавіцкай фракцыі І. Алібегаў ва ўспамінах "Под знаменем большевиков" прызнаецца: "Канечне, мы выдатна ведалі пра паездку таварышаў на фронт па ўзброеныя сілы i намагаліся ўтаіць гэты факт". Бальшавікі прывялі ў Мінск браняпоезд у ноч з 1 на 2 лістапада; яго кулямёты i гарматы змусілі панікнуць Камітэт ратавання, a калі стала вядома, што Часовы ўрад не здолеў сабраць ваенную сілу i павесці яе на Петраград, яны, бальшавікі, з хіхіканнем пакінулі Камітэт, абвінавацілі яго ў здрадзе рэвалюцыі i далейшы ход падзей узялі ў свае рукі. Над рэўкамам вобласці, над фронтам пачаў узвышацца Мяснікоў. Ён паспрыяе сілай скінуць у Магілёве Вярхоўнага галоўнакамандуючага генерала

Духоніна, які не падпарадкаваўся загаду Леніна весці перамовы з немцамі, i паставіць на гэтую пасаду бальшавіка Крыленку. В.а. камандуючага Заходнім фронтам таксама назначылі бальшавіка, чым зусім было забяснечана "триумфальное шествие Советской власти".

Бальшавікі ў Петраградзе абвясцілі тое, чаго чакалі ледзь не ўсе: мір i зямля. I яшчэ пачалі аслабляць нацыянальнае напружанне:

"1.Равенство и суверенность народов России.

2.Право народов России на свободное самоопределение, вплоть до отделения и образования самостоятельного государства" i т.д., i да т.п.

Новыя лозунгі цёпла падтрымалі левыя беларускія дзеячы, якія ўжо сталі бальшавікамі (Зм.Жылуновіч, А.Чарвякоў i інш:.), у парыве эмоцый ці не пазважаўшы, ці не ўбачыўшы, што ў "Декларации прав народов России" ёсць абяцанак правоў, але зусім няма механізму, як гэтыя правы рэалізаваць. Гэта быў хітры ход ці, лепш сказаць, прывабны падман. Абы выйграць час! Абы набраць уплыў i моц!

Лістапад-снежань 1917 года вельмі эмацыянальныя i бурлівыя. 7 лістапада Рада ў Кіеве абвясціла самастойную Украінскую рэспубліку (6 снежня анезалежніцца Фінляндыя, 11 снежня яшчэ больш амацуецца літоўская Тарыба, пайшоўшы на саюз з Германіяй). У Мінску, усё больш падпарадкоўваючы сабе Заходні фронт, больш учэпіста ўладу бяруць бальшавікі, надаючы ёй "заканадаўчыя" i "выканаўчыя, функцыі (Аблвыкамзах i Саўнаркам), дзеляць партфелі народных камісараў, дзе зноў жа тутэйшых няма. Мяснікоўцы пачалі раззбройваць польскія, украінскія i беларускія вайсковыя фармаванні, як i раней, заціскаючы ўсё мясцовае, марачы пра сусветную рэвалюцыю, гэта значыць — Беларусь для ix усяго толькі плацдарм для ўварвання ў Еўропу.

Беларускі грамадоўскі pyx у Расіі "залявеў" — больш за тысячу рабочых, маракоў Балтыйскага флота ўтварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю на чале з А.Чарвяковым. Яны — за Саветы, як i петраградскі гурт на чале з Зм.Жылуновічам. Гэтыя лідэры становяцца членамі Петраградскага Савета, a Жылуновіч у наркамаце па нацыянальных справах (наркам І.Сталін) займаецца беларускімі клопатамі, пазней узначаліць Беларускі нацыянальны камісарыят (Белиацкам) як аддзел усерасійскага i газету "Дзянніца", пра якую, забягаючы наперад, трэба сказаць самае лепшае слова.

У Петраградзе пры Усерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў зусім нечакана ўзнікае Беларускі абласны камітэт. Яго лідэры дыскутуюць i з мінчукамі-беларусамі, i з Жылуновічам ды Чарвяковым, патрабуюць прызнання i ўлады. Тым не менпх у Мінску ідзе спроба захаваць свае вайсковыя сілы (да высілкаў Езавітава i Рак-Міхайлоўскага далучаюцца i некаторыя генералы-беларусы), а на 5 снежня плануецца правесці новы нацыянальны з'езд, але на гэты раз больш прадстаўнічы i з больш акрзсленай праграмай. Пасля перамоў мінчукоў i петраградцаў лідэры ВАКа, якія дагэтуль не прызнавалі нікога, апроч сябе, раптам пайшлі да Сталіна з прызнаннем Савецкай улады i з просьбай пад іхняй эгідай правесці (здаецца, у Магілёве) 15 снежня з'езд наконт беларускага пытання. Паколькі Саўнаркам на чале з Леніным рыхтаваўся прызнаць права ўкраінцаў на самавызначэнне (зразумела, на савецкай платформе), то Сталін даў згоду, але з умовай: краявы з'езд Беларусі праводзяць БАК i Саветы ў Мінску. Выбранаму на гэтым з'ездзе Савету i павінна належаць краявая ўлада на ўзроўні аўтаноміі. Чарвякоў i Жылуновіч пайшлі на кампраміс. Такім чынам, беларускія дзеячы ў Мінску не дапускаліся вырашаць лёс Беларусі як такой.

Ленін выдзеліў БАКу грошы, тэлеграф, радыё, дапусціў, каб пры Саўнаркаме былі пасланцы ад ВАКа, але калі апошні паспрабаваў трапіць на мірныя перамовы ў Брэст-Літоўск, то яму рашуча адмовілі. Значыць, не нрызнавалі i за ім ніякіх урадавых функцый.

Абураныя беларускія дзеячы ў Мінску не сталі чакаць 15-га, a адкрылі свой запланаваны з'езд (на яго з'ехаліся яшчэ не ўсе дэлегаты). З'езд да канца не давялі: БАК тэлеграмай загадаў "сход ад 5 снежня лічыць сходам, ніякіх рашэнняў не прымаць, іначай будуць пагібельныя вынікі", а па-другое, мяснікоўцы дарэшты раззброілі ўкраінскія, беларускія часці i прыгразілі прымяненнем сілы. У гэтай сітуацыі Мінск паспрабаваў узяць у свае рукі Доўбар-Мусніцкі; ягоныя часці таксама раззброілі, штаб арыштавалі. Але асцерагаючыся варожасці з палякамі (у часцях Доўбар-Мусніцкага было нямала i беларусаў), міжнароднай рэакцыі, цэнтр загадаў доўбарчыкаў вызваліць, вярнуць ім зброю i ўсіх выслаць пад Бабруйск.

Я нідзе не бачыў i стэнаграмы пра тое, пра што i як перамаўляліся ў Мінску прыезджыя лідэры БАКа i Мінскага Савета на чале з Ландарам пра намечаны "савецкі" беларускі з'езд, але ёсць ускосныя звесткі, што бакаўцы мелі спробу хоць крыху ды пазбавіць ландарцаў-мяснікоўцаў узурпацыі ўлады (да слова, праз прадстаўніцтва ў будучым краевым Савеце, дзе, апроч сябе, бачылі i пасланцоў ад мінскіх беларускіх дзеячаў, што Ландару-Мяснікову было косткай у горле, а па-другое, апошнія зусім не мел i намеру дзяліцца ўладай i, як пакажа час, маючы тайныя гарантыі цэнтра, зноў вопытна загулял i ў "дэмакратыю".

Той, апошні ў снежні нацыянальны з'езд, які пазней назавецца Усебеларуекім i які ўрачыста, з нацыянальнымі сімваламі, адкрыўся ў сённяшнім тэатры імя Янкі Купалы (сакратарыла на з'ездзе Зоська Верас; яна ўпотай паказала мне шмат тагачасных дакументаў), быў не толькі дазволены цэнтральнымі i мінскімі ўладамі, але быў i цалкам законны ды паўнамоцны. Былі дэлегаты i запрошаныя, Ca стэнаграмы вынікае, што вызначыліся чатыры накірункі: беларуская незалежнасць, аўтаномія, саюз з Саветамі i нейкі "адзіны непадзельны беларускі сацыялістычны фронт".

Мандатная камісія па прычыне, што неўзабаве назавецца, не паспее абнародаваць дакладную колькасць дэлегатаў, іхнія сацыяльнае становішча i партыйнасць i г.д. Было распісана недзе толькі 360 анкет. З ix вынікала: сацыялістаў-рэвалюцыянераў (правых) — 78, сацыялістаў-рэвалюцыянераў (левых) — 57, БСГ — 33, сацыял-дэмакратаў — 7, з Беларускай партыі сацыялістаў-народнікаў — 6, трудавікоў — 4, сацыял-дэмакрата-інтэрнацыялістаў — 2, беспартыйных — 79, спачуваючых бальшавікам ці эсэрам — 70, бальшавікоў — 30, "ідэйных бальшавікоў" — 2 i г.д. З "помещиков" ці "буржуа" трапіў... толькі адзін!

Канечне, за гэтым з'ездам быў самы пільны назірк. Прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў, палітычных накірункаў павінны былі законна вырашыць сённяшняе i будучае былога Паўночна-Заходняга краю, ужо не на словах, а на справе пераканацца ў сапраўднасці савецка-бальшавіцкай "Деклорации" аб правах народаў.

Вядома ж, зноў не магло не абысціся без спрэчак i правакацый, але здаровыя сілы не дапусцілі зрыву i роспуску з'езда. Ён ішоў сваім ходам, набліжаўся да прьшяцця агульных кампрамісных рэзалюцый i пастаноў.

Ды з усіх пунктаў фактычна быў як след выпрацаваны i прыняты толькі адзін. Але які! Прызнаць Саветы ў Петраградзе, супрацоўнічаць з імі, а вось што да ўлады ў Мінску, то тут трэба сгварыць Усебеларускі Савет (Раду) сялянскіх, рабочых, салдацкіх дэпутатаў i ўсталяваць рэспубліканскі лад. Краёваму Савету (Радзе) павінна перайсці дзяржаўная ўлада.

Што з гэтага вынікае? Першае: з'езд не быў антысавецкім, а з адным буржуа — буржуазным. Другое: не грашыў нацыяналізмам, бо, змагаючыся за нацыянальную незалежнасць, аніяк не распальваў нацыянальнай варожасці. Трэцяе: яшчэ i яшчэ раз трэба паўтарыць, на законнай аснове афармлялася беларуская дзяржаўнасць i мірны пераход да ўлады ў ёй. Ды тэты кангрэс стане i "антисоветским", i "националистическим", i "буржуазным", i г.д. Найперш з-за таго, што ён не цалкам прызнаў чужародныя, створаныя сілаю Аблвыкамзах i Саўнаркам.

Ледзь толькі зацвердзілі вышэйназваны першы пункт, як у залу ўварваліся ўзброеныя ландарцы-мяснікоўцы i, як расказвала мне адна з удзельніц тых падзей, тагачасны ваенны мінскі камендант, нехта п'яны Крывашэін у хромавых ботах i ў скураной куртцы, трасучы ў паветры наганам, загадаў спыніць з'езд. I запынілі. Прэзідыум з'езда арыштавалі i зняволілі. А гэтым самым i сваю "Декларацию" аб правах народаў. Зразумела, гэты гвалт учынілі не толькі па волі ЛандараМяснікова. Ім, гэтым насіллем, беззаконнасцю закладваўся грунт для новай, Савецкай, улады, якая ўсіх пагоніць у "светлую будучыню" з дубінай у руцэ, праз мора чалавечых слёз i крыві.

Што да Усебеларускага з'езда, то пазней адзін з кіраўнікоў Савецкай Беларусі А.Чарвякоў нясмела зазначаў, што ўлады ў Мінску паспяшаліся разганяць яго, бо там была моцная i бальшавіцкая плынь. В.Кнорын, хто, як i Фрунзе, Мяснікоў, Ландар i іншыя, упіўся ў Мінску ўладаю i рабіў усё магчымае, каб не дапусціць да яе беларусаў, таксама прызнаваўся, што з'езд можна было давесці да канца. Не, Кнорын не прызнаваў сваіх памылак, ён мысліў іначай: той з'езд усё ж можна было раекалоць, адабраць самых надзейных, прадажных i далучыць да сябе, г.зн. у іхнія Аблвыкамзах i Саўнаркам Заходняга фронта, i беларускае пытанне магло б быць паціху патушанае, гэтак бы не абвастрылася пазней.

...Толькі ў 1995 годзе ў гістарычнай навуцы ("Беларусь", энцыклапедычны даведнік) i таму, Усебеларускаму, з'езду далі адну з першых справядлівую, без ярлыкоў, начэпленых ландара-кнорына-мясніковымі i іхнімі пазнейшымі падпяваламі, ацэнку. Ды каго з фальсіфікатараў гісторыі i беларускага руху яна прысароміла? Што вельмі змяніла ў абліччы таго ж Мінска, дзе ў 1917-м шмат што вырашалася, наш лёс у тым ліку?


Загрузка...