Слова трэцяе. БССР

Да яшчэ нядаўняга часу вучні ў школах, студэнты ў вну завучвалі: БССР утварылася 1.1.1919 года ў выніку "мудрай ленінскай нацыянальнай палітыкі" i, адпаведна, "з таго часу бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць". Вось так узнікла на голым меецы — i ўсё! Шмат хто гэта прымае за ісціну i цяпер, не ведаючы ці не хочучы наўмысна прызнаваць: БССР — працяг, новы этап нашага адзяржаўлення.

Беларускія дзеячы ў Мінску ў 1918-м ва ўмовах нямецкай акупацыі, пазбавіўшыся ілюзій наконт ажыццяўлення на справе бальшавіцкай "Декларации" праў народаў, пайшлі на рызыку ўтварэння БНР пад нямецкім прыкрыццём. А што было рабіць сотням тысяч беларусаў, тым, хто бежанцам, а хто ў салдацкай форме апынуліся ў Расіі, хто ступіў ужо на савецкую платформу i намагаўся з Саветамі ўвасобіць сваю Бацькаўшчыну ў дзяржаву? Найперш трэба было дзейнічаць. I дзейнічалі. Ды за беларускімі дзеячамі як у Мінску, так i ў Петраградазе i Маскве быў не толькі пільны "дозор", але i прыцэл ca Смаленска, дзе размясціліся мяснікоўцы, вялі паўкругавы абстрэл, не выпускаючы лёс беларускага краю ca сваіх рук.

Ленін, савецкі ўрад добра разумелі, што не мяснікоўцам прадстаўляць Беларусь, але ў гэтай сітуацыі абралі двайную тактыку: з аднаго боку, пры сабе, пры камісарыяце па справах нацыянальнасцяў РСФСР пад кіраўніцтвам І.Сталіна ўтварылі аддзел — Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам), які пачаў займацца агітацыйна-палітычнай, культурна-асветнай, выдавецкай работай, а таксама па справе бежанцаў, супрацоўнічаў з беларускімі секцыямі РКП(б), а з другога боку, зусім не заміналі грызці беларускую справу як у Мінску, так i ў Pacii мяснікоўцам.

Недзе па май 1918-га, калі камісарам Белнацкама быў А.Чарвякоў, у асноўным вялася арганізацыйная праца — улік беларускіх суполак i ўстаноў, грамадзян, былі лекцыі, канцэрты, а затым яго работа начала пашырадца i паглыбляцца — адкрыццё беларускіх школ, падрыхтоўка да з'езда настаўнікаў-беларусаў, да Усерасійскага з'езда бежанцаў з Беларусі. Новы імпульс дзейнасці Белнацкама пачаў надаваць яго сакратар Зм. Жылуновіч (Цішка Гартны) — рабочы, з 1902 года член капыльскай арганізацыі РСДРП, удзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, удзельнік беларускіх з'ездаў 1917-га ў Мінску, паэт, цяпер бальшавік, рэдактар газеты "Дзянніца", што з 1 сакавіка 1918 года стала першай беларускай савецкай газетай.

Пра савецкасць Белнацкама, "Дзянніцы" сведчыць тое, што яны асудзілі БНР, за што, у сваю чаргу, некаторыя беларускія дзеячы ў Мінску, паўторым, асуджалі Зм.Жылуновіча "за прадажніцтва бальшавікам i за здраду беларускай справе", а таксама i тое, што на з'ездзе настаўнікаў-беларусаў папрасілі зрабіць даклад Н. Крупскую, а на ліпеньскі Усерасійскі з'езд бежанцаў з Беларусі запрасілі самога Леніна (той падзякаваў за запрашэнне, зацікавіўся яго работай, але калі даведаўся, што з'езд ідзе на беларускай мове i на ім моцныя нацыянальныя пачуцці, вылучаецца ідэя ўтварэння Беларускай

Савецкай Рэепублікі (у складзе РСФСР), інтарэс да з'езда страціў. Аднак Белнацкаму жыццёва неабходна было яшчэ больш актывізавацца, бо ў паветры запахла новымі пераменамі: 27 жніўня РСФСР i Германія падпісалі Дадатковую дамову, па якой Савецкі ўрад падмеўся выплачваць Германіі грашовую кампенеацыю за тое, што яна будзе пакідаць захопленыя землі (значыць, Беларусь для абодвух бакоў была ўсяго толькі разменнай манетаю), а да ўсяго ў Германіі таксама нагрэлася рэвалюцыйная сітуацыя, таму яе войскі былі патрэбныя больш ужо там, чым тут. Адчувалася: рана-позна яны i сыдуць.

