ГРАМАДСКІ ЛАД. МАЁМАСНАЯ НЯРОЎНАСЦЬ


У бронзавым веку на тэрыторыі Беларусі працягваў існаваць першабытна абшчынны лад, аднак развіццё земляробства i жывёлагадоўлі, пачатак апрацоўкі металаў, далейшае распаўсюджванне абмену выклікалі значныя змены ў грамадскім жыцці, якія выявіліся ў першую чаргу ў складванні i развіцці патрыярхальных адносін у родзе, у парушэнні былой маёмаснай роўнасці, калi ў руках асобных родаў або нават сем'яў канцэнтраваліся багацці.

Лічыцца, што жывёлагадоўля развілася з палявання, калі раненых звяроў або ix дзіцянят прыносілі ў паселішчы i там прыручалі. Затым перайшлі i да мэтанакіраванага развядзення жывёл у хатніх умовах, выгадаваўшы з цягам часу ix свойскія пароды. Такім шляхам мужчына-паляўнічы адначасова станавіўся i жывёлаводам. Прымітыўнае земляробства ўзнікла са збіральніцтва пладоў i насення дзікіх раслін, якім займаліся пераважна жанчыны.

Але з далейшым развіццём земляробства, асабліва ляднага, калі была неабходна мужчынская сіла пры высякайні лесу i пры ўзворванні i баранаванні глебы з дапамогай прыручанага i выгадаванага мужчынам вала, значэнне мужчыны i ў гэтым важнейшым гаспадарчым занятку першабытнага чалавека было надзвычай вялікае. Выплаўка меднай руды i выраб металічных рэчаў узніклі, як мы ужо ведаем, у пэўнай ступені з крэмнездабываючай справы — занятку зноў жа мужчынскага. Адпаведна гэтаму i першымі металургамі, што пацвярджаюць i матэрыялы пахаванняў, сталі мужчыны.

Жывёлагадоўля i земляробства часам давалі лішкі прадуктаў, якія можна было абмяняць на што-небудзь іншае з іншапляменнікамі. Тым больш для абмену надаваліся металічныя вырабы. Усё гэта прывяло да таго, што мужчына i ў справе абмену адыгрываў значную ролю. A ўспомнім яшчэ паляванне — занятак амаль выключна мужчынскі, ды i рыбалоўства, a калі тут яшчэ дадаць абарону жыцця i маёмасці членаў роду ад непрыяцельскіх пасягненняў, то куды ні кінь — а без мужчыны не абысціся. Такім чынам, мы бачым, што ў бронзавым веку надзвычай вырасла роля мужчыны ў жыцці роду i племені. Канешне, у пэўнай ступені вырасла i значэнне жанчыны, але яе асноўныя намаганні цяпер накіроўваліся на хатнія справы. Праўда, без жаночых рук не магло абыходзіцца збіральніцтва. З развіццём тых жа земляробства i жывёлагадоўлі ў абавязкі жанчыны дабавіліся захоўванне i размол зерня, даенне кароў, авечак i коз, гатаванне ў гаршках разнастайнай мясной i расліннай ежы, прадзенне, ткацтва i шыццё вопраткі з тканіны. На плячах жанчыны ляжаў асноўны клопат па вырошчванню i выхаванню дзяцей. Нарэшце жанчына выконвала важнейшую функцыю ў прадаўжэнні роду — нараджала дзяцей. I ўсё ж у бронзавым веку лёс дабрабыту роду, а часам нават i яго існаванне залежалі ў першую чаргу ад заняткаў мужчынскіх.

Адпаведна з ростам гаспадарчага значэння мужчыны вырастала яго роля ў жыцці грамадскім. Асноўная ўлада ў родзе i племені пераходзіць да мужчын. Яны пачынаюць адыгрываць асноўную ролю як члены рады старэйшын, як военачальнікі, светары, вандроўныя купцы.

Такім чынам, калі раней у здабыванні ежы мужчыны i жанчыны займалі роўнае становішча, a ў грамадскім жыцці жанчына-маці як галава сям'і i аб'ядноўваючая сіла пэўнага калектыву іграла вядучую ролю, то ў эпоху бронзы ў гаспадарчым i грамадскім жыцці першынство перайшло да мужчыны.

Цяпер мужчына, уступаючы ў шлюб, не пераходзіў у род жонкі, а, наадварот, забіраў яе да сябе. З'яўляючыся ўласнікам жывёлы i збожжа, мужчына быў зацікаўлены перадаць усё ў спадчыну сваім дзецям, i ў першую чаргу сынам. У сувязі з гэтым лічэнне роднасці пачало весціся не толькі па жаночай, але i па мужчынскай лініі. Такім чынам не толькі эканамічна, але i палітычна складваецца патрыярхат (патрыярх — галава роду) як сукупнасць зканамічных, грамадскіх i ідэалагічных адносін.

Асаблівая роля мужчыны выяўляецца i ў археалагічных матэрыялах. Так, на могільніках бронзавага веку мужчынскія пахаванні звычайна займалі цэнтральнае, лепшае становішча, часта яны мелі i багацейшы інвентар. У некаторых выпадках побач з мужчынскім шкілетам ляжаў шкілет жанчыны. Гэта сведчыць пра рытуальнае забойства жонкі або рабыні.

У бронзавым веку пры занятках земляробствам i жывёлагадоўляй, і асабліва пры вырабе металічных прыладаў працы, работу можна было выконваць невялікімі чалавечымі калектывамі — найчасцей сем'ямі. Атрыманыя прадукты асобныя сем'і імкнуцца пакінуць у сваіх руках, адпаведна з гэтым такія чалавечыя калектывы спрабуюць распаўсюдзіць сваю ўласнасць i на сродкі вытворчасці. Такім чынам, развіццё эканамічнай самастойнасці сям'і ўнутры роду паступова падрывала прынцыпы калектывізму.

На могільніках сярэднедняпроўскіх плямёнаў археолагамі раскапаны цэлыя сямейныя ўсыпальні.

Ca з'яўленнем i ўмацаваннем прыватнай уласнасці ўзнікае i маёмасная няроўнасць — беднасць i багацце, якія суседнічаюць унутры саміх родаў. Апрача таго, унутры племені мы бачым i роды з вялікай маёмасцю. Яны займаюць урадлівейшыя землі ці радовішчы крамянёвай сыравіны або жывуць ля важных менавых шляхоў.

З'яўленне маёмаснай няроўнасці добра прыкметна з пахавальнага інвентару. Звычайныя знаходкі ў пахаваннях — адзін ці два гаршкі, пара крамянёвых прыладаў. Іншы раз i без рэчаў. У той жа час некаторыя магілы налічваюць дзесяткі знаходак, сярод якіх сустракаюцца нават каштоўныя медныя i бронзавыя вырабы, бурштын.

Абмен існаваў і ў неалітычную эпоху. Яго прадметамі былі: крэмень, охра, розныя ракавіны, з якіх выраблялі ўпрыгожанні. Але такія формы першабытнага абмену, відаць, насілі выпадковы характар, паколькі ў кожнай мясцовасці горшы або лепшы крэмень меўся, a калі яго траплялася зусім мала, то прылады працы выраблялі з іншых парод каменю або з poг i костак. Охру ў крайнім выпадку можна было для рытуальных мэт замяніць хоць бы нават балотнай рудой: крыху падобная па колеру. Без экзатычных ракавін таксама можна было жыць. А вось ca з'яўленнем металічных вырабаў пачынаецца абмен больш рэгулярны, таму што кожнае племя старалася набыць рэчы, асабліва зброю, з медзі i бронзы. Адначасова, відаць, з'явіліся i людзі, якія разносілі металічныя рэчы на далёкія адлегласці — вандроўныя гандляры. Занятак гэты быў, мусіць, прыбытковы, але i рызыкоўны, улічваючы мноства небяспечных звяроў у пушчах, адсутнасць дарог, частыя сутыкненні паміж плямёнамі. Пра існаванне гандлю ў гэты час могуць сведчыць i скарбы металічных вырабаў, якія найбольш часта сустракаюцца менавіта ўздоўж старажытных гандлёвых шляхоў.

Бурштын яшчэ з неаліту паўсюдна лічыўся адмысловым матэрыялам для вырабу ўпрыгожанняў. Значна шырэй ён распаўсюдзіўся ў бронзавым веку. Але, як вядома, бурштын сустракаецца яшчэ радзей, чым медная i алавяная руда. Таму i ён стаў важным аб'ектам абмену. Напрыклад, балтыйскі бурштын у сярэдзіне II тысячагоддзя да н. э. трапляў ажно ў Італію, Грэцыю i на далёкі Крыт.

Нарыхтоўкі сякераў з атрыманай у крэмнездабываючых шахтах сыравіны таксама шляхам абмену распаўсюджваліся на суседнія тэрыторыі, асабліва на тыя, якія былі бедныя ўласнай высакаякаснай сыравінай. У той жа час на тэрыторыю Беларусі трапляў крэмень з іншых мясцовасцей, калі ён меў нейкія асаблівасці, не характэрныя для ўласнай сыравіны. Так, у вёсцы Кубельнікі Бераставіцкага раёна знойдзена сякера, змайстраваная з надзвычай прыгожага паскаванага крэменю, які здабываўся на тэрыторыі Польшчы ў верхнім Павісленні. На Падняпроўе, дзе меўся пераважна мясцовы кропчаты крэмень, трапляў i шэра-блакітны крэмень з Панямоння i Заходняга Палесся, які, пэўна, прыносілі з сабою плямёны культураў шнуравой керамікі. Жыхары бронзавага веку Падзвіння, дзе мясцовыя крамянёвыя запасы практычна адсутнічалі, вымушаны былі выменьваць яго ў сваіх суседзяў — з басейна Віліі, з Падняпроўя i нават з Валдайскага ўзвышша.

Існавалі ў бронзавым веку i іншыя аб'екты абмену. Напрыклад, міжземнаморскія фаянсавыя пацеркі траплялі нават у Англію i Паўднёвую Беларусь. З далёкай i туманнай Ірландыі золата прывозілася на Крыт.


* * *

Ужо з часоў палеаліту i мезаліту вядомы пахаванні людзей, забітых дзідамі або стрэламі, — ix крамянёвыя наканечнікі ляжалі паміж костак шкілетаў. Цэлыя батальныя сцэны перадаюць i тагачасныя малюнкі. На стаянках i ў пахаваннях каменнага веку часта сустракаюцца крамянёвыя i касцяныя нажы i кінжалы, наканечнікі стрэлаў i дзідаў. Усе гэтыя рэчы маглі ўжывацца не толькi на паляванні. У неалітычны час у Еўропе з'явіліся i першыя ўмацаваныя паселішчы. Такім чынам, узброеныя сутыкненні паміж асобнымі чалавечымі калектывамі здараліся яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Асноўнай ix прычынай быў захоп суседніх паляўнічых i рыбалоўных тэрыторый.

У бронзавым веку ўзброеныя сутыкненні сталі часцейшымі і, відаць, больш крывавымі. Цяпер, апрача багатых дзічынай лясоў i балот, рыбных вадаёмаў, імкнуліся захапіць i ўрадлівейшыя землі, i больш травяністыя лугі, i багатыя выкапнёвай крамянёвай, бурштынавай i меднай сыравінай радовішчы. Імкнуліся завалодаць i суседскай маёмасцю — металічнымі вырабамі, статкамі жывёлы, запасамі збожжа. Часам не міналі i саміх суседзяў, каб ператварыць ix у рабоў, якія б дапамагалі пасвіць жывёлу, апрацоўваць палі, здабываць у шахтах сыравіну.


Загрузка...