Чым болей плённа дзейнічаў Белнацкам, тым цяжэй яму было, асабліва ад мяснікоўцаў. Тыя мала таго, што адмовіліся выдаваць хоць адну беларускамоўную газету ("Рунь", як ix прасілі), дык ужо ў кастрычніку адтуль, скажам, са старонак іхняй "Звезды" па-ранейшаму пагардліва, абразліва i варожа гучала, да слова, з вуснаў сакратара Паўночна-заходняга абласнога камітэта РКП(б) Кнорына: "Мы считаем, что белорусы не являются нацией и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты. Нашей задачей является не создание новых наций, а уничтожение (падкрэслена мной, як адно з любімых слоў мяснікоўцаў. — Г.Д.) старых национальных рогаток. Белорусское же движение является таким воздвижением новых национальных рогаток, не существовавших до сих пор, а поэтому коммунисты не могут в каком бы то ни было случае принимать участие в этом движении". Мала таго, што зневажалася Беларусь, бачылася ўсяго толькі як Заходняя камуна ці вобласць, дык яшчэ быў замах i на Літву.

Такое хамства не магло не біць па сэрцы i камуністу Жылуновічу, ён раз-пораз просіцца на прыём да Сталіна: што ж гэта такое, Іосіф Вісарыёнавіч, гэта ж нахабства не толькі супраць нас, беларусаў, але i супраць дэкларацый Савецкай улады, супраць 11-га пункта Канстытуцыі! Той ці пасміхаецца, закапыльваючы вока ад дыму з люлькі, ці мармыча штосьці невыразнае, нават па-чалавечы недалюбліваючы: рабочы, а, бач, які заўсёды чысценькі i акуратненькі, на ролю лідэра нацыі пасягае! Жылуновіч ва-ўсю спажывае "Дзянніцу", часамі таксама стрэламі адказваючы на стрэлы мяснікоўцаў: вы ж вяртаеце дарэвалюцыйныя, царскія парадкі! Заадно ў гэтых умовах намагаецца хоць бы тут, у Маскве, сабраць у адну арганізацыю ўсе разрозненыя беларускія камуністычныя суполкі, каб дзейнічаць сумесна, больш мэтанакіравана.

3-га лістапада ён здолее склікаць такі сход, дзе будуць камуністы i з акупаванага Мінска (у іхніх шэрагах было больш як 4000 падпольшчыкаў, частка якіх не цалкам падтрымлівала мяснікоўцаў, шукала сувязяў з Белнацкамам, з беларускімі камуністычнымі суполкамі ў Расіі). На сходзе абмяркуюць становішча, асудзяць БНР, падтрымаюць ідэю Савецкай Беларусі i звернуцца да Прэсненскага райкама РКП(б), каб той зарэгістраваў іхнюю камуністычную секцыю. Улічваючы высокі аўтарытэт Жылуновіча, яму даручаць узначаліць яе.

Мяснікоўцы наступаюць юрыдычна — скарыстаўшы адзін з пунктаў Канстытуцыі (16-ы) пра свабоду арганізацыі i аб'яднання працоўных, праз народны камісарыят унутраных спраў РСФСР спяшаюцца ўзаконіць сваю ідэю: Беларусь i Літву мець за падуладную ім Заходнюю камуну, маўляў, насуперак Радзе БНР у Мінску i Тарыбе ў Вільні. Мяснікоўцы яшчэ болей натхняюцца, паціраюць рукі: як пазней стане вядома, адміністрацыйная камісія ВЦВК на чале з Я.Свярдловым пачала распрацоўваць праект, па якім Савецкая Расія павінна складацца не з нацыянальных рэспублік, а з эканамічных рэгіёнаў: Маскоўскі, Паўночны, Заходні, Уральскі i г.д.

6 лістапада пачаўся IV Усерасійскі Надзвычайны з'езд Саветаў. На ім шмат што вырашалася важнае. Але галоўнае было тое, што, прачуваіочы выбух рэвалюцыі ў Германіі, анулявалі Брэсцкі дагавор, Чырвоная Армія (а з ёю i сфармаваныя беларускія часці) хутка павінны былі рушыць на Беларусь. Людзі Жылуновіча паспрабавалі перамовіцца з Мясніковым, каб хоць нарэшце паразумецца ў асноўным, пра лёс Беларусі, але той праігнараваў ix. Маўляў, з вамі ўсё ясна, вы будзеце Заходняй вобласцю РСФСР. Абласныя органы ўлады ўжо даўно сфармаваныя.

Занепакоеныя пытанні са шматлікіх лістоў беларускіх бежанцаў у "Дзянніцу" яшчэ больш змушаюць Жылуновіча пытаць у Савецкага ўрада: што з Беларуссю? "Увесь час, са дня расейскай рэвалюцыі, — будзе пісаць ён, — беларускае пытанне нядбайна прапушчаецца між пальцаў... баяцца дакрануцца да яго i знарочыста ці забыўна адварочваюцца i ад думкі, той, што ёсцека Беларусь... Усе патугі звярнуць на гэта ўвагу каго належыць (ківок Сталіну? — Г.Д.) разбіваюцца ў дробкі... чым далей, тым болей расце такая сумыслая варожасць да яго ў кіруючых колах", "ніякіх крокаў, к таму ж т.т. з Заходняе Камуны — з Беларусьсю чаўпецца нешта сапраўды страшнае, a грозіць ёй яшчэ страшнейшае..."

Жылуновіч перасцерагае: як толькі Беларусь пакінуць немцы, заручыўшыся міжнароднай падтрымкаю, правы на яе прад'явяць польскія шавіністычныя колы. "I праз гэткія парадкі, — б'е ў звон, — дзесяцімільённы беларускі народ можа быць ахвяраваным на падмацаванне буржуазіі, на шкоду Расейскай Рэвалюцыі. Якімі ж вачыма мы тады, дачакаўшыся гэтага, паглядзім у вочы гарацешнаму беларуекаму працаўніку? Што ён з нашай часткаю віны, падняпадшы ў прыгон, скажа нам? Пэўна — не падзякуе!" Гэтая перасцярога "беларуса-камуніста", пакажа час, не была надуманая, нават ужо з-за таго, што "народны" ўрад Польшчы, "начальнік дзяржавы" Ю.Пілсудскі i "паляк з беларускім сэрцам" Доўбар-Мусніцкі запратэставалі супраць прыходу Чырвонай Арміі на Беларусь, a самі захапілі Брэст, падышлі да Баранавічаў, — гатовы былі рушыць ажно да Смаленска, г.зн. па межы Рэчы Паспалітай 1772 года...

Ну, а што БНР у Мінску? Пры ўсіх цяжкасцях, крызісах, ператрусках яна не толькі ацалела, але i працягвала амацоўвацца, у тым ліку i заканадаўча. 11.10.1918-га яе Рада зацвердзіла ўжо Часовую Канстытуцыю. Але прачуваючы, а пасля i бачачы эвакуацыю дэмаралізаваных ад зацяжной вайны i паражэння на Заходнім фронце нямецкіх войск, новы яе ўрад на чале з А.Луцкевічам не мог не бачыць небяспекі як ад асмялелых i завідушчых на "ўсходнія крэсы" польскіх легіёнаў, так i ад Чырвонай Арміі, мяснікоўцаў, якія прагнулі рэваншу, а то i рыўка ў Еўропу. Каб захаваць БНР, якая к гэтаму часу набыла ўсе рысы беларускай дзяржавы (пад яе крыло пагарнуліся нацыянальныя меншасці, многія палітычныя партыі), А.Луцкевіч патайна прабіраецца ў Маскву, перамаўляецца з Ц.Гартным, i ёсць ускосныя звесткі, што праз таго мае сустрэчу з Леніным, дзе прапануе кампраміс: мы — з Расіяй, мы прызнаем Савецкую канстытуцыю, а вы прызнайце БНР.

Гэтую прапанову адхілілі. У бальшавікоў быў свой, толькі ім патрэбны i выгадны варыянт.

Напружанне вакол лёсу Беларусі нарастав. 25 лістапада "Дзянніца" змяшчае "Ліст да Беларускага народу", праз які "твой сын Змітро" — Жылуновіч — заклікае ўвесь родны люд i ў гэты цяжкі, лёсаносны час праявіць цвярозасць, вытрымку, не паддавацца на розныя шматабяцанкі чужых i сваіх паноў, чакаць падмогі ад Расіі — праўда, у "Лісце" зазначаецца, што помач будзе не проста ад Расіі, а ад новай Расіі, якую цяпер, зразумела, прадстаўлялі бальшавікі i Саветы.

У снежні, калі немцы, а з імі i бэнээраўцы пачалі пакаваць валізы i клункі, у Мінску падпольны раённы камітэт РКП(б) утварае свае падпольныя органы ўлады — Мінскі Савет i губрэўкам, што было своеасаблівай альтэрнатывай мяснікоўцам, а з другога боку, гатоўнасцю супрацоўнічаць з Жылуновічам (ад яго былі тут пасланцы). У гэтай сувязі неабходна падкрзсліць адзін вельмі важны момант: амаль усе, хто ўтвараў i БНР, i БССР, былі разагнаныя (выжыў той, хто выбраўся за мяжу), а пры сталінізме знішчаныя. З уплывовых сведак тых падзей нейкім чынам ацалеў менавіта тагачасны лідэр вышэйназванага падпольнага Мінскага раённага камітэта РКП(б). Пад псеўданімам Бампі ён жыў (за межамі Беларусі) яшчэ ў 50-я гады, займаўся навукай, пісаў успаміны. На жаль, я не чытаў ix, дык не ведаю, наколькі яны шчырыя. А той Бампі мог падрабязна расказаць, скажам, пра тое, як ён i ягоныя калегі дзейнічалі, як слалі тэлеграмы "о необходимом самоопределении трудящихся Белоруссии и Литвы, создании Белорусско-Литовской трудовой коммуны на федеративной связи с Советроссией", чым літаральна разлютавалі Мяснікова, які сваёй тэлеграмай Свярдлову думку мінскіх "местных работников" "о так называемой Белоруссии" лічыў усяго толькі "частным мнением", а крыху пазней, 21 снежня,у смаленскай "Западной коммуне" загучыць абурэнне ўжо супраць Масквы: "Спрашивается, зачем эта игра в советские республики?.. Провозглашение Советской республики Белоруссии не только не служило бы интересам борьбы с националистическими тенденциями мелкой буржуазии, но как раз развивало бы простор этим тенденциям... То, что мы признаем допустимым в одном месте в силу тактических соображений, не должно быть перенесено в другие места, где таковых практических соображений нет и не может быть..."

Мяснікоў даціскае — ВЦВК зацвярджае вывады Адміністрацыйнай каміссіі, i Беларусь юрыдычна становіцца Заходняй вобласцю. Жылуновіч — а ён ужо i камісар Белнацкама — выказвае Сталіну, іншым рашучы пратэст гэтай пастанове i заяўляе, што пры такіх адносінах да Беларусі не можа далей быць пры Савецкім урадзе, па згодзе беларускіх камуністычных секцый дае кліч: "Беларусы — дахаты!", заклікае там, дома, разам з мясцовымі камуністамі, свядомымі людзьмі самім утварыць урад. Сталін тут жа паведаміць пра гэты "ультыматум" ці "шантаж" Свярдлову, той — Леніну. Хто ведае, якія былі тыя размовы, але 25 снежня кіруючае ядро Белнацкама i ЦБ беларускіх камуністычных секцый запросяць да Сталіна, i той, паінтрыгаваўшы, суцешыў: будзе вам Савецкая Беларусь, i дэманстратыўна ўзяўся "обуздывать товарища Мясникова, который, как и некоторые другие большевики-нацмены ведут себя порой неадекватно". Мяснікоў, зразумела, не плешча ў ладкі ад такога павароту, не хоча ехаць у Маскву ды яшчэ на перамовы з ненавісным яму Белнацкамам, спасылаецца, што ён рыхтуе на канец снежня 6-ю Паўночна-Заходнюю абласную канферэнцыю РКП(б), чуць не хоча ні пра якую Беларусь. Сталін гуляе: калі хочаш, каб цябе беларусы "приняли", то едзь, "а они, считаем мы, не откажутся от нужных, авторитетных людей из твоего обкома и Облисполкомзапа... Короче, рекомендуй своих толковых людей в Компартию и правительство Белоруссии... Об остальном поговорим здесь..." (Выдзеленыя словы i словы ў двукоссі з майго рамана "Свой дом". Яны — на аснове вывучэння мноства мемуараў. - Г.Д.).

Мяснікоў мусіць падпарадкавацца, весці перамовы з Белнацкамам, са Сталіным, а затым разам з іншымі быць на сустрэчы з Леніным. Наўрад ці ёсць стэнаграмы тых, канечне ж, напружаных размоў-перамоў, a калі былі, то наўрад ці мелі да ix доступ нашы гісторыкі, але ў рэшце рэшт вырашана: Ееларусі быць! Нават сённяшнія нашы камуністы не прамінаюць дадаць да гонару сваёй партыі: каб не Кастрычніцкая рэвалюцыя, не Ленін (а раней i Сталін), не Камуністычная партыя, то ніякай Беларусі не было б i ў паміне! Так то яно так, але колькі было высілкаў, нерваў, сілы волі i духу, а пазней колькі пральецца слёз i крыві за тое, што ўдалося вырваць з зубоў нашу Беларусь!!! A ўдалося найхутчэй таму, што бальшавікі не столькі прыслухаліся да Белнацкама, увогуле да "чаяний" усяго беларускага народа, колькі. пагадзіліся з тым пунктам Жылуновіча, што Беларусі пагражае белапольская акупацыя, дык лепш няхай яна пад уладай Саветаў стане буферам паміж буржуазнай Польшчай i Савецкай Расіяй. Тым не менш Жылуновіч нарэшце акрыляецца i разам з аднадумцамі натхнёна складае спіс тых, хто на роўнасных пачатках з мяснікоўцамі можа ўвайсці ў Камуністычную партыю i ўрад Савецкай Беларусі, сам піша "Маніхвэст". (Калі Сталін прачытае яго, то заўважыць: "А белорусский язык вполне самостоятельный!") Слоў няма, ёсць чаго ўзбадзёрыцца дзядзьку Зміцеру: збываецца шматвекавая мара лепшых сыноў беларускага народа i ажыццявіць, увасобіць яе ў жыццё выпала шчасце яму! Недарэмна столькі i. ўсюды карпеў, шукаў выйсця, мяняў паводзіны, але ў галоўным стаяў на сваім! Ёсць цяпер з чым вярнуцца дамоў, адкрыта зірнуць землякам у вочы!

Не ведаю, ці насцярожыла тады Жылуновіча тое, што з прапановамі Сталін яго i Мяснікова прымаў паасобку. Як i невядомы, скажам, змест гутарак Сталіна i Мяснікова. А пра што i як гаварыў Сталін з Жылуновічам i яго паплечнікамі, як падаграваў іхнюю радасць i адначасова ўсыпляў іхнюю пільнасць, можна кал i не адкрыта, то "паміж радкоў" вычытаць у пазнейшых успамінах Жылуновіча i Язэпа Дылы. Дык вось, здаецца, Сталін вельмі спакойна выслухаў даклад, прапановы Жылуновіча, абмежаваўся нязначнымі пытаннямі пра прэтэндэнтаў на "міністэрскія" пасады i заўвагамі (да слова, зацікавіўся, чаму ў сваім урадзе яны не хочуць бачыць Мяснікова, Калмановіча, Кнорына i інпіых "видных революционеров"), а тады пазнаёміў з умовамі цэнтра па ўтварэнні Кампартыі, урада Савецкай Беларусі (гэта паўзабыты ўжо, але апублікаваны дакумент): 1) Урад Беларускай рэспублікі складаецца са старшыні i 15 членаў урада, 2) Для бягучых спраў будзе прэзідыум з трох асоб: старшыні ўрада i двух членаў з яго; 3) У склад рэспублікі ўваходзяць губерні — Гродзенская, Мінская, Магілёўская, Віцебская i Смаленская (апошняя спрэчна, як рошаць мясцовыя таварышы); 4) Абласны камітэт партыі ПаўночнаЗаходняй вобласці ператвараецца ў Цэнтральнае бюро КП (б) Беларусі; 5) Старшыня ЦБ партыі павінен быць прадстаўніком ЦК партыі i ўрада; 6) Правы ЦБ партыі i аддзелаў урада застаюцца такімі ж, як у былога Абласнога камітэта i Аблвыканкамзаха.

Канечне ж, не ўсё ў гэтых фактычна ультыматыўных умовах спадабалася Жылуновічу, ды ён, грэючы сэрцам беларускія савецкія дзяржаўныя дакументы, разам з сябрамі з радасцю i вялікім хваляваннем едзе з Масквы ў Смаленск.

Чуў, што ў свой час у вузкім коле літаратараў і гісторыкаў хадзілі чуткі ад тых, хто тады знаходзіўся ў Смаленску (а там былі Янка Купала, М.Гарэцкі i іншыя), што мяснікоўцы нібыта па абмылцы вайсковага каравула на вакзале прытрымлівалі Жылуновіча, каб ён своечасова не трапіў на партканферэнцыю, не парушыў сталінскамяснікоўскі план. Трапіў. Да 170 ці больш дэлегатаў, сярод якіх не менш 150 — мяснікоўцы.

Што дзіўна: здавалася б, такі важны для бальшавікоў козыр, як утварэнне пад ix эгідай савецкай рэспублікі. Ну, як тут не быць стэнаграме з такога форума?! Можа, яна i была ці ёсць. Але зноў жа — усе весткі ў асноўным па газетных публікацыях, па ўспамінах, дзе сярод недагаворак ці хлуслівага смецця "зерне" трэба выгортваць у падтэксце.

З'езд адкрыў Мяснікоў i даволі ў жалобным тоне, разводзячы рукамі: маўляў, трэба падпарадкавацца волі ЦК РКП(б), каб мы сёння нашу Заходнюю вобласць абвясцілі Беларускай Савецкай Рэспублікай (з першых яго такіх слоў крыкамі запярэчылі камуністы з Віцебска, але па ўзмаху рукі Мяснікова супакоіліся, а пасля некаторыя i падпарадкаваліся "воли партии"). Пасля абвяшчэння "дадзеную" цэнтрам тэрыторыю падзялілі на 7 раёнаў i 53 падраёны. Пасля іншых працэдур Мяснікоў зачытаў свой спіс Цэнтральнага Бюро — вышэйшага партыйнага органа ў рэспубліцы.

Жылуновічу не магло не пацямнець уваччу, як i не магла не шухнуць кроў у скроні: здаецца, з 15 членаў туды ад беларускіх камсекцый трапляе толькі двое! Ён i Лагун. Гэта — такая, на думку Сталіна i Мяснікова, роўнасць?! Цяпер яму зусім іначай успрыняўся сталінскі званок у іхняй прысутнасці ў Смаленск Мяснікову: "рекомендуй своих толковых людей... Об остальном поговорим здесь". A Мяснікоў ужо не толькі супакоіўся, але i павесялеў, ды зларадна: у складзе Прэзідыума ЦК КП(б)Б трое i ніводнага з асяроддзя Жылуновіча: Мяснікоў — старшыня, Калмановіч — намеснік, Кнорын — сакратар. Ён, Мяснікоў, станавіўся, згодна "Умоў", прадстаўніком ЦК РКП(б)!

Жылуновіч сабраў сілы, волю i запратэставаў: у яго спісе, узгодненым ca Сталіным, больш прадстаўнікоў ад беларускіх камсекцый i склад Прэзідыума іншы! Мяснікоў, усміхаючыся пераможна, паказаў свой спіс, дзе менавіта ўсё так. Зразумела, большасць дэлегатаў падтрымала яго, Мяснікова, ды яшэ авацыяй: іхняе ж бярэ!

З цяжкай душой мусіў ісці Жылуновіч на першае пасяджэнне ЦБ. Няма сумнення, там яго рэкамендуюць старшынёй урада, але якой будзе тая пасада? Аперэтачнай. У лада, сувязь з цэнтрам будзе ў мяенікоўцаў. Ды гэта былі кветкачкі, ягадкі чакалі яго на ЦБ, куды ўсё ж пайсці ўгаварылі сябры. Пайсці на саюз з д'ябламі. Дзеля яе, Беларусі.

Ведучы ЦБ, Мяснікоў аб'явіў, што ён з Масквой прыйшоў да згоды, што ва ўрадзе патрэбны 17 наркамаў. Старшыня — Жылуновіч. Рэкамендавалі. Яго віншавалі, паціскалі руку, але ў вачах мала пасвятлела, a ў вушах стаяў звон: непакоіўся, што будзе далей. А далей ва ўрад параілі 7 яго чалавек. Нібы i нямала — 10 i 7, не так ужо i далека ад роўнасці. Але мяснікоўскія дзесяцера i яго сямёра зусім не на тых пасадах, якія ён узгадніў ca Сталіным! Яго людзям другія i трэція ролі, першыя ў мяснікоўцаў — наркамы земляробства, дзяржаўнага кантролю, унутраных спраў, харчавання, ваенных спраў, поштаў i тэлеграфаў, фінансаў, шляхоў зносін, старшыня Саўнаргаеа. У Прэзідыуме ўрада трое: ён, Мяснікоў i Калмановіч. Кіраўніком спраў урада — Кнорын. Друкаваны орган — нядаўняя смаленская газета "Известия", толькі цяпер яна будзе называцца крыху іначай i будзе на чатырох мовах.

О, Божа! Які падман! Ягонымі рукамі нібыта на законнай аснове ўручылі ўладу лютым ворагам Беларусі! Ён ускіпеў: вывесці з урада Мяснікова (наркама па ваенных справах), Калмановіча (наркама харчавання) i Пікеля (старшыню Саўнаргаса), якія сканцэнтруюць усю ўладу ў сваіх руках i не дадуць яму ніякага разгарнення! А заадно запатрабаваў: урад не залежыць ад ЦБ! Іначай ён адмовіцца аддаць для абнародавання "Маніхвэст" пра ўтварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі! Мяснікоўцы не згадзіліся; Жылуновіч пакінуў пасяджэнне ЦБ.

У Смаленску i Маскве ажно чырванелі ад гарачыні тэлеграфныя апараты: Мяснікоў — са скаргай на Жылуновіча Сталіну; Сталін — са сваімі парадамі яму; Жылуновіч — з крыўдай, папрокамі Сталіну; Сталін — з угаворамі, з пагрозамі Жылуновічу..: Калі сталінскае "не деритесь, а то будет плохо" не спрацавала таксама, то Сталін меўся прыехаць i сам ва ўсім "разабрацца". Разабрадца ў тым, што падрыхтаваў з Мясніковым i што ішло па іхнім сцэнарыі. Але не прыехаў ні ў Смаленск, ні ў Мінск. Жылуновіч мусіў здацца, усё дзеля яе, Беларусі, аддаў пераможцам "Маніхфэст", скарыўшыся, што "Белорусское правительство получает директивы непосредственно от ЦеКа партии через Мясникова как представителя последнего..."

Зм. Жылуновіч пабыў старшынёй Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі з месяц, у тых цяжкіх умовах ды пад кантролем Мяснікова не мог шмат чаго зрабіць. Але важнае, нават гістарычнае іншае: у сцверджаннях як БНР, так i БСР былі БР — Беларуская Рэспубліка; БСР праіснавала нядоўга, да 27 лютага 1919 года, да ўсяго ва ўсечаным аб'ёме, бо на I Усебеларускім з'ездзе Саветаў мяснікоўцы Віцебскую, Магілёўскую i Смаленскую губерні перадалі РСФСР; 27 лютага абрэзкі Беларусі па загадзе ЦК РКП(б) штучна злілі з Літвой i ўтварылі Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку са сталіцай у Вільні i на чале з В.Міцкевічам-Капсукасам. Другі раз БССР абвясцілі 31 ліпеня 1920-га ў Мінску. Але з якім фарсам, здзекам! Новая БССР складалася з... шасці паветаў Мінскай губерні!!! A ў 1921-м на перамовах з палякамі ў Рызе нікога з беларусаў туды не дапусцяць, а Заходняй Беларуссю адкупяцца!!! Мабыць, толькі з аднымі беларусамі можна паводзіцца вось так! Добрыя, цярплівыя, непатрабавальныя, усё сцерпяць!

Яшчэ раз ведайма пакутлівы, жудасны лёс амаль усіх, хто ўтвараў i БНР, i БССР: за вельмі рэдкім выключэннем, амаль усіх спачатку зганьбілі, зрабілі ворагамі сваіх жа дзядоў i бацькоў, свайго народа, а затым перастралялі. Мяснікоўцаў — у тым ліку. Зм. Жылуновіча — першага старшыню беларускага савецкага ўрада — зневажалі, білі так, што ён па-чалавечы не вытрываў маральных, фізічных здзекаў i звар'яцеў. Звар'яцелага, яго, мабыць, па-садысцку забілі.

БР... Вось як давалася яна нам у 1917-1921 - я гады i вось якая вялікая, наскрозь набрынялая крывёю была за яе плата. Зразумела, тыя лепшыя сыны нашага народа дзеля яе, Бацькаўшчыны, пайшлі на пакуты, а то, як i Хрыстос, на крыж. Хрыстос стаў прарокам, настаўнікам, заснавальнікам новага сусветнага вучэння. А нашы пакутнікі-настаўнікі, заснавальнікі нашай дзяржавы? Хоць крыху ведаем мы ix, шануем?

БНР... Хто так ці гэтак заявіў яе, аддаў сваё маладое жыццё за святую справу, былі: А.Аўсянік, П.Бадунова, А.Бурбіс, Я.Варонка, З.Верас, А.Гарун, Т.Грыб, К.Езавітаў, В.Захарка, Ус.Ігнатоўскі, П.Крашэўскі, Я.Мамонька, B.Лaстоўскі, Я.Лёсік, браты Луцкевічы, С.Рак- Міхайлоўскі, А.Смоліч, І.Серада, Б.Тарашкевіч, А.Цвікевіч, У.Фальскі i яшчэ тысячы-тысячы іншых. З ix, амаль усіх рэабілітаваных у 50-я i 90-я (праўда, было i такое: рэабілітоўвалі, але пра гэта маўчалі, каб i далей імя было пад забаронаю), толькі лічаныя ўпамінаюцца ў энцыклапедыях i падручніках; помнікаў, назваў вуліц у іхні гонар асабіста я не ведаю.

БССР... Вялікі, вельмі вялікі спіс пакутнікаў, ахвяр i за яе. У 50-я аднавілі добрае імя некаторых з ix, найбольш ушанавалі А.Чарвякова (назвай вуліцы ў Мінску, выбраным артыкулаў i прамоў, успамінамі пра яго); Зм.Жылуновіча доўга прызнавалі толькі як пісьменніка Цішку Гартнага, як палітычнага i дзяржаўнага дзеяча поўнасцю рэабілітавалі... толькі ў 90-я i ягоным імем таксама назвалі вуліцу... на мінскай ускраіне i паставілі сціплы помнік на радзіме.

Зм. Жылуновіч i А. Чарвякоў — бясспрэчна, буйныя асобы, без іхняга аўтарытэту, без іхняй кіпучай дзейнасці было б нялёгка дабіцца БССР, але i ім адным гэта было б не па сіле, за імі былі Белнацкам, беларускія камуністычныя секцыі, розныя грамадскія i культурна-асветныя суполкі з дзесяткамі тысяч актывістаў, з сотнямі тысяч спачуваючых.

Сёння нямногія могуць ясна i выразна сказаць, хто такія i Жылуновіч, i Чарвякоў, а пра тых маладых, адукаваных, шчырых i сумленных, што памаглі ім здзейсніць патрыятычны подзвіг, бадай, мала хто ўвогуле што чуў. А яны ж дбалі пра нас, за што ix дачасна звялі ў магілу альбо як бяспраўных рабоў нелітасціва мучылі ў лагерах. Гэта — Балбека (на жаль, i я не ведаю імён некаторых), Баркоўскі, Бяганскі, Дзедзя, Я.Дыла (загадчык мануфактурнага аддзела Цэнтрсаюза, рэкамендаваўся Жылуновічам на пасаду наркама фінансаў), М. Драка-Дракон (паліткамісар 1-га Поладкага беларускага савецкага палка, рэкамендаваўся наркамам па ваенных справах), Жукоўскі, I.Зыбко (яго альбо Найдзёнава з мяснікоўскіх шэрагаў бачылі на пасадзе наркама дзяржкантролю, але Мяснікоў зажадаў мець для сябе больш надзейнага), А. Квачанюк (ад мінскай беларускай секцыі РКП(б), рэкамендаваўся на пасаду наркама замежных спраў), Клыш, Крыцкі, Я.Лагун (адзін з бліжэйшых паплечнікаў Жылуновіча i відных дзеячаў Белнацкама, рэкамендаваўся на пасаду наркама ўнутраных спраў, дзядзька адной нашай пісьменніцы, але яна па нейкіх прычынах рашуча адмовілася даць пра яго якія-небудзь звесткі: "Пішыце тое, што ведаеце"), І.Мазур (мой зямляк па Стаўбцоўшчыне, сакратар Белнацкама, рэкамендаваўся на пасаду наркама земляробства. Яго сын-выкладчык спадабаўся мне, але, на вялікі жаль, мала што мог расказаць пра бацьку, яго сяброў i іхнія добрыя справы ў маладосці: быў яшчэ малы ў 30-я, калі бацьку "схапілі". Помніць сам ды з матчыных аповедаў, што ў ix былі i А. Чарвякоў, i Зм. Жылуновіч, i зямляк Якуб Колас (ён, Колас, пэўны час нават даваў ім i прытулак у сваім доме), былі i іншыя i вялі сур'ёзныя, цёплыя, a часамі i занепакоеныя размовы пра. трагедьпо беларускай пацыі), Макарэвіч, Я.Нёманскі (разам з Жылуновічам рэдагаваў "Дзянніцу", да 1937-га пісьменнік, акадэмік, нейкі час быў намеснікам старшыні Дзяржплана БССР), І.Няцэцкі, ІО.Памецкі (Памейка?), Пратакоўскі, І.Пузыроў (быў адзін з лідэраў РКП(б) у Тамбове, рэкамендаваўся на пасаду наркама працы), Русецкі, Я.Рыбак (механік маскоўскага галоўпаштамта, рэкамендаваўся на пасаду наркама поштаў i тэлеграфаў), Свуніц, Салтанаў, У.Скарынка, А.Усціловіч (той, хто разам з Жылуновічам, Чарвяковым вёў цяжкія, гнятлівыя перамовы з Мясніковым i Сталіным, захоўваючы жалезную вытрымку), У.Фальскі (актор, спрыяў справе БНР, рэкамендаваўся на пасаду наркама сацыяльнага забеспячэння i аховы здароўя), В.Ханін, Хрэнаў, Зм.Чарнушэвіч, Ф.Шантыр (чарвонаармеец, не раз i не два па-хамску прыніжаны Мясніковым, рэкамендаваўся на пасаду наркама юстыцыі, быў камісарам па нацыянальных справах, пісаў прозу, "памёр" яшчэ ў 1920 годзе)... Магу назваць яшчэ дзесяткі прозвішчаў, а ix, паўтару, маладых, адукаваных, здольных, таленавітых, шчырых, сумленных, верных сыноў беларускага народа, было дзесяткі тысяч, як i было сотні тысяч спачуваючых!

Хочаш ці не хочаш, але трэба прызнаць: люта ненавідзячы i бэсцячы БНР, усімі д'ябальскімі сіламі супраціўляючыся, каб не было i БССР, ды ўсё ж па загадзе мусячы сцвярджаць БР — Беларускую Рэспубліку, — бралі ўдзел у беларускай справе i мяснікоўцы. Я не хачу, болей за тое — мне прыкра пералічваць іхнія імёны, хоць як літаратар з гістарычным ухілам павінен быць аб'ектыўны. Прабачце, але вялікая неаб'ектыўнасць у тым, што мяснікоўцы, якія з 1917-га закладвалі ў нас свае ідэі, сваё вяршынства, нецярпімасць да іншых думак i поглядаў, дэмагогію, фальш, хлусню, фальсіфікацыю, тэрор i, яшчэ, яшчэ, яшчэ раз паўторым, дзіка-пячэрную нянавісць да ўсяго беларускага, — во жах: у нас, ва ўсіх нашых гарадах i вёсках ушанаваныя як героі. Таксама няшчасныя (знішчаныя ў 30-я), тым не менш яны з таго свету нахабна паказваюць кожны дзень, кожную хвіліну нам хвігі, красуючыся з шыльдаў, назваў i з розных кніг-брашур i па-ранейшаму бессаромна, груба, па-сатанінску насміхаючыся з нас, даверлівых i ўгодлівых. Тыя ж, хто любіў родны край, яго мову i культуру, дбаў пра ўвесь наш народ, плачуць з магіл: мы аддалі за вас самае каштоўнае — сваё жыццё i жыццё нашых самых блізкіх, а вы!.. Эх, вы!.. Дзе ваша гістарычная памяць, нацыянальная i чалавечая годнасць?! Няўжо назваць вас, жывых, нібыта людзей, таўкачамі з таўкачоў у свеце?!

Неабальшавікі, у першую чаргу неамяснікоўцы, бывае, i цяпер казыраюць: усе мы выйшлі з 1919-га! Нядобра, але паколькі мне i ў сне не даюць спакою тыя беларусы, героі маіх раманаў, мушу закончыць сваю гаворку на горкай ноце: так, у XX стагоддзі мы выйшлі з 1917-га, але не далека, мы застылі ў ім...

2000-2001

Загрузка